epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Жалязоўскі

Два нарады без чаргі

 

Апошняе пісьмо ад Наташы прыйшло ў пачатку лютага. Вось ужо і вясновы ветрык прыблудзіў, пагуляў над гарадком, дыхнуў цяплом на сумёты, што ўзвышаліся ля пляца. Абмяк, асунуўся снег. Талая вада ўранку яшчэ схоплівалася лядком, але пад дрэвамі бурую леташнюю траву пракалолі зялёныя стрэлкі.

Над бярозавым гаем гучна і бадзёра гаманілі гракі, налівалася лазурна-мяккай сінечай неба. У адчыненыя вокны казармы павеяла прэллю ляжалага лісця, напорыста ламалася асляпляльна яркае сонца. А пісем ад Наташы ўсё не было.

Перад абедам салдаты забеглі ў казарму, стоўпіліся ля днявальнага, нецярпліва паглядалі на пісьмы. Атрымаўшы, таропка распячатвалі і прагна прынікалі вачыма да лістоў. Некаторыя беражліва хавалі канверты ў кішэні, каб потым дзе-небудзь у адзіноце нетаропка перачытаць, яшчэ раз перажыць радасць вестачкі з роднага дому.

Анцік бачыў, як задуменна свяціліся твары хлопцаў, якімі пяшчотнымі станавіліся вочы. Ён таксама падышоў бліжэй з надзеяй знайсці на канверце сваё прозвішча. Але дарэмна. Ён саступіў убок, прымасціўся на табурэце, задумаўся.

З забыцця вывеў рэзкі, моцны голас узводнага:

— А-атрымаць аўтаматы, патроны, процівагазы і выходзіць па пастраенне!

У зброевым пакоі было поўна салдат. Яны весела гаманілі, бралі зброю. Выходзілі на вуліцу, курылі, чакалі далейшых распараджэнняў. Потым лейтэнант пастроіў узвод і павёў у «парк» да цягачоў. Іх здымалі з калодак, выводзілі на волю.

Заняткі на палігоне асабліва падабаліся Анціку. З аўтаматам у руках ён бег наперад, поўз па-пластунску, уставаў з укрыцця і кідаўся на «ворага». У гэтай гульні ў «вайну» было шмат трывожнай рамантыкі. Але сёння выезд не радаваў Антона. За пакутліва доўгія тыдні чакання ён не атрымаў ніводнай вестачкі ад Наташы. Трывога і журба захліснулі душу, выцеснілі з яе ўсё.

Да палігона ехалі па бездаражы. Машыны ныралі ў глыбокія каляіны, напоўненыя снегавой кашай. Неўзабаве праскочылі абуджаную ад зімовага сну вёсачку. За ёй распасціраліся голыя палеткі ў брудна-белых плямах наздраватага снегу. Страціўшы свой былы залаты бляск, іржэўнік тапырыўся з-пад снежнага покрыва. Адолеўшы бальшак, які пралягаў праз каржакаваты ельнік, машына затармазіла і ўрэзалася ў ліпкае цеста ўзбочыны. Салдаты павыскоквалі з кузава, пастроіліся. Узводны прайшоўся ўздоўж шарэнгі, пачаў тлумачыць правілы стральбы. Потым пабег на пазіцыю, далажыў маёру пра гатоўнасць і стаў выклікаць для выканання практыкаванняў. Салдаты ішлі на зыходны рубеж, укладваліся, ляскалі затворамі і рапартавалі аб гатоўнасці. Узводны, праверыўшы зброю, камандаваў: «Па мішэнях агонь!» — і ўзмахваў чырвоным флажком. Аўтаматы выхлёствалі кароткія чэргі, гучным сухім трэскам ірвалі цішыню.

Мішэні, падобныя на чалавечыя фігуркі, то падалі, то падымаліся, то доўга стаялі нерухома. Калі першыя адстраляліся, лейтэнант зноў пастроіў узвод. Пад тугой скурай шчок качаліся жаўлакі, погляд драпаў твары салдат.

— Дрэнна страляеце! Чаму аўтамат у руках танцуе? — накінуўся ён на ўсіх адразу.

— Так атрымліваецца, — паспрабаваў апраўдацца нехта.

— Колькі раз я вас вучыў, — не зважаючы на рэпліку, злаваў лейтэнант.

— Выправімся, — прашапацеў чыйсьці нясмелы голас.

— Не выпраўляцца трэба, а страляць вучыцца! Зразумела?!

— Так точна! — уразнабой пачулася са строю.

Усё, што казаў камандзір, абцякала Анціка, не закранаючы, нібыта і не датычыла яго. Ды і навошта было слухаць яму канкрэтна абавязковыя настаўленні, калі страляў ён заўсёды без промаху, з зайздроснай меткасцю.

Прыжмурыўшы вочы, углядаўся ён у дрыготкую далячынь гарызонта. Там, за няроўным грэбенем лесу, дзе млява драмала чародка хмарак, нешта неадольна прыцягвала, трывожыла, хвалявала яго. Неадступна стаяла перад вачыма Наташа. Мроіўся ўсыпаны кветкамі аксамітны луг ля Дняпра, цёплыя, як нагрэтая вада, чэрвеньскія ночы. Усё гэта было наяве, ды засталося ў мінулым, аддзеленым часам і прасторай.

— Аўтаматы праверыць, паставіць на засцерагальнік,— загадаў лейтэнант.

Анцік не пачуў каманды, бо ў гэту хвіліну знаходзіўся далёка-далёка ад узвода.

— Радавы Пятруша, вам асобнае запрашэнне трэба? — спытаў узводны.

— Выбачайце, я задумаўся, — адказаў Анцік і таропка зняў аўтамат.

— Думаць будзем пасля, а зараз трэба вучыцца страляць.

Заўвага камандзіра апякла Анціка, і ён паспрабаваў агрызнуцца:

— Каб добра страляць, трэба таксама думаць.

У пранізліва-вострых вачах камандзіра ўспыхнуў халодны агеньчык. Анцік зніякавеў, замаўчаў. А ўзводны строга сказаў:

— На першы раз за спрэчку аб’яўляю вам заўвагу. — І загадаў усім спусціцца ў траншэю адпрацоўваць стральбу на мішэнях. Анцік выканаў некалькі трэніровачных практыкаванняў, потым стаў думаць пра ўзводнага.

Камандзір як камандзір. Гадоў мо на пяць старэйшы за Анціка. Справядлівы, але празмерна замкнёны, гаварыць не любіць. Ніколі не зведаеш, пра што ён думае, з салдатамі трымаецца на адлегласці. Добра гэта ці дрэнна, Пятруша не ведаў. Але вось за тое, што ўзводны ніколі не размаўляў з падначаленымі па шчырасці, Анцік не любіў яго.

З траншэі патыхала свежай зямлёй. Анцік адкінуўся спіной да бруствера, заплюшчыў вочы, глыбока ўздыхнуў. Галава закружылася, як ад віна, у вачах мітусіліся ружовыя плямы, твар лашчылі гарачыя промні яркага сонца. І зноў пацягнула да ўспамінаў пра дом, Наташу.

Як і ў кожнага чалавека, у Анціка былі свае незабыўныя падзеі жыцця. Часта ўспамінаўся дзень, калі яго выпраўлялі ў армію. Маці, як таго патрабавала традыцыя, наладзіла вечар. На ім былі ўся радня, сябры, знаёмыя Анціка. Яны пілі віно, спявалі песні, танцавалі пад гармонік. Цётка Гашка, таўшчэзная, з пульхным, як пірог, тварам, бясстрасным мужчынскім голасам панура выводзіла:

 

Последний нонешний денёчек

Гуляю с вами я, друзья...

 

Ёй падцягвала тоненькім прастуджаным галаском вяртлявая сухенькая бабулька Насця. Шавец Мікіта, кульгавы сівы дзядок, нахіліўся да Анціка і, торкаючы пальцам, зрэзаным дратваю, яму ў грудзі, павучаў:

— Ты ж глядзі, сынок, матку не сарамаці. Яна цябе выгадавала, у людзі вывела.

Надвячоркам Анцік пакідаў родную хату. Чырвонае, без промняў сонца павісла на чорных, нібыта нежывых галінках яблыневага саду. Аголеная таполя ў маўкліва самотным парыве імкнулася да неба. Маці праводзіла яго да поплаву, адкуль цераз пустэльнае, па-восеньскаму непрытульнае поле вяла дарога да зборнага пункта ваенкамата.

— Ну хопіць, мама, ідзі, — сказаў ён сурова, саромеючыся абняць яе.

— Ага, пайду, пайду, сынок, — лапатала яна сарваным, дрыготкім голасам і прамакала ражкамі хусткі бясконцыя слёзы. У Анціка зашчымела сэрца, на вочы накацілася нешта гарачае, вільготнае.

— Мама, ну супакойся. Не на вайну ж я...

— Бацька таксама не на вайну ішоў, — і яна затрэслася ў ціхім нястрымным плачы. Тады ён абняў яе, пагладзіў па валасах, як малое дзіця, рэзка адхіснуўся і пайшоў. Ён не бачыў, як няўпэўнена, нібы падстрэленая птушка, ступала маці, як часта прыпынялася, глядзела яму ўслед.

Анцік адолеў поле, выйшаў да шляху, узбоч якога палымнеў кляновы гай. І стала да болю шкода пакідаць гэты стары шлях і халоднае асірацелае поле з калючым іржэўнікам. Але трэба было спяшацца. Ён паправіў рэчавы мяшок з харчам і пакрочыў далей. І не прыкмеціў, як з ляска, наскрозь працятага сонечнымі промнямі, вылецела насустрач Наташа. Яна з’явілася так нечакана, бы з неба птушкай апусцілася,

— Ты чаго тут? — спытаў ён, адначасна абрадаваны, здзіўлены і спужаны. Наташа стаяла ў двух кроках ад яго ў сіняй балоневай куртачцы і джынсах, лёгкая, незвычайна прыгожая.

— Не хочаш, каб я цябе праводзіла? — голас яе здрыгануўся, як быццам зламаўся. У вачах адбіліся разгубленасць і недаўменне.

— Праводзь, — пасля доўгага маўчання з горыччу прамовіў ён. — Толькі дарэмна. Вось паеду я, і ўсё сатрэцца ў тваёй памяці. Не будзеш ты мяне чакаць... Не вытрываеш...

Наташа павярнулася, пайшла прэч, растварылася ў загусцелым змроку. Анцік не адважыўся гукнуць яе, доўга слухаў сыпуча пясчаны шорхат лісця пад нагамі дзяўчыны. Разумеў, што пакрыўдзіў жорстка і несправядліва, і тут жа пашкадаваў, што зрабіў гэта. Але нешта перашкаджала клікнуць яе, папрасіць прабачэння...

— Радавы Пятруша, вы што... заснулі?

Але Анцік па-ранейшаму стаяў нерухома, усё ў тым жа здранцвела-задуменным стане адасобленасці, адрынутасці ад усяго. Запознена словы ўзводнага даляцелі да яго слабым рэхам, закранулі розум. Ён здрыгануўся, збянтэжана ўтаропіўся на камандзіра:

— Я нічога, трэніруюся.

— Як жа «нічога»? Аўтамат вунь у зямлю глядзіць.

— Гэта ў мяне?

— У вас, радавы Пятруша. Яшчэ адно папярэджанне — і атрымаеце нарад без чаргі. Ясна?

— Так точна, таварыш лейтэнант!

Узводны з дакорам глядзеў на Анціка. Пад гэтым поглядам ён сцяўся, зморшчыўся як ад невыноснага болю. Стала крыўдна, што ўзводны не разумее яго. Потым ён суцешыў сябе: «Нічога не паробіш: служба не дружба». І тым самым нібы апраўдваў узводнага.

Ад дурманнага паху зямлі, спякотлівага мроіва, што асляпляльна пералівалася над палігонам, ад пранізліва блакітнага неба ён зусім разамлеў, галава налілася свінцовым цяжарам. Яму хацелася вырвацца з палону гэтай прыгнечанасці і расслабленасці. Анцік схапіў аўтамат, рашуча перакінуў яго цераз плячо, выскачыў з траншэі і пабег услед за камандзірам. Насціг яго ля каманднага пункта, гукнуў:

— Таварыш лейтэнант?

— Што яшчэ такое, радавы Пятруша? Хто вам дазволіў спыніць заняткі?

— Дазвольце адстраляцца без чаргі.

— Чаму без чаргі? Вы што, лепшы за іншых? Няўжо яшчэ не прывыклі да дысцыпліны і парадку? Вы ж у арміі.

Салдат спахмурнеў.

— Вы мяне сёння здзіўляеце сваімі ўчынкамі, радавы Пятруша, — з дакорам зазначыў лейтэнант.

Анцік павярнуўся і пабрыў назад. Але тут аб’явілі перапынак. Салдаты павылазілі з траншэй, сталі прыкурваць адзін у аднаго. Іншыя, размораныя ап’яняючай цеплынёй, свежым палявым паветрам, разлягліся на падсохлых узгорках, песціліся на сонцы.

Абхапіўшы калені рукамі, Анцік сядзеў змрочна задуменны. Яго не цягнула ні да курава, ні да размовы. Хацелася пабыць у адзіноце. Ён нетаропка ўстаў, паправіў аўтамат, расшпіліў верхні гузік шыняля, што калюча-вільготным каўняром націраў шыю, асцярожна наступіў на лужыну, зацягнутую топкім хрумсткім лядком, які тут жа суха растрэскаўся, схапіўся знізу павуціннай сеткай. З цікаўнасцю дзіцяці стаў ён хадзіць па лужынах, ламаць іх слюдзяныя акенцы, прыслухоўваючыся да звону льдзінак.

Раптам з-пад ног выпырхнуў жывы камячок, штопарам узмыў увысь, зазвінеў манатонна-гучнай трэллю. Анцік ускінуў галаву, неадрыўна паглядаў, як птушка ўсё вышэй і вышэй падымалася ў блакітную прастору, зачаравана слухаў яе неўтаймоўна-пералівісты спеў. І ад бясконцай радасці, усепаглыгіаючай любві да ўсяго і ўсіх, што раптоўна запаланілі душу, яму захацелася абняць увесь свет. Але жаўрук раптоўна сціх, нібы анямеў, і знік з поля зроку. Цішыня стала нерухомай, глухой. Да болю ў вачах ён углядаўся ў бясплотна-пустэльную гладзь неба і не знаходзіў птушку.

Тады Анцік сеў на краёк акопа, аплыўшага, парослага ўсярэдзіне жухлай травой. Чамусьці падумалася, што, мажліва, на гэтым полі некалі ішлі жорсткія, крывавыя баі. Ён нават бачыў, як беглі салдаты ў атаку, прагна глыталі паветра, падалі, нібы крылы, распасціралі на знявечанай зямлі напрацаваныя рукі. Хто ведае, можа, гэтак жа, як сотні, тысячы іншых воінаў, недзе ўпаў і яго бацька. Яму стала невыносна шкода тых незнаёмых хлопцаў, сваіх аднагодкаў, іх непражытых жыццяў. Ён адчуваў нешта падобнае на дакоры сумлення, бо жыве быццам бы за іх кошт, у неаплатным даўгу перад загінуўшымі. Як адплаціць за гэта? Ён не ведаў. Але быў перакананы: служыць павінен добра...

— Радавы Пятруша, вы чаму не ў страі?

Анцік не здрыгануўся на гэты раз, не спалохаўся, а толькі пашкадаваў аб тым, што не далі дадумаць. Не ўстаючы, ён павярнуўся. Асляпляльны адбітак сонца ад лакіравана-бліскучай скуры ботаў ударыў у вочы. Як флаг, гайдалася пад ветрам крысо афіцэрскага шыняля. Ён зразумеў: гэта быў камандзір. Анцік устаў, паправіў шынель, заўважыў: узвод пастроены ўжо, усе чакаюць яго.

— Прабачце, я не чуў каманды.

— Вам, відаць, трэба асобнае запрашэнне.

— Ніяк не, таварыш лейтэнант.

— У строй бягом, марш! — строга адчаканіў узводны.

Гэты загад яму здаўся зневажальным. Хацелася адказаць лейтэнанту рэзка, груба. Але ён сцяў зубы, пабег. Папрокі таварышаў успрыняў як нешта непазбежнае, справядлівае:

— Аднаго цябе і чакаем.

— Трэба прапанаваць узводнаму, каб ён табе страявую назначыў.

— Праз цябе і нас пастроілі...

— Вінаваты, хлопцы, — усё, што сказаў Анцік у сваё апраўданне.

Лейтэнант падышоў услед за ім, скамандаваў:

— Узвод, смірна-а-а! Радавы Пятруша, выйсці са строю на два крокі!

Анцік выйшаў, павярнуўся тварам да шарэнгі. Салдаты выцягнуліся, застылі нібы каменныя. На абсіверана загарэлых тварах хмурыліся вочы. Вецер пагойдваў крыссе шынялёў, нізка да ног прыгінаў сухі быльнёг.

— За неаднаразовае парушэнне воінскай дысцыпліны аб’яўляю вам два нарады без чаргі.

Крыўда на камандзіра і незадаволенасць сабою змяшаліся ў пачуццё горкага роздуму над сваімі ўчынкамі. Ён разумеў, што вінаваты і пакараны справядліва, і разам з тым не ўяўляў, як ён — дысцыплінаваны салдат, які заўсёды бездакорна нёс службу, пойдзе ў нарад без чаргі.

— Радавы Пятруша, на зыходны рубеж! — рэзка крыкнуў узводны.

Анцік пабег на пазіцыю, лёг, тузануў затвор. Прыціснуўся шчакой да прыклада, пільным поглядам акінуў узвышша, дзе павінна была з’явіцца мішэнь. Ад напружання вочы слязіліся, білася ў скронях кроў, міжволі ўздрыгвалі рукі. «Не хвалюйся, Антон, не хвалюйся,— супакойваў ён сябе.— Дакажы гэтаму салагу-лейтэнанту, на што ты здольны».

Але мішэнь з’явілася зусім не там, дзе ён яе чакаў.

Анцік прыцэліўся, ірвануў курок, але выстралу не пачуў, толькі адчуў нямоцны тугі штуршок у плячо. Мішэнь яшчэ некалькі хвілін пастаяла і паволі, плаўна легла. «Прамахнуўся»,— маланкай успыхнула ў свядомасці, хаця паверыць у гэта было немагчыма. Калі ў другі раз узнікла чалавечая постаць, ён спакойна прыцэліўся і націснуў на курок. Паспеў заўважыць: далёка за мішэнню пырснулі фантанчыкі зямлі. Адбылося непапраўнае, чаго ніколі з ім не здаралася і чаму не было апраўдання.

Ад пякучага сораму, перажытага хвалявання і спякоты з-пад шапкі па скронях ручайкамі сцякаў пот, гімнасцёрка на спіне ўзмакрэла. Узводны спытаў не раздражнёна і сурова, а надзіва спагадліва, нават ласкава:

— Што з вамі здарылася, радавы Пятруша?

Ад непрывычна лагоднага голасу Анціку зрабілася яшчэ горш. Лепш бы камандзір пасварыўся на яго, аб’явіў яшчэ пакаранне.

— Не ведаю, — не ўздымаючы галавы, нейкім чужым, непаслухмяным голасам прамовіў Анцік і, гатовы заплакаць, пацягнуўся з пазіцыі.

— А я на вас спадзяваўся,— ціха, расчаравана, нібыта са шкадаваннем прамовіў яму ўслед лейтэнант.

Радавы Пятруша ішоў і кожнай сваёй клетачкай адчуваў на сабе погляды таварышаў.

Сустрэлі Анціка маўчаннем. Адны рабілі выгляд, што не заўважаюць яго, іншыя, наадварот, глядзелі асуджальна. Ён не вытрываў, з раскаяннем сказаў:

— Я не хацеў.,, так атрымалася, ну, зразумейце ж вы...

— Задавала, — з’едліва, з іроніяй зазначыў Міхась Кандрацьеў.

— Калі будзеш так страляць, Пятруша, інспектарскую мы як піць даць завалім, — падтрымаў яго Алесь Шэўчык.

— Ды хопіць вам, — нечакана заступіўся за Анціка Мэлс Ісхакаў, маладзенькі, хударлявы, чарнавокі салдат. — Можна падумаць, што самі ніколі не «мазалі».

Ісхакаў адвёў Анціка ўбок, спытаў:

— Можа, аўтамат не прыстрэлены?

— Ды не. Я ўжо год з яго страляю. Ніводнага разу міма, а тут...

Анцік зняў аўтамат, падаў Ісхакаву. Той клацнуў затворам, прыцэліўся ў паветра і раптам заўсміхаўся:

— Ды ў цябе ж прыцэл стаіць не на тым дзяленні. Што ж ты перад заняткамі не паглядзеў?

Толькі цяпер Анцік успомніў, што перад стральбой ён і сапраўды забыўся на гэты прыцэл. А збіў яго, відаць, пры пасадцы у машыну ці, можа, калі вылазіў з яе. Але гэта адкрыццё не абрадавала яго, а выклікала неадольнае жаданне паправіць памылку і апраўдацца перад камандзірам і ўзводам. Ён ірвануўся бегчы, але Ісхакаў затрымаў яго:

— Чакай, я зусім забыўся... Пасля каравула, як толькі вы паехалі, я заскочыў у казарму. Гляджу, пісьмо табе. На, трымай.

Ён дастаў з нагруднай кішэні гімнасцёркі канверт, падаў Анціку. Той выхапіў з яго рук пісьмо, зірнуў на зваротны адрас і тут жа разарваў канверт, выцягнуў акуратна складзены аркуш са школьнага сшытка, стаў прагна чытаць. Здрыгануўся, абмяк твар, разлілася на ім расслаблена-пяшчотная усмешка, у вачах успыхнуў радасны агеньчык.

Анцік рынуўся на Ісхакава, абхапіў яго так, што ў таго хруснулі косці. Ісхакаў ледзь вызваліўся з жалезных абдымкаў таварыша, недаўменна спытаў:

— Ты што, з глузду з’ехаў, Пятруша?

— Мэлс, дарагі! Гэта ж пісьмо ад Наташы. Разумееш, хварэла яна доўга, таму і не пісала,— даверліва адкрыўся таварышу Анцік.

— Хіба справа ў пісьмах? — глыбакадумна зазначыў Мэлс. — Трэба, каб любіла.

— Любіць, — запэўніў Мэлса Пятруша. — Піша, што прыедзе. У суботу.

Ісхакаў пажаваў вуснамі, са спачуваннем паглядзеў на Анціка.

— Ты чаго гэта ўтаропіўся? — здзівіўся той.

— А таго... Нарад жа табе аб’явіў узводны. Забыўся, ці што?

Твар у Анціка пабялеў, вочы трывожна, са страхам скіраваліся на пазіцыю. Ён пакінуў Ісхакава і пабег да ўзводнага.

— Таварыш лейтэнант! Дазвольце яшчэ раз адстраляцца... Разумееце, прыцэл падвёў,— прасіў салдат.— Я своечасова не паглядзеў...

Але ўзводны быў няўмольны.

— Не. Не дазваляю. Іншым разам выправіце вашу памылку,— адрэзаў ён.

— Іншым разам нельга, — не прамовіў, а прашаптаў Пятруша сарваным, быццам здушаным голасам. — Дзяўчына да мяне прыязджае. Як жа я сустрэнуся з ёй? Вы ж мне нарад аб’явілі...

— Які ж я камандзір, калі буду адмяняць свае загады. Як вы лічыце?

— Правільна,— пагадзіўся Анцік.— Але што ж мне рабіць? — разгублена спытаў ён.

Узводны заклапочана задумаўся.

— Добра. Як выключэнне з правілаў я адмяняю свой загад, каб вы сустрэлі дзяўчыну. А выпраўляцца будзеце ў наступны раз на палігоне. Я спадзяюся, што вы мяне не падведзяце.— І крыкнуў: — Па машынах!

Салдаты абляпілі цягач, падцягваліся на руках, перавальваліся цераз барты, таропка рассаджваліся на лаўках. Анцік залез апошнім, уціснуўся ў шчыльны рад чалавечых цел. Машына пагойдвалася, бы лодка на хвалях, кацілася па дарозе, выстрэльвала з-пад колаў струменямі снегавой жыжы.

— Хлопцы, давайце заспяваем, — прапанаваў нехта. І адразу чыйсьці бадзёры голас вынес песню на шырокі прастор:

 

Пой, солдат, пой

Про путь солдатский свой...

 

Яе падхапілі іншыя галасы, павялі ўпэўнена, зладжана. І песня, і гэтыя хлопцы ў салдацкіх шынялях, і востры пах абуджаных палёў — усё стала шчымліва-родным, блізкім. І нават узводны не здаваўся яму, як раней, чэрствым і абыякавым. Ён сядзеў сярод салдат з задуменна сумнымі вачыма, пакорлівы, маўклівы. Яго малады, засяроджана строгі твар нібы высвеціўся знутры. Скура на шчоках, як у дзяўчыны, пунсова зардзела, вусны, па-дзіцячаму прыпухлыя, былі паўраскрыты.

Анцік думаў пра тое, што хутка прыйдзе субота, сябры пойдуць у звальненне, а яго, відаць, пашлюць у пасудамыйку. Ад гарачай пары будзе цячы па твары пот, да болю размякнуць, разапрэюць падушачкі пальцаў. Але калі нават і ўдасца яму пазбегнуць пасудамыйкі, то ўжо кухні — ні ў якім разе. А там паспрабуй наабірай бульбы на ўсё падраздзяленне. За гэтымі думкамі ён не заўважыў, як праехалі палігон, падабраліся да вёскі. Непадалёк ад яе па сцежцы, што пралягала па зжатым полі, у стракатым адзенні ішлі ў школу дзеці. Яны нагадвалі першыя вясновыя кветкі, якія гойдаліся пад лёгкім ветрыкам.

Анціку стала шкода, што ён ужо не школьнік, што той бесклапотна рамантычны свет юнага жыцця застаўся ў мінулым — незваротным і страчаным назаўсёды. Што ж, трэба як мага хутчэй сталець, мужнець, вучыцца бездакорна рабіць сваю салдацкую справу. Менавіта для гэтага яго і прызвалі ў армію. І ў параўнанні з гэтым найвышэйшым мужчынскім абавязкам дробязнымі і нікчэмнымі здаліся дзіцячыя крыўды на камандзіра, смутак па дому.

 



Тэкст падаецца паводле выдання: Жалязоўскі А. Горкі хлеб: Аповесць і апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1985. – с. 219-232
Крыніца: скан