epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Кірмаш у Нэйі

— Банівэ быў гадоў на пяць-шэсць старэйшы за мяне, — пачаў Мафра, — але яго кар'ера была такая бліскучая, такая раптоўная, што я прывык лічыць яго хутчэй сваім апекуном, чым сябрам. Я яму за многае павінен дзякаваць. Стаўшы міністрам грамадскіх работ, ён узяў мяне ў сваю канцылярыю, а калі міністэрства распалася, цудоўна ўладкаваў у прэфектуру.

Вярнуўшыся да ўлады, Банівэ атрымаў партфель міністра калоній. Я займаў тады ў Парыжы ніштаватую пасаду і прасіў яго, каб мяне нікуды не пераводзіў. Адносіны паміж нашымі сем'ямі былі найлепшыя, і мы часта разам праводзілі адпачынак: то мы ў іх, то яны ў нас. Нэлі Банівэ мела гадоў пад сорак, прыгажосці не страціла і была ідэальнай жонкай міністра. Муж яе моцна любіў.

Я ўжо гадоў дзесяць, як быў жанаты, і жылі мы з Мадлен, вы гэта ведаеце, вельмі дружна.

Нейк у пачатку чэрвеня Банівэ запрасілі нас паабедаць у адной з рэстарацыяў Булонскага Лесу. Нас было шэсць, вечар правялі мы весела, і пад поўнач ніхто не хацеў разыходзіцца. Банівэ, чалавек дасціпны і з гумарам, прапанаваў нам усім паехаць на кірмаш у Нэйі. Дарваўшыся да ўлады, ён любіць прыкідвацца каліфам Гарунам-аль-Рашыдам, гэтакім дабрадзеем, і слухаць, як навокал шэпчуцца: «Гляньце, гляньце, Банівэ!»

Тры немаладыя пары, што ў дзіцячых гульнях стараліся аднавіць чары юнацтва, былі даволі сумным відовішчам. Мы выйгралі ў розных латарэях макароны, шкляныя караблікі, цукровых звяроў; мужчынская кампанія збівала ў ціры люлькі з круцёлак і яечныя шкарлупіны, што падскаквалі ў вадзяных фантанчыках. Потым мы дабраліся да адмысловай чыгункі, якая пасля аднаго-двух кругоў на вольным паветры хавалася ў штучным тунелі. Нэлі Банівэ прапанавала праехацца ў цягніку. Мадлен гэта забава не надта падабалася, дый сядзенні здаліся бруднымі, але яна не хацела псаваць святочнага настрою, і мы купілі квіткі. У мітусні пры пасадцы наша група раскалолася, і я апынуўся ў адным купэ з Нэлі Банівэ. Нас было двое, і нікога больш.

Цягнік-малютка шпарка мчаўся па крывой, і павароты былі разлічаны так, каб пасажыры навальваліся адзін на аднаго.

Мадам Банівэ пры першым штуршку ледзь не трапіла ў мае абдымкі. У гэты момант цягнік уляцеў у тунель, адразу стала цёмна, і я дзіву даюся, як гэта магло здарыцца за некалькі секунд. Наша цела не заўсёды падпарадкоўваецца розуму. Я ўвесь час адчуваў Нэлі ў сябе на каленях і лашчыў яе, як дваццацігадовы салдат лашчыць дзяўчыну, якую ён прывёў з сабой на кірмаш. Я шукаў яе губы, нічога не ўсведамляючы, яна не супраціўлялася, і, калі нарэшце пацалаваў яе, мы выехалі са змроку ў святло. Рэзка, як па камандзе, мы абое адсунуліся і, вытрашчыўшы вочы, аслупянелыя, пазіралі адно на аднаго.

Помніцца, я тады сіліўся разгадаць, што напісана ў яе на твары. Нэлі Банівэ прывяла ў парадак валасы, спакойна глянула на мяне і не сказала ні слова. Збянтэжанасць хутка развеялася. Цягнік ужо спыняўся каля платформы, і праз хвіліну мы далучыліся да Банівэ, Мадлен і двух другіх нашых спадарожнікаў.

— Гэты кірмашовы атракцыён не для нашага ўзросту, — з нудотай заўважыў Банівэ, — ці не пара дадому?

Мадлен падтрымала яго, мы накіраваліся ў Порт-Мэйё, а ўжо адтуль хто куды. Цалуючы Нэлі руку на развітанне, я прабаваў зірнуць ёй у вочы. Яна весела размаўляла з Мадлен і адышла, так мне нічога і не намякнуўшы.

Заснуць я не мог. Гэта нечаканая прыгода парушыла роўную плынь майго жыцця. Я наогул не быў бабнікам, а тым больш пасля таго, як ажаніўся. Я любіў Мадлен ад усяго сэрца, і наша ўзаемнае давер'е было моцным і шчырым. Да Банівэ я адчуваў прыхільнасць і глыбокую ўдзячнасць. Але ўсё ж нейкі чорт мяне падбухторваў сустрэцца з Нэлі, каб хутчэй дазнацца, што азначаў яе позірк, пасля той фатальнай хвіліны. Здзіўленне? Гнеў? Вы ведаеце, якая фанабэрыя часам можа таіцца ў самым скромным мужчыне. Я ўявіў сабе працяглае, маўклівае пачуццё, якое раптам абудзілася, дзякуючы выпадку. Побач са мной на суседнім ложку мірна спала Мадлен.

На другі дзень я быў вельмі заняты і не было мне калі асабліва думаць аб учарашнім дзівосным здарэнні.

На трэці дзень мяне паклікалі да тэлефона.

— Вас пытаюць з міністэрства калоній, — пачуўся голас у трубцы. — Не адлучайцеся, з вамі будзе гаварыць міністр... Хвіліначку...

У мяне заныла сэрца. Ніколі Банівэ не званіў мне сам. Запрашэнні і адказы на іх звычайна паступалі ад нашых жонак. Ніякага сумнення, дадуць мне дыхту за кірмашовую прыгоду.

— Ало! — пачуўся раптам голас Банівэ... — А, гэта вы, Мафра?.. Вы маглі б з'явіцца зараз жа да мяне ў кабінет?.. Так, тэрмінова... Я вам растлумачу асабіста... Добра, чакаю!

Я павесіў слухаўку... Значыць, Нэлі належала да кодла тых агідных істот, што знарок спакушаюць мужчын (бо яна першая, даю вам слова, павалілася мне на калені), а потым прыстаюць да мужа і скардзяцца: «Ведаеш, дарэмна ты так верыш Бернару... Ён табе зусім не сябар...» У, ненавісінае племя!

Шукаючы таксоўку, каб адправіцца да Банівэ, я прабаваў угадаць, што мяне чакае. Дуэль? Я б згадзіўся ахвотна. Ва ўсякім разе гэта самы просты выхад, але пасля вайны на дуэлях не б'юцца. Не, хутчэй за ўсё, Банівэ пачне мяне ўпікаць і дасць зразумець, што між намі ўсё скончана. Гэта быў бы канец не толькі важнага для мяне сяброўства, але і ўсёй маёй кар'еры, як-ніяк, а Банівэ — чалавек магутны. Ёсць чуткі, што ён зойме пасаду прэм'ера.

І што тады сказаць Мадлен, як растлумачыць ёй гэты недарэчны разрыў?

Гэтыя думкі і розныя іншыя, яшчэ болей злавесныя, прыгняталі мяне па дарозе ў міністэрства. Я пачаў разумець тых няшчасных людзей, што ў цяжкім становішчы, не маючы мужнасці цярпець да канца, шукаюць збавення ў самагубстве.

Мне давялося некаторы час пачакаць у прыёмнай сярод шматлікіх наведвальнікаў і сакратароў. Маё сэрца моцна калацілася. Каб супакоіцца, я пачаў разглядаць насценную фрэску: «Анаміты збіраюць ураджай». Нарэшце сакратар назваў маё імя. Я ўстаў. Перада мной былі дзверы ў кабінет міністра. Што мне рабіць? Даць яму выказацца? Ці папярэдзіць прыкрую сцэну шчырым прызнаннем і споведдзю?

Банівэ падняўся насустрач і паціснуў мне руку. Я быў збянтэжаны яго ласкавасцю. А можа, ён усё ж такі здагадаўся, што здарэнне было выпадковае і ненаўмыснае?

— Перш за ўсё, — пачаў міністр, — прашу прабачыць, што выклікаў вас так спешна, але зараз вы самі зразумееце, што рашэнне трэба прымаць неадкладна. Справа вось у чым... Нэлі і я ў наступным месяцы збіраемся ў доўгае падарожжа па Заходняй Афрыцы... Я — з інспекцыйнымі мэтамі, яна — як турыстка для новых уражанняў... Я вазьму з сабой апроч служачых міністэрства таксама некалькі журналістаў, таму што пара нарэшце французам пазнаёміцца са сваімі ўладаннямі... Дагэтуль я не думаў гаварыць вам пра свой намер, паколькі вы не чыноўнік нашага міністэрства і не журналіст, апроч таго, у вас ёсць служба. Але ўчора ўвечары Нэлі сказала мне, што наша падарожжа амаль супадае з вашым водпускам і што ёй прыемней бавіць час з вамі і вашай жонкай, чым з нашымі афіцыйнымі кампаньёнамі, і што, яна спадзяецца, магчымасць пабачыць Афрыку на такіх выгадных умовах павінна спакусіць вас. Так што мяркуйце... Калі вы згодны, мы вас уключым у групу ўдзельнікаў... Толькі мне трэба ведаць гэта зараз жа, бо ў маёй канцылярыі скончваюць складаць маршрут і спісы.

Я падзякаваў і папрасіў даць мне некалькі гадзін, каб параіцца з жонкай. Спачатку я быў гатовы згадзіцца. Але, застаўшыся адзін, уявіў сабе ўсю непрыстойнасць і агіднасць гэтай напалову любоўнай інтрыжкі ды яшчэ пад пільным наглядам Мадлен і ў якасці госця Банівэ. Нэлі была прыгожая, але я сурова яе асуджаў.

Снедаючы дома, я расказаў жонцы аб нечаканай прапанове, утаіўшы, вядома, прычыны, якімі яна была выклікана. Я шукаў спосабу ветліва адмовіцца. Мадлен у момант прыдумала шэраг раней узятых абавязкаў, і мы не паехалі ў Афрыку.

Я ведаю, што з гэтага часу Нэлі Банівэ гаворыць пра мяне з іроніяй і нават з некаторай варожасцю. Наш сябар Ламбер-Леклерк нейк раз пры ёй назваў мяне магчымым кандыдатам на пасаду прэфекта дэпартамента Сены. Яна зрабіла грымасу і са здзекам прамовіла:

— Мафра? Ды вы што! Ён вельмі мілы, але пазбаўлены ўсякай ініцыятывы. Не ведае сам, чаго хоча.

— Нэлі гаворыць праўду, — пацвердзіў Банівэ.

І я не патрапіў у кандыдаты.



Пераклад: Юрка Гаўрук