epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Мурашкі

У каробачцы паміж дзвюма шклянымі пласцінкамі, абклеенымі з бакоў паперай, варушылася і працавала цэлае племя дробненькіх карычневых пачвар. Прадавец насыпаў мурашкам трошкі пяску, і яны пракапалі ў ім хады, адусюль накіраваныя ў адзін пункт. Там, у самым цэнтры, амаль нерухома сядзела крыху большая мурашка. Гэта была Каралева, і ўсе астатнія з пашанай кармілі яе.

— З імі няма ніякага клопату, — сказаў прадавец. — Даволі раз у месяц пакласці ім кроплю мёду ў гэтую дзірачку... Толькі адну кроплю... А мурашкі ўжо самі перанясуць яе і падзеляць.

— Усяго адну кроплю ў месяц? — здзівілася маладая жанчына. — Няўжо адной кроплі мёду хопіць гэтым істотам на цэлы месяц?

На ёй быў вялікі капялюш з белай саломкі і муслінавая сукенка ў кветачкі, без рукавоў. Прадавец маркотна паглядзеў на яе.

— Адной кроплі хопіць, — паўтарыў ён.

— Цудоўна, цудоўна! — усклікнула ў захапленні маладая жанчына.

І купіла празрысты мурашнік.

 

* * *

 

— Дружа мой, вы яшчэ не бачылі маіх мурашак?

Беленькая ручка з наманікюранымі пальчыкамі трымала шкляную каробачку з жывымі істотамі. Мужчына, які сядзеў каля маладой жанчыны, любаваўся яе плячамі і зграбнай шыйкай.

— Як з вамі цікава, дарагая... Вы ўносіце ў жыццё навізну і разнастайнасць... Учора вечарам Бах... Сёння мурашкі...

— Вы толькі гляньце, мой дарагі! — сказала яна з дзіцячым запалам, які яму так падабаўся (і яна гэта ведала)... — Вы бачыце вунь тую вялізную мурашку? Гэта Каралева... Работніцы ёй прыслужваюць... Я іх сама кармлю... І паверце, дарагі, ім хапае адной кроплі мёду ў месяц... Ды гэта ж паэзія!..

 

* * *

 

Праз тыдзень і мужу яе і каханку надакучыў мурашнік. Маладая жанчына сунула яго за люстэрка на каміне. У канцы месяца яна забыла пакласці ў каробачку кроплю мёду. Мурашкі доўга паміралі ад голаду. Да самага канца яны хавалі трошкі мёду для Каралевы, і яна загінула апошняя.



Пераклад: Юрка Гаўрук