epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Крэйдзіч

Вар'ят

Чалавек стаяў у падземным пераходзе і падпіраў прамавугольнік аблямаванай шэрым каменнем калоны, якая падзяляла паток на «туды» і «сюды». Ён нікога не чакаў. Проста стаяў і няспешна лузгаў чорныя падсмажаныя сланечнікі. Даставаў з кішэні старэнькага драпавага паліто маленькае мурзатае зярнятка, кідаў у рот, апусціўшы і без таго адвіслую непаслухмяную сківіцу, доўга калашмаціў яго задубелым ад бясконцай працы языком і пасля выціскаў вільготныя лупінкі. Яны слізгалі па зацяганым да бляску лацкане, вялізных чорных гузіках, перашытых, відаць, з ватоўкі, што адслужыла свой век, апускаліся, нарэшце, на калісьці чорныя, а цяпер проста брудныя чаравікі. Дзве лупінкі-лодачкі, якія нядаўна былі адным цэлым, зачапіліся за шчарбіну верхняга гузіка і цяпер свяціліся бялюткай сярэдзінкай, целяпаючыся на цяжкім, моцна набрынялым халоднаю вулічнаю імжою скразняку.

Чалавек нікога не цікавіў, і ніхто з прахожых, аблітых светлаю глазураю неонавага святла, не цікавіў яго. Ён нават ні на каго не глядзеў, а яго абыякавыя вочы таропіліся пад ногі ды на абутак людзей. Перад ім быццам разгортвалася цэлая энцыклапедыя... Не, не ног - чалавечых характараў. І лёсаў. Ён не ўзнімаў галаву, бо абавязкова заблытаўся б у сваім тонкім, хоць нікому і не патрэбным, аналізе. А хутчэй за ўсё баяўся глядзець на людзей...

Ногі шоргалі і цокалі, чаўкалі і праносіліся бязгучна. За салдацкімі чаравікамі падскоквалі высокія шпількі на бліскучых металічных набойках, мільгацелі гумовікі самых розных колераў. Насустрач несліся вострыя насы туфляў і ботаў, тупарылыя або з загнутымі аж наверх падэшвамі насы красовак.

«Якія бялюткія (ну, рыхтык снег). Як яму ўдаецца не выпацкаць іх у такую слоту? Чыстыя нават падэшвы. Звычайна абутак мяняе сваю форму ад формы нагі, скасабочыцца ці выпнецца ад якой-небудзь косткі. Гэтыя ж - быццам толькі што з вітрыны камерцыйнай крамы і тупаюць самі, нават не моршчацца. Ды яшчэ й без почырку: не падскокваюць, не драбняць і не запавольваюць крок, не адводзяць насы ў бакі і не крывалапяць».

Чалавек ледзь прыкметна моршчыцца: «Так, мусіць, выглядае безаблічнасць». І ён асмельваецца прыўзняць на хвіліну белы да сінявы твар, які ніколі не ведаў галення. «Хутка гаспадар гэтых чысценькіх красовак прычыніць за сабою дзверы ўласнай кватэры, не прынёсшы з вуліцы ні бруду, ні ўражанняў. Ён уважліва агледзіць пустымі вачыма абутак, павыцірае на ім плямінкі, якія, можа, шукае праз павелічальнае шкло, яшчэ раз агледзіць, як любімы твор мастацтва, і акуратна паставіць у кут. Пасля разважліва пройдзе па чысценькай хаце, абстаўленай калі не багата, то без анічога лішняга. Затым уключыць музыку і апусціцца ў крэсла, утаропіўшыся ў столь. Гэта чалавек добра вядомай мне пароды: такія ніколі не выходзяць у дождж на вуліцу без парасона і не ездзяць без талона ў гарадскім транспарце. Салага... Мамін сыночак... Ён і ў пяцьдзесят гадоў будзе маміным пестуном. Можа, зірнуўшы на мае чаравікі, ён нават і не пагідзіўся б, бо яму на ўсё і на ўсіх напляваць».

Чалавек выціснуў наступную порцыю лупінак, а набеглы вецер-скразнячок адкінуў іх на якія паўметра ўбок, акурат пад ногі прахожых. «Перасмажаныя, халера на іх. Толькі пальцы запэцкаў. Во якія страшныя. І вусны, напэўна, такія ж...» Але вусны былі чыстыя. Вільготныя, яны блішчалі, нібыта налакаваныя, і гэта рабіла яго доўгі твар яшчэ больш непрыемным.

Чалавек злавіў сябе на думцы, што прыйшоў сюды зусім не для таго, каб назіраць за людзьмі, а тым больш за іх абуткам. Проста сярод вялікай колькасці людзей ён заўсёды адчуваў сябе адзінокім. Яшчэ больш адзінокім, чым калі заставаўся сам-насам. А ён нічога так моцна не любіў, як адзіноту. Яна была яго шчасцем, і толькі ў адзіноце ён адчуваў, што жыве, адчуваў ход жыцця і быў свядомым яго ўдзельнікам. Рэчы, што знаходзіліся побач, адразу ж асвятляліся яго пачуццямі і набывалі пэўны сэнс, яны нібы прасілі чалавека заўважаць і прызнаваць іх неабходнасць. Лічыцца з імі.

Чалавек прыйшоў сюды, каб пабыць у адзіноце. І ён сапраўды адчуваў сябе самотным. Адзінокім сярод дзесяткаў і сотняў ботаў, ног, характараў. Спачатку ён разглядаў іх (ногі) проста так... Не тое што ад няма чаго рабіць, а хутчэй, каб падкрэсліць сваю адзіноту, нагнаць паболей самоты і адчуць у ёй асалоду. Асалоду ад усведамлення свайго існавання. Але тупат і шорганне быццам наэлектрызоўвалі...

Калі зусім блізка і з цяжарам прасунуліся няўклюдныя гумовікі, чалавеку захацелася ўбачыць іх уладальніцу голаю. «Якою яна, мабыць, выглядае брыдкаю, калі распранецца. Сунецца, што тая качка. Можа, яна ніколі не распранецца пры кім-небудзь. Ногі - нібы ласты. Таму яна і хавае іх у боты, каб ніхто не ўбачыў. Калі б гэтыя ногі наступілі на мяне, я, мусіць, ніколі ўжо не падняўся б».

Чалавеку здалося, што ўвесь сустрэчны натоўп ног скіраваўся на яго і зараз затопча. «Нават вось гэтыя маленькія чырвоныя боцікі-капыткі на стройненькіх ножках-верацёнах - яны таксама будуць таптаць мяне.

У гэтых ботах, напэўна, чысценькія ружовыя пальчыкі з пакрытымі лакам малюсенькімі пазногцікамі».

Раней, калі ён думаў пра такія рэчы, адразу з'яўлялася жаданне. Яму хацелася цалавацьь дзявочыя рукі і плечы. Нічога такога цяпер чалавек не адчуваў. Якое можа быць жаданне да абцягнутага мясам і скураю, няхай сабе і прыгожага з вягляду, шкілета. Чым яе косці адрозніваюцца ад касцей той няўклюднай качкі? Яны ж аднолькавыя. «Гідота. Яна радуецца, што ўсе бачаць яе дарагі абутак. А хіба ж можна такому радавацца? Хіба для гэтага Ўсявышні надзяліў людзей розумам, якога не знойдзеш ні ў адной жывой істоты на зямлі? Навошта ім гэты розум? Хапіла б такога, як у малпы. Можа, людзі і ёсць малпы. Толькі больш жорсткія, хітрыя і цынічныя».

Чалавек каторы ўжо раз адчуў, што ненавідзіць людзей. «Самая горшая, самая брыдкая істота, якая толькі ёсць на зямлі, - гэта чалавек. Прырода надзяліла яго розумам, свядомасцю, інтэлектам. Для чаго? Няўжо толькі для таго, каб ён мог прыдбаць чаравікі, якімі закрывае свае ногі ад вачэй сабе падобных?

Бедныя, бедныя людзі. Яны думаюць, што ботамі схаваюць ногі. Наіўныя. Каго цікавяць іх ногі? Каго цікавяць іх пальцы, пазногці, лыткі і пяты? Небаракі. Яны нават і не падазраюць, што, закрываючы плоць, адчыняюць сваё нутро, адкрываюць нешта патаемнае са сваёй натуры. Кожная маршчына на іх абутку, кожная пляма, драпінка або нават колер і фасон гавораць пра чалавека амаль што ўсё».

Натоўп плыў і плыў. Але ніхто яго не затоптваў. Некрануты заставаўся нават дыванок, што саткаўся сам па сабе з лупінак і абляпіў яго шэрыя ад высахлай гразі чаравікі, неахайна сцягнутыя белымі матузамі. Чалавеку прымроілася, што людзі рухаюцца не «туды-сюды», а па замкнёным коле.

«Я ўсё зразумеў. Гэта такі ў іх дзікунскі танец. Перш чым прыкончыць мяне, яны будуць доўга танцаваць вакол. А пасля накінуцца і будуць таптаць, баючыся згубіць або парваць свой паганы абутак. А я не баюся страціць нават сваё жыццё, бо я не такі, як яны. Я не магу жыць разам з імі, таму нехта з нас павінен памерці.

Чаму ж я раней адносіўся да людзей як да сваіх братоў і не мог зразумець, што чалавек - гэта не што іншае, як згустак звярынай плоці і эгаізму.

Калісьці я думаў, што чым большую чалавек займае пасаду, тым ён разумнейшы, адказнейшы, і тым больш яго трэба паважаць. Але ўсё гэта - лухта. Яны - эгаісты. Чалавеку надакучыла насіць абутак са штучнай скуры, і ён дамагаецца, каб пасада дазваляла яму насіць з натуральнай, ды яшчэ самай лепшай. Усё вельмі проста. І палітыкі, і прэзідэнты думаюць найперш не пра сваю дзяржаву і народ, а пра самыя лепшыя і самыя дасканалыя туфлі».

Зусім побач прашумела доўгая чорная мантыя. Паветра ўскалыхнулася, і шалупінне, нібы спалоханая вераб'іная чарада, адляцела ад самых ног чалавека. Дыванок змяніў форму з амаль што правільнага паўкруга на няправільны, абрэзаны з аднаго боку.

«Святар. Гэта прайшоў святар. Сур'ёзны і нават суровы. Я толькі адзін раз быў у царкве - у дзяцінстве. Але я часта бачыў святароў па тэлевізары: яны чытаюць казанне або разважаюць пра душу. Таму я ведаю, што ўсе яны на адзін твар. А тады, у дзяцінстве, я бачыў, як людзі неслі ў царкву хлеб, віно, кілбасу. Дзіўна, але мяне не цікавілі ні залачоныя кандэлябры і рамкі, ні каляровыя малюнкі з выявамі святых на сценах і нават на столі, ні дзіўны пах, які браўся невядома адкуль. Мяне, блазнюка, цікавіла, чаму гэта людзі нясуць сюды, у такую вялізную, багатую і таямнічую пабудову пітво і ежу. І яшчэ, прыкмеціў, грошы. Запытаўся пра гэта ў маці, а тая толькі засмяялася і сказала вельмі проста:

- Так павялося, сынок. Так патрэбна.

Я тады дзіцячым розумам падумаў: ці то нясуць усё таму, што месца гэтае - велічнае, святое, ці гмах гэты пабудавалі і панаставілі ў ім залачоных рэчаў ды намалявалі шмат прыгожых карцін для таго, каб сюды неслі кілбасы».

Ён адчуваў, што тут не ўсё так проста, і ўсё ж непрыязнасць да святароў засталася назаўсёды. Хоць яны п'юць і ядуць як і ўсе, і плоць іх як ува ўсіх людзей, і ёсць у іх на пальцах ног пазногці, і жаданні ў іх таксама чалавечыя. Дык нашто ж гэты ўвесь маскарад? Няўжо каб браць, каб нешта браць для сябе? Як бяруць жабракі ці пагарэльцы, што амаль з дня ў дзень шныраць па кватэрах, просяць міласціну. Дык яны хоць не прыкідваюцца: прыходзяць і кажуць, каб даў ім што-небудзь паесці, грошай або анучу якую. Ён даў бы ім многа, ды ў самога нічога няма. Хлеб ды сала. Але цяпер ён іх таксама ненавідзіць. Як і ўсіх людзей. Бо яны бяруць, бяруць, бяруць. Ён любіць толькі вар'ятаў. Гэтым мілым істотам зусім нічога не патрэбна. Яны калі што і просяць або бяруць, то не свядома, а, хутчэй, інстынктыўна. Тыя, што называюць сябе нармальнымі, таму і пазбаўляюцца ад іх, таму і хаваюць іх у бальніцы-турмы, каб не нагадвалі ім лішні раз, што ногі зусім не абавязкова хаваць у боты і зусім не абавязкова разумнічаць, каб жыць і быць шчаслівымі.

Вочы чалавека раптам загарэліся, і чырвоныя беражкі павекаў сталі вільготныя.

«Адкуль ты ўзяўся, хлопчык?»

Перад ім стаяў хлапчук гадоў дзесяці ў насунутай на самыя вочы вялізнай вельветавай кепцы, расцягнуўшы вусны да самых вушэй, сушыў дзёсны, бо быў шчарбаты.

- Дзядзька, дай семак, - сказаў ён, гулліва паводзячы вачамі і варушачы мускульчыкамі свайго рабога і непрыемнага твару.

Чалавек дастаў з зашмальцаванай кішэні поўную жменю семак і напоўніў прыгаршчы малога. І ўсё нешта казаў, хоць і не чуў сваіх слоў.

А хлопец бяздумна ўсміхаўся і не слухаў яго. І чалавеку гэта падабалася. Яму ж ніхто не патрэбны, як нікому не патрэбны і ён.

Але хутка чалавек устрапянуўся, быццам нешта ўзгадаў, і схапіўся за галаву. «Я такі ж, як і ўсе людзі. Малы ўзрадаваўся. Усмешка на ўвесь шчарбаты рот. Яму я хацеў зрабіць прыемнае. Яму. Не сабе. То чаму я радуюся яго дурнаватай усмешцы? Я ж зрабіў прыемнае самому сабе. Я такі ж эгаіст, як і ўсе людзі. Але я не хачу быць падобны да іх».

І ён схапіў хлопца за рукаў, павалок у канец тунеля і знік у кволым сонечным святле, прыкрытым празрыстай шэра-блакітнаю фіранкай халоднай восеньскай імжы.

Застаўшыся без гаспадара, лёгкі чорна-белы дыванок з шалупіння пачаў паціху раскідвацца. Лупінкі адносіліся ўсё далей і далей ад калоны ветрам і падэшвамі прахожых. Праз хвіліну на гэтым месцы варушылася ўсяго некалькі лодачак, некаторыя ў лужынах-кроплях, прынесеных нагамі з вуліцы.

А ў гэты час чалавек, моцна сціскаючы хлапечую руку, цягнуў яго на прыдарожнае ўзвышша, дзе маўкліва раскінулася невядома калі распачатая будоўля. Здалёк здавалася, што ён трымае ў руцэ чорны пусты мяшок: такая вялізная і бясформенная была ў малога куртка.

- Дзядзька, а чаму вы цягнеце мяне на гэтую гару? - хлопец узняў галаву, і яго ўсмешка здалася чалавеку яшчэ больш ідыёцкаю, чым была: ад холаду яшчэ больш скрывілася.

- Хачу табе нешта сказаць.

- Там лепш сказалі б, а то вымакнем як цюцькі.

- Ты хто такі будзеш? - запытаўся чалавек, калі яны апынуліся сярод будаўнічага друзу і параскіданага ламачча, нешта вышукваючы каля пакладзеных у штабелі бетонных перакрыццяў.

- Не ведаю, чалавек, мусіць. Толькі неданошаны.

- Чаму неданошаны?

- Бацькі так казалі. Яны мяне праз гэта і з хаты вытурылі. Называлі чмыром. А чаму вы мне не гаворыце тое нешта?

- Зараз, зараз скажу. Вось толькі... - Чалавек запнуўся, нешта знайшоўшы сярод скінутых у кучу шэрых дошак-апалубак, пабітых чырвоных цаглін і цюкоў шклаваты, падобных да скручаных вагонных матрацаў. Выпрастаўся, трымаючы ў руцэ з паўметра пругкага і досыць тоўстага сталёвага дроту, і твар яго пасвятлеў, быццам выслізнула з-за хмараў бляклае, размытае вільгаццю сонца.

Яны стаялі адзін насупраць аднаго: малы, узняўшы галаву і працягваючы ўсміхацца, і дарослы, згорбіўшыся і падстаўляючы выцвілую белую патыліцу вострым, як іголачкі, кропелькам. Ён думаў, што хлапчукова ўсмешка цяпер якраз да месца.

- Я не сказаў ты табе ані слова, калі б ты мог зразумець мяне. Я зусім не хачу, каб мяне хто-небудзь разумеў. Але ты - дурань і таму маеш права не толькі слухаць, але і бачыць тое, што разумнаму бачыць не дазволена. Так, не дазволена, бо ён мае звычай ва ўсё ўмешвацца і замінаць іншым рабіць тое, што ён лічыць непатрэбным ці шкодным. Калісьці я таксама быў такі, як і ўсе. Меў пасаду, вялізную кватэру, прыгожую жонку, любіў хаваць сваё цела ў чысценькія кашулі, а ногі - у цёплыя і модныя чаравікі. Я пасміхоўваўся з таго, што людзям падабалася мая знешнасць. Яны ж не ведалі, якое ў мяне непрыгожае, нават брыдкае, бляклае і безвалосае цела і якія доўгія і касцістыя пальцы на нагах. Аднойчы нешта са мною здарылася, і я пачаў бачыць зусім не тое, што трэба. Мне здавалася, што людзі, якія заходзяць у мой кабінет, заводзяць не дзелавыя размовы, а абзываюцца самымі зневажальнымі словамі, не ляпаюць далонямі па маім плячы, а імкнуцца сарваць пінжак, усю вопратку і пасмяяцца з майго няскладнага цела, не ўсміхаюцца, а вышчэрваюцца, не падпісваюць дзелавыя паперы, а малююць у іх карыкатуры пра мяне. Тады я накідваўся на іх, ірваў паперы і выкідваў сваіх крыўдзіцеляў за дзверы. Мяне звольнілі. Але гэта не дапамагло маёй хваробе. Калі жонка схілялася нада мной у пасцелі, каб пацалаваць, я ўскокваў, бо мне здавалася, што яна вось-вось уп'ецца зубамі ў мае вусны, нос, сківіцу. І не проста ўкусіць... Я пайшоў з хаты і палюбіў адзіноту. А каб атрымліваць ад яе сапраўдную асалоду, ішоў туды, дзе шмат людзей, якія на мяне не зважаюць. Такія - яны для мяне не вельмі страшныя. Але на твары я ўсё роўна стараюся не глядзець - так спакайней.

Цяпер я вырашыў... Мяне змусілі гэтыя бяздушныя і жорсткія істоты зрабіць гэты крок. Бо калі не зраблю, яны выцягнуць з гэтага цела (і ён зірнуў на сваё беднае паліто, быццам хацеў позіркам пранізаць яго) мяне, і вызваленае месца зойме нехта іншы, падобны да іх. Такога гвалту я не сцярплю. Ніхто не мае права распараджацца маім целам і маім розумам, бо яны мае, а не іхнія, як і гэтае паліто. Хіба я хацеў калі-небудзь перарабляць іх на свой лад?

Карацей кажучы, я рашыўся. Глядзі, але нічога не спрабуй зразумець, бо табе гэта не пад сілу і зусім не патрэбна табе.

Чалавек задраў галаву і зірнуў у неба. Зрэнкі раптам шырока раскрыліся і памутнелі, як мутнее мылкая лужына ў навальніцу. Пасля спыніў свой позірк на хлапчуку, утаропіўся ў яго зашклянелымі вачыма, але ідыёцкай усмешкі не ўбачыў, як не ўбачыў бетоннага шкілета будучага будынка, захінутага ў анямелую шэрань горада, самотнай бясколернай далячыні...

Чалавек ужо не цікавіў хлапчука, і той збег уніз, паплёўся да лаўкі на аўтобусным прыпынку. Пад драўляным навесікам тут смаліў цыгарэту элегантны з выгляду, высокі малады чалавек.

- Дзядзька, там нейкі мужык забіўся. Ён мне семак даў, - сказаў малы, адкрыўшы ўсмешкаю шчарбаты рот і паказваючы поўную жменю семак сланечніку.

- Дзе забіўся?

- Во, на гары.

 

* * *

 

Першы снег асвятліў і без таго не цёмны бальнічны пакой. Чалавек расплюшчыў вочы, асцярожна азірнуўся вакол сябе. «Белыя капюшоны і такія ж халаты. Можа, гэта той свет?»

- Ну што, брат, ажыў? Даў ты нам клопату. Усе кішкі дротам перапароў. Цыравалі, што тыя панчохі. Цяпер сто гадоў будзеш жыць... Калі не зап'еш, канечне...

Словы ўспрымаліся чалавекам як цынічная, спапяляючая насмешка. «Бандыты, яны пазбавілі мяне права распараджацца сабою, і ўсё каб парадаваць сябе, наталіць сваё ненажэрнае самалюбства. Ахвяравалі мною дзеля сваёй хвіліннай уцехі».

- Ненавіджу вас. Як жа я вас не-на...

Чалавек асунуўся, і галава яго на вачах у здзіўленых эскулапаў знясілена адкінулася на белую падушку.

А ў гэты час у падземным пераходзе падпіраў аблямаваную шэрым каменем калону хлапчук у нацягнутай на вочы вялізнай вельветавай кепцы і лускаў чорныя семкі, час ад часу адорваючы прахожых сваёю ідыёцкай шчарбатаю ўсмешкай.


1990-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая