epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Бедная мама

Бертран Шміт праглядаў сваю пошту. Яго жонка Ізабэла, стоячы побач, з цікавасцю назірала, як мяняўся яго твар: рабіўся то хмурным, то радасным, у залежнасці ад таго, што ён у лістах вычытваў.

— Ага! — прамовіў ён. — Ліст з Пон-дэ-Лёра... Нешта адтуль вельмі рэдка...

Ён адшукаў подпіс:

— Жэрмэна Герэн?.. Ну так! Яна... Маці Дэнізы Гальман... Чаго ж яна ад мяне хоча?

Мадам Герэн паведамляла аб смерці сваёй маці, баранесы Дакенвіль, Руан, вуліца Даміет, на васьмідзесятым годзе жыцця: «Мне хацелася самой паведаміць вам гэту сумную навіну, вам, сябру маёй дарослай дачушкі, які некалі ведаў і маю бедную маму. Я ўзгадваю той час, калі Дэніза вадзіла вас на вуліцу Даміет, і маёй беднай маме было так прыемна слухаць, як вы двое дружна шчабечаце. Дэніза цяпер цудоўная дзяўчына. Вы... Не збіраюся казаць кампліментаў, а толькі спашлюся на тое, як высока цаніла вас мая бедная мама і не рабіла з гэтага сакрэту... Перада мной цяпер усё спустошана. Больш як трыццаць гадоў я кожны тыдзень прыязджала ў Руан, каб яе пабачыць. Яна такая старэнькая, але мела светлы розум і магла даць добрую параду. Я, мабыць, не перанесла б свайго болю, каб не падтрымка майго вернага Жоржа і не любоў маіх мілых дзетак... Калі выпадкова вам давядзецца быць у нашай Нармандыі і вас не палохае балбатня пажылой жанчыны, заходзьце да мяне, калі ласка, і я вам пакажу некаторыя сувеніры, пакінутыя маёй беднай мамай...»

— Вы яе ведалі, гэтую баранесу Дакенвіль? — запытала Ізабэла.

— Бадай-што не... Помню, нейк раз ці два ў Руане заходзіў туды з Дэнізай. Непрытульны, страшэнна запушчаны дом...

— Тады чаму яе дачка вам піша, і ў такім сентыментальным тоне?

— Каб ёй паспачувалі. Яна адна з тых істот, што нават няшчасце выкарыстоўваюць для самарэкламы... І тым больш камічна, што пры жыцці яна гэту «бедную маму» адно што не біла, так люта з ёю абыходзілася.

— Чаму люта?

— Дакенвілі разарыліся; у мадам Герэн, якая, раз за разам, двойчы выходзіла замуж, было шмат грошай... Яна падкідвала сёе-тое сваёй маці, але скупа, толькі на пражыццё, і за гэтую сваю падачку крыўдзіла яе і зневажала, як хацела... Жахлівая рэч!..

Крыху падумаўшы, Бертран дадаў:

— І не толькі зневажала, а нахабна выкарыстоўвала ў сваіх інтарэсах.

— Як гэта?

— Даўняя гісторыя... Першы раз мадам Герэн выйшла замуж за нейкага беднага хлопца, па прозвішчу Герпэн, бацьку Дэнізы... Яна яго абдурвала спачатку з афіцэрам, потым з Герэнам, тады халасцяком... А каб спатканні не кідаліся ў вочы, трэба было напусціць туману... Бедная мама, выдрэсіраваная як мае быць, прыкрывала грахі сваёй дачушкі і, я амаль упэўнены, наладжвала любоўныя гульні ў сваім доме. Карацей кажучы, стала зводніцай.

— Жанчынам падабаецца зводзіць, разводзіць, — летуценна прамовіла Ізабэла. — Не адна яна.

— Але ў баранесы Дакенвіль такое патуранне было ў характары. Яшчэ ў маладосці яе празвалі «Падатлівыя ножкі»... Мой дзед, чалавек строгіх звычаяў, пляваўся, гаворачы аб ёй. Ну, гэта ўжо занадта. Проста яна была дурная, як бот.

— Але ж, Бертран, трэба напісаць нейкае слова спачування.

— Вы думаеце? І што мне сказаць?.. Мне гэтая смерць, як пазалеташні снег...

— Ну так, я разумею, але ж нельга адступаць ад формы.

Бертран уздыхнуў, сеў за стол і ўзяў аркуш паперы:

«Шаноўная пані, — напісаў ён, — ваш ліст крануў мяне да глыбіні душы. Як гэта далікатна з вашага боку падумаць пра мяне ў вашым бязмежным горы і самой паведаміць аб гэтай сумнай падзеі! О так, я са смуткам узгадваю мае нячастыя візіты на вуліцу Даміет. Хараство навакольных мясцін, грацыёзная, зусім яшчэ юная жвавасць вашай беднай мамы, яе дабрата да мяне, тады яшчэ дзіцяці, — усё гэта пакінула ў маёй памяці цудоўныя, незабыўныя вобразы. Я ведаю, як самаахвярна вы былі прывязаны да сваёй маці, і спадзяюся, што сардэчная прыхільнасць вашага мужа і дочак паможа вам ізноў прывыкнуць да жыцця. Калі мне давядзецца праязджаць цераз Пон-дэ-Лёр, абавязкова зайду да вас, і мы пагаворым аб нашым мінулым. Застаюся, шаноўная пані, з самымі пачцівымі і найлепшымі да вас пачуццямі...»

Ён працягнуў аркуш Ізабэле:

— Чытайце. Па-мойму, гэта чысты здзек.

Ізабэла шпарка прагледзела ліст і, вяртаючы яго Бертрану, сказала з здавальненнем і зусім сур'ёзна:

— Гэта якраз тое, што трэба.



Пераклад: Юрка Гаўрук