epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Прыліў

— Скінуць маску? — сказаў Бертран Шміт. — Няўжо вы думаеце, што часта скідаць маску разумна і пажадана. Я лічу наадварот, апроч некалькіх рэдкіх выпадкаў дзівоснага сяброўства, толькі маскі, іменна маскі, робяць цярпімым жыццё ў грамадстве... Калі абставіны складуцца так, што хто-небудзь у нас раптам выкажа ўсю праўду тым, ад каго ён звычайна яе хаваў, вельмі хутка ён раскаецца ў сваёй безразважнай шчырасці.

Крысціян Менетрые падтрымаў:

— Я памятаю адну аварыю ў Ангельшчыне... Чалавек дзесяць шахцёраў засталіся ў забоі, адрэзаныя ад свету выбухам рудніковага газу. Праз тыдзень, страціўшы надзею на ратунак, чакаючы смерці, яны пачалі спавядацца ў сваім самым інтымным... Вы ўяўляеце тон: «Так і быць, раз усё роўна канец, я не хачу памерці, не прызнаўшыся...» Потым нейкім чынам іх усё ж выратавалі... Пасля чаго яны стараліся не сустракацца. Кожны з іх інстынктыўна пазбягаў людзей, якія ведалі больш, чым гэта дапускалася. Маска была зноў надзета, і грамадскі спакой захаваны.

— Яно так, — згадзіўся Бертран. — Можна прывесці і яшчэ падобныя прыклады. Я ўспамінаю, калі я вандраваў па Афрыцы, мне давялося быць міжвольным сведкам аднаго незвычайнага прызнання.

Ён адкашляўся і глянуў на нас, крыху вагаючыся. Як ні дзіўна, але Бертран, які так часта выступаў публічна, быў чалавекам нясмелым. Ён баяўся надакучыць. Аднак у гэты вечар, паколькі ніхто з нас яго не перабіў, ён адважыўся:

— Вы, напэўна, усе забылі, што ў 1938 годзе для Саюза прыхільнікаў французскай мовы я зрабіў падарожжа з публічнымі лекцыямі ў Заходнюю і Экватарыяльную Афрыку і на іншыя заморскія тэрыторыі. Я пабываў у ангельскіх, французскіх, бельгійскіх калоніях (тады іх яшчэ называлі калоніямі) і аб гэтым не шкадую. Турысты прыязджалі туды рэдка, і прымалі іх па-каралеўску альбо, што яшчэ лепш, па-братняму. Не буду прыгадваць назву дробнай сталіцы, аб якой я збіраюся вам расказаць, бо героі майго апавядання яшчэ жывыя... Галоўнымі персанажамі былі: губернатар — мужчына гадоў пад пяцьдзесят, брыты, срэбравалосы, і яго жонка — значна маладзейшая, чарнавокая бландзінка, тэмпераментная і разумная. Назавём іх умоўна Бусары. Яны даставілі мяне як госця ў свой «палац» — вялізную вілу казарменнага стылю між чырвоных скал, з адмысловай мэбляй і рознымі выгодамі. Два дні я ў іх з прыемнасцю адпачываў. У салоне на століку з чорнага дрэва, пад якім красавалася тыгравая шкура, я знайшоў «Новае французскае рэвю», «Французскі веснік» і некалькі свежых раманаў. Я пахваліў за гаспадарчы клопат маладога ад'ютанта губернатара лейтэнанта Дзюга.

— О, я тут ні пры чым, — запярэчыў ён. — Тое, што вам спадабалася, — гэта мадам Бусар... Кнігі і кветкі — яе стыхія.

— Ці ж мадам Бусар літаратар? — запытаў я.

— Вядома. Вы павінны былі гэта заўважыць. Жызэль, як мы яе тут непачціва празвалі, скончыла Сеўрскую нармальную школу. Да таго як выйшла замуж за губернатара, была выкладчыцай літаратуры ў Ліёне. Там ён сустрэўся з ёю яшчэ раз, прыехаўшы ў водпуск. Я кажу «яшчэ раз», бо яны былі знаёмы раней. Яна была дачкой аднаго з бліжэйшых сяброў губернатара. Ён яе любіў, і яна згадзілася ехаць з ім сюды. Здавалася, што яна таксама да яго прывязана з даўняга часу.

— Нягледзячы на розніцу ў гадах?

— Трэба сказаць, што губернатар быў тады мужчына прывабны. Тыя, хто ведаў яго да шлюбу, гаварылі, што ён карыстаўся выключным поспехам у жанчын... Цяпер ён пастарэў.

— Такая жаніцьба небяспечна для здароўя.

— О! Тут не толькі жаніцьба. Мой начальнік ніколі не жыў спакойна... Трыццаць гадоў у Афрыцы... Клімат, вечныя трывогі, сабачая работа... Начальнік мой — чалавек высокай годнасці... Дзесяць гадоў назад, як ён прыехаў сюды, зусім яшчэ дзікія плямёны насялялі гэтыя бяскрайнія джунглі. Яны паміралі з голаду. Іхнія ведзьмары падбухторвалі іх да ўзаемнага знішчэння, да выкрадання жанчын і дзяцей, прымушалі прыносіць ідалам чалавечыя ахвяры. Губернатар уціхамірыў плямёны, падзяліў іх на групы, прывучыў іх вырошчваць какаву. Гэта не так лёгка, магу вас запэўніць, пераканаць людзей, што жывуць сённяшнім днём, шэсць гадоў цярпліва чакаць, пакуль на саджанцах з'явяцца плады.

— А яны не мараць аб сваёй незалежнасці, не рвуцца на волю? Як яны адносяцца да губернатара?

— Любяць, я сказаў бы нават, глядзяць, як на бога. Неяк раз я суправаджаў яго ў адно першабытнае племя... Іхні важак, укленчыўшы перад ім, гаварыў наступнае: «Ты выхоўваў мяне, як лянівага сына... Ты добра рабіў... Ты прагнаў мой сон... Цяпер я стаў багаты...» Яны здольныя, вы пабачыце, ахвотна вучацца, абы знайсці падыход... Але трэба быць святым, каб заслужыць іх павагу.

— І што ж, ваш начальнік святы?

Малады лейтэнант зірнуў на мяне з усмешкай і ў сваю чаргу запытаў:

— А што такое святы?

— Я не знаю... Чалавек абсалютна чысты, без плям.

— А! Гэта ёсць. Я не знаходжу ў ім заган, нават празмерных захапленняў, за выключэннем, можа, аднаго... Ён імкнецца да славы, не да якіх-небудзь выпадковых пахвал, а да агульнага прызнання сваіх працоўных заслуг. Яму падабаецца быць адміністратарам, і ён хацеў бы кіраваць тэрыторыямі ў некалькі разоў большымі.

— Як маршал Ліатэй, які казаў: «Марока? Гэта — мястэчка. Мне патрэбен увесь свет».

— Іменна. Мой начальнік быў бы страшэнна задаволены, каб яму даручылі кіраваць нашай маленькай планетай... Ён бы рабіў гэта лепш, чым іншыя.

— Але ж ваш святы быў донжуанам.

— Святы Аўгусцін гэтак жа... Грахі юнацтва... Пасля жаніцьбы ён стаў прыкладам мужчынскай вернасці... Аднаму богу вядома, колькі ў яго становішчы было магчымасцей... Я сам, з'яўляючыся, так сказаць, яго ценем...

— Выкарыстоўвалі магчымасці?

— Я не губернатар, не святы, не жанаты... Стоячы збоку, лаўлю тое, што трапляецца... Пагаворым лепш аб вашым падарожжы, дарагі мэтр. Вы, мабыць, ведаеце, што губернатар надумаўся заўтра суправаджаць вас да вашага бліжэйшага пункта?

— Так, сапраўды ён абяцаў узяць мяне ў свой асабісты самалёт. У яго нейкая інспекцыя на ўзбярэжжы і адкрыццё помніка. Вы з ім паедзеце?

— Не... Апроч губернатара і вас там будуць мадам Бусар, якая не любіць пускаць свайго мужа лётаць над джунглямі без яе, пілот і ваенны камендант падпалкоўнік Анжэліні, таксама ўдзельнік інспекцыі.

— Я з ім сустракаўся?

— Не думаю, але ён вам спадабаецца... Відны, вясёлы... У баявых справах сапраўдны ас... Былы афіцэр разведкі ў Марока, адзін з вучняў вашага Ліатэя... Зусім малады падпалкоўнік, бліскучая будучыня.

— Падарожжа доўгае?

— Ды не! Гадзіна над лесам да самай дэльты, потым кіламетраў сто паўз бераг, і вы на месцы.

 

Апошні абед у палацы быў цудоўны. Падпалкоўнік Анжэліні быў запрошаны, каб падрыхтаваць вылет. Ён хутчэй меў выгляд капітана. Малады з твару, і гарачае сэрца. Ён гаварыў многа і складна; яго выказванні былі парадаксальныя, часам агрэсіўныя, але сведчылі аб высокай культуры. Пра звычаі туземцаў, іх татэмы і табу ён ведаў больш, чым губернатар, і, на вялікае маё здзіўленне, мадам Бусар зусім кампетэнтна яму адказвала. Губернатар слухаў сваю жонку з яўным захапленнем і час ад часу ўпотай кідаў позірк на мяне, каб праверыць маё ўражанне. Пасля абеду ён павёў Анжэліні і Дзюга ў свой кабінет, каб вырашыць некаторыя неадкладныя пытанні, а я астаўся адзін з «Жызэллю». Яна какетнічала, і ў гэтай гульні я ахвотна прымаў удзел, але, як толькі між намі наладзілася давер'е, мадам Бусар спытала пра падпалкоўніка:

— Якая ў вас аб ім думка? Вам, пісьменніку, ён павінен падабацца. Мы яго вельмі цэнім. У мужа ён з языка не сыходзіць... А мне, хто жыве тут, як у ссылцы, ён прыносіць каплю свецкасці і французскага паветра. Пры зручным выпадку вы папрасіце яго пачытаць вершы... Гэта — жывая анталогія.

— О, цікава будзе паслухаць у палёце.

— Не, прапелер усё заглушыць.

Гадзіне а дзесятай увечары губернатар і падпалкоўнік далучыліся да нас, але ненадоўга, таму што адлёт быў назначаны на чатыры гадзіны раніцы, калі спадае спякота.

Мяне разбудзіў слуга негр. Надвор'е не прадвяшчала нічога добрага. Дзьмуў моцны заходні вецер. За сваё жыццё я правёў у палёце не адну тысячу гадзін і саджуся ў самалёт без страху. Аднак я вельмі не люблю гэтых падарожжаў над джунглямі, дзе немагчыма прызямліцца, альбо, калі цудам і сядзеш на якой-небудзь прагаліне, мала шансаў, што цябе знойдуць і падбяруць. Я спусціўся паснедаць і ўбачыў за сталом Дзюга.

— Метэазводка дрэнная, — заклапочана паведаміў ён. — Пілот прапануе адкласці падарожжа, але начальнік і слухаць не хоча, гаворыць, што яму ў дарозе шанцуе і, апроч таго, метэаролагі заўсёды памыляюцца.

— Будзем спадзявацца, — сказаў я. — Сёння вечарам я павінен зрабіць даклад у Батоцы. Іншага спосабу дабрацца туды ў мяне няма.

— Мне то можна быць храбрым, — пажартаваў Дзюга. — Мне ляцець не трэба. Але я трымаюся думкі начальніка... Катастрофы, прадугледжаныя зараней, не адбываюцца.

Праз некалькі хвілін з'явіліся губернатар і яго жонка. Ён быў у белым мундзіры з ордэнскай планкай.

Мадам Бусар, элегантная, у спартыўным плацці, хутчэй нагадвала дачку свайго мужа. Яна яшчэ не вызвалілася ад дрымоты і гаварыла мала. На лётнай пляцоўцы (вялізная прагаліна, выцерабленая ў лесе) мы знайшлі падпалкоўніка — з зухаватай іроніяй ён углядаўся ў навальнічнае неба.

— Вы помніце, — спытаў ён у мяне, — паветраныя ямы ў гарах, апісаныя Сэнт-Экзюперы? Паветраныя ямы ў джунглях — значна горшыя. Пераканаецеся самі. Падрыхтуйцеся да танцаў. — І, звярнуўшыся да мадам Бусар, дадаў: — Вам трэба застацца тут, мадам.

— Аб гэтым не можа быць і гаворкі, — рашуча заявіла яна. — Я застануся, калі ўсе застануцца; я палячу, калі ўсе паляцяць.

Пілот аддаў чэсць губернатару і адышоў разам з ім ад нашай групы. Я здагадаўся, што ён раіць адкласці вылет і сустрэў супраціўленне. Праз хвіліну губернатар вярнуўся да нас і суха распарадзіўся:

— На пасадку!

Праз некалькі хвілін мы ўжо ляцелі над морам дрэў, і шум прапелераў спыніў усякія размовы. Лес дрыжаў і гайдаўся ад удараў ветру, як конская грыва. Мадам Бусар заплюшчыла вочы. Я разгарнуў кнігу, але хутка штуршкі і падскокі самалёта сталі такімі частымі, што чытаць было немагчыма. Мы ляцелі над джунглямі на вышыні ў тысячу метраў сярод чорных хмар пад праліўным дажджом. Было душна і горача. Час ад часу самалёт падаў, як у калодзеж, і, дасягнуўшы шчыльнейшых слаёў паветра, удараўся з такой сілай, што здавалася, адарвуцца крылы.

Я не буду вам апісваць гэтага кашмарнага падарожжа. Уявіце сабе ўраган, які ўвесь час узмацняўся, уздыблены самалёт, бледны твар і тужлівыя позіркі пілота, якія ён зрэдку кідаў на нас. Губернатар сядзеў спакойна; яго жонка не расплюшчвала вачэй. Так прайшло больш за гадзіну.

Раптам падпалкоўнік узяў мяне за руку і падштурхнуў да ілюмінатара.

— Глядзіце! — крыкнуў ён мне на вуха, — мора наступае. Прыліў! Дэльты ўжо не відаць...

Тое, што я ўбачыў, было сапраўды незвычайным. На тым месцы, дзе знікала чорная маса дрэў, разлівалася мора, бяскрайняе мора жоўтага колеру. Раз'юшаны вецер штурмаваў джунглі, і стваралася ўражанне, што яны часткова затоплены. Ад пляжа не засталося і следу. Пілот чыркануў алоўкам некалькі слоў і, павярнуўшыся напалову, падаў паперку падпалкоўніку, а той паказаў яе мне.

Ніякіх арыенціраў. Не чую радыёсігналаў. Не ведаю, дзе прызямліцца.

Падпалкоўнік падняўся і, хістаючыся, чапляючыся за крэслы, панёс запіску губернатару.

— Ці хопіць гаручага, каб вярнуцца назад? — запытаў той.

Падпалкоўнік перадаў пытанне і прынёс адказ.

— Не хопіць, — вымавіў ён спакойна.

— У такім разе няхай ён спускаецца ніжэй і шукае незатоплены астравок. Гэта наш адзіны шанс. — І да жонкі, якая расплюшчыла вочы: — Не палохайся, Жызэль. Гэта прыліў. Мы дзе-небудзь прызямлімся, перачакаем буру, і нас знойдуць.

Жахлівае паведамленне яна выслухала без эмоцый, з дзівоснай вытрымкай. Самалёт ляцеў зусім нізка. Я выразна бачыў вялізныя жоўтыя хвалі і ў змрочным святле сагнутыя ветрам дрэвы. Пілот трымаўся мяжы між лесам і морам, шукаючы прагаліны альбо палоскі пляжа. Я маўчаў, упэўнены, што гібель наша непазбежная.

«І чаго панесла мяне сюды? — думаў я. — Сам сабе выбраў катаргу! Выступаць перад дзвюма-трыма сотнямі раўнадушных слухачоў?.. Дурное, нікчэмнае падарожжа!.. Але што зробіш! Смерці сваёй не мінеш. Калі не тут, мяне мог бы раздушыць грузавік у ваколіцах Парыжа, даканаць які-небудзь мікроб альбо выпадковая куля... Хутка ўбачым».

Не падумайце, што я хвалюся, выстаўляючы сябе цярпліўцам. Проста, як і ўсякі чалавек, я хапаўся за надзею, неразлучную з целам, і не хацеў верыць, пры ўсёй відавочнасці, у блізкую смерць. Розум знаходзіў доказы, а цела іх адхіляла. Падпалкоўнік падышоў да пілота і разам з ім пачаў пільна ўглядацца ў брудна-жоўты акіян. Раптам ён ускінуў руку. Самалёт рэзка нахіліў крыло. Падпалкоўнік павярнуўся, і на яго дагэтуль абыякавым твары мільгануў прамень святла.

— Выспа, — далажыў ён.

— Вялікая, можна на ёй прызямліцца? — спытаў губернатар.

— Здаецца, можна.

Праз хвіліну ён пацвердзіў:

— Так, напэўна... Давайце, Баэк.

Хвілін праз пяць мы прызямліліся на вузкай пясчанай касе дэльты, і пілот так удала накіраваў самалёт ці, можа, яму пашанцавала, што той уклініўся паміж дзвюх пальмаў і, трымаючыся за іх, мог супраціўляцца ветру. А вецер свістаў і дзьмуў з такой сілай, што вылезці з самалёта было немагчыма. І што гэта дасць? Куды ісці? Направа і налева — метраў сто мокрага пяску. Наперадзе і ззаду — акіян. Мы выратаваліся на момант, уцалець надоўга можна было толькі цудам.

У гэтым адчайным становішчы я захапляўся нашай спадарожніцай. Яна ані не спалохалася, была спакойная і нават вясёлая.

— Хто хоча есці? — запытала мадам Бусар. — У мяне ёсць сандвічы і фрукты...

Пілот, які прыйшоў да нас у кабіну, сказаў, што лепш прыберагчы прадукты, бо толькі бог ведае, як і калі мы адсюль выберамся. Ён паспрабаваў яшчэ раз паведаміць аб здарэнні па радыё, але адказу не атрымаў. Я зірнуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін раніцы.

Апаўдні вецер трошкі прыціх. Нашы пальмы добра ахоўвалі самалёт. Губернатар задрамаў. Я адчуваў сябе змардаваным і аслабелым. Я зажмурыў вочы, потым міжвольна іх крыху расплюшчыў, ахоплены дзіўным уражаннем, быццам аднекуль павеяла на мяне цяплом і сілай. І вось я заўважыў, як Жызэль і падпалкоўнік абмяняліся позіркамі. Яны сядзелі блізка адно ад аднаго. Выраз іхніх твараў быў такі адданы, такі пяшчотны, што не магло быць сумнення: гэтыя двое былі каханак і яго палюбоўніца. Яшчэ ўчора вечарам я прадчуваў гэта, сам не ведаю чаму, бо іх паводзіны былі пры чужых бездакорныя. Я хутчэй заплюшчыў вочы і ад вялікай стомленасці заснуў.

Мяне разбудзіў шквалісты парыў ветру, які так скалануў самалёт, што, я думаў, вырве яго разам з пальмамі.

— Што такое? — запытаў я.

— Бура аднавілася, і вада прыбывае, — адказаў пілот не без горычы. — На гэты раз мы загінем, месье. Праз гадзіну мора затопіць гэты астравок... і нас.

Ён глянуў на губернатара з дакорам, нават злосна, і дадаў:

— Я брэтонец, веру ў бога... Буду маліцца.

Учора мне сказаў Дзюга, што паводле палітычнай традыцыі губернатар заядлы антыклерыкал, аднак да місіянераў ставіцца добразычліва, паколькі яны яму робяць значныя паслугі. Маліцца ён не збіраўся, але пілоту свайму не пярэчыў. У гэты момант пачуўся трэск: ураганны вецер расшчапіў пальму злева. Набліжаўся канец. І тады Жызэль, вельмі бледная, у нейкім палымяным натхненні, кінулася да маладога падпалкоўніка:

— Раз мы ўсе памром, я хачу памерці ў тваіх абдымках.

І, павярнуўшыся да свайго мужа, яна дадала:

— Даруйце мне, Эрык... Я рабіла ўсё, каб пазбавіць вас гэтага болю... Цяпер жа ўсё скончана, і для мяне і для вас... Я не магу больш ілгаць.

Падпалкоўнік задрыжаў увесь і падняўся, каб адхіліць ад сябе ашалелую жанчыну.

— Пане губернатар, — пачаў ён...

Свіст і шум урагана заглушылі яго словы. Губернатар сядзеў амаль побач і, як зачараваны, пазіраў на гэту пару. Губы яго падскаквалі, не ведаю, ці ён гаварыў што, ці толькі тужыўся нешта сказаць. Ён так пабляднеў, што мне здалося, вось-вось страціць прытомнасць. Самалёт, які ўчапіўся адным крылом за пальму справа, коўзаўся па пяску, трапятаўся і стукаў, як разгорнуты сцяг. У хвіліну смяротнай небяспекі я павінен быў думаць аб сям'і, аб маёй дарагой Ізабеле, але відовішча было такое выключнае, што я не мог адарваць вачэй.

Спераду, спіной да пасажыраў, укленчыў пілот і шаптаў малітву. Сэрца падпалкоўніка раздзіралі процілеглыя пачуцці: каханне прымушала яго прытуліць няшчасную жанчыну, а сумленне і боль за зняважаны гонар свайго шэфа, якога ён шчыра паважаў, звязвалі яму рукі. Што датычыцца мяне, то я сядзеў, скурчыўшыся, каб менш трасло, і стараўся трымацца ў баку ад драмы траіх, не перашкаджаць ім. Зрэшты, я ўпэўнены, што яны мяне не заўважалі.

Губернатар, хапаючыся за крэслы, падышоў да сваёй жонкі. У гэтым страшным няшчасці, якое адразу знішчала і яго жыццё і яго дабрабыт, ён захоўваў нейкую дзіўную высакароднасць. Гнеў не перакрывіў яго прыгожага твару, і толькі вочы былі вільготныя. Прыблізіўшыся, ён абапёрся на маё плячо і голасам, пяшчотнасць якога ўзрушвала да слёз, сказаў:

— Я ніколі не думаў, Жызэль, ніколі не думаў... Вярніцеся, сядзьце са мной... Жызэль! Я прашу вас... Я вам загадваю.

Яна абвіла рукамі падпалкоўніка і цягнула яго да сябе:

— Любы мой, любы мой! Не супраціўляйся!.. Усё скончана. Я хачу памерці, цалуючы цябе... Любы мой, у гэтыя апошнія хвіліны ніякіх дакораў сумлення... Калі было трэба, я цябе слухала, ты гэта ведаеш... Ты любіў, шанаваў Эрыка... Я таксама... Так, гэта праўда, Эрык, я цябе любіла!.. Але ж цяпер — канец!..

Нейкі металічны абломак пры чарговым штуршку парэзаў ёй твар. Тонкая палоска крыві выступіла на шчацэ.

— «Захоўваць прыстойнасць!» — прамовіла яна тужліва... — Колькі разоў ты паўтараў мне гэтыя словы, мой любы... І мы яе мужна захоўвалі... Цяпер жа... Што нам паказная прыстойнасць у гэтыя апошнія нашы хвіліныі

Потым глуха, з запалам:

— Смялей, не бойся!.. — прашаптала яна каханку. — Прыйшла наша смерць... Што ж ты стаіш, перапалоханы, як перад прывідам?..

Яе муж нахіліўся, трымаючы хустачку, і лёгкім, далікатным жэстам выцер ёй акрываўленую шчаку. Потым глянуў на падпалкоўніка са смуткам, але без суровасці. Яго вочы, здавалася, гаварылі: «Абдымі гэту няшчасную. Я пераступіў цераз усе межы чалавечых пакут...» Той, другі, прыгнечаны, раздаўлены, адказваў яму гэтак жа маўкліва: «Не магу. Я вас надта паважаю. Даруйце». Я ўявіў сабе Трыстана і караля Марка, мужа Ізольды. Больш патэтычнай сцэны мне ніколі не даводзілася бачыць. Чуліся толькі пранізлівы свіст ветру і, як далёкае журчанне, малітва пілота. Праз ілюмінатар відаць было шэрае свінцовае неба з табунамі касмыкаватых хмар, а калі зірнуць уніз, усюды варушылася і падымалася жоўтая вада.

Кароткая паўза, і жанчына, што прыпала да грудзей афіцэра, адкінулася назад. Потым з дзікім нахабствам, абшчапіла яго за шыю і пачала цалаваць. Ён трошкі абараняўся, потым, ад жалю ці, можа, ад іншых пачуццяў, адвярнуўся нарэшце ад свайго шэфа і горача пацалаваў яе сам. Губернатар пабляднеў яшчэ больш, адкінуўся на спінку крэсла і амаль страціў прытомнасць. Засаромеўшыся, я міжвольна заплюшчыў вочы.

Колькі часу мы правялі гэтак? Не ведаю. Я толькі дакладна помню, што ў жудаснай плыні хвілін ці гадзін, прабіўшыся праз буру, да маіх вушэй данеслася раптам стракатанне матора. Што гэта, галюцынацыя? Я прыслухаўся і азірнуўся. Мае спадарожнікі таксама слухалі. Падпалкоўнік і Жызэль ужо разышліся. Яна прыблізілася на паўкрока да свайго мужа. Ён углядаўся ў ілюмінатар. Пілот стаяў увесь насцярожаны:

— Вы чуеце, пан губернатар?

— Чую, — адказаў той. — Гэта самалёт?

— Думаю, што не. Шум матора значна слабейшы...

— Што ж бы гэта? — запытаў падпалкоўнік. — Я нічога не бачу.

— Магчыма, катэр берагавой аховы.

— Як маглі яны дазнацца, што мы тут?

— Не ведаю, пан падпалкоўнік. Матор працуе ваўсю. Плывуць да нас. Шум з усходу, значыць, ад берага... Гляньце, гляньце, пан падпалкоўнік! Бачыце шэрую кропку там, там, на хвалях? Гэта катэр.

Пілот істэрычна зарагатаў.

— Божа мой! — уздыхнула Жызэль і яшчэ на адзін крок наблізілася да мужа.

Прытуліўшыся тварам да ілюмінатара, я выразна бачыў катэр, які накіроўваўся да нас. Ён плыў цяжка, змагаючыся з прылівам, час ад часу хаваўся за сцяною вады, але быў ужо недалёка. Добрую чвэрць гадзіны патрацілі матросы, каб прычаліць да астраўка. Мы ніяк не маглі дачакацца. Нарэшце, зачапіўшыся крукам за пальму, яны падплылі да нас. Але як нам выбрацца? Вецер няшчадна церабіў самалёт, і вылазіць адтуль было небяспечна. Дый катэр гайдаўся на хвалях, як шчэпка. Пілот нейк усё ж адчыніў дзверцы і яму ўдалося перакінуць вераўчаную лесвіцу, якую адразу ж падхапілі матросы. І цяпер яшчэ я не магу ўявіць, якім чынам мы ўсе пяцёра апынуліся на маленькім судне і ніхто не зваліўся ў мора.

Захінуўшыся ў цыратовыя плашчы, мы глядзелі з катэра на наш самалёт з пачцівым жахам. Звонку было асабліва ясна відаць, што гэты цуд раўнавагі доўга не мог пратрымацца. Жызэль з выключнай вытрымкай прыводзіла ў парадак свае валасы. Гардэмарын, які камандаваў вартавым катэрам, паведаміў нам, што вымушаную пасадку самалёта заўважыў дазорны і што ад самай раніцы яны прабавалі нам памагчы... Тры разы раз'юшанае мора прымушала ратавальнікаў вяртацца, і толькі за чацвёртым разам яны дабраліся да нас. Матросы расказалі аб жудаснай шкодзе, прычыненай навадненнем берагавым вёскам і порту Батока.

Мясцовы адміністратар сустрэў нас на набярэжнай. Гэта быў малады каланіяльны чыноўнік, крыху напалоханы цяжкімі вынікамі стыхійнага бедства. Але губернатар Бусар, як толькі ступіў на зямлю, праявіў сябе сапраўдным «гаспадаром». Гэта быў начальнік высокага класа, які ўмеў прымаць неабходныя меры. Ён звярнуўся да падпалкоўніка Анжэліні з патрабаваннем тэрмінова выдзеліць салдатаў для дапамогі насельніцтву. І я са здзіўленнем назіраў, як дружна яны абодва распараджаліся. Нікому і ў галаву б не прыйшло, што гэтых людзей падзяляе вялікая асабістая крыўда. Мадам Бусар завялі ў дом адміністратара, маладзенькая жонка якога напаіла яе чаем і дала ёй дажджавік. Пасля чаго мадам Бусар выказала жаданне прыняць удзел у агульнай працы і занялася дзецьмі і раненымі.

— Адкрыццё помніка, пане губернатар, я лічу... — мітусіўся малады чыноўнік.

— Перш чым ушаноўваць мёртвых, трэба выратаваць жывых, — спыніў яго губернатар.

Аб маім дакладзе і думкі быць не магло. Я адчуваў, што ўсе ўдзельнікі гэтай невялічкай драмы спяшаліся справадзіць мяне ў новае падарожжа. На гэты раз мне параілі ехаць чыгункай. Я прыйшоў развітацца з мадам Бусар.

— Які ўспамін вы аб нас захаваеце! — прамовіла яна.

Я так і не ведаю, што яна мела на ўвазе: жудасны палёт ці любоўную трагедыю.

 

* * *

 

— А вы іх бачылі пасля таго? — запытала Клер Менетрые.

— Чакайце, — пачаў Бертран Шміт... — Гады два пазней, у 194О-м, мабілізаваны як афіцэр, я сустрэў Дзюга, ужо ў чыне капітана, на бельгійскім фронце ў афіцэрскай сталовай генерала каланіяльнай дывізіі. Ён мне расказаў пра гэта страшнае падарожжа. Вы шчасліва выскачылі! Ваш пілот мне ўсё апісаў... Ён вельмі злаваўся на свайго шэфа, якому перад адлётам прадказваў катастрофу.

Нахмурыўшыся і памаўчаўшы, Дзюга дадаў:

— Скажыце, дарагі мэтр, што тады адбылося? Ніхто не прагаварыўся ні словам, але цень драмы не адступала ад губернатара, яго жонкі і падпалкоўніка Анжэліні пасля іх звароту ні на крок... Вы знаеце, падпалкоўнік папрасіў перавесці яго ў іншае месца, і неўзабаве яго адпусцілі. Мяне дзівіць тое, што шэф быў не супраць.

— Чаму дзівіць?

— Не ведаю. Ён яго вельмі паважаў. І потым, я быў упэўнены, што пастараюцца яго затрымаць.

— Хто? Вы хочаце сказаць — Жызэль?

Дзюга ўважліва паглядзеў на мяне:

— Яна першая прыклала ўсе сілы, каб ён выехаў.

— А дзе цяпер Анжэліні?

— Камандуе мотастралковым палком. У генералы меціць.

 

Надышла акупацыя. Пяць гадоў змагання, трывог і надзей. Потым мы з вамі бачылі, як ажываў заняпалы Парыж. У пачатку 1947 года Элен дэ Тыянж запытала мяне:

— Вы не жадаеце паснедаць у нас разам з Бусарамі? Кажуць, яго збіраюцца прызначыць галоўным рэзідэнтам у Індакітаі... Выдатны чалавек, трошкі суровы, але вельмі культурны. Вы чулі, што ён нядаўна апублікаваў зборнік вершаў пад псеўданімам?.. У яго красуня жонка.

— Я з ёю знаёмы, — адказаў я. — Перад вайной мне давялося спыняцца ў іх, калі Эрык Бусар быў губернатарам у адной з краін Чорнай Афрыкі... Цікава пабачыцца з імі яшчэ раз. Але ці будуць яны задаволены гэтай сустрэчай? — сумняваўся я. Як-ніяк, а я адзіны сведка іх вялікай сямейнай трагедыі. Аднак жаданне перамагло, і я прыняў запрашэнне.

Няўжо вайна і нягоды так змянілі мяне? Бусары пазналі мяне не адразу. Я падышоў да іх, але яны зірнулі на Элен з тым асцярожным запытаннем, што неадкладна просіць тлумачэння, і гаспадыня назвала мяне. Халодны твар губернатара пасвятлеў, а яго жонка ўсміхнулася:

— Вось як? — радасна сказала яна. — Вы былі нашым госцем у Афрыцы?

За сталом яна была маёй суседкай. Гутарка мая з ёю нагадвала прагулку па крохкім лёдзе, я ўвесь час баяўся, што правалюся. Нарэшце, пераканаўшыся ў яе лагоднасці і спакоі, я рызыкнуў напомніць пра ўраган на дэльце.

— Праўда, — пацвердзіла яна. — Вы былі ўдзельнікам гэтай недарэчнай экспедыцыі. Злашчасная авантура! Мы там ледзь не загінулі.

Яна на хвіліну спынілася, перад ёю паставілі блюда з закускай, потым, не павышаючы голасу, загаварыла далей:

— Тады вы, напэўна, бачылі ў нас Анжэліні... Вы ведаеце, яго забілі, небараку...

— Не, я не чуў... У гэтую вайну?

— Так, у Італіі... Ён камандаваў дывізіяй у баі каля Монтэ Касіна. Там і застаўся... Шкада! Мог бы зрабіць бліскучую кар'еру! Мой муж яго вельмі цаніў.

Я глядзеў на яе са здзіўленнем і сам у сябе пытаўся: няўжо яна не адчувае, што яе словы мяне глыбока ўразілі. Выгляд у яе быў нявінны, незалежны, прыстойна маркотны, як бывае, калі гавораць аб смерці чужога чалавека. Тады я зразумеў, што маска зноў на месцы і прыліпла так, што стала яе тварам. Жызэль забыла, што я ведаў яе тайну.



Пераклад: Юрка Гаўрук