epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Кудравец

Марута і Зіна

Позні зімовы вечар. За цёмнымі шыбамі, зацягнутымі слюдзянымі наплывамі лёду, глухі шоргат і шапаценне. Быццам хто сыпне ў вокны пяском і чакае нечага, яшчэ сыпне і зноў чакае... Потым пачынае варочацца, усё роўна як намагаецца ўстаць, сапе, цяжка ўздыхае...

Гэта снег і вецер. Яны як пабраталіся, як наняліся напамінаць, што на дварэ сіберна і няўцешна.

У хаце стаіць густы цёплы дух. Востра б'е ў нос свежай кроўю і вантробамі. Толькі што кончыла гарэць печка, і цяпер атухае, абрастаючы шызым пылам, вуголле, пастрэльвае іскрамі. Пад столлю яркім сліпучым бляскам свеціць лямпачка.

Марута сёння закалола кабана, і ўсё, што можна прыспасобіць пад свежыну, занята і закідана ёй. Шырокая лаўка, што заўсёды стаіць ля парога, пасунута на сярэдзіну і завалена салам, мясам, пасечанымі касцямі. На стале, на голых дошках, ляжаць сцегнякі, ногі, стаіць, натапырыўшы чорныя храшчы вушэй, свіная галава. Нават крайняе ад дзвярэй акно не пустуе: на ім чыгунок з кроўю. Ля коміна печы, прывязаны за юшку, сушыцца надзьмуты посік...

Унесці з двара ў хату кабана і разабраць Марута ўправілася яшчэ завідна. Праўда, памагаў сусед, аднаногі Лявон, дзякаваць яму. Ён і смаліў яго, і разбіраў, і сала пакроіў, і косці пасек. Парадчыць жа ўсё — пасаліць, злажыць у кубел — пакінуў самой.

— Паціху разбярэшся тут, спяшыць няма куды,— сказаў, выпіўшы і закусіўшы як трэба, і развітаўся.

А яна мала што і ўправілася зрабіць. Добра, што хоць Зіна прыбегла, мяса падсобіць крышыць.

Сама Марута, у сіняй мультановай кофце з шырокімі, закасанымі за локці рукавамі, уселася ля печкі, на старым нізенькім табурэціку. Шырока, па-мужчынску расставіўшы ногі ў бліскучых гумавых ботах і як бы ўсміхаючыся нечаму сухімі губамі, яна на рагу высокага ўслона шкрабе кішкі. Нешта святочнае, прасветлена-радаснае праглядвае ў яе мажной упэўненай постаці, у нетаропкіх эканомных рухах вялікіх, зеленавата-белых ад кішэчнага сала і слізі рук.

Зіна сядзіць на другім канцы ўслона. Гэта поўная працавітая дзеўка гадоў васемнаццаці. Жоўтыя, колеру спелага аўса валасы яе заплецены ў касу, светлыя бровы прыўзняты ўгару і выказваюць здзіўленне круглага белага твару, і ўся яна выдае нейкай мяккай, добрай, як недапечаны велікодны пірог. Звыклым запаволеным рухам, нават не пазіраючы, куды выпроствае руку, бярэ цёплыя кавалкі мяса з вялікай сіняй міскі, што стаіць на ўслоне між ёй і Марутай, шлёпае іх на днушку і скоранька рэжа. «Чы-чы-чы, чы-чы-чы!» — лёгка, з тугім картавым трэскам чыкае яе быстры нож.

Занятыя працай, жанчыны маўчаць, чутно толькі пастукванне нажоў ды неспакойнае шапаценне за вокнамі. Глянуць на іх збоку, то можна падумаць, што і гаворкі між імі ніякай не можа быць,— так яны спяшаюцца, так улягаюць у работу.

Але вось Зіна як быццам натыкаецца на нейкую нябачную перашкоду, перастае рэзаць, выпростваецца, утаропіўшы вочы ў адчыненыя дзверцы печкі. Там, ля самага краю, у белым попеле распаленым драбком золата блішчыць чырвона-малінавы вугельчык. Ён як быццам не ляжыць на месцы, як быццам увесь час варушыцца, пераліваючыся рознымі яркімі колерамі. Застылымі круглымі вачыма, як заварожаная, Зіна пазірае на яго, але па нерухомаму спакойнаму твару яе відаць, што яна, мусіць, і не бачыць яго, мусіць, проста аб нечым глыбока задумалася. Раптам яна ўздрыгвае, як бы скідвае здранцвенне, скоранька ссоўвае пакрышанае мяса з днушкі ў таз, пераводзіць вочы на Маруту.

— Цётка Марута, пагляньце, я не дробна крышу?

Марута бярэ рукі на прыпол, заглядвае ў таз.

— А добра, Зіначка, як пакрышыш, так і добра. Гэта ж каўбух, не каўбасы... Усё пойдзе — і дробна, і буйна...

— Вы кажыце, калі не так. Я магу і буйней. Мамка дык не любіць, калі ў каўбуху мяса дробна пакрышана...

— Не думай нічога, Зіначка, якраз добра...

Зіна зноў арудуе нажом: «Чы-чы-чы, чы-чы-чы!» Марута пазірае на яе. Відаць, што яна хоча спытаць нешта ў Зіны і не адважваецца. Лёгкая дрыготка прабягае па яе вуснах, яны торгаюцца, як ад уколу, збіраюцца ў вузел, потым паціхеньку расслабляюцца.

— А дзе ж цяпер твой, гэты... Як жа ты цяпер?..

— А хто яго ведае... Як прагнаў тата, дык і не заяўляўся,— груба, адрывіста гаворыць Зіна, але ў голасе не злосць, не раздражнёнасць, а нейкая млявая абыякавасць.— Быў недалёка. На тым тыдні на трэцюю брыгаду прыязджаў на сваёй «лятучцы», а да нас не зайшоў. Мусіць, баіцца, каб не ўсыпалі.— Яна пачынае смяяцца, закінуўшы галаву, паказваючы шырокія здаровыя зубы.

Марута маўчыць, прыплюснуўшы вочы, быццам дрэмле. Яна не бачыць, як з нажа, які яна трымае ў руцэ, спаўзаюць і шлёпаюцца на падлогу, пырскаючы на ногі, мутныя кроплі.

— Ну, вы ж паслухайце, цётка, хіба ж можна так,— сур’ёзна і з жалем працягвае Зіна.— Так бажыўся, так кляўся... Перад вяселлем дык і з хаты не вылазіў. Кожны вечар прыязджаў. Іду з работы і ведаю, што ён ужо ў нас, сядзіць з татам, гамоняць. Усё пра паліціку... І мне якіх толькі слоў не нагаварыў. А ў самога дзве жонкі. Адна ў Бабруйску, а другая яшчэ недзе...

— Вот такіх дурніц і шукае, каго за слова купіць можна,— нібы ачынаецца, прыўзнімае галаву Марута.

— І зноў жа... Да вяселля дык макам рассыпаўся... Ты і такая, ты і гэтакая... Як на руках не насіў... А пасля вяселля... на які гэта... на трэці дзень было... Сядзім мы ў сенцах вечарам... Мамка, тата, ён... Мы з мамкай бульбу абіраем. Пайшлі, кажа, спаць, заўтра ўставаць рана. Праўда, яму трэба было ехаць у раён. Сказаў і пайшоў у другую хату. Мы там спалі на печы. Хата яшчэ не агледжана, на ложку холадна, а на печы добра, цёпла.

Кончылі мы абіраць бульбу, і я пайшла за ім. Узлезла на печ, дык ён, ні слова не гаворачы, як дзьмухне мне ў вуха. Бач, зазлаваў, што не пайшла з ім адразу, не паслухалася яго. Я думала, і ўліпну ў комін. Дні чатыры пасля галавой не магла павярнуць. Дык я ўголас. Прыбягае тата — босы, у сподніках,— ён ужо спаць лажыўся. У руцэ папружка матляецца. «Ану марш з маёй хаты!» — на Гогу. Я сяджу на печы, раву, а самой смешна. Тата стаіць сярод хаты, маленькі, натапыраны, ну, яй-богу, певень, а Гога як злез, дык як ні ўдвая вышэй за яго. Я думала, біцца будуць. Але Гога паслухаўся. Адзеўся і пайшоў. Праўда, развітаўся, руку ўсім даў — і тату, і мамцы, і мне... Пасля таго і не заходзіў болей.

— Не пашанцавала табе, Зіначка, з гэтым замужжам. Не паспела выйсці — і ўжо аўдавела. Толькі ты не бяры надта да сэрца. Усё яшчэ наперадзе — і харошае і благое...

— А ён дык смешны такі, цікавы...— Зіна быццам не чуе спагады ў голасе Маруты, усміхаецца бліскучымі, як шклянымі, вачыма.— Гаварыў, што, як пажэнімся, адразу пераедзем жыць у Бабруйск. Там у яго дом свой, сад, гарод. Кажа, ты на работу хадзіць не будзеш. Будзеш дома гаспадарыць... Я дык і не верыла, што ён жанаты, пакуль першая жонка не прыехала.

— Бабруйская?

— Ага... Якраз на другі дзень, як тата прагнаў яго. З хлопчыкам прыехала. Гады тры яму. Акуратненькі, чысценькі, у касцюмчыку. Броўкі тыя — якія яны ў яго яшчэ! — а ўжо чорныя-чорныя, вочкі вялікія, вірлаценькія. Ну, выліты Гога...

— Пакуль малыя, дзеці ўсе харошыя, усе прыгожыя. А вырастуць... Ага... Дык во, даўно збіраюся спытаць у цябе і ўсё забываюся. Гога, гэта што, дражняць яго ці імя такое?..

— Не, імя такое.— Круглы Зінін твар расплываецца ва ўсмешцы.— І мне спачатку неяк прыкра было. Ну, што гэта, думаю, за імя — Гога? А потым прывыкла — і добра. Гога, Георгі, Жоржа...

Гаворка перапыняецца. Марута з нейкай рашучай паспешлівасцю кідае на ўслон кішку, шморгае па ёй нажом. Не разлічыла сілы — адшчыкнула канец. Выкідае ўсю кішку, бярэцца за другую.

Зіна таксама цягнецца рукой у міску. Праз колькі хвілін зноў падае голас:

— Я думаю, цётка, каб у суд на яго падаў. Мы ж яму і кашулю к вяселлю купілі, і касцюм... То хай бы хоць за гэта заплаціў... Хай бы хоць сказаў што... Хай бы сказаў, што не любіць, дык і то лягчэй было б. А то паехаў — і ўсё... Як і не было нічога...

— Чорт з ім, Зіначка, і з гэтымі грашамі. Перахрысціся ды атрасі рукі. Скажы дзякуй, што і так добра выкруцілася, радуйся, што дзіцяці яшчэ няма... Будзе шчэ на тваім вяку шчасце, не бойся. Знойдзецца чалавек, што і табе палюбіцца, і ты яму любая будзеш. А то шчасце... На трэці дзень пасля вяселля галавой аб печ... Ужо мой які звераваты быў, а на мяне руку падняць баяўся...

— А чаму ж вы, цётка, не пусцілі яго, як вярнуўся? Гавораць жа, што ён дужа прасіўся...

— Прасіўся. І не адзін раз... Ды я адправіла яго туды, дзе ўвесь гэты час быў. Як кінуў адну з двума на руках, тады не прасіўся. Вільнуў хвастом і прапаў, як і не бацька ўсё роўна. Сэрца тады не балела. А цяпер, як хлопцы павыросталі, успомніў. Успомніў сваю кроў, сабачы бацька...

Зноў стукаюць нажы, і зноў гэты стукат перапыняе Зінін голас:

— А я ўсё ж хачу схадзіць да пракурора. Што ён скажа... Можа, хоць рублёў пяцьдзесят вернем...

Марута маўчыць — зацята шоргае нажом. Яна не заўважае, што пырскі з-пад нажа ляпаюць не толькі на падлогу, а і на прыпол, і на рукавы кофты. Галаву яна ўзнімае толькі тады, калі Зіна зноў пытаецца:

— Цётка Марута, пагляньце: я не дробна крышу?

— Ладна, Зіначка, як пакрышыш, так і будзе...— адказала Марута.

...Даўно перасталі страляць іскры ў печцы. Перагарэў на попел і рассыпаўся драбок золата — чырвоны вугалёк. Толькі за вокнамі не сціхаюць шоргат і шапаценне, і нехта цяжка варочаецца, быццам намагаецца ўстаць і ніяк не можа...

 

1968


1967-1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Кудравец А.П. Познія яблыкі: Раман, аповесць, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1999. - 494 с. - (Беларуская проза ХХ стагоддзя).
Крыніца: скан