epub
 
Падключыць
слоўнікі

Андрэй Федарэнка

Мыла

Той верасень быў надта халодны, дажджлівы, і... хацеў напісаць «нудны», але на няпраўдзе спынілася рука.

Які нудны, калі табе дваццаць адзін год, ты паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову любімага горада-героя Мінска, і вось цябе паслалі «на бульбу» разам з незнаёмымі пакуль хлопцамі і семнаццацігадовымі дзяўчаткамі...

Якая нуда, калі вакол такая прыгажосць - азёрная Віцебшчына са сваімі вёскамі, дзе хаты не адгароджваюцца ад вуліцы платамі, са сваёй асаблівай гаворкай - гэтымі «мальцамі» замест «хлопцаў» ды «прыехаўшы» замест «прыехаў», са сваімі выспачкамі барвова-жоўтых пяшчотных бяроз і асін проста пасярод бульбяных палеткаў, са сваім дрымучым яловым лесам, у якім, аднак, пад цёмнымі шатамі растуць белыя грыбы, са сваім дымком ад вогнішча, дзе ў прысаку пячэцца самы смачны ў свеце ласунак - бульба, са сваім (а цяпер на месяц і нашым) трактарыстам Фрэдзькам, мясцовым мудрацом, які ведаў толк у народных прыкметах і часта, пазіраючы ў неба, упэўнена заяўляў:

- А не, сёння дажджу ня будзіць! - і заўсёды амаль разам з гэтымі словамі пачынаў накрапваць дождж, які затым паступова пераходзіў у аблажны на суткі-двое.

Не - нудным назваць той верасень ніяк нельга. Але тое, што быў ён дажджлівы і халодны, - факт.

Вячэралі і снедалі мы «самапасам» - што Бог пашле ці што гаспадары, у якіх мы кватаравалі, адшкадуюць. Абедалі на калгасным мехдвары, пад навесам, за доўгім, знарок для нас збітым з новенькіх дошак сталом.

У будынку майстэрняў, або ў «ангары», як звалі яго механізатары, там, дзе ў бетоннай падлозе спецыяльная яма для рамонту тэхнікі, паўз сцяну было восем умывальнікаў з халоднай, канечне, вадою. Можна ўявіць, якімі мы вярталіся з поля: адубелыя, злыя, мокрыя, а галоўнае - брудныя. Закарэлыя ад ліпкай, як гліна, зямлі рукі з чорнымі «манікюрамі» пазногцяў ажно свярбелі, такія паспрабуй адмый, каб можна было ўзяцца пасля за лыжку, за хлеб. А тут на ўсіх, чалавек трыццаць, не лічачы механізатараў, адзін разлезлы абмылачак, які, калі і дачакаешся яго, не столькі знішчае гразь, колькі, здаецца, яшчэ больш уцірае яе ў скуру. Непрыемна! Я падумаў, што вось мне харошы шанс вылучыцца сярод сваіх (абавязкова ж заўтра нехта спытае: чыіх рук работа? - а хтосьці абавязкова адкажа), а заадно прысароміць мясцовых, паказаць ім, што хоць бы дзеля нас, гасцей, маглі б парупіцца аб такім неабходным прадмеце гігіены.

Увечары я купіў у мясцовай краме восем кавалкаў мыла, самага таннага, «Туалетнага», па чатырнаццаць капеек за штуку, паразгортваў і паклаў каля кожнага ўмывальніка, і падалося, што змрочны «ангар» нібыта крышку пасвятлеў, неяк больш утульна, па-чалавечы там стала.

У абед наступнага дня ніводнага кавалка на месцы не аказалася. Гм...

Ёсць у мяне адна ці то добрая, ці то дрэнная рыса - упартасць. Вечарам, да немалога здзіўлення прадаўшчыцы, я набыў чарговыя восем кавалкаў. І на наступную раніцу, перад тым, як ісці на поле, забег у майстэрні і зноў параскладаў іх акуратна...

І зноў у абед не было ніводнага кавалка.

Гэта ўжо насцярожыла. Хто з механізатараў настолькі бедны? Ці гэта - свядомая акцыя? Але - навошта? Каб не лез са сваім статутам у чужы «ангар»? Хай так і застаецца адзін на ўсіх абмылак? Мы ж не мыемся - мы табе памыемся!..

Не! У людзей, у кожнага, ёсць элементарны сорам, і ён павінен абудзіцца рана ці позна.

Я пачаў купляць мыла рэгулярна, гэтак жа рэгулярна яно пачало знікаць. Быў момант, калі ў мяне на поўным сур'ёзе ўзнікла дурная думка - прыносіць яго, гэтае мыла, толькі ў абед, а на ноч забіраць. Вось была б ім (чамусьці ўяўлялася, што «іх» многа) радасць!

Недзе праз тыдзень я падлічыў фінансы і задумаўся. З такімі тэмпамі да канца «бульбы» мне хопіць толькі на мыла. А цыгарэты? А хлопцам, з якімі разам харчуюся, што даваць у складчыну? Можа, напісаць маці, папрасіць, каб прыслала грошы пераводам? Тлумачачы тым, што трэба восем кавалкаў мыла ў дзень? Глупства... Аднак жа і не здавацца, не складваць лапкі. Думай, галава, шапку куплю!

І галава надумала: чатыры кавалкі, аказваецца, лёгка падзяліць напал. Абломкам старой касы я пачаў разразаць сваё «Туалетнае» - не разгорнутым, канечне, - і класці, як скупы армейскі старшына, каля ўмывальнікаў палавінкі.

Той самы вынік. Мыла знікала, нібы якаясь дурная карова злізвала яго сваім дурным языком. І тое ж пытанне - навошта?! Каму трэба, каб было горш? Я ж не клаў атруту, ад якой магла б пайсці на руках кароста, - наадварот... Што гэта? Звычайнае вясковае дзікунства? Як у тым выпадку з ракамі? Калі адзін мясцовы (прытыраны!) хімзаводзік зліў у сажалку ядавітыя адходы, і ў ёй перадохла ўсё жывое - акрамя ракаў; яны выкарабкаліся на бераг і пайшлі да суседняга чыстага возерка. Паўзлі - у спёку, чапляючыся клешнямі за сухую траву, нязграбныя, калючыя, шапацелі, грэбліся... На бяду, іхні маршрут перасёкся з вясковай вуліцай. Угледзеўшы працэсію, павыбягалі стары і малы, дужы і слабы, хворы і здаровы, лупілі дручкамі, чавілі нагамі, хвасталі дубцамі - і не супакоіліся, пакуль не знішчылі «ворагаў» усіх да аднаго.

Навошта, спытаеце, іх было біць?

А мыла нашто красці?

Пайшоў трэці тыдзень. Я ўжо чацвертаваў свае кавалкі - апошняя крайнасць, далей не было куды. Прадаўшчыца ў краме прывыкла да мяне і, пабачыўшы, не пытаючыся, звыкла апускала руку ў скрынку з мылам. Не ведаю, што яна пра мяне думала.

Пачаўшыся амаль як жарт, як бязвіннае спаборніцтва: хто каго? - мыльная гісторыя паступова зрабілася для мяне ідэяй фікс - навязлівай ідэяй, перайшла ў зацятае змаганне, калі не ў вайну - вайну здаровага сэнсу і этыкі з тупасцю і цемрашальствам. Прычым усё часцей пачынала мне здавацца, што ў вайне гэтай з супрацьлеглага боку дзейнічаюць не жывыя людзі, з рукамі, нагамі і галовамі, а якаясь няўлоўна-нябачная, злая сіла, моц якой у тым, што намераў яе не было ніякай магчымасці разгадаць.

На дваццаць пяты дзень я здаўся. Узнікла была, праўда, думка дзяліць яшчэ і чацвертаваныя кавалачкі, але тое было б нашмат горш, чым годна прызнаць сваё паражэнне і ў думках паціснуць праціўніку яго нямытую руку.

Але гэта не канец. Той эпізод стаўся толькі прэлюдыяй да маёй будучай жыццёвай «мыльнай оперы».

Аднойчы ўлетку на канікулах, у роднай вёсцы, надумаўся я зрабіць цераз нашу вузенькую рэчку масток, хоць бы з чатырох кладак, бо ляжала там усяго адно бервяно, круглае, вечна слізкае, нязручнае, небяспечнае. Я насёк у лесе жэрдачак, абчасаў, паклаў, зрабіў парэнчы, палюбаваўся на сваю работу, пакурыў, папляваў у ваду і пайшоў задаволены. Назаўтра ўсё было пабурана, зламаныя парэнчы плавалі ў вадзе, жэрдак не было і следу. А ляжала на іх месцы тая ж слізкая калодзіна. Чатыры дні я ўпарта «наводзіў» свой масток (паміж культураю і дзікасцю), і кожная спроба заканчвалася няўдачай.

У Магілёве - зноў-такі ў студэнцкія гады, на практыцы, быў у нас у інтэрнаце вахцёр, ніякі не адстаўны вайсковец, як многія з вас, напэўна, падумалі, - звычайны мужчынка, інтэлігентнага выгляду, прыстойна апрануты, з акулярамі на носе і са свежай газетаю ў руцэ; дык вось - ён ніколі не вітаўся. На працягу месяца ў кожную яго змену я гучна жадаў яму «добрай раніцы!», а ў абед - «добрага дня!». Нуль на масу. Ні слова ў адказ.

Бог ты мой! - толькі цяпер цюкнула ў галаву: дык а наша пісьменніцкая праца хіба гэта не тое ж «мыла»?! Адсюль «мыльныя оперы», серыялы, «мыльныя эпапеі» і г. д. «Мылам» называюць літаратурную цягамоціну... І як тут не згадаць бессмяротнага Лёвіна з «Ганны Карэнінай», які, «разглядаючы і разгортваючы духмяны кавалак мыла, прамовіў: - Гэта ж твор мастацтва!»

Хіба мы, работнікі пяра, не займаемся тым усё жыццё, як толькі «наразаем» раманы, п'есы, аповесці, навелы і кладзём іх для агульнага карыстання, паняцця не маючы, хто іх забірае, якая з іх каму карысць, у якую прорву яны знікаюць?..

Сізіф ускочвае на гару камень, той затрымліваецца на імгненне - і па-а-акаціўся ўніз! Сізіф выцірае з ілба пот, спаўзае на «пятай кропцы» ўніз - і ўсё па-новаму... Навошта? Як вы лічыце?

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com