epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Ірэн

— З прыемнасцю пайду з вамі сёння ўвечары, — сказала яна. — Такі цяжкі быў тыдзень! Столькі працы і адны расчараванні!.. Але вы тут, і на душы весялей... Слухайце... Давайце паглядзім цудоўны фільм...

— І не думайце цягнуць мяне ў кіно, — сказаў ён, нахмурыўшыся.

— Які жаль!.. Мне так хацелася пабачыць гэты фільм разам з вамі... Але нічога... Я ведаю на Манпарнасе куточак, дзе танцуюць цудоўныя марцініканцы...

— Ну, вось яшчэ! — сярдзіта запярэчыў ён. — Хопіць мурынскай музыкі, Ірэн! Я ёю сыты па горла.

— І што збіраецеся вы рабіць?

— Вы самі ведаеце... Паабедаць у ціхім рэстаранчыку, пагаварыць, прыйсці да вас, расцягнуцца на канапе і аддацца марам.

— Не, ні ў якім разе! — адмовілася яна ў сваю чаргу. — Не!.. Вы вялікі эгаіст, мой дарагі... Вы ў здзіўленні?.. Ды вам жа ніхто ніколі не казаў праўды... Ніхто... Вы прызвычаіліся, каб жанчыны слухаліся вас, каб вашы жаданні былі для іх законам... Вы, як сучасны султан... Ваш гарэм адкрыты... Раскінуўся на дзесяць краін... Але гэта гарэм... Жанчыны — вашы рабыні... І тая, што належыць вам, асабліва... Калі вам хочацца ляжаць і марыць, яны павінны глядзець вам у рот. Калі вам хочацца танцаваць, яны павінны быць напагатове. Калі вы напісалі некалькі радкоў, яны павінны іх хваліць. Калі вам хочацца пазабаўляцца, яны павінны быць, як тая Шэхеразада... Не, мой дарагі, з мяне даволі! Няхай хоць адна жанчына не будзе нявольніцай вашых капрызаў!..

Яна спынілася і загаварыла мякчэйшым тонам:

— Як гэта сумна, Бернар!.. Я так радавалася, што вас бачу... Я спадзявалася, што мне з вамі будзе добра, а вы з'явіліся і думаеце толькі аб сабе... Пакіньце мяне... Прыходзьце тады, калі цвёрда засвоіце, што на свеце не толькі вы адзін...

 

* * *

 

Усю ноч Бернар не мог заснуць і, засмучаны, думаў. Ірэн мела рацыю. Ён быў агідны. Ён не толькі падмануў і кінуў Алісу — жанчыну мілую, верную і паслухмяную, ён нават карыстаўся ёю без любві. І што ў яго за натура? Адкуль гэта прага перамагчы і валодаць? Гэта няўвага да іншых? «На свеце не толькі вы адзін», — гучала як дакор. Прыгадваючы мінулае, ён выразна ўявіў сваю цяжкую маладосць, недаступных жанчын. Было нешта ад рэваншу ў яго эгаізме, а нахабства развілося з баязлівасці. Дзе ж яны, высакародныя пачуцці?

«Высакародны... — разважаў ён, — і слова нейкае пошлае! Трэба загартоўваць волю. У каханні — хто не ўмее ўзяць верх, таго растопчуць. Але ўсё ж часам так прыемна... уступіць, быць слабейшым, шукаць сваё шчасце ў шчасці другога».

Зрэдку, раздзеленыя ўсё даўжэйшымі інтэрваламі, вярталіся ў гараж запозненыя машыны.

«Шукаць сваё шчасце ў шчасці другога? А што ж? Хіба гэта немагчыма? Хто прымушае яго быць жорсткім? Хіба кожны чалавек не мае права ў любую хвіліну перайначыць сваё жыццё? І, стаўшы іншым, хіба ён знойдзе сабе лепшага сябра, чым Ірэн? Ірэн... такая прывабная ў сваёй адзінай выходнай сукенцы, у зацыраваных панчохах, у паношаным плашчыку... Ірэн, такая прогожая і такая бедная. І такая велікадушная ў сваёй беднасці. Колькі разоў ён бачыў, як яна дапамагала расейскім студэнтам, бяднейшым за яе, ратавала іх ад галоднай смерці. Шэсць дзён у тыдзень яна працуе ў краме, а яе ж да Рэвалюцыі выхоўвалі, як прынцэсу. І ніколі не скардзіцца... Ірэн... І ён мог таргавацца з ёю за дробязь? Адмовіць ёй у мілых забавах? Сапсаваць ёй цэлы вечар?»

З грукатам, аж задрыжалі шыбы, праімчаўся апошні аўтобус. І болей ніякі шум не парушаў начной цішыні. Бернар усё яшчэ змагаўся з бяссонніцай. Раптам душа яго азарылася ў натхненні. Ён прыняў важнае рашэнне: прысвяціць сябе шчасцю Ірэн. Ён будзе ёй лепшым сябрам, ласкавым, пакорным. Так, пакорным. Гэта думка супакоіла нервы, і ён неўзабаве заснуў.

 

* * *

 

Назаўтра раніцай ён прачнуўся ў вясёлым настроі, ускочыў і пачаў апранацца, напяваючы песню. Такога не было з ім з часоў юнацтва.

«Сёння ж вечарам пайду да Ірэн і папрашу прабачэння».

Калі ён завязваў гальштук, зазваніў тэлефон.

— Ало! — пачуўся мілагучны голас Ірэн. — Гэта вы, Бернар? Слухайце... Я не магла заснуць. Мяне грызла сумленне... Я вас учора моцна пакрыўдзіла!.. Даруйце мне... Сама не ведаю, як гэта я...

— Наадварот, гэта я, Ірэн, усю ноч даваў клятву, што перамянюся.

— Ніякіх перамен! Не рабіце глупства... Ах, Бернар, якраз за гэта і люблю я вас: за вашы капрызы, упартасць, за характар распешчанага дзіцяці. Яно так прыемна быць з чалавекам, які патрабуе ахвяр... Я хацела вам толькі сказаць, што сёння ўвесь вечар вольная і не прапаную вам нічога канкрэтнага. Зараней згаджаюся на ўсё...

Бернар паклаў слухаўку, і на душы ў яго стала маркотна.



Пераклад: Юрка Гаўрук