epub
 
Падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Катэдральны сабор

У 18.. годзе нейкі студэнт спыніўся на вуліцы Сэнт-Анарэ перад вітрынай гандляра карцінамі. Там было выстаўлена палатно Эдуарда Манэ «Шартрскі катэдральны сабор». Манэ ў той час прызнавалі толькі некаторыя аматары. Але ў студэнта быў добры густ, і хараство гэтай карціны яго глыбока ўразіла. Некалькі дзён ён хадзіў любавацца ёю. Нарэшце адважыўся ўвайсці ў краму і запытаў цану.

— Так і быць, — сказаў гандляр, — яна тут вісіць даволі доўга. Уступлю яе вам за дзве тысячы франкаў.

У студэнта не знайшлося такой сумы, але ён быў не з бедных. Яго сваякі ў правінцыі мелі дастатак. Адпраўляючы хлопца ў Парыж, адзін з яго дзядзькоў сказаў: «Маладому чалавеку хочацца пажыць. Калі будзе пільная патрэба, пішы». Ён папрасіў у гандляра тыдзень тэрміну, каб выкупіць карціну, і напісаў свайму дзядзьку.

У студэнта была каханка — асоба даволі вульгарная, недалёкага розуму, але вельмі прыгожая. Яна была замужам за чалавекам намнога старэйшым і нудзілася без пэўных заняткаў. Вечарам таго ж дня, калі студэнт даведаўся пра цану «Сабора», жанчына гэтая сказала яму:

— Заўтра з Тулона да мяне прыедзе ў госці мая пансіёнская сяброўка. У майго мужа няма часу гуляць з намі. Я разлічваю на вас.

Назаўтра сяброўка сапраўды з'явілася і не адна, а прывяла з сабой яшчэ адну сяброўку. Студэнт быў вымушаны некалькі дзён вадзіць усіх трох і паказваць ім Парыж. Ён іх паіў, карміў, наймаў рамізніка, плаціў за квіты ў тэатр і хутка растраціў усё, што яму было прыслана на месяц. Ён пазычыў грошай у таварыша і зусім ужо засмуткаваў, як раптам прыйшоў ад дзядзькі ліст, і ў ім дзве тысячы франкаў. Гэта быў ратунак. Ён расплаціўся з даўгамі і купіў сваёй каханцы падарунак. «Катэдральны сабор» быў прададзены калекцыянеру, які пазней завяшчаў свае карціны Луўру.

Мінула шмат гадоў. Студэнт стаў славутым пісьменнікам, пасівеў, пастарэў, захапляецца малюнкамі прыроды і хараством жанчын. Часта на вуліцы, выходзячы са сваёй кватэры, ён сустракае пажылую даму, якая жыве ў суседнім доме. Дама гэта — яго былая каханка. Твар яе заплыў тлушчам, прыгожыя вочы выцвілі, і пад імі вісяць мяшкі, на верхняй вусне расце шэрая шчэць. Яна ідзе грузна, і ногі ў яе як налітыя воскам. Пісьменнік вітаецца, але праходзіць міма, бо ведае, што яна злая, і яму сорамна нават падумаць, што ён яе калісьці кахаў.

Часам ён заходзіць у Луўр і падымаецца ў залу, дзе красуецца «Катэдральны сабор», доўга глядзіць на яго і ўздыхае.



Пераклад: Юрка Гаўрук

Беларуская Палічка: http://knihi.com