epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Нараджэнне майстра

Мастак П'ер Душ якраз канчаў нацюрморт — кветкі ў аптэчным слоіку і баклажаны на талерцы, — калі ў майстэрню ўвайшоў пісьменнік Поль-Эміль Глез. Некалькі хвілін Глез глядзеў, як працуе яго сябар, потым рашуча сказаў:

— Не!

Мастак перастаў падпраўляць баклажан і ў здзіўленні падняў галаву.

— Не, — паўтарыў Глез. — Не! Так ты ніколі не будзеш мець поспеху. Ёсць у цябе майстэрства, ёсць у цябе талент, і чалавек ты сумленны. Але твой жывапіс, галубчык, занадта просты, нават банальны. Ён не крычыць, не лезе ў вочы. У Салоне, дзе пяць тысяч палотнаў, твае карціны не прыцягнуць увагі сонных разявак... Не, П'ер Душ, поспеху мець ты не будзеш. А шкада.

— Але чаму? — уздыхнуў сумленны мастак. — Я малюю тое, што бачу. Стараюся выявіць тое, што адчуваю.

— Справа не ў гэтым, мой бедны сябра. У цябе ёсць жонка, галубчык, жонка і трое дзяцей. Кожнаму з іх трэба па тры тысячы калорый у дзень. А карцін куды больш, чым пакупнікоў, і дурняў куды больш, чым знаўцаў. То якім жа спосабам, П'ер Душ, ты мяркуеш выбіцца з натоўпу нікому не вядомых няўдачнікаў?

— Працай, — адказаў мастак, — і шчырасцю.

— Гэта несур'ёзна. Ёсць толькі адзін спосаб разбудзіць сонных дурняў, П'ер Душ, — адважыцца на што-небудзь небывалае. Абвясці ўсім, што ты едзеш на Паўночны полюс паляваць сярод ільдоў. Выйдзі на вуліцу ў вопратцы эгіпецкага фараона. Альбо яшчэ лепш — ствары якую-небудзь новую школу. Выцягвай, як білецікі з капялюша, розныя вучоныя словы: экстэрыярызацыя, дынамізм, падсвядомасць, абстракцыя — і складай маніфесты. Адмаўляй рух ці, наадварот, спакой, белае ці чорнае, круг ці квадрат. Выдумай які-небудзь «неагамерычны» жывапіс, які прызнае толькі жоўты колер і чырвоны, жывапіс «цыліндрычны», «актаэдрычны», «чатырох вымярэнняў»...

У гэты момант дзівосны і тонкі пах духоў абвясціў аб з'яўленні пані Каснеўскай. Гэта была прыгожая полька, сінімі вачамі якой захапляўся П'ер Душ. Выпісваючы дарагія часопісы з раскошнымі рэпрадукцыямі шэдэўраў, намаляваных трохгадовымі дзецьмі, яна не сустракала там прозвішча сумленнага Душа, а таму лічыла яго жывапіс нікуды не вартым. Выцягнуўшыся на канапе, яна зірнула на пачатае палатно, трасянула пасмамі льняных валасоў і ўсміхнулася з лёгкай пагардай:

— Учора я была на выстаўцы мурынскага мастацтва эпохі росквіту, — паведаміла яна сваім пявучым, раскацістым голасам. — Ах! Якая экспрэсія! Якая выразнасць! Якая сіла!

П'ер Душ прынёс і паказаў ёй гатовы партрэт, які яму самому падабаўся.

— Нядрэнна, — працадзіла яна праз зубы. І пайшла... пахучая, пявучая, імклівая і расчараваная.

Шпурнуўшы палітру ў кут, П'ер Душ паваліўся на канапу.

— Пайду ў страхавыя агенты, у банк, у паліцыю, абы куды! — заявіў ён. — Мастацтва — самы нікчэмны занятак. Каб мець поспех у разявак, трэба быць махляром альбо шэльмай. А крытыкі, замест таго каб падтрымліваць майстроў, расхвальваюць дзікунства. Хопіць з мяне! К д'яблу!

Выслухаўшы гэты крык душы, Поль-Эміль Глез закурыў цыгарэту і надоўга задумаўся.

— А можаш ты, — запытаў ён нарэшце, — аб'явіць урачыста і зусім сур'ёзна Каснеўскай і некаторым іншым, што апошнія дзесяць гадоў распрацоўваеш новы творчы метад?

— Хто? Я?

— Пачакай... Я апублікую ў часопісах парачку артыкулаў для нашай «эліты» і паведамлю, што ты засноўваеш ідэааналітычную школу жывапісу. Да гэтага часу партрэтысты ў сваім невуцтве вывучалі чалавечае аблічча. Глупства! Сапраўдная сутнасць чалавека — гэта тыя вобразы, якія ён абуджае ў нас. Напрыклад, партрэт палкоўніка: блакітны з золатам фон, а на ім пяць вялізных пагонаў, у адным кутку — конь, у другім — крыжы. Партрэт фабрыканта: заводская труба і здаравенны кулак на стале. Разумееш, П'ер Душ, якую ты навіну нясеш свету? Скажы мне, зможаш ты намаляваць за месяц дваццаць ідэааналітычных партрэтаў?

Мастак журботна ўсміхнуўся:

— За адну гадзіну намалюю. Але сумна тое, Глез, што, каб я быў чалавекам іншым, твая выдумка, можа, і ўдалася б.

— Паспрабуем.

— Я не ўмею трапаць языком.

— Вось што, галубчык... Калі цябе папросяць растлумачыць, ты, не спяшаючыся, запалі сваю люльку, пусці ў твар таму, хто пытае, воблака дыму і, памаўчаўшы, скажы так: «Вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?»

— А што гэта азначае?

— Нічога, — адказаў Глез. — Вось таму і палічаць, што ты — сіла. Пачнуць цябе раскрываць, вывучаць, захапляцца табой, а потым, калі ты ўжо будзеш на вяршыні славы, мы і прызнаемся, што ўсё гэта містыфікацыя. Цікава, як яны будуць сябе адчуваць?

 

* * *

 

Мінула два месяцы. Выстава карцін Душа ператварылася ў сапраўдны трыумф. Пахучая, пявучая, імклівая, чароўная пані Каснеўская не адыходзіла ад свайго новага куміра.

— Ах! — паўтарала яна. — Якая экспрэсія! Якая выразнасць! Якая сіла! І якім чынам, дарагі сябар, вы дабіліся такога цудоўнага сінтэзу?

Мастак, не спяшаючыся, запаліў сваю люльку, выпусціў воблака дыму і, памаўчаўшы, сказаў:

— Мадам, вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?

Вусны прыгожай полькі задрыжалі, абяцаючы яму пахучае і пявучае шчасце.

Малады бліскучы Струнскі ў паліто з трусіным каўняром тлумачыў групе наведвальнікаў:

— Файна! Файна! Магутна! Скажыце мне, Душ, як вы натрапілі на такое адкрыццё? Ці не з маіх артыкулаў?

П'ер Душ доўга маўчаў, потым выпусціў яму ў твар воблака дыму і прамовіў з надзвычайнай сур'ёзнасцю:

— Дарагі мой, вы бачылі калі-небудзь, як цячэ рака?

— Файна сказана! Магутна! — аслупянеў Струнскі.

Тым часам вядомы гандляр карцінамі, закончыўшы агляд майстэрні, падхапіў мастака пад руку і зацягнуў яго ў куток.

— Душ, дружа мой, — сказаў ён, — а вы — хітрун! На гэтым можна выскачыць. Так і быць, бяру вашу прадукцыю. Толькі не ўздумайце без майго дазволу мяняць манеру. Купляю пяцьдзесят карцін у год... Згодны?

Нічога не адказаўшы, П'ер Душ спакойна паліў.

Мала-памалу майстэрня апусцела. Наведвальнікі выйшлі, і Поль-Эміль Глез зачыніў дзверы. З лесвіцы, паступова аддаляючыся, даносіўся гул захаплення. Застаўшыся з мастаком сам-насам, пісьменнік весела засунуў рукі ў кішэні.

— Ну як, галубчык, — запытаў ён, — абкруцілі мы іх вакол пальца? Чуў, што гаварыў гэты смаркач з трусіным каўняром? А прыгожая полька? А тры дзяўчынкі-красуні? Яны гатовы былі маліцца на цябе: «Ой, як нова! Ой, як свежа!» Ах, дарагі П'ер, ведаў я, што чалавечай дурасці канца няма, але тое, што адбылося сёння, перавысіла мае самыя горшыя меркаванні.

І яго ахапіў шалёны, нястрымны смех. Мастак нахмурыў бровы і, бачачы, што той аж заходзіцца з рогату, раптам выпаліў:

— Ідыёт!

— Ідыёт? — ускіпеў раз'юшаны пісьменнік. — Ды такая штука яшчэ нікому не ўдавалася з часоў Біксіу!..

Мастак з гордасцю агледзеў дваццаць ідэааналітычных партрэтаў і, канчаткова пераканаўшыся, зірнуў на свайго прыяцеля:

— Я не жартую, Глез, ты — ідыёт. У гэтых карцінах нешта ёсць.

Уражаны пісьменнік вытарапіў вочы.

— Ах, вось ты як! — закрычаў ён. — Ты што, забыў, хто табе падсунуў гэты новы творчы метад?

П'ер Душ, памаўчаўшы, выпусціў са сваёй люлькі воблака дыму і сказаў:

— Ты бачыў калі-небудзь, як цячэ рака?



Пераклад: Юрка Гаўрук