epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Жалязоўскі

Падарунак

 

— Малодшы сяржант Савіцкі!.. На выхад да старшыны,— гучна крыкнуў днявальны.

Савіцкі сядзеў у бытавым пакоі і падшываў чысты падкаўнерык. Ён хуценька накінуў гімнасцёрку, зашпіліў гузікі, зірнуў у люстэрка на свой ружовашчокі, чарнабровы твар і пакіраваў да старшыны з прыкрай думкай: «І навошта я яму так позна?» Пасля вячэры старшына Клімянок заўсёды ішоў дадому, даручыўшы сяржанту праводзіць вячэрнюю паверку ў батарэі. А тут нешта затрымаўся.

— Таварыш старшына, малодшы сяржант Савіцкі прыбыў па вашым распараджэнні,— бойка адрапартаваў Савіцкі, казырнуў і стукнуў абцасамі.

— Вось вам папаўненне,— сказаў старшына, немалады ўжо мужчына з сівымі скронямі, і кіўнуў на салдата, што ціха, як цень, стаяў ля акна.

— Адкуль ён? — спытаў сяржант.

— З каранціну... Максім Міронаў... Толькі што прысягу прыняў. Зараджаючым яго на гармату. Узводны загадаў,— стрымана сказаў старшына.

Савіцкі заўважыў, што салдат быў невысокага росту і хударлявы. Амуніцыя вісела на ім як на калу, тонкія ногі тырчалі з шырокіх халяваў. Сяржант быў незадаволены, што ў яго выдатнае аддзяленне піхаюць гэткага слабака, з якім, па ўсяму відно, нямала давядзецца павалаводзіцца, пакуль зробіш з яго сапраўднага салдата.

У аддзяленні Аляксея Савіцкага ўсе байцы былі як на падбор: рослыя, дужыя, натрэніраваныя хлопцы, якія нідзе ні разу яго не падводзілі. Таму сяржант пастаянна атрымліваў падзякі ад начальства. На вячэрняй паверцы Савіцкі павучальна казаў навічку:

— Будзеце служыць у лепшым аддзяленні. Хачу, каб вы сталі выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі. А для гэтага давядзецца шмат над сабой працаваць... Зразумела?!

— Так точна, таварыш малодшы сяржант! — нібыта саромеючыся, нягучна прамовіў Міронаў.

Савіцкі ведаў службу як свае пяць пальцаў, бо таксама прайшой нялёгкую школу вучэбнага падраздзялення. Страявая хадзьба, доўгія ночы ў каравулцы, паходныя маршы на вучэннях, стрэльбы на палігоне — усяго паспытаў удосталь. І цяпер, пасля каманды «адбой», калі салдаты распраналіся, сяржант асабліва пільна сачыў за новенькім. Але Міронаў распрануўся раней за ўсіх, акуратна склаў абмундзіраванне і схаваўся пад коўдрай. І на ранішняй зарадцы ён адолеў многакіламетровы крос. Гэта таксама прыкмеціў Савіцкі, але пасля ўсё ж спытаў салдата:

— Цяжка, радавы Міронаў?

— Вельмі цяжка, — шчыра прызнаўся Максім, вінавата і стомлена ўсміхнуўся, дадаў: — Буду вечарамі самастойна займацца.

І праўда, штодня перад вячэрай Міронаў забягаў у спартыўную залу, скакаў цераз «каня», падцягваўся на перакладзіне, рабіў розныя практыкаванні. Праз месяц салдат прыкметна змяніўся. Ён стаў больш упэўненым, у страі не блытаў крок. І абмундзіраванне цяпер сядзела ямчэй на яго падужэлым целе, рэмень туга апярэзваў тонкі стан. Толькі адно непакоіла камандзіра: салдат быў маўклівы і задуменны. У вольныя хвіліны асобна ад усіх стаяў ля акна і глядзеў на распрануты восенню сквер. Савіцкаму здавалася, што салдата нешта прыгнятае. Але ніяк не мог знайсці зручнага моманту, каб пагаварыць з Максімам шчыра. І вось неяк у «парку», калі ўсё аддзяленне займалася агнявой падрыхтоўкай, а Міронаў дняваліў, яфрэйтар Андрэй Бондараў без дай прычыны сказаў:

— А наш новенькі — дзівакаваты хлопец.

— Нейкі аднаасобнік,— падтрымаў яго сакавітым баском Васіль Каламіец.

Савіцкі прыхінуўся спіной да гарматы, маўкліва выслухаў усіх, павучальна зазначыў:

— Нельга так пра чалавека меркаваць катэгарычна. Хто ведае, што ў ягонай душы.

— Трэба ўзяць яго з сабою ў звальненне, — прапанаваў Бондараў.

— Во, во! Правільна! — ухваліў яго Каламіец. — Паглядзім, што ён за птушка.

— Добра, — пагадзіўся малодшы сяржант. — Пойдзем у звальненне ўсім аддзяленнем. А пакуль, я прашу ўсіх, будзьце больш уважлівымі да новенькага.

Прайшоў лістапад, прыляцелі сцюдзёныя снежаньскія вятры. З шоргатам яны ганялі на пляцы адзінокія засохлыя лісты, балюча сцябалі салдат па тварах белымі крупінкамі. Аддзяленне Аляксея Савіцкага несла каравульную службу. Як начальніку каравула малодшаму сяржанту спаць ноччу не дазвалялася. І ён з дзяжурным па часці правяраў пасты, сачыў за парадкам. А днём у вызначаны тэрмін пайшоў у спальнае памяшканне, лёг на цвёрды ложак, паспрабаваў заснуць. Але сон не браў. Думалася пра будучыя вучэнні, дзе аддзяленню давядзецца вытрымаць сур’ёзны экзамен на воінскую вывучку. І асабліва непакоіла думка, каб не падвёў новенькі. Міронаў таксама нядаўна вярнуўся з паста і ляжаў цяпер у прыцемках непадалёк ад Савіцкага.

— Вы спіцё? — ціха спытаў Савіцкі.

— Не... Ляжу вось, думаю.

— Відаць, пра дом?.. Адкуль родам?

— З Гомельшчыны. Вёска мая ля самай Прыпяці... Эх і здорава ў нас! — летуценна прагаварыў салдат. — Увечары прыйдзеш да ракі... ідуць цеплаходы, маторкі, як птушкі. Імчышся насустрач сонцу па залатой вадзе... Ну, дзе яшчэ такое ўбачыш!

— А дома як? — крыху счакаўшы, спытаў камандзір.

— Маці цяжка хварэе. Інваліднасць далі. А сястра на агранома ў тэхнікум паступіла. Бацька наш памёр, як я яшчэ малы быў.

Савіцкі маўчаў, больш не адважваўся распытваць салдата, каб не вярэдзіць яму душу. Ён шчыра спачуваў гэтаму кволаму хлапчуку і вырашыў памагаць яму.

— Таварыш малодшы сяржант, пусціце ў звальненне, — раптам парушыў цішыню Міронаў. — У сястры хутка дзень нараджэння...

— Пойдзем... у суботу, — адказаў Савіцкі і, пераможаны салодкай млявасцю, заснуў.

Прамільгнулі ў клопатах і справах яшчэ некалькі дзён. Выязджалі на палігон на начныя стрэльбы.

Нечакана Міронаў зноў здзівіў камандзіра і таварышаў: адстраляўся лепей за ўсіх і зарабіў выдатную адзнаку. Перад аддзяленнем сяржант хваліў:

— Малайчына, Міронаў! Рэдка хто з нас у першы раз на начных стрэльбах не мазаў. А ты...

Аднойчы вечарам аддзяленне ўладкавалася ў кутку казармы. Алесь Ганчарык іграў на гітары і спяваў мяккім, прыемным барытонам. Бондараў і Каламіец дружна падцягвалі. Твары ва ўсіх былі задуменныя. Па ўсяму відно — знаходзіліся хлопцы ў гэту хвіліну недзе далёка-далёка. Максім Міронаў моўчкі слухаў, і празрыста-блакітныя вочы яго былі такія самотныя, што ў сяржанта здрыганулася сэрца. Міжволі падумаў Савіцкі, што вось праляціць гэты апошні год службы і, мажліва, ніколі больш не ўбачыць ён гэтых хлопцаў.

У суботу старанна паголеныя, адпрасаваныя, пачышчаныя, хлопцы ўсім аддзяленнем бадзёра падаліся ў горад. Доўга блукалі па вуліцах, завіталі ў парк і, нібы тыя дзеці, пабеглі да арэляў. Потым зайшлі ў маленькую ўтульную кавярню, заказалі марожанага, кавы, вольна ўселіся за столікам. Калі афіцыянтка паставіла перад Міронавым адзінокую шклянку з газіроўкай, Андрэй Бондараў пацікавіўся:

— У цябе што, грошай няма?

— Вазьмі ў мяне колькі трэба,— прапанаваў Алесь Ганчарык.

— Дзякуй, хлопцы, не трэба,— адмовіўся Міронаў і пачырванеў.— Грошы ў мяне ёсць.

— Ты, пэўна, мільянерам вырашыў стаць, эканоміш на ўсім,— пажартаваў Васіль Каламіец.

Савіцкі маўчаў. Ён здагадваўся, пра што думае зараз салдат. А той раптам паглядзеў на камандзіра і не папрасіў — узмаліўся:

— Таварыш малодшы сяржант, мне вельмі трэба ў магазін, дзе гадзіннікі прадаюць.

— Так, хлопцы, пад'ём, — скамандаваў Савіцкі і гэтым вельмі здзівіў падначаленых. Неўзабаве салдаты стаялі ля прыгожай вітрыны з гадзіннікамі.

— Пакажыце мне вунь той, электронны, — папрасіў Міронаў прадаўшчыцу.

— Калі ласка. Усяго сорак рублёў.

Вочы Міронава пацямнелі. Ён расчаравана пакруціў у руках карабочак, потым паклаў на прылавак і рушыў да выхаду.

— Што з вамі, Міронаў? — дагнаў яго Савіцкі.

— Вы разумееце, таварыш малодшы сяржант... сястрычка электронны хацела... Яна так пра яго марыла! А ў мяне не хапае, — у роспачы сказаў салдат.

— Ідзіце да кінатэатра і чакайце там! Мы — хутка! — крыкнуў сяржант і пабег да магазіна. Салдаты ўсё яшчэ тоўпіліся ля вітрыны.

— Бондараў, Каламіец, Ганчарык, за мной! — напаўголаса загадаў Савіцкі. Потым расказаў ім пра Міронава і прапанаваў:

— Паможам? Ён жа наш, з нашай сям’і.

— Вунь які, гэты Міронаў, — неяк вінавата прамовіў Андрэй Бондараў.

— Эканоміў на ўсім, каб сястрычцы падарунак зрабіць, — ухваліў таварыша Алесь Ганчарык.

— А я яшчэ так кепска пажартаваў, — засмуціўся Васіль Каламіец.

Праз паўгадзіны салдаты з аддзялення Савіцкага сядзелі ў фае кінатэатра, разглядвалі новенькі электронны гадзіннік. Міронаў час ад часу пазіраў на таварышаў удзячнымі вачыма. І ніхто з іх не ведаў, што ранкам аддзяленне падымуць па трывозе і некалькі марозных віхурных сутак яны будуць вучыцца ваяваць. А радавы Міронаў першы раз у сваім жыцці зарадзіць гармату сапраўдным баявым снарадам і выстраліць па цэлі...



Тэкст падаецца паводле выдання: Жалязоўскі А. Горкі хлеб: Аповесць і апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1985. – с. 232-237
Крыніца: скан