epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Пасля вакацый

Машына мчалася на вакзал, і малому Алену было весела. Ён ніколі не выязджаў з дому, і думка, што цяпер ён будзе жыць у гарах, паступіўшы ў школу-інтэрнат, яму падабалася. Таварышы сказалі яму, што там працуюць менш, чым у ліцэі. Ален бачыў дырэктара, калі той прыязджаў у Парыж, і знайшоў, што ён добры, памяркоўны.

— Ведаеш, тата, ён мне сказаў, што зімой пасля абеду заняткаў у іх няма і вучні бегаюць на лыжах альбо катаюцца на каньках.

— Спадзяюся, ты возьмешся і за латынь, — уздыхнуў пан Шміт, — нельга адставаць.

На пероне, убачыўшы паравоз і новыя бліскучыя вагоны, Ален ад радасці заспяваў. Ён ганарыўся сваім гарнітурам бэжавага колеру, скураным чамаданчыкам, цёмнымі шарсцянымі пальчаткамі, а больш за ўсё тым, што адпраўляецца ў падарожжа адзін разам з бацькам.

— А што мы, тата, рабіць будзем у цягніку?

— Я з сабой узяў работу, малыш... Ну, а ты? Калі хочаш, я куплю табе ілюстраваны часопіс... Кнігі пры табе няма?

— Няма, але гэта нічога... Я пагуляю ў калідоры...

Ён знік і хутка вярнуўся, вельмі ўсхваляваны:

— Тата! Тут ёсць мне таварыш!.. Жан-Луі Дзюжарык... Цераз тры купэ... з мамай.

— Што? Едзе вучыцца?

— Ага, але не ў тую школу, куды я, а ў нейкую манастырскую.

— Шкада, што не да пана Бензо, вас было б там двое французаў. Ну, але зрэдку вы зможаце пабачыцца... А пакуль што ідзі да яго, гуляйце разам і не дурэйце.

Бертран Шміт любіў дзяцей, але не цярпеў, каб яны адрывалі яго ад работы. Ален, заўважыўшы, што бацька паглыбіўся ў сваё, каб не замінаць яму, паспешна выйшаў. Цягнік набіраў хуткасць. Пан Шміт час ад часу кідаў безуважны позірк на двух хлапчукоў, якія хадзілі паводдаль у калідоры. Кожнаму з іх было гадоў па дванаццаць. За вокнамі праносіліся ўзгоркі, рэчкі і безупынна мільгалі тэлеграфныя слупы. Праз гадзіну Ален вярнуўся, маркотны і ўзрушаны:

— Тата, ты ведаеш, што мне сказаў Жан-Луі? Што яго вельмі крыўдзяць у школе. Што старэйшыя вучні злыя... Адбіраюць у яго ўсё — кнігі, цукеркі — і, калі ён не даецца, б'юць яго кулакамі, прыціскаюць да сцяны і душаць.

— А чаму ён не абараняецца?

— Бо ён сярод іх адзін француз, адзін... Ён так прасіў, каб мама не пасылала яго ў манастырскую школу, а пакінула дома, у Парыжы, але яна не хоча, бо выйшла замуж другі раз за палкоўніка Кірыліна, расейца, у якога страшэнна закахалася... і Жан-Луі ў доме лішні.

Шміт са здзіўленнем зірнуў на сына:

— Хто табе гэта расказаў?

— Жан-Луі.

— Жан-Луі не павінен гаварыць пра сваіх бацькоў такім тонам.

— Якім тонам, тата? Ён мне сказаў, што вельмі любіць сваю маму, што яна таксама яго любіла і, калі яго тата памёр, даглядала яго вельмі добра... Але ж цяпер яна закахалася.

— Не ўжывай слоў, якіх не разумееш... Хто такая? Што за мадам Дзюжарык?

— Што ты, тата! Яна цяпер не мадам Дзюжарык, а мадам Кірыліна. Яна вельмі прыгожая... Хочаш, я цябе праводжу ў яе купэ? Гэта блізка.

— Ну добра, добра, малыш.

— Як ты думаеш, тата, калі ў пана Бензо ёсць старэйшыя вучні, яны будуць мяне біць?

— А ты дай ім здачы. Наколькі я ведаю, пан Бензо чалавек энергічны і ўмее трымаць дысцыпліну ў сваёй школе... Ідзі да свайго сябра, гуляйце.

У Дзіжоне Шміт выйшаў на перон і ўбачыў свайго сына з таварышам. Жан-Луі быў худзенькі зграбны хлопчык з вялікімі вачамі, сумнымі і глыбокімі.

— Тата, пазнаёмся. Гэта Жан-Луі.

Бертран Шміт паспрабаваў даць яму некалькі парад:

— Калі старэйшыя цябе не ўзлюбілі, не ўцякай ад іх, а старайся пасябраваць... Не думаю, што яны такія ўжо нягоднікі.

— Хто? Гэтыя дзецюкі? — прамовіў Жан-Луі. — Яны нападаюць на мяне, як звяры... Калі што скажаш не па-іхняму, б'юць і гоняць прэч...

Паравоз даў гудка, і Ален прыбег у вагон да бацькі.

— Ты ведаеш, тата, што мне гаварыў Жан-Луі на пероне, калі ты падышоў да нас? Ён гаварыў: «Які я няшчасны! Чым ехаць у гэту праклятую бурсу, лепш кінуцца пад цягнік. Але ў мяне не хапае смеласці... Ален, зрабі мне паслугу, штурхні мяне пад колы, а мая спадчына няхай застанецца табе». Ведаеш, у яго пасля смерці бацькі ёсць спадчына, багатая... Але я не згадзіўся.

— Я думаю... Твой гэты прыяцель, відаць, крыху чокнуты...

— Няпраўда, ён зусім не чокнуты. Ведаеш, тата, ён кажа, што, каб яго мама ўяўляла сабе, як яму там кепска жывецца, вечныя бойкі са старэйшымі, як ён плача ўночы, лежачы ў ложку, яна б не адважылася зноў пасылаць яго ў такую школу.

— Праводзь мяне да гэтай дамы.

Мадам Кірыліна была жанчына красы надзвычайнай. Ціхім, мілагучным голасам яна выказала некалькі цікавых, крыху журботных думак наконт дзяцінства. Бертран як сеў, так і застаўся.

Увайшоў праваднік, узяў чатыры білеты і запрасіў пасажыраў к сталу. Яны снедалі разам. Дзеці моўчкі слухалі, як бацькі ўспаміналі назвы розных кніг, пералічвалі імёны кампазітараў... Хлопчыкі адчувалі сябе забытымі. Часам Жан-Луі паглядаў на Алена, і яго вочы, здавалася, гаварылі: «Бачыш, вось яна якая...» Падняўшыся з-за стала, Бертран машынальна зайшоў у купэ мадам Кірылінай, а дзеці выскачылі гуляць у калідор.

— У нашых сыноў шмат агульнага, — прамовіла яна. — Спадзяюся, што ім можна будзе там пабачыцца.

Ён хвіліну вагаўся.

— Даруйце, — сказаў ён, — што ўмешваюся не ў сваю справу, але дзяціная шчырасць не тоіць сакрэтаў... Я выпадкова даведаўся, і мой абавязак... Вы, мабыць, не ўсведамляеце, які настрой у вашага сына... Ён прызнаўся майму... Даруйце, я не знаходжу слоў... Дзіця, вядома...

Мадам Кірыліна была агаломшана. За акном вагона пачалі вырысоўвацца горы, замест камяніц пайшлі драўляныя хаткі, замест дубоў — кашлатыя елкі, у люстраныя рэчкі ўліваліся шумныя патокі.

— Божа мой! — прашаптала яна. — Гэта жахліва... Беднае дзіця... Я адчувала, што ён не любіць гэтай школы, але думала, што ён лянуецца, не хоча вучыцца... А самае галоўнае, рэўнасць... Ён ненавідзіць майго мужа, і без усякай прычыны, бо што я магу зрабіць адна ў доме? Нават і яму будзе потым моцная апора.

— Безумоўна, — сказаў Бертран. — Але ж ён яшчэ малы... Не разумее.

Яе вочы напоўніліся слязамі.

— Што ж мне рабіць? — забедавала яна. — Вы лічыце, што я павінна адвезці яго назад у Парыж, не пакідаць там? Мой муж разгневаецца... Ён кажа, што я надта пешчу Жана-Луі, а яго трэба загартоўваць... Па-мойму, думка слушная. Жан-Луі — хлопчык вельмі ўражлівы, выдумляе абы-што... Пасля нашага шлюбу лічыць, што ён — ахвяра... Гэта няпраўда, няпраўда, але калі дзіця ўваб'е сабе нешта ў галаву...

Мадам Кірыліна з сынам выйшлі на дзве-тры станцыі раней. Ален глядзеў у акно і доўга маўчаў.

— Тата, — сказаў ён нарэшце, — калі старэйшыя вучні будуць мяне біць і я прышлю табе тэлеграму, ты прыедзеш, забярэш мяне, праўда?



Пераклад: Юрка Гаўрук