epub
 
Падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Падарожжа ў нябыт

Гэта шалёная мітусня ў апошнія нашы хвіліны мне

нагадвае выраз А.Жыда ў яго «Дзённіку», дзе ён

кажа, што смерць падобна на ад'езд. Параўнанне

смерці з ад'ездам дало мне ідэю гэтага апавядання.

А.М.

 

Я болей не мог ні варушыцца, ні гаварыць. Маё цела, мой язык, мае павекі не падпарадкоўваліся маёй волі, і, хоць вочы мае былі расплюшчаны, я нічога не бачыў, апроч светлай імглы, у якой скакалі бліскучыя кропкі, як пылінкі ў промені сонца. Я адчуваў, што маё існаванне канчаецца. Аднак я нешта яшчэ чуў. Гучанне слоў да мяне даплывала невыразна, гэта быў хутчэй шэпт, чым гутарка, але галасы я пазнаваў. Я ведаў, што каля майго ложка былі доктар Галцье, які лячыў нас (свой вясковы акцэнт ён змякчаў, як мог), другі доктар, аўтарытэтны тон якога біў, як молатам, па маіх напятых нервах, і Данаціна, мая жонка. Яна стрымлівала рыданні і, задыхаючыся, пытала ў дактароў:

— Ён пры памяці?

— Не, мадам, — адказаў незнаёмы доктар. — Напэўна, не. Ён нават больш не трызніць. Каматозны стан. Гадзіна альбо некалькі хвілін, і ўсё.

— А можа, — нясмела прапанаваў Галцье грубаватым голасам, — як вы думаеце, можа, зрабіць укол?..

— Навошта мучыць няшчаснага? — запярэчыў кансультант. — У яго ўзросце, дарагі калега, падобны шок не дасць вынікаў... Пеніцылін быў нашай апошняй надзеяй. Але ён не даў належнага эфекту. Ніякіх іншых сродкаў, на жаль, няма.

— А можа, як вы думаеце, — пачціва прамовіў Галцье, — арганізм пацыента — фактар не менш важны, чым яго ўзрост? Месяц назад я аглядаў яго, перад самым запаленнем лёгкіх... Сэрца ў яго і ціск, як у маладога.

— Толькі на выгляд, — заўважыў прафесар. — Толькі на выгляд... Хочацца гэтаму верыць... Але ўзрост ёсць узрост.

— Ды не, прафесар! — ледзь не крыкнула Данаціна. — Мой муж быў малады, зусім малады.

— Ён лічыў сябе маладым, мадам, а ілюзіі — гэта самае небяспечнае... Вы павінны адпачыць, мадам. Я абсалютна ўпэўнены, што ён вас не бачыць. Сядзелка вас пакліча, калі што...

Рыданне Данаціны, яе крык разарвалі на момант імглістую заслону, і мне здалося, што здалёку бліснулі яе вочы, як агеньчык на беразе ахутанай туманам ракі. І тут жа згаслі... Галасы змоўклі, і я застаўся адзін у магільнай цішыні. Колькі часу прайшло? Не ведаю. Туга сціскала мяне ўсё мацней і мацней, і, калі стала зусім нясцерпнай, я раптам надумаўся падняцца. Некалькі разоў прабаваў паклікаць сядзелку, але яна не прыйшла. І тады я закрычаў: «Данаціна».

Мая жонка не адазвалася.

«Пайду яе шукаць», — вырашыў я.

Як я здагадаўся, што магу варушыцца, апусціць на дол свае худыя ногі, хадзіць? Помню толькі, што быў перакананы ў гэтым, і не без падставы, бо падняўся лёгка і пайшоў праз густы малочны туман адразу да адзежнай шафы. Але не паспеў я дакрануцца да яе дзверцаў, як, дзіўная рэч, намацаў на сваім целе вопратку. Я пазнаў варсістае паліто, купленае ў Лондане для падарожжаў у ліхое надвор'е. Нахіліўшыся, я ўбачыў, што абуты і стаю не на паркетнай падлозе, а на нейкім няроўным бруку. Якім чынам я, будучы непрытомным, як лунацік, злез з ложка, адзеўся, абуўся і пакінуў дом? Я быў занадта ўсхваляваны, каб паглыбляцца ў роздум. Але самае дзівоснае было тое, што я не паміраў, нават не быў хворы. І што гэта за горад? Парыж? Малочны туман з жаўтаватым адценнем хутчэй уласцівы Лондану. Засланяючы рукамі твар, каб не наткнуцца на нябачную перашкоду, я зрабіў некалькі крокаў, прабуючы дабрацца да якой-небудзь сцяны. Здалёку раз-пораз даносілася велічнае завыванне параходных сірэн. Вецер быў моцны і салёны, нібы дзьмуў з акіяна. Што гэта за порт?

 

* * *

 

— Гэй! Там! Зважай, куды ідзеш!..

— Даруйце! — адказаў я. — Я нічога не бачу... Дзе я знаходжуся?

Чалавек трымаў вялікі электрычны ліхтар. Ён павярнуў святло спачатку на мяне, потым на сябе, і я заўважыў, што ён апрануты ў форму, але з выгляду ён не быў падобен ні на французскага агента паліцыі, ні на ангельскага палісмена. Яго куртка хутчэй нагадвала форму пілотаў амерыканскіх ліній. Ён узяў мяне моцна, але не груба за плячо і павярнуў налева.

— Ідзіце прама ў гэтым кірунку, — сказаў ён, — і выйдзеце на пляцоўку.

Я зразумеў, што ён гаворыць пра аэрапорт. Дзіўна было толькі тое, што ён ані не сумняваўся ў маім жаданні папасці туды, а я нават не запытаў сябе, чаго і куды мне ляцець, ледзь-ледзь падняўшыся з пасцелі пасля такой страшнай хваробы. «Дзякуй, капітан», — прамовіў я механічна і пайшоў паказанай мне дарогай.

Ці то туман рассейваўся, ці то мае вочы сталі прывыкаць? Не ведаю. Але я мала-памалу пачаў адрозніваць сілуэты людзей. Усе ішлі ў тым жа напрамку, што і я. Паступова натоўп павялічваўся, і ў хуткім часе ўтварылася нешта падобнае на працэсію. Мы як мага прыспешвалі крок, бо здагадваліся інстынктыўна, не разважаючы (калі меркаваць па маіх адчуваннях), што павінны з'явіцца неадкладна. Але рухацца наперад было ўсё цяжэй, і дарога рабілася як быццам вузейшая...

— Не штурхайцеся! — сярдзіта прамовіла нейкая старая жанчына.

— Я не штурхаюся, мяне самога штурхаюць, — пачаў я апраўдвацца.

— У чаргу, станавіцеся ў чаргу, як усе людзі!..

Я рашуча спыніўся, чамадан выпаў з маіх рук (я толькі цяпер заўважыў, што пры мне быў чамадан) і ўпёрся ў ногі чалавеку, які ішоў следам. Я павярнуўся. Смуга распаўзлася, і адразу пасвятлела. Я выразна ўбачыў твар абуранага негра, маладога, прыгожага, у ружовай кашулі з адкрытым каўняром.

— Прабачце, пане, — сказаў ён з горкай іроніяй, тэатральна мне пакланіўшыся, — прабачце, што я маімі чорнымі нагамі зачапіў ваш белы чамадан.

— Вы ж бачыце, я ненаўмысна.

— Даруйце мне, пане, я больш не буду, даруйце, — прамовіў ён здзекліва і пакланіўся з яшчэ большым нахабствам.

Тады я ўгледзеў, што перада мной выцягнулася даўжэзная калона — некалькі тысяч пасажыраў. Перад імі невыразна вырысоўваліся агароджа, будынкі, дыспетчарская вежа, ангары. Здалёку гулі і стракаталі маторы, час ад часу прарэзліва раўла сірэна. Моцны вецер разганяў нізкія навальнічныя хмары, і ў разрывах дзе-нідзе відаць было шэрае неба.

З гэтай хвіліны наш рух стаў страшэнна марудны. Жанчына, што ішла перада мной, азірнулася, і я ўбачыў яе гладкія, кранутыя сівізной, валасы і вочы ірландкі, прыгожыя і мяккія. Яна больш не гневалася і ўсміхалася мне, нібы казала: «Усё гэта вельмі цяжка, але мы з вамі людзі мужныя і будзем цярпець без нараканняў».

Пратупаўшы на месцы добрую гадзіну, яна захісталася:

— Я так рана ўстала сёння — сіл не хапае.

— А вы сядзьце на мой чамадан, — параіў я жанчыне.

Ставячы на зямлю чамадан, я раптам адчуў, што ён занадта лёгкі.

— Ах, божа мой! — спалохана крыкнуў я. — Ні аўтаручкі, ні тапачак! Я ж іх забыў пакласці...

І бягом кінуўся ў горад. Чаму я так спяшаўся? Хто мяне там чакаў? І куды было бегчы? Я не ведаў.

 

* * *

 

Як я адшукаў дарогу ў гэтым незнаёмым горадзе? І якім чынам я заняў нумар у невялічкай гасцініцы па суседству з аэрапортам? Вагоны электрычкі мчаліся паўз мае вокны з жалезным скрогатам; каляровыя агні рэклам рытмічна ўспыхвалі, мігацелі і пераліваліся. Сваю аўтаручку я знайшоў на стале, тапачкі пад ложкам. Я ўкінуў іх барзджэй у чамадан разам з кнігамі, брытвай, піжамай і пусціўся бегчы назад. Гіганцкі аўтобус спыніўся ўздоўж высокага тратуара, дзе пахаджала партовая паліцыя з рэвальверамі на белых паясах. Я ўскочыў у аўтобус. Праз дзесяць хвілін я вылез недалёка ад стракатай людской калоны перад агароджай пасадачнай пляцоўкі.

Яшчэ раз я павінен быў перацярпець мучэнне павольнага руху. Калі гадзіны праз дзве я наблізіўся крыху да агароджы, я зразумеў, чаму мы не маглі пасоўвацца хутчэй. На пляцоўку можна было папасці толькі праз будку, каля якой стаяў вартаўнік. Так што калона, метраў за сто ад будкі, выцягвалася ў шнур. Нарэшце перада мной аказалася ўсяго шэсць чалавек. Цяпер я мог разглядзець твар вартаўніка. Гэта быў адзін з тых непадкупных здаравякоў-тупіц, якімі карыстаецца любая ўлада... Тры... Два... Апошні... Вось і мая чарга. Я стаяў адзін перад дубінай-дзецюком.

— На які рэйс? — запытаў ён.

— А хіба тут некалькі рэйсаў?

— А то як жа, — адказаў ён спакойна. — Рэйс каталіцкі, рэйс англіканскі, рэйс прэсвітэрыянскі, рэйс баптысцкі, рэйс мармонскі...

— У вас што, рэйсы ў залежнасці ад веравызнання?

— Не затрымлівайце! Хутчэй! На які рэйс?

— А калі пасажыр атэіст? Хіба ў вас няма рэйсаў для няверуючых?

— Ёсць, — прамовіў, здзівіўшыся, вартаўнік, — але я вам не раю. Гэта — кароценькі маршрут, нядаўна адкрыты, дрэнна арганізаваны... Калі вы жадаеце пытанне веры звесці да мінімуму, прапаную ўнітарную лінію, аб'яднаны рэйс... чыста, дагледжана, мадэрн...

За мною бунтавалася чарга.

— Ёсць жа людзі, — бурчаў дробненькі дзядок, — што каля самых дзвярэй будуць вам разводзіць тары-бары, а ты тут хоць да ночы стой.

Я пачырванеў і сказаў вартаўніку:

— На аб'яднаны, калі ласка.

— Цэнтральны будынак... Паўднёвае крыло... Наступны!

 

* * *

 

Усё было так, як растлумачыў вартаўнік. Памяшканне ўнітарнай лініі мне здалося і дагледжаным і ўтульным. Канвеерная актыўнасць панавала ўсюды. Лакіраваныя драўляныя стойкі, безліч папак з ярлыкамі і рэгістрацыйнымі лісткамі, якія спрытна, у дзве рукі, перабіралі служачыя самых розных колераў скуры. Карты, утыканыя малюпасенькімі мадэлямі самалётаў, вялізныя афішы кубістаў з надпісам «Ляціце аб'яднаным рэйсам!» і некалькі прыгожых дзяўчат у чорнай уніформе, якія сустракалі пасажыраў. Адна з іх падышла да мяне і запытала:

— У вас ёсць віза на вылет?

— Якая віза?

Я не ведаў...

Яна ўздыхнула і ласкава папрасіла:

— Звярніцеся да пана Фразера.

Пан Фразер, магутны мужчына ў чорным, нагадаў мне капелана ў амерыканскім універсітэце — тая ж сілішча.

Яго прафесійная ветлівасць мне здалася зусім натуральнай.

— Нам прыемна, нам вельмі прыемна прымаць нашых дарагіх гасцей, — прамовіў ён пявучым голасам. — Нашы кліенты — гэта нашы сябры. Нашы сябры — гэта нашы кліенты. Усё часцей і часцей інтэлігентныя людзі карыстаюцца аб'яднаным рэйсам.

— Якраз гэтага я і хачу, — згадзіўся я. — Але вось тут маладая асоба патрабуе візу на вылет.

— Абавязкова, іначай нельга, абавязкова, — сказаў ён. — Дастаньце візу на вылет, астатняе зробім мы.

— Але ў каго ж мне яе прасіць? Якія патрэбны захады?

У гэты момант на стале зазваніў тэлефон.

— Калі ласка, адну хвіліначку, — спакойна спыніў мяне пан Фразер і, зняўшы трубку з правага тэлефона, загаварыў па-ангельску:

— Так, доктар... Так, доктар... Яшчэ дзесяць... Добра, доктар, добра, вы не пакідаеце нас без работы... Праявіць да іх належны клопат?.. Праявім, доктар, ручаюся.

Ён паклаў адну трубку і ўзяў другую, з левага боку, дзе таксама званіў тэлефон:

— Пяцьдзесят? Цудоўна, палкоўнік... Разумею... У якіх чынах? Звычайныя салдаты? Разумею... Мы паспрабуем іх трымаць групай... Дзякуй, палкоўнік, што не забываеце нас. Да вашых паслуг... Маё шанаванне, палкоўнік...

Пасля гэтага ён пачаў гаварыць у два тэлефоны адразу, і мне здалося, я пачуў сваё імя.

— Вы не можаце яго агледзець пасля дванаццаці? — запытаў ён у тэлефон. — Ну так, ён спяшаецца... Чаму? Вы ж ведаеце, Франк, звычайная гісторыя. У шаснаццаць гадзін? Добра... Дзякуй, Франк! За мной ваша не прападзе.

Потым, паблажліва павярнуўшыся да мяне, растлумачыў:

— Ідзіце ў будынак Б, першае крыло, пакой 3454, і папрасіце пана Франка, каб вас агледзеў. Вядома, давядзецца пачакаць, але вас ён прыме сёння... Ён мне абяцаў... Калі ласка... Нам вельмі прыемна, што вы з'явіліся да нас.

Падышла дзяўчына ў чорнай уніформе. Ён рашуча падняўся, і гэта быў знак, што размова скончана.

 

* * *

 

З вялікай цяжкасцю я знайшоў будынак Б. Каб туды дабрацца, трэба было ісці вузенькай сцежкай, плюхаючы па гразі, і жаўтаваты туман зноў апусціўся на пляцоўку.

Вакол мяне коўзаліся кучкамі ашалелыя пасажыры.

Вось ён будынак Б — небаскроб, і ліфт падняў мяне на трыццаць чацвёрты паверх. Перад пакоем 3454 — даўжэзны хвост мужчын і жанчын. Я цярпліва стаў у чаргу. На гэты раз людзі пакутавалі ў два этапы. Спачатку трэба было выстаяць, не прысядаючы, у цёмным калідоры, потым, у пярэдняй пана Франка, дзе было штук дваццаць крэслаў, людзі садзіліся ў рад. Матавае шкло аддзяляла іх ад інспектара, які час ад часу выгукваў: «Наступны!» Тады бліжэйшы падымаўся, а ўсе астатнія перасоўваліся ланцужком. Перада мной была маладая дама ў футравым манто, яна выцірала слёзы. Нарэшце яе выклікалі, і праз хвіліну яна вярнулася. Калі жанчына выходзіла, мне здалося, што яна трошкі павесялела. За матавым шклом пачуўся голас:

— Наступны!

Я ўвайшоў.

За белым драўляным сталом сядзеў мужчына без пінжака, з тлустым тварам, інтэлігентны. Ён абуджаў давер'е; я міжвольна паставіў чамадан на стол і пачаў яго адмыкаць. Але ён усміхнуўся:

— Не, ваш багаж мяне не цікавіць... Мая задача — правяраць тое, што вы прынеслі ў сабе: успаміны, пачуцці, страсці...

— Яно, калі па закону...

— Па закону, — перабіў ён, — вы маеце права мець строга абмежаваную колькасць успамінаў, прычым толькі лёгкіх... Ваш узрост?

— Шэсцьдзесят пяць гадоў.

Ён зірнуў у табліцу і адзначыў лічбу:

— У вашым узросце колькасць іх зменшана. Вам дазваляецца: крыху чуллівасці, некаторая цікавасць да мастацтва, адна-дзве прыхільнасці сямейнага характару, разбаўленыя моцным эгаізмам, і гэта амаль усё... Вось вам спісак забароненых пачуццяў. Вазьміце, пазнаёмцеся і скажыце мне, калі што ў вас ёсць.

— Фанабэрыя і славалюбства? Не, фанабэрыі ў мяне няма... Можа, калісьці я і шукаў славы, але, дасягнуўшы вяршынь, пераканаўся, што радасці яна не дае. З гэтым пакончана.

— Вельмі добра, — ухваліў ён. — А імкненне да ўлады?

— Што вы? Наадварот, імкненне ад улады. Нашто мне ўлада? Я лічу, што ўсякі начальнік — асоба залежная, раб сваёй службы і пэўных думак. Я не жадаю адказваць за ўчынкі, мне навязаныя.

— Вельмі добра... А па вашай прафесіі празмерных захапленняў не было? Анкета сведчыць, што вы драматург. Вы не думалі, што зможаце напісаць яшчэ адну п'есу, лепшую, чым папярэднія?

— Не. Пераканаўся, што не змагу... Прабаваў у мінулым годзе. Яшчэ тады крыху верыў у свае сілы... і стварыў нейкую дрэнь, страхоцце... З гэтым пакончана.

— Гэта ваша цвёрдае рашэнне?

— Так, сваю справу я зрабіў; яна варта таго, чаго варта; судзіце, як знаеце.

— Вельмі добра... Выдатна... Грошы? Маёмасць?

— Я за гэтым не гнаўся. Маёмасці не набыў.

— А як з палюбоўніцамі?

— Пятнаццаць гадоў ні адной. Ёсць у мяне жонка Данаціна... Я ажаніўся позна.

— Вы яе любіце?

— Ад усяго сэрца.

— Ай! Ай! І як вы сюды папалі? Ад усяго сэрца — тэрмін, які не дапускаецца ў нашай установе... Узважым... Вы яе любіце фізічна? Па-сяброўску? Інтэлектуальна?

— Па-рознаму.

— Гэтак жа, як і ў першы дзень?

— Мацней, чым як у першы дзень.

Інспектар Франк нахмурыўся:

— На вялікі жаль, пры такіх умовах я не магу вам даць візы.

— Але ж я хачу выехаць!

— Вы гаворыце, што хочаце выехаць, але хто ж гэта ахвотна расстаецца са светам, пакінуўшы там такую дарагую істоту?

— Вы не разумееце мяне, — зазлаваў я, — іменна каб вызваліць яе, я і хачу выехаць. Вось ужо тры месяцы, як я павіс грузам у яе на шыі. Навошта псаваць ёй маладое жыццё!.. Мне трэба выехаць!

Франк заківаў галавой:

— Шкада, шкада... Мы ніколі не давалі візы людзям, што захоўваюць такі запал... Мы іх ведаем... Забраніруеш ім месца, за кошт іншых пасажыраў, вядома, а яны ў апошні момант бягуць ад нас — і месца прападае, нікім не выкарыстанае.

Я ўявіў сябе зноў выкінутым у зеленаваты туман, у натоўп, у штурханіну, на шумныя вуліцы незнаёмага горада, у жалезны бразгат і скрогат; убачыў, як змораны, з чамаданам у руках, блукаю без надзей, без прыстанішча, без сілы... Жах агарнуў мяне, і я пачаў прасіцца:

— Калі ласка... Знайдзіце хоць які-небудзь шанс. Вы чалавек разумны. Вы ж ведаеце, як мне трэба пасля столькіх пакут перабрацца ў іншы свет. Я стаміўся. Дайце мне спакой. Калі ва мне яшчэ жыве якая-небудзь страсць, дазвольце мне самому патушыць яе, мне памогуць разлука, час... толькі не выкідайце мяне ў гэтыя змрочныя абшары... Не выкідайце.

Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваімі цяжкімі вачамі, пад якімі віселі пухлыя мяшкі; ён пакручваў у пальцах аловак і нейк дзіўна прыціскаў яго да ніжняй губы.

— Лепш за ўсё вам падыдзе, — прамовіў ён павучальным тонам, — транзітная віза ў Лімб*.

* Лімб — мясціна на тым свеце для праведнікаў дахрысціянскай эры і няхрышчаных дзяцей (у католікаў).

— Калі гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.

— Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.

— А ад каго залежыць?

— Ад ККК... Камісіі Каматознасцей і Каталепсій.

— О госпадзі! А дзе яна знаходзіцца?

— Невялічкі асобны будынак у паўднёва-заходнім канцы поля.

Ён зірнуў на гадзіннік:

— Але вы не паспееце туды да закрыцця.

— Што ж мне рабіць?

— Вярнуцца ў горад... Прыйсці заўтра.

— У мяне сіл няма.

— Ну так, ну так... Усе вы на гэта спасылаецеся... І будзеце хадзіць дзесяць дзён, дваццаць дзён... Наступны!..

 

* * *

 

І вось я зноў апынуўся на балоцістай сумнай пляцоўцы, якую агортвалі адразу ноч і туман. Ізноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вільготнай цемры прахадную будку. Ізноў трамвай са скрогатам даставіў мяне ў душны пакой, у якім мігаценне светлавой рэкламы і грукат электрычкі не давалі заснуць. Гэта была жудасная ноч. Абліты потам, я задыхаўся. На світанні ўзяў чамадан і паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явіўшыся ў такі нялюдскі час, пападу адным з першых. Аднак іншыя пасажыры разважалі гэтак жа, і яшчэ ніколі я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргі. Выстаяўшы гадзіны тры і дабраўшыся да будкі, я сказаў вартаўніку тонам бывалага пасажыра:

— Вы мяне ўжо бачылі.

— На які рэйс?

— На аб'яднаны.

Ён мяне прапусціў. Цяпер мне трэба было знайсці кантору ККК. «Паўночна-заходні канец поля», — даў адрас Франк... Я прабаваў арыентавацца, як умеў... Сонца хавалася ў тумане, але расплывістая пляма цьмянага святла паказвала, дзе яно прыблізна знаходзіцца. Я перайшоў цераз імшыстую нізіну, дзе сярод чахлага трысця і нізкарослага хмызняку варушыліся слімакі і жабы. Нарэшце я заўважыў адзінокі будынак з чырвонай цэглы, на якім выдзяляліся тры белыя літары «ККК». Дом быў невялікі, звычайны, службовы, накшталт тых, што будуе ведамства мастоў і дарог на французскіх станцыях. З адчаем убачыў я, што, нават і ў гэтым глухім кутку, перад дзвярамі варушыліся сотні наведвальнікаў; некаторыя з іх горка плакалі.

Не буду апісваць гэта новае чаканне. Я так стаміўся, што не меў сілы ні скардзіцца, ні пакутаваць. Калі надышла мая чарга, я апынуўся ў крэсле перад сталом, а насупраць сядзела дзяўчына ў шэра-блакітнай уніформе. Яна не была прыгожай ні з твару, ні з фігуры, валасы, зачасаныя без прэтэнзій; але я заўважыў, што, прымаючы майго папярэдніка, увіхалася спрытна і шпарка. Відаць, яна не належала да той катэгорыі служачых, што чэрпаюць асалоду, ставячы перашкоды і ўскладняючы становішча.

— Вы гаворыце, што бачылі пана Франка?.. У вас ёсць накіраванне ад яго?

— Ёсць. Калі ласка.

— Добра... Пагляджу... Значыць, вы просіце візу на часовы прытулак... Колькі часу, думаеце, спатрэбіцца вам, каб... я не кажу, забыць, а каб аслабіць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?

— Не ведаю... У маім узросце...

— У вас няма ўзросту... Дзесяць год хопіць?

Яна ў момант запоўніла друкаваныя бланкі, дала іх мне падпісаць, потым праводзіла мяне да вельмі старога чалавека, які сядзеў на ўзвышшы пасярод залы.

— Пан камісар, — далажыла яна. — Гэта пропуск на пэўны тэрмін па просьбе пана Франка... Усё ў парадку.

Дзядок падпісаў, не чытаючы, і паставіў штэмпель з датай.

— А цяпер хутчэй бяжыце да пана Франка, — спагадліва параіла дзяўчына. — Зараз пятнаццаць гадзін. Кантора зачыняецца ў шаснаццаць.

«Хутчэй бегчы...» Нішто сабе парада! Я ледзьве цягнуў збалелыя ногі. Знадворку туман згусціўся яшчэ больш. Я хутка згубіў сцежку, заблытаўся ў калючым трысці і ўпаў. Падняўся ўвесь у гразі, калоцячыся ад холаду, і ў такім нервовым напружанні, што патраціў некалькі гадзін, пакуль адшукаў будынак Б. Там было ўсё замкнёна.

— Вам трэба вярнуцца ў горад і прыйсці заўтра, — сказаў швейцар.

Але я так стаміўся, што, карыстаючыся цемрай і туманам, ціхенька зайшоў за будынак і правёў ноч у нейкіх кустах пад перакуленай ваганеткай. Я прачнуўся ў дрыжыках, увесь пранізаны болем. Ад самага пачатку майго злашчаснага вандравання па канторах і канцылярыях толькі цяпер упершыню выбліснула сонца. Мне здалося, што яно стаіць надта высока, і я з трывогай зірнуў на гадзіннік. Было ўжо за поўдзень. Ніякага сумнення, што я заснуў толькі пад раніцу і страшэнна заспаў. Я паспешна абышоў будынак і ўбачыў чараду мужчын і жанчын такой даўжыні, што вартаўнікі былі вымушаны падзяліць яе на групы.

Чаканне. Павольнае прасоўванне наперад. Бой гадзінніка, як удары нажа ў сэрца. Раз... Два... Чаканне перад ліфтам... Тры... Чатыры... Ніякіх надзей. Назад у горад. Кашмарная ноч... Ранішняя беганіна. Чаканне каля агароджы. Чаканне перад будынкам Б. Чаканне перад ліфтам. Марудны пад'ём да калідора трыццаць чацвёртага паверха... 1451... 3452... 3454. Павольнае перасоўванне з крэсла ў крэсла... «Наступны!» Нарэшце я зноў пападаю ў кантору пана Франка.

— А! Гэта вы! Прынеслі візу?

— Прынёс, — адказваю я, падаючы ў крэсла ад слабасці. — Вось яна.

Спачатку ён глянуў з задавальненнем і добразычліва, потым з прыкрасцю вытрашчыў на мяне вочы:

— Чаму ж вы не прыйшлі ўчора? Ваша віза несапраўдная.

— Як несапраўдная? Чаму?

— Тэрмін годнасці віз ККК — адны суткі. А чаму? Не ў маёй кампетэнцыі. Такое правіла. Хутчэй бяжыце да іх у кантору і папрасіце прадоўжыць тэрмін. Яны вам зробяць адразу... Наступны!

Ад гэтых слоў я наліўся гневам. З нянавісцю ўявіў свае бясконцыя бадзянні, гразішчу, слоту, марную мітусню і, без усякай павагі да навакольнага камфорту, забыўшы пра дваццаць асоб, што слухалі мяне ў пярэдняй, закрычаў не сваім голасам:

— Даволі, хопіць! Хопіць ганяць мяне па вашых канцылярыях, з чаргі ў чаргу, ад бюракрата да бюракрата! Хопіць вашых паперак! Наздзекаваліся! Намучылі! Хопіць! Хопіць! Хопіць!.. Калі выехаць адсюль так цяжка, я не паеду.

Я стукнуў кулаком па стале пана Франка; ён, мабыць, спужаўся, і не без падставы, бо я ашалеў ад злосці.

— Я не паеду! Я не паеду!

Франк паклікаў сакратара, яны схапілі мяне за плечы і выпхнулі з канторы. На шум з'явіліся два здаравенныя вартаўнікі, сціснулі мне рукі і вывалаклі з будынка. Вырваўшыся на волю, я пачаў бегаць па пляцоўцы і крычаць:

— Я не паеду!

Навокал сабралася шмат пасажыраў. Некаторыя прабавалі мяне ўгаварыць, але я нікога не слухаў.

— Я не паеду!

Раптам перада мной адкрыўся нейкі прасвет. Я кінуўся туды. Свежы салёны вецер павеяў мне ў твар. Два агеньчыкі выбліснулі ў тумане. Дзе яны? На якім беразе. Чуцён быў глухі грукат марскога прыбою.

— Я не паеду.

Агні набліжаліся. Што гэта? Агні ці чалавечыя вочы? Гэта былі вочы, мілыя шэрыя вочы, поўныя болю і смутку, вочы маёй жонкі Данаціны.

— Я не паеду, — прамовіў я слабым голасам.

 

* * *

 

— Доктар, — закрычала яна, — ён пачаў гаварыць!

— Значыць, хвароба адступіла, — пачуўся грубаваты голас доктара Галцье.

Апошнія пасмы туману чапляліся за фіранкі. Прывычныя контуры мэблі выразна вырысоўваліся ў дзённым святле. На сценах зазіхацелі жывымі колерамі знаёмыя карціны, і над самым маім тварам, блізка-блізка, блішчалі ў слязах вочы Данаціны, гордыя і поўныя любві.



Пераклад: Юрка Гаўрук

Беларуская Палічка: http://knihi.com