epub
 
Падключыць
слоўнікі

Андрэ Маруа

Рыкашэт

Даніэль са здзіўленнем зірнуў на сваю жонку. Рэдкая з'ява, каб яна прыходзіла да яго раніцай.

— Вы хочаце мне нешта сказаць? — запытаў ён.

— Даніэль, зрабіце мне, калі ласка, прыемнасць — схадзіце са мной сёння ўвечары на канцэрт... Рубінштэйн іграе «Прэлюдыі» Шапэна, і я была б рада паслухаць іх разам з вамі. Вось ужо тры месяцы, як вы са мной вечарамі нікуды не ходзіце.

— Вось ужо тры месяцы, — нездаволена прамовіў Даніэль, — як вы мяне ні разу аб гэтым не прасілі.

— Я не прасіла, бо не хацела, каб мяне зняважылі, адмаўляючы. Я дала сабе слова, Даніэль, не навязвацца, чакаць, пакуль вы мяне самі паклічаце, але сёння Анна, для якой я ўзяла крэсла побач, патэлефанавала мне, што не можа, бо хворая. Вось ужо дзве гадзіны, як я шукаю, кім бы яе замяніць, і ўсё марны клопат... Вы ўяўляеце, як гэта сумна і брыдка прасядзець увесь вечар адной каля пустога крэсла!

— Прапануй якому-небудзь мужчыне, — параіў Даніэль.

— Вы ж ведаеце, я паклялася з іншымі мужчынамі кампаніі не вадзіць. Вы мой першы і мой апошні.

— Што тыя клятвы! — нахмурыўся Даніэль.

Хвіліну падумаўшы, ён няўпэўнена прагаварыў:

— Яно, вядома, я хацеў бы зрабіць вам прыемнае, але ў мяне ёсць іншыя абавязкі. Паспрабую ад іх вызваліцца. Калі ўдасца, пайду з вамі на канцэрт.

— Ах, як добра, што вы згадзіліся!

— Ды не, я вам нічога канкрэтна не абяцаю, я толькі сказаў, што паспрабую, — прабурчаў Даніэль.

Ён выйшаў у кабінет і ўзяўся за тэлефон: «Габелен, 43-14». Гэта быў нумар Беатрысы дэ Сольж, якая ўжо некалькі тыдняў была яго каханкай. Ён заляцаўся да яе горача, з няспрытнасцю пераспелага мужчыны.

— Гэта вы? — прашаптаў Даніэль. — Скажыце, гэта цвёрда, што сёння вечарам вы са мной пойдзеце? Не адмовіцеся ў апошні момант, як пазаўчора?..

— Ой, які вы нудны! — пачулася з тэлефона. — У вас зусім няма такту. Пара ведаць, што мне падабаецца толькі тое, што я вырашаю ў апошні момант. Вы што, хочаце сапсаваць мне настрой?

— Прабачце, прабачце, — замітусіўся Даніэль. — Наадварот. Няўжо вы дагэтуль не пераканаліся, што вашы жаданні для мяне закон? Але на сённяшні вечар мне трэба ведаць вашы планы, бо я сам павінен даць адказ.

— Вы жудасны чалавек, — пачулася з тэлефона. — Адкуль я магу ўсё зараней ведаць!.. Вось што... Патэлефануйце мне праз гадзіну... Пастараюся прыняць нейкае рашэнне.

У сталовай, снедаючы разам з Даніэлем, жонка запытала ў яго: ці можа яна разлічваць напэўна. Ён адказаў не без гумару, што яшчэ не высветліў, не паспеў дамовіцца па тэлефоне.

У гэты самы час Беатрыса дэ Сольж тэлефанавала П'еру Прад'е, маладому дэпутату, якога яна сустрэла ў Жэневе і паспела пакахаць.

— Гэта вы, Прад'е? — запытала яна. — Ах, не, гэта вы, мадмуазэль Друэ?.. Мне б хацелася пагаварыць з панам Прад'е... Не, не, калі ён загадаў, каб яго не турбавалі, у такім разе не трэба... Не, не, я разумею... Ён будзе злавацца... Я б толькі хацела ведаць, ці збіраецца ён са мной паехаць на вячэрні сеанс?.. Што?.. Збіраецца... Гэта ў яго запланавана... А вы ўпэўнены, што ён не пераменіць свайго намеру, як гэта было ўчора?.. Не ведаеце... Так, так... Натуральна... А зараз, канкрэтна, ён вам нічога не гаварыў?.. Дзякую, мадмуазэль Друэ... Да пабачэння...

Калі крыху пазней Даніэль патэлефанаваў з кабінета, пакаёўка Беатрысы дэ Сольж яму растлумачыла, што мадам у засмучэнні і вельмі шкадуе, што вечарам не будзе мець часу, бо ёй трэба абавязкова прысутнічаць на сямейным абедзе.

Даніэль накіраваўся да сваёй жонкі — праверыць, ці дома яна. Жонка ляжала на канапе і чытала кнігу.

— Дарагая, — звярнуўся ён да яе, — я вельмі рад, што мне ўдалося нарэшце вызваліцца. Мы разам паслухаем канцэрт. Як гэта цудоўна!

— Які вы мілы, харошы! Мне так прыемна!

— І мне таксама.

Калі ён выйшаў, жонка надоўга паглыбілася ў шчаслівыя мары. Яна моцна ўпікнула сябе за нядобрыя думкі аб сваім мужу.



Пераклад: Юрка Гаўрук

Беларуская Палічка: http://knihi.com