epub
 
падключыць
слоўнікі

Анатоль Жалязоўскі

Сухі паёк

 

Перад адбоем старшына Федарэнка загадаў камандзірам аддзяленняў пастроіць батарэю, салдатам узяць рэчавыя мяшкі. Калі сяржанты далажылі аб выкананні загаду, старшына скамандаваў:

— Батарэя, ррраўняйсь! Смі-і-і-рна! Другая шарэнга два крокі назад — арш!

Шарэнга бездакорна выканала каманду. Старшына, былы франтавік з засяроджана-строгім тварам, падыходзіў да кожнага салдата, браў рэчавы мяшок знізу за канцы і ўсё вытрасаў з яго. Пасля таго як мяшкі былі правераны, Федарэнка даручыў камандзірам аддзяленняў сабраць усё лішняе і аднесці ў капцёрку. Потым, заклаўшы рукі за спіну, моўчкі прайшоўся ўздоўж строю.

— У рэчавых мяшках дазваляецца захоўваць толькі асабістыя рэчы. Зразумела?! Разыдзіся! Адбой!

Перад тым як пакінуць падраздзяленне, Федарэнка зрабіў яшчэ заўвагу днявальнаму за кепскую выпраўку і накіраваўся дамоў.

Як толькі ён знік, у казарме павесялела. Салдаты, укладваючыся спаць, гаманілі, жартавалі. Невысокі салдат па прозвішчу Іванаўскас, распрануўшыся да ніжняй бялізны, стаяў басанож на праходзе і павучаў першагодкаў.

— Вучыцеся ў «старых», як трэба рыхтавацца да вучэнняў.

— Вучэнняў не будзе, — хтосьці спакойна запярэчыў яму.

— Паспрачаемся! — з гатоўнасцю азваўся Іванаўскас.

— Адкуль ты ведаеш? — пачуўся голас з другога канца казармы.

— Салага! Калі паслужыш з маё, даведаешся, — выкрыкнуў Іванаўскас.

— Сам ты салага! — агрызнуўся той жа голас.

— Што-о-о?! Хлопцы, вы чулі? Ён мяне салагам назваў. Трэба прысягу яму...

Да яго падышоў дзяжурны па батарэі, сяржант, строга папярэдзіў:

— Радавы Іванаўскас, калі вы зараз жа не скончыце, атрымаеце нарад без чаргі.

Выхвалянне і зухаватасць Іванаўскаса быццам рукой зняло. Ён лёг на ложак, заціх.

Сямён Гвоздзеў са звычайнай паспешлівасцю распрануўся, залез пад коўдру і, як некалі дома, на імгненне адчуў цеплыню і вільготны халадок свежай прасціны. Ён скруціўся абаранкам, заплюшчыў вочы і хутка заснуў у чаканні трывогі.

А другой гадзіне ночы дзяжурны па батарэі ўключыў святло, крыкнуў на ўсю сілу сваіх лёгкіх:

— Па-а-а-д’ём! Трывога!

Гэтыя словы, нібы стрэл, абудзілі казарму. Быццам нябачныя спружыны выштурхнулі салдат з ложкаў. Паляцелі ўверх коўдры і прасціны. Сямён хуценька нацягнуў гімнасцёрку, надзеў штаны, усунуў абгорнутыя анучкамі ногі ў боты і пабег у зброевы пакой.

— Хутчэй, хутчэй! — прыспешваў Федарэнка, які, здаецца, і не клаўся спаць.

Сямён апрануў шынель, схапіў аўтамат, процівагаз, дыскі з патронамі і заняў месца ў страі.

Гучна, уразнабой стукаючы ботамі па лесвіцы, спусцілася з трэцяга паверха батарэя. І гэтак жа ўразнабой, цокаючы па асфальтаваным пляцы, беглі салдаты ў снежнай віхуры да парку.

Сямён адчуў, як холадам абпаліла дыханне, вострыя крупінкі снегу балюча секлі твар, сустрэчны вецер дарэшты выдзімаў з адзення казарменнае цяпло.

У парку камандзіры зноў пастроілі батарэю, але па ўзводах, загадалі заводзіць машыны. Па-дзелавому, спакойна і без мітусні людзі прыводзілі ў рух тэхніку. Прыглушана гулі маторы, разбаўляючы марознае паветра пахам бензіну і машыннага масла, чуліся каманды і загады.

У той момант, калі Хеладзе, Іванаўскас, Рузматаў і Свердлік чаплялі да цягача гармату, камандзір аддзялення сяржант Белавус сказаў:

— Радавы Гвоздзеў, хуценька ў машыну, пералічы боепрыпасы.

Сямён забраўся ў кузаў. У цемры, навобмацак пералічыў скрыні з боепрыпасамі і хацеў ужо саскочыць з машыны, як раптам спатыкнуўся аб нейкі прадмет. Сямён піхнуў яго нагой і тут жа вызначыў, што гэта таксама скрынка, але толькі лёгкая, яе нельга было параўнаць з гарматнай. Ён прыўзняў гэтую скрынку з падлогі і паставіў на лаўку. «Што ў ёй можа быць?» — зацікавіўся Гвоздзеў. Нядоўга думаючы, дастаў з ножнаў штык, праткнуў ім заклеены верх скрынкі і рэзка пацягнуў на сябе. Разрэзаўшы кардон, асцярожна прасунуў руку ў дзірку. Калі пальцы намацалі штосьці шурпатае і цвёрдае, а ў нос тхнула хлебна-салодкім пахам сухароў, Сямён здагадаўся, што гэта былі сухія пайкі.

З мінуту ён думаў, не ведаючы, што рабіць. «Адкуль у машыне прадукты? Хто іх сюды паклаў і навошта?» Пры думцы аб сухарах, якія заўсёды так прыемна і смачна хрумсцяць на зубах, у Сямёна ў роце з’явілася сліна. «Трэба ўзяць некалькі штук», — мільганула ў галаве.

— Радавы Гвоздзеў, што ты там корпаешся?!

Сямён здрыгануўся ад нецярплівага крыку камандзіра і паспешліва адказаў:

— Усё ў парадку, таварыш сяржант!

— Злазь давай. Дапамагай хлопцам.

Сямён хутка прывёў у парадак парваны верх скрынкі, засунуў яе за боепрыпасы, саскочыў далоў і пачаў дапамагаць астатнім. Калі гармата была прымацавана, Белавус скамандаваў: «Па машынах!» — і сам сеў у кабіну да вадзіцеля.

Адзін за адным пачалі выпаўзаць за КП цягачы з зачахлёнымі гарматамі на прычэпах.

Фары машын паласавалі начную цемру. У асляпляльна-зыркім святле роем кружыліся сняжынкі.

Увесь разлік быў у зборы, і ў цёмна-халодным кузаве машыны быццам стала цяплей. Жартавалі, расказвалі адзін аднаму розныя гісторыі, выстуквалі нагамі «чачотку», пляскалі ў далоні — грэліся хто як мог.

— Я ж казаў, што будзе трывога, а вы не верылі, — вярнуўся да свайго Іванаўскас.

— Гэта ж салагі не верылі, — азваўся Федзька Свердлік.

Нягледзячы на тое, што слова «салага» ў нейкай ступені датычыла і Сямёна, ён не пакрыўдзіўся. У разліку, куды яго нядаўна прыпісалі зараджаючым, усе размянялі апошні год службы. Сямён жа толькі пачынаў служыць.

— Як вы думаеце, гэта звычайная трывога ці вучэнні? — спытаў Рузматаў.

— Вядома, трывога, — упэўнена адказаў Хеладзе.

Гвоздзеў вельмі баяўся холаду, і яму хацелася, каб гэта была проста трывога. Тады яму не давядзецца мерзнуць, прыводзіць да бою гармату, цярпець усе тыя цяжкасці, што выпадаюць салдату на зімовых вучэннях. Таму ён і звярнуўся да Хеладзе:

— Ты адкуль ведаеш?

— Дарагі, калі б гэта былі вучэнні, нам бы выдалі валёнкі, цёплую бялізну... і абавязкова сухія пайкі.

Пры слове «пайкі» ў Сямёна затрымцела ў грудзях. Скрынка стаяла за снарадамі. Аб гэтым, праўда, пакуль ніхто з салдатаў не ведаў, мусіць, акрамя яго, але цяпер Сямёна палохала ўжо не тое, што могуць быць вучэнні — доўгія і цяжкія, а тое, што распораная ім скрыня з пайкамі належала менавіта іх разліку.

— Але вы ведаеце, браточкі, здаецца мне — і сапраўды хлебам пахне, — загаварыў Свердлік.

— Адразу відаць: бульбаш,— незласліва азваўся Хеладзе, — што-што, а паесці ты — майстра.

— Як жа, браток?.. Але ж і працаваць умеем!

— Ды ты, Федзька, не хлопец, а гвозд. Без малатка лезеш, — груба пажартаваў Іванаўскас.

Усе дружна засмяяліся. Толькі Сямён нават не ўсміхнуўся. Ён радаваўся таму, што ў цемры ніхто не бачыў яго твару.

— Хлопцы, давайце закурым.

— Давай, калі не жартуеш, — з гатоўнасцю згадзіўся Іванаўскас.

Сямён адкрыў новы пачак цыгарэт, якія нядаўна прыслала яму маці, пачаставаў усіх. Курылі прагна, асвятляючы твары чырвонымі агеньчыкамі, хвалілі тытунь.

Раптоўна калона спынілася. Белавус выскачыў з кабіны, крыкнуў:

— Хлопцы, як вы там — жывы-здаровы?

— Жывыя, таварыш сяржант, — бадзёра адказаў Хеладзе.

— Змагаемся! — азваўся Свердлік.

— Вы за Гвоздзевым прыгледзьце. Ён першы раз.

— Дзякуй, таварыш сяржант, за клопат. Толькі я сам пастараюся справіцца, — з удзячнасцю адказаў Сямён.

Белавус пайшоў у галаву калоны і неўзабаве вярнуўся, дазволіў разліку злезці пагрэцца. Неба было цёмнае і бяздоннае. Павольна падаў рэдкі снег. Справа і злева ад дарогі шчыльнай сцяной стаяў лес.

Салдаты ўзад-уперад бегалі каля машыны, скакалі, штурхаліся. Сямён ніяк не мог сагрэцца. Цела, скаванае марозам, здавалася чужым, ногі былі быццам драўляныя, рукі так змерзлі, што ён не мог выпрастаць пальцы.

Сямён наставіў каўнер шыняля, засунуў рукі ў кішэні і прыхінуўся да цёплага радыятара машыны. З’явілася абыякавасць да самога сябе, да людзей, да ўсяго навакольнага. У думках ён ставіўся з пагардай да сябе, да сваёй слабасці і непрыстасаванасці да жыцця. Цяпер ён успомніў, як яго прымушалі бегаць кросы, падцягвацца на перакладзіне да знясілення, вучылі скакаць цераз «каня» і «казла». Тады Гвоздзеў не надаваў сур’ёзнага значэння фізічным заняткам. Цяпер ён зразумеў, што гэта было патрэбна.

Падышоў сяржант, спачувальна спытаў:

— Радавы Гвоздзеў, што з табой?

— Замярзаю, таварыш камандзір.

— Ты што гэта? Калі мы ўсе замерзнем, хто ж ваяваць будзе?

— Цяпер жа не вайна, — нясмела запярэчыў Сямён.

— Кожны салдат павінен быць заўсёды гатовы. Для гэтага ён і салдат. І запомні: цяжка на вучэнні — лёгка ў баі.

— Мне вельмі холадна, таварыш сяржант. Ногі змерзлі.

— Мне таксама. Што зробіш, — прытанцоўваючы, сказаў Белавус. — А пакуль стаім, залазь, пагрэйся.

Сямён забраўся ў кабіну, і яму стала цёпла, толькі ногі пачало ламаць нясцерпным болем.

У гэты час пачулася каманда «па машынах!», і салдаты рассыпаліся па сваіх месцах. Сямён дакульгаў да задняга борта, з цяжкасцю падцягнуўся на руках і перакуліўся ў кузаў. Потым знайшоў чахол ад каліматара, які валяўся ў кузаве, і захінуў ім ногі. Убачыўшы гэта, Іванаўскас здзіўлена спытаў:

— Што гэта ты робіш?

— Як бачыш: грэю.

— Можа, адмарозіў? — спытаў Рузматаў.

— Не ведаю. Вельмі баляць. Косці баляць.

Хеладзе запаліў запалку, паглядзеў на Гвоздзева.

— Э-э... дарагі, зусім дрэнны ты, вельмі дрэнны.

— Здымай боты! — загадаў Свердлік.

Гвоздзеў з цяжкасцю зняў абутак. Федзька сеў побач з ім, памацаў яго ступні. І тут жа сам зняў з сябе боты. Сваімі цёплымі анучамі абкруціў ногі Сямёну, параіў:

— Пасядзі крыху. Як сагрэюцца, тады боты надзенеш. А ў мяне ёсць другія анучы.

Падраздзяленне кіравалася да зыходнага рубяжа. Дзе гэты рубеж — ніхто з іх не ведаў. Ды і ведаць салдату не належала.

— Калі снеданне будзе? Як вы думаеце? — парушыў маўчанне Рузматаў.

— Ты ж такі худы, навошта табе есці? Аддаў бы мне сваю пайку, — жартаваў Іванаўскас.

— Бач, чаго захацеў! — шматзначна сказаў Рузматаў.

— Дарагі, ты мне лепш скажы: як ты, такі танюткі, звонкі і празрысты, у армію трапіў? Табе балетам займацца трэба. Танцы танцаваць, — з насмешкай прамовіў Хеладзе.

Падумаўшы, Рузматаў засведчыў без крыўды ў голасе:

— Кожны мужчына павінен зрабіць тры справы: вырасціць сына, пасадзіць дрэва, быць воінам. Так гаворыць наша народная мудрасць.

— Хоць ты і маленькі, але ўдаленькі, — заўважыў Свердлік.

Сямён маўчаў. Ногі, якія сталі адыходзіць ад холаду, пачалі балець яшчэ мацней. Ён увабраў галаву ў плечы і паспрабаваў хоць на некалькі хвілін задрамаць. Але не змог — праз адзенне з усіх бакоў падбіраецца бязлітасны холад, ад якога карчанее, паволі замярзае цела, а тут яшчэ час ад часу то падкідвае высока ўверх, то штурхае ад аднаго да другога борта, то так трасе, што адчуваеш, як дрыжыць кожная часцінка цела.

Ён устаў, надзеў боты і, ухапіўшыся за верхнюю металічную перакладзіну, доўга скакаў, стараючыся сагрэцца, потым зноў сеў, упёрся ў скрыні, каб пры штуршках яго не скінула з лаўкі, і драмаць ужо больш не спрабаваў.

— Вось што, хлопцы. А ці не час нам перакусіць? — прапанаваў Іванаўскас.

Хеладзе тут жа пстрыкнуў запалкай. Іванаўскас развязаў рэчавы мяшок, дастаў чорны бохан хлеба, разрэзаў яго на дзве паловы. Адну паклаў назад, а другую падзяліў на пяць роўных кавалкаў.

— Браточкі, у мяне ж скрылёк сала ёсць, — пахваліўся Свердлік.

— Ура-а-а! — радасным шэптам закрычаў Хеладзе.

— Я сала не ем, — катэгарычна заявіў Рузматаў.

— Ведаем, ведаем. Нам больш будзе, — з задавальненнем зазначыў Іванаўскас.

— Яго долю мы аддадзім Сямёну. Малады. Няхай папраўляецца, — сказаў Федзька.

Свердлік пакорпаўся ў рэчавым мяшку, дастаў невялікі кавалачак сала, загорнуты ў паперу, парэзаў на роўныя часткі. Дзве з пяці аддаў Гвоздзеву.

Падсілкаваўшыся, Сямён дастаў пачку цыгарэт, пачаставаў хлопцаў, закурыў сам.

У гэты момант машына рэзка павярнула ўбок, і ўсе пасунуліся на снарадныя скрынкі.

— Падрыхтавацца! Зараз каманда будзе, — сказаў Іванаўскас.

І сапраўды, не паспеў цягач спыніцца, як пачуўся голас Белавуса:

— К бою!

Увесь разлік з машыны быццам ветрам здзьмула. Сямён адразу ж забыўся на тое, што стаіць моцны мароз, што зусім нядаўна пакутаваў ад холаду. У складанай рабоце разліку ён быў маленькім механізмам, які павінен дзейнічаць бездакорна. Сямён гэта разумеў і стараўся з усяе сілы. Яму нават стала горача.

За нейкае імгненне гармату расчахлілі, гарматныя нумары далажылі аб гатоўнасці. Белавус узняў флажок і крыкнуў у цемру ўзводнаму камандзіру:

— Трэці гатовы! — І, радуючыся за свой разлік, пахваліў хлопцаў: — Добра папрацавалі, малайцы! Раней за ўсіх управіліся.

Разлік чакаў далейшых загадаў. Сямён пачаў прыглядацца да мясцовасці. Вакол, наколькі хапала вока, было поле. Голае поле з рэдкім хмызняком, чорныя плямы якога ледзь відаць былі на белай раўніне.

Хутка пачулася каманда «адбой». Гармату зноў зачахлілі. Белавус загадаў разбіваць палатку і класціся спаць. Выбралі невялікую палянку між кустоў. Старанна, да самай зямлі, разгрэблі рыдлёўкамі снег. Гвоздзеву і Свердліку Белавус даручыў секчы галлё. Аднак гэтая, няхітрая на першы погляд, работа аказалася не такою ўжо лёгкаю і простаю. Ад прамёрзлых камлёў лазы і алешын сякера адлятала, як ад гумы.

На разасланае галлё паставілі палатку, прымацавалі канцы вяровак да кустоў.

— Ну, хлопцы, цяпер і адпачыць можна, — сказаў сяржант. — Рузматаў, нясі дровы, распальвай печку. Мяняцца будзеце праз кожную гадзіну. На змену табе Гвоздзеў, потым Хеладзе, за ім — Свердлік.

Рузматаў прынёс маленькую паходную печку і бярэма дробна насечаных дроў. Праз некалькі хвілін у печцы загуло, затрашчала, запахла сасновым дымам і пацягнула цяплом.

Сямён доўга не мог заснуць. У правай кішэні шыняля ляжалі сухары, якія балюча рэзалі бок. Але ён не мог ні зварухнуцца, каб неяк легчы зручней, ні дастаць іх адтуль, і вырашыў крыху пацярпець, а там будзе бачна.

Калі Сямёна разбудзіў Рузматаў, той здзівіўся. Яму не верылася, што гадзіна прайшла так хутка. Але Рузматаву не сказаў нічога, баючыся пакрыўдзіць яго, і заняў месца днявальнага.

Ён падкладваў у печку дровы, падтрымліваючы цяпло ў палатцы, неадрыўна і задуменна глядзеў на чырвоныя языкі полымя. Твар абпальвала гарачынёй, і па ўсім целе, як ад моцнага віна, разлівалася прыемная млявасць, зноў неадольна навальваўся сон. Каб адагнаць гэту пакутліва салодкую дрымоту, ён выйшаў з палаткі.

Было па-ранейшаму цёмна, ціха і марозна. На ўсходзе ледзь прыкметна пачало святлець ля самага небасхілу. І было незразумела яму, ці то водбліскі далёкага зарыва, ці надыходзіла раніца.

Ён нацягнуўся, салодка пазяхнуў, схапіў прыгаршчы снегу і стаў церці твар. Скуру спачатку апаліла агнём холаду, потым па шчоках разлілася гарачыня. Пальцы рук анямелі, ён сунуў іх у кішэні шыняля і адразу наткнуўся на сухары.

Сямён адышоў далей ад палаткі, ботам разгроб снег, зрабіў ямку, паклаў у яе сухары і зноў прысыпаў. На ўсялякі выпадак, каб не забыць месца, побач уваткнуў галінку.

Час праляцеў непрыкметна. Гвоздзеў разбудзіў Хеладзе, а сам лёг на яго месца і адразу заснуў.

Раніцай прыйшоў старшына Федарэнка, спытаў у Белавуса:

— Як абстаноўка ў разліку?

— Усё ў парадку, таварыш старшына!

— Хворыя, абмарожаныя ёсць?

— Няма!

— Ідзі атрымай на людзей валёнкі, ватоўкі і бушлаты. На снеданне сухія пайкі. Возьмеш у сваёй машыне.

Белавус паслаў Свердліка па пайкі, а сам павёў людзей пераапранацца. Калі вярнуўся, Свердлік разгублена стаяў ля кардоннай скрынкі.

— Што здарылася? — спытаў Белавус.

— Таварыш сяржант... хтосьці ўкраў паёк.

Белавус сам пералічыў.

— Хто ўзяў?! — сярдзіта спытаў ён. На пабялелым ад злосці твары з’явіліся барвовыя плямы.

— З нас ніхто не мог, — упэўнена заключыў Рузматаў.

Белавус кожнаму паглядзеў у вочы і, сустрэўшы прамы погляд, задумаўся.

— Не хацелася б мне, каб гэта было ў маім разліку, — засмучана сказаў ён.

— Не хвалюйцеся, таварыш сяржант. Гэта работа якога-небудзь салагі, — паспрабаваў суцешыць яго Іванаўскас

— Хопіць! — злосна перапыніў яго Белавус. — Для вас салагі і салагі. А для мяне — непрыемнае здарэнне ў маім разліку. Ты гэта разумееш?

— Разумею, таварыш сяржант.

Сяржант патаптаўся на месцы, утоптваючы валёнкамі снег, абышоў вакол разарванай скрынкі, раптоўна ўдарыў яе нагой, як мячык, сказаў:

— Усё, што засталося, дзяліце!

Свердлік пароўну падзяліў пайкі. Хеладзе набраў у чайнік снегу, растапіў яго, закіпяціў ваду і заварыў чай.

Ніхто не глядзеў адзін аднаму ў вочы, быццам кожны падазраваў другога. Ва ўсіх былі вінаватыя і адчужаныя твары.

Іванаўскас шумна сёрбаў чай з кацялка. Свердлік вінавата і неяк няёмка хаваў пад нахмуранымі бровамі свае добрыя шэра-блакітныя вочы. Толькі Белавус і Рузматаў апетытна даядалі сухары, запіваючы чаем, і твары ў іх былі спакойныя.

Пачуўся далёкі гул, які з кожнай мінутай набліжаўся. Адтуль, з-за далягляду, павінна была вось-вось паказацца чарада самалётаў. Белавус ускочыў, задраўшы галаву ў неба. Свердлік і Іванаўскас падхапіліся і пабеглі да гарматы. Сямён на імгненне разгубіўся і не ведаў, ці то стаяць яму ля сяржанта, ці то бегчы да гарматы.

Раптоўна пачуўся рэзкі і гучны голас камандзіра, які разарваў ранішнюю марозную цішыню:

— Ба-та-рэя-а-а! К бою!

— К бою, Гвоздзеў! — быццам апамятаўшыся, крыкнуў сяржант.

Сямён бег услед за камандзірам, цяжка дыхаючы, спатыкаючыся і падаючы ў снег.

Імгненна ўсё ажыло. Паўсюль чуліся дакладныя каманды і загады. Гарматы доўгімі стваламі шукалі ў небе цэль.

Сямён узвёў замок, спрытна засунуў абойму са снарадамі, праверыў, каб не было перакосу патрона, далажыў аб гатоўнасці. І, ці то ад чакання, ці то ад унутранага страху, па ўсім целе папоўз непрыемны халадок. Сямён баяўся выдаць свае пачуцці. Яму было сорамна прызнацца самому сабе ў тым, што ён баіцца гэтага першага стрэлу.

Сямён і не думаў, што такое ліхаманкавае ўзрушэнне перажывалі ў гэту хвіліну ўсе, хто быў ля гарматы.

— Агонь!

Ён нават не паспеў заўважыць, як абойма тарганулася да замка. Гармата здрыганулася і застыла. Ствол выплюнуў вогненны камяк у неба. І толькі тады балюча ўдарыла ў вушы: «Тах!» Сямён міжволі шырока адкрыў рот, і яшчэ тры разы так жа стукнула па вушах: «Тах! Тах! Тах!»

Калі стральба закончылася, Іванаўскас схапіў яшчэ гарачую гільзу, сунуў яе Гвоздзеву як не ў нос:

— Нюхай, салага! Нюхай! У цябе сёння баявое хрышчэнне!

— Давай, давай, — тонам загаду падтрымаў Іванаўскаса сяржант.

Сямён беражліва ўзяў гільзу, удыхнуў моташна-салодкі пах згарэлага пораху, радасна зморшчыўся.

— Ты, Сёмка, сёння салдатам стаў, — важна сказаў Хеладзе. — Ганарыся гэтым.

Сямёна перапаўняла гордасць. Цяпер ён, Гвоздзеў, паўнацэнны воін, раўнапраўны з усімі «старымі». Нават Іванаўскас будзе радзей называць «салагам» і пачне ставіцца да яго з большай павагай.

Адна толькі думка па-ранейшаму хвалявала, вярэдзіла душу, не давала спакою Сямёну: «Што рабіць з сухарамі?» Пазбавіцца ад гэтай думкі ён не мог, а адкрыцца таварышам было страшна.

Стральба працягвалася. І Свердлік, і Хеладзе, і Рузматаў, і Іванаўскас вельмі стаміліся, але былі задаволеныя, вясёлыя, нават радасныя ад удалай стральбы. Толькі Гвоздзеў быў хмурны і задуменны. У час перакуру Белавус яго спытаў:

— Гвоздзеў, што з табой? Зноў мерзнеш?

— Ніяк не, таварыш сяржант.

— Можа, захварэў?

— Не... проста так. — І тут жа спытаў: — Таварыш сяржант, вы калі-небудзь кралі?

— Не. А што за дзіўнае пытанне? — падазрона паглядзеў на яго сяржант.— Для цікавасці лепш матэрыяльную частку гарматы вывучайце. Хутка інспектарская праверка.

Гвоздзеву стала няёмка ад недарэчнага пытання.

Белавус, падумаўшы, зноў павярнуўся да Гвоздзева, сказаў:

— Краў я. Яблыкі ў суседавым садзе. Пасляваенны я. Жэрці так хацелася, аж жывот да хрыбта прысыхаў... Не адзін я... усе хлопцы на нашай вуліцы. Але ж тады час быў іншы.

Гвоздзеў падумаў аб тым, што тады, у пасляваенны час, лазіць у чужыя сады лічылася натуральным, само сабою зразумелым свавольствам. Ніхто за гэта асабліва не дакараў хлапчукоў.

— Батарэя, строімся на абед! — пачуўся гучны голас старшыны.

Праз некалькі хвілін з’явілася паходная салдацкая кухня. Пах смачнай гарачай ежы ўсіх быццам ажывіў. Пастроіўшыся па разліках, салдаты, бразгаючы кацялкамі, нетаропка тапталіся каля гармат, чакалі сваёй чаргі.

Нарэшце атрымаў сваю порцыю і разлік Белавуса. Елі каля гарматы. Рузматаў пакорпаўся лыжкай у тлустай капусце, дастаў кавалак мяса, працягнуў Гвоздзеву:

— На, Сёмка, папраўляйся.

— Не трэба, Рузматаў, аддай каму-небудзь іншаму, — адмовіўся Гвоздзеў.

— Бяры, бяры, Сямён, не саромейся, — заахвочваў яго Іванаўскас.

Але Гвоздзеў мяса не ўзяў. Ён пачаў перабіраць у памяці ўсё тое добрае, што рабілі для яго хлопцы з самага пачатку вучэнняў. Разумеў, што ўчынкамі таварышаў кіравалі сапраўдная дабрата і спагадлівасць да другога чалавека. І вось цяпер яму было сорамна карыстацца гэтай шчырай, бескарыслівай дабратой людзей, якіх ён, па сутнасці, абмануў. Сямёна прыгнятала пачуццё віны перад імі. Ён нетаропка і маўкліва даеў капусту, падняўся і пайшоў да таго месца, дзе ўчора стаяла палатка.

— Гвоздзеў, ты куды? — спытаў Белавус.

— Я на хвіліначку, таварыш сяржант... трэба мне...

— Нетрыманне ў яго,— пажартаваў Іванаўскас.

Але ніхто чамусьці не падтрымаў жарту.

Сямён рукамі разгроб снег, дастаў сухары, абтрос іх і пайшоў назад. Але не прайшоў і дзесяці крокаў, як ахрыплы голас батарэйнага камандзіра прагучаў нечакана:

— Батарэя! Па машы-ы-ы-нах!

На імгненне Сямён спыніўся як укопаны. Але тут жа адумаўся і пабег да свайго разліку. Хеладзе і Свердлік з усяе сілы круцілі дамкраты, павольна падымаючы з зямлі гармату. Белавус, Іванаўскас і Рузматаў паспешліва надзявалі каркас і нацягвалі на яго чахол. Гвоздзеў пачаў ім дапамагаць. Белавус, заўважыўшы, што Свердлік раней прыўзняў свой бок гарматы, крыкнуў Сямёну:

— Гвоздзеў, дапамажы Хеладзе! Хіба не бачыш, гармата пайшла на перакос?!

Сямён кінуўся дапамагаць таварышу.

...Вучэнні працягваліся. Падраздзяленне ішло да намечанай мэты. І толькі глыбокай ноччу, пад усыпаным зоркамі небам, пасярод нейкага поля, быў зроблены прывал.

Як і першы дзень, разбілі палатку і спалі па чарзе, падтрымліваючы слабае цяпло ў паходнай печцы. Твары ва ўсіх выцягнуліся, пацямнелі, быццам абпаленыя марозам.

— Давядзецца, напэўна, расходаваць НЗ,— сумна звярнуўся Іванаўскас да Свердліка.

— Нічога не зробіш, браце. Трэба.

Паўбохана чэрствага прамёрзлага хлеба Іванаўскас падзяліў на шэсць роўных: кавалачкаў, каб нікому не было крыўдна. Нават крошкі ссыпаў на той кавалачак, які здаўся яму меншы, чым іншыя. Свердлік зверху паклаў на іх танюткія, амаль празрыстыя кавалачкі сала. І калі гэта цырымонія, за якой так уважліва ўсе сачылі, была закончана, Іванаўскас жартам крыкнуў:

— Хапай!

Але ніхто не хапаў. Салдаты асцярожна, з нейкай асаблівай урачыстасцю працягнулі рукі да хлеба. Толькі Сямён як стаяў, так і застаўся стаяць.

— Ты чаго гэта, Гвоздзеў? Што, грэбуеш? — спытаў Белавус.

— Нельга яму. Ён за фігуру баіцца, — з усмешкай сказаў Іванаўскас.

Хлопцы засмяяліся. А Сямён паволі зняў рукавіцы і палез у кішэні, дастаў адтуль сухары, паклаў іх каля сваёй порцыі, прамовіў:

— Сухі паёк узяў я...

Гэтай навіной усе былі так уражаны, што на нейкі момант усталявалася цішыня.

Свердлік, насунуўшы шапку на лоб, чухаў усёй пяцярнёй патыліцу, твар яго выцягнуўся, шэрыя вочы застылі ў здзіўленні. Потым ён падняўся, па-старэчы нетаропка закурыў, секануў рукою паветра і з нейкай толькі аднаму яму зразумелаю палёгкаю ў голасе прамовіў:

— А-а... бывае. Усялякае бывае...

Смуглявы твар Хеладзе з прамым, у нітачку носам і чорнымі вачамі засвяціўся радаснай усмешкай. Ён дружалюбна ляпнуў Гвоздзева па плячы:

— За храбрасць маладэц!

Сяржант Белавус, заклаўшы рукі за спіну, нахмурыў твар і задумаўся. Усе маўчалі і з нецярплівасцю чакалі рашаючага слова камандзіра. А камандзір не спяшаўся. Ён шукаў адзіна правільнае рашэнне. Нарэшце нібы ачнуўся, ускінуў на Гвоздзева вочы, сказаў:

— Ну, што, Сямён?.. Здаецца мне, што ты сёння не толькі салдатам — чалавекам стаў.

Ён падышоў да салдата, узяў яго руку ў сваю і па-мужчынску моцна сціснуў.

 



Тэкст падаецца паводле выдання: Жалязоўскі А. Горкі хлеб: Аповесць і апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1985. – с. 203-219
Крыніца: скан