epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Федарэнка

Пошласць

Мне пашэнціла пражыць з ім у адным інтэрнацкім пакоі амаль паўгода, з зімы да летняй сесіі, а раскусіў я яго менш, чым за тыдзень: гэта быў закончаны, завершаны пашляк.

Пошласць сама па сабе адна з горшых чалавечых якасцяў; пашляк і ў сваім сапраўдным, класічным абліччы - не падарунак. Але ўдвая горш пошласць завуаляваная, калі пашляк маскіруецца пад мараліста, калі ён цвярозы, станоўчы, надзелены сякой-такой памяццю, дастатковай для запамінання сентэнцый кшталту «спяшайцеся рабіць дабро», «твор не пра вайну, а пра чалавека на вайне», «людзі створаны для шчасця» («хлеб усяму галава», «беражыце лес ад пажараў»)... Такога не саб'еш з тропу, не зацягнеш на глыбіню, з такім не ўсчыніш дыскусію аб дуалізме таго ж «дабра» - паняцця крайне размытага, адноснага, бо адзін лічыць дабром нарадзіць дзіця, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва, а другі - забіць дзіця - напрыклад, абортам, разбурыць дом - каб вызваліць месца для новага будынка, і ссекчы дрэва - бо яно ад старасці і ветру можа паваліцца і нарабіць шкоды...

Напачатку, уражаны гэтым тыпам, які, здавалася, скочыў у жыццё проста са старонак падручнікаў па літаратуры, псіхалогіі і псіхіятрыі, я любіў разыгрываць яго. Мяне забаўляла, што для гэтага таўкача не існуе ў прыродзе, у свеце і ў сусвеце пытання, над якім ён хоць на хвілінку задумаўся б.

- Для чаго мы жывём на свеце? - стараючыся быць сур'ёзным, пытаў я.

- Каб адшукаць чалавека ў чалавеку.

- Што будзе з намі пасля смерці?

- Небыццё і вечная ноч.

- Ці існуюць рай і пекла?

- Яны ў нас саміх. Кожны атрымае па заслугах.

- Што галоўнае ў жыцці?

- Заставацца ва ўсіх абставінах чалавекам.

Гэта нагадвала спірытычны сеанс, дзе я выступаў у ролі спірыта, а наш герой быў духам. Кусаючы вусны, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць, радуючыся таму, што ў пакоі паўзмрок і на маім твары нічога нельга ўбачыць, я працягваў «круціць сподачак»:

- Ці ёсць каханне?

- Каханне валодае светам, - імгненна гучала ў адказ.

- Што такое дабро?

- Жыццё дадзена нам на добрыя справы.

Само сабою, як і ўсе падобныя унікумы, ён вёў здаровы лад жыцця, быў ворагам спіртнога і тытуню, называючы першае «атрутай душы», а другое (чамусьці) «ядам для галаўнога мозгу». На маё сціплае пярэчанне, што цыгарэты хутчэй яд для лёгкіх, гэты дурань паблажліва пасміхнуўся і паказаў пальцам у столь:

- Мозг - усяму галава!

Кожную раніцу ён пачынаў з зарадкі, прысядаў, крактаў, напаўняючы пакой рэзкім пахам поту і начнога нямытага цела. Сінія, бязвінна-бяздумныя гузікі вачэй. Стрыжка «пад бокс», скуласта-насаты баксёрскі твар - і зусім не баксёрскае, не спартыўнае, а рыхлаватае, налітае нездаровай паўнатой цела. Яму было ўсяго дваццаць, а сталасць, нават старасць ужо клалі на яго свой адбітак. Ёсць нейкае афрыканскае племя, людзям якога не вядомы такія фазы жыцця, як падлеткавасць і ўзмужанне, - яны адразу з дзяцінства, гадоў з васьмі, пачынаюць старэць, прынамсі, тварам і целам; дык ён мог бы сысці ім за неблагога правадыра.

Гардэроб яго складаўся з старэнькага сіняга школьнага касцюма, дзвюх выцвілых ад часу і поту кашуль, трох пар шкарпэтак, заношаных і замытых да таго, што літаральна кожны вечар даводзілася латаць іх - «даваць рамонт», як ён жартаваў, усоўваючы ў шкарпэтку перагарэлую лямпачку; адных і тых жа зімою і летам чаравікаў, адубелых, адпаліраваных дажджом і ветрам, спёкай і сцюжаю, страшэнна слізкіх - у галалёд, ды нават і на проста ўтаптаным сняжку, ён падаў некалькі разоў на адлегласці ста метраў, што трэба было прайсці ад інтэрната да вучэбнага корпуса, грымаўся страшна, як падкошаны, адно ўзляталі ўверх ногі - іншы касцей не сабраў бы, ён жа пругка, як мячык, адскокваў ад дарогі і, абціраючыся, атрэсваючыся, толькі пасміхаўся:

- Чуць не ўпаў!

З дому, з вялікай, здаецца, больш за дзесяць чалавек сям'і грошай яму не перападала, затое прывозіў многа бульбы і часнаку. Нават студэнцкая сталоўка была дарагая для яго, і ён гатаваў сабе сам, заўсёды адну і тую ж страву, «супчык» - адвар з бульбы, прыпраўленай часнаком і кавалачкамі таннай, з белымі ўкрапінамі неапетытнага сала каўбасы. Часнок, цэлымі зубкамі, еў ён і ўпрыкуску, называючы яго «часнык», а каўбасу - «кілбаса», і мяне заўсёды раздражняла гэта, як у расейскай мове раздражняе наўмыснае «булошная», «молошная», «вверьх»... Еў хутка, прагна, ад вялікай колькасці часнаку ікаў, адрыгваў, кожны раз са словамі:

- Прашу пардон!

Наеўшыся, паляпваў сябе па жываце:

- Нажэрся, як дурны на памінках, - і тут жа, пераходзячы на сур'ёзны тон, тлумачыў: - На памінках звычайна не ядуць, туды збіраюцца, каб аддаць апошнюю даніну памяці нябожчыка.

З філалогіяй у яго ўвогуле былі дзіўныя стасункі. Ён не прызнаваў скарачэнняў і абрэвіятур, казаў не кіно, а кінематограф, не метро, а метрапалітэн, не універсам, а універсальны магазін, не эсэсэр, а эсэсэсэр або нават расшыфроўваў і гэта.

Як ён - такі - паступіў? Ды звычайна, без экзаменаў, як многія, асабліва дзяўчаты, тады паступалі. Калгас даваў накіраванне і браў падпіску, што абавязкова вернешся назад пасля вучобы. Дзеля гэтага трэба было крыху ў тым калгасе папрацаваць. Наш летам пасля школы палоў буракі і называў гэта - «задзейнічанне ў паляводстве». Маці яго даіла кароў на ферме, ён казаў - «у галіне жывёлагадоўлі», бацька быў звычайным лесніком, і гэта значыла:

- Спецыяліст у лясной гаспадарцы.

Вясною, калі па тратуарах пабеглі вясёлыя брудныя раўчучкі ад расталага снегу, калі прыляцелі і заспявалі шпакі, а на дрэвах пачалі набрыньваць пупышкі, наш герой раптам перастаў рабіць зарадку. І ўвогуле ён змяніўся. Усё больш маўчаў; абкладзены газетамі і канвертамі, памногу штосьці пісаў, машынальна закрываючы напісанае даланёю. Хадзіў нечага на пошту з пашпартам. На яго звычайна гладкім, хоць парасят аб яго бі, лбе з'явілася малюсенькая зморшчынка - прыкмета напружанай разумовай працы.

Зачасціў да яго ў госці нейкі сябрук па імені Юры, зусім малады, прыгожы хлопец, з іголачкі апрануты, не сказаць, каб дурны... Як, дзе яны пазнаёміліся, як сышліся, чаму пасябравалі, чым увогуле кіруецца лёс, зводзячы такіх зусім розных людзей, - не ведаю, гэта вечная загадка, якую, мне здаецца, да скону дзён не разгадаць нікому.

Наш ляжаў на ложку ў сваёй любімай позе - рукі за галаву, Юры прысаджваўся побач на табурэтцы. Я сядзеў за сталом спінаю да іх, унураны ў кнігу, і, згараючы ад цікаўнасці, лавіў кожнае слова.

Так - з іх размоў, а з майго падслухоўвання і стала тайнае яўным. Высветлілася, што за пісьмы ён піша, чаму ходзіць на пошту і куды пачаў знікаць па вечарах... Каханне! Пошукі, як ён прызнаўся сябру, «адданай спадарожніцы жыцця» - праз газетныя рубрыкі знаёмстваў.

Эх, мне б пачытаць тыя пісьмы! Пабыць нябачным сведкам хоць на адным яго спатканні! Дорага б я даў, каб толькі зірнуць на яго абранніцу, не кажучы ўжо, каб паслухаць хоць кавалачак іхняй размовы...

Аднойчы я не вытрымаў, крадком пайшоў следам за ім, цалкам ператварыўшыся ў шпіка з усімі атрыбутамі: падняты каўнер плашча, насунуты на вочы брыль кепкі, купля непатрэбнай газеты ў кіёску, заварочванне за вугал, калі ён азіраўся... Мяне чакала поўнае фіяска. Ён без усялякай мэты бадзяўся па вуліцах, тупа глядзеў на чужыя балконы, купіў марожанае - хоць было вельмі холадна, пара ішла з рота - і гарачы пончык, перакусіў, спусціўся ў метро, паехаў у парк Чэлюскінцаў і там сядзеў на лаўцы нерухома гадзіну і тры хвіліны (я, змерзлы, прытупваючы, хукаючы на рукі, - за елкаю). Потым паехаў дамоў.

Калі аб'явіўся я, ён паспеў павячэраць і ляжаў на ложку ў сваёй звыклай позе.

Уявіце малюнак: прыцемкі, фортка зачынена, у пакоі застаялы пах шкарпэтак, часнаку і «супчыку», радыё ўключана, а наш дзівак ляжыць - рукі пад галаву, і... марыць. Пра штосьці апетае паэтамі, незямное, веснавое, чыстае, светлае...

Заглянуў Юры. Прымасціўся на табурэтцы, паклаў нашаму руку на лоб, як клапатлівы доктар хвораму, як старэйшы і мудрэйшы брат легкадумнаму малодшаму, як добры бацька любімаму сыну.

- Зайздрошчу я табе, Юры. Ёсць у цябе з кім душу адагрэць.

- Нічога, - суцяшаў сябар. - У цябе ўсё яшчэ наперадзе. А мне не зайздросці. Кажы сабе: магло быць і горш.

- А магло быць і лепш.

- А магло і лепш, - згаджаўся Юры. Тонкія далікатныя пальцы яго пяшчотна церабілі валаскі на чужой мужчынскай галаве.

- Цярпенне, цярпенне... Шукаць, выглядваць, прыслухоўвацца, прымярацца. Была адна - фу, з дзіцем, трэба ты мне. І што яны яшчэ хочуць? Маску я сарваў з іх - нічога пад ёй няма. Усё - не вярнуць.

- Нічога, нічога, ты яшчэ малады.

- Малады, але без барады. (Наш таксама ўмеў адказваць дасціпна, нават у рыфму.) Што ж, трэба вера, цярпенне. Толькі так.

Я пакутаваў не менш за яго. Цікаўнасць раз'ядала мяне, як іржа жалеза. Нарэшце я адважыўся на крайні сродак.

Я пайшоў да самай апошняй - пробаў не было дзе ставіць - шлюхі, вядомай усяму інстытуту, акрамя, канечне, нашага святога героя, і сказаў шчыра, нічога лепшага не прыдумаўшы:

- Света, я заплачу табе сто рублёў (даляраў дзвесце на тыя, савецкія, грошы), калі ты з ім пераспіш. Мне кроў з носа трэба ведаць, як ён будзе паводзіцца з жанчынаю. Ты перакажаш мне ўсе дэталі, усе яго словы, дзеянні - да кожнай драбнічкі...

- І за гэта - сотку? - аблізнуўшы вусны, недаверліва перапытала Света. - Але навошта табе?

- Мая справа.

Света пайшла. Я толькі-толькі падрыхтаваўся цярпліва чакаць яе на калідоры, як праз дзесяць хвілін яна вылецела з пакоя куляю, задыханая, чырвоная, разгневаная.

- Пайшоў ты са сваімі грашыма!..

- Светка, - лавіў я яе за руку, - ну хоць слова!

Яна спынілася. Працадзіла неахвотна:

- Пачаў чытаць мне Багдановіча...

- Што-о-о?!

- ...І, як назло, верш, які я ведаю і вельмі люблю. А ён ім сабраўся мяне заводзіць. Дык так гнюсна, фальшыва, кожны радок скажаючы, блытаючыся, ставячы абы-як націскі... Усё б я вытрымала, але не гэта!

Адсмяяўшыся, я дастаў з кішэні падрыхтаваныя чатыры дваццацьпяткі і працягнуў ёй:

- Заслужыла!

Яна адвяла маю руку і, гледзячы мне ў вочы, сказала раптам:

- А ведаеш, што я табе скажу? Ты са сваімі эксперыментамі пашляк яшчэ горшы, чым ён, - і, збягаючы па лесвіцы, перад тым, як знікнуць з маіх вачэй (але не з памяці), азірнулася: - Падумай над гэтым добра!

Вось думаю...

 


1997

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая