Лімэрыкі (пэданты ставяць націск на першым складзе) — паэтычны жанар, выпрабаваны гісторыяй. Паводле паданьняў, яны паходзяць з Ірляндыі, з аднайменнага места Лімэрык (ці Лімрык), жыхары якога пяялі жартаўлівыя песьні й спаборнічалі гэткім чынам у бязглузьдзіцы. Іншыя спробы вытлумачыць этымалёгію назова не вытрымліваюць крытыкі. Першапачаткова лімэрыкі існавалі ў фальклёры, а пасьля трывала атабарыліся ў ангельскамоўным (і ня толькі) красным пісьменстве. Вялікі дзякуй Эдварду Ліру, які ў сярэдзіне ХІХ ст. напісаў «Кнігу бязглузду» — шэдэўр ангельскай паэзіі абсурду. Кніга складалася менавіта зь лімэрыкаў і адразу выклікала шмат перайманьняў. Гэты літаратурны гатунак дажыў і да нашага часу. Ён традыцыйна ўспрымаецца як жанар дзіцячай літаратуры. (Але ня толькі: яскравы довад — шматлікія пахабныя лімэрыкі!) Адметная рыса гэтых вершаў — спалучэньне неўтаймоўнай фантазіі й пэдантычнага захаваньня жорсткіх фармальных канонаў. Гэта амаль заўсёды напісаныя анапэстам пяцірадкоўі, дзе першы, другі й пяты радкі даўжэйшыя й рымуюцца міжсобку, а зрымаваныя паміж сабою трэці й чацьверты радкі — на стапу карацейшыя. У першым радку звычайна называецца герой верша, яму папярэднічае эпітэт-прыметнік (найчасьцей — нейкая недарэчная якасьць, зь якой і вынікае ўвесь далейшы нонсэнс), ёсьць таксама згадка пра населены пункт (найлепей, каб ён быў непрыдуманым), назоў якога й выносіцца ў канец радка й стаецца першым рымам. Засталыя радкі твору — ляканічны й сьмешны аповед пра абсурдныя падзеі з удзелам згаданага героя. Звычайна ў якасьці населеных пунктаў фігуравалі ці то ангельскія месты й мястэчкі, ці то далёкія, падкрэсьлена экзатычныя тапонімы. Аўтару гэтых радкоў падалося цікавым насяліць псэўдаангельскім нонсэнсам беларускія гарады і вёсачкі, родныя, прыветныя, аддаючы даніну павагі вельмішаноўным землякам. Усе апісаныя ніжэй падзеі, натуральна, выдуманыя, і ўсе магчымыя супадзеньні з рэальнымі асобамі, канечне ж, выпадковыя.
Выкшталцоны п'янюга ў Ашмянах
разьбіраўся ў напоях духмяных:
за парфумай, дальбог,
зранку бег з усіх ног,
скажам шчыра,
— ня надта слухмяных.
Прававерны раскольнік з-пад Веткі
не садзіўся за стол без сурвэткі,
без відэльца й нажа,
без кадзіла й крыжа,
што пацьвердзяць шматлікія сьведкі.
Паліглёт-мнагажэнец з Чачэрску
да жанчын заляцаўся па-зьверску:
ім уголас чытаў
комсомольский устав
ды паэму «Курган» па-шумэрску.
Партызан зь Белавескае пушчы
смажыў бульбу на рыбіным тлушчы.
Жыў, нібы багацей,
ды баяўся гасьцей,
бо, на жаль, быў зусім непітушчы.
Сэксуальны маньяк з Маладэчна
прасталыткам быў рады сардэчна:
іх, нібы сутэнэр,
запрашаў на пленэр
і даводзіў: так жыць небясьпечна!
Далікатная дзеўчына з Брагіна
не зьвяртала і ў лаянцы ўвагі на
існы ў лексыцы мат,
нібы той аўтамат,
прамаўляючы «пэніс» ды «вагіна».
Аднаяйкавай тройні з-пад Мядзелю
на траіх адно далі імя дзеля
большай згоды ў сям'і,
ды браты-гультаі
ўсё адно між сабою ня ладзілі.
Дысыдэнт па дарозе ў Пружаны
быў сустрэтым ваўком напужаны
і пасьля часьцяком
нат з «ганебным ваўком»
ветлым быў і казаў «паважаны».
Малады ваўкалак з Ваўкавыску
меў даволі прыгожую пыску,
у дзіцячым садку
працу вёў у гуртку
й атрымаў гарадзкую прапіску.
Вуграваты вугор каля Берасьця
мізарнеў на самоце ды ў шэрасьці:
ўсіх цнатлівых нявест
звабіў цёплы зюйд-вэст,
ўсе ў Саргасавым моры на нерасьце.
Аднагорбы вярблюд з Магілёва
да законнасьці ставіўся плёва,
ды на ўласным гарбе
зьведаў КК РБ
і Статут ВКЛ дэталёва.
Самы шчыры палітык з-пад Шклова
даў насельніцтву чэснае слова:
будзе водка й расол!
Моцны цешыўся пол —
і рыдала другая палова.
Пачатковец-празаік зь Нясьвіжу
пэнталёгію склаў для прэстыжу.
Як назваць? «Пэнтагон»?
Можа, «Пэнтамэрон»?
Перавагу аддаў «Пяцікніжжу».
Да шляхетнай паненкі з Заслаўя
так нядоўга каханьнем палаў я!
Я сказаў ёй: «Мужчыны
Порткі праць не павінны!»,
А паненка: «У нас раўнапраўе!»
Абяцанкам палітыка з Горадні
не даюць болей веры ні горад, ні
сужаніца, ні дзеці.
Ой, што робіцца ў сьвеце!
Ой, відаць, пачынаюцца гора дні!
Рэстаранны музыка ў Вялейцы
Баха граў на электражалейцы.
А Яган Сэбасьцян
меў шыкоўны баян
і шабашыў на вузкакалейцы.
Сын старога музыкі ў Вялейцы
грае джаз на той самай жалейцы
й толькі вольнай пары
любіць ВІА «Сябры»
й аддае перавагу батлейцы.
Неразважны сатырык з-пад Слоніму
вершы надрукаваў без псэўдоніму
супраць уладара –
і за спробу пяра
атрымаў... (Не знаходжу сыноніму.)
Рызыкоўныя гоншчыкі зь Ліды
выпрабоўвалі супэрбаліды...
Сёньня кожны жыхар
хлопцаў ведае ў твар:
гераічныя ў іх інваліды!
Патрыёт-пабіраха з Смургоняў
ў знак пратэсту жабруе ў вагоне
і сьвядома бярэ
толькі дробныя «рэ»:
на буйных не малююць «пагоні»!
РНЕшнік-суворавец з Кобрыню
не баіцца ні ўдава, ні кобры, ні
каракурта, бо ён
сам нібы скарпіён,
«дзяржбясьпекай» як зброя адобраны.
Найскептычная жэншчына з Рэчыцы
атрымала пасаду дасьледчыцы.
Запярэчыш старой –
толькі скепсьціш настрой:
найскептычным вой кепска пярэчыцца!
Найнавейшы расеец з-пад Копылю
ў патрыманым катаецца «опэлі»:
гаспадар год таму
не патрапіў ў турму
й пахаваны ў мясцовым нэкропалі.
Сама праведны рэзьнік з Лагойску
стаў рабіць абсалютна па-гойску:
праз сваю дабрыню
забівае сьвіньню,
бо сыны ва Ўкраіне, у войску.
У сям'і чарнасоценца з Доўску
сын у сьне гаварыў па-жыдоўску.
Бацька помсьціць гатоў,
закрычэў: «Бі жыдоў!»...
А пасьля дараваў па-бацькоўску.
У зьбяднелага шляхціца з Крэва
ні гарэлкі няма для сугрэву,
ні гуркоў, ні масьлін,
ані іншых расьлін, –
акрамя геральдычнага дрэва.
Сэнбэрнар у папа з Маларыты
меў вялізарныя габарыты,
бачыў смачныя сны
пра кавалак мясны
й памятаў, дзе калега зарыты.
Патрыётка ад мужа з Драгічына
патрабуе праўдзівага вычыну:
«Страшна кінуць ва ўрад
самаробны снарад –
хоць прыбі да падлогі масьнічыну!»
Будаўнік камунізму у Трабах
век-вяком мізарнеў у прарабах,
у мясцовых «кідал»
выкладаў «Капітал»,
рэшту часу цягаўся па бабах.
Ісламіст-бээнэфавец з Іўя
кажа: «З ласкі Аллага адкрыў я
рэлігійны сакрэт:
пуп зямлі – мінарэт,
а навокал – свабодная Крыўя!»
Беларусы з памежных Друскенікаў
не ўжываюць ніколі займеньнікаў:
бо агульнае «мы» –
верны шлях да турмы,
а «яно» – верны шлях шызафрэнікаў.
У нарколяга з Мар'інай Горкі
аксыёму, што сьпірт – вельмі горкі,
кожны ведае сын,
асабліва адзін,
што ня ўнік выхаваўчае поркі.
Прыгажуня й распусьніца зь Мёраў
паказала каханку свой нораў:
«Я сэкс-бомба, і ты,
хоць і надта круты,
не хадзі да мяне безь мінёраў!»
Улюбёнец жанчын з Баравухі
быў гарбаты, рабы, віславухі,
кірпаносы, крывы
і суцэльна сівы
ад сардэчных турбот і сівухі.
У «прасунутай» школе ў Глыбокім
навучаньне было аднабокім:
кантрацэпцыя ў ранцах,
бо аб СНІДзе і пранцах
ўсім вядома даўно назубок ім.
Два хлапцы да красуні з-пад Шчучына
сябрука прывялі на заручыны.
Ўспамінала дарма,
хто жаніх, – і з трыма
заручылася. Дочкі вы сучыны!
Гумарысты да снайпэра зь Лёзна
па ўспамогу зьвярнуліся сьлёзна.
Ой, ня ўнікнуць бяды:
той паўсюль і заўжды
падыходзіў да жартаў сур'ёзна!
Валацуга, прыехаўшы ў Друю,
палюбоўніцу ўбачыў старую.
Сьлёзы сотняю бруй:
«Дарагая, даруй!»
А каханка ў адказ: «Не дарую!»
Прарасійскія гопнікі ў Гомелі
прэзыдэнта надзвычай багомілі,
лукамол, кадэбэ...
Ды пазналі сябе
ў сьцёбных вершах – і аж зьнерухомелі.