epub
 
Падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Добры вечар, дарагая

— Ты куды, Антуан? — запытала мужа Франсуаза Кеснэ.

— Пайду на пошту. Здам заказное і выведу пагуляць Маўглі... Дождж перастаў. Хмары над Ментонай распаўзліся. Бярэцца на пагоду.

— Доўга не баўся. Я запрасіла на абед Сабіну Ламбер-Леклерк з мужам... Ну так, я прачытала ў «Эклерэры», што яны прыехалі ў Ніццу на некалькі дзён. Вось я і напісала Сабіне...

— Ах, Франсуаза! Навошта?.. Палітыка, якую праводзіць яе муж, мне агідная, і сама Сабіна...

— Не бурчы, Антуан... Ты ж не скажаш, што Сабіна табе не падабаецца!.. Да таго як мы пажаніліся, яе лічылі тваёй нявестай...

— Вось іменна... І яна мне ніколі не даруе, што я аддаў перавагу табе. А потым я гадоў пятнаццаць яе не бачыў; цяпер яна, мабыць, дзябёлая матрона...

— І зусім яна не матрона, — адказала Франсуаза. — Сабіна толькі на тры гады старэй за мяне. І ва ўсякім разе шкадаваць позна ўжо... Сабіна і яе муж будуць тут а восьмай гадзіне.

— Ты хоць бы параілася са мной... Чаму ты так зрабіла?.. Ты ж ведаеш, што мне гэта непрыемна.

— Шчаслівай прагулкі! — весела пажадала яна і выскачыла з пакоя.

Гэта сутычка з жонкай сапсавала Антуану настрой. Яе звычайны манеўр — ухіляцца ад спрэчак. Ідучы па дарожцы над морам сярод пахілых вуглаватых сосен, ён разважаў:

— Разбэсцілася Франсуаза... Проста нельга цярпець... І добра ж ведае, што я не жадаю сустракацца з гэтай парай. Пра свой намер мне ні слова... Усё часцей і часцей яна ўжывае тактыку гатовага факта... І навошта было запрашаць Сабіну Ламбер-Леклерк? Відаць, ёй нудна са мной і дзецьмі... Але каму захацелася пасяліцца тут, у гэтай глушы? Хто мяне прымусіў пакінуць Пон-дэ-Лёр, свае справы, сваіх блізкіх і ў маладыя гады супроць сваёй волі зашыцца ў гэтым кутку?..

Калі ён пачынаў успамінаць асабістыя крыўды, ім канца не было. Аднак Антуан моцна любіў сваю жонку; ён быў перапоўнены пачуццямі і любіў яе, я сказаў бы, эстэтычна. Мог цэлы вечар нястомна любавацца яе зграбным носам, яе светлымі вясёлымі вачамі, тонкімі рысамі твару. Але як яна часам умела яго даводзіць! Выбраць мэблю, плацце, кветкі, — на гэта Франсуаза была мастак. Што датычыцца людзей, тут у яе не хапала такту. Антуану было вельмі балюча, калі яна зневажала каго-небудзь з яго сяброў. Ён адчуваў і сваю адказнасць і сваё бяссілле. Потым доўга асыпаў яе папрокамі, яна моршчылася, але не звяртала асаблівай увагі, ведаючы, што вечарам каханне возьме верх і ёй будзе ўсё даравана. Потым ён прызнаў яе такой, як яна ёсць. А гадоў праз дзесяць пасля жаніцьбы пераканаўся, што яна ўжо не зменіцца.

— Маўглі, сюды!..

Ён зайшоў на пошту. Па дарозе назад яго думкі аб Франсуазе сталі яшчэ болей змрочнымі. Хоць бы яна была верная. У гэтым ён не сумняваўся, аднак яе какецтва і нават неасцярожнасць надта ўжо кідаліся ў вочы. А ці быў бы ён шчаслівейшы з Сабінай Ламбер-Леклерк? Ён уявіў сабе сад у Пон-дэ-Лёры, дзе яго, маладога хлопца, прымала Сабіна. Увесь горад сцвярджаў, што яны жаніх і нявеста, і самі яны, нічога аб гэтым не гаварыўшы, былі ўпэўнены, што пажэняцца.

«У Сабіны быў агнявы тэмперамент», — падумаў ён, успомніўшы, як некалі на танцах яна тулілася да яго.

Яна была першай дзяўчынай, з якой ён трымаўся смела, мабыць, таму, што адчуваў узаемнасць. Яна была жаданай і любай. Потым з'явілася Франсуаза, і тады ўсе іншыя дзяўчаты перасталі для яго існаваць... Цяпер ён прывязаны да Франсуазы. Дзесяць гадоў сямейнага жыцця. Трое дзяцей. Канец мелодыям вясны.

Сустрэўшы яе ў гасцінай, прыгожую, свежую, у муслінавым плацці ў яркія кветкі, ён забыў пра свой гнеў. Гэта яна, Франсуаза, стварыла іх дом, іх сад, якімі так захапляюцца госці. Гэта яна, Франсуаза, угаварыла яго кінуць завод і выехаць з Пон-дэ-Дёра незадоўга да эканамічнага крызісу. Так што, калі ўсё па справядлівасці ўзважыць, то яна прынесла яму болей шчасця, чым гора.

— Мішлін і Бако абедаюць з намі? — запытаў ён.

Ён гэтага хацеў. Прысутнасць дзяцей развеяла б няёмкасць сустрэчы з чужымі людзьмі.

— Не, — адказала яна. — Дзеці лішнія. Будзе прыстойней, калі нас сядзе чацвёра... Ідзі папраў гальштук, Антуан.

«Прыстойнасць» — вось яшчэ слова, якога ён цярпець не мог. «Што ж тут прыстойнага? — разважаў Антуан Кеснэ, завязваючы гальштук перад люстэркам. — Сабіна пачне да ўсяго прыдзірацца, Франсуаза будзе какетнічаць з Ламбер-Леклеркам, міністр пыхліва вымаўляць свае догмы, а я сам, нікому не патрэбны, буду сядзець паміж імі, як сыч».

— Прыстойнасць!..

Пад'ехаў аўтамабіль. Рэзка прытарможаныя колы заскрыгаталі на гравійцы. Антуан і Франсуаза Кеснэ прыціхлі з выглядам нядбайнай дзелавітасці. Праз хвіліну Ламбер-Леклеркі ўвайшлі ў дом. У Сабіны былі чорныя, крыху кучаравыя валасы, гладкія плечы і прыгожыя вочы. Яе муж страшэнна аблысеў, тры валаскі тырчалі на яго чэрапе, як бар'еры на іпадроме. Відаць было, што ён не ў гуморы. Мабыць, гэты званы абед для яго быў, як костка ў горле.

— Добры вечар, дарагая, — прамовіла Франсуаза, абдымаючы Сабіну. — Добры вечар, пан міністр...

— Ах, не, дарагая! — адазвалася Сабіна, — ты не называй майго мужа «міністрам», называй яго проста — Альфрэд, а мяне — Сабіна. Добры вечар, Антуан...

 

Вечар быў такі цёплы, такі празрысты, што Франсуаза загадала падаць каву на тэрасе. Гаворка за абедам не клеілася. Жанчынам рабілася нудна. Антуан, незадаволены сабой, ні на кога не зважаючы, упарта спрачаўся з Ламбер-Леклеркам, а той, лепш інфармаваны, разбіваў яго па ўсіх пунктах.

— Вы аптыміст, бо ў вашых руках улада, — наступаў Антуан. — А ў сапраўднасці становішча Францыі трагічнае...

— Што вы, галубчык!.. Не, не... Пытанне фінансаў ніколі не бывае трагічным. Бюджэт Францыі мае дэфіцыт ужо шэсць стагоддзяў, і гэта вельмі добра. Час ад часу трэба працэджваць капіталы, аблапошваць ранцье... Іначай тупік... Уявіце сабе мільёны ў банку пры складаных працэнтах з часоў кардынала Рышэлье...

— А як жа ангельскі бюджэт!.. Пазітыўны баланс... — грымеў Антуан. — Ёсць нават лішкі... І ад гэтага ангельцам, наколькі я ведаю, горш не жывецца.

— Галубчык мой, — тлумачыў Ламбер-Леклерк, — я ніяк не разумею празмернай запальчывасці, з якой французы параўноўваюць дзве краіны з неаднолькавай гісторыяй, рознымі звычаямі і рознымі патрэбамі... Калі б Францыя пажадала мець збалансаваны бюджэт, мы б яго далі заўтра... Але яна яго не хоча... Альбо, калі вас больш задавальняе такая формула, яна яго не асабліва хоча, беручы пад увагу спосабы дасягнення гэтай мэты... Падрыхтоўка бюджэту — пытанне не фінансавае, а палітычнае... Скажыце мне, з якой большасцю вы мяркуеце кіраваць, і я вам скажу, які бюджэт вы можаце скласці... Апарат міністэрства фінансаў з гатоўнасцю падрыхтуе вам бюджэт сацыялістычны, бюджэт радыкальны, бюджэт рэакцыйны... Патрэбен толькі загад!.. Усё гэта прасцей простага, і сумнявацца можа толькі прафан.

— Вось яно як!.. Прасцей простага! І вы б асмеліліся сказаць такое вашым выбаршчыкам!

Франсуаза адразу здагадалася па ледзь улоўных адзнаках, па раптоўнай жорсткасці позірку мужа, што ў ім закіпае гнеў. Яна ўмяшалася:

— Антуан, ты павінен пайсці з Сабінай да манастыра, паказаць ёй віды...

— А мы ўсе чацвёра пойдзем.

— Не, не, — запярэчыла Сабіна. — Франсуаза прапануе разумна... Трэба аддзяліць мужоў ад жонак... Весялей будзе.

Яна паднялася. Антуан быў вымушаны суправаджаць яе, люта глянуўшы на Франсуазу. Тая і вокам не павяла, быццам не заўважыла.

«Здарылася тое, чаго я найбольш баяўся, — думаў ён. — Вытурылі мяне на добрыя паўгадзіны аднаго з гэтай жанчынай... Яна, напэўна, скарыстае момант і будзе патрабаваць ад мяне тлумачэння, якога чакае ўжо дзесяць год... Забаўна!.. Уліп, называецца... І няўжо Франсуазе хочацца, каб гэты міністр, надзьмуты, як індык, пусціўся да яе ў залёты?»

— Як цудоўна пахне! Што гэта? — запытала Сабіна Ламбер-Леклерк.

— Гэта цытрусавыя. Альтанка, дзе мы былі, абсаджана апельсінамі, лімонамі, гліцыніямі і ружамі... Але нашы ружы здзічэлі, прыйдзецца зноў іх прышчапляць... Калі ласка, уніз па гэтай дарожцы...

— А вы самі не здзічэлі тут, Антуан, адзінокі, забыты?

— Я?.. Я заўсёды быў дзікуном... Вы што-небудзь бачыце ў цемры? З абодвух бакоў гэтага абкладзенага кафлямі басейна — зараснікі цынерарый... Прынцып планіроўкі саду — супрацьпаставіць колерам цёмным — фіялетаваму, сіняму — ярка-жоўтыя сонечныя плямы... Ва ўсякім разе такой была задума Франсуазы... Тут на схіле ёй захацелася стварыць некранутыя нетры — жаўтазель, масцікавае дрэва, папараць, царская карона...

— Мне прыемна пабыць з вамі адной, Антуан... Я шчыра люблю вашу жонку, але ж мы былі вялікімі сябрамі перад тым, як вы з ёю сустрэліся... Вы яшчэ не забылі?

На ўсякі выпадак ён пайшоў павольней, каб не быць да яе надта блізка.

— Як можна, Сабіна!.. Вядома, успамінаю... Не, ідзіце прама, ніякага павароту, зараз будзе масток... Вось і манастыр... Што за кветкі паміж пліт? А гэта браткі, звычайныя браткі...

— А вы помніце баль у клубе, мой першы баль?.. Вы мяне прывезлі дадому ў машыне вашага дзеда... Мае бацькі ўжо спалі; мы разам увайшлі ў маленькую гасціную, і вы, не сказаўшы ні слова, абхапілі мяне, і мы, шчаслівыя, закружыліся ў танцы. |

— У той вечар я, здаецца, вас пацалаваў?

— Здаецца!.. Мы цалаваліся цэлую гадзіну!.. Гэта было так прыемна!.. Вы былі маім героем.

— Падмануў я вас, ашукаў!..

— Наадварот, у пачатку вайны вы былі такім малайцом!.. Вы мне так падабаліся!.. Я помніла ўсе вашы ўзнагароды. Я і цяпер іх помню, магу вам назваць... Потым, калі вас паранілі на фронце і, папраўляючыся, вы абручыліся з Франсуазай Паскаль-Бушэ, шчыра прызнаюся, удар быў цяжкі. Што ж тут дзіўнага!.. Я вамі так захаплялася! Калі я ўгледзела, што вы жэніцеся з дзяўчынай, якую я добра ведала, якая была маёй школьнай сяброўкай у Сэн-Жане, з дзяўчынай прыгожанькай, але крыху ду-дурнаватай (прабачце мне, Антуан), я здзівілася, я засмуцілася... І не толькі я — увесь горад...

— Але чаму?.. Франсуаза і я — мы людзі аднаго кола, добра падабраная пара... Палюбуйцеся, Сабіна: гэта сцяна, усыпаная агнямі — скала Манака... Не нахіляйцеся!.. Тэраса крутая і над самым морам... Асцярожна, Сабіна!..

Міжвольна ён прытрымаў яе за талію. У тое ж імгненне яна павярнулася і горача пацалавала яго ў губы.

— Тым горш, Антуан... Я тады страшэнна раўнавала... Як цяжка не сустракацца з чалавекам, якога любіш!.. А помніце, як мы цалаваліся, гуляючы ў тэніс?.. О! Вас гэта шакіруе!.. Пазнаю характар Кеснэ. Я ўпэўнена, што вы былі верным мужам...

— Самым верным... Ні разу не саграшыў...

— За дзесяць гадоў? Бедны Антуан!.. І вы былі шчаслівы?

— Вельмі шчаслівы.

— Тады ўсё к лепшаму, даражэнькі Антуан... А толькі цікава тое, што выгляд ваш зусім не сведчыць аб шчасці.

— З чаго вы ўзялі?

— Сама не знаю... Нейкая ёсць у вас узбуджанасць, раздражнёнасць, ад незанятасці ці што... І ўсё ж, Антуан, вы той самы Кеснэ з Пон-дэ-Лёра, чалавек энергічны, гаспадар... І вы жывяце тут, далёка ад прывычнай справы, ад вашых сяброў... Я добра ведаю, што вы ўсё падпарадкавалі густам вашай жонкі. Але не можа быць, каб вы не шкадавалі аб гэтым?

— Магчыма, спачатку, калі выехаў, і сумаваў крыху. Але я знайшоў сабе тут іншае поле дзейнасці. Я заўсёды захапляўся гісторыяй... Я працую... Апублікаваў некалькі кніг, якія мелі пэўны поспех.

— «Пэўны поспех»? Яны мелі надзвычайны поспех, Антуан, гэта — выдатныя кнігі... Асабліва ваш «Людовік Адзінаццаты»...

— Вы іх чыталі?

— Каб я ды не чытала! Мо сто разоў... Спачатку таму, што, як і вы, люблю гісторыю... А потым шукала ў іх вас. Я ніколі не была раўнадушнай да вас, Антуан... Вы — цудоўны пісьменнік... Не, не, я не перабольшваю. Мне было нават прыкра, калі за абедам Франсуаза не прамовіла ні слова пра творчы бок вашага жыцця... Разы два мой муж прабаваў загаварыць аб вашых кнігах, Франсуаза яго спыніла. Па-мойму, яна павінна ганарыцца вашымі кнігамі...

— А чым тут асабліва ганарыцца?.. Яно то праўда, што яна не цікавіцца маімі работамі гэтага кірунку.Яна больш чытае раманы. Затое ў сваёй галіне сапраўдны мастак: умее трапна выбраць гарнітур, навесці парадак у садзе... Уявіце сабе, тут кожная кветачка, кожны кусцік дагледжаны ёю асабіста... З таго часу як крызіс закрануў Пон-дэ-Лёр і нашы прыбыткі намнога ўпалі, Франсуаза ўсё робіць сама.

— «Франсуаза ўсё робіць! У Франсуазы выключны густ!» І што смяшней за ўсё, ён у гэта верыць!.. Ах, які вы непераборлівы чалавек, Антуан! Я ж ведала Франсуазу дзяўчынкай... Тады ў яе не было ніякага густу... альбо не, была прагнасць да розных цацак, бляшак, аздоб... Нешта манернае, штучнае... Гэта вы яе выхавалі, прывучылі да хараства ліній строгіх, натуральных, да парадку... І што самае галоўнае, гэта вы далі ёй сродкі, каб яна магла жыць, не абмяжоўваючы сябе... Яе вячэрняе плацце — прыгожае, якраз па фігуры, але не забывайце, мілы мой, што гэта плацце ад Скіпарэлі... А там лёгка праявіць густ.

— Вы памыляецеся, Сабіна... Гэта плацце Франсуаза пашыла сама разам са служанкай.

— Дзіва што! Хто вам дасць веры! Даражэнькі Антуан, не расказвайце падобных баек жанчыне... Ёсць тэхнічныя тонкасці — розныя вытачкі, складкі... Апроч таго, атэлье Скіпарэлі ахоўвае свае сакрэты: спалучэнне залацістых гузікаў са стракатым барвенкам могуць вынайсці толькі там... Але гэта не мае значэння...

— На жаль, гэта мае большае значэнне, чым вы думаеце... Я вам сказаў, прыбыткі нашы зусім не тыя, што былі раней... Далёка не тыя! Пон-дэ-Лёр не дае мне нічога, і Бернар піша, што гэты спад можа цягнуцца некалькі год... Ну, кнігі мае разыходзяцца нядрэнна... Я надрукаваў некалькі артыкулаў... Але гэтага мала, каб бедная Франсуаза магла заказваць плацці ў модных атэлье.

— Тады гэта цуд, даражэнькі Антуан... Цуд, недаступны розуму... З пашанай схіляю галаву... Між іншым, я заўсёды адчувала прыхільнасць да Франсуазы... Толькі ніяк не магла зразумець, чаму яе людзі не любяць.

— А хіба яе не любяць людзі?

— Ненавідзяць... Вы што, не ведалі? Мяне страшэнна здзівіла, што і ў Ніццы яе асуджаюць гэтак жа, як і ў Пон-дэ-Лёры.

— За што ж яе асуджаюць?

— О! Усё тое самае. Эгаістка... З мужчынамі — какетка, з жанчынамі — хітруля. За крывадушнасць... Нарэшце, адсутнасць такту... Я яе заўсёды абараняла. Яшчэ школьніцай, калі мы жылі разам у інтэрнаце Сэн-Жана, я казала: Франсуаза Паскаль-Бушэ куды лепшая, чым здаецца на выгляд... Непрыемны голас і фальшывы тон, вось што ў ёй абурае...

— Вы знаходзіце, што ў яе непрыемны голас?

— Антуан!.. Вядома, пражыўшы дзесяць гадоў сумесна, вушы прывыкаюць... Зрэшты, гэта не яе віна, і я не папракаю... Але што цяжэй за ўсё дараваць, дык гэта тое, што, падхапіўшы сабе такога мужа, як вы, яна...

— Што яна?

— Ды так, нічога...

— Вы не маеце права, Сабіна, пачынаць фразу з намёкам і абрываць яе. Ці не шапнулі вам вашы інфарматары, што ў Франсуазы былі палюбоўнікі?

— Вы сур'ёзна пытаеце, Антуан?

— Зусім сур'ёзна, магу вас запэўніць...

— Вы ведаеце добра, мой мілы, што гэтак гавораць пра ўсякую прыгожую жанчыну... Хто яго знае?.. Бывае дым і без агню... Франсуаза неасцярожная. Прыпамінаю, што ў Пон-дэ-Лёры сцвярджалі нават, што яна кахала вашага брата.

— Бертрана?

— Ну так, Бертрана.

— Чыстае ідыёцтва... Бертран увасабленне сумленнасці.

— Я ім гэта сто разоў паўтарала... Франсуаза і не здагадваецца, што я самы шчыры яе абаронца... А што там за матылькі беленькія мільгаюць у месячным святле?

— Гэта павой.

— Цудоўна! Евангельскія ліліі даліны, ці ж няпраўда?

— Я б гэтага не сказаў... А ці не пара нам вярнуцца?.. Мабыць, нас чакаюць...

— Куды вы так спяшаецеся, Антуан?.. Я б ахвотна правяла з вамі ўсю ноч у гэтым садзе.

— Я,здаецца, азяб.

— Дайце мне вашу руку... О, ды яна як лёд!.. Дазвольце, я прыкрыю вас лёгенька сваім плашчом?.. І мы б маглі гэтак жыць, сэрца к сэрцу, увесь век... Вы аб гэтым не шкадуеце, Антуан?

— Што я магу вам сказаць, Сабіна?.. А вы? Вы шчаслівая?

— Вельмі шчаслівая... Гэтак жа, як і вы, даражэнькі Антуан, гэта значыць, з адчаем у сэрцы... Гэта сцежка вядзе ўгору, праўда?.. Ад вас мне няма чаго таіць... Я доўгі час сабе жадала смерці... Цяпер яно лепш... Я супакоілася... Вы таксама.

— Якая вы здагадлівая, Сабіна!

— Не забывайце, што я вас калісьці любіла, Антуан... Гэта абвастрае зрок... Падтрымайце мяне, калі ласка... Гэты пад'ём даволі круты... Скажыце мне, Антуан, калі вы нарэшце агледзеліся? Калі вы ўбачылі Франсуазу такой, як яна ёсць? Бо як жаніліся, вы былі сам не свой, яна вам свет завязала.

— Баюся вам пярэчыць, Сабіна, але нязгоды між намі і цяпер няма... Зразумейце мяне правільна... Я і сёння адчуваю вялікую прыхільнасць да Франсуазы... «Прыхільнасць» — слова смешнае, слабае, — я люблю Франсуазу... Але, як вы толькі што трапна сказалі, першыя два гады пасля нашага шлюбу, я быў сам не свой ад пачуццяў, каханне наша было моцным, непарушным і, маю ўсе падставы сцвярджаць, узаемным.

— Вось як!..

— Што «вось як»?.. О не, Сабіна, вы заходзіце надта далёка... Але вам не ўдасца знішчыць маіх успамінаў... Франсуаза дала мне такія доказы кахання, што сляпы і той бы пераканаўся. Яна жыла для мяне, а я — для яе... Удваіх мы былі шчаслівыя і не шукалі нікога... Вы мне не верыце?.. Але я кажу праўду, Сабіна... Я кажу тое, што ведаю... Я быў з ёю... а вы не былі.

— Бедны мой друг, я з ёю была раней за вас... Я знаю вашу жонку з дзяцінства. Яе сястра Элен і яна вучыліся разам са мной... Помню, як Франсуаза, з ракеткай у руцэ, стаяла на двары Сэн-Жана і гаварыла нам, Элен і мне: «Я павінна выйсці замуж за старэйшага Кеснэ, і я выйду за яго абавязкова».

— Гэтага не можа быць, Сабіна. Сям'я Паскаль-Бушэ і мая радня ніколі не былі ў дружбе; Франсуаза мяне не ведала. Я пазнаёміўся з ёю выпадкова ў 1917 годзе, калі прыехаў у водпуск на папраўку.

— Выпадкова?.. Ну вось... Вы і ў гэта паверылі. Але ж мне Элен усё дакладна растлумачыла. Справа ў тым, што, калі пачалася вайна, пан Паскаль-Бушэ, яе бацька, дайшоў да галечы. Гуляка быў і калекцыі збіраў, а гэта дарагі занятак. Дочкі празвалі яго пашой, і ён гэтага заслугоўваў. Гнаўся за раскошай. Рэстаўрацыя замка Фларэ яго канчаткова даканала... «Дочанькі мае, — сказаў ён Элен і Франсуазе, — тут у нашай акрузе толькі два шлюбы могуць выратаваць нас: адзін з дэ Тыянжам, другі з Кеснэ». Спрытныя дочанькі злавілі і таго і другога.

— Хто вам расказаў гэту гісторыю?

— Самі сёстры. Хто ж яшчэ?..

— І вы мяне не папярэдзілі?

— Не магла ж я выдаць сяброўку... І потым я не хацела перашкаджаць... Гэта быў яе адзіны шанс. Таму што Франсуазу ні ў Луўе, ні ў Пон-дэ-Лёры ніхто, апроч такога наіўнага донкіхота, як вы, не ўзяў бы замуж. Нармандскія сем'і не любяць банкрутаў.

— Але ж пан Паскаль-Бушэ ніколі не быў банкрутам...

— Гэта праўда, але чаму?.. У часе вайны яго падтрымліваў урад, дзякуючы яго другому зяцю Марысу дэ Тыянжу, які быў дэпутатам... Пасля вайны, вы гэта лепш за мяне ведаеце, вашаму цесцю быў вымушаны памагаць ваш дзед. А на гэта ён якраз і разлічваў... А!.. Ізноў гэты цудоўны водар... Мы набліжаемся да тэрасы... Пачакайце хвілінку, Антуан, — я задыхаюся.

— Вы многа гаварылі падымаючыся.

— Пакладзіце мне на сэрца руку... Чуеце, як б'ецца ў грудзях, ледзь не выскачыць... Вазьміце... Вось мая хустачка... Вытрыце губы, Антуан... Жанчыны — жудасныя істоты, адразу ж заўважаць чырвоны след... Не, сваю хустачку схавайце, а то яна вас выдасць... Каб вы былі больш спрактыкаваным мужам, вы б гэта ведалі даўным-даўно... І вось што... Абмахніце левае плячо, там, мабыць, засталося трошкі пудры... Так, добра... Цяпер мы можам выйсці на святло.

Праз некалькі хвілін госці паехалі. Жанчыны пажадалі адна адной здароўя і развіталіся, як родныя сёстры.



Пераклад: Юрка Гаўрук

Беларуская Палічка: http://knihi.com