epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Кудравец

Холад на пачатку вясны

 

З таго дня, як да іх у хату зайшла Таня і папрасілася стаяць і маці пусціла яе, Кастусю стала цяжка жыць на свеце. Ён ніяк не мог вырашыць, каго яму любіць болей — Таню ці Людмілу, маўчком перажываў усё гэта, злаваўся, капрызіў.

Пакуль не было Тані, усё было добра: ён любіў Людмілу і ні пра што не думаў. Любіць яе было проста. Кожную раніцу ён бег да цёткі Аўгінні, бег як быццам да Гені і таптаўся ў парозе ці садзіўся на лаўку супроць печы — чакаў, пакуль Геня паснедае і можна будзе ісці на вуліцу. Але чаканне гэта было ўсяго толькі партызанскай хітрасцю. У сапраўднасці ж Кастусь чакаў не Геню, а той пары, калі адхінецца квяцістая шырма, што дзяліла хату на дзве няроўныя палавіны — невялікі закутак паміж печчу і вакном і ўсю хату,— і адтуль выйдзе Людміла. Выйдзе і скажа: «А-а-а, гэта ты, Кастусь...» — і ўсміхнецца мяккай прытомленай усмешкай. У яе былі шэрыя з карычневым, як у дзікай казы, вочы і тоўстыя цвёрдыя губы.

Кастусю было радасна і шчасліва чуць кожную раніцу і гэтыя словы, і Людмілін голас, бачыць яе вочы і губы. Губы ў Людмілы былі не такія ўжо і тоўстыя, як пра гэта гаварылі.

Некаторы раз з-за шырмы першая выходзіла Людміліна маці — цётка Аўгіння звала яе Поля, а ўсе жанчыны ў сяле проста «вы»,— такая ж, як Людміла, высокая, акуратная, строгая, і гаварыла тое ж самае: «А-а-а, гэта ты, Кастусь...» І тады сэрца ў Кастуся як абрывалася. Яму здавалася, што за шырмай больш нікога няма, што Людмілу ён больш не ўбачыць. Яму чамусьці думалася, што Людміла можа ў любы час знікнуць — з’ехаць куды ці сысці. Але ў закутку за шырмай чулася нейкае жыццё — там быў ложак, на якім спалі Людміла з маці, слон, куфар,— і неўзабаве з-за шырмы выходзіла сама Людміла.

У цёткі Аўгінні Людміла з маці атайбаваліся з восені, калі ў Буду першы раз зайшоў, размясіўшы мокрую вуліцу ў непралазную гразь, батальён Івана Васільевіча. Тады ў цёткі Аўгінні стаялі і Людмілін бацька — высокі вусаты мужчына, і Людмілін брат Віцік — цыбаты круглашчокі хлапец гадоў на шаснаццаць. Прозвішча іхняе было Карачун. У Будзе ўсе звалі іх агулам — Карачуны.

Батальён пастаяў з тыдзень, падаўся ці не ў Церабольскія лясы, з ім — старэйшы і малады Карачуны, а жанчыны засталіся.

Пасля таго батальён Івана Васільевіча яшчэ колькі разоў стаяў у Будзе, і тады ў цёткі Аўгінні было тлумна і весела. З хаты не вылазілі партызаны — часцей за ўсё гэта былі хлопцы. Прыходзілі да Віціка, а чапляліся да Людмілы, але яна была да ўсіх аднолькава спакойная, стрыманая, і гэта стрыманасць, гэта спакойная незалежнасць надта падабаліся Кастусю. Людміла была не такая, як усе! Яна была гордая і недаступная са сваёй мяккай прытомленай усмешкай. Пры ёй партызаны стараліся менш лаяцца і цішэй гаварыць. Мінала некалькі дзён, партызаны ішлі на аперацыю, і зноў жанчыны заставаліся адны, а само сяло прымаўкала, затойвалася.

Кастусь любіў, калі Людміла прыбіралася ў чорную спадніцу і ружовую, з вузенькімі дробнымі карункамі на грудзях кофту. Кофта была з нейкай надта тонкай матэрыі, праз якую нават прасвечвалася цела. Гэтую кофту Людміла надзявала толькі тады, калі партызаны наладжвалі танцы. Карачуны былі гарадскія і выдзяляліся сярод вяскоўцаў сваёй акуратнасцю, стрыманасцю і нейкім сваім гонарам. Нават у Людмілінай маці, хоць яна была і немаладая, хада была размераная, роўная, і сама яна трымалася заўсёды прама, а калі гаварыла з кім, то глядзела проста ў вочы. Кастусю здавалася, што яна вельмі цвёрдая характарам і сэрцам, што яна нават не ўмее, не можа і не павінна плакаць. Яго маці можа плакаць, цётка Аўгіння можа, а Карачуніха — не. Ён не ведаў, чаму ў яго з’явілася гэта перакананне, але яму так здавалася, і здавалася яму, што гэта добра... Яна, як і Людміла, была другая, зусім не такая, як усе іхнія вясковыя жанчыны. Некаторы раз ён думаў, што калі б ёй даць у рукі кулямёт, то яна страляла б немцаў не горш чым мужчына. І сам Кастусь баяўся яе. Баяўся яе вачэй. Нават і тады, калі яна гаварыла пра што-небудзь далёкае, што яго не датычыла, яму здавалася, што вочы яе гаварылі зусім другое: «А я ведаю, чаго ты бегаеш сюды па пяць разоў на дні. Ве-е-едаю, мяне не падманіш!..» І Кастусь заўсёды апускаў вочы і стаяў патупіўшыся, як толькі яна загаворвала з ім. «Чаго ты такі надзьмуты? — пыталася яна.— Як ваўчок. Праўда, Людміла, ён падобен на маладзенькага ваўчка? Мне часам здаецца, што скора ён пачне кусацца...» Чым болей яна гаварыла, тым цяжэй было Кастусю вырвацца з улады чэпкіх яе вачэй, і ён наліваўся чырванню і яшчэ ніжэй апускаў галаву і маліў Бога, каб яна скарэй адчапілася ад яго... «Ну што ты, мама... Які ж ён ваўчок? Ён добры хлопчык»,— заступалася за Кастуся Людміла і гладзіла па галаве. Кастусю і радасна было, што Людміла стаяла ля яго, ён чуў цяпло яе рукі на сваёй галаве, чуў нейкі своеасаблівы, толькі яе, Людмілін, пах — нешта ад паху лесу і нейкага адэкалону ці пудры, і разам з тым ён увесь наструньваўся: саромеўся, што яго прымаюць за маленькага хлопчыка. Яму хацелася, каб на яго глядзелі, як на дарослага чалавека, ён жа не маленькі, яму ўжо скора будзе сем гадоў!..

Адзін раз Людміла нават узяла была яго на рукі, прыціснула да грудзей, і яму адразу стала горача і добра-добра. Хацелася, каб так было як можна даўжэй, хацелася чуць гэты своеасаблівы Людмілін пах, блізка бачыць ружовенькае — яно аж прасвечвалася на сонцы — мочка яе вуха, але Кастусь быў мужчына і ў хаце быў Геня, торкаў на яго пальцам і крычаў: «А-я-яй, маленькі! На рукі ўзялі! Маленькі Косцік!», і Кастусь напружыўся і выкруціўся з Людміліных рук...

Ён любіў утайкі глядзець, як Людміла стаіць перад люстэркам, расчэсвае густыя каштанавыя валасы.

Сам з сабой Кастусь часта думаў пра тое, як скончыцца вайна, усе раз’едуцца дамоў, і Людміла з маці, з братам і бацькам паедуць у свой горад, і як ён, Кастусь, вырасце, скончыць школу і прыедзе да іх, і як яна будзе радасна здзіўлена, убачыўшы яго — высокага, стройнага, у хромавых ботах і ў чорным галіфэ. Што будзе далей, ён не ведаў, але ведаў адно, што будзе нешта вельмі добрае.

Кожную раніцу, не паспеўшы паснедаць, ён лучыў момант, каб бегчы да цёткі Аўгінні.

А потым да іх прыйшла стаяць партызанка Таня...

Як толькі яна зайшла і спытала ў Кастусёвай маці, ці возьме яна яе ў хату,— яна так і сказала: «Ці возьмеце вы мяне ў хату?», а Кастусь быў якраз дома, калыхаў Вову — Кастусь зразумеў, што ў яго жыцці адбудзецца нешта вельмі важнае. Таня яму адразу спадабалася, і ён рашыў, што Людмілу больш любіць не будзе, а будзе любіць Таню. Яму было шкода Людмілу, але ён суцяшаў сябе: «Нічога. Людміла не будзе крыўдаваць, вунь да іх колькі партызан ходзіць і ўсе зыркаюць на яе». Яшчэ ён падумаў, што, можа, лепей адразу пайсці і сказаць ёй пра ўсё, але потым перадумаў: яна сама ўсё зразумее і так будзе лепш.

А Таня пастаяла ля парога, потым спытала, ці можна глянуць на дзіцятка, падышла да калыскі і радасна прашаптала: «Такое малюсенькае — тфу-тфу-тфу, хай расце здаровае»,— прашаптала так, быццам лепшай пахвалы, чым назваць Вову «малюсенькім», і не было на свеце... Адступілася назад да парога і засмяялася, весела глянуўшы на Кастусёву маці.

— І як вы адчаіліся на такое?

— На гэта адчайвацца не трэба. Зробіцца само, хоць і не загадваеш,— усміхнулася Кастусёва маці...

— А гаспадар пры доме? — пасур’ёзнела Таня, абводзячы хату вачыма, мусіць, шукала што-небудзь, што пацвердзіла б яе думку.

— Ваюе, так як і вы. У колькі месяцаў раз пакажацца, убачым жывога,— і зноў жывём чаканнем. А цяпер у нас ніхто не стаіць,— маці ўмудрылася адразу адказаць і на просьбу, і на апошняе пытанне. Кастусь бачыў, што і маці Таня спадабалася.

— Я шмат месца не займу,— зноўку засмяялася Таня.

І праўда, росту была яна невысокага, у чорным, завужаным у стане паўкажушку, валёнках, чорнай кубанцы, з нейкім простым, надта свойскім тварам. Кастусю здавалася, быццам ён яе даўно ведае, быццам сустракаў яе многа-многа разоў і быццам яны даўно ўжо з ёй падружыліся...

— Не ведаю, дзе толькі спаць пакласці? Сама я сплю на ложку, ля малога, хлопец на печы, і мужык, калі надараецца быць дома, ці на ложку, ці на печы. Хіба, можа, на канапе?

— О, такой бяды... Можна і на канапе. А калі змерзну, пусціш пагрэцца? — Цяпер Таня пазірала на Кастуся, і ён засмяяўся:

— Ведама што пушчу!

— Ну, от і добра... Я такая мярзлячка і так люблю печ.— Таня скаланула галавой, быццам ёй і цяпер было холадна, бліснула роўнымі белымі зубамі і павярнулася да Кастусёвай маці: — Скажыце, як вас завуць?

— Мар’я.

— А па бацьку?

— Мар’я Іванаўна.

— Мар’я Іванаўна... Я вас буду зваць Іванаўна. Добра? А я — Таня... А цябе як, таварыш сур’ёзны?

Кастусь таксама назваўся.

— Тады я пайду.— Таня ўзялася за клямку, але павярнулася, кіўнула на калыску: — А яго чым корміце?

— Пакуль цыцку даю і трохі прыкармліваю,— што ёсць...

— Цяжка з такім без малака. У нас у атрадзе карова ёсць. Для раненых трымаем...

— Колькі там у вас таго малака... А ён ужо нічога, прывык. І булён з лыжачкі п’е, і зацірку...

Таня пайшла, але неўзабаве вярнулася з невялічкім чамаданчыкам. Там было ўсё яе дзявочае багацце — невялічкае круглае люстэрка, грабеньчык з тонкай алюмініевай пласцінкі, некалькі касынак і яшчэ розная адзежа... Там жа ляжаў маленькі, загорнуты ў невялікую чорную шарсцяную анучку наган.

Маці дастала з куфра вымыты сяннік, набіла яго саломай, паклала на канапу, дала Тані падушку, коўдру...

— Ой, як слаўна пахне салома! — усклікнула Таня, калі першы раз лажылася спаць.— Іванаўна, вы ведаеце, калі я спала на такой пасцелі? Не ведаеце? Да вайны... А як пайшла ў партызаны... Якое гэта шчасце спаць вось так — разуўшыся, раздзеўшыся, і ведаць, што не трэба ўскокваць пры кожным шолаху, пры кожным голасе...

Аднойчы пад раніцу Кастусь прачнуўся ад таго, што яго нехта асцярожна пасунуў да сцяны... Ён расплюшчыў вочы. Гэта была яна, Таня. Яна ўбачыла, што ён расплюшчыў вочы, прыклала палец да сваіх губ: ціха, усе спяць! — і прашаптала яму на вуха:

— Была на пасту і страшэнна сакалела. Такі маразішча. Хачу пагрэцца ля цябе,— і прыціснулася да яго.

І рука яе, і шчака, і ўся яна сама былі халодныя-халодныя і пахлі марозам...

Кастусь ляжаў ціхенька, баючыся паварушыцца, баючыся глыбока дыхнуць... І ён яшчэ раз рашыў, што будзе любіць толькі Таню. Яна такая добрая, яна прыносіць Вову малако, і ў яе ў чамаданчыку ляжаць сапраўдны наган і дзве абоймы... А Людмілу ён любіць не будзе. Яна вельмі важная, і з ёй нельга пагаварыць пра вайну, бо сама яна не ваюе, ваююць яе бацька і брат Віцік... А Таня сама ваюе...

Да іх усё часцей і часцей пачаў заходзіць Жыбуртовіч, камандзір узвода — высокі, танклявы, у хромавых ботах і галіфэ, з прыгожымі чорнымі вусікамі над тонкімі губамі... І гаварыў ён заўсёды так, быццам падсміхваўся над Таняй, падколваў яе. Кастусю гэтыя смешачкі не падабаліся, ды і сам Жыбуртовіч не падабаўся, і яго дзівіла, што Таня ніколечкі не злуецца на Жыбуртовіча. Яна як быццам любіла гэтыя жарты, смяялася, а то і сама пачынала кпіць з яго. Кастусь пачаў думаць, што гэта так і трэба, усё ж Жыбуртовіч — камандзір, а Таня — простая партызанка... Неяк Жыбуртовіч прынёс Кастусю раменьчык з партупеі. Зусім новы, чорна-ружовы, з разрэзамі па канцах. І гэта толькі спачатку было, што Жыбуртовіч здаваўся хмуры, строгі і нелюдзімы. Ён быў добры, і Кастусь пачаў дазваляць яму прыходзіць кожны дзень і падоўгу гаварыць з Таняй... Некаторыя разы ён заставаўся і позна ўвечары. Хай застаецца. Хай гаворыць, калі яму так хочацца, хіба Кастусю шкода...

Потым неяк Кастусь устаў раніцай. У хаце было ціха, і на вуліцы не чутно было галасоў. Ён зірнуў на сцяну, дзе заўсёды вісеў Танін карабін: там было пуста... І маці была нечым заклапочана.

— Мама, а дзе Таня? — спытаў ён.

— Няма Тані. Пайшла разам з атрадам. І запомні, сынок, калі хто будзе пытацца,— у нас ніхто не стаяў, і ніякіх партызан у Будзе не было, і ты нікога не ведаеш... Запомніў?

— А хто будзе пытацца?

— Хто ні будзе. Можа, немцы будуць пытацца, можа, паліцэйскія. А можа, дасць бог, і ніхто не будзе... Кажуць, на станцыю прыбыў вялікі атрад немцаў і быццам яны ідуць з блакадай.

Кастусь пабег да Гені. Людмілы і яе маці таксама не было — і яны пайшлі разам з атрадам.

І Буда прымоўкла, прыціхла, насцярожылася... Усе жылі ў чаканні нечага невядомага, страшнага. Гаварылі ціха, быццам за кожным вуглом нехта падпільноўваў, сачыў, падслухоўваў. Але дні ішлі, а немцаў і паліцэйскіх не чуваць было. Гаварылі, быццам яны пайшлі другім бокам, за ракой, і там вялі баі з партызанамі. Жыццё ў Будзе мала-памалу смялела, у людзей крэпла надзея, што ўсё будзе, як і было дагэтуль, што немцы не пойдуць сюды. У Буду зноў пачалі наведвацца партызаны — па два, па тры. Прыедуць, павернуцца — і зноў не чуваць. Кастусь чакаў Танін атрад, а яго ўсё не было і не было, а калі перастаў чакаць, ён прыйшоў. Цяпер у Кастусёвай хаце разам з Таняй стаяў хмуры і ваўкаваты партызан Дзёмін. Да цёткі Аўгінні зноў вярнуліся Карачуны — усёй сям’ёй.

І зноў Кастусь любіў Таню і, як свята, чакаў той пары, калі яна намерзнецца на дварэ і прылезе да яго на печ грэцца. Такое свята цяпер надаралася вельмі рэдка, хоць на канапе цяпер спаў Дзёмін, а Таня перайшла спаць у першую хату. Там, у кутку за печчу, стаяў стары ложак, і цяпер на ім ляжаў Танін сяннік і падушка. Так захацела сама Таня. Яна доўга шапталася з Кастусёвай маці, тая ўсё адгаворвала: «Шчэ ж холадна, глядзі, застудзішся», але Таня настояла на сваім, засмяялася: «З ім не змерзнеш!», і маці пагадзілася з ёй, дала яшчэ адну коўдру, стары кажух... Цяпер Жыбуртовіч прыходзіў да іх кожны вечар, часта садзіўся і вячэраць. Чамусьці Кастусю хацелася, каб Таня хоць раз прагнала Жыбуртовіча — чаго ён да яе ўсё чапляецца? — а яна толькі смяялася ды бліскала белымі зубамі. Цяпер, як толькі Кастусь бачыў Таню, яму ўспамінаўся Жыбуртовіч, і ён пачынаў злаваць на яго: калі ты камандзір, дык будзь камандзірам над усімі людзьмі, а то прывык тырчаць у адной іхняй хаце, ля Тані. І зноў Кастусю стала цяжка жыць на свеце.

 

Кастусь прачнуўся рана і прачнуўся ад радасці. Нешта добрае муляла ў галаве, не давала сну — і ён прахапіўся. Чарэнь ля коміна была яшчэ цёплая, і ён адсунуў пасцілку, дастаў нагамі да голай цэглы. Пазіраў у столь, у тое месца, дзе цямнела дзірка ад выбітага сучка ў дошцы. На печы было яшчэ цемнавата, але дзірачка была добра відаць. Кастусь ведаў, што ў гэту дзірачку нанач уцякае спаць павучок. Гэта яго домік. Ён і зараз, мусіць, спіць там, падкурчыўшы лапкі. Узяць хіба ды пужнуць яго! Кастусь прыўстаў на калені, зірнуў на хату. І там яшчэ было шэра: ля печы сядзелі маці і Таня і пры жоўтым агні «смаркачыка» абіралі бульбу; на канапе, укрыўшыся паддзёўкай, спаў Дзёмін: ён нядаўна вярнуўся з каравула. І тут Кастусь як не закрычаў. Ён успомніў, чаму прачнуўся. Ён учора быў у цёткі Аўгінні, і Віцік даў ім з Генем па планшэтцы. Гэта былі зусім новыя планшэткі, са слюдзянымі перагародкамі, бліскучымі кнопкамі, з вузенькімі раменнымі паскамі, каб насіць планшэткі цераз плячо. Планшэтку можна было раскласці, як сшытак, а потым скласці назад і зашпіліць на раменьчык. Учора было позна, і Кастусь не паспеў нагуляцца з ёю і пафарсіць: маці адабрала і схавала планшэтку ў куфар, а яго пратурыла спаць. Кастусь ссунуўся жыватом на зачынак, гупнуў нагамі ў падлогу, падбег да куфра.

— Чаго гэта ты ўспароўся? — узняла на яго вочы маці.— Калі трэба малое пакалыхаць, дык цябе не ўстурыць, а гэта — гатоў. Лезь на печ.

— Мама, дастань планшэтку...

— А-а-а, вунь яно што... Планшэтка... А я-то думаю, ці не воўк у лесе здох, што Кастусь так рана прачнуўся...

Кастусь маўчаў. Падлога была халодная, і яму ўжо саднела ў ногі.

— Ідзі спаць,— ужо стражэй сказала маці, мыючы нож і рукі ў чыгуне.

Кастусь стаяў, унурыўшы галаву.

— Дайце яму, Іванаўна. Хай пацешыцца,— заступілася за Кастуся Таня.

Маці моўчкі ўстала, выцерла рукі аб трапкач, падышла да куфра. Адкінула цяжкое века і з дна, з-пад трубак палатна дастала планшэтку.

Кастуся толькі і бачылі. Ён шмаргануў на печ і, сеўшы спіной да коміна, пачаў адшпіляць і перашпіляць раменьчыкі, зашморгваў, каб яны былі якраз на яго рост, каб можна было перакінуць планшэтку цераз плячо. Зусім забыўся, што столь на печы нізкая, падскочыў і так гваздануўся галавой аб дошку — тую ж самую, з дзірачкай ад сучка,— што аж іскры пасыпаліся з вачэй і павучок выскачыў з дзірачкі і пабег пад бэльку. Кастусь не заплакаў, толькі пашкроб балючае месца і сеў назад да коміна. Пачаў прыкідваць, што будзе класці ў кожнае аддзяленне планшэткі. Камандзіры кладуць туды карты, паперы. Ні карт, ні папер у яго не было... Успомніў, што некалі баба давала бацьку чытаць святыя кніжкі — тоўстыя, цяжкія, у цвёрдых чорных вокладках. Кнігі гэтыя ляжалі на паліцы. Бацька паціху вырываў лісткі з гэтых кніжак і курыў — без курыва ён не мог пражыць ніводнага дня... Можа, у кнігах яшчэ не ўсе лісты павырываны, тады можна было б выдраць і сабе... Кастусь зноў шуснуў з печы, падцягнуў слон пад паліцу. Якія кнігі! Ад іх засталіся адны вокладкі. Хоць бы лісцік. Кастусь узяў вокладкі.

— Вот я табе зараз пашвэндаюся дык пашвэндаюся,— матанулася маці па трапкач, і Кастусь ледзь паспеў шмыгнуць на печ.

У адно аддзяленне планшэткі ён засунуў вокладку ад адной кнігі, у другое — ад другой. Слюда адразу пацямнела, планшэтка пацяснела, стала цвёрдай і важкай. Як у камандзіра. І Кастусю здалося, што і ён сапраўдны камандзір, у галіфэ, з аўтаматам. Во зараз ускочыць на каня і — пайшоў на немцаў!

Пакуль Кастусь разбіраўся з планшэткай, павучок зусім асмялеў, вылез з-пад бэлькі і злавіў муху, пачаў укручваць яе ў павуціну. Дурніца: не паспела аджыць, пачуўшы вясну, а ўжо трапіла ў сіло. Кастусь узяў трэску і разарваў павуціну. Павучок уцёк у свой домік, а муха доўга яшчэ церабілася, пакуль выбілася на волю.

У хаце стала віднець. Таня канчала абіраць бульбу, маці перакладала дровы ў печы. Гаварылі напаўголасу, потым маці зусім нахілілася да Тані, і тая пачала шаптаць ёй нешта на самае вуха. Маці пільна слухала, аж рот раскрыла, твар яе выцягнуўся ў радасным здзіўленні. Яна не дала Тані дагаварыць, перабіла:

— Дык ты не рада?

— Не таму, што не рада, Іванаўна. Але ж страшна... Гляджу на вас,— вы і дома, у сваёй хаце, і то вунь як нялёгка. А я... Сёння тут — і добра, і цёпла, а што заўтра будзе?..

— Ніхто не ведае, што заўтра будзе, што нават сёння будзе...

Таня сабралася ў камячок, апусціла вочы.

— І не падумай, дзеўка... І сябе загубіш, і яго... А ён жа, бацька, што? — маці кіўнула галавой на двор.

— Як і вы. Кажа, і не думай...

— Ну во, бачыш... Нават калі і не тут будзеце, усё роўна недалёка адсюль... Прыйдзеш да нас, ці ж я цябе выганю, ты ж даўно, як родная нам...

— Дзякуй, Іванаўна, дзякуй. Можа, і рана яшчэ гаворку ўсчалі. Калі тое будзе...

— Не паспееш аглянуцца, дзеўка. Толькі беражыся. І на холадзе не прастойвай, і надта на сябе не грузі...— Маці ўскінула галаву, убачыла, што Кастусь звесіўся з-за коміна, разявіў рот, слухае іх — забыўся і на планшэтку, і на ўсё,— раззлавалася, крыкнула: — А ты чаго вушы развесіў? Бач, цікава яму. Глядзі вунь торбу сваю, бо забяру зараз і выкіну і не знойдзеш ніколі.

— Што я там слухаю... Нічога я не слухаю. Цікава мне дужа. У мяне во раменьчык не зашпіляецца...— Кастусь зноў пачаў калупацца з планшэткай. «Падумаеш, нейкія сакрэты там. А ён... а яна...» Кастусь разумеў, што ў іхняй хаце адбываецца нешта важнае, але ніяк не мог здагадацца, што гэта такое. Зноў пачаў быў услухоўвацца ў гаворку маці з Таняй, але так нічога і не зразумеў, а потым і зусім забыўся пра яе.

Усю раніцу ён насіўся з планшэткай. Нават калі снедалі — Таня, маці, Жыбуртовіч і ён,— планшэтка вісела ў яго цераз плячо. Дзёмін усё яшчэ спаў на канапе.

Жыбуртовіч пажартаваў:

— Давай-давай. Планшэтка ёсць, засталося дабыць аўтамат — і хадзі да нас. Канечне, калі маці адпусціць. А, Іванаўна? Адпусціш з намі?

— А хай ідзе... Ён мне кішкі ўжо ўсе пераеў. Там, можа, хоць вымуштруеце трохі, да парадку прывучыце, слухацца будзе...

— Ну, у нас гэта строга. У нас дысцыпліна жалезная... Дык пойдзеш у мой узвод?

— Пайду. Толькі ж у мяне аўтамата няма...

— Гэта можна паправіць. Трохі падрасцеш, падловіш немца дзе ці «бобіка» — і вось табе аўтамат.

Жыбуртовіч быў сёння нязвычна вясёлы, і ён зноў стаў падабацца Кастусю. Праўда, ён толькі гаварыў з Кастусём, а сам усё пазіраў на Таню, усміхаўся ёй, і яна яму ўсміхалася. Хай усміхаюцца.

Потым Кастусь выйшаў на вуліцу, сустрэў Жэню Марынінага і Аліка Матрунінага, паказаў ім планшэтку. Жэню нават даў надзець і пахадзіць з ёй па двары. А Аліку не даў. Хай ведае. Не трэба было заўчора піхаць Кастуся ў канаву. Вярнуўся дамоў пад абед. На дварэ было сонца, і на кастрыцы ля стопкі было цёпла, як летам. Раскінуўшы плямістую нямецкую плашч-палатку і прысланіўшыся спіной да задымленай бурай сцяны, там сядзеў Дзёмін. Ён пісаў пісьмо, прымасціўшы на каленях дошчачку, а паверх яе ліст паперы. Ён хмура зірнуў на Кастуся, не адрываючы руку з алоўкам ад паперы. Позірк яго быццам гаварыў: «Ну, чаго ты стаў? Не бачыў, як пісьмы пішуць?» І тут Дзёмін угледзеў планшэтку.

— Ану, хадзі, хадзі,— паманіў ён Кастуся пальцам.

Кастусь падышоў бліжэй.

— Пакажы,— працягнуў руку Дзёмін.— Пакажы свой планавік.

Кастусь зняў з пляча планшэтку, падаў:

— Гэта Віцік Карачуноў мне ўчора даў...

— Віцік Карачуноў, кажаш... У яго заўсёды знойдзецца што-небудзь. Ага... Добры планавік, добры.— Дзёмін расшпіліў планшэтку, зашпіліў.— Што малады, то і дурны. Нашто мальцу планшэтка. А камандзіру яна будзе добрая. А то яго сумка зусім абтрапалася...

Дзёмін гаварыў спакойна, ціха, не падымаючы на Кастуся вачэй, як бы сам сабе, і Кастусь адчуў, як душа яго правалілася ў ногі. Ён працягнуў руку:

— Аддайце...

Дзёмін нічога не сказаў. Абкруціў планшэтку рэменем, рыўком устаў, пацягнуў на сябе плашч-палатку. Ступіў колькі крокаў ад стопкі і раптам спыніўся, павярнуў галаву да Кастуся. Той стаяў як аглушаны.

— Ну, чаго глядзіш?

— Аддай планшэтку. Гэта не ты мне яе даў...

— Не я даў, ды я забраў. Табе яна для забаўкі, а камандзіру дакументы насіць...

— Камандзір каб хацеў, даўно ў немцаў узяў бы. Аддай...— Кастусь ірвануўся да Дзёміна, учапіўся рукой у планшэтку.

— Ну, малец, адстань,— усур’ёз зазлаваў Дзёмін і сціснуў Кастусёву руку так, што ў таго слёзы выступілі на вачах. Ён выпусціў планшэтку.— Рана табе з такімі цацкамі хадзіць. Вырасцеш, вывучышся на камандзіра, тады і хадзі.— І Дзёмін пайшоў па вуліцы, цяжка ступаючы па мокрай, гразкай зямлі.

— Пачакай, я цябе дзе-небудзь падпільную,— закрычаў яму ў спіну Кастусь.— Падпільную і каменем.— Ён як не плакаў.— Будзеш ведаць... Знайшоў дзе ўзяць. Ты ў немцаў вазьмі, дык немцаў... баішся. А тут ваяка...— Кастусь пашукаў вачыма і знайшоў невялікі камень, узяў у руку, але кінуць у Дзёміна не адважыўся. А той ішоў сабе па вуліцы, коратка ўзмахваючы рукой з планшэткай. Вада пырскала ў яго з-пад ног, папружка ад планшэткі раскруцілася і матлялася, чыркаючы па гразі.

 

— Гаспадынька, мне б чаго-небудзь мякенькага, га? Трэба коніка майго падмасліць...— Дзёмін узняў угару пануры твар, паглядзеў на Кастусёву маці. Ён сядзеў на падлозе, заціснуўшы паміж ног кароткі тупарылы ствол ротнага мінамёта. Сказаў як быццам жартам, а твар змрочны, спакойны, і вочы сумныя.

— Не давай, мама, яму нічога. Ён учора ў мяне планшэтку адабраў...— не ўтрываў, апярэдзіў маці Кастусь. Сам ён сядзеў на ложку, гушкаў калыску з Вовам, цягаючы яе рукой за почапку.

— Ну, куды ты, малец, са сваёй планшэткай... Я ж табе сказаў, што планшэтка трэба камандзіру, на тое ён і камандзір. У яго ўсё павінна быць лепшае. І планшэтка і ўсё іншае...— Ён не то зморшчыўся, не то ўсміхнуўся.— Дык што, гаспадынька, мякенькае што-небудзь знойдзем?

— Чаму ж не знойдзем. Шчэ згалелі не настолькі, каб не знайсці акраек якой анучы.— Маці таксама злосная, быццам гэта ў яе Дзёмін забраў планшэтку. Яна выходзіць у сенцы і зараз жа вяртаецца, нясе рукаў старой бацькавай кашулі, кідае на ногі Дзёміну.

— А як там масла маё?

Маці зазірае ў печ, выгортвае качаргой бляшанку з двума рыльцамі, ставіць ля Дзёміна:

— Усю хату засмуродзіў...

— Хіба ж гэта смурод, гаспадынька,— ухмыляецца Дзёмін.— Гэта ж ружэйнае масла. Толькі загусла трохі, ляд яго бяры.

Ён ададраў ад рукава кавалак анучы, пачаў мазаць ствол. Мазаў і спяваў глухім, нудным голасам:

 

Не для меня весна придет,

Не для меня сад разовьется...

 

Спяваў, быццам у хаце быў адзін, толькі ён адзін. Быццам ля печы і не тапталася маці, а на ложку не сядзеў Кастусь і на печы не спала Таня.

 

На пе-е-ечке бедная Татьяна-а-а-а,

Она лежит — не для меня-а-а-а...

 

Разам з сумам і страшнай нудой у яго голасе прарывалася нешта надта шчымлівае, жаласнае... Кастусь злосны быў на Дзёміна і не хацеў прымірацца з ім, а песня размякчала яго, прымірала. Кастусю было дзіўна бачыць, што спяваў заўсёды хмуры Дзёмін. І спяваў пра нейкую «бедную Татьяну», а на печы ў іх ляжала партызанка Таня, і Кастусь не разумеў, чаму Дзёмін пяе, што яна ляжыць не для яго. Кастусь пазіраў з-за калыскі на Дзёміна, а сам думаў пра тое, што ўчора, пасля таго як Дзёмін панёс планшэтку камандзіру, Кастусь залез у яго брызентавую сумку — яна вісела на рагу ложка — і ўкраў дзесяць вінтовачных патронаў. Патроны Кастусю зусім не трэба былі, і ўкраў ён іх на злосць Дзёміну, за планшэтку. І зараз ён глядзеў на Дзёміна і думаў: «Гэта табе за планшэтку. Наляцяць немцы, ты пачнеш перазараджаць вінтоўку, палезеш у сумку, а там — раз-два — і ўсе патроны. Тады будзеш ведаць, як адбіраць планшэткі».

Дзёмін перастаў спяваць, узняў галаву:

— Таня, пусці пагрэцца... А, Таня? — Вочы яго не павесялелі, але ажылі, засвяціліся.

— Чаго ты прыстаў да мяне? Хіба гэта мая печ? Пытайся ў Іванаўны...

— Іванаўна і словам не абесціцца. Печ цагляная, хіба ёй шкода... І зноў жа. Я буду ціхенька ля боку ў цябе ляжаць, га?

— Ты б лепей пра жонку ўспомніў, пра дзяцей.

— Ці то дзеці яму наўме? — падтрымала Таню Кастусёва маці.

— Ты, Іванаўна, дарма гэта,— Дзёмін зноў спахмурнеў.— Жонку як жонку, а дзяцей я помніў і цяпер помню.

— Цяпер ты, можа, і жонку ўспамінаеш...

Дзёмін нічога не адказаў. Зноў нагнуўся над ствалом і зноў сумна зацягнуў:

 

На печке бедная Татьяна-а-а-а,

Она лежит — не для меня.

 

Зайшоў Жыбуртовіч, абабег позіркам хату; Кастусь ведаў: шукае Таню. А яна цішком ляжала за комінам, і ад парога не было відаць яе.

— Камандзір... Непарадак ва ўзводзе,— узняў галаву Дзёмін.— Загадай ёй, каб пусціла пагрэцца,— Дзёмін кіўнуў на печ...

— А хто там? — як бы здзівіўся Жыбуртовіч, зазірнуў за комін. Убачыў Таніны ногі, усміхнуўся, прасвятлеў тварам.— У гэтым я ёй не камандзір... Тут у яе свой плацдарм...

— Ну во, чуеш, Таня. Камандзір сказаў, каб пусціла...

— Я і яму накамандую,— Таня прысела на печы, спусціла ногі на зачынак, правяла рукой па твары.

— Што, мала ночы было, не выспалася? — засмяяўся Жыбуртовіч.

— Ночы... Якая тут ноч. Досвіткам прыйшла пагрэцца, дык Іванаўна пасадзіла бульбу абіраць. Пакуль наабіралі, пакуль тое, сёе...— яна гаварыла і глядзела на Жыбуртовіча, і Кастусь бачыў, што ёй прыемна было і гаварыць так, і глядзець... І Жыбуртовічу таксама не хацелася адыходзіць ад печы. Але ён павярнуўся, падышоў да Дзёміна.

— Трэба Петрусевічаў кулямёт паглядзець. Заядае недзе. У дыску, мусіць. Вазьміся.

— «Вазьміся, вазьміся»... Хопіць з мяне гэтай дурніцы.— Дзёмін стукнуў рукой па ствале мінамёта, устаў, глянуў на Кастуся.— Ну, а я што казаў, малец? Камандзір ёсць камандзір. Ён загадвае, а я павінен слухацца. Хоць на мне вісіць і гэта дурніца.— Дзёмін, мусіць, чакаў нечага ад Кастуся, але той маўчаў.

— Мінамёт мінамётам,— нездаволена паморшчыўся Жыбуртовіч.— Петрусевіч кажа, што спружына барахліць. Прынясеш сюды. Тут у стопцы і апробуеш, далёка хадзіць не трэба... Толькі патроны эканом.

— У мяне адно і думак, як бы пастраляць. Як у яго,— Дзёмін кіўнуў на Кастуся.— Толькі і шукаю гэтай забаўкі...

— Ну, забаўкі не забаўкі... Ведаеш, не на гулянку сабраліся.

Пакуль Жыбуртовіч гаварыў з Дзёміным, Таня злезла з печы, прыткнула люстэрка ў куточак на акне, пачала расчэсваць валасы. Валасы былі густыя, грабянец не хацеў лезці ў іх, і Таня смешна моршчылася, торгала галавой, а Жыбуртовіч пазіраў на яе, усміхаўся.

— Дзе яны стаяць, ведаеш? — павярнуўся да Дзёміна і як бы забыўся на Таню, пасур’ёзнеў.

— Чаму не ведаю... За калодзежам...

— Ага...

Дзёмін вынес на двор мінамёт, паклаў на параконную фуру, на якой стаялі скрынкі з мінамі. Маці таксама выйшла некуды. У хаце засталіся Кастусь з Вовам — ён даўно ўжо спаў,— Жыбуртовіч і Таня. Жыбуртовіч падышоў да Тані, абняў яе за плечы. Яна павярнулася, абняла яго за шыю, правяла рукой па шчацэ: «Калючы...» — «Ага»,— Жыбуртовіч пагладзіў яе па валасах...

«У-у-у, надумалі абнімацца... І ён, конь такі, і яна»,— злосна падумаў Кастусь і палез на печ.

— Увесь атрад пойдзе? — спытала Таня.

Жыбуртовіч кіўнуў галавой: — І не толькі наш.

— Я таксама пайду...

— Ты застанешся з раненымі.

— Не-а,— Таня пакруціла галавой.— Не.

У хату зайшоў Дзёмін, знайшоў Кастуся на печы.

— Табе, малец, відаць, няма работы, га? — спытаў, выціраючы рукі анучай.

Кастусь маўчаў. Ён цвёрда рашыў з Дзёміным не гаварыць.

— Бачу, што табе няма работы. Пайшлі са мной.— Дзёмін надзеў паддзёўку, падперазаўся.— Пайшлі, прынясём кулямёт, паглядзім, што там у ім.

— Кулямёт? — не паверыў Кастусь.

— Ага... Пайшлі, пайшлі. Табе тут няма чаго рабіць.

Кастусь у адзін міг саслізнуў з печы, уздзеў світку, паглядзеў на Таню і Жыбуртовіча:

— Калі Вова прачнецца і будзе плакаць, дасцё суслу. Яна ў калысцы.

— А няўжо ж,— засмяялася Таня.— Ідзі ўжо, ідзі...

Потым Кастусь з Дзёміным сядзелі на падлозе ля разабранага кулямёта. Кастусь ніколі не думаў, што кулямёт можна так разабраць — і ножкі адвінціць, і дыск, і затвор выняць... Дзёмін зняў крышку дыска — у Косціка аж сэрца зайшлося: у дыску было поўна патронаў. Яны ляжалі кругам, акуратненька, дзюбкамі ў кучу, як кураняты пад курыцай. Дзёмін павылушчваў іх усе, як семкі, пакінуў толькі адзін, правяраў, як ён выскоквае. Пастукаў малатком па спружыне, падпілаваў беражок напільнікам, дастаў з сумкі маслёнку, змазаў. Потым зноў наклаў поўны дыск патронаў, правяраў, як яны выскокваюць... Потым зноў пакінуў адзін. Зноў нешта падпілоўваў напільнікам. Зноў наклаў поўны дыск — акуратненька, адзін да аднаго, і яны не раскочваліся, ляжалі шчыльненька, сціснутыя спружынай. Змазаў і затвор, сабраў увесь кулямёт, апусціў рукі на калені і доўга пазіраў на Кастуся. Пазіраў і як быццам не бачыў яго. Кастусю нават страшна стала: чаго гэта ён глядзіць на яго так доўга. Можа, ведае пра тыя патроны? Ну і дасць... Але Дзёмін пачаў варушыць губамі, быццам гаварыў нешта без слоў, і нічога нельга было пачуць... Правёў рукой па твары, зморшчыўся...

— Цябе як завуць, малец? — запытаў нарэшце.

— Кастусь. Жывеш ужо колькі і не ведаеш. Як маленькі.

— Кастусь...— паўтарыў Дзёмін.— Кажаш, Кастусь. У мяне дома недзе такі падшыванец расце... Гэта не блізка, ажно за Віцебскам. Ты не ведаеш. І другі — большы... І трэці — яшчэ большы... Трое... Дык, гаворыш, Кастусём завуць... Добра...— І зноў ён гаварыў ціха, як быццам сам з сабой, гаварылі адны губы, а слоў не было чуваць, і Кастусю нязвычна было гэта і трохі боязна. Але Дзёмін раптам спрытна ўскочыў на ногі, лёгка падняў кулямёт за ствол, паставіў прыкладам на падлогу.— Пайшлі, праверым.

Спусціліся ў прыстопачнік. Адразу запахла сырасцю, плесенню, гнілой бульбай... Дзёмін паставіў кулямёт на калоду — яна стаяла ля самага ўвахода,— павярнуў так, каб кулі ішлі ў зямлю ля дальняй сцяны...

— Зачыні дзверы,— сказаў Кастусю. Кастусь зачыніў. У прыстопачніку стала цёмна, як ноччу, не верылася нават, што там, за дзвярыма, дзень і свеціць сонца.

— Стой ля дзвярэй,— загадаў Дзёмін, а сам угнуўся над калодай, упёр прыклад у плячо,— і зараз жа са ствала забліскаў белы агонь, асвятляючы ўсё ў прыстопачніку: і твар Дзёміна — калючы і злы, і заляскатала — ду-ду-ду! ду-ду-ду! — Кастусю аж вушы заклала, і адразу густа і прыемна запахла порахам, зазвінелі, пасыпаліся на зямлю гільзы.

— Здаецца, нармальна,— сказаў Дзёмін.— Паспрабуем яшчэ раз...— і зноў заляскатала ўвушшу ў Кастуся, і, здаецца, затрэсліся, захадзілі сцены стопкі.

— Нармальна,— паўтарыў Дзёмін і таўхануў дзверы. Яны лёгка адчыніліся.

— А мне можна стрэліць? — папрасіў Кастусь.

— Малы ты яшчэ... І чуў жа, што казаў камандзір. Няма патронаў.

— У мяне патроны ёсць,— сарвалася з языка ў Кастуся.

— Ёсць?..— Дзёмін ужо хацеў выходзіць, а тут затрымаўся, пільна зірнуў на Кастуся, і голас яго зноў стаў чужы і глухі.— І многа?..

— Не, штук з дзесяць... А стрэльнуць дасі? Хоць адзін раз...

— Ладна, нясі... Толькі адзін раз...

Кастусь падбег да ганка, сунуў руку пад першую маснічыну і адразу пачуў прыемны, гладкі халадок патронаў. Выграб іх, прынёс Дзёміну... Той высыпаў іх сабе ў кішэню, зноў паставіў кулямёт ножкамі на калоду, даў прыклад Кастусю ў рукі.— Добра ўпірай прыклад у плячо і ногі шырэй расстаў, бо як дасць, дык на двор вылеціш. Ціснуць будзеш тут, на курок. Пажджы, я дзверы прычыню.— Ён грукнуў дзвярыма, і зноў у стопцы стала цёмна, цямней, чым было перад гэтым.

— Ну, давай,— нецярпліва сказаў Дзёмін. Кастусь націснуў на курок, але выстралу не было.

— Мацней цісні, мацней,— зусім зазлаваў Дзёмін. Кастусь ірвануў за курок з усёй сілы, прыклад моцна штурхануў у плячо, уперадзе бліснула полымя, і над вухам страшна гахнула.

Выйшлі на двор.

— Адкуль у цябе патроны? — спытаў Дзёмін. На Кастуся ён не глядзеў, думаў нешта сваё.

— Знайшоў за хлевам,— зманіў Кастусь і зірнуў на Дзёміна: ці паверыў той? Дзёмін маўчаў, быццам гэта яго мала абыходзіла.

 

На досвітку, яшчэ ў поўнай цемры, у Будзе чуўся неспакойны рух, то там, то сям прарываліся прыглушаныя галасы людзей, фыркалі коні. З хат у двары і з двароў у хаты снавалі людзі, нешта грузілі на падводы. Суха ляскаў метал аб метал, і звон яго быццам расплываўся ў густой цемры. Атрад рыхтаваўся выступаць.

Па вуліцы праехалі дзве чацвёркі коней — пацягнулі гарматы. Мокра цмокала тугая гразь пад конскімі капытамі, ціха мацюкаліся на коней людзі, шукаючы ў цемнаце цвярдзейшую і не такую гразкую дарогу. Гарматы адправілі раней, яны будуць чакаць атрад у лесе...

У Кастусёвай хаце таксама даўно не спалі. Не спаў і Кастусь, ляжаў, галавой на хату, падпёршы рукамі бараду: каб усё бачыць. На стале бліскаў «смаркачык», кідаючы рваныя цені на падлогу і на сцены. І ва ўсім тым, што рабілася сёння, і ў саміх людзях была напружаная, трывожная дзелавітасць, няйначай, людзям трэба было зрабіць нейкую вельмі важную, цяжкую работу, і яны ведалі: чым хутчэй і лепш зробяць яе, тым будзе лепш. Сноўдаў, важка ступаючы нагамі, з хаты на двор і з двара ў хату Дзёмін. Некалькі разоў заходзіў Жыбуртовіч. Апошні раз ён зайшоў, калі ў вокнах пасвятлела і патушылі «смаркачык». Таня перадала яму фляжку. Ён узяў яе, падкінуў на руцэ.

— Што гэта?

— Чай. Каб не змерз, калі давядзецца доўга ляжаць на зямлі.

— Дзе ты ўзяла?

— У Іванаўны... Толькі шмат не пі. Ён злы...

— Я перад боем ніколі не п'ю...

Таня правяла рукой па яго шчацэ:

— Прымаладзіўся, як на свята...

— А як жа — у сваты едзем... А нявеста капрызная...

— Будзь асцярожны, Валодзя... Я баюся за цябе...

— Ты заўсёды баішся...

— Мне не хочацца заставацца тут.

— Дні праз тры вернемся. Арганізуйце сустрэчу.

— Тут мы арганізуем. Вы там глядзіце.

— Усё павінна быць добра... Усё будзе добра...

— Я адна буду мерзнуць,— Таня прыціснулася да Жыбуртовіча. Яе ўсю калаціла.

— Кастусь пусціць пагрэцца...

— Пусціць.— Таня падумала, ускінула галавой.— Ён не любіць цябе...

Яны не бачылі, што Кастусь не спіць.

— Няма чаго гаварыць. Яму ж недзе і сямі няма. Як ён можа любіць, не любіць... І чаму?

— Ён раўнуе... Учора залезла на печ. Паспрабавала абняць яго — не даецца, адварочваецца. «Чаму ты адварочваешся?» — пытаюся. «Ад цябе пахне Жыбуртовічам».— У мяне аж дух заняло.— «Як ты сказаў?» — перапытала. Паўтарае. «Вусамі, гаворыць, Жыбуртовічавымі пахне». Паляжалі, паляжалі, потым ён і кажа: «І нашто ты яго выбрала?» Кажу: «Ён добры...» Доўга ляжаў, думаў, а потым і кажа: «Ён носіць маю планшэтку». Памаўчаў трохі і зноў: «Але ты не бойся. Я і так буду цябе любіць...»

— Я не ведаў, што Дзёмін у яго забраў... Мне ён сказаў, што яму малады Карачун даў.

— Прывязі яму што-небудзь...

— Прывязу...

Хата адчынілася, у дзверы прасунуў галаву Дзёмін:

— Камандзір, усе пастроіліся...

— Іду.— Дзверы зачыніліся.

— Дык пацалуй мяне, камандзір...

— Будзеш пахнуць Жыбуртовічам...

— Няхай... Кастусь усё роўна абяцаў любіць...— Яна азірнулася на печ і цяпер убачыла, што Кастусь глядзіць на іх.— Праўда, Кастусь? — спытала ў хлапчука, але не жартам, як заўсёды, а зусім сур’ёзна.

— Ыгы,— адказаў Кастусь.

— Хіба што так...— сказаў і вялізны Жыбуртовіч і, не зважаючы на Кастуся, аблапіў Таню, заціснуў у сваіх руках, схаваў — такая яна была перад ім маленькая і так прыціснулася да яго, і здавалася, няма той сілы, якая раздзяліла б, разарвала іх. Яны гладзілі адно аднаму галовы, шчокі, плечы, застывалі на нейкі час, як нежывыя, потым зноў і зноў іх рукі ажывалі, быццам абое яны былі сляпыя і хацелі запомніць адно аднаго назаўсёды.

Кожная, нават самая доўгая, хвіліна канчаецца, і кожнае, нават самае зацяжное, развітанне — таксама... Жыбуртовіч выйшаў на вуліцу. Узвод стаяў па другі бок, ля плота, на сухім месцы. Усе партызаны былі маўклівыя, прыцішаныя, як не выспаўшыся. Жыбуртовіч прайшоў перад строем. Спыніўся пасярод.

— Дзе Карачуны?

— Мама не адпускае,— паспрабаваў пажартаваць нехта, але ніхто з партызан не засмяяўся, нават не ўсміхнуўся. Усе павярнулі галовы ў бок Аўгіннінага двара. Адтуль якраз выходзілі Карачуны — бацька і Віцік, за імі — побач са старым і трошкі ззаду яго — маці, а з другога боку, ля брата, Людміла. За імі ішла Аўгіння.

— Ты ж глядзі, аднаго яго не адпускай,— гаварыла Карачуніха, не зважаючы на тое, што на яе глядзяць усе партызаны і што і мужык, і сын ужо сталі ў строй і глядзелі не столькі на яе, колькі на Жыбуртовіча.— І ты глядзі,— яна паправіла сыну каўнер пінжака, пацалавала ў шчаку і раптам заплакала, прыпала да грудзей.

— Ну, хопіць, Поля,— глуха сказаў стары Карачун і зморшчыўся.— Яшчэ хопіць часу наплакацца...

Падышла цётка Аўгіння, узяла Карачуніху за руку:

— Нядобра робіш, Поля, нядобра. Нашто растраўляеш ім душы. Ім і без тваіх слёз нялёгка. Хай ідуць здаровыя і жывыя вяртаюцца.

Жанчыны адышлі назад, пад вароты. Да іх далучыліся Кастусёва маці, Таня, з другіх двароў павыходзілі жанчыны. Кастусь стаяў у сваім двары, затуліўшыся за шулу. Ён доўга шукаў лапцікі, не знайшоў і выбег босы, у світачцы і вялікай зімовай шапцы. Зямля была сырая, халодная, і ён стаяў, мяняючы ногі, грэючы то адну, то другую на калошынах штаноў. Недзе за спіной у Кастуся ўзышло сонца. Яно холадна высветліла платы, галінкі дрэў, асвяжыла і нібы падвесяліла твары партызанаў.

Жыбуртовіч яшчэ раз прайшоў паўз строй, пільна прыглядаючыся да кожнага.

— Здаецца, усе...

— Пайшлі,— сказаў нехта глуха.

— Гаварыць нічога не буду. Куды ідзём, даведаецеся пазней, у дарозе. Канечне, не на вяселле. А зараз — шагам марш!

І яны пайшлі, грузна ступаючы па слізкай, нядаўна адталай, перамешанай коламі падвод, капытамі коней і многімі чалавечымі нагамі зямлі. Жыбуртовіч трохі адстаў ад калоны, азірнуўся на Кастусёў двор і ўгледзеў Кастуся — той выйшаў са сваёй схованкі і перабіраў сінімі азалелымі нагамі,— усміхнуўся. Ад жанчын аддзялілася Таня, пабегла за ім, і яны пайшлі ззаду калоны аж да канца вуліцы і далей. Партызаны мінулі грэблю, узялі ўгору, але ні Тані, ні Жыбуртовіча не было відно. Потым ён прабег па грэблі адзін, дагнаў партызанаў, азірнуўся, памахаў рукой...

Бабы пачалі разыходзіцца па хатах. Маці ўбачыла Кастуся і таксама пагнала дамоў.

 

На чацвёрты дзень пасля абеду па пасёлку на ўзмыленым кані праскакаў Мішка з разведузвода. Гэты шалёны Мішка на сваім кані мог пераскочыць цераз любую канаву, цераз любы плот. Ля Лісаветы — яе хата стаяла ў самым канцы — Мішка спешыўся, забег на хвіліну ў двор, нешта сказаў Лісавеце, ускочыў на каня і гэтак жа галопам ірвануў назад. Скора грукат капытоў пачуўся па насціле грэблі. Мішка і там не сцішыў каня.

Здаецца, Мішка ні з кім з Буды не гаварыў, толькі заехаў да Лісаветы, а па сяле, як па правадах, пабегла доўгачаканая вестка: «Партызаны разнеслі немцаў у пух. Усё добра. Атрад вяртаецца назад». Але гэта радасная вестка жыла, цешыла людзей, пакуль не стакнулася з другой, ціхай і страшнай, ад Лісаветы: Мішка сказаў, каб падрыхтавала хату. Туды прывязуць забітых партызанаў. Мішка не сказаў, колькі забітых і хто яны, але яны былі, і гэта значыць — не ўсё добра...

Гадзіны праз дзве па грэблі затарахцелі коламі падводы. На некаторых з іх сядзелі партызаны, але большасцю партызаны ішлі побач з падводамі ці збоч дарогі, па сушэйшым, а на падводах былі скрыні, цюкі, паверх якіх ляжалі карабіны, аўтаматы... Ля двароў на вуліцы стаялі бабы, чакалі «сваіх» партызанаў, сваіх пастаяльцаў.

Кастусь праз акно бачыў, як па вуліцы ідуць адна за адной падводы, як цяжка валакуцца стомленыя партызаны. Некаторых ён пазнаваў, некаторых не. Яму хацелася выбегчы на вуліцу, каб усё бачыць, усё чуць, усё ведаць, але маці пакінула яго з Вовам, а той не хацеў адзін ляжаць у калысцы, плакаў, круціў галавой. Кастусь калыхаў яго — усё было добра, Вова маўчаў; пачынаў тармасіць калыску — яшчэ лепей: Вова смяяўся, разяўляючы ружовы бяззубы роцік; а толькі пакідаў аднаго — ён пачынаў румзаць.

Кастусь убачыў Геню, той ехаў на ствале гарматы, абшчапіўшы яго рукамі. Нават Аліка Матрунінага партызаны пусцілі праехаць на падводзе, і ён сядзеў на скрынцы з патронамі так, быццам і праўда быў у баі, а цяпер вяртаецца разам з усімі. Нарэшце прыйшла маці, і Кастусь кулём выкаціўся на вуліцу. Геня стаяў ля свайго двара.

— А ў мяне ёсць аўтаматныя патроны,— пахваліўся ён Кастусю.

— Так я табе і паверыў!

— Паглядзі! — і Геня дастаў з кішэні два жоўценькіх патрончыкі.— Папрашу, каб Мішка даў выстраліць... Думаеш, не дасць?

— Мішка-разведчык?

— Ага...

— Дасць...

— І я ведаю, што дасць. А цяпер давай сходзім да Лісаветы. Туды забітых партызанаў павезлі... І Віціка туды павезлі.

— І Віціка забілі?

— Ага... Іх заўтра павязуць усіх хаваць. І салют будзе. А Карачуніхі няма, і Людмілы няма, яны пайшлі выменьваць бульбу на адзежу.

Па вуліцы ўсё яшчэ ішлі падводы са скрынямі, мяшкамі. Адразу відаць было, што партызаны ўзялі вялікія трафеі. На адной падводзе рохкаў ладны, на паўкалёс, кабан з чыстай белай шчацінай і ружовымі капытамі. Ногі ў яго былі звязаны вяроўкамі і прывязаны за біліну. Ад парсюка пахла шчацінай і яшчэ нечым надта знаёмым, пра што Кастусь ужо зусім забыўся. Яму хацелася пакратаць кабана, і ён дастаў рукой да яго белага бока, правёў па шчаціне. Кабан рохнуў, быццам быў задаволены.

— Што, сала захацелася? — засмяяўся партызан, што сядзеў у перадку падводы. У яго быў добры настрой, і ён смяяўся, пазіраючы на хлопцаў, на тое, што яны на кабана глядзяць, як на якое дзіва.— Прыходзьце вечарам, хвосцік дамо. Во гэты, закручаны... Га?

Хлопцы нічога не сказалі, перагналі падводу і пабеглі наперад. Два шыраказадыя караткахвостыя біцюгі лёгка валаклі па гразі цяжкую гармату. Такіх гармат у партызанаў не было і такіх вялізных коней таксама. Яшчэ наперадзе два такія ж біцюгі былі ўпрэжаны ў даўгую зялёную фуру, высока нагружаную скрынкамі са снарадамі. У многіх дварах ужо стаялі падводы, ля іх мітусіліся партызаны.

Хлопцы зайшлі ў двор да Лісаветы. Тут нікога не было, у хаце таксама нікога не было чуваць. І хоць хлопцы не адзін раз былі і ў гэтым двары, і ў гэтай хаце, але цяпер парог пераступілі асцярожна, з нейкай апаскай. Як заўсёды ў цёткі Лісаветы, тут было ўсё чыста вымыта — і падлога, і вокны, і сцены, патыхала свежай прахалодай. Хлопцы патапталіся ля парога — ціха. Быццам у хаце ніхто і не жыве. Цішыня гэта бянтэжыла хлопцаў...

— Можа, іх не прывезлі? — прашаптаў Кастусь.

— Везлі... Аж на трох падводах... Я сам бачыў...

Геня падышоў да дзвярэй у другую хату, ціха таўхануў адну палавінку. Яна лёгка, быццам сама, пайшла. Геня пераступіў невысокі парог. За Генем у другую хату зайшоў і Кастусь. І адразу ўбачыў партызанаў. Яны ляжалі адзін ля аднаго ад акна і аж да сярэдзіны хаты. Спачатку Кастусю здалося, што яны спяць,— так мірна і звычайна яны ляжалі. Толькі ніякай саломы не было падаслана — усе ляжалі на голай падлозе. І пад галовамі ў іх нічога не было. І ляжалі ўсе тварамі ўгору. І нідзе не відно было ні аўтаматаў, ні вінтовак. І гранат не было відно. Быццам гэта былі не партызаны, а звычайныя людзі. Самы крайні ляжаў Жыбуртовіч. Ён і тут быў большы за ўсіх. Ля яго ляжаў незнаёмы стары партызан у кажуху і лапцях. Трэці быў Віцік. Твар яго быў белы-белы, а з рота вёў цёмны раўчук... У хаце было ціха-ціха, і Кастусю стала страшна. Ён пераводзіў вочы з аднаго партызана на другога і не мог паверыць, што ўсе яны нежывыя... Цяпер Кастусь пазнаў яшчэ аднаго партызана. Ён стаяў у Кудзінаў — такі ж малады, як Віцік, вясёлы. Любіў іграць на губным гармоніку. Тут ён ляжаў крайні ад акна.

Хлопцы хацелі ўжо ісці, як на дварэ пачуўся нейкі рух, і ў хату ўбегла Карачуніха, а за ёй Людміла. Валасы ў Карачуніхі былі растрапаны, Людміла была белая як палатно.

— Дзе ён, дзе мой сыночак? — ціха, шэптам, спыталася Карачуніха. Здавалася, яна нічога не бачыла, блукала шырока раскрытымі вачыма па тварах хлопцаў, пыталася ў іх. Раптам яна апусціла вочы ўніз — убачыла тых, на падлозе, і, як пераламалася, грымнула на калені і так, на каленях, дробненька перабіраючы, папаўзла ад парога. Дапаўзла да Віціка, прыўзняла за галаву.

— Сынок, што з табой? Дзе баліць? — Паклала галаву назад, абмацала ўсё цела — рукі, грудзі, ногі.— Сынок, што баліць? Скажы мне!..— Зноў прыўзняла галаву, правяла рукой па твары, згарнула валасы з ілба, зліплыя, скарэлыя, і цяпер убачыла на скроні маленькую ранку, што была прыкрыта валасамі.— Тут, тут баліць? Галоўка баліць? — і прыпала да сына, загаласіла, як зарагатала — сухім, надрыўным рогатам. Укленчыла, прыпала да брата і Людміла, затрэслася ў бязгучным плачы. А Карачуніха раптам выпрасталася, уважліва паглядзела на спакойныя твары другіх партызанаў, быццам упершыню ўбачыла іх, пачала перапаўзаць ад аднаго да другога, праводзіла рукой па тварах, папраўляла валасы.

— Дык як гэта так, сыночкі? Дык за што гэта вас? Такіх маладых! Такіх прыгожых! — і зноў сарвалася, заматала галавой, загаласіла.

Кастусь не заўважыў, калі ў хату ўвайшла Таня. Убачыў толькі, як яна стала ля Жыбуртовіча, потым прысела на калені, падняла яго галаву. Асцярожна пагладзіла рукой па адной шчацэ, потым па другой. Як жывога. І застагнала, закруціла галавой: «Валодзя, Валодзечка-а-а!»

Нешта непраўдападобнае і балючае было і ў тым, як Карачуніха перапаўзала ад аднаго партызана да другога, брала іх за галовы, і ў ціхім Людміліным плачы, і ў Таніным «Валодзечка-а-а!», што Кастусь не вытрымаў, выскачыў на двор. Яму было аднолькава шкода і Карачуніху, і Людмілу, і Таню... Ён убачыў, што Карачуніха ніякая не цвёрдая. Яна такая ж, як і ўсе бабы... І Людміла. І Таня. І гэта адкрыццё не здзівіла Кастуся. Яму здавалася, што ён гэта даўно ведаў. Чамусьці ўспомнілася, як галасіла, ірвала на сабе валасы і ламала рукі цётка Аўгіння, калі прыйшоў пахавальны лісток на Геневага бацьку. Цётка Аўгіння ішла па пасёлку з канца ў канец з растрапанымі валасамі, пустымі вачыма, ускрыквала і хапалася рукамі за перапалоханага Геню, які церусіў побач з ёй, учапіўшыся за спадніцу.

Выйшаў з хаты і Геня і адразу пацягнуў Кастуся за руку:

— Пайшлі яшчэ немца паглядзім.

— Якога немца?

— Забітага. Яго прывезлі разам з партызанамі. Ён быў пераадзеты, і партызаны падумалі, што гэта свой. Ён ляжыць за Іванавым гумном.

Яны пайшлі.

— Гэта што... Гэта проста забітыя. Яны як жывыя,— гаварыў, як хвалячыся, Геня, пакуль яны ішлі па вуліцы.— А вунь Юзіка Марыльчынага, дык таго немцы ўсяго парэзалі...

— Як парэзалі?

— А ты хіба не бачыў? Я дык тады бегаў глядзець. Яго ўсяго пакалолі кінжаламі і зоркі на спіне павыразалі — як на шапцы, толькі вялікія. Я быў, калі яго прывезлі, і як мылі і як хавалі, і ўсё бачыў...

Адразу за Іванавым гумном стаяў азярод. Далей за азяродам была канава, за ёй ішлі лазовыя кусты. Між кустоў і далей — усюды шэрая рудаватая трава. Ступіш — вада выступае.

— Вунь ён, ля канавы,— Геня паказаў вачыма на кусты. Косцік глянуў у той бок... Ля канавы ляжаў ахапак чорнай саломы і на ёй нешта зялёнае, як усё роўна нехта здзеў і кінуў нямецкую адзежу.

Хлопцы наблізіліся да саломы. Там ляжаў немец. Адна нага ў тоўстай белай шкарпэтцы, другая — босая і зусім сіняя. На немцы былі зялёныя штаны і цёмная паддзёўка. На паддзёўцы, ля паясніцы — вялікая ржавая пляма. Відаць, яму патрапіла якраз у жывот.

— Бач, паддзёўку надзеў, хацеў, каб падумалі, быццам ён партызан,— сказаў Геня.— Але хваробу. Партызаны ведаюць, хто свой, а хто чужы.

— Ага. А ты яго не баішся? — Кастусь паказаў галавой на немца.

— Не-а.

— І я не баюся. Але я не хачу... болей тут быць. Холадна ў ногі.

І Кастусь і Геня былі босыя, ногі іх пачырванелі, сталі, як абмытыя бураковым квасам.

— А мне ніяк не холадна. Але і я не хачу тут быць.

Пайшлі.

— Ён, мусіць, страляў у партызанаў?

— А няўжо ж не страляў. Усе немцы страляюць.

— І добра, што яго забілі. Болей страляць не будзе.

— Цяпер хай страляе. Мішка, што патроны мне даў, казаў, што іх там як дроў налажылі. А партызанаў усяго шэсць забілі.

— Затое партызаны нашы... і іх шкода.

Геня нічога не сказаў.

 

Дзёмін зайшоў у хату, кінуў вачыма па кутках, нікога не знайшоў і павярнуўся выйсці, але не выйшаў — зрабіў два крокі назад, зазірнуў на печ. Там, адаграваючы на чарэні сінія ад холаду ногі, сядзеў Кастусь.

— На, малец, забяры свой планавік,— Дзёмін працягнуў на печ руку з планшэткай.

У Кастуся вочы аж запрыгалі ад радасці. Ён скаціўся з печы, схапіў планшэтку. Гэта была яна, яго планшэтка! Перакінуў раменьчык цераз плячо, але ён быў адпушчаны нізка, і планшэтка даставала да самай падлогі.

— Дай я памагу табе,— Дзёмін узяў планшэтку, прымераў, падцягнуў раменьчык, перакінуў Кастусю цераз галаву.— Ну во, зараз самы раз...

Кастусь паглядзеў на планшэтку, потым ускінуў вочы на Дзёміна. Той стаяў сярод хаты, пустым позіркам гледзячы на Кастуся.

— А ты болей не адбярэш яе?

— Не адбяру...

— Ой, як добра! — але тут Кастусь успомніў Жыбуртовіча.— А як жа...

Дзёмін зразумеў яго.

— Яму болей яна не трэба... Яму болей нічога не трэба. А табе яна якраз.— Ён пастукаў пазногцем па планшэтцы.— Пойдзеш у школу, будзе ў чым сшыткі насіць... Слухай, малец, пайшлі са мной... Я табе і паперы дам. У мяне ёсць блакноты. А то планшэтка ёсць, а ў ёй пуста...

— Добра...

Яны выйшлі з хаты. Ля стопкі, на кастрыцы, як і тады, калі Дзёмін адабраў у Кастуся планшэтку, была разаслана плашч-палатка. На ёй ляжала брызентавая сумка. Дзёмін дастаў з яе два блакноты і працягнуў Кастусю. З аднаго блакнота вываліўся невялічкі трохкутнічак-пісьмо. Адрас на ім быў напісаны хімічным расслінелым алоўкам. Дзёмін схапіў пісьмо, спяшаючыся сунуў у сумку. Кастусь паспеў убачыць, што ў сумцы было яшчэ некалькі такіх пісьмаў.

— Гэта ты дамоў пішаш?

— Дамоў...

— Сваім дзецям?

— І дзецям.

— А чаму не адсылаеш?

— Як жа я пашлю, калі яны па той бок, за фронтам. Будзе самалёт адтуль,— перадам, можа, і дойдуць...

— Чаму ж не дойдуць? Канешне, дойдуць,— запэўніў Дзёміна Кастусь. Дзёмін сумна ўсміхнуўся.

 

— Мама, а калі мне можна будзе жаніцца?

— Жаніцца? Як вырасцеш, дык і можна будзе. Чаму гэта табе засвярбела?

— А як вырасту, мне можна будзе ўзяць за жонку Таню?

— Якую Таню?

— Ну якая ты нездагадлівая. Нашу... Партызанку.

— А-а-а, вунь яно што...

— Ты, мама, не бойся. Я буду яе любіць...

— Добра, сынок...

— І цябе буду любіць.

— Добра, сынок... Добра... А зараз спі. Табе яшчэ трэба шмат расці.

— Я буду добра спаць і вырасту вялікі. Як Жыбуртовіч. І буду біць немцаў.

— Ага, сынок... Спі...

Ён заснуў. Яму снілася вайна.

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Кудравец А.П. Познія яблыкі: Раман, аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1999. - 494 с. - (Беларуская проза ХХ стагоддзя).
Крыніца: скан