epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Лёс

— Лёс? — сказаў Бландэль. — Не, я не веру ў лёс... ці, больш дакладна, не веру ў тым сэнсе, які надавалі гэтаму слову ў старажытнасці... Я не веру, што нейкая варожая сіла, схаваўшыся за ўсыпанай зоркамі заслонай, вышуквае людзей і рыхтуе ім гібель... Я не веру, што нейкі пякельны механізм, сканструяваны багамі, заўсёды абкружае нас сваімі хітрамудрымі і жорсткімі спружынамі, якія мы накручваем і прыводзім у рух... Не... Наадварот, я веру, што сусвет абыякавы да ўчынкаў людзей і кожны з нас можа, у пэўнай меры, каваць свой уласны лёс... Такая вера супакойвае... Аднак...

Ён спыніўся і хвілінку падумаў:

— Аднак бывае такі дзіўны збег акалічнасцей... такія цудоўныя супадзенні... спалучэнні падзей, калі ўсё адно да аднаго, зубец да зубца, шасцярня да шасцярні, так дапасавана і з такой няўхільнасцю прыводзіць да катастрофы, што спасылка на выпадковасць не кожнага можа задаволіць. О, я добра ведаю, што з мільярдаў фактаў, сведкамі якіх мы былі, знойдзецца некалькі незвычайных... Тым не менш д'ябальская злашчаснасць гэтых здарэнняў нярэдка можа здзівіць людзей самых далёкіх ад забабоннасці.

Слухайце... Аднойчы ў Ню-Ёрку... Але гэта доўгая гісторыя.

Ён уздыхнуў, адпіў глыток кавы, потым, калі ўсе мы прыціхлі, пачаў расказваць:

— Вы, можа, памятаеце, што я жыў у Амерыцы праз некалькі год пасля сканчэння першай сусветнай вайны. Гэта быў перыяд пратэкцыянізму, абмежаванняў і так званага «прасперыці». Жыццё ў Ню-Ёрку здавалася мне лёгкім, мітуслівым і даволі-такі нудным. Завяліся ў мяне і сябры, былі сярод іх нават людзі выдатныя: маладыя прафесары, якія потым, пры прэзідэнце Рузвельце, сталі асобамі магутнымі; маладыя актрысы, што цяпер зіхацяць на Брадвеі, а пачыналі беднымі прыгажунямі; маладыя журналісты, якія здзіўлялі смеласцю сваіх ідэй, а сёння выйшлі ў людзі і лічацца кансерватарамі...

Мы арганізавалі невялічкі гурток і кожны вечар збіраліся то ў бары на 52-й вуліцы, куды нас прываблівалі кухня і адмысловы італійскі вермут, то на кватэры каго-небудзь з нас. Мы пілі многа. А напіўшыся, пачыналі гульню ў любоў проста так, без ніякіх пачуццяў, альбо слухалі мурынскі джаз, і не скажу, што былі шчаслівыя.

Нейк раз вечарам уся наша кампанія абедала ў Мірыям Джэнінгс, якая жыла па той бок Іст-Рывера на Лонг Айлендзе ў арыгінальным доме ружовага колеру. У нашым гуртку яна адна была багатая і магла прыняць разам усіх... Вы ведаеце Мірыям Джэнінгс па галівудскіх фільмах. Вы ёю захапляецеся, і не без падставы. Гэта — вялікая актрыса. Але мала хто ведае, што гэта кіназорка была ў свой час проста жанчынай...

Яна была з тых, каго амерыканцы называюць «школьнымі нявестамі». Дачка святара, яна выхоўвалася на шчодрую дапамогу ў адным з лепшых каледжаў і вырасла дзяўчынай прыстойнай і пікантнай. Скончыўшы школу, яна выйшла замуж за Джэнінгса, старога мільянера, які да гэтага разоў пяць разводзіўся, і да такой ступені быў нудны, што ніяк не мог падабраць сабе жонку без папярэдняга кантракта на вялікую суму, але, і пры гэтай умове, больш двух гадоў ні адна з яго жонак не вытрымлівала. Учынак Мірыям быў дзіўны, і не скажу, каб пахвальны, але яна ўсё як след прадумала і добра сыграла сваю ролю. Разлік яе быў такі: цярпець два гады брыдкага, а можа, і агіднага мужа, каб заваяваць сабе незалежнасць на ўсё астатняе жыццё. Яна развялася з Джэнінгсам пасля цікавага падарожжа ў Італію. Гэта было зроблена без шуму, без сваркі, і стары дзівак, каб адзначыць разлуку, наладзіў пышны банкет, на які былі запрошаны ўсе шэсць жонак... Але, як кажа Рэдыярд Кіплінг, гэта ўжо другая гісторыя.

Дык вось, уявіце сабе вечарынку ў Мірыям: срэбныя кандэлябры... свечкі — ружовыя і блакітныя... святло мяккае... закускі далікатныя, амаль эўрапейскія... шампанскага ўдосталь... Жанчыны бялявыя, і ўсе крыху пад чаркай... Пасля абеду селі гуляць у покер. Я ў карты невялікі мастак. А ў гэты вечар мне асабліва не шанцавала. Я быў па вушы закаханы ў Мірыям, і ёй падабалася дражніць мяне, распальваць маю рэўнасць. Пад поўнач у мяне не было ўжо ні цэнта, і, калі я ўбачыў Мірыям каля Эрнеста Франца, музычнага крытыка, да якога яна ледзь не тулілася, прымушаючы гэтага педанта піць віно, я раптам заявіў, што стаміўся, што заўтра раніцай у мяне работа і што я іду спаць.

Уся кампанія шумна запратэставала. Каля майго паліто і капелюша завязалася сапраўдная бойка. Мяне нізашто не адпускалі. Мірыям села мне на калені і пачала абдымаць. Але я, змарыўшыся за вечар, ад свайго не адступаў. Тон спрэчак, спачатку вясёлы, стаў нарэшце прыкры, і скончылася тым, што я нагаварыў ім грубасцей. Няньчыцца са мной ім надакучыла. Я аплаціў свой пройгрыш, нейкую фантастычна завышаную суму, і збіраўся ўжо ўцячы, але, праверыўшы кішэні, пераканаўся яшчэ раз, што ў мяне няма грошай нават на таксі. Пачаў накрапваць дождж. Дом Мірыям быў вельмі далёка ад майго гатэля, апроч таго, я дрэнна сябе адчуваў пасля шматлікіх кактэйляў і шампанскага. І я адважыўся прасіць у гэтых п'яных вар'ятаў, ці не дасць мне хто з іх адзін даляр. Зразумела, яны зноў прычапіліся да мяне, прабуючы затрымаць. Усе са смехам адмовілі, абяцаючы даставіць мяне ў сваёй машыне, калі я іх пачакаю да шасці гадзін раніцы. Мяне ўжо разбірала злосць, але тут Мірыям дастала з сумачкі адзін даляр і падала мне:

— Вазьміце, мой мілы, я адна ў вас сяброўка без эгаізму... Я хачу вас мець пры сабе і таму даю сродак збегчы... Спакойнай ночы.

І яна дакранулася губамі да маёй шчакі. Я паспешна схапіў даляр, пацалаваў Мірыям і выскачыў пад шалёныя крыкі і дружны рогат.

Густая імжака ляпілася мне на твар і на рукі. Пустыя вуліцы. Нізкія змрочныя дамы. Увесь квартал нібы вымецены таямнічай варожай сілай. Я не ведаю нічога больш вясёлага, як Ню-Ёрк Пятага авеню, з яго лёгкімі палацамі на цудоўных абрусах белага святла. Але, калі адысці ад галоўных вуліц, аблічча гэтага горада мяняецца са страшэннай хуткасцю. Ці то гангстэрскія фільмы далучылі ў нашым уяўленні да гэтых дэкарацый раптоўныя лютыя драмы? Не ведаю, але, як толькі я пакідаю рухомыя агні Брадвея альбо ціхую пышнасць Цэнтральнага парка, мяне ахоплівае туга.

Я ведаў, што не знайду таксі, пакуль не перабяруся цераз Іст-Рывер, і накіраваўся на вялізны жалезны мост... Забыў яго назву... Здаецца, Квінсбара-Брыдж... Пяць гадзін назад, праязджаючы там, я быў уражаны кіпучым рухам на мосце, грукатам аўтамабіляў, чырвонымі і белымі агнямі ліхтароў.

Цяпер мясціна была бязлюдная, і толькі косыя лініі высокіх металічных ферм разразалі туман сваімі чорнымі ромбамі.

Я прайшоў ужо амаль палову моста, нікога не сустрэўшы, як раптам у тумане, з правага боку ад мяне, хутчэй угадаў, чым убачыў, жаночую постаць. Яна схілілася над парапетам — і гэта было небяспечна ці, ва ўсякім разе, дзіўна. Я адразу ж падумаў, як зрабілі б і вы на маім месцы, пра безліч выпадкаў самагубства, вядомых нам, і падышоў да жанчыны. Яна рэзка павярнулася, пачуўшы мае крокі, і, убачыўшы мяне побач, кінулася на парапет з такой рашучасцю, што я інстынктыўна схапіў яе за руку і пацягнуў да сябе.

Перада мной стаяла вельмі прыгожая дзяўчына, без капелюша, са збітымі, вільготнымі валасамі і тварам, залітым слязьмі. Не памятаю, у якім яна была адзенні. Аднак у мяне тады не склалася ўражання, што яна з бедных. Мне нават здаецца, што на шыі ў яе была ліса ці якое іншае футра. Не... Гэта не ад беднасці — яе прыгнаў сюды страх. Яна ляскала зубамі, і губы яе дрыжалі.

— Што вам ад мяне трэба? — закрычала яна. — Пакіньце мяне! Не прыставайце да мяне!

Цяпер я быў упэўнены, што магу стаць удзельнікам адной з банальных драм: прахожы перашкаджае жанчыне ўтапіцца. Такая роля мяне вельмі бянтэжыла. Кактэйлі Мірыям не прасвятлілі маіх думак і не прыдалі цвёрдасці маім учынкам. Не ведаю, што я гаварыў гэтай няшчаснай, мабыць, якое-небудзь глупства. Зрэшты, гэта не мае значэння. Жанчыне, якую я трымаў за руку, патрэбен быў жывы чалавечы голас і трошкі сілы, каб адцягнуць яе ад парапета. А гэта ў мяне было.

Праз хвіліну, па-ранейшаму трымаючы яе за руку, я ішоў разам з ёю па кладках моста і няскладна паўтараў:

— Ну, што гэта з вамі?.. Што гэта з вамі?.. Што здарылася?.. Вас кінуў мужчына?.. Магу вас запэўніць, што паміраць праз гэта не варта... Каб вы толькі ведалі, колькі разоў я сам у нядобрую часіну жадаў знікнуць... Нават толькі што я б не дорага даў за жыццё, а цяпер вельмі рад, што апынуўся тут, каля вас.

Яна не адказвала. Праходзячы пад ліхтаром, я разгледзеў яе лепш. Яна была не проста прыгожая, а рэдкай красы жанчына. А вы ведаеце, які я ў той час быў сентыментальны. Вострае спачуванне, рамантычныя абставіны, лёгкае ап'яненне, злосць на Мірыям — усё гэта спрыяла таму, што, дайшоўшы да канца моста, я нічым, апроч гэтай невядомай, больш не цікавіўся. Мы мінулі паставога, які глянуў на нас з падазронасцю. Я баяўся, каб мая спадарожніца не зрабіла новага глупства, але яна не супраціўлялася, ішла побач і толькі ціхенька плакала... Вы, напэўна, думаеце, што я мог бы тут жа здаць яе палісмену і вызваліць сябе ад усякай адказнасці? Так то яно так, але ж я не ведаў, а можа, у гэтай даведзенай да адчаю істоты былі сур'ёзныя прычыны пазбягаць паліцыі... А потым, я павінен прызнацца, што прыгода гэта абудзіла ва мне цікавасць і хацелася зрабіць нешта добрае.

Перабраўшыся цераз мост, я крыху супакоіўся, але тут яшчэ адзін клопат. Куды мне дзець гэтую маладую жанчыну? Пакінуць яе на вуліцы? Яна ізноў пабяжыць тапіцца. Завесці ў мой гатэль? Гэта немагчыма. Правілы ў амерыканскіх лепшых гатэлях былі тады вельмі строгія, і ліфцёр не прапусціў бы мяне з ёю наверх. Была ў яе кватэра? Сям'я? Я паспрабаваў распытаць. Але з яе нельга было выцягнуць нічога талковага. Яна толькі дрыжала і ўсхліпвала.

Нарэшце я спытаў:

— Вось што... Я не магу вас кінуць у такім становішчы... Куды вас праводзіць? Ёсць у вас дом? Бацькі?

Яна маўчала, і я зразумеў, што няма.

— Пакой?

Яна адмоўна кіўнула.

У гэты момант мы праходзілі паўз ярка асветленыя дзверы з шыльдай «Гатэль Берагавы. Нумары ад аднаго даляра і вышэй». Гэты гатэль не быў падобны на раскошныя гатэлі Паркавага авеню, аднак паказаўся мне прыстойным, чыстым, і чаму б не перабыць тут некалькі гадзін?

— Слухайце, у вашым становішчы вы не можаце нічога растлумачыць. Мне таксама пара дадому. Перш за ўсё, вам трэба адпачыць, сагрэцца і выспацца. Вазьміце нумар у гэтым гатэлі. Я заплачу наперад і вас часова пакіну. Адпачывайце, засніце, а заўтра я прыйду вас праведаць. У Ню-Ёрку ў мяне многа сяброў у розных колах грамадства, і я амаль упэўнены, што, ведаючы вашу бяду, змагу вам дапамагчы... Пры ўсіх вашых пакутах вы ж можаце адкласці рашэнне на адну ноч. І хто ведае? Можа, тое, што ў гэтым тумане і змроку здавалася вам жахлівым тупіком, заўтра раніцай будзе выглядаць зусім іначай... Вы згодны?.. Вы абяцаеце, калі я вас уладкую ў гатэлі, адгэтуль нікуды не выходзіць і чакаць мяне?

Яна згадзілася, моўчкі кіўнуўшы галавой.

— У вас ёсць грошы? — нясмела запытаў я.

Яна сціснулася, як пабіты сабака.

— Няма... Ну, гэта не мае значэння. На жаль, у мяне самога на гэты раз мала, усяго адзін даляр. Але гэтага нам якраз хопіць. Вы бачыце: «Ад аднаго даляра і вышэй». Я заплачу за нумар, а заўтра раніцай прыйду і ўладжу ўсё астатняе... Так што, калі хочаце есці альбо яшчэ чаго, не саромейцеся, заказвайце. Я потым разлічуся. Вы згодны? Так і быць.

Я пазваніў у гатэль. Ніхто не адазваўся. Я пазваніў яшчэ раз і яшчэ раз. Нарэшце пачуліся крокі, заляпалі шлапакі, бразнула засаўка, і паказаўся калідорны — рослы, кучаравы дзядзька, які праціраў кулакамі заспаныя вочы. Ён дрэнна гаварыў па-ангельску і зусім не размаўляў на вядомых мне мовах (па-французску і па-італійску), так што мне было вельмі цяжка ўбіць яму што-небудзь у галаву.

— Гэта дзяўчына, — тлумачыў я, — толькі пераначуе. Багажу пры ёй няма. Заўтра раніцай я вярнуся; усе яе выдаткі я аплачу... Магу вам пакінуць у заклад гадзіннік ці яшчэ што... але, думаю, абыдзецца і так... Падазронага тут абсалютна нічога няма, вы самі бачыце... Я ж з ёю не застаюся. Зараз я толькі прашу даць ёй нумар на адну ноч, і вось вам даляр. Вы мяне зразумелі? Мы дамовіліся? Усё ў парадку?..

Я пачаў ужо злавацца на гэтага без'языкага тупіцу. Трэба было паўтараць па некалькі разоў адно і тое ж... Нарэшце ён узяў даляр і адышоў убок, каб прапусціць дзяўчыну. Я не ведаў, чым яе ўцешыць на развітанне. Пад «заслону» трэба было сказаць нешта цёплае, ласкавае, але слоў такіх я не знаходзіў.

— Ну, дык да заўтра... І пастарайцеся заснуць, — прамовіў я паспешліва і працягнуў руку.

Яна схапіла яе і, ажывіўшыся, упершыню загаварыла:

— Вы харошы чалавек.

І хоць, апроч гэтых трох слоў, я ад яе нічога не чуў, у маіх вушах і цяпер яшчэ гучыць яе нізкі пявучы голас. Застаўшыся адзін, я тут жа ўспомніў, што, аддаўшы незнаёмай свой апошні даляр, не маю за што паехаць ні на таксі, ні нават на аўтобусе і да свайго гатэля павінен дабірацца пеша. Дзе ж я быў? 60-я вуліца? 62-я? А папасці мне трэба было ў Ніжні горад, гэта больш за гадзіну хады ў слоту і непагадзь. Але я быў так задаволены сваім мужным учынкам, што рушыў у дарогу ў вясёлым настроі, насвістваючы на бязлюдных вуліцах старадаўнія салдацкія мелодыі. Мабыць, упершыню Мэдзісан-авеню слухала ў гэтую ноч «Бравага артылерыста».

На другі дзень раніцай, калі я прачнуўся, спачатку ў мяне было ўражанне, што ўчарашняя дзіўная прыгода мне проста прыснілася. Пасля некаторай развагі, я прыпомніў усе дэталі начнога здарэння і вырашыў, перш чым адправіцца на работу, заехаць у «Гатэль Берагавы», завезці крыху грошай гэтай таямнічай дзяўчыне і, калі яна шчыра пра ўсё раскажа, заняцца яе справай. Сярод палітычных дзеячаў Ню-Ёрка ў мяне было нямала сяброў... І хто яго ведае? Пачуццё ўдзячнасці...

Гатэль я адшукаў лёгка, каля самага моста. Дзённае святло пазбавіла яго ранейшага крыху падазронага выгляду, як мне тады здалося. За сталом сядзела жанчына, абкладзеная ключамі.

— Выбачайце, — звярнуўся я да яе, — хацеў бы даведацца, як тая маладая асоба, якую я прывёў сюды мінулай ноччу...

Яна зірнула на мяне са здзіўленнем:

— Маладая асоба?

Я растлумачыў і расказаў пра сваю прыгоду. Відаць было, што факты гэтыя для яе навіна.

— Прыблізна гадзіны ў дзве ночы... Вы ж ёй далі нумар... Зусім маладзенькая дзяўчына, без багажу...

— Але ж ніякай адзнакі ў кнігах...

— Як жа так, нарэшце! У вас тут дзяжурыў калідорны, ён нават па-ангельску не ўмее, чарнавалосы, кучаравы.

— А, Стэпан... Ну і што?

— Ён нас прымаў. Паклічце яго.

Яна націснула кнопку, і праз некалькі хвілін з'явіўся калідорны. Убачыўшы мяне, ён вытрашчыў вочы.

— Вы мяне пазналі? — запытаў я.

— Пазнаў, — буркнуў ён злосна.

— Гэтай ноччу я прыходзіў сюды разам з маладой дзяўчынай. Дзе яна?

— Пайшла, — вызверыўся калідорны. — Я яе выгнаў.

— Што? — ускіпеў я. — Вы яе выгналі? Як вы пасмелі! Я заплаціў... Вы не мелі права...

Ён выцягнуў з кішэні паперку і, шпурнуўшы яе мне ў твар, замармытаў:

— А гэта? Маеце права?.. Фальшывы даляр даваць?

— Фальшывы даляр?!.

Я падняў паперку і аслупянеў. Гэта нават не была фальшыўка. Гэта быў адзін з тых білецікаў, дзе на адным баку намаляваны даляр, а на другім — пералік тавараў — рэклама, якую некаторыя крамы раздаюць прахожым на вуліцы. Напэўна, я не разгледзеў яго мінулай ноччу, тым больш, што сагнуты папалам, ён вельмі нагадваў даляр, і ў мяне не было прычыны сумнявацца. А можа, гэты нягоднік яго падмяніў? Але пайсці на такое дробнае жульніцтва было б занадта подла, а гнеў калідорнага быў натуральны... Не... Значыць, работа Мірыям і яе сяброў. Пажартавалі, называецца!.. І гэта няшчасная...

— Куды яна пайшла? — закрычаў я. — Яе трэба абавязкова знайсці. Разумееце, мадам, чалавек гіне!.. Трэба ратаваць жыццё...

Я паўтарыў свой расказ аб начным здарэнні, але на гэты раз касірка мне, відаць, не паверыла.

— Нарэшце не цяжка ўявіць, мадам, што гэта — памылка, жахлівае непаразуменне... Што яна падумае? Яна была ў вялікім адчаі, калі я яе сустрэў... І вось прывёў яе сюды, пакінуў з гэтым фальшывым білетам, і ваш калідорны яе выгнаў, вытурыў... Ах! Разбіла ёй сэрца людская лютасць! У тым стане, у якім яна была, усё магчыма... нават самагубства...

Дарэмныя спрэчкі. Трэба было дзейнічаць. Я памчаўся ў Цэнтральны паліцэйскі ўчастак, дзе ў мяне быў знаёмы адзін высокапастаўлены кіраўнік — Мелвенэй. Ён выслухаў маё паведамленне з раўнадушнасцю чыноўніка, які ўсё ведае і да ўсяго прывык, але мігам падняў па трывозе паліцэйскія машыны ў квартале блізкім да моста. Вы ведаеце — у Ню-Ёрку безліч радыёфікаваных аўтамабіляў з узброенымі дэтэктывамі, якія трымаюць сталую сувязь з цэнтрам. Адказы паступалі адмоўныя. Гэтай жанчыны ніхто не бачыў.

— Зрэшты, гэта нічога не даказвае, — растлумачыў Мелвенэй. — Мною раскрыта нямала бясшумных самагубстваў. Заўтра ў нас будуць весткі ад рачной паліцыі.

Я адразу ж паехаў да Мірыям. Яна яшчэ спала. Пабудзіў і пачаў упікаць. Яна доўга смяялася.

— Праўда, гэта я. Але выпадкова... Раскрыўшы сумачку, каб ад шчырага сэрца даць вам тое, што вы прасілі, я заўважыла рэкламны білет, які мне падсунулі ў краме і які я чамусьці захавала. Я ўявіла сабе вашу разгубленасць, калі шафёр адмовіцца ўзяць гэту пустышку. Я лічыла, што жарт мой зусім бяскрыўдны, паколькі ў сваім гатэлі вы маглі пазычыць грошай у швейцара... Мне і ў галаву не прыходзіла, што вы надумаецеся сярод ночы выконваць ролю вандроўнага рыцара.

Праз тры дні Мелвенэй паведаміў мне па тэлефоне, што труп няшчаснай знойдзены ў водах Іст-Рывера. Следства так нічога і не выявіла. Ні адна з зарэгістраваных жанчын, што бясследна прапалі ў Ню-Ёрку і наваколлі, не была на яе падобна. Ніхто яе не апазнаў. Ні адна сям'я, ні адзін мужчына не прад'явілі прэтэнзій. Я і цяпер не разумею, як магла дзяўчына такой рэдкай прыгажосці расстацца са светам, не пакінуўшы пасля сябе ні жалю, ні смутку.

Мірыям і я, абое мы, прысутнічалі на пахаванні няшчаснай. Мы адчувалі, яна і я, што нейкім чынам адказваем за гэта, хоць непасрэднай віны за намі і не было. Мірыям дазволіла ў адносінах да свайго сябра нявінны жарт. А я прабаваў, можа, і з пэўным разлікам, але без ліхіх думак, выратаваць гэту дзяўчыну. Сістэма перадач фатальнай машыны, прыведзеная намі ў рух, з няўхільнай дакладнасцю прывяла няшчасную да гібелі. Суладжанасць выключная: адзін даляр, які мне дала Мірыям... адзін даляр за нумар у гатэлі... адзін даляр, які выратаваў бы жыццё і, магчыма, перайначыў бы маё...

— Будуць гаварыць, — сказала Мірыям, калі мы пакідалі могільнік, — будуць гаварыць...

— Што?

— Нічога. Я так...

І я падумаў тады, што яна ўспомніла пра бязлітасны лёс і пра кароткае наша жыццё ў гэтым дзіўным свеце.



Пераклад: Юрка Гаўрук