epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Вярцінскі

Нью-Йоркская сірэна

Пачатак новага блакнота
На другім беразе
  Першыя ўражанні, першы позірк на Нью-Йорк
  Хто тут правіць баль, або Антыода долару
  Хто чым гандлюе, хто на чым робіць бізнес!
  «Тут толькі адзін закон...»
  Пад апекай містэра капітала, або «ІБМ» тут, «ІБМ» там
  Як паведамляе «Нью-Йорк таймс»...
  «Ёсць зямля жывых і зямля мёртвых...»
  Як мы там святкавалі
  Што можа прэзідэнт: словы і справы, міф і рэальнасць
  Як гара нарадзіла мыш, або Чаму не адбылася Жэнеўская канферэнцыя
  Роздум каля магілы Кенэдзі
  У сірэны жаночы голас
  Лёс Харві Колінза і такіх, як ён
  Сведчу: Гарлем па-ранейшаму існуе
  Цуды ў рэшаце, або гэтая дзіўная, дзіўная Амерыка
  Нью-Йорк літаратурны. «Інтэрв'ю» з вялікімі амерыканцамі
  Штрыхі да палітычнага партрэта
"Мы, народы аб’яднаных нацый..."
  Маўчанне і слова ў імя міру. Паднімаюцца новыя флагі.
  Зацвярджаецца парадак дня. Усеабдымны пункт — будучае чалавека
  Ідзе дыскусія, ідзе дыялог...
  На трыбуне А. А. Грамыка
  Пытанне нумар адзін
  Мір — не толькі адсутнасць вайны, або дзе праходзяць граніцы багацця і беднасці
  Правы чалавека — як іх разумець!
  Гэты блізкі, гэты занадта Блізкі Усход...
  Вялікая драма маленькай Гранады
  На лаве падсудных — апартэід
  Сустрэча ў дзень салідарнасці
  «Мы ўсе прысягнулі гэтым прынцыпам», або што з трыбуны ААН гавораць аб самой ААН
  Штаб-кватэра ААН пры бліжэйшым разглядзе
  Не толькі пасяджэнні ды прамовы
  Людзі застаюцца людзьмі
  Каго цытуюць з высокай трыбуны, або Талстой у змаганні з каланіялізмам і сіламі вайны
  Дзве дыпламатыі на паверку
  Дні і справы Спецыяльнага палітычнага
  Заключнае пасяджэнне. Заключныя акорды


 

Пачатак новага блакнота

Пачалося з тэлефоннага званка. Недзе ў першых чыслах ліпеня пазванілі з міністэрства замежных спраў рэспублікі і сказалі, што мяне запрашае міністр, Анатоль Емяльянавіч Гурыновіч. Паведамілі час візіту. «Дзякуй... Да пабачэння...» З хвіліну трымаў трубку ў руцэ, павольна паклаў яе на рычаг. Што і казаць, званок быў нечаканы. Мне ішоў сорак сёмы ад роду год, я ўжо, натуральна, нямала чуў на сваім вяку розных тэлефонных размоў, навін і паведамленняў, але — каб з міністэрства замежных спраў, з дыпламатычнага ведамства... Я быў прыемна збянтэжаны і заінтрыгаваны.

А назаўтра, у дзесяць гадзін раніцы (на гэты час была прызначана сустрэча), мяне прымаў А. Е. Гурыновіч. Прыветліва павітаўшыся, ён сказаў:

— Вас прапануюць уключыць у склад дэлегацыі БССР на трыццаць другую сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Як вы на гэта гледзіцё?

— Мяркую, што станоўча? — прыйшоў на дапамогу мне міністр.— Вы ж, пэўна, ведаеце, што ўжо стала традыцыяй уключаць у дэлегацыю вашага брата-пісьменніка?

— Так, такая традыцыя сапраўды існуе,— адказаў я і, падзякаваўшы, пацікавіўся, у чым заключаюцца абавязкі члена дэлегацыі, ці пад сілу яны пісьменніку і г. д.

Анатоль Емяльянавіч уважліва выслухаў (у дыпламатычным ведамстве, як я пераконваўся, умеюць уважліва слухаць) і стаў уводзіць мяне ў курс справы, растлумачыў, якія пытанні разглядае звычайна так званы Спецыяльны палітычны камітэт ААН, дзе, як правіла, працуе пасля агульнай дыскусіі член дэлегацыі — літаратар. Ён яшчэ параіў мне пазнаёміцца для пачатку ў архіве міністэрства з некаторымі матэрыяламі мінулых сесій.

З міністэрства замежных спраў я вяртаўся з даволі ясным усведамленнем таго факта, што ў мае бліжэйшыя жыццёвыя і творчыя планы ўносіцца значны карэктыў, што трэба перастройвацца, трэба збірацца ў далёкую дарогу — на гэты раз за акіян, на вялікі міжнародны форум.

 

Рыхтуйся ў дарогу вялізную,

  за трыдзевяць зямель,—

у самую цытадэль самага імперыялізму,—

 

з гэтымі імправізаванымі радкамі звяртаўся я паўжартам, паўусур’ёз да сябе, прывучаў сябе такім чынам да новай сітуацыі.

Крыху сябе ведаючы, я разумеў, што цяпер мая думка будзе ўжо працаваць у пэўным кірунку, што мая ўвага, у прыватнасці чытацкая, будзе ўжо засяроджана на гэтых дзвюх тэмах — ААН і ЗША, ЗША і ААН. (Тое, што адразу на дзвюх, ускладняла крыху справу. Дастаткова было б кожнай паасобку). Так яно і было ў сапраўднасці. Праглядаючы ў той дзень свежыя газеты, я злавіў сябе на тым, што шукаю на іх палосах перш за ўсё міжнародную інфармацыю, а ў апошняй — вылучаю паведамленні, накшталт: «Мялее ад летняй спякоты Патомак, на берагах якога стаіць Вашынгтон... Амерыканцы гавораць «не!» вадароднай бомбе... Манеўры ворагаў разрадкі ў ААН... Выступленне дзяржсакратара ў НьюЙорку... Палітычны аглядальнік газеты «Вашынгтон пост» зазначае, што «ўпор на правы чалавека ўзмацняе і без таго ўласцівы ЗША комплекс нацыянальнай перавагі» (бяру апошнія словы на заметку, выпісваю іх у новы, толькі што заведзены блакнот,— старыя адкладзены ўбок на нейкі час) і г. д.

З тым жа прыцэлам былі прачытаны газеты і назаўтра, чыталіся ў наступныя дні. Адпаведна папаўняўся новы блакнот.

Да падрыхтоўкі газетнай, крыху архіўнай, далучалася кніжная. Я падыходзіў да кніжных паліц, у прыватнасці да тых, дзе стаялі пераклады з замежнай літаратуры, і позірк выхопліваў з іх шчыльных шэрагаў імёны амерыканскіх аўтараў. Аказвалася, што іх сабралася нямала: ад выдадзеных параўнаўча даўно, калі яшчэ толькі пачынаў збіраць бібліятэку, «Уолдэна» Генры Тора і «Лісцяў травы» Уолта Уітмена ў іх цёмна-зялёных пераплётах — да нядаўна выдадзенай анталогіі «Сучасная амерыканская паэзія» і толькі што пастаўленага на паліцу невялікага томіка паэта і публіцыста уітменаўскай школы Уолтэра Лауэнфелса, ад важкіх тамоў прайшоўшых выпрабаванне на класічнасць твораў Драйзера, Лондана, Фолкнера, Хемінгуэя, Стэйнбека — да невялікіх, сціпла выдадзеных зборнікаў пісьменнікаў новай генерацыі, такіх, як Апдайк, Брэдберы, Олбі... Мяне тут, я адчуваў, чакала немалая праца — нешта перачытаць, хаця б бегла, наспех, асвяжыць у памяці, іншыя творы пагартаць, адшукаць з той жа мэтай патрэбныя старонкі і мясціны, нячытанае хаця б прагледзець збольшага («па дыяганалі», як кажуць студэнты). «Прабачце, джэнтльмены,— звяртаўся я да амерыканскіх аўтараў,— але я мушу патурбаваць Вас, патурбаваць Вашы цені, творы Вашы. Я еду ўпершыню ў Вашу краіну. Паездка, як Вы разумееце, адказная. І мне хацелася б з Вашай дапамогай лепш узброіцца духоўна, пагутарыць з Вамі. Вядомае выслоўе: каб лепш зразумець паэта, трэба пабываць на яго радзіме. Але можна сказаць і так: каб лепш пазнаць і зразумець краіну паэта, трэба спачатку звярнуцца да яго самога. Бо нішто, можа быць, не праглядвае так у паэзіі, у мастацтве наогул, як воблік роднай аўтару зямлі — вонкавы і ўнутраны, ні ў кім, можа быць, так, як у мастаку, не праяўляецца нацыянальны характар...»

Запраграмаваны на пэўную мэту чытацкі позірк бывае асабліва праніклівым. Слізгаючы, напрыклад, па карашках кніг, што мясціліся на суседняй з «амерыканскай» паліцы, ён раптам спыніўся на адной з іх, якая як быццам і не мела дачынення да тэмы: «Аскар Німейер. Архітэктура і грамадства». Я браў кнігу, пачынаў гартаць і... ужо чытаў: «Я пачну свае ўспаміны з паездкі 1947 года, калі на працягу сямі месяцаў я знаходзіўся ў Нью-Йорку, удзельнічаючы ў распрацоўцы праектаў будынка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый...» Вось табе і на! Якраз тое, што і трэба! І далей: «Калі я прыбыў у Нью-Йорк у лютым 1947 года, Ле Карбюзье ў той жа дзень пазваніў мне ў атэль. Помню, сустрэліся мы на рагу, недалёка ад Пятай авеню. Была зіма. Я прыляцеў на самалёце і, як трэба было чакаць, моцна мёрз. Я так дрыжаў, што ён зняў з сябе плашч і накінуў яго мне на плечы са словамі: «Раблю, як святы Францыск». Менавіта тады стары майстар і падзяліўся са мной сваімі хваляваннямі». («Сімвалічна, што вось так, такімі людзьмі і пры такіх, крыху рамантычных нават абставінах закладваўся падмурак самога будынка ААН,— занатоўваў я ў сваім новым блакноце.— Трэба ўдакладніць, ці прымалі ўдзел у праектаванні і будаўніцтве штаб-кватэры ААН савецкія спецыялісты»).

Па-іншаму, з іншым інтарэсам заходзіў я цяпер у кнігарні. Я ў першую чаргу накіроўваўся да прылаўкаў з грамадска-палітычнай літаратурай. «Б. Селігмен. Моцныя свету гэтага: бізнес і бізнесмены ў амерыканскай гісторыі»,— кідалася ў вочы з вокладкі. «...Аднак довад аб тым,— разгортваў я важкую працу заакіянскага вучонага,— што бізнес павінен быць больш «адказным» перад грамадствам, часта не ўлічвае галоўную рысу буйнейшага інстытута Амерыкі: бізнес не можа існаваць без прыбытку... Бізнес быў падобны на джунглі, напоўненыя драпежнікамі, і Гулд быў проста найбольш спрытны драпежнік... Бізнес хутчэй быў справай спрыту, чым праніклівасці... Капіталіст працаваў так хутка, як толькі мог, бо мелася толькі адно жыццё, на працягу якога можна назапашваць долары...» і г. д. і да т. п. («Вось адкуль,— рабіў я запіс у блакноце,— стаўшая прыказкай і нават анекдотам звычка амерыканца ўсё рабіць хутка — дае знаць капіталістычны лад жыцця»). Па старонках кнігі Б. Селігмена былі раскіданы выразныя эпізоды з гісторыі амерыканскага бізнесу, лаканічныя, у два-тры штрыхі, і ў той жа час трапныя, сакавітыя характарыстыкі асобных яго прадстаўнікоў (тут найбольш часта ўжываўся эпітэт: жорсткі, жорсткасць), і я браў яе ў свой багаж.

Адначасова з ёй, відаць, па прынцыпу: на лаўца і звер бяжыць, мне трапілася ў магазіне букіністычнай літаратуры і яшчэ адна — таксама «па тэме» і таксама амерыканскага аўтара, Джорджа Кіркпатрыка,— кніга пад назваю «Вайна... дзеля чаго?». Пажоўклая ад часу бібліяграфічная рэдкасць (на радзіме аўтара кніга была выдадзена ўпершыню ў 1910 годзе, праз дзесяць год у перакладзе на рускую мову выйшла ў дзяржаўным петраградскім выдавецтве, паблукала, раней чым трапіць у кнігагандаль, па розных прыватных бібліятэках — аб чым сведчылі пакінутыя на тытуле шматлікія роспісы-аўтографы), не страціла, як можна было пераканацца тут жа, сваёй актуальнасці, жыла, дыхала палымянай нянавісцю да вайны і мілітарызму, выкрывала тыя сілы, якія развязваюць войны, і перш за ўсё «моцных свету гэтага» — амерыканскіх і іншых капіталістаў. Вокладка кнігі была ілюстравана выразным, недвухсэнсоўным малюнкам: на фоне заводскіх карпусоў рабочы чалавек, з магутным аголеным торсам, рашуча ламае на калене меч. У такім жа стылі, у такой жа рашучай, бескампраміснай манеры была напісана і кніга. Як паведамлялася ў прадмове аўтара, ён поўнасцю ігнараваў «умоўныя прыемнасці ветлівага складання кніг». «Мне здаецца,— пісаў далей Д. Кіркпатрык,— што як слязлівы, так і тэхнічна-саладжавы метад «належнай трактоўкі пытанняў, прысвечаных вайне і мілітарызму, дастаткова заезджаны і аказаліся нікуды нягоднымі. «Вайна... дзеля чаго?» не прадназначана для таго, каб паслужыць прыгожай бразготкай. Яна напісана для таго, каб паслужыць зброяй у рукапашнай барацьбе...» «Што такое вайна? — ставіў у пачатку сваёй кнігі пытанне Д. Кіркпатрык і адказваў у наглядна-вобразнай форме:— Вайна — гэта аптовае, навуковае самазабойства для рабочага класа па загаду яго палітычных і эканамічных гаспадароў. Вайна — гэта:

Для грамадства — здзічэнне.

Для міру — паражэнне.

Для бульдогаў — намёк.

Для д'ябла — захапленне.

Для смерці — жніво.

Для драпежных птушак — баляванне.

Для магілы — перамога.

Для чарвякоў — свята.

Для народаў — даўгі.

Для справядлівасці — нішто.

Для запаведзі «не забі» — бурны рогат.

Для літаратуры — рэалізм бойні.

Для банкіраў — аблігацыі, працэнты.

Для розных буйных дзялкоў — «добрыя часы».

Вайна — сведчанне. У час вайны чалавечая раса спатыкаецца — падае назад цераз стагоддзі — проста ў нетры...»

Напісаная на пачатку стагоддзя, гэта значыць напярэдадні эпохі сусветных войнаў, кніга «Вайна... дзеля чаго?» як бы жыла трывожным прадчуваннем іх, як бы прадбачыла іх і перасцерагала народы. А сёння, апастарыёры, самім фактам свайго існавання кніга гаварыла аб той, наколькі відавочнай, настолькі і горкай, ісціне, што чалавецтва магло б пазбегнуць многія беды і трагедыі, калі б прыслухоўвалася да голасу сваіх лепшых розумаў, прымала да ведама іх трывожныя высновы, перасцярогі, папярэджанні. І яшчэ ў адным сэнсе бачылася мне павучальнай кніга Д. Кіркпатрыка: яна паказвала магчымасці слова — публіцыстычнага, мастацкага, філасофскага — у барацьбе з такім злом, як вайна, «з вар’яцтвам і марнасцю вайны і мілітарызму», увасабляла наглядна прыклад таго, як, з якой душэўнай аддачай і маральна-інтэлектуальнай сілай трэба выступаць у абарону міру. Б. Селігмен таксама закранаў у сваёй працы пытанне аб сувязі вялікага бізнесу з вайной і ўзбраеннем («Аднак самым буйным бізнесам было забеспячэнне арміі», «Ваенна-прамысловы комплекс непазбежна нараджаў новых мільянераў» і г. д.). Але далей навукова-бясстраснай канстатацыі ён не ідзе.

(Забягаючы крыху наперад, скажу, што ў час знаходжання за акіянам я спрабаваў цікавіцца лёсам Кіркпатрыка і яго выдатнай антываеннай кнігі. Але амаль нічога не змог даведацца. Высока ацэньваючы рэалістычныя апісанні вайны ў рамане Заля «Разгром», Кіркпатрык пісаў, што твор «павінен быў бы знаходзіцца ў мільёнах прыватных амерыканскіх бібліятэк». Кніга самога Кіркпатрыка «Вайна... дзеля чаго?», як ён паведамляе ў цытаванай ужо прадмове, вытрымала на працягу трох год і васьмі месяцаў дзесяць выданняў. Але вось прайшоў час, і яе, на жаль, сёння не выдаюць, яе забылі. Не знайшоў я, да слова сказаць, імя гэтага аўтара, унёсшага сваю высакародную лепту ў змаганне з сіламі вайны, і ў бібліятэцы ААН, хаця, здавалася б, падобныя творы павінны стаяць тут на самым бачным месцы).

Мяне ў маіх, так сказаць, чытацкіх зборах у далёкую камандзіроўку падтрымала па-свойму і такая падзея ў грамадскім і культурным жыцці краіны, як адкрыццё ў Маскве міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу пад дэвізам «Кніга на службе міру і прагрэсу». На ўрачыстым вечары ў Маскве, прысвечаным адкрыццю выстаўкі, выступіў Генеральны сакратар ААН Курт Вальдхайм, які ў гэты час знаходзіўся ў СССР. «Я не раз гаварыў,— адзначаў кіраўнік міжнароднай арганізацыі,— што чалавецтва яшчэ ніколі не валодала такой разнастайнасцю сродкаў для падтрымання найжаданага людзям усеагульнага міру, як у сучасны момант. Асноўная праблема, мне думаецца, у тым, што людзям трэба адносіцца з разуменнем і павагай да поглядаў і пачуццяў адзін другога.

Няма, вядома, лёгкага вырашэння гэтай праблемы. Вы помніце, напэўна, знамянальныя словы Статута ЮНЕСКА аб тым, што войны пачынаюцца ў розумах людзей. А таму менавіта ў розумах людзей — мужчын і жанчын, якія належаць да ўсіх нацый і ідэалогій,— нам трэба пачынаць будаваць асновы міру, да якога мы так імкнёмся. А кнігі ў гэтай справе сталі важнай сілай, дапамагаючы людзям пераадольваць забабоны, недавер і выклікаць пачуццё агульнай адказнасці за лёс усіх людзей...» «Вось чаму,— падкрэсліваў далей у сваёй прамове Генеральны сакратар ААН,— я лічу вельмі важным тое, што гэты кірмаш носіць дэвіз «Кніга на службе міру і прагрэсу». Не менш важна і тое, што ён праводзіцца напярэдадні 60-й гадавіны Краіны Саветаў — краіны, якая заўсёды любіла і паважала літаратуру».

Першая Маскоўская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, у якой прынялі ўдзел шматлікія прадстаўнікі выдавецтваў і кнігавыдавецкіх фірм усіх кантынентаў свету і якая стала адной з важных падзей, што папярэднічалі адкрыццю чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, завяршыла сваю работу 14 верасня. А 15 верасня мы, члены беларускай дэлегацыі на сесію, адпраўляліся вечаровым поездам у Маскву, каб адтуль разам з усесаюзнай і ўкраінскай дэлегацыямі вылецець праз дзень у Нью-Йорк.

Выразна прыгадваецца адлёт з міжнароднага аэрапорта Шарамецьева. Снедаем у кафэ, п’ём каву. Праз шкляную сцяну бачны магутны паветраны лайнер, імя якога «ІЛ-62» і які сваім серабрыстым «апярэннем» выказвае яўна гатоўнасць перакінуць нас на другі бераг Атлантыкі. Збіраюцца пасажыры — члены дэлегацый. Для праводзін А. А. Грамыкі прыбываюць высокія афіцыйныя асобы, адказныя супрацоўнікі міністэрства замежных спраў. Да пад’езда аэравакзала падкатвае машына з амерыканскім флагам на радыятары — прыехаў

пасол ЗША ў Савецкім Саюзе. Згодна з дыпламатычным пратаколам ён павінен быць тут, паколькі савецкі міністр накіроўваецца ў яго краіну. Неўзабаве з’яўляецца і Андрэй Андрэевіч Грамыка. Акідвае ўважлівым, прыветлівым позіркам усіх прысутных. Трымаецца свабодна, натуральна, як чалавек, які робіць звычайную, прывычную для яго справу. Каторы ўжо раз наш славуты дыпламат адпраўляецца на сесію Генеральнай Асамблеі ААН! Колькі ўжо разоў ён адпраўляўся з гэтага аэрапорта і з той жа місіяй на іншыя дыпламатычныя сустрэчы і форумы!.. Андрэй Андрэевіч падыходзіць да нашага міністра, Анатоля Емяльянавіча Гурыновіча, вітаецца з ім за руку. Той прадстаўляе яму нас: «Вось беларуская дэлегацыя». «О, цэлая дэлегацыя? — жартаўліва звяртаецца да нас А. А. Грамыка.— Вітаю, вітаю!» І мне чуецца ў яго голасе яўна зямляцкая нотка: маўляў, ведаю, што такое Беларусь і беларусы, сам з тых краёў.

Праз некалькі мінут А. А. Грамыка развітваецца з праводзячымі яго асобамі, і мы на чале з ім накіроўваемся да самалёта. І вось ужо магутнакрылы «ІЛ» адрываецца ад роднай зямлі і бярэ курс на захад, на Нью-Йорк.

Калі мы адляталі, сонца з цяжкасцю прабівалася скрозь вераснёвую смугу. Потым угары, над аблокамі, мы ўбачылі свяціла ва ўсёй яго ранішняй красе. І адным з самых памятных уражанняў ад нашага паветранага падарожжа па маршруце Масква — Нью-Йорк (з невялікім прыпынкам у канадскім аэрапорце Гандэр на Ньюфаўндлендзе) было тое, што сонца ўвесь час было з намі, як бы ішло за намі ўслед. Гэта тлумачылася ўвогуле проста: мы ляцелі з усходу на захад, па адвечным, так сказаць, шляху сонца (калі трымацца сістэмы Пталамея). Тым не менш уражвала такая сінхроннасць у нашым з ім руху. Здзіўляла яшчэ, мабыць, і відавочна-нагляднае пацвярджэнне таго факта, што, куды б ты ні паехаў ці ні паляцеў — сонца застаецца ўсё тое ж, пад якім ты нарадзіўся, вырас і жывеш, усё тое ж, другога няма. І яшчэ чамусьці гэтае, імкнучае ўслед за табой, злева па борце, сонца асацыіравалася з тваёй чалавечай любоўю, якая напружана стаілася недзе злева ў грудзях і пачынала па меры аддалення ад роднай зямлі паціху шчымець ды ныць...

Некалькі слоў пра тое, як была напісана кніга, што прапануецца ўвазе чытача.

Той новы — вялікага фармату, у цвёрдай ледэрынавай вокладцы, палесдрукаўскай вытворчасці — блакнот, заведзены ў сувязі з паездкай, працягваў служыць мне і за акіянам і быў неўзабаве запоўнены. На змену яму прыйшлі невялікія, тонкія, выгодныя тым, што іх было зручна класці ў кішэнь, блакноты, якія нам давалі для карыстання на сесіі. Адзін, другі, трэці... Іх збіралася ўсё больш і больш. А за тры месяцы сабраўся цэлы стос гэтых густа спісаных кніжачак. Яны наводзілі на думку пра кнігу. Праўда, напачатку не ясна было, у якой форме можа быць напісана гэтая кніга. У вершаванай? У змешанай, г. зн. вершавана-празаічнай? У форме дзённіка? Потым, калі крыху разабраўся ў сваіх запісах, бліжэй прыгледзеўся да сабранага матэрыялу,— спыніўся на жанры нататак — дакументальна-нарысавых, публіцыстычных. Гэтая форма здалася мне больш падыходзячай, яе, адчуваў я, вымагае патрабаванне дня.

Праца над «Нью-йоркскай сірэнай» (так я назваў кнігу) была, прызнацца, нялёгкай, цяжэйшай, чым думалася напачатку. Часам не хапала асабістых уражанняў. Не раз узнікала адчуванне, што заходзіш у сферы, якія, магчыма, пад сілу толькі журналісту-міжнародніку ці вучонаму-палітолагу. А з другога боку — не прыходзілася спадзявацца на муз, на мастацкія прыёмы, трэба было трымацца канкрэтных рэалій.

Падтрымлівала і заахвочвала ўсведамленне таго несумненнага факта, што пісаць пра ЗША, вядучую краіну капіталу, асэнсоўваць амерыканскі лад жыцця — значыць выконваць надзённы грамадскі абавязак, значыць прымаць асабісты ўдзел у галоўнай ідэалагічнай бітве нашага часу, у напружаным духоўным супрацьборстве дзвюх палітычных сістэм і звязаных з імі адпаведна ідэй, поглядаў, перакананняў. З тым жа ўсведамленнем падсумоўваліся і назіранні, звязаныя з работай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, з жыццём гэтай міжнароднай арганізацыі. Думалася, што вось і ты ўносіш сваю сціплую лепту ў высакародную справу — справу змагання за мір, за высокія ідэалы ўзаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі свету.

Спрыяла ў маёй працы і ўсведамленне таго факта, што ў нашай беларускай савецкай літаратуры набыты ўжо немалы вопыт, існуе ўжо нават пэўная традыцыя ў вырашэнні замежнай, у прыватнасці амерыканскай і аанаўскай, тэматыкі. Многія нашы пісьменнікі, пачынаючы з аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай прозы Міхася Лынькова і канчаючы прадстаўніцай маладзейшага паэтычнага пакалення, Яўгеніяй Янішчыц, прымалі ўдзел у працы Генеральнай Асамблеі ААН і мелі магчымасць назіраць адначасова жыццё ЗША. Што, безумоўна, не магло прайсці бясследна для іх творчасці, не магло не адбіцца на іх палітычным кругаглядзе. Адны з іх выказалі свае заакіянскія ўражанні ў непасрэдна дакументальных формах (дзённік, нарыс, артыкул і г. д.). Паэты, натуральна, аддалі перавагу паэтычным сродкам, напісалі амерыканскія цыклы вершаў. Прыгадаю тут, да прыкладу, як адну з самых характэрных старонак беларускай «амерыканіяны» і «ааніяны», кнігу вершаў Пімена Панчанкі «Нью-йоркскія малюнкі».

 

Хаджу і езджу па Амерыцы:

Наважылі мы з ёй памерацца

Не злом, не атамнаю бомбаю

І не упартасцю дубоваю.

Хаджу і езджу, параўноўваю,

Бывае нават прыраўноўваю.

Тут больш машын, дарогі добрыя,

У нас трывалей шчасце зроблена.

Тут сэрца кожнае — на хутары,

У нас сэрца з сэрцам любіць гутарыць..

Сабрацца б нам на канферэнцыю

На Міншчыне ці ў Арызоне

Не па пытаннях канкурэнцыі,—

Пра цень вайны на гарызонце.

Абмеркаваць ды моцна вырашыць,

Каб мы і вы былі у выйгрышы,

Каб мір быў дружбай усталёван,

А не нянавісцю сталёвай.

 

І яшчэ хацелася б адзначыць наступнае.

Шмат давалі мне — і ў пазнавальным, і ў маральным сэнсе, і ў сэнсе збору матэрыялу — штодзённыя зносіны, сумесная праца з дыпламатамі — членамі дэлегацыі, супрацоўнікамі міністэрства замежных спраў рэспублікі і пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры ААН. Большасць з іх, вопытныя ў сваёй справе, маючыя багаты стаж працы ў ААН людзі, не першы раз прыязджалі ў Нью-Йорк. Ім, вядома, было што прыгадаць, чым падзяліцца, аб чым расказаць маладасведчанаму ў пэўным сэнсе літаратару. І яны, трэба сказаць, гэта ахвотна, добразычліва рабілі — расказвалі, паказвалі, адказвалі на мае шматлікія пытанні, кансультавалі, давалі парады, выступалі ў якасці перакладчыкаў з англійскай. Таму менавіта ім, таварышам па дэлегацыі, па супольнай працы на міжнародным форуме, байцам дыпламатычнага фронту, і прысвячаюцца перш за ўсё гэтыя нататкі.

 

На другім беразе

 

А тут сірэна завыла, быццам нехта зарагатаў, і рагатаў, пакуль машына не завярнула за вугал...

Фолкнер. Горад

 

Взвоют

и замрут сирены над Гудзоном, будто бы решают:

выть или не выть? Лучше бы не выли.

Маякоўскі. Вершы пра Амерыку

 

Ноччу зноў будзіла трывожна сірэна, нагадваючы то выццё самалёта ў вайну, то крык спуджанай птушкі, то дзіцячы плач...

Запіс у дзённіку

 

 

Першыя ўражанні, першы позірк на Нью-Йорк

Нашым першым, больш-менш ужо асэнсаваным уражанням і назіранням папярэднічаюць, як вядома, наіўныя, элементарна простыя адчуванні. Так было і на гэты раз. «Няўжо сапраўды Амерыка? Выходзіць, яна — не плод нейчай фантазіі, накшталт якой-небудзь Атлантыды, а нешта фізічна адчувальнае, рэальна існуючае? Выходзіць?..» Такія ці прыблізна такія пытанні былі, пэўна, у маім позірку, калі я няўпэўнена ступаў з трапа самалёта на зямлю і аглядваўся ў нью-йоркскім аэрапорце, залітым зыркім па-паўднёваму сонцам (усё тое ж сонца было тут як тут!). Было і яшчэ адно адчуванне, быў яшчэ адзін рух гэтага самага шостага пачуцця: рабіць першыя крокі на чужой зямлі — гэта як бы зноў вучыцца хадзіць. Вось што значыць страціць родную глебу пад нагамі. (Такая рэакцыя, дарэчы, можа яшчэ выклікацца і моўным бар’ерам).

Ну а калі гаварыць пра першае больш-менш акрэсленае ўражанне, то яно звязана з патокам машын, які можна было назіраць па дарозе з аэрапорта імя Кенэдзі ў Нью-Йорк. Дакладней кажучы, не з самім гэтым патокам, густым і напорыстым, не з колькасцю машын, не з тым відавочным фактам, што ты знаходзішся на радзіме масавага аўтамабілізму. Машын, гэтага дабра, слава богу, хапае і ў нас, у нашых гарадах і на нашых дарогах. Уражвалі нейкія асаблівасці аўтапатоку. Якія менавіта — было няясна ў першы момант. Кідалася ў вочы, што паток быў стракаты. Міма праносіліся машыны самых розных марак, розных афарбовак, канфігурацый, памераў, рознага ўзросту — ад бліскучых новенькіх лімузінаў да старых абшарпаных калымаг. Непрывычна стракатым быў і сам кантынгент аўтамабілістаў: старыя і зусім юныя, імпазантныя і зусім несамавітыя, чорныя і белыя... Мільгануў твар пажылой негрыцянкі, прамчаўся бялявы падлетак... Але ўражвала зноў-такі не столькі гэтая стракатасць сама па сабе, колькі тое, што за ёй таілася, што было на другім плане, але не магло не прыцягнуць увагу,— сацыяльныя разнашэрснасць і раз’яднанасць. Машыны ішлі як быццам па адной і той жа дарозе, імчаліся як быццам у адным і тым жа кірунку, але вось па іх выгляду і іх «хадзе», а галоўнае — па тым, што было напісана на тварах і выказана ў паставах іх уладальнікаў, можна было меркаваць, што ў кожнага з іх свая дарога, свой маршрут, свой клопат, што кожны імчыцца сам па сабе, і няма яму справы да другога...

Першае ўражанне бывае і памылковым. Але яно, пры ўсёй яго мімалётнасці, можа быць і самым дакладным, можа схапіць сутнасць. Менавіта такім і было ў дадзеным выпадку маё першае ўражанне. Яно потым не раз пераканаўча пацвярджалася, у прыватнасці пры сустрэчах з «матарызаваным» амерыканцам.

Другое паўшар’е. Другі бераг акіяна. Другая краіна. Дом у ёй другі, а ў ім другі па сваёй планіроўцы і сваім абсталяванні пакойчык, дзе буду жыць. І — другі гадзінны пояс: розніца ў восем гадзін. Яна перш за ўсё і дае знаць — трэба «перазаводзіць» біялагічны, так сказаць, гадзіннік, прывыкаць да змяшчэння ў сутачным цыкле. У дзень прыезду нам раілі не спяшацца класціся спаць, пацярпець да мясцовага «адбою» — так лепш для адаптацыі. Нехта пажартаваў:

— Вы што — адсыпацца сюды прыехалі? Не тая, ведаеце, краіна. Адсыпацца трэба ехаць у Швейцарыю..

— Самы салодкі сон у родных пенатах. Адзін вялікі амерыканец наогул раіў менш падарожнічаць, а больш рабіць прагулкі пяшком.

— Ну вось бачыце. Так што цярпіце.

Жарт не замарудзіў пацвердзіцца па-свойму. Па начах будзіць сірэна — паліцэйская, пажарная, «хуткай дапамогі». Ваўсю націскаюць на клаксан, сігналяць на ўсю іванаўскую (прабачце, джонаўскую)і палісмены. Яшчэ большы аларм узнімаюць пажарнікі. (Заўважу, што і тыя, і другія — паліцэйскі ўчастак і пажарная каманда,— размяшчаюцца якраз насупраць нашага пастаяннага прадстаўніцтва, праз вуліцу). Аказваецца, пажары — даўні і нязменны спадарожнік Нью-Йорка. Гарэў ён і ў мінулым, пра што нагадвае такая асаблівасць яго архітэктуры, як шматлікія пажарныя лесвіцы на сценах дамоў. Часта гарыць і зараз. Пажары ўспыхваюць то тут, то там, асабліва ў такіх пажаранебяспечных раёнах, як Паўднёвы Бронск, Гарлем, бруклінская ўскраіна Башуік (кварталы беднаты, неграў, «чыканас»). Нам расказваюць, што адзін малады нью-йоркскі пажарнік па прозвішчу Сміт нават здабыў са сваёй неспакойнай прафесіі літаратурную славу: напісаў пра змаганне з пажарамі аповесць, якая не так даўно лічылася ў спісе бестселераў.

Увогуле ж, як потым пераконваешся, падстаў для таго, каб будзіць, узнімаць трывогу, біць у званы, тут, у Нью-Йорку, больш чым дастаткова. Падстаў і выпадкаў. Як пажарных, так і розных іншых.

Нью-Йорк пры дзённым святле... Той самы праславуты Нью-Йорк, які называюць адначасова «буйнейшым эканамічным і культурным цэнтрам Амерыкі» і яе «клаакай», «самым амерыканскім горадам», «усходняй сталіцай ЗША» і «горадам зусім неамерыканскім», «горадам-касмапалітам», «вітрынай свабоднага свету» і «вялікім гнілым яблыкам» (яблык — эмблема, свайго роду гербавы знак горада)... Як цябе толькі не атэстуюць, якіх толькі эпітэтаў не ўдастоіўся ты, Нью-Йорк! Ну а што ты ўяўляеш сабой на самай справе? Ты, загадкавы, шматаблічны сфінкс?

З гэтым пытаннем заглядваеш у твары першых амерыканцаў, якія сустрэліся табе на вуліцы свайго горада, з гэтым пытаннем спрабуеш перахопліваць позіркі сустрэчных прахожых... Цябе, праўда, папярэджвалі як навічка, што на нью-йоркскай вуліцы трэба быць вельмі асцярожным, што тут небяспечна праяўляць цікавасць, быць непасрэдным, выказваць прыхільнасць, а значыць — і заглядваць у твары прахожых. Але як можна без гэтага пры першай сустрэчы з горадам? Як інакш пазнаёміцца з ім і прывітаць яго? Як інакш атрымаць адказ на сваё першае пытанне: «Што ты ўяўляеш сабой, Нью-Йорк? Што ўяўляе сабой тваё жыццё-быццё?»

Не, без людскіх твараў тут нельга. Потым будуць тавары і вітрыны, масты і небаскробы, музеі і бібліятэкі, распытанні і абмен уражаннямі... Але перш за ўсё — твары, гэтыя лепшыя візітныя карткі, гэтыя жывыя люстэркі, у якіх выразна адбіваецца ўсё.

Зрэдку трапляюцца твары адкрытыя, прыветліва-ўсмешлівыя. Але рэдка, і ў асноўным у тых выпадках, калі сустракаецца малады чалавек. Што датычыць пераважнай большасці прахожых, то ім да цябе няма ніякай справы. На тварах адных — пячаць абыякавасці. Абыякавасці да цябе з тваім прывітальна-запытальным позіркам. Абыякавасці да сябе, да ўсяго наогул. У другіх вочы звернуты ўнутр — яўная прыкмета зацкаванасці жыццём. Некаторыя, бачыш, цалкам паглынуты сваім клопатам, сваім, пэўна, бізнесам.

Вылучаецца яшчэ катэгорыя прахожых запужаных, з падазрона насцярожаным выразам на твары. Гэтыя, зазначаеш, свядома пазбягаюць твайго позірку, лічаць, відаць, за лепшае хутчэй, што называецца, прашмыгнуць, хутчэй размінуцца з другімі падабру-паздарову. Як потым даведваешся, для такой насцярожанасці ёсць усе падставы. Горад літаральна кішыць наркаманамі, псіхічна нездаровымі людзьмі (яны складаюць каля 5 працэнтаў насельніцтва горада), дэкласіраванымі элементамі, сутэнёрамі, тэрарыстамі і бандытамі (тэрарыстычныя і бандыцкія групы налічваюць тут каля 20 тысяч чалавек, па няпоўных дадзеных у горадзе маецца каля 2,5 мільёна адзінак агнястрэльнай зброі). Адной з сенсацыйных падзей, якімі жыў горад у першыя дні нашага знаходжання тут, быў судовы працэс над нейкім дзіўным Сэмам, што забіваў на працягу доўгага часу і без бачымых на тое прычын жанчын на вуліцах Нью-Йорка. Яшчэ адна сенсацыя: паліцыя нарэшце знайшла труп гандляра алмазамі ў яго офісе на 47-й стрыт. На 47-й вуліцы знаходзіцца так званы алмазны блок — цэнтр гандлю каштоўнасцямі. Для аховы магазінаў выкарыстоўваюцца нават сродкі ранняга апавяшчэння, у тым ліку ультрафіялетавыя і інфрачырвоныя промні. Пры набліжэнні чалавек адлюстроўваецца на экране. І тым не менш магазін аграблены, яго ўладальнік забіты. Для паліцыі — яшчэ адна загадка, для нью-йоркца — яшчэ большы страх: нішто не ратуе, ніхто не гарантуе бяспеку...

Што тут жыццё чалавека цэніцца па вельмі нізкай, так сказаць, таксе, што тут, у Новым Свеце, яго могуць папросту адправіць на той свет, пераконваешся неўзабаве ўвачавідкі, бачыш і раз і другі на вуліцы Нью-Йорка, сярод белага дня, адзін і той жа малюнак: труп чалавека, побач палісмен. Раўнадушна-спакойны выгляд ахоўніка парадку гаворыць: нічога асаблівага не адбылося.

Яшчэ даведваешся пра жахлівы, неверагодны, але тым не менш характэрны для горада факт: тысячы яго жыхароў знікаюць невядома дзе і пры якіх абставінах, прападаюць, што называецца, без весткі (многіх, падобна, ніхто і не шукае). Быў чалавек, і няма яго, як у ваду кануў. І яшчэ адзін, не менш сумны штрых, пра які нам расказвае наш савецкі журналіст, што жыве шмат год у Нью-Йорку і добра ведае яго жыццё. На спецыяльных могілках, якія вынесены за мяжу горада, на востраў у акіянскім заліве, часта хаваюць беднякоў па графе «Невядомы». Ніякіх дакументаў пры іх не знайшлося, апазнаваць іх было некаму. Адзіны помнік, які стаіць на гэтых могілках,— белы крыж з надпісам на пастаменце: «Толькі ўсявышні ведае іх імёны». «Невядомыя салдаты» шматлікай арміі беспрацоўных, бяздомных, абяздоленых...

У свой час Талстой гаварыў аб тым, што ў вялікім горадзе чалавек можа памерці і ніхто гэтага не заўважыць. Сённяшні Нью-Йорк дае, як бачым, закончана-класічныя доказы ў пацвярджэнне гэтай горкай ісціны.

Чытач можа папракнуць мяне за «магільныя матывы». Але ж з песні слова не выкінеш. Асабліва калі слова звязана з асабістымі ўражаннямі, з рэальнымі фактамі. Што зробіш, калі прыемным, светлым — якія яшчэ словы-сінонімы ўжываюцца ў падобных выпадках? — знаёмства з Нью-Йоркам ніяк не назавеш. Насуперак кранальнаму закліку статуі Свабоды, якая «ўздымае свяцільнік ля залатых варот», уразрэз з вялікай марай натхнёнага рамантыка Уітмена, які жыў і тварыў недзе тут, назіраў жыццё яшчэ маладога Нью-Йорка і якому мроіўся «горад Сяброў... дзе моцная цанілася любоў», распрасцёртых абдымкаў тут не бачыш, гасціннасці, любві і сяброўства не адчуеш. Не так, як гэта бачылася паэту, не ў тым рэчышчы пацякло тут жыццё.

Выходзячы на вуліцу, ты мусіш, апрача ўсяго іншага, помніць пра тое, каб у цябе ў вонкавай кішэні было не менш дзесяці долараў (такая стаўка). На той выпадак, калі наркаман прыставіць табе нож да горла або хуліган узвядзе перад табой курок пісталета і табе трэба будзе «адкупіцца». Гэта «правіла» прызнана нават паліцыяй, г. зн. амаль узаконена фактычна. Другі няпісаны закон нью-йоркскай вуліцы: не спадзявайся ў выпадку бяды на чыю-небудзь дапамогу. Яскравай ілюстрацыяй да яго можа быць чарговае газетнае паведамленне: «У раёне Бенсонхерста адбылося адразу два забойствы — пры сведках, у прысутнасці вялікай колькасці прахожых. Ніхто не паспрабаваў спыніць злачынцаў, прыйсці на дапамогу іх ахвярам». Трэці, яшчэ больш жорсткі закон: не дапамагай! Асабліва тады, калі цябе аб гэтым не просяць. Мы аднойчы хацелі памагчы перайсці вуліцу сляпому з яго белым кіёчкам. Ён спалохана адхіснуўся ўбок і замахнуўся на нас кійком. Потым нам нехта растлумачыў, у чым справа: сляпыя, баючыся аграблення, стараюцца абыходзіцца без чыёй-небудзь дапамогі. У другі раз, у час нядзельнай аўтаэкскурсіі па горадзе, мы ўзяліся штурхнуць машыну янкі, які ўсё не мог завесці матор. Той рэзка запярэчыў («ноу, ноу!») і стаў аглядвацца — у сэнсе, ці няма паблізу палісмена. Праява гуманнасці для нью-йоркца — парушэнне парадку.

Нялёгкае, часам пакутлівае знаёмства з Нью-Йоркам.

Цяжка ў ім дыхаецца.

Перш за ўсё — у літаральным сэнсе слова. Забруджана, загазавана паветра. Нягледзячы на блізкасць акіяна. Забруджана вада ў Іст-Рывер, Гарлем-Рывер, у Гудзоне. Шмат бруду на вуліцах. Брудна ў «падземцы». Далей ад цэнтра Манхетэна, ад яго фешэнебельных авеню, асабліва ў рабочых раёнах і негрыцянскім гета, бачыш іншыя праявы крызісу горада, заняпаду яго гаспадаркі — груды смецця, адыходаў, бітага шкла проста на тратуары, выбоіны на бруку, сляды пажарышчаў і разбурэння... З першага, павярхоўнага позірку пачынаеш разумець, чаму горад называюць «зачумленым». Сімптомы цяжкай хваробы наяву.

Цяжка дыхаецца ў Нью-Йорку і па той прычыне, што тут вельмі даюць знаць, асабліва ў першыя дні, усякага роду — архітэктурныя, тэхнічныя, бытавыя — празмернасці, дыспрапорцыі, зрушэнні, крайнасці, адхіленні ад прывычных для цябе форм і зрокавых уяўленняў. Мудры, сфармуляваны яшчэ ў старажытныя часы нейкім францысканскім філосафам прынцып «Не трэба памнажаць колькасць сутнасцей звыш неабходнасці» ў Нью-Йорку яўна парушаецца. Тут шмат чаго звыш меры.

Цяжка дыхаецца ў Нью-Йорку і ў пераносным, у маральным сэнсе, у сэнсе яго духоўнай атмасферы. Аб чым я ўжо пачынаў гаварыць. Трэба дадаць яшчэ, што ў гэтай атмасферы выразна адчуваюцца вірусы сацыяльна-класавай узаемаадчужанасці, міязмы недаверу і варожасці паміж прадстаўнікамі розных нацыянальных груп і рас. Візуальна адзначаеш, што кожны тут трымаецца свайго «проса» або сваёй нацыянальнай «кватэры». Атручваецца паветра Нью-Йорка ядамі антыкамунізму, цяжкім дыханнем нашых ідэалагічных ворагаў. Наша літаральна першая спроба паглядзець горад, у прыватнасці, прайсціся па вуліцах таго раёна Манхетэна, дзе знаходзяцца тры савецкія прадстаўніцтвы пры ААН, скончылася даволі драматычна. Мы амаль лоб у лоб сутыкнуліся з натоўпам украінскіх нацыяналістаў, якія потым некалькі гадзін шалелі каля будынка прадстаўніцтваў. За паўгоддзе — тут ужо існуе нават свая статыстыка — у горадзе адбылося мноства ўсемагчымых правакацый, дэманстрацый, вылазак, скіраваных супраць савецкіх людзей. (Да гэтай дзейнасці, вядомая справа, не мае ніякага дачынення працоўны НьюЙорк).

Цяжка дыхаецца ў Нью-Йорку. Захацелі ў выхадны дзень выехаць за горад, паглядзець на яго ваколіцу, падыхаць на прыродзе. Паездка была азмрочана. Спачатку, ледзь не трапіўшы пад колы машыны, нас спыніў нейкі падазроны суб’ект — ці то наркаман, ці то псіхапат. Ледзь удалося ад яго адчапіцца. (Магчыма, гэта была правакацыя). На мосце цераз Гудзон прыйшлося рабіць прыпынак, каб... заплаціць. «Плата? За што?» — спытаўся я здзіўлена ў дыпламата, які сядзеў побач. «За мост. За права праезду па мосце,— растлумачыў ён, пасміхнуўшыся з маёй недасведчанасці.— Дарога прыватная, і яе гаспадары збіраюць адпаведную плату за карыстанне».— «Але гэта нагадвае нейкі сярэдневяковы феадальны звычай?» — «Тут гэта называецца рабіць бізнес».

Не збіраўся ў час камандзіроўкі пісаць вершы. Але пад уражаннем ад гэтага дарожнага «пабору» напісаліся, пасля вяртання з прагулкі, радкі:

 

Ты ведаў: іншаю цаной

знаходзім бераг, веру, мэту.

А тут табе: «Гані манету —

і супрацьлеглы бераг твой».

Няцяжка уявіць мой стан,

як вырас бераг у рэальнасці.

Ілюзія недасягальнасці

развейвалася, як туман.

 

І яшчэ адно, у заключэнне, памятнае ўражанне, звязанае з «адкрыццём» Амерыкі. Сірэна... Статуя Свабоды... І вось яшчэ адзін сімвал Нью-Йорка і краіны — тэлерэклама. Чытаў і чуў пра яе, але яе трэба бачыць на ўласныя вочы. Гэта феномен, ад якога павявае нейкай іншапланетнай, арганізаванай на больш прымітыўных, чым зямная цывілізацыя, пачатках. «Вы любіце гэты крэм?» — «Так, я яго вельмі люблю. Гэты крэм зрабіў мяне тым, чым я ёсць». «Мілы, ты павінен чысціць машыну менавіта гэтай вось пастай!»— «Чаму менавіта гэтай, я ж карыстаўся да гэтага другой?» — «Таму ты і спазніўся. А калі б ты не спазніўся, я б не сустрэлася са сваім колішнім сябрам. А калі б я не сустрэлася з ім — не было б нашай сваркі, нашай сямейнай драмы... Ты толькі паглядзі на гэту пасту!» І гэтак далей, і да таго падобнае.

Тут мала сказаць: рэклама — рухавік гандлю. Тут яна — рухавік жыцця. Тут яна прэтэндуе быць і школай, і жыццёвай філасофіяй, і свайго роду рэлігіяй. І прэтэндуе, відаць, не без поспеху. Бо цяжка спаборнічаць малітоўна-ціхаму, камернаму «возлюби» з гэтым крыклівым, кідкім — на ўвесь экран, на ўсю краіну — «купі!».

Па-свойму паказальны і сімвалічны ўжо той факт, што рэкламны ролік можа з’явіцца на экране амаль у любы, за рэдкім выключэннем, момант — што б ты ні глядзеў, якая б перадача ні ішла. Маўляў, усё гэта добра, усё гэта цікава, усё гэта важна, але важней за ўсё, перш за ўсё — тавар, рынак, купля-продаж, бізнес! Купі! Набудзь! Спажыві!..

Чытач можа заўважыць, што ў мяне, пэўна, ёсць і іншыя, звязаныя з іншымі, можа, больш светлымі бакамі і з’явамі жыцця горада, уражанні, што, пэўна, ёсць і другі, больш чалавечы, больш нармальны, так сказаць, Нью-Йорк. Так, сапраўды ёсць і Нью-Йорк працоўны, Нью-Йорк, які стварае матэрыяльныя і культурныя даброты. Ёсць Нью-Йорк, які пратэстуе, змагаецца за свае правы, за справядлівасць, за лепшае жыццё. Пачынаўся якраз новы навучальны год, і я на ўласныя вочы бачыў на вуліцы горада пікеты бастуючых настаўнікаў. На плакатах было напісана: «Сродкі не на бомбы, а для школ!», «Не бываць школам патагоннымі фабрыкамі!» і г. д. У гэтыя ж дні нью-йоркскія газеты пісалі пра адчайны ўчынак маладога драматурга Дана Камерона Родзіла, які, каб прыцягнуць неяк увагу да сваёй п’есы пра вайну ва В’етнаме і выказаць пратэст супраць бядотнага становішча прагрэсіўных пісьменнікаў ЗША, скокнуў з Бруклінскага моста ў Іст-Рывер.

Ёсць, безумоўна, і Нью-Йорк, які марыць, кахае, радуецца жыццю, ходзіць у тэатры і музеі (амерыканцы, я заўважыў, любяць наведваць музеі). Ёсць, вядома, Нью-Йорк, які патанае ў раскошы, які робіць вялікі бізнес, які займаецца палітыкай (у горадзе якраз пачыналася кампанія за выбары новага мэра).

Так, Нью-Йорк — ён розны, разнастайны, шматаблічны, многапавярховы. І такі Нью-Йорк — вялікая, асобная тэма. Я ж падзяліўся толькі першымі і, з майго пункту гледжання, найбольш істотнымі ўражаннямі.

 

Хто тут правіць баль, або Антыода долару

Развіталіся часова з Радзімай, развіталіся на гэты час і са сваёй айчыннай валютай — са сваім светла-жаўтлявым, са сваім прывычным, са сваім родненькім рублікам. Праз нейкі дзень-другі пасля прыезду нам выдаюць для першых патрэб — авансам, у лік будучай зарплаты — долары. Гэтыя самыя хвалёныя, праславутыя, амаль што авеяныя міфам, але, аказваецца, зусім не міфічныя, а самыя што ні ёсць рэальныя, адчувальныя фізічна — на дотык і на вока — долары.

Долары... Нам не церпіцца ўбачыць хутчэй іх, што называецца, у дзеянні, у справе, г. зн. нешта купіць за іх. Ідзём у бліжэйшы, за вуглом, супермаркет, купляем прадукты і арганізоўваем калектыўны абед. Нехта жартуе:

— Грошы амерыканскія, прадукты таксама, а калектывізм наш, савецкі.

— А што? — ідзе ў тым жа тоне гутарка.— Хай долар паслужыць і нам, нашай справе.

— Дарэчы, хто не ведае,— першыя папяровыя грошы з’явіліся менавіта тут, у Паўночнай Амерыцы.

— ?!

— Гэта сімвалічна.

Долары... З цікаўнасцю разглядаю зеленаватыя паперкі, з іх «вадзянымі знакамі», з партрэтам велічна-суровага Джорджа Вашынгтона на адным баку, з адбіткам герба і словамі «У бога веруем» — на другім. Малюнак першага прэзідэнта, «бацькі-заснавальніка» краіны — гэта як быццам зразумела. Так ужо павялося ў міжнароднай практыцы — адбіваць на грашовых знаках профілі дзяржаўных мужоў. Зразумелае таксама і адлюстраванне герба. Але пры чым тут гэты напышлівы, малітоўна-клятвенны дэвіз: «У бога веруем»? Што тут мелі на ўвазе яго аўтары, першыя амерыканскія казначэі?

— Як што? Няўжо незразумела? Купляем — веруем у бога, прадаём — веруем у бога, ёсць грошы — веруем у бога, молімся яму, каб іх было болей, няма грошай — таксама веруем у бога, молімся яму, каб грошы былі.

— Але ж гэта называецца «упоминать божье имя всуе».

— Ну і што, і ўспамінаюць, і называюць «всуе» гэтае самае боскае імя. Недарэмна ж лепшыя розумы краіны гаварылі і гавораць з абурэннем пра такую рысу амерыканца, як крывадушнасць, фарысейства.

Долары... Здавалася б, грошы як грошы, знакі як знакі, банкноты як банкноты. Але адкуль гэты арэол вакол іх? Гэты культ? Гэтая фетышызацыя? «Доларавая імперыя». «Доларавая цывілізацыя». «Доларавая дэмакратыя»... Што яшчэ доларавае? Ідэалы? Шчасце? Каханне? Долар увайшоў у кроў і плоць грамадства, у яго свядомасць. Долар увайшоў у прыказку, у фальклор, у яго ёсць мянушкі, накшталт «кэш», «бычок» і інш. Ад долара неаддзельная, чытаецца праз яго зеленаватую прызму амерыканская гісторыя. «Заснаваны ў Філадэльфіі Паўночнаамерыканскі банк быў створаны з мэтай умацавання сувязей паміж багачамі і ўрадам. Кангрэс уклаў у гэтую справу 264 тысячы долараў наяўнымі. Морыс здабыў у сяброў 146 тысяч долараў, а затым пазычыў ураду 1,2 мільёна долараў у банкнотах...» Або: «Працяглая вайна і выпуск папяровых грошай не маглі не выклікаць інфляцыі. Да 1778 года адзін залаты долар каштаваў дваццаць папяровых. У Філадэльфіі пара панчох каштавала 400 долараў...» і г. д. (вытрымкі з гістарычнага даследавання амерыканскага аўтара).

Долары... Мы і самі не святыя, і самі ведаем, што такое грошы. Слухалі лекцыі па палітэканоміі і ведаем, што грошы — тавар усіх тавараў, што грошы — «усеагульны эквівалент», «зводнік паміж патрэбай і прадметам» і г. д. І ведаем, ва ўсякім выпадку ведалі тады, нават на памяць, калі здавалі адпаведныя экзамены і залікі, формулу колькасці грошай у краіне. І не раз чулі і слухаем цяпер, хай і старамодныя, хай і аперэтачнага ці эстраднага характару, хай і гарэзліва-жартаўлівыя, але ў той жа час не пазбаўленыя рэальнага зместу песенькі, накшталт: «Усюды грошы, грошы, грошы...», або:

 

У каго ёсць грошы, той песню распявае,

у каго няма іх, той слёзы пралівае.

У каго ёсць грошы, той думае жаніцца,

а ў каго няма іх, той думае тапіцца і г. д.

 

Ведаем на ўласным вопыце, ведаем тэарэтычна, чыталі, вывучалі, «праходзілі», чулі і тым не менш маральна не гатовыя, каб глядзець без здзіўлення на гэты ажыятаж, я б сказаў нават, на гэты шабаш вакол долара, на гэтую долараманію.

Тут мала сказаць: усеагульны эквівалент. Тут ужо трэба гаварыць пра ўсеагульны назоўнік. Усё да долара зводзіцца, усё ім вымяраецца і ацэньваецца, усё пад яго знакам адбываецца. (Дарэчы, у камерцыйнай рэкламе ён фігуруе нязменна ў спалучэнні з адпаведным графічным індэксам цаны, які нагадвае адначасова і знак параграфа з дзвюма вертыкальнымі рыскамі і высокі цыліндр дзядзькі Сэма). У выніку самыя розныя звесткі і паведамленні атрымліваеш, што называецца, у доларавым вылічэнні... Востраў Манхетэн быў куплены ў індзейцаў за 20 долараў... За 8 мільёнаў долараў быў набыты Джонам Ракфелерам-малодшым участак зямлі на беразе Іст-Рывер, дзе зараз знаходзіцца штаб-кватэра ААН... Плата за аб’яву, якая была надрукавана ў чорнай жалобнай рамцы на старонках газеты «Далас морнінг ньюс» напярэдадні прыезду ў Тэхас прэзідэнта Джона Кенэдзі, складала суму 1500 долараў... Двойчы аўдавелая Жаклін Кенэдзі — Анасіс атрымала ад спадчыны свайго другога мужа, грэчаскага мультымільянера, 20 мільёнаў долараў, яе кватэра ў Нью-Йорку каштуе 800 тысяч долараў у год... Нобелеўская прэмія гэтага года складае 145 тысяч долараў, а ранейшы нобелеўскі лаўрэат пісьменнік Сол Белоу мае справу з судом, бо не заплаціў сваёй трэцяй жонцы аліменты ў суме 11 150 долараў... Славуты комік Джэк Бэні пакінуў сваім наследнікам звыш 5 мільёнаў долараў, пасля таго як будуць вылічаны ўсе падаткі, з гэтай сумы застанецца каля 4 мільёнаў... Кожны з удзельнікаў урачыстай цырымоніі, прысвечанай узнагароджанню былога прэзідэнта штогодняй прэміяй імя Чарльза Эванса Х’юза, заплаціў за ўдзел у абедзе 150 долараў і г. д. і да т. п. Габсекаўская філасофія — «жыццё — машына, якую прыводзяць у рух грошы»,— як бачым, пераможна трыумфуе.

Характэрная дэталь: амерыканцы не забываюць пра долары нават у самыя, здавалася б, не падыходзячыя для гэтага моманты. Нейкі дэгенерат гвалтуе сярод белага дня жанчыну і пры гэтым... адбірае ў яе апошнія 7 долараў. Паліцэйскі афіцэр арыштоўвае злачынца і заадно... прыхоплівае ў яго кватэры 300 долараў, якія яўна «дрэнна ляжалі». Наогул, трэба сказаць, адметнай асаблівасцю мясцовай крымінальнай хронікі з’яўляецца тое, што ў ёй абавязкова прысутнічае «матыў» грошай: былі ў сумачцы абрабаванай ці ў кашальку забітага долары ці не былі, калі былі, то колькі, пажывіліся злачынцы ці не пажывіліся, калі так, то на якую суму. Часам гэта выглядае ўжо не толькі дзіўна, але нават і кашчунна. Забойства, злачынства, нейчае гора... Здавалася б, зусім не тыя абставіны, каб звяртаць увагу на гэтыя нікчэмныя, паршывыя долары, падлічваць іх з бухгалтарскай скрупулёзнасцю і рабіць з іх абавязковы атрыбут газетнай сенсацыі. І тым не менш... «Доларавая цывілізацыя» і адпаведна — доларавая логіка. Нічога не скажаш.

Долары... Вонкава звычайныя глянцавыя паперкі. Грошы як грошы. Ды ў чым іх такая сіла? Адкуль іх такая ўлада?

— Ты не атрымаеш адказу на свае пытанні, калі будзеш гаварыць пра грошы ў прывычным для цябе іх значэнні, будзеш ставіць долар на адну дошку са сваім рублём. Але ты не забывай, што ёсць яшчэ такое паняцце, як капітал.

— Капітал?

— Так. Гэта — калі грошы пускаюцца ў абарот, укладваюцца ў справу.

— Калі «грошы робяць грошы»?

— Вось іменна. Калі грошы параджаюць новыя грошы, даюць прыбытак. А што робіць з чалавекам пагоня за прыбыткам — прыгадай па Марксу.

— Гэта ўжо называецца капіталізмам, капіталістычнай рэчаіснасцю.

— У тым-та і справа. Слова ж «капіталізм» не з неба ўпала, яно — ад гэтага самага «капіталу», ад «грошай, якія робяць грошы».

— Дзякую за папулярную палітэканомію. Мне цяпер выразней уявілася гэтае д'ябальскае зачараванае кола: чалавек робіць грошы («рабіць грошы» — адзін з самых любімых выразаў амерыканца), грошы ў сваю чаргу робяць чалавека, дакладней, робяць з чалавека бог ведае што...

 

Хай вам імя — легіён.

Ды жыць не ўмееш багата,

  не ўмееш нажыць мільён,—

ты — персона нон трата.

Калі ж ты сам бядняк,

як быць тады з беднякамі?

Ад іх адбівайся ўсяк —

нагамі і рукамі.

Паколькі ўсё зло і дрэнь

  у іх, немаёмных Джонах,

ад іх уцякай далей,

як ад пракажоных.

Сам не будзь беднатой!

Адкінуўшы страх і пакору,

па лесвіцы той залатой

карабкайся, лезь угору.

За ногі трымаць будзе хтось,

хтось будзе чапляцца за крыссе,—

бі ў зубы, зганяючы злосць,

і да свайго імкніся.

Ірві з беднатой, з дабратой,

душу выганяй дубінай,

і будзеш ты на крутой

  ступеньцы жаданай драбіны.

Здабудзеш ты мільён,

і зменіцца ўсё адразу:

знімуць з цябе праклён,

змыюць з цябе праказу.

Усчэпіш хоць адзін

  брыльянт на сабачы ашыйнік,—

і ты ўжо грамадзянін,

і ты ўжо суайчыннік...

Што ж меў на ўвазе народ,

які нас вучыць старанна:

«бедность — не порок»,

«беднасць — не загана»?

 

Долары... Але няўжо, можа ўзнікнуць пытанне (я сам задаваўся ім не раз), усе амерыканцы пакланяюцца ды прысягаюць долару? Няўжо сярод іх няма такіх, што крытычна ставяцца да гэтага куміра, глядзяць інакш на становішча рэчаў, на сэнс жыцця? Безумоўна, ёсць. Пачынаючы з некаторых «бацькоў-заснавальнікаў», якія разумелі, што «ў прыродзе грошай няма нічога, што магло б прыносіць чалавеку шчасце», і ўключаючы радавых прадстаўнікоў сённяшняй працоўнай Амерыкі, якія шчыра гавораць Стадсу Тэркелу: «Я лічу, што яго вялікасць долар — гэта яшчэ не ўсё», «Чалавечая годнасць важней за даходы і прыбыткі», «Мне хацелася б дазнацца, чаму людзі вераць, быццам дасягнуць поспехаў у фінансавых адносінах так важна» і г. д.

Я загаварыў пра герояў гутарак-інтэрв’ю Тэркела і прыгадаў такі эпізод. У адным з нью-йоркскіх магазінаў да нас выйшаў з-за прылаўка малады прадавец і з сарамлівай усмешкай і моцным акцэнтам запытаўся: «Вы з Савецкага Саюза?» Пачуўшы сцвярджальны адказ, стаў гаварыць на ламанай рускай мове: «Я працую і вучуся... Вывучаю рускую мову... Быў адзін раз у вашай краіне, асабліва спадабаўся Ленінград... І яшчэ спадабалася, што вы інакш, чым мы, адносіцеся да грошай, грошы ў вас не на першым плане...»

Студэнт-прадавец не прапаноўваў нам што-небудзь у яго купіць. У дадзены момант яму яўна не хацелася мець справу з аперацыяй «купля-продаж», і ён проста памахаў нам на развітанне рукой. Помню, мне стала чамусьці шкада яго па-чалавечы.

...Долары. Грошы. «Усюды грошы, грошы, грошы». «У бога веруем». Фінансы. Фінансавы капітал. Фінансавыя махінацыі. «Справа са слуханнем Лэнса перарасла ў сенаце ў расследаванне практыкі банкаўскіх заправіл, іх аперацый па фінансаванню, выдачы крэдытаў і г. д.» («Нью-Йорк таймс»). Грошы. Банкі. Інвестыцыйныя фірмы, страхавыя кампаніі. «Аб уладзе грошай, у прыватнасці, аб ролі банкаў можна меркаваць нават візуальна, па адпаведных шыльдах, якія бачыш на дамах Нью-Йорка», «Адно з уражанняў ад паездкі ў Філадэльфію — вялікая колькасць банкаў: банкі, банкі, банкі» (з запісаў ва ўласным дзённіку). «Аграбленне банка «Юніон Федэрал Сейвінгс», што на рагу 3-й авеню і 23-й стрыт. Злачынцы забіты. Шэсць чалавек ранена» (чарговая газетная навіна). «У бога веруем». «У гэтай песні банкі будуць апеты, таму што ў іх шмат грошай і, калі б вы туды ні прыйшлі, пачуеце звон вельмі звонкай манеты» (іранічная «песня» амерыканскага паэта). «Але пакуль долар за паэмы ўсе радавей» (словы савецкага паэта). Долары. Грошы. Робіце грошы? Урок спражэння па-амерыканску: я раблю грошы, ты робіш грошы, ён робіць грошы, усе мы робім грошы. «Грошы, быццам кляймо, вызначаюць усё, што ёсць лепшага ў Амерыцы» (сведчанне аўтара «Фінансіста»). Долары. «Доларавая зона». «Доларавая экспансія». «Доларавая дыпламатыя», г. зн. «палітыка, пры якой долары выконваюць ролю куль» (з заявы колішняга амерыканскага прэзідэнта). «О, статуя Свабоды, у думках я звяртаюся да цябе ў адзенні з грошай... і нарэшце Аххх! Зноў Вашынгтон — на долары, тая ж паэтычная чорная пячатка, незразумелыя словы «Злучаныя Штаты Амерыкі», бясконцыя рады лічбаў Р956422481 Адзін Долар Абавязковы да Прыёму па Ўсіх (!) Плацяжах Божа, Божа, навошта Ты мяне пакінуў»! (радкі з верша другога амерыканскага паэта). «У бога веруем». Долары. Дылеры. Цэнты. Дывідэнты. Працэнты. «Пасылаю да чарцей сабачых усе долары ўсіх дзяржаў» (голас усё таго ж савецкага паэта). Долары. Грошы. Доларавая цывілізацыя. Грашовая аперацыя. Акцыя. Аблігацыя. Інфляцыя. Дэвальвацыя. «У аддзяленні «Кемікал банк ю рывердэйль», што знаходзіцца ў Бронксе, на 236-й стрыт, у сераду ноччу адбыўся выбух бомбы. Паліцыі невядома, хто і чаму падклаў бомбу» (крымінальная хроніка). Што невядома паліцыі, вядома кожнаму: банк узрывае той, хто прагне грошай. Ідзе «агідная вайна сквапнасці і нянавісці» (словы яшчэ аднаго вялікага амерыканца)... У-у-ух! Дайце перавесці дыханне! Дайце дыхнуць! «Куін Мэры», каралева Мары, адвязі хутчэй мяне дамой!» (радкі з верша «Амерыцы» сучаснага беларускага паэта, «Куін Мэры» — назва акіянскага лайнера).

 

Хто чым гандлюе, хто на чым робіць бізнес!

 

Усёпажыральнае новае слова «бізнес»...

І. Уітмен

 

Самыя вялікія дамы ў вялікім, шматпавярховым Нью-Йорку (ды, здаецца, і ва ўсёй Амерыцы) — два стодзесяціпавярховыя «білдзінгі», якія ўтвараюць так званы Міжнародны гандлёвы цэнтр. Ледзь не асноўнай выдатнасцю Бостана і прадметам яго гордасці з’яўляецца своеасаблівы храм гандлю — ззяючы небаскроб «Хэнкок тауэр». Дом Незалежнасці ў Філадэльфіі засланяецца ў пэўным сэнсе велічэзным гандлёвым домам — універмагам фірмы «Гімбел»... Гэта сімвалічна. Што-што, а гандаль у ЗША — «на вышыні». І літаральна, у сэнсе кубатуры і колькасці паверхаў яго гандлёвых цэнтраў і універмагаў, і ў сэнсе яго маштабаў, яго размаху. Такое ўражанне, што вуліцы амерыканскага горада — суцэльныя гандлёвыя рады, а сама краіна — адзін агромністы гандлёвы дом, Гандлюючыя Штаты Амерыкі (па асацыяцыі з адпаведным неалагізмам Марка Твэна).

Ну ды гэта, так сказаць, прыказка, а казка мая пра нешта крыху іншае. Хачу выказаць некалькі думак і назіранняў на тэму, вынесеную ў загаловак. Калі ў двух словах, адназначна, то тут можна адказаць: хто на што здатны. Хто на што здатны, хто як злаўчыцца, той тым і гандлюе, той на тым і зарабляе і робіць бізнес (ужываю гэтае шматзначнае англійскае слова ў сэнсе: гандаль, камерцыя)... Выходзім, пасля экскурсіі, з мастацкага музея «Метраполітэн» і бачым малюнак: перад людзьмі, якія сядзяць на прыступках лесвіцы і тоўпяцца на плошчы, выступае мім, паказвае, мяркуючы па ажыўленай рэакцыі гледачоў, нейкую вясёлую сцэнку — ці то перацягванне каната, ці то ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай. Падобна, што гэтае імправізаванае прадстаўленне дае прафесійны, ва ўсякім выпадку не пазбаўлены таленту артыст. І як гэта бывае заўсёды пры сустрэчы з мастацтвам, атмасфера вакол быццам разраджаецца, напружана-мітуслівае жыццё нью-йоркскай вуліцы быццам прыпыняе на імгненне свой рух, прасвятляецца па-святочнаму. Ды вось позірк заўважае дэталь, якая адразу азмрочвае ўражанне: побач з майстрам пантамімы ляжыць яго чорны капялюшык і ўсім сваім выглядам недвухсэнсоўна нагадвае, для чаго ён тут пакладзены. Скончыўшы нумар, мім бярэ капялюш і абыходзіць тых, хто стаіць бліжэй да яго. Потым — антракт зацягваецца — ідзе да прадаўца піражкоў, які размясціўся са сваім латком тут жа непадалёку, і на хвіліну-другую затрымліваецца каля яго. З якой мэтай — публіцы застаецца толькі здагадвацца. Абменьвае металічныя цэнты на доларавыя паперкі? Дзеліцца чарговай выручкай? Ва ўсякім выпадку можна меркаваць, што яны, мім і прадавец піражкоў, не толькі ведаюць адзін аднаго, але і маюць нейкую выгаду ад свайго суседства, спрыяюць адзін аднаму зарабляць грошы, утвараюць нешта, накшталт фірмы «Мім, прадавец свежых піражкоў энд компані». Маўляў, глядзіце пантаміму — купляйце піражкі! Купляйце піражкі — глядзіце пантаміму. Вы будзеце мець два задавальненні адразу! Трэцяе — наведанне музея! (Так, дапускаеш думку, што ад гэтага «камбінаванага» бізнесу мае выгаду і яшчэ нехта трэці — з тых, хто працуе ў музеі і з’яўляецца гаспадаром пляцоўкі, на якой выступае мім і прадаюцца піражкі).

Выпадковае, павярхоўнае, можа быць, назіранне, але яно ўжо дае табе ўяўленне пра грамадства «свабоднага прадпрымальніцтва», уводзіць у свет бізнесу — праўда, на гэты раз яшчэ маленькага, сціплага, неабходнага для таго, каб зарабіць на жыццё, і па-свойму традыцыйнага для буржуазнага грамадства як Старога, так і Новага Свету: хто прадае піражкі, а хто — свае артыстычныя здольнасці, свой талент...

Яшчэ адно назіранне, якое ўжо прыадчыняе акно ў свет бізнесу вялікага, вядзе на другі, больш высокі яго «паверх». Мне, як былому журналісту, было цікава пазнаёміцца не толькі з тым, што і як пішуць амерыканскія газеты, але і як яны робяцца ў тэхнічных адносінах, як вярстаюцца, якое месца на паласе адводзіцца таму ці іншаму матэрыялу, той або іншай рубрыцы. І непрывычна было бачыць, што на самае прыкметнае месца і пад самымі буйнымі загалоўкамі выносяцца паведамленні, звязаныя з крымінальнай хронікай (забойствы, злачынствы, скандальныя здарэнні і г. д.), а больш важныя грамадска-палітычныя тэмы адыходзяць на другі план, туляцца часам недзе на ўнутраных палосах. Газетная плошча, з нашага пункту гледжання, выкарыстоўваецца нерацыянальна. Чаму? У чым справа? Адкуль гэтая пільная, нездаровая цікавасць да злачынства і скандалу? Аказваецца, тут свае меркі рацыянальнага, свой погляд на тое, як падаць, а дакладней, як прадаць газетны матэрыял: чым больш ён сенсацыйны, тым вышэйшая яго таварная вартасць, тым больш на ім можна зарабіць. Адзін з ваўкоў амерыканскай прэсы Лоурэнс Шылер з усёй цынічнай адкрытасцю заяўляе: «Журналістыка корміцца несумненна забойствамі. Забойства — вось што робіць першыя старонкі газет, забойства, а не нараджэнне чалавека». Тут, як кажуць, ні ўбавіць, ні прыбавіць.

Забойствамі «корміцца» не толькі журналістыка і тэлебачанне, але і пэўнага гатунку літаратура, у прыватнасці, тая яе частка, якая так і называецца «мердар сторы», «гісторыі пра забойствы» — танныя («цэнтавыя»), нізкапробныя, вадзенькія ў мастацкіх адносінах, затое густа замешаныя на жосткасці, гвалце і забойствах выданні. Яны ў сваіх адпаведна аформленых вокладках абавязкова прысутнічаюць, бачыш, на прылаўках і ў вітрынах кніжных кіёскаў. Спрабуюць зарабіць грошы на паказе крыві і смерці і больш таленавітыя людзі. У нашу бытнасць за акіянам тут каціраваўся, напрыклад, дакументальны раман Томаса Томпсана «Кроў і грошы», дзе ўзнаўляліся перыпетыі наступнай нашумелай у краіне гісторыі... Нечакана памірае дачка мільянера Рабінсана. Ён падазравае ў смерці дачкі яе мужа, вядомага х’юстанскага хірурга Джона Хіла і распачынае супраць яго судовую справу. Вялікае журы не знаходзіць саставу злачынства і апраўдвае Хіла. Тады Рабінсан наймае забойцу, і той робіць сваю «мокрую» справу. Неўзабаве гіне пры загадкавых абставінах і сам забойца. Гэта наводзіць на падазрэнне, што вінаваты ва ўсіх бедах сам Рабінсан з яго мільёнамі (ён нават мільярдэр) і г. д. Словам, кроў і грошы, забойствы і долары. У тым ліку і аўтарскі ганарар. Яшчэ адным бестселерам сезона быў раман Герберта Лібермана з рэкламна-кідкай і адначасова песімістычнай назвай «Горад мёртвых». Што тоіцца за гэтай назвай? Аб чым раман? Хто яго героі? Гэта — своеасаблівы судова-медыцынскі детэктыў, месцам дзеяння якога з’яўляецца... сумнавядомы нью-йоркскі морг і які напісаны не столькі трапяткім пяром мастака, колькі бязлітасна-халодным скальпелем патолагаанатама. Зрэшты, як ні дзіўна, дзякуючы менавіта гэтай якасці — смакаванню подыху смерці, раман і заваяваў прызнанне на кніжным рынку.

Сёй-той нажыў і ўсё яшчэ працягвае нажываць капітал — і ў пераносным, і ў літаральным сэнсе гэтага слова,— на даласкай трагедыі — на забойстве прэзідэнта Джона Кенэдзі (кнігі, фільмы, тэлеперадачы і г. д. і да т. п.). Перапала ад гэтага «бізнесу» і ўдаве Освальда, былой мінчанцы (!), Марыне Освальд-Портэр (яна выйшла другі раз замуж за нейкага Портэра, даласкага коміваяжора па продажу і рамонце швейных машын, адсюль у яе двайное прозвішча). Ідзе перадача па адным з каналаў нью-йоркскай тэлесеткі. На экране — буйным планам Марына з яе дрэннай англійскай мовай і нейкай ненатуральна-плаксівай мінай. Са слязьмі на вачах яна просіць даравання ў амерыканскага народа за злачынства былога мужа, сцвярджае, што як быццам прэзідэнта забіў менавіта Лі Харві Освальд і што зрабіў ён гэта ў адзіночку... Што яе прывяло ў Нью-Йорк? З якой нагоды яна тут выступае? Аказваецца, яна прыехала сюды ў сувязі з прэс-канферэнцыяй, прысвечанай выхаду ў выдавецтве «Харпер энд Роу» кнігі журналісткі Прысцылы Макмілан «Марына і Лі». Першую частку гэтай яўна камерцыйнай кнігі складае аўтабіяграфічны расказ Марыны (як яна пазнаёмілася ў Мінску з вандроўным амерыканцам па прозвішчу Освальд, як ёй собіла выйсці за яго замуж і выехаць у ЗША, як ён паводзіў сябе перад тым ракавым стрэлам і г. д.). Пра сваю жыццёвую драму наваяўленая амерыканка з двайным прозвішчам расказала журналістцы зусім не з нейкіх платанічных меркаванняў, а за адпаведную плату — яна атрымлівае 60 працэнтаў ад агульнай сумы ганарару за кнігу.

У апраўданне газетных рэпарцёраў і літаратараў, якія робяць бізнес на забойствах і трагічных гісторыях, можна ўсё ж прывесці адзін аргумент, можна назваць адну змякчаючую іх віну акалічнасць — яны самі не забіваюць. І не саўдзельнічаюць у забойствах. І не ўкладваюць у рукі забойцы рэвальвер ці вінтоўку. І не прадаюць — я да гэтага хілю — сродкі забойства. Але нехта другі робіць гэта, нажываецца на вытворчасці і продажу апошніх. Гэтыя «нехта», хоць яны асабліва і не афішыруюць сябе — каму хочацца слыць «гандлярамі смерцю»? — маюць, безумоўна, і імя, даволі вядомае і трывалае ў свеце бізнесу: «Рэмінгтон армз», «Сміт энд Весан», «Вінчэсцер» і іншыя фірмы, якія прадаюць рэвальверы, пісталеты і вінтоўкі. Аб маштабах іх «промыслу» гавораць красамоўна такія лічбы: толькі па прыблізных падліках у краіне выпускаецца штогод каля мільёна адзінак агнястрэльнай зброі (узбраенне для вялікай арміі!), у межах аднаго Нью-Йорка, як я ўжо гаварыў, налічваецца каля мільёна яе адзінак.

Статыстыка сведчыць: кожныя дзве з паловай мінуты ў ЗША адбываецца ўзброенае аграбленне, кожныя сорак мінут — забойства. То тут, то там гучаць у краіне, разносячыся трывожным пошчакам, стрэлы. І гэта — не толькі праява росту злачыннасці і беззаконня, гэта — своеасаблівы акампанемент, пад які грамадства свабоднага прадпрымальніцтва робіць бізнес, гукавая ілюстрацыя да справядлівых слоў аб тым, што «вялікі бізнес цяжка адрозніць ад вялікага забойства».

Мноства наркаманаў, якіх сустракаеш на вуліцах Нью-Йорка, пацвярджае наглядна той факт, што існуе і яшчэ адна, хай і незаконная, нелегальная, але тым не менш даходная справа,— гандаль «траўкамі», «салодкай смерцю». Гэты бізнес (поруч з ліхвярствам, ігральнымі дамамі і г. д.) знаходзіцца ў асноўным у руках мафіозі. І апошнія, аб’яднаныя ў кланы і ўзброеныя да зубоў, па-свойму «зарабляюць» мільёны, уносяць у цёмныя і без таго джунглі бізнесу свой цёмны, тлятворны дух — дух драпежнасці, жорсткасці, шантажу, запалохвання, гангстэрызму. На старонках газет з дня ў дзень з’яўляюцца паведамленні, накшталт: адбылося забойства ў чайн-таўне, кітайскім раёне Нью-Йорка, падазраваецца банда, якая займаецца спекуляцыяй наркотыкамі і вымаганнем; актывізавалася дзейнасць гангстэрскіх груп у Сан-Францыска; схапіліся паміж сабой з-за «сфераў уплыву» дзве мафіі ў Лос-Анджэлесе і г. д.

Бізнес і медыцына, меркантыльнасць і ўрач... Здавалася б, што гэтыя паняцці несумяшчальныя, што іх нельга, нават кашчунна ставіць побач. Але тут, на амерыканскай глебе, яны сумясціліся, і даволі паспяхова. Гутарка ідзе не проста аб тым, што амерыканскія ўрачы, увогуле добрыя спецыялісты, адносяцца, як у нас прынята гаварыць, да высокааплачваемай катэгорыі насельніцтва, даволі заможна адчуваюць сябе ў нетрах свайго сярэдняга класа. Бяда ў тым, што многія з іх насуперак сваёй адвечнай прафесійнай этыцы прысягаюць не столькі Гіпакрату, колькі Мамоне, робяцца форменнымі бізнесменамі. Існуе такі анекдот: да амерыканскага ўрача-дантыста прыходзіць хворы. «Адкрыйце...— гаворыць урач.— Ды не рот, а кашалёк. Мне трэба ведаць, якія ў вас грошы, а якія зубы — я ўжо здагадваюся». Вельмі блізкая да сапраўднасці, толькі крышку завостраная сітуацыя. Анамнез амерыканскага ўрача сапраўды пачынаецца з пытання, ці ёсць у хворага грошы. Калі ёсць, то колькі, бо ад гэтага залежыць, па якім, так сказаць, разрадзе яго будуць лячыць. Не без уплыву таго ж фактара ставіцца і дыягназ, выбіраецца метад лячэння. Гэта ж не анекдот і не міф, што каля мільёна амерыканцаў кладуцца штогод пад хірургічны нож без важкай на тое прычыны, без карысці для свайго здароўя, а часам нават і на шкоду яму. Так, у 1974 годзе 12 тысяч такіх вось непатрэбных аперацый закончыліся трагічна, як кажуць медыкі, лятальным зыходам. Вось табе і «не нашкодзь!» — адзін з гуманных дэвізаў урача.

У чым справа? Адкуль гэтая схільнасць да самага рызыкоўнага, радыкальнага метаду лячэння? Аказваецца, куфэрчык проста адкрываецца. Лячэнне тут, як вядома, і без таго дарагое, дзень знаходжання ў бальніцы абыходзіцца пацыенту ў 190 і больш долараў. А ў выпадку аперацыйнага ўмяшання рахунак павялічваецца ў некалькі разоў, лік ідзе ўжо не на сотні, а на тысячы.

Другія амерыканскія аўтары пішуць з трывогай пра захапленне ў раддамах кесаравым сячэннем, якое, як высвятляецца, складае каля 60 працэнтаў ад агульнай колькасці родаў. Кесару — кесарава, нованароджанаму — белы свет, а доктару-акушэру — круглая сума.

У ЗША, робіць вывады статыстыка, праводзіцца ў разліку на душу насельніцтва аперацый больш, чым у любой іншай краіне свету.

Распаўсюджана тут таксама практыка беспадстаўнай шпіталізацыі, неабгрунтаванага медыкаментознага, радыёлагічнага і іншага лячэння. Так, напрыклад, па дадзеных абследавання ў Нью-Мехіка ін’екцыі тэтрацыкліну ў 90 выпадках са 100 былі прадпісаны неабгрунтавана.

Каб набыць у Амерыцы прафесію ўрача, патрэбна шмат грошай (за кожны год навучання — 12 500 долараў). Лячэнне, як вядома, платнае. У дадатак да гэтага — уладарны дух бізнесу. І вось вынікі...

Словам, бізнес робіцца на ўсім — на родах, на росце, на хваробах, на старэнні, на смерці...

І яшчэ — на ілюзіях і бязвер’і, на забабонах і страху, на містыцы і адчужанасці... Тут таксама — па законах рыначнай стыхіі — попыт спараджае прапанову. Плюс да попыту — усё тая ж бязмежная вынаходлівасць амерыканца ў сэнсе здабывання грошай. Па дадзеных газеты «Нью-Йорк геральд трыбюн», некалі год таму назад у ЗША налічвалася толькі ў галіне псіхалогіі 25 тысяч розных спецыялістаў і знахароў. Гэта — шматлікія «псіхалагічныя кансультанты», «эмацыянальныя дарадчыкі», «персанальныя псіхааналітыкі» і г. д. Не страціўшыя здольнасць крытычна мысліць амерыканцы называюць іх у прастамоўі «псіхаквакамі». Але апошнія тым не менш не губляюцца і, робячы стаўку на кліента, які не абцяжарвае сябе крытычным паглядам на рэчы, выгадна прадаюць свае парады, рэкамендацыі, рэцэпты. Да слова сказаць, яны яшчэ спекулююць тут на такой рысе сярэдняга амерыканца, як яго ўпэўненасць, што ўсё можна купіць, калі ты маеш грошы,— у тым ліку адказ на любое пытанне, выхад з любога тупіка, выратавальны круг у любой аварыйнай сітуацыі. Найбольш прадпрымальныя «спецыялісты» ў галіне псіхалогіі і сумежных з ёй навук ствараюць усякага роду «інстытуты», «курсы», «салоны», бяруцца за пяро і пастаўляюць на кніжны рынак усемагчымыя псеўдадапаможнікі, накшталт: «Як не быць адзінокім?», «Як за некалькі дзён дасягнуць поспеху?», «Як жыць не горш за мільянера?», «Як навучыцца смяяцца?», «Як заваяваць кліента?», «Як перажыць атамную вайну?» і г. д. Маюць ці не маюць падобныя «дапаможнікі» якое-небудзь сапраўды пазнавальнае значэнне, але даход сваім хітрамудрым аўтарам прыносяць.

Зыходзячы з некаторых газетных навін, зазначаеш: амерыканцы любяць судзіцца, звяртацца ў судовыя інстанцыі. Як гэта, думаеш, разумець? Што гэта — схільнасць да суцяжніцтва, свайго роду кверулянства? Аказваецца, як гэта ні дзіўна, і тут у некаторых выпадках дае пра сябе ведаць усё той жа дух бізнесу. Калі ў цябе ёсць зачэпка для таго, каб звярнуцца ў суд з іскам, і калі ў дадатак да гэтага ёсць сродкі для таго, каб наняць вопытнага адваката, то ты маеш шанцы тут жа разбагацець, нават стаць мільянерам (амаль як у тым «дапаможніку»). Прыклады? Калі ласка. «84-гадовая амерыканка, нейкая Лілія Дзін з Кінгспарта,— паведамляюць газеты,— прад’явіла іск да касметычнай фірмы «Рэўлан Компані», якая вырабляе мазі, духі, адэкалоны з выцяжак рэптылій. Яна абвінаваціла фірму ў тым, што эмульсіі атруцілі, зрабілі цёмнай яе скуру. Калі на судзе спыталіся, колькі год яна карыстаецца прадукцыяй фірмы, ісціца адказала: нешта каля 25, калі не ўсе 50. І спагнала... 1,5 мільёна долараў».

Другі прыклад «судовага бізнесу». Нейкія муж і жонка Зарык, з Лонг Айленда, звярнуліся ў суд са скаргай, сутнасць якой заключаецца ў наступным: іх дачка атрымала пры нараджэнні траўму мозга, з гэтай прычыны цяжка хварэе, і яны патрабуюць ад бальніцы і акушэра, доктара Роберта Сестары належнай матэрыяльнай кампенсацыі. Пры гэтым скаржнікі спаслаліся на адпаведнае заканадаўства. Вярхоўны суд штата Нью-Йорка прыйшоў да заключэння, што скарга сям'і Зарык дастаткова абгрунтаваная, і пастанавіў выплаціць пацярпеўшай у якасці кампенсацыі 2,5 мільёна долараў. Факт, які можна разглядаць як свайго роду рэванш за няўважлівую да пацыента, але дорагакаштуючую медыцынскую абслугу. І ў першым і ў другім выпадку можна яшчэ гаварыць і пра своеасаблівы контрбізнес. Праўда, падобны «нумар» не заўсёды праходзіць. Вось паведамленне з Дэтройта. Нейкая Кэтрын Торнтан, 47 год, падала скаргу ў суд, у якой патрабуе кампенсацыі страт на 1 мільён долараў. (Стаўка, як бачыце, усё тая ж — не менш як мільён). Яна сцвярджае, што сем год назад, калі ў яе нарадзілася дзіця, медыцынскі персанал памыліўся і выдаў ёй чужое дзіця. Па словах Кэтрын Торнтан, яе дзіця было неспакойнае, у яго была цёмная скура і высокі лоб. А гэтае, што ёй выдалі, аказалася спакойным, з нізкім ілбом і светлым колерам скуры. Суд на гэты раз не прызнаў іск, бо прысяжныя з дапамогай экспертаў прыйшлі да вываду, што служачыя бальніцы не памыліліся. Нейкая Кэтрын Торнтан з Дэтройта ўпусціла апошні, можа быць, у яе жыцці шанс займець мільён.

Такія справы, як сказаў бы герой Курта Ванегута.

У свеце бізнесу — дадам я. У краіне долара.

Знакаміты персанаж са знакамітага «Залатога цяляці», які, дарэчы, таксама марыў пра свой мільён, сцвярджаў, што ў яго «ёсць чатырыста параўнаўча сумленных спосабаў» здабывання грошай. Дзядзька Сэм з уласцівым яму імкненнем біць старыя рэкорды і ставіць новыя пайшоў па гэтым шляху далей. Як піша штотыднёвік «Юнайтэд Стэйтс нью энд уорлд рыпорт», «па дадзеных гандлёвай палаты ЗША прымяняецца каля 800 розных спосабаў ашуканства спажыўцоў з мэтай вымантачыць у іх грошы, і кожны дзень адкрываюцца ўсё новыя». У гэтым шырокамаштабным і няспынным працэсе, у прыватнасці ў вынаходстве новых відаў бізнесу, новых магчымасцей нажывы, прымаюць удзел усе — ад былога прэзідэнта да радавой мадэльершы. Газеты разносяць навіну: Ніксан даў (чытай: прадаў) сваю згоду дапускаць на тэрыторыю яго рэзідэнцыі ў Каліфорніі турысцкія аўтобусы. Праўда, каб згладзіць непрыемнае ўражанне, зроблена гэта з адной агаворкай. Ад яго імя кіраўнік мясцовай гандлёвай палаты заявіў, што грошы пойдуць на пакрыццё выдаткаў, звязаных са святкаваннем нейкай гарадской урачыстасці. (Цікаўныя рэпарцёры задаюць пытанне: «А куды яны пойдуць пасля святкавання?») З Лос-Анджэлеса прыходзіць паведамленне, што тут, пад дэвізам «Паўната — гэта прыгажосць!», адбылася першая буйная выстаўка мод для поўных жанчын. Змяшчаецца фотаздымак, на якім адна з ініцыятарак выстаўкі таўстуха Нэнсі Осцін дэманструе вясельны ўбор уласнай мадэлі, які важыць 273 фунты. Па словах гэтай «рэкардсменкі», амаль трэць амерыканак носіць адзенне вялікіх памераў, паўната і прасторнае адзенне — гэта добра, гэта здорава, гэта прыгожа і г. д. і да т. п. Што з таго? Які сэнс у падобным «шоу», у падобнай папулярызацыі і праслаўленні паўнаты? А гэта ўсё азначае, інфармуе дасведчаная газета, патэнцыяльны рынак са штогоднім абаротам у 22 мільярды долараў. «Князю деньги, белке честь». Поўным жанчынам — маральная падтрымка і слава, а фабрыкантам дамскага адзення — дадатковыя прыбыткі. Ай ды Нэнсі Осцін!

Словам, бізнес. Малы і вялікі. Традыцыйны і новы. Цвярозы і авантурны. «Белы» і «чорны». Адкрыты і падпольны... Так, гэта не выпадкова і гэта сімвалічна, што самыя высачэзныя і імпазантныя будынкі ў ЗША належаць свету камерцыі і бізнесу. З іх акон, з паверхаў іх, з вышыні свайго становішча яго вялікасць бізнес пільна аглядае свае «ўладанні», пануе, задае тон, дыктуе свае законы, прынцыпы і норавы, вызначае ў канчатковым выніку грамадска-палітычныя сутнасць і аблічча краіны.

 

«Тут толькі адзін закон...»

(Працяг папярэдняга раздзела)

І там, за акіянам, і потым, калі я разбіраў і асэнсоўваў свае замежныя запісы, усё спыняўся мысленна, як перад таямнічымі пісьмёнамі на сцяне, перад пытаннем: «Няўжо сапраўды можна рабіць бізнес на ўсім і ўся, без выключэння? Няўжо формула «ўсё прадаецца і ўсё купляецца» — не проста гіпербала, не проста вобразнае выслоўе, а кандэнсат пэўнага рэальнага вопыту, пэўнай рэчаіснасці? Калі гэта так, то мы ж тады маем тут справу з адной з самых сумных і горкіх ісцін, якія ведае свет?»

І кожны раз нью-йоркская вуліца (там — наяве, потым — ва ўспаміне) давала свой недвухсэнсоўны, свой адназначны адказ: «Так!»

І кожны раз яна няўмольна, не пакідаючы ніякіх ілюзій, давала ведаць, што прадметам куплі-продажу з'яўляецца і святая святых , тайная тайных — з’ява полу, людское цела, узаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай.

Гандаль целам, прастытуцыя... Па-даўняму саматужная, індывідуальная, так сказаць (прадстаўніц гэтай «старажытнай прафесіі», не самых удачлівых дачок «грамадства ўсеагульнага працвітання» бачыш на панелі, на бойкіх месцах Нью-Йорка), і па-сучаснаму арганізаваная, пастаўленая, што называецца, на шырокую нагу, абстаўленая па ўсіх правілах амерыканскага бізнесу. За тыя паўгадзіны, пакуль ты ідзеш ад будынка ААН да свайго пастаяннага прадстаўніцтва, у тыя хвіліны, калі прыпыняеш хаду на скрыжаваннях перад светафорам, табе паспеюць уручыць некалькі заваблівых лістовак-запрашэнняў. І гэтыя належным чынам аддрукаваныя і аформленыя лісткі не проста рэкламуюць «чароўных, спакуслівых дзяўчат, якія выдатна валодаюць сабой і сваім целам», не проста абяцаюць «цудоўных жанчын, якія ведаюць цану грошай і таму гатовыя на ўсё, каб зрабіць вас шчаслівымі, даць вам задавальнення больш, чым меў кароль Фарук». Каб крыху закамуфляваць характар свайго бізнесу і заадно зрабіць яго прыцягальным, аўтары зазыўных лістовак спакушаюць патэнцыяльнага кліента яшчэ такімі дабротамі, як «пяшчотна зроблены масаж», «стэрэафанічная музыка для расслаблення», «асвяжальныя душы, ванны і сауна», «дываны ў экзатычным стылі», «надзейныя кандыцыянеры» і г. д. Праўда, трэба аддаць належнае гаспадарам гэтых «райскіх шатаў»,—у якую б апратку яны ні прыбіраліся, як бы ні называлі сябе («салон масажу», «клуб 141», проста «Эрас» і да т. п.),— свае запрашэнні яны заканчваюць на адкрыта дзелавой, камерцыйнай ноце. Напрыклад: «Наша ўстанова працуе 7 дзён на тыдні, 24 гадзіны ў суткі. Усё пералічанае вышэй каштуе 25 долараў. Прымаем усе віды крэдытных картак». Або: «Цана 50 долараў. І толькі! Наш прынцып — цвёрда ўстаноўленая цана. У яе ўключаны ўсе выдаткі, нават чаявыя. Не патрабуецца ніякіх дадатковых расходаў. Прымаецца крэдытная картка». (Маўляў, «фірма венікаў не вяжа», усё пастаўлена як след, як мае быць у любым паважаючым сябе бізнесе).

Такое адчуванне, што, калі перафразіраваць вядомыя радкі Маякоўскага, ляцеў ты на вышыні 10 тысяч метраў, з хуткасцю амаль 1000 кіламетраў у гадзіну, імчаўся амаль за 10 тысяч вёрст «наперад», а прыляцеў... Не проста на некалькі год назад, а ў нейкае іншае, далёкае, невядомае табе мінулае, у нейкую іншую, заснаваную на дзіўных для цябе пачатках цывілізацыю: усё прадаецца, у прыватнасці любоў і ласка, «прымаюцца ўсе віды крэдытных картак...».

Парнабізнес... Існуе і такі. Бянтэжыць, шакіруе, выклікае недаўменне і жах, агіду і пратэст, наводзіць на сумны роздум, зневажае мужчыну і жанчыну, кідае цень на ўвесь людскі род... Але тым не менш існуе. І не толькі існуе, а працвітае. Па звестках, прыведзеных часопісам «Тайм», прыносіць у год больш за два мільярды долараў прыбытку. І не туліцца на нейкіх там задворках ці на цёмных ускраінных вулічках, а прывольна атабарыўся вунь на адной з галоўных магістралей Нью-Йорка, на яго шырокай, шматлюднай, ярка асветленай па вечарах 42-й стрыт. (Адным сваім канцом, дарэчы, вуліца ўпіраецца ў тэрыторыю штаб-кватэры ААН. Недзе тут на ёй — таксама паказальная і па-свойму сімвалічная дэталь,— знаходзіцца і праславуты інстытут Дэйла Карнегі, дзе вучаць, як паводзіць сябе ў свеце бізнесу, каб мець верны поспех, як «набываць сяброў і аказваць уплыў на людзей», і г. д.). Не новы для буржуазнага свету ўвогуле, але параўнаўча новы для заакіянскіх краёў, парнабізнес атрымаў тут «другое дыханне», вядзецца з адпаведнымі зноў-такі абаротлівасцю і бесцырымоннасцю. Тут мала сказаць: парнаграфія, гандаль парнаграфічнай літаратурай і пэўнага гатунку выяўленчай прадукцыяй (кнігі, часопісы, фотаілюстрацыі, «карцінкі» і г. д.). Да справы падключылася кіно з яго велізарнымі матэрыяльна-тэхнічнымі магчымасцямі і фінансавымі сродкамі. Але і гэта яшчэ не ўсё. У індустрыі парнабізнесу пастаўлена «на паток» вытворчасць усемагчымых вырабаў, якія ледзь не ўзведзены ў ранг шырпатрэбаўскай прадукцыі, тавараў, так сказаць, штодзённага карыстання, і ўяўляюць сабой розныя «сараматныя» прадметы, пачынаючы з якога-небудзь «вібратара» і канчаючы шырокім вырабам, пардон, дзетародных органаў (штучных, вядома).

Тут мала таксама сказаць: бізнес на сексе, на сексуальнай эксплуатацыі (ёсць і такое паняцце), на той «ісціне», што, маўляў, «чалавек — істота, якая мае патрэбу ў сексе». Размова ідзе ўжо не толькі аб шчыкатанні палавога інстынкту. Робяць бізнес, нажываюцца на сексапаталогіі, на псіхічных вывіхах і неўратычных адхіленнях, б’юць спажыўца, што называецца, «пад дых» — за яго ж уласныя грошыкі.

Яшчэ ў свой час Марк Твэн з яго праніклівым сацыяльным бачаннем трывожна зазначыў у жыцці краіны такую тэндэнцыю, як «разбэшчванне камерцыйных нораваў». Тэндэнцыя гэтая, як бачым, прагрэсіравала, ішла да свайго лагічнага канца, да адмаўлення ўсякіх нораваў у свеце камерцыі. Прывяла пурытанскую, пратэстанцкую, канфармісцкую і — якую там яшчэ? — Амерыку да мутных патокаў парнабізнесу. Гэтыя два словы «парна-бізнес» (старажытнагрэчаскае і новаанглійскае) павінны былі рана ці позна сустрэцца і злучыцца, і яны сустрэліся і ўтварылі адно з тых паняццяў, якія характарызуюць лінію развіцця грамадства, заснаванага на куплі-продажы.

Пра амаральнасць парнабізнесу гаворыць яшчэ, апрача ўсяго іншага, і той сумны факт, што ў яго ўцягваюцца дзеці. Уцягваюцца не толькі ў тым, ускосным сэнсе, што яны атрымліваюць магчымасць убачыць раней часу «забаронены плод», падгледзець і пачуць рэчы, якія траўміруюць няўстойлівую яшчэ дзіцячую псіхіку. Хоць, безумоўна, такая праблема таксама існуе, мы тут пра яе не раз гаварылі. (На той жа 42-й стрыт можна было назіраць такую жанравую сцэнку: хлапчукі-школьнікі, зладзеявата аглядваючыся, прыніклі да афішы парнафільма, потым подбегам заглянулі ў вітрыну кіёска з яго «парналасункамі»...) Як гэта ні супрацьнатуральна, ні жорстка, дзяцей уцягваюць у гэты бізнес самым прамым чынам, выкарыстоўваюць іх тут у якасці «сыравіны» і «тавару». Фатаграфіі голых дзяўчынак упрыгожваюць вокладкі парнаграфічных часопісаў (а іх тут процьма, нешта больш за дзвесце). Дзяцей прыцягваюць для вырабу самай рознай парнаграфічнай прадукцыі — кніг, фільмаў, выставак. Існуе ўжо і адпаведная цвёрдая такса: за парнаграфічны фотаздымак дзіцяці можна атрымаць ад 150 да 200 долараў. Існуе, натуральна, і пэўная статыстыка. Адзін з «дароў» нью-йоркскай вуліцы аказаўся, у адрозненне ад большасці іх, голасам пратэсту — нумарам часопіса «Плейн трус» («Чыстая праўда»), які выдаецца ў Каліфорніі нейкім грамадскім інстытутам у абарону дзяцей. Гэты часопіс (некамерцыйны, не мае падпіскі, выходзіць за кошт добраахвотных ахвяраванняў) прыводзіць наступныя лічбы: толькі ў адным Нью-Йорку секс як сродак здабывання грошай захапіў 120 тысяч дзяцей; звыш 600 тысяч юных амерыканцаў ад 8 да 14 год уцягваюцца штогод у так званую сексуальную эксплуатацыю, робяцца ахвярамі «ястрабаў» ад парнабізнесу і прастытуцыі. «Можа, больш за два мільёны дзяцей уцякаюць кожны год з дому,— піша часопіс,— і ў іх ёсць толькі адзін спосаб выжыць: гэта спусціць штаны або падняць спаднічку». «Плейн трус» паведамляе таксама з абурэннем пра выпадкі, калі дзеці аказваюцца ў павуціне парнабізнесу па волі бацькоў, прыводзіць прыклад: нехта Норд Белмар, былы авіяінжынер па прафесіі (відаць, зараз не працуе), прапануе фатаграфаваць яго малалетнюю дачку для вокладкі часопіса па цане 200 долараў за кожны сеанс. Бацькі ў такім выпадку, працягвае часопіс, выступаюць у якасці пасрэднікаў — перакупшчыкаў. У другіх выпадках яны проста не займаюцца дзецьмі, глядзяць на іх скрозь пальцы. Калі ім задаеш пытанне, дзе іх сын або дачка, некаторыя адказваюць: «Я не ведаю». У іх, сумна канстатуе «Плейн трус», няма жадання выхоўваць дзяцей, няма часу іх любіць. І вось вынікі...

Паўстае пытанне — я ім тут сам задаваўся не раз,— што гэта могуць быць за людзі, якія робяць бізнес на парнаграфіі, у тым ліку дзіцячай, нажываюцца такім вось непрыстойным, ганебным шляхам? Якія гэта могуць быць людзі? Як яны выглядаюць і як паводзяць сябе дома, у сямейным жыцці? Ці адчуваюць яны гэтыя самыя згрызоты сумлення?.. Несумненна, канечне, што яны не самі па сабе, што яны з’яўляюцца параджэннем і неад’емнай часткай таго грамадства, дзе лічаць, што грошы не пахнуць, што апраўданы любы сродак здабывання іх. «Чалавек, які грабе грошы,— гаворыць з горыччу адзін з субяседнікаў Тэрквала,— не павінен ставіць пад пытанне іх крыніцу. Бо гэта ж Вялікая Амерыканская Мара». І тым не менш пытанні ўзнікаюць, у прыватнасці, наступнае: ці толькі ў пагоні за чыстаганам тут справа? Ці толькі хваробай срэбралюбства тут можна ўсё вытлумачыць?

Даволі пераканаўча адказ на гэтае пытанне я знайшоў у выказванні прагрэсіўнага амерыканскага сацыёлага і філосафа Герберта Апцекера. Адгукаючыся на кнігу Памелы Хэнсфард Джонсан «Пра беззаконне», дзе яна піша, што ўсе «павінны ведаць асноўную прычыну з’яўлення патоку сада-мазахісцкай, жорсткай парнаграфіі», і выказвае думку, што «прычына ўсяго гэтага простая — пагоня за прыбыткам», Г. Апцекер гаворыць: «На наш погляд, гэта непасрэдная прычына, але яна далёка не галоўная». І далей: «Сапраўды, пагоня за прыбыткам існуе ўжо даўно, але асноўная прычына, якая прымусіла місіс Джонсан напісаць сваю кнігу, выяўляецца ў адным слове «патоп» — кніжны рынак літаральна затоплены парнаграфіяй. Але так можа абстаяць справа толькі ў адміраючым грамадстве; у той жа самы час для тых, хто кіруе нашым грамадствам, выданне парнаграфіі і літаратуры, якая смакуе гвалт,— гэта не толькі здабыванне прыбытку, але і насаджэнне бесчалавечнасці». Вельмі важнае, вельмі глыбокае меркаванне. Яно, як бачым, прыадкрывае ідэалагічную падаплёку адной з самых амаральных разнавіднасцей бізнесу, дадае істотны штрых да маральна-палітычнага вобліку тых, хто мае да яе дачыненне,— ад капітанаў бізнесу да радавых, так сказаць, членаў гэтай парнамафіі. Аказваецца, ім мала рабіць грошы, узбагачацца любой цаной, у іх яшчэ ёсць і «звышзадача» — вынішчаць у чалавеку ўсё добрае, светлае, разбураць яго асобу, перарабляць свет па сваім звярыным вобразе і падабенстве. Іх ідэал — духоўна дэградзіраванае грамадства. Сноупсы... Так, ім імя — Сноупсы. Так, менавіта яны — прыгадаем фолкнераўскую трылогію — з іх мёртвай хваткай, з іх прагавітасцю, бяздушнасцю і агрэсіўнасцю пачынаюць гандляваць у сваім патрыярхальным ціхім Джэферсане «недазволеным таварам», адкрываюць фірму, якую не ведаюць яшчэ, як і называць — ці то атэлье, ці то клубам, ці то студыяй — і дзе прадаюць тайком за 25 цэнтаў розныя, знятыя «кодакам», карцінкі, на якіх «мужчыны і жанчыны займаюцца ўсякімі справамі». Праўда, Мантгомеры Уорд Сноупс прадае свае «карцінкі» яшчэ тоячыся, баючыся пакарання з боку закона. Але пачатак ужо закладзены, новы від бізнесу апрабаваны. І ад гэтых саматужна вырабленых і яшчэ забароненых «адкрытак» — адзін крок да ўжо ўзаконеных аўтаматаў-кінетаскопаў, якія стаяць сёння паблізу нью-йоркскага Таймс-сквер і адкрыта прапануюць свой парнатавар,— дарэчы, усё за тыя ж... 25 цэнтаў (традыцыйна цвёрдая стаўка, нічога не скажаш!).

Даводзілася чуць і чытаць, што амерыканцы, каб нейкім чынам апраўдацца і заадно крыху суцешыць сябе, не-не ды і нагадаюць, што парнаграфія імпартавана ім з другога берага Атлантыкі, г. зн. з Заходняй Еўропы. Больш легкаверныя нават спадзяюцца, што гэта — часовае «захворванне»: вось перахварэем — і пройдзе пошасць, і знікне нячыстая сіла. Часам яшчэ ківаюць на мафіозі — гэта, маўляў, іх брудных рук справа. Але тут ігнаруецца той несумненны факт, што парнабізнес, як ужо адзначалася, знайшоў у ЗША спрыяльную глебу, што ён з’яўляецца арганічным параджэннем «сноупшчыны», тыпова амерыканскай сацыяльнай сістэмы, якая ставіць сваёй мэтай «не толькі здабыванне прыбытку, але і насаджэнне бесчалавечнасці».

Узнікае і яшчэ адно пытанне: ці спрабуюць амерыканцы ставіць перашкоды на шляху брудных разліваў парнабізнесу? Ці прадпрымаюць што-небудзь, каб пазбаўляцца ад яго «скверны»? Сёе-тое, як паведамляе друк, у гэтым напрамку робіцца, галасы пратэсту, праўда, стыхійныя, разрозненыя, раздаюцца. Скажам, у адным гарадку баптысты спалілі публічна чарговы нумар часопіса «Плейбой», аб’явіўшы яго «грэшным выданнем». З Лос-Анджэлеса прыходзіць паведамленне: члены школьнага савета патрабуюць забараніць фатаграфаванне дзяцей для вокладак і выставак. Я ўжо гаварыў пра часопіс «Плейн трус». Пад націскам выступленняў грамадскасці ўлады і судовыя інстанцыі вымушаны парой дабівацца пэўных цэнзурных абмежаванняў. Напрыклад, гаспадары кінатэатраў, дзе круцяць парнафільмы, абавязаны папярэджваць гледача пэўным сігналам — звычайна колькасцю зорачак — на афішы аб ступені прыстойнасці (дакладней, непрыстойнасці) чарговага «твора». У некаторых штатах прымаюцца законы супраць дзіцячай парнаграфіі. Але... Усе гэтыя захады паліатыўныя, а законы палавінчатыя, з агаворкамі-пралазамі. Спробы пратэсту часта разбіваюцца аб глухую сцяну «сноупшчыны». Так, напрыклад, даволі нашумелы судовы працэс, які адбыўся ў штаце Канзас па справе выдаўцоў парнаграфічнага часопіса «Скаў», не даў ніякага выніку. Прысяжныя, раскалоўшыся на два лагеры, пяць дзён меркавалі, вырашалі і не прыйшлі да адзінай думкі. Суддзя спыніў справу. Рэдактары часопіса абышліся лёгкім перапудам.

Джулія Донсан-Гербер, спецыяліст па дзіцячай псіхалогіі, прэзідэнт таго самага інстытута, які выдае «Плейн трус», гаворыць: «Пасля таго як прымаюцца захады супраць парнаграфіі, апошняя як быццам знікае з прылаўка, але застаецца пад прылаўкам. Парнабізнес не падпарадкоўваецца ніякім законам, ні божым, ні чалавечым, у яго толькі адзін закон: попыт і прапанова». Сказана моцна і па сутнасці.

 

Пад апекай містэра капітала, або «ІБМ» тут, «ІБМ» там

Адзін з самых ходкіх тэзісаў сучаснай амерыканскай буржуазнай прапаганды — тэзіс аб трансфармацыі капіталізму. Капіталістычны лад, сцвярджае яна, змяніўся да непазнавальнасці: багацеі шчодра дзеляцца ўласнасцю і прыбыткамі са шматтысячнымі масамі трымальнікаў акцый, а кантроль над бізнесам перадалі ў рукі адукаваных менеджэраў, якія толькі і думаюць «пра служэнне грамадстваў» ды «пра інтарэсы нацыі». Эра плутакратыі, паводле гэтай тэорыі, адышла ў нябыт.

Апалагеты сістэмы свабоднага прадпрымальніцтва гавораць яшчэ аб «капіталізме народным», аб «капіталізме дэмакратычным», аб «капіталізме без капіталістаў». А некаторыя ідуць яшчэ далей і лічаць, што нават гэтыя паняцці («капіталісты», «капіталізм») безнадзейна ўстарэлі і іх трэба выкінуць на сметнік гісторыі з-за непатрэбнасці.

Аўтар пасляслоўя да кнігі Б. Селігмена «Моцныя свету гэтага», пра якую я гаварыў ужо ў пачатку, вядомы наш публіцыст-міжнароднік С. Вішнеўскі піша: «Жывучы ў Амерыцы, галоўнай краіне капіталізму, я рэдка чуў слова «капіталізм». «Капіталізм у звычайным сэнсе гэтага слова ў сучасны момант ужо не існуе»,— безапеляцыйна сцвярджаў вучоны Дж. Монсен у кнізе «Сучасны амерыканскі капіталізм». У канцы 1973 года ў Вашынгтоне мне давялося доўга гутарыць з вядомым амерыканскім эканамістам Джонам Кенетам Гэлбрэйтам. У працяглай гутарцы масціты прафесар ні разу не ўжыў слова «капіталісты». Кіраўнікоў амерыканскай эканомікі ён называў не інакш, як «бюракратамі» або «тэхнакратамі».

Нам не даводзілася сустракацца і гутарыць з амерыканскімі вучонымі, накшталт Гэлбрэйта (праўда, некалькі год назад я пазнаёміўся з яго вядомай кнігай «Новае індустрыяльнае грамадства», выдадзенай у нас у перакладзе на рускую мову і прасякнутай ідэяй пераўтварэння капіталізму ў «грамадства ўсеагульнага дабрабыту»). Але вось, насуперак іх сцвярджэнням, з містэрам Капіталам, з яго ўсёабдымнай уладай і «высокай апекай», нам прыходзілася, будучы ў Амерыцы, сустракацца не раз. Прытым гэта адбывалася часта самым нечаканым чынам, у абставінах, калі пераконваешся, што называецца, увачавідкі, на канкрэтным факце ці назіранні.

Самае першае, яшчэ да пачатку сесіі, знаёмства са штаб-кватэрай ААН, з яе скверам, з яе ружоўнікам... І тут раптам даведваешся пра факт, які «працверажае», прымушае задумацца. Аказваецца, да выбару месцазнаходжання ААН маюць самае непасрэднае дачыненне ракфэлераўскія мільёны. Рэзідэнцыя толькі што створанай міжнароднай арганізацыі знаходзілася спачатку ў прыгарадзе Нью-Йорка Лейк-Саксес. Стаяла пытанне аб тым,| дзе і як яна будзе размяшчацца пастаянна, аб будаўніцтве спецыяльнага будынка для цэнтральных устаноў ААН. Ініцыятыву праявіў адзін з дынастыі некаранаваных нафтавых каралёў, Джон Д. Ракфелер-малодшы. Ён купіў за восем мільёнаў участак зямлі на ўскраіне Манхетэна, якая прылягае да Іст-Рывер, і... падарыў гэтую зямлю ААН. (Мушу ў дужках зрабіць наступную агаворку. За гэтым вонкава «каралеўскім» жэстам таіліся, безумоўна, пэўны разлік, добрае веданне той ісціны, што «грошы робяць грошы», калі яны нават фігуруюць у форме такога вось «паднашэння». Ракфелеры ведалі, што рабілі, і не памыліліся. Прытым, як потым стала вядома, яны нажылі на сваім дары не толькі маральны капітал — упісалі сваё імя ў гісторыю першай штаб-кватэры ААН — але, скупіўшы тады нямала зямлі ў суседніх з падараным участкам кварталах горада, добра зарабілі і ў літаральным сэнсе слова. Кожны квадратны дзюйм зямлі цэніцца ў Нью-Йорку на вагу золата).

Яшчэ адна экскурсія па Нью-Йорку — і зноў сутыкаешся з Ракфелерамі, дакладней, з іх прысутнасцю, з іх «маркай», з іх уладным, размашыстым, тлустым «почыркам». На гэты раз — з так званым Ракфелераўскім цэнтрам, цэлым комплексам небаскробаў, пабудаваных па ініцыятыве і за грошы ўладароў канцэрна «Стандарт ойл». Нават раскошныя асабнякі на Пятай авеню, якія будаваў некалі знакаміты Рычард Морыс па заказу багацеяў-мільянераў (Вандэрбільта, Астора і інш.), «бляднеюць» перад гэтым горадам у горадзе, перад гэтым аграмадным архітэктурным ансамблем — матэрыяльна ўвасобленым сведчаннем таго, што значыць капіталіст, што ён можа, што яму па кішэні.

Можа вызначаць па свайму густу архітэктурны воблік горада. І можа вырашаць, каму быць яго мэрам. Гавару, зноў-такі, не ўвогуле, маю на ўвазе канкрэтны факт. Наша знаходжанне ў Нью-Йорку якраз супадала каляндарна з барацьбой за месца мэра горада. Перамог на выбарах прадстаўнік дэмакратычнай партыі нехта Эдвард Коч (ён займае гэтую пасаду і зараз). Перамог — дзякуючы чаму? Так, ён меў, вядома, сродкі для таго, каб весці прадвыбарную агітацыю. Так, ён аказаўся даволі спрытным палітыкам для таго, каб выдаваць сябе за чалавека, які ведае праблемы горада, ведае, як іх вырашыць. Так, ён, адзін з кандыдатаў у мэры, умела рэкламаваў сябе — выступаў па тэлебачанні, ездзіў па горадзе на машыне, хадзіў, змагаючыся за галасы, пяшком па вуліцах Манхетэна і Брукліна і здароўкаўся — вядомы тут метад — з прахожымі за руку. Магчыма, усё гэта і мела пэўны сэнс. Але на паверку высвятлялася, што не гэта, у канчатковым выніку, забяспечыла яму перамогу на выбарах. Губернатар штата Кэры зрабіў на старонках «Нью-Йорк таймс» заяву, у якой растлумачыў, чаму ён падтрымаў Коча, а не яго саперніка Куому. Ён, прызнаўся проста губернатар, «не мог прасіць за Куому тыя фінансавыя колы, якія павінны будуць падтрымліваць яго самога на выбарах у губернатары ў наступным годзе».

Вось так.

Такія справы, як сказаў бы герой Курта Ванегута. (Свядома паўтараю гэтую фразу, бо пра амерыканскія справы бывае лягчэй гаварыць словамі амерыканскага аўтара).

З містэрам Капіталам маеш як правіла справу і тады, калі наведваеш амерыканскія музеі... Значна пашырае тваё ўяўленне пра мастацкую карту свету наведанне «Метраполітэна», шмат новага адкрываеш тут для сябе, атрымоўваеш нямала цікавых звестак. Але як адну з галоўных звестак табе паднясуць тое, што «хросным бацькам» гэтага храма мастацтва быў не хто іншы, як Морган, што гэта ён тут шмат год адзінаўладна панаваў, вяршыў, дыктаваў свае ўмовы, захоўваў свае калекцыі. Пад скляпеннямі выдатнага сховішча унікальных шэдэўраў разам з духам вялікіх мастакоў блукае і цень яго магутнага апекуна, заснавальніка банкірскага дома «Дж. П. Морган энд компані».

Дарэчы, пра «запаветы» Моргана і іншых багатых мецэнатаў, пра тое, на якіх пачатках ствараўся і існуе зараз «Метраполітэн» (яго поўная назва «Метраполітэн музеум оф арт»), сведчаць наглядна і некаторыя яго традыцыі. Так, на мемарыяльнай дошцы, што ўстаноўлена ля галоўнай лесвіцы, выбіты імёны тых, хто ўнёс у фонд музея не менш як 50 тысяч долараў і атрымаў тытул «бенефактара», г. зн. апекуна. Кідаецца ў вочы і такая асаблівасць: на многіх каштоўных экспанатах прымацавана этыкетка са словам «Lent» — «пазычана», «узята ў некага часова». Інакш кажучы, карціна належыць не музею, а ўладальніку прыватнай калекцыі.

«Метраполітэн» у гэтым сэнсе — не выключэнне. Знаёмішся з музеем Радэна ў Філадэльфіі, задумваешся перад яго задуменным «Чалавекам» і яго «Бронзай», а пры выхадзе — бронзавая шыльда прыкуе на момант тваю думку да таго факта, што музей заснаваны дзякуючы мільянеру Юліусу Мастабаўму, які ў свой час падарыў гораду (на пэўных, вядома, умовах) сваю, прыватную калекцыю радэнаўскіх прац. І нават у Вашынгтонскай нацыянальнай галерэі, якая лічыцца больш незалежнай матэрыяльна, бо атрымоўвае, у адрозненне ад іншых музеяў краіны, пэўную дзяржаўную субсідыю (датацыю, як мы гаворым),— нават і тут вам дадуць знаць, якую ролю адыгралі і адыгрываюць сёння ў лёсе музея калекцыі мультымільярдэра Мелана.

Характэрная дэталь: музей не проста ганарыцца той або іншай падаранай калекцыяй як такой, але і тым фактам, што яна трапіла сюды з рук такога-та (імярэк), што яна належала аднаму з «моцных свету гэтага»,— фактам вунь якім прэстыжным. Што ж, калі перафразіраваць вядомае выслоўе, хто плаціць, той вызначае і ўяўленні аб прэстыжы.

І яшчэ адно назіранне, якое самым відавочным чынам }сведчыць аб тым, што капіталізм не «знікае», не «раствараецца ў народзе», што «леапарды не мяняюць плям» — хіба што крыху іх падтушоўваюць, наводзяць на іх больш сучасны «марафет».

Назіранне звязана з «ІБМ».

Што азначае гэтая абрэвіятура, я не ведаў да паездкі ў ЗША, хаця, відаць, і сустракаў яе на старонках друку. Б. Селігмен у сваёй кнізе расшыфраваў яе: «Інтэрнэйшнл бізнес машынз» і ў даволі жывой форме расказаў пра гісторыю ўзнікнення гэтай карпарацыі, якая нажыла мільёны на вытворчасці камп’ютэраў і іншага электроннага абсталявання, пра яе боса Уотсана: «Быў толькі адзін-адзіны пастыр, і яго пастве трэба было ісці за ім, напаўняючы свет песняй:

 

З містэрам Уотсанам на чале

Будзем дасягаць усё новых вышынь

І заваюем нашай «ІБМ»

Ва ўсім свеце аўтарытэт».

 

А ў час нашага знаходжання за акіянам гэтая самая «ІБМ» аказалася лёгкай на ўспаміне, і раз, і другі дала ведаць пра сябе, пра свае «напалеопаўскія» планы і замашкі. Першы раз мы сутыкнуліся з яе камерцыйнай экспансіяй зноў-такі ў музеі. Адбылося гэта так. Даведаліся, што ў музеі сучаснага мастацтва Гугенхэйма (ёсць у Нью-Йорку і такі, знаходзіцца на скрыжаванні Пятай авеню і 89-й стрыт) адкрылася часова выстаўка Сезана, і пайшлі яе паглядзець. Паглядзець было варта, бо, як высветлілася, для выстаўкі былі сабраны вядомыя сезанаўскія шэдэўры з музеяў усяго свету, у тым ліку і з ленінградскага Эрмітажа («Лэдзі ў блакітным», «Нацюрморт» і «Святая Вікторыя»). Але хто, узнікала цікавасць, змог ажыццявіць такую дорагакаштуючую і маштабную аперацыю — сабраць у адну экспазіцыю раскіданыя па розных музеях (і яшчэ па прыватных калекцыях) палотны Сезана? Кім гэта зроблена? Сіламі самога музея ці якой-небудзь Нацыянальнай гуманітарнай федэрацыяй (ёсць такая, мае адносіны да музейнай справы)? Не. На прыкметным месцы ў зале музея красавалася абвестка, якая выключала ўсе крыватолкі на гэты конт, давала ясны, недвухсэнсоўны адказ: «Выстаўка Сезана сабрана і адкрыта з дапамогай амерыканскай кампаніі «ІБМ». Трэба сказаць, што на фоне авеяных блакітна-ружовай смугой імпрэсій вялікага мастака гэтая камерцыйна-дзелавая «пляма» дзейнічала, рабіла ўражанне — на што,{ безумоўна, і разлічвалі служачыя аддзела рэкламы «Інтэрнэйшнл бізнес машынз».

У наступны раз мы сустрэліся з «ІБМ», ужо як са старой знаёмай, на экране тэлевізара. З Лондана трансліравалася перадача, прысвечаная заключнаму этапу чарговага міжнароднага конкурсу «Міс свету». Журы ўрачыста выносіць сваё рашэнне, «каралеве прыгажосці» (гэты тытул прысуджаецца шведцы) уручаюцца адпаведныя, «каралеўскія» знакі (карона, скіпетр). «Міс свету» плача... Усё гэта, як кажуць рэжысёры, «відовішчна», усё гэта — прынадная страва для тэлеспажыўца. Але ў той жа час у цябе такое адчуванне, што гэты конкурс — не самамэта, што за гэтым «шоу» тоіцца нейчая выгада, нейчы камерцыйны разлік (і, можа, у гэтым адна з прычын таго, чаму «міс свету» плача?). Адчуванне гэтае тут жа пацвярджаецца — у заключэнне перадачы цітры на экране шырокавяшчаюць: «Ініцыятыва правядзення і фінансаванне конкурсу «Міс свету» належыць «ІБМ — Інтэрнэйшнл бізнес машынз».

Я не бяруся тут меркаваць, як карпарацыя звязвае адзначаныя «культурныя» акцыі непасрэдна са сваім бізнесам, які камерцыйны эфект атрымоўвае ад іх. Але ясна адно: робіць яна гэта не за дзякуй, не дабрачыннасцю займаецца, а клапоціцца пра курс сваіх акцый. (Дарэчы, нью-йоркскія газеты якраз у гэты час паведамлялі: самая дарагая на фондавай біржы акцыя — кампаніі «ІБМ»). І яшчэ адно ясна: ад яе грошай залежыць, яе мірам мазана і тое, і другое, і трэцяе.

І ў заключэнне яшчэ адзін штрых на тэму: «Сустрэчы з містэрам Капіталам». Так званая замежная камісія нью-йоркскага муніцыпалітэта і консульскі корпус давалі прыём у гонар дэлегатаў, якія ўпершыню прымалі ўдзел у сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сустрэча праходзіла ў будынку пастаяннага прадстаўніцтва ЗША пры ААН. На ёй выступаў і амерыканскі пасол Эндру Янг. Але гаспадыняй прыёму, яго «патроншай» была фактычна міс Фрэнсіс Лоуб, жонка аднаго з дырэктараў вядомай інвестыцыйнай фірмы «Кун, Лоуб энд компані». Менавіта яна — пажылая, але вонкава яшчэ маладжавая, стройная, з застыглымі рысамі твару жанчына,— сустракала запрошаных пры ўваходзе, давала слова дыпламатам, праводзіла гасцей. Менавіта яна прадстаўляла тут грамадскасць горада. І гэта было сімвалічна, гэта выразней за любыя словы гаварыла пра тое, хто з’яўляецца галоўным гаспадаром у амерыканскім доме.

 

Як паведамляе «Нью-Йорк таймс»...

Літаральна на другі дзень нашага знаходжання ў Нью-Йорку, раніцай, нас сабраў кіраўнік дэлегацыі Анатоль Емяльянавіч Гурыновіч і, пацікавіўшыся, як мы ўладкаваліся, як адчуваем сябе ў новай абстаноўцы, паказаў на пухлы стос газетных старонак, што ляжаў перад ім на стале (я прыняў іх за падшыўку):

— Гэта, хто не бачыў, «Нью-Йорк таймс». Сённяшні, нядзельны выпуск. Па нядзелях яна выходзіць у сваім поўным аб’ёме, з усімі сваімі дадаткамі і налічвае больш за пяцьсот старонак. Разлічана на самага рознага чытача... Давайце паглядзім, аб чым яна сёння піша, што прадказвае ў сувязі з адкрыццём сесіі. Павінен сказаць,— усміхнуўся міністр,— газета любіць прадказваць, даваць прагнозы.

З вялікага мноства матэрыялаў, змешчаных у нумары, Анатоль Емяльянавіч вылучыў спрактыкаваным вокам некалькі найбольш важных, прысвечаных палітычнаму жыццю; яны самым наглядным чынам пацвярджалі яго жартаўлівую заўвагу. Газета... прадказвала, якім можа быць выступленне прэзідэнта на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, выказвала свае здагадкі наконт таго, як будзе складвацца надалей лёс дзяржсакратара, ці зможа ён быць першым чалавекам у галіне знешняй палітыкі, паведамляла аб пачатку барацьбы за пасаду мэра Нью-Йорка...

З гэтага моманту «Нью-Йорк таймс», можна лічыць, суправаджала нас тут неадчэпна. Рабочы дзень дэлегацыі пачынаўся, як правіла, з агляду свежай прэсы, і важнае месца ў ім займала «Нью-Йорк таймс», якую атрымоўвала пастаяннае прадстаўніцтва. Да нашых паслуг былі яшчэ і два, ранішні і дзённы, выпускі прэс-бюлетэня міжнароднай інфармацыі. Але першую «порцыю» міжнародных (а таксама і ўнутрыамерыканскіх) навін мы атрымоўвалі, так сказаць, разам з ранішняй кавай са старонак гэтай газеты. Ды і прэс-бюлетэнь часта спасылаўся на яе паведамленні і выказванні.

З «Нью-Йорк таймс» мелі мы справу і ў сценах ААН. На яе спасылаліся ў сваіх выступленнях дыпламаты. Яе можна было бачыць у дэлегацкім салоне і ў залах пасяджэнняў. Адны разгортвалі парыжскую «Монд», другія прабягалі вачыма калонкі лонданскай «Таймс», але пераважала тутэйшая «Нью-Йорк таймс». Гэта тлумачылася, апрача ўсяго іншага, і тым простым фактам, што газета выдаецца тут, побач, усяго за некалькі кварталаў ад штаб-кватэры ААН (няма праблемы дастаўкі). Па залах і калідорах штаб-кватэры расхаджваюць, як дома, акрэдытаваныя тут карэспандэнт і фотарэпарцёр газеты. А «Журнал ААН» звяртае ўвагу дэлегатаў на тое, што «дадатковай даведачнай службай з’яўляецца інфармацыйны банк «Нью-Йорк таймс», які з дапамогай ЭВМ забяспечвае аўтаматычны доступ да звестак па нацыянальных і міжнародных пытаннях». Так што, вядома, цяжка якой-небудзь іншай газеце спаборнічаць тут з «Нью-Йорк таймс».

(Да слова сказаць, і я ў сваім выступленні на сесіі, прысвечаным пытанню аб апартэідзе, паказваючы на супрацоўніцтва заходніх манаполій з расісцкім рэжымам Паўднёвай Афрыкі, мусіў таксама спаслацца: «Па свежых дадзеных газеты «Нью-Йорк таймс», нумар ад 6 лістапада г. г., замежныя капіталаўкладанні ў эканоміку ПАР складаюць на сённяшні дзень прыкладна 20 мільярдаў долараў»).

«Нью-Йорк таймс» («Нью-Йоркскі час») з’яўляецца, як вядома, адным са старэйшын амерыканскай буржуазнай прэсы, адным з яе стаўпоў. І калі ў сэнсе ўзросту ў яе яшчэ могуць знайсціся тут саперніцы, скажам, тая ж «Чыкага трыбюн», якая таксама выдаецца з сярэдзіны мінулага стагоддзя, то па іншых параметрах газета, відаць, не мае сабе роўных, займае флагманскае месца ў бурлівых водах буржуазнай журналістыкі краіны. За ёй трывала замацаваліся эпітэты: «вядучая», «рэспектабельная», «уплывовая». Гаворачы на мове бізнесу, пра яе яшчэ можна сказаць: «преуспевающая». Дарэчы, у тым, як у газеты ідуць справы, я мог аднойчы пераканацца нават па такой, візуальна адзначанай дэталі: у раёне Таймс-сквер, на вуліцы, што прылягае да рэдакцыі і друкарні газеты, стаяла доўгая калона велічэзных аўтафургонаў з надпісам на бартах: «Нью-Йорк таймс» — выходзіў у свет, адпраўляўся да чытача тыраж чарговага нумара выдання. Не ведаю дакладна, як наогул у выдаўцоў газеты пастаўлена экспедыцыя, якія транспартныя сродкі выкарыстоўваюць яны для распаўсюджвання сваёй друкаванай прадукцыі, але ўжо адна гэтая аўтакалона красамоўна гаварыла і пра адпаведны маштаб справы, і пра тое, хто тут фарміруе грамадскую думку.

Асаблівасцю, свайго роду фірменным знакам «Нью-Йорк таймс» з’яўляецца яшчэ тое, што, колькі яна сябе помніць, столькі ўсё хваліцца сваёй аб’ектыўнасцю — друкуе на першай паласе свой нязменны дэвіз, які ў перакладзе прыкладна азначае: «Усе прыгодныя навіны друкуюцца».

Гэты хвалёны дэвіз можна ацаніць адназначна: «Ну і ну!» Пры бліжэйшым разглядзе ён і сам па сабе не здаецца ўжо такім прывабным, выклікае сумненні, накшталт: «Для каго прыгодныя? Каму выгадныя? З якога пункту гледжання ацэньваецца прыдатнасць гэтай самай навіны? З камерцыйнага (навіна — тавар, інфармацыя — грошы?). Ці ўсё ж з ідэалагічнага?» Ды справа не ў дэвізе, не ў той «візітнай картцы», якую нам дэманструе газета. Справа, вядома, у нечым больш істотным — у яе сапраўднай ідэйна-палітычнай скіраванасці.

І тут мне хочацца сказаць некалькі слоў аб тым, як выглядае гэтая самая «аб’ектыўнасць» «Нью-Йорк таймс», калі размова заходзіць пра нас, савецкіх людзей, пра нашу краіну.

Адзін даволі пераканаўчы ўрок мы атрымалі пры наступных абставінах. Амаль адначасова з намі ў Нью-Йорк прыляцелі на гастролі артысты савецкай эстрады і сярод іх — нашы «Песняры». Мулявінскі ансамбль быў тут і раней, з год назад, зрабіў вялікае турнэ па паўднёва-ўсходніх штатах, сабраў немалую прэсу («Песняроў» нават, нагадваю з прыемнасцю, запрашалі выступіць у папулярных тэлепраграмах, адна з галоўных у краіне фірмаў грамзапісу адкрыла для іх на некалькі гадзін сваю студыю і г. д.). На гэты раз нашы славутыя спевакі прыехалі разам з украінскімі танцорамі, балетнай групай выпускнікоў Вялікага тэатра, грузінскім ансамблем «Арэра» і г. д. Па дамоўленасці з амерыканскімі імпрэсарыё нашы артысты павінны былі два тыдні выступаць у Нью-Йорку, а затым адправіцца ў трохмесячную паездку па іншых вялікіх гарадах Амерыкі. Напачатку ўсё ішло як быццам бы добра. Прыезд артыстаў савецкай эстрады рэкламаваўся, у тым ліку і на старонках «Нью-Йорк таймс». У раздзеле камерцыйнай рэкламы была змешчана рэпрадукцыя афішы, у цэнтры якой — артысты ансамбля «Песняры», і адпаведны анонс («Адна з найбольш папулярных труп, што наогул калі-небудзь выступала на сцэне... Музыка! Танцы! Цырк! Камедыя!»). Было абвешчана таксама аб продажы білетаў. Па іх цане — ад 17,5 да 13 долараў — можна таксама было як быццам бы прадказваць поспех.

Ды вось нечаканасць. Праз дзень-другі пасля таго, як гастролі пачаліся (яны ішлі ў памяшканні тэатра «Маджэстык», што на 44-й вуліцы, побач з Брадвеем, мы пабылі на адным канцэрце і мелі магчымасць паслухаць, як гучыць песня «Ой, рана на Йвана» на амерыканскай сцэне), мы раптам даведваемся: у нашых артыстаў непрыемнасці, іх выступленні зрываюцца, не пратрымаўшыся на нью-йоркскіх падмостках і тыдня. У чым справа? Якія прычыны? Аказваецца, асноўная прычына ў тым, што нью-йоркскія газеты, і перш за ўсё «НьюЙорк таймс», далі пераважна адмоўныя рэцэнзіі. Аднаму музычнаму крытыку не спадабалася тое, што, напрыклад, ансамбль «Арэра» ўключыў у свой рэпертуар тры амерыканскія песні (дарэчы, адну амерыканскую песню спрабавалі выконваць і «Песняры»). Ён не ацаніў па вартасці гэты дружалюбны жэст, больш таго — назваў яго «ўпакоўкай на экспарт». Другому крытыку, рэцэнзенту з «Нью-Йорк таймс», не прыйшлося даспадобы тое, да чаго якраз, можа, і імкнуліся складальнікі праграмы — зрабіць яе не толькі разнастайнай у жанравых адносінах, але і прадстаўнічай у нацыянальным сэнсе. І ён у безапеляцыйным тоне заявіў, што «праграма дзейнічае, быццам стэнды з сувенірамі ў аэрапорце». І хаця гэтыя ацэнкі, як бачым, не мелі пад сабой сур’ёзных падстаў, насілі прыдзірлівы, палітычна афарбаваны характар,— яны адыгралі сваю адмоўную ролю, вырашылі лёс гастроляў. Бо, апрача ўсяго іншага, былі яшчэ раўнацэнныя камерцыйнай антырэкламе. А сярэдні амерыканскі спажывец выхаваны так, што гатовы раскашэльвацца толькі тады, калі атрымаў перад гэтым адпаведную «порцыю» рэкламнай агітацыі.

Вядома, «Нью-Йорк аймс» і ў дадзеным выпадку спрабавала пагуляць у сваю хвалёную аб’ектыўнасць, захаваць добрую міну пры не вельмі добрай гульні. Яе музычны крытык выказаў і некалькі кампліментаў у адрас савецкай эстрады, у прыватнасці, у адрас нашых «Песняроў». Песня «Ой, рана на Йвана» была нават названа ў рэцэнзіі «незвычайным нумарам вечара», аддавалася належнае «ўмелай рокавай, кантрапунктнай апрацоўцы народных мелодый» і г. д. Але справа ўжо была зроблена, нашы праслаўленыя спевакі і музыканты мусілі збірацца дадому раней часу.

Такім чынам, калі рэзюміраваць, «Нью-Йорк таймс» у прыведзенай гісторыі забівала адразу некалькі зайцаў: зарабіла на публікацыі афішы, захавала вонкава вернасць свайму праславутаму дэвізу, а ў канчатковым, больш сур’ёзным выніку праявіла сваю сапраўдную сутнасць — прыклала руку да байкоту нашай савецкай эстрады, да чарговай вылазкі ворагаў культурнага абмену паміж дзвюма вялікімі краінамі. (Прыгадаю, дарэчы, і той факт, што першыя, паспяховыя гастролі «Песняроў» у ЗША газета абышла сваёй увагай, хаця звычайна яна асвятляе такія падзеі).

І яшчэ адзін эпізод, які сутыкнуў нас, што называецца, твар у твар з вядучай амерыканскай газетай. Як я ўжо расказваў, наша першая спроба пазнаёміцца з Нью-Йоркам скончылася даволі драматычна. Калі ўжо вярталіся да сябе, то літаральна за некалькі крокаў ад пастаяннага прадстаўніцтва сутыкнуліся з антысавецкім зборышчам. Назіралі мы яго дэманстрацыю потым ужо праз вокны, не ведаючы дакладна, з кім маем справу. Выказваліся розныя здагадкі, але дакладна на той момант не ведалі. І тут зноў-такі не абышлося без «Нью-Йорк таймс». Яна, аказваецца, усё ведала, бо назаўтра раніцай, праяўляючы зайздросную аператыўнасць і дасведчанасць, паведамляла, што зборышча правяла такая-та ўкраінска-нацыяналістычная арганізацыя, што ўзначальвае яе такі-та (імярэк). Тут жа давалася інтэрв’ю з гэтым «дзеячам», стваралася яму, па сутнасці, палітычнае паблісіці (што яму і трэба было). Друкавалася ўся гэта інфармацыя пад шматзначным загалоўкам «Паліцыя ахоўвае савецкую місію».

Нумар за нумарам, старонка за старонкай, і ў цябе ўжо не застаецца ніякіх сумненняў адносна таго, чыім у сапраўднасці органам з’яўляецца «самая аб’ектыўная» амерыканская газета, чые інтарэсы яна абараняе і мэты якога класа яна праводзіць у жыццё, на чый млын ілье ваду. Вядомая справа — і на млын «халоднай вайны». «Калі з боку СССР няма пагрозы,— правакацыйна ставіць «Нью-Йорк таймс» пытанне,— то які сэнс у разрадцы, ва ўступках з боку ЗША?» Вымушаная канстатаваць той факт, што «многія бізнесмены, якія працуюць у Маскве, перакананы: савецка-амерыканскі гандаль натуральны і непазбежны», спасылацца на словы афіцыйнай асобы: «Мы — дзве краіны з самымі моцнымі эканамічнымі сістэмамі ў свеце, і мы можам дапаўняць адзін аднаго»,— газета ў той жа час, не тоячы асабліва сваіх палітычных сімпатый і антыпатый, выказвае нездавальненне той або іншай прыкметай нармалізацыі нашых узаемаадносін. Чарговы свой артыкул яна змяшчае пад адпаведна афарбаваным загалоўкам: «СССР выклікае шмат заклапочанасці сваёй знешнегандлёвай дзейнасцю». (Той самы, да слова, артыкул, дзе ўспамінаецца і супрацоўніцтва з фірмай, якая прадае ў ЗША і Канадзе трактар «Беларусь»).

Наогул газета, нягледзячы на сваю рэспектабельнасць і вонкавую «верацярпімасць», любіць падліваць масла ў агонь. Так, скажам, з таго факта, што савецка-амерыканская заява па Блізкім Усходзе была неспрыяльна сустрэта некаторымі членамі кангрэса, «Нью-Йорк таймс» робіць тут жа далёка ідучы, абагульняючы вывад, піша, што, маўляў, гэтая крытыка «адлюстроўвае эвалюцыю моцнага антысаветызму ў кангрэсе і ў іншых сферах амерыканскага жыцця, уключаючы ліберальнае крыло дэмакратычнай партыі». Так гэта на самай справе ці не так, ці жаданае выдаецца за сапраўднае, але, як кажуць, напісана пяром, надрукавана... З падобных пазіцый асвятляюцца на старонках газеты і іншыя падзеі. У канцы кастрычніка 1977 года ўрад ЗША прыняў рашэнне аб выхадзе з Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Гэтае рашэнне, прынятае не без націску сумнай памяці Джорджа Міні, выклікала адмоўную рэакцыю прагрэсіўнай сусветнай грамадскасці. Вальдхайм назваў яго «несвоечасовым і неразумным», характарызаваў як «рэгрэсіўны крок». Але вось што датычыць нашай «Нью-Йорк таймс», то яна гэты, рэальны бок справы абышла, а стала па-свойму вытлумачваць сітуацыю: маўляў, МАП «палітызавалі», МАП «трапіла пад уплыў СССР», «займаецца савецкай прапагандай» і г. д. Нават каменціруючы такую, здавалася б, бяскрыўдную падзею, як рашэнне Картэра вярнуць Венгрыі яе нацыянальную рэліквію — карону святога Стэфана, газета знаходзіць магчымым «падпусціць шпількі» ў наш бок і ў адрас «усходнееўрапейскіх краін, звязаных з СССР».

Красамоўным сведчаннем «аб’ектыўнасці» газеты можа служыць наступны факт: на ўсім працягу нашага трохмесячнага знаходжання ў ЗША, з нумара ў нумар, з паслядоўнасцю, вартай лепшага прымянення, і ўвагай незвычайнай апякала «Нью-Йорк таймс» на сваіх старонках так званых «дысідэнтаў» і «невяртанцаў». Выдаючы іх за «мучанікаў», газета падрабязна паведамляла пра іх саміх і іх дамачадцаў, брала ў іх інтэрв’ю, з замілаваннем расказвала,— апошні матыў асабліва падкрэсліваўся,— як іх тут сустракаюць, прывячаюць ды ўладкоўваюць. На палітычную падаплёку часам накідваўся флёр жыццёвага поспеху, такога блізкага сэрцу амерыканца. Так, ледзь не паказальны ўзор таго, як трэба ўладкоўвацца ў гэтым жыцці — вядома, у духу амерыканскіх стандартаў,— рабіла газета з аднаго колішняга нашага музыканта, які некалькі год назад перабег сюды са сваёй віяланчэллю і жонкай-спявачкай. Такі-та, спяшалася паведаміць газета, атрымоўвае яшчэ адно, адзінаццатае па ліку доктарскае званне, на гэты раз ад... каталіцкага універсітэта Вашынгтона (знайшлі неафіта!), ён жа, наступная сенсацыя, становіцца дырыжорам нацыянальнага сімфанічнага аркестра (бачыце, маўляў, як у нас цэняцца музычныя таленты, якія вакансіі займаюць з ходу!). У выглядзе рэкламы газета змясціла рэпрадукцыю вокладкі штотыднёвіка «Тайм», дзе даваўся партрэт новаяўленага вашынгтонскага дырыжора і друкаваўся вялікі артыкул пра яго.

Не ведаю, ці ўзнікала ў рэдактараў «Нью-Йорк таймс» адчуванне, што гэты флірт са срэбра-славалюбівым музыкантам патыхае камерцыйнай здзелкай па прынцыпу «ты —да нас, ты — нам, а мы — табе». Але, па ідэі, такое адчуванне павінна было ў іх узнікаць.

Тут чытач мае права мяне перабіць і сказаць: «Вось яно як. Але вы нічога не гаворыце пра тое, ці цікавіцца газета штодзённым, так сказаць, нармальным жыццём нашай краіны. Не можа ж тут яна — з яе ўсюдыіснасцю і палітычнай актыўнасцю — не цікавіцца, не праяўляць увагі? Яна ж, здаецца, мае і свайго карэспандэнта ў Маскве? А калі больш-менш цікавіцца, то на якія факты і з’явы звяртае свой «аб’ектыўны» погляд, у якім святле іх паказвае?» Скажу адразу: у гэтым сэнсе «Нью-Йорк таймс» цікавасці яўна не хапае. Наколькі ўважлівая яна да ўсякага роду адшчапенцаў, настолькі ёй няма справы да таго, як і чым жыве сярэдні, так сказаць, савецкі чалавек. Калі ж газета і звяртаецца да савецкай тэмы, то ў яе тут свой падыход, свой ракурс, сваё люстэрка, часцей за ўсё крывое. Чытаем: «Сексуальная рэвалюцыя ў СССР і мараль». Што за рэвалюцыя? Калі яна адбылася? Як ад’язджалі, нічога такога як быццам не назіралася. Аказваецца, артыкул пад такой шматзначнай і інтрыгуючай назвай выкліканы выступленнем нашай «Литературной газеты», у якім размова ішла пра незаконнанароджаных дзяцей, пра маральны і юрыдычны статус маці-адзіночак. Праз нейкі час у газеце з’яўляецца карэспандэнцыя на тэму... «гомасексуалісты ў СССР». Змяшчаецца артыкул пра гістарычныя выдатнасці Ленінграда, аўтар аддае належнае помнікам даўніны, але зусім абыходзіць сучаснае жыццё горада. Змест іншых паведамленняў зводзіцца да трывожнай перасцярогі: «СССР выпрабоўвае новы самалёт», «Расія выпрабоўвае новыя ракеты» і г. д.

Знаёмячыся нумар за нумарам з «Нью-Йорк таймс», пачынаеш разумець не вельмі зразумелую да гэтага, парадаксальную сітуацыю — чаму сярэдні (і не толькі сярэдні) амерыканец, да паслуг якога столькі газет, столькі каналаў тэлебачання, столькі радыёпраграм, столькі, словам, пастаўленых на індустрыяльна-электронную аснову сродкаў масавай інфармацыі і які, здавалася б, павінен быць ва ўсіх адносінах дасведчаным, чаму ён так мала ведае пра нашу краіну, мае такое скажонае ўяўленне пра нас, савецкіх людзей (а што гэта менавіта так — гавораць самі амерыканцы пры сустрэчах з нашымі людзьмі). Вопыт «Нью-Йорк таймс» тут сёе-тое вытлумачвае. Насуперак свайму «фірменнаму» дэвізу яна ўсё ж друкуе не ўсе навіны, вартыя ўвагі. Далёка не ўсе.

 

«Ёсць зямля жывых і зямля мёртвых...»

Складвалася такое ўражанне, што Амерыка ўвогуле не забывае сваю гісторыю, у прыватнасці сваіх «бацькоў-заснавальнікаў», другіх сваіх заслужаных людзей — генералаў, грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, вынаходцаў, бізнесменаў і г. д., помніць іх усіх — ад першага прэзідэнта да таго адстаўнога палкоўніка, які вынайшаў у свой час новы спосаб смажання куранят (ці не з яго лёгкай рукі ўвайшло ў сусветнае меню «кураняці табака»?). Ну так. Знаёмячыся з Нью-Йоркам, вы ўбачыце не толькі трыумфальную арку ў гонар Вашынгтона, скульптурныя помнікі дзяржаўным мужам ці, скажам, масіўную мемарыяльную дошку, якая, чорным па беламу, паведамляе, калі і кім была заснавана на Уол-стрыце небезвядомая біржа, але і затрымаеце ў нейкі момант свой позірк на маляўнічым рэкламным штандары, які развяваецца на адным бойкім месцы горада і дзе эфектна красуюцца партрэт гэтага самага палкоўніка і назва створанай ім фірмы — «Кентакі Фрэйд чыкен», г. зн. «Кентукскія смажаныя кураняты» (характэрная для краіны рэч — услаўленне напалам з камерцыйным разлікам).

Або такое назіранне: ляпны ці графічны вобразатвор прэзідэнта, таго ж, да прыкладу, Кенэдзі, можна ўбачыць і тут, і там і пры ўваходзе ў бібліятэку, і ў музеі васковых фігур, і ў магазіне масак, і г. д.

Значную частку сваіх уікэндаў мы выкарысталі для падарожжаў па краіне і, натуральна, знаёміліся з помнікамі, з гістарычнымі і культурнымі выдатнасцямі. Мы мелі магчымасць наведаць вядомы кожнаму амерыканцу Дом Незалежнасці ў Філадэльфіі, паглядзець вастраверхі, узвіты пад неба абеліск у памяць Вашынгтона і светламармуровы мемарыял Лінкольна ў сталіцы краіны, убачыць той самы славуты бостанскі прычал, дзе адбыўся гістарычны «чайны бунт» (ён з’явіўся своеасаблівым сігналам да рэвалюцыйна-вызваленчай вайны за незалежнасць). Нават у час паездкі на Ніягару, да Вялікіх азёр (самай далёкай, бо гэтыя цуды прыроды знаходзяцца на мяжы з Канадай) мы знаёміліся з гістарычным сімвалам гэтага кутка ЗША — з фортамі, якія засталіся з часу франка-англійскай вайны за каланізацыю кантынента. Галоўны форт, даведваліся мы, носіць цяпер назву «Дзверы пяці нацый» і, як сведчыць надпіс (на французскай мове), ператвораны ў помнік, каб быць «знакам добрай міжнароднай волі». Маўляў, забудзем мінулае...

Дарэчы, на высокім беразе Ніягары нам натрапілася магіла аднаго з правадыроў племя абарыгенаў, заснавальніка Нацыянальнай лігі абароны індзейцаў Клінтана Рыхерда (яго амерыканскае імя). Пражыўшы дзевяноста з нечым год, ён памёр і пахаваны тут па яго жаданню — першапачатковы гаспадар гэтай зямлі — у чэрвені 1971 года. Вартая, відаць, увагі дэталь: пра індзейскага правадыра і грамадскага дзеяча нам нічога не паведамлялі ні турысцкі даведнік, ні мясцовы музей, пра яго мы выпадкова даведаліся з надпісу на надмагільным камені.

Гаворачы пра адносіны амерыканцаў да сваёй гісторыі, мушу зазначыць і такі момант: побач са сваімі суайчыннікамі яны ўвекавечылі ў той ці іншай меры і памяць выдатных сыноў другіх народаў, якія прымалі ўдзел у амерыканскай рэвалюцыі,— Гарыбальдзі, Лафайета, Касцюшкі і інш. З Тадэвушам Касцюшкам, звязаным, як вядома, сваім паходжаннем і з нашай беларускай зямлёй (вось як усё пераплецена ў невялікім усё-ткі нашым зямным свеце), мы сустрэліся нават двойчы — першы раз у Філадэльфіі (помнік у скверы Незалежнасці), другі раз у Вашынгтоне, у час агляду Капітолія (тут устаноўлены бюсты ўдзельнікаў вайны за незалежнасць).

«Ёсць зямля жывых і зямля мёртвых, і мост паміж імі — любоў, адзіны сэнс, адзіны паратунак». Гэтыя уайлдараўскія словы прыгадаліся мне ў час адной экскурсіі. Але ці заўсёды, прыходзіла пытанне, бронза і мармур азначаюць, што «мост» сапраўды існуе, што сапраўды прысутнічаюць любоў і пашана? Бо, як вядома, адна справа — матэрыяльныя памяткі і сімвалы і другая справа — рэальныя адносіны грамадскай свядомасці да мінулага, адна справа — афіцыйнае, параднае ўшанаванне (ну, скажам, барабанны бой і фанфары ў сувязі з 200-гадовым юбілеем рэспублікі) і другая — сапраўдная жывая памяць, гэтая самая незарастаючая «народная сцяжына». І тут мы атрымоўвалі самыя розныя, часам супярэчлівыя звесткі, маглі пачуць, напрыклад, што амерыканцы асаблівай пашаны, тым больш піетэту, не выказваюць у дачыненні да помнікаў і мемарыяльных збудаванняў. Асабліва што датычыць моладзі, падлеткаў, гэтых самых «тынэйджараў». Тым, расказвалі нам, нічога не варта зрабіць які-небудзь фрывольны надпіс на пастаменце ці размаляваць з якой-небудзь нагоды бронзавага героя. У Новым Арлеане існавала нават пэўны час традыцыя: перад бейсбольным матчам школьнікі расфарбоўвалі помнік губернатару ў колер той каманды, за якую хварэлі. Улады штата забаранілі потым гэты «рытуал», ды і то па той толькі прычыне, што дорага каштавала ачыстка помніка пасля матча — нешта каля 60—70 долараў.

Я ўпамянуў вышэй магазін масак. У гэтай нью-йоркскай крамцы — так будзе дакладней яго назваць — шаржыраваныя маскі прэзідэнтаў прадаваліся побач з усялякай непатрэбшчынай (самыя розныя выявы ўродлівасці, непрыстойныя малюнкі і г. д.).

Ды нас, вядома, не турбавалі асабліва ўзаемаадносіны новаарлеанскіх школьнікаў-падлеткаў з іх увекавечаным у бронзе губернатарам. Тым больш што нам нічога не было вядома пра яго заслугі перад радзімай і народам. Не такімі ўжо неабходнымі былі для нас і звесткі наконт былых ваенных умацаванняў у аколіцах возера Антарыё. Нас больш цікавіла і непакоіла нешта іншае — наколькі помняць амерыканцы і ведаюць іх дзеці пра гісторыю новую, яшчэ свежую ў памяці старэйшага пакалення, пра вайну, у якой мы былі саюзнікамі і якую скончылі незабыўнай пераможнай вясновай сустрэчай на берагах Эльбы. Мы шукалі прыкметы і доказы гэтай памяці. Зрэдку — намнога радзей і скупей, чым чакалі,— яны трапляліся. У сядзібе-музеі Ф. Д. Рузвельта між іншых экспанатаў убачылі на адной з сямейных рэліквій надпіс: «Прэзідэнту Фр. Д. Рузвельту ў памяць дня ўступлення саюзных амерыканскіх і брытанскіх войск у Паўночную Германію. Ад яго сябра Іосіфа В. Сталіна. 6.УІ.1944 г.». На адным з фотаздымкаў — удава Рузвельта з савецкімі кіраўнікамі... Але нават тут, у Гайд-парку, дзе жыў і працаваў прэзідэнт, дзе можна пачуць яго запісаны па плёнку голас, які заклікаў Амерыку змагацца з фашызмам, нават тут — такое ў нас было ўражанне — не аддавалася належнае той ролі, якую адыграў савецкі народ у справе разгрому гітлераўскай Германіі.

Безумоўна, многія працоўныя, прагрэсіўныя амерыканцы, у прыватнасці тыя, што зведалі вайну на ўласным вопыце, накшталт аўтара «Бойні нумар пяць», не забываюць, што такое фашызм і якой цаной была здабыта перамога над ім. У Чыкага і некаторых іншых гарадах ЗША існуюць нават арганізацыі «Амерыканскія ветэраны сустрэчы на Эльбе». Але вось што датычыць амерыканцаў маладзейшых, пасляваенных пакаленняў, то тут малюнак іншы. У патоку газетнай інфармацыі трапілася характэрная ў гэтым сэнсе заметка, перадрукаваная з газеты амерыканскіх узброеных сіл у Заходняй Германіі «Старз энд Страйпс». «Што ведаюць амерыканскія школьнікі пра Гітлера?» — такім пытаннем задалася газета і правяла аналіз школьных сачыненняў амерыканскіх падлеткаў, якія навучаюцца ў ФРГ. Добрая палавіна сачыненняў паказала, які туман пануе ў галовах юных амерыканцаў адносна фігуры Гітлера. Вось некаторыя вытрымкі: «Гітлер — гэта нейкі ненармальны, які прыехаў у Германію, здаецца, з Італіі», «Гітлер у час вайны ўварваўся ў Японію», «Гітлер жыў у перыяд паміж 1860 і 1920 гг. і памёр перад першай сусветнай вайной», «Гітлер быў цудоўны хлопец, які хацеў прынесці карысць гэтай краіне»... Але рэкорд пабіў, паведамляе газета, дамарослы грамацей, які напісаў: «Гітлер — камуніст і кіраўнік Усходняй Германіі». Газета малюе далей даволі змрочную карціну выкладання гісторыі ў амерыканскіх школах і суцяшае сябе толькі тым, што «ў самой Заходняй Германіі справа пастаўлена яшчэ горш».

«Старз энд Страйпс» піша пра школьнікаў, пра выкладанне гісторыі ў школах. Але прыблізна тая ж сітуацыя — што яшчэ больш сумна — назіраецца і ў амерыканскіх коледжах і універсітэтах. Апытванні паказваюць, што вялікі працэнт амерыканскіх студэнтаў дрэнна арыентуецца ў падзеях мінулай вайны і мас вельмі невыразнае, а то і зусім скажонае ўяўленне аб тым, які ўклад унёс у гістарычную перамогу Савецкі Саюз. Справа даходзіць нават да таго, што некаторыя адказы выглядаюць так: «Савецкі Саюз ваяваў на баку Германіі і Японіі супраць ЗША», «Савецкі Саюз першы напаў на Германію» і г. д. Праўда, тут ужо даюць ведаць не толькі невуцтва папалам з абывацельскай абыякавасцю, але і вынікі антысавецкай прапаганды, «прамывання мазгоў» у духу «агрэсіўнасці Саветаў», «камуністычнай ваеннай пагрозы» і да т. п.

Вядома, мінулая вайна была для ЗША іншай, чым для нашай краіны,— іншай па палітычных абставінах, па ідэалагічнай афарбоўцы, па маштабах і колькасці ахвяр. Як правільна заўважана ў адной кнізе, прысвечанай амерыканскім уражанням, «братніх магіл тут няма, кожны пахаваны асобна». Няма тут, дададзім, ні Піскароўскіх могілак, ні Мамаева кургана, ні Хатынскага мемарыялу. Дакладна падлічана,— была ў дадзеным выпадку такая магчымасць: падлічыць з дакладнасцю да кожнай чалавечай ахвяры,— што ЗША страцілі ў другой сусветнай вайне 291 555 чалавек. Гэта значыць — у некалькі разоў менш, чым адна наша маленькая Беларусь. Таму амерыканская прэса і можа дазволіць сабе такую, я б сказаў, раскошу, як параўнанне колькасці ахвяр ад розных прычын, звязаных з вайной і з ёй не звязаных, можа апеліраваць да наступнай статыстыкі: «За 200 год сваёй гісторыі ЗША згубілі забітымі і раненымі ў войнах 652 тысячы чалавек, а за 76 год бягучага веку ў аўтамабільных катастрофах загінула больш чым 2 мільёны чалавек. Толькі ў 1975 годзе ў выніку дарожных здарэнняў загінула і было знявечана 4 мільёны чалавек. Гэта намнога больш,— заключае сваё даследаванне «Вашынгтон пост»,— чым было ранена і забіта амерыканцаў ва ўсіх войнах, якія калі-небудзь вялі ЗША».

Інакш кажучы, існуюць аб’ектыўныя прычыны, якімі можна вытлумачыць, чаму памяць мінулай вайны ў амерыканца не такая балючая, як у савецкага чалавека (не будзем параўноўваць амерыканскіх і нашых старэнькіх матак, якія так і не дачакаліся сваіх сыноў з палёў вайны, матчына гора ўсюды аднолькавае). Але як бы там ні было, нікому не дадзена права на «правалы памяці» і, у прыватнасці, на забыццё таго гістарычнага факта, каму свет абавязаны перш за ўсё сваім выратаваннем ад карычневай чумы (тым больш што яе праявы даюць сёння пра сябе ведаць то там, то тут, у тым ліку і ў ЗША, пра што я яшчэ буду гаварыць).

Да гонару часткі амерыканцаў мушу адзначыць, што яны і самі разумеюць, што да чаго, і робяць усё ад іх залежнае, каб папярэджваць і лячыць нездаровыя «правалы» ў памяці грамадства. У гэтым нас пераконваў, напрыклад, шматсерыйны дакументальны тэлефільм «Свет у вайне», прысвечаны падзеям другой сусветнай вайны. Дэманстрацыя фільма пачалася ў канцы верасня і працягвалася, з перыядычнасцю адзін раз на тыдзень, да канца снежня, якраз у час нашага знаходжання за акіянам,— і мы такім чынам маглі пазнаёміцца з большасцю серый. Тым больш што яны паказваліся ў зручны час— па нядзелях, вечарам, пачатак у дзевятнаццаць гадзін.

Аўтары серыяла выкарысталі багаты матэрыял, належным чынам пракаменціравалі яго (голас за кадрам) — то іранічна, часам з’едліва ў адрас Гітлера, яго памагатых і ваяк, то з пафасам, узнёсла, калі кадры ўзнаўлялі эпізоды барацьбы з гітлераўцамі. Адна з серый так і называлася: «Сталінград». Яна, можа быць, і не давала поўнага ўяўлення аб гераічнай эпапеі, але даволі пераканаўча нагадвала пра яе тэлегледачу. З экрана гучалі словы сведкі тых падзей: «Сабакі кідаюцца ў Волгу і пераплываюць на другі бераг, ратуючыся з гэтага пекла. Жывёла ўцякае з горада. Не вытрымліваюць нават камяні. А людзі трымаюцца, людзі стаяць...» Ваенным дзеянням на Усходнім фронце прысвячалася і адна з апошніх частак фільма (эпізоды баёў пад Ленінградам і Харкавам, на Арлоўска-Курскай дузе, потым — вызваленне Арла, прарыў ленінградскай блакады, вызваленне Кіева). Голас за экранам апавядаў: «Каля 5 мільёнаў савецкіх салдат былі ўзяты ў палон і амаль усе загінулі», «Гэтыя выстаялі, але перамогі не ўбачылі», «Немцы забівалі ўсіх — яўрэяў, камісараў, заложнікаў», «То быў новы рускі салдат — смелы, упэўнены, вынаходлівы, не тое што ў 1941 годзе», «Расія была падобная на сціснутую спружыну, гатовую ўдарыць па ворагу», «Перамога дасягнута дарагой цаной — дваццаццю мільёнамі чалавечых жыццяў»... Услед за гэтымі звесткамі гучалі радкі з паэмы Антакольскага «Сын», верш Сіманава «Жди меня», баявая чырвонаармейская песня, што яшчэ больш узмацняла эмацыянальнае ўздзеянне фільма (прыгадваецца ўласнае ўспрыняцце, рэакцыя маіх таварышаў, якія сядзелі побач перад тэлевізарам у невялікім пакойчыку пастаяннага прадстаўніцтва). І хаця і на гэты раз, як тут ужо заведзена, дэманстрацыя перабівалася рэкламнымі ролікамі («купіце!»), мы гатовы былі прабачыць іх тэлекампаніі,— бо яна рабіла вельмі важную, проста неабходную справу: расказвала мільёнам амерыканцаў аб мінулай сусветнай, Вялікай Ачыннай для нас, вайне.

Амаль паралельна ў часе з фільмам «Свет у вайне», толькі па іншых каналах, дэманстраваліся і другія дакументальныя стужкі — «Перамогі на моры» (аб змаганні амерыканскага флоту з нямецкімі падводнымі лодкамі ў Атлантыцы), «Вайна на астравах» (аб ваенных дзеяннях супраць японцаў). Да гадавіны нападзення японскай авіяцыі на Пёрл-Харбар (яна адзначаецца 7 снежня) па адным з каналаў тэлебачання быў паказаны мастацкі фільм «Тора», прысвечаны гэтай трагічнай для краіны даце.

Словам, паўтараю, у ЗША ёсць цвярозыя людзі, якія не забываюць горкі вопыт і павучальныя ўрокі мінулай вайны, вайны, у якой мы былі саюзнікамі. Іх, гэтых людзей, менш, чым хацелася б, чым павінна было б быць, ім са сваёй памяццю даводзіцца часам нялёгка ў амерыканскай рэчаіснасці, але яны, як мы пераконваліся, ёсць.

 

Як мы там святкавалі

Спачатку некалькі слоў пра чужыя, у прыватнасці пра амерыканскія, святы. 10 кастрычніка, у панядзелак, ЗША адзначалі Дзень Калумба. Гэта не з самых папулярных і ўрачыстых свят краіны, яно ўведзена афіцыйна, рашэннем кангрэса нядаўна, але адзначаецца так або інакш ва ўсіх гарадах і штатах.

Потым, 19 кастрычніка, ахоплены пачуццём мясцовага патрыятызму, Нью-Йорк шумна, з помпай святкаваў... перамогу сваёй бейсбольнай каманды «Янкі» ў сусветным чэмпіянаце. Герояў чэмпіяната цырыманіяльна, на малой хуткасці правезлі ў машынах па традыцыйным для ўсіх «трыумфатараў» шляху — Брадвеі ў Сіці-Хол (так называецца будынак муніцыпалітэта). Дзесяткі тысяч людзей віталі працэсію. З верхніх паверхаў дамоў на галовы ўдачлівых бейсбалістаў і прадстаўнікоў гарадскіх улад, што сядзелі побач на аўтамабілях, сыпалася імправізаванае «канфеці» — падраныя на дробныя шматкі старонкі тэлефонных кніг (яны тут надзвычай масіўныя). Сіці-Хол быў упрыгожаны флагамі, іграў вайсковы аркестр, выступаў мэр і... абвясціў сераду 19 кастрычніка Днём «Янкі». (Трэба думаць, што Хрыстафор Калумб у гэты міг раўніва войкнуў і перавярнуўся на другі бок у сваім вечным жытле).

31 кастрычніка, таксама быў панядзелак, амерыканцы святкавалі хэлоуін — пярэдадзень Дня ўсіх святых. Святкаванне гэтае нагадвае нашы колішнія калядкі: пераадзетыя, у маскаю з гарбуза дзеці ходзяць позна вечарам па хатах і жартаўлівымі пагрозамі «вымагаюць» сабе пачастункі і гасцінцы.

Пазней, у лістападзе, Амерыка адзначала сваё, напэўна, галоўнае, найбольш нацыянальнае свята — Дзень падзякі. Гэты дзень лічыцца непрацоўным. Не было ў сувязі са святам і пасяджэння ў ААН (міжнароднае таварыства мусіла ўважыць звычай краіны знаходжання). І мы, карыстаючыся гэтым і яшчэ той акалічнасцю, што стаяла добрае, светлае, накшталт нашага бабінага лета, надвор’е, выбраліся раніцай у горад. Прагуляліся па бліжэйшай Паркавай вуліцы, перайшлі па Мэдзісон-авеню, выйшлі на раскошную Пятую авеню («вуліцу мільянераў і турыстаў»), дайшлі па ёй да перасячэння з 42-й стрыт, у якой ужо зусім іншая, скандальная слава (раён «пажыўных» месц, парнабізнесу і г. д.). І — даваліся дзіву, не пазнавалі Нью-Йорк. Звычайна ўзбаламучаны, узвінчаны, насцярожаны, на гэты раз ён быў не падобны на самога сябе, быў, незалежна ад свайго, так сказаць, сацыяльнага ландшафту, нейкі больш людскі, абжыты, ціхамірны. Так паўплывала на яго свята. Кідалася, напрыклад, у вочы, што на вуліцах мала машын, але затое, што таксама не магло не кінуцца ў вочы, на іх выйшлі па-сямейнаму, па-святочнаму апранутыя, з пакункамі ў руках мясцовыя жыхары. Накіроўваліся, відаць, хто ў царкву, хто ў госці. Некаторыя былі з дзецьмі — таксама нечаканасць, бо дзяцей на вуліцах Нью-Йорка амаль не бачыш.

Словам, амерыканцы адзначалі Дзень падзякі: «дзякавалі», наведвалі блізкіх, маліліся, запальвалі ў саборах свечкі, елі па старажытным звычаі, звязаным з побытам першых каланістаў, нічым незаменную ў гэты дзень індычку. І на фоне святочнай прыўзнятасці асабліва прыкметныя былі зусім несвяточныя рэаліі ў жыцці нью-йоркскай вуліцы. Трапілася некалькі вар’ятаў. Адзін стаяў ля ўваходу ў царкву, з якой даносіліся гукі святочнай месы, і ўсё смяяўся, круцячы галавой. Другі сустрэўся на рагу і стаў нешта даказваць уперамешку з лаянкай. Калі вярталіся дадому, сталі сведкамі такога інцыдэнту: белы мужчына, вонкава самавіты, у акулярах, штурхнуў плячом пажылую, прыбраную па-святочнаму, з кошыкам у руках негрыцянку, якая ішла перад ім. Яна, ледзь утрымаўшыся на нагах, разгублена спынілася, стала нешта гаварыць услед свайму крыўдзіцелю. Той аглянуўся, змераў яе пагардлівым позіркам і пайшоў далей як ні ў чым не бывала. Сцэна гэтая ніяк не вязалася з Днём падзякі, з вялікім і як быццам бы гуманным па сваёй сутнасці нацыянальным святам. Падобна было, што далёка не ва ўсіх амерыканцаў святочна на душы, што не ўсе яны поўныя любві і ўдзячнасці. Што гэта менавіта так, пацвярджала нават «Нью-Йорк таймс», надрукаваўшы да свята заметку пад загалоўкам: «Індзейцы ў знак пратэсту адмаўляюцца ад ежы ў Дзень падзякі». Са спасылкай на паведамленне агенцтва Асашыэйтад прэс з Гатамы, штат Масачусетс, газета пісала, што група амерыканскіх індзейцаў адмаўляецца не толькі ад індычкі ў Дзень падзякі — яна наогул не будзе нічога есці ў гэты дзень. «Карэнным амерыканцам няма за што быць удзячнымі»,— заявіў Фрэнк Джэймс, кіраўнік гэтай групы («Аб’яднаныя амерыканскія індзейцы ў Новай Англіі»). Восьмы год узапар гэтая група збіраецца разам для таго, каб «аплакваць лёс карэнных амерыканцаў, якія церпяць несправядлівасць»,— заявіў Джэймс (яго індзейскае імя — Вамсута).

22 кастрычніка прагрэсіўная грамадскасць ЗША, амерыканскія камуністы адзначалі дату, якая не значылася ў афіцыйным календары, але не рабілася ад гэтага менш памятнай і знамянальнай і да святкавання якой безагаворачна далучаліся — не маглі не далучыцца! — і мы, савецкія людзі. Адзначалася 90-годдзе з дня нараджэння Джона Рыда — выдатнага сына амерыканскага народа, «чалавека з легенды». Патомак першага портлендскага шэрыфа, выхадзец з багатай сям’і, любімец Гарварда, ярка ўзыходзячая літаратурная зорка, Джон Рыд раптам прымыкае да рабочага руху, становіцца рэвалюцыянерам, удзельнічае ў кастрычніцкай рэвалюцыі, з’яўляецца — заключны этан легендарнай біяграфіі — членам выканкома Камінтэрна... І было б, вядома, недаравальна для яго суайчыннікаў, калі б не ўспомнілі, не адзначылі — хай і не афіцыйна і не ў маштабах краіны — слаўную гадавіну. У далёкім Портлендзе, які знаходзіцца на ціхаакіянскім пабярэжжы і дзе нарадзіўся Джон Рыд, па ініцыятыве мясцовага савета амерыкана-савецкай дружбы адбыўся сход грамадскасці, прысвечаны знамянальнай даце. Хаця і больш сціпла, але памяць выдатнага мастака і рэвалюцыянера была ўшанавана прагрэсіўнай грамадскасцю і тут, у Нью-Йорку. Што было таксама — з нашага пункту гледжання ва ўсякім выпадку — проста абавязковым, неабходным актам. Бо менавіта тут, у нью-йоркскім Мэдзісан-сквер гардэн,— прыгадвалі мы жыццёвы шлях юбіляра,— ён з уласцівым яму энтузіязмам наладжваў сваё незвычайнае драматычнае прадстаўленне, названае «Бітва патэрсонскага пралетарыяту з капіталам» (па тэме і матэрыяле — водгук на рэальны эпізод з барацьбы амерыканскіх рабочых за свае правы, па форме — своеасаблівы сплаў антычнага тэатра з будучым «хэпенінгам»). Бо недзе тут ён выношваў ідэю стварэння амерыканскай камуністычнай партыі і яе першага друкаванага органа (ён называўся «Голас працы»). Бо недзе тут, нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды (арышт матэрыялаў, прывезеных з рэвалюцыйнай Расіі, бандыцкія налёты «гарыл» на кантору выдавецтва з мэтай выкрасці і знішчыць рукапіс і г. д.), ён натхнёна, на адным дыханні, пісаў і выдаваў сваю непараўнаную, унікальную ў сваім родзе кнігу «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет» — першы твор сусветнай літаратуры, у якім чалавецтву была расказана праўда пра вялікі Кастрычнік. Недзе тут... Нью-Йорк раптам паварочваўся лепшым сваім бокам, зацемненым, скажоным не лепшымі яго бакамі.

Гадавіна з дня нараджэння Джона Рыда (і па сутнасці дня яго трагічнай смерці, бо ў кастрычніку ён і памёр і быў пахаваны ў свае трыццаць тры гады, «дасягнуўшы паўналецця ў смерці», ля крамлёўскай сцяны) была своеасаблівым прэлюдам да нашага савецкага, нашага галоўнага свята, да 60-годдзя Кастрычніка. 7 лістапада на 67-й стрыт, над уваходам у будынак трох пастаянных савецкіх місій пры ААН, узвіліся тры флагі — чырвоны, чырвона-зялёны з беларускім арнаментам і чырвона-блакітны (Украінскай ССР). Узвіліся і па-святочнаму затрапяталі на густым, вільготным, з акіяна, ветры. Прыйшло, як кажуць, і на нашу вуліцу свята. Адзначалі мы яго напярэдадні ў доме савецкіх дыпламатаў, што знаходзіцца ў Рывердэйлі, прыгарадзе Нью-Йорка. Адзначалі як мае быць, па ўсёй форме, нягледзячы на чужое акружэнне,— з урачыстым пасяджэннем, з дакладам, з мастацкай часткай і нават... з танцамі і песнямі. 7 лістапада нас віншавалі ў ААН: выступіў з віншавальным словам старшыня сесіі, віншавалі старшыні камітэтаў, прадстаўнікі асобных краін. Тут былі і сюрпрызы. Так, старшыня Пятага камітэта, іранскі дэлегат, спачатку адмовіўся выступіць з прывітаннем і не прызначыў пасяджэнне камітэта на 7 лістапада. Ён спасылаўся па адсутнасць такой практыкі ў мінулым. Але на наступны дзень усё ж выказаў сваё віншаванне, адкрываючы пасяджэнне. Былі і прыемныя нечаканасці. Напрыклад, дэлегат Туніса не толькі віншаваў са святам і жадаў савецкаму народу «гармоніі і прагрэсу», але і гаварыў пра Кастрычнік як «паваротны пункт у гісторыі чалавецтва». «Хацеў бы павіншаваць прадстаўнікоў трох савецкіх дэлегацый са святам і падкрэсліць гістарычнае значэнне гэтай падзеі»,— так пачаў сваё выступленне ў Спецыяльным палітычным камітэце іспанскі дыпламат.

Ну і, вядомая справа, нас цёпла, па-сяброўску, па-брацку віншавалі прадстаўнікі краін сацыялістычнай садружнасці. Як у сваіх афіцыйных выступленнях на пленарным пасяджэнні Асамблеі і ў камітэтах, так і непасрэдным поціскам рукі, знакамі асабістай увагі. Былы антыфашыст (змагаўся ў шэрагах беларускіх партызан), а зараз дыпламат, пастаянны прадстаўнік ГДР пры ААН Петар Фларыян прыслаў у адрас нашай дэлегацыі ўзрушанае, разгорнутае прывітанне. «Народ Беларускай ССР,— гаварылася ў ім,— з поўным правам можа ганарыцца вялікімі поспехамі, дасягнутымі ім сумесна з другімі народамі шматнацыянальнай савецкай дзяржавы за мінулыя 60 год. Беларускі народ перанёс вялікія пакуты і зведаў невылечнае гора ў час гітлераўскай акупацыі. Шмат слёз і поту было праліта беларусамі дзеля вызвалення любімай радзімы ад фашысцкага варварства. Беларускі народ здзейсніў грандыёзныя подзвігі, аднаўляючы разбуранае ў гады вайны. Зараз працоўныя Беларусі могуць з гонарам канстатаваць, што іх рэспубліка з’яўляецца членам сям’і працвітаючых народаў Савецкага Саюза, якія ўпэўнена ідуць наперад па шляху будаўніцтва камунізма. Жадаем Вам, дарагім таварышам, членам дэлегацыі на XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, а таксама супрацоўнікам пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры ААН і членам іх сем’яў усяго найлепшага і новых сіл для выканання адказных абавязкаў у ААН. З сацыялістычным прывітаннем — Петар Фларыян, пастаянны прадстаўнік ГДР пры ААН, намеснік міністра замежных спраў ГДР».

Днём нас віншавалі ў залах ААН (па-рознаму, як ужо гаварыў, і не ўсе, вядома), днём мы працавалі, удзельнічалі ў пасяджэннях, а вечарам таго дня А. А. Траяноўскі даваў у гонар свята вялікі прыём, на які запрашаліся дыпламаты, члены дэлегацый — удзельніц сесіі, нашы амерыканскія сябры. На прыёме адбылася гутарка, якая мне асабліва запомнілася. Мы аказаліся побач з в’етнамскім дэлегатам, загаварылі. Паколькі В’етнам быў тады толькі што прыняты ў члены ААН, то я перш за ўсё пацікавіўся ў свайго новага знаёмага, якія ў яго ўражанні ад сесіі, ад ААН увогуле. Ён, падобны вонкава сваёй манерай трымацца і гаварыць больш на селяніна, чым на прафесійнага дыпламата, падумаў і ціха адказаў: «Мы тут яшчэ не прывыклі, не агледзеліся як след. Сустракаюцца розныя цяжкасці. На вайне было ясна, хто твой вораг і дзе ён, а тут не заўсёды адразу ўбачыш і адрозніш. Добра, што ёсць сябры, што ёсць такая апора і такі прыклад, як Савецкі Саюз. Калі б не ваша рэвалюцыя, не ваша краіна, то не было б і нашай рэвалюцыі, нашай перамогі, нашага новага, сацыялістычнага В’етнама. Таму ваша свята мы святкуем, як сваё...»

Святкаванне мела працяг. 13 лістапада, у нядзелю, мы былі ў гасцях у сяброў і актывістаў «Рускага голасу» — штотыднёвай газеты руска-амерыканскай прагрэсіўнай грамадскасці» (так называецца поўнасцю выданне). Таго самага «Рускага голасу» (не блытаць з «Новым рускім словам» — антысавецкай, сіянісцкай газетай, якая выдаецца таксама тут у Нью-Йорку), які выходзіць з 1917 года і адным з заснавальнікаў і нязменным рэдактарам якога быў на працягу многіх год колішні царскі генерал, чалавек прагрэсіўных перакананняў В. А. Яхантаў. Некалькі год назад у глыбокай старасці ён вярнуўся на радзіму (не так даўно памёр). Пасля яго рэдактары сталі мяняцца. У апошні час пагоршылася становішча, палітычнае і фінансавае, з выданнем газеты. Замест трох разоў яна стала выходзіць адзін раз на тыдні. Але тым не менш «Рускі голас» трымаецца, гучыць, не збаўляе свайго ідэйнага тону, робіць сваю добрую справу. Чарговы нумар штотыднёвіка, ад 3 лістапада, быў цалкам прысвечаны надыходзячай гадавіне Кастрычніка, сённяшняму жыццю савецкага народа. «Мы загадзя мяркуем,— пісала газета ў сваім рэдакцыйным артыкуле пад назваю «Банкруцтва паклёпнікаў»,— якую рэакцыю можа выклікаць сённяшні нумар у колах, варожых не толькі Савецкаму Саюзу, але і поўных нянавісці да ўсяго, што звязана з сапраўднай дэмакратыяй, з поспехамі сацыялістычнага лагера. Тым не менш мы з годнасцю сцвярджаем ісціну. Зусім нядаўна некаторыя органы антысавецкай і антыкамуністычнай прэсы былі вельмі засмучаны поспехам у Нью-Йорку і ўвагай з боку амерыканцаў выстаўкі «60 год Кастрычніка», разгорнутай перад будынкам ААН. Абураныя самім фактам, яны назвалі ААН — гэтую міжнародную арганізацыю «гняздом савецкай прапаганды». Іх прыводзіць у шаленства не толькі поспех выстаўкі, але і пераканаўчасць яе экспазіцыі». «Трэба адзначыць,— працягвала далей газета,— што гэтыя органы не праявілі ніякага абурэння, інфармуючы чытачоў аб масавых дэманстрацыях фашыствуючых малойчыкаў у Каліфорніі. Яны бясстрасна канстатавалі факты гомасексуалісцкіх маніфестацый. Яны з замілаваннем паведамляюць пра фінансавыя поспехі гангстэрскіх кланаў. Яны прадастаўляюць свае старонкі для такіх аперэтачных «прадюбілейных» заяў, як «маніфест» «законнага наследніка рускага імператарскага прастола». Праўду гавораць, што ад вялікага да смешнага адзін крок». Артыкул заканчваўся словамі: «Поспехі Савецкага Саюза за 60 год — найпераканаўчы прыклад здзяйснення векавых спадзяванняў чалавецтва і перамогі гуманізму».

Паказальнай асаблівасцю нумара газеты было яшчэ і тое, што на ўсіх яе дваццаці старонках, побач з матэрыяламі, прысвечанымі жыццю нашай краіны, змяшчаліся адно за другім прывітанні, накшталт: «Сардэчна віншую любімую Радзіму і родны народ са святам Вялікага Кастрычніка! Няхай жывуць мір і дружба паміж нашымі краінамі — ЗША і СССР! Хай будзе мір ва ўсім свеце. Пётр Макарэвіч, Брыджпорт, Кон», «Віншуем любімую Радзіму — СССР і яго народы, руска-амерыканскую прагрэсіўную калонію са святам 60-годдзя Вялікага Кастрычніка! Няхай расце і мацнее дружба паміж ЗША і СССР і ўсімі народамі свету. Марыя і Іосіф Трафімавы, Бэйон, Нью-Джэрсі», «Віншуем Радзіму, сваіх родных і ўвесь савецкі народ з 60-й гадавінай Вялікага Кастрычніка! Жадаем ім далейшых поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Хай будзе мір ва ўсім свеце! Эмігранты-сябры»... Такія пафасныя святочныя паштоўкі, персанальныя, сямейныя, калектыўныя, прыйшлі ў газету з самых розных гарадоў і гарадкоў ЗША — ад Нью-Йорка да Фулертона, штат Каліфорнія. Нас віншавалі таксама дэтройцкі камітэт сяброў «Рускага голасу», жаночая секцыя клуба імя Чарнышэўскага (НьюЙорк), чыкагскі клуб старажылаў імя Юрыя Гагарына (існуе і такі!), «Рускі Народны дом» у Грынпонце і г. д.

На апошняй паласе газеты была змешчана абвестка: «Да ўвагі Нью-Йорка і аколіц! Урачысты сход і святочны банкет у гонар 60-й гадавіны Вялікага Кастрычніка ў нядзелю, 13 лістапада, у 2 г. дня ў клубе імя Чарнышэўскага, 189 — Другая авеню, Нью-Йорк. Запрошаны дарагія госці... Нью-йоркскі камітэт сяброў «Рускага голасу».

Абвешчаныя сход і банкет адбыліся ў прызначаны дзень і час. Гэтымі самымі дарагімі гасцямі былі мы. Нас сапраўды цёпла прымалі. Высвятлялася, што значная частка так званай руска-амерыканскай прагрэсіўнай грамадскасці — выхадцы з Беларусі. Адны тут апынуліся ў пошуках заробку яшчэ да рэвалюцыі, другіх прыгнала галеча ў гады панавання ў заходніх абласцях белапанскай Польшчы... Нас вітаў старэйшына калоніі, таксама беларус па сваім паходжанні Канстанцін Захаравіч Радзі. Рабочы-будаўнік па прафесіі, ён быў у 20-х гадах членам левага крыла сацыялістычнай партыі, з якога потым утварылася Кампартыя ЗША, стаў камуністам, шмат сіл і часу, нягледзячы на ўзрост, аддае партыйнай працы і зараз з’яўляецца — ён сам мне пра ўсё гэта потым расказваў,— асабістым сябрам Гэса Хола. Голас у Канстанціна Захаравіча зычны, рэзкі, мова катэгарычная — былога рабочага прамоўцы: «Усе рэвалюцыі шмат абяцалі. У тым ліку і еўрапейскія, і амерыканская. Але яны не выконвалі свае абяцанні, не ажыццяўлялі свае гучныя дэкларацыі, не даводзілі справу да канца. Кастрычніцкая рэвалюцыя тым і адрозніваецца ад сваіх папярэдніц, што яна наяве вырашала стаяўшыя перад ёй сацыяльныя задачы, даводзіла справу да канца. Кастрычнік зрабіў гаспадаром працоўнага чалавека, стварыў сапраўды народную дзяржаву. У СССР праца славіць чалавека, не мільёны і мільярды, а праца. І мы ганарымся сваёй радзімай, радуемся за яе дасягненні...»

Прамоўца змаўкае на хвіліну, збіраецца, відаць, з думкамі і потым працягвае ў той жа інтанацыі, з той жа страснай перакананасцю: «У дні Кастрычніцкай рэвалюцыі да нас, рабочых, на будоўлю з’явіўся нейкі чыноўнік, ці то дыпламат, ці то палітык, і сказаў: «Вось вам грошы — памажыце разабрацца з бальшавікамі. Згаджайцеся, не пашкадуеце, вам будзе добра заплочана». Мы, маладыя рабочыя, беларусы, рускія, амерыканцы, у адзін голас адказалі: «Убірайцеся вон!» І сёння мы бачым, што мы не памыліліся, сёння мы сапраўды не шкадуем, што галасавалі за вашу рэвалюцыю... Амерыка нядаўна адзначыла з вялікай помпай сваё 200-годдзе. Ліліся патокі гучных слоў пра нашу дэмакратыю. Але наша амерыканская, «доларавая» дэмакратыя зжыла сябе, стала здабыткам гісторыі. Што могуць даць народу мільянеры і звязаныя з імі палітыкі? Беспрацоўе, злачыннасць, гонку ўзбраенняў. Людзі з надзеяй звяртаюць позірк да Савецкай краіны. Вітаем вас, дзяцей Вялікага Кастрычніка! Хай жыве Кастрычнік! Хай жыве партыя Леніна — КПСС!» Менавіта на такой вось баявой ноце скончыў сваё выступленне адзін са старэйшых амерыканскіх рабочых і камуністаў, наш зямляк па крыві Канстанцін Захаравіч Радзі.

Пасля яго прывітальнага слова — яно выразна запомнілася мне — выступалі мы, госці. Хто гаварыў пра нашы дасягненні ў эканамічным і культурным развіцці, хто расказваў пра ўдзел савецкіх дэлегатаў у сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, хто чытаў вершы. Нас уважліва, затаіўшы дыханне, слухалі, узнагароджвалі апладысментамі. Затым пачаўся святочны збор сродкаў у фонд «Рускага голасу», аб’яўлены яго адміністратарам К. Я. Осіпам. Збор ішоў вельмі актыўна (давалі хто колькі мог — ад некалькі сот да аднаго долара), прынёс значную суму. Адміністратар (ён жа і галоўны рэдактар) быў вельмі задаволены. «Вось бачыце,— гаварыў ён,— як дзейнічае на людзей наша сумесная з вамі і ўрачыстасць». Прыгадваецца яшчэ і такі кранальны момант. Як толькі адкрыўся збор ахвяраванняў, перадаў свой канверт Осіпу зусім стары ўжо чалавек, адзін з даўніх сяброў «Рускага голасу» Мікалай Васільевіч Малявін. Гэты канверт быў не зусім звычайны, належным чынам «аформлены». На верхнім яго баку было характэрным, размашыстым почыркам напісана: «Дару і ахвярую ў гонар маёй любімай Радзімы, у гонар яе свята і ў фонд паважанай мной газеты 600 долараў». На другім, зваротным баку былі старанна выведзены няхітрыя, уласнага сачынення, вершаваныя радкі, у якіх Мікалай Васільевіч спрабаваў выказаць свае добрыя пачуцці да айчыны, да яе сталіцы — Масквы.

Мне застаецца яшчэ тут дадаць, што наша святочная сустрэча з замежнымі суайчыннікамі, супрацоўнікамі і прыхільнікамі «Рускага голасу», завяршылася сяброўскім застоллем, адметнай адзнакай якога было тое, што на сталах побач з амерыканскімі віскі і мясцовымі стравамі апетытна дыміліся стравы беларускія і рускія — капуста з бульбай, бліны, каша. Гаспадары, што называецца, стараліся, шчыравалі.

Але ўрачыстым сходам у клубе імя Чарнышэўскага (на жаль, не пацікавіўся гісторыяй узнікнення гэтага клуба) не канчалася нашае святкаванне тут гадавіны Кастрычніка. Арбіта святкавання, кола яго ўдзельнікаў пашыраліся. Праз некалькі дзён, а дакладней: 26 лістапада, у суботу, мы ехалі на мітынг, які праводзіўся па ініцыятыве Нацыянальнага савета Таварыства амерыкана-савецкай дружбы і меў адбыцца ў «Таўн-холе» на 43-й стрыт. Мы крыху спазняліся, ля ўваходу, дзе стаялі для парадку паліцэйскія, узнікла замінка. Але пачуўшы нашу мову, адзін з палісменаў раптам заўсміхаўся, павітаў нас па-руску (сказаў з акцэнтам «Добрый день») і паказаў, як прайсці ў памяшканне... Мітынг праходзіў пад дэвізам: «Святкаванне гадавіны рускай рэвалюцыі. Амерыкана-савецкая дружба — ключ да міру ва ўсім свеце». Адкрыў яго Рычард Морфард, выканаўчы дырэктар Нацыянальнага савета таварыства, даўні і нязменны сябра нашай краіны, кавалер савецкага ордэна Дружбы народаў («чалавек, магутны не толькі духам, але і целам,— паведамляў мне сусед па крэсле ў зале,— спартанец, ходзіць зімой без паліто, у адным пінжаку»). Ён павітаў нас, «прадстаўнікоў краіны, дзе адбылася вялікая рэвалюцыя», гаварыў пра значэнне ідэй Кастрычніка для справы міру, пра мірныя савецкія ініцыятывы. Потым слова бралі актывісты таварыства. «Я была ўдзельніцай форуму прыхільнікаў міру, які адбыўся летам у Варшаве,— гаварыла пажылая негрыцянка,— я бачыла разбураную ў час вайны і адноўленую Варшаву, бачыла на ўласныя вочы былыя канцэнтрацыйныя лагеры, дзе фашысты знішчалі людзей розных нацыянальнасцей. І я там канчаткова зразумела, якое гэта зло — вайна, як нам трэба змагацца разам супраць яе. Я — жанчына, я — маці, я — чалавек, і самая вялікая мая любоў — да жыцця і міру. І хаця я працую, хаця ў мяне шмат дзяцей і турбот, але я буду ездзіць па краіне, буду выступаць і патрабаваць раззбраення і міру». Другая прамоўца, маладая амерыканка (шкадую, што не ўдалося тады запісаць усе прозвішчы), дзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Савецкі Саюз, гаварыла пра «дабрату, прыветнасць і гасціннасць савецкага чалавека». «Мы сустракаліся,— працягвала яна,— з рознымі па прафесіі і ўзросту людзьмі, з рабочымі, настаўнікамі, пісьменнікамі. І ўвачавідкі пераконваліся, што ў СССР людзі могуць свабодна праявіць сябе ў любой галіне, што правы тут гарантуюцца дзяржавай, што ўсе тут забяспечваюцца працай і жыллём. Жыццё ў савецкай краіне,— падсумоўвала свае ўражанні амерыканка,— багатае, паўнацэннае, тут усё ідзе неяк планава, паслядоўна, адно за адным, усё ідзе ў напрамку прагрэсу». На мітынгу выступіў таксама, спецыяльна прыехаўшы для гэтага з Агайо, вядомы ў краіне прамысловец і юрыст Эдвард Лэмб. Э. Лэмб адносіцца да ліку тых цвяроза мыслячых амерыканцаў, якія няўхільна стаяць за мірнае суіснаванне і гандлёва-эканамічныя сувязі з СССР. Пра гэта ж, пра неабходнасць супрацоўнічаць і гандляваць, клапаціцца пра здаровыя ўзаемаадносіны паміж дзвюма вялікімі краінамі, гаварыў ён і на мітынгу. «Вунь як мы гандлюем з Японіяй,— адзначаў ён,— тут і электроніка, і машыны, і тое, і другое. А з СССР? Колькі працэнтаў займае гандаль з СССР у агульным балансе? Так мала, што і гаварыць нават няёмка. А чаму мы не хочам гандляваць з Савецкім Саюзам? Баімся, што пераканаемся — якія добрыя ў іх ёсць тавары і як многа іх. СССР у многіх адносінах лідзіруе ў свеце, і мы павінны быць разам, і мы будзем разам, бо мы — працоўныя людзі, і нам трэба абменьвацца пладамі нашай працы, нашага стваральнага генія...»

Мітынг у «Таўн-холе», і ўрачысты і дзелавы адначасова (амерыканцы ўсё ж дзелавы народ, нічога не скажаш), суправаджаўся мастацкімі нумарамі. Выступалі, чаргуючыся, амерыканскія і савецкія артысты, і гэта па-свойму падкрэслівала сапраўднасць і значэнне таго, аб чым гаварылася ў прамовах.

Так вось мы тут, за акіянам, святкавалі гадавіну Вялікага Кастрычніка. Зусім не ў адзіноце, як бачым, хаця і былі адарваны ад радзімы, ад сваіх блізкіх і сяброў.

Але малюнак быў бы няпоўным, калі б я не сказаў некалькі слоў і пра другі, ценявы бок справы, пра тое, як «святкавалі» нашы ворагі. А яны, вядома, таксама не драмалі, таксама рыхтаваліся да знамянальнай даты, дзейнічалі, рабілі агляд сваіх сіл, выцягвалі з чахлоў і распраўлялі свае пашарпаныя штандары. Так званае «Новае рускае слова», якое я ўжо характарызаваў вышэй і якое з’яўляецца не толькі рупарам контррэвалюцыйнай рускай эміграцыі, але і прэтэндуе гаварыць ад імя нашых ворагаў усіх масцей, загадзя, задоўга да кастрычніцкай гадавіны, абвяшчала на сваіх старонках правядзенне «дня смутку і непрымірымасці». Потым, захлёбваючыся, газета паведамляла пра «жалобныя» эмігранцкія зборышчы з адпаведнымі прамовамі і музычнымі мантажамі на тэму «Трагедыя Расіі», пра даклады аб «асновах непрымірымасці», аб «белым руху», аб «гераічным змаганні казацтва супраць бязбожнай камуністычнай улады» і г. д. Хто толькі не ўключаўся ў антысавецкі шабаш, хто толькі не браўся «аказаць маральную падтрымку» нам! Ад «аб’яднання кадзет расійскіх кадзецкіх корпусаў» да так званых «дысідэнтаў», ад патэнтаваных «саветолагаў» з Калумбійскага універсітэта да дачкі Грышкі Распуціна, якая, аказваецца, жыве тут, у Лос-Анджэлесе і... піша ў сааўтарстве з некім кнігу пра свайго бацьку.

Дарэчы, «дохлая кошка» — парадкам зацяганая на Захадзе распуцінская тэма зноў тут усплывала на паверхню ў сувязі з 60-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі. І ў адпаведнай, вядома, ідэалагічнай трактоўцы. Так, напрыклад, журналіст Сайрус Сульцбергер, які супрацоўнічае ў «Нью-Йорк таймс», прыўрочыў да знамянальнай гадавіны нарыс над назвай «Падзенне арлоў», дзе праводзіўся пад сурдзінку тэзіс аб тым, што вось калі б не гэты праславуты Грышка Распуцін, дык «арлы», магчыма б, і не палі, і што, такім чынам, наша вялікая рэвалюцыя — з’ява акцыдэнтная, гістарычна не абумоўленая і г. д.

Трэба аддаць належнае амерыканскай прагрэсіўнай, у прыватнасці рабочай і камуністычнай, прэсе — яна катэгарычна абвяргала падобныя «тэзісы», з самай жывой сімпатыяй адгукалася на юбілей Савецкай дзяржавы. Вядомы амерыканскі гісторык і літаратар Уільям Помрай пісаў у лістападаўскім нумары часопіса «Нью уордл рэв’ю»: «У дзень 60-й гадавіны Кастрычніка, кінуўшы рэтраспектыўны погляд на ўвесь шлях, пройдзены Савецкай дзяржавай, з вышыні яе слаўных дасягненняў можна ясна ўсвядоміць тыя надзвычайныя змены, якія адбыліся ў свеце за такі кароткі адрэзак часу. Адно, што не змянілася (а, наадварот, яшчэ больш узмацнілася),— гэта палітыка хлусні і паклёпу на Савецкі Саюз, на яго сацыялістычнае грамадства і яго ролю ў свеце. Гэта палітыка няспынна вядзецца ў капіталістычным лагеры, які імкнецца прадоўжыць сваё існаванне і спрабуе паказаць сацыялізм як сістэму нежыццяздольную, ва ўмовах якой нібыта немагчыма змяніць жыццё да лепшага. Аднак з кожнай гадавінай Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі яе ворагам робіцца ўсё цяжэй затушаваць і сказіць яе дасягненні і яе ўплыў».

 

Што можа прэзідэнт: словы і справы, міф і рэальнасць

«Глэдзіс крыху падумала, потым адбыўся выбух зусім другіх пачуццяў:

— Падумаў толькі, Пітэр, якое шчасце быць амерыканцам! У Амерыцы ты заўсёды можаш вылучыцца, калі будзеш выконваць свой абавязак. Амерыка — краіна свабоды!.. Ведаеш, мне гаварылі, што ў нас у Амерыцы самы бедны хлапчук можа стаць прэзідэнтам! А ты хацеў бы быць прэзідэнтам, Пітэр?

Пітэр сумеўся. Яму не так ужо верылася, што ён зможа справіцца з такой складанай задачай, але ён ведаў, што Глэдзіс не спадабаецца, калі ён выкажа свае сумненні, і ён прамармытаў:

— Што ж, можа быць... калі-небудзь...»

Калі б Э. Сінклер напісаў сваю «Біяграфію патрыёта Пітэра Гаджа» («100 %») гадоў на сорак — пяцьдзесят пазней, то прыведзеная вышэй сцэнка, у прыватнасці, адказ Пітэра на амбіцыйныя планы яго жонкі, «стопрацэнтнай» амерыканкі, прагучала б, магчыма, у наступным варыянце: «Пітэр сумеўся, задумаўся. Так, з аднаго боку, ён таксама не раз чуў і чытаў аб тым, што ў Амерыцы самы бедны хлапчук, які-небудзь сын лесаруба ці чысцільшчык ботаў можа стаць прэзідэнтам. І гэта яго цешыла. І душа яго ад такой духоўнай спажывы распухала, раздувалася — словы Сінклера — як шар. І ён рабіўся яшчэ большым патрыётам. Але, з другога боку, у яго былі сумненні. І не толькі ў тым сэнсе, ці зможа ён заняць самую высокую ў краіне пасаду. У яго было сумненне наконт таго, ці трэба яму гэтую пасаду займаць. Перад яго мысленным позіркам паўстала жахлівая сцэна забойства прэзідэнта Джона Кенэдзі (Пітэр і Глэдзіс наведалі нядаўна яго магілу на Арлінгтоне). Яму прыгадалася ганебная уотэргейцкая справа, бясслаўнае выгнанне з Белага дома Ніксана, а яшчэ раней — віцэ-прэзідэнта Агню. Не, яму штосьці не хацелася быць прэзідэнтам. І ў нейкі момант ён гатовы быў сказаць пра гэта шчыра сваёй Глэдзіс. Але глянуўшы на яе ўкрадкам і перахапіўшы ў яе вачах нястрымны патрыятычна-славалюбны запал, ён усёй істотай адчуў, як яна зрэагуе на яго шчырае прызнанне. І нават мог загадзя сказаць, што менавіта выпаліць яна ў адказ. «А Картэр! — усклікне Глэдзіс.— Ты паглядзі, Пітэр, на Джымі Картэра! Як бліскуча ён, учора нікому невядомы амаль фермер і гандляр арахісам, заваяваў Белы дом! І як рашуча ўзяўся ён наводзіць там парадак, ачышчаць ад бруду высокае званне прэзідэнта! Вунь ён нават, як Франклін Рузвельт, гутарыць з усёй краінай «ля камінка», вунь яму нават можна задаць па тэлефоне пытанне і атрымаць тут жа адказ, вунь ён абяцае...»

Так, калі б Пітэр Гадж,— працягваю дадумваць за Сінклера,— выказаў шчыра свае сумненні, то яго жонка адпарыравала б менавіта так. Бо лаўры новага прэзідэнта і яго жонкі Разалін літаральна ўскружылі ёй галаву, выбілі яе зусім з раўнавагі. Праўда, Пітэр таксама мог бы, каб крыху астудзіць жончын пал, сказаць сёе-тое пра Джымі Картэра. Ён бы мог, напрыклад, сказаць з мужчынскай разважнасцю, што адна справа — увайсці ў Белы дом і гуляць у добрага прэзідэнта і другая — быць такім сапраўды, адна справа — нагаварыць гучных, прыгожых слоў, наабяцаць мех з торбай і другая — гэтыя словы стрымаць, гэтыя абяцанні выканаць. Містэр Картэр салодкагучных абяцанняў надаваў, газеты пішуць, што іх налічваецца каля 600, яны склалі цэлую брашуру ў сто з лішнім старонак. А вось што датычыць іх выканання, то тут, дарагая Глэдзіс, справа ў твайго куміра нешта не ладзіцца, стопарыць...

Не, Пітэру ўсё ж не хацелася ўвязвацца ў гісторыю з прэзідэнцтвам. Ён толькі не быў яшчэ ўпэўнены, ці скажа шчыра пра гэтае нежаданне сваёй бравай, славалюбівай жонцы...»

Ды звернемся да той рэальнай абстаноўкі, адпаведна якой крыху мадыфікаваны намі сінклераўскі персанаж з яго нялёгкім роздумам: «Ці варта рабіцца прэзідэнтам?»

Сапраўды, прайшло ўсяго некалькі, дакладней сказаць, усяго дзевяць месяцаў з часу інаўгурацыі, а ўжо можна было бачыць, як развейваецца арэол вакол трыумфальнага прыходу ў Белы дом Джэмса Эрла (Джымі) Картэра-малодшага, як затухае чарговы ўсплеск «вялікай амерыканскай мары» з яе культам жыццёвага поспеху і ўдачы. Пачыналася паласа працверажэння, першых цвярозых ацэнак і крытычных вывадаў, «раздзявання» ўчарашняга куміра. Амаль у літаральным сэнсе апошніх слоў. Сталічны свецкі часопіс «Вашынгтоніан» надрукаваў спіс «найбольш безгустоўна апранутых знакамітасцей», матывіруючы ў кожным выпадку свой выбар. І шарэнгу «неахайнікаў» з ліку міністраў, сенатараў і г. д. узначаліў не хто іншы, як сам прэзідэнт Картэр, які шакіраваў выдаўцоў часопіса сваім «світэрным выглядам».

Ну ды апошняе — са сферы свецкіх плётак. Калі перафразіраваць вядомую прыказку, то па адзежы прэзідэнта сустракаюць, а па справах праводзяць. Але вось што датычыць рэальных спраў, то тут якраз, па ўсёй бачымасці, сітуацыя складвалася няважна, выглядала так: на адным полюсе — гучныя фанфары рыторыкі, на другім — больш чым сціплыя флейты практычных здзяйсненняў.

Калі Джымі Картэр асвойваўся з крэслам прэзідэнта, ён заяўляў: «Урад павінен натхняць сваім прыкладам. У сваёй дзейнасці ён павінен быць не менш кампетэнтным, чым любы спецыяліст ці любая дзелавая арганізацыя». А газеты ў гэты час пісалі пра яго ўменне «бездакорна арганізаваць працу», праслаўлялі яго «мэтанакіраванасць і самадысцыпліну», «палітычную праніклівасць і арганізацыйныя здольнасці». Але вось прайшло некалькі месяцаў, і газеты загаварылі пра нешта зусім іншае, пра іншыя, нават супрацьлеглыя рысы ў дзейнасці прэзідэнта — пра яго «некампетэнтнасць», яго «хістанні» і «недальнабачнасць», яго схільнасць «прымаць паспешлівыя рашэнні» і г. д. «Прэса як бы па сігналу рашыла, — канстатавала «Нью-Йорк таймс»,— што прэзідэнт дзейнічае няўпэўнена, што ён яўна некампетэнтны і слабы». Газета сцвярджае далей, што «калі гэты працэс прадоўжыцца на сённяшнім узроўні, а эканоміка не паправіцца да 1979 года, то Картэр, як і Форд, сутыкнецца з саперніцтвам на выбарах з боку сваёй уласнай партыі».

Блізкія да прэзідэнта людзі мусілі забіць трывогу.

Так сенатар Хэмфры, вярнуўшыся ў Вашынгтон пасля лячэння ад цяжкага захворвання, заявіў, што «кіраўнік дзяржавы добра спраўляецца са сваімі абавязкамі, але ў апошні час знаходзіцца пад вялікім націскам», што «ён мае патрэбу ў падтрымцы»... і г. д.

У сваім змаганні за Белы дом Дж. Картэр умела выкарыстаў — няма ліха без дабра — такія крызісныя з’явы ў жыцці краіны, як в'етнамскі сіндром, уотэргейцкая справа і інш. Адным з галоўных і, як аказалася на паверку, адным з самых выйгрышных тэзісаў яго агітацыі было сцвярджэнне аб неабходнасці выгнаць «нячыстую сілу» з Белага дома, аздаравіць маральную атмасферу ў калідорах улады. Кандыдат у прэзідэнты біў на дэмакратызм, рабіў націск на такія паняцці, як «народ» і «мараль». Ён называў сябе часта «першым фермерам пасля Томаса Джэферсона, які балаціруецца на пост прэзідэнта», гаварыў на з’ездзе сваёй партыі: «Маральны воблік нашай краіны павінен стварацца непасрэдна народам». А ўжо будучы прэзідэнтам, Картэр не без эфектацыі зноў-такі заяўляў: «Знешняя і ўнутраная палітыка дзяржавы павінна абумоўлівацца тымі ж абавязковымі для кожнага грамадзяніна краіны маральна-этычнымі нормамі і сумленнасцю. Народ нашай краіны па прыродзе сваёй неэгаістычны, адкрыты, сумленны, прыстойны, таленавіты і чалавечны. Наш урад павінен быць {такім жа ў сваіх дзеяннях і памкненнях».

Гэта — на адным полюсе. А на другім... Не прайшло і некалькі месяцаў пасля таго, калі прагучалі прыведзеныя вышэй і нядрэнныя ўвогуле самі па сабе словы, як у Вашынгтоне разразіўся скандал вакол «справы Лэнса». Высвятлялася, што былы банкір Лэнс, раней чым заняць важную пасаду ва ўрадзе свайго даўняга друга Картэра (ён стаў дырэктарам адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўлення), займаўся ў сваю бытнасць прэзідэнтам двух банкаў у штаце Джорджыя незаконнымі фінансавымі аперацыямі. У Белым доме адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная скандальнай справе. Картэр зачытаў пісьмо Лэнса, у якім той паведамляў пра сваё рашэнне пайсці ў адстаўку, і заявіў, што прыме адстаўку «з жалем і смуткам». Тлумачачы сваю пазіцыю, прэзідэнт зазначыў, што ў яго абавязкі ўваходзіць — усё той жа, знаёмы нам тэзіс — забеспячэнне даверу амерыканцаў да ўрада. Па яго словах, справа Лэнса з’явілася як быццам бы часткова вынікам «надзвычай высокіх стандартаў, якія мы стараліся ўстанавіць ва ўрадзе». На пытанне, ці лічыць ён, што «справа Лэнса» нанесла ўрон яго аўтарытэту, прэзідэнт адказаў унікліва: «Я меркаваў бы, што ў некаторай ступені непрыемная сітуацыя, падобная на гэтую, здольная нанесці шкоду, але я павінен буду змірыцца».

Ну так, што ў такім становішчы прэзідэнт мог зрабіць, апрача як змірыцца ды яшчэ паспрабаваць захаваць твар.

Амерыка, натуральна, смакавала сенсацыю.

Асабліва злараднічалі палітычныя непрыяцелі прэзідэнта. Яшчэ б! Наваяўлены папуліст, Джымі Картэр ішоў у Белы дом як выратавальнік яго маральнай рэпутацыі, адпаведна ж, відаць, падбіраў і каманду, і на табе... Журналісты з’едліва праходжваліся: «Скажы мне, хто твой друг?» Штотыднёвік «Тайм» няўмольна канстатаваў: «Першая буйная прабоіна ва ўрадзе Картэра».

(Дарэчы, да пытання аб спробе прэзідэнта захаваць у непрыемнай сітуацыі свой твар. Сярод іншых матэрыялаў, прысвечаных «справе Лэнса», «Нью-Йорк таймс» змясціла тут жа вельмі выразны, характэрны ў гэтым сэнсе фотаздымак. На ім — Картэр з адчайна заплюшчанымі вачыма...)

Так літаральна на вачах у амерыканца развейваўся міф, створаны вакол імя новага, 39-га прэзідэнта. І прычына такой рэзкай змены літасці на гнеў, хвалы на «хулу», трэба думаць, не толькі ў норавах амерыканскай прэсы ці, скажам, у некаторых асаблівасцях стылю кіравання новага лідэра.

Адначасова з шуміхай вакол «справы Лэнса» ў апошніх чыслах верасня ў Вашынгтоне выйшла кніга, прысвечаная прэзідэнцтву Картэра. Яе аўтар, сталічны карэспандэнт газеты «Лос-Анджэлес таймс» Шоган, зыходзячы са штодзённых уласных назіранняў палітычнага жыцця Вашынгтона, канстатуе: складанасць і непасільнасць задач, якія паўсталі перад новай адміністрацыяй у галіне ўнутранай палітыкі, вельмі хутка прымусілі гаспадара Белага дома перанесці цэнтр цяжару ў сваёй штодзённай рабоце. «Знешняя палітыка стала адымаць у Картэра больш часу, чым унутраныя праблемы»,— зазначае Шоган. На жаль, піша далей аўтар, «тое, як ён узяўся за вырашэнне задачы па поўнаму знішчэнню ўсіх ядзерных узбраенняў, аказалася такім жа неартадаксалыіым, як і вядзенне ім унутраных спраў». Шэрагам сваіх выказванняў Картэр «даў ястрабам падставу лічыць, што дэмакратычны прэзідэнт стане іх чалавекам». Замест абяцанай «хуткай ратыфікацыі» пагаднення аб абмежаванні ядзерных узбраенняў,— працягвае Шоган,— Картэр стаў падштурхоўваць перагаворы ў сферу, што знаходзіцца далёка за межамі Уладзівастокскай дамоўленасці, ды да таго ж пад фанфары публічных заяў і ў атмасферы, атручанай пытаннем аб «правах чалавека».

Паколькі адно з галоўных перадвыбарных абяцанняў Картэра — рашуча ўтаймаваць гонку ўзбраенняў — аказалася нявыкананым, піша Шоган, то наўрад ці можна разлічваць на тое, што вашынгтонская адміністрацыя зможа ажыццявіць свае планы і ў другіх галінах.

На аснове стараннага супастаўлення слоў і спраў прэзідэнта Картэра Шоган прыходзіць у канцы кнігі да вываду, што «да гэтага часу яшчэ няма выразнага адказу на пытанне: чаго ж на самай справе дабіваецца Картэр?».

Вывад, як бачым, маласуцяшальны. І сапраўды, чаго дабіваецца прэзідэнт, калі мець на ўвазе не яго словы, а яго справы? Але пакуль што былі толькі словы.

4 кастрычніка, як і было загадзя абвешчана, прэзідэнт Картэр з’явіўся ў зале Генеральнай Асамблеі ААН у суправаджэнні начальніка пратакола (прывілея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў) і ўзняўся на трыбуну. Свецкія снобы з «Вашынгтоніана» маглі быць у дадзены момант спакойныя — выгляд у іх прэзідэнта быў зусім не «світэрны», ён быў адзеты з густам, нават элегантна. Праўда, калі мець на ўвазе характар яго прамовы, то яму трэба было яшчэ накінуць паверх свайго еўрапейскага касцюма тогу міратворцы. Гаспадар Белага дома не гаварыў — буркаваў голубам... «Трыццаць два гады назад, у халоднае світанне атамнага веку, нарадзілася Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Яе першай і важнай мэтай было забяспечыць мір для стомленага і разбуранага свету»... «Сёння я хацеў бы спыніцца на асноўных пытаннях міру і на той ролі, якую Злучаныя Штаты маюць намер адыграць у справе абмежавання і скарачэння ўсіх узбраенняў, кантролю над ядзернай тэхналогіяй, абмежавання гандлю зброяй і ўрэгулявання спрэчак мірнымі сродкамі»... «Злучаныя Штаты гатовы пайсці ў справе абмежавання і скарачэння нашых ядзерных узбраенняў так далёка, наколькі гэта магчыма ў адпаведнасці з нашымі інтарэсамі бяспекі»... «Ваенныя выдаткі ва ўсім свеце зараз раўняюцца прыкладна 300 мільярдам у год. У мінулым годзе краіны свету патрацілі на забеспячэнне аднаго салдата ў 60 разоў больш, чым на навучанне аднаго дзіцяці»... «Мір не будзе гарантаваны да той пары, пакуль не будзе канчаткова ліквідавана зброя вайны»... «Злучаныя Штаты адданыя справе мірнага ўрэгулявання рознагалоссяў»... «Мы можам дабіцца міру ў свеце. Мы можам стварыць свет, які не будзе ні ў чым мець нястачы»... і г. д.

Так гучала з трыбуны ААН паўгадзінная прамова амерыканскага кіраўніка. Такія словы гаварыліся ім да ведама пасланцоў свету. На слых як быццам добрыя, міралюбівыя, як быццам адпавядаючыя эмблеме, якая ўпрыгожвае аанаўскую трыбуну (зямны шар, абвіты аліўкавай галінкай). Але ці адпавядалі яны рэальным справам і планам? Ці можна было іх прымаць за чыстую манету?

Літаральна назаўтра пасля выступлення Картэра на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН ваенны аглядальнік «Нью-Йорк таймс» Мідлтон пісаў, што «за 6 год дзеяння часовага пагаднення, тэрмін якога скончыўся 3 кастрычніка... ЗША палепшылі ступень кіруемасці, метады перанацэльвання, абарону сваіх наземных міжкантынентальных балістычных ракет, прыступілі да разгортвання новых, з большым радыусам дзеяння балістычных ракет, што базіруюцца на падводных лодках, і пачалі разгортваць мабільныя ракеты «МХ», якія ў выпадку ўхвалення прэзідэнта Картэра будуць уведзены ў дзеянне ў сярэдзіне будучага дзесяцігоддзя». (Прадказанне, на жаль, пацвярджаецца).

Яшчэ ў калідорах ААН і ў анфіладах рэдакцый амерыканскіх газет гучала рэха прэзідэнцкіх слоў пра «гатоўнасць» ЗША раззбройвацца, пра іх «адданасць справе мірнага ўрэгулявання», а на старонках тых жа газет друкаваліся, адно за адным, паведамленні, накшталт наступных: «Міністр абароны ЗША Браўн ухваліў у папярэднім парадку праграму распрацоўкі новай міжкантынентальнай балістычнай мабільнай ракеты «МХ», «Сенацкая камісія па справах узброеных сіл ухваліла дадатковыя асігнаванні ў размеры 364,5 мільёна долараў на стварэнне новых і мадэрнізацыю старых сістэм зброі», «У сенаце прадстаўнікоў кангрэса абмяркоўваецца патрабаванне адміністрацыі аб прадстаўленні фондаў на вытворчасць нейтроннай бомбы», «Ваенна-марскія сілы ЗША папоўніліся новым, трэцім па ліку атамным авіяносцам «Эйзенхаўэр», «Пентагон выплаціў 2,4 мільёны долараў па кантракту на стварэнне хімічнай, «бінарнай» (здвоенай) бомбы. Яна ўяўляе сабой кантэйнер, які змяшчае два віды неядавітых хімічных рэчываў, што пры выбуху ўтвараюць атрутную сумесь» і г. д.

Ці ўзяць такі прыклад відавочнай неадпаведнасці аднаго другому, яўнай разбежкі паміж словам і справай. З трыбуны ААН Картэр даволі настойліва гаварыў пра неабходнасць абмежавання гандлю зброяй. «Са свайго боку,— запэўніваў ён міжнароднае супольніцтва,— Злучаныя Штаты пачалі скарачаць свой экспарт зброі. Наша мэта заключаецца ў тым, каб скараціць як колькасць, так і смертаноснасць зброі, якую мы прадаём». Гэтыя словы, нагадаю, гаварыліся 4 кастрычніка. А 13 чысла таго ж месяца ў Вашынгтоне быў апублікаваны даклад бібліятэкі кангрэса, паводле якога ўрад ЗША не выконвае абяцанняў скараціць пастаўкі ўзбраенняў за граніцу. З 19 мая і па сённяшні дзень, паведамлялася ў дакладзе, урад Картэра ўхваліў 45 праграм паставак зброі ў 18 розных краін на агульную суму 4,1 мільярды долараў. «Асноўны вывад даклада,— адзначалася ў апублікаваным дакуменце,— заключаецца ў тым, што, нягледзячы на аб’яўленыя ўрадам у якасці сваёй новай палітыкі намеры, пастаўкі ўзбраенняў працягваюць адыгрываць важную ролю ў забеспячэнні амерыканскай знешняй палітыкі і задач нацыянальнай бяспекі».

Якія-небудзь дадатковыя каментарыі тут наўрад ці патрэбны.

Думаю, дастаткова прыкладаў, каб убачыць, чаго былі варты словы 39-га прэзідэнта ЗША Джымі Картэра. Словы, якія ён гаварыў у час перадвыбарнай кампаніі і якія павінны былі прынесці яму перамогу. Словы, якія ён вымаўляў ужо як пераможца пры ўступленні на прэзідэнцкі пост. Словы, з якімі ён звяртаўся ўжо як гаспадар Белага дома. Словы, сказаныя ў розных месцах, з розных трыбун, з рознай нагоды, у рознай меры шчырыя ці не шчырыя. Але роднасныя ў адным, блізкія па адной сваёй асаблівасці — яны, як мы бачылі, аказваліся на паверку пустымі, яны не пацвярджаліся рэальнымі справамі.

Што ж, узнікае пытанне, атрымоўвалася? Чым можна вытлумачыць падобныя «нажніцы»? Нейкімі асабістымі якасцямі прэзідэнта? Нейкімі заганамі яго як асобы? Скажам, схільнасцю яго як адэпта баптысцкай царквы памаралізаваць, пафарысействаваць? Але ж гэтым, вядома, многа не вытлумачыш. Хіба што толькі манеру прэзідэнта паўтараць словы любімага тэолага ці спасылацца на Біблію. (Напрыклад, сваю прамову, з якой ён выступіў на канферэнцыі членаў кангрэса ЗША і заканадаўчых сходаў штатаў у Чарлстане, Паўднёвая Караліна, і якая была ў асноўным прысвечана амерыкана-савецкім адносінам, ён скончыў настаўленнем з Бібліі: «І так будзем шукаць таго, што служыць да міру»).

Дык, можа, прычына няшчасных «нажніц» — у самой пасадзе? У тым, што, хаця яна і лічыцца самай высокай у краіне, амерыканскі прэзідэнт не мае дастаткова ўлады, каб ажыццяўляць свае абяцанні і намеры? Але ж, як вядома, прэзідэнт ЗША мае згодна з канстытуцыяй паўнамоцтваў больш чым дастаткова, надзелены юрыдычна амаль неабмежаванай уладай.

Значыць, пытанне тады трэба ставіць інакш: што можа прэзідэнт на справе? Ці з’яўляецца гаспадар Белага дома гаспадаром становішча ў сапраўднасці?

Супрацоўнік «Лос-Анджэлес таймс» Шоган мог бы, бадай, сфармуліраваць асноўны вывад сваёй кнігі і па-другому: чаго можа дабіцца Картэр, калі нават ён спрабуе шчыра дабівацца нечага і калі нават ён мае пры гэтым лоб на сем пядзей?

Нашумелая «справа Лэнса», апрача ўсяго іншага, паказала яшчэ па-свойму, чаго была варта прадвыбарная заява Картэра аб тым, што «палітычны ўплыў у канчатковым выніку зыходзіць не ад уладу маючых пасрэднікаў, а ад народа», наколькі ён сапраўды з’яўляецца «народным выбраннікам». Не новая ўвогуле для Амерыкі гісторыя пралівала святло на той факт, хто рэальна вылучаў і падтрымліваў кандыдатуру Картэра на яго шляху ў Белы дом, хто рабіў стаўку на «цёмнага коніка з Джорджыі» ў гэтым палітычным таталізатары (інакш выбары прэзідэнта ў ЗША і не назавеш). Без банкіраў — як і трэба было чакаць — не абышлося. Без банкіраў і іншых таўстасумаў, буйных заправіл. Ну а тыя, хто рабіў стаўку, хто плаціў, заказвалі загадзя, натуральна, і палітычную «музыку».

Інакш кажучы, атрымаць галасы і быць выбраным зусім не азначала — атрымаць рэальную магчымасць здзейсніць, імем прэзідэнта, нешта істотнае, ажыццявіць нейкія, калі не радыкальныя, дык хаця б важныя, рэформы, сур’ёзна паўплываць на ход падзей.

Ісціна, у якой няцяжка было пераканацца, маючы на ўвазе вопыт дзейнасці Картэра і яго шырока разрэкламаванай ім адміністрацыі. Тым больш што жыццё тут не скупілася на доказы.

Я гаварыў пра выступленне прэзідэнта на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Напярэдадні сесіі амерыканскія журналісты і тэлекаментатары выказвалі самыя розныя здагадкі наконт таго, якім будзе па сваім змесце гэтае выступленне. Ідзе спаборніцтва, пісала ўсёведная «Нью-Йорк таймс», паміж Бжэзінскім, дзяржаўным сакратаром, шэфам Пентагона і іншымі коламі за тое, хто больш паўплывае на характар прамовы. Сама газета таксама не заставалася нейтральнай і падказвала прэзідэнту, што «самым эфектыўным будзе цвёрды, жорсткі курс». Во колькі апекуноў збіралі прэзідэнта ў дарогу. Праўда, ён у сваёй прамове, як мы помнім, быццам бы праявіў самастойнасць, ва ўсякім выпадку не гаварыў з голасу «ястрабаў», нават выглядаў міратворцам. Але за гэтым, трэба думаць, таілася толькі пэўнае, падказанае момантам тактычнае меркаванне. Што ж датычыць стратэгіі, то яе вызначаць, па ўсёй бачымасці, было каму.

У час нашых сустрэч з прадстаўнікамі прагрэсіўнай эміграцыі,— аб чым расказвалася вышэй,— я спытаўся ў знаёмага ўжо нам К. Я. Радзі, як ён адносіцца да новага прэзідэнта. Амерыканскі камуніст замахаў рукамі і стаў атэставаць Картэра ў самых рэзкіх словах. «Што вы! — гаварыў ён.— Ён выхадзец з поўдня, да таго ж яшчэ баптыст і таму — ханжа. Але галоўная бяда не ў гэтым. Паглядзіце, яго акружаюць такія людзі, як Бжэзінскі, Джэксан... А гэта вельмі дрэнна. Нельга ж адначасова імкнуцца да паляпшэння адносін з Савецкім Саюзам і прыслухоўвацца да падказак такога заўзятага антыкамуніста і ворага савецкага ладу, як Бжэзінскі. Немагчыма ж у адзін і той жа час змагацца за раззбраенне, выступаць з мірнымі ініцыятывамі і аглядвацца на Джэксана, на гэтага, як у нас яго завуць, сенатара ад «Боінга», ваяўнічага да мазга касцей мілітарыста і антысаветчыка. Нічога, скажу я вам,— працягваў горача наш субяседнік,— не атрымаецца ў Картэра і з яго энергетычным білем, з яго грозных кіўкоў у бок нафтавых кампаній. Не вельмі яны яго спалохаліся. Рузвельт нічога не мог з імі, гэтымі хантамі, зрабіць. Кенэдзі звярнуў ў сабе галаву на іх вышках. І сёння нафтавыя каралі маюць у Капітоліі такое лобі, што ты яго ніякай гарматай не праб’еш. У мяне, ведаеце, такое ўражанне, што Картэр храбрыцца і крычыць не таму, што адчувае сілу, што ўпэўнены ў перамозе, а хутчэй за ўсё ад адчування свайго бяссілля...»

К. Я. Радзі з яго вострым палітычным чуццём, чуццём бывалага рабочага актывіста, нібы ў ваду глядзеў у сваіх высновах.

У той час, калі Картэр схіляўся да курса разрадкі, прызнаваў, што «яму, магчыма, трэба падрамантаваць адносіны з СССР», калі, па словах «Вашынгтон пост», «суровыя замаразкі, якімі былі адзначаны адносіны паміж Вашынгтонам і Масквой раней у гэтым годзе, як уяўляецца, змяніліся асенняй адлігай», калі, адзначала далей газета, дзве краіны «прадэманстравалі частковае супадзенне інтарэсаў па дзвюх найбольш важных сусветных праблемах — перагаворах па абмежаванню стратэгічных узбраенняў і блізкаўсходняму ўрэгуляванню»,— у гэты момант саветнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы і яго галоўны, па сутнасці, ідэолаг Бжэзінскі ўводзіў свайму шэфу ў вушы тэзіс пра непазбежнасць «пэўнай напружанасці», нашэптваў яму пра тое, што «ў нас розныя каштоўнасці, розныя сістэмы і глыбокія фундаментальныя рознагалоссі», пераконваў гаспадара Белага дома ў тым, што «пытанне аб правах чалавека — асноўны прынцып амерыканскай знешняй палітыкі» і г. д. і да т. п.

У той час, калі меўся яўны прагрэс у савецка-амерыканскіх перагаворах па абмежаванню стратэгічных узбраенняў і калі Картэр у аптымістычным тоне гаварыў аб ходзе перагавораў, нават заяўляў, што «на працягу некалькіх тыдняў у нас будзе пагадненне па АСУ, якое стане гордасцю краіны»,— у гэты час верны слуга ваенна-прамысловага комплексу сенатар Джэксан, будучы старшынёй сенацкай падкамісіі па кантролю над узбраеннем, інтрыгаваў у кангрэсе супраць перагавораў, спрыяў «уцечцы» сакрэтнай інфармацыі, голасна гаварыў пра «заклапочанасць сенатараў», пра «неабходнасць шматлікіх слуханняў» і «праблемы кантролю». Друк у гэтыя дні нават прадказваў магчымасць таго, што «сенатар Джэксан і яго саюзнікі сумеюць пераканаць 34-х сенатараў прагаласаваць супраць пагаднення і, такім чынам, прадухіліўшы яго ратыфікацыю, драматычна падарваць савецка-амерыканскія адносіны і пакласці пачатак новаму шматмільярднаму вітку ў гонцы ўзбраенняў». Што, па сутнасці, потым і адбылося.

Забягаючы крыху наперад у часе, прыгадаем, дзеля справядлівасці і ісціны, што пагадненне ўсё ж было заключана, што Картэр потым, у чэрвені 1979 года, у зале венскага палаца Хофбург, дзе завяршылася нарада на вышэйшым узроўні, паставіў свой подпіс пад дагаворам АСУ-2 побач з подпісам савецкага кіраўніка. Але той факт, што да распрацоўкі артыкулаў дагавора мелі дачыненне дзеячы тыпу Джэксана і што ў момант цырымоніі падпісання за спіной прэзідэнта стаяў — гэта зафіксавана на тэлезапісах і фотаздымках — не хто іншы, як Бжэзінскі з яго па-лісінаму выцягнутым, іезуіцка-посным тварам,— факт гэты не прадвяшчаў нічога добрага. Нічога добрага ў выніку і не атрымалася. Вядома, як склаўся лёс важнага гістарычнага дакумента. Выступаючы пасля вяртання з Вены, на аб’яднанай сесіі абедзвюх палат кангрэса, Картэр заклікаў да ратыфікацыі дагавора і прыводзіў у карысць гэтага, здавалася б, неабвержныя, бясспрэчныя аргументы. «Рэальнасць ядзернай эпохі,— звяртаўся прэзідэнт да кангрэса,— заключаецца ў тым, што мы павінны жыць у міры з Савецкім Саюзам або нам наогул не суджана жыць... АСУ-2 — самы дэталёвы, самы далёка ідучы і самы ўсеабдымны дагавор за ўсю гісторыю кантролю над узбраеннямі... Гэта не проста яшчэ адно падпісанае пагадненне аб кантролі над узбраеннямі — гэта частка доўгага гістарычнага працэсу змяншэння небяспекі ядзернай вайны».

Але хаця прэзідэнт быў лагічны і гаварыў пра жыццёва важныя для ўсіх і відавочныя рэчы, частка сенатараў на чале з «ястрабамі», накшталт Джэксана, не «вняла» яго голасу, і дагавор не быў ратыфікаваны.

Як тут не ўсклікнеш: «Што можа прэзідэнт?!»

Так, мудры працоўны амерыканец беларускага паходжання К. Я. Радзі меў рацыю.

На ўсе сто працэнтаў пацвердзіўся і яго прагноз адносна «схваткі» Картэра з нафтавымі і газавымі манаполіямі. Як прэзідэнт ні даказваў у кангрэсе і ў сваіх публічных выступленнях важнасць сваёй праграмы ў галіне энергетыкі (нават назваў энергетычны крызіс «маральным эквівалентам вайны»), як ні выкрываў галоўных ворагаў законапраекта — нафтавых магнатаў (гаварыў пра іх «хцівасць, іх імкненне «нажыцца на крызісе», «прысвоіць увесь прыбытак ад росту цэн») — ён не змог адолець абструкцыяністаў, не дасягнуў сваёй мэты. Газета «Нью-Йорк таймс» выказвала нават у гэты час думку, што за рэзкімі нападкамі прэзідэнта на нафтавыя кампаніі «тоіцца прызнанне Белым домам таго факта, што прэзідэнту прыйдзецца пайсці на істотны кампраміс па некаторых раздзелах свайго плана, калі ён хоча пераканаць кангрэс прыняць праграму ў гэтым годзе». «Картэр амаль не пакінуў сабе шляхоў для адступлення,— адзначала газета,— і паставіў сваю рэпутацыю на карту ў першы ж год свайго знаходжання ў Белым доме, абавязаўшыся дабіцца прыняцця энергетычнага законапраекта».

Паказальнае сведчанне, нічога не скажаш. Яно толькі патрабуе невялікага ўдакладнення. Супраць праграмы Картэра змагаўся, вядома, не ўвесь кангрэс. Яе «валілі» не на жыццё, а на смерць тыя заканадаўцы, якія былі ў гэтым зацікаўлены, якія, дакладней кажучы, прадстаўлялі інтарэсы вялікага бізнесу. Адны дзейнічалі ад імя нафтавых кампаній Луізіяны і Тэхаса, нехта выказваў волю «Джэнерал мотарс». Грымеў пад Капіталійскім купалам і голас небезвядомага ўжо нам сенатара ад «Боінга» Джэксана, які, як і трэба было чакаць, катэгарычна пратэставаў супраць павышэння падатку на бензін...

І яшчэ адно невялікае ўдакладненне. Адміністрацыя Картэра мусіла даваць неўзабаве задні ход, энергетычны біль не быў прыняты ні восенню семдзесят сёмага, ні ў наступным годзе.

Што можа прэзідэнт? На справе, а не на словах?

Далей. Калі Картэр паспрабаваў прадпрыняць канструктыўныя крокі на шляху вырашэння блізкаўсходняй праблемы, асабліва пасля таго, як у пачатку кастрычніка была абнародавана сумесная савецка-амерыканская заява па Блізкім Усходзе, узняліся, сталі супрацьдзейнічаць другія сілы. Сенатар-рэспубліканец Джавітс тут жа заявіў, што ўрад Картэра выступіў з сумеснай ініцыятывай без папярэдніх кансультацый з камісіяй сената па замежных справах. Савецка-амерыканская заява «можа разбурыць шансы на мірнае ўрэгуляванне»,— шумеў сенатар і заклікаў камісію па замежных справах правесці спецыяльныя слуханні (па сутнасці, як мы ўжо бачылі, адна з форм абструкцыі.— А. В.), на якіх Вэнс павінен будзе даць тлумачэнні па палітыцы ЗША ў раёне Блізкага Усходу. Старшыня нацыянальнага камітэта рэспубліканскай партыі Брок таксама падверг крытыцы рашэнне ўрада Картэра выступіць з сумеснай заявай. Ён заявіў, што «глыбока занепакоены безадказным рашэннем» картэраўскай адміністрацыі. Далей — болей... Праз пару дзён лідэр рэспубліканцаў у сенаце Бейкер і лідэр рэспубліканцаў у палаце прадстаўнікоў Роудс разам, дуэтам, публічна асудзілі сумесную савецка-амерыканскую заяву і ўсю палітыку прэзідэнта на Блізкім Усходзе. Адначасова з гэтым цэлая вялікая, аж з дваццаці сямі чалавек, група кангрэсменаў запатрабавала ад Картэра «растлумачэння» з той жа нагоды. «Чым лепшыя ў прэзідэнта адносіны з СССР, тым цяжэй яму дома»,— канстатавала не без злараднасці «Нью-Йорк таймс». А ў наступным нумары — падзеі адбываліся ў першай палавіне кастрычніка,— паведамляла, што «адносіны прэзідэнта Картэра з кангрэсам дасягнулі крытычнага становішча ў выніку цэлага раду дапушчаных ім тактычных памылак. Ён занадта часта, працягвала газета, прымаў паспешлівыя рашэнні, не задумваючыся аб выніках, як гэта было, у прыватнасці, па пытанню аб Блізкім Усходзе». Слабым бокам Картэра, па думцы газеты, з’яўляецца тое, што ён не лічыцца з «магутным лобі ў Вашынгтоне — праізраільскім, прафсаюзным, антысавецкім, нафтавым і тым, што выказвае інтарэсы вялікага бізнесу». А яны, г. зн. лабісты, дадавала шматзначна «Нью-Йорк таймс», «уважліва сочаць за ім».

Што можа прэзідэнт?

Словам, і на гэты раз адбылася ўжо знаёмая нам сітуацыя — праз некалькі тыдняў Картэр адмовіўся фактычна ад сумеснай савецка-амерыканскай заявы, мусіў змяніць курс — амаль на 180 градусаў — у сваёй блізкаўсходняй палітыцы. (Пра тое, як гэты курс мяняўся, я раскажу падрабязней у наступным раздзеле).

Так, сапраўды — што можа прэзідэнт? Не ў эмпірэях рыторыкі і дэкларацый, а ў сапраўднасці?

«Урад знаходзіцца на Уол-стрыце, а не ў Вашынгтоне. Размова аб дэмакратыі — проста жарт»,— зазначаў у свой час нявесела Драйзер. Гэтая выснова не толькі не страціла сваю актуальнасць, але, наадварот, набыла з цягам часу яшчэ больш маштабны і больш злавесны сэнс. Вунь колькі «кулінараў» дзейнічае сёння на амерыканскай палітычнай кухні. Вунь колькі прайшло перад намі іх — «урадаў ва ўрадзе», «дзяржаў у дзяржаве», «імперый у імперыі». Уол-стрыт. Пентагон. Вялікі бізнес. Ваеннапрамысловы комплекс. Разнамаснае вашынгтонскае лобі. Сюды ж трэба прыплюсаваць «шостую дзяржаву» — прэсу. Мы бачылі, якую ролю яна адыгрывае. Недарэмна ж адзін амерыканскі палітык сказаў: «Людзям майго становішча небяспечныя не столькі гісторыкі, колькі газетныя рэпарцёры». А хіба можна скідваць з рахунку «нябачны ўрад», імперыю «ціхіх амерыканцаў» — ЦРУ? У час прадвыбарнай кампаніі Картэр гразіўся прыструніць гэтае галоўнае шпіёнскае ведамства краіны, гаварыў пра яго злоўжыванні і потым, ужо будучы ў Белым доме. І нават паказаў аднойчы характар — адмовіўся ўзнагародзіць ганаровым медалём былога дырэктара ЦРУ Хэлмса ў сувязі з юбілеем апошняга. Але ўсё гэта, трэба думаць, мела не больш сэнсу, чым біць пугай па вадзе...

Не, вопыт дзейнасці картэраўскай адміністрацыі не пацвярджаў словы Рузвельта наконт прэзідэнтаў як «сапраўдных лідэраў краіны, якія правільна вытлумачваюць патрэбы і імкненні народа».

Што можа прэзідэнт?

Падобна, што прэзідэнт ЗША мусіць адпавядаць тром наступным абавязковым умовам: згодна з канстытуцыяй — мець не менш як 35 год, згодна з пурытанскай мараллю сярэдняга выбаршчыка — не быць разведзеным і згодна з рэальным становішчам рэчаў — быць... паслухмяным, слухацца сваіх шматлікіх уплывовых «апекуноў», «сильных мира сего». Французская прыказка «валюар сэ павуар» («хацець значыць магчы») тут не падыходзіць.

Перад паездкай у ЗША я прачытаў, а потым, калі ўжо працаваў над гэтымі нататкамі, перагортваў зноў, адзін за другім, два блізкія па тэме творы сучасных амерыканскіх аўтараў — «На арэне са львамі» Тома Уікера і «Знікшы» Флетчэра Нібела (творы выдадзены ў нас у перакладзе на рускую мову). Абедзве кнігі,—іх можна аднесці да жанру так званага палітычнага рамана,— выйшлі з-пад пяра былых масцітых вашынгтонскіх журналістаў, г. зн. людзей, якія не па чутках і газетах, а па ўласных назіраннях ведаюць свет палітыкі, усе хады і выхады ў вашынгтонскіх калідорах улады і прывабліваюць нашу чытацкую ўвагу злабадзённасцю, вострай пастаноўкай палітычных праблем, у прыватнасці, праблемы, якую можна сфармуліраваць словамі: «Што можа прэзідэнт?» Характэрна, што абодва аўтары, кожны сваім шляхам, сваім метадам, прыходзяць да аднаго і таго ж, па сутнасці, вываду. «Прэзідэнту прыходзіцца не столькі весці за сабой, колькі самому ісці ў нагу»,— чытаем недзе ў сярэдзіне рамана Т. Уікера. Ф. Нібел у сваю чаргу апісвае сцэну, якая давала яго персанажу «ключ да разумення ролі амерыканскага прэзідэнта — з яго амаль неабмежаванай уладай і з амаль неадольнымі цяжкасцямі ў ажыццяўленні гэтай улады». Не выпадкова таму, што, спрабуючы мадэліраваць вобраз «добрага», прагрэсіўна мыслячага прэзідэнта, які імкнецца «пераасэнсаваць усю дзейнасць урада ЗША», аўтар рамана «Знікшы» мусіць звяртацца да формы дэтэктыва, да элементаў фантастыкі і ўтопіі. Яго герой, ідэальны па яго мерках прэзідэнт Пол Роудбуш, для таго каб ажыццявіць свой план, каб дабіцца заключэння пакта аб забароне атамнай бомбы, вырашае дзейнічаць ва ўмовах строгай сакрэтнасці, тайком ад усіх, ад членаў кабінета, палітыкаў, прэсы, разведкі (выключэнне зроблена толькі для некалькіх асабістых сяброў)... Інакш нельга,— падводзіць нас да вываду аўтар рамана.— Толькі такім вось незвычайным шляхам і можа дабіцца чаго-небудзь добрага амерыканскі прэзідэнт.

Заўважу ў заключэнне, што ўжо праз некалькі месяцаў пасля свайго прыходу ў Белы дом Джымі Картэр, мяркуючы па характару яго публічных выказванняў і па водгуках прэсы, пачаў здагадвацца, што яму можна, а што нельга, стаў, як пісала «Нью-Йорк таймс», «прыстасоўвацца да рэальнасцей». Ён рабіўся больш асцярожным у сваіх абяцаннях. Калі, напрыклад, гарадскія ўлады Нью-Йорка, выкарыстаўшы прыезд прэзідэнта для ўдзелу ў сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, дамагліся таго, каб ён уласнымі вачыма паглядзеў на патрэбы горада і каб, у прыватнасці, наведаў са сваімі памочнікамі закінутыя, паўспаленыя кварталы Паўднёвага Бронкса (некалькі невялікіх групак жыхароў замест цёплага, вернападданніцкага вітання крычалі яму здалёк: «Дай нам грошай!», «Мы хочам працаваць!» і г. д.), прэзідэнт толькі і зрабіў, што прамармытаў збянтэжана некалькі няпэўных слоў: «Федэральны ўрад павінен нешта зрабіць...» Падобны адказ прагучаў з вуснаў гаспадара Белага дома і тады, калі карэспандэнт «Нью-Йорк таймс бук рэв’ю» спытаўся ў яго: «Ці не мог бы пан прэзідэнт што-небудзь зрабіць для паляпшэння становішча амерыканскіх літаратараў?» — «Цяжка адказаць,— сказаў Картэр.— Калі вы маеце на ўвазе якую-небудзь спецыяльную федэральную праграму, то я не магу даць на вашае пытанне сцвярджальны адказ».

Так, на дадзенае і на многія іншыя пытанні прэзідэнт ужо не браўся даваць сцвярджальны адказ, бо, падобна, пачынаў бачыць сапраўдную цану сваіх слоў.

 

Як гара нарадзіла мыш, або Чаму не адбылася Жэнеўская канферэнцыя

(Працяг тэмы)

Што можа прэзідэнт?

На справе, а не на словах?

Хачу вылучыць асобным раздзелам яшчэ адну — вельмі выразную, вельмі красамоўную — ілюстрацыю на гэту тэму.

Я ўжо пачынаў гаварыць пра тое, як былі сустрэты ў пэўных палітычных колах ЗША спробы Картэра дабіцца прагрэсу ў вырашэнні блізкаўсходняй праблемы, у прыватнасці, некаторыя яго захады з мэтай аднавіць работу адпаведнай Жэнеўскай канферэнцыі. Варта спыніцца больш падрабязна на тым, як дадзеная сітуацыя складвалася далей і якую ролю адыграў у ёй, хацеў ён таго ці не, прэзідэнт. Дакладней кажучы: якую ролю ён, магчыма, хацеў адыграць і што з гэтага атрымалася.

Напачатку намеры ў Джымі Картэра былі як быццам бы самыя сур’ёзныя. Ён дзейнічаў тут як бы ў адпаведнасці са сваёй заявай аб «неабходнасці аднавіць маральныя асновы амерыканскай знешняй палітыкі». Пра гэта сведчыў, у прыватнасці, той факт, што прэзідэнт адводзіў у сваёй далёкаўсходняй палітыцы належнае месца Савецкаму Саюзу як партнёру, як былому састаршыні спыненых некалькі год назад перагавораў. «Мы пачалі рэгулярныя кансультацыі з савецкімі кіраўнікамі ў якасці састаршынь маючай адбыцца Жэнеўскай канферэнцыі для дасягнення міру на Блізкім Усходзе»,— гаварыў ён у памянутай вышэй прамове, з якой выступіў у Чарлстане.

Гэта было сказана 21 чэрвеня 1977 года.

А 1 кастрычніка была абнародавана сумесная савецка-амерыканская заява па Блізкім Усходзе, у якой падкрэслівалася неабходнасць справядлівага і ўсебаковага ўрэгулявання араба-ізраільскага канфлікту і выказваўся намер спрыяць таму, каб работа Жэнеўскай канферэнцыі была адноўлена не пазней снежня 1977 года.

Сумесная заява адразу атрымала шырокі рэзананс у амерыканскім і сусветным друку, была станоўча ацэнена ў выступленнях шэрагу палітычных і грамадскіх дзеячаў розных краін, з трыбуны і ў кулуарах ААН (прыгадваю, як заява была ўспрынята сярод дэлегатаў сесіі). «Сумесная савецка-амерыканская заява,— пісала ў пачатку кастрычніка «Нью-Йорк таймс»,— накіравана на тое, каб паскорыць рух на шляху склікання Жэнеўскай канферэнцыі ў гэтым годзе». «Упершыню абедзве дзяржавы сумесна абвясцілі прынцыпы, якія павінны быць пакладзены ў аснову Жэнеўскай канферэнцыі»,— каменціравала «Нью-Йорк дэйлі ньюс». «Аб’яднанне намаганняў СССР і ЗША з мэтай дабіцца міру на Блізкім Усходзе,— адзначала з свайго боку «Крысчэн сайен манітор»,— можа стаць той неадольнай сілай, якая зблізіць пазіцыі арабскіх краін і Ізраіля па пытанню аб умовах мірнага ўрэгулявання працяглага канфлікту. Яно таксама — як мінімум — удыхне новае жыццё ў намаганні па скліканню Жэнеўскай мірнай канферэнцыі».

Адбылася сустрэча дзяржаўнага сакратара ЗША Вэнса з Вальдхаймам. Пасля яе першы выказаў у сваім выступленні перад журналістамі надзею, што «Жэнеўскую канферэнцыю па Блізкім Усходзе ўдасца склікаць да канца гэтага года», а Генеральны сакратар ААН выступіў з заявай, у якой падкрэсліў, што савецка-амерыканская ініцыятыва «ўяўляе сабой важнейшую спробу пераадолець існуючыя цяжкасці ў справе аднаўлення Жэнеўскай канферэнцыі, утрымлівае асноўныя элементы для вырашэння блізкаўсходняй праблемы».

Узаемаўзгодненая заява дзвюх вялікіх дзяржаў выклікала, натуральна, самы жывы водгук з боку арабаў. Франс прэс перадало заяву загадчыка палітычнага аддзела Арганізацыі Вызвалення Палесціны (АВП) Кадумі, які зазначыў, што ў савецка-амерыканскім дакуменце «маюцца пазітыўныя прыкметы справядлівага ўрэгулявання крызісу». «Сумесную заяву,— сказаў далей адзін з лідэраў АВП,— мы ўспрымаем як уклад, які мае на мэце дабіцца новай рэзалюцыі Савета Бяспекі, што прадугледжвала б належную базу для гарантыі неад’емных правоў палесцінскага народа». А адна арабская газета нават распісала летуценна, як будзе выглядаць мірная канферэнцыя ў Жэневе. Па яе версіі «Жэнеўская канферэнцыя па Блізкім Усходзе адкрыецца 22 снежня ў 11 гадзін раніцы. Яна пачнецца з кароткіх прамоў Генеральнага сакратара ААН Вальдхайма, дзяржаўнага сакратара ЗША Вэнса і міністра замежных спраў СССР Грамыкі. Пасля гэтага дэлегацыі створаць камітэты, якія будуць абмяркоўваць розныя праблемы. Затым на агульнай канферэнцыі будзе абвешчаны перапынак. Калі перагаворы ў камітэтах пройдуць добра, яна адновіцца ў красавіку наступнага года...».

Словам, сумесная савецка-амерыканская заява па Блізкім Усходзе давала добрую аснову для склікання Жэнеўскай мірнай канферэнцыі, для трывалага і справядлівага ўрэгулявання блізкаўсходняга канфлікту. Свет трымаў у сваіх руках важны рэальны шанс для развязвання аднаго з самых заблытаных, выбухова-небяспечных палітычных вузлоў.

Што адбывалася далей?

4 кастрычніка прэзідэнт Картэр пацвердзіў з трыбуны ААН сваю пазіцыю. «Ясна, што сапраўдны і трывалы мір на Блізкім Усходзе,— гаварыў ён,— павінен грунтавацца на аснове павагі правоў усіх народаў гэтага раёна». І далей: «Злучаныя Штаты мелі сустрэчы з міністрамі замежных спраў Ізраіля і арабскіх краін, якія ўдзельнічаюць у пошуках міру. Мы падтрымліваем цесныя кантакты з Савецкім Саюзам, з якім мы сумесна нясем адказнасць за аднаўленне работы Жэнеўскай канферэнцыі. У выніку гэтых кансультацый Савецкі Саюз і Злучаныя Штаты згадзіліся заклікаць да аднаўлення Жэнеўскай канферэнцыі да канца гэтага года».

Шлях у Жэневу быў як быццам адкрыты. Завалы, якія да гэтага грувасціліся на ім, як быццам убіраліся, знікалі.

Але не будзем радавацца раней часу.

Як вядома, ні 22 снежня бягучага года, ні 22 красавіка года наступнага, ні ў нейкі іншы дзень нейкага іншага года Жэнеўская мірная канферэнцыя па блізкаўсходняму ўрэгуляванню не }адкрылася. Чаму? Па якіх прычынах?

І вось тут канчаецца першы мажорны акт нашай хронікі і пачынаецца другі, менш вясёлы, з перавагай мінору. Пачынаецца тут жа, без антракту (рэжысёрская накладка, ці што?). Літаральна праз дзень пасля выступлення Картэра ў ААН, у выніку шасцігадзінных перагавораў паміж ім, дзяржсакратаром, і міністрам замежных спраў Ізраіля, была апублікавана сумесная амерыкана-ізраільская заява, у якой, апрача ўсяго іншага, было сказана: «Згода бакоў з сумеснай савецка-амерыканскай заявай ад 1 кастрычніка 1977 года не з’яўляецца абавязковай умовай склікання ўноў і правядзення Жэнеўскай канферэнцыі». Словы сімптаматычныя, падобна, што ЗША робяць зваротны ход, адступаюць ад сумеснай з СССР заявы.

Але, можа, не трэба, што называецца, прыдзірацца да слова, да акруглай дыпламатычнай фармуліроўкі? Можа, сімптом заўтра не пацвердзіцца?

На жаль... Дзевятага кастрычніка Картэр сустракаецца з групай звязаных з сіянісцкімі арганізацыямі ЗША кангрэсменаў (27 чалавек), якія запатрабавалі ад яго «растлумачэння» з нагоды новай амерыканскай палітыкі на Блізкім Усходзе. Услед за гэтым выступае з прамовай на пасяджэнні нацыянальнага камітэта дэмакратычнай партыі. І там, і тут запэўнівае, што не адбылося ніякіх змен у абавязацельствах ЗША перад Ізраілем, і ў выбачальным тоне гаворыць пра сумесную савецка-амерыканскую заяву. «Сумесная савецка-амерыканская заява,— гаворыць прэзідэнт на пасяджэнні камітэта,— з’яўляецца проста абвяшчэннем усяму свету аб тым, што мы шчыра настроены дабівацца паспяховага завяршэння Жэнеўскай канферэнцыі. Яна была сарвана адразу ў кастрычніку 1973 года. Мы не хочам, каб гэта паўтарылася. Заява, складзеная намі і Савецкім Саюзам, не з’яўляецца абавязковым дакументам, які арабскія ці ізраільскі ўрады павінны цалкам прызнаць, раней чым адправіцца ў Жэневу...» і г. д.

Далей у лес — болей дроў. Слоў — у дадзеным выпадку. Але сутнасць ужо ясная: важная сумесная ініцыятыва, якая давала надзею на прагрэс, на аздараўленне міжнароднай абстаноўкі, пастаўлена адным з бакоў пад сумненне, наўмысна абясцэньваецца. Увачавідкі. На вачах амерыканцаў (адпаведна рэагуе іх друк), на вачах удзельнікаў сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (нават вопытныя, бачыўшыя віды дыпламаты паціскаюць збянтэжана плячыма), на вачах усёй прагрэсіўнай грамадскасці свету (расчараванне, пратэсты). Але што б мог значыць такі рэзкі паварот Картэра і яго знешнепалітычнага ведамства? Нічога, вядома, добрага. Ва ўсякім выпадку ўжо ясна адно: прэзідэнт пераарыентоўвае на хаду свой курс, цэнтр цяжару ў амерыканскай блізкаўсходняй палітыцы перамяшчаецца.

Як падзеі развіваюцца далей?

У адрозненне ад папярэдняй («Мы падпісалі заяву, мы ставім яе пад сумненне») наступную карціну другога акта нашай драмы можна назваць так: «Мы за Жэневу, але без Савецкага Саюза». Дзяржаўны сакратар, выступаючы ў тэлепраграме, гаворыць яшчэ аб неабходнасці дамовіцца «пра мінімум працэдурных пытанняў». «Было б трагедыяй,— зазначае ён,— калі б працэдурныя і арганізацыйныя пытанні перашкодзілі пачаць сур’ёзныя перагаворы аб перамір’і». Прэзідэнт таксама працягвае дэкляраваць сваю вернасць ідэі мірнай канферэнцыі па Блізкім Усходзе. Па прэс-канферэнцыях, якія адбыліся ў першай палавіне лістапада, ён гаворыць пра свой неспакой у сувязі з падзеямі на ізраільска-ліванскай граніцы і падкрэслівае важнасць аднаўлення Жэнеўскай канферэнцыі ў бліжэйшы час. Але — новы момант, які нельга не заўважыць — пра сумесную адказнасць, пра супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам ужо нічога не гаворыцца, яго роля як састаршыні і як сааўтара важнага палітычнага дакумента маўкліва абыходзіцца. Гэта падобна на амнезію свайго роду. Аднак прычына, вядома, не ў забыўчывасці ці рассеянасці амерыканскага лідэра, а ў нечым іншым — у яго двайной гульні: у друк пранікаюць чуткі пра сакрэтны амерыкана-ізраільскі «рабочы дакумент». Адначасова прэзідэнт кідае ўсё больш прыхільныя позіркі ў бок Садата, які к гэтаму часу разгарнуў наколькі эфектную, настолькі безразважную і падазроную па сваёй сутнасці дыпламатычную дзейнасць. На прэс-канферэнцыі Картэр гаворыць: «Мяне парадавала заява прэзідэнта Садата аб тым, што ён гатовы паехаць у Жэневу ці ў нейкае «любое другое месца» (звернем увагу на словы, узятыя ў двукоссе.— А. В.) і пачаць прамыя кансультацыі з Ізраілем і іншымі арабскімі краінамі без далейшых спрэчак аб падрабязных фармуліроўках працэдуры». А агенцтва Рэйтар, са спасылкай на газету «Джэрусалім пост», паведамляе пра тое, што ў ЗША вядзецца работа над падрыхтоўкай «кампраміснай» прапановы па працэдурных пытаннях Жэнеўскай канферэнцыі. «Мэта прапановы,— цытуе Рэйтар газету,— зводзіцца да таго, каб абмежаваць ролю СССР на канферэнцыі». Вось што тоіцца за размовамі аб працэдурных пытаннях. Карты ўжо на стале. Толькі на некаторых з іх, цёмнай масці, замест «абмежаваць» трэба напісаць больш пэўныя словы: «ігнараваць», «адхіліць», «заахвоціць сепаратную здзелку».

(Жыццё неўзабаве пакажа, наколькі згубнай для справы аказалася адмова ад сапраўды міратворчай місіі СССР у вырашэнні блізкаўсходняй праблемы).

Наступную, заключную сцэну нашай хронікі можна назваць словамі «А ці патрэбна Жэнева наогул?».

Хаця, здавалася б, дарога ў Жэневу адчынена, егіпецкі прэзідэнт аддае ўсё ж перавагу «другому месцу» (трэба думаць, не без ведама прэзідэнта амерыканскага). 14 лістапада Садат выступае ў праграме амерыканскай тэлекампаніі Сі-Бі-Эс з сенсацыйнай заявай, у якой гаворыць пра сваю гатоўнасць нанесці на працягу тыдня візіт у Ізраіль, калі яму будзе накіравана афіцыйнае запрашэнне. У інтэрв’ю той жа тэлекампаніі ізраільскі прэм’ер Бегін заяўляе, што запрашэнне Садату будзе накіравана цераз пасольства ЗША ў Ізраілі і Егіпце. У другім інтэрв’ю для амерыканскай зноў-такі тэлекампаніі Эн-Бі-Сі Бегін пацвярджае факт запрашэння Садата і выказвае спадзяванне, што шансы на паспяховы візіт яго ў Ізраіль «цалкам абнадзейваючыя»...

Словам, пайшло-паехала. І ў фігуральным, і ў літаральным сэнсе. Толькі не ў Жэневу, а ў супрацьлеглым ад яе кірунку — спачатку ў Іерусалім, з яго ў Каір, а адсюль у Кэмп-Дэвід. Пайшло-паехала, як сёння бачна, проста ў тупік.

Цікавая, паказальная дэталь у заключэнне нашай драматычнай хронікі (ці, можа, фарсу). 19 лістапада, незадоўга да пасяджэння кнесета, на якім выступіў Садат, у адной з вашынгтонскіх баптысцкіх цэркваў адбыўся спецыяльны малебен за поспех «місіі міру» егіпецкага прэзідэнта. На малебне прысутнічаў і Картэр. Пасля набажэнства ён сказаў журналістам, што візіт Садата ў Ізраіль «палепшыць перспектывы міру, а таксама склікання Жэнеўскай канферэнцыі».

Трэба думаць, што апошнія словы — наконт канферэнцыі — прэзідэнт дадаў ужо па інерцыі ці ў сілу фарысейскага ўзрушэння, выкліканага свяшчэннаслужэннем. Бо малебен быў не столькі за «здравие», колькі за «упокой», быў па сутнасці адпяваннем Жэнеўскай мірнай канферэнцыі.

Саветнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі будзе неўзабаве гаварыць, выступаючы ў тэлепраграме, аб тым, што «Жэнеўская канферэнцыя страчвае сваю ролю ключа да вырашэння канфлікту», што «нашай мэтай не з’яўляецца Жэнева» і г. д. Але гэтыя запозненыя, постфактум, прызнанні ўжо не маюць якога-небудзь значэння, бо і без таго ўжо ясна, куды ішла справа, што адбылося.

Так восенню 1977 года свет стаў мімаволі сведкам цікавага па-свойму «дзейства» — таго, як літаральна на працягу некалькіх тыдняў трансфармавалася }пазіцыя амерыканскага прэзідэнта: ад адкрытай сумеснай заявы, разлічанай на ўсеагульнае мірнае ўрэгуляванне набалелай праблемы, да закуліснай важданіны вакол сепаратнай здзелкі, ад рэалістычнага падыходу да вартага жалю палітыканства. Як замест Жэневы палітычная гара нарадзіла мышаня, стаўшае вядомым пад мянушкай Кэмп-Дэвід.

Праз некалькі дзён пасля таго, як Садат выступіў у ізраільскім парламенце, а ў вашынгтонскай баптысцкай царкве быў адслужаны ў гонар гэтага малебен, прадстаўнік Сірыі скажа з трыбуны ААН, гледзячы ў бок амерыканскай дэлегацыі: «Пазіцыя ЗША выклікае асаблівую горыч. Яны дзейнічаюць не ў духу адказнасці, якой ад іх чакаюць... Прэзідэнт Картэр праявіў спачатку этычную мудрасць, аднак потым адышоў ад сваёй пазіцыі». Зала не магла не пагадзіцца з гэтымі слушнымі словамі.

 

Роздум каля магілы Кенэдзі

(Завяршэнне тэмы)

Што можа прэзідэнт?

Наколькі свабодны ён прымаць рашэнні пры ўсёй паўнаце яго ўлады?

І што бывае, калі ён рашаецца пераступіць вызначаную для яго мяжу, парушае пэўнае, хай сабе і не пісанае, не запісанае ў канстытуцыі табу?

Пры гэтых пытаннях перад маім мысленным позіркам паўстаюць зялёныя пагоркі Арлінгтонскіх нацыянальных могілак, густа ўсеяныя белымі надмагільнымі слупкамі (кожны мае свой нумар — нумар чарговай ахвяры). Пры гэтых пытаннях я прыгадваю: цяністая, у засені кедраў і дубоў алея вядзе далей і прыводзіць да мэты нашага наведвання могільніка — да магілы Джона Кенэдзі, па кантрасту з невялікімі сціплымі слупкамі асабліва манументальнай і значнай.

Людзі праходзяць міма шматлікіх мармуровых слупкоў, зрэдку толькі на хвіліну затрымліваючы каля якога-небудзь з іх крок, і спыняюцца каля магілы прэзідэнта. Пад белымі нізкімі слупкамі спачывае прах салдат. Пад цёмным урачыста-жалобным мемарыяльным збудаваннем, акружаным літай агароджай і падсвечаным Вечным агнём, спачывае прах галоўнакамандуючага (згодна з амерыканскай канстытуцыяй, прэзідэнт з’яўляецца адначасова і галоўнакамандуючым арміяй), пахаванага як і мае быць, з усімі дзяржаўнымі і воінскімі ўшанаваннямі, пад сігнал фанфар, пад гукі гімна «Слава правадыру» і залпы артылерыйскага салюта. І гэта як быццам натуральна — тое, што вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі пахаваны тут, на вайсковых могілках, ён як бы робіць агляд свайго склаўшага галаву воінства. (Дарэчы, менавіта пры Кенэдзі вайна ў В’етнаме набыла шырокамаштабны характар і ў выніку — паўшага палку на Арлінгтоне прыбавілася прыкметна). Супрацьнатуральна, алагічна нешта другое — тое, што ў адрозненне ад радавых «джы-ай», паўшых на палях войнаў, якія вяла то там, то тут Амерыка, іх вярхоўны галоўнакамандуючы загінуў... не на вайне. Не ў раёне баявых дзеянняў. Не на лініі агню. Не на КП ці, скажам, на тарпедным катэры «ПТ-109», на якім ён, будучы маладым афіцэрам, служыў у час другой сусветнай вайны. Не, 35-ты прэзідэнт ЗША (ён жа галоўнакамандуючы) склаў галаву не на ратным полі, не на алтар бога вайны. Ён загінуў пры іншых абставінах: пад мірным, бязвоблачным, сінім небам, у сваім шыкоўным светла-сінім прэзідэнцкім «лінкольне», у суправаджэнні сваёй чароўнай сінявокай Жаклін (суцэльная, куды ні кінь, сінь-сінява!), па дарозе на святочны і адпаведна сервіраваны абед. У яго стралялі не з амбразуры варожага дзота, а з акна склада школьных падручнікаў (прымем на хвіліну гэтую версію), на старонках якіх услаўляюцца — у павучанне юным пакаленням — амерыканскі лад жыцця і амерыканскія прэзідэнты. Ён паў ад кулі, выпушчанай з вінтоўкі айчыннай вытворчасці. Яго, інакш кажучы, проста забілі па-бандыцку, з ім проста расправіліся. І зрабілі гэта з выклікам — сярод белага дня пасярод шырокай, залітай дзённым святлом і запоўненай людзьмі гарадской вуліцы, на віду літаральна ўсёй нацыі (прыезд прэзідэнта трансліраваўся ўсімі тэлекампаніямі).

Што можа прэзідэнт? Што яму дазволена?

Стрэлы, якія прагучалі ў «чорную пятніцу» на даласкай вуліцы, былі своеасаблівым адказам на гэтае пытанне.

Ля магілы Джона Кенэдзі мне міжволі прыгадалася, як шмат год назад, на зыходзе кароткага лістападаўскага дня я пачуў у чарзе за таксі вестку, якая прыляцела з-за акіяна: «Забілі Джона Кенэдзі!» Прыгадалася ўражанне, якое зрабіла гэтая вестка. Прыгадаліся словы, у якіх нехта пракаменціраваў паведамленне: «Вось табе і на! Быў прэзідэнт, з якім можна было весці перагаворы, заключаць пагадненні, і яго забіваюць. Гэта не к дабру!»

Дзіўнае адчуванне зведваеш каля магілы прэзідэнта Кенэдзі. З аднаго боку, яна стала месцам паломніцтва, для амерыканцаў і замежных турыстаў, а з другога — з’яўляецца напамінкам аб адной з самых ганебных старонак амерыканскай гісторыі, прымушае задумацца над пытаннем, што можа законны лідэр нацыі, і ў той жа час сваім шматзначным маўчаннем дае адказ на гэтае пытанне. І калі ў вас застаюцца яшчэ якія-небудзь сумненні наконт правільнасці адказу, то вы можаце іх лёгка развеяць, можаце атрымаць яшчэ адзін, дадатковы доказ. Для гэтага вам трэба толькі перавесці позірк на некалькі метраў у бок ад мемарыялу Джона Кенэдзі і спыніць яго на... магіле Роберта Кенэдзі, роднага брата прэзідэнта ЗША. Яго больш сціплая магіла знаходзіцца тут жа. Як вядома, Роберт Кенэдзі, вонкавым выглядам і голасам падобны вельмі на брата, быў адной з галоўных фігур у яго ўрадзе, актыўна падтрымліваў яго палітыку «новых рубяжоў», потым вылучаўся кандыдатам на пост прэзідэнта і зноў-такі быў забіты летам 1968 года ў дзень яго перамогі на пярвічных выбарах у Лос-Анджэлесе.

Што можа прэзідэнт?

Адразу два крыжы на «новых рубяжах» — адказ больш чым красамоўны. Знішчальны адказ.

Заўважаеш, што калі амерыканскія аўтары — а ім тут, натуральна, відней,— пачынаюць пісаць аб прэзідэнтах, аб тым, як іх выбіраюць ці як забіваюць іх, то яны абавязкова звяртаюцца да слова «сіла». Так, Том Уікер, якога я ўжо ўпамінаў і які, дарэчы, разам з іншымі журналістамі суправаджаў як карэспандэнт «Нью-Йорк таймс» Джона Кенэдзі ў яго апошняй паездцы і быў сведкам крывавай развязкі, з горыччу гаворыць вуснамі свайго героя аб «страшэннай неправаце свету, дзе... насуперак усяму перавышае грубая сіла». Яго калега Уільям Манчэсцер у сваёй вядомай дакументальнай кнізе «Забойства прэзідэнта» таксама нагадвае аб тым, «якое важнае месца ў жыцці Амерыкі займае непрыкрытая грубая сіла». Можна было б прывесці і іншыя падобныя выказванні.

Прэзідэнт Джон Ф. Кенэдзі таксама не быў супраць сілы. Ён таксама прадстаўляў інтарэсы і выказваў волю «сильных мира сего». Але ён не лічыў, што спрэчныя пытанні трэба вырашаць толькі сілай, што як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы трэба дзейнічаць толькі з пазіцыі сілы. Ён спрачаўся з тымі, хто сцвярджаў, што «быццам мір немагчымы». «Гэта небяспечны пункт гледжання»,— гаварыў ён. Ён выказваў веру ў мірнае суіснаванне. І ў сваёй прамове, з якой ён не паспеў выступіць перад даласкім істэблішмэнтам, ён хацеў сказаць наступныя знамянальныя словы: «Сіла бессэнсоўная, калі яна не апіраецца на справядлівасць». (Міжволі параўноўваеш гэтае мудрае выказванне з пячорнай філасофіяй 40-га прэзідэнта ЗША, Рональда Рэйгана, які не-не ды і выдае на-гара сентэнцыі, накшталт: «Выжывае той, хто мацнейшы», «Мір — прадукт сілы» і г. д.).

Грубая сіла не дала прэзідэнту Кенэдзі сказаць словы аб сіле справядлівай. Грубая сіла націснула курок...

Што можа прэзідэнт?

Увогуле, калі разабрацца, ён можа многае. І не толькі на словах. І не толькі ў тым сэнсе, што ён можа абвясціць шырокавяшчальную праграму, накшталт «справядлівага курса», «новых рубяжоў», «вялікага грамадства», або даць заманлівае абяцанне, што «будуць панаваць мір і працвітанне, будзе малако і мёд для ўсіх», што «настаў час для піянераў і следапытаў», што «маральны воблік краіны павінен стварацца непасрэдна народам» і г. д. і да т. п. (праграмы і абяцанні розных амерыканскіх прэзідэнтаў). Ён можа многае і на справе. Ён можа, напрыклад, аддаць загад аб атамнай бамбардзіроўцы японскіх гарадоў. Ён можа потым праз некалькі год прыняць рашэнне аб вытворчасці нейтроннай бомбы. Заяўляючы публічна, што «мы не нанясём першы ўдар», ён можа тут жа даць ваеннаму ведамству ўказанне: «Нанесці, калі гэта неабходна, першы ўдар». Ён можа распарадзіцца наконт праславутага плана «Дропшот», якім прадугледжваецца нават дакладная дата развязвання вайны супраць СССР. Ён можа аддаць небезвядомую таксама дырэктыву № 59, сутнасць якой заключаецца ў тым, каб маральна падрыхтаваць грамадскую думку да ідэі атамнай вайны і загадзя апраўдаць прымяненне ядзернай зброі першымі. Ён можа...

Не, не скажыце, ён можа многае, амерыканскі прэзідэнт. Ён можа паслаць войскі ва В’етнам, ён можа ствараць ваенныя базы ў Еўропе, ён можа трымаць свой флот на Блізкім Усходзе... Ён можа многае. Але, як бачым, толькі ў пэўным кірунку, на пэўным шляху — на шляху палітыкі з пазіцыі сілы, на шляху экспансіі, гегеманісцкай маніі «пакс амерыкана». На гэтым шляху прэзідэнту дазваляюць праяўляць ініцыятыву і дзейнічаць, даюць яму карт-бланш, нават падштурхоўваюць і благаслаўляюць яго. Але толькі на гэтым шляху...

Калі Кенэдзі кідаў выклік камунізму, гаварыў пра сваю гатоўнасць «забяспечыць захаванне і поспех свабоды», пра «неабходнасць выконваць ускладзеныя лёсам абавязацельствы па сусветнаму кіраўніцтву» (словы, сказаныя пры ўступленні на пост прэзідэнта),— яго прымалі, у тым ліку і нафтавыя каралі і магнаты ваеннай прамысловасці. Калі Кенэдзі быў за працяг вайны ва В’етнаме і быў схільны выказваць сімпатыі да заходнегерманскіх рэваншыстаў,— людзі вялікага бізнесу і палітычныя босы яго таксама падтрымлівалі. У гэтых выпадках дзейнасць прэзідэнта не абмяжоўвалі, яму не пагражалі, у яго бок не ляцелі ні пляўкі, ні камяні, ні, тым больш, кулі. Але варта было яму праявіць пэўную самастойнасць, заняць больш-менш прагрэсіўную пазіцыю ў некаторых сацыяльных і міжнародных справах, у прыватнасці па пытанню ўзаемаадносін з Савецкім Саюзам, як прэзідэнту было паказана на яго сапраўднае месца, як яму было грозна сказана: «Не смець!» Як, нарэшце, над ім быў учынены самасуд. Па-амерыканску. З размахам. З выклікам. Маўляў, ведай, з кім маеш справу...

...Нялёгкае, супярэчлівае ўражанне робіць наведванне магілы прэзідэнта Джона Ф. Кенэдзі. І пакідаеш яе з адчуваннем, што для поўнай завершанасці мемарыялу не хапае нейкай дэталі. Якой менавіта — не адразу ўсвядоміш. Потым у нейкі момант становіцца ясным — не хапае надпісу, які б гаварыў пра абставіны пакутніцкай смерці прэзідэнта і ў якім маглі б быць словы наступнага, прыкладна, зместу: «Прахожы, задумайся на хвіліну над лёсам амерыканскага прэзідэнта. Выбраны большасцю народа і закліканы служыць яму, ён можа быць забіты тымі, хто складае меншасць, але з’яўляецца ўсемагутным і можа дазволіць сабе ўсё, у тым ліку і забойства прэзідэнта».

 

У сірэны жаночы голас

Калі, рыхтуючыся да паездкі, гартаў кнігі амерыканскіх аўтараў, то звярнуў увагу на тое, што прасочваецца пэўная, трагічная, заканамернасць у лёсе амерыканскіх паэтэс: незразуметая і непрызнаная пры жыцці Эмілі Дзікінсан памірала ў поўным адзіноцтве, Сільвія Плат скончыла жыццё самагубствам, Эн Сэкстан скончыла жыццё самагубствам... Акалічнасць, над якой нельга было не задумацца, якая наводзіла на пытанні.

Знаходзячыся ў ЗША, я змог зразумець канчаткова, у чым тут бяда. (Зноў-такі: калі хочаш зразумець паэта, яго лёс — пабудзь на яго радзіме). За лёсам паэтэс — лёс жанчыны ў «грамадстве сілы», на «зямлі з жорсткімі людзьмі і жорсткай гісторыяй», як назваў сваю краіну амерыканскі гісторык і палітык Артур Шлесінджэр. Індывідуалізм, культ сілы, жорсткасць, дыскрымінацыя скіроўваюцца перш за ўсё супраць таго, хто слабейшы, каго лягчэй прыгнесці, падпарадкаваць, хто не дасць належнага адпору. І ў дадзеным выпадку — супраць «слабога полу».

Вядомыя марксісцка-ленінскія палажэнні наконт таго, што становішча жанчыны ў грамадстве з’яўляецца свайго роду барометрам, які паказвае ўзровень сацыяльнага прагрэсу данага грамадства. Кажучы словамі Маркса, «грамадскі прагрэс можа быць дакладна вымераны па грамадскаму становішчу цудоўнага полу». І тут можа быць вылучаны і такі аспект праблемы — як сама жанчына ўспрымае сваё становішча, як яна рэагуе на акаляючыя яе зло і несправядлівасць, на гэтыя самыя «свінцовыя агіднасці жыцця». Асабліва калі яна яшчэ — натура адораная, паэтычная. Не выпадкова ж той факт, што «Хаціна дзядзькі Тома» была напісана рукой жанчыны, што ўвогуле добрыя, прасякнутыя спагадай да ўсіх абяздоленых словы, якія выбіты па пастаменце статуі Свабоды («Прышліце мне стомленых і бедных, тых, каго зневажаюць і хто прагне ўздыхнуць свабодна...»), з’яўляюцца радкамі верша паэтэсы, што менавіта паэтэса ўсклікала з болем:

 

Публікацыя — ганебная.

Розум — з малатка!

Скажуць — беднасць прыняволіць —

Голада аркан.

Літасцю гандлюеш боскай —

Пазыка пад працэнт —

Ды не смей зняважыць Геній

  Ярлыком цаны.

 

(Усе прыклады, удакладняю, узяты з амерыканскай літаратуры).

Гэтыя вось абвостраная непрымірымасць да зла, непрыняцце існуючага становішча рэчаў і прыводзілі амерыканскіх паэтэс да канфлікту са сваім асяроддзем, да ўцёкаў ад грамадства, а часам — і да самага адчайнага, трагічнага кроку, да самагубства.

Атрымалася так, што першым нашым (маім — ва ўсякім выпадку) амерыканскім субяседнікам была жанчына, жыхарка Нью-Йорка... З-за дажджу затрымаліся ў пад’ездзе магазіна на Лесінгтон-авеню. Побач аказалася яна — ужо немаладая, сярэдняга росту, хударлявая, з жывым, нервовым тварам, гаваркая амерыканка. Пачуўшы нашу размову, тут жа загаварыла і сама, пачала расказваць пра сябе. Працуе сакратаркай у аднаго важнага чалавека. Замуж не выходзіла. Пасля смерці бацькі жыве разам з хворай маці. Жыццём сваім незадаволена. Усё марыць аб тым, каб пераехаць у Фларыду, бо лічыць, што галоўная прычына ўсіх яе бед і няўдач — тое, што жыве ў Нью-Йорку.

— Не любіце свой горад? — спытаўся я.

— Што вы! Вядома, не люблю! — усклікнула, не задумваючыся, яна.— Як гэты горад можна любіць, калі яму няма справы да цябе, да тваёй індывідуальнасці, калі ён вынішчае ў табе ўсё чалавечае. І чым далей, тым горшым ён робіцца. Тут усё мяняецца, зрушваецца, ламаецца, горад запаўняюць новыя людзі, якія ўносяць яшчэ больш сумятні і адчужэння... Вось нарадзілася тут і жыву колькі ўжо год і, здаецца, некалі любіла яго, а зараз не люблю. Вы, напэўна, здзіўляецеся?

— Увогуле так,— адказаў нехта з нас.— Але што ж усё-ткі адбываецца з горадам?

— Што адбываецца? — задумалася наша субяседніца.— Цяжка адказаць. Я толькі ведаю, што ў Нью-Йорку няма нікому справы да цябе. Хаця не. Ёсць яшчэ тры катэгорыі людзей, якія звяртаюць на чалавека ўвагу. Гэта — урачы, настаўнікі і сацыёлагі. Усім астатнім на цябе напляваць. Каб не хворая маці, я б даўно ўжо была ў Фларыдзе.

— Вы ўпэўнены, што там будзе лепш?

— Хто ведае,— горка ўсміхнулася сакратарка «важнага чалавека».— Але мне здаецца, што будзе лепш. Бо тут жыць няма сіл проста. Вы ж чулі, напэўна, пра суд над гэтым вар’ятам Сэмам? Вось бачыце. Знаходзяцца нават спецыялісты па забойству жанчын. Так, з жанчынамі цяпер тут не цырымоняцца — могуць зняважыць, абрабаваць, згвалціць, забіць... Я вось затрымалася і не ведаю, як удасца дабрацца дамоў... Дзякуй вам за размову, за добразычлівасць! Гуд бай!

Падзякавала, развіталася, падаўшы ўсім руку, і знікла ў імглістым прыцемку вечара.

Мы з хвіліну глядзелі моўчкі ўслед. Па тым, як амерыканка ўступіла ў размову, як гаварыла пра сябе, як спяшалася выгаварыцца, з якім пачуццём паціснула нам на развітанне руку, можна было адчуць: у чалавека была настойлівая патрэба з некім падзяліцца, некаму адкрыць сваю душу, выліць свой боль.

Жывое ўражанне, як вядома, бывае больш дзейсным, чым самыя, здавалася б, пераканаўчыя абстрактныя довады ці важкія статыстычныя выкладкі. Менавіта такім было ўражанне ад выпадковай сустрэчы на нью-йоркскай вуліцы, пад пошум густога вераснёўскага дажджу. Гэтая сустрэча потым не раз мне прыгадвалася, успаміналіся, у прыватнасці, спавядальна-горкія словы аб тым, што «з жанчынай цяпер тут не цырымоняцца». Не давала пра іх забыць штодзённая амерыканская рэчаіснасць. Газеты часта паведамлялі пра факты гвалтавання (не без сенсацыйнага смакавання, пад загалоўкамі, накшталт: «Згвалтаванне на капіталійскім узгорку», «Бег трушком і згвалтаванне» і г. д.), пісалі пра нейкага загадкавага жанчынаненавісніка Сэма, які на працягу доўгага часу забіваў без бачымай прычыны маладых жанчын на вуліцах Нью-Йорка (ішоў якраз судовы працэс па гэтай справе), пра лёс зусім юных, у тым ліку і непаўналетніх дзяўчынак, якія мусілі ісці «на панель», уцягваліся ў парнабізнес...

Выходзіла, што Дзікенсу сто з лішнім гадоў назад пашанцавала больш, чым нам. «За час маіх вандраванняў па Амерыцы,— паведамляў ён упэўнена ў сваіх нататках,— я ні разу ні пры якіх абставінах не бачыў, каб да жанчыны аднесліся груба, непачціва ці хаця б няўважліва». Калі гэтае сведчанне прыняць за ісціну, то можна меркаваць, як рэгрэсіравала амерыканскае грамадства ў сваіх адносінах да «слабога полу».

Афіцыйна ў краіне адносяцца да жанчыны яшчэ ў духу дагматычнай, пурытанскай маралі. Да яе прад’яўляюць высокія патрабаванні. Апошнія нават тыражыруюцца ў выглядзе тавару на абыходак. У многіх сувенірных кіёсках я бачыў крыху смешнае з нашага пункту гледжання, але выкананае з усёй сур’ёзнасцю насценнае ўпрыгожанне — дошчачку з кідкім, графічна выразным надпісам: «Чатыры рэчы, якія павінна ведаць жанчына». Што гэта за сакраментальныя рэчы, што за «скрыжалі»? Аказваецца, жанчына павінна ведаць:

«1) Як выглядаць накшталт дзяўчыны.

2) Як паводзіць сябе накшталт лэдзі.

3) Як думаць накшталт мужчыны.

4) Як працаваць накшталт сабакі».

Вось чаго дамагаюцца, якой «гарманічнасці» патрабуюць ад жанчыны сучасныя тутэйшыя дамастроеўцы. Характэрна, што яны гавораць толькі пра абавязкі. Аб правах яны, як бачым, не гавораць нічога. Любоў тут яўна не ўзаемная.

Між тым побач з названай дошчачкай магла б фігурыраваць у вітрынах кіёскаў і на іншых бачных месцах і другая, такога, скажам, зместу: «Яшчэ некалькі рэчаў, якія павінна ведаць амерыканская жанчына:

Хаця ты чуеш нямала слоў пра свабоду, роўнасць і роўныя магчымасці, тым не менш так званая дваццаць сёмая папраўка да канстытуцыі, закліканая абвясціць «роўнасць правоў незалежна ад полу», так і не стала законам, і невядома, ці будзе яна прынята калі-небудзь.

Хаця ад цябе патрабуецца, каб ты думала, як мужчына, але гэта зусім не азначае, што ты можаш мець такую ж магчымасць удзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці, займаць кіруючыя пасады, мець аднолькавы з мужчынам сярэдні даход.

Хаця ад цябе патрабуюць «сабачай» працавітасці, але ў той жа час менавіта табе прапануюць самыя нізкааплатныя рабочыя месцы ў дзяржаўных установах, ты, як і «каляровыя» амерыканцы, апошняй атрымоўваеш працу і першай губляеш яе. Беспрацоўе ў краіне сярод жанчын удвая вышэй, чым сярод мужчын».

І гэтак далей, сказаў бы Курт Ванегут. Або адзначыў бы з уласцівай яму шматзначнай інтанацыяй: «Такія справы».

Трэба сказаць, што працоўныя амерыканкі не толькі мараць пасіўна пра «Фларыду», але і змагаюцца за свае правы, супраць эканамічнай і сацыяльнай дыскрымінацыі. Іх выступленні выліваюцца ў самых розных формах і маштабах. На вуліцах Нью-Йорка мы бачылі бастуючых настаўніц, тут жа можна было бачыць жанчын у шэрагах маніфестантаў. У нашу бытнасць за акіянам газеты паведамлялі: супрацоўніцы смітаўскага коледжа патрабуюць выплаціць ім сумы, якія былі недаплачаны ім у выніку дыскрымінацыі на полу; нацыянальная камісія амерыканскіх жанчын (існуе і такая побач з многімі іншымі жаночымі арганізацыямі) апублікавала ў Вашынгтоне даклад, дзе адзначаецца, што жанчыны ЗША фактычна пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у рабоце заканадаўчых органаў, у кіраўніцтве палітычнымі партыямі, прадпрыемствамі, прафсаюзамі, школамі і інстытутамі; адбылася агульнанацыянальная жаночая канферэнцыя, якая прыняла дваццаць пяць пунктаў аб правах жанчын...

Будзячы трывожна па начах, сірэна нагадвала то выццё самалёта ў вайну, то крык спуджанай птушкі, то плач дзіцяці, а часцей за ўсё здавалася голасам — клічам жанчыны. Жанчыны, якая вымушана гандляваць у пад’ездзе сваім целам. Жанчыны, якую прадаюць як асноўны тавар у парнабізнесе. Жанчыны, якую гвалтуюць сярод белага дня. Жанчыны, якая не можа больш любіць свой родны горад і тужыць, як пра зямлю запаветную, пра ілюзорную Фларыду...

 

Лёс Харві Колінза і такіх, як ён

На пачатку снежня, памятнага, апрача ўсяго іншага, тым, што — нарэшце! — можна ўжо было пакрыху збіраць чамаданы, рыхтавацца да ад’езду дамоў, у горадзе адбылася падзея, якая нават для Нью-Йорка была з раду вон выходзячай, незвычайнай і якая атрымала шырокі рэзананс у друку і на тэлебачанні.

Што ж здарылася?

Жыхары Вермонта, маладажоны Дарлін і Джэры Джэнкінсы прыехалі ў Нью-Йорк, каб правесці тут свой мядовы месяц. Спыніліся каля атэля «Шаратон», што на рагу 7-й авеню і 56-й стрыт. Джэры пайшоў афармляць нумар, а жонка засталася ў машыне ў прадчуванні прыемнага адпачынку тэт-а-тэт з любімым мужам. Але не тут было, як кажуць. Нью-Йорк не замарудзіў паказаць, што ён — не той горад, дзе можна ціхамірна аддавацца радасцям Гіменэя. Не паспела Дарлін паглядзецца ў люстэрка, як у машыну раптам улез бамбіза з пісталетам у руках, загадаў ёй убірацца (што яна тут жа зрабіла, спалохана выскачыўшы з «Б’юіка»), а сам сеў за руль і памчаўся ўніз па вуліцы, у бок Таймс-сквер. Дакладней кажучы — не па вуліцы. Бо праз нейкую хвіліну блакітны, з чорным вінілавым верхам, вермонцкім універсітэцкім знакам (амерыканцы любяць такія падрабязнасці) і дзіўным вадзіцелем за рулём «Б’юік» выскачыў на тратуар і, пятляючы, стаў збіваць і душыць пешаходаў. Адна ахвяра, другая, трэцяя... Кроў, немыя крыкі, стогны, паніка... Людзі, па словах адных сведкаў, «размахваючы рукамі, разляталіся ў бакі, як куры», па словах другіх — «падскоквалі і падалі, як ёлачныя цацкі»... З паўгадзіны звар’яцелы «Б’юік» гойсаў на вялікай хуткасці па пешаходных дарожках і спыніўся толькі тады, калі ўдарыўся ў гідрант і заглох матор. Дзіўны вадзіцель вылез з кабіны і, гледзячы на плады сваёй працы, стаў... рагатаць. Падаспела паліцыя і арыштавала. Паліцэйскі афіцэр, які рабіў арышт, заявіў рэпарцёрам: «Падазроны — нехта Харві Колінз... П’яны не быў, але, як гаворыць сам, страціў кантроль над машынай».

Гэта, так сказаць, крымінальны бок справы. Што ўяўляе сабой бок сацыяльны? Хто такі гэты Харві Колінз?

Газеты змясцілі назаўтра інтэрв’ю з яго маці. Жывуць, паведаміла місіс Колінз, на 135-й стрыт. Гэта побач з Гарлемам. Бацька Харві працаваў на мануфактурнай фабрыцы (ці працуе зараз, а калі працуе, то дзе, нічога не сказана). Сам Харві вучыўся ў розных школах, але ніводнай не скончыў. Беспрацоўны. Хварэў у дзяцінстве. Псіхічна неўраўнаважаны. Апошні раз яму аказвалі медыцынскую дапамогу гадоў пяць назад. «Я павінна была, працягвала маці Харві, змясціць яго ў шпіталь, але там яго агледзелі і сказалі, што яму нічога не трэба. (Адказалі так, магчыма, таму, што паўстала пытанне аб плаце за лячэнне). Сын спрабаваў адзін час курыць опіум, але не ўцягнуўся. Меў справу з паліцыяй, калі падабраў паламаны пісталет. Быў адпушчаны, але павінен быў з’явіцца ў суд у наступны панядзелак. У яго былі як быццам сябры, але з імі было шмат праблем. А ўвогуле, прызнавалася місіс Колінз, я не ведала, чым ён жыве, што ў яго на душы, якія ў яго праблемы. Я толькі бачыла, што ў яго нездаровая псіхіка, што ён пакутуе. Напярэдадні я з ім гутарыла. Ён сказаў, каб я не лезла ў яго справы, а лепш паклапацілася пра сябе. Сказаў, што хоча пайсці на вуліцу, хоча хіпаваць. Знайшла яго запіску. Ён піша: «Я адчуваю сцяну, якая насоўваецца на мяне. Я хачу адпачыць, гадоў дваццаць, не меней». Харві быў, вядома, хворы. Але я не думала, што ён можа пайсці на такое...»

Такі даволі выразны, можна сказаць, партрэт Харві Колінза, віноўніка крывавага вулічнага здарэння ў раёне Таймс-сквер. Харві, як бачым, быў грунтоўна падрыхтаваны да свайго «подзвігу». Тыповы прадстаўнік свайго пакалення, тыповае дзіця амерыканскага горада, ён, як бачым, прайшоў поўны «курс» гэтай падрыхтоўкі: нелады са школай, разлад з бацькамі, беспрацоўе, наркотыкі, зброя, выклік у паліцыю, неўроз і г. д. Яму заставалася цяпер выкінуць, рана ці позна, нейкі рашаючы фортэль. І ён неўзабаве гэта зрабіў.

Я ўжыў эпітэт «тыповы» і, каб не быць галаслоўным, прывяду іншыя факты... Аднойчы, пераходзячы вуліцу, мы ледзь не трапілі пад колы аўтамашыны, па якой, ігнаруючы ўсялякія правілы руху, з рогатам і гікам прамчалася група юнцоў — ці то яны падвыпілі, ці то накурыліся марыхуаны... Пасля канцэрта рок-групы «Камандоры», які адбыўся ў Мэдзісан сквергардэн, сотні падлеткаў, белых і чорных, учынілі форменны пагром у раёне 7-й і 8-й авеню і на Брадвеі, урываліся ў магазіны і рэстараны, білі вітрыны, нападалі на прахожых. Нават нью-йоркскія ахоўнікі парадку былі ўражаны і гаварылі, што не бачылі падобных па размаху і лютасці вакханалій... Дзевятнаццацігадовы Даніэл Коулз — бандытызм масавы, бандытызм індывідуальны — прыставіў пісталет да галавы чалавека, які стаяў на платформе станцыі сабвея, і забраў у яго 80 долараў. Затым спакойна ўвайшоў у вагон і стаў рабаваць пасажыраў. Аграбіўшы некалькі чалавек, ён спусціў курок пісталета. Пісталет аказаўся незараджаным. Але грабежнік, пісала газета, цешыўся спалохам сваіх ахвяр... Чарговае паведамленне з Бронкса (раёна Нью-Йорка): двое падлеткаў, указваюцца імёны і ўзрост, на працягу дзвюх гадзін трымалі ў страху ўвесь Бронкс. Ім патрэбны былі грошы, і яны выйшлі пад вечар «на паляванне». На рагу Тэлер-авеню і 168-й стрыт яны сустрэлі 45-гадовага Мігеля Санчаса. Грошай у яго не было, за што ён тут жа атрымаў смяртэльны ўдар нажом. Потым ахвярай юных бандытаў стаў 25-гадовы Рэджынальд Барнс. Невядома, ці былі ў яго грошы, але ён таксама быў забіты ўдарам нажа. Працягваючы сваю «аперацыю», пачынаючыя гангстэры з’явіліся праз нейкі час на рагу той жа 168-й вуліцы і Клей-авеню. Там ім трапіўся 15-гадовы хлопчык. Бандыты нанеслі і яму ўдар нажом. Праўда, на гэты раз іх нешта спудзіла, і ахвяра засталася жывой. Нарэшце падлеткі-разбойнікі былі арыштаваны. Хутка была ўстаноўлена асоба, і ім было прад’яўлена абвінавачанне }ў забойстве, у спробе забойства і аграбленні. Але гэта іх, адзначаў рэпарцёр, мала кранала. Яны весела ўсміхаліся, калі суддзя чытаў абвінаваўчы акт... Далей у лес — болей дроў (дакладней было б гаварыць не пра лес, а пра джунглі — джунглі нью-йоркскіх вуліц). У бандытызм уцягваюцца, бяруцца за нож і дзяўчаты, равесніцы Харві Колінза. Чатыры ўзброеныя нажамі шаснаццацігадовыя дзяўчыны, паведамляюць газеты, напалі ў Брукліне, на Сідні-Плейс, на пажылую жанчыну. Яны збілі з ног сваю ахвяру, нанеслі ёй некалькі ўдараў нажом і вырвалі сумачку, у якой было... 6 долараў. Убачыўшы бегшага на дапамогу мужчыну, яны кінуліся наўцёкі...

Гэты сумны пералік можна было б прадаўжаць, але, думаю, дастаткова.

Славуты доктар Спок у адной са сваіх кніг пранікліва заўважыў, што дзеці часам крадуць ад недахопу любві да іх. Можна ўявіць, наколькі не хапае яе, любві, у тых выпадках, калі дзеці і падлеткі зусім уцякаюць з дому, хапаюцца за зброю, грабяць, забіваюць. Тут ужо мала гаварыць пра дэфіцыт любві і іншых добрых пачуццяў. Калі юныя стварэнні нападаюць на чалавека з нажом, то робяць яны гэта, трэба думаць, ад поўнай адсутнасці такіх, ад жыцця нядобрага, жорсткага, скажонага нянавісцю.

Сумна было чытаць паведамленні друку аб тым, што многія старыя амерыканцы пакутуюць ад першых зімовых халадоў, бо мусяць туліцца ў дрэнна ацяпляемых памяшканнях, аб выпадках смерці, выкліканых гіпатэрміяй, г. зн. пераахаладжэннем цела, аб звароце ў сувязі з гэтым нацыянальнага інстытута па праблемах старасці з адпаведнымі рэкамендацыямі. Але яшчэ больш сумна было даведвацца, як, у якіх умовах і абставінах многія юныя Колінзы і Брауны пачынаюць сваё самастойнае жыццё, праводзяць свой «праздник жизни — молодости годы», як трагічна складваецца на самым пачатку іх лёс.

Іх называюць «пасынкамі Амерыкі», «дзецьмі контркультуры», «прапашчымі людзьмі» і г. д. Іх вылучаюць нават у асобную сацыяльную групу, для якой знойдзены тэрмін «тынэйджэры» (ад англійскага суфікса «Теен», які ўтварае ў англійскай мове лічэбнікі ад 13 да 19). Ва ўсіх гэтых вызначэннях ёсць пэўны сэнс. Але ў іх, на жаль, не ставяцца ўсе кропкі над «і», не называюцца асноўныя, сацыяльныя прычыны трагічнай гібелі юных душ.

...Аднойчы вечарам, пасля чаяпіцця на нашай агульнай дыпкухні, я, пачуўшы галасы на вуліцы, выглянуў у акно. Міма праходзіла, гамонячы і смеючыся, група моладзі. Ішлі парамі. Адны юнакі вялі сваіх сябровак, абняўшы за плечы, другія неслі іх на ўласных плячах. Мяне літаральна кранула гэтая незвычайная для Нью-Йорка, неяк па-асабліваму натуральная, мірная, нават ідылічная карціна. Яна нагадала мне нечым маю пасляваенную вясковую маладосць, нашы паходы на вечарынкі ў суседнія вёскі і познія вяртанні з іх (праўда, мы не былі такія смелыя ў дачыненні да сваіх сябровак). Падумалася, што як бы там ні было, а вось жыццё, маладосць і каханне бяруць сваё, патрабуюць свайго. І ўзнікла пачуццё шчымлівай спагады да юных нью-йоркцаў, галасы і крокі якіх раставалі ў начной цішы, і я жадаў услед ім, каб яны і надалей былі хоць крышку шчаслівымі ў гэтым жыцці, каб абмінула іх горкая доля Харві Колінза і іншых прапашчых дзяцей Амерыкі.

 

Сведчу: Гарлем па-ранейшаму існуе

Негры.

«Нігер» — пагардлівая, абразлівая мянушка. Таму большасць негрыцянскіх лідэраў аддае ўсё часцей перавагу словам «чорны», «афраамерыканец». «Я чорны, як ноч. Я чорны, як нетры Афрыкі»,— гэта радкі негрыцянскага паэта. І ёсць жарт, у якім негр гаворыць пра сябе: «Мы такія чорныя, што нас немагчыма ўбачыць у цемнаце». Адсюль і назва рамана негрыцянскага аўтара: «Чалавек-невідзімка».

Але ў сапраўднасці труп негра можна было ўбачыць на Брадвеі, нягледзячы на тое, што мы вярталіся да сябе позна ноччу. Можа, таму, што гэта быў не жывы, а мёртвы негр? Ці таму, што Брадвей быў асветлены?

 

Бачыў Гарлем — чорны, як ноч.

Бачыў труп негра на яркім Брадвеі:

побач ляжаў акрываўлены нож,

навокала плямы барвавелі.

 

Прарадзіма цемнаскурых амерыканцаў, іх прамаці — Афрыка. Іх радзіма — Амерыка. Але апошняя — насуперак законам прыроды, натуральнай зямной логіцы — не стала для іх маткай. Яна з’яўляецца для іх мачыхай. Таму неграў яшчэ называюць — і гэта адпавядае іх сапраўднаму сацыяльнаму статусу — «чорнымі пасынкамі Амерыкі».

І яшчэ іх называюць «людзьмі, якіх пазней за іншых прымаюць на працу і раней за іншых звальняюць». І яшчэ іх вылучаюць у катэгорыю тых, «хто менш за іншых робіць злачынствы, але часцей, чым іншыя, трапляе ў турму». Я б яшчэ назваў іх «людзьмі ўскраін». Зыходзячы з уласных назіранняў. Перасякаеш гарадскую мяжу Нью-Йорка і першымі бачыш неграў. Уязджаеш у Вашынгтон — заўважаеш тое самае. Пад’ехаўшы да Філадэльфіі, доўга блудзілі ў пошуках дарогі, якая вядзе ў цэнтр, па яе ўскраінах. І назіралі ўсё той жа малюнак: негры, негры, негры... Толькі па меры набліжэння да цэнтра сталі заўважаць белых, а ў цэнтры панавалі ўжо яны.

І яшчэ з афраамерыканцамі стасуюцца безумоўна такія паняцці, як парыі, як насельнікі гета. У гэтым пераконваешся ўвачавідкі, наведаўшы Гарлем.

З наведаннем негрыцянскай «сталіцы» звязана адно з самых змрочных — калі не самае змрочнае — амерыканскіх уражанняў... Чорныя твары, чорныя сцены, чорныя мяшкі для смецця, чорнае, беспрасветнае існаванне.

 

Бачыў я чорны, як вугаль, Гарлем.

Здавалася: ў тым, як выжара, Гарлеме

лёсы ў пакутах вякамі гарэлі.

Перагарэлі — на боль і гнеў.

 

Гэта — спроба выказаць уражанне ў вершаваных радках. А ўвогуле цяжка, нават на пэўнай адлегласці часу, падшукаць словы, каб выказаць яго да канца. Бо Гарлем — гэта не проста раён горада, не падобны па іншыя. Яго мала назваць «негрыцянскімі кварталамі» ці «кварталамі беднаты». Гэта — горад у горадзе, гэта — яўнае, закончанае гета з усімі яго атрыбутамі і вызначальнымі асаблівасцямі. Уражанне ад Гарлема як ад рэальна ўвасобленай дыскрымінацыі, як ад горада ў горадзе, што мусіць жыць па жорсткаму закону: калі худ, то не лезь на кут,— узмацняецца яшчэ тым, што ён, як бачыш, знаходзіцца пад асаблівым наглядам паліцыі, што тут, як нас папярэджваюць, рызыкоўна затрымлівацца ды цікавіцца. («Гэта небяспечна, тлумачылі нам, бо ў жыхароў Гарлема свае адносіны да розных іншапрышэльцаў»).

Вяртаешся з экскурсіі прыгнечаны ўбачаным, у нялёгкім роздуме. У галаве, можа быць, крыху наіўнае пытанне: няўжо гэта праўда? Няўжо такое магчыма? У канцы дваццатага стагоддзя, у час, калі існуе — дарэчы, прынятая ў гэтым жа горадзе,— Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека з яе знамянальным зачынам: «Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах»? У той час, калі дзейнічае — тут жа, праз некалькі ўсяго кварталаў,— Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, больш як трэць якой складаюць самастойныя афрыканскія дзяржавы, краіны чорнага кантынента? На зямлі вядучай краіны Захаду, у самым цэнтры яе галоўнага горада, яе «ўсходняй сталіцы», «вітрыны свабоднага свету»?

Здзіўляешся, гледзячы са свайго, савецкага пункту гледжання, і нечаму іншаму. Юрыдычна негры ўраўнаваны ў сваіх правах з белымі, існуе адпаведная папраўка да канстытуцыі, прыняты шэраг законаў, у прыватнасці закон аб грамадзянскіх правах, якія забараняюць дыскрымінацыю і сегрэгацыю, ва ўсякім выпадку — іх крайнія формы. Усё гэта нібыта ёсць, нібыта зафіксавана ў заканадаўчым плане, а Гарлем як гета існуе.

Змаганне амерыканскіх неграў (і іх прыхільнікаў з ліку прагрэсіўных белых амерыканцаў) за раўнапраўе, за роўнасць мае ўжо вялікую, поўную драматычных старонак гісторыю, мае свой трагічны мартыролаг, сваіх герояў і мучанікаў, на алтар праведнай справы праліта нямала крыві і пакладзена нямала ахвяр, а Гарлем тым не менш існуе.

Дваццаціпяцімільённы афра-амерыканскі народ вылучыў са свайго асяроддзя — як увасабленне сваёй духоўнай жыццяздольнасці, як выказнікаў сваёй волі і свайго духу — многа выдатных грамадскіх дзеячаў культуры і мастацтва. (Некаторыя з іх, дарэчы,— Ленгстан Хьюз, Поль Робсан, Гары Белафантэ і інш.— звязаны сваім паходжаннем непасрэдна з Гарлемам). Яны гавораць ад імя свайго шматпакутнага народа, уздымаюць голас у яго абарону, супраць расавага ўціску. Ды Гарлем, нягледзячы на гэта, існуе.

«Ёсць у мяне мара,— гаварыў палымяна Марцін Лютар Кінг летам 1963 года на шматтысячным мітынгу ў Вашынгтоне, куды ён прыйшоў разам з іншымі барацьбітамі за грамадзянскія правы чорных.— Я мару аб тым, што ў адзін цудоўны дзень наша краіна ўзвысіцца, каб жыць у поўнай адпаведнасці са сваім асноўным сімвалам веры: «Мы лічым самавідавочнай ісцінай, што ўсе людзі створаны роўнымі». Ёсць у мяне мара, што аднойчы на чырвоных узгорках Джорджыі сыны былых рабоў сядуць за стол братэрства разам з сынамі былых рабаўладальнікаў. Ёсць у мяне мара...» А праз пяць год, за дзень да трагічнай гібелі, чорны пастар звяртаўся ў Мемфісе да сваіх слухачоў: «...Я ўжо быў на вяршыні і бачыў зямлю запаветную. Можа быць, мне не суджана трапіць туды разам з вамі, але я хачу, каб вы ведалі, што мы, негры, як народ, абавязкова прыйдзем у краіну запаветную. Таму я шчаслівы ў гэты вечар і мне ніхто не страшны».

Ёсць мара, ёсць вера і бясстрашнасць. Але «краіны запаветнай» усё не відаць. А Гарлем як існаваў, так і існуе.

Мы, удзельнікі сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, маглі назіраць: паслом ЗША ў гэтай міжнароднай арганізацыі і кіраўніком амерыканскай дэлегацыі на сесіі быў не хто іншы, як адзін з самых блізкіх паплечнікаў Кінга, прыхільнік яго вучэння аб «негвалтоўнай рэвалюцыі» негр Эндру Янг, а членам дэлегацыі была ўдава чорнага трыбуна Карэта Кінг. Разам з белымі амерыканцамі яны прадстаўлялі афіцыйна сваю краіну на сусветным форуме.

Але тым не менш, нягледзячы на ўсё гэта, Гарлем па-ранейшаму існуе.

У нетрах гета, у душах яго насельнікаў накапілася, вядома, шмат «болю і гневу», гэтага самага гаручага, выбухованебяспечнага матэрыялу. Дастаткова адной маленькай іскры, і Гарлем тут жа прыходзіць у рух, пачынае «дэтанаваць». Вось прыклад. Летам, перад нашым прыездам у Нью-Йорк, ударам маланкі быў выведзены са строю галоўны трансфарматар «Аліса». Сталі перагараць адзін за адным генератары, знікла электрасвятло, і, паколькі справа была вечарам, недзе а дзесятай гадзіне, горад пагрузіўся раптам у цемру (падзея засталася ў памяці нью-йоркцаў пад назваю «блакаут» — «цёмная паўза»). Нью-йоркскія гета па-свойму зрэагавалі на аварыю. У іх ліку і Гарлем. Тысячы яго жыхароў хлынулі на вуліцы і сталі біць вітрыны, рабаваць лікёра-гарэлачныя і іншыя магазіны. Мэр горада мусіў аб’явіць надзвычайнае становішча, былі ўзняты ўсе паліцэйскія сілы, мабілізаваны нацыянальныя гвардзейцы. З вялікай цяжкасцю «стыхія» была ўтаймавана, вернута ў свае «берагі».

Так, Гарлем можа час ад часу даць выхад сваёй злосці, разбушавацца, можа выказаць, хай нават у такой вось стыхійнай форме, свой пратэст. Але вартавыя парадку і бяспекі жорстка распраўляюцца з ім («людзей хапалі, счэплівалі наручнікамі аднаго з другім, як сасіскі, і везлі ў турму...»), сапраўдныя прычыны бунту ігнаруюцца, і негрыцянскае гета існуе, працягвае існаваць па-ранейшаму, у сваім, мабыць, першапачатковым выглядзе.

 

Што б ні рабіў на свеце Геркулес,

Кот мяўкае, а воўк глядзіць у лес.

 

Расісцкі ў дадзеным выпадку «воўк» сапраўды прадаўжае, не зважаючы ні на што, «глядзець у лес», паказваць свой дзікі, драпежны выскал: «Негр, у джунглі!» Прыклад нязменнасці, вартай лепшага прымянення.

(Прыведзенае двухрадкоўе належыць шэкспіраўскаму герою, і ў сувязі з гэтым мне прыгадаўся цікавы па-свойму факт: адна з паэтычных кніг песняра Гарлема Л. Хьюза так і называлася: «Шэкспір у Гарлеме»).

Атрымалася так, што менавіта ў Амерыцы я адкрываў для сябе — на жаль, са спазненнем,— аднаго з лепшых яе сыноў Германа Мелвіла. Сярод кніг, якія былі ўзяты ў дарогу, быў зборнік яго аповесцей. Некаторыя з іх, у прыватнасці «Пісец Бартлбі. Уол-стрыцкая аповесць» і «Беніта Серэна» аказаліся асабліва дарэчы, што называецца — лыжкай к абеду. «Уолстрыцкая аповесць» давала ключ да разумення таго, як можа маленькі чалавек адчуваць сябе ў такім горадзе, як Нью-Йорк, з чаго пачынаецца адчужэнне людской адзінкі ад сацыяльнага мноства. У другім творы — своеасаблівым рамантызаваным экскурсе ў гісторыю негрыцянскага пытання — закраналася надзённая таксама для сённяшняй Амерыкі тэма міжрасавых адносін, паказваліся вытокі пагляду на негра як на істоту другога гатунку. Галоўны персанаж аповесці капітан Дэлана, які ўвогуле «любіў неграў, і не з філантрапічных меркаванняў, а ад душы, як любяць іншыя вялікіх і добрых сабак», разважае пра чорных, як «лепшых у свеце слуг — слуг, якіх гаспадару няма патрэбы трымаць у строгасці і на аддаленні», якім уласцівы «асаблівы талент да догляду і клопатаў пра цялесныя патрэбы другіх людзей» і г. д. Да гэтых якасцей містэр Дэлана, развіваючы сваю «тэорыю», дадае яшчэ наступныя: «безадмоўнае паслушэнства ўсім задаволенага абмежаванага розуму і сляпую чуйную адданасць заведама ніжэйшага вышэйшаму...»

Мелвілаўская аповесць прыгадвалася мне потым і пры сустрэчы з неграм на вуліцы Нью-Йорка, і тады, калі з трыбуны ААН гучалі словы пра падзеі на поўдні Афрыкі, пра апартэід, пра неарасізм, калі адзін цемнаскуры дэлегат цытаваў словы Дзюбуа: «Праблема ХХ стагоддзя — праблема колеру скуры».

Нельга было не ўспомніць «негралюбівыя» разважанні капітана Дэлана і ў час знаёмства са сталіцай краіны Вашынгтонам. Вонкава шэра-зялёны (шэракаменныя сцены дамоў, светла-зялёныя лужкі, скверы і ўзгоркі), у нацыянальна-дэмаграфічным сэнсе ён — чорна-белы. Нават з перавагай чорнага. Больш як дзве трэціх яго насельніцтва складаюць негры. І вось што тут характэрна. Вашынгтон называюць «горадам чыноўнікаў і неграў», інакш кажучы — «горадам гаспадароў і слуг». Што больш адпавядае сапраўднасці. Бо цемнаскурыя вашынгтонцы працуюць, як правіла, у сферы абслугоўвання, у якасці швейцараў, прыбіральшчыкаў, афіцыянтаў, цырульнікаў, пасыльных, хатняй прыслугі...

...А Гарлем як гета існуе. І існуе не сам па сабе, не як нейкі ізаляваны сацыяльны казус, а як частка трагедыі шматмільённага негрыцянскага народа Амерыкі.

 

Цуды ў рэшаце, або гэтая дзіўная, дзіўная Амерыка

Так, без гэтага эпітэта — дзіўная — тут не абыдзешся, без яго малюнак будзе няпоўны.

І гутарка ў дадзеным выпадку пойдзе ўжо не проста аб тым, што кідаецца ў вочы, што ўражвае сваім непадабенствам да бачанага ў жыцці раней, шакіруе як сацыяльная анамалія (жабраванне на вуліцы, перанаселеныя трушчобы і зусім незаселеныя новыя дамы, могільнікі машын і г. д.). І нават не аб такіх дзіўных, «отстраненных» на амерыканскі лад рэаліях, як, скажам, кавалькада побач з патокам машын, як танцы ў царкве ці як галубы, што сядзяць на дрэвах (відаць, з-за адсутнасці іншага прытулку).

Гутарка ідзе аб рэчах, перад якімі розум становіцца ў тупік, якія наогул выходзяць за межы здаровага сэнсу, нагадваюць то страшныя прывіды бацькі дэтэктыва Эдгара По (не выпадкова, аказваецца, дадзены жанр нарадзіўся на амерыканскай глебе), то фантасмагорыі Кафкі, у прыватнасці яго дзіўную «амаль бязмежную ўстанову», «аклахомскі натуральны тэатр» (інакш кажучы, амерыканскі варыянт тэатра абсурду).

З газетнай паласы дзіўна ўсміхаецца герой дзіўнай гісторыі. Яго імя — Марыё Яскалевіч. Узрост — пяцьдзесят з нечым год. Прафесія — урач, хірург. Працаваў галоўным хірургам шпіталя ў Нью-Джэрсі. Некалькі год назад быў прыцягнуты да судовай адказнасці. Яму было прад’яўлена абвінавачанне ў тым, што ён рабіў сваім пацыентам уколы яду курарэ і забіў такім чынам чатырох чалавек. Даваў на судзе паказанні адзін з саслужыўцаў Яскалевіча па шпіталі. Ён сведчыў, што, заўважыўшы нешта падазронае ў дзейнасці галоўнага хірурга, стаў за ім сачыць і знайшоў у яго шафцы некалькі ампул з курарэ. Марыё Яскалевіч адмаўляў прад’яўленае яму абвінавачанне, гаварыў, што выпрабоўвае яд на сабаках, што падазраваюць яго з-за прафесійнай рэўнасці і г. д. З-за недахопу доказаў вынясенне прысуду было адкладзена, падазроны ўнёс залог у суме 150 тысяч долараў і быў выпушчаны на волю. І вось праз нейкі час адбываецца другі акт дзіўнай гісторыі з курарэ. Газета «Нью-Йорк таймс» сама правяла расследаванне. Былі эксгуміраваны трупы былых пацыентаў Яскалевіча, і ў іх быў знойдзены яд. Зараз, піша газета, урач-забойца можа спадзявацца толькі на адно — на тое, што яму ўдасца пазбегнуць судовага пакарання за даўнасцю часу.

Дзіўная, пагадзіцеся, ва ўсіх адносінах гісторыя. Для чаго, з якой мэтай сучасны цывілізаваны ўрач атручваў сваіх пацыентаў тым ядам, якім некалі дзікія індзейцы атручвалі свае стрэлы? Якім матывам ён тут кіраваўся? Дзіўным выглядае і сам судовы разбор справы, і тое, што праз некалькі год газета сама займаецца расследаваннем... Без Конан Дойла ці Агаты Крысці тут наўрад ці разбярэшся.

Ну, а пакуль суд ды справа, загадкава дзіўны доктар усміхаецца з фотаздымка сваёй загадкавай усмешкай. Чаго, чаму ўсміхаецца?

З каго смяецца? З сваіх былых пацыентаў, якіх ён забіў, выпрабоўваючы сілу курарэ, ці з суддзяў, якіх ён падкупіў, выпрабоўваючы сілу грошай?

Дарэчы — пра ўсмешку і смех. Марыё Яскалевіч усміхаецца. Харві Колінз, які — памятаеце? — учыніў на нью-йоркскай вуліцы «лядовае пабоішча», таксама, калі яго арыштавалі, смяяўся, нават рагатаў. Прыгадаем, што і падлеткі-бандыты, якія трымалі на працягу дзвюх гадзін у страху Бронкс, гэтак жа паводзілі сябе, калі суддзя прад’явіў ім абвінавачанне ў забойстве, спробе забойства і аграбленні: яны... весела ўсміхаліся. Дзіўна, ці не праўда? І наўрад ці вытлумачыш рацыянальна падобныя паводзіны. Так, вядома, што Амерыка — краіна ўсмешлівая. Вонкава, напаказ — ва ўсякім выпадку. Шырока адкрытая, белазубая ўсмешка — неад’емны атрыбут рэкламна-плакатнага амерыканца. Яна свайго роду — фірменны знак, дэманстрацыя канкурэнтаздольнасці і поспеху. Маўляў, як бы там ні было ў сапраўднасці, а старайся трымаць марку, усміхайся. Як гаворыць адзін з персанажаў Дос Пасоса, «няхай на сэрцы будуць пыл і попел, але перад людзьмі будзь вясёлы і бліскучы».

Усё гэта так. Але ўсё гэта, пагадзіцеся, яшчэ не вытлумачвае, чаму амерыканец смяецца пасля таго, як стаў забойцам, тады, калі яго арыштоўваюць, калі яму выносяць прысуд.

У чым тут справа?

Упамянёны ўжо раней Герберт Апцекер, разглядаючы крызісныя з’явы ў духоўным жыцці краіны, піша пра ірацыяналізм, пра «зацямненне розуму», пра тое, што «Амерыка хворая на нервовае расстройства». Ён мае, безумоўна, рацыю. Бо інакш адзначаную «весялосць» не вытлумачыш.

Мушу, праўда, агаварыцца: не кожны амерыканец, які робіць злачынства, разраджаецца пасля гэтага прыступамі весялосці. Некаторыя падсудныя ўпадаюць якраз у другую крайнасць — робяцца занадта спакойнымі, абыякавымі. Вось яшчэ адна судовая справа, якая мела месца ў Х’юстане і пра якую рэпарцёры паведамілі пад загалоўкам «Заснуў на судзе»... Дваццацігадовы Білі Вэйн Вайт, пісалі газеты, які абвінавачваўся ў забойстве гаспадыні мэблевага магазіна з мэтай аграблення, заснуў у той момант, калі прысяжныя выносілі яму смяротны прыгавор. У сваёй прамове адвакат прасіў замяніць смяротную кару пажыццёвым зняволеннем. Але прысяжныя — 9 мужчын і 3 жанчыны — вырашылі на працягу некалькіх мінут, што злачынец не заслугоўвае паблажкі. Той, са свайго боку, махнуў рукой на прысяжных і... заснуў. Прачнуўся Білі Вэйн Вайт толькі тады, калі суддзя афіцыйна абвясціў прыгавор.

Або ўзяць наступнае здарэнне, у якім змяшалася два, калі не тры жанры — тэатр абсурду, фарс і крымінальна-паліцэйскі дэтэктыў. Як вы думаеце, які працяг мела крывавае пабоішча ў раёне Таймс-сквер, пра якое я расказваў вышэй і галоўным «героем» якога быў памянёны толькі што зноў Харві Колінз? Як развіваліся падзеі далей? Не спрабуйце нават угадаць, не ламайце дарэмна галаву. Любая ваша версія будзе выглядаць бледна перад тым, што адбылося потым наяве.

А падзеі развіваліся так. Пацярпеўшыя, маладажоны Джэры і Дарлін Джэнкінсы, сталі, як гэта тут водзіцца, аб’ектам увагі рэпарцёраў. Мусіла звярнуць увагу на іх становішча і нью-йоркскае гарадское ўпраўленне. Яно прыняло рашэнне кампенсаваць Джэнкінсам як гасцям горада нанесены ім урон. Ім быў дадзены бясплатны нумар у атэлі Хілтан, а ў час афіцыйнай цырымоніі мэр горада нават прыпаднёс маладым у падарунак сярэбранае блюда. Пры гэтым ён зазначыў, што не хацеў бы, каб госці з Верманта думалі пра Нью-Йорк дрэнна, як пра горад, дзе іх аграбілі і ўцягнулі ў непрыгожую гісторыю, а хацеў бы, каб яны ўспаміналі Нью-Йорк як горад, «дзе жывуць добрыя людзі, гатовыя памагчы другому ў бядзе». Кранальнае шоу, нічога не скажаш. Але такі блізкі сэрцу амерыканца шчаслівы канец (хэпіэнд) на гэты раз не адбыўся. Развязка была, наадварот, да крыўднага нешчаслівай. Сярод шматлікіх гледачоў, якія бачылі цырымонію па экранах тэлевізараў, былі і паліцэйскія штата Вермант, якія якраз расшуквалі... гэтага самага Джэры Джэнкінса. Аказваецца, ён, маючы ў банку ўсяго каля двух долараў, размяняў перад тым, як адпраўляцца ў вясельнае падарожжа, чэкі на 2500 долараў і атрымоўваў па іх грошы.

Словам, сітуацыя складвалася так, што Джэры Джэнкінса трэба было тут жа пазбаўляць бясплатнага нумара ў атэлі і везці ў наручніках у тую ж каталажку, дзе сядзеў яго брат па няшчасцю Харві Колінз, а ў няшчаснай маладой Дарлін трэба было адбіраць назад сярэбранае блюда.

Цуды ў рэшаце па-амерыканску не абмяжоўваюцца, натуральна, крымінальна-судовай хронікай. Іх параджаюць самыя розныя сферы жыцця, у тым ліку палітычныя. Вось, напрыклад, здарэнне, за якое ахвотна ўхапіўся б стваральнік Джэймса Бонда, спрытнага змагара з камуністычнымі агентамі. Чарговую сенсацыю нью-йоркскія газеты, са спасылкай на «Сан-Францыска кронікл», паднеслі пад загалоўкам «Падводная аперацыя містэра Біттэра». Што за містэр Біттэр? Што за аперацыя? Біттэр — адстаўны юрысконсульт Белага дома. І па яго ініцыятыве на возеры Аравія, штат Каліфорнія, была ажыццёўлена аперацыя па пошуку вадародных бомб, закладзеных на азёрным дне... савецкімі агентамі. Праўда, мусяць расчаравана прызнаць газеты, дзеянні групы аквалангістаў не далі ніякіх вынікаў, бомбы не знайшліся.

Не абыходзіцца без кур’ёзаў і ў свеце камерцыі. У час пешага знаходжання за акіянам у Нью-Йорку былі арыштаваны двое маладых канадцаў, якія займаліся тут зборам грошай, што прычыталіся адной манрэальскай фірме. Чаму нью-йоркскія ахоўнікі парадку зацікавіліся канадцамі? Справа абстаяла так. Нейкі Джордж Селіфай, жыхар Куінса, завінаваціўся манрэальскай фірме 4000 долараў. Крэдытор вырашыў правучыць недысцыплінаванага кліента і даручыў атрымаць з яго грошы любой цаной двум сваім «эмісарам». Яны з’явіліся ў Нью-Йорк з добра натрэніраваным сабакам — нямецкай аўчаркай, гатовай кідацца па знаку гаспадара на выбраны ім аб’ект, і прызначылі па тэлефоне спатканне з даўжніком. У Селіфая хапіла кемлівасці паведаміць пра візіт гасцей з Канады акружному пракурору і тым самым паўплываць на хаду падзей. Калі ён прыехаў у прызначаны час у аэрапорт Кенэдзі і заняў столік, то вакол, за другімі сталамі, сядзелі ўжо агенты пракурора. Праз некалькі мінут з’явіліся прадстаўнікі фірмы. Яны вялі з сабой на раменьчыку чатырохногага «супрацоўніка». Агенты ўміг іх акружылі. Захопленыя знянацку, маладыя людзі не рызыкнулі спускаць з павадка сабаку і былі арыштаваны. (Калі чытача цікавіць фінал гэтай падобнай на небыліцу былі, то магу дадаць: як заявіў рэпарцёрам прадстаўнік пракурора, абодва канадцы прадстануць перад судом па абвінавачанню ў спробе атрымаць грошы незаконнымі сродкамі. Ну а што датычыць аўчаркі, дадаў ён, то яна будзе адпраўлена ў бруклінскі прытулак апекі над жывёламі).

Імкненне атрымаць грошы незаконнымі сродкамі, здабыць іх любым, у тым ліку злачынным, шляхам... Так, па гэтай «графе» праходзіць нямала самых неверагодных гісторый і здарэнняў у штодзённым амерыканскім жыцці. Адна з такіх гісторый, што трапіла ў поле нашай увагі, адбылася ў Бостане. Шмат год тут дзейнічала своеасаблівая карпарацыя «Пажары па заказу», у якую ўваходзілі некалькі бізнесменаў, два юрысты, былы капітан пажарнага ўпраўлення, ацэншчыкі (г. зн. людзі, якія вызначаюць страту, нанесеную пажарам), у тым ліку — і брат начальніка пажарнага ўпраўлення аднаго з раёнаў горада. Чым гэтая «карпарацыя» займалася, на чым рабіла бізнес? Спекулянты нерухомасцю скуплялі старыя дамы і, спасылаючыся на неабходнасць рамонту іх (у чым ім дапамагалі юрысты з гэтага ж «канцэрна»), дабіваліся буйнога павышэння страхоўкі будынкаў. Пажарнікі, у сваю чаргу, з грунтоўным веданнем справы падпальвалі потым гэтыя дамы. Іх калегі, а то і яны самі, з’яўляліся на папялішча і, вядома, не скупячыся, шчодра вызначалі памеры ўрону, нанесенага агнём домаўласніку. Выручка дзялілася прапарцыянальна, згодна з укладам кожнага.

Карпарацыя «Пажары па заказу», пісалі газеты, працавала дакладна і прафесійна, па ўсіх правілах вялікага бізнесу. Адпаведнымі былі і вынікі яе «працы». 35 пажараў, у якіх абвінавачваліся арыштаваныя, абышліся Бостану ў 6 мільёнаў долараў. У агні загінула 3 чалавекі, сотні людзей пацярпелі фізічна і матэрыяльна.

На экране тэлевізара мы бачылі новаяўленых неронаў, бостанскіх падпальшчыкаў. Відовішча, трэба сказаць, было яшчэ тое. Героі чарговага акта «Амерыканскай трагікамедыі», у адрозненне ад названых вышэй неўрапатаў — неахайна апранутых, з маньякальным бляскам у вачах і дзіўнай усмешкай на твары,— выглядалі рэспектабельнымі, дзелавымі людзьмі. «Пагадзіцеся,— гаварыў тэлекаментатар,— што калі б не прысутнасць паліцэйскіх, то гэтую вось працэсію паважных, дагледжаных, выдатна апранутых людзей можна было б прыняць за прадстаўнічую дэлегацыю прамыслоўцаў. Ва ўсякім выпадку цяжка паверыць, што гэтыя джэнтльмены палілі на працягу некалькіх год свой Бостан з выгадай для сябе».

Дзіўнасці амерыканскай любві. Дакладней — некаторых яе разнавіднасцей. Ну, скажам, любві да свайго куміра. У дадзеным выпадку — да тварца рок-н-рола Элвіса Прэслі.{ Незадоўга да нашага прыезду ў ЗША ён раптоўна памёр ад сардэчнай недастатковасці ва ўзросце 42 год. І трэба было бачыць, што тут тварылася. Смерць яшчэ больш узбударажыла і без таго нездаровы ажыятаж вакол імя «вялікага Прэслі». Бум Прэслі выбухнуў з новай сілай. Паліцыя, паведамлялі газеты і тэлебачанне, змушана ахоўваць магілу караля рок-н-рола, бо яе літаральна асаджаюць, над ёй б’юцца ў канвульсіях, яе гатовы разрыць рукамі і разнесці на сувеніры звар’яцелыя ад сваёй страты прыхільнікі, асабліва прыхільніцы, «непараўнальнага Элвіса Прэслі». Тэлекампаніі наладзілі рэтраспекцыйны паказ фільмаў і канцэртаў з удзелам Прэслі. У магазінах і кіёсках бойка гандлявалі плакатамі і ўсемагчымымі прадметамі з партрэтам або імем Прэслі. За некалькі тыдняў былі распраданы сотні тысяч пласцінак Прэслі на суму ў 25 мільёнаў долараў (дзялкі ад бізнесу па-свойму выкарысталі масавы псіхоз і добра пагрэлі на ім рукі — адно тут неаддзельна ад другога). Тут жа з’явіліся шматлікія артыкулы, эсэ, мемуары, прысвечаныя суперзорцы эстрады. «Элвіс моцна кахаў мяне,— спяшалася паведаміць праз слёзы адна з яго сябровак,— ён быў вельмі пяшчотны. Толькі пяшчота яго была крыху дзіўнай: ён хварэў на эдзіпаў комплекс, бо зваў мяне «мамачкай»...» І гэтак далей.

Гомастрасці па-амерыканску, перад якімі «дзіўная пяшчота» Прэслі — дзіцячая забава... Пры ўездзе ў горад бачыш рэкламны шчыт з малюнкам: чырвонае сэрца, працятае стралой, і побач двое закаханых адзін у другога мужчын. Што гэта значыць? Аказваецца, рэкламуецца кінафільм, зроблены па заказу нацыянальнай асацыяцыі гомасексуалістаў (існуе, бачыце, і такая сярод бязмежнага мноства іншых «асацыяцый» і «ліг»). А вось і рэальнае здарэнне, якое магло б легчы ў аснову яшчэ аднаго падобнага фільма. Адзін «гомік», пагражаючы зброяй, захапіў самалёт, які ляцеў са штата Небраскі ў Каліфорнію, і запатрабаваў ад экіпажа, каб выпусцілі з турмы яго дружка. Пілоты звязаліся з зямлёй, да справы падключыліся ўлады і паліцыя. Было прынята рашэнне не рызыкаваць жыццём заложнікаў і выпусціць на пэўных умовах з турмы гомасексуаліста. Яго выпусцілі, што ён пацвердзіў сам у тэлефоннай размове са сваім палюбоўнікам, які знаходзіўся на борце самалёта. Да апошняга звярнулася таксама па радыётэлефоне і яго маці. Гісторыя скончылася тым — фінал зноў-такі фантастычна нечаканы,— што бедны «гомік» заложнікаў адпусціў, а сам... застрэліўся ў іх на вачах.

Хто сказаў, што «няма аповесці сумней на свеце...»? Ёсць, аказваецца. Калі не сумнейшая, то, ва ўсякім выпадку, больш трагікамічная. І смех і грэх, як кажуць.

Будучы ў Куінс-коледжы Нью-йоркскага універсітэта (мы прыехалі крыху раней прызначанага часу, і можна было агледзецца, прыслухацца да рознагалосся амерыканскай навучальнай установы), я пачуў, як група студэнтаў спявае на лесвіцы песню, у якой паўтараліся словы «хаус», «стрэіндж хаус». У адрозненне ад пустапарожніх, пашлаватых песенек, якімі грашыць амерыканская тэлеэстрада (накшталт: «Пацалуй мяне, пацалуй другі раз, пацалуй, пацалуй, пацалуй...»), песня пра «дзіўны дом» мела, як мне здалося, сур’ёзны, вобразна ўвасоблены змест. Вярнуўшыся пасля сустрэчы ў коледжы, я занатаваў яе, а потым паспрабаваў зрабіць і паэтычны пераклад, магчыма, крыху вольны.

Вось ён:

 

Мне сніўся сёння дзіўны дом.

Усё было ў ім уверх дном.

Было ўсё навыварат, наадварот...

Стаялі вароты — адсутнічаў плот.

Быў комін, і засланка была.

Але не было ў тым доме цяпла.

Бо ўсё падбіралі — дзіўная рэч! —

Да засланкі той адпаведную печ.

Неверагодны быў гэты дом.

Хадзіў я з ключом па ім, як гном.

Але да ключа таго, як знарок,

Не падыходзіў ніводзін замок.

Гучала ў тым доме каханай імя.

Толькі не мог сустрэць яе я.

Гучала імя — не было яе.

І, можа, зусім не існуе.

Мне сніўся сёння дзіўны дом.

Усё было ў ім уверх дном.

Падлога была ў ім пад страхой,

А столь скрыпела пад нагой.

 

Дзіўны дом... Няцяжка здагадацца, які сэнс укладвалі ў гэтую алегорыю выканаўцы (яны ж, магчыма, і аўтары) песні. Так, бадай, можна назваць амерыканскі дом у самым шырокім сэнсе слова. Асабліва калі мець на ўвазе факты і з’явы, пра якія я толькі што гаварыў.

 

Нью-Йорк літаратурны. «Інтэрв'ю» з вялікімі амерыканцамі

Было няпроста, нават немагчыма было той Нью-Йорк, пра які ішла размова ў папярэдніх раздзелах, Нью-Йорк мітуслівы, гарачкава-нервовы, жорсткі, своекарыслівы, Нью-Йорк, апанаваны здабываннем грошай і спажываннем іх,— няпроста было гэты Нью-Йорк сумясціць з паняццем «культурны цэнтр». Неяк не сумяшчалася адно з другім. Не ўкладваўся ў галаве той факт, што менавіта гэты амерыканскі горад адыграў значную ролю ў духоўным развіцці краіны, што маркай нью-йоркскіх выдавецтваў пазначана мноства кніг прозы і паэзіі, якія не толькі склалі славу амерыканскай літаратуры, але і ўвайшлі ў скарбніцу літаратуры сусветнай, што ў горада вялікая літаратурная традыцыя. Але тым не менш факт заставаўся фактам... Нью-Йорку было суджана стаць родным горадам першага вялікага амерыканскага барда, непараўнальнага летуценніка і чалавекалюба, аўтара «Лісцяў травы» і «Дэмакратычных даляў» Уолта Уітмена. Менавіта тут, на вуліцах Брукліна і Манхетэна, на вулачках нью-йоркскіх ускраін, мроіўся натхнёнаму паэту-рамантыку «вялікі горад», «горад сяброў самых верных», горад любві, роўнасці і брацтва. З Нью-Йоркам, з яго людзьмі, з прычаламі нью-йоркскага порта звязаны чалавечы і творчы лёс сучасніка Уітмена, пісьменніка і марахода, таксама ўзнёслага рамантыка Германа Мелвіла. (Мне тут прыгадаўся не раз заключны акорд яго пранізліва-чалавечнай «уолстрыцкай аповесці»: «О, Бартлбі! О, людзі!») У нью-йоркскім прыгарадзе Рывердэйль ствараў свае па-грамадзянску сталыя, прасякнутыя гневам і сарказмам памфлеты Марк Твен (пад Нью-Йоркам знаходзіцца яго магіла). З нью-йоркскімі ўражаннямі звязаны як першыя спробы пяра, так і пазнейшыя творы, у прыватнасці «Вялікі Гэтсбі» Ф. Скота Фіцджэральда. У адным з нью-йоркскіх коледжаў выкладаў, адначасова задумваў свае раманы і потым падоўгу біўся над імі ў цесных сценах таннага бруклінскага пансіёна Томас Вулф. Тут, прыехаўшы з Сан-Францыска ў якасці матроса на спадарожным грузавым параходзе, шукаў сваёй долі, свайго літаратурнага шчасця Джон Стэйнбек (мусіў нават, дзеля сродкаў для існавання, працаваць рознарабочым на будаўніцтве славутай зараз залы «Мэдзісан сквер-гардэн»), тут ён потым пісаў сваю «Зіму трывогі нашай», адсюль выпраўляўся, будучы ўжо масцітым пажылым пісьменнікам, у сваё «падарожжа з Чарлі ў пошуках Амерыкі». Ныо-йоркцамі па сваім паходжанні і па сваім, у пэўным сэнсе, светаадчуванні з'яўляюцца паэты Уолтэр Лауэнфелс, Ален Гінсберг, Уільям Карлас Уільямс, Огдэн Нэш, Рычард Уілбер... Эрнэст Хемінгуэй і Уільям Фолкнер не любілі, кожны па-свойму, Нью-Йорк, але ўсё ж вымушаны былі прыязджаць сюды па выдавецкіх справах. («Калі ён прыехаў у Нью-Йорк,— піша пра Фолкнера адзін з яго біёграфаў,— для работы над рукапісамі і чытання гранак, то жыў самотнікам у невялікім пакойчыку ў мансардзе старога асабняка на Пяцьдзесят Другой вуліцы... За яго акном — не магноліі, але мамона і мегалаполіс. На фоне рэзкіх, скрыгатных гукаў вялікага горада яго голас гучаў ціха і няўпэўнена»).

Або ўзяць наступны факт, які, безумоўна, робіць гонар гісторыка-літаратурнаму мінуламу горада. Тут, як ужо адзначалася раней, пачынаў сваю літаратурна-публіцыстычную і грамадскую дзейнасць учарашні выхаванец Гарварда Джон Рыд. І тут, будучы яшчэ маладым свяшчэннікам, абследаваў па заданню адной газеты быт трушчобаў і пісаў свае першыя артыкулы ў абарону абяздоленага чалавека Альберт Рыс Вільямс. А потым, восенню 1918 года, Рыд і Вільямс, пасяліўшыся разам у маленькім доміку на беразе Гудзона, пішуць адначасна, рука аб руку (высакародныя справы часта суправаджае братняя еднасць) свае славутыя кнігі — «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет» і «Ленін. Чалавек і яго справа».

Трэба адзначыць таксама, што ад Нью-Йорка неаддзельныя біяграфіі Ленгстана Х’юза, Джэймса Болдуіна, Джона Олівера Кіленза і іншых негрыцянскіх паэтаў і празаікаў. Існуе нават гільдыя гарлемскіх паэтаў.

І яшчэ адзін, мала каму вядомы, але, я думаю, цікавы для савецкага чытача факт. Лёс распарадзіўся так, што менавіта тут, у Нью-Йорку, на 24-й стрыт, у старым, цёмна-чырвонай цэглы, доме (мне яго паказалі) дажывала на самоце сваё жыццё аўтар славутага рамана «Авадзень» Этэль Ліліян Войніч.

Нью-Йорк літаратурны, Нью-Йорк кніжны... Тут знаходзяцца штаб-кватэры буйнейшых у краіне выдавецкіх канцэрнаў, у прыватнасці такіх, як «Макмілан» і «Харнер энд Роу» (іх прадстаўнікі, дарэчы, прымалі актыўны ўдзел у маскоўскіх кніжных выстаўках-кірмашах, па ініцыятыве першага з іх нядаўна закончаны пераклад 30-томнай Вялікай Савецкай Энцыклапедыі). Тут размяшчаюцца офісы шэрагу кнігагандлёвых кампаній. Тут выдаюцца вядомыя ў ЗША часопісы «Сатэрдэй рэв'ю», рэдактарам якога быў на працягу многіх год прагрэсіўны літаратар, адзін з ініцыятараў двухбаковых савецка-амерыканскіх пісьменніцкіх сустрэч Норман Казінс, і «Нью-Йоркер», з літаратурна-белетрыстычным аддзелам якога супрацоўнічалі ў розны час Джон Апдайк, Трумен Капотэ, Джэром Д. Сэлінджэр, Ірвінг Шоў і інш.

Хаатычна-стракаты малюнак уяўляе сабой кніжны рынак Нью-Йорка. Але паміж вырабамі так званай масавай культуры, скрозь завалы прадукцыі поп-мастацтва, камерцыялізаванай літаратуры можна было ўбачыць зрэдку, як своеасаблівыя ўкрапіны-залацінкі, навінкі сапраўднай літаратуры. Такімі былі, напрыклад, кніга ўспамінаў Ліліян Хелман пад характэрнай назваю «Час нягоднікаў» (пра падзеі, звязаныя з макарцісцкім «паляваннем на ведзьмаў»), сямейная сага негрыцянскага пісьменніка Алекса Хэйлі «Карані» (спроба паказаць у мастацка-гістарычнай форме, праз лёс адной радаслоўнай, лёс афра-амерыканскага народа ЗША), новы раман нью-йоркскага пісьменніка Рычарда Прайса «Кроўныя браты», прысвечаны духоўнаму свету чалавека рабочай ускраіны...

Нью-Йорк літаратурны. Нью-Йорк, які, як бачым, мае падставы слыць «буйнейшым культурным цэнтрам Амерыкі». Гэты факт не-не ды і закранаў, у той або іншай сувязі, свядомасць, настройваў часам на пэўную хвалю. Візы выдаюць чыноўнікі. Дарогу на сваю радзіму, а потым у сябе на радзіме паказваюць паэты і мастакі. Да іх я і звяртаўся з роспытам, да іх, лепшых праваднікоў, высокіх аўтарытэтаў, і адрасаваўся я часам, каб лепш зразумець гэтую грамадзіну-сфінкса па імені Амерыка.

— Дазвольце патурбаваць, шаноўныя джэнтльмены,— заводзіў я размову.— Я знаходжуся на амерыканскай зямлі. Тут шмат супярэчлівага, незразумелага, да недарэчнасці дзіўнага парой. Часам проста становішся ў тупік. Узнікаюць розныя пытанні. Магчыма, Вы адказалі б на некаторыя з іх? Я хацеў бы, напрыклад, ведаць, як Вы адносіцеся да сябе як да нацыі, што думаеце пра сваю радзіму, свае Злучаныя Штаты?

Першы адказ прагучаў на высокай, патэтычнай ноце. Няцяжка было здагадацца, каму гэты рокатны голас належыць.

Уолт Уітмен. Амерыканцы ўсіх эпох і ўсіх народаў Зямлі, напэўна, валодалі найбольшай паэтычнай натурай. Па сутнасці сваёй самі Злучаныя Штаты — найвялікшая з паэм... Вось народ, які не проста нацыя, але ўвасобіўшая ў сабе ўвесь свет нацыя нацый...1

— Але, сэр...

Уолт Уітмен (працягвае з тым жа пафасам). Прызванне амерыканскіх паэтаў — злучыць старое і новае, бо амерыканцы — гэта народ народаў.

— Нацыя нацый? Народ народаў? — насцярожана перапытаў я.— Ці не занадта моцна сказана, містэр Уітмен? Ці не ідэалізуеце тут Вы? Ці не перабольшваеце з уласцівай Вам схільнасцю да гіпербал, да стылёвай экспрэсіі?

Месіянскі запал Уітмена падтрымаў яго сучаснік і блізкі зямляк (абодва ныо-йоркцы), таксама рамантык па сваёй натуры Герман Мелвіл.

Герман Мелвіл (разгортваючы адну са сваіх кніг, відаць, «Белы бушлат»). Мы, амерыканцы — асаблівы, выбраны богам народ. Мы ўвасабляем сабой каўчэг свабоды ўсяго свету... Бог вызначыў нам здзейсніць вялікія справы, і вялікую сілу адчуваем мы ў сваёй душы. Усе астатнія народы хутка застануцца ззаду нас. Мы — першыя ў свеце, авангард, пасланы пракласці новыя шляхі ў Новым Свеце... (Вялікі рамантык і пясняр мора не скончыў тыраду, бо, відаць, заўважыў на маім твары іранічную ўсмешку).

— Вунь куды Вы хапілі, шаноўныя класікі, са сваёй «амерыканскай марай». Каб не ведаў Вас, мог бы западозрыць бог ведае ў якім граху. Давайце разбяромся больш цвяроза. Я разумею Вашу вялікую любоў да сваёй яшчэ маладой, поўнай энергіі, па тым часе, краіны, Вашу гарачую веру ў народ, у яго стваральныя магчымасці, у яго светлую будучыню. Але ж Вы не маеце на мэце супрацьпастаўляць сябе, свой народ іншым народам? Услаўляць нацыянальны эгаізм?

Уолт Уітмен (робячы жэст, які няцяжка зразумець: «Што вы!»). Я вітаю ўсіх, хто жыве на зямлі!.. Усім, усім ад імя Амерыкі я працягваю высока ўзнятую руку, падаю знак, каб ён быў бачны вечна ўсюды з усіх гарадоў і сёл, з любога жылля чалавека.

Герман Мелвіл. О, таварышы па караблю і браты па чалавецтву!

Уолт Уітмен (паказваючы як рэчавы доказ сваю кнігу «Лісце травы»). Запаветная мара мая заключаецца ў тым, каб паэмы і паэты сталі інтэрнацыянальнымі і аб’ядноўвалі ўсе краіны на зямлі цясней і мацней, чым любыя дагаворы і дыпламаты, ...падспудная ідэя маёй кнігі — задушэўная садружнасць людзей (спачатку асобных людзей, а потым, у выніку, усіх народаў зямлі).

— Менавіта так і ўспрымаецца ў нашай краіне Ваша цудоўная, неўміручая кніга — як натхнёны гімн у славу садружнасці людзей розных нацый і рас, у імя міру і ўзаемаразумення паміж народамі свету.

Уолт Уітмен (не тоячы пачуцця). Мне трэба радавацца, што мяне пачуюць, што са мной увойдуць у эмацыянальны кантакт вялікія народы Расіі.

— Ужо пачулі, ужо ўвайшлі ў эмацыянальны, духоўны кантакт. Так што, выходзіць, дарэмныя спробы тых, хто носіцца з ідэяй «амерыканізму», выключнасці амерыканскага народа, спасылацца на Вас, абвяшчаць Вас сваім аднадумцам?

Уолт Уітмен (гнеўна бліснуўшы вачыма з-пад густых броваў). Усе яны спекулююць вялікім словам «амерыканізм», ніколькі не разумеючы яго сэнсу.

— Вось іменна — спекулююць. І гэтым, і іншымі вялікімі словамі. Спекулююць у сваіх карыслівых інтарэсах, у сваіх класавых, палітычных мэтах.

Марк Твэн (разважліва). Бачыце, я разумею вернасць — як вернасць радзіме, а не ўстановам і правіцелям. Радзіма — гэта сапраўднае, трывалае, вечнае; радзіму трэба берагчы, пра яе трэба клапаціцца, трэба быць ёй верным; установы ж — нешта вонкавае, накшталт адзення, а адзенне можа знасіцца, зрабіцца нязручным, перастаць ахоўваць цела ад холаду, хвароб і смерці.

— Так, магчыма, я не зусім дакладна сфармуляваў сваё першапачатковае пытанне,— згадзіўся я.— Сапраўды, Амерыка як радзіма, як родны край — гэта адно, а як сістэма палітычных інстытутаў і ўстаноў, як пэўны сацыяльны лад — другое.

Марк Твэн (прайшоўшыся з'едліва наконт ілжэпатрыятызму па-амерыканску, з горыччу). У дні маёй маладосці ў нас былі даволі высокія прынцыпы, якія на працягу многіх дзесяцігоддзяў укараняліся карыснай працай незлічонай колькасці настаўнікаў нацыі.

Уолт Уітмен. Прынцыпы — самае каштоўнае багацце чалавека.

Марк Твэн (працягвае). Але Джэй Гулд сумеў адзін падарваць гэтае збудаванне за якіх-небудзь шэсць гадоў, а за трыццаць гадоў шайка яго пераемнікаў — сенатары Кларкі і да іх падобныя — умудрыліся згнаіць увесь будынак ад страхі да склепа і расхістаць яго так, што ўжо, відаць, ніякі рамонт не дапаможа.

— Дзякуй, містэр Клеменс. Вуснамі суровага рэаліста рэчы называюцца сваімі імёнамі. Містэр Уітмен, увесь Ваш воблік гаворыць пра тое, што Вы ўжо таксама не ў захапленні ад сваёй Амерыкі, якую ледзь не богатварылі ў маладосці? Што Вы таксама пазбаўляецеся ад рамантычных ілюзій і настроены зрываць маскі?

Уолт Уітмен (ківаючы галавой у знак згоды, з прарочай бескампраміснасцю). Чаго толькі не выяўляе пад маскай праніклівы погляд! Жахлівае відовішча. Мы жывём у атмасферы крывадушша... Пры бяспрыкладным матэрыяльным прагрэсе грамадства ў Штатах сапсавана, разбэшчана, поўнае грубых забабонаў і гнілі. Такія палітыкі, такія і прыватныя асобы. Ва ўсіх нашых пачынаннях зусім адсутнічае або недаразвіты і сур’ёзна аслаблены важнейшы элемент усякай асобы і ўсякай дзяржавы — сумленне.

Марк Твэн (не ўстаяўшы перад спакусай даць волю сваёй любімай іроніі). Сумленне? Калі б мне прыйшлося нанова ствараць чалавека, я не ўклаў бы ў яго сумленне. Сумленне прычыняе чалавеку столькі непрыемнасцей; і хаця ў ім шмат добрага, яно ў рэшце рэшт не акупляецца.

Уолт Уітмен (працягвае, з глыбокім смуткам). Ніколі яшчэ сэрцы не былі так спустошаны, як цяпер — тут, у нас, у Злучаных Штатах. Здаецца, сапраўдная вера зусім пакінула нас.

— Адзін з вашых «бацькоў-заснавальнікаў» сказаў: «Вера перастае быць верай, калі ў яе не вераць». Містэр Мелвіл, Вы ўжо таксама не верыце больш у незвычайнае, месіянскае прызначэнне Амерыкі, у тое, што «амерыканцы — асаблівы, выбраны богам народ»?

Герман Мелвіл (рэзка). Адчайная, беспрынцыповая, драпежная, бязмежна славалюбівая, хаваючая сваю дзікарскую сутнасць пад маскай цывілізацыі Амерыка...

Марк Твэн. Напэўна, існуе дзве Амерыкі.

Джон дос Пасос. Мы дзве нацыі.

З апошняй рэплікай у размову ўключаліся прадстаўнікі навейшай амерыканскай літаратуры, нашы сучаснікі.

Уолтэр Лауэнфелс. Не дзіўна, што нашу краіну акружаюць два акіяны. Што яшчэ яе адмые?

Уільям Стайран. Мы прамянялі свае ідэалы на жавальную гумку.

Арчыбальд Макліш. Мы перасталі думаць пра сябе як пра свабодных людзей, творцаў Новай нацыі, і ператварыліся ў грамадства жуіраў, удзячных кліентаў тэхнічнай рэвалюцыі.

Гор Відал. Нават сэнс існавання нашай уласнай краіны — і то мы ніколі не маглі толкам растлумачыць у нашых школах. Прычына — у разрыве між тым, чым мы хацелі стаць, рэспублікай, і тым, чым мы сталі, драпежніцкай імперыяй.

Курт Ванегут. Я разгублены. Усе мы разгублены. Мы, амерыканцы, умудрыліся настолькі недарэчна распарадзіцца лёсам нашага народа, што цяпер прыходзіцца абараняць сябе ад свайго ўласнага ўрада і прамысловых босаў. І гэта на вачах усяго свету.

— Вы маеце на ўвазе і неабходнасць змагацца з сіламі мілітарызму, з палітыкай ваенна-прамысловага комплексу?

Курт Ванегут. Другога выхаду няма. Інакш — смерць. Мы вынайшлі навейшы спосаб сямейнага, так сказаць, самазабойства, самазабойства паводле прападобнага Джыма Джонса, калі загінуць адразу мільёны. У чым заключаецца гэты спосаб? У бяздзеянні і маўклівым сузіранні таго, як некаторыя нашы ваенныя і бізнесмены распараджаюцца самымі нястойкімі рэчывамі і самымі стойкімі ядамі, якія толькі можна адшукаць у сусвеце.

Эрнэст Хемінгуэй (пасля цярплівага маўчання, тонам, які сведчыць пра вельмі складаныя адносіны з радзімай). Я ўмею адрозніваць добрую краіну ад дрэннай. Амерыка была добрая краіна, а мы ператварылі яе чорт ведае ў што, і я дык ужо паеду ў іншае месца.

На экспатрыянцкі настрой калегі з’едліва адрэагаваў больш лаяльны палітычна Джон Стэйнбек. Ён і раней падпускаў шпількі ў адрас Хемінгуэя. Не ўтрымаўся і зараз.

Джон Стэйнбек. Будучы пачынаючым пісьменнікам, я туліўся на сан-францысцкіх паддашках, у той час як другія дзейнічалі ў Парыжы ў якасці прапашчага пакалення.

Эрнэст Хемінгуэй (не зважаючы на падкол). Нашы продкі ўбачылі гэтую краіну ў лепшую яе пару, і яны змагаліся за яе, калі яна была варта таго, каб за яе змагацца. А я паеду цяпер у другое месца.

Рычард Райт. Я выбіраю выгнанне. Жыць у гэтай краіне — значыць удыхаць з дня ў дзень яд.

Зноў падаў голас Стэйнбек. Я думаў, што ён будзе працягваць спрэчку з Хемінгуэем, але ён, па сутнасці, далучыўся да яго, апраўдаў яго жаданне паехаць «у другое месца», калі раптам загаварыў пра лёс Сінклера Льюіса, пра сваю апошнюю сустрэчу з аўтарам «Галоўнай вуліцы ».

Джон Стэйнбек (задуменна). У апошнюю нашу сустрэчу мне здалося, быццам ён зусім ссохся. Ён гаварыў тады: «Нешта холадна. Увесь час трасе. Я ад’язджаю ў Італію». І паехаў, і памёр там, і не ведаю, праўда гэта ці не, але кажуць, што паміраў ён у поўнай адзіноце. (Пасля паўзы). А цяпер ён прыгадзіўся свайму роднаму гораду. Прыцягвае туды турыстаў. Цяпер ён добры пісьменнік.

Наша размова, заўважыў я, набывала больш шырокі характар, закранула ўжо яшчэ адно пытанне — аб тым, як адчувае сябе ў сваёй краіне сапраўдны амерыканскі мастак, чаму яму тут бывае няўтульна, «холадна». Якраз пра гэта я і хацеў загаварыць. Тым больш што знаходзіўся пад уражаннем ад трагічнага здарэння, якое адбылося ў Нью-Йорку за некалькі дзён да нашага прыезду сюды: малады літаратар Дан Родзіл, у знак пратэсту супраць бядотнага становішча ў краіне прагрэсіўнай творчай інтэлігенцыі і з мэтай прыцягнуць неяк увагу да сваёй п’есы, якую не браў ніводзін тэатр, кінуўся з Бруклінскага моста ў Іст-Рывер. (Застаўся жывым, але быў дастаўлены ў шпіталь у вельмі цяжкім становішчы).

— Цяжка быць у Амерыцы пісьменнікам? — працягваў я сваё інтэрв’ю.

Сінклер Льюіс. Амерыканскі пісьменнік, паэт, драматург, скульптар або мастак асуджаны працаваць у адзіноце, не маючы крытэрыяў, кіруючыся толькі ўласнай сумленнасцю.

Уолтэр Лауэнфелс. Жыць у Злучаных Штатах, спрабуючы быць мастаком,— такая доза цыяністага калію, што яна здольная стаць часткай кожнага верша.

Арчыбальд Макліш. Зусім не самавідавочна, што мастакі і пісьменнікі займаюць нейкае месца ў амерыканскім жыцці. Нашы пісьменнікі жывуць у своеасаблівай унутранай эміграцыі. Яны трапляюць у калонкі навін тады, калі паміраюць ці калі вылучаюцца нечым, што не мае дачынення да творчасці, скажам, калі прададуць апошні раман для экранізацыі ў кіно даражэй, чым прадалі папярэдні.

— Ці калі скокнуць з саракаметровай вышыні ў раку? Як гэта зрабіў Дан Родзіл? Пра яго зараз загаварылі, нават «Нью-Йорк таймс» піша.

Томас Вулф. Жыццё мастака ніколі, на ўсім працягу гісторыі, не было лёгкім. А ў Амерыцы, як мне часта здаецца, яно, бадай, і зусім можа стаць невыносным.

Уолтэр Лауэнфелс (падобна, што закранута вельмі балючая для яго тэма). Нас тут у Амерыцы распінаюць штодзённа.

Рыд Уітэмар (адказвае радкамі ўласнага верша «Кар'ера амерыканскага паэта»).

Все, что станется с этим ноэтом, будет светлым, поскольку свой путь начинал он по методу Форда, веря в Американскую Суть.

Овладел он секретом успеха и упорен был — делу под стать, он себя погонял, заставляя сочинять, сочинять, сочинять...

И теперь знает каждый на рынке, что все свежее в новой строке будет выхолощено, безопасно — как угодно стране.

Уільям Фолкнер (катэгарычна). Паўтараю, Амерыцы мастак не патрэбен. Амерыка яшчэ не знайшла для яго месца — для яго, які займаецца толькі праблемамі чалавечага духу, замест таго каб ужываць сваю вядомасць на гандаль мылам...

Адказы былі больш чым вычарпальныя.

Я слухаў галасы вялікіх амерыканцаў, і мне заставалася толькі сумна канстатаваць, як эвалюцыяніравала ў дадзеным выпадку «амерыканская мара» — ад наіўна-рамантычнай уітменаўскай веры ў тое, што «з усіх дзяржаў Злучаныя Штаты больш за ўсіх другіх маюць патрэбу ў паэтах», да гаркотнага сведчання, што «Амерыцы мастак не патрэбен». Сапраўды, была амерыканская мара і знікла, і няма яе. І тут паўставала яшчэ адно пытанне — аб асноўных прычынах такога вось становішча мастака ў грамадстве, такой вось трагічнай адчужанасці паміж ім і яго краінай, паміж «паэтам і натоўпам». Высвятлілася, што важнейшым пунктам іх разыходжання з’яўляюцца адносіны да ісціны. Слова па старшынству браў вялікі праўдашукальнік, аўтар славутага «Уолдэна» Генры Тора.

Генры Тора (са шчырым пафасам). Не трэба мне любві, не трэба грошай, не трэба славы — дайце мне толькі ісціну! Будзь то жыццё ці смерць — мы прагнем ісціны!

— «Мы прагнем ісціны!» ...Ну так, менавіта з такім высакародным клічам выходзіла ў дарогу дэмакратычная амерыканская літаратура, такім маральным імператывам імкнулася яна кіравацца. І, калі я не памыляюся, кіравалася ў асобе сваіх лепшых прадстаўнікоў?

Эрнэст Хемінгуэй. Задача пісьменніка нязменная. Сам ён мяняецца, але задача яго застаецца тая ж. Яна заўсёды ў тым, каб пісаць праўдзіва і, зразумеўшы, у чым праўда, выказаць яе так, каб яна ўвайшла ў свядомасць чытача часткай яго ўласнага вопыту.

Эптон Сінклер (маючы на ўвазе Джэка Лондана, якога добра ведаў асабіста і перад якім пакланяўся). Розум у Джэка працаваў няспынна і нястрымна; яго любоў да праўды сапраўды была страсцю, і нянавісць да ўсяго несправядлівага палала ў ім вулканічным агнём. І калі я бываю строгі да яго, то толькі таму, што веру ў тую суровую праўду, якую ён заўсёды прапаведаваў.

— Дзякуй, містэр Сінклер, за Ваша шчырае і каштоўнае сведчанне. Ведаю, што Вы маглі б прыгадаць і ўласны вопыт служэння «суровай праўдзе», уласны вопыт змагання з тымі, хто не хацеў, каб літаратура глядзела ў твар рэальным фактам, прапаведавала праўду, а, наадварот, патрабаваў «паказваць толькі радасныя, а таму найбольш амерыканскія бакі жыцця», лічыў, што вартая ўвагі толькі тая Амерыка, «якая ўсміхаецца». Бачыце, я знаёмы з Вашымі палемічнымі выступленнямі.

Эптон Сінклер (з'едліва, спрабуючы імітаваць тон свайго апанента). «Радасныя бакі жыцця з’яўляюцца найбольш амерыканскімі»...

Аўтар «Біяграфіі патрыёта» хацеў нешта дадаць, мабыць, па адрасу «радасных рэалістаў». Але тут пачуўся глухаваты, марудліва-разважлівы голас Драйзера, аднаго з тых, хто «пракладаў сцяжыну ў пустыні хлусні». Спаслаўшыся на свой горкі вопыт і на другія прыклады таго, як у ЗША цкуюць пісьменніка за імкненне сказаць праўду, вялікі раманіст падзяліўся глыбока вынашаным вывадам.

Тэадор Драйзер. Не адны выдаўцы, прэса і крытыка, але сам душэўны склад амерыканцаў і іх маральныя погляды вінаваты ў тым, што ў нас у корані спыняюць усялякую спробу сумленна падысці да паказу жорсткага і грубага жыцця. Карацей кажучы, за спыненне такіх спроб трэба вініць не таго альбо іншага выдаўца, а ўсё амерыканскае грамадства ў цэлым.

Джон Стэйнбек (зноў вяртаючыся да лёсу Сінклера Льюіса). Я прачытаў «Галоўную вуліцу» яшчэ ў школе і да гэтай пары помню, з якой лютасцю накінуліся на гэтую кнігу ў яго родных мясцінах.

— Вы, трэба думаць, памятаеце таксама, як грамілі, як кляймілі дружна ганьбай Вашы «Гронкі гневу», а заадно і іх аўтара? Думаю, Вы маглі б паказаць «шрамы», якія засталіся ад той драматычнай гісторыі.

Джон Стэйнбек (працягвае сумна). Добры толькі той пісьменнік, якога няма ў жывых. Тады ён нікога больш не ўспудзіць, нікога больш не пакрыўдзіць.

— Вось тут і паспрабуй трымацца прынцыпу: «Калі хочаш зрабіць жыццё лепшым, не закрывай вочы на ўсё паганае». Ну ды, можа быць, тое, пра што тут гаварылася,— сфера мінулага, учарашні дзень Амерыкі? Можа быць, сёння яна ўжо інакш абыходзіцца са сваімі інжынерамі чалавечых душ, не дазваляе сабе мазаць дзёгцем сваіх прарокаў?

Станоўчага адказу не было. Потым прагучаў вокліч, сэнс якога было лёгка зразумець: «Калі б».

Курт Ванегут (насуперак сваёй манеры жартаваць, вельмі сур’ёзна, вымаўляючы асобна кожнае слова). Па ўсёй краіне мае кнігі знімаюць з бібліятэк як непрыстойныя.

— Няўжо па ўсёй краіне? Можа, у якіх глухіх правінцыях?

Курт Ванегут. «Бойню нумар пяць» знялі са школьных бібліятэк зусім непадалёку адсюль, за якіх-небудзь пяцьдзесят міль ад Нью-Йорка.

— «Бойню нумар пяць?» Недзе тут пад Нью-Йоркам? Але гэта ж варварства! Я чытаў і гэты раман, і іншыя Вашы кнігі, у іх...

Курт Ванегут. У іх не прапаведуюцца ні секс, ні гвалт у якой-небудзь форме... Яны заклікаюць нас быць дабрэйшымі і больш адказнымі ў сваіх учынках, чым мы самі сабе часта дазваляем.

— Ясна. Небаскробы растуць, колькасць іх паверхаў павялічваецца, а ў сэнсе духоўным, бачу, Амерыка застаецца на тым жа ўзроўні, на якім знаходзілася і пяцьдзесят, і сто гадоў таму назад. «Страх амерыканцаў перад літаратурай» — Вашы словы, містэр Льюіс,— не праходзіць, а можа, нават і ўзмацняецца часам. Але тым не менш, звяртаўся я да сваіх субяседнікаў, сапраўдная Ваша літаратура, нягледзячы на кнут і пернік, на кулак і грашовы мяшок (Вас жа, ведаю, не толькі падвяргаюць ганенням, але і спрабуюць падкупляць), ніяк не здаецца? Застаецца вернай самой сабе, свайму высокаму прызначэнню? Не адмаўляецца ад свайго неад’емнага права быць суддзёй і настаўнікам грамадства?

Уолтэр Лауэнфелс. «Знішчыць добрую кнігу — усё адно што забіць чалавека»,— сказаў Мільтан. Як можа закон забараніць кнізе гаварыць?.. Маё «злачынства» — вершы, паэзія, якая напаўняе словы і выходзіць за межы слоў, вершы пра дзяцей, якія смяюцца, пра маладых мужчын і жанчын, якія ведаюць, што прынясе ім заўтра. Усе гэтыя жывыя вершы нельга знішчыць; гэта вершы пра чалавечыя імкненні, пра людзей, якія хочуць аднаго — жыць у міры і брацтве; пра тое, што прызначэнне чалавека — трыумфаваць над усім бесчалавечным.

Уільям Фолкнер. І каму ж як не празаіку, паэту, мастаку ратаваць чалавечнасць, бо хто больш за іх павінен баяцца страціць яе, бо чалавечнасць — гэта гарачая кроў творчасці.

Джон Стэйнбек. Нехта ж павінен зрабіць пераацэнку ўсёй нашай сістэмы, і чым хутчэй — тым лепш. Мы не можам разлічваць выхаваць нашых дзяцей прыстойнымі і сумленнымі людзьмі, калі нашы гарады, нашы штаты, наш урад, нашы прыватныя карпарацыі — словам, усе прапануюць вышэйшыя ўзнагароды тым, хто заграз у суцяжніцтве і карупцыі. Усё зверху данізу — прагніло. Можа быць, нішто ўжо нам не паможа, але я ўсё яшчэ настолькі дурны і наіўны, што паспрабую нешта зрабіць.

Роберт Пен Уорэн. Галоўная мэта — выхаванне свабоднага, разумнага і адказнага чалавека... Мы павінны быць не ахвярамі, а творцамі нашай гісторыі.

Джон Гарднер. Мастацтва разбуральнае, мастацтва нігілістаў, цынікаў і ненавіснікаў жыцця сапраўдным мастацтвам не з’яўляецца. Па сваёй сутнасці мастацтва — сур’ёзнае і дабратворнае.

Джон Чывер. Канстантамі маёй творчасці заўсёды былі прага яснасці ў асэнсаванні ўзнікаючых пытанняў і цвёрды намер вылучыць у акаляючым нас свеце маральную аснову быцця.

Торнтан Уанлдэр. Не можа быць творчасці без надзеі і веры. Не можа быць надзеі і веры без імкнення выказаць сябе ў творчасці.

— Словам, Вы бачыце ў літаратуры антыпода буржуазнай маралі? Бачыце ў ёй сілу, якая заклікана супрацьстаяць вынішчэнню чалавека ў чалавеку, разбурэнне чалавечай асобы, несці, як сцяг, веру ў тое, што «чалавек не толькі выстаіць — ён пераможа»?

Уільям Фолкнер (апошнія, узятыя ў двукоссе, словы належаць яму). Я лічу, што пісьменнік, паэт ці раманіст не павінен быць простым «пратакалістам» у паказе людзей — ён абавязаны прымусіць нас паверыць, што чалавек можа быць лепшым, чым цяпер. Калі пісьменніку суджана што-небудзь здзейсніць, дык гэта пакінуць пасля сябе свет крыху лепшым, чым ранейшы, зрабіць усё ад яго залежачае, каб пакончыць з такім злом, як вайна і несправядлівасць. У гэтым прызначэнне пісьменніка.

— Сенк’ю, дзякуй Вам, джэнтльмены, за гутарку. Яна была для мяне ва ўсіх адносінах цікавай і карыснай. Я, у прыватнасці, выразней убачыў воблік той Амерыкі, якую Вы прадстаўляеце,— Амерыкі перадавой, сумленнай, гуманна мыслячай, Амерыкі, якой, кажучы вобразна, словамі аднаго з Вашых паэтаў,

 

На свеце яшчэ не было ніколі,

Ды якая павінна існаваць —

Каб кожны адчуў слодыч волі.

 

 

1 «Інтэрв’ю» строга дакументавана, выказванні амерыканскіх пісьменнікаў даюцца без тэкстуальных адхіленняў, толькі часам з некаторымі купюрамі.

Штрыхі да палітычнага партрэта

(Некалькі агульных заўваг і вывадаў на заканчэнне)

Не бяруся, падсумоўваючы, меркаваць у цэлым, што ўяўляе сабой гэты самы Бэбіт (мянушка сярэдняга амерыканца з лёгкай рукі Льюіса). Не рашаюся таксама катэгарычна выказвацца адносна такіх з’яў, як амерыканскі нацыянальны характар, амерыканскі тып. Мая цікавасць, прызнацца, працавала ў гэтым кірунку. З адпаведным пытаннем у вачах я прыглядаўся да амерыканца — у сценах ААН, на вуліцы, у музеі і г. д. Але абагульняць тым не менш цяжка, не будучы гісторыкам ці сацыёлагам. Не займаючыся спецыяльным даследаваннем праблемы. І ў дадатак да ўсяго іншага памятаючы вельмі павучальны факт: карэннаму амерыканскаму пісьменніку прыйшлося пад старасць экіпіраваць пікап павышанай прахадзімасці, пасадзіць побач любімага сабаку і рушыць з Лонг-Айленда ў трохмесячнае падарожжа па краіне з той мэтай, каб нанава разабрацца, што такое Амерыка, высветліць, у прыватнасці, ці існуе наяве гэты самы тып амерыканца, а калі існуе, то што ён сабой уяўляе (глядзі «Падарожжа з Чарлі ў пошуках Амерыкі» Джона Стэйнбека).

Таму выкажу толькі некалькі, можа быць, разрозненых меркаванняў пра тыя рысы амерыканца, якія, што называецца, кідаюцца ў вочы, якія зазначаеш эмпірычна.

Так, гэта праўда, што амерыканец неаддзельны ад аўтамабіля. Падобна, што план Форда і кампаніі пасадзіць кожнага суайчынніка на машыну амаль дасягнуў сваёй мэты. Толькі і бачыш: амерыканец за рулём, амерыканец выходзіць з машыны або садзіцца ў яе, амерыканец на пункце продажу новых машын і амерыканец на аукцыёне, дзе распрадаюцца старыя, у тым ліку ананімна пакінутыя на вуліцах машыны. Амерыканец, які адзінока імчыцца ў сваім аўтамабільчыку, і амерыканец, які ў вялікім — цэлая хата на колах — лімузіне едзе разам са сваімі дамачадцамі, сваімі пажыткамі, з хатнімі жывёламі, г. зн. з катом і сабакам. Амерыканец, які, хвацка заламаўшы шапку, імчыць насустрач сваёй долі, і амерыканец, які, адчайна націскаючы на акселератар, уцякае ад нялёгкай долі сваёй. Амерыканец, для якога ехаць — таксама рабіць бізнес, для якога дарога — таксама дзелавое прадпрыемства. Амерыканец са сваёй машынай на вуліцы і на дарозе, г. зн. у жыцці, і той жа матарызаваны амерыканец — на вокладцы часопіса, на кніжнай ілюстрацыі, на экране тэлевізара і кінатэатра.

Словам, амерыканец і машына — як нешта непадзельнае цэлае. Словам, масавы аўтамабілізм, матарызацыя побыту ў маштабах нацыі. Фактар, які, вядома, параджае пэўныя сацыяльныя зрухі (уплывае на ўзровень міграцыі, на дынаміку грамадска-эканамічнага жыцця краіны, на адносіны да «карэнняў» і г. д.), а значыць — адбіваецца і на маральна-псіхалагічным абліччы амерыканца, на яго характары.

Дзікенс у свой час, прыгадваючы падарожжа па Амерыцы ў прымітыўным амнібусе, зазначаў з уласцівай яму ўсмешкай: «Дарэчы, у тых выпадках, калі англічанін крыкнуў бы: «Гатова!», амерыканец крычыць: «Пайшоў!», што ў нейкай меры адлюстроўвае розніцу ў нацыянальным характары дзвюх краін». Трэба думаць, што пасля таго, як янкі перасеў з фургона на аўтамабіль, і па меры таго, як новы сродак перамяшчэння ўсё больш удасканальваўся, гэтае яго «пайшоў!» прагрэсіравала, яго прагматычна-дзелавы дэвіз «час — грошы» набываў новае гучанне, новую апору адчулі пад сабой такія яго якасці, як дух канкурэнцыі, боязь не паспець, упусціць свой шанец, пагоня за нажывай. «Ганяцца», «гнаць», «пагоня» — словы, як бачым, аднаго і таго ж кораня.

«Пакуль француз цалуе сваёй суджанай пальчыкі, амерыканец паспявае ўжо за гэты час вярнуцца з вясельнага падарожжа». Гэта жарт, ды ў ім немалая доля праўды.

На пачатку стагоддзя — ён супаў з заранкам аўтамабілізму ў ЗША — прафесар Вудра Вільсан, будучы прэзідэнт Злучаных Штатаў, рэзка крытыкаваў першых аўтамабілістаў. Ён лічыў, што машына — «гэта сведчанне зазнайства багацеяў» і ў выніку яна пацягне за сабой «шырокае распаўсюджанне сацыялістычных настрояў сярод амерыканцаў». Прагноз буржуазнага палітыка, на жаль, не пацвердзіўся, стаў гістарычным кур’ёзам. Жыццё паказала, што наяўнасць аўтамабіля не толькі не рэвалюцыянізуе амерыканца, а дае хутчэй за ўсё супрацьлеглы вынік, уплывае на яго светаадчуванне ў спажывецка-канфармісцкім духу.

Дадам у дужках і яшчэ адно неабходнае ўдакладненне: аўтамабіль у ЗША — жыццёвая неабходнасць, абумоўленая тым, што месца працы часта аддалена ад месца жыхарства, што дарагі грамадскі транспарт і г. д. Амерыканец не толькі любіць машыну, але і праклінае яе.

Зазначаеш — не можаш не зазначыць — і такую рысу амерыканца, як схільнасць глядзець на свет праз павелічальнае шкло, як яго амаль забабоннае пакланенне перад усім вялікім, пампезным. Вялікі Джон. Вялікі Гэтсбі. Вялікі Прэйслі. Вялікі каньён. Вялікія азёры. Вялікі бізнес. Вялікая амерыканская мара. Вялікае грамадства... Усё ні менш ні больш як вялікае. У адказ на пытанні журналіста амерыканец гаворыць: «Я сябе з дзяцінства бачыў: вялікая кантора, вялікая машына, вялікі дом. І я рабіў вялікія поспехі і мог бы нават рабіць большыя». Тэлекаментатар усклікае патэтычна з блакітнага экрана: «Хіба мы не жывём у краіне вялікіх свабод і неабмежаваных магчымасцей!»

У нейкі момант пачынаеш разумець, што схільнасць да гігантаманіі ў дадзеным выпадку — гэта не проста адно з тых дзівацтваў, якія водзяцца за кожнай нацыяй і ў пэўным сэнсе складаюць яе непаўторны шарм, яе «лица необщее выраженье». У амерыканца яна, гэтая рыска, звязваецца, як бачым, з уяўленнем пра поспех, пра жыццёвы ідэал. І яшчэ, мабыць,— са своеасабліва зразуметым патрыятызмам. З радыёпрыёмніка гучыць песня Вудзі Гэтры:

 

Гэта краіна — мая краіна,

гэта краіна — твая краіна:

Ад Каліфорніі да самага Нью-Йорка,

Ад лясоў секвой да Гальфстрыма...

 

У час наведвання Нацыянальнага музея паветраплавання і астранаўтыкі, які быў адкрыты за год да гэтага, у гонар 200-годдзя ўтварэння ЗША, і знаходзіцца на вашынгтонскай авеню Незалежнасці, мы спыніліся каля двайніка велічэзнага «Скайлэба», сталі абменьвацца ўражаннямі. І тут да нас падышоў адзін са шматлікіх экскурсантаў (амерыканцы, да слова, любяць наведваць музеі), прадставіўся як коміваяжор з Лос-Анджэлеса і стаў пераконваць нас, што толькі ў такой краіне, як Амерыка, могуць набудаваць і запусціць у космас такі гіганцкі карабель, як «Скайлэб», што толькі ў такой краіне, як Злучаныя Штаты, могуць стварыць такі вось грандыёзны музей, як гэты... Наша спроба зрэагаваць, нагадаць, у прыватнасці, пра экспанаты, якія знаходзяцца ў другой зале, пра стыкаваныя «Саюз» і «Апалон»,— доўга не мела поспеху.

Ды што гаварыць пра недалёкага правінцыйнага коміваяжора, калі той жа Стэйнбек у сваім «Падарожжы» не абыходзіцца без таго, каб не ўсклікнуць ва ўра-патрыятычным запале: «Гэта гіганцкая краіна, гэта магутнейшая дзяржава, гэты зародак будучага...» Аналагічны матыў знаходзіш і ў шырокавядомым рамане «Адсюль і ў вечнасць» другога амерыканскага аўтара, Джэмса Джонса. Галоўны персанаж рамана, адзінокі, гаротны, адрынуты ўсімі сяржант Роберт Пруіт, хапаецца, помніце, перад смерцю, як за апошнюю надзею, за апошняе сваё суцяшэнне, за мільгануўшы ў галаве рэкламна-прапагандысцкі труізм: «Амерыка — вялікая краіна. Самыя вялікія апельсіны і грэйпфруты — у Амерыцы. Самыя... Самыя...»

Так выхаваны сярэдні — ды і не толькі, як бачым, сярэдні — амерыканец.

Трэба зазначыць, што гэтае як быццам няхітрае «самыя... самыя» — не такая ўжо бяскрыўдная зноў-такі рэч. Ад яе, калі разабрацца, усяго адзін крок да больш істотных «сама» — да самаспакусы, самаздаволенасці, самаўзвелічэння, да маніі нацыянальнай велічы, да тых, словам, маральна-псіхалагічных рыс і палітычных уяўленняў, з якіх часткова кампануецца ўжо так званы «амерыканізм» (дарэчы, паняцце, якое можна трактаваць і так, і гэтак, якое кожны вытлумачвае на свой лад з часоў Уітмена і па сённяшні дзень).

Логіка тут увогуле такая. Раз Амерыка — самая вялікая, самая лепшая краіна, і раз усё амерыканскае — самае... самае..., то і мы, амерыканцы, самыя... самыя... А раз мы самыя... самыя..., раз мы не такія, як усе, раз мы нацыя з нацый, то мы маем права прэтэндаваць на выключнае становішча ў свеце. А раз мы маем такое неад’емнае, з нашага пункту гледжання, права, то будзьце ласкавы — прызнавайце за намі і іншыя правы і прывілеі. Лічыце, напрыклад, за норму, што мы, складаючы ўсяго 6 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва зямлі, спажываем 30 працэнтаў яе мінеральных рэсурсаў, а за мінулыя 30 год спажылі мінеральнай сыравіны больш, чым усё чалавецтва за ўсю сваю гісторыю (статыстыка мае такія даныя). А раз мы прызналі за норму гэтую статыстыку, той факт, што мы павінны спажываць поўнай мерай, жыць, што называецца, на шырокую нагу, не звяртаючы ўвагі на патрэбы і інтарэсы іншых, прызнайце адпаведна за намі і права грэбці ўсюды і ўсё, што дрэнна ці добра там ляжыць, абвяшчаць «зонай нацыянальных інтарэсаў» ледзь не любы куток зямнога шару, дзе пахне нафтай або ўранам, дзе ёсць залежы золата або волава. А раз вы ўжо прызналі апошняе, то ідзіце нам насустрач далей і прызнайце таксама за намі права (можаце называць яго «правам сілы», «кулачным правам») змагацца з любымі сродкамі за гэтыя, намі ж самімі ўстаноўленыя, «зоны» і «сферы», права ісці дзеля свайго інтарэсу на ўсё — на разбойніцкую авантуру, на ўзброены напад, на агрэсію. Мы тут цалкам падзяляем пазіцыю твэнаўскага героя, «адстаўнога ваеннага ў высокім чыне», які ў клубе з назваю «Усе канцы зямлі» заяўляў: «Мы з пароды англа-саксаў, а калі англасакс чаго-небудзь хоча, ён проста гэта бярэ». Мы тут безагаворачна падтрымліваем філасофію аднаго з нашых былых дзяржсакратароў, які сцвярджаў, што «ёсць рэчы больш важныя, чым мір».

Ну а раз вы прызналі і тое, і другое, і трэцяе, то будзьце лагічныя да канца і прызнайце слушнай нашу прэтэнзію на ўсеагульную любоў і пашану, на сусветную гегемонію, на «пакс амерыкана».

Вось якая тут «логіка», які тут цягнецца ланцуг — ад «самых вялікіх грэйпфрутаў» да самых вялікіх, імперскіх, амбіцый і вялікадзяржаўных дамаганняў.

Трэба, вядома, агаварыцца, што прагрэсіўныя, цвяроза мыслячыя амерыканцы не падзяляюць такую, народжаную буружазна-нацыяналістычнай ідэалогіяй «філасофію», выкрываюць, высмейваюць яе, у прыватнасці, тэндэнцыю, гаворачы словамі Курта Ванегута, «без канца шукаць любві да сябе ў такіх месцах, дзе яе быць не можа, і ў такіх формах, якія яна ніколі не можа прыняць».

Больш таго. Пасля горкага ўроку, атрыманага ў В’етнаме, нават на самым высокім афіцыйным узроўні, у вашынгтонскіх калідорах улады, была зроблена спроба крытычна паглядзець на празмерны амерыканізм, на сіндром «усемагутнасці». У выніку быў выпрацаваны дакумент — мемарандум падкамітэта сената па пытаннях нацыянальнай бяспекі, у якім адзначалася: «Ідэя «яўнага прадвызначэння» ўсё яшчэ жывая. Дзяржаўныя дзеячы робяць агульныя заявы адносна нашай сусветнай місіі і часта на словах звязваюць ЗША з палітычным курсам і праграмамі, якія знаходзяцца далёка за межамі нашых магчымасцей. Тым самым ствараюцца некаторыя надзеі ў нас і за рубяжом, якія напэўна будуць ашуканы. У выніку растрачваюцца наша моц і ўплыў для галоўных пачынанняў. Мы можам таксама выявіць, што загразлі ў планах, якія з’яўляюцца несумяшчальнымі з патрэбамі другіх народаў або, у некаторых выпадках, з’яўляюцца для іх брыдкімі. У нейкай меры кожная пасляваенная амерыканская адміністрацыя патурала нашаму нацыянальнаму густу да вялікага і нават грандыёзнага». І далей у мемарандуме ішлі знамянальныя па-свойму словы: «Наша здольнасць вынаходзіць жадаемыя мэты амаль бязмежная, нашы ж магчымасці абмежаваныя».

Цвярозы, разумны вывад. Залатыя словы і ў час сказаныя.

На жаль, мемарандум недзе пыліцца ў капіталійскіх аналах, яго забылі. Ва ўсякім выпадку тыя, каму ён у першую чаргу быў адрасаваны.

І чарговая амерыканская адміністрацыя на чале са сваім апантаным, яўна хворым на месіянскую манію прэзідэнтам (імярэк — Рэйганам), сёння працягвае — можа, як ніколі — «патураць нацыянальнаму густу да вялікага і нават грандыёзнага», атручваць свядомасць народа чадам нацыянальнага эгаізму і шавінізму.

Амерыканец і нацыянальнае пытанне.

Сказанае вышэй вытлумачвае, я думаю, у нейкім сэнсе і характар адносін у краіне да непадобных на сябе, да нацыянальных меншасцей і груп, у прыватнасці, да тых, хто мае не белы колер скуры або іншы тып твару, чые продкі былі прывезены сюды з Афрыкі ў якасці жывога тавару ці прыехалі самі, адгукаючыся на салодкагучны заклік статуі Свабоды: «Прышліце мне стомленых і бедных...» Патомкі перасяленцаў, яны тут як быццам укараніліся, фармальна натуралізаваліся, прыстасаваліся, больш-менш кожны на свой нацыянальны лад, да амерыканскага ладу жыцця. Але пры ўсім гэтым — пра што ўжо ішла размова ў раздзеле аб Гарлеме — раўнапраўнымі грамадзянамі, паўнацэннымі людзьмі сябе не адчуваюць. Яны, натуральна, хацелі б такімі быць, хацелі б сябе адчуваць і бачыць нароўні з белым амерыканцам, але ім гэта не дазваляюць, ім не даюць «забывацца», ім паказваюць, дзе іх сапраўднае месца ў «краіне роўных магчымасцей», у «грамадстве справядлівасці і ўсеагульнага дабрабыту». На словах ім яшчэ часам пакідаюць надзею, але ў штодзённым, рэальным жыцці ім даюць ведаць, што, як дасціпна заўважыў адзін амерыканскі аўтар, хаця ў гэтай «краіне ўсе людзі нараджаюцца раўнапраўнымі, тым не менш сяму-таму ўдаецца стаць крышку раўнапраўнейшым за астатніх». І, вядомая справа, «раўнапраўнейшым» за тых, у каго чорны, жоўты або смуглы колер скуры — за неграў, індыйцаў, выхадцаў з Азіі, «чыканас». Роўнасць па-амерыканску для апошніх паварочваецца высакамерным позіркам, пагардлівай мянушкай, эканамічнай дыскрымінацыяй, адкрытым расізмам.

З трыбуны ААН не-не ды і вымаўлялася слова «брат». Часцей усяго вуснамі прадстаўнікоў «трэцяга свету», тых краін, якія не так даўно сталі на шлях самастойнага развіцця. «У нашым узаемазалежным свеце,— гаварыў індыйскі дэлегат,— кожны з нас з'яўляецца захавальнікам свайго брата».

Рознапляменная і шматмоўная (праўда, толькі з пяццю рабочымі мовамі) Арганізацыя Аб’яднаных Нацый павінна была б, здаецца, «упісвацца» ў шматаблічны, шматнацыянальны Нью-Йорк. Але гэта не адбываецца. Міжнароднае таварыства не можа чэрпаць натхненне, шукаць узор будучага чалавечага брацтва ў тым, як тут вырашаецца нацыянальная праблема. Яўна не тая мадэль, не той вопыт.

Каб у гэтым пераканацца, не трэба асабліва пільна прыглядацца, не патрэбны спецыяльныя звесткі і статыстычныя выкладкі. Для гэтага дастаткова зрабіць некалькі экскурсійных турнэ па Нью-Йорку, дастаткова праехаць на машыне па вуліцах чайн-таўна (кітайскага горада), кінуць позірк на пуэртарыканскія кварталы, пабываць на бруклінскай ускраіне Бушуік, якая раней была прыстанішчам італьянскай абшчыны, а цяпер заселена пераважна неграмі і «чыканас»... Уражвае, канечне, не гэтая нацыянальная і расавая шматстайнасць сама па сабе. Ці нам, савецкім, здзіўляцца падобнаму з’явішчу! Здзіўляе і прыгнятае нешта іншае — адчужанасць, размежаванасць людзей, якія жывуць у адным і тым жа горадзе, маюць адно і тое ж падданства, але належаць да розных нацыянальных груп. Сумна канстатуеш, як яны, гэтыя групы, змагаючыся — кожная на свой лад, хаця ўжо і з агульным, амерыканскім «акцэнтам» — за існаванне, настойліва адмяжоўваюцца адна ад другой, як гэтыя гарады ў горадзе ізалююцца адзін ад другога вонкава нябачнымі, але ў той жа час неадольнымі сценамі — чайн-таўн ад польскага, яўрэйскі ад італьянскага, італьянскі ад пуэртарыканскага, а апошні ад негрыцянскага, ад Гарлема.

Так, з нашага, савецкага, пункту гледжання такое, зусім не братняе суіснаванне ўспрымаеш як перажытак мінулага, як сумны анахранізм. Лавіў сябе часам на адной міжвольнай асацыяцыі: ідзеш па нашай Нямізе ці па адной з вулачак старой Рыгі і раптам бачыш пад нагой крышку люка з надпісам: «Мюрь и Мерилизь», і ў цябе такое адчуванне, што ты наступіў на асколак адышоўшага ў нябыт мінулага, ступіў у след, пакінуты другой эпохай. Была некалі такая фірма — «Мюрь и Мерилизь»,— загадала доўга жыць яшчэ на пачатку стагоддзя. Падобнае адчуванне зведваеш і на той або іншай вулачцы Нью-Йорка. З той толькі істотнай розніцай, што ў дадзеным выпадку «наступаеш» не на асколак мінулага, не на яго след, а сустракаешся з ім самім — далёкім, дарэвалюцыйным для цябе, але тут існуючым наяве, як сённяшні дзень. Думаеш, што з «амерыканскім гадзіннікам» нешта яўна не так: ці то ён дрэнна адрэгуляваны, ці то стаіць зусім на мёртвай кропцы. Амаль на кожным кроку бачыш праявы навукова-тэхнічнага прагрэсу, назіраеш цуды архітэктуры і домабудавання, чуеш і чытаеш паведамленні друку пра «хайтэх» — навіны звышдасканалай тэхналогіі. А вось што датычыць «сацыяльнага гадзінніка», у прыватнасці, «механізма» ўзаемаадносін паміж людзьмі розных нацый і рас, то тут прагрэсу нябачна, тут — дрымучы застой.

Між іншым, узнікае пытанне, ці не ў размежаванасці і адасобленасці нацыянальных меншасцей тоіцца адна з тых прычын, якія параджаюць у горадзе атмасферу злачыннасці, спрыяюць дзейнасці гангстэраў-мафіозі? Гэта ж факт, што мафія мае нацыянальную афарбоўку. І не выпадкова, што амерыканскія газеты не-не ды і паведамляюць: кітайская мафія схапілася з мясцовай, адбылася чарговая «бітва» мясцовай мафіі з італьянскай і г. д. Апошняя акалічнасць наводзіць яшчэ на думку аб тым, што пануючы клас зацікаўлены ў тым, каб правакаваць прадстаўнікоў нацменшасцей, нацкоўваць адну нацыю на другую, што ён тут ні ў грош не ставіць афіцыйны, завешчаны бацькамі дзяржавы дэвіз «Е pluribus unum» («З мноства — адзінае»).

Стракатасць. Супярэчлівасць. Хаатычнасць... Менавіта гэтыя і блізкія семантычна да іх словы прыходзяць перш за ўсё, калі спрабуеш падсумоўваць свае ўражанні ад грамадска-палітычнага жыцця ЗША.

Мясцовыя метэаролагі падлічылі, што ўраганы перасякаюць тэрыторыю краіны ў 26 кірунках. Нешта падобнае назіраецца і на яе палітычнай арэне. Праўда, скразныя, ад аднаго пабярэжжа да другога, «ураганы» тут бываюць радзей, а часцей — менш моцныя, лакальнага характару вятры, віхуры, смерчы...

Хачу сказаць пра тое, што зноў-такі можна было назіраць асабіста, што «выплёхвалася» на вуліцу. Скажам, на тую самую нью-йоркскую. На плошчы, якая прымыкае да штаб-кватэры ААН, не-не ды бачыш дэманстрацыю з сур’ёзнымі палітычнымі лозунгамі (антываеннымі, прысвечанымі правам чалавека і г. д.). У цэнтры Манхетэна, каля ўваходу ў нейкую ўстанову заўважаеш людзей з картоннымі плакатамі на грудзях: «Страйк». Пікеты бастуючых докераў ходзяць узад і ўперад у раёне марскога порта. Канфлікт паміж працай і капіталам у канкрэтным штодзённым праяўленні. У наступны раз і на другой вуліцы, на Пятай авеню, сустракаеш групу маніфестантаў з нейкім няпэўнай афарбоўкі флагам і з такімі ж няпэўнымі па сваім змесце лозунгамі і выкрыкамі (відаць, чарговая вылазка якой-небудзь эмігранцка-нацыяналістычнай шушмеці). Потым, на якім-небудзь бойкім скрыжаванні, табе ўручаць пракламацыю пад дэвізам «Хрысціянскія сацыялістычныя мэты», у якой ад імя адвентыстаў сёмага дня заклікаюць «звергнуць кампанію Картэра, а заадно і каралеву Англіі», патрабуюць змагацца «супраць царкоўных абрадаў, супраць абортаў, супраць антызачатачных сродкаў, але — за Германа Бадзільё, канкурэнта Эдварда Коча ў барацьбе за пасаду мэра горада». Наступны «дар» нью-йоркскай вуліцы — больш сур’ёзнага зместу. У лістоўцы, якую распаўсюджвае Нацыянальны савет па турэмных рэформах (існуе, аказваецца, і такі) гаворыцца: «Сацыяльная беднасць, сацыяльнае адчужэнне, дыскрымінацыя, трушчобы, бескультур’е вядуць: 1) да развалу сям’і, 2) развал сям’і — да дрэннага здароўя, разумовага і фізічнага, да дрэннага харчавання, 3) да дрэннай адукацыі: 35—40 чалавек у класе, перапоўнены класы прадоўжанага дня, скарачаюцца сродкі на асвету, многія кідаюць школу, 4) арганізацыі дапамогі расавым або нацыянальным групам не атрымоўваюць сродкаў, у выніку для апошніх няма кваліфікацыі, няма працы. І ў выніку — турма. Па выхадзе з турмы — той жа малюнак: ні кваліфікацыі, ні працы. 70—80 працэнтаў былых зняволеных зноў вяртаюцца ў турму, а 20 працэнтаў — пачынаюць усё спачатку». Пракламацыя заканчваецца слушным заклікам: «Давайце прыступім да вырашэння сапраўдных прычын злачыннасці!»

Мазаічна пераплятаюцца вашынгтонскія малюнкі... Пры выхадзе з Белага дома бачыш дэманстрантаў: стаіць высокі мажны мужчына з плакатам на грудзях «Чыкага супраць нейтроннай бомбы!», побач жанчына з дзяўчынкай, відаць, з дачкой, у кожнай лозунг: «Настаўнікі супраць узбраення! Грошы не на бомбу, а на працу!» Дэманстрацыя, як бачым, нешматлікая, нават з саматужным ухілам, але гэта акалічнасць нават адцяняе па-свойму заклапочанасць простага амерыканца. (Дарэчы, у дзень нашага знаходжання ў Вашынгтоне некалькі маладых людзей уварваліся нават у царкву, дзе маліўся прэзідэнт, і раскідалі лістоўкі з пратэстам супраць нейтроннай бомбы). Праўда, тут жа, па другі бок ад Белага дома, дзе мы затрымаліся каля сувенірных латкоў, мы мусілі перажыць іншае адчуванне. Пачуўшы тупат, воклічы накшталт каманд, мы азірнуліся і ўбачылі: міма прамаршыраваў чаканным крокам атрад укормленых, мардастых дзецюкоў са... свастыкай на рукавах. Амерыканскія неанацысты! Не на экране, не на газетным фота, не ў кашмарным сне, звязаным з непазбыўнай памяццю мінулай вайны, а наяве, у рэальнасці, побач з табой. Тут нельга было не аслупянець на нейкі момант.

Вярнуў да раўнавагі потым іншы, прыемны сюрпрыз. У час экскурсіі па Капітоліі да нас нечакана падышоў пажылы, але яшчэ моцны, энергічны чалавек і ветліва прадставіўся: «Фрэд Швенгель, былы сенатар, зараз прэзідэнт гістарычнага таварыства бібліятэкі кангрэса». Удакладніўшы, хто мы, былы сенатар паказаў у кут, дзе стаяць бюсты вялікіх людзей свету, якія змагаліся за незалежнасць Амерыкі, у тым ліку і скульптура Касцюшкі, і жыва загаварыў: «Каля калыскі нашай дзяржавы стаялі, як бачыце, людзі самых розных нацыянальнасцей. І ўжо гэты факт гаворыць пра тое, што ўсім нам, у прыватнасці, нашым дзвюм краінам, трэба сябраваць і супрацоўнічаць». Я заўважыў, што імя Тадэвуша Касцюшкі добра вядомае ў нашай краіне, што яго завяшчанне захоўваецца ў адным з беларускіх музеяў. «Ну вось бачыце,— падхапіў Фрэд Швенгель,— і трэба думаць, што гэтае і іншыя падобныя завяшчанні абавязваюць нас помніць урокі гісторыі і разам клапаціцца пра будучы дзень». Працягваючы, містэр Швенгель спаслаўся на кнігу французскага аўтара, з якой, па яго словах, ён толькі што пазнаёміўся і дзе гаворыцца пра тое, які працэнт ад сусветнай колькасці складаюць выкладчыкі і студэнты ў СССР і ЗША, і зазначыў у заключэнне: «Мы самыя развітыя ў гэтых адносінах краіны, ад нас многае залежыць, і нам, паўтараю, неабходна ладзіць, імкнуцца да ўзаемаразумення і мірнага супрацоўніцтва».

Логіка і аргументы былога сенатара, гісторыка Фрэда Швенгеля былі такія і выказваліся ў такой непасрэднай, шчырай манеры, што нам не заставалася нічога іншага, як пагаджацца і быць удзячнымі шчасліваму выпадку за тое, што змаглі пачуць яшчэ адзін голас разважнай, заклапочанай лёсам міру Амерыкі.

Некалькі штрыхоў да палітычнага партрэта амерыканца дадала паездка ў Бостан — адзін з палітычных, культурных і рэлігійных цэнтраў краіны, родны горад Роберта Фроста. Па дарозе прыгадаліся словы выдатнага паэта, сказаныя ім, калі ён гасцяваў на пачатку шасцідзесятых гадоў у Савецкім Саюзе. «Праца — гэта галоўнае ў жыцці,— гаварыў у гутарцы з карэспандэнтам мудры сівавалосы амерыканец.— Я ніколі не быў вучоным-пустэльнікам, я заўсёды любіў зямлю... Любімыя мае інструменты — тапор, каса і пяро. Між іншым, раней я ніколі не думаў, што ёсць нейкае падабенства паміж імі і вашай эмблемай «Серп і молат». Серп — гэта і ёсць малельная каса, а тапор — гэта навостраны молат. На адной з маіх кніг таксама ёсць эмблема: тапор і каса».

І вось як гэта ні было нечаканым — бываюць жа ў жыцці такія, на грані фантастыкі, супадзенні,— на Масачусетс-авеню, цэнтральнай вуліцы горада, мы неўзабаве ўбачылі... серп і молат. Наша эмблема красавалася на плакаце з партрэтам Леніна і надпісам, змест якога можна перакласці словамі: «Пойдзем шляхам, які нам намеціў Ленін!» Праўда, калі вярталіся, ехалі ўжо па другім баку вуліцы, убачылі плакат з партрэтам Мао Цзэдуна і адпаведным лозунгам (маўляў, вучэнне вялікага кормчага — святло ў канцы тунеля). Каля пад’езда аднаго з чырвона-цагляных дамоў, якімі вызначаюцца кварталы старога Бостана, развяваўся чорны — ці не анархісцкі? — флаг...

Гэтак жа, як у Філадэльфіі не маглі доўга знайсці дарогу да цэнтра, так доўга не маглі выбрацца з Бостана на патрэбную нам нью-йоркскую дарогу №81. Карта не выратоўвала. Прыходзілася выходзіць з машын і распытваць. Адзін раз звярнуліся да стаяўшых на тратуары, насупраць нейкага прадпрыемства, двух бостанцаў у спецвопратцы. Маладзейшы, з забінтаванай рукой, даведаўшыся, што мы з СССР, заўсміхаўся і спытаў: «Знаёміліся з нашым горадам? Ну як ён? — І, не чакаючы адказу, працягваў: — Мы і самі не ведаем, які ён, наш Бостан. Мы хвалімся сваёй гісторыяй, сваім музеем, паказваем дом Кенэдзі, а маглі б паказаць і крывавыя плямы, што засталіся ад леташняй расправы над неграмі. Вы ж, пэўна, чулі пра тое, што тут учынілі ў мінулым годзе куклукскланаўцы?» Мы пацвердзілі, што чыталі. Наш субяседнік паглядзеў на нас запытальна і дадаў: «У вашай краіне, напэўна, расістаў няма. Але не падумайце, што ў нас іх любяць. Мы, напрыклад,— ён кіўнуў на свайго маўклівага таварыша,— нічога агульнага з гэтымі ненармальнымі не маем. Не маем, Тэдзі?» — «Ноу»,— коратка адказаў другі бостанец па імені Тэдзі.

Бостанскія рабочыя ахвотна растлумачылі нам, як з 90-й дарогі выехаць на 15-ю, а з гэтай — на 81-ю, нью-йоркскую. І мы пакідалі горад з добрым уражаннем ад гэтай — няхай і выпадковай, на хаду — сустрэчы, з усведамленнем, што ў працоўнага, разважнага, «нармальнага» амерыканца ёсць адносна некаторых пытанняў, можна лічыць, гатовы і недвухсэнсоўны адказ:«йес» — міру, мірнаму суіснаванню, «ноу» — узбраенню, канфрантацыі, расізму.

Усведамляць гэты факт было тым больш прыемна, што палітычнае жыццё краіны, як мы бачылі, уяўляе сабой надзвычай стракатую мазаіку, складаны, разнаплынны працэс. Тут існуюць — і ў дадатак да іх кожны дзень узнікаюць новыя — дзесяткі, калі не сотні ўсемагчымых, як агульнанацыянальных, так і мясцовых, «арганізацый», «ліг», «камітэтаў», «канферэнцый», «асацыяцый», «саветаў», «інстытутаў» і г. д. і да т. п. У аснове гэтага «броунскага руху» — супярэчлівасць самых разнародных, сацыяльных, грамадзянскіх і прафесійных інтарэсаў, схільнасць амерыканца да месніцтва, да так званага мясцовага патрыятызму, імкненне нешта супрацьпаставіць адчужанасці, раз’яднанасці. «Бо амерыканцам так важна, каб іх нешта аб’ядноўвала,— піша той жа Том Уікер.— Будзь то школа, у якой яны вучыліся, універсітэт ці нават такое расплыўчатае і бясформеннае паняцце, як штат. Напэўна, гэта таму, што ўжо вельмі мы раз’яднаныя».

І зноў, як бачым, прыгожы дэвіз («З мноства — адзінае») павісае бессэнсоўна ў паветры. Мноства ёсць, адзінства няма.

Дзіўным, калі падыходзіць з нашымі меркамі, выглядае і такі феномен амерыканскага палітычнага жыцця, як неакрэсленасць паняццяў «левы» і «правы», «радыкал» і «рэакцыянер», «прагрэсіст» і «кансерватар». Межы тут такія лабільныя, няўстойлівыя, што, скажам, сённяшнія «новыя правыя» аказваюцца на паверку ўчарашнімі «левымі», а ўчарашнія «правыя» выступаюць сёння пад знакам «новых левых». Як у той жартаўлівай песні пра вуліцу: «Правая, левая дзе старана?»

Падобна, што палітычны барометр тут залежыць у значнай меры ад індэксаў Доу-Джонса — гэтага паказчыка курса акцый на нью-йоркскай біржы.

Але ўсё гэта, вядома, не азначае, што ў краіне адсутнічае сапраўдны леварадыкальны рух, што тут няма сіл, якія б змагаліся за сур’ёзныя сацыяльныя пераўтварэнні, за рэвалюцыйнае абнаўленне грамадства. Такія сілы ёсць, аб чым пераканаўча сведчыць дзейнасць Камуністычнай партыі ЗША.

Разы два-тры — я ўжо закранаў гэту тэму — нам даводзілася сустракацца ў Нью-Йорку з амерыканскімі камуністамі, гутарыць з імі. Ім, як яны самі прызнаюцца, прыходзіцца працаваць у неймаверна цяжкіх умовах, адольваць у сваёй высакароднай дзейнасці самыя розныя перашкоды — арганізацыйныя, матэрыяльныя, маральныя. За імі сочаць, іх правакуюць, іх дыскрымінуюць, за імі нязменна «захоўваюць» усё тыя ж ярлыкі («небяспечныя элементы», «праклятыя чырвоныя», «комі»), на іх усё з тымі ж недавер’ем і апаскай працягвае глядзець абывацель. Быць у Амерыцы камуністам — гэта пастаянна знаходзіцца на лініі агню, «пад кулямі». Тым не менш саратнікі Уінстана і Хола — рыцары без страху і папроку — дзейнічаюць, змагаюцца, вераць у новую, сацыялістычную Амерыку.

...У 19.15 па нью-йоркскаму часу наш аэрафлоцкі «ІЛ-62» адарваўся ад цяжкіх пліт узлётнай паласы і стаў імкліва набіраць вышыню ў пацямнелым, вечаровым небе. Апошняе, што схапіў позірк — на развароце авіялайнера — былі агні аэрапорта, што носіць імя Кенэдзі, а потым, на большай вышыні — агні Нью-Йорка. Сапраўды агні вялікага горада. Агні аднаго з самых вялікіх гарадоў свету. Агні горада, які так ці інакш увайшоў ужо і ў тваё жыццё і які ўжо не сатрэш з памяці. Агні... Мноства, безліч, бязмежны разліў агнёў. Як ні ўзірайся, як ні напружвай позірк, усё адно не пазнаеш і не вылучыш тыя з іх, якімі свецяцца вокны нашага, савецкага дома на 67-й стрыт, якім заліты «небаскроб з шасцю тысячамі акон» на Іст-Рывер. Так што развітальны знак прыходзілася пасылаць наўздагад. Прыгадалася гісторыя з «блакаутам», з усмешкай падумалася, што ў гэты снежаньскі золкі вечар, снег з дажджом папалам (такое было надвор’е, калі ехалі ў аэрапорт), трансфарматару «Алісе» навальніца як быццам не пагражае. І яшчэ прыйшлі ў галаву поўныя горычы словы маладой амерыканкі Норы Уотсан, якія яна сказала Тэркелу: «Мне амаль нечага сказаць у абарону нашага грамадства, хіба толькі: «Я задаволена, што электрычнасць у нас дзейнічае». Зноў зашчымела на душы ад такога прызнання — як бы выказанага на развітанне і табе самому...

Самалёт з усіх сваіх «конскіх сіл» набіраў вышыню, клаўся на курс. І вось ужо, замест нью-йоркскіх агнёў, у ілюмінатары з’явіліся першыя вечаровыя зоркі. Мы яшчэ знаходзіліся над тэрыторыяй Злучаных Штатаў, аблокі пад намі былі яшчэ амерыканскія, а зоркі над намі былі — нейтральныя, агульналюдскія і, значыць, нашыя таксама. Зоркі асвятлялі шлях на Радзіму...

Нам прадстаяў беспасадачны пералёт над акіянам, і сцюардэса, па заведзеным на такі выпадак звычаі, стала тлумачыць правілы карыстання выратавальна-страховачнай камізэлькай з яе лямпачкай і свістком. Потым паведаміла іншую традыцыйную інфармацыю. Можна было ўжо — бог з ім, гэтым самым выратавальным прыстасаваннем — настройвацца на шчаслівае вяртанне, уладкоўвацца ўтульней у сваім крэсле, узяць газету. Ужо сваю «Правду». Яе самы свежы, ад 18 снежня, нумар. Па звычцы, якая выпрацавалася на працягу апошніх трох месяцаў, пагляд слізгануў перш за ўсё па калонках з міжнароднай інфармацыяй: «Інтэрв’ю Картэра... Два супертанкеры сутыкнуліся ў акіяне. (Нішто сабе навіна перад палётам над акіянам! Ну ды нічога). ...Весткі з краін сацыялізма... Гутарка карэспандэнта газеты з сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Венгрыі Габарам Гараі. «Чым знамянальны адыходзячы год для венгерскіх пісьменнікаў? — пытаўся карэспандэнт.— Якія навінкі літаратуры прыцягнулі ўвагу грамадскасці?»... Ад гэтых добрых вестак пра справы, якія рабіліся па другі бок Атлантыкі, ад гэтай дружалюбнай, узаемазацікаўленай пераднавагодняй гутаркі прадстаўнікоў дзвюх братніх краін павеяла раптам прывычнай, кроўна блізкай табе грамадскай атмасферай, нашым ладам жыцця, тым светам, які называецца сацыялістычным і перавагі якога асабліва выразна бачыліся табе цяпер — у святле твайго новага духоўнага вопыту, па кантрасту з тым, што ты назіраў апошнія месяцы за акіянам.

 

"Мы, народы аб’яднаных нацый..."

 

ААН узнікла ў выніку перакананасці яе стваральнікаў, што чалавецтва здольна намаганнямі калектыўнай волі змяніць да лепшага сваё жыццё і быць на ўзроўні свайго генія.

Курт Вальдхайм

 

Вось ужо амаль сорак год у палітычным лексіконе трывала займаюць сваё месца словы — «Арганізацыя Аб'яднаных Нацый». Практычна няма ніводнай буйной міжнароднай праблемы, у сувязі з якой іх не вымаўлялі б на розных мовах і ў гэтых сценах, і за іх межамі. Шырокая прыналежнасць ААН да спраў і падзей у свеце абумоўлена самім прызначэннем гэтага форуму.

А. А. Грамыка

 

 

Маўчанне і слова ў імя міру. Паднімаюцца новыя флагі.

Гэта ўжо стала традыцыяй у жыцці планеты: кожны трэці аўторак верасня месяца, з такой жа няўхільнасцю, з якой верасень змяняе жнівень, адкрываецца ў Нью-Йорку мінутай маўчання чарговая сесія Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У галоўнай зале небаскроба на Іст-Рывер, вядомага ўсяму свету «будынка з шасцю тысячамі вокан» (вунь як далёка павінна быць бачна адсюль!) устаюць як адзін пасланцы амаль усіх краін свету, прадстаўнікі ўсіх яго кантынентаў, рэгіёнаў, рас, сацыяльных сістэм, ідэалогій, устаюць мужчыны і жанчыны, белыя і чорныя, старыя і маладыя, вопытныя палітыкі і пачынаючыя дыпламаты, атэісты і веруючыя, аптымісты і скептыкі,— устаюць усе з рытуальнай урачыстасцю, каб на пачатку работы сесіі сумесна памаўчаць — у малітве або роздуме. Так, спачатку ўсё ж было маўчанне, слова было потым. Тыя, хто паклаў пачатак гэтай традыцыі, маюць безумоўна рацыю...

Гэта ўжо стала традыцыяй.

Гэта ўжо паўтараецца кожны год — пачынаючы з таго памятнага пасляваеннага сорак пятага.

Гэта адбывалася і апоўдні 20 верасня — у аўторак, натуральна — 1977 года. Галоўная зала ААН — падковападобная па гарызанталі, з высокім купалам, на якім віднеецца ўмоўны відарыс зямных кантынентаў — запоўнена дэлегатамі, карэспандэнтамі, запрошанымі. Адкрывае сесію міністр замежных спраў Шры Ланкі Хамід (гэта тлумачыцца тым, што старшынёй папярэдняй сесіі быў прадстаўнік данай краіны Гамільтон Ш. Амерасінгхе). «Прашу паважаных прадстаўнікоў захаваць мінуту маўчання, прысвечаную малітве або роздуму!» — звяртаецца ён да ўдзельнікаў форума. Зала аднадушна ўстае і пагружаецца ў бязмоўе.

Фізічна нябачны і нячутны метраном напружана адлічвае секунды, якія, наколькі датычацца ўсіх, усім належаць, напоўнены асаблівым сэнсам і здаюцца цэлай вечнасцю. Абвостраным бакавым зрокам бачу: злёгку нахіліўшы наперад і ўправа галаву, моліцца сам сабе дэлегат маладой афрыканскай дзяржавы; глядзіць засяроджана перад сабой, звузіўшы вочы, балгарскі дыпламат; ціха варушыць губамі прадстаўнік адной заходнееўрапейскай краіны... Аб чым малітвы? Роздум аб чым? Трэба думаць — аб міры.

Ёсць ёмістая слоўная формула, якая нарадзілася разам з гэтай міжнароднай арганізацыяй над свежымі яшчэ магіламі і руінамі мінулай вайны і якая, напэўна, можа найлепшым чынам выказаць агульны стан дэлегатаў Асамблеі, закліканай да мінуты маўчання. Вось яна:

«МЫ, НАРОДЫ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЙ, ПОЎНЫЯ РАШУЧАСЦІ

пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, якая двойчы ў нашым жыцці прынесла чалавецтву невыказнае гора...

зноў усталяваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын і ў роўнасць правоў вялікіх і малых нацый...

І Ў ГЭТЫХ МЭТАХ

праяўляць цярпімасць і жыць разам, у міры адзін з другім, як добрыя суседзі,

і аб’яднаць нашы сілы для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі...»

Чаканная, нібы высечаная на метале, формула тычыцца ўсіх. Маўчыць уся зала. Але для нас, для тых, хто перажыў жахі вайны на ўласным вопыце, гэтыя, прасякнутыя разумнай, добрай воляй, пачуццём высокай адказнасці словы — з прэамбулы Статута ААН — асабліва зразумелыя і значныя. Для нас, хто згубіў у вайне сваіх родных і блізкіх, хто прынёс на алтар перамогі над фашызмам дваццаць мільёнаў чалавечых жыццяў, гэтая мінута маўчання мае не толькі сімвалічны, цырыманіяльны, але і канкрэтны духоўны сэнс — мы ўшаноўваем памяць паўшых. Мы ўшаноўваем памяць ахвяр вайны, і нашы думкі пра мір для жывых...

Аддаўшы належнае традыцыйнаму рытуалу (своеасаблівы эквівалент самаблагаславення), Генеральная Асамблея прыступае да справы — прымае пастанову аб Камітэце па праверцы паўнамоцтваў (у склад камітэта выбіраецца 9 членаў, у тым ліку і СССР), потым пераходзіць да выбараў старшыні сесіі. Старшынёй адзінагалосна выбіраецца прадстаўнік Югаславіі, вядомы югаслаўскі дыпламат і палітычны дзеяч Лазар Мойсаў1. Яго запрашаюць заняць адпаведнае месца ў прэзідыуме (старшыня ў цэнтры, па правую руку ад яго — генеральны сакратар ААН, па левую — намеснік генсека па палітычных пытаннях і пытаннях Генеральнай Асамблеі) .

Новы старшыня — яшчэ не стары, моцна складзены чарнявы серб — выступае з заявай, гаворыць, што называецца, сваю «тронную» прамову. Адна з асноўных думак — аб неабходнасці павышаць эфектыўнасць ААН як важнага інструменту ў змаганні за мір і разрадку. Закранаецца пытанне і аб слабых баках галоўнай міжнароднай Арганізацыі, у прыватнасці аб тым, што ў ёй часам «назіраецца тэндэнцыя займацца вынікамі, а не прычынамі».

Наступны, адначасова і ўрачысты і дзелавы момант — прыняцце ў рады Арганізацыі Аб’яднаных Нацый новых дзяржаў. Старшыня нагадвае дэлегатам ранейшую працэдуру прыёму, і Генеральная Асамблея аднадушна, шляхам акламацыі (гэта значыць без галасавання, засвойваю тут новую для сябе мову: акламацыя, кансэнсус і г. д.) ухваляе праект рэзалюцыі аб прыёме ў склад ЛАН дзвюх краін — толькі што атрымаўшай незалежнасць Рэспублікі Джыбуці, былой заморскай тэрыторыі Францыі, і нядаўна адстаяўшай у смяротнай схватцы з імперыялістычным агрэсарам сваю нацыянальную незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам.

— Прашу начальніка пратакола адвесці дэлегацыі на іх месцы ў зале! — распараджаецца намеснік генеральнага сакратара Уільям Буфум, той самы, што сядзіць злева ад старшыні.

І вось начальнік пратакольнай службы — па-вайсковаму падцягнуты, важны (пасада абавязвае) — чынна вядзе праз залу спачатку адну, потым другую дэлегацыі і паказвае ім іх месцы. Калі з’явілася дэлегацыя В’етнама — выбухнулі воплескі і раздаліся разнамоўныя прывітальныя воклічы: з’ява ўжо зусім не прадугледжаная пратаколам, не частая, нават не прынятая ў гэтай зале. Крэслы в’етнамскіх прадстаўнікоў недалёка ад нашых, і ў мяне ёсць магчымасць пазіраць іх у гэты гістарычны для іх момант, бачыць іх узрушана-гордыя твары. Радасна за яшчэ адну, на гэты раз палітычную, перамогу шматпакутнага, гераічнага народа. Тым больш радасна, што ўсведамляеш — у яго вялікіх перамогах ёсць немалая доля і тваёй краіны.

Наступны, другі па ліку дзень работы сесіі прадаўжае зробленае яго папярэднікам — пачынаецца з цырымоніі падняцця дзяржаўных флагаў В’етнама і Джыбуці. Урачыстасць адбываецца перад уваходам у будынак Генеральнай Асамблеі. Вальдхайм гаворыць некалькі прывітальных слоў у адрас «імяніннікаў», і два розныя, рознай расфарбоўкі і з рознымі эмблемамі на палотнішчах, сцягі паволі ўзнімаюцца на флагштоках угору. Вось яны ўжо, бачу, развяваюцца на непрывычным яшчэ для іх нью-йоркскім ветры ці, лепей сказаць, на ўсіх чатырох, нават на ўсіх сямі вятрах свету, калі мець на ўвазе палітычны сэнс цырымоніі. Азіраю твары прысутных і бачу: ззяюць позіркі ў пасланцоў Джыбуці, на вачах аднаго з членаў в’етнамскай дэлегацыі пабліскваюць слёзы.

Прыходзіць думка, што калі людзям і патрэбны «свяшчэнадзействы», цырымоніі і рытуалы — дык менавіта вось такія, што ўзвышаюць чалавека ў духу праўды і справядлівасці, пацвярджаюць яго перамогу над нацыянальным і сацыяльным прыгнётам.

Пасля падняцця флагаў пачынаецца адразу другое пленарнае пасяджэнне Генасамблеі. Новых членаў ААН вітаюць старшыня сесіі, прадстаўнікі як асобных краін, так і рэгіянальных груп. Сурынам, напрыклад, гаворыць ад імя краін Лацінскай Амерыкі, Швецыя — ад імя скандынаўскіх краін, Габон — ад імя Арганізацыі афрыканскага адзінства. З цёплымі віншаваннямі звяртаюцца да новапрынятых, у прыватнасці да В’етнама, дэлегаты краін сацыялістычнай садружнасці.

Выступіў на пасяджэнні і кіраўнік нашай дэлегацыі А. Е. Гурыновіч. Прыём новых дзяржаў у члены ААН, зазначае ён, з’яўляецца важнай падзеяй як для новых членаў, так і для Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, паколькі ў палітычным плане замацоўваецца перамога нацыянальна-вызваленчай барацьбы народаў, расшыраюцца рады прыхільнікаў усталявання разрадкі, умацавання бяспекі і міжнароднага супрацоўніцтва. Прамоўца нагадаў, што Беларуская ССР нязменна выступала за прыём СРВ у члены ААН. Разам з іншымі сацыялістычнымі краінамі, гаворыць А. Е. Гурыновіч, мы дабіваліся гэтага ў Савеце Бяспекі і былі сааўтарамі рэзалюцый Генеральнай Асамблеі, якія асуджалі ўсялякія спробы перашкодзіць прыёму СРВ у члены ААН і патрабавалі справядлівага падыходу да гэтага пытання. З вялікім задавальненнем дэлегацыя Беларускай ССР стала адным са 106 сааўтараў рэзалюцыі, у адпаведнасці з якой Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам стала члепам ААН. Дэлегацыя Беларускай ССР, заявіў далей А. Е. Гурыновіч, цвёрда пераканана ў тым, што прыём СРВ у ААН — гэта не толькі чарговая перамога прынцыпу універсальнасці, але і значны ўклад у павышэнне эфектыўнасці і аўтарытэту АН.

Міністр замежных спраў БССР пажадаў братняму в’етнамскаму народу поспехаў у аднаўленні і развіцці разбуранай вайной гаспадаркі, у ператварэнні В’етнама ў працвітаючую сацыялістычную дзяржаву. Прывітаў ён таксама і другога новага члена ААН — Рэспубліку Джыбуці.

Затым, згодна з традыцыяй, выступаюць віноўнікі ўрачыстасці. Кожны ў сваёй манеры і сваім нацыянальным духу. На трыбуне — першы прэзідэнт Джыбуці Хасан Гулед. Высокі, каларытны ў сваёй белай шапачцы, у акулярах і ў доўгім цёмным сурдуце, лідэр маленькай афрыканскай дзяржавы — яна знаходзіцца недзе ў раёне Баб-эль-Мандэбскага праліва, «праліва слёз» — нагадвае ці то свяшчэнніка, ці то настаўніка нядзельнай школы. Гэтае ўражанне падмацоўваецца яшчэ і тым, што прэзідэнт пачынае гаварыць са звароту да «бога ўсявышняга і адзінага» (гэтым жа зваротам, дарэчы, і заканчвае сваю прамову). У яго падобнай на пропаведзь прамове часта ўжываюцца словы «выхаванне», «педагогіка», «мараль», што спачатку здаецца крыху дзіўным. Але потым становіцца ясна, да чаго хіліць кіраўнік Джыбуці — гутарка ідзе аб маральным удасканальванні чалавека, аб выхаванні яго ў духу любві да блізкага, у духу міру і ўзаемазгоды паміж людзьмі і народамі.

Выступленне намесніка прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў В’етнама Нгуен Зуй Чыня насіла крыху іншы характар, было немнагаслоўным, больш дзелавым, больш палітычным. Ён падзякаваў за прыём у ААН, выказаў надзею, што краіны свету дапамогуць СРВ у залечванні ран вайны, запэўніў у заключэнне, што сацыялістычны В’етнам будзе ў ліку актыўных змагароў за мір і прагрэс. Першае з трыбуны ААН выступленне прадстаўніка новага, адроджанага і ўз’яднанага ў адной дзяржаве В'етнама было выслухана з вялікай увагай — ва ўсякім выпадку пераважнай большасцю дэлегатаў. Увачавідкі знаходзілі практычнае ўвасабленне словы наконт таго, што з прыняццем В’етнама ў ААН яе аўтарытэт і яе палітычная вага несумненна ўзрастуць...

 

1 Л. Мойсаў быў потым першым, пасля смерці Ціта, старшынёй Прэзідыума Саюза камуністаў Югаславіі. Займаў пасаду Саюзнага сакратара па замежных справах СФРЮ.

Зацвярджаецца парадак дня. Усеабдымны пункт — будучае чалавека

23 верасня. Пятніца. Пятае пленарнае пасяджэнне Асамблеі. Сесія яшчэ знаходзіцца ў арганізацыйнай стадыі, і пытанне, якое разглядаецца на пасяджэнні, называецца: «Зацвярджэнне парадку дня сесіі і размеркаванне пунктаў парадку дня».

На руках у дэлегацый знаходзіцца адпаведны дакумент — выкладзеныя ў форме даклада прапановы Генеральнага камітэта. Першым ідзе раздзел, які тычыцца раскладу пасяджэнняў і агульных спрэчак. Камітэт рэкамендуе Генеральнай Асамблеі:

— пленарныя пасяджэнні і пасяджэнні камітэтаў пачынаць у 10.30 і 15.30;

— устанавіць пяцідзённы рабочы тыдзень, маючы пры гэтым на ўвазе, што ў выпадку неабходнасці пасяджэнні могуць таксама прызначацца па суботах і ў вячэрні час;

— працягласць агульных спрэчак не павінна ў нармальных умовах перавышаць два з паловай тыдні;

— адкрыць агульныя спрэчкі ў панядзелак, 26 верасня, і закончыць у чацвер, 13 кастрычніка;

— спіс прамоўцаў, жадаючых прыняць удзел у агульных спрэчках, закрыць у сераду, 28 верасня, а 18 гадзіне.

Старшыня сесіі звяртае ўвагу дэлегатаў і на яшчэ адзін, даволі цікавы, па-свойму спецыфічны падпункт, які заклікае іх «устрымлівацца ад выказвання віншаванняў у адрас прамоўцаў у зале пасяджэнняў Генеральнай Асамблеі».

— Як сказаў мой выдатны папярэднік,— гаворыць Мойсаў, маючы на ўвазе старшыню мінулай сесіі Амерасінгхе,— практыка апошняга часу сведчыць пра тое, што вялікая колькасць дэлегацый, віншуючы прамоўцаў пасля іх выступлення, тым самым парушае працу Асамблеі і нават перашкаджае наступным прамоўцам. Я асабіста пацвярджаю рэкамендацыю Генеральнага камітэта і, калі яна будзе прынята Асамблеяй, буду заклікаць усіх членаў супрацоўнічаць у гэтых адносінах.

Ці магу я лічыць, звяртаецца старшыня да залы, што ўсе названыя рэкамендацыі ўхваляюцца Асамблеяй?

Пярэчанняў не ўзнікае. Рашэнне прымаецца.

Далей разглядаюцца такія рабочыя пункты, як «Права на адказ», «Размеркаванне прадстаўнікоў у залах пасяджэнняў», «Выкарыстанне механічнага абсталявання для галасавання» і інш. Па першаму з іх Асамблея прымае да ведама рэкамендацыю, каб «дэлегацыі карысталіся правам на адказ у канцы дня ў тых выпадках, калі на гэты дзень прадугледжаны два пасяджэнні, і каб выступленні ў парадку выкарыстання права на адказ абмяжоўваліся 10 мінутамі».

Затым Генеральная Асамблея пераходзіць непасрэдна да разгляду парадку дня сесіі. Старшыня напамінае дэлегацыям адно з палажэнняў Правіл працэдуры, якое прадугледжвае: «Спрэчкі аб уключэнні любога пункта ў парадак дня, калі гэты пункт рэкамендаваны да ўключэння Генеральным камітэтам, абмяжоўваюцца выступленнямі трох прамоўцаў за ўключэнне і трох — супраць».

— Я хацеў бы яшчэ падкрэсліць,— тлумачыць далей старшыня,— што ў дадзены момант мы не абмяркоўваем сутнасць таго або іншага пытання, за выключэннем тых выпадкаў, калі такое абмеркаванне можа дапамагчы Асамблеі вырашыць, ці ўключаць даны пункт у парадак дня.

Фарміраванне парадку дня сесіі ідзе аператыўна і без якіх-небудзь асаблівых перашкод, пераважная большасць пытанняў зацвярджаецца, можна сказаць, аўтаматычна. Толькі па асобных узнікаюць нязначныя, чыста фармальнага характару, агаворкі ці заўвагі. Першая больш-менш значная замінка ўзнікае толькі тады, калі чарга даходзіць да пункта 126 пад назваю «Незаконныя меры, прынятыя ў апошні час Ізраілем на акупіраваных арабскіх тэрыторыях і накіраваныя на змяненне прававога статуса, геаграфічнага характару і дэмаграфічнага складу гэтых тэрыторый у парушэнне прынцыпаў Статута ААН, міжнародных абавязацельстваў Ізраіля ў адпаведнасці з чацвёртай Жэнеўскай канвенцыяй 1949 года і рэзалюцый ААН». У адрозненне ад многіх пунктаў, якія перайшлі з мінулай сесіі, гэты ўносіцца ўпершыню. Узяўшы слова, ізраільскі прадстаўнік Герцаг пярэчыць супраць уключэння пункта ў парадак дня. Не рашаючыся выказвацца па сутнасці і, як ён заяўляе, «не маючы ніякіх ілюзій адносна характару механічнай большасці ў даным форуме», ён расцэньвае прапанову аб новым пытанні ні больш ні менш як зламысны намер Асамблеі «ўзбуджаць апетыт да рыторыкі ворагаў Ізраіля», як «маньякальнае імкненне да прыняцця антыізраільскіх рэзалюцый».

— Члены гэтай Арганізацыі,— кідае прамоўца ў залу з выглядам абражанай нявіннасці,— збіраюцца, здаецца, у гэтым годзе сабраць рэкордны ўраджай рэзалюцый, якія асуджаюць Ізраіль.

Наступныя прамоўцы, прадстаўнікі Бангладэш, Мадагаскара і Беніна, катэгарычна падтрымліваюць уключэнне пункта 126 у парадак дня.

— Мая дэлегацыя,— гаворыць дэлегат Беніна Хунгаву,— падтрымлівае таксама просьбу Егіпта аб тым, каб гэтаму пытанню пры абмеркаванні яго на пленарных пасяджэннях была ўдзелена першаступенная ўвага. Мая краіна ніколі не пагодзіцца з тымі, хто праводзіць разбуральную палітыку анексіі і каланізацыі акупіраваных імі тэрыторый ці тэрыторый, што знаходзяцца пад іх панаваннем.

Старшыня: «Асамблея заслухала чатырох прамоўцаў па пытанню аб уключэнні ў парадак дня пункта 126. Адзін з іх выказаў агаворкі, аднак просьбы аб галасаванні не паступіла. Дазвольце мне лічыць, што Генеральная Асамблея згодна ўключыць у парадак дня даны пункт».

Рашэнне прымаецца.

Яшчэ адзін востры момант узнікае тады, калі Асамблея разглядае пытанне аб размеркаванні пунктаў (г. зн. вырашае, дзе які пункт будзе абмяркоўвацца — на пленарным пасяджэнні або ў тым ці іншым камітэце). Генеральны камітэт, гаворыць старшыня, рэкамендуе, каб пункт 28 пад назваю «Кіпрскае пытанне» разглядаўся непасрэдна на пленарных пасяджэннях з выкарыстаннем паслуг Спецыяльнага палітычнага камітэта. Турэцкі пасол Цюркмен пратэстуе супраць гэтай рэкамендацыі. «Мы рашуча выступаем супраць яе!» — заяўляе ён. Ён лічыць, што працэдура, якую прымае Генеральная Асамблея, з’яўляецца несправядлівай у дачыненні да турэцкай абшчыны Кіпра, ушчымляе яе інтарэсы. Цюркмен просіць паставіць рэкамендацыю на галасаванне з занясеннем яго вынікаў у пратакол. На трыбуну падымаецца прадстаўнік Кіпра Расідзіс.

— Мы толькі што выслухалі заяву прадстаўніка Турцыі,— гаворыць ён,— заяву, якая ўяўляе сабой скажэнне фактаў з пачатку да канца. Я шкадую аб тым, што мушу пярэчыць, але я буду сцвярджаць факты (узор дыпламатычнай мовы.— А. В.).

Зенон Расідзіс — немалады, у гадах, зусім сівенькі грэк, відаць, адзін са старэйшых дыпламатаў, акрэдытаваных пры ААН — характарызуе становішча, якое склалася на Кіпры і пагражае суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці рэспублікі, тлумачыць, чаму кіпрскае пытанне павінна разглядацца менавіта на агульных пасяджэннях Генеральнай Асамблеі.

У спрэчку ўмешваецца пасол Саудаўскай Аравіі Барудзі. Вонкава ён як быццам бы бярэ на сябе ролю бесстаронняга пасрэдніка («Паверце мне, пан старшыня, я не кансультаваўся ні з маім добрым сябрам паслом Цюркменам, ні з маім сябрам паслом Расідзісам»), заклікае абодва бакі «прыслухацца да голасу розуму», «праявіць разважны падыход». Але меркаванні, якія Джэмал Барудзі выказвае і называе «кампраміснымі», сведчаць, што з двух сваіх «сяброў» ён аддае ўсё ж перавагу турэцкаму, мае на ўвазе перш за ўсё яго выгаду.

Старшыня: «Прадстаўнік Саудаўскай Аравіі звярнуўся з заклікам, а прадстаўнік Турцыі папрасіў правесці па данаму пытанню галасаванне, заносімае ў справаздачу. Паколькі жадаючых выступіць больш няма, я зараз стаўлю на галасаванне рэкамендацыю Генеральнага камітэта адносна перадачы на разгляд пункта 28 «Кіпрскае пытанне».

Адбываецца галасаванне.

Намеснік генеральнага сакратара: «Праверце на табло вынікі — машына пераключаецца ў рэжым падліку галасоў. Пераважная большасць членаў Асамблеі, у тым ліку савецкія дэлегацыі, дэлегацыі другіх краін сацыялістычнай садружнасці, прагаласавала «за», тры прадстаўнікі (Турцыя, Пакістан і Іярданія) — «супраць», астатнія, у прыватнасці заходнія дзяржавы, устрымаліся. Канструктыўная прапанова камітэта прымаецца.

Далей размеркаванне пунктаў ідзе ўжо без затрымак, без пярэчанняў і агаворак. «Ці магу я лічыць, што Генеральная Асамблея адабрае перадачу прапанаванага спіса пунктаў для разгляду ў Трэці камітэт? — Прапанова прымаецца... Нарэшце мы пераходзім да спіса пытанняў парадку дня, прапанаваных для перадачы ў Шосты камітэт. Ці магу я лічыць, што Генеральная Асамблея зацвярджае прапанаванае размеркаванне? — Прапанова прымаецца...»

Старшыня з палёгкай паведамляе, што Асамблея закончыла зацвярджэнне парадку дня сесіі і размеркаванне пытанняў.

— Я хачу падзякаваць,— дадае ён,— членам Асамблеі за тое, што нам была дадзена магчымасць завяршыць нашу працу на ранішнім пасяджэнні. Я дзякую ўсім вам за ваша супрацоўніцтва. Кожны камітэт у бліжэйшы час атрымае спіс пунктаў, перададзеных на яго разгляд, з тым, каб ён пачаў сваю працу як мага хутчэй, у адпаведнасці з правілам 99 Правіл працэдуры.

Парадак дня сесіі Генеральнай Асамблеі... «Гарачыя пункты» свету і пункты парадку дня. Сацыяльна-палітычны і эканамічны парадак на Зямлі і парадак дня сусветнага форуму. Як бачым, залежнасць тут у наяўнасці нават на семантычным узроўні. Натуральна, што першачарговае месца ў сукупнай праграме сесіі займае шырокі комплекс пытанняў, звязаных перш за ўсё з задачамі захавання міру, умацавання ўсеагульнай бяспекі, утаймавання гонкі ўзбраенняў, перш за ўсё ядзерных, ліквідацыі ваенных ачагоў і крызісных сітуацый. «Аб заключэнні Сусветнага дагавора аб непрымяненні сілы ў міжнародных адносінах», «Эканамічныя і сацыяльныя вынікі гонкі ўзбраенняў і яе выключна згубнае ўздзеянне на міжнародны мір і бяспеку», «Міжнароднае супрацоўніцтва ў выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах», «Ажыццяўленне Дэкларацыі аб умацаванні міжнароднай бяспекі», «Аб заключэнні дагавора аб поўнай і ўсеагульнай забароне выпрабаванняў ядзернай зброі», «Усеагульнае і поўнае раззбраенне», «Кіпрскае пытанне», «Пытанне аб Палесціне» — вось няпоўны пералік гэтых самых «пунктаў», якія перш за ўсё непакоілі Асамблею ААН, настойліва патрабавалі свайго вырашэння. Побач з гэтымі першачарговымі, ключавымі ў парадку дня сесіі значыліся і іншыя, самыя розныя па сваім маштабе і сваім характары, сацыяльныя і гуманітарныя пытанні, накшталт наступных: «Выбары членаў Савета ўпраўляючых спецыяльнага фонда ААН для стаўшых на шлях развіцця краін, якія не маюць выхаду да мора», «Вяртанне твораў мастацтва краінам — ахвярам экспрапрыяцыі», «Аб распрацоўцы міжнароднай канвенцыі аб прынцыпах выкарыстання дзяржавамі штучных спадарожнікаў Зямлі для прамога тэлевяшчання», «Праграма ААН па акаляючаму асяроддзю», «Харчовыя праблемы», «Папярэджанне злачыннасці і барацьба з ёй», «Міжнародныя пакты аб правах чалавека», «Пытанне аб пажылых і састарэлых», «Палітыка і праграмы, якія тычацца моладзі», «Свабода інфармацыі», «Фінансаванне надзвычайных узброеных сіл ААН» і г. д.

Словам, як потым скажа ў час агульных спрэчак дэлегат Індыі, «адзіны ўсеабдымны пункт нашага парадку дня — гэта будучае чалавека, і пытанне гэтае будзе стаяць у ім усе наступныя дзесяцігоддзі».

 

Ідзе дыскусія, ідзе дыялог...

26 верасня, у панядзелак, старшыня сесіі Генеральнай Асамблеі грукнуў па стале малатком у знак таго, што чарговае, шостае па ліку, пленарнае пасяджэнне лічыцца адкрытым, і абвясціў пачатак агульных спрэчак.

— Слова мае яго правасхадзіцельства пан Антоніё Франсіск Азерэда да Сілвейра, міністр замежных спраў Бразіліі.

Першы прамоўца, кіраўнік бразільскай дэлегацыі з яго гучным доўгім імем, ідзе да застыўшай у чаканні, масіўнай, колеру марской вады, трыбуны, дэлегаты надзяваюць навушнікі, круцяць рычажкі пераключальнікаў, злучаных з кабінамі сінхроннага перакладу, і агульныя спрэчкі — іх яшчэ называюць агульнапалітычнай дыскусіяй — бяруць старт. Наперадзе — доўгі, шматдзённы слоўны марафон.

 

Стук малатка. Пачатак пасяджэння.

Глядзіць па залу са свайго ўзвышэння,

ацэньваючы момант, Старшыня.

Нагадвае парадак дня.

Стук малатка гучыць накшталт сігнала —

сказаць, што не сказала яшчэ зала.

Раз маеш слова, зала,— гавары!

Свет словам ўдасканальвай і твары!

Стук малатка. Пачатак пасяджэння.

Тут штось ад рытуалу пасвячэння:

«Мы, Аб’яднаных нацый люд,

вайне і злу выносім свой прысуд...»1

  Не слова, можа быць, было ў пачатку.

Ды ў слова веру я ў любым выпадку.

І гавару я: «Слова, ты гучы!

І хай маўчаць гарматы і мячы!»

 

Ідуць спрэчкі. Ідзе абмен думкамі. Гучыць слова. І гэта добра. І гэта ва ўсякім разе лепш, чым ваяўніча-мілітарысцкія заклікі і бразганне зброяй. І тут старшыня з яго малатком уяўляецца мне кавалём, які куе справу міру, а зала пасяджэння з яе высокім купалам — кузняй, майстэрняй, дзе мір куецца. Марудна, цяжка, не так паспяхова, як хацелася б, як павінна было б быць, але куецца ўсё-ткі.

Ідуць спрэчкі. Ідзе дыскусія. І ўслухоўваючыся ў прамовы, назіраючы, як адзін прамоўца змяняе на трыбуне другога, з глыбокім унутраным задавальненнем канстатуеш гэты малюнак. Сапраўды, думаеш, чалавек жа адрозніваецца ад жывёліны не толькі развітым вялікім пальцам, а і нечым больш істотным. Ён жа — гома сапіенс, яму дадзены розум, дадзена другая сігнальная сістэма — мова. І дадзена яна, трэба думаць, не для таго, каб супрацьстаяць розуму, а каб служыць яму; не для таго, каб утойваць думкі, ашукваць адзін аднаго, камуфліраваць вузкаэгаістычныя мэты, а каб абменьвацца думкамі, дамаўляцца на аснове ўзаемнасці, разам шукаць ісціну; не для таго, каб кідаць адзін аднаму выклік, сеяць варожасць, нянавісць, разлад, а каб знаходзіць агульную мову, усталёўваць сумеснымі намаганнямі ў свеце дух даверу, міру і супрацоўніцтва. Сёння як ніколі чалавецтва стаіць перад дылемай: зямля — арэна супрацоўніцтва і міру альбо поле бітвы? І людское слова, неаддзельнае ад розуму чалавека, ад яго векавой мудрасці, столькі зрабіўшае для яго духоўнага развіцця, заклікана адыграць сваю станоўчую, канструктыўную ролю ў вырашэнні гэтага галоўнага пытання часу. «У мінулым годзе мы зноў былі сведкамі сур’ёзных трагічных канфліктаў,— гучыць з высокай трыбуны ААН.— І ўсё ж нельга адмаўляць таго, што ні адна другая эпоха не была так пераканана ў магчымасці і неабходнасці вырашэння гэтых канфліктаў з дапамогай агульнапрызнаных міжнародных норм, распрацаваных чалавечым геніем».

Ідзе дыскусія. Ідзе размова аб разрадцы, аб раззбраенні, аб бяспецы. І мне бачыцца яшчэ адзін важны аспект гэтай палітычнай размовы — псіхалагічны. Бо калі лічыць правільным сцвярджэнне, што «войны пачынаюцца ў галовах людзей» (гэтыя словы са Статута ЮНЭСКА прыгадваліся раз-пораз у ходзе дыскусіі), што, інакш кажучы, палітыка і ідэалогія звязаны тысячамі ніцей з псіхалогіяй, людской і нацыянальнай, з прыродай чалавека, то правільным будзе і сказаць: войны трэба выкараняць у галовах, у свядомасці, трэба карэнным чынам мяняць настрой думак, які арыентаваўся спрадвеку на «права моцнага», на культ сілы, на прымяненне сілы ў вырашэнні рознагалоссяў і спрэчак. «Гарызантальнае» раззбраенне немагчыма без раззбраення «вертыкальнага», без належнага разумення неабходнасці раззбраення, прыняцця прынцыпаў мірнага суіснавання ў якасці агульнапрызнаных норм міжнароднага жыцця. «Вельмі важна і неабходна,— звяртаўся да Асамблеі прадстаўнік Індыі,— каб палітычны розум вызваліўся ад ваеннай логікі і каб палітычная воля ўсталёўвала сілу розуму».

І вось ідзе дыскусія, выказваюцца розныя пункты погляду, абменьваюцца думкамі людзі, якія прадстаўляюць розныя краіны і сацыяльна-палітычныя сістэмы, але сабраліся як члены аднаго і таго ж міжнароднага супольніцтва, сабраліся ў адной і той жа зале і. выступаюць з адной і той жа трыбуны, і ўжо сам па сабе гэты факт з'яўляецца аргументам у карысць таго, што не толькі неабходна, але і магчыма думаць па-новаму, бачыць планету як агульны дом, з’яўляецца канкрэтнай праявай маральнага супрацьяддзя псіхалагічнай вайне, палітыцы з пазіцыі сілы.

Ідзе дыскусія... Прамовы, на якой бы з шасці рабочых моваў ААН яны ні гаварыліся, тут жа, імгненна разлятаюцца па зале ў перакладзе на гэтыя, найбольш распаўсюджаныя мовы свету. НТР у дадзеным выпадку служыць гуманнай справе, справе міру і ўзаемаразумення, дакладней — спрыяе ліквідацыі моўнага бар’ера. Ці можа ўдзельнік форума выступіць на якой-небудзь іншай мове, апрача прызнаных тут афіцыйна? Можа, мае такое права згодна з правіламі працэдуры, але пры ўмове, што яго дэлегацыя паклапоціцца аб тым, каб тэкст выступлення быў загадзя распаўсюджаны ў зале на адной з рабочых моваў. Да слова сказаць, прадстаўнік Партугаліі ўзняў у сваёй прамове пытанне аб увядзенні ў якасці яшчэ адной афіцыйнай мовы ААН мовы партугальскай. Ну ды гэта ўжо крыху іншая справа. Галоўнае ж — наяўнасць добрай волі ў пошуку агульнай мовы.

Ідзе дыскусія. Гучаць прамовы. Якая працягласць іх? Ці рэгламентуюцца яны? Калі рэгламентуюцца, то якім чынам? Трэба думаць, што ў высокіх сферах міжнароднага супрацоўніцтва таксама нельга без гэтых звычайных фізічных параметраў? Інакш той дыскусіі, сесіі той не будзе ні канца ні краю, няпэўнай будзе эфектыўнасць работы форума.

У свой час па ініцыятыве сакратарыята ААН была зроблена нават спроба ўвесці электроннае абсталяванне для адліку часу ў зале Генеральнай Асамблеі і памяшканнях галоўных камітэтаў. Але гэтая ініцыятыва не была падтрымана пераважнай большасцю дэлегатаў. Пытанне было вынесена на разгляд спецыяльнага камітэта. Раней чым выступіць з пэўнымі рэкамендацыямі, ён абагульніў канкрэтны вопыт — практыку работы юбілейнай, дваццаць пятай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, на якой удалося заслухаць вялікую колькасць прамоўцаў за параўнаўча кароткі час і без якой-небудзь папярэдняй дамоўленасці наконт рэгламенту.

Члены камітэта прыйшлі да вываду, што такі вынік тлумачыцца не чым іншым, як рацыянальным выкарыстаннем часу, і што пры захаванні гэтай умовы адпадае патрэба ў нейкім спецыяльным абмежаванні працягласці прамоў. На гэтым і вырашылі. Вопыт наступных сесій Генеральнай Асамблеі ААН пацвердзіў вывады камітэта, паказаў, у прыватнасці, што сярэдняя працягласць выступлення складае 35 мінут — аптымальна дастатковы час для таго, каб кожны прамоўца змог выкласці пазіцыю сваёй краіны па пытаннях парадку дня Асамблеі, акрэсліць ва ўсякім разе, у якім ён лагеры — з сіламі міру ці сіламі вайны.

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. Паміж — краінамі вялікімі і малымі, краінамі з розным грамадскім ладам, краінамі з векавой дзяржаўнасцю і з дзяржаўнасцю толькі што атрыманай, краінамі эканамічна развітымі і стаўшымі ў нядаўнім мінулым на шлях развіцця, краінамі ядзернымі і не маючымі ядзернай зброі, краінамі кантынентальнымі і астраўнымі. І нават паміж краінамі, якія маюць выхад да мора і якія такога выхаду не маюць. Прэм’ер-міністр Заходняга Самоа гаворыць, напрыклад, пра тое, якое значэнне мае мора ў жыцці паленізійскай пацыі. «Мора для нас,— зазначае ён,— з’яўляецца не толькі крыніцай сродкаў для існавання, але і вызначае наш характар, увесь уклад нашага жыцця». А прадстаўнікі Бутана і Непала, краін, якія належаць да паўднёва-азіяцкага субрэгіёна, горка наракалі, у сваю чаргу, на цяжкасці, звязаныя з адсутнасцю выхаду да мора, падрабязна гаварылі, якімі «неспрыяльнымі ў сучасным свеце з’яўляюцца пазіцыя і становішча непрыбярэжнай дзяржавы», выказвалі спадзяванне, што іх інтарэсы «будуць адлюстраваны ў новай міжнароднай канвенцыі па марскому праву».

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. Дыялог дэмакратычны, раўнапраўны, шматбаковы, дыялог усіх з усімі. І гэта добра. Але яго плённасць, эфектыўнасць яго вызначаюцца, безумоўна, мераю шчырасці прамоўцаў, мераю добрай волі бакоў — удзельнікаў форума. Пераважная большасць менавіта ў такім духу і выступае — шчыра, без скрытнага намеру, бона фідэ, як гаварылі старажытныя рымляне. Але ў той жа час слых улоўлівае, што ў адны і тыя ж па сваім гучанні словы ўкладваецца розны, часам нават супрацьлеглы, сэнс, як нехта фальшывіць, нехта крывадушнічае, нехта спрабуе падмяніць дыялог ідэалагічнай палемікай, а сёй-той гаворыць з высокай трыбуны самую што ні ёсць нізкую хлусню. Так, прадстаўнік палпотаўскай клікі з крывадушна-ялейнай ухмылкай на твары распінаўся шматслоўна наконт... «здароўя нацыі», «росту народанасельніцтва краіны» і г. д. І гэта ў той час, калі наваяўленыя канібалы ў асобе так званых «чырвоных кхмераў» літаральна рабавалі краіну, вынішчалі фізічна свой народ. (Заўважу, што прадстаўнікі гэтага крывавага рэжыму працягваюць, на жаль, і па сённяшні дзень займаць месца ў ААН). Амерыканскі прэзідэнт у сваёй паўгадзіннай прамове гаварыў з пафасам аб тым, якую «ролю маюць намер адыграць Злучаныя Штаты ў справе абмежавання і скарачэння ўсіх відаў узбраенняў», і нават падкрэсліваў, што «ў ядзерны век мы не можам больш думаць аб вайне як аб простым працягу дыпламатыі другімі сродкамі». Але гэтыя словы, гэтая міралюбівая рыторыка былі далёкія, як неба ад зямлі, ад рэальнай мілітарысцкай палітыкі амерыканскай адміністрацыі, ад яе курсу на гонку ўзбраенняў, на дасягненне ваеннай перавагі. Яўна фальшывыя ноткі гучалі і ў выступленнях некаторых іншых заходніх дзяржаў, саюзнікаў ЗША па паўночнаатлантычнаму блоку, у прыватнасці ў заявах міністраў замежных спраў Канады і ФРГ.

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. І ў гэтым маральна-палітычным і дыпламатычным змаганні за мір, мірнае суіснаванне і прагрэс, у гэтым сусветным хоры галасоў выразна гучыць і голас СССР, голас іншых прадстаўнікоў свету сацыялізма, у тым ліку голас Савецкай Беларусі. На высокай трыбуне — кіраўнік яе дэлегацыі, міністр замежных спраў рэспублікі А. Е. Гурыновіч. Ён зазначае, што ў сваім змаганні за мір і разрадку «дзяржавы сацыялістычнай садружнасці праяўляюць канструктыўную ініцыятыву і аказваюць нязменную падтрымку намаганням ААН, скіраваным на прадухіленне вайны, умацаванне міжнароднай бяспекі і развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі». Беларускі дыпламат гаворыць далей пра такія надзённыя задачы дня, як ліквідацыя існуючых ачагоў напружанасці, утаймаванне гонкі ўзбраенняў, змаганне супраць стварэння новых відаў зброі масавага знішчэння. «Дарога да міру ніколі не была лёгкай,— працягвае прадстаўнік БССР.— Аб гэтым сведчыць і цяперашняе становішча спраў. Гонка ўзбраенняў працягваецца, у яе ўцягваюцца ўсё новыя і новыя дзяржавы. Супраць сацыялістычных краін вядзецца варожая прапагандысцкая кампанія... Але гісторыя знешняй палітыкі Савецкай дзяржавы,— гаворыць далей прамоўца,— гэта таксама гісторыя паслядоўнай і нястомнай барацьбы за раззбраенне. Факт застаецца фактам: Савецкі Саюз унёс на разгляд міжнародных арганізацый, урадаў іншых краін больш чым 70 прапаноў па пытаннях раззбраення; усе асноўныя ініцыятывы ў гэтай галіне зыходзілі і зыходзяць ад Савецкага Саюза і іншых дзяржаў сацыялістычнай садружнасці».

Сацыялістычная садружнасць... На форуме ўвачавідкі выступае яе прагрэсіўная гістарычная місія, наглядна праяўляецца роля яе як магутнага фактару ў барацьбе за разрадку, раззбраенне і ўзаемавыгаднае мірнае супрацоўніцтва. Дэлегаты краін сацыялізма дружна і цвёрда стаяць на тым, што ў свеце няма праблем, якія не маглі б быць вырашаны мірнымі сродкамі, шляхам дыялогу і перагавораў. І яшчэ з гордасцю думаеш, слухаючы прадстаўнікоў сацыялістычных краін, аб такой іх відавочнай перавазе: у адрозненне ад сваіх палітычных апанентаў, якія, па сутнасці, гавораць толькі ад імя пануючых класаў ці колаў, яны выступаюць як пасланцы сваіх народаў, гавораць ад імя народаў і, значыць, у імя народаў, у імя інтарэсаў народных мас — як сваіх краін, так і краін усяго свету. Адсюль важкасць іх мандату, паўнагучнасць іх голасу, пераканаўчасць іх аргументаў. «Мы ганарымся тым,— падкрэслівае ў сваёй прамове А. А. Грамыка,— што ўсюды ў свеце знаходзіць усё большае прызнанне той факт, што сацыялістычная садружнасць дзяржаў свае растучыя рэсурсы, увесь аўтарытэт сваёй знешняй палітыкі кладзе на чашу вагаў плённага супрацоўніцтва народаў, іх бяспекі, усеагульнага міру».

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. І ён наглядна зноў-такі пацвярджае яшчэ адну пазітыўную, радасную з’яву — тое, што краіны сацыялістычнай садружнасці тут не адзінокія, што свет сацыялізма — зусім не нейкі адасоблены, ізаляваны востраў на палітычнай карце свету. Наадварот, міралюбівая знешняя палітыка братніх сацыялістычных краін, іх прынцыповая пазіцыя па актуальных праблемах міжнароднага жыцця знаходзяць разуменне і падтрымку з боку многіх дзяржаў свету, у прыватнасці з боку маладых, незалежных краін, асабліва тых, якія выбралі шлях сацыялістычнай арыентацыі. У сваёй палкай прамове прадстаўнік Анголы заяўляе, што яго краіна зрабіла выбар у карысць сацыялізма і будзе «мацаваць баявую салідарнасць, вузы дружбы і супрацоўніцтва з сацыялістычнай садружнасцю і з антыімперыялістычнымі сіламі ўсіх кантынентаў». У такім жа духу выказваюцца дэлегаты Беніна, Дэмакратычнага Йемена, Ямайкі.

У радзе выступленняў знаходзіць пераканаўчае пацвярджэнне асноўная тэндэнцыя гістарычнага развіцця чалавецтва, а менавіта — паступальны рух сіл, якія змагаюцца супраць імперыялізму, за пераўтварэнне свету на больш справядлівых, сацыялістычных пачатках. «Сённяшняя міжнародная абстаноўка,— выступае прэзідэнт Мазамбіка Самора Машэл,— надзвычай спрыяльная для барацьбы народаў за незалежнасць і мір у выніку поспехаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы, умацавання сацыялістычнага лагеру і поспехаў рабочага дэмакратычнага руху ў капіталістычных краінах». А прадстаўнік Мадагаскара выказваецца яшчэ больш катэгарычна. «Мы з’яўляемся сведкамі з’яўлення ўмоў,— гаворыць ён,— якія, на нашу думку, могуць прывесці да перамогі сусветнай рэвалюцыі».

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. І ва унісон з міралюбівай, гуманістычнай палітыкай краін сацыялізма маладыя, стаўшыя на шлях развіцця дзяржавы выкрываюць прошукі ворагаў міру і сацыяльнага прагрэсу, даюць адпор сілам рэакцыі, імперыялізму і расізму. Асабліва гэта характэрна для многіх маладых афрыканскіх краін, скінуўшых з сябе нядаўна векавыя аковы нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. «Немагчыма перабольшыць эгаізм капіталістычных краін, якія не спыняюцца ні перад чым у атрыманні брудных выгад за кошт народаў «трэцяга свету»,— кідае гнеўна ў залу дэлегат Беніна, невялікай заходнеафрыканскай дзяржавы, былой французскай калоніі. «Каб падарваць адзінства Афрыкі і надзець на яе ярмо неакаланіялізму,— гаворыць прадстаўнік Алжыра ў сувязі з канфліктам паміж Эфіопіяй і Самалі,— імперыялізм сёння атакуе Арганізацыю афрыканскага адзінства, заахвочвае канфлікты паміж афрыканскімі краінамі, імкнучыся да дэстабілізацыі і спрабуючы супрацьпаставіць афрыканцаў адзін супраць другога з мэтай адцягнення іх увагі ад асноўных задач». Пасланцы Чорнага кантынента кляймяць ганьбай паўднёваафрыканскіх расістаў, рашуча патрабуюць пакончыць з апартэідам. Яны актыўна выступаюць супраць рэшткаў каланіялізму (заяўляюць, напрыклад, аб неабходнасці вярнуць рэспубліцы Каморскія Астравы вострава Майота), супраць «каланізатараў новага тыпу», «новых агрэсараў».

Адной з асаблівасцей аанаўскай паліфаніі з’яўляецца тое, што побач з рафініраванымі, хітраватымі, пазначанымі пэўнай дыпламатычнай традыцыяй («мякка сцелюць...») прамовамі спрактыкаваных лісаў з Форын офіс ці Ке д’Арсэ2 гучаць выступленні іншага эмацыянальнага і стылёвага складу. «Гэты сусвет, поўны сутыкненняў і крыкаў,— чуеш раптам у навушніках,— ці можа ён стаць больш гарманічным у сваёй вялікай разнастайнасці?.. Чым больш дзьмуць ветры свабоды на поўдні Афрыкі, тым мацнейшыя гэтыя ветры, і чым больш расце самасвядомасць чорнага насельніцтва, тым мацнейшыя смяртэльныя сутаргі рэжымаў меншасці, якія ўяўляюць сабой небяспеку для раздування сусветнага пажару па ўсім кантыненце». У такой вось стылёвай манеры выступае адзін з афрыканскіх прамоўцаў — ці то сам паэт, ці то паэта пераймае. І тут — невялікі паэтычны антракт — прыгадваеш радкі нашага, савецкага аўтара:

 

Вслед за европейской, азиатской

  Африканская пришла пора.

Испокон веков считалась адской

Африканская жара.

Но как все непостоянно в мире,

Не похож бывает век на век,

Точно так и в Африке, в Алжире

Временами выпадает снег.

Мы об этом знаем по газетам —

Измененья климата кругом! —

Но, конечно, дело и не в этом,

Суть совсем не в этом, а в другом.

И ложатся или не ложатся

Где-то там снега на берега —

Так не может долго продолжаться,

Ибо черный белым не слуга.

И не важно — тает иль не тает

Белый снег, недолго пролежав,

Важно, что на юге вырастает

                        Целый ряд значительных держав.

 

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. І той відавочны факт, што «на поўдні вырастае цэлы шэраг значных дзяржаў» і ў зале ААН густа цямнеюць кучаравыя галовы іх пасланцоў, радуе не толькі сам па сабе, як сведчанне таго, што свет мяняецца да лепшага, ачышчаецца канчаткова ад брыдоты рабства і няроўнасці ва ўсіх іх праявах, але ён, гэты знамянальны факт, яшчэ дае фізічна, асязальна адчуць, як павялічваюцца палітычныя магчымасці і пашыраюцца геаграфічныя далягляды міжнароднага супрацоўніцтва на ніве міру і прагрэсу, як расце і мацнее сама ААН з яе імкненнем да універсальнасці.

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. То параўнаўча мірна, у спакойным, памяркоўным тоне, то з абвастрэннямі, гарачымі палемічнымі сутычкамі — сведчанне таго, што ў свеце існуюць гарачыя кропкі, ачагі напружанасці і ваенных канфрантацый. Гучыць амаль увесь час, з кароткімі паўзамі і зацішшамі, араба-ізраільская слоўная дуэль: дае знаць агрэсіўная палітыка Ізраіля ў рэгіёне. Вострыя перапалкі ўспыхваюць паміж некаторымі краінамі з прагрэсіўна-дэмакратычным ладам і краінамі, дзе ля ўлады стаяць рэакцыйныя рэжымы. Гэта асабліва ярка праявілася ў схватцы паміж Народна-дэмакратычнай рэспублікай Йемен і яе суседам Аманам. Аман абвінаваціў НДРЙ у вядзенні супраць яго «падрыўной дзейнасці», апошні характарызаваў султанат як «марыянетку імперыялізму». Завязваліся таксама спрэчкі паміж Марока і Маўрытаніяй, якія анексіравалі былую іспанскую Сахару, з аднаго боку, і Алжырам, які прызнае Сахарскую Дэмакратычную рэспубліку — з другога. Дзеянні Марока і Маўрытаніі былі асуджаны таксама Бенінам, Мазамбікам, Гвінеяй-Бісау, Бурундзі, Сан-Томе і Прынсіпі. Гэтыя краіны асуджалі і Інданезію за анексію Усходняга Цімора — былой партугальскай калоніі. Менавіта ў сувязі з гэтым прадстаўнік Беніна і заявіў з абурэннем, што на змену «традыцыйным эксплуататарам» з’явіліся «новыя эксплуататары і агрэсары».

Знайшлі, натуральна, адбітак у дыскусіі і падзеі ў раёне Афрыканскага рога — развязаная раптам вайна Самалі супраць Эфіопіі. Асамблея стала сведкай дыпламатычных пікіровак паміж прадстаўнікамі дзвюх суседніх краін (на радасць іх ворагаў і засмучэнне іх сяброў). Каб неяк апраўдаць дзеянні свайго ўрада, самаліец стаў звальваць з хворай галавы на здаровую, абвінавачваць Эфіопію ў «неакаланіялізме». Кіраўнік эфіопскай дэлегацыі звяртаецца за падтрымкай да сусветнай грамадскай думкі, прадстаўленай на форуме, выкрывае гнеўна экспансіянісцкую палітыку Самалі. «Агрэсія Самалі,— гаворыць ён,— павінна атрымаць адпор не толькі таму, што яна накіравана супраць гонару і годнасці народа Эфіопіі, але яшчэ і таму, што гэтым самым робіцца спроба стварыць небяспечны прэцэдэнт, звязаны з нестабільнасцю афрыканскага кантынента, шляхам імкнення пераўтварыць нацыянальныя граніцы ў этнічныя. Агрэсія Самалі павінна атрымаць адпор таму, што яна была развязана пры праяўленні крайняй пагарды да свяшчэнных прынцыпаў, запісаных у Статутах Арганізацыі афрыканскага адзінства, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а таксама ў статуце руху за недалучэнне».

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. І з кожнай новай прамовай усё больш пераконваешся, якое гэта няпростае, неадназначнае паняцце «змаганне за мір», колькі розных складаемых змяшчае яно ў сабе, наколькі актуальныя, важныя, разнапланавыя праблемы стаяць перад міжнародным супольніцтвам нацый і як, якім тугім вузлом, узаемазвязана, пераплецена ўсё ў гэтым нашым узаемазвязаным і ўзаемазалежным свеце. І яшчэ пераконваешся — усё больш з кожным новым выступленнем, з кожным наступным пасяджэннем,— што ўсе гэтыя надзённыя пытанні часу не вырашацца самі па сабе ці па волі нейкага добрага дзядзькі, а толькі шляхам дружных сумесных намаганняў, намаганняў у адным і тым жа кірунку і на агульнай міжнароднай аснове, шляхам, як правільна зазначаў адзін з прамоўцаў, «праяўлення новага пачуцця калектыўнай адказнасці за будучае ўсяго чалавецтва». «Мы выступаем за мір — цёплы, асязальны, жывы,— гаворыць прадстаўнік Індыі,— за мір, які з’яўляецца мэтай і асновай усіх нашых намаганняў. Але тонкая матэрыя міжнароднага міру можа быць разадрана на кавалкі ў любы час. Мір можа быць захаваны толькі ў выніку калектыўных намаганняў, накіраваных на ліквідацыю эксплуатацыі і панавання аднаго чалавека над другім, на ліквідацыю страшэннай няроўнасці і дыспрапорцый, што існуюць паміж дзяржавамі, а таксама паміж правамі і магчымасцямі народаў свету».

Ідзе дыскусія. Ідзе дыялог. І хаця слова — гэта яшчэ не заўсёды справа, не заўсёды лёгка пераходзіць ад заяў да канкрэтных дзеянняў, пераводзіць дэкларацыі на мову практычнай палітыкі; і хаця, як заўважыў запальчыва адзін дэлегат, спрэчкі бываюць «дыялогам у вакууме, калі шмат гавораць, а мала робяць»; і хаця адзін заходні прамоўца, спрабуючы кінуць цень на абмеркаванне важнага пытання, дэмагагічна ўсклікнуў: «Мы павінны прызнаць, што нашы дзеянні больш, чым нашы словы, прынясуць нам мір, за які мы ўсе молімся»,— нягледзячы на ўсё гэта дыскусія паспяхова ідзе. Ідзе дыялог. Паміж краінамі і кантынентамі, паміж Усходам і Захадам, паміж Поўначчу і Поўднем3, паміж «трэцім светам» і іншымі дзяржавамі і народамі, паміж нядаўнімі метраполіямі і іх учарашнімі калоніямі, атрымаўшымі самастойную дзяржаўнасць, паміж учарашнім днём планеты і яе заўтрашнім днём... Ідзе дыялог. І несумненна, што ён, пры ўсіх яго слабых баках, не толькі з’яўляецца добрым знакам, які абнадзейвае, але і рэальна служыць справе міру і ўзаемасупрацоўніцтва. «Для данага перыяду гісторыі чалавецтва,— гаворыць прадстаўнік адной з арабскіх дзяржаў,— характэрна правядзенне дыялогу паміж краінамі і народамі. Можа, менавіта таму сучасны свет змог пазбегнуць многіх канфрантацый». Трэба думаць, што так яно ёсць і сапраўды. Асабліва калі мець на ўвазе тую акалічнасць, што ў міжнароднага супольніцтва нацый яшчэ параўнаўча небагаты вопыт такога дыялогу, што, як было сказана міністрам замежных спраў Швецыі, «глабальнае супрацоўніцтва існуе ўсяго толькі на працягу кароткага часу ў параўнанні з многімі тысячагоддзямі чалавечай гісторыі».

Ну, а потым акрамя палітычнага і практычнага бакоў справы ёсць яшчэ бок маральны. Той самы, які меў на ўвазе Талстой, калі гаварыў, што выказаная думка «як бы ўжо здзейснена» ў пэўнай меры, і які таксама нельга скідваць з рахунку.

Ідзе дыскусія. Старшыня сесіі: «Перш чым закрыць пасяджэнне, я б хацеў нагадаць паважаным прадстаўнікам, што застаецца ўсяго толькі адзін тыдзень да завяршэння агульных спрэчак на Генеральнай Асамблеі»...

 

1   Перафразоўка пачатковых слоў прэамбулы Статута ААН.

2 Прынятыя ва ўжытку метанімічныя назвы міністэрстваў замежных спраў адпаведна Вялікабрытаніі і Францыі.

3 На сесіі ў радзе выступленняў фігурыравала і такое, распаўсюджанае ў заходняй літаратуры паняцце, згодна з якім пад Поўначчу маюцца на ўвазе прамыслова развітыя краіны, а пад Поўднем – краіны бедныя, стаўшыя на шлях развіцця.

На трыбуне А. А. Грамыка

Адчувальныя станоўчыя імпульсы прыдаваў рабоце форума, спрыяльна адбіваўся на яго тонусе факт удзелу ў ім на чале савецкай дэлегацыі вядомага нашага дыпламата, даўняга і нязменнага кіраўніка знешнепалітычнага ведамства СССР Андрэя Андрэевіча Грамыкі.

Дзейнасць яго як аднаго з самых аўтарытэтных удзельнікаў Асамблеі пачалася літаральна ў першыя мінуты пасля прыбыцця ў Нью-Йорк. Ужо ў аэрапорце яго чакалі нецярпліва прадстаўнікі прэсы, і міністр тут жа, каля трапа самалёта, зрабіў заяву.

— Мы прыбылі для ўдзелу ў рабоце чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН,— пачаў ён.— Да маючай адбыцца сесіі мы падыходзім з таго пункту гледжання, што неабходна максімальна выкарыстаць станоўчы патэнцыял Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у інтарэсах далейшага паглыблення разрадкі, недапушчэння ядзернай вайны.

Кіраўнік савецкай дэлегацыі зазначыў далей, пры якой умове, на яго думку, ААН можа зрабіць «намнога больш за тое, што зроблена». Дзейнасць ААН, гаварыў ён, будзе мець тым большы ўплыў на палітыку ўрадаў і фарміраванне сусветнай грамадскай думкі, чым больш эфектыўнымі будуць яе намаганні на галоўным кірунку — у галіне спынення гонкі ўзбраенняў і раззбраення, чым выразней яна выкажацца ў карысць разрадкі, супраць спроб збіць яе тэмп, якія робяцца пэўнымі коламі.

Зрабіўшы невялікую паўзу і агледзеўшы прысутных, А. А. Грамыка скончыў заяву традыцыйным прывітаннем:

— Уступаючы на зямлю ЗША, я хацеў бы перадаць самыя добрыя пажаданні жыхарам Нью-Йорка, усяму амерыканскаму народу.

Першая заява зроблена. Зроблена на яснай, дзелавой, прынцыповай мове — што нельга расцаніць інакш, як праяву добрай палітычнай волі, гатоўнасці супрацоўнічаць з другімі на ніве ААН у імя міру і мірнага суіснавання.

На некалькі тыдняў службовы кабінет А. А. Грамыкі размясціўся на адным з паверхаў будынка савецкай місіі пры ААН (гэта ў Манхетэне, на 67-й стрыт). Рабочы дзень яго распісаны па мінутах, па гранічна ўшчыльненаму распарадку: савецкі дыпламат вядзе перагаворы з амерыканскімі кіраўнікамі, займаецца справамі, звязанымі непасрэдна з удзелам дэлегацыі ў рабоце сесіі, сустракаецца са сваімі замежнымі калегамі. Для ўдзелу ў форуме ў Нью-Йорк з’ехаліся (ці, дакладней кажучы, зляцеліся) міністры замежных спраў ледзь не ўсяго свету, момант як нельга больш падыходзячы для ўзаемаабмену, для перагавораў, і, зразумела, у раскладзе многіх з іх — сустрэча з кіраўніком дыпламатычнага ведамства СССР. Адпаведна плануецца, з другога боку, і яго час. І вось можна бачыць, як з раніцы да вечара ля пад’езда нашага прадстаўніцтва пануе ажыўленне — пад’язджаюць і ад’язджаюць лімузіны з дыпламатычнымі нумарамі, з’яўляюцца, то адзін, то другі, міністры з суправаджаючымі іх асобамі. «Грамыка прыняў... Грамыка меў гутарку... Грамыка заявіў...

Грамыка меў сустрэчу... Грамыка сустрэўся і меў абмен думкамі...»

А сёння, у аўторак, 27 верасня, гэта значыць якраз роўна праз тыдзень пасля таго, як адкрылася сесія, Андрэй Андрэевіч Грамыка выступае на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі.

Восьмае па ліку пленарнае пасяджэнне пачынаецца роўна ў прызначаны час. Назіраецца актыўны збор дэлегацый (з’ява не частая тут). Усе яны з’яўляюцца на чале са сваімі першымі асобамі — міністрамі або пастаяннымі прадстаўнікамі. Запоўнены ложа для карэспандэнтаў, галерэя для публікі. У спісе прамоўцаў імя кіраўніка савецкай дэлегацыі значыцца не першым, перад ім выступаюць другія прадстаўнікі, у тым ліку нават «высокашаноўны сэр (імярэк)», прэм’ер-міністр адной з краін. Але па ўсім адчуваецца, што з асаблівай увагай чакаюць выступлення А. А. Грамыкі, што ён галоўная дзеючая асоба сённяшняга пасяджэння. Многія кідаюць у яго бок позіркі. Вось да яго пайшоў з нейкай паперай у руках знаёмы ўжо нам пасол Саудаўскай Аравіі Джэмал Барудзі. «Відаць, хоча ўзяць у Андрэя Андрэевіча аўтограф для сваёй дачкі,— тлумачыць мне дыпламат, які побач.— Ёсць у Барудзі такое хобі — збіраць для дачкі аўтографы вялікіх людзей».

— Слова мае яго правасхадзіцельства Андрэй Андрэевіч Грамыка, міністр замежных спраў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік! — абвяшчае старшыня сесіі.

Грамыка накіроўваецца да знаёмай яму аанаўскай трыбуны. У які ўжо раз! Ён — адзін з тых, хто меў вялікі гонар і высокую адказнасць стаяць непасрэдна ля калыскі ААН, хто прадстаўляў нашу краіну на канферэнцыях у Думбартон-Оксе і Сан-Францыска, дзе вырашалася пытанне аб стварэнні гэтай міжнароднай арганізацыі, дзе прымаўся яе Статут. І вось з году ў год А. А. Грамыка ўзначальвае нязменна савецкую дэлегацыю на сесіях Генеральнай Асамблеі, і яго імя стала ўжо сімвалам нязменнасці і прынцыповасці ленінскай знешняй палітыкі, а яго голас — голасам мільёнаў савецкіх людзей, міралюбівых сіл усяго свету.

Міністр пачынае гаварыць, нагадвае форуму, што задача ААН заключаецца ў тым, каб «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны», і ўражвае з самага пачатку тое, што яго голас і ў літаральным, фізічным сэнсе гэтага слова сапраўды паўнагучны, рашучы, цвёрды, за ім адчуваецца сапраўдная зацікаўленасць і глыбокая перакананасць, за выразнай дыкцыяй — ясная акрэсленасць пазіцыі. «Наша краіна свой выбар зрабіла даўно і беспаваротна,— падкрэслівае А. А. Грамыка.— У забеспячэнпі мірнага стваральнага жыцця для нашага народа, міру для ўсіх людзей на зямлі — сутнасць савецкай знешняй палітыкі... Гэтым жа мэтам служаць канкрэтныя знешнепалітычныя акцыі Савецкага Саюза, ініцыятывы, з якімі мы выступаем у міжнародных справах. Многія з іх абнародаваны з гэтай трыбуны... Пытанне стаіць па сутнасці справы так: або свет пойдзе па шляху адмовы ад прымянення сілы, па шляху раззбраення і раўнапраўнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, або ён можа быць уцягнуты ў яшчэ большай ступені ў гонку ўзбраенняў, пастаўлены на грань ядзернай катастрофы... Тым не менш, калі глядзець на рэчы рэальна, зроблена ўсё яшчэ вельмі мала. Да раззбраення фізічнага, ліквідацыі матэрыяльных сродкаў вядзення вайны па сутнасці справы яшчэ не прыступілі. Ні на адзін самалёт, ні на адзін танк не скарочаны арміі дзяржаў у выкананне рашэнняў ААН...

...Гаворачы аб ракетна-ядзернай зброі, нельга забываць аб тым, што могуць з’явіцца новыя грозныя сродкі знішчэння людзей. Хіба не ўзрастае ў многа крат пагроза вайны, калі будуць стварацца ўсё новыя і новыя віды і сістэмы зброі масавага знішчэння?..»

Словам, у аснову асноў савецкі міністр ставіць самае важнае пытанне часу — пытанне аб захаванні міру, аб тым, як выратаваць чалавецтва і жыццё на планеце ад «згубнага катка ядзернай вайны», і зала, бачу, адпаведна слухае і рэагуе — засяроджана, з увагай і разуменнем.

У тым жа тоне, ставячы рашуча ўсе кропкі над «і», выказваецца А. А. Грамыка па другіх актуальных пытаннях міжнароднага жыцця (становішча на Блізкім Усходзе і на поўдні Афрыкі, так званы «дыялог Поўнач — Поўдзень», узаемаадносіны СССР і ЗША і г. д.).

Не магла Асамблея не ацаніць па вартасці і тое, што ў прамове кіраўніка савецкай дэлегацыі прайшло чырвонай ніткай перакананне: ААН павінна мець самае непасрэднае дачыненне да надзённых глабальных праблем і задач і павінна адыгрываць важную, калі не рашаючую ролю ў іх вырашэнні. Які б бок справы ні закранаў прамоўца, ён знаходзіў неабходным апеліраваць да ААН: «Важкае слова ў гэтым плане належыць і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый... У гэтых адносінах на ААН ляжыць асаблівая адказнасць... І ўсё ж мы хацелі б бачыць ААН больш актыўнай у справе, якая больш за ўсё хвалюе чалавецтва... ААН зрабіла б вялікую справу, заклікаўшы ўсе дзяржавы прыступіць да перагавораў аб заключэнні Сусветнага дагавора аб непрымяненні сілы ў міжнародных адносінах... і г. д.».

Інакш кажучы, насуперак своекарыслівай імперыялістычнай палітыцы з яе тэндэнцыяй дзейнічаць у абход ААН, рабіць стаўку на закулісную, «чаўночную» і іншыя падобныя формы дыпламатыі, у выступленні савецкага прадстаўніка сцвярджалася лінія на адкрытае, шматбаковае міжнароднае супрацоўніцтва, на калектыўныя волю і розум у вырашэнні наспелых праблем сучаснасці.

Але яркая, доказная прамова А. А. Грамыкі не абмежавалася толькі пастаноўкай пытанняў, аналізам і ацэнкамі. Выказаны ў ёй антываенны, антымілітарысцкі пафас быў тут жа падмацаваны канкрэтнымі прапановамі.

— Савецкі ўрад,— гучыць з высокай трыбуны,— прапануе ўключыць у парадак дня XXXІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у якасці важнага і тэрміновага пытанне «Аб паглыбленні і ўмацаванні міжнароднай разрадкі і прадухіленні небяспекі ядзернай вайны».

Невялікая паўза, каб перакладчыкі паспелі перакласці, а дэлегаты гэта асэнсаваць, і далей:

— Адначасова Савецкі Саюз уносіць на разгляд Генеральнай Асамблеі праекты двух дакументаў — «Дэкларацыі аб паглыбленні і ўмацаванні разрадкі міжнароднай напружанасці» і рэзалюцыі «Аб прадухіленні небяспекі ядзернай вайны». Мы спадзяёмся, што сесія ўважліва разгледзіць гэтыя дакументы і звернецца з адпаведным заклікам да ўсіх дзяржаў свету. У сённяшняй абстаноўцы на міжнароднай арэне гэта, несумненна, будзе спрыяць актывізацыі і пашырэнню намаганняў у карысць бяспекі народаў.

Андрэй Андрэевіч Грамыка сыходзіць пад апладысменты з трыбуны, я аглядаю залу, і ў мяне такое адчуванне, што па ёй прайшлася асвяжальная хваля азону. Падобна, што так яно і ёсць: Асамблея ўдыхнула значную дозу волі да міру і палітычнага аптымізму.

Прамова міністра замежных спраў СССР ажыўлена каменціравалася сярод удзельнікаў форума, у аанаўскіх колах, атрымала шырокі рэзананс у сусветным, у прыватнасці ў амерыканскім, друку. Нават стрыманая, скупаватая ў такіх выпадках на слова «Нью-Йорк таймс» вымушана была прызнаваць: «Прамова Андрэя Грамыкі, як і іншыя сказаныя ім з трыбуны Асамблеі за дваццаць год знаходжання яго на пасту міністра замежных спраў, змяшчала прапанову аб абмеркаванні ў ходзе бягучай сесіі пункта парадка дня, які датычыцца раззбраення».

Што датычыць арганізацыйна-дзелавога боку справы, то ён выглядаў так. У канцы тыдня, 30 верасня, Генеральны камітэт разгледзеў пісьмо А. А. Грамыкі з просьбай уключыць у парадак дня сесіі пытанне «Аб паглыбленні і ўмацаванні разрадкі міжнароднай напружанасці і прадухіленні небяспекі ядзернай вайны» і прыняў станоўчае рашэнне. Асамблея, у сваю чаргу, прыняла рэкамендацыю камітэта і вырашыла перадаць пытанне для разгляду ў Першы камітэт1. З гэтага моманту новая савецкая мірная ініцыятыва набывала сілу яшчэ аднаго, 127-га па ліку пункта парадку дня сесіі.

 

1 У кампетэнцыю Першага камітэта ўваходзіў разгляд палітычных пытанняў і пытанняў бяспекі, уключаючы і раззбраенне.

Пытанне нумар адзін

Мір... Гэтае кароткае, але шматзначнае слова накрэслена на блакітным штандары ААН. Гэтае слова вызначае сімвал палітычнай веры дзяржаў — членаў ААН, якія згодна з яе Статутам абавязваюцца несці разам адказнасць за захаванне міру, устрымлівацца ад пагрозы сілай, ад актаў агрэсіі. Калі б паўстала пытанне аб выданні слоўніка найбольш ужывальных слоў, што гучаць пад скляпеннямі штаб-кватэры ААН, то першым, натуральна, трэба было б ставіць слова «мір».

Палажэнне аб змаганні за мір, аб міратворчай дзейнасці як асноўнай мэце ААН чырвонай ніткай праходзіла ў радзе выступленняў з высокай трыбуны. «ААН заклікана паслядоўна садзейнічаць практычнаму ўвасабленню наяўных ініцыятыў і прапаноў па ўмацаванню міжнароднай бяспекі і па раззбраенню»,— падкрэсліваў міністр замежных спраў ГДР. «Мы мяркуем,— гаварыў прадстаўнік Бутана,— што адна з найбольш важных задач данай Асамблеі заключаецца ва ўмацаванні ААН як органа па падтрыманню міру». «Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была створана для таго,— нагадваў сірыйскі дэлегат,— каб ажыццявіць гэты асноватворны прынцып: забеспячэнне трывалага міжнароднага міру, заснаванага на вернасці прынцыпам Статута, на спыненні гонкі ўзбраенняў, на адмове ад «раўнавагі страху» і агрэсіі».

Гучалі, натуральна, з трыбуны форума і заявы аб спадзяванні на мір, аб адданасці справе міру. «Мы хочам міру», «Мая краіна заяўляе аб сваёй гатоўнасці прынесці ахвяры ў імя ідэалаў міру і працвітання», «Чалавецтва чакае, што ва ўсім свеце пераможа мір» — такія і сугучныя з імі словы вымаўляліся ўдзельнікамі Асамблеі. «Мы спадзяёмся, што знаходзімся напярэдадні ўсталявання міру,— дадаваў з свайго боку прадстаўнік Йеменскай Арабскай Рэспублікі.— Мы, арабы, заўсёды лічылі за лепшае быць аптымістамі, паколькі гэта прага міру з’яўляецца неад’емнай часткай нашага штодзённага жыцця, нашых традыцый і нашых векавых звычаяў. Выраз «салам алейкум» штодзённа паўтараецца кожным арабам, незалежна ад яго рэлігіі — мусульманскай, хрысціянскай ці іудзейскай. Гэтымі словамі арабы, незалежна ад іх статуса, сустракаюць і вітаюць адзін аднаго, а таксама выказваюць пажаданне жыць у міры і дружбе з другімі народамі, пакуль тыя адказваюць узаемнасцю».

Мірнае суіснаванне, вырашэнне спрэчных пытанняў шляхам дыялога і перагавораў, пачуццё калектыўнай адказнасці за палітычны клімат у свеце —вось лінія, на якую была выразна сарыентавана знешняя палітыка ўсіх міралюбівых краін — удзельніц форума, у прыватнасці тых, якія складаюць рух недалучэння, якія сталі на шлях развіцця, «Усеагульнае прызнанне мірнага суіснавання,— гаварыў прадстаўнік Мадагаскара,— усё большае сумненне ў канцэпцыі сілы, змякчэнне праяў халоднай вайны і палярызацыі з’яўляюцца тымі фактарамі, якія закліканы аздаравіць міжнародную абстаноўку». «Мы заклікаем буйныя дзяржавы нястомна праводзіць палітыку разрадкі з тым, каб мы ўсе маглі жыць у свеце, свабодным ад страху і ахопленым толькі адным жаданнем — забяспечыць лепшае будучае ва ўмовах міру і гармоніі»,— зазначаў у сваім выступленні міністр замежных спраў Ганы. Аб разрадцы як крыніцы натхнення і аптымізму гаварылі таксама дэлегаты Дэмакратычнага Йемена і Нігерыі.

З другога боку, на Асамблеі гучала крытыка ў адрас тых імперыялістычных і рэакцыйных сіл, якія, зыходзячы са сваіх вузкіх інтарэсаў, у парушэнне Статута ААН, агульнапрынятых норм міжнароднага права, праводзяць палітыку неакаланіялісцкай экспансіі і агрэсіі і па віне якіх у свеце існуюць ачагі напружанасці і канфрантацый, не-не ды і ўзнікаюць выбухованебяспечныя сітуацыі. «Сённяшні свет павінен адрознівацца ад свету мінулага, у якім панаваў закон джунгляў!» — заявіў міністр замежных спраў Катара.

Паказальнай у гэтай сувязі была яркая, усебакова аргументаваная прамова балгарскага дыпламата, пастаяннага прадстаўніка Балгарыі пры ААН Аляксандра Янкава, з якой ён выступіў у Першым камітэце, дзе разглядаліся адначасова два пункты парадку дня: «Аб заключэнні Сусветнага дагавора аб непрымяненні сілы ў міжнародных адносінах» і «Аб паглыбленні і ўмацаванні разрадкі міжнароднай напружанасці і прадухіленні ядзернай вайны». «Мы поўнасцю ўсведамляем тое,— гаварыў прамоўца,— што існуюць сілы, якія больш ахвотна праяўляюць палітычны нігілізм і якім цяжка ўявіць сучасны свет без прымянення сілы. Яны лічаць за лепшае верыць, што забарона прымянення сілы створыць амаль вакуум у міжнародным юрыдычным правапарадку. Мы перакананы, што пры выпрацоўцы Сусветнага дагавора аб непрымяненні сілы ў міжнародных адносінах Арганізацыя Аб’яднаных Нацый паставіць вялікія перашкоды на шляху тых сіл, якія накіроўваюць свае намаганні на тое, каб усяляк замарудзіць або перапыніць працэс разрадкі». «Заключэнне Сусветнага дагавора аб непрымяненні сілы ў міжнародных адносінах,— працягваў балгарскі дэлегат,— з'явілася б, на наш погляд, неацанімым укладам у справу ўмацавання даверу паміж народамі, паколькі мы ўсе жывём у супольніцтве, дзе строгае захаванне прынцыпу непрымянення сілы ў міжнародных адносінах яшчэ далёка не стала пастаяннай практыкай. У сапраўднасці яшчэ прадаўжаюць існаваць ачагі напружанасці. Не выключана небяспека таго, што могуць узнікаць новыя такія ачагі — напружанасці і крызісаў. Не важна, як называем мы такія ачагі — лакальнай напружанасцю або абмежаванымі канфліктамі. Важна мець на ўвазе тое, што кожны такі канфлікт ці крызіс тояць у сабе небяспеку ператварыцца ў шырокую, глабальную канфрантацыю, пакуль будзе працягвацца гонка ўзбраенняў. Такім чынам, забарона прымянення сілы цесна звязана з рашэннем асноўнай праблемы сённяшняй рэчаіснасці — праблемы раззбраення, якая з’яўляецца самай галоўнай умовай для міжнароднага міру і бяспекі».

Спыненне гонкі ўзбраенняў, раззбраенне... Пра гэта з непакоем гаварылі, адзін за адным, удзельнікі Асамблеі, у гэтым кірунку бачылі магістральны шлях развіцця разрадкі і распаўсюджвання яе на ўсе раёны свету, умацавання мірных узаемаадносін і бяспекі. «Палітычны розум, прававыя абавязацельствы і чалавечнасць патрабуюць прыняцця рашучых мер для таго, каб знішчыць сродкі ліквідацыі чалавека,— гаварылася з высокай трыбуны.— Трывожныя паведамленні аб фарсіраванні распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння ясна пацвярджаюць, наколькі апраўданымі з’яўляюцца гэтыя патрабаванні. Сацыялістычныя краіны непахісна імкнуцца да ўсеагульнага і поўнага раззбраення». «Парадак дня сесіі,— звяртаецца да залы другі прамоўца,— утрымлівае больш як 20 пунктаў, якія тычацца праблемы раззбраення. Гэта ясна паказвае значэнне, якое надаюць раззбраенню дзяржавы — члены, у прыватнасці тыя, што належаць да руху недалучэппя. Ахвярапрынашэнні па алтар молаха вайны павінпы быць спынены!» «Парадоксам нашага часу з’яўляецца тое,— з горыччу зазначаў адзін з прадстаўнікоў «трэцяга свету»,— што, пакуль свет гаворыць аб раззбраенні, павука вайны дасягнула вялікага прагрэсу і мае зброю велізарнай разбуральнай сілы — як ядзерную, так і звычайную. Нас не можа не турбаваць крызіс у галіне кантролю над раззбраеннем. Нас не можа не турбаваць злавесная эскалацыя гонкі ўзбраенняў». І гэтак далей.

З прамовы ў прамову пераходзіў тэзіс аб цане ваенных падрыхтаванняў, аб эканамічных выніках гонкі ўзбраенняў, нарошчвання парахавых і ядзерных арсеналаў. «Фанатычныя ахвярапрынашэнні на алтар бога вайны» (словы аднаго дэлегата) расцэньваліся як неразумнае, пачварнае разбазарванне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў. І тут прадстаўнікі звярталіся, для большай пераканаўчасці, да мовы статыстыкі, да мовы канкрэтных лічбаў і фактаў. «Прадугледжваецца правядзенне Года дзяцей,— гаварыў адзін з іх.— У гэтай сувязі напрошваецца наступнае параўнанне: зараз у свеце за кожныя дзве мінуты выдаткоўваецца амаль 1,4 мільёна долараў для ваенных мэтаў. Згодна з разлікамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя гэтай сумы было б дастаткова для таго, каб правесці імунізацыю прыблізна 700 000 дзяцей супраць інфекцыйных захворванняў». «На гонку ўзбраенняў зараз выдаткоўваецца ў паўтары разы больш сродкаў, чым на адукацыю, і ў тры з паловай разы больш, чым па ахову здароўя»,— адзначалася ў другім выступленні. Або вось прыводзіліся такія лічбы: «сёння 25 працэнтаў навуковых сіл свету запяты ў правядзенні даследаванняў, звязаных з ваеннымі пытаннямі, а 40 працэнтаў сродкаў, якія выдзяляюцца для даследавання і развіцця, ідзе па ваенныя мэты». «350 мільярдаў1 па ўзбраенне — гэта дорагакаштуючае вар’яцтва», «350 мільярдаў не на карысць, а на шкоду чалавецтву», «350 мільярдаў на ваенныя мэты — гэта злачынства»,— гучала на пасяджэнні Асамблеі.

Словам, пераважная большасць дэлегатаў пагаджалася на тым, што, як зазначыў прадстаўнік Беларускай ССР, «сумленне чалавецтва не можа мірыцца з неймавернай растратай сіл і сродкаў многіх нацый на вытворчасць новых і новых смяротных відаў зброі». Прыводзіліся словы генеральнага сакратара ААН, сказаныя на канферэнцыі Камітэта па раззбраенню: «Накапленне ўзбраенняў выходзіць за рамкі апраўданай абароны, яно ўяўляе сабой не толькі небяспеку міру ў сусветным маштабе, але і паглынае 350 мільярдаў долараў, у той час, калі людзі пакутуюць ад холаду, беднасці і хвароб, калі сотні мільёнаў жыхароў планеты церпяць ад недахопу матэрыяльных рэсурсаў».

Натуральна, што ў многіх выступленнях горача падтрымлівалася ідэя склікання спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі па раззбраенню, якая мела адбыцца ў сярэдзіне будучага года, выказвалася спадзяванне, што сесія засяродзіць увагу на самых неадкладных аспектах праблемы раззбраення, у прыватнасці на выпрацоўцы Дагавора аб усеагульнай забароне і нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Хацеў бы асобна зазначыць, што самы актыўны ўдзел у абмеркаванні пытанняў міру, разрадкі і раззбраення, прадухілення ядзернай вайны прымалі прадстаўнікі Савецкай Беларусі. Беларуская дэлегацыя выкарыстоўвала практычна ўсе магчымасці для таго, каб узняць свой голас супраць гонкі ўзбраенняў, у абарону міру і мірнага суіснавання. Гэта рабілася як у форме заяў на пленарных пасяджэннях, так і пры вырашэнні канкрэтных пунктаў парадку дня ў камітэтах. «Аўтарытэт ААН і ступень яе ўплыву на ход падзей у свеце,— гаварыў у сваёй прамове на агульнапалітычнай дыскусіі А. Е. Гурыновіч,— вызначаюцца перш за ўсё тым, як яна выконвае сваю галоўную задачу — садзейнічае падтрыманню міжнароднага міру і бяспекі, прадухіленню новай вайны. Іменна гэтага — актыўнай ролі ў сусветнай барацьбе за ліквідацыю ваеннай небяспекі і, у першую чаргу, за недапушчэнне ядзернай вайны — чакаюць народы ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый». Выступаючы ў Другім камітэце (эканамічныя пытанні, пытанні развіцця), член нашай дэлегацыі зазначаў: «Часта можна пачуць, што для вырашэння эканамічных праблем тых краін, якія сталі на шлях развіцця, не хапае сродкаў. Між тым, адной з прычын недахопу фінансаў для развіцця з’яўляецца развязаная імперыялістамі каласальная гонка ўзбраенняў, у якую аказаліся ўцягнутымі і многія краіны, што развіваюцца. У выніку велізарная частка сусветнага вытворчага патэнцыялу, рабочай сілы, навукова-тэхнічнага персаналу выкарыстоўваецца з пункту гледжання эканомікі нерацыянальна, на шкоду мірнаму развіццю. Гонка ўзбраенняў прывяла да павелічэння ў бягучым стагоддзі агульнага аб’ёму вытворчасці ўзбраенняў па меншай меры ў 20 разоў».

Такую ж, прынцыповую і рэалістычную, пазіцыю займала дэлегацыя і ў іншых дыскусіях. Выступаючы па пытанню «Аб дзеянні атамнай радыяцыі» (Спецыяльны палітычны камітэт), прадстаўнік БССР падкрэсліў, што «лепшы шлях абараніць чалавека ад уздзеяння атамнай радыяцыі заключаецца ў тым, каб прадухіліць небяспеку ядзернай вайны». Гучаў голас беларускага дэлегата і ў ходзе абмеркавання тэмы «Павага правоў чалавека ў перыяд узброеных канфліктаў», якое адбывалася ў рамках Шостага, юрыдычнага камітэта. Прамоўца ацаніў як істотны ўклад у справу развіцця гуманітарнага права прыняцце дадатковых пратаколаў да жэнеўскай канвенцыі 1949 года аб ахове ахвяр вайны. «Аднак,— сказаў ён далей,— пазіцыя Беларускай ССР па-ранейшаму грунтуецца на разуменні таго, што дзейнасць, прадпрынятая ў гэтай галіне, ні ў якой меры не азначае прызнання вайны ў якасці сродка вырашэння міжнародных спрэчак. Галоўная мэта гуманітарнага права — ахова жыцця і годнасці людзей — не можа быць дасягнута, пакуль існуюць войны і не ліквідаваны крыніцы напружанасці і канфліктаў».

Актыўны ўдзел прыняла дэлегацыя БССР і ў тых прынцыпова важных і часам цяжкіх дэбатах, якія вяліся ў Першым камітэце (пытанні бяспекі, уключаючы раззбраенне). На пачатку работы камітэта наш прадстаўнік выступіў тут у агульнай дыскусіі па пытаннях раззбраення. Ён гаварыў аб тым, што на сённяшні дзень у міжнароднага супольніцтва няма больш актуальнай задачы, чым адвесці пагрозу вайны, аб савецкіх мірных ініцыятывах, якія накіраваны супраць палітыкі мілітарызму і агрэсіі, супраць гонкі ўзбраенняў, уяўляюць сабой шырокую праграму барацьбы за разрадку і ўмацаванне асноў усеагульнага міру. А потым, калі ў камітэце пачалося абмеркаванне пытання «Аб паглыбленні і ўмацаванні разрадкі міжнароднай напружанасці і прадухіленні небяспекі ядзернай вайны» (унесенага, нагадаю, Савецкім Саюзам), адным з першых выступіў кіраўнік дэлегацыі А. Е. Гурыновіч. Ён аргументавана падтрымаў — як своечасовую і важную новую савецкую ініцыятыву, прывёў важкія довады ў яе карысць. «Яшчэ ў 1966 годзе,— нагадаў міністр замежных спраў БССР,— па ініцыятыве Польскай Народнай Рэспублікі XXI сесія Генеральнай Асамблеі ААН прыняла рэзалюцыю, у якой генеральнаму сакратару даручалася падрыхтаваць даклад аб выніках магчымага прымянення ядзернай зброі. Такі даклад быў падрыхтаваны з удзелам экспертаў Польшчы, СССР, ЗША, Англіі, Францыі, Швецыі, Мексікі, Канады, Японіі, Індыі, Нарвегіі і Нігерыі. Апісваючы вынікі магчымага прымянення ядзернай зброі, эксперты прыйшлі, у прыватнасці, да наступнага вываду. Калі ядзерныя бомбы ці снарады будуць калі-небудзь пушчаны ў ход, то загінуць сотні мільёнаў людзей, і ў краінах, уцягнутых у канфлікт, надыдзе непазбежна канец цывілізацыі, якой мы яе ведаем, гэтак жа, як і арганізаванаму грамадскаму жыццю наогул. Многія з тых, хто не быў бы адразу знішчаны, у тым ліку і жыхары краін, непасрэдна не ўцягнутых у канфлікт, падвергліся б шырока распаўсюджанаму радыёактыўнаму забрудненню, пацярпелі б ад працяглага дзеяння радыяцыі і перадалі б сваім патомкам генетычны цяжар, які б пагубна адбіўся на лёсе наступных пакаленняў». «Вывад напрошваецца сам сабой,— працягваў далей А. Е. Гурыновіч.— Ён заключаецца ў тым, каб паступова зменшыць, а затым і ліквідаваць зусім пагрозу ядзернай вайны — самай грознай небяспекі для чалавецтва, каб сумесна змагацца за ўстойлівы, трывалы мір на зямлі. Менавіта так мы і ўяўляем сваю задачу. Савецкая дзяржава з часу свайго ўтварэння актыўна змагаецца за тое, каб гістарычная спрэчка паміж сацыялізмам і капіталізмам вырашалася не на палях бітваў, не ў гонцы ўзбраенняў, а ў сферы мірнай працы».

Не на палях крывавых бітваў, а на ніве мірнай працы, не шляхам узброеных канфрантацый, а шляхам перагавораў за круглым сталом... Менавіта так ставілася пытанне. І Асамблея ў пераважнай сваёй большасці прымала такую яго пастаноўку. Другіх выратавальных альтэрнатыў яна не бачыла. Не бачыла другога шляху для прадухілення новай — і, можа быць, апошняй, усёзнішчальнай,— вайны, для захавання міру і самога жыцця на планеце.

 

1 Па даных ААН у 1976 годзе было затрачана ў свеце на ўзбраенне на 356 мільярдаў долараў. У пачатку 80-х гадоў гэта сума дасягнула 650 мільярдаў долараў і працягвае, вядома, расці. Падлічана, што на сённяшні дзень гонка ўзбраенняў паглынае штомінутна больш як мільён долараў.

Мір — не толькі адсутнасць вайны, або дзе праходзяць граніцы багацця і беднасці

Працягвалася сесія, ішлі дэбаты, і ўслед за першачарговым тэматычным і паняційным пластом, выказаным у словах «мір», «разрадка», «раззбраенне», «прадухіленне вайны», твайму слыху прыадкрываўся ўсё больш яшчэ адзін пласт: эканамічнае становішча, развіццё, гандаль, рынкі, цэны, пратэкцыянісцкія бар’еры, плацежны баланс, запазычанасць, фонды, нацыянальныя прыродныя рэсурсы, багацці сусветнага акіяна, марское права, міжнародная стратэгія развіцця, новы эканамічны парадак... Характэрным пасажам для многіх прамоў, у прыватнасці для тых, што належалі прадстаўнікам «трэцяга свету», былі горкія, часам нават па-чалавечы шчымлівыя скаргі, накшталт: «Расце разрыў паміж багатымі і беднымі краінамі», «Адна трэць пажынае плады дзвюх трэціх сусветнага даходу», «Дзве трэці чалавецтва жывуць у беднасці і многія — ніжэй узроўню галечы», «Больш чвэрці насельніцтва зямлі пакутуе ад пастаяннага недаядання» і г. д. Гэтая сумная статыстыка дапаўнялася адпаведнымі эпітэтамі. Адзін прамоўца называў эканамічнае становішча маладых, слабаразвітых краін «плачэўным», другі — «катастрафічным», трэці, цяжка ўздыхнуўшы, канстатаваў: «Высыхае малако чалавечай дабраты і шчодрасці». А нехта нават, не разбіраючы правых і вінаватых, прапаноўваў увесці «міжнародны падатак» на ўсе развітыя краіны ў карысць тых, хто стаў нядаўна на шлях развіцця.

Як бы абагульняючы гэтыя скаргі і прэтэнзіі, што гучалі на форуме, прадстаўнік Бірмы ў сваю чаргу падкрэсліваў: «Скрытая нестабільнасць і яўны крызіс, які мае месца ў сусветнай эканоміцы, больш, чым што-небудзь іншае, сведчаць пра той факт, што цяперашняя міжнародная эканамічная сістэма не адпавядае патрабаванням часу».

Іншымі словамі, размова ішла аб тым — на гэтай выснове пагаджалася пераважная большасць прадстаўнікоў — што гістарычна наспела неабходнасць у новым, больш справядлівым эканамічным парадку ў свеце, што палітычная дэкаланізацыя павінна быць дапоўнена дэкаланізацыяй эканамічнай, далейшым вызваленнем атрымаўшых нядаўна дзяржаўнасць краін ад путаў капіталістычнай экспансіі і эксплуатацыі. Хаця нехта з афрыканскіх дэлегатаў і нагадаў у сваім выступленні гордыя словы Секу Турэ: «Мы лічым за лепшае свабоду ў галечы, чым багацце ў рабстве»,— прыходзілася лічыцца з тым суровым фактам, што не можа быць сапраўднай свабоды і нацыянальнага суверэнітэту без належнай эканамічнай самастойнасці. «Сапраўдная палітычная незалежнасць,— гаварыў міністр замежных спраў Дэмакратычнай Рэспублікі Йемен,— не можа абмяжоўвацца толькі ўласным флагам і нацыянальным гімнам. Яна павінна пакласці пачатак радыкальным пераўтварэнням з тым, каб забяспечыць ва ўсіх адносінах лепшыя ўмовы для ўсяго народа». «Без эканамічнай незалежнасці няма і палітычнай свабоды»,— так сфармуляваў сваю думку прадстаўнік Ліберыі. «Мы стварылі на руінах каланіяльнай імперыі новы тып дзяржавы,— звяртаўся да Асамблеі прэзідэнт Мазамбіка Самора Машэл.— Наш удзел у міжнародных справах — сведчанне поспеху. Але вірус каланіялізму ўсё яшчэ жывы, барацьба не даведзена да канца. Карыстаючыся прысутнасцю на гэтай Асамблеі, мы заяўляем, што толькі поўнае вызваленне і гарманічнае развіццё могуць быць асновай для раўнапраўнага, братняга існавання ўсіх народаў і краін».

У папярэднім раздзеле закраналася пытанне аб тым, што ва ўмовах міжнароднай напружанасці і гонкі ўзбраенняў не можа быць здаровага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва краін і ўсеагульнага сацыяльна-эканамічнага прагрэсу, што раззбраенне з’яўляецца, як заўважыў адзін дэлегат, «дабром для ўсіх». (Такое становішча рэчаў было потым вызначана Індзірай Гандзі як лідэрам руху недалучэння ў словах: «Незалежнасць і развіццё неаддзельныя ад раззбраення і міру»). Цяпер жа, калі ішла гаворка аб эканамічным становішчы ў свеце, аб стане нацыянальных эканомік дзяржаў, стаўшых на шлях развіцця, праблема пераварочвалася на другі, супрацьлеглы бок. Цяпер падкрэслівалася, што змаганне за мір і бяспеку неаддзельнае ад змагання за сапраўдную гаспадарчую незалежнасць, за эканамічную дэкаланізацыю, што палітычная стабільнасць цесна звязана са стабільнасцю эканамічнай і што калі не будзе прагрэсу ў вырашэнні тэрміновых сацыяльна-эканамічных праблем, у наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, то не будзе і рэальнай бяспекі, стабільнасці і трывалага міру. «Мір на зямлі,— гаварыў прадстаўнік Бахрэйна,— залежыць ад справядлівага размеркавання багаццяў, што патрабуе перабудовы эканамічных адносін і ўмоў, якія існуюць у сучасны момант». «Мір — гэта не проста адсутнасць вайны,— зазначаў індыйскі дэлегат.— Тонкая матэрыя міжнароднага міру можа быць парвана на кавалкі ў любы час. Мір можа быць захаваны толькі ў выніку калектыўных намаганняў, накіраваных на ліквідацыю эксплуатацыі і панавання аднаго чалавека над другім, толькі шляхам ліквідацыі страшэннай няроўнасці і дыспрапорцый, якія існуюць паміж дзяржавамі, а таксама паміж правамі і магчымасцямі народаў свету».

Ці гаварылі ўдзельнікі сесіі аб прычынах сацыяльна-эканамічнай няроўнасці ў свеце, адсталасці слабаразвітых краін? Ці называлі віноўнікаў такога становішча спраў? Ці ішла на форуме гаворка аб рэальных шляхах усталявання новага, справядлівага эканамічнага парадку?

Асобныя прамоўцы абыходзілі, што называецца, вострыя вуглы ці дзейнічалі па двухсэнсоўнаму прынцыпу: хто мінулае ўспомніць, таму вока вон. Адзін з іх, напрыклад, толькі далікатна намякаў: «Мы зусім не добраахвотна згадзіліся на ўмовы адсталасці, не самахоць выбралі беднасць. Гэтыя ўмовы нам былі навязаны». Другі, гаворачы пра эканамічныя праблемы «трэцяга свету», асцярожна даваў знаць, што «гэтыя цяжкасці з’яўляюцца не толькі вынікам геаграфічнага становішча краін», што «іх па сутнасці стварылі самі людзі».

Але, трэба сказаць, пераважная большасць краін, стаўшых на шлях развіцця, у прыватнасці тых, якія складаюць у ААН «групу 77», проста называла рэчы іх імёнамі, расцэньвала эканамічную няроўнасць як параджэнне каланіялізму і неакаланіялізму, як вынік капіталістычнага гаспадарання ў свеце. «Як склаліся на пачатку веку, так існуюць і да гэтай пары абставіны,— гаварыў прадстаўнік Катара,— пры якіх міжнародныя манаполіі падзялілі раёны свету і іх рынкі, кантралююць іх сыравіну і маніпуліруюць іх патэнцыяльнымі магчымасцямі». І далей: «Новы міжнародны эканамічны парадак павінен быць створаны на аснове супрацоўніцтва, а не эксплуатацыі, на аснове дэмакратыі ў міжнародных эканамічных адносінах, а не на аснове манапалізацыі». Падобную пазіцыю выказваў і іракскі дэлегат. «Прынцып пастаяннага суверэнітэта слабаразвітых дзяржаў над іх прыроднымі рэсурсамі,— зазначаў ён,— можа быць гарантаваны толькі шляхам нацыяналізацыі замежных манаполій, якія перашкаджаюць дасягненню сацыяльнага прагрэсу ў краінах, стаўшых на шлях развіцця». З лічбамі ў руках прамоўца паказаў, якіх памераў дасягнуў цяжар знешняй запазычанасці краін, стаўшых на шлях развіцця, у выніку эканамічнага дыктату неакаланізатараў. «Мая краіна,— заявіў ва унісон з папярэднімі прамоўцамі кіраўнік дэлегацыі Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі,— безагаворачна падтрымлівае ўсе сродкі, накіраваныя на тое, каб пакласці канец незаконнай дзейнасці транснацыянальных карпарацый і распрацаваць для гэтай мэты міжнародны кодэкс паводзін».

Нельга было не заўважыць і той знамянальны факт, што многія маладыя дзяржавы ў сваім аналізе міжнароднай эканамічнай сітуацыі зыходзілі з актыўных антыімперыялістычных пазіцый. Асабліва выразнымі і паслядоўнымі ў гэтым сэнсе былі выступленні дэлегатаў Алжыра, Беніна, Дэмакратычнай Рэспублікі Йемен, Лівіі, Мазамбіка, Мадагаскара, Танзаніі. «Немагчыма перабольшыць эгаізм капіталістычных краін, якія не спыняюцца ні перад чым у сваім імкненні атрымліваць брудныя выгады за кошт народаў трэцяга свету»,— заяўляў адкрыта кіраўнік дэлегацыі Беніна. Прэзідэнт Мазамбіка Машэл, гаворачы пра неабходнасць змагання народаў за незалежнасць і мір, рэзка крытыкаваў у той жа час някласавы тэзіс аб падзеле свету на «багатую Поўнач» і «бедны Поўдзень», заклікаў бачыць сапраўдныя прычыны, якія тармозяць эканамічны прагрэс краін, стаўшых на шлях развіцця.

Асабліва выразна абазначылася на сесіі лінія супрацьстаяння краін «трэцяга свету» з індустрыяльпа развітымі капіталістычнымі дзяржавамі ў святле вынікаў Парыжскай канферэнцыі па міжнароднаму эканамічнаму супрацоўніцтву. Гэта канферэнцыя — яе яшчэ называюць «дыялог Поўнач — Поўдзень», або «канферэнцыяй дваццаці сямі», паколькі на ёй была прадстаўлена такая колькасць удзельнікаў (8 заходніх капіталістычных і 19 стаўшых на шлях развіцця краін),— засядала амаль паўтара года, але вынікі яе, насуперак рэкламна-прапагандысцкім ацэнкам заходняга друку, аказаліся на паверку маласуцяшальнымі. І вось цяпер прадстаўнікі стаўшых на шлях развіцця краін — членаў ААН аплаквалі, так сказаць, свае няздзейсненыя надзеі і разлікі, якія яны звязвалі з канферэнцыяй, выказвалі горкія нараканні на адсутнасць разумення і ўступчывасці з боку «багатай Поўначы», крытыкавалі заходні эгацэнтрызм. Вось, для прыкладу, некаторыя выказванні: «Лічу неабходным аб’ектыўна адзначыць слабыя бакі дыялогу Поўнач — Поўдзень. Адказнасць за гэта нясуць прамысловыя краіны, якія ігнаруюць нашы асноўныя пазіцыі» (Перу), «Вынікі доўгіх, на працягу 18 месяцаў, спрэчак выклікаюць у цэлым глыбокае расчараванне» (Індыя), «Мы шкадуем, што дыялог паміж Поўначчу і Поўднем не прывёў да агульнага вырашэння праблем, якія стаяць на шляху намаганняў, звязаных з развіццём, што няма палітычнай волі і гатоўнасці з боку ўрадаў развітых краін» (Йеменская Арабская Рэспубліка) і г. д.

Як паводзіў сябе ў гэты час «другі бок»?

Не лепшым, трэба сказаць, чынам. Дружны наступ прадстаўнікоў «трэцяга свету» нагадваў часам вуліцу з аднабаковым рухам. Бо іх апаненты, эканамічна развітыя заходнія краіны, яўна не спяшаліся ісці насустрач, адгукацца на кліч аб дапамозе, не выказвалі асаблівага жадання дзяліцца з бяднейшымі. Хаця вонкава, зыходзячы з дыпламатычных меркаванняў, яны як быццам і не пярэчылі супраць новага міжнароднага эканамічнага парадку і нават гаварылі пра сваю спагаду да адсталых краін. Але нават няўзброеным вокам можна было бачыць, што ў гэтыя паняцці яны ўкладваюць свой сэнс, маюць тут на ўвазе перш за ўсё свае мэты і інтарэсы. Гэта праўлялася, у прыватнасці, у іх падыходзе да вынікаў той жа Парыжскай канферэнцыі: большасць заходніх дыпламатаў, асабліва прадстаўнікі дзяржаў — членаў Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва, расхвальвала на ўсе лады канферэнцыю, гаварыла пра яе поспехі, называла яе «канструктыўным дыялогам, які трэба працягваць», і да т. п. Словам, калі перафразіраваць вядомую народную прыказку, сыты не збіраўся падзяляць пункт гледжання галоднага.

Звяртаў на сябе ўвагу і такі, характэрны для пазіцыі вядучых капіталістычных краін, момант. Каб нейкім чынам выгарадзіць сябе, каб калі не зняць зусім, дык хоць зменшыць сваю адказнасць за старыя, каланіялісцкія, і новыя, неакаланіялісцкія, «грахі», яны спрабавалі паказваць па сацыялістычныя краіны, заяўлялі, што тыя павінны быць прыцягнуты да вырашэння праблем, якія стаяць паміж развітым Захадам і стаўшымі на шлях развіцця краінамі. Так, прадстаўнік Францыі сцвярджаў, што ў стварэнне новага эканамічнага парадку «сацыялістычным краінам таксама неабходна ўнесці свой уклад». У такім жа духу выказаліся таксама ФРГ і Данія. Больш таго — прадстаўнік Заходняй Германіі, маніпуліруючы лічбавымі данымі, нават спрабаваў кінуць цень на тую дапамогу, якую СССР і іншыя краіны сацыялістычнай садружнасці аказваюць народам маладых, незалежных краін. Праўда, гэты «нумар» не вельмі праходзіў, падобныя спробы не мелі поспеху. Наадварот, многія прамоўцы выказвалі ўдзячнасць сацыялістычным краінам за іх падтрымку і дапамогу. Нават прадстаўнік празаходніх Філіпін, спецыяльны пасланнік прэзідэнта — яна ж і яго жонка,— Імельда Рамуальдас Маркас заявіла, што «Савецкі Саюз і іншыя сацыялістычныя краіны паслядоўна аказваюць падтрымку ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі, прыгнёту і эксплуатацыі».

Што ж датычыць савецкай пазіцыі адносна перабудовы сусветных эканамічных узаемаадносін на справядлівай, дэмакратычнай аснове, то яна была ясна выкладзена на сесіі ў прамове А. А. Грамыкі, у выступленнях прадстаўнікоў БССР і УССР. «Хацелася б падкрэсліць,— гаварыў кіраўнік савецкай дэлегацыі ў ходзе агульнапалітычнай дыскусіі,— што да гэтай праблемы нельга падыходзіць толькі з «геаграфічнай» меркай. Бо не па мерыдыянах і паралелях праходзяць сёння граніцы багацця і беднасці. Залежыць гэта ад таго, як, кім, у якіх мэтах выкарыстоўваюцца прыродныя рэсурсы кожнай з краін, ад шырокага комплекса эканамічных, сацыяльных, палітычных фактараў».

Адказваючы на спробы заходніх палітыкаў перакласці сваю адказнасць на чужыя плечы, А. А. Грамыка заявіў далей: «Савецкі Саюз уносіць — і не з учарашняга дня — буйны ўклад у справу станаўлення нацыянальнай эканомікі краін, стаўшых на шлях развіцця. Прадстаўнікі многіх дзяржаў, якія знаходзяцца ў гэтай зале, ведаюць пра гэта не па чутках. І нам незразумелыя выказванні, што раздаюцца сям-там на Захадзе, асабліва пасля таго, як зайшлі ў тупік так званыя перагаворы «Поўнач — Поўдзень», аб тым, што СССР павінен, маўляў, «далучацца» да аказання дапамогі краінам, стаўшым на шлях развіцця. Дзіўная пастаноўка пытання! Мы і надалей будзем аказваць пасільнае садзейнічанне краінам, якія выйшлі на дарогу самастойнага развіцця. Але каму не вядома, што гэтыя дзяржавы наўрад ці змогуць трывала ўстаць на ногі, калі яны будуць па-ранейшаму аблытаны сотнямі і тысячамі ніцяў неакаланіялісцкай эксплуатацыі. Мы рашуча падтрымліваем іх патрабаванні аб ліквідацыі ўсіх праяў нераўнапраўя, дыктату, дыскрымінацыі ў міжнародных эканамічных адносінах.

Гэта было пацверджана ў прадстаўленым мінулай сесіі Генасамблеі заяве Савецкага ўрада «Аб перабудове міжнародных эканамічных адносін».

Сказана ясна і прынцыпова. Пастаўлены ўсе кропкі над «і». І мне застаецца толькі дадаць, што названая заява была ў свой час высока ацэнена краінамі, стаўшымі на шлях развіцця, адыграла і працягвае адыгрываць сваю пазітыўную, падбадзёрваючую ролю ў справе вырашэння сусветных эканамічных праблем, усталявання новага міжнароднага эканамічнага парадку.

 

Правы чалавека — як іх разумець!

 

«...Уладкаваць лёс чалавецтва так, каб правы чалавека прызнаваліся аднолькава ўсім адукаваным светам і каб знішчалася магчымасць вайны паміж народамі».

Л. Талстой

 

Не мог не прывесці гэтыя, вынесеныя ў эпіграф, словы. Не мог, бо не раз прыгадваў іх, задумваўся над імі, працуючы над сваімі нататкамі. Уражвае, як шырока і дальнабачна глядзеў аўтар «Вайны і міру» на праблемы... вайны і міру (прабачце за міжвольны каламбур), з якой, я б сказаў, палітычнай праніклівасцю ўлоўліваў карэнную ўзаемазалежнасць гэтых праблем.

Па-першае, Талстой, як бачым, ставіць магчымасць ліквідацыі войнаў і ўсталявання міру паміж народамі ў прамую залежнасць ад становішча з правамі чалавека. У гэтым сэнсе талстоўская выснова, сваім духам і літарай сваёй, пераклікаецца ў часе з прэамбулай Статута ААН, у якой услед за вядомымі свету словамі аб гатоўнасці «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны» ідуць адразу менш вядомыя, але не менш знамянальныя і важныя, таксама выпакутаваныя у ліхалецці сусветнай вайны словы аб рашучым імкненні Аб’яднаных Нацый «зноў усталяваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын і ў роўнасць правоў вялікіх і малых народаў».

Па-другое, Талстой, як бачым, гаворыць, па сутнасці, пра неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва на шляху ўсеагульнага прызнання і павагі асноўных правоў чалавека («...каб правы чалавека прызнаваліся аднолькава ўсім адукаваным светам») — таго супрацоўніцтва, рэальны пачатак якому быў падкладзены стварэннем ААН і прыняццем ёй адпаведных прававых актаў, у прыватнасці Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая ўрачыста абвяшчалася «ў якасці задачы, да выканання якой павінны імкнуцца ўсе народы і ўсе дзяржавы».

Правы чалавека... Гэтае шматзначнае, ёмістае паняцце безумоўна фігурыравала і ў галоўнай, агульнапалітычнай дыскусіі і ў іншых дэбатах, якія праходзілі ў час Асамблеі. Яно ўзнікала то ў адной, то ў другой сувязі, з’яўлялася ў самым розным — палітычным, ідэалагічным, эканамічным — кантэксце. І гэта было лагічным і апраўданым — калі мець на ўвазе тыя прынцыпы і мэты, якія сфармуляваны ў названых толькі што дакументах ААН. «Імкненне народаў да міру, бяспекі і вызвалення ад прыгнёту азначае ў канчатковым выніку барацьбу за ажыццяўленне правоў чалавека»,— зазначаў у сваёй прамове кіраўнік дэлегацыі ГДР. «Гэта Арганізацыя,— гаварыў аўстрыйскі дэлегат, маючы на ўвазе ААН,— была створана пасля катастрофы вялікай вайны з тым, каб даць чалавецтву мір і бяспеку. Непасрэднае мінулае, у якім мільёнам людзей адмаўлялася ў іх чалавечай годнасці, калі яны былі пазбаўлены сваіх правоў, было прычынай глыбокай заклапочанасці тым, каб абараніць правы чалавека на будучае. Стварыўшы Камісію ААН па правах чалавека і абвясціўшы Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, наша Арганізацыя выступіла як абаронца гэтых правоў».

Словам, адным з лейтматываў, якія гучалі ў аанаўскім хоры, было сцвярджэнне павагі і паўсюднага захавання правоў чалавека, яго асноўных дэмакратычных свабод. Іншая справа, як хто з выступаючых трактаваў гэтае паняцце: «правы і свабоды чалавека», які сэнс укладваў у яго і, дадам, якія мэты меў на ўвазе, закранаючы гэтую ўвогуле важную і надзённую тэму.

І вось тут выяўлялася, што не толькі існуюць розныя меркі, тлумачэнні і падыходы — гэта яшчэ паўбяды, дыскусія ёсць дыскусія,— а што сёй-той прынёс на форум пытанне аб правах чалавека накшталт каменя за пазухай, у якасці зброі для вядзення «псіхалагічнай вайны», скіраванай перш за ўсё супраць Савецкага Саюза і іншых краін сацыялістычнай садружнасці. Тон тут задаваў Белы дом з яго крыкліва дэмагагічнай кампаніяй «у абарону правоў чалавека». На яго баявы кліч адгукнуліся некаторыя верныя саюзнікі ЗША. Міністр замежных спраў ФРГ Геншар заявіў голасна, адпраўляючыся на сесію і ўпакоўваючы адпаведны палітычны багаж, што «адной з галоўных тэм сесіі Генеральнай Асамблеі ААН будзе пытанне аб правах чалавека». З падобнай заявай выступіў, прыехаўшы за акіян, і кіраўнік вялікабрытанскага дыпламатычнага ведамства Оуэн. У ходзе самой сесіі, на пленарных пасяджэннях, прысвечаных агульным спрэчкам, і ў дыскусіі па пытанню аб правах чалавека, якая вялася ў Трэцім камітэце (сацыяльныя, гуманітарныя пытанні і пытанні культуры), некаторыя заходнія прамоўцы — асабліва стараліся прадстаўнікі Італіі, Нідэрландаў і Люксембурга — шматслоўна разважалі на тэму аб правах чалавека ў сваім, буржуазным разуменні гэтага паняцця, завучана рэзанёрствавалі аб «свабодзе індывідуума як аспове заходніх дэмакратычных каштоўнасцей», аб «прынцыпах свабоднага развіцця асобы» і г. д. На вачах свету яны прысвойвалі сабе права вучыць свет гуманізму і дэмакратыі.

Але, трэба аддаць належнае міжнароднаму супольніцтву, гэтая, адпаведным чынам інструментаваная і ідэалагічна завостраная рыторыка, гэтыя спробы спекуляваць з пэўнымі мэтамі высокім паняццем «правы чалавека» не знаходзілі падтрымкі, а ў некаторых выпадках — атрымоўвалі належны адпор. І не толькі з боку сацыялістычных краін.

Напрыклад, пераважная большасць стаўшых на шлях развіцця і іншых міралюбівых дзяржаў заняла пазіцыю, якая ішла яўна ўразрэз з задумамі заходніх «абаронцаў» правоў чалавека. Адны з іх, у прыватнасці арабскія і азіяцкія краіны, свядома абыходзілі пытанне аб правах у такім варыянце, які ім прапаноўвалі, аддавалі перавагу свайму клопату аб тым, каб, гаворачы словамі дэлегата Йеменскай Арабскай Рэспублікі, «стварыць новыя перспектывы для справядлівасці і роўнасці ўсіх дзяржаў, для свабоды без гегемоніі і парушэння правоў і інтарэсаў краін, стаўшых на шлях развіцця». Другія рашуча выступалі са сваёй інтэрпрэтацыяй праблемы, выказваліся за прыарытэт эканамічных і сацыяльных правоў — па сутнасці ў духу гістарычна вядомых слоў аб тым, што «людзі ў першую чаргу павінны есці, піць, мець жыллё і адзявацца, раней чым быць у стане займацца палітыкай, навукай, мастацтвам, рэлігіяй і г. д.». «Якое значэнне мае свабода выбару,— ставіў палемічна пытанне іранскі дэлегат,— для хворага, галоднага ці зусім неадукаванага чалавека?» «Без эканамічных правоў іншыя правы чалавека не маюць ніякага сэнсу»,— зазначаў у сваёй прамове прадстаўнік Шры Ланкі. «Правы чалавека,— гаварыў дэлегат Гвінеі,— намі разумеюцца толькі ў кантэксце ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам».

Рашуча і аргументавана аспрэчваў нерэалістычны — ці спекуляцыйны — падыход да пытання аб правах чалавека дзяржаўны сакратар Мексікі. «Надзённыя рэальныя праблемы,— звяртаўся ён да членаў Асамблеі,— часта вытлумачваюцца няправільна, у адрыве адна ад другой. Правы чалавека могуць быць зразуметы толькі ў кантэксце правоў сацыяльных. Годнасць і вартасць чалавечая асобы не могуць быць забяспечаны без эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага вызвалення».

Інакш кажучы, дэлегаты сцвярджалі палажэнне, якое мелі на ўвазе ў свой час і аўтары Дэкларацыі правоў чалавека і якое адлюстравана тут у наступнай фармуліроўцы: «Кожны чалавек мае права на сацыяльны і міжнародны парадак, пры якім правы і свабоды, выкладзеныя ў данай Дэкларацыі, могуць быць поўнасцю ажыццёўлены».

Гэта па-першае, гэта адзін бок дыскусіі вакол правоў і свабод.

Па-другое, многія ўдзельнікі форума палічылі за лепшае разглядаць пытанне аб правах чалавека перш за ўсё як пытанне аб барацьбе з масавымі і грубымі парушэннямі гэтых правоў на поўдні Афрыкі, на акупіраваных Ізраілем арабскіх тэрыторыях, у Чылі і ў іншых месцах зямнога шара. «Выклікае асаблівае абурэнне той факт,— гаварыла ўзрушана маладая прадстаўніца маладой Народнай Рэспублікі Бенін,— што капіталістычныя краіны, якія змагаюцца з уяўнымі парушэннямі правоў чалавека ў сацыялістычных краінах, стараюцца не заўважаць страшэнных парушэнняў гэтых правоў у паўднёвай частцы Афрыкі, Палесціне і Чылі». Ігнаруючы ў сапраўднасці правы чалавека, працягвала далей прамоўца, некаторыя заходнія краіны па-ранейшаму аказваюць падтрымку і дапамогу рэжымам белай меншасці на поўдні Афрыкі. Прадстаўнік Нігерыі таксама падвергнуў рэзкай крытыцы тых, хто, як ён сказаў, «прызнае дэмакратыю ў сябе дома, але ў той жа час прытрымліваецца фашысцкага курсу ў Паўднёвай Афрыцы». Адказваючы на пытанне аб тым, дзе сапраўды «зарыты сабака», дэлегат Кубы звярнуў увагу міжнароднага супольніцтва на ўшчамленне правоў неграў, індзейцаў, пуэртарыканцаў і іншых нацыянальных меншасцей у ЗША.

Шмат месца адвёў праблеме правоў чалавека кіраўнік аўстрыйскай дэлегацыі, выступаючы ў ходзе агульнапалітычнай дыскусіі. Адзначыўшы, што «сёння мы ясней, чым калі-небудзь раней, бачым, што мір і бяспека патрабуюць прагрэсу ў справе свабоднага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця чалавека», прамоўца сказаў далей: «Уяўляецца мэтазгодным звярнуць увагу на тое, што прычыны ўсіх праблем у канчатковым выніку заключаюцца ў парушэнні правоў чалавека ці ў пазбаўленні яго правоў. Гэта слушна ў дачыненні крызісаў на Блізкім Усходзе, на Кіпры і на поўдні Афрыкі. Гэта прымяніма таксама і да крызісу ў адносінах паміж Поўначчу і Поўднем — да крызісу, паходжанне якога звязана з недасканалым становішчам у глабальным маштабе эканамічных і сацыяльных правоў народаў планеты».

Ці ўзяць такі, паказальны ў данай сувязі эпізод. Міністр замежных спраў Ірландыі (па прозвішчу Кенэдзі) пачаў свой аналіз праблемы з таго, што спрабаваў падтрымаць «краун кампані», апраўдаць выкарыстанне пытання аб правах чалавека для ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў. Але калі ён звярнуўся да рэальнага становішча спраў у свеце, то мусіў тут жа змяніць тон і загаварыў аб «неабходнасці прызнання права кожнай нацыі на незалежнасць і самавызначэнне», аб «несправядлівасці і бесчалавечнасці палітыкі апартэіда, накіраванай на захаванне ўлады ў руках белай меншасці і асуджэнне на галечу і адсталасць большасці грамадзян Паўднёвай Афрыкі», аб ... «трагічным становішчы ў Паўночнай Ірландыі».

Логіка фактаў, словам, брала верх над логікай прадузятых схем.

Па-трэцяе, прадстаўнікі многіх краін катэгарычна асуджалі спробы палітызаваць пытанне аб правах чалавека, выкарыстаць яго як зручную зачэпку для ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Менавіта ў такім духу выступілі Гвінея, Бурундзі, Нігерыя, Лівія, Аргенціна, Бразілія, Фінляндыя і інш. «ААН не можа дазволіць сабе спрошчаныя падыходы,— заяўляў міністр замежных спраў Фінляндыі Пааво Вяйрунен,— у тым ліку і да праблемы правоў чалавека. Яна павінна зыходзіць з рэальнасцей свету. Існуе, напрыклад, скандынаўская традыцыя ў вызначэнні паняцця «правы чалавека». На нашу думку, спробы навязваць свой набор каштоўнасцей другім не можа служыць ніякай мэце». «Ніякая краіна або група краін не можа ўзяць на сябе ролю суддзі ў ацэнцы дзеянняў іншых краін у галіне правоў чалавека»,— заявіў міністр замежных спраў Бразіліі Азерэда да Сільвейра.

З негатыўнай рэакцыяй на спробы «навязваць свой набор каштоўнасцей другім», павучаць другіх, гаворачы з’едлівымі словамі Марка Твэна, «на той глебе, на якой сам не можаш стаяць перпендыкулярна», звязана некалькі драматычных інцыдэнтаў, якія адбыліся ў ходзе сесіі Генеральнай Асамблеі. Як я ўжо гаварыў, міністр замежных спраў і па справах садружнасці Вялікабрытаніі Дэвід Оуэн быў у ліку актыўных удзельнікаў шуміхі «ў абарону правоў чалавека». У інтэрв’ю для амерыканскага друку ён нават паставіў у залежнасць ад гэтай кампаніі лёс разрадкі, глыбакамудрана заўважыў, што «калі разрадка не прыносіць прагрэсу ў плане барацьбы за правы чалавека, то яна не мае другой мэты, чым проста барацьба за існаванне». Гэтую тэму кіраўнік Форын офіса працягваў развіваць і ў сваёй прамове, з якой выступіў з трыбуны ААН, зрабіў, у прыватнасці, крытычныя закіды ў адрас Уганды: там, маўляў, парушаюцца правы чалавека. І вось у канцы пасяджэння на трыбуну ўзняўся пастаянны прадстаўнік Уганды пры ААН і без асаблівых дыпламатычных цырымоній, скіраваўшы ўказальны палец у бок англійскай дэлегацыі, заявіў: «Вы спачатку навядзіце парадак з правамі чалавека ў сябе дома, а потым вучыце гэтаму другіх. Вунь ваш прэм’ер едзе ў Ольстэр у суправаджэнні салдат ледзь не ўсіх родаў войск, інакш ён баіцца туды паказвацца. І вы выдаеце гэта за ўзор захавання правоў чалавека?»

Праз некалькі дзён у той жа зале адбылася яшчэ адна, падобная на прыведзеную, толькі яшчэ больш характэрная па сваёй ідэйнай сутнасці сцэна. Ад імя Люксембурга выступаў яго прэм’ер-міністр і адначасова міністр замежных спраў Гастон Торн, вопытны палітык заходнееўрапейскага тыпу (быў старшынёй трыццатай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, яго фотаздымак красуецца тут сярод партрэтаў іншых былых старшынь). «Пані і панове, не магу выказаць больш, чым хацелася б, аптымістычных слоў,— красамоўнічаў пан прэм’ер.— І праз дваццаць дзевяць гадоў пасля прыняцця высакароднага дакумента нашага часу — Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека правы чалавека парушаюцца... і гэта ў той час, калі ўсе мы ўрачыста прызналі за кожным чалавекам максімум правоў і свабод... Павага правоў — не ўнутраная справа, дзе б яны не парушаліся...» І вось, называючы краіны, дзе, на яго думку, назіраецца парушэнне правоў, Гастон Торн папракнуў і... В’етнам. Такое абвінавачанне ў адрас краіны, якая толькі што ў цяжкіх пакутах і нягодах, у крывавай, шматахвярнай барацьбе то з адным, то з другім агрэсарам здабыла элементарнае права на свабоду, незалежнасць і нацыянальны суверэнітэт, якая ўсяго некалькі дзён таму назад дабілася прызнання сваіх законных правоў у ААН,— такое абвінавачанне з высокай трыбуны было, вядома, несправядлівым, дзіўным, калі не кашчунным. Дэлегацыя сацыялістычнага В’етнама не магла, натуральна, пакінуць яго без адказу. Узяўшы слова ў парадку права на адказ, на трыбуну пайшла прадстаўніца слаўнага парода, невысокая, худзенькая, смуглая жанчына, і дала рэзкую водпаведзь высокапастаўленаму маралісту з яго еўрацэнтрызмам. «Сілы імперыялізму, каланіялізму і расізму,— гаварыла сваім ціхім, але цвёрдым па сіле перакананасці голасам Нгуен Нгок Дунг (я не мог не запісаць гэтае імя),— бяруцца, як мы бачым, выступаць у ролі абаронцаў правоў чалавека. Разам з тым яны адмаўляюць у гэтым праве сваім уласным народам, насельніцтву былых каланіяльных і паўкаланіяльных народаў».

На такім высокім, афіцыйным форуме, як Генеральная Асамблея ААН, апладысменты асабліва не прыняты. Але бываюць і выключэнні. Адно з іх прыйшлося на долю дэлегаткі В’етнама. Яна сыходзіла з трыбуны пад бурныя воплескі. («Яшчэ адна перамога в’етнамскага народа, на гэты раз пад купалам залы ААН»,— падумалася мне, помню, у гэты момант).

Наогул, трэба сказаць, дэлегацыі краін сацыялістычнай садружнасці і ў даным выпадку, выступаючы адзіным фронтам, займалі прынцыповую, выразна акрэсленую пазіцыю, давалі рашучы бой прошукам рыцараў «псіхалагічнай вайны», псеўдаабаронцаў правоў чалавека. Выступаючы ў дыскусіі па пытанню аб апартэідзе, дэлегат БССР гаварыў: «Зараз на Захадзе знаходзіцца нямала ахвотнікаў умешвацца пад флагам барацьбы за правы чалавека ва ўнутраныя справы другіх дзяржаў. Такім, з дазволу сказаць, «ахоўнікам дэмакратыі» трэба было б працерці вочы ды паглядзець, што творыцца ў Паўднёвай Афрыцы, дзе парушэнне правоў чалавека ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Менавіта на поўдні Афрыкі знаходзіцца адзін з важнейшых плацдармаў бітвы за ажыццяўленне высакародных прынцыпаў гуманізму, за забеспячэнне правоў чалавека. Ліквідацыя эксплуатацыі, дыскрымінацыі мільёнаў людзей, заснаванай на розніцы ў колеры скуры,— гэта і ёсць праяўленне сапраўднага гуманізму, сапраўднага клопату аб правах чалавека». Нагадаўшы аб тым, што барацьба супраць масавых парушэнняў правоў чалавека «адпавядае галоўнай задачы ААН і яе мандату», што нядаўна ўступіўшыя ў сілу пакты аб правах чалавека «ўяўляюць сабой важную аснову для супрацоўніцтва дзяржаў па пытанню так званых індывідуальных чалавечых правоў», прадстаўнік ГДР сказаў: «У гэтай сувязі дазволю сабе адзначыць, што любыя спробы выкарыстаць гэтае пытанне як прычыну для ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў не толькі супярэчаць Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, але і ўскладняюць адносіны паміж дзяржавамі. Тым, хто пад шыльдаю правоў чалавека распальвае паклёпніцкую кампанію супраць другіх дзяржаў, лепш было б засяродзіцца на ажыццяўленні гэтых правоў у сваіх краінах». І далей прамоўца прывёў наступныя словы Эрыха Хонекера: «Калі ў сучасным свеце адна з палітычных сіл мае права гаварыць аб барацьбе за правы чалавека, то гэта, перш за ўсё, рэвалюцыйны рабочы рух, і калі ў сучасным свеце адна з палітычных сістэм можа паказаць на здзейсненыя правы чалавека, то гэта сусветная сацыялістычная сістэма».

Прайграваючы бітву ў ідэйным плане, заходнія прадстаўнікі спрабавалі ўзяць рэванш у плане арганізацыйным — намерваліся працягнуць праз Трэці камітэт рашэнне аб стварэнні паста вярхоўнага камісара па правах чалавека (ФРГ яшчэ ўносіла прапанову аб заснаванні міжнароднага суда па грамадзянскіх правах). Іх разлік заключаўся ў тым, што калі такі пост будзе створаны і яго зойме падыходзячы для іх чалавек, то ён, гэты так званы вярхоўны камісар па правах, будзе незалежна ад генеральнага сакратара ААН займацца расследаваннем усемагчымых скаргаў і каверз, г. зн. умешвацца ў нацыянальную юрысдыкцыю той або іншай суверэннай дзяржавы. Амерыканцы не ўтойвалі, што гэтая задума з «камісарам» накіравана перш за ўсё супраць Савецкага Саюза і іншых сацыялістычных краін, і разам са сваімі саюзнікамі настойліва педаліравалі тут, вялі, збіраючы галасы, адпаведную закулісную агітацыю сярод афрыканскіх, азіяцкіх і лацінаамерыканскіх краін. Але гэты іх «нумар» таксама не прайшоў. Пераважная большасць дэлегацый палічыла за лепшае заняць рэалістычную пазіцыю і адмовілася падтрымаць падазроную важданіну вакол утварэння новага паста.

Словам, чарговая сесія Генеральнай Асамблеі яшчэ раз паказала, што праблема правоў чалавека занадта важная для міжнароднага супольніцтва, каб дазваляць рабіць яе прадметам крывадушнай рыторыкі ці цынічнага палітыканства; што, з другога боку, сапраўдны клопат аб павазе і гарантаванні грамадзянскіх правоў і дэмакратычных свабод чалавека неаддзельны ад барацьбы за мір, мірнае развіццё і сацыяльны прагрэс.

 

Гэты блізкі, гэты занадта Блізкі Усход...

 

Дазвольце мне перш за ўсё даць вызначэнне тэрміна «Блізкі Усход». З пункту гледжання геаграфіі гэта няправільнае ўжыванне тэрміна. Раней ім абазначалася тэрыторыя, якая падпадала пад назву Сярэдні Усход. Але па адміністрацыйных меркаваннях і меркаваннях ваенных, звязаных з перамяшчэннем войск, вядомы англійскі генерал Уовэл змяніў гэту назву ў час другой сусветнай вайны, і з таго часу яна захоўваецца... Як жа ахарактарызаваць становішча на Блізкім Усходзе? Для турыстаў я асабліва рэкамендую пакласці ў чамадан цёплае адзенне, таму што вельмі хутка набліжаецца зіма, а халады там суровыя. Дзяржаўным дзеячам і дыпламатам я раю пачакаць і паглядзець, як пойдуць падзеі.

З выступлення прадстаўніка Іярданіі на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН

Адзін індыйскі дыпламат заўважыў мне аднойчы, што той раён свету, які мы называем Блізкім Усходам, з пункту гледжання яго суайчыннікаў, трэба было б назваць Заходняй Азіяй. Спачатку гэты каламбур мяне некалькі здзівіў. Як усе на Захадзе, я яшчэ ў школе засвоіў, натуральна, назву, прынятую паўсюдна. Ну а калі задумацца, чаму, на самай справе, «Блізкі Усход», а не «Заходняя Азія»? Пытанне здасца недарэчным усім тым, хто па-ранейшаму працягвае лічыць Еўропу цэнтрам планеты, а «Захад» узорам для пераймання.

Курт Вальдхайм

 

 

Наведаўшы за некалькі месяцаў да сесіі, у лютым 1977 года, шэраг краін Блізкага Усходу, Курт Вальдхайм потым у сваёй справаздачы ААН і ў публічных заявах настойліва падкрэсліваў: блізкаўсходні канфлікт, нягледзячы на некаторыя пазітыўныя зрухі, застаецца адной з самых складаных праблем для міжнароднага супольніцтва, тоіць у сабе пагрозу новай ваеннай канфрантацыі; неабходна любой цаной падтрымліваць дынаміку працэсу перагавораў, выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці, каб садзейнічаць пачатку дыялогу, якія б вялікія ні былі рознагалоссі паміж варагуючымі бакамі.

Такі ж погляд на становішча ў рэгіёне быў выказаны і ў дакладзе Вальдхайма, падрыхтаваным да пачатку сесіі і раздадзеным дэлегатам. Хаця даклад генеральнага сакратара і быў напісаны ў асцярожных, дыпламатычных выразах, у ім, тым не менш, гучала недвухсэнсоўная перасцярога: калі не пачнуцца сур’ёзныя перагаворы, то «... сітуацыя пэўна пагоршыцца, што пацягне за сабой непрадказуемыя вынікі не толькі для Блізкага Усходу, але і для ўсяго міжнароднага супольніцтва».

Трывогу генеральнага сакратара ААН адносна абстаноўкі на Блізкім Усходзе падзяляла пераважная большасць форума. Адпаведная дэкларацыя была прынята міністрамі замежных спраў недалучыўшыхся дзяржаў на іх надзвычайнай нарадзе, якая адбылася ў штаб-кватэры ААН 30 верасня. З узаемаўзгодненай заявай па гэтаму пытанню выступілі таксама 3 кастрычніка прыехаўшыя на сесію міністры замежных спраў Ісламскай канферэнцыі. На крытычнае становішча ў блізкаўсходнім рэгіёне звярталася ўвага прысутных з трыбуны Асамблеі. Гаворачы аб неабходнасці ліквідацыі ўсіх ваенных ачагоў, А. А. Грамыка зазначыў: «Вядома, што ў першую чаргу гутарка ідзе аб самым небяспечным з іх — аб блізкаўсходнім. Чаму ў гэтым раёне няма трывалага міру? Ды таму, што не ліквідаваны галоўныя прычыны канфлікту. Ізраільскія войскі не выведзены з арабскіх зямель, захопленых у 1967 годзе. Права арабскага народа Палесціны, уключаючы яго права на самавызначэнне і стварэнне ўласнай дзяржавы, да гэтага часу не гарантавана. Усё гэта значыць, што не забяспечана незалежнае існаванне і бяспека ўсіх народаў і дзяржаў гэтага раёна». «Мы таксама хацелі б выказаць нашу заклапочанасць у сувязі з канфліктам на Блізкім Усходзе,— заяўляў міністр замежных спраў Балівіі.— Адсутнасць урэгулявання ставіць пад пагрозу мір не толькі ў гэтым раёне, але і ва ўсім свеце». Іярданскі прадстаўнік, назваўшы Блізкі Усход «цяжка хворым чалавекам», гаварыў далей: «Блізкі Усход патрабуе новага духу ачышчэння, адраджэння і абавязацельстваў для таго, каб ён перастаў быць цяжарам для ўсяго свету, якім ён з’яўляецца зараз». «Урок, які свет здабыў з кастрычніцкай вайны 1973 года, што паставіла пад пагрозу канцэпцыю міру, а ўвесь свет — на грань ядзернай вайны, не забыты,— звяртаўся да Асамблеі прадстаўнік Джыбуці.— У святле гэтага незабыўнага ўрока мы афіцыйна заяўляем, што ўсе перагаворы і размовы аб міры ва ўсім свеце застануцца фарсам, пакуль не будзе дасягнуты сапраўдны мір на Блізкім Усходзе».

У радзе выступленняў, натуральна, ускрываліся прычыны, называліся галоўныя віноўнікі блізкаўсходняга крызісу — Ізраіль і яго магутны апякун і старэйшы саюзнік Злучаныя Штаты Амерыкі. Выкрываючы авантурыстычныя дзеянні ізраільскіх «ястрабаў», іх «жорсткі курс» у адносінах да суседзяў, дэлегат Йеменскай Арабскай Рэспублікі тут жа дадаваў: «Адказнасць таксама ляжыць і на Злучаных Штатах, якія ператварылі Ізраіль ва ўзброеную крэпасць». «У нас узнікае пытанне,— працягваў тэму пасол Нігерыі,— ці не стаў Ізраіль пагрозай правам чалавека і ці не ператварыўся ён у краіну, якая выкарыстоўвае амерыканскія ўзбраенне і грошы, а таксама палітычную падтрымку Злучаных Штатаў для значнага павелічэння сваіх памераў, выганяючы з гэтай мэтай цэлыя мільёны людзей з іх родных зямель, што, безумоўна, раздувае канфлікт і нясе бядоты для гэтага раёна свету».

Тут жа — часам у патрабавальным, катэгарычным тоне — ставілася пытанне аб адказнасці ААН у дачыненні да блізкаўсходняга канфлікту, да палітыкі, якую праводзяць Ізраіль і яго імперыялістычныя апекуны. Нагадаўшы аб тым, што ААН заклікана быць «гарантам міру, няўхільнага захавання прынцыпаў суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці», дэлегат Мадагаскара пытаўся з абурэннем: «Да якога часу Арганізацыя Аб’яднаных Нацый будзе заставацца паралізаванай вядомымі ўсім прошукамі Ізраіля, які падтрымліваюць некаторыя ўплывовыя дзяржавы-члены?» «Становішча на Блізкім Усходзе прадаўжае кідаць выклік міжнароднаму супольніцтву,— звяртаўся да залы прадстаўнік Бангладэш,— паколькі яно з’яўляецца праверкай аўтарытэту і жыццяздольнасці ААН пры ажыццяўленні ёй галоўнай адказнасці — за захаванне міру і бяспекі ва ўсім свеце. Яшчэ не было ў ААН такога пытання, у якое яна была б так глыбока ўцягнута, як у пытанне, што зараз намі разглядаецца. Ні па якой іншай праблеме ААН не нясе такога цяжкага грузу адказнасці. Ні ў якім іншым пытанні правал не будзе такім дорагакаштуючым». І далей: «Арганізацыя Аб’яднаных Нацый не можа дазволіць Ізраілю беспакарана кідаць выклік яе аўтарытэту. Адмоўныя вынікі гэтага выкліку для міру на Блізкім Усходзе зусім відавочныя. Аднак пагроза жыццяздольнасці прынцыпаў ААН з’яўляецца далёка ідучай і сур'ёзнай. Не толькі арабам ці палесцінцам кінуты выклік, а і кожнай нацыі свету, паколькі падрываюцца асноўныя прынцыпы міжнароднага супольніцтва».

Заўважу, што словы аб выкліку адной дзяржавы ўсяму супольніцтву нацый і яе галоўнаму органу — ААН не былі перабольшваннем. Гэты выклік праяўляўся ўвачавідкі, самым элементарным чынам у лініі паводзін на сесіі ізраільскай дэлегацыі. Яна катэгарычна ігнаравала палітычную волю большасці, адмаўлялася прыслухацца да голасу сусветнай грамадскасці. У адказ на слушную крытыку, на цвярозыя, рэалістычныя довады ізраільскія прадстаўнікі, звяртаючыся да адкрыта дэмагагічных прыёмаў, абвінавачвалі ААН у неаб'ектыўнасці, а непажаданыя для іх выступленні называлі абразліва «пустой рыторыкай», «прапагандысцкай вайной супраць Ізраіля» і г. д. Зламысна атаясамліваючы крытыку сіянісцкіх догмаў з антысемітызмам, галоўны ізраільскі прамоўца, пастаянны прадстаўнік Тэль-Авіва пры ААН не-не ды і апеліраваў да гэтага свайго ўлюбёнага «козыра»: маўляў, антысемітызм, расісцкая, антысеміцкая філасофія і да т. п.

Так, чарговая сесія Генеральнай Асамблеі ААН сведчыла: блізкаўсходні ваенны ачаг з’яўляецца для міжнароднай Арганізацыі своеасаблівым каменем спатыкнення, сур’ёзным выпрабаваннем для яе. Але, з другога боку, высвятлялася адначасова, што яна ў пераважнай сваёй большасці вытрымлівае гэтае выпрабаванне з гонарам, займае прынцыповую, паслядоўную, рэалістычную пазіцыю адносна асноўных абставін і фактараў араба-ізраільскай канфрантацыі. На трыбуну выходзілі прадстаўнікі розных краін, рэгіёнаў, кантынентаў, палітычных групіровак, але сыходзіліся ў адным: мірнае ўрэгуляванне на Блізкім Усходзе можа быць дасягнута толькі шляхам поўнага вываду ізраільскіх войск з усіх захопленых у 1967 годзе арабскіх тэрыторый, прызнання неад'емных нацыянальных правоў арабскага народа Палесціны, уключаючы яго права на дзяржаўнае самавызначэнне, і забеспячэння гарантый для ўсіх дзяржаў рэгіёна жыць ва ўмовах міру і бяспекі. Вось тры ключавыя фактары, «тры кіты»,— гаварылася на Асамблеі,— якія складаюць аснову для ліквідацыі шматгадовага крызісу, усталявання справядлівага і трывалага міру на Блізкім Усходзе.

Асабліва выразна праяўлялася маральнае адзінства ААН тады, у прыватнасці, калі ўдзельнікі сесіі ўзнімалі голас у абарону палесцінскіх арабаў, заклапочана, з трывогай гаварылі пра бядотнае становішча гэтага народа, народа-ахвяры, народа-бежанца. Як бы абагульняючы сказанае многімі з высокай трыбуны, дакладчык камітэта па ажыццяўленню неад’емных правоў палесцінскага народа, прадстаўнік Мальты В. Гаучы казаў пры абмеркаванні «Пытання аб Палесціне»: «Кожны з нас — што, магчыма, асабліва важна — нясе сур’ёзную адказнасць перад палесцінскім народам і павінен даць адказ на заклік прадстаўнікоў гэтага народа1, з якім яны звярнуліся ў гэтым форуме. Імкнучыся дабіцца аднаўлення сваіх законных правоў, яны прыйшлі сюды для таго, каб атрымаць падтрымку і дапамогу ААН... Я хацеў бы яшчэ дадаць,— працягваў прамоўца,— што ні адзін аб’ектыўны назіральнік, ні адзін абаронца правоў чалавека, ні адзін прыхільнік міру не могуць адмаўляць, што становішча, у якім сёння знаходзіцца палесцінскі народ, патрабуе выпраўлення». «Давайце ж,— звяртаўся да Асамблеі Гаучы,— разгледзім простыя, паступовыя і эфектыўныя крокі па шляху прагрэсу. Давайце ж не ўпускаць гістарычнай магчымасці, якая, можа быць, ніколі больш не паўторыцца. Давайце не будзем павялічваць небяспеку новага гвалту і кровапраліцця, новых разбурэнняў і людскіх пакут, якія могуць па свайму размаху выліцца ў велізарныя маштабы, сведкамі чаму мы былі ў мінулым. Таму давайце без усякай двухсэнсоўнасці, але з яснасцю, перакананасцю і рашучасцю аднадушна заявім аб тым, у чым заключаецца шлях да міру ў гэтым шматпакутным раёне».

На такіх вось высокіх нотах гучала часам на форуме дыскусія, прысвечаная адной з самых набалелых праблем сучаснасці.

Ці заяўлялі ўдзельнікі форума, у чым заключаецца шлях да міру на Блізкім Усходзе, якімі сродкамі можна вырашыць выбухованебяспечны канфлікт? Заяўлялі, гаварылі, і гаварылі недвухсэнсоўна, пэўна: шлях да справядлівага ўрэгулявання ў раёне ляжыць праз стол перагавораў усіх зацікаўленых бакоў, а дакладней — праз Жэнеўскую мірную канферэнцыю. Швецыя: «Істотна важна, каб як мага хутчэй пачаліся перагаворы аб мірным рашэнні. Палесцінцы павінны атрымаць гарантыі аб удзеле ў гэтых перагаворах». ГДР: «Усё яшчэ не выконваюцца рашэнні Савета Бяспекі, ажыццяўленне якіх уяўляе сабой прадпасылку ўсеабдымнага палітычнага рашэння праблем у гэтым раёне. Мы лічым, што Жэнеўская мірная канферэнцыя па Блізкім Усходзе з’яўляецца кампетэнтным форумам». Непал: «У наяўнасці растучае разуменне таго, што неабходна як мага раней узнавіць работу мірнай канферэнцыі па блізкаўсходняму ўрэгуляванню. Існуе магчымасць узнавіць перагаворы на разумнай аснове, і калі гэта магчымасць не будзе выкарыстана, то існуе сур’ёзная небяспека таго, што становішча будзе яшчэ больш пагаршацца». БССР: «Шлях да вырашэння блізкаўсходняй праблемы ляжыць праз Жэнеўскую мірную канферэнцыю па Блізкім Усходзе, якая, на нашу думку, павінна ўзнавіць сваю работу як мага хутчэй». Арабская Рэспубліка Йемен: «Наша дэлегацыя заклікае ўсе зацікаўленыя бакі даказаць іх шчырае жаданне склікаць Жэнеўскую мірную канферэнцыю». Венгрыя: «Мы перакананы ў тым, што глабальнае ўрэгуляванне канфлікту можа быць дасягнута толькі ў рамках міжнароднай канферэнцыі, якая павінна адбыцца пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых бакоў, уключаючы прадстаўнікоў Арганізацыі вызвалення Палесціны». І гэтак далей.

А ў разгар сесіі, калі агульнапалітычная дыскусія падбіралася ўжо да свайго апагея, адбылася падзея, якая найлепшым чынам адпавядала спадзяванням міралюбівых краін на палітычнае, шляхам перагавораў, вырашэнне блізкаўсходняга крызісу. 1 кастрычніка была абнародавана сумесная савецка-амерыканская заява па Блізкім Усходзе. Заява з’явілася як нельга дарэчы, была, што называецца, «залатым і ў час сказаным словам». У дакуменце падкрэслівалася, што справядлівае і трывалае ўрэгуляванне араба-ізраільскага канфлікту павінна быць усеабдымным, павінна ахопліваць усе зацікаўленыя бакі і ўсе пытанні. «Савецкі і амерыканскі бакі лічаць,— гаварылася ў заяве,— што адзіна правільным і эфектыўным шляхам для забеспячэння кардынальнага рашэння ўсіх аспектаў блізкаўсходняй праблемы ў комплексе з’яўляюцца перагаворы ў рамках спецыяльна скліканай для гэтай мэты Жэнеўскай мірнай канферэнцыі пры ўдзеле ў яе рабоце прадстаўнікоў усіх уцягнутых у канфлікт бакоў, у тым ліку палесцінскага народа, і дагаворна-прававое афармленне дасягнутых на канферэнцыі рашэнняў».

Прытым аўтары сумеснай заявы не толькі вызначалі характар і мэты мірнай канферэнцыі, але і ставілі справу на практычныя рэйкі — выказвалі гатоўнасць спрыяць таму, каб перагаворы пачаліся не пазней снежня 1977 года, г. зн. адразу пасля сесіі Генеральнай Асамблеі.

Ці трэба гаварыць, што ўзаемаўзгодненая заява дзвюх вялікіх дзяржаў — сустаршынь Жэнеўскай мірнай канферэнцыі 1973 года, была з задавальненнем сустрэта многімі дэлегацыямі. «Па ўсёй верагоднасці,— гаварыў з трыбуны ААН прадстаўнік Бірмы праз некалькі дзён пасля апублікавання заявы,— перспектывы склікання Жэнеўскай канферэнцыі па Блізкім Усходзе сталі больш выразнымі, чым калі-небудзь. Гэта — тэндэнцыя, якую мы вітаем». Словы «мы вітаем» гучалі і ў прамовах дэлегатаў Аўстрыі, Бутана, Малайзіі, Сенегала і г. д. Як своечасовы і канструктыўны крок ацэньвалі сумесную заяву прадстаўнікі сацыялістычных краін.

Надзею на поспех, на прагрэс падмацоўваў і той станоўчы факт, што сумеснае выступленне дзвюх дзяржаў было ў асноўным прыхільна ўспрынята арабамі (за выключэннем адной-дзвюх краін). Дуайен дыпламатычных місій арабскіх краін пры ААН, пасол Саудаўскай Аравіі Барудзі гаварыў: «Мы бачым, што ў адносінах паміж дзвюма галоўнымі дзяржавамі існуе ў пэўнай ступені добрая воля. У іх руках знаходзіцца заўтрашні дзень. Заўтра яны могуць пакласці канец блізкаўсходняму тупіку. Праўда, сіяністы, якія кантралююць у ЗША сродкі масавай інфармацыі, і на гэты раз, як заўсёды, спрабуюць палохаць Савецкім Саюзам. Я асабіста манархіст, мы не камуністы, але мы вось не баімся Савецкага Саюза. Толькі ў гэтай краіне запужваюць кожнага амерыканца савецкай пагрозай». Сумесная заява СССР і ЗША была станоўча сустрэта — яшчэ адзін абнадзейваючы момант — такім непасрэдна зацікаўленым удзельнікам канфлікту, як палесцінцы. «Гэтая сесія Генеральнай Асамблеі,— гаварыў прадстаўнік АВП,— прадпрыняла вялікія намаганні, накіраваныя на тое, каб выйсці з тупіка і ўрэгуляваць пытанне на справядлівай аснове. Савецка-амерыканскае камюніке ад 1 кастрычніка з’явілася важным паваротным пунктам гэтых палітычных намаганняў, якія мы высока цэнім».

Чытач ведае, як склаўся далейшы лёс важнага савецка-амерыканскага дакумента, які быў закліканы і мог бы, безумоўна, сапраўды стаць «важным паваротным пунктам», адыграць гістарычную ролю ў справе блізкаўсходняга ўрэгулявання. Склаўся не лепшым, а дакладней сказаць — найгоршым чынам: ён быў неўзабаве — аб чым гаварылася ў першай частцы кнігі — тарпедзіраваны тымі ж самымі ЗША і іх блізкаўсходнім партнёрам Ізраілем, бесцырымонна кінуты на алтар палітыкі закулісных змоў і сепаратных здзелак. «Залатому» слову не суджана было здзейсніцца.

Прыгадваю, як гэты перапад успрымаўся ў сценах ААН, як рэзка хіснулася тут амплітуда палітычнага настрою — ад адной крайняй адзнакі да другой, ад полюса са знакам плюс («надзея», «поспех», «крок наперад») да полюса са знакам мінус («расчараванне», «паражэнне», «рух назад»). Ці, калі выкарыстоўваць другую метафару, ад «белага» панядзелка да панядзелка «чорнага». Што я тут маю на ўвазе? Белы, афарбаваны ў аптымістычны тон — гэта той панядзелак, які прыпаў на 3 кастрычніка — першы працоўны дзень Асамблеі пасля апублікавання сумеснай савецка-амерыканскай заявы (пра яе стала вядома ў суботу). У зале пасяджэння адчуваўся павышаны настрой, назіраліся ажыўлены абмен думкамі, яўна станоўчая рэакцыя на важную навіну. Зусім другі настрой панаваў у той жа зале ў панядзелак 21 лістапада — праз дзень пасля бліц-візіту Садата ў Іерусалім і яго выступлення ў ізраільскім кнесеце. Арабскія дыпламаты былі ў стане шоку, іх справе і іх адзінству быў нанесены нечакана адчувальны ўдар. Разгубленасць і замяшанне заўважаліся ў радах многіх іншых краін, якія ўжо настроіліся на жэнеўскі варыянт блізкаўсходняга ўрэгулявання, прынялі гэты варыянт як самы аптымальны. Нешматлікія ворагі разрадкі і ўдзелу СССР у блізкаўсходніх справах, трэба думаць, ціха радаваліся. «...І раптам праблема Блізкага Усходу і прычына трагедыі палесцінскага народа,— гаварыў назаўтра ў сваёй усхваляванай прамове прадстаўнік Сірыі,— ператварыліся за апошнія некалькі дзён з трагедыі ў сумесь пацяшальнай трагедыі і трагікамедыі. Раён трагедыі стаў тэатрам абсурду. І людзі больш не ведаюць, плакаць ім ці смяяцца, адчуваць сорам ці жаль, абурэнне ці спачуванне. Пытанне зараз настолькі заблытана, што людзям цяжка правесці грань паміж саюзнікамі і непрыяцелямі, паміж ворагам і сябрам, паміж забойцай і ахвярай. Людзі ва ўсім свеце праціраюць у недаўменні вочы...»

Намаляваная прамоўцам карціна была ў нейкай меры характэрнай і для атмасферы, што панавала ў тыя лістападаўскія дні сярод значнай часткі форума. Гэта, апрача ўсяго іншага, праяўлялася ў тым, што некаторыя дазволіўшыя збіць сябе з толку прадстаўнікі не толькі станоўча ацэньвалі сепаратныя дзеянні егіпецкага прэзідэнта, але і выказваліся ў тым сэнсе, што яго візіт — цытую аднаго з прамоўцаў — «паскорыць правядзенне Жэнеўскай мірнай канферэнцыі, актывізуе намаганні для ўрэгулявання блізкаўсходняга канфлікту».

У свой час, а іменна ў 1973 годзе, міжнароднае супольніцтва ўжо было сведкай падобнага лжэўрэгулявання — у абход Жэнеўскай канферэнцыі, шляхам частковых, сепаратных акцый. Быў атрыманы даволі павучальны ўрок. Але калі «да бяды нявопытнасць вядзе», то і вопыт, аказваецца, не страхуе ад бед. Толькі на гэты раз пускалася пад адхон сама ідэя мірных перагавораў.

...Сесія прадаўжалася. У розных залах ААН ішлі дэбаты, прысвечаныя розным аспектам становішча на Блізкім Усходзе. Прымаліся адпаведныя рэзалюцыі — як правіла, прынцыповага і прагрэсіўнага зместу. Але што датычыць практычнага боку справы, то тупіковая блізкаўсходняя сітуацыя нагадвала тунель, святла ў канцы якога так і не было відаць.

 

1 На XXIX сесіі Генеральная Асамблея ААН прызнала Арганізацыю вызвалення Палесціны ў якасці законнага прадстаўніка народа і прадставіла ёй у ААН статус наглядальніка. Савет Бяспекі ў сваю чаргу пацвердзіў прызнанне АВП у адпаведнай рэзалюцыі (381) і санкцыяніруе яе ўдзел ва ўсіх сваіх пасяджэннях і дыскусіях па пытаннях аб Блізкім Усходзе.

Вялікая драма маленькай Гранады

Сёмы дзень кастрычніка. Пятніца. Пасляабедзеннае пленарнае пасяджэнне. (Зала ўжо, бачу, крыху размагнічана прадчуваннем блізкага уік-энда). Працягваецца агульная дыскусія. Старшыня паведамляе, што Асамблея заслухае зараз прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў Гранады. Гранада... Пакуль абвешчаны прамоўца ў суправаджэнні начальніка пратакола ўваходзіць у залу і падымаецца на трыбуну, прыгадваю, што мне вядома пра гэтую яшчэ малавядомую краіну — цёзку апетага савецкім паэтам андалузскага горада ў Іспаніі. Нядаўна ўзнікшая на палітычнай карце свету дзяржава ў Карыбскім басейне, каля ста тысяч чалавек насельніцтва, негры і мулаты, пераважна хрысціяне-католікі, былая калонія Вялікабрытаніі, афіцыйная мова англійская, галоўная культура — мускатны арэх, па вытворчасці якога краіна займае другое месца ў свеце... Ну вось, здаецца, і ўсё. Зрэшты, не так ужо і мала. Такой малюсенькай дзяржаве займаць другое месца ў свеце хаця б па аднаму паказчыку — ужо адно гэта нешта значыць. Цікава, а што ўяўляе сабой кіраўнік, прэм’ер «мускатнай» рэспублікі? Што ён зараз скажа?

— Больш набожны, чым папа рымскі,— шэпча мне, як бы адказваючы на маё мысленнае пытанне, сусед, наш дыпламат.— Пачне зараз узносіць малітвы. І яшчэ будзе, відаць, зноў гаварыць пра талеркі.

— Пра талеркі?

— Так, пра тыя, што лятаюць. Ён іх бачыць ледзь не кожны дзень.

— ?

— Мне дастаўляе задавальненне,— добрасумленна выконвае свой абавязак старшыня сесіі,— вітаць яго правасхадзіцельства сэра Эрыка Мэцью Гейры і запрасіць яго выступіць перад Генеральнай Асамблеяй.

Заінтрыгаваны, папраўляю навушнікі, зручней прыладжваю блакнот. Гранадскі прэм’ер-міністр (ён жа і міністр замежных спраў), яшчэ параўнаўча малады, танклявы мулат, робіць тэатральна падкрэслены жэст ветлівасці ў бок старшыні і пачынае сваю прамову... з псалма: «Хваліце госпада ўсе народы, праслаўляйце яго, усе плямёны, бо вялікая літасць яго да нас, і ісціна боская навекі...»

Вось так. Аказваецца, усё проста, выходзіць, справа міру і прагрэсу ў надзейных, боскіх руках.

Манерна заявіўшы, што «народ Гранады ўпаўнаважыў яго як свайго пакорнага слугу ўнесці ўклад у работу трыццаць другой сесіі Генеральнай Асамблеі», сэр Гейры прызнаўся далей, што «зведвае пэўнае пачуццё веры і задавальнення ў сувязі з тым, што ім кіруе боская сіла», зазначыў, што «на планеце мы проста з’яўляемся гасцямі вышэйшага універсальнага стварэння — бога, які з’яўляецца вярхоўным архітэктарам», заклікаў членаў Асамблеі, каб «пытанне аб вярхоўным універсальным тварцы стаяла не толькі ў царкве і на рэлігійных сімпозіумах, але таксама і дома, і на афіцыйных міжнародных сустрэчах і канферэнцыях», каб «усе цырымоніі, будзь то падпісанне дагавораў, дыскусіі ці іншыя сустрэчы, пачыналіся з прызнання бога, са звароту: «Божа, дапамажы нам!»

Азіраюся: як рэагуе зала на гэтае набажэнства з трыбуны ААН. Ён, думаю, сапраўды такі богабаязны, гэты гранадскі прэм’ер, ці гэта ён фарысействуе, прыкрывае імем боскім, як вуалеткай, свой сапраўдны палітычны твар? Адказ на маё пытанне не замаруджвае з’явіцца.

— Браты і сёстры,— чуецца ў навушніках,— давайце лічыць усіх нас адной вялікай сям’ёй на гэтай зямлі і давайце ўстрымлівацца ад прыняцця адвольных рашэнняў у дачыненні да такіх краін, як Чылі...

Маска спала. Выходзіла, што вонкава набожнаму прэм’еру зусім не чужыя «мірскія» справы, у прыватнасці клопат аб прызнанні піначэтаўскага рэжыму. Потым у яго выступленні прагучала і яшчэ адна ўжо зусім не прапаведніцкая, а, наадварот, адкрыта палітычная нота. Эрык Гейры стаў, захліпаючыся ад захаплення, расхвальваць новую, па яго словах, палітыку Злучаных Штатаў, нядаўнае выступленне Картэра з трыбуны ААН. «Яго словы,— усклікаў пафасна прамоўца,— з’яўляюцца сімвалам рашучасці Амерыкі пакончыць з напружанасцю ў свеце і стварыць разумную аснову для трывалага міру. Хай жа бог благаславіць Злучаныя Штаты Амерыкі за гэтую яго новую ініцыятыву!» («Яго б словы ды богу ў вушы сапраўды»,— заўважыў тут ціха адзін з членаў нашай дэлегацыі).

Было відавочна, словам, якому богу моліцца сэр Эрык Гейры, каму ён гатовы прадаць на корані багацці «вострава мускатнага арэха», толькі што здабытую незалежнасць свайго народа.

Пацвердзілася прадказанне майго суседа па крэслу і наконт лятаючых талерак.

— Я сам бачыў неапазнаны лятальны аб’ект,— упэўнена заяўляў з аўтарытэтнай трыбуны гранадскі прэм’ер, узводзячы вочы ўгору,— і на мяне зрабіла велізарнае ўражанне тое, што я бачыў.

Шмат чуўшыя і рознае бачыўшыя на сваім вяку сцены ААН ветліва слухалі.

— У 1975 годзе,— хваліўся далей Гейры ў сваёй і без таго шматслоўнай прамове,— я ўпамянуў пра розныя незразумелыя з’явы, якія працягваюць заставацца невытлумачальнымі для навукі. Я тады гаварыў пра Бермудскі трохкутнік, як пра адзін з прыкладаў, і заклікаў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый стварыць агенцтва ці дэпартамент для адпаведных даследаванняў. У 1976 годзе я дадаў да гэтага таксама неапазнаныя лятальныя прадметы і звярнуўся да краін свету прадставіць інфармацыю і іншыя даныя аб гэтай унікальнай з’яве.

Дзіўны прэм’ер — ён жа знаток НЛА — паведаміў яшчэ для большай важнасці, што мінулым летам «прысутнічаў і меў гонар выступіць са сваёй заявай на першым міжнародным кангрэсе па неапазнаных лятальных аб’ектах, які адбыўся ў мексіканскім горадзе Акапулька», і затым зноў скіраваў угодліва позірк да Злучаных Штатаў, даў знаць, што і ў дадзеным выпадку яго тут разумеюць і падтрымліваюць.

— Я меў па гэтаму пытанню,— спяшаўся ён падзяліцца з членамі Асамблеі,— гутарку з прэзідэнтам Джымі Картэрам, калі на маю долю выпаў гонар сустрэцца з ім на працягу сарака пяці мінут у час цырымоніі падпісання пагаднення па Панамскаму каналу.

Словам, як гэта часта бывае ў жыцці, у тым ліку ў жыцці грамадска-палітычным, сур’ёзнае ў дадзеным выпадку было густа прыпраўлена недарэчна-камічным, рэальнае — абсурдным.

Так выглядаў на міжнародным форуме кіраўнік адной з маладых карыбскіх дзяржаў з экзатычнай назвай Гранада. Такім быў яго, на паверку, анансаваны ім загадзя «ўклад» у работу сесіі Генеральнай Асамблеі.

Усё гэта было б, канешне, смешна, калі б не было крышку сумна. Але не хацелася верыць, што выслоўе «Кожны народ варты свайго ўрада» мае універсальнае і абсалютнае значэнне. Хацелася верыць, што народ у дадзеным выпадку ні пры чым.

Праз некалькі тыдняў прадстаўнік Гранады, адзін з хаўруснікаў Гейры запэўніваў на пасяджэнні Спецыяльнага палітычнага камітэта, што «выказванні прэм’ер-міністра сэра Гейры на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН адгукнуцца рэхам ва ўсіх калідорах гісторыі, будуць жыць вякамі ў памяці будучых пакаленняў». Гаварылася гэта, што называецца, на поўным сур’ёзе, без малейшага ценю гумару. І гаварылася ў той час, калі да сусветнай грамадскасці ўжо даходзіла рэха рэальных спраў Гейры, яго сапраўднай палітыкі: у краіне груба тапталіся элементарныя дэмакратычныя свабоды, для змагання з прагрэсіўнымі сіламі дыктатарскі рэжым браў на ўзбраенне фашысцкія метады піначэтаўскай клікі...

Пост скрыптум. Не бывае ліха без дабра. Не самае прыемнае знаёмства на сесіі мела адзін станоўчы вынік — з таго часу я ўжо не прапускаў без увагі ўсё, што паведамлялася пра Гранаду. І калі ў сакавіку 1979 года з далёкай Вест-Індыі прыйшла вестка аб тым, што на востраве адбылася рэвалюцыя, якая звергла рэжым Гейры і прывяла да ўлады прагрэсіўную партыю на чале з Морысам Бішопам, я ўспрыняў гэтую падзею як натуральны, непазбежны акт, як яшчэ адну, няхай сабе і лакальную, мясцовага значэння, але няўхільную перамогу дабра над злом. Па-свойму лагічным было і тое, што, як паведамлялі газеты, блазан ад палітыкі Эрык Гейры, ратуючыся ўцёкамі, атабарыўся менавіта ў Майамі і што менавіта тут, з дапамогай амерыканскіх спецслужбаў, стаў збіраць армію наёмнікаў, рыхтавацца да рэваншу.

На жаль — лёс пакуль што не вельмі ласкавы ў адносінах да народа Гранады — рэванш праз чатыры з палавінай гады адбыўся, па сутнасці. Праўда, ажыццёўлены ён быў не самім Гейры з яго аднадумцамі і наёмнікамі і не пры дапамозе якіх-небудзь лятаючых талерак, на прадмет якіх двухсэнсоўна блазнаваў былы дыктатар. На маленькі, плошчай усяго ў трыста квадратных кіламетраў, востраў абрушылі сваю агнявую моц «лятаючыя крэпасці», баявыя самалёты і верталёты з бомбамі, ракетамі і ўзброенымі да зубоў «рэйнджэрамі» на борце і з апазнавальнымі знакамі ВПС ЗША. Напярэдадні быў па-ліхадзейску, з-за вугла забіты Морыс Бішоп, а цяпер быў нанесены смяртэльны ўдар яго краіне. Не паспеўшы як след усвядоміць сваю незалежнасць, адчуць смак самастойнага развіцця, Гранада зноў стала залежнай — на гэты раз ад паўночнаамерыканскіх неакаланізатараў. Зрэшты, гэта не такая ўжо ў пэўным сэнсе і нечаканасць, гэта якраз тое, да чаго імкнуўся, аб чым, як мы бачылі, трызніў услых з трыбуны ААН гранадскі квазі-прэм’ер Гейры.

 

На лаве падсудных — апартэід

 

У Азіі няма вайны, няма вайны ў Еўропе. Толькі на поўдні Афрыкі ідзе вайна, тут скачуць чатыры коннікі Апакаліпсіса.

З выступлення на сесіі Генеральнай Асамблеі

Мы рашуча асуджаем ганебную палітыку апартэіду, якая з’яўляецца злачынствам супраць сумлення і годнасці чалавецтва і гэтак жа, як і нацызм, супярэчыць прынцыпам Статута. Мы зноў пацвярджаем нашу рашучасць не шкадаваць намаганняў, уключаючы намаганні па аказанню падтрымкі тым, хто змагаецца супраць апартэіду, і забяспечыць у адпаведнасці з літарай і духам Статута ліквідацыю апартэіду ў Паўднёвай Афрыцы.

З Дэкларацыі XXV сесіі Генеральнай Асамблеі у сувязі з дваццаць пятай гадавінай ААН

 

На мове афрыкаанс слова «апартэід» («апартхейд»), як гавораць слоўнікі, азначае: адасобленае існаванне, дакладней — раздзельнае існаванне рас. Слоўнікі з уласцівым ім навуковаакадэмічным спакоем толькі канстатуюць факты. На ўсіх мовах, якія з’яўляюцца для ААН афіцыйнымі і на якіх выступалі члены Асамблеі, гэтае паняцце ці, лепш сказаць, сацыяльна-палітычная з’ява, якая абазначаецца словам «апартэід», вытлумачвалася наступным чынам (цытую даслоўна, для зручнасці ўспрыняцця выстройваю выказванні ў слупок):

«Апартэід — расісцкі рэжым белай меншасці», «Апартэід — прадукт каланіялізму»,

«Апартэід — анахранізм нашага веку», «Апартэід — злачынства дваццатага веку», «Апартэід — сучасны фашызм у дзеянні», «Апартэід — бедства ўсяго чалавецтва», «Апартэід — варварскі рэжым»,

«Апартэід — узаконенае зло»,

«Апартэід — скажоны кальвінізм»,

«Апартэід — ракавая пухліна»,

«Апартэід — абраза чалавецтву»,

«Апартэід — рана, якая крываточыць», «Апартэід — агідны сып на твары чалавецтва, баласт мінулага, патэнцыяльная пагроза міру», «Апартэід — гэта проста адмаўленне чалавечнасці, злачынства супраць сумлення і годнасці чалавека»,

«Апартэід — жахлівая пляма на сумленні чалавецтва, выклік нашай цывілізацыі»,

«Апартэід — гэта біч, з якім неабходна змагацца адпаведнай зброяй, усімі сродкамі, якія маюцца ў арсенале міжнароднага супольніцтва», «Апартэід — гэта не толькі філасофія зла, але гэта такая філасофія, што асуджае велізарную большасць чорных і каляровых на становішча рэзервуара дзяшовай рабочай сілы»,

«Апартэід — безумоўна анахранічная палітычная сістэма» (у другіх выпадках перад словазлучэннем «палітычная сістэма» ўжываліся яшчэ эпітэты: «агідная», «амаральная», «д’ябальская», «ненавісная», «драпежная», «блізарукая», «бяздушная», «бесчалавечная» і г. д.).

Гэты сінанімічны каталог можна было б прадаўжаць, але... Па-першае, далей пайшлі б паўторы, ужо выкарыстаныя характарыстыкі. Арсенал моцных, эмацыянальна і маральна афарбаваных эпітэтаў, якімі асуджаюць і кляймяць, не бязмежны нават тады, калі іх бяруць з розных моваў свету. Па-другое, і так, я думаю, дастаткова бачна, якую пазіцыю займала сусветная Асамблея ў дачыненні да апартэіду — найбольш адыёзнай формы расавай дыскрымінацыі. «Няхай ніхто не саромеецца сказаць тут праўду!» — вырвалася ў аднаго з прамоўцаў. І пераважная большасць іх сапраўды гаварыла, што называецца, чыстую праўду, гаварыла тое, чаго апартэід заслугоўвае.

Палітыку і практыку «раздзельнага існавання» асуджалі ў ходзе агульнапалітычнай дыскусіі і пры абмеркаванні пэўных пунктаў парадку дня, на пленарных пасяджэннях і ў час дэбатаў, якія вяліся ў камітэтах. Асуджалі апартэід і асуджалі, натуральна, канкрэтных носьбітаў гэтай сацыяльна-палітычнай з’явы — паўднёваафрыканскіх расістаў. І зноў-такі асабліва не цырымоніліся, называлі іх «монстрамі», «пачварамі», «трагладытамі», «фашыстамі», «крывавымі забойцамі». Прадстаўнік Непала назваў правіцеляў ПАР «рэжымам, які адмаўляецца ўбачыць пісьмёны на сцяне», дэлегат Замбіі — «клікай, якая не толькі жыве ў мінулым, але фанатычна прытрымліваецца глыбока скажонага ўяўлення аб гісторыі», а індыйскі дэлегат атэставаў паўднёваафрыканскіх расістаў як «людзей з зацямнёным розумам, на многа светавых год далёкіх ад разумнага рашэння».

Кропку над «і» ў гэтай усебаковай і рознагалосай атэстацыі ставіў прадстаўнік СССР. «Апартэід,— гаварыў ён,— гэта сучасны фашызм на практыцы. Вядома ўжо даўно сваяцтва расістаў з фашыстамі і нацыстамі... Апартэід унутры ПАР — гэта жорсткія, драконаўскія, фашысцкія законы ў адносінах да карэннага насельніцтва, якое прыроўнена расістамі да гаворачых жывёлін. Апартэід у адносінах да суседніх афрыканскіх народаў, у адносінах да ўсёй Афрыкі — гэта прамая фашысцкая пагроза іх свабодзе і незалежнасці. Расісты з ядзернай зброяй у руках — гэта пачварнае зло, якое павінна быць ліквідавана раней, чым яно прынясе бяду і Афрыцы і ўсяму свету».

Ацэньваючы сістэму апартэіду як злачынства супраць чалавецтва, многія прамоўцы сыходзіліся на тым — і гэта было лагічна,— што яна супярэчыць прынцыпам і мэтам ААН, уяўляе сабой пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы і нават, як зазначыў афрыканскі дэлегат, «падрывае самую аснову справядлівага і свабоднага супольніцтва, якое мы ўсе імкнёмся стварыць». «Расісцкі рэжым ПАР папірае юрыдычны і маральны аўтарытэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацый»,— слушна падкрэсліваў адзін з прадстаўнікоў. А наступны прамоўца нагадаў артыкул Лагоскай дэкларацыі дзеянняў супраць апартэіду, дзе сказана: «Рэжым апартэіду — адзін з галоўных апанентаў ААН у барацьбе за незалежнасць і самавызначэнне народаў».

Словам, асуджалі, кляймілі ганьбай, выкрывалі. Асуджалі з палітычнага, маральнага, прававога пунктаў гледжання. Асуджалі імем Статута ААН, імем Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, імем Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам, імем Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі расавай дыскрымінацыі ва ўсіх яе формах, імем Міжнароднай канвенцыі аб спыненні злачынства апартэіду і пакаранні за яго, імем Лагоскай дэкларацыі аб дзеяннях супраць апартэіду...

Асуджалі, зыходзячы з міжнароднай прававой базы, і асуджалі, спасылаючыся на нацыянальны палітычны, маральна-філасофскі і заканадаўчы вопыт. Прадстаўнік Індыі, напрыклад, гаворачы аб праве кожнага чалавека «свабодна ісці сваім шляхам незалежна ад нараджэння, паходжання і веравызнання», спасылаўся на старажытныя Веды і на вучэнне Гандзі. Дэлегат адной маладой афрыканскай дзяржавы апеліраваў да філасофіі «Зо Кве Зо» і «Зо Айке Зо» («Кожны чалавек ёсць чалавек», «Кожнаму чалавеку — чалавечае»). «Нягледзячы на тое, што мы маленькі народ, што ў нас усяго 62 тысячы насельніцтва,— звяртаўся да Асамблеі дэлегат Сейшэльскіх Астравоў,— мы ўзнімаем свой голас за тое, каб апартэід быў ліквідаваны. Мы разглядаем яго як злаякасную пухліну на целе чалавецтва. Насельніцтва нашай рэспублікі складаецца з афрыканцаў, еўрапейцаў і кітайцаў, гэта значыць з людзей розных рас, але ў нас няма расавай варожасці».

Што датычыць пазіцыі савецкіх дэлегацый, то ў іх тут быў такі важкі, неабвержны аргумент, як ленінская нацыянальная палітыка — палітыка роўнасці, дружбы і брацтва народаў і ажыццёўленае на яе аснове радыкальнае вырашэнне нацыянальнага і расавага пытання ў Савецкім Саюзе. Гэты аргумент і гучаў у іх прамовах, у прыватнасці пры абмеркаванні пытання «Палітыка апартэіду, якую праводзіць урад Паўднёвай Афрыкі». Прадстаўнік СССР гаварыў аб палітыцы Савецкай дзяржавы «як палітыцы міру і дружбы паміж народамі, дапамогі народам, якія змагаюцца за сваю свабоду». «Гэтая наша палітыка,— падкрэсліваў дэлегат Украінскай ССР, маючы на ўвазе салідарнасць з прыгнечанымі народамі поўдня Афрыкі,— з’яўляецца нязменнай і прынцыповай. Яна не дыктуецца якімі-небудзь кан’юнктурнымі меркаваннямі, а выцякае з самой сутнасці сацыялістычнага ладу, народжанага ў выніку перамогі Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі». Гэтае палажэнне развіваў у сваёй прамове і прадстаўнік Савецкай Беларусі. «Мы лічым неабходным,— заяўляў ён з высокай трыбуны,— пацвердзіць яшчэ раз наш прынцыповы пункт гледжання, які заключаецца ў патрабаванні роўнасці для ўсіх людзей і права на самавызначэнне для ўсіх народаў. У гэтым патрабаванні мы зыходзім не з якіх-небудзь агульных пажаданняў ці абстрактных пастулатаў. Мы зыходзім з рэальных норм міралюбівай знешняй палітыкі нашай краіны, з непарушных прынцыпаў ленінскай нацыянальнай палітыкі, пачатак якой быў пакладзены памятнай Дэкларацыяй правоў народаў Расіі — адным з самых першых актаў маладой Савецкай дзяржавы,— і дзякуючы якой (палітыцы) народы былой царскай імперыі, у тым ліку і беларускі народ, атрымалі права на самавызначэнне, права гістарычнага выбару і ў сілу гэтага сталі будаваць свае адносіны на аснове роўнасці, брацтва, узаемнай павагі і супрацоўніцтва. Мы зыходзім з нашага сацыяльнага вопыту, які самым яркім чынам пацвярджае магчымасць забеспячэння юрыдычнай і фактычнай роўнасці ўсіх рас, нацый і народнасцей. Гэты вопыт,— працягваў беларускі дэлегат,— знайшоў належнае адлюстраванне ў артыкулах новай Канстытуцыі СССР. Напрыклад, артыкул 36-ты гаворыць: «Савецкія грамадзяне розных нацыянальнасцей і рас маюць роўныя правы». І далей: «Якое б ні было, прамое ці ўскоснае абмежаванне правоў, устанаўленне прамых ці ўскосных пераваг грамадзян па расавых і нацыянальных прыкметах, таксама як усякая пропаведзь расавай ці нацыянальнай выключнасці, варожасці ці пагарды караецца па закону». Вось набыўшыя сілу законапалажэнняў ісціны, у святле якіх становіцца, я думаю, асабліва зразумелай і пераканаўчай пазіцыя нашай краіны па пытанню, якое абмяркоўваецца».

Апартэід асуджалі (можна ўжыць і больш катэгарычнае слова «судзілі»), прад’яўлялі яму суровы абвінаваўчы акт. І паколькі гэта да таго ж рабілася даволі аднадушна, паколькі ў асуджэнні злачыннай расісцкай сістэмы прымала ўдзел пераважная большасць дзяржаў — членаў ААН (праўда, некаторыя заходнія дзяржавы і іх бліжэйшыя саюзнікі рабілі гэта на свой лад, аб чым яшчэ будзе гаворка),—то часам было такое адчуванне, што як быццам зала пасяджэнняў ператвараецца ў залу суда, высокага і справядлівага, а крэслы для дэлегацыі ПАР — у лаву для падсудных. Той факт, што яны пуставалі, бо яшчэ ў 1974 годзе, на XXIX сесіі Генеральнай Асамблеі, расісцкая Прэторыя была пазбаўлена права ўдзельнічаць у рабоце Асамблеі, не мяняў сутнасці справы. Гэтае ўражанне падмацоўвалася яшчэ і той акалічнасцю, што перад дэлегатамі выступалі ў якасці сведкаў і абвінаваўцаў адначасова непасрэдныя ўдзельнікі барацьбы з каланіяльна-расавым прыгнётам — былыя палітзняволеныя ПАР, прадстаўнікі Афрыканскага нацыянальнага кангрэса, Панафрыканскага кангрэса Азаніі, Народнай арганізацыі Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПА), Панафрыканскага маладзёжнага руху... Усхваляваныя, страсныя, насычаныя канкрэтнымі фактамі выступленні карэнных паўднёваафрыканцаў сапраўды гучалі як паказанні сведак. Што, безумоўна, не магло не адбівацца на атмасферы ў зале.

Міжнароднае супольніцтва асуджала апартэід, судзіла, па сутнасці, носьбітаў расісцкай ідэалогіі і палітыкі. І былі моманты, калі ты быў гатовы з радасным задавальненнем канстатаваць, што вось Аб’яднаныя Нацыі сапраўды аб’ядналіся ў змаганні са сваім агульным ворагам, што ў наяўнасці поўная аднадушнасць, стопрацэнтны кансэнсус.

На жаль, такое магло толькі здацца. На паверку высвятлялася затым, што справа абстаіць інакш, што гаварыць аб стопрацэнтнай аднадушнасці заўчасна.

Што я маю на ўвазе?

Не толькі асобныя, нейтральна «зараджаныя», так сказаць, выключэнні, без якіх не бывае наогул правіл і якія мелі месца ў ходзе сесіі. Напрыклад, не ўсе дэлегацыі прынялі ўдзел у абмеркаванні пытанняў, звязаных са становішчам на поўдні Афрыкі. Дзве-тры афрыканскія дзяржавы, звязаныя эканамічна з ПАР, вельмі нясмела выказваліся ў адрас расісцкага рэжыму. Але гэтыя нетыповыя выпадкі пагоды не рабілі, яны толькі пацвярджалі па-свойму правіла.

Іншая справа — сілы, якія, на жаль, яшчэ ў стане ўплываць на «пагоду», на палітычны клімат у свеце і ад якіх у значнай меры залежыць абстаноўка на поўдні афрыканскага кантынента. Гаворка ідзе пра імперыялістычныя, рэакцыйныя сілы Захаду, якія давалі пра сябе знаць на міжнародным форуме і ў тым ліку пры вырашэнні пытання аб апартэідзе.

У радзе выступленняў звярталася ўвага на вельмі паказальны, сімптаматычны факт: Міжнародную канвенцыю аб спыненні злачынства апартэіду і пакаранні за яго падпісала да гэтага часу... толькі 37 дзяржаў (канвенцыя была прынята Генеральнай Асамблеяй у 1973 годзе па ініцыятыве Савецкага Саюза). Вось вам і аднадушнасць! Ужо адзін гэты факт наглядна паказвае, наколькі яна яшчэ ілюзорная, красамоўна гаворыць аб тым, што ўяўляе сабой рэальная, а не паказная, пазіцыя раду дзяржаў — членаў ААН у дачыненні да набалелай праблемы. У першую чаргу, вядома, заходніх дзяржаў, а таксама Японіі і Ізраіля, якія — менавіта яны ж, а не хто іншы — узначальваюць шарэнгу тых, хто ўсё ўстрымліваецца паставіць подпіс пад прадыктаванай самім жыццём канвенцыяй.

Узяць ужо хаця б характар выступленняў некаторых з гэтых краін. У той час, калі пераважная большасць прамоўцаў называла рэч яе імем (пра гэта сведчыць прыведзены вышэй доўгі спіс характарыстычных эпітэтаў), гаварыла пра апартэід усё, што пра яго трэба было сказаць на палітычным форуме, чаго ён варты як перажытак мінулага, прадстаўнікі заходніх краін, у прыватнасці тых, што складаюць Паўночнаатлантычны блок, дыпламатнічалі, хадзілі кругом ды навокала, рэзанёрствавалі наконт «жахлівай палітыкі» ды «бесчалавечнага расізму» (як быццам можа быць расізм і чалавечны). У той час, калі сапраўдныя барацьбіты супраць апартэіду выносілі яму свой бескампрамісны прысуд, патрабавалі поўнай і безагаворачнай ліквідацыі гэтай сістэмы ўлады (словы «ліквідаваць», «выкараніць», «сцерці з твару зямлі» пераходзілі з адной прамовы ў другую), прадстаўнікі Захаду, яўна не падзяляючы гэтую бескампрамісную пазіцыю, гаварылі ў асноўным пра асобныя заганы і пралікі палітыкі «раздзельнага існавання рас», браліся, па сутнасці, ратаваць расісцкі рэжым і з гэтай мэтай заклікалі яго «абразуміцца», «прыслухацца да голасу розуму», павучалі яго, як набыць «чалавечы твар», г. зн. як прыпудрыць адкрыта агідныя рысы — праявы найбольш зняважлівай для чалавечай годнасці элементарна-штодзённай сегрэгацыі, так званых «міні-апартэіду» ці «расізму ў ліфце».

У той час, калі пераважная большасць удзельнікаў форума сыходзілася на тым, што пара проста добрых пажаданняў і агульных заклікаў прайшла, што адных слоўных асуджэнняў мала («простыя асуджэнні,— гаварыў адзін дэлегат,— здаюцца ўжо цынічнымі»); калі многія прадстаўнікі падкрэслівалі ў сваіх выступленнях, што апартэід добраахвотна не знікне, што патрэбны радыкальныя практычныя, эканамічныя і палітычныя меры, патрэбна дапамога народам, якія вядуць справядлівую, законную барацьбу за вызваленне ад расісцка-каланіяльнага прыгнёту, за раўнапраўнае, свабоднае развіццё; калі з высокай трыбуны гучала патрабаванне аб міжнароднай ізаляцыі расісцкага рэжыму, а адзін прамоўца, прадстаўнік Індыі, прыгадаўшы ў якасці прэцэдэнта Нюрнбергскі працэс, нават паставіў пытанне аб асабістай крымінальнай адказнасці паўднёваафрыканскіх расістаў, аб неабходнасці «выпрацаваць новы аспект міжнароднага права, новае заканадаўства ў дачыненні да злачынстваў расізму»,— у гэты час прадстаўнікі заходніх краін выступалі супраць дзейсных узгодненых крокаў, супраць ізаляцыі, а, наадварот, стаялі за дыялог з расісцкім урадам ПАР. «Што датычыць нас,— гаварыў ад імя «дзевяткі» прадстаўнік Бельгіі,— то мы не лічым, што такая ізаляцыя будзе спрыяць тым асноўным зменам, на якія мы спадзяёмся. Мы па-ранейшаму лічым, што адмаўленне ад любога дыялогу з урадам Прэторыі не будзе адпавядаць інтарэсам Паўднёвай Афрыкі ці міжнароднага супольніцтва» (беспадстаўная апеляцыя да міжнароднага супольніцтва, якое, як мы бачылі, па-другому глядзіць на справу.— А. В.). «Хаця Нідэрланды,— звяртаўся да Асамблеі чарговы прамоўца,— пастаянна адвяргалі палітыку апартэіду і асудзілі становішча ў Паўднёвай Афрыцы, мой урад лічыць важным захаваць дыялог з ёй для таго, каб паспрабаваць пераканаць яе ў тым, што апартэід памылковы і амаральны (падкрэслена мною.— А. В.). «Мы па-ранейшаму лічым,— працягваў фарысействаваць нідэрландскі дыпламат,— што важна захаваць адкрытымі каналы камунікацый з Паўднёвай Афрыкай, таму што мы не хочам губляць кантакты з тымі, хто выступае супраць апартэіду. Па гэтай жа прычыне Нідэрланды вагаюцца разарваць свой дагавор аб культурным супрацоўніцтве з Паўднёвай Афрыкай» (своеасаблівая амальгама крывадушнасці, вымушанага паўпрызнання і настальгічнага сіндрому былой каланіяльнай дзяржавы.— А. В.). «Хаця мы (зноў гэтае ўхілістае «хаця»),— заяўляў прадстаўнік ФРГ,— не можам сказаць, што нядаўнія падзеі ў Паўднёвай Афрыцы ўсяляюць у нас надзею, мы ўсё ж лічым, што поўная ізаляцыя рэжыму Прэторыі падарвала б усе намаганні, накіраваныя на неабходныя перамены без кровапраліцця» (словы «ўсе намаганні» гучалі вельмі няпэўна, павісалі ў паветры.— А. В.). І гэтак далей.

Інакш кажучы, насуперак вядомым дэкларацыям і рашэнням ААН, уразрэз з прынцыпамі Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, згодна з якой «дзяржавы абавязваюцца не заахвочваць, не абараняць і не падтрымліваць расавую дыскрымінацыю», прадстаўнікі капіталістычных краін Захаду бралі, па сутнасці, пад абарону адкрыта расісцкі рэжым, які не толькі ў выглядзе афіцыйнай дактрыны, але і ў выглядзе практычнай урадавай дзейнасці ажыццяўляе гэтую дыскрымінацыю ў яе найбольш агіднай, даведзенай да лагічнага канца форме.

У апраўданне сваёй двудушнай пазіцыі яны, як бачым, прыводзілі «аргументы», нават гаварылі, што дбаюць пра інтарэсы карэнных паўднёваафрыканцаў і ўсяго міжнароднага супольніцтва. Але гэта быў, як правільна заўважыў з абурэннем дэлегат адной незалежнай афрыканскай дзяржавы, «разлік на прастакоў», гэта было не што іншае, як спроба захаваць добрую міну пры дрэннай гульні, а заадно — і закамуфліраваць прычыны сваёй сапраўднай, а не паказной заклапочанасці становішчам на поўдні Афрыкі — боязь за ўласную кішэнь, за свае карыслівыя інтарэсы, за капіталаўкладанні транснацыянальных кампаній, пачуццё маральна-палітычнай салідарнасці з ПАР як неад'емнай часткай Захаду, як фарпостам так званай заходняй цывілізацыі ў паўднёваафрыканскім рэгіёне. На словах было адно, а ў думках другое. Нагляднае праяўленне тыповай буржуазнай дыпламатыі, дыпламатыі «з двайным дном».

Тое, што замоўчвалі свядома, не мелі права гаварыць з трыбуны ААН заходнія дыпламаты, выклаў у парыве шчырасці небезвядомы лорд Чалфонт (што не дазволена дыпламату, дазволена лорду). У нумары лонданскай «Таймс», які ўбачыў свет якраз у тыя дні, калі на сесіі Генеральнай Асамблеі абмяркоўваліся пытанні, звязаныя са становішчам на поўдні Чорнага кантынента, ён пісаў: «Мы павінны помніць, што Паўднёвая Афрыка з’яўляецца адным з самых важных гандлёвых партнёраў Вялікабрытаніі, што яна валодае вялікай доляй карысных выкапняў, ад якіх залежаць працвітанне і бяспека Захаду, што яе парты кантралююць водныя шляхі з Індыйскага акіяна ў Атлантычны, па якіх у Заходнюю Еўропу ідуць жыццёва важныя пастаўкі нафты з Блізкага Усходу. Калі Паўднёвая Афрыка падзе, будзе ўкінута ў хаос,— рэзюміраваў лорд,— нам не пазбегнуць вынікаў гэтага».

Знаёмыя, ці не праўда, матывы? Новыя, сучасныя варыяцыі на старую, даволі паспяхова апрабаваную яшчэ ў баявых, прасякнутых захопніцкім духам куплетах Кіплінга тэму: «Яна ж Афрыкай была, нашай Афрыкай была, нашай уласнаю была, Афрыкай — і баста!»

Памры лорд Чалфонт, лепш не папішаш, не атрымаеш лепшы, чым яго прызнанне, ключ да разумення палітыкі Англіі, ЗША і іх саюзнікаў, накіраванай на захаванне сваіх эканамічных пазіцый на поўдні Афрыкі і, значыць, на падтрымку і ўвекавечанне расісцкага рэжыму ў ПАР.

Трэба аддаць належнае членам Асамблеі — яны ў пераважнай сваёй большасці правільна ацэньвалі сітуацыю і, выкрываючы расістаў, асуджалі і іх заходніх апекуноў і саюзнікаў, іх саўдзельнікаў у ажыццяўленні палітыкі расавай дыскрымінацыі, неакаланіялізму і апартэіду. Тон тут задавалі краіны сацыялістычнай садружнасці з іх выразна прынцыповым, антыкаланізатарскім і антыімперыялістычным падыходам да справы. Актыўна асуджалі знешнепалітычны курс Захаду, за рэдкім выключэннем, афрыканскія краіпы, дэлегацыі арабскіх і іншых, у прыватнасці недалучыўшыхся, краін — членаў ААН.

«Ні для кога не сакрэт,— выступаў прадстаўнік СССР,— што сістэма апартэіду ўжо даўно прыйшла б да поўнага краху, калі б правіцелі Прэторыі не карысталіся шырокай падтрымкай з боку манаполій раду заходніх краін — членаў Паўночнаатлантычнага ваеннага блоку. Відаць, у гэтых адносінах мэты паўднёваафрыканскіх расістаў і іншаземных транснацыянальных манаполій поўнасцю супадаюць». «У апартэіду як пэўнай сацыяльна-палітычнай з’явы ёсць свае, парадзіўшыя яго прычыны,— зазначаў з трыбуны ААН дэлегат Беларускай ССР.— І не толькі гістарычныя. Адным каланіяльным мінулым тут усяго не вытлумачыш. Неабходна яшчэ і яшчэ раз пільна прыгледзецца да сучаснасці. І пры бліжэйшым разглядзе гэтымі сучаснымі фактарамі аказваюцца: заходні капітал, карыслівыя інтарэсы нацыянальных і транснацыянальных манаполій, палітычныя разлікі пэўных колаў Захаду. Менавіта гэтыя сілы, насуперак рашэнням ААН і голасу сусветнай грамадскасці, падтрымліваюць і спрабуюць закансервіраваць анахранічны рэжым апартэіду і аказваюць яму з гэтай мэтай усялякую дапамогу — эканамічную, ваенную, палітычную». Гнеўнай інвектывай прагучала таксама прамова кубінскага дэлегата. «На працягу дзесяцігоддзяў,— гаварыў ён,— імперыялізм праводзіць палітыку, якая мае на мэце ўмацаваць уладу расісцкай меншасці ў Прэторыі і ператварыць Паўднёвую Афрыку ў перадавы бастыён Паўночнаатлантычнага дагавора (НАТО), г. зн. у стратэгічную базу ваенна-марскіх сіл і сістэм камунікацый для ваенных дзеянняў у паўднёвай частцы Атлантычнага акіяна і ў Індыйскім акіяне (тое, аб чым прамаўчаў, не дагаварыў да канца лорд Чалфонт.— А. В.). Імперыялізм накіроўвае інвестыцыі транснацыянальных кампаній у гэтую частку свету з мэтай атрымання патрэбных яму стратэгічных сыравінных матэрыялаў і ўмацавання ўлады расістаў. Імперыялізм умацоўвае таксама ўладу белай меншасці, прадаючы яму ўсе віды зброі, уключаючы нават ядзернае абсталяванне».

Прамова да прамовы, факт да факта, доказ да доказу, і рабілася відавочнай тая несамавітая роля, якую адыгралі і працягваюць адыгрываць краіны капіталу ў крызіснай сітуацыі, што склалася ў Паўднёвай Афрыцы.

На сесіі выкрывалася таксама фальшывая, двудушная палітыка Захаду ў дачыненні да канфлікту на поўдні Афрыкі і, у прыватнасці, у дачыненні да рэакцыйнага расісцкага рэжыму Прэторыі. «Сярод нас існуе група краін, якія плывуць супраць цячэння,— канстатаваў дэлегат Мадагаскара.— Сёння яны галасуюць супраць расісцкай меншасці, а заўтра яны будуць дапамагаць расісцкаму рэжыму. Гэта тыя краіны, якія падкрэслівалі важнасць прыняцця кансэнсусам Лагоскай дэкларацыі, але якія пры першай жа магчымасці, у прыватнасці ў Чацвёртым камітэце, заявілі аб сваіх агаворках пры галасаванні па праекту рэзалюцыі адносна замежных эканамічных і іншых інтарэсаў і зрабілі тое ж самае ў Савеце Бяспекі, калі праводзілася галасаванне па афрыканскай рэзалюцыі, унесенай Лівіяй, Бенінам і Маўрыкіем. Гэта тыя краіны, якія, прапаведуючы вартасці дыялогу і метаду пераканання, хочуць змяніць дыктатарскі характар рэжыму Прэторыі, не наносячы ў той жа час урону палітычнаму, эканамічнаму, ваеннаму і ядзернаму супрацоўніцтву, якое існуе паміж імі і расісцкім рэжымам. Гэта тыя краіны, якія хочуць дабіцца ад расісцкага рэжыму ўступак, не спыняючы і нават не пагражаючы спыніць эканамічную і фінансавую дапамогу, ад якой залежыць само існаванне данага рэжыму і ўвекавечанне яго бесчалавечнай палітыкі».

Многія прамоўцы ўказвалі на тыя пагубныя вынікі, якія тоіць у сабе падтрымка расісцкай сістэмы. «Дапамога апартэіду,— перасцерагаў прадстаўнік Бангладэш,— сур’ёзна пагражае маральнай і інтэлектуальнай структуры нашага сусветнага супольніцтва; яна ставіць пад сумненне жыццяздольнасць і суверэнітэт амаль ста дзяржаў, якія набылі незалежнасць, вызваліўшыся ад каланіяльнага панавання. Мір без справядлівасці эфемерны, сусветны парадак, заснаваны на прызнанні такога яўнага адхілення ад міжнародных норм, з’яўляецца па-ранейшаму насмешкай. Таму Бангладэш безагаворачна падтрымлівае ідэю поўнай ліквідацыі апартэіду ва ўсіх яго праявах».

У радзе выступленняў быў падвергнуты крытыцы і ўлюбёны «канёк» заходніх палітыкаў — іх заклікі шляхам дыялогу, шляхам пераконвання і ўгавораў «перавыхаваць» правіцеляў ПАР і гуманізаваць такім чынам расісцкі рэжым. «Нам цяжка паверыць у тое,— заўважыў іранічна савецкі дэлегат,— што расісцкіх правіцеляў на поўдні Афрыкі можна ўгаварыць стаць больш чалавечнымі. Маральныя заклікі наўрад ці здольныя падзейнічаць па іх». «Заклікаючы да мірнага вырашэння праблемы,— гаварыў кіраўнік дэлегацыі ГДР у адрас заходніх дзяржаў,— яны спрабуюць увесці ў зман народы. Ці можна дабіцца мірнага вырашэння, пастаўляючы расістам зброю і ствараючы для іх умовы, у якіх тыя могуць прадаўжаць тэрор і агрэсію? Як можна ацаніць пазіцыю тых, хто дае магчымасць расістам ствараць ядзерны патэнцыял для далейшага ўзбраення і ў той жа час аспрэчвае права нацыянальна-вызваленчых рухаў на барацьбу супраць гэтага рэжыму?» «Смешнымі і нелагічнымі» назваў прадстаўнік Лівіі заявы заходніх дзяржаў аб тым, што расісцкі рэжым Прэторыі будзе добраахвотна супрацоўнічаць у плане спынення палітыкі апартэіду.

Не магу не прыгадаць і яшчэ адзін характэрны момант, які, безумоўна, робіць гонар ААН, яе Генеральнай Асамблеі (ва ўсякім выпадку — значнай частцы яе). Насуперак вядомаму выслоўю аб тым, што мова дадзена дыпламатам для таго, каб утойваць думкі, асуджэнне колаў, якія падтрымліваюць і апякаюць расістаў, часам выходзіла за межы дыпламатычных умоўнасцей і набывала высокі маральны пафас, гучала на гнеўнай ноце. «Тут выступаюць тыя, на чыіх руках кроў нашых людзей!» — усклікнуў дэлегат Беніна ўслед за выступленнем аднаго з заходніх прадстаўнікоў. «Што датычыць тых, хто дапамагае расістам,— заяўляў член лівійскай дэлегацыі,— то яны ў сваю чаргу з’яўляюцца саўдзельнікамі злачынстваў, якія робяцца расісцкім рэжымам і павінны несці адказнасць за любыя вынікі». «Асноўныя заходнія дзяржавы,— гаварыў прадстаўнік Замбіі,— павінны адмовіцца ад сваіх масавых капіталаўкладанняў у расісцкай Паўднёвай Афрыцы, раней чым іх так званыя прыбыльныя прадпрыемствы не будуць разбураны, калі ў дзень адказу высветліцца, што яны стаяць на баку злачынцаў». «Якім чынам паўднёваафрыканскаму ўраду ўдаецца кідаць выклік аднадушна выказанай думцы ўсяго цывілізаванага свету? — задаваўся пытаннем член індыйскай дэлегацыі і адказваў:— Адказ на гэтае пытанне з’яўляецца горкім каментарыем адносна ўлады грошай, якая здольна разбэсціць чалавечы дух. Некаторыя высокаразвітыя нацыі ведалі, што з’яўляецца дабром, але рабілі зло. Яны аддавалі перавагу грашам, а не маралі, прыносілі этыку ў ахвяру прыбыткам, а маральныя каштоўнасці — у ахвяру інтарэсам гандлю. Яны спрабавалі — і ва многіх выпадках не без поспеху — забыць пра той факт, што прамысловыя колы, якія энергічна круцяцца ў іх уласных краінах для таго, каб вырабляць зброю і іншыя неабходныя тавары для Паўднёвай Афрыкі, перамолваюць тысячы чорных, якія пражываюць на адлегласці ў некалькі тысяч міль ад іх. Нафта і ўзбраенне або ліцэнзіі — усё, неабходнае для таго, каб трымаць пад прыгнётам 21 мільён не белых, працягвае паступаць у Паўднёвую Афрыку. У чым жа справа? Справа ў тым, што ў гэтых краінах існуюць нацыянальныя інтарэсы, для якіх золата даражэй, чым нечыя плоць і кроў».

Такім чынам, паўтараю, супольніцтва нацый асуджала, кляйміла ганьбай не толькі непасрэдных носьбітаў палітыкі і ідэалогіі апартэіду, але і тых, хто «иже с ними», выкрывала апошніх не толькі ў палітычным плане, але, як мы толькі што бачылі, і ў плане маральна-этычным, выяўляла іх буржуазна-эксплуататарскую сутнасць. І гэткі пункт гледжання меў пад сабой усе падставы, бо, як заявіў дэлегат Шры Ланкі, «той, хто садзейнічае забойству, яшчэ большы забойца, чым той, хто забівае».

І гэта было прынцыпова важна, бо даказвала, што адыходзіць у нябыт «права сілы» і ўсё мацней усталёўваецца на арэне «сіла права», што прайшлі часы беспакаранай каланіяльнай экспансіі, эксплуатацыі і грабяжу, часы сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.

Абмеркаванне праблем, звязаных з расісцкай сістэмай апартэіду, са становішчам карэннага насельніцтва ў ПАР, давала падставу і для яшчэ аднаго суцяшальнага вываду: у нашым сённяшнім узаемазвязаным і ўсё больш цесным свеце застаецца ўсё менш месца для чужых бед і трагедый — яны становяцца тут жа прадметам заклапочанасці ўсяго міжнароднага супольніцтва.

Чытач можа спытацца: а што Генеральная Асамблея зрабіла рэальна на сваёй чарговай сесіі для хутчэйшай ліквідацыі апартэіду? Дэбаты дэбатамі, асуджэнне асуджэннем, але ці знайшоў гэты крытычны пафас увасабленне ў якіх-небудзь арганізацыйных захадах, практычных кроках і рашэннях?

Знайшоў. Знаходзіў. Даю ў некалькіх словах даведку.

Пасля таго як з Паўднёвай Афрыкі прыйшлі трывожныя весткі аб чарговай кампаніі жорсткіх рэпрэсій супраць прагрэсіўных сіл (забарона дзейнасці 18 розных грамадскіх арганізацый, закрыццё адзінай у краіне газеты для карэнных афрыканцаў і арышт яе рэдактара і г. д.), прадстаўнік Маўрыкія запатрабаваў у самай катэгарычнай форме ўмяшання ААН, неадкладнага прыняцця адпаведных санкцый. Яго актыўна падтрымалі афрыканскія і многія іншыя дзяржавы. І вось Савет Бяспекі — гэта адбывалася ў першых чыслах лістапада — прыняў згодна з артыкулам VII Статута ААН рашэнне аб абавязковым і ўсеагульным эмбарга на пастаўкі зброі і ваенных матэрыялаў расісцкаму рэжыму ПАР (рэзалюцыя 418). Заходнія дзяржавы — члены Савета Бяспекі былі вымушаны на гэты раз палічыцца з голасам міжнароднага супольніцтва. Тым больш што іх козыр адносна таго, што можна па-добраму дамаўляцца з расістамі, быў яўна біты самім ходам падзей.

Рэзалюцыя 418 па-рознаму ацэньвалася ўдзельнікамі сесіі. Адны віталі яе з большым аптымізмам, другія з меншым. Адны называлі важным крокам, другія — крокам правільным, але запозненым і недастаткова эфектыўным, ставілі пытанне аб прымяненні эканамічных і іншых больш дзейсных санкцый. Напрыклад, прадстаўнік Кувейта, назваўшы рэзалюцыю «вехай у гісторыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», гаварыў: «Некаторыя з нас лічаць рэзалюцыю аб увядзенні эмбарга на пастаўкі зброі тым малым, што прыйшло занадта позна; у той час як другія лічаць, што гэта не вельмі мала і не вельмі позна».

Так, вялікага практычнага значэння рэзалюцыя 418 сапраўды, відаць, не мела. Нават самі паўднёваафрыканскія верхаводы заявілі, што рашэнне Савета Бяспекі іх асабліва не палохае, што ў іх, маўляў, і без таго хапае рознай зброі (што было падобна на праўду). Але ў палітычным плане акцыя Савета Бяспекі ўяўляла сабой, безумоўна, пэўны поспех. Па-першае, быў добрай прыкметай, абнадзейваў ужо сам па сабе факт аднагалоснасці ў падыходзе да наспелай праблемы часу. Упершыню ў гісторыі ААН яе важнейшы орган, закліканы стаяць на варце міру і бяспекі, уводзіў у адпаведнасці са Статутам абавязковыя санкцыі супраць адной з дзяржаў. Па-другое, аднадушнае прыняцце рэзалюцыі 418, гаворачы словамі дэлегата Грэцыі, «адлюстроўвала волю міжнароднага супольніцтва сцерці апартэід з твару зямлі».

Гэта што датычыць рашэння Савета Бяспекі.

Былі прыняты адпаведныя рашэнні і Генеральнай Асамблеяй. Абмеркаванне пытання «Палітыка апартэіду, якую праводзіць урад Паўднёвай Афрыкі», якое ішло на пленарных пасяджэннях і прадаўжалася амаль тыдзень, завяршылася галасаванпем і зацвярджэннем аж чатырнаццаці рэзалюцый («Мэтавы фонд ААН для ПА», «Міжнародны год барацьбы супраць апартэіду», «Сувязі паміж Ізраілем і ПА», «Палітычныя зняволеныя ў ПА», «Ваеннае і ядзернае супрацоўніцтва з ПА», «Эканамічнае супрацоўніцтва з ПА», «Становішча ў ПА», «Бандустаны» і інш.). Заходнія, у прыватнасці натаўскія, дзяржавы па раду найбольш важных рэзалюцый галасавалі супраць, у некаторых выпадках націскалі жоўтую кнопку, устрымліваліся ці галасавалі з агаворкамі, якія потым выказвалі ў выступленнях па матывах галасавання. Але яны былі ў вартай жалю меншасці. Абсалютная большасць краін свету недвухсэнсоўна выказалася — ужо ў форме ўзаемаўзгодненых дакументаў — за міжнародную ізаляцыю і выкараненне рэжыму апартэіду. Прымалася рашэнне, згодна з якім наступны год абвяшчаўся Міжнародным годам барацьбы супраць апартэіду. Зазначу, што дэлегацыя Беларускай ССР не толькі падтрымлівала ўсе чатырнаццаць рэзалюцый, звязаных з рознымі аспектамі змагання супраць «раздзельнага існавання рас», але і была сааўтарам праектаў некаторых з гэтых рэзалюцый («Аб асуджэнні эканамічнага супрацоўніцтва з ПА», «Аб асуджэнні сувязі паміж Ізраілем і ПА», «Аб дапамозе нацыянальна-вызваленчаму руху Паўднёвай Афрыкі» і інш.).

Магчыма, не ўсім гэтым рэзалюцыям было суджана дасягнуць сваёй мэты. Але яны былі крокам наперад у высакароднай, гуманнай справе, яны сведчылі аб тым, што ААН уступае ў новую фазу барацьбы з апошнім бастыёнам каланіялізму і расізму на афрыканскім кантыненце.

 

Сустрэча ў дзень салідарнасці

У шуфлядзе майго пісьмовага стала беражліва захоўваецца адзін асабліва дарагі мне аанаўскі сувенір — круглы зялёна-жоўты значок з чорнымі надпісамі: «Свабоду палітычным зняволеным Паўднёвай Афрыкі» (зверху, на зялёнай палавіне), «Свабоду Нельсану Мандэле» (у цэнтры, буйнымі літарамі), «Афрыканскі нацыянальны кангрэс» (знізу, на жоўтай палавіне). З’яўленне гэтага значка ў мяне звязана з наступнай падзеяй...

Адной з несумненных заслуг ААН, тым крокам, які сведчыць пра яе дзеяздольнасць і рэалізм, з’яўляецца прызнанне ёй законнасці барацьбы карэнных паўднёваафрыканцаў супраць каланіяльнага прыгнёту і апартэіду, за стварэнне не расавага і дэмакратычнага грамадства. Гэтае прызнанне знаходзіць увасабленне ў адпаведных рашэннях і акцыях (аб чым ішла гаворка ў папярэднім раздзеле), у тым факце, што стала традыцыяй запрашаць для выступлення на Генеральнай Асамблеі лідэраў нацыянальна-вызваленчых рухаў на поўдні Афрыкі і, у прыватнасці, у актах салідарнасці з ахвярамі расізму і палітычнымі зняволенымі ПАР.

11 кастрычніка было абвешчана ў ААН Днём салідарнасці з ахвярамі расісцкай сістэмы і палітзняволенымі Паўднёвай Афрыкі. У сувязі з гэтым адбылося некалькі пасяджэнняў Спецыяльнага камітэта супраць апартэіду, у якіх прынялі ўдзел дэлегаты Асамблеі, прадстаўнікі раду паўднёваафрыканскіх вызваленчых рухаў і многіх няўрадавых арганізацый свету, якія не прымаюць расавую дыскрымінацыю і падтрымліваюць так ці інакш змагароў супраць яе (Міжнароднага фонду абароны і дапамогі, Сусветнага Савета Міру, Камітэта юрыстаў за грамадзянскія правы ў адпаведнасці з законам, Сусветнай канферэнцыі па праблемах рэлігіі і міру і г. д.).

Склад удзельнікаў маніфестацыі быў, як бачым, надзвычай стракаты. Але ўсе аднадушна сыходзіліся на тым, што яўна ўстарэлы, анахранічны рэжым апартэіду — гэта зло, з якім нельга мірыцца, усе выказвалі ў той ці іншай форме салідарнасць з барацьбітамі супраць гэтага рэжыму і вязнямі расісцкіх рэпрэсій. З трыбуны ААН вымаўляліся імёны і цытаваліся словы зацкаванага некалькі год назад расісцкімі ўладамі Альберта Лутулі і кінутых за краты Нельсана Мандэлы і Дароці Н'ембе, выказваліся пачуцці абурэння і гневу ў сувязі з нядаўняй гібеллю ў расісцкім засценку аўтарытэтнага афрыканскага лідэра, кіраўніка руху «Свядомасць чорных» Стывена Біка. З пранікнёным словам звярталася да «братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў турмах, нясуць цяжар пакут», удава Марціна Лютара Кінга Карэта Кінг. На пасяджэнні выступіў таксама лонданскі канонік Джон Колінз, які шмат гадоў падтрымлівае маральна і матэрыяльна працу камітэта супраць апартэіду. Хаця ён як духоўная асоба і не падзяляў метады ўзброенай барацьбы («Нянавісць, — гаварыў ён,— народзіць большую нянавісць, кроў пралье яшчэ большую кроў»), але тым не менш рашуча далучаўся да пратэсту супраць расавай дыскрымінацыі, кідаў словы папроку ў адрас тых, хто «на словах выступае супраць апартэіду, але ўстрымліваецца ад канкрэтных палітычных і эканамічных мер супраць яго». «Мяне называюць тварцом дабра,— гаварыў канонік,—але гэта лепш, чым дабра жадаць, а не тварыць яго».

У ліку паўднёваафрыканцаў, якія прысутнічалі на пасяджэннях, былі і нядаўнія палітзняволеныя ПАР. Першым выступіў былы вязень сумна вядомай расісцкай турмы на Робенайлендзе — скалістым востраве недалёка ад Кейптауна (за ім замацавалася назва «вострава смерці»). «Дванаццаць гадоў зняволення,— гаварыў ён,— вопыт нялёгкі, але па-свойму павучальны і каштоўны. Калі да гэтага ў цябе яшчэ былі нейкія ілюзіі адносна расісцкай белай меншасці, то на Робен ты пазбавішся ад іх канчаткова і на ўсё тваё жыццё. Уявіце сабе, што нават у турме існуе дыскрымінацыя: аднаму даюць на сняданне лыжку цукру, другому — паўлыжкі, аднаго выпусцяць на прагулку, а другога — не. Глыбока памыляюцца тыя, хто лічыць, што апартэід можна гуманізаваць. Для нас відавочна, што гэта немагчыма, што яго можна толькі знішчыць барацьбой, у тым ліку ўзброенай». Сваё выступленне змагар з расісцкім прыгнётам скончыў баявым дэвізам: «Наш выбар — свабода або смерць!»

Затым слова было дадзена яшчэ аднаму, маладзейшаму па ўзросце, афрыканцу. Ён пачаў збянтэжана-ціха, потым голас памацнеў, стаў нарастаць. Не зусім звычайнай была танальнасць прамовы: узыходная інтанацыя рытмічна змянялася зыходнай, адзін сказ адбіваўся паўзай ад другога і заканчваўся ўсё тым жа націскным словам «Сауэта». Я спачатку аднёс гэтую асаблівасць наконт манеры гаварыць, а потым, прыслухаўшыся да сінхроннага перакладу, зразумеў: выступае паэт, чытаецца верш...

 

Ім мала крыві бацькоў,

кроў дзяцей пралілі яны... О, Сауэта!

Забудзеш многія дні,

толькі не гэты дзень... О, Сауэта!

 

Скончыўшы чытаць, прамоўца-паэт дадаў: «Мы пахавалі ахвяры, мы аплакалі іх, і мы будзем працягваць іх справу, будзем змагацца. Я асабіста прыняў такое рашэнне: я больш не буду хавацца і, калі вярнуся дамоў — абвяшчу галадоўку».

Пасля пасяджэння я падышоў — не змог стрымацца — да афрыканскага паэта, яшчэ зусім маладога, прыгожага, з валявым, адухоўленым тварам, у строгай скураной куртцы чалавека,— прадставіўся, сказаў, што мне цікава было сведчыць, як у сценах ААН гучыць верш, як побач з палітычнай заявай у змаганне з расізмам уступае паэтычнае слова. Афрыканец падзякаваў, крыху сумеўшыся, і сказаў:

— Так, я прачытаў свой верш, прысвечаны крывавай драме — расстрэлу школьнікаў у Сауэта. Я не мог не напісаць. Мы прыйшлі да вываду,— пры слове «мы» ён паглядзеў на стаяўшых побач былога вязня «вострава смерці» і маладую жанчыну-негрыцянку, якая глядзела на паэта закаханымі вачыма,— што больш нельга траціць часу, што трэба змагацца ўсімі сродкамі, у тым ліку і зброяй слова.

— Вы маеце рацыю. Слова — таксама зброя. У гэтым можна было пераканацца на сённяшнім пасяджэнні.

— Я пішу вершы таму, што яны даюць мне магчымасць выказваць тое, што я думаю і адчуваю, гэта значыць магчымасць змагацца з расізмам.

— Я ведаю, што ў вас існуе літаратура пратэсту, літаратура, якая выступае за правы і свабоду чалавека, супрацьстаіць цёмнаму царству апартэіду. Яна перакладаецца і выдаецца ў нашай краіне. З адным яе прадстаўніком я знаёмы асабіста.

— Так? З кім іменна? — спытаў заінтрыгаваны паўднёваафрыканец.

— З Алексам Ла Гумай. Вам гэтае імя, канешне, вядома?

— Алекс Ла Гума! — усклікнуў мой субяседнік, а яго спадарожнікі сцвярджальна заківалі галовамі і заўсміхаліся.— Дзіва што! Вы яго ведаеце? Вы з ім сустракаліся?.. Мы ведаем яго творы, хаця іх і забаронена ў нас друкаваць і чытаць, але вось сустрэцца з ім асабіста я не мог.

— Ён прыязджае ў нашу краіну. У першы свой прыезд ён наведаў Мінск, тады мы з ім і пазнаёміліся. У другі раз мы сустрэліся ў Ташкенце, на сумесным форуме пісьменнікаў нашай краіны і краін Афрыкі і Азіі. Памятаю, ваш раманіст сказаў з болем: «Нас тут прымаюць так цёпла, як самых блізкіх сяброў, як братоў. А ў сябе дома мы для белых расістаў — людзі трэцяга гатунку, нікчэмныя гагентоты або непажаданыя элементы».

— На жаль, гэта так,— сумна пацвердзіў афрыканскі паэт.— Але мы спадзяёмся, што прыйдзе час, калі мы станем свабоднымі і калі будзем сустракаць у сябе на радзіме ўсіх тых, каму сёння забаронены шлях у Паўднёвую Афрыку.

Я сказаў, што савецкія людзі выступаюць супраць расізму ва ўсіх яго формах і праявах, спачуваюць нацыянальна-вызваленчай барацьбе ў Паўднёвай Афрыцы, што беларуская дэлегацыя ўносіць на разгляд Генеральнай Асамблеі праект рэзалюцыі «Свабоду вязням імперыялізму і рэакцыі», а таксама рыхтуецца да выступлення ў дыскусіі па пытанню «Палітыка апартэіду, якую праводзіць урад Паўднёвай Афрыкі».

— Мы вам вельмі ўдзячны,— ціха сказаў змагар-антырасіст.— Нам нялёгка было прыехаць сюды. Але нашы спадзяванні апраўдаліся. Мы выступілі і бачым, што наш голас — не марны лямант у пустыні, што нас разумеюць, нас падтрымліваюць, што на нашьтм баку — салідарнасць усяго свету. Калі мы вернемся на радзіму, мы будзем пра гэта і расказваць, і пісаць...

— I ў паэтычнай форме?

— I ў вершах таксама. Бо вершы можна распаўсюдзіць. Няхай нават нелегальна.

На гэтым мы развіталіся.

І вось на развітанне паўднёваафрыканцы падарылі мне і нашаму дыпламату, які ўдзельнічаў у размове ў якасці перакладчыка, той самы значок, аб якім я расказаў напачатку і каляровая гама якога паўтарае колеры сцяга Афрыканскага нацыянальнага кангрэса.

 

«Мы ўсе прысягнулі гэтым прынцыпам», або што з трыбуны ААН гавораць аб самой ААН

Гартаю свае занатоўкі і бачу, што гэта тэма — тэма ААН — закранаецца так або інакш, у той або іншай форме на працягу ўсёй сесіі.

Падкрэсліваецца перш за ўсё ў радзе выступленняў значэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый як унікальнага прадстаўнічага форуму для вырашэння спрэчных міжнародных пытанняў мірным шляхам, шляхам шматбаковых дыпламатычных зносін, як важнага інструмента міру і супрацоўніцтва. «Асноўная мэта ўсёй дзейнасці ААН,— зазначыў у пачатку сваёй прамовы А. А. Грамыка,— як гэта запісана ў яе Статуце, заключаецца ў тым, каб «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны». «Гэта Арганізацыя,— нагадваў кіраўнік аўстрыйскай дэлегацыі,— была створана пасля катастрофы вялікай вайны, з тым, каб даць чалавецтву мір і бяспеку». «Арганізацыя Аб’яднаных Нацый з’яўляецца, безумоўна, найлепшым інструментам для садзейнічання лепшаму ўзаемаразуменню, супрацоўніцтву, міру і гармоніі ва ўзаемаадносінах паміж народамі,— гаварыў прадстаўнік Непала.— Сусветная Арганізацыя за час свайго існавання даказала, што яна з’яўляецца эфектыўным форумам для таго, каб краіны маглі дасягаць пагадненняў або кансэнсуса па асноўных пытаннях палітычнага і эканамічнага значэння шляхам мірных перагавораў». «Свет, у якім мы жывём, стаў занадта цесным для праяўлення нацыянальнага эгаізму,— звярталася да Асамблеі прадстаўніца Швецыі.— Глабальная салідарнасць з’яўляецца адзінай магчымай асновай для будучага вырашэння сусветных праблем. Існаванне ААН і адкрытыя спрэчкі, якія мы тут можам весці, сведчаць аб тым, што гэты факт усё больш і больш усведамляецца».

Вялікае месца значэнню ААН, яе ролі і задачам было адведзена ў прамове, з якой выступіў у агульнапалітычнай дыскусіі кіраўнік індыйскай дэлегацыі. «Індыя цвёрда верыць,— гаварыў ён,— у Арганізацыю Аб’яднаных Нацый як у інструмент па падтрыманню ўсеагульнага міру і бяспекі, інструмент па садзейнічанню ўпарадкаванаму прагрэсу шляхам супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове справядлівасці і роўнасці... Мы ў Індыі заўсёды верылі ў тую канцэпцыю, што свет — гэта адна сям’я. Пасля шматлікіх трывог і хваляванняў у свеце адкрываюцца перспектывы здзяйснення мары ў форме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая амаль што дасягнула універсальнасці свайго складу, прадстаўляючы 4 мільярды чалавек, належачых да розных рас, маючых рознага колеру скуру і рознае веравызнанне». Разглядаючы далей ролю ААН з пункту гледжання прынцыпаў нацыянальнай філасофіі, у прыватнасці прынцыпу «Васудхаіва Кутумбакум», і выказваючы спадзяванне, што ААН у будучым ператворыцца ў своеасаблівы «Парламент Чалавека, які будзе ўвасабляць калектыўную свядомасць і волю чалавецтва», прадстаўнік Індыі працягваў: «Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый быў прыняты не проста як звычайная заява народаў і для народаў. Гэта было ўрачыстае абавязацельства ад імя народаў усяго свету выратаваць будучыя пакаленні ад ліхалеццяў вайны і больш таго — пабудаваць новы сусветны парадак ва ўмовах сапраўднай свабоды. Усе нашы праблемы, пытанні вайны і міру, эканамічныя цяжкасці і хуткае змяншэнне прыродных рэсурсаў павінны весці нас да аднаго вываду: у нашым узаемазалежным свеце кожны з нас з’яўляецца захавальнікам свайго брата».

ААН... Мэты і ідэалы ААН... Статут ААН... Прынцыпы Статута ААН... Дух і літара Статута... Гэтыя словазлучэнні вымаўляліся з адпаведным лагічным націскам, пераходзілі з прамовы ў прамову, набіраліся з вялікай літары ў стэнаграмах і пратаколах пасяджэнняў. «Мой урад зноў пацвярджае сваю адданасць прынцыпам і Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і выказвае сваю гатоўнасць і надалей падтрымліваць у яе рамках ідэалы міру і справядлівасці»... «Мы ўсе прысягаем на вернасць высокім прынцыпам супольнасці нацый»... «Мы павінны ўсведамляць ускладзеную на нас гістарычную адказнасць, калі бяром абавязацельствы перад Статутам ААН, які мы ўсе падтрымліваем, і павінны цвёрда і недвухсэнсоўна вызначаць нашы пазіцыі ў дачыненні да любога, хто парушае Статут сам ці стварае перашкоды для яго выканання»... «Статут ААН — усеагульны кодэкс паводзін у міжнародных справах». І гэтак далей.

Гэта — з аднаго боку. А з другога, калі абмяркоўваўся канкрэтны пункт парадку дня і заходзіла размова аб тым, што ў дадзеным выпадку павінна была зрабіць ААН і што яна зрабіла ў сапраўднасці, то танальнаспь размоў мянялася, пераходзіла ў іншы рэгістр. Тут выказваліся непакой і нездаволенасць, гучалі крытычныя ноткі, ставіліся пытанні аб магчымасцях і эфектыўнасці ААН, аб яе аўтарытэце. «Нельга не адзначыць той сумны факт, што частка пытанняў не паддаецца вырашэнню, а некаторыя зусім знімаюцца з парадку дня»,— канстатаваў прадстаўнік Югаславіі. «Па-мойму, мы павінны задаць сабе яшчэ адно пытанне,— гаварыў кіраўнік ірландскай дэлегацыі.— Ці гатовы мы ўсе разам, як сапраўды аб’яднаныя нацыі, разглядаць цэлую серыю буйнейшых праблем, што паўстаюць перад намі з усёй надзённасцю, як праблемы ўсяго міжнароднага таварыства ў цэлым? Мне здаецца, напрыклад, што пытанні аб кантролі над узбраеннем і, у прыватнасці, аб раззбраенні з’яўляюцца пытаннямі, дзе нам неабходна новае пачуццё калектыўнай адказнасці». Міністр замежных спраў Ірака, у сваю чаргу, адзначаў, спыніўшыся на палесцінскай праблеме: «Калі мы хочам, каб гэтая сусветная Арганізацыя выканала сваю місію і апраўдала давер народаў свету, то ўсе яе члены павінны ў поўнай меры браць на сябе адказнасць. ААН з’яўляецца такой арганізацыяй, якой яе ўяўляем мы, яе члены. Зыходзячы з гэтай прадпасылкі, мы верым, што будуць прыняты сур’ёзныя меры па прадухіленню таго, каб нашы рэзалюцыі заставаліся толькі простым чарнілам на паперы».

Ілюструючы сваю думку, прадстаўнік Ірака прывёў лічбу: Генеральнай Асамблеяй і Саветам Бяспекі прынята за трыццаць гадоў больш за 200 рэзалюцый, якія ігнаруюцца Ізраілем. Гэты крытэрый — дзейснасці рэзалюцый ААН, практычнай вартасці яе рашэнняў — нязменна прысутнічаў у дэбатах, у прыватнасці пры абмеркаванні пытанняў аб становішчы на Блізкім Усходзе, аб Намібіі, аб палітыцы і практыцы апартэіду ў ПАР і аб сітуацыі на Кіпры. «Прынята каля 200 рэзалюцый, адбылося каля 400 розных сустрэч і пасяджэнняў, але пытанне так і не зрушылася. Дзе выхад?» — гаварыў у сваім выступленні ў час абмеркавання палесцінскага пытання дэлегат Чэхаславакіі. Член непальскай дэлегацыі гаварыў у сваю чаргу пра 100 рэзалюцый, у якіх ААН заклікала расісцкі рэжым ПАР адмовіцца ад палітыкі апартэіду, але якія так і не дасягнулі сваёй мэты. «За больш чым 30-гадовую гісторыю ААН, — адзначаў прадстаўнік УССР,— Генеральная Асамблея і Савет Бяспекі прынялі дзесяткі рэзалюцый, якія патрабавалі ліквідацыі злачыннай сістэмы апартэіду. Аднак усе рэзалюцыі груба і дэманстрацыйна ігнараваліся не толькі рэжымам Прэторыі, але і шэрагам краін Захаду — памагатых расістаў». «Арганізацыя Аб’яднаных Нацый,— выступаў на наступным пасяджэнні індыйскі дыпламат,— прыняла мноства рэзалюцый, якія «прымаюць да ведама» і «асуджаюць» жорсткасці, учыненыя ў Паўднёвай Афрыцы людзьмі з зацемненым розумам. Неаднаразова ААН «вырашала» і «патрабавала», каб законныя грамадзяне Паўднёвай Афрыкі атрымалі правы, якія б вярталі ім чалавечую годнасць. Але гэтыя рэзалюцыі не аказалі ніякага ўплыву на пазіцыю і дзеянні расісцкага рэжыму». «Маецца шмат рэзалюцый,— звяртаўся да залы кіпрыёт,— але яны не ажыццяўляюцца. Статут ААН — альтэрнатыва вайне. Але калі рэзалюцыі не выконваюцца, то ад гэтага церпіць урон прэстыж ААН, траціцца павага да яе».

У ходзе дыскусіі, прысвечанай пытанню «Становішча на Блізкім Усходзе», прадстаўнік Іярданіі сказаў цэлы прачулы маналог з нагоды гэтых самых неажыццёўленых рэзалюцый. Гаворачы аб разрыве, які назіраецца паміж высокімі, справядлівымі прынцыпамі Статута ААН і тым, як яны ўвасабляюцца наяве, як укараняюцца ў практыку міжнародных адносін, ён з горыччу рэзюміраваў: «Гэта —сумная казка, якая павінна быць расказана ў павучанне будучым пакаленням».

Інакш кажучы, гутарка ішла аб умацаванні ролі ААН і больш поўнай рэалізацыі яе палітычнага і прававога патэнцыялу, аб павышэнні ККД яе ініцыятыў, рашэнняў, акцый. І натуральна, што выступленні з высокай трыбуны гучалі часта ў патрабавальным, прызыўным тоне, змяшчалі выказванні накшталт наступных: «Мы павінны не толькі абурацца, але і дзейнічаць», «Мы павінны дзейнічаць так, як быццам ад гэтага залежыць наша жыццё. Зрэшты, так яно і ёсць», «Палітыка імперыялістычных дзяржаў — палітыка крывадушнай, злой волі, і адных асуджэнняў мала», «Прайшоў час слоўных асуджэнняў», «Прыйшоў час дзейнічаць», «Давайце дакажам свету, што ААН поўнасцю ўсвядоміла сваю місію і гатова ажыццяўляць яе на справе» і г. д.

Трэба сказаць, што сярод галасоў, у якіх гучалі вера ў ААН як у важны, жыццёва неабходны інструмент міру і бяспекі, адданасць яе прынцыпам і мэтам, клопат пра яе аўтарытэт, праслізгвалі зрэдку і ноткі іншага, негатыўнага характару. Сёй-той рабіў спробу кінуць цень на міжнародную супольнасць нацый, на яе Статут, спрабаваў у песімістычным святле прадставіць дзейнасць ААН у цэлым. «У нас ёсць падставы для трывогі і сумнення ў здольнасці ААН вырашаць праблемы»,— заяўляў, напрыклад, прадстаўнік Галандыі. Паводле слоў дэлегата Бутана «ААН уяўляе сабой карціну няўпэўненасці і арганізацыйнай неакрэсленасці, што часта зацямняе яе станоўчыя дасягненні». У асобных выступленнях гучала слова «тупік».

Або ўзяць такі момант. Шэраг заходніх краін, незадаволеных суадносінамі сіл у ААН, ставілі пытанне аб змяненні працэдуры работы Генеральнай Асамблеі. Так, напрыклад, міністр замежных спраў Канады наракаў на тое, што Генеральная Асамблея нібыта прымае мноства «гучных рэзалюцый, якія пазбаўлены практычных прапаноў для дзеянняў», і выказваў думку, што рашэнні ў ААН павінны прымацца толькі шляхам кансэнсуса, г. зн. агульнай згоды. Інакш кажучы, гутарка ішла аб тым, каб кантраляваць у сваіх мэтах дзейнасць міжнароднай арганізацыі, мець магчымасць ігнараваць волю пераважнай большасці дзяржаў — членаў ААН. (Як тут не прыгадаць палітыку дыктату і шантажу, якую актыўна праводзіць апошні час у адносінах да ААН адміністрацыя ЗША).

Але ўсе гэтыя спробы, у прыватнасці заклікі да перагляду арганізацыйных і працэдурных асноў ААН, яе Статута, не знаходзілі падтрымкі ў пераважнай большасці Асамблеі, рашуча асуджаліся ў многіх выступленнях. У раздзеле, прысвечаным выступленню А. А. Грамыкі, ужо гаварылася аб пазіцыі савецкай дэлегацыі ў адносінах да ААН. Ацэньваючы яе магчымасці «для работы на карысць міру», А. А. Грамыка, у прыватнасці, зазначыў: «Ключ да поспеху ў гэтай высакароднай місіі — строгае выкананне ўсімі членамі нашай арганізацыі Статута ААН. У ім закладзена ўсё неабходнае для таго, каб мір на зямлі быў захаваны і ўмацаваны». Думка аб тым, што адна з абавязковых умоў жыццяздольнасці ААН і належнай эфектыўнасці яе рашэнняў — усеагульнае выкананне Статута як асноўнага закона супольнасці нацый, вернасць яго палажэнням і прынцыпам, была выказана самым ясным чынам і іншымі прамоўцамі з боку сацыялістычнай садружнасці, у прыватнасці кіраўнікамі дэлегацый БССР, Балгарыі, ГДР і інш. «Дэлегацыя Беларускай ССР,— гаварыў А. Е. Гурыновіч,—неаднаразова выкладала сваю прынцыповую пазіцыю па пытанню аб Статуце ААН, якая заключаецца ў тым, што мы паслядоўна выступаем за павышэнне ролі і эфектыўнасці ААН як важнага інструмента ўмацавання міру і міжнароднай бяспекі, на аснове не рэвізіі, а строгага захавання палажэнняў Статута ААН». «Статут ААН,— звяртаўся да Асамблеі прадстаўнік Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі О. Фішар,— увасабляе ў сабе надзеі народаў дабіцца міру, бяспекі і незалежнасці. Гэты дакумент апраўдваў сябе штодзённа, зноў і зноў даказваў сваю жыццёвую сілу. Нельга яго ставіць пад сумненне. Эфектыўнасць міжнароднай Арганізацыі можна ўмацаваць толькі ў тым выпадку, калі ўсе дзяржавы будуць выконваць абавязацельствы, ускладзеныя на іх Статутам ААН».

У радзе выступленняў гаварылася і аб тым, што няма падстаў упадаць у песімізм, канцэнтраваць увагу толькі на недахопах ці, як заўважыў адзін прамоўца, на «змрочных баках карціны». Менавіта ў такім сэнсе выказаўся прэзідэнт НДРЙ. «Калі і бываюць выпадкі, што ААН не знаходзіць неабходнага рашэння,— гаварыў ён,— то гэта таму, што некаторыя дзяржавы — члены не дзейнічаюць у адпаведнасці са Статутам ААН». «Мы часта скардзімся па адсутнасць волі і прагрэсу,— зазначаў палемічна дэлегат Індыі.— Аднак няма падстаў для цынізму і расчаравання. Нягледзячы на асобныя нашы расчараванні, сям’я Арганізацыі Аб’яднаных Нацый мае вялікія дасягненні». Пералічыўшы зробленае ААН, яе спецыялізаванымі ўстановамі, прамоўца працягваў: «Індыя пераканана ў неабходнасці падтрымліваць, умацоўваць і развіваць Арганізацыю Аб’яднаных Нацый як універсальную ўстанову не толькі для захавання міру сярод дзяржаў і садзейнічання павазе да правоў чалавека, але таксама ў мэтах умацавання эканамічнага супрацоўніцтва і ўзгаднення акцый дзяржаў». Высокая ацэнка ролі ААН была дадзена ў прамове прадстаўніка Бахрэйна. «Наша міжнародная Арганізацыя,— падкрэсліваў ён,— нягледзячы на няўдачы і ўзнікшыя праблемы, змагла шмат зрабіць для вырашэння стаяўшых перад ёй задач. Яна сапраўды ператварылася ў міжнародны форум для абмену думкамі і каардынацыі ўзаеманамаганняў дзяржаў, спрыяе стварэнню свету, у якім пераважаюць мір і дабрабыт. Не дзіўна, што адразу ж пасля дасягнення незалежнасці дзяржавы імкнуцца ўступіць у рады гэтай міжнароднай арганізацыі. Яны разумеюць, што ні адна краіна ў гэтым нашым цесным свеце не можа жыць у адрыве ад другіх членаў сям’і народаў».

Словам, пераважная большасць членаў Асамблеі пагаджалася на тым, што, гаворачы словамі ірландскага дыпламата, ААН «можа саслужыць усім нам добрую службу ў тым выпадку, калі мы выкарыстаем ва ўсёй паўнаце яе магчымасці, калі будзе ў наяўнасці праяўленне пачуцця калектыўнай адказнасці за будучае ўсяго чалавецтва».

Заўважу, што пытанне аб пераглядзе Статута ААН пад выглядам удасканальвання яе структуры не толькі закраналася сім-тым у дыскусіях, але і значылася асобным пунктам у парадку дня сесіі пад назвай: «Даклад Спецыяльнага камітэта па Статуту ААН і ўзмацненню ролі Арганізацыі». Існуе, аказваецца, такі камітэт, створаны ў свой час па ініцыятыве групы дзяржаў — членаў ААН, прыхільнікаў рэвізіі яе Статута. Потым яго мандат быў некалькі разоў пралангіраваны. І вось чарговы даклад камітэта абмяркоўваўся на Генеральнай Асамблеі, дакладней — у Шостым камітэце, галоўным прававым органе ААН. Але як і на пленарных пасяджэннях, довады і дамаганні «рэвізіяністаў» не знаходзілі тут падтрымкі пераважнай большасці дэлегатаў. З аргументаванай крытыкай у адрас адэптаў перагляду Статута выступіў таксама прадстаўнік Беларусі. «Мы цвёрда перакананы,— гаварыў член нашай дэлегацыі,— што ўсе сусветныя праблемы можна вырашаць на аснове існуючага Статута ААН, калі строга прытрымлівацца прынцыпаў, закладзеных у ім. Прыхільнікі перагляду Статута пастаянна нам гавораць, што Статут трэба папраўляць па той прычыне, што ён як быццам не адлюстроўвае рэальнасцей сучаснага свету. Так, мы не адмаўляем, што свет сапраўды змяніўся, і прытым у кірунку прагрэсу, дэмакратызацыі, аздараўлення палітычнага клімату. Але ж многія з гэтых змен якраз і адбыліся ў выніку дабратворнага дзеяння Статута ААН, што сведчыць пра яго сілу і жыццяздольнасць». Дэлегат БССР падверг таксама крытыцы прапановы, накіраваныя на рэарганізацыю галоўных органаў ААН, у прыватнасці на абмежаванне прэрагатыў Савета Бяспекі, ліквідацыю прынцыпу аднагалоснасці яго пастаянных членаў. Прынцып аднагалоснасці пры вырашэнні галоўных пытанняў, гаварыў ён, з’яўляецца краевугольным каменем Статута ААН. Ён адлюстроўвае наяўнасць дзвюх сацыяльна-палітычных сістэм, існуючых у свеце, з’яўляецца балансіруючым фактарам для стварэнпя раўнавагі ва ўзаемаадносінах паміж усімі краінамі свету.

Пытанне аб ролі ААН, яе задачах і магчымасцях закраналася ў традыцыйным штогоднім дакладзе яе генеральнага сакратара, які быў прадстаўлены дэлегатам на пачатку работы Асамблеі (ААН, падкрэслівалася ў дакладзе, «адкрывае непараўнаныя магчымасці,... аднак у пэўнай ступені яна яшчэ з’яўляецца арганізацыяй, якая шукае самавыяўленне, сваю сапраўдную ролю» і г. д.). А ў апошнія дні сесіі ў кніжным кіёску ААН з’явілася кніга Курта Вальдхайма «Адзіная ў свеце пасада». Кніга ўяўляла сабой плён роздуму генеральнага сакратара ААН, яе, па вызначэнню Статута, «галоўнай адміністрацыйнай службовай асобы» аб сваёй працы, сваёй дзейнасці, аб той ролі, якую адыгрывае і якую заклікана адыгрываць, на думцы аўтара, ААН у міжнародных справах. «На ўласным вопыце я пераканаўся,— пісаў уладальнік «адзінай у свеце пасады»,— што нішто не стаіць так далёка ад рэальнасці, як цынізм ці паражэнства. І няма нічога больш трывалага, чым ідэалізм, які адкрыта і рашуча накіроўваецца на дасягненне рэальнай мэты. Тыя мэты і прынцыпы, якія абвешчаны ў Статуце ААН, з’яўляюцца прадуктам самага страшэннага і спусташальнага канфлікту, які калі-небудзь ведала чалавецтва. Яны адлюстроўваюць ідэі людзей, якія, спазнаўшы пекла, цвёрда вырашылі пазбавіць ад падобнага выпрабавання будучыя пакаленні, ідэі людзей рэальна мыслячых і маючых вялікі жыццёвы вопыт, людзей, якія добра ведаюць, што такое тэрор і жахі вайны. Не разумею, чаму сёй-той ставіць пад сумненне жыццяздольнасць іх ідэй і памкненняў пасля таго, як мінула трыццаць з лішнім год. Той факт, што цяжкасці яшчэ вялікія, абсалютна не дае падстаў занесці ў разрад хімер іх бачанне справядлівага свету, свету без войнаў». «Я не веру ў цуды і не разлічваю на скараспелыя поспехі,— пісаў у заключэнне сваёй кнігі генеральны сакратар ААН.— Ні тое, ні другое не можа быць асновай для сапраўднага прагрэсу ў палітыцы. Але разам з тым я глыбока перакананы, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый дае шанс на лепшае будучае ўсім тым, хто верыць у магчымасці чалавека ўласнымі рукамі выкаваць сваё шчасце на гэтай зямлі».

 

Штаб-кватэра ААН пры бліжэйшым разглядзе

 

— Значыць, гэта і ёсць штаб-кватэра ААН?

— Ну так.

— Яе называюць «небаскробам, або палацам на Іст-Рывер», «домам з шасцю тысячамі вокан»... Усе гэтыя назвы ідуць ад знадворнага выгляду. Яны нічога не гавораць пра сутнасць гэтага унікальнага на Зямлі будынка, пра галоўную ідэю, якую ён матэрыяльна ўвасабляе. Я б яго назваў...

— Храмам міру?

— Што ж, гэта ўжо бліжэй да сутнасці, але гучыць крыху напышліва і архаічна. Я б назваў Палацам Нацый, ці Палацам Народаў, але ж нешта падобнае ўжо ёсць — ці то ў Жэневе, ці то ў Вене. А што, калі назваць Домам Чалавецтва? Можа, занадта гучна, занадта фігуральна зноў-такі. Але затое падкрэсліваецца сутнасць ААН з яе ідэалам глабальнай універсальнасці, з яе клопатам пра мір і адзінства, пра лепшае будучае чалавецтва.

З размовы паміж пасяджэннямі Генеральнай Асамблеі

 

Брашура, якая раздаецца дэлегатам напярэдадні сесіі і дзе змешчаны неабходныя звесткі аб штаб-кватэры ААН, адкрываецца наступнай інфармацыяй: «Цэнтральныя ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый займаюць участак плошчай у 18 акраў на востраве Манхетэн, які (участак) размешчаны паміж 42-й стрыт (паўднёвы бок) — 48-й стрыт (паўночны бок), часткай Першай авеню, якая вядома зараз як Юнайтэд Нейшнз Плаза (заходні бок), і ракой Іст-Рывер і шашой Франклін Д. Рузвельт (усходні бок). Гэты ўчастак належыць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і з’яўляецца міжнароднай тэрыторыяй». «Цэнтральныя ўстановы,— паведамляецца далей у брашуры,— размешчаны ў чатырох асноўных будынках, звязаных паміж сабой. Гэта — 39-павярховы небаскроб, адведзены пад службовыя памяшканні Сакратарыята; невысокі будынак для канферэнцый, што працягнуўся ўздоўж ракі і дзе знаходзяцца залы пасяджэнняў і саветаў (Савета Бяспекі, Эканамічнага і Сацыяльнага Савета і Савета па Апецы.— А. В.), другія залы пасяджэнняў, салоны і рэстараны; і будынак Генеральнай Асамблеі, у якім апрача залы пленарных пасяджэнняў знаходзяцца яшчэ адна вялікая зала і чатыры памяшканні сярэдніх памераў для пасяджэнняў, а таксама будынак Бібліятэкі».

Так выглядаюць тапаграфія і планіроўка комплексу будынкаў, вядомых усяму свету па фотаздымках і тэлеперадачах як штаб-кватэра ААН. Дадам яшчэ, што кабінет генеральнага сакратара ААН знаходзіцца на 38 паверсе шклянога небаскроба (мабыць, у знак таго, што генсек павінен быць «на вышыні»). Зала Генеральнай Асамблеі (яе яшчэ называюць «авальнай») і залы пасяджэння саветаў размяшчаюцца на другім паверсе, а ўсе астатнія залы абодвух будынкаў — у цокальным паверсе (даволі нізкія столі, лямпы дзённага асвятлення, не вельмі ўтульныя, словам, памяшканні).

З боку Першай авеню і 48-й стрыт да будынка Генеральнай Асамблеі прымыкае невялікі сквер: пасыпаныя чырванаватым гравіем дарожкі, роўна пастрыжаныя газоны, скульптуры, што падораны ААН некаторымі дзяржавамі, у тым ліку і падарунак СССР — копія сусветна вядомага шэдэўра Вучэціча «Перакуём мячы на аралы» (яны тут вельмі дарэчы, трэба сказаць). Бліжэй да ракі знаходзіцца, пераходзячы фактычна ў набярэжную, самы ўтульны куток «міжнароднага» скверыка. Тут разбіты аанаўскі ружоўнік. Тут можна прагуляцца, падыхаць, палюбавацца ружамі з іх маляўніча-экзатычнымі назвамі: «Вечарынка ў садзе», «Ангельскі тварык», «Каралеўская высокасць», «Міс Амерыка», «Мір», «Сонечныя пырскі» і г. д. Квітнеючыя ружы як бы закліканы напомніць лішні раз дыпламатам і членам дэлегацый, якія праходжваюцца тут у перапынку паміж пасяджэннямі, аб паэзіі і красе жыцця, аб тым, што зямныя мір і спакой вартыя таго, каб імі даражыць, каб за іх змагацца, іх адстойваць.

Штаб-кватэра ААН... Інтэр’еры будынка Генеральнай Асамблеі... На другі паверх (калі ўваходзіць праз дэлегацкі пад’езд) ты можаш падняцца эскалатарам або ўзбегчы па прыступках лесвіцы, што побач з ім (удзельнікі сесіі карыстаюцца і тым і другім сродкам, у залежнасці ад узросту, настрою, густу). Па левы бок калідора — уваходы ў галоўную залу ААН, залу пленарных пасяджэнняў, далей — паўночны дэлегацкі салон з прымыкаючымі да яго барам і кафетэрыем (бойкае месца, гудзе звычайна вулеем). У салоне можна крыху адысці ад афіцыйнай абстаноўкі пасяджэнняў, можна пагартаць газету, выпіць чашку духмянай кавы — «капучына». На сценах памяшкання — карціны, дываны, габелены (асабліва кідаецца ў вочы велізарны яркі габелен «Трыумф міру», вытканы бельгійскімі майстрамі), уздоўж сцен — скульптурныя фігуры, стэлы, вазы... (усё гэта, як паведамляецца на шыльдачках,— дары дзяржаў — членаў ААН). На прыкметным месцы — і своеасаблівая дошка гонару з фотапартрэтамі старшынь усіх папярэдніх сесій Генеральнай Асамблеі, гісторыя ААН, так сказаць, у асобах.

З галерэі другога паверха можна паназіраць і яшчэ адну, ужо іншага плана, выдатнасць штаб-кватэры Аб’яднаных Нацый. Над вестыбюлем для наведвальнікаў (гасцей, турыстаў, экскурсантаў, якіх тут заўсёды шмат) звісае велічэзны маятнік Фуко. Для чаго ён тут? Што ён азначае? Не магу дакладна сказаць. Магчыма, яго прызначэнне ў тым, каб напамінаць сяму-таму з членаў Асамблеі, што яна, Зямля,... усё ж верціцца, што жыццё ідзе наперад і што, такім чынам, сёння супрацьпаказана мысліць учарашнімі катэгорыямі — імперскімі, эксплуататарскімі, расісцкімі і г. д.

На першым паверсе будынка, у яго паўночна-заходнім крыле знаходзіцца яшчэ адна аанаўская выдатнасць — так званы «Пакой для роздуму». Ён уяўляе сабой стылізаванае ў абстракцыянісцкай манеры, невялічкае, з нізкай столлю, паўзацемненае памяшканне з пяццю, па колькасці членаў дэлегацыі, невысокімі цвёрдымі зэдлікамі. Хто заходзіць, каб, можа, сапраўды крыху разважыць у цішыні, сабрацца з думкамі, хто — каб памаліцца, ну а хто — каб проста пацікавіцца.

Пры ўваходзе ў пакой надпіс: «Гэта пакой міру і памяці тых, хто аддаў сваё жыццё за мір. Гэта пакой, дзе размаўляюць паміж сабой толькі думкі». Побач на сцяне мемарыяльныя дошкі: «У памяць Фолка Бернадота — пасрэдніка ААН у Палесціне, забітага ў Іерусаліме 17 верасня 1948 года, калі ён знаходзіўся там на службе ААН і справы міру», «У памяць ваенных назіральнікаў і членаў сакратарыята, якія выконвалі свой абавязак у якасці пасрэднікаў па перамір'ю». Дошкі нагадваюць пра падзеі, розныя па маштабе і палітычным сэнсе, і выклікаюць розныя асацыяцыі.

(Заўважу да слова, што колькасць ахвяр з ліку так званых надзвычайных узброеных сіл ААН і яе сіл па назіранню за раз’яднаннем працягвае расці. Так, па даных заходняга друку, толькі ў Ліване за апошнія гады загінула 100 салдат ААН).

Словам, самі сцены будынка на Іст-Рывер гавораць — і ў метафарычным і ў літаральным сэнсе,— што ў ААН — свая гісторыя, свая сімволіка, свае традыцыі і, як бачым, свой мартыролаг, свае, урэшце, мемарыяльныя скрыжалі.

І яшчэ — як расказваюць бывалыя дыпламаты, аанаўскія «старажылы» — розныя незвычайныя гісторыі, былі і здарэнні, як драматычныя, так і кур’ёзныя. Аднойчы нейкі дамарослы вораг міжнароднага супольніцтва, заняўшы пазіцыю на супрацьлеглым беразе ракі, абстраляў штаб-кватэру ААН з бузукі. На шчасце, снарады не даляталі, падалі ў Іст-Рывер. Другі раз нехта ананімна пазваніў па адным з тэлефонаў ААН, прадставіўся як «вораг чырвоных і чорных» і заявіў, што зала Генеральнай Асамблеі замініравана. Пасяджэнне было адкладзена да таго часу, пакуль служба бяспекі (існуе тут такая) не праверыла памяшканне. Пагроза ананімнага тэрарыста не пацвердзілася, аказалася не вельмі забаўным розыгрышам.

Прыгадваюць вопытныя дыпламаты і ўсемагчымыя гісторыі, звязаныя ўжо непасрэдна з работай сесій Генеральнай Асамблеі. Прэзідэнт Уганды Ідзі Амін, выступаючы ў агульнапалітычнай дыскусіі і выкрываючы вынікі каланіялісцкай палітыкі для Афрыкі (гаварыў па-англійску), раптам даў волю эмоцыям і заявіў: «Я не буду больш гаварыць на гэтай мове, мове каланізатараў!» — і працягваў далей выступаць на мове сваёй этнічнай групы. Сінхронны пераклад перапыніўся, перакладчыкі ў сваіх кабінах і супрацоўнікі сакратарыята разгубіліся. А дэлегатам прыйшлося даслухаць прамову на незнаёмай ім мове. Яшчэ адзін прадстаўнік невялікай дзяржавы запомніўся тым, што кінуўся ў другую крайнасць: па той прычыне, што пачаставаўся занадта ў бары перад выступленнем, ён... двойчы прачытаў адну і тую ж прамову — спачатку па-англійску, а потым яшчэ і па-французску. А дэлегат адной паўднёваамерыканскай краіны, знаходзячыся ў аналагічным стане, заявіў з высокай трыбуны: «Панове дэлегаты, у параўнанні з тым, што тут гаварылася, маё выступленне будзе мышыным піскам, але і я буду гаварыць»...

Але прадоўжым наша знаёмства са штаб-кватэрай ААН. Аанаўская бібліятэка. Прысвечана памяці колішняга генеральнага сакратара Дага Хамаршэльда, які загінуў у авіяцыйнай катастрофе пры выкананні службовага абавязку. У адрозненне ад некаторых залаў, дзе з ростам ААН стала ўжо даволі цесна, бібліятэка спраектавана з большым размахам, як бы навырост — займае тры паверхі над зямлёй, тры пад зямлёй. Мае поўную падборку дакументаў і публікацый ААН, а таксама вялікую колькасць літаратуры, якая тычыцца праблем, што ўяўляюць цікавасць для Арганізацыі ці прысвечана яе дзейнасці. Мае нават поўную зноў-такі падборку дакументаў і публікацый Лігі Нацый. На другім паверсе ёсць спецыяльная зала для работы з гэтымі дакументамі. Другія, для цікавасці, паказчыкі: бібліятэка імя Хамаршэльда атрымоўвае прыкладна 200 газет і 14300 другіх перыядычных выданняў (уключаючы як урадавыя дакументы, так і неафіцыйныя часопісы) амаль з усіх краін свету. У яе зборы карт налічваецца каля 80 000 адзінак. У бібліятэцы захоўваецца таксама вялікая падборка мікрафільмаў і мікраафішаў афіцыйных дакументаў ААН. З гэтым неабдымным мноствам кніг, дакументаў і матэрыялаў мужна спраўляецца рознанацыянальны калектыў супрацоўнікаў. Сярод іх і савецкія людзі, у тым ліку і вопытныя бібліятэкары з Мінска — факт, які спрыяў знаёмству з бібліятэкай.

Цэнтральныя ўстановы ААН маюць свае сродкі інфармацыі — радыёстудыі, тэлебачанне, некалькі выданняў службовага і інфармацыйнага характару («Журнал ААН», «Навіны сакратарыята», «Дыпламатычны свет»). Выдаюцца таксама на некалькіх мовах штомесячная хроніка і штогоднік ААН. Апошні ўяўляе сабой папулярны агляд найбольш важных падзей у жыцці міжнароднай арганізацыі. Існуе тут яшчэ і такое дзелавое выданне, як «Форум развіцця», што асвятляе пытанні эканамічнага і сацыяльнага характару і выходзіць на трох мовах з перыядычнасцю дзевяць нумароў у год.

Кнігарня ААН... Існуе і такая. Яна знаходзіцца на цокальным паверсе ў паўночнай частцы будынка Генеральнай Асамблеі. У паўзах паміж пасяджэннямі тут бывае ажыўлена. У кнігарні прадаюцца выданні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і яе спецыялізаваных устаноў, у прыватнасці ЮНЭСКА, прымаецца падпіска на розныя перыядычныя выданні Арганізацыі. Тут можна набыць — на памяць аб удзеле ў Асамблеі і для перапіскі з домам — глянцавыя паштоўкі з відамі будынкаў і памяшканняў ААН, такога ж зместу фатаграфіі і іншыя матэрыялы, так сказаць, фірменнай наглядна-выяўленчай інфармацыі.

На тым жа паверсе, недалёка ад кнігарні, працуе і яшчэ адзін магазін — падарункаў і сувеніраў. На першы погляд, магазін як магазін. Але калі затрымаешся ля прылаўка і прыгледзішся бліжэй, то адкрываеш яго адну знамянальную асаблівасць. Справа ў тым, што мастацкія і саматужныя вырабы, якія тут у вялікім выбары, з’яўляюцца тварэннем умельцаў розных краін і рэгіёнаў, пазначаны пячаццю розных нацыянальна-этнічных мастацкіх густаў і саматужна прамысловых традыцый. І вось міралюбнае суседства гэтых разнастайных па сваім паходжанні, сваіх формах і фарбах, але адзіных па сваёй сутнасці, па сваім жыццёва хатнім прызначэнні рэчаў шмат табе гаворыць, як бы пацвярджае наглядна тую ісціну, што свет, у прыватнасці свет мірнай, стваральнай людской працы, адзіны ў сваёй разнастайнасці і разнастайны ў сваім адзінстве. Гэтая наглядна матэрыялізаваная ідэя падсвечваецца яшчэ і той акалічнасцю, што на прылаўку стракацяць у якасці сувеніраў флажкі ўсіх дзяржаў — членаў ААН. Можаш набыць толькі свой, айчынны, а можаш, калі маеш схільнасць да калекцыяніравання, набыць і ўсе сто пяцьдзесят. Бадай, гэта будзе не самая горшая з усіх магчымых калекцый.

Штаб-кватэра ААН... Гэта не толькі месца работы сесій Генеральнай Асамблеі міжнароднай арганізацыі, дзейнасці яе органаў і ўстаноў. У яе сценах, пад яе эгідай адбываюцца форумы (сімпозіумы, канферэнцыі, семінары і г. д.) і іншых міралюбівых не ўрадавых арганізацый свету — грамадскіх, навуковых, рэлігійных, жаночых. Сюды, знаходзячыся ў Нью-Йорку, заяўляюцца, як у свой дом (Дом Чалавецтва!), ці то з дзелавым візітам, ці то з візітам ветлівасці, вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, дзеячы культуры. Аднойчы ў зале пасяджэнняў Асамблеі з'явіўся раптам і стаў некага шукаць вачамі Вілі Брант. У другі раз у тую ж залу ўвайшоў чалавек, твар якога таксама здаўся вельмі ўжо знаёмым па колішніх газетных фотаздымках. Памяць падказала: Юзаф Цыранкевіч! У дэлегацкім салоне можна было аднойчы сустрэць вядомага негрыцянскага спевака Гары Белафантэ — ён нешта расказваў энергічна прадстаўніку адной з маладых афрыканскіх краін. Ці ўзяць такую сцэну. Пасля ранішняга пленарнага пасяджэння бачу: кіраўнік савецкай сельскагаспадарчай дэлегацыі, якая прыязджала ў час сесіі ў ЗША для абмену вопытам, дружалюбна гутарыць на калідоры, г. зн. на хаду, з генеральным сакратаром ААН. Прыемная сцэна, нічога не скажаш.

Штаб-кватэра ААН... Сюды, на імя генеральнага сакратара, старшыні Асамблеі або старшыні Савета Бяспекі (у выпадку крытычных сітуацый), ідуць афіцыйныя, урадавыя заявы. Сюды, у адрас сакратарыята ААН, паступаюць ад імя ўрадаў паведамленні аб далучэнні да той або іншай нядаўна прынятай канвенцыі і дакументы аб прызнанні і ратыфікацыі таго або іншага новага пагаднення. І сюды адначасова ідуць самыя розныя, з розных куткоў свету і на розных мовах ужо неафіцыйныя петыцыі і пісьмы — як ад грамадскіх груп і арганізацый, так і ад прыватных асоб, як ад аўтарытэтаў з сусветным імем, так і ад простых, невядомых свету людзей. (Праўда, сэнс усіх гэтых петыцый, прашэнняў і пратэстаў у асноўным супадае, гэта — патрабаванне міру і справядлівасці).

І сюды, у дар ААН, прадаўжаюць, натуральна, паступаць ад краін розныя сімвалічныя рэчы і прадметы, творы мастацтва. У першыя дні сесіі «Журнал ААН» змяшчаў да ведама дэлегатаў аб'явы, накшталт наступных: «У пятніцу, 23 верасня г.г., у 10 гадзін 30 мінут у калідоры другога паверха залы пасяджэнняў адбудзецца невялікая цырымонія, у час якой міністр замежных спраў Ірака Яго Правасхадзіцельства д-р Саадун Хамадзі ад імя свайго ўрада перадасць Генеральнаму сакратару копію стэлы з пералікам законаў Хамурапі ў дар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», «Учора, у другой палове дня, у паўднёва-ўсходнім кутку плошчы перад будынкам Сакратарыята адбылася невялікая цырымонія, у час якой міністр замежных спраў Венесуэлы ад імя групы лацінаамерыканскіх дзяржаў перадаў у дар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый бронзавую мемарыяльную дошку, адлітую ў знак 150-годдзя Панамскага аб’яднанага кангрэса» і г. д.

Штаб-кватэра ААН... Да яе гонару трэба яшчэ сказаць, што з ёй так ці інакш звязалі свае імёны, прыклалі да яе сваю руку (у добрым сэнсе гэтых слоў), пакінулі свой знак у яе летапісу многія выдатныя дзеячы культуры і мастацтва. Як ужо гаварылася ў прадмове да кнігі, для праектавання палаца нацый на Іст-Рывер былі запрошаны такія архітэктурныя свяцілы, як Ле Карбюзье і Оскар Німейер (у аснову быў пакладзены праект Карбюзье). Залы будынка ўпрыгожваюць, кожнае па-свойму, непаўторныя, поўныя гуманістычнага зместу палотны Крысціана Крога, Фернана Лежэ, Руфіна Тамайё і іншых славутых мастакоў свету. Прываблівае здалёк увагу сваім густа-сінім, амаль колеру індыга, тонам мемарыяльны вітраж Марка Шагала. Вядомы французскі жывапісец — дарэчы, родам з невялікага гарадка Лёзна, што пад Віцебскам, у нью-йоркскім музеі Гугенгейма я бачыў яго карціну, якая называецца «У ваколіцах Віцебска»,— у характэрнай для яго ўмоўна-фантастычнай манеры (калейдаскапічная аб’ёмнасць, гарызантальна плаваючыя ў прасторы фігуры) спрабуе паказаць хрэсны шлях чалавецтва да ісціны, міру і брацтва, увасобіць хараство тых ідэалаў, у імя якіх была створана Арганізацыя Аб'яднаных Нацый,

У штаб-кватэры ААН, дакладней — пад залатым купалам яе галоўнай залы час ад часу гучыць класічная і сучасная музыка. Тут выступалі (і прадаўжаюць выступаць) многія славутыя кампазітары, дырыжоры, музыканты. Пабло Казальс успамінае ў сваёй кнізе, напісанай разам з Альбертам Канам, як адну з самых памятных падзей у жыцці, сваё выступленне ў штаб-кватэры ААН. «Пасля адной з рэпетыцый,— расказвае знакаміты віяланчэліст і прыхільнік міру,— генеральны сакратар ААН У Тан ласкава запрасіў мяне ў свой асабісты кабінет адпачыць, і я падзяліўся з ім сваімі думкамі і пачуццямі. За бяседай я звярнуў увагу, што ў яго на стале выстаўлены маленькія флажкі ўсіх краін — удзельніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

— Як цудоўна, што ў вас кожны дзень перад вачыма гэты сімвал тых часоў, калі народы свету стануць вось так, плячо да пляча, свабодныя, роўныя, і запануе мір,— сказаў я У Тану.

А калі я вярнуўся дамоў на Пуэрта-Рыка, мне прыйшла пасылка. У ёй аказаліся маленькія флагі краін — удзельніц ААН».

На традыцыйным аанаўскім канцэрце, перад выкананнем твораў Бетховена і Шастаковіча, Курт Вальдхайм гаварыў аб духоўнай сугучнасці шэдэўраў мастацтва з высокімі прынцыпамі і мэтамі ААН. Я слухаў яго, і мне прыгадаўся па-дзіцячы непасрэдны, летуценны голас вялікага іспанскага музыканта, аўтара пранікнёнай араторыі ў славу міру, пачуўся голас яго віяланчэлі, што гучала некалькі год назад у гэтай жа зале.

Штаб-кватэра ААН... Самая людная — у міжнародным маштабе — ростань на свеце. Палітычнае скрыжаванне краін і народаў. Дом усяго чалавецтва — у яго змаганні за мір і прагрэс.

 

Не толькі пасяджэнні ды прамовы

Сапраўды, не аднымі прамовамі жылі ўдзельнікі Асамблеі. Не аднымі пасяджэннямі з іх дэбатамі, абмеркаваннем ды прыняццем рэзалюцый было запоўнена штодзённае жыццё міжнароднага форума. Узяць хаця б такі характэрны штрых: пакуль ідзе пасяджэнне, паміж радамі крэслаў ходзяць члены дэлегацый і супрацоўнікі місій з кіпамі канвертаў — разносяць запрашэнні на прыём (апошнія рассылаюць і на адрас пастаянных прадстаўніцтваў пры ААН). Не-не ды і ляжа перад табой папяровы квадрацік, дзе чорным па беламу — розныя гербы, алфавіты, шрыфты, розныя почыркі, але прыблізна адзін і той жа змест — паведамляецца, што прадстаўнік такі-та (імярэк) запрашае дэлегацыю Беларускай ССР наведаць прыём, які ён дае (указваецца месца і час прыёму).

Сесія ўвайшла ў сваё звычайнае рэчышча, набірае «віткі» агульнапалітычная дыскусія, і вось пачынаецца паласа дыпламатычных прыёмаў. Прыёмы, ленчы, кактэйлі... (насуперак парадзе, з якой адзін са старэйшых прамоўцаў звяртаўся да сваіх замежных калег: «Чым хадзіць на кактэйлі, лепш вывучалі б гісторыю»).

Уявіце такі малюнак. На сесіі прадстаўлена каля 150 краін. І пераважная большасць з іх дае прыём у гонар большасці дэлегацый (не ўсе ўсіх, вядома, запрашаюць). Памножце адно на другое, суаднясіце больш-менш акругленую лічбу з параўнаўча сціслымі тэрмінамі сесіі, і вы атрымаеце ўяўленне пра маштаб і інтэнсіўнасць такога роду дзейнасці членаў Асамблеі, пра гэтыя вось іх узаемазапрашэнне і хаджэнне адзін да другога на прыёмы, пра гэтае іх, так сказаць, узаемагасцяванне.

Прыгадваю, што ў некаторыя дні членам дэлегацыі прыходзілася бываць на двух-трох прыёмах узапар. Складвалася ўвогуле ўражанне, што прафесійным дыпламатам сумаваць не прыходзіцца, не прыходзіцца асабліва вырашаць праблему вольнага часу.

Цікавае ў гэтым сэнсе сведчанне Вальдхайма. «Штогод у час сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Йорку,— гаворыць ён ва ўпамянутай ужо кнізе,— я абавязаны на працягу трох-чатырох месяцаў прысутнічаць больш чым на сотні афіцыйных абедаў і вячэр, дзе, як правіла, павінен гаварыць прамовы. Я атрымоўваю запрашэнні на сотні кактэйляў, на якіх стараюся пабыць хоць некалькі мінут». І далей, да пытання аб карысці прыёмаў, былы генеральны сакратар ААН прызнаецца: «Я не магу адмовіцца ад гэтых сустрэч, бо лічу іх вельмі карыснымі для выканання маіх функцый. Адзін за абедам скажа вам ціха тое, што ніколі не адважыцца зрабіць з высокай трыбуны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, другі паведаміць падбадзёрваючую навіну пра намеры свайго ўрада ў сувязі з перагаворамі, што вядуцца. Абстаноўка кактэйляў дае вам вялікую гаму магчымасцей пачарпнуць масу карысных звестак, устанавіць канфідэнцыяльныя адносіны, а то і дружалюбныя асабістыя сувязі з вашымі субяседнікамі, свабодна падыскуціраваць па далікатных праблемах».

Словам, як бачым, не для свецкага баўлення часу наладжваюцца прыёмы; не дзеля фармальнага захавання пэўнага этыкету выказваюць узаемна знакі гасціннасці, частуюць адзін аднаго — хто з шыкам, у раскошнай зале фешэнебельнага атэля накшталт «Уолдорф Асторыя» (ёсць такі ў Нью-Йорку), а хто больш сціпла, у сценах свайго пастаяннага прадстаўніцтва, хто з дэманстрацыяй нацыянальнай кухні, а хто без гэтага, з агульнапрынятым мясцовым меню. Нават для чалавека, неспрактыкаванага ў дыпламатычных справах, робіцца неўзабаве, пасля наведання двух-трох прыёмаў, зразумелым, што гэта — тая ж дыпламатыя, толькі іншымі, неафіцыйнымі сродкамі, і што, сапраўды, гэтыя «застольныя» сродкі, можа быць, часам больш дзейсныя, чым афіцыйныя. Выступаючы з трыбуны, глядзяць у тэкст ці, калі адрываюцца ад яго,— некуды ў прастору, паверх галоў. На званай вячэры звяртаюцца непасрэдна адзін да другога, глядзяць адзін другому ў твар. Тут ужо ўступае ў дзеянне так званы чалавечы фактар, дае знаць энергія асабістага кантакту.

Ды як бы там ні было, прыслухоўваючыся да рознагалосага гулу, якім суправаджаўся заўсёды прыём, нельга было не канстатаваць як добры знак, добрую прыкмету, як увасобленае спадзяванне на добрую, мірную волю і на ўзаемаразуменне той відавочны факт, што вось дыпламаты і іншыя дзяржаўныя людзі розных краін сабраліся — у духу народных звычаяў і лепшых агульначалавечых традыцый — за адным сталом, разам частуюцца, перагаворваюцца, абменьваюцца ўражаннямі, думкамі і інфармацыяй. Звычайнае «гаварыць» і афіцыйнае «перагаворы» — словы аднаго і таго ж кораня. А такія паняцці, як «запрашэнне», «гасцяванне», «пачастунак»,— адны з самых мірных ва ўсіх мовах свету.

Дэлегацыя БССР таксама, вядома, давала прыёмы — адзін, другі... Першы — для прадстаўнікоў краін, другі — для супрацоўнікаў сакратарыята ААН. Тут ужо ўсе мы на чале з А. Е. Гурыновічам выступалі ў якасці гаспадароў, выконвалі адпаведныя, звязаныя са звычайнымі ў такім выпадку клопатамі і хваляваннем, абавязкі, пачынаючы з падрыхтоўкі закусак і канчаючы неабходнасцю займаць гасцей, аддаваць увагу запрошаным.

У першай частцы кнігі я гаварыў пра тое, як мы святкавалі за акіянам гадавіну Кастрычніка. Савецкая дэлегацыя давала з нагоды свята вялікі прыём. Па-свойму была адзначана гэтая дата і ў сценах ААН. Усім дзяржавам — членам, старшыні Асамблеі і старшыням усіх галоўных камітэтаў, генеральнаму сакратару Арганізацыі і яго намеснікам была разаслана серыя брашур у перакладзе на англійскую мову, дзе расказвалася аб гісторыі БССР і яе дасягненнях за гады Савецкай улады ў галіне эканомікі, навукі і культуры. Камплект гэтых брашур быў перададзены і бібліятэцы ААН. Была падрыхтавана фотавыстаўка на тэму «Беларуская ССР — гісторыя, дасягненні, планы», а таксама наладжаны прагляд дакументальных фільмаў, прысвечаных рэспубліцы («Фарбы Беларусі», «Беларусь сёння» і інш.). Па праглядзе, які праводзіўся ў кіназале ААН, прысутнічалі супрацоўнікі сакратарыята і карэспандэнты. Перад прысутнымі выступіў А. Е. Гурыновіч. (Дарэчы, потым у чарговым нумары часопіса «Навіны сакратарыята» была змешчана падрабязная інфармацыя пра фотавыстаўку і кінапрагляд).

ААН мае сваю інфармацыйную службу, у прыватнасці сваё радыё, і наша дэлегацыя выкарыстала таксама гэтую магчымасць для таго, каб, у сувязі са святочнай нагодай, заявіць яшчэ раз пра гістарычны шлях рэспублікі, пра рэвалюцыйныя пераўтварэнні, якія далі ёй магчымасць заняць «свой пачэсны пасад між народамі», пра тую ролю, якую Савецкая Беларусь адыгрывае сёння ў справе змагання за мір і прагрэс, за лепшую будучыню чалавецтва. Менавіта такога зместу былі гутаркі, з якімі члены дэлегацыі выступілі па радыё ААН.

Мы тут, канечне, не былі выключэннем. З той або іншай нагоды — нацыянальнае свята, знамянальная дата ў гісторыі краіны і г. д.— дэлегацыі, адна за другой, праводзілі самыя розныя мерапрыемствы — выстаўкі, кінапрапрагляды, выпуск прэс-рэліза. Японія, напрыклад, нават адзначала гадавіну ўступлення ў ААН. Праўда, не без задняй думкі, з той мэтай, каб лішні раз нагадаць, што колькасць яе супрацоўнікаў у штаце ААН не адпавядае суме яе штогадовага ўзносу ў аанаўскую «скарбонку». (Зноў-такі: тая ж дыпламатыя, толькі іншымі сродкамі).

Чытачу, думаю, будзе цікава таксама даведацца, што апрача прамоў у залах штаб-кватэры ААН гучалі і вершаваны радок, і сцэнічнае слова, і музыка. Я ўжо расказваў, як скончылася аднойчы пасяджэнне камітэта супраць апартэіду: паўднёваафрыканскі паэт прачытаў свой верш, а адна негрыцянская нью-йоркская трупа паказала з імправізаваных падмосткаў некалькі сцэнак, прысвечаных той жа тэме — змаганню афрыканцаў з расавым прыгнётам. Гэта было ў пачатку кастрычніка. А ў канцы месяца, дакладней — 24 кастрычніка, вечарам, галоўная зала ААН наогул ператварылася ў залу канцэртную, і мы ўжо сядзелі не на сваіх дэлегацкіх месцах, а недзе на балконе і слухалі — у выкананні вядомага філадэльфійскага сімфанічнага аркестра — спачатку Бетховена, яго уверцюру да «Эгманта» і Чацвёрты канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, а потым, у другім аддзяленні, славутую Пятую сімфонію Шастаковіча. З кароткім уступным словам перад канцэртам выступіў Курт Вальдхайм. Ён гаварыў аб тым, што высакародныя ідэалы, якія выказаны ў творах вялікіх кампазітараў, сугучныя з ідэаламі ААН. Першы з іх, зазначаў генеральны сакратар, заклікаў у сваіх творах да свабоды і справядлівасці, а ў творы другога натхнёна гучыць тэма міру, тэма мірнай, стваральнай дзейнасці чалавека.

11 снежня ў ААН адбыўся яшчэ адзін канцэрт, які прысвячаўся чарговай, дваццаць дзевятай гадавіне Дэкларацыі правоў чалавека. На гэты раз перад удзельнікамі Асамблеі выступалі палінезійскія этнаграфічныя ансамблі — музычныя і танцавальныя, у тым ліку і вядомы ў нашай краіне ансамбль «Маоры» (я бачыў яго на сцэне мінскай філармоніі, так што гэта была ўжо сустрэча са старым знаёмым). «Мы бачылі,— гаварыў пасля канцэрта старшыня сесіі,— адны з самых цудоўных на зямлі танцаў, чулі дзівосную музыку. Сэнс танцаў і музыкі настолькі цудоўныя і багатыя, што мы не можам не адгукацца на іх усёй душой. Сімвалічна, што яны выконваюцца ў гэтай зале і ў гэты знамянальны для чалавецтва дзень. Бо словы Дэкларацыі таксама гучаць, як музыка, таксама сцвярджаюць прыгажосць і гармонію жыцця, ісціну і мір».

Было, вядома, крыху непрывычна чуць у зале афіцыйных пасяджэнняў і з вуснаў палітычных дзеячаў словы пра музыку і танцы. Але было ў той жа час сапраўды нешта па-добраму сімвалічнае ў гэтых своеасаблівых мастацкіх адступленнях, у тым, як дырыжорская палачка прыходзіла раптам на дапамогу старшынскаму малатку, а музы па-свойску ўладкоўваліся на аліўкавай галінцы, уплеценай у эмблему ААН.

Ішла, сведчу, у адной з залаў ААН і размова пра паэта, пра яго творчую спадчыну і яго месца ў духоўным жыцці чалавецтва. Недзе ўжо ў канцы сесіі, калі камітэты праводзілі апошнія пасяджэнні і дэлегаты пачыналі раз'язджацца па родных дамах-краінах, у штаб-кватэры Аб’яднаных Нацый было адзначана стагоддзе з дня нараджэння Ікбала. «Па аднадушнаму рашэнню азіяцкіх краін»,— як адзначыў пры адкрыцці ўрачыстасці старшынствуючы. Цікава было паслухаць, як, якой мовай гавораць дыпламаты ды палітыкі на літаратуразнаўчую тэму, якое значэнне надаюць творчасці паэта, якое месца адводзяць яму ў свеце.

Малюнак атрымоўваўся такі. Паколькі выступалі прадстаўнікі розных краін і носьбіты розных поглядаў, то, натуральна, яны падыходзілі да творчай спадчыны і асобы юбіляра з рознымі меркамі, кожны вылучаў на пярэдні план свайго, так сказаць, больш блізкага яму Мухамеда Ікбала, падкрэсліваў у яго творчасці тыя бакі і рысы, якія яму, данаму прамоўцу, больш імпанавалі. Адны падкрэслівалі перш за ўсё, што Ікбал «быў песняром іслама», «выступаў за адзінства мусульманскага свету», што ён, маўляў, «належыць перш за ўсё рэлігіі мусульманства». Другія, наадварот, рабілі ўпор на тое, што паэт «паўставаў супраць канфармізму і духоўнай затхласці», «крытыкаваў містыцызм, уладу дагмата, артадаксальнасць». Трэція адзначалі як заслугу юбіляра тое, што ён «сінтэзаваў усходнюю філасофію з заходнім мышленнем», «выступаў як пасрэднік паміж Усходам і Захадам». У той жа час — характэрны момант — шэраг прамоўцаў пагаджаліся на тым, што Ікбал як творца і мысліцель «універсальны», што «яго думкі зразумелыя ўсяму свету, бо ён імкнуўся ўславіць усё жывое, сумленнае, справядлівае». Адзін прамоўца, хоць і мімаходам, адзначыў сацыяльныя матывы ў паэзіі Мухамеда Ікбала. «Паэта абурала тое,— гаварыў ён,— што моцныя прыгнятаюць слабых, ён узнімаў голас у абарону правоў чалавека». Праўда, той факт, што Ікбал вітаў Кастрычніцкую рэвалюцыю і напісаў потым паэму «Ленін», адзначаны не быў. А ў адной прамове прагучаў такі, надта смелы ўжо нават для трыбуны палітычнага форуму абагульняючы вывад: «Паэты — сапраўдныя ўладары свету. Яны, дзякуючы сіле свайго духу, умеюць прадказваць будучае».

Словам, палітыкі гаварылі пра паэта. Цытавалі яго вершы. І як бы хто ні падыходзіў да творчай спадчыны выдатнага ўсходняга мастака і мысліцеля, было відавочна, што яна так ці інакш «упісваецца» ў кантэкст сучаснага жыцця планеты, пераклікаецца шмат якімі сваімі матывамі з надзённымі праблемамі супольніцтва нацый. Пацвярджаліся наяве словы аптычных грэкаў аб тым, што «мастак — першы палітык», што, кажучы інакш, мастацтва — тая ж палітыка, толькі іншымі сродкамі.

Калі б гэта не было так,— доказ ад зваротнага,— стогадовы юбілей Мухамеда Ікбала не адзначалі б у сценах ААН.

 

Людзі застаюцца людзьмі

 

На маю долю выпалі вельмі цяжкія дзяцінства і юнацтва... Мая маці не ведала, чым мяне карміць, дзе дастаць малака, крайне мне неабходнага. Маці мая, дачка фермераў, усю сваю энергію прысвяціла дзецям, якіх горача любіла.

З ўспамінаў Курта Вальдхайма

Усе мы былі дзецьмі, ва ўсіх нас былі маці.

З уласных вершаў

 

Тут гучаць паняцці, якімі аперыруе так званая вялікая палітыка. Тут мысляць такімі катэгорыямі, як «дзяржава», «краіна», «нацыя», «рэгіён», «міжнароднае супольніцтва», «глабальнае супрацоўніцтва». Самая распаўсюджаная тут, зафіксаваная ў дэлегацкіх пасведчаннях і матэрыялах сесіі форма звароту: прадстаўнік (англійскі эквівалент — рэпрэзентатыў, французскі — рэпрэзентант). «Як усе прадстаўнікі ведаюць. Генеральная Асамблея вырашыла лімітаваць час выступленняў у парадку права на адказ дзесяццю мінутамі, і я ўпэўнены, што прадстаўнікі ўкладуцца у гэты час», «Я не хацеў бы выпрабоўваць цярпенне паважаных прадстаўнікоў, але мая дэлегацыя мусіць адказаць на заяву, з якой выступіў толькі што адзін прадстаўнік». І гэтак далей.

Словам, прадстаўнік, прадстаўнікі. Не самі па сабе, не прыватныя, так сказаць, асобы, не «заморскія госці» ці «вольныя купцы» (гістарычная літаратура ведае і такія паняцці), а ўпаўнаважаныя дзяржаў, асобы, надзеленыя пэўнымі афіцыйнымі абавязкамі і інструкцыямі. Як бы табе ні падабалася тваё асабістае імя, якім бы каштоўным і значным яно табе ні здавалася, забудзь тут пра яго. Справа тут зусім не ў ім, не ў тваёй асобе. Ты — прадстаўнік, дэлегат, ты прызначаны гаварыць ад імя і па даручэнню: «мы», «мая дэлегацыя», «мая краіна» (некаторыя, чуеш, звяртаюцца яшчэ да такой даволі ўжо архаічнай, але ўсё яшчэ існуючай формы, як «мой суверэн», «мой гасудар» і г. д.).

Але тым не менш і тут, на афіцыйным, палітычным форуме, людзі ўсё ж застаюцца людзьмі. І не толькі ў сэнсе сваёй, так сказаць, вонкава-фізічнай абалонкі, сваіх расавых, этнічных ці нацыянальных асаблівасцей, але і ў сэнсе індывідуальна-чалавечых характараў, манер, густаў, звычаяў, нораваў. Апошнія, не падпарадкоўваючыся пратакольнаму нівеліру, праяўляліся на сесіі ў самых розных формах, маглі даць знаць пра сябе часам з самага нечаканага боку. Ну, скажам, у тым, як хто, якой паходкай, ідзе на трыбуну, як нясе тэкст свайго выступлення, у якой манеры гаворыць (хутка ці паважна, адрываючыся ад тэксту ці не), робіць паклон-ківок у бок прэзідыума ці абыходзіцца без гэтага. Пасол Бангладэш, напрыклад, заўсёды старанна рэгуляваў узровень мікрафона — відаць, надаваў значэнне не толькі зместу сваёй прамовы, але і таму, як яна прагучыць у зале. Новазеландская дэлегацыя запомнілася, апрача ўсяго іншага, тым, што ўсё брала слова для тлумачэння матываў свайго галасавання і што яе кіраўнік, высокі, з доўгімі апушчанымі вусамі, нізка кланяўся зале перад тым, як пачаць гаварыць. Было бачна таксама, што адны адчувалі сябе ў зале і на трыбуне скавана, не зусім натуральна, а другія, асабліва з ліку старажылаў ААН, даўно ўжо акрэдытаваных тут дыпламатаў,— свабодна, нязмушана, як у сваёй стыхіі. Прэм’ер-міністр Заходняга Самоа Тупуола Эфі гаварыў пра неаднолькавае геаграфічнае і сацыяльна-эканамічнае становішча краін у духу паленізійскай мудрасці: «Чалавек на вяршыні, чалавек на дрэве, чалавек на каноэ...» (пад апошнім ён меў на ўвазе астравіцян-самоанцаў). Гаварыў неяк ціха, сарамліва, з цяжкасцю падбіраючы словы. А сыходзячы з трыбуны, так абмахнуў твар насоўкай, што мне здалося: чалавек скончыў цяжкую працу або сышоў з каноэ на бераг. Затое, скажам, памянёны ўжо раней амбасадор Барудзі мог папросту ўмяшацца ў ход пасяджэння, з незвычайнай лёгкасцю і не заўсёды трымаючыся прадмета дыскусіі падоўгу красамоўнічаць з трыбуны. (Ён мог, напрыклад, у час сваёй чарговай імправізаванай прамовы сказаць, паглядзеўшы на гадзіннік: «Я думаю, што зараз нам пара зрабіць перапынак на абед. Ды я рэзервірую за сабой права прадоўжыць сваё выступленне, ці лекцыю, калі яго можна так назваць, заўтра або ў бліжэйшыя два-тры дні»).

Выдаваў у афіцыйных прадстаўніках жывую, так сказаць, людскую існасць і іх узрост. Вось, заўважаеш, ужо зусім стары, сівы, умудроны жыццёвым і палітычным вопытам прадстаўнік, а побач яшчэ зусім малады, свежы твар... Помніцца, як мяне бянтэжыў, выводзіў з раўнавагі той факт, што побач з сытым, самаўпэўненым, вылезшым толькі што, па ўсёй бачымасці, з палкоўніцкага ці контрадміральскага мундзіра пасланцом піначэтаўскай клікі знаходзіўся, у якасці яго памочніка, малады, з тонкімі, прыгожымі рысамі твару дыпламат. « Што ты робіш? Каму ты служыш, каго ты прадстаўляеш? — дакараў я яго ў думках.— Ну хай гэты твой шэф, адстаўны контрадмірал. Дык ён звязаны з крывавым дыктатарам адной вяровачкай. А ты чаму тут? Табе з тваім юнацкім, адухоўленым тварам навошта гэта?..»

Я ўжо гаварыў, у той ці іншай сувязі, аб палітычнай «моладзі», аб месцы і ролі ў ААН маладых незалежных краін. Павінен сказаць, што паняцце «маладыя дзяржавы» расшыфроўвалася тут парой самым канкрэтным, наглядным чынам: большасць іх прадстаўнікоў — сапраўды яшчэ маладыя, рухавыя, поўныя энергіі людзі, учарашнія выпускнікі розных вышэйшых навучальных устаноў свету, у тым ліку і Савецкага Саюза. Апошняя акалічнасць, натуральна, не магла не выяўляцца ў адпаведных адносінах да ўмоўнасцей пратакольнага этыкету, адбівалася на псіхалагічным мікраклімаце Асамблеі. Аднойчы, перад пачаткам пасяджэння, заняты сваім блакнотам, чую раптам: «Здравствуйте!» Узняў галаву і бачу: міма прайшоў, аглядваючыся з добрай, прыветлівай усмешкай на твары, негр і сеў на сваё месца з шыльдачкай «Гвінея». У другі раз гэтак жа неафіцыйна, з такой жа непасрэднасцю павітаўся сенегалец. Адбітак разняволенасці — і ў шырокім і ў канкрэтным сэнсе гэтага слова — насілі на сабе, рабілі часам уражанне электрычнага разраду і баявыя, бескампрамісныя, па-маладому запальчывыя прамовы дэлегатаў Анголы, Беніна, Мадагаскара, Мазамбіка і некаторых іншых краін, атрымаўшых нядаўна палітычную самастойнасць. Цёпла было сустрэта заяўленне на трыбуне прэзідэнта Народнай Рэспублікі Мазамбік Саморы Машэла. Увесь яго воблік гаварыў пра палітычнага лідэра новага тыпу, народжанага сучаснай нацыянальна-вызваленчай барацьбой, у адпаведным стылі ён і выступаў — адкрыта, эмацыянальна, тэмпераментна, высока ўскідваючы галаву і як бы наводмаш кідаючы ў залу словы. Або вось наступны дзённікавы запіс, зроблены пад свежым уражаннем: «Сёння прадаўжаўся разгляд пытання аб Палесціне і палесцінцах — аб трагічным становішчы некалькіх мільёнаў абяздоленых, пазбаўленых не толькі правоў, але і самой радзімы людзей (у голасе начной нью-йоркскай сірэны гучыць напамінак і пра іх). «Мінулае гэтага народа,— гаварыў узрушана прадстаўнік Мальты,— на нашым сумленні. Яго будучыня павінна быць прадметам нашай заклапочанасці». Па-чалавечы шчырыя трывога і заклапочанасць прагучалі таксама ў заявах дэлегатаў Мадагаскара і Лаоса. Апошні літаральна ўзарваўся: «Колькі гэты спектакль будзе працягвацца! Свет ужо стаміўся ад такой несправядлівасці ў дачыненні да цэлага народа!» Афіцыйны прадстаўнік у эмацыянальным запале дадаваў, што называецца, «ад сябе асабіста...».

Гэтае самае «ад сябе асабіста» праяўлялася на сесіі і ў другіх выпадках, у прыватнасці тады, калі вялікая палітыка «замыкалася» на канкрэтных умовах людскога існавання, на праблеме хлеба надзённага. Прадстаўнік адной афрыканскай дзяржавы спасылаўся, напрыклад, на пісьмо правадыра свайго роднага племя, у якім той паведамляў, колькі можа памерці ад голаду людзей, калі не прыйдзе своечасова дапамога. Ці ўзяць такі эпізод. Міністр замежных спраў Сінгапура, гаворачы пра цяжкое эканамічнае становішча краін «трэцяга свету», пра гандлёвыя тарыфы і таможанныя бар’еры, паказаў на сваю кашулю і паведаміў удзельнікам Асамблеі для параўнання, колькі такая кашуля каштуе тут, у Нью-Йорку, а колькі ў Парыжы і ў яго Сінгапуры. У элементарным жэсце і простых словах праглянула раптам вядомая ісціна аб тым, што палітыка існуе не сама па сабе, а з’яўляецца канцэнтраваным выяўленнем эканомікі.

Людзі заставаліся людзьмі, і ў выніку на форуме не абыходзілася без падсвечаных адпаведным чынам сцэн, сутычак, інцыдэнтаў. Даходзіла справа і да асабістасцей. У час абмеркавання становішча на Кіпры прадстаўнік Саудаўскай Аравіі Барудзі хацеў унесці сваю папраўку ў праект адпаведнай рэзалюцыі. Тэкст папраўкі сведчыў аб пэўных палітычных сімпатыях і не спрыяў справядліваму ўрэгуляванню кіпрскай праблемы. Пераважная большасць прагаласавала супраць папраўкі. А пасол Шры Ланкі Гамільтон Амерасінгхе зазначыў, што прыняцце яе выхаласціла б сэнс рэзалюцыі, зрабіла б яе менш эфектыўнай. Барудзі пакрыўдзіўся на Амерасінгхе. «Чаму вы хочаце надаць бессэнсоўнасць маёй папраўцы,— дакараў ён з трыбуны свайго апанента,— калі ў ёй закладзены глыбокі сэнс? Гэта вашы фармуліроўкі бессэнсоўныя...» Барудзі некалькі разоў выходзіў на трыбуну, спрачаўся з аўтарамі рэзалюцыі, даказваў сваю правату. Праўда, потым ішоў да Амерасінгхе, называў яго «мой сябар» і паціскаў яму руку ў знак прымірэння.

Дарэчы, з вырашэннем кіпрскага пытання звязаны і яшчэ адзін інцыдэнт, які гаварыў пра тое, што на высокім сусветным сходзе могуць даваць знаць пра сябе зусім не высокія норавы. Прадстаўнік Турцыі з мэтай інсінуацыі прыпісаў у сваім выступленні Макарыосу словы, якія той ніколі не гаварыў. Кіпрскі дэлегат злавіў яго на гэтым, з абурэннем гаварыў пра падлог з трыбуны. Турэцкі пасол нервова ёрзаў, перашэптваўся з членамі сваёй дэлегацыі, але адказваць не стаў — нечым было крыць.

Прыгадваецца ў гэтай жа сувязі і канфлікт ізраільскага прадстаўніка з членамі Спецыяльнага камітэта па расследаванню дзеянняў Ізраіля, якія закранаюць правы чалавека на акупіраваных тэрыторыях. Пры абмеркаванні даклада, які быў прадстаўлены камітэтам, прадстаўнік Ізраіля, забываючыся на афіцыйны статус свой і сваіх калег, накінуўся на іх з грубымі нападкамі, стаў абвінавачваць членаў камітэта ў неаб'ектыўнасці, у паклёпе і ў іншых грахах, нават заявіў, што «даклад напісаны другімі». Асабліва дасталося дакладчыку камітэта, прадстаўніку Шры Ланкі. Тут разгневаны прамоўца проста перайшоў на асабістасці: маўляў, паглядзіце, якія вы самі, што ў вас робіцца дома, у вас вунь сінгальская большасць дыскрымініруе тамілаў і г. д.

Як гэта бывае і ў звычайным людскім жыцці і як доказ таго, што на ўсякага мудраца хапае прастаты,— будзь нават гэты мудрэц членам урадавай дэлегацыі ці дыпламатам высокага рангу,— побач з сур’ёзным, важным, афіцыйным часам суседнічала на форуме і камічнае, смешнае, элементарна ўласцівае чалавеку. Нехта не выйшаў на трыбуну па той прычыне, што, аказваецца, пераблытаў напярэдадні спісы прамоўцаў — меў на ўвазе не той, у які запісаўся. Нехта, каб замаскіраваць пазіцыю сваёй дэлегацыі пры вырашэнні таго або іншага пытання, зрабіў выгляд, што... не паспеў атрымаць інструкцыі свайго ўрада (да гэтага прыёму звяртаўся, дарэчы, і раз і два прадстаўнік ЗША). Было некалькі выпадкаў, калі асобныя члены Асамблеі схамяналіся, што не павіншавалі своечасова старшыню (сесіі або камітэта). «Няхай ваша правасхадзіцельства не прыме гэта за раўнадушнасць з нашага боку»,— гаварыў у выбачальным тоне адзін з дэлегатаў. Або вось... Пазяхнуў адзін, пазяхнуў другі, трэцяга пачынае хіліць да сну, ну а сёй-той, глядзіш, ужо спіць самым форменным чынам, хіба што толькі не ў самай зручнай для гэтага позе. Так, прыходзілася не раз назіраць гэтую сцэну — спячых у зале пасяджэння. Давалі знаць розніца ў часе, айчынным і нью-йоркскім, стома, пажылы ўзрост, дзеянне такога манатоннага раздражняльніка, як прамовы, што ішлі адна за другой. Ды і ці трэба асабліва вытлумачваць, чаму раптам чалавека пацягнула на сон — калі нават ён выступае ў якасці афіцыйнага паўнамоцнага прадстаўніка. І вось ён, прыладзіўшыся больш-менш у крэсле, спіць. Спіць прадстаўнік міралюбівай дзяржавы, а побач пачынае «кляваць» дэлегат дзяржавы ваяўнічай, дрэмле пасол эканамічна развітай краіны, а праз некалькі крэслаў беспаспяхова змагаецца са сном пасланец краіны, якая толькі што стала на шлях развіцця... Малюнак, канечне, да крыўднага дыспрапарцыянальны, супярэчлівы. У той час, калі нехта апеліруе з хваляваннем да міжнароднага супольніцтва, прамаўляе з высокай трыбуны словы, прасякнутыя клопатам за мір і бяспеку, яго партнёр мірна-бяспечна спачывае ў абдымках апалітычнага Марфея. І смех і грэх, як кажуць. На адным з пасяджэнняў я не вытрымаў і накідаў у блакноце наступныя радкі:

 

Прамовы журчаць, як весні ручэй.

Прамовы плывуць, як раўнінныя рэкі.

Бачу, сусед мой усеўся ямчэй.

Бачу, ў суседа зліпаюцца векі.

Бачу, ён нікне ўніз галавой,

сплывае кудысь ад аанаўскай явы...

Спіць мой сусед —

прадстаўнік адной,

  індустрыяльнай, нейтральнай дзяржавы.

Гляджу на яго: «Бай, бай, сусед!

Толькі глядзі не выпадзі з крэсла,

глядзі не праспі свой нейтралітэт,

справу бяспекі і прагрэса!»

 

Людзі заставаліся людзьмі... І ў тым сэнсе, як хто адзяваецца. Пераважаюць на шматнацыянальным форуме еўрапейскі касцюм, паласатая дыпламатычная «тройка» з гальштукам. Але як знак таго, што за апошнія гады змянілася да непазнавальнасці палітычная карта свету і адпаведна змяніўся членскі склад ААН і што ў сувязі з гэтым тут яўна абнавіўся, дэмакратызаваўся этыкет,— як сведчанне гэтых перамен і новых павеваў поруч са строгім касцюмам, з традыцыйнай дыпламатычнай візіткай віднеюцца на роўных самыя розныя па колеру і фасону нацыянальныя ўборы. У зале можна бачыць і свабоднага крою сарочку, і наглуха зашпілены сурдут, і стракатую накідку кентэ, і феску... Як ужо гаварылася вышэй, прэзідэнт новапрынятай у ААН Рэспублікі Джыбуці Гулед Аптыдон Хасам з’явіўся ў зале ў экзатычным нацыянальным адзенні. Падкрэслівалі такім жа чынам сваю нацыянальную і этнаграфічную прыналежнасць і некаторыя іншыя члены Асамблеі. Так, напрыклад, прэм’ер-міністр Папуа-Новай Гвінеі Майк Т. Семара, смуглява-чорны сам, выйшаў на трыбуну ў чорнай, з сінім адлівам кашулі-касаваротцы. Пасол каралеўства Лесота прыйшоў на пасяджэнне ў суправаджэнні паўадзетых і ўпрыгожаных на афрыканскі лад дыпламатаў і целаахоўнікаў. Асабліва паказальным у гэтым сэнсе было заключнае пленарнае пасяджэнне, прысвечанае агульнай дыскусіі, на якім меліся выступіць прадстаўнікі цэлага шэрагу афрыканскіх краін — Астравоў Зялёнага Мысу, Нігерыі, Малі, Свізіленда і інш. Зала літаральна стракацела ярка-каляровымі афрыканскімі строямі: накідкі, шапачкі, цюрбаны, розныя аздабленні на галовах і руках. Але пераўзышоў усіх прадстаўнік Свізіленда Абеднега Кусені Хлопе. Ён падняўся на трыбуну ў адной набедранай павязцы, з пацеркамі на шыі і веерам пёраў на галаве. Па праўдзе кажучы, было трохі дзіўна, непрывычна ва ўсякім выпадку бачыць, як над сіне-зялёным мармурам трыбуны ўзвышаецца шакаладны торс, а на яе апіраюцца аголеныя рукі. Трэба сказаць, такі спосаб самасцвярджэння быў прыняты ў зале, у тым ліку і сярод прадстаўнікоў афрыканскага свету, скептычна-насмешліва.

Людзі заставаліся людзьмі... Сесія Генеральнай Асамблеі ААН была такім чынам не толькі шматнацыянальным палітычным форумам, але і своеасаблівай выстаўкай самых розных, ад і да, чалавечых тыпаў. З высокай трыбуны выступалі прадстаўнікі розных краін і народаў, але яны былі адначасова і прадстаўнікамі агульнага чалавечага роду, аднаго і таго ж біялагічнага віду — Номо sаpiens. Асамблея, словам, уяўляла сабой мініяцюрны партрэт усяго чалавецтва. Гэты факт даваў спажыву для роздуму-летуцення аб будучай сям’і людзей і народаў — «сям'і вольнай, новай», настройваў на радкі накшталт наступных:

 

Усе мы былі дзецьмі,

ва ўсіх нас былі маці.

Жывём на адной планеце —

як у адной хаце.

 

 

Каго цытуюць з высокай трыбуны, або Талстой у змаганні з каланіялізмам і сіламі вайны

Не-не ды і чуеш: «Як сказана... Як гаворыцца... Як указваў у свой час... Паводле слоў... Хачу закончыць сваё выступленне словамі... Канец цытаты». Спасылаюцца, чую, на Статут ААН і на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, на чацвёртую Жэнеўскую канвенцыю (у ёй ідзе гутарка аб абароне грамадзянскага насельніцтва ў час вайны) і на іншыя акты міжнароднага права, на гістарычныя дакументы і палітычныя дэкларацыі, на сутры, Біблію і Каран. Цытуюць, чую, творы філосафаў і паэтаў, выказванні дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, палітыкаў і рэвалюцыянераў (у выпадку неабходнасці — і рэакцыянераў) — усіх часоў і народаў. Гучаць у зале ААН не страціўшыя сваёй актуальнасці словы Арыстоцеля і Русо, Цыцэрона і Лао Цы, Эмерсона і Жарэса, Макіявелі і Балівара, Гандзі і Каунды...

Гучалі цытаты і стаўшыя неўміручымі афарызмамі выказванні, і парой было такое адчуванне, што сцены залы пасяджэнняў рассоўваліся ў часе і прасторы і што трыбуна ААН выносілася на скрыжаванне вялікіх шляхоў гісторыі, шляхоў развіцця духоўнай цывілізацыі чалавецтва. І яшчэ выклікаў задавальненне, абнадзейваў той несумненна станоўчы факт, што ў міжнароднага супольніцтва ёсць агульныя, выпрацаваныя агульным векавым вопытам зыходныя пункты, крытэрыі, арыенціры, што ў яго ёсць агульнапрызнаныя настаўнікі і аўтарытэты, ёсць на каго аглядвацца, ёсць з кім раіцца і лічыцца.

Праўда, трэба сказаць, цені вялікіх трывожыліся не заўсёды дзеля ісціны, дзеля карысці справы, з той, скажам, мэтай, каб больш пераканаўча выкласці думку, выразней абгрунтаваць пазіцыю, а і дзеля краснага слоўца ці, што яшчэ горш, для таго, каб маскіраваць сапраўдныя думкі і мэты. (Так, напрыклад, аднойчы амерыканскі дыпламат, каб крыху прыкрыць, закамуфліраваць пазіцыю сваёй дэлегацыі, стаў з пафасам цытаваць Эклесіаста: «Час плакаць, і час смяяцца; час наракаць, і час скакаць; час раскідваць каменне, і час каменне збіраць...») І ў такіх выпадках нельга было не пагадзіцца з адным прамоўцам, які едка заўважыў, што «нават д’ябал можа працытаваць Біблію ў сваіх уласных інтарэсах».

Звяртаюцца — працягваю думку —удзельнікі форуму і да фальклору, да крыніц народнай мудрасці. Хто прыгадвае імя казачнага героя, хто выкарыстоўвае прытчу, хто прыводзіць прыказку. Гучаць, чую, з высокай трыбуны, пераклікаючыся адна з адной, прыказкі і прымаўкі — арабскія («Хто ведае праўду, а не гаворыць, той хлус», «Хто нічога не робіць, той выступае ў якасці суддзі», «Адзін багацце здабывае працай, а другі — разбоем»), англійская («Куды анёл не рашаецца ступіць, ліхадзей урываецца папросту»), рускія і беларускія («Не той дабрахот, у каго на вуснах мёд», «Гарбатага толькі магіла выправіць»), сенегальская («Хто супраць ветру плюе, будзе сам апляваны»), французская («Калі ты сказаў «А», то мусіш сказаць і «Б») і г. д.

І вельмі дарэчы, павінен сказаць, гучала тут жывое, каларытнае, вобразнае народнае слоўца, вельмі добра «ўпісвалася» ў рознагалосіцу палітычнага форуму. Вельмі трапным, дадам, было часта яго пападанне. Прыгадваецца такі эпізод. У час абмеркавання пытання аб апартэідзе савецкаму дэлегату трэба было даць належны адпор дэмагагічным спробам сяго-таго абылгаць палітыку нашай краіны ў дачыненні да Афрыкі. І ён гаварыў у сваім выступленні: «Нашы афрыканскія сябры папрасілі ўчора нас не ўступаць у палеміку з вышэйадзначанымі заявамі, бо гэта адводзіла б у бок ад абмеркавання важнага пытання, якое зараз знаходзіцца на разглядзе Генеральнай Асамблеі. Афрыканскія сябры напомнілі старую, але добрую мудрасць: «Пустыя бочкі, вялікія яны ці малыя, заўсёды грымяць больш за ўсіх». Што ж, няхай грымяць. А мы будзем дапамагаць вызваленчай барацьбе народаў». (Я ўжыў слова «пераклікаліся». Прыклад з «пустымі бочкамі» сведчыць, што асобныя жамчужыны народнай мудрасці розных краін і нават розных кантынентаў маглі, як бачым, зусім супадаць — і па сэнсу, і па гучанню).

Апеліравалі члены Асамблеі і да аўтарытэту прадстаўнікоў прыгожага пісьменства, да класічных узораў сусветнай літаратуры. Вось, напрыклад, гучаць словы прынца дацкага аб тым, што «на небе і зямлі ёсць болей рэчаў, чым сніцца філасофіі любой». У наступнай прамове цытуюцца другія радкі таго ж шэкспіраўскага твора: «Колькі б ні стараўся Геркулес, кот мяўкае, а воўк глядзіць у лес». Прэзідэнт адной маленькай дзяржавы пачынае сваю прамову з саркастычнай ноты — нагадвае міжнароднаму супольніцтву выказванне Вальтэра: «Як багатыя, так і бедныя маюць у адным аднолькавую свабоду — памерці з голаду». А прадстаўнік афрыканскай краіны, гаворачы аб барацьбе народа Намібіі за свабоду і раўнапраўе, звяртаецца да Гюго: «Мацней за ўсё на свеце ўяўленне аб тым, часіна чаго надышла». «Раней чым пакінуць гэту трыбуну,— гаворыць чарговы прамоўца, дэлегат адной з паўднёваамерыканскіх краін,— дазвольце мне выказаць пачуцці свайго народа словамі нашага славутага Радо». І вось у зале гучаць натхнёныя словы класіка лацінаамерыканскай літаратуры Хасэ Энрыке Радо: «Я горача малюся за тое, каб сімвал Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, яе флаг развяваліся ва ўсё больш чыстым небе; каб яе высакароднасць асвятлялася заўсёды чыстай славай, каб яна заўсёды кіравалася законам, каб нашы ўраджаі няспынна павялічваліся, каб узрасталі наша свабода і наша шчасце, каб існавалі ўмовы нязменнай гармоніі, што вынікаюць з любві і справядлівасці, каб сучаснае і будучыя пакаленні чалавецтва жылі ў больш шчаслівым і цудоўным свеце, якога яшчэ не было на працягу таго, як праходзяць стагоддзі».

Словам, на форуме нацый літаратура таксама служыла сваю добрую службу, узвышала свой голас у імя міру, справядлівасці і прагрэсу.

У гэтым пераконваў асабліва наступны эпізод. Выступае прадстаўнік Сейшэльскіх астравоў, яшчэ малады, бялявы, знешне, манерай гаварыць больш падобны на школьнага настаўніка, чым на дыпламата. Гаворыць пра станоўчыя змены, якія адбыліся ў жыцці маладой рэспублікі пасля прыходу да ўлады левых сіл, пра тыя цяжкасці, якія перажывае нядаўняе каланіяльнае ўладанне на шляху самастойнага развіцця. Выкрывае з абурэннем тых, хто падтрымлівае паўднёваафрыканскіх расістаў, і спасылаецца ў гэтай сувязі на папярэджанне прэзідэнта Замбіі доктара Каунды: «Калі Захад не можа адгукнуцца па маральнай прычыне, то няхай адгукнецца ад страху перад магчымымі вынікамі». З непакоем гаворыць далей пасланец Сейшэлаў аб розных формах залежнасці толькі што стаўшых на ногі маладых дзяржаў ад «моцных свету гэтага». І тут раптам вымаўляецца імя Талстога і гучаць у навушніках крыху скажоныя паспешлівым адваротным перакладам талстоўскія словы: «Я сижу на шее у человека, задавил его и требую, чтобы он вёз меня, и, не слезая с него, уверяю себя и других, что я очень жалею и хочу облегчить его положение всеми возможными средствами, но только не тем, чтобы слезть с него...»

Талстой!.. Калі б нават прамоўца не сказаў, чые словы ён цытуе, іх усё адно нельга было б не пазнаць. Вельмі ўжо характэрныя былі яны, вельмі ўжо талстоўскія — па сіле духу, па сваёй суровай бескампраміснасці і выяўленчай выразнасці. «Зло небяспечнае і тады,— працягваў сейшэльскі дэлегат развіваць думку, выкрываць дабрадзеяў-неакаланізатараў,— калі чалавек проста робіць нешта няправільна, несправядліва. Але калі ён робіць зло, дзейнічае няправільна і ў той жа час спрабуе даказваць, што ён мае рацыю, што ён нічога дрэннага не робіць, гэта зло асабліва небяспечнае».

У сценах ААН, на яе Асамблеі можна было ўвачавідкі пераконвацца, што сусветная каланіяльная сістэма пала, загадала чалавецтву доўга жыць, што адышлі ў мінулае вялікія каланіяльныя імперыі — адна, другая, трэцяя... Гэта ж на іх руінах узніклі, як грыбы пасля жыватворнага дажджу, дзесяткі новых самастойных дзяржаў, якія вунь складаюць пераважную большасць у ААН, вызначаюць у значнай меры яе нацыянальна-дэмаграфічны спектр. Але ў тых жа сценах і гэтак жа наглядна можна было канстатаваць існаванне перажыткаў, астаткавых, так сказаць, з’яў каланіялізму. На парадку дня сесіі ўсё яшчэ стаялі пункты, накшталт: «Ажыццяўленне Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам», «Пытанне аб Намібіі», «Пытанне аб каморскім востраве Майота» і г. д. На форуме яшчэ можна было пачуць выкрывальныя інвектывы, накшталт, да прыкладу, той, якая прагучала аднойчы ў выступленні прадстаўніка Шры Ланка. «Пазіцыя Францыі,— заяўляў ён пры абмеркаванні пытання аб востраве Майота,— не што іншае, як спроба захаваць рэшткі каланіялізму. Гэта не тая пазіцыя, якую можна было б чакаць ад такой палітычна вопытнай краіны, як Францыя. Каланіялізму няма больш месца ў жыцці народаў, яго месца ў мінулым!»

Каланіялізм распаўся як сістэма, але сам па сабе яшчэ аганізуе, і працэс дэкаланізацыі — як гэта можна было бачыць на сесіі Асамблеі — яшчэ працягваецца.

Гэта па-першае. Па-другое, у свеце яшчэ застаецца — пра што таксама нямала гаварылася з трыбуны ААН, асабліва дэлегатамі «трэцяга свету» — каланіялізм відазменены, падноўлены, каланіялізм, які, тужачы па салодкім «цяжары белага чалавека» і чапляючыся за ранейшыя пазіцыі, націскае ўжо не столькі на курок і гашэтку, колькі на эканамічныя рычагі, сядзіць, калі трымацца талстоўскай метафары, на шыі слабейшага ўжо не з кнутом і ружжом, а з пернікам і доларам (фунтам стэрлінгаў, маркай, франкам). Адзін прамоўца гаварыў пра «эканамічную несправядлівасць», другі — пра «традыцыйны эгаізм багатых і магутных», трэці, ставячы кропкі над «і»,— пра «неакаланіялісцкае разграбленне і дыскрымінацыю». Гутарка, словам, ішла пра неакаланіялізм.

І вось у гэтым аб'яднаным, шматнацыянальным хоры, у гэтым змаганні з каланіялізмам, з усімі відамі несправядлівасці і прыгнёту прагучаў — я быў таму сведкам — і голас Льва Талстога.

Меў рацыю яго сучаснік, які сказаў: «Нам не дано предугадать, как слово наше отзовется». Як і дзе, у якім геаграфічным пункце зямнога шара і ў якім сацыяльна-жыццёвым кантэксце.

«Прысутнасць» Талстога на Асамблеі ААН пацвердзілася потым, амаль дзівосным чынам, і яшчэ раз — калі на трыбуну ўзняўся дэлегат Фіджы, другой маленькай, астраўной, атрымаўшай толькі нядаўна незалежнасць краіны. Ён гаварыў пра нялёгкі лёс свайго пяцісоттысячнага народа. «У нас такое ўражанне,— звяртаўся пасланец Фіджы да залы,— што той край свету, дзе мы знаходзімся, часта забываюць. Нам пагражаюць стыхійныя бядоты, мы не можам пазбавіцца ад адсталасці, мы маем патрэбу ў дапамозе, але нас абыходзяць...» І вось, слухаючы горкія нараканні фіджыйца, я зноў прыгадаў, нельга было не прыгадаць,— талстоўскі трактат «Дык што ж нам рабіць?», словы з якога прыводзіў прадстаўнік Сейшэльскіх астравоў. Справа ў тым, што дэлегат Фіджы мог бы з яшчэ большай пераканаўчасцю і большым правам, чым яго сейшэльскі калега, спаслацца на славуты трактат, дзе менавіта на прыкладзе... ціхаакіянскага вострава Фіджы вялікі Талстой, узброіўшыся адпаведнымі лічбамі і фактамі, паказваў, што такое «грашовае насілле», якую ролю адыгрывала яно ў эканамічным і палітычным заняволенні народаў англійскімі і амерыканскімі каланізатарамі.

Павінен сказаць, што талстоўская мудрасць, яго асобныя празарэнні не раз прыходзілі на памяць — чытач гэта ўжо, напэўна, заўважыў —у тыя дні, у час сесіі. Завязвалася, скажам, на пасяджэнні чарговая сварка паміж даўно варагуючымі дзяржавамі, і ўзнікала думка аб псіхалагічным фактары, аб тым, што, мабыць, і тут, у палітыцы, дзейнічае так альбо інакш закон, сфармуляваны Талстым у дачыненні да сямейных узаемаадносін: спачатку рознагалоссі з’яўляюцца прычынай варожасці, а потым ужо варожасць становіцца ў сваю чаргу крыніцай рознагалоссяў. Асамблея давала нямала нагод для роздуму аб нялёгкім і супярэчлівым адзінстве нашага роду чалавечага, аб магічным значэнні асабістых кантактаў, і ў гэтай сувязі нельга было не ўспомніць вядомую сцэну абмену позіркамі паміж П’ерам Бязухавым і напалеонаўскім маршалам. Або ўзяць наступны запіс у блакноце: «Падумаў сёння, што выказаныя тут думкі, а таксама стэнаграмы, рэзалюцыі, дэкларацыі, у якіх гэтыя думкі фіксуюцца, ужо самі па сабе — дасягненне. Нават незалежна ад таго, які практычны вынік, які палітычны эфект будуць мець яны, гэтыя думкі (стэнаграмы, рэзалюцыі, дэкларацыі). Гаварыў жа Талстой, што калі думка выказана, то яна ў нейкай меры ўжо і здзейснена».

«Як там на сесіі? — пытала з усёй сур’ёзнасцю ў сваім пісьме дачка-школьніца.— І яшчэ напішы, што мне цяпер чытаць. Без цябе я не ведаю». «На сесіі,— адказваў я,— нам да ўсяго ёсць справа, да палітыкі, гісторыі і геаграфіі адначасова, да таго, што робіцца ў Паўднёвай Радэзіі і каму павінен належаць Усходні Цімор, да таго, як жывецца людзям на Сейшэльскіх астравах і на занядбаным усімі адзінокім востраве Фіджы. Ці ведаеш такія краіны? Пашукай іх на глобусе ці ў атласе. А вось што датычыць твайго чытання, то, не задумваючыся, раю: чытай Талстога. Спытайся ў маці, дзе ён стаіць. Бяры і чытай, як толькі зробіш урокі. Не памылішся. Я тут пераканаўся ў гэтым лішні раз. Прыеду — раскажу больш падрабязна».

 

Дзве дыпламатыі на паверку

На першы, асабліва недасведчаны, позірк табе можа нават здацца ў нейкі момант, што пад эгідай ААН з яе такімі выразнымі сімваламі, як блакітны флаг і аліўкавая галінка, запанавалі жаданыя «мир на земле и благоволение во человецех», леў дружалюбна ўлёгся побач з ягнём, а воўк гэтак жа згодна прымасціўся па-суседску з козамі. Бо ўсе амаль — за рэдкім выключэннем — гаварылі з высокай трыбуны аб адданасці справе міру і прагрэсу, аб вернасці прынцыпам і мэтам ААН, аб «супольнасці», «салідарнасці», «узаемазалежнасці», «калектыўнай адказнасці». Час ад часу прамаўляліся нават такія словы, як «брат», «сям'я», «адзіны свет».

«Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якая амаль дасягнула сваёй універсальнасці,— звяртаўся да залы чарговы прамоўца,— з’яўляецца месцам правядзення такіх вось нарад і сустрэч. І дзяржавы, што знаходзяцца ў розных кутках свету і належаць да розных рэгіянальных груповак, выяўляюць тут, што ў іх маецца шмат агульнага. Тут яны могуць зразумець адзін аднаго, калі няма неабходнасці згадзіцца адзін з адным, шляхам правядзення афіцыйных і неафіцыйных абменаў думкамі. Тут дзяржавы, якія знаходзяцца ў сварцы, могуць вытлумачыць свае адпаведныя пазіцыі і знайсці падтрымку сусветнага супольніцтва ў вырашэнні гэтых спрэчак». А прадстаўнік адной з краін «трэцяга свету», нагадаўшы важнейшыя палажэнні Статута ААН, гаварыў узрушана аб тым, што «форум Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па-ранейшаму прызнаецца ў міжнародным плане як выказнік надзей чалавецтва, як орган, які можа ўрэгуляваць канфлікты і антаганізмы, можа садзейнічаць стварэнню больш блізкіх і больш эфектыўных адносін паміж краінамі, можа спрыяць стварэнню ўзаемавыгаднага міжнароднага супрацоўніцтва ў эканамічнай і сацыяльнай галінах».

Такія вось і падобныя на іх выказванні гучалі з трыбуны Асамблеі. І магло, паўтараю, скласціся ўражанне, што ўсе тут на самай справе заадно, што ўсе кіруюцца, гаворачы словамі аднаго дэлегата, «пачуццём калектыўнай адказнасці і агульнай зацікаўленасці», зыходзяць з інтарэсаў усеагульнага міру і працвітання.

Але, як паказалі дні работы сесіі, гэтае крыху наіўнае, даравальнае для навічка, для неспакушанага слыху ўражанне не зусім адпавядала сапраўднасці. Адзін прамоўца змяняў другога, і паступова высвятлялася, што да ўсеагульнай аднадушнасці яшчэ вельмі далёка, што палітычнае жыццё міжнароднага супольніцтва намнога складаней, чым хацелася б яго бачыць.

Так, пераважная большасць дзяржаў — членаў ААН, і ў першую чаргу, безумоўна, краіны сацыялістычнай садружнасці, з’явіліся на высокі сход са шчырым, канструктыўным словам, з самымі добрымі намерамі і ідэямі. Ды вось з той жа трыбуны гучалі прамовы, якія выклікалі недавер, у якіх слых выразна ўлоўліваў фальшывыя ноты і двухсэнсоўнасць. Ды вось у той жа час можна было назіраць — я ўжо закранаў гэтае пытанне,— як прамоўніцкае слова выкарыстоўваецца яўна не па прызначэнню: не для таго, каб выказваць думкі, а каб іх утойваць, не для таго, каб супрацоўнічаць з другімі як партнёрамі «ў імя міру пры дапамозе міру» (словы аднаго з прадстаўнікоў), а каб праводзіць сваю эгаістычную, карыслівую палітыку.

Гэта ўжо, кажучы інакш, давала пра сябе знаць дыпламатыя, якую мы даўно і справядліва называем буржуазнай і якая тут, на форуме нацый, не-не ды і выдзялялася сваімі неад’емнымі «вартасцямі» — двудушнасцю, палітыканствам, непаслядоўнасцю, фразёрствам...

І яшчэ, падкрэслю асобна, неадпаведнасцю паміж словам і справай — рысай, якую Ленін, як вядома, называў неаднойчы адным з самых агідных зол маралі і палітыкі старога грамадства (прызнацца, гэтая ленінская думка не раз прыгадвалася мне на сесіі).

Праілюструю наглядна гэту неадпаведнасць, гэты разрыў на канкрэтных прыкладах. У прыватнасці, з практыкі амерыканскай дыпламатычнай дзейнасці на сусветным форуме.

Напярэдадні адкрыцця сесіі Генеральнай Асамблеі газета «Нью-Йорк дэйлі ньюс» пісала, што «адміністрацыя прэзідэнта Картэра вядзе падрыхтоўку да самых інтэнсіўных намаганняў з мэтай выкарыстаць сесію ААН як арэну для сур'ёзных перагавораў як па араба-ізраільскім канфлікце, так і па пытанню аб расавым канфлікце ў Паўднёвай Афрыцы». Пацвярджэнне таму газета бачыла ў запланаваным на 4 кастрычніка звароце прэзідэнта да Генеральнай Асамблеі і ў тым, што ён мае намер затрымацца ў Нью-Йорку на два дні для сустрэчы з кіраўнікамі некаторых дэлегацый.

Былі ў нью-йоркскай газеты і іншыя падставы для яе прагнозу наконт «сур’ёзных перагавораў». Незадоўга да пачатку работы сесіі Картэр заявіў, апрача ўсяго іншага, у сваім выступленні ў Клінтане, што «неабходна, каб у палесцінскіх бежанцаў, якія пакутуюць на працягу столькіх год, была радзіма». Прэзідэнт не ўхваліў таксама намер ізраільскіх улад ствараць ваенізаваныя пасяленні на акупіраваных арабскіх землях. Здавалася б, што Белы дом сапраўды зойме на Асамблеі рэалістычную, канструктыўную пазіцыю па адным з самых наспелых пытанняў міжнароднага жыцця. Тым больш што потым, у час сесіі — аб чым ужо гаварылася ў кнізе — кіраўнік ЗША паставіць яшчэ і подпіс пад сумеснай савецка-амерыканскай заявай на Блізкім Усходзе.

Але ў сапраўднасці гэта пазіцыя выглядала так. Калі Генеральная Асамблея завяршыла разгляд пункта 126 «Незаконныя меры, прынятыя ў апошні час Ізраілем на акупіраваных арабскіх тэрыторыях...» і была вынесена на галасаванне адпаведная рэзалюцыя, то дэлегацыя ЗША... адмовілася далучыць свой голас да абсалютнай большасці членаў Асамблеі (сярод якіх былі нават некаторыя саюзнікі ЗША па атлантычнаму блоку). Не, яна не прагаласавала супраць. Сказаць «не» было б ужо занадта. Яна — устрымалася. Выступаючы па матывах галасавання, амерыканскі пасол Янг, каб хоць нейкім чынам апраўдацца, захаваць добрую міну пры дрэннай гульні, мусіў гаварыць пра «два элементы» ў блізкаўсходняй палітыцы сваёй краіны, пра тое, што «рэзалюцыя ў асноўным адпавядае пазіцыі Злучаных Штатаў, аднак...» і г. д.

Падобная дыпламатыя не магла, натуральна, не выклікаць агіды і абурэння ў большасці дэлегатаў. Іх рэакцыю добра выказаў, выйшаўшы на трыбуну, прадстаўнік Сірыі Алеф. «Займаючы такую пазіцыю,—гнеўна гаварыў ён,— хіба Злучаныя Штаты не становяцца на бок агрэсара? Калі ў рэзалюцыі выкладаюцца факты і адлюстроўваецца думка не толькі міжнароднага супольніцтва, але гэтак жа адлюстроўваюцца думка і заявы прэзідэнта Злучаных Штатаў і пазіцыя, толькі што выкладзеная іх паслом, і калі пасля ўсяго гэтага ЗША ўстрымліваюцца ад галасавання па данай рэзалюцыі, то хіба яны не становяцца на бок агрэсара? Гэта небесстароннія адносіны, пра якія нам толькі што гаварыў амерыканскі прадстаўнік. Як могуць,— працягваў прамоўца,— тыя дэлегацыі, якія прыкладаюць канструктыўныя намаганні для таго, каб забяспечыць правядзенне мірных перагавораў па ўстанаўленню справядлівага і трывалага міру на Блізкім Усходзе, спадзявацца на аб’ектыўнасць і сумленнасць Злучаных Штатаў Амерыкі, калі кнопка для галасавання гэтай краіны адзінока паказвае на табло жоўты колер, у той час як кнопкі ўсіх астатніх дзяржаў — членаў ААН паказваюць на табло зялёнае святло? Для нас зялёнае святло ўяўляе надзею чалавецтва. Мне, я спадзяюся, няма неабходнасці тлумачыць, што ўяўляе сабой жоўты колер. Гэта — дрэнны колер!»

Не пацвердзіўся прагноз газеты «Нью-Йорк дэйлі ньюс» і наконт таго, што амерыканская дэлегацыя мае як быццам намер сур’ёзна разглядаць на сесіі становішча ў Паўднёвай Афрыцы. На словах нібыта нешта рабілася. Хоць і ў расплыўчатай форме, не ўпамінаючы слова «апартэід», гэтую праблему закрануў з трыбуны ААН прэзідэнт. «Апартэід, гэтая асабліва агідная знявага чалавецтву, будзе асуджаны, як ён таго заслугоўвае, нашай Арганізацыяй»,— скажа пазней у ходзе дыскусіі кіраўнік амерыканскай дэлегацыі Эндру Янг. Апартэід і сапраўды, як мы бачылі, сурова асуджаўся амаль усімі — за асобнымі выключэннямі — дзяржавамі. Але вось што датычыць ЗША, то яны і тут спрабавалі сядзець адразу на двух крэслах, двурушнічалі. А калі галасаваліся праекты рэзалюцый па пункту «Палітыка апартэіду, якую праводзіць урад Паўднёвай Афрыкі», то амаль паўтарылася сітуацыя з «жоўтым колерам». Толькі ў яшчэ горшым варыянце. Бо ЗША на гэты раз прагаласавалі нават супраць некаторых, больш значных, прынцыповага характару рэзалюцый, матывіруючы гэта тым, што ў іх, маўляў, свае меркаванні наконт таго, як расцэньваць нацыянальна-вызваленчы рух, якія сродкі барацьбы можна лічыць законнымі і г. д. У дадзеным выпадку належную водпаведзь даў ім прадстаўнік Нігерыі, старшыня Спецыяльнага камітэта супраць апартэіду Леслі Гарыман. «Мы спадзяёмся,— звяртаўся ён да амерыканскай дэлегацыі,— што лідэры гэтай краіны перагледзяць рана ці позна сваю пазіцыю і зробяць неабходныя захады для змагання з рэжымам апартэіду. Гісторыя не даруе ЗША, калі яны не зробяць рашучы крок наперад, каб дапамагчы зняволеным народам стаць свабоднымі».

Словам, прыходзілася круціцца ды выкручвацца пастаяннаму прадстаўніку ЗША пры ААН містэру Янгу. Незайздросным было яго становішча. Учарашні саратнік Марціна Лютара Кінга, прагрэсіўны амерыканскі дзеяч, Эндру Янг слыў у сваёй краіне барацьбітом за правы афра-амерыканскага народа, чалавекам пэўных перакананняў (нью-йоркскія газеты аддавалі нямала ўвагі чарговаму паслу ЗША пры ААН і надзялялі яго такімі эпітэтамі, як «прамы», «упэўнены ў сваёй пазіцыі», «цвёрда перакананы» і г. д.). Гэта з аднаго боку. А з другога — Янгу як дыпламатычнаму прадстаўніку, падзеленаму пэўнымі афіцыйнымі паўнамоцтвамі і інструкцыямі, прыходзілася ўсімі праўдамі і няпраўдамі праводзіць непрыглядную палітыку, гуляць у дрэнную гульню. У свой час прэзідэнт Кенэдзі назваў публічна тагачаснага пастаяннага прадстаўніка ЗША пры ААН Эдлая Стывенсана «сваім афіцыйным ілгуном». Такая ж роля адводзілася і паслу Эндру Янгу. У такім жа прыкладна духу ажыццяўлялася амерыканская дыпламатыя ў сценах ААН, на яе чарговай сесіі.

Павінен зазначыць дзеля справядлівасці, што яна была тут не адзіная ў сваім родзе. З ёй так альбо інакш — і па характару выступленняў, і па лініі паводзін у ходзе выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў — салідарызаваліся пазіцыі і іншых буйнейшых капіталістычных краін, уваходзячых у блок НАТО. Узяць хаця б такі характэрны прыклад. Маючае адбыцца на сесіі выступленне міністра замежных спраў ФРГ Ганса-Дзітрыха Геншара таксама загадзя афішыравалася (для большай важнасці, ці што?). Была апублікавана спецыяльная заява заходнегерманскага знешнепалітычнага ведамства, у якой зазначалася, што Геншар «лічыць Генеральную Асамблею выдатным форумам для таго, каб выказаць кіруючыя прынцыпы глабальнай палітыкі ўрада ФРГ, характар і дух нямецкай знешняй палітыкі». Узняўшыся на трыбуну Асамблеі, міністр (ён жа, як вядома, і віцэ-канцлер) стараўся апраўдаць такі шырокавяшчальны анонс. Апломбу і прэтэнцыёзнасці, ва ўсякім выпадку, у яго прамове хапала. Але ў ёй яўна не хапала палітычнага рэалізму, сапраўднай, шчырай зацікаўленасці ў вырашэнні найбольш актуальных праблем міжнароднага жыцця. Гэта быў зноў-такі ўзор той дыпламатыі, пра якую адзін дасціпны прамоўца сказаў: «Гавораць з двух куткоў рота — для свету і для сябе». З аднаго боку, заходнегерманскі прадстаўнік як быццам бы падтрымліваў разрадку, выказваў імкненне «працаваць на карысць міру ў Еўропе», а з другога — узнімаў пытанне аб «адзінстве і самавызначэнні германскай нацыі», г. зн., інакш кажучы, ставіў пад сумненне правамоцнасць існавання ГДР, абвяшчаў «адкрытым» так званае германскае пытанне. Вось дык «праца па карысць міру».

Няпэўным, дваістым па шэрагу пазіцый, малаканструктыўным па сваім зместу было таксама выступленне з трыбуны ААН і міністра замежных спраў Францыі дэ Гірэнгі. І не дзіўна, што ў чарговым выпуску прэс-бюлетэня міжнароднай інфармацыі, які мы тут атрымоўвалі, з’явіўся тут жа наступны водгук «Юманітэ»: «Французскі міністр доўга гаварыў аб раззбраенні, але так і не высунуўшы ў той жа час ніводнай прапановы і не сказаўшы нават, якімі будуць асноўныя напрамкі палітыкі Францыі ў гэтай галіне на бліжэйшы перыяд».

Трэба аддаць належнае міжнароднаму супольніцтву: на сесіі не-не ды і давалася адпаведная ацэнка праявам крывадушнай, класава абмежаванай дыпламатыі тых дзяржаў, якія, як зазначыў дэлегат дэмакратычнага Йемена, «працягваюць праводзіць імперыялістычную і каланіялісцкую палітыку і праводзяць яе сёння, як гэта было і ў мінулым, у інтарэсах манапалістычных колаў». «Няхай не на словах, а на справе пакажуць, што яны супраць апартэіду»,— гаварыў гнеўна ў адрас заходніх краін прадстаўнік Шры Ланкі. Рэзкая крытыка ў сувязі з рознымі дыпламатычнымі манеўрамі імперыялістычных дзяржаў гучала ў прамовах дэлегатаў Анголы, Кубы, В'етнама, Беніна, Лаоса і некаторых іншых міралюбівых краін.

Па кантрасту з дыпламатыяй «жоўтай», двудушнай, ухілістай, звязанай кроўнымі вузамі з інтарэсамі манапалістычнага капіталу, асабліва рэльефна вылучаліся на форуме Аб'яднаных Нацый перавагі дыпламатыі нашай, савецкай, дыпламатыі краін сацыялістычнай садружнасці. Тут ужо справа ішла аб сапраўднай — а не паказной, не на словах — адданасці прынцыпам і мэтам ААН, ідэалам міру, справядлівасці і прагрэсу. Гэта праяўлялася перш за ўсё ў нязменнай прынцыповасці і цвёрдай паслядоўнасці нашых пазіцый па надзённых пытаннях сучаснасці. «Наша краіна,— падкрэсліваў у сваёй прамове А. А. Грамыка,— свой выбар зрабіла даўно і беспаваротна. У забеспячэнні мірнага стваральнага жыцця для нашага народа, міру для ўсіх людзей на зямлі — сутнасць нашай знешняй палітыкі». І гэта былі словы, супраць праўдзівага сэнсу якіх ніхто нічога не мог запярэчыць. «Мы зноў пацвярджаем,— гаварыў пастаянны прадстаўнік СССР пры ААН у час абмеркавання становішча на Блізкім Усходзе,— што мы за трывалае і ўсеабдымнае ўрэгуляванне блізкаўсходняга канфлікту. Мы былі і застаёмся абаронцамі справядлівай справы арабаў». «Нязменная і паслядоўная пазіцыя Беларускай ССР па пытанню аб апартэідзе,— зазначаў на чарговым пасяджэнні беларускі дэлегат,— добра вядома міжнароднаму супольніцтву. Яна выкладалася ў заяве, зробленай намі ў агульнапалітычнай дыскусіі на гэтай сесіі Асамблеі ААН. Вядомая наша актыўная роля ў дзейнасці ААН, звязанай з барацьбой супраць практыкі і сістэмы апартэіду...»

Падобныя напаміны і экскурсы — зусім, паўтараю, не дэкларацыйнага, а дзелавога характару — сістэматычна гучалі ў выступленнях савецкіх дэлегатаў, у заявах прадстаўнікоў іншых сацыялістычных краін. І гэта, апрача ўсяго іншага, станоўча ўплывала на магістральны кірунак работы сесіі, умацоўвала ў яе атмасферы адпаведны пазітыўны дух — дух пэўнай паслядоўнасці і стабільнасці.

Сапраўды ісціна пазнаецца ў параўнанні. І дзякуючы магчымасці з дня ў дзень слухаць, назіраць і параўноўваць, я мог тут, на форуме нацый, увачавідкі адзначаць і такія рысы нашай сацыялістычнай дыпламатыі, як шчырасць, адкрытасць, дэмакратызм, дух канструктыўнай ініцыятывы, пачуццё адказнасці за выкананне палітычнай волі народаў, глыбокая зацікаўленасць у вырашэнні набалелых праблем міжнароднага жыцця, у першую чаргу — праблем вайны і міру. Гэтыя рысы самым рэальным чынам стасаваліся з ленінскім патрабаваннем аб тым, каб у сацыялістычнай знешняй палітыцы было «як мага менш агульных заяў, урачыстых абяцанняў, пышных формул і як можна больш самых простых, самых ясных рашэнняў і мер, якія б сапраўды вялі да міру, калі ўжо не гаварыць аб поўнай ліквідацыі небяспек вайны».

Прывяду ў якасці ілюстрацыі такі, вельмі памятны эпізод. Міністр замежных спраў ФРГ Геншар, аб некаторых аспектах прамовы якога я толькі што гаварыў, выступаў на ранішнім пасяджэнні. А неўзабаве пасля яго, на дзённым пленарным пасяджэнні, слова меў прадстаўнік другой, сацыялістычнай Германіі, міністр замежных спраў ГДР Оскар Фішар. З адной і той жа трыбуны гучала адна і тая ж нямецкая мова, але прадстаўляла яна дзве розныя сацыяльна-палітычныя сістэмы і на ёй гаварылі адпаведна дзве розныя па сваім духу знешнепалітычныя лініі, дзве розныя дыпламатыі. Трэба было бачыць, як выйгрышна, у якім выгадным святле выглядала на Асамблеі, пасля амбітных геншараўскіх хітраспляценняў і эківокаў, ясная, простая па стылю і пераканаўча-выразная па сваёй аргументацыі прамова міністра замежных спраў ГДР! Не маючы патрэбы «мудрствовать лукаво», ён гаварыў па сутнасці, ён называў рэчы іх імёнамі, ён выказваў шчыры клопат за становішча спраў у свеце. «Хіба стварэнне ўмоў для шырокіх мер у галіне абмежавання ўзбраенняў і раззбраення і прадухілення сусветнай вайны не адпавядае інтарэсам усяго чалавецтва? — ставіў пытанне прадстаўнік ГДР.— Хіба не ўсе бакі атрымоўваюць выгаду з паляпшэння адносін, калі гэта садзейнічае пашырэнню эканамічнага абмену і паляпшэнню ўзаемасувязей? Хіба гэта не пойдзе на карысць усім народам і дзяржавам, калі мы будзем сумесна вырашаць такія жыццёва важныя праблемы, як ахова акаляючага асяроддзя, транспартныя камунікацыі і энергетычны баланс?» Паказаўшы далей, якую небяспеку для справы міру і супрацоўніцтва ўяўляюць сабой тыя сілы, якія «ў пагоні за прыбыткамі займаюць самыя крайнія пазіцыі, уключаюць у свае разлікі нават рызыку развязвання ядзернай вайны», дэлегат ГДР даў належную водпаведзь і спробе Геншара гаварыць ад імя дзвюх Германій, правакацыйна заяўляць пра «адкрытае германскае пытанне». «Народ Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі,— падкрэсліў Фішар,— свабодна ажыццяўляе сваё права на самавызначэнне, аддаў перавагу сацыялізму. Наша дзяржава з’яўляецца трывалай састаўной часткай садружнасці сацыялістычных дзяржаў. Спробы ігнаравання гэтай рэальнасці ставяць пад пагрозу справу міру і бяспекі ў Еўропе. Народы не дапусцяць гэтага».

У такім вось духу — прынцыповым, рэалістычным, разважлівым, пазбаўленым якіх-небудзь псеўдадыпламатычных выкрутаў і танных рытарычных фігур — была вытрымана ўся прамова міністра замежных спраў ГДР.

Прыгадваецца яшчэ, як мяне заўсёды ўражвала своеасаблівая манера выходзіць на трыбуну кіраўніка кубінскай дэлегацыі Рыкарда Аларкона, напружанага, як струна, з гордай, незалежнай паставай, з суровай засяроджанасцю на сваім дыпламатычным абавязку чалавека. Калі яму давалі слова, ён рэзка паднімаўся з крэсла і шырокім, размашыстым крокам, са скручаным у трубачку тэкстам выступлення (яна нагадвала мне чамусьці падзорную трубу) ішоў на трыбуну. Ішоў на трыбуну, як на бой. І тут зноў-такі гучала сама праўда-матка, самым катэгарычным чынам ставіліся ўсе кропкі над «і», даставалася ў поўнай меры, без усялякіх скідак на ўмоўнасці дыпламатычнага этыкету, і амерыканскім імперыялістам, і ізраільскім агрэсарам, і паўднёваафрыканскім расістам, і фашысцкай піначэтаўскай зграі, і розным псеўдарэвалюцыянерам. Баявая, рэвалюцыйная, сацыялістычная дыпламатыя ў дзеянні! І тут нельга было не ўспомніць словы антычнага аўтара аб тым, што «норавы прамоўцы гавораць больш, чым яго словы».

Пасля пасяджэнняў, па завяршэнні чарговага працоўнага дня ў ААН, мы, натуральна, дзяліліся ўражаннямі, абменьваліся думкамі і назіраннямі. Гэты абмен насіў прыкладна такі характар:

— Аларкон быў сёння ў сваёй звычайнай форме. Магчыма, ён крыху і згусціў фарбы, але гэта ў канчатковым выніку пайшло толькі на карысць справы, падмацавала нашу пазіцыю.

— У Шостым камітэце проста выдатна выступіў балгарын!

— Янкаў?

— Так, Аляксандр Янкаў. У яго, ведаеце,— сёння я зноў у гэтым пераканаўся — нейкі асаблівы дар знаходзіць свежыя і важкія аргументы, уносіць яснасць у абмеркаванне.

— Мы можам усе павіншаваць адзін другога з тым, як тонка, палітычна, нават у пэўным сэнсе прыгожа правёў абмеркаванне пытання ў камітэце Бернхард Нойебауэр.

Прадстаўнік ГДР Нойебауэр з’яўляўся старшынёй Спецыяльнага палітычнага камітэта, у якім працаваў і я ад нашай дэлегацыі, і тут, вядома, я таксама ўступаў у размову і цёпла гаварыў пра свайго старшыню — як дыпламата і чалавека.

Так, у такія вось моманты сапраўды гучалі і цёплыя ноткі, і шчырае чалавечае суперажыванне, і радасць за поспех таварыша — прадстаўніка другой братняй краіны. І прыходзіла ўсведамленне таго знамянальнага факта, што міждзяржаўнае палітычнае партнёрства, міжнацыянальнае дыпламатычнае супрацоўніцтва так выдатна спалучаюцца ў дадзеным выпадку з інтэрнацыяналісцкай нашай салідарнасцю, з пачуццём нашай ідэйнай, духоўнай еднасці, нашай узаемаўзгодненай адказнасці за лёс міру і чалавецтва.

Адмаўляючы пастулат, згодна з якім палітыка і дыпламатыя павінны быць свабоднымі ад маралі, Маркс выказаў у свой час мару аб тым, каб «простыя законы маралі і справядлівасці, якімі павінны кіравацца ў сваіх узаемаадносінах прыватныя асобы, сталі вышэйшымі законамі ў адносінах паміж народамі». Братняе супрацоўніцтва на Асамблеі краін ААН сацыялістычнай садружнасці пацвярджала па-свойму рэальнасць Марксавай мары.

 

Дні і справы Спецыяльнага палітычнага

У сярэдзіне кастрычніка закончылася агульнапалітычная дыскусія (у ёй прынялі ўдзел 15 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, 115 міністраў замежных спраў, прадстаўнікі ў рангу паслоў, дэлегаты і іншыя прамоўцы), і сесія ўступіла ў новую фазу: цэнтр цяжару ў яе рабоце перамясціўся з авальнай залы ў камітэты. Тут, у рабочых органах ААН, пачалося дэталёвае абмеркаванне пунктаў-пытанняў, вынесеных на парадак дня форуму. Абмеркаванне і вырашэнне гэтых самых розных па характару і важнасці пытанняў. То больш, то менш арганізаванае, то па графіку, то з парушэннем яго. То актыўнае, то вялае, на малых, пасіўных «абаротах». То спакойнае, у духу мірнага, канструктыўнага супрацоўніцтва, то ў менш спакойнай абстаноўцы, у атмасферы канфрантацый і нервознасці. То з прыняццем рашэнняў, з выпрацоўкай і зацвярджэннем рэзалюцый, то без гэтага. Калі прымаліся рэзалюцыі, то зноў-такі па-рознаму — шляхам напружаных папярэдніх кансультацый і больш лёгка, без асаблівых намаганняў, галасаваннем і без галасавання (кансэнсусам), з нейчымі папраўкамі і без паправак, з фінансавымі вынікамі, г. зн. з дадатковымі выдаткамі для бюджэта ААН, і без такіх вынікаў.

Па размеркаванню абавязкаў паміж членамі дэлегацыі я працаваў у Спецыяльным палітычным камітэте (ёсць такі, сведчу, у сістэме ААН). У дакументах і выданнях ААН ён ідзе звычайна пасля Першага камітэта. Адметнай асаблівасцю яго з’яўляецца тое, што ён крыху маладзейшы за іншыя галоўныя камітэты, узнік пазней за іх. І ўзнік наступным чынам.

У працэсе дзейнасці Першага камітэта (палітычныя пытанні і пытанні бяспекі, у тым ліку раззбраенне) часам з яўлялася неабходнасць у пераносе і дадатковым, больш пільным разглядзе таго ці іншага пытання. З гэтай мэтай ствараўся на пэўны час Спецыяльны палітычны камітэт. А потым, па меры росту колькасці такіх спецыфічных пытанняў і пашырэння парадку дня сесій Генеральнай Асамблеі, камітэт усё больш афармляўся і ператварыўся нарэшце ў самастойны, пастаянна дзеючы орган ААН.

Чытачу, напэўна, цікава ведаць, што ўяўляла сабой праца камітэта, якія пытанні ён вырашаў і як выглядаў механізм гэтага вырашэння. Паспрабую задаволіць гэтую цікавасць.

Першыя пасяджэнні Спецыяльнага палітычнага былі прысвечаны арганізацыйным пытанням. Адбыліся выбары прэзідыума камітэта — намеснікаў яго старшыні і дакладчыка. Намеснікамі старшыні, якім згодна з рашэннем Генеральнай Асамблеі з’яўляўся дэлегат ГДР Бернхард Нойебаўэр, былі выбраны прадстаўнік Барбадоса Дональд Блэкман і прадстаўнік Непала К. Б. Шахі, а дакладчыкам — аўстралійская дыпламатка Руф Добсан. Кандыдатуры былі вылучаны ў выніку папярэдніх кансультацый паміж рэгіянальнымі групамі, і выбранне прайшло без галасавання, шляхам акламацыі. На наступным пасяджэнні камітэт зацвердзіў праграму сваёй работы. Згодна са стэнаграмай-рэзюме праграма выглядала так: «Пункт 54 — «Дзеянне атамнай радыяцыі» — будзе разгледжаны ў панядзелак, 17 кастрычніка. Разгляд пункта 55 — «Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ» — пачнецца ў чацвер, 27 кастрычніка. За ім пойдзе разгляд пункта 57 — «Даклад Спецыяльнага камітэта па расследаванню дзеянняў Ізраіля, якія закранаюць правы чалавека на акупіраваных тэрыторыях». Абмеркаванне апошніх двух пунктаў будзе завершана да пятніцы, 18 лістапада. Разгляд пункта 123 — «Стварэнне агенцтва ці дэпартамента ААН для ажыццяўлення, каардынацыі і распаўсюджвання вынікаў даследаванняў у дачыненні неапазнаных лятальных аб’ектаў і звязаных з імі з’яў» — пачнецца ў панядзелак, 28 лістапада. І, нарэшце, абмеркаванне пункта 56 — «Усебаковы разгляд усяго пытання аб аперацыях па падтрыманню міру ва ўсіх іх аспектах» — пачнецца ў панядзелак, 5 снежня».

У адпаведнасці з прынятым планам камітэт і пачаў работу. Пачаў з абмеркавання пытання аб дзеянні атамнай радыяцыі. У дыскусіі прыняў удзел і прадстаўнік Беларускай ССР. Поруч з іншымі сацыялістычнымі краінамі наша дэлегацыя рашуча выказалася за тое, каб у ААН «было асуджана стварэнне новых відаў высокарадыёактыўнай зброі і былі прыняты з гэтай мэтай адпаведныя меры па недапушчэнню яе вытворчасці». Быў прыняты праект адпаведнай рэзалюцыі з унесенымі ў яго адной краінай вуснымі папраўкамі.

Але неўзабаве прыняты расклад быў нечакана парушаны. Рэальнае жыццё планеты не намерана было ўкладвацца ў сто дваццаць сем загадзя прадугледжаных пунктаў і ўнесла ў парадак дня сесіі свой карэктыў. Пасля чарговага тэрарыстычнага акта ў паветры (быў захоплены «хайджэкерамі» самалёт заходнегерманскай авіякампаніі і забіты яго пілот) Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) выступіла з патрабаваннем, каб пытанне аб паветраным тэрарызме было тэрмінова разгледжана на сесіі Генеральнай Асамблеі. Кіраўніцтва ІКАО — яна з'яўляецца прадстаўнічай спецыялізаванай установай ААН — прыгразіла, што ў выпадку невыканання яго патрабавання яно заклікае нацыянальныя авіякампаніі да 48-гадзіннай забастоўкі пратэсту. Старшыня сесіі і генеральны сакратар уступілі тэрмінова ў кансультацыі з кіраўнікамі рэгіянальных груп, адбыліся экстранныя пасяджэнні ў групах (у гэты час у групе ўсходнееўрапейскіх краін старшынстваваў якраз прадстаўнік БССР). Пасля адпаведнай дамоўленасці пытанне было вынесена на разгляд Генеральнай Асамблеі, і яна вырашыла ўключыць у парадак дня сесіі новы пункт 129 «Аб бяспецы міжнароднай грамадзянскай авіяцыі» і перадаць яго ў Спецыяльны палітычны камітэт.

У сваім пісьме, якім суправаджалася пастанова Асамблеі, старшыня сесіі Мойсаў прасіў кіраўніка камітэта Нойебауэра «ўдзяліць новаму пункту належную ўвагу». Не ўдаючыся ў падрабязнасці, скажу, што пытанне «Аб бяспецы міжнароднай грамадзянскай авіяцыі» аказалася не такім простым, як магло здацца на першы погляд, выклікала даволі ажыўленую і працяглую дыскусію. А некаторыя яго аспекты сталі прадметам рэзкіх заяў і палемічных сутыкненняў. Адно пасяджэнне зацягнулася аж да 3 гадзін ночы (пры абмеркаванні праекта рэзалюцыі). Пажаданы ў даным выпадку кансэнсус быў пад пагрозай. Але ўсё ж рэзалюцыя, аўтарамі праекта якой выступілі Аўстрыя і Швецыя і ў якой асуджаліся «акты захопу самалётаў у паветры і іншыя віды злачыннага ўмяшання ў палёты грамадзянскай авіяцыі», была прынята аднадушна, без чыйго-небудзь пярэчання. Як зазначыў адзін прамоўца, «ААН яшчэ раз прадэманстравала сваю жыццяздольнасць, паказала сваю маральную сілу».

У выніку ўзнікнення новага пытання атрымалася так, што на працягу некалькіх дзён у камітэце разглядаліся паралельна адразу два пункты — новы і планавы. Планавы прысвячаўся дзейнасці так званага блізкаўсходняга агенцтва (літарнаскарочаная назва — БАПОР). Пытанне абмяркоўвалася з розных пазіцый і розных пунктаў гледжання — палітычнага, гуманітарнага, матэрыяльна-фінансавага («Агенцтва мае патрэбу ў павелічэнні бюджэта, яно дапамагае 800 тысячам бежанцаў, а зарэгістравана 1 мільён 700 тысяч...» і г. д.). Але пераважная большасць выказвалася ў тым сэнсе, што БАПОР пры ўсёй яго неабходнасці і карыснасці — паліатыўны сродак, часовая мера, што праблема палесцінскіх бежанцаў патрабуе прынцыповага, кардынальнага вырашэння. Характэрна, што, хаця ў гэтым выпадку рэзалюцыі (іх было тры) ставіліся на галасаванне, прымаліся яны без пярэчанняў, ніхто супраць }не галасаваў.

Як і трэба было чакаць, найбольш працяглым па колькасці пасяджэнняў і актыўным па ліку прамоўцаў і характары іх заяў (прыняло ўдзел каля 100 краін) было абмеркаванне пункта 57 — аб дзеяннях Ізраіля, якія закранаюць правы чалавека на акупіраваных ім тэрыторыях. Яно вызначалася чарговай успышкай араба-ізраільскай слоўнай дуэлі, асуджэннем большасцю прадстаўнікоў экспансіянісцкай палітыкі Ізраіля, ігнаравання ім норм міжнароднага права. У адпаведным духу былі сфармуліраваны і рэзалюцыі, прынятыя шляхам пайменнага галасавання.

Параўнаўча гладка, без асаблівых спрэчак, прайшоў разгляд пытання аб аперацыях па падтрыманню міру, інакш кажучы — аб «блакітных касках». Прадстаўляючы праект рэзалюцыі, егіпецкі дэлегат зазначыў, што хацеў бы вылучыць у ім тры важныя, на яго думку, тэндэнцыі: «разумны кампраміс, імкненне дабівацца ўсеагульнай згоды і акцэнтацыя на канкрэтных пытаннях». Праект быў адобраны.

Што датычыць не зусім палітычнага, нават не зусім зямнога, а, так сказаць, іншапланетнага пункта 123, то яго абмеркаванне ўяўляла сабой своеасаблівую мастацкую частку праграмы. На пасяджэнне заявіўся ўласнай персонай адзін з галоўных ініцыятараў унясення пункта ў парадак дня, названы ўжо вышэй гранадскі дыктатар Гэйры, прывёў з сабой члена свайго кабінета, нейкага доктара Фрайдэя (так ён быў прадстаўлены), і яны гадзіны дзве дурылі, проста кажучы, дэлегатам галаву наконт... лятаючых талерак, дамагаліся стварэння пры ААН агенцтва, якое б займалася гэтымі самымі НЛА — неапазнанымі лятаючымі аб’ектамі. Сваю «ініцыятыву» яны матывіравалі тым, што, маўляў, прыйшоў час «выпрацаваць міжнародную стратэгію для рэгулявання кантактаў і камунікацый паміж людзьмі і другімі разумнымі істотамі незямнога паходжання», што наспела неабходнасць «вырашыць пытанне аб нейкай перспектыве ўзаемаадносін паміж планетам Зямля і іншымі светамі космасу». Больш таго, яны нават сцвярджалі, што «пытанне аб даследаванні з’явы НЛА павінна быць неад’емнай часткай нашых спроб урэгуліраваць сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя праблемы свету». Наваяўленыя «звездочеты» ў асобе афіцыйных прадстаўнікоў паведамлялі, што ў іх ужо гатовы праект рэзалюцыі, заклікалі дэлегацыі праявіць цікавасць да іх пытання і выказаць сваю думку. Але жадаючых выступіць не знайшлося, другіх прамоўцаў не было. Не было рэальнай падставы і для прыняцця рэзалюцыі. «Іншапланетнае» пытанне пераносілася — ці то да наступнай сесіі Генеральнай Асамблеі, ці то да грэчаскіх календ.

Так вось выглядалі дні і справы Спецыяльнага палітычнага камітэта. Па-рознаму, як кажуць.

Але гэтым яго работа не абмяжоўвалася. Камітэту, напрыклад, не-не ды і прыходзілася перапыняць разгляд запланаваных пытанняў для таго, каб займацца іншымі тэрміновымі справамі, якія ўзнікалі ў ходзе сесіі. Так, напрыклад, дэбаты па БАПОР былі перапынены ў сувязі з тым, што ўзнікла патрэба заслухаць прадстаўнікоў кіпрскіх абшчын — грэчаскай і турэцкай (кіпрыёт-грэк выступіў, а прадстаўнік турэцкай абшчыны дэманстрацыйна не з’явіўся). Праз некалькі дзён, на сваім 25-м па ліку пасяджэнні камітэт заслухаў заявы прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, якія, як было сказана, «праяўляюць цікавасць да пытання аб апартэідзе» (слова мелі старшыня Сусветнага Савета Міру Рамеш Чандра, прадстаўнікі Нацыянальнай амерыканскай асацыяцыі чорных юрыстаў, Панафрыканскага маладзёжнага руху і інш.).

Займаўся камітэт і нават такой «жыцейскай» справай, як... праводзіны на пенсію. Праводзілі двух міжнародных чыноўнікаў, супрацоўнікаў апарата ААН — былога генеральнага сакратара БАПОР Джона Рэні («Незвычайны чалавек Джон Рэні! Ён заслугоўвае пахвалы не толькі як чыноўнік, але як і чалавек») і дырэктара аддзялення сувязі БАПОР у Нью-Йорку Яна Вэна Війка («Нам не будзе хапаць пана Вэна Війка. Тым больш што ён яшчэ занадта малады, каб адыходзіць на пенсію. Жадаем яму актыўнасці, поспехаў і здароўя ў будучым!»).

Пайшлі ўсё больш кароткія снежаньскія дні, у Нью-Йорку ўжо назіраўся прадкалядны ажыятаж, і сесія Генеральнай Асамблеі ААН уступала ў заключную стадыю сваёй працы. На 41-м пасяджэнні камітэта, дзе завяршаўся разгляд пытання аб «блакітных касках», было абвешчана, што паступіла просьба ад старшыні сесіі аб тым, каб камітэт скончыў працу да 9 снежня. Названы тэрмін быў рэальны, бо парадак дня ў асноўным вычэрпваўся. Але тут — як сведчанне таго, што «крот гісторыі» не дрэмле — узнікла раптам яшчэ адно пытанне. Параўнаўча вялікая група дзяржаў — Бахрэйн, Бангладэш, Дэмакратычны Йемен, Індыя, Ірак, Кіпр, Малайзія, Мальдзіўскія Астравы, Непал, Сірыя, Філіпіны, Шры Ланка, Японія і інш.— звярнуліся ў адпаведнасці з правілам 15 Працэдуры да Генеральнай Асамблеі з просьбай аб уключэнні ў парадак дня сесіі новага пункта пад назвай «Пытанне аб складзе адпаведных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый». Просьба абгрунтоўвалася ў наступнай тлумачальнай запісцы: «Агульнапрызнана, што склад розных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый павінен быць такім, каб забяспечыць іх прадстаўнічы характар. У сувязі з тым, што членскі склад ААН значна пашырыўся, прадстаўніцтва рэгіянальных груп ужо больш не адлюстроўвае дакладна прынцып справядлівага геаграфічнага размеркавання. Як высветлілася, сучасны ўзровень прадстаўніцтва краін Азіі ў розных органах ААН не адпавядае іх цяперашняму колькаснаму складу. Апрача таго, няма больш ніякай абгрунтаванай прычыны для таго, каб групы краін Азіі і Афрыкі былі прадстаўлены разам. Прыйшоў час, каб гэтыя дзве групы былі прадстаўлены паасобна. Улічваючы вышэйпададзеныя меркаванні, прапануем перагледзець склад адпаведных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый» (подпісы дваццаці дзевяці пастаянных прадстаўнікоў пры ААН).

Заўважу тут мімаходзь, што пытанне аб справядлівым геаграфічным размеркаванні як у адпаведных органах ААН, так і ў яе апараце закраналася асобнымі дзяржавамі ў ходзе сесіі. Напрыклад, прэзідэнт Габона, а таксама прадстаўнікі Гвінеі і Уганды патрабавалі для афрыканскіх краін месца ў Савеце Бяспекі ў якасці пастаяннага члена Савета. Пытанне аб належным камплектаванні персаналу ААН разглядалася спецыяльна ў пятым камітэце (у яго кампетэнцыю ўваходзяць адміністрацыйныя і бюджэтныя пытанні). Тут мы самым актыўным чынам падтрымалі пазіцыю маладых дзяржаў, кваліфікавалі як парушэнне Статута той факт, што ў дадзены момант у складзе сакратарыята ААН не прадстаўлена больш дваццаці краін.

І вось група дзяржаў заявіла, так сказаць, аб сваіх правах у форме ўзгодненай акцыі.

Воляй Генеральнай Асамблеі пытанне было перададзена для разгляду ў наш Спецыяльны палітычны камітэт. Дэлегат Папуа-Новай Гвінеі ў якасці чарговага старшыні групы азіяцкіх краін зрабіў ад імя 29 дзяржаў, выступіўшых з прапановай, адпаведную заяву і выказаў спадзяванне, што на наступным пасяджэнні будзе прадстаўлены праект рэзалюцыі. На наступным пасяджэнні такі праект быў сапраўды прадстаўлены. З заявамі ў падтрымку яго выступілі Венесуэла (ад імя групы лацінаамерыканскіх дзяржаў), Камерун (ад імя групы дзяржаў афрыканскіх), а таксама прадстаўнікі Ірана, Ямайкі і г. д. Яны выказвалі «цікавасць» да ўзнятага пытання, гаварылі ў сваю чаргу пра «неабходнасць роўнай долі і прапарцыянальнай адказнасці», пра тое, каб рабочыя органы Генеральнай Асамблеі былі «больш рэпрэзентатыўнымі, больш адпавядалі яе дэмаграфічнаму складу». Гутарка ішла, у прыватнасці, аб павелічэнні членскага складу Генеральнага камітэта, з тым, каб азіяцкія і афрыканскія краіны мелі там большую колькасць месц.

З другога боку, некаторыя, перш за ўсё заходнія, дзяржавы былі яўна не гатовы маральна разглядаць новае пытанне. «Мы за тое, каб спачатку абмеркаваць становішча ў рэгіянальных групах,— заявіў канадзец.— Патрэбен дадатковы час». Прадстаўнік ЗША: «Падтрымліваем прапанову аб аднясенні пытання і вырашэнні яго на аснове кансэнсуса». Кансэнсус... Тут цяжка і неразумна пярэчыць. Мы ўжо бачылі не раз, якое месца ў шкале аанаўскіх каштоўнасцей займае гэтае, амаль сакраментальнае, паняцце. І займае па праву. Ацаніўшы сітуацыю, старшыня прапанаваў адкласці пакуль што разгляд новага пункта з мэтай правядзення дадатковых кансультацый. Пярэчанняў не было, і камітэт на гэтым пагадзіўся.

 

Заключнае пасяджэнне. Заключныя акорды

13 снежня. Зала пасяджэнняў 2. Апошняе, 46-е па ліку, вечаровае пасяджэнне камітэта. Нойебауэр паведамляе, што на парадку дня адно пытанне — прапанова 29 краін. Да гэтага часу ў рэгіянальных групах ужо акрэслілася пазіцыя адносна таго, як быць з новым пытаннем, і шляхам кансэнсуса прымаецца рашэнне аб перанясенні «Пытання аб складзе адпаведных органаў ААН» на наступную сесію Генеральнай Асамблеі.

Парадак дня работы Спецыяльнага палітычнага камітэта вычарпаны. Для выступлення запісаўся толькі адзін прамоўца — прадстаўнік Кітая. Выступіў у характэрным для яго дэлегацыі стылі — крытыкнуў агульна «звышдзяржавы», кінуў на хаду камень у адрас усходнееўрапейскіх краін: маўляў, не па справядлівасці займаюць такую колькасць месц у органах ААН. Потым яшчэ ўзяў слова ізраільскі дэлегат. Заявіў, што яго дэлегацыя не пярэчыць супраць перанясення пытання на наступную сесію, але хацела б, каб яе пункт гледжання быў зафіксаваны ў справаздачы. Старшыня згодна кіўнуў галавой. Стэнаграфісткі зрабілі сваю справу.

Кансэнсус. Кансананс. Узаемазгода. Узаемаразуменне. Суладдзе... Гэта добра. Гэта добра заўсёды. А ў адносінах паміж людзьмі розных краін і светапоглядаў — асабліва. А ў дадзеным выпадку, на завяршэнне шматдзённай сумеснай працы, пад заслону форуму — тым больш.

І вось пайшла ўжо зусім прыемная, ужо не столькі дзелавая, колькі ўрачыстая, нават рытуальна-святочная частка пасяджэння. ЧССР, Канада, Папуа-Новая Гвінея і Йеменская Арабская Рэспубліка ў якасці прадстаўнікоў рэгіянальных груп, дэлегат ЗША як краіны знаходжання ў дадзеным выпадку, а таксама прадстаўнік СССР звярнуліся да старшыні камітэта з добрымі, цёплымі словамі, у якіх выказвалі яму ўдзячнасць за ўмелае, эфектыўнае кіраўніцтва спрэчкамі, аддавалі належнае яго дыпламатычнаму вопыту і асабістым якасцям (атэстацыя, якая, як ужо гаварылася раней, адпавядала сапраўднасці). Заадно віншавалі і з надыходзячым Новым годам. Аддавалі таксама належнае і другім членам прэзідыума — намеснікам старшыні і дакладчыку. Не забылі і сакратарыят, і канцылярыю, і перакладчыкаў, а нехта нават успомніў удзячным словам «невядомых салдат», г. зн. службу аховы. Гучала ўсё гэта, павінен сказаць, неяк сапраўды шчыра, па-чалавечы цёпла, дэмакратычна.

Затым выступіў на развітанне Бернхард Нойебауэр. Ён грунтоўна, з выразнай лагічнай дакладнасцю і ў той жа час сардэчна — недарэмна яго хвалілі,— падагуліў вынікі работы камітэта, расказаў, як яна была пабудавана, колькі часу і пасяджэнняў пайшло на кожны пункт парадку дня, як і якія прымаліся рашэнні. «Мы імкнуліся падтрымліваць дух кампрамісу і канструктыўнасці»,— падсумоўваў старшыня і падкрэсліў, што залогам паспяховай працы камітэта было тое, што ён дзейнічаў у адпаведнасці з прынцыпамі і патрабаваннямі Статута ААН, з яе высокімі мэтамі. Нойебауэр у сваю чаргу падзякаваў усім дэлегатам і членам сакратарыята, павіншаваў усіх з надыходзячым Новым годам.

Потым прадстаўнікі сталі паасобна падыходзіць да старшыні (спрацаваліся, прывыклі, нічога не скажаш), каб развітацца з ім за руку і павіншаваць яго асабіста. Я таксама з задавальненнем і адпаведным, добрым пачуццём зрабіў гэта. Абмяняўся тут жа моцным поціскам рукі са сваім балгарскім калегам па камітэту. «Всічко найхубаво! — сказаў яму.— Усяго добрага!» Па дарозе дамоў падвезлі дэлегата ЧССР да іх прадстаўніцтва пры ААН, па-сяброўску, з жартамі развіталіся з ім.

Словам, калі перафразіраваць дасціпны радок класіка, што б ні казалі-прадказвалі прарокі і што б ні гаварылі дыпламаты, год заўсёды будзе канчацца ў снежні і ў снежні будзе заўсёды, пэўна, канчацца кожная чарговая сесія Генеральнай Асамблеі ААН. І заўсёды — хацелася б верыць — рознанацыянальнае шматмоўнае і шматаблічнае супольніцтва будзе раз’язджацца ў канцы снежня па дамах з усведамленнем, што яно выканала як след сваю ганаровую і адказную місію і што ў яго ёсць магчымасць мірна, па-святочнаму, шчасліва сустрэць у асяроддзі блізкіх людзей Новы год або каляды.

Бывай, Генеральная Асамблея! Апраўдвай і надалей сваю шматзначную, гучную назву і сваё высокае прызначэнне! Бывай, ААН! Поспехаў табе як вартавому міру і спакою, плённых табе дыскусій і дзейсных, эфектыўных па-сапраўднаму рашэнняў у імя мірнага жыцця планеты!

 




Тэкст падаецца паводле выдання: Вярцінскі А. Нью-Йоркская сірэна: Публіцыст. нататкі. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 343 с.