epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Макаёнак

Кашмар

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ. ЯВА
ДЗЕЯ ДРУГАЯ. СОН
ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ. ВАЗНЯСЕННЕ


 

Небяспечная камедыя ў трох дзеях

 

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Стары — ён жа і прэзідэнт.

Старая — маці.

Дачка — яна ж актрыса.

Сын — ён жа віцэ-прэзідэнт.

Нэла — яна ж сакратар прэзідэнта.

Дружок — ён жа памочнік прэзідэнта.

Гаспадар — галава ваенна-прамысловага комплексу.

Ваенны міністр.

Міністр фінансаў.

Міністр па шпіянажы.

Раб.

Тэлерэпарцёр.

І шайка міністраў у масоўцы.

 

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ. ЯВА

Ява — не сон, але і наяве часам такое бывае, што і ў сне не прысніш. Прастор такі, што па лініі гарызонту відно — Зямля наша ўсё-такі круглая. І вось на гэтай самай акругласці, недзе далёка-далёка, віднеецца сілуэт пасялення — сялібы людскія на зямлі запаветнай. Лета. Луг. Стажкі. Зелень. Ціша. Спакой. І над усім гэтым — блакіт. Прыгажосць казачная. Пташкі шчабечуць, верабейкі чырыкаюць, конікі стракочуць, звіняць камарыкі, гудуць пчолкі, і чмель завяршае свой палёт. Калі адным словам, то — рай. Недзе кукуе зязюля.

А тут — гора. Тамленне духу.

Богападобны біблейскі старац ледзь перасоўвае ногі. Пакутуе старча. Проста млее. Стары ў белай ільняной доўгай сарочцы навыпуск. Парусінавыя штаны памятыя. Босы. Брыдзе і валачэ за сабой найсучаснейшы транзістар. Многаканальны.

Якое ж гора няўцешнае ў цябе, чалавеча? Якая ж бяда напаткала цябе? Ад чаго на твары тваім такія мукі адбіліся? Чаму ж ты слязамі так заліваешся? І маўчыш. Ціха, бязгучна плачаш, нібы гора тваё сусветнае, нібы бяда твая непапраўная, нібы боль у цябе не толькі твой, а ўсяго твайго роду-племені. Ты крыкні, стары, крыкні! Вызвалі душу, аблегчы яе крыкам. Ну, паспрабуй выплеснуць са словамі тую горыч, што накапілася ў цябе на сэрцы. Ну! Не даюцца яму словы. Нібы зблыталіся яны і захраслі ў горле клубком, камком, і ні пракаўтнуць яго, ні выкашляць. Ну, вытры слязу, стары. Пракашляйся. Скажы хоць што-небудзь. Стары адкашляўся, нібы папярхнуўся, а потым, не раскрываючы вуснаў, працягла, ціха і жаласліва, нібы ў муках, прастагнаў.

Стары. О-о-о-й-і... Што ж ты нарабіў, сынок? Якую ж ганьбу ты наклікаў на ўсю фамілію нашу? Роду нашаму прынёс (аж захліпнуўся) такую славу! Ды дзед жа твой за такое тапаром бы цябе засек. Пры людзях бы засек. А братам тваім як? А сёстрам? А маці тваёй цяпер як у вочы людзям глядзець? А мне куды вочы... куды іх схаваць?

Набліжаецца жанчына. Яна ступае асцярожна, нібы баіцца ўспугнуць Старога, нібы апасаецца, што ён знікне, збяжыць. На твары ў яе шчырая спагада, душэўнае разуменне вялікага гора гэтага чалавека. Ну вядома, яна — жонка Старога. Чулая. Добрая.

Старая (ціха, асцярожна, далікатна). Як жа ты мучышся, родны мой! Як жа цябе скруціла! Куды ж ты? Пастой! Чаму ж ты кідаеш мяне? Я ж усю ноч шукала цябе. Я ж усё сяло на ногі падняла. Я ж падумала ўжо, што ты і рукі налажыў на сябе. А ты во дзе... Ну пастой! Ну пачакай! Хадзі пагаворым з табой... (Выставіла рукі, нібы голуба запрашае сесці на далоні.)

Стары дзікавата спыніўся. Стаіць, схіліўшы галаву, утуліўшы яе ў плечы, адвярнуўшы твар ад жонкі.

Стары. Што тут скажаш? Што тут гаварыць? Старая. А мы ўсім сялом цябе шукалі. Рэчку ўсю, усе віры перагледзелі, перашчупалі, перамацалі. А ты тут. (Раптам хваліцца, як маладайка.) Я ведала, што ты тут. Душа чула, што ты каля сваіх каровак, на лузе. А дзе ж ты быў? Калі мы аукалі тут, ты дзе быў?

Стары. Ад людзей хаваўся... Вунь там, у стозе. Старая. А я думала, што і сама памру. Калі не знайду — памру. І знайшла ўсё-ткі. (Падыходзіць, быццам падплывае да Старога.)

Стары абдымае жонку. Абое заліваюцца слязамі. Паціху ўсхліпваюць. І раптам Стары, расчулены жаночаю ласкай і жаласцю, завыў, ды так шчыра, з такім натуральным пераходам ад рэчытатыву да песні, нібы ў гэтую песню ён і пераліваў свой душэўны боль.

Стары. Гора... Гора якое... «Гора горкае па свету шлялася і на нас незнарок набрыло...»

Старая (ашаломленая). Што з табою? Не троба так, не трэба! Ну што з табою? Ты ж на вяселлях ніколі не спяваў, на хрысцінах ніколі. А тут... А? Што з табой?

Стары. Во-от... А тут... запеў...

Старая. Ну колькі ён там таго ўзяў?

Стары. Не ў том дзела — колькі, а ў том, што ўзя-яў! Дзед мой, прадзед мой наказвалі... Бацька мой, паміраючы, завяшчаў як вока берагчы чэсць роду свайго, добрую славу, каб даражылі павагай людской. Калі, хто з нашага роду на чужое паквапіўся? Было такое?

Старая. Не, не было.

Стары. Нават калі згублена каля нашага двара... Старая. То гэта не згублена.

Стары. Хто калі ўсумніўся ў нашай чэснасці? Старая. І такога не было.

Стары. Не магло быць.

Старая. Не магло, не магло.

Стары. Во-о, рэпута-ацыя! А тут? Каб мой сын ды ўдаву пакрыўдзіў, дзяцей-сірот?! Ды не адну, а дзвюх!

Старая. Можа, нічога і не было, можа, яны напрасліну ўзвялі, можа, самі аблічыліся.

Стары. Не затуляй яго! Рэвізію прыслаў пракурор! Следствіе, допыты вядуць. Пра майго сына!

Старая. Ну во — і пачакай. Хай рэвізія. Хай дапросяць. А там і выявіцца, што ён нічога... што ён невінаваты.

Стары. Выявіцца? А пляма? А падазрэнне? А? Старая. Вунь карова нешта... галавой матляе. Заблыталася, ці што? Ідзі-тка паглядзі. Галаву задзірае, нібы пець збіраецца.

Стары пайшоў да каровы.

Гора ты маё векавечнае. Са злодзеем, кажуць, нядобра жыць, вечна пад страхам, вечна ў трывозе. Але ж і з маім ой як не соладка. Гэтая ягоная чэснасць у пячонках у мяне сядзіць і ў дзяцей. І сяло ўсё на дыбачках перад ім. Вот вазьмі і памаж яму мёдам па губах, дык калі не сваім — нізашто не абліжа. Вытра, а не аблізне.

Вяртаецца Стары.

Стары. Пысай ткнулася ў правадок пад токам. Во і круціць цяпер рагамі.

Старая. Здорава б’е? Балюча?

Стары. Паспрабуй сама, тады і пытацца не трэба.

Раптам недзе ў небе выбух і грукат звышгукавога рэактыўнага самалёта. Стары і жонка, задраўшы галовы, сочаць за самалётам.

Старая. Цьфу на цябе, перапалохаў.

Стары. У людзей дзеці — арлы, сокалы! А мой сын?

Старая. Не наракай! Не гняві Бога! Мае дзеці, ты глядзі ў мяне. Я за іх... Старэйшая дачка — доктарка. Якаў — канструктар на спытацельнай станцыі. Мікола — аграном. Пятро — суддзёй у сталіцы. Анюта — па рыбах спецыяліст. Соня і Клава з Дошкі гонару не злазяць. А Жорка, а Міля?

Стары (крычыць). А гэты? А? Жан? Не Іван, а Жан! Імя сабе падмяніў. Не як людзі, як бобік. Не ў поле, не к станку, не на трактар пайшоў. А лёгкага хлеба шукае. Вучыцца лень. Працаваць лень, а жыць раскошна хоча. Хто ён? Адкуль ён? Таргаш? Бізнесмен?

Старая. Не выдумляй. Ну хай хоць адзін паспрабуе...

Стары. Што паспрабуе? Аблічваць? Ашукваць? Удаву з чатырма дзяцьмі аблічыў на сорак дзве капейкі! А? Што? А гэту, храменькую, і так Богам пакрыўджаную, аблічыў на сямнаццаць капеек. А? Чыя ў яго фамілія? У гэтага твайго Жана? Дзе ў яго сорам? Ім хіба дарма дастаецца гэта капейка? Яны трудом прыдбалі яе. А тут — на табе — знайшоўся спец-купец... Машэннік! Дзялок! У Амерыку яго, ядры яго за нагу! Во там хай! А тут... Няма яму месца тут!

Старая. Вот ужо ўбачыў грэх...

Стары. Так, грэх! Зганьбіць род! Прадаць за сорак дзве капейкі?! Размяняць фамілію на сямнаццаць дробных манетак?!

У небе зноў гуркоча самалёт.

Вунь бы яму дзе! Там не разменіш. Там увесь на віду.

Старая. А што ўжо там асаблівае? Падумаеш, лётае. Дым пускае ды гуркоча, аж галава баліць. Бачыш, шлейф які? Паветра чыстае смуродзіць і пташак распужаў — вунь прыціхлі, прысмірэлі. А дыму колькі!..

Стары. Да, дыму ён трохі лішку... Карбюратар, відаць... (Крычыць у неба.) Карбюратар, карбюратар папраў! Не пачуе. Хоць бы назад азірнуўся. Таксама, відаць, пражыгацель, ліхач, абы пакрасавацца. Палавіна гаручага не згарае, а ён... Транжыр! Пражыгацель!

Старая. Ну во, а ты на свайго ўз’еўся за сорак дзве капейкі, за сямнаццаць. А там, можа, цэлая бочка бензіну ў трубу вылятае. А наш... Ну што ён там ужо...

Стары (узрываецца). Прынцыпы! Прынцып які? Людзей абдзіраць? Так можна і да разбою! Да грабяжу!

Старая. Ну ціха ты, ціха. Ну вярну я ім і сорак дзве капейкі, і сямнаццаць. Вярну.

Стары. А ганьбу куды? А сорам куды? А чэсць роду? А людскую павагу? Купіш? Выйграеш у латарэю? А? Імя! Імя добрае як адмыеш? У спіральную машыну не сунеш.

Старая. Можа, памыліўся, можа, і сам таго не хацеў хлопец. А ты... Жыўцом яго з’есці хочаш.

Стары. Хай не памыляецца! Яго вучылі. Дзесяць класаў скончыў. У арміі адслужыў. У ракетных войсках. Мог і там памыліцца? Не мае ён права памыляцца.

Старая. Ну што тыя дзесяць класаў? Вунь з большай адукацыяй і то памыляюцца.

Стары. Хто? Дзе?

Старая. У Дзяржплане.

Стары. Не можа быць! Не паўтарай паклёпу.

Старая. Ну то, можа, у Міністэрстве фінансаў...

Стары. Тым больш! Там-то ўжо ўмеюць лічыць.

Старая. Ды ты што? Не чуў хіба? Люся, ну гэта — парыкмахершы нашай дачка, універсітэт амаль што скончыла, цяпер (нібы прабачэння просіць), далібог, у Дзяржплане працуе, машыністкай. Коску не там паставіла, і на мільён памылка выйшла. А то — сорак дзве капейкі, і ты... А Бо-ожачкі!..

Стары. Дык жа не з бюджэту ўдавы!

Старая. А мільёны збіраюць з усіх: удава ты ці не ўдава.

Здалёку крычыць, нясе радасную навіну дзяўчынка. Крычыць звонка, на ўвесь луг, радасная, усхваляваная малодшаядачка.

Дачка. Ма-а-ма! Та-а-та! Растра-а-ата-а! (Нібы віхор, кружыць васьмёркі вакол бацькі і маці.) Ра-астра-а-ата-а!

Старая. Якая растрата? Дзе растрата? Што ты пляцеш?

Дачка. У нашага Жана! Растрата! Во! У нашага Вані. Тата, радуйся — у Вані растрата! (Крычыць усяму свету: лугу, лесу, небу, птушкам, бацьку, маці.) Ра-астра-ата-а!!

Старая. Ціха ты! Не крычы, дурненькая.

Стары. Толкам кажы, якая растрата?

Дачка. Якія ж непанятлівыя ў мяне продкі! Рэвізія выявіла недастачу. У Вані не хапае грошай.

Старая. Недастача, кажаш?

Стары (нібы яго ўкалолі). Як так — не хапае?!

Дачка. А вось так — няма, і ўсё. (Абтрэсла далоні.) Дзвесце сорак два рублі і сямнаццаць капеек.

Стары. Як жа недастача, калі ён аблічваў, драў?

Дачка. Ну, значыць, не аблічваў і ні з каго не драў. А наадварот — сам аблічваўся, даваў болей здачы па дабраце.

Стары. Як гэта сам?

Старая. Што ты гародзіш, дурненькая?

Дачка. Ох, якія ж вы някемлівыя! Ну, дасі яму рубель, а ён дасць памаду і яшчэ паўтара рубля здачы.

Стары. Ды ён што? Дурны?

Дачка. Не дурны, а добры. Ну, прыйдзе хто-небудзь купляць паліто, а тут не хапае якіх-небудзь трох капеек. Дык што? Адпраўляць чалавека дамоў, ганяць за тры капейкі? Тут жа ўсе людзі свае.

Старая (папракае). І пракурору ніхто заявы не напісаў...

Стары. Не было такога!

Дачка. Ты пракурору гэта скажы, дык ён табе растлумачыць: недастача ёсць? Ёсць. Факт? Фа-акт, а не сон у летнюю ноч.

Старая. А чаму ён так рабіў?

Дачка. Я ўжо сказала: таму што добры. Ну чаму бываюць людзі добрыя? Добры, і ўсё. Вот і аблічыўся.

Стары. Гэта ён так сказаў?

Дачка. Не, гэта я сама так дагадваюся. А другога і быць не можа. Вот каб я была прадаўшчыцай, я б таксама вот так... Думаеш не? Тата, а ты? Вот каб ты... Як бы ты? А, тата?

Стары (яго прыціснулі да борта). Ты во што... Ты свае домыслы, свае фантазіі... Ты для сачынення на экзаменах прыберажы.

Старая. Якая ж ты ў мяне яшчэ дзівачка. Проста з казкі. (Старому.) Ну, во, а ты гаварыў. А ты выў, скуголіў. Бачыш, якія дзеці ў цябе? (Абняла дачку, прыгалубіла.) Любая мая! Сардэчная! гонарам.) Парода такая!

Паўза.

Дачка выкаўзнулася з абдымкаў маці, узяла бацькаў транзістар, уключыла яго. Чуваць прыемны святочны жаночы голас. Дыктар амаль весела расказвае аб апошніх падзеях на нашай планеце.

Радыё. ...Трыста дзесяць танкаў і шэсцьдзесят самалётаў, а праціўнік страціў дзвесце сорак два танкі і дзевяноста самалётаў. Такія вялікія страты напамінаюць Сталінградскую бітву. Аднак, як паведамляе агенцтва Франс Прэс, вялікія дзяржавы папаўняюць гэтыя страты за кошт узбраенняў еўрапейскіх ваенных баз.

Старая. Зноў ваююць.

Радыё. А цяпер аб спорце...

Стары. Чым яны там думаюць? «Аб спорце, аб спорце»... (Выключае.)

У небе дабрадушна гуркоча самалёт сельскагаспадарчай авіяцыі.

Старая. Дзевяноста самалётаў збілі... з людзьмі, мабыць. Во такіх машын? А?

Дачка. Не, мама. Гэта машына толькі з букашкамі ваюе, з насякомымі. А там... Адзін «Фантом» шэсць мільёнаў каштуе. За такі самалёт можна пабудаваць дом на паўтары тысячы кватэр.

Старая. Ай-яй-яй! Шэсць мільёнаў. (Старому.) Во! А ты наваліўся на сына за сямнаццаць капеек.

Дачка, А што горш і што лепш — калі б лішкі былі ці во так — недастача. Лішкі — значыць, ашукваў, аблічваў. А ў яго недастача. Сваімі даплачвае. Гэта нават высакародна.

Стары. Не ў яго! У нас, у кааператыве! Дзяржаўны ён злачынца! Злодзей! І ўсё яго высакародства тут. Злодзей.

Старая. Ціпун табе на язык! Пабойся Бога!

Дачка. Мама, Бога баяцца не трэба. Трэба баяцца пракурора.

Старая. Ой, дачушка, раскажы ты толкам, што рэвізія сказала? Не здагадкі твае, а яны што сказалі?

Дачка. Сказалі, што ён сёння ж павінен пагасіць недастачу. А калі не, то — пад суд, у турму запішуць.

Старая. Ай-ёй-яёй... А Божа мой, Божа...

Стары. Хай зараз жа верне чужыя грошы!

Дачка. Як жа ён верне, калі ў яго ні капейкі?

Стары. А зарплата яго дзе? Мне ён не даваў. Можа, табе?

Старая. І мне не.

Дачка. Якая зарплата? Во яна дзе (паказвае на сваё плацце). Ды яшчэ боцікі.

Старая. А як жа ён цяпер?

Стары. А вельмі нават проста: у турму. Хай сам ідзе туды, запісваецца і садзіцца чын чынам. А як вы думалі? Вельмі нават проста. Там даўно яго ждуць. Месца пустуе, хоць турму закрывай. Ждуць і плачуць. (Ідзе пад стог лажыцца.)

Дачка. Мама! Ніяк нельга браціка ў турму! Жана — і ў турму?

Старая. Не, не, дачушка, не дапусцім да турмы. Ідзі заві яго сюды. А я тут старога ўгавару. Ашчадная кніжка ў яго. Усе грошы ў яго. Бяжы хуценька, заві сына і скажы яму, хай як на духу прызнаецца перад бацькам, хай просіць. Без маны каб. Стой! Рыбка мая, скажы яму, хай боты бацькавы захопіць, хай прынясе. Ноччу, калі шукалі, яго не знайшлі, а боты я знайшла і забрала. А ён босы.

Дачка выпырхнула птушкай-пліскай.

Стары. Ён і так абуў ужо. Прыўсенародна — абуў у лапці.

Старая (какетліва). Дзядок мой! Хадзі сюды! Пагаворым. Ну добра, добра, я сама к табе падыду. Ляжы. Ох, і хітрун ты...

Старая ідзе да мужа, прысаджваецца каля яго, любуецца. Раптам абдымае яго і цалуе. Стары вызваляецца з абдымкаў і палахліва азіраецца.

Стары. Сораму ў цябе няма! П’яўка ты!

Старая. Не бойся, не ўкушу. Прысядзь. Радыё вот паслухаем.

Радыё. Сёння ў Маскву з афіцыйным візітам прыбыў кіраўнік дзяржавы астравоў Карыцы і Лаўровага Ліста, гаспадзін Джордж Крамін Шры. На аэрадроме прэзідэнт заявіў, што ўзаемаадносіны паміж нашымі дзяржавамі ён абяцае строіць, прытрымліваючыся прынцыпаў роўнасці і неўмяшання ва ўнутраныя справы.

Стары. Хвала Богу, супакоіў: хоць умешвацца не будзе.

Старая. Хто прыбыў, хто? Фамілія нейкая...

Стары. Прэзідэнт Дзяржыкарманшырэй з астравоў Карыцы і Лаўровага Ліста. Прыехаў крэдытаў прасіць. У Англіі ў яго не выгарала, дык ён да нас. Пералётам. Тыя дзвесце гадоў грабілі, а цяпер кукіш пад нос. Абяцае нам дазволіць на адной лаўцы пасядзець. Як роўным.

Старая. І ўсё ты ведаеш. Учора старшыня наш пры людзях сказаў, што цябе можна міністрам замежных спраў ставіць ці прэзідэнтам у якую краіну пасадзіць. З павагай сказаў. Кажа: «Што яму рэвізійная камісія? Ён можа ў вялікай дзяржаве парадак навесці». Усё ты знаеш. І праўда, як міністр.

Стары. Пахадзіў бы твой міністр за каровамі штодня з гэтым транзістарам, дык і ён бы знаў паболей. А то — пералёты, абеды-ленчы, сустрэчы-провады ды пасяджэнні... Яму і радыё няма калі паслухаць.

Старая (лісліва). Няма мудрэй за цябе. Няма дабрэй. Мне цябе Бог паслаў як узнагароду за нешта.

Стары. Не падлізвайся. Ведаю: лісліўцы — гэта пераадзетыя зладзеі. Грошай не дам.

Старая. І не шкада табе сына? У турму пасадзяць.

Стары. Кот, лізнуўшы </b>раз гарачую скавародку, другі раз лізаць гарачую скавародку не будзе. І халодную таксама. «Не ўкрадзі!»

Старая. Не краў ён! Ой, гора ты маё горкае... Вось як дадуць яму год ці два, ды ты ж не дачакаешся яго, ты ж сам памрэш ад скрухі, ад перажыванняў. Табе ж сэрца пераесць тваё раскаянне. Ты і расінкі ў рот не возьмеш: у цябе адны рэбры ды сухажыллі астануцца. Ты ж сябе даканаеш. Начамі стагнаць будзеш. І мяне раней часу ў дамавіну пакладзеш. (Плача.)

Стары. В-о-от... (Таксама плача.) Што нарабіў твой сын!..

Паўза.

Недзе непадалёку скуголіць і вые сабака.

Старая. Во і сабака вые — на бяду. Навошта ты яго прывязаў, Дружка?

Стары. Каб не прывёў ды не паказаў, дзе я схаваўся, калі вы аукалі. (Усхліпвае.)

Старая. Як жаласліва просіцца. Хоць і сабака, а здаецца — вось-вось загаворыць. Ідзі адвяжы, скурадзёр! Жаласці ў цябе няма. Дружка — і на ланцуг. Бессардэчны ты!

Стары пайшоў адвязваць сабаку.

Вот і паспрабуй уламаць яго... Стары ўпарты вол.

Радасна віскоча сабака.

Радуецца, што на волю... Кожная скацінка свабодзе рада, не толькі чалавек. А тым больш — сабака.

Вяртаецца Стары.

Стары (Дружку). Ну-ну, ідзі, пабегай, пагаўкай. Ідзі.

Старая. Во-во, сабаку пашкадаваў, а сына ў турму. Сабаку на волю выпусціў, а сына ў ланцугі.

Стары (крычыць). Сам, сам вінаваты! І сабака ў няволі быў цераз яго растрату. Яго равеснікі на трактарах, у шахтах, каля станкоў, а ён — у цянёк, за прылавак, каля канфет, каля памады, паміж трусікаў... Не крану ніводнай капейкі ў ашчаднай касе. Там трудавыя капейкі.

Старая. Там не толькі твае.

Стары. Во то-та і яно! Усе збіралі: у будні — мазалём у полі, а ў выхадныя — па ягадцы, па грыбочку... Колькі разоў нахіліцца трэба па ягаду, па грыбок на той руб? А? Не дам! Не прасі! Саграшыў? Будзь ласкавы — скупі свой грэх.

Старая. Не гарачыся. Можа, і граху ніякага няма. Не аблічваў ён. Самога аблічылі, сам у накладзе.

Стары. Значыць, народ вінаваты? Ён праведнік, а народ — грэшнік? У турму яго — народ, у калонію народ?! Так, ці што?

Старая. Не юродствуй!.. Малады ён. Ты кіпіш, а ён, можа, дабро людзям рабіў. Падумай тады, які грэх на душу бярэш? А? Калі ён не сабе, не на цукерачкі, а... А ты... Накінуўся на дзіцё...

Стары. Ну, ціха, ты... Не разводзь сырасці.

Паўза.

Стары ўключае транзістар.

Радыё. Учора ва ўрачыстай абстаноўцы закончыў сваю работу ўсесаюзны з’езд, прысвечаны саракагоддзю «Уторчормета». На з’ездзе прысутнічалі ў якасці гасцей прадстаўнікі дваццаці сямі краін. Удзельнікам з’езда ўручаны памятныя юбілейныя медалі.

Старая. А што такое «Уторчормет»?

Стары. Ну, утыльсыравіна.

Старая. А, гэта — каторыя ўсякі хлам збіраюць, тыя з’ехаліся?

Стары. Металічны. Металалом...

Старая (задумалася). А гэта што? Не растрата? А? Чаго маўчыш? Юбілей! Медалі! Госці! Ды яны не сабралі столькі жалеза, колькі патрацілі ім на медалі на юбілейныя.

Стары. Гэта не азначае, што сыну твайму дазволена.

Нясмела падыходзіць Дачка. Кашляе, каб звярнуць на сябе ўвагу.

Старая. Ну, прывяла?

Дачка маўчыць.

Стары. Дзе ён?

Дачка маўчыць.

Старая. Дзе Ваня?

Дачка. Я, мама, не давяла яго...

Старая. Што з ім?

Дачка. Не што, а хто...

Стары. Арыштавалі?

Дачка. Я прывяла яго, ён прыйшоў, але падысці баіцца.

Стары. Во — чула? Невінаваты не пабаіцца.

Дачка. Тата, а стрэльбы ў цябе няма?

Стары. Шкада, што няма.

Дачка. А тапара ці яшчэ чаго-небудзь цяжкага пад рукой? А? Ён пытаўся. Няма?

Стары (у гневе). Ідзі і вядзі яго сюды!

Старая. Ідзі, дачушка, заві.

Дачка (на вуха маці). Ён жа там не адзін.

Старая. А з кім?

Дачка. З Нэлкай. З нявестай.

Старая. Якая яна яму нявеста? Верціхвостка яна. І рана яму пра жаніцьбу думаць.

Дачка. Гэта вы так лічыце. А ў іх на гэту праблему іншы погляд. Яны без перажыткаў мінулага.

Старая. Я табе... А што ёй тут трэба? Чаго яна прыджгала?

Дачка. Прасіць будзе, каб выручылі Жана. Яна ж такая прыгожая. Адмовіць ёй ніхто не можа.

Старая. Нашага бацьку гэтым не возьмеш. Яшчэ злей будзе.

Стары. Ну, я што сказаў? Няма чаго шаптацца! Марш!

Дачка. Гэта мы ад страху перад табой. Гэта — жэнеўскія перагаворы. Ну ўсё, усё, усё. Я зараз прывяду.

Дачка выпырхнула.

Паўза.

Чакаюць.

Нарэшце з’яўляюцца Дачка і Сын.

Апусціўшы павінную галаву, Сын маўчыць.

Стары. Глядзіць, нібы вол з-пад ярма.

Дачка. Не з-пад ярма, а з-пад акта рэвізіі.

Стары. Ну? Што маўчыш? Ашчацініўся.

Старая. Як ты на яго, так і ён.

Стары. Прызнавайся, чыстую праўду выкладай: чаму растрата, чаму недастача? Як на судзе.

Старая. Не на судзе, а перад бацькам. (Улагоджвае Старога.) Ты не глядзі, што бацька такі сярдзіты з выгляду. Ён добры. Добры ён. І справядлівы. Ён цябе зразумее, як ніхто іншы...

Сын. Каб жа зразумеў... Не зразумее.

Стары. Усё ясна.

Дачка. Бачыш? Ты яшчэ нічога не сказаў, а ён усё зразумеў.

Стары. Прагуляў? Прапіў? Дзе? Калі? З кім?

Старая. Што ты гародзіш, стары? Апамятайся!

Стары. Адчапіся, старая, не лезь. (Мякка.) Дзе ж ты, сынок, патраціў?

Сын. У горадзе... І на падводных крыллях. Да Кіева.

Дачка. Ваня! Мілы Жан! Што ж ты маўчыш?

Стары. З кім? З гарадскімі... з гэтымі самымі? У рэстаранах?

Сын. І ў рэстаранах, і ў...

Дачка. І ў... Ну?

Сын. І ў кафэ. Толькі не з гарадскімі.

Старая. Сынок! Што ты гаворыш? Апамятайся! Прыкусі язык!

Дачка. Мама! Ты сама гаварыла, каб як на духу. Ваня! Ну?

Стары. З кім жа ты, сынок?

Дачка. З Нэлай? Праўда! Ваня?

Сын. З Нэлай.

Дачка. І на таксі?

Сын. І на таксі.

Дачка. Куды?

Сын. У Бабруйск.

Дачка. І да Кіева? На крыллях?

Сын (удакладняе). На падводных.

Дачка. Які ж ты малайчына! Вось гэта рамантыка! Ты, Ваня, Пячорын! Ты — Яўгеній Анегін! Ты ведаеш, хто ты? Ты — мілы друг! (Упершыню ўсвядоміла ўсю прыгажосць душы брата.) Ваня! Я думала, што толькі ў дзевятнаццатым стагоддзі людзі маглі...

Старая (перапыняе дачку). Змоўкні! (Сыну.) Што ж ты накляпаў на сябе? Ты ж загубіў сябе.

Сын. Не загубіў.

Дачка. Ах, які кінафільм! Каб мяне хто на крыллях...

Стары. Во — чула? Старая! Чула, пытаю?! Во! Ну, сынок, а яшчэ дзе ты быў? У Парыж не лётаў? Вакол Еўропы васьмёрак не рабіў?

Старая. Ты ўжо ўвесь свет аб’ездзіць хочаш за дзвесце сорак два рублі. Ты ж, сынок, болей нідзе не быў? Праўда?

Сын. Нідзе.

Стары. Скажы, сын, гэта — чэсна?

Сын (б’е сябе ў грудзі кулаком). Чэсна!

Стары (жонцы). Чула, маці? Чэ-эсна!

Старая. Не будзе ж ён бацьку маніць.

Стары (крычыць). Пра што я ў яго пытаюся? Я ў яго пытаюся: гэта чэсна — траціць чужыя грошы, народныя грошы пускаць на вецер? Гэта чэсна? На распусту!

Сын. Ніякай распусты, баця.

Стары. Маўчаць! Злодзей! Залез у народную касу. Мазалём зарабіць лень. Ну, вядома, крадзеная кабыла дзешавей за купленую.

Сын. Я вярну тое, што ўзяў.

Дачка. А дзе ты возьмеш?

Сын. У бацькі. Не ў турму ж...

Старая. У бацькі? Цяпер? Дуралей! Цяпер бацька сам цябе завядзе ў турму. За руку і павядзе.

Стары. За руку? Не-е! Шворку на шыю — і пацягну.

Дачка. Тата, ты — феадал, прыгоннік. Жан, ты пазыч грошы. Потым аддасі. Пазыч у яго.

Сын (бацьку). Ты пазыч мне. Я аддам... Потым.

Стары. Не дам. Жулікам, зладзеям не веру. Не веру.

Дачка. Ён не жулік і не злодзей. Ён рамантык.

Старая. Які ён жулік? Нашто пускаеш пра яго такую славу?

Стары. Не жулік, не злодзей? Дык хто ж ён такі? А?

Паўза.

Усе як бы ўпершыню разглядаюць хлопца.

Дачка. Тата, а ты маму на крыллях да Кіева... Мама! Было?

Старая. Не, дачушка, не было.

Дачка. Ну, хоць у Бабруйск, у рэстаран вадзіў? Калі маладымі былі, калі яшчэ нежанатымі, а, тата?

Старая. Было адзін раз... На кірмаш у мястэчка... і то (пасміхаецца над сабой, над тоймаладой) не тое што цяпер, а босымі...

Стары. Таму што летам!

Старая. Босыя, а быццам на крыллях. І там ён морсам — такой салодзенькай вадзічкай падкрашанай — частаваў.

Стары. За свае, не за крадзеныя.

Дачка. І ты яго палюбіла за падкрашаную вадзічку?

Старая. Сур’ёзны ён быў, самастойны і добры. Ён і цяпер добры.

Стары. На добрых ваду возяць. Хопіць! Кончылася дабрата. Не-е! Любіш катацца — вазі саначкі! Во як! Павазі. У турме.

Старая. А мой ты сыночак! А якога ж бацьку табе Бог паслаў!

Дачка падзывае некага.

Стары. Цыц, старая! Не патурай!

Падыходзіць Нэла гэткаю павай.

Дачка. Нэлачка! Прасі і ты.

Стары. А-а, прынцэса!

Старая. Мілая мая, сынок! Пакайцеся, папрасіце вы яго.

Стары. Што, пісаная, і ты тут? Ну? Як? Хораша нябось было? Прыемна?

Нэла. Дзе?

Стары. На падводных крыллях, на таксі...

Нэла. Ах, яшчэ як хораша, яшчэ як прыемна!..

Стары. Аж ветрык у вушах, са свістам? А?

Нэла. Са свістам, з ветрыкам, з пырскамі ў твар...

Стары. І з пырскамі?

Нэла (не свае словы дэкламуе, а чужыя, але шчыра і натхнёна). «Кажись, неведомая сила подхватила тебя на крыло к себе, и сам летишь, и все летит... И только небо над головою, да легкие тучки, да продирающийся месяц одни кажутся недвижны...»

Стары. Гэта ўжо, значыцца, пасля рэстарана, калі месячык над галавой? Любіш быструю язду?

Дачка. «И какой же русский не любит быстрой езды? Его ли душе, стремящейся закружиться, загуляться, сказать иногда: эх, черт побери все!.. его ли душе не любить ее? Ее ли не любить, когда в ней слышится что-то восторженно-чудное...»

Старая. Госпадзі! А ты адкуль гэта ведаеш?

Стары. Ды няўжо і ты туды?

Старая. Божа мой! А цябе хто вазіў? А ты з кім?

Дачка. Я? З Мікалаем... (чакае рэакцыі) Васільевічам... (зноў чакае) з Гогалем.

Старая. Я табе дам! Я табе дам Гогаля!

Стары. Ну, з Гогалем няхай, з Гогалем можна. (Нэлі.) А пасля рэстарана, значыць...

Нэла. Сюды. Пад стажок. Ваня! Жан! Каторы тут наш?

Сын. Гэта не тут. Гэта там, над абрывам.

Нэла. А, гэта там, над абрывам.

Дачка. І цалаваліся... (У захапленні.) А, Нэла?

Стары. Значыць, соладка было?

Нэла. Так соладка, так соладка, што... Эх, стары, стары! Табе ўжо ніколі не паспытаць такога. Калі да гэтага часу не было, то цяпер — празяваў, не паспрабуеш. А мы не празявалі. Вось так, падкрашаная вадзічка. (Заўважае, што ўсе ашаломлены.) Ну, чаго рот разявіў? Закрый, а то вераб’і гняздо саўюць.

Старая. А Нэлачка, а бог з табой! А як жа ты з ім? Ён жа цяпер...

Дачка (у захапленні). Вось гэта да-а...

Стары (нарэшце апамятаўся). Не паспытаў, кажаш? Празяваў? Думаеш — позна?

Нэла. Позна.

Стары. Чаму позна?

Нэла. Стары ўжо.

Стары. На што стары?

Нэла. На ўсё стары. На падводныя крыллі, на матацыкл і наогул — нічога ўжо не разумееш.

Стары. Не разумею? Стары? Баба! Дзе ты? Жонка! Ану, скажы, стары я ці не стары яшчэ? Скажы ёй, скажы! (Рагоча.)

Старая. Сораму ў цябе няма. Вочы ў цябе пазычоныя. Як табе не сорам? Хваліцца гэтым і перад кім? Яны ж дзеці. Яны, можа, яшчэ нічога не разумеюць...

Стары. Во-от! (Нэлі.) Чула? Вы нічога не разумееце!

Дачка. Мы ўсё разумеем! Вы палавы вапрос паднімаеце.

Стары. Што, што, што? Гэта яшчэ што такое?

Дачка. Акселерацыя.

Нэла (Старому). А калі вы разумееце, калі яшчэ не ўсё забылі, то чаму ж вы не хочаце выручыць сына?

Стары (выстаўляе кукіш). А во! Сваёй трудавой капейкай аплаціць яго распусту? П’янкі? Рэстараны? Разгул? Я і сам магу так.

Нэла. Не можаш. Прапусціў свой час. Дый закваска не тая. Ну хто ты цяпер? Дзед? Капілка! Хіба ты жывеш? Ты ж каравуліш, а не жывеш. Каравуліш грошы, каравуліш нас, каравуліш старыя завядзёнкі, гады свае старыя каравуліш, час тармозіш. А гады бягуць, час бяжыць, як рэчка, як вецер. Затрымай вецер! Не затрымаеш і не ўкаравуліш.

Стары. Да-а... Ды ты быццам бы... Слухай, вот ты гуляла, у разгул з ім пайшла, а замуж за яго пойдзеш? Ну чаго маўчыш?

Нэла. Не, не пайду.

Стары. А-а, то-та ж. А чаму?

Нэла. Не вялікае шчасце прыдбаць такога... свёкра.

Старая. Абрыдла! Аддай сыну грошы. Ну, пагуляў хлопец, будзе што ўспомніць.

Дачка. Не так, як ты, — падкрашаную вадзічку ўспамінаеш.

Стары. Э-э, не! Калі на тое пайшло, сам разматаю. Жонка! Старая! Ідзі, збірайся! Махнём з табою на падводных крыллях. У Кіеў. На Байкал! На Піцунду! Ісык-Куль! У Адэсу! На Кубу!

Дачка. Не, не паедзеш. Ты — рацыяналіст. А тут трэба эмоцыі. Ты — фізік.

Старая. Куды я паеду, дурны ты? Правільна яна кажа: фізік ты!

Стары. Не хочаш — не трэба. Яно і верна: у Тулу са сваім самаварам? Я маладую вазьму. Што, не? Вот яе. Нэла, махнём!

Нэла. Цяпер гэта модна. Толькі (ацэньвае Старога)... ці надоўга цябе хопіць?

Стары. Дурненькая, а ты паспрабуй.

Старая. Хамло ты, хамло. Самахвал ты, самахвал! Значыць, і цябе той жа чарвяк точыць? Чаго ж ты на сына накінуўся? Ён жа такі, як і ты. Толькі ён малады, яму можна, а ты ўжо стары грыб.

Стары. Ізноў стары? Калі яму можна, значыць, і ўсім можна.

Старая. Што ты гародзіш? У сына бяда. Яго выручаць трэба. Во які факт перад табой, а ты гародзіш бог ведае што.

Стары (Сыну). Ты разумееш, што за тваім фактам следуе? Паразітызм, чужыя грошы, чужая праца, спекуляцыя, эксплуатацыя. Не, больш таго. Сусветныя войны пачынаюцца з твайго факта. Бамбёжкі. Канцлагеры. Лінкоры. Ракеты. Гандаль зброяй. Усёк? Мільярды на абарону ад такіх, як ты. Фармуліруе філасофію факта.

Старая. Звіхнуўся стары. Далібог. А ўсё транзістары гэтыя, каб на іх...

Нэла (ацэньвае Старога). Дэмагог. Званар.

Дачка. Канфуцый.

Паўза.

Сын. Во што, баця. Хоць і цяжка цябе зразумець, але лічы, што я асазнаў. І таму ты павінен мяне выручыць. Дай грошы.

Стары. А чаму гэта я табе павінен?

Нэла. Сын ён табе ці не сын?

Стары. Сын. Але чаму я павінен?

Старая. Ён жа кроў твая, плоць твая.

Стары. Так — кроў, так — плоць. Але чаму павінен?

Дачка. Таму што чалавек чалавеку — друг, таварыш і брат!

Стары. Бра-ат? А хіба брат брата грабіць? Ён жа кааператыўную касу ачысціў. Таварыш? А чаму ён не пазваў мяне разам прапіваць? Друг? А ён параіўся са мной, з другам, перад тым як ісці на такое?

Нэла. Ну і люты, бессардэчны ты, дзед.

Стары. Чэсны! Чэ-эсны я! Ты думаеш — лёгка быць чэсным?

Старая. Будзь чэсным, але ж трэба быць бацькам. Радзіцель ты яму ці не радзіцель?

Стары. Радзіцель.

Нэла. Значыць, абавязан! Павінен, і ўсё! Бацькоўскі доўг.

Стары. Доўг? Ізноў даўгі? Колькі ж можна? Калі ж я выблытаюся з гэтых даўгоў? Усё жыццё ў даўгах? Не! Дудкі! Усё! Хопіць! Даволі! Усе свае даўгі я выплаціў. Усе свае павіннасці я адбыў. Нікому і нічога я больш не павінен. Я ў даўгу толькі перад сабой. Толькі сабе я не выплаціў спаўна за ўсе мае пакуты, за ўсе мае ахвяры, за ўсе мае надзеі і цярплівыя чаканні. А больш я нікому і нічога не вінен. Са ўсімі я расплаціўся чэсна і шчыра. Вось мае даўгі: перад бацькамі маімі я павінен быў за тое, што далі жыццё, паілі, кармілі, гадавалі. За іх дабрату і суровасць. За ўсю іх навуку няхітрую — як працаваць, як з людзьмі жыць, навуку чэсную, чалавечную. І я да апошняй гадзіны іх, да апошняга ўздыху на маіх руках шчыра плаціў ім любоўю, павагай і ласкай. Я павінен быў радзіме за ўсё хараство, за волю, за прастор, за зімы завірушныя, за вёсны жданыя, за ліўні цёплыя. І калі прыйшла вайна, я жыццём сваім заступіўся, кроўю салёнай, ранамі сваімі, болямі нясцерпнымі, вернасцю сваёй выплаціў ёй доўг. Як ні цяжка было, я выгнаў ворага. Перад рабочым перад класам доўг быў брацкі. Карміў яго. Сам часта клаўся спаць галодны, а яго карміў. Потым... Інтэрнацыянальны доўг... Ды і не доўг, а спагада, спачуванне... Кітаю даваў, Інданезіі даваў, Гане, Егіпту, Індыі, Бангладэш, Алжыру, В’етнаму, Сірыі, Анголе, Мазамбіку, ды ўсім, хто прасіў. Самому не хапала шыферу на крышу, а Кубе, а Чылі, а Перу, а на Асуанскую, на Еўфрацкую плаціны цэменту не паскупіўся. Хай ведаюць нашу дабрату. Даваў па абавязку чэсці, па абавязку працоўнай салідарнасці. Вот гляну кругом — цяпер усе мне павінны. Не я, а мне! А ты зноў ад мяне патрабуеш. Не просіш, а — «павінен»! Яшчэ і на распусту я табе павінен? Не я, а ты павінен! Не я, а ты перада мной у неаплатным даўгу за цёплы куток, за сытае дзяцінства, за грамату, за жыццё, каторае я табе даў. Жыццё! Самы дарагі дар! З небыцця! З нічога — чалавекам цябе сатварыў.

Нэла. А ён яшчэ помніць заалогію.

Стары. За крыўду, за сорам, за слязу, сённяшняй ноччу выплаканую... вы — зелень — у даўгу неаплатным. (І, як канчатковы прыгавор, проста і спакойна.) Нічога я не павінен. Не дам. Плаці. Сам. А я пайду спаць. Я ўсю ноч не спаў. (Выходзіць стомлены.)

Паўза.

Старая мітусіцца, не ведае, куды падацца, ці суцяшаць Сына, ці прыгалубіць Старога.

Сын. Та-ак... Сустрэчны іск.

Дачка. Вот, Жан, пайшоў ты па воўну, а вярнуўся стрыжаным.

Нэла. Не дасць ён. Пайду, Ваня, сушыць табе сухары.

Старая. У яго самога сэрца разрываецца. І яго ж пашкадаваць трэба. Не чапайце яго, хай супакоіцца. Гора ты маё горкае.

Сын уключае транзістар. Спачатку чуваць абрыўкі музычных мелодый. Вот сумотна-жаласлівая індыйская, за ёй — шалёная джазавая, потым шчымліва-страсная ўсходняя перарываецца некалькімі акордамі ўрачыстай арганнай. Але гэту абстракцыю настойліва выцясняе рознаязыкі гоман дыктараў і палітычных каментатараў. Галасы ў іх розныя і па тэмбру, і па манеры. То напорысты і таропкі, то далікатны і разважлівы, то задушэўна-даверлівы, то нахабны, з металічным гучаннем. Вось некалькі абрыўкаў з гэтага гоману, з гэтай сумесі праўды і фальшу.

Радыё. Апроч звычайных відаў зброі ядзерныя арсеналы дзяржаў складаюць больш за шаснаццаць тысяч мегатон — па некалькі тон на кожнага мужчыну, жанчыну і дзіця на нашай планеце...

Дзяржавы нашай планеты кожную гадзіну трацяць па трыццаць мільёнаў долараў на армію і зброю. Трыццаць мільёнаў кожную гадзіну!

Каб ператварыць Сахару ў квітнеючы аазіс, даволі тых сродкаў, якія трацяцца ўсімі краінамі свету на ваенныя патрэбы за адзін толькі месяц.

Сын выключае транзістар.

Старая. Не, не, хай расказвае. Паслухаем, паслухаем. Хай і ён паслухае. Во дзе растратчыкі. А мы — семнаццаць капеек, сорак дзве капейкі. А там во што творыцца. Давай, давай!

Сын зноў уключае транзістар.

Радыё. Армія стала галоўнай мэтай дзяржавы. Яна стала самамэтай; народы існуюць толькі для таго, каб пастаўляць і карміць салдат.

У выніку разрадкі напружанасці ваенны бюджэт на наступны год ЗША павялічылі на сямнаццаць мільярдаў долараў.

І ў той жа час на нашай планеце кожную секунду памірае адзін чалавек ад голаду. З кожным ударам нашага сэрца памірае ад голаду чалавек.

Старая. А ён пайшоў спаць?! Не-е! Я табе не дам спаць. Ідзі і наводзь там парадкі! А то прыстаў як смала. Вунь дзе твая чэснасць трэба. Туды ідзі са сваімі прынцыпамі. Мы тут над кожнай трудавой капейкай дрыжым, а там... (Рашуча ідзе за стог.)

А Стары ўсё-такі заснуў. Спіць, бедалага. Стаміўся. І раптам... О цуд! Стары адрываецца ад зямлі і, як ні ў чым не бывала, павісае ў паветры. На нашых вачах. Ён спіць сабе, нічога не падазраючы, і смачна цмокае. Нібы на воблаку ці на паветранай падушцы спіць, нахрапвае. З’яўляецца Старая. Яна не ўваходзіць, а нібы ўплывае і заўважае дзіва: Стары спіць у паветры. Аслупянела: дык ён яшчэ і фокусы выкідвае. Раззлавалася не на жарт.

Дык ты спіш? На свеце такія беспарадкі, растраты, разбой, а ты спіш? Ты тут за сямнаццаць капеек бучу падняў, а там мільярды ў распыл пускаюць: на зброю, на войны, на грабеж. Быццам дзеці малыя — наперагонкі: хто вышэй, хто далей, хто больш, раскідаюцца мільёнамі ды мільярдамі. Калі ты такі чэсны, то ідзі і зараз жа, зараз жа навядзі парадак! Ідзі!

Стары. Куды?

Старая. Прэзідэнтам станавіся!

Стары. Дзе?

Старая. Дзе хочаш. Выбірай сам. Абы ў свеце парадак быў.

Стары. Ды ты ашалела. Як жа я стану прэзідэнтам? Старая. Станеш, калі я сказала.

Стары. Адумайся, старая! Як жа я стану? Хто мяне паставіць?

Старая. Сам! Сам сябе! Во так, у паветры спаць сумеў? Сумееш і ў прэзідэнцкае крэсла залезці. І каб парадак! Чуеш? За ўсе расходы я ў цябе потым строга спытаю! (Велічна выходзіць.)

Стары праводзіць яе поглядам, потым азіраецца і вельмі здзіўляецца — як гэта ён у паветры вісіць. Задумаўся.

Стары. Д-да-а... Ды яна як быццам праўду сказала. Тут ужо лепей ідзі і станавіся... прэзідэнтам... Калі мая баба сказала, то ўжо ідзі і не азірайся. Не было клопату...

Спускаецца на зямлю. І вось перад намі зямны шар з контурамі мацерыкоў і дзяржаў. Шар круціцца. Стары прыглядаецца, выбірае сабе краіну, дзе стаць уладаром. Шар паволі круціцца, падстаўляе то адзін бок, то другі. Стары прыглядаецца і к паўночнаму паўшар’ю, і к паўднёваму. Нарэшце царскім жэстам указуе планеце спыніцца.

Астанавіце планету! Я ўзыду!

Так скончылася ява, так пачаўся сон.

 

Другія ж цары нічога не звяршылі.

Герадот

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ. СОН

А вось і кабінет прэзідэнта нейкай дзяржавы. Пэўна ж, саліднай дзяржавы, бо новаспечаны прэзідэнт сам выбіраў сабе краіну, і не такі ўжо ён дзівак, каб выбраць якую-небудзь недаразвітую, наводшыбе, на палітычных задворках краіну.

Дарэчы, кабінет абстаўлены, вядома ж, у адпаведнасці з густам Старога і яго ўяўленнем аб прэзідэнцкім логаве. Аднак ёсць рэчы і прылады, не вельмі зразумелыя новаму прэзідэнту. На гэтыя рэчы Стары пазірае насцярожана і з падазронасцю. Але звярніце ўвагу — сноп добрай пшаніцы і сноп кукурузы выстаўлены. І не дзіва! Калі яны стаяць у кабінеце самога старшыні калгаса, то тут — і Бог загадаў. Інакш — які ж ён прэзідэнт?

На задняй сцяне вялізная палітычная карта свету. На ёй сацыялістычныя краіны — суцэльная белая пляма. Чамусьці! На карце ўманціраваны маленькія лямпачкі. Пры жаданні іх можна запаліць. Яны загараюцца, як зорачкі. З кожным шчаўчком выключацеля іх становіцца ўсё больш і больш. А калі шчоўкне апошні раз, то белая пляма апынецца ў вогненным абручы.

Вялізны прэзідэнцкі стол. На ім пірамідка тэлефонаў. Ёсць тэлевізар. Сейф. Сіфон. (Калі ён у старшыні калгаса ёсць, то...) Стары асвойвае кабінет і ўсю яго гаспадарку. Ён як бы прывыкае да ўсяго: да крэсла, да тэлефонаў, да сіфона з газіроўкай, бра і розных другіх свяцільнікаў, да хрусталю і пазалоты. І ўсё гэта на белым фоне. Чамусьці дом такі. Стары ў той жа вопратцы: на ім белая льняная вышытая сарочка і белыя парусінавыя штаны. Ён нават не заўважае неадпаведнасці свайго касцюма гэтаму кабінету і сваёй пасадзе. Каля стала ляжыць сабака. Стары прыглядаецца да яго і раптам радасна пасміхаецца. Ён замілаваны.

Стары. Дружок? І ты тут?

Дружок скідае з сябе сабачую шкуру, і пад ёй аказваецца рэспектабельны малады чалавек.

Дружок. Не мог я сюды аднаго цябе пусціць. Стары. Та-ак, без цябе я тут як без рук.

Дружок абнюхаў памяшканне, зазірнуў за дзверы.

Дружок. Сеньёр прэзідэнт! Я правільна вас называю?

Стары. Сеньёр? Хай будзе сеньёр. Ці не ўсё роўна?

Закукавала зязюля. І раптам нечакана з’яўляецца старая жанчына, апранутая па-сялянску, яна ў жалобе; размову пачынае паважна, спакойна, па-дамашняму. Рухаецца павольна, паважна.

Маці. Ну во, і дачакалася я, калі ты сядзеш на яго месца. Цяпер улада ў цябе бальша-ая. Многае ты цяпер павінен зрабіць. Звяршыць. Другія ж цары нічога не звяршылі.

Дружок. Хто вы? Адкуль вы? Чаму тут?

Маці. Маці я, сынок, маці.

Дружок. Але хто вас...

Стары. Чакай, Дружок. (Старой.) Аблічча тваё нешта мне вельмі знаёмае. Адкуль ты?

Маці. Маці я, маці. А маці — яны ўсе падобныя. Здалёку я. Як дачулася, што ты ўладу такую займеў, у тую ж хвіліну я — сюды. Усё баялася — паспець бы, не спазніцца. Ох, бяда — гэтае крэсла тваё. Небяспечнае. Шкада мне цябе. А ты глядзі, кругом тут ворагі твае смяртэльныя. Я чаму так спяшалася да цябе? Бяду сваю расказаць. Мая бяда — няма большай бяды. І мне ўжо ты не паможаш. А вось другіх мацярэй ад такога гора аберагчы пастарайся.

Стары. Ну, калі ты і за другіх, то... давай гавары.

Маці. Адзінаццаць сыноў я пахавала. Колькі нарадзіла, столькі і пахавала. (Пільна прыглядаецца да Старога.) Як першага хавала, а ён у мяне другім быў, дык думала, і сама лягу ў магілу. А людзі дзівіліся. Адцягнулі ад ямкі. А потым Грышку пахавала. Таксама ўбівалася. А людзі дзівіліся. Потым вайна. Прыйшлі ворагі і — трох сыноў, кожны, як тапалёк, — вывелі і перад усімі расстралялі... як партызанаў. А мяне пакінулі... На дзіва людзям. Каб, значыцца, дзівіліся на маё гора. Плакала, ой як плакала, свету белага не бачыла скрозь слёзы. А потым — няшчасце. І трэба ж — за вайну выжылі, а пасля вайны — дома, на сваім агародзе падарваліся. Пограб хацелі паправіць, а там міна была. Падклаў нехта. Паліцаі, відаць. (Уздыхнула.) Дзясятага — Міцю — пазалетась пахавала. Людзі ўжо не дзівіліся, вочы адводзілі ад страшнага гора майго. А сёлета Сцяпана. Ну, гэты адпакутаваў, бедненькі. Ад старых ран памёр. Не плакала я. І людзі дзівіліся: чаму не плачу — апошні ж ён. Вось і прыйшла я да вас...

Стары. Няшчасная маці... (У голасе сляза.)

Маці (паверыла слязе). Вот пагаворым, пабяседуем дый жыць будзем. А дзе ж ты дзенешся? І яшчэ дзеці ёсць. Хоць і чужыя, а дзеці. І жыць трэба. У мяне больш нікога не засталося, а жыву. На дзіва людзям жыву. І век мне дастаўся такі доўгі.

Паўза.

Мілы! Цяпер ты можаш, ты павінен, ты зрабі так, каб... Мне ўжо не паможаш, а зрабі так, каб нікому ніколі такое не стрэлася. Павер мне, родны, гэта так баліць... так трудна... (Хоча скрыць слязу.) Праклятая вайна.

Стары. Добра, маці, пастараюся. Вось гляджу я на цябе — вельмі ўжо знаёмае аблічча. (Крыўдуе на сваю памяць.) А не прыпомню...

Маці. Маці я. А маці — усе яны падобныя. Маці я. (Хоча пайсці.)

Стары. Дружок! Правядзі і дарогу пакажы.

Маці. Я сама найду. А ты глядзі: хоць і вялікая небяспека паджыдае цябе, але ты зрабі дабро людзям. Ждуць яны. Спадзяюцца. Не ашукай. (Выходзіць.)

Стары. Да-а... Мы часам любім гаварыць: от, каб я быў на яго месцы (жэст угору), дык я б... (Разглядае сваё месца.) Ну вось я і на яго месцы. А што — дык? А з чаго пачаць? А што зрабіць? Як выканаць яе просьбу? Ды гэта і не просьба. ГЭта ж — кроў з носа, а зрабі!! А як? Ды тут жа такі махавік раскруцілі, што... Як яго спыніць? З каго пачаць? Лёгка сказаць: быў бы я на яго месцы. А... А ці на месцы я? Во дзе галоўнае пытанне. Няўжо... А няўжо яны там не задумваюцца: а ці на месцы? Тайна пыта-аю-цца ў сябе. А адказ? Яшчэ большая тайна. Барані бог паказаць няўпэўненасць. «Няўпэўнены — не абганяй!»

Дружок. Сеньёр прэзідэнт! Усе міністры сабраліся на аўдыенцыю.

Стары. Куды, куды?

Дружок. К вам, сеньёр прэзідэнт.

Стары. А хто іх зваў?

Дружок. Я. Яшчэ ўчора вы загадалі склікаць іх, каб пазнаёміцца.

Стары (успамінае). Ды ўчора я сам яшчэ не знаў...

Дружок. Усё верна. Таму і пазвалі ўсіх на прыём. А дзе вы іх будзеце прымаць? Тут? Ці туды выйдзеце?

Стары. Не, што ты! У калідоры няёмка. Усё-такі міністры, не брыгадзіры. Давай сюды. Калі крэслаў не хопіць, то... могуць і пастаяць.

Дружок. Ды яны ўсе стаяць будуць. А калі захочаце каторага пасадзіць...

Стары. За што?

Дружок. Кожны сам ведае — за што. Клікаць?

Стары. Кліч, Дружок.

Дружок ужо каля дзвярэй азірнуўся, агледзеў — ці ў парадку кабінет, і раптам ацаніў касцюм свайго патрона.

Дружок. Толькі... можа... пераадзецца б вам, сеньёр прэзідэнт.

Стары (крытычна аглядае сябе). Бадай што... Давай, Дружок, што-небудзь да твару. Адпаведна.

Дружок вымае з шафы цыліндр, манокль, сарочку, бабачку, фрак. Стары пераадзяваецца.

Дружок. Во халера б на іх. Няўжо спёрлі?

Стары. А штаны?

Дружок. А якраз іх я і шукаю.

Абодва доўга шукаюць штаны ў шафе, у скрынках стала і нават у сейфе.

Стары. Няма?

Дружок. Няма, сеньёр прэзідэнт.

Стары. Ерундовіна палучаецца. Спецыяльна падкузьмілі?

Дружок. Тут могуць падвесці пад манастыр.

Стары (міралюбіва). Ну, што ж, няма дык няма. Абыдземся. Не ў штанах шчасце. Я за сталом буду, не заўважаць. Давай іх сюды. Слухай, а міністры мне дасталіся ўсе старыя?

Дружок. Хочаце памяняць? Вы можаце каго-небудзь скінуць для постраху. Я іх па кругу пушчу, а вы мне толькі кіўніце — каторага, і я... Пярун ударыць аднаго, а баяцца ўсе.

Стары. Кошку б’юць — нявестцы намёкі даюць. Добра, давай. Ты толькі называй — каторы хто.

Дружок. Ху із ху? Усё роўна ўсіх не запомніце. Стары. Тады — ваеннага і па фінансах каторы. У першую чаргу з вайной трэба пакончыць.

Дружок. А фотакарэспандэнтаў? Там і з кінахронікі, і з тэлебачання. Іх упусціць?

Стары (падумаўшы).</i> З тэлебачання аднаго ўпусці. Ён і адзін раззвоніць. І фатографа. Хай будзе на памяць. Толькі скажы яму, каб дзве фотакартачкі. Адну сабе, а другую... у клуб. Во смеху будзе. Давай! Паспрабую кіраваць. Хе-хе... тваю дрындушку! Дзяржавай! Я! (Садзіцца за стол, напускае на сябе важнасць.)

Дружок запускае круг. На крузе — міністры. Фатограф і тэлекарэспандэнт стараюцца зафіксаваць гэтую незвычайную аўдыенцыю.

Дружок (знаёміць прэзідэнта з міністрамі). Гэты па пенсіях і па культуры, гэты па мясу і малаку, гэты па шэрсці і па яйках. Па фінансах.

Старому спадабаўся нечым гэты міністр. Яны абмяняліся мілымі ўсмешкамі.

Гэты па будаўніцтву. Гэты па разбурэнню. Па куплі і продажы. Па шпіянажы. Без партфеля. Сухапутны, марскі, дарожны загінуў у катастрофе. Па замежных справах паехаў у Егіпет. Гэты — ваенны.

Стары. Стоп! Ваенны міністр, ка мне! Па фінансах і шпіянажы пачакайце там. А астатнія могуць ісці на службу. Няма чаго тут на каруселі круціцца. Першае дзела — вайна! Ясна? Галоўнае, чым мы павінны сёння заняцца, — вайна. Ідзіце! Да вас потым дабяруся.

Усе шуганулі да выхаду. Іх нібы ветрам здзьмухнула. Тэле- і фотакарэспандэнты здымаюць прэзідэнта ў розных ракурсах і — знізу і зверху. Стары па нявопытнасці падладжваецца, пазіруе.

Дружок. Ну, хопіць! (Выправаджвае карэспандэнтаў вон.)

Ваенны міністр. Дазвольце падзякаваць вам, сеньёр прэзідэнт, за асобую ўвагу да нас, да ваенных. «Вайна — першае дзела»!

Стары. І табе, бачу, абрыдла яна? Усім яна астачарцела. Трэба канчаць. Ну, садзіся, паталкуем.

Ваенны міністр. Як — канчаць? Хіба прынялі рашэнне пачынаць ужо тую, другую?

Стары. Якую такую другую? Ды ты што? Ніякіх войнаў! (Дабрадушна.) Поўнае замірэнне. Мір! Ясна?

Ваенны міністр. Не, не ясна. Як — мір? Саўсім мір?

Стары. Саўсім і назаўсёды. Зараз жа давай каманду, каб перасталі страляць. (Злуецца.) А то азвярэлі проста. Губяць людзей нізашто. Быццам яны казяўкі нейкія. Скажы салдатам: даю вам мір!

Ваенны міністр. Святая Маргарыта! Ды гэта... гэта ж катастрофа!

Стары. Ды ты што? Што гэта з табой?

Ваенны міністр. Сеньёр прэзідэнт! Не, я гэтага не магу. Гэта не мае функцыі. Не мае, і ўсё!

Стары. Ну і дысцыплінка тут у вас! А чые функцыі?

Ваенны міністр. Н-ну, можа... міністра замежных спраў? Гэта яму даручана трапацца пра вечны мір. Хай цяпер на справе паспрабуе.

Стары. А твае функцыі?

Ваенны міністр. Набраць салдат, даць ім афіцэраў, уручыць зброю, даць самалёты, танкі, гаручае, бомбы, снарады, забяспечыць кансервамі, лакатарамі, ракетамі, гранатамі...

Стары. Та-ак. Ну, назбіраў ты ўсяго гэтага, а потым?

Ваенны міністр. А потым задача — знайсці праціўніка і пачаць вайну. Прыдумаць нетараплівую стратэгію. Нам да перамогі спяшацца не трэба. Наша мэта — не перамога, а вайна.

Стары. Абы вайна? Абы забіваць? Ах, спаймаць тваю маці! Гэта ж — злачынства! (Хапае міністра за вуха, як школьніка некалі, ставіць яго на калені. Шкуматае за вуха.)

Ваенны міністр. Вайна? Не. (Дэкламуе.) «Яна ўзвышае нашу годнасць чалавечую. У ёй найвышэйшае праяўленне нашай доблесці. Яна ўваскрашае мужнасць у народах, распешчаных мірам, умацоўвае існаванне дзяржаў...» Пусціце, пусціце, болей не буду.

Стары. Гэта чыё ж вучэнне? Маё? З яго цытатніка?

Ваенны міністр. Гэта словы Прудона. Гэта мыслі Гегеля. Пусціце!

Стары. Бандыт твой Прудон, і разбойнік з вялікай дарогі твой Гегель з яго рацыянальнымі зёрнамі.

Ваенны міністр (выкручваецца). Прэстыж вялікай дзяржавы, чэсць нацыі... Усё пад ногі? Вось так?

Дружок дакорліва паціснуў плячыма, што і заўважыў Стары. Дружок дастаў з паліцы кнігу, хуценька перагартаў, знайшоў патрэбную старонку і паказаў прэзідэнту: на, даві і ты цытатамі.

Дружок. Жан-Жак Русо.

Стары. Добрыя людзі іншаму вучаць. (Чытае і грозіць пальцам перад носам міністра.) «Вайна з’яўляецца ўзаконенай формай грабяжу, зручнай прычынай для вымагацельства грошай на ўтрыманне велізарных пастаянных армій, якія трымаюць народ у паслушэнстве і страху». Во ў чым корань зла!

На парозе паяўляецца дзяўчына — Сакратар. Яна вельмі падобна на Нэлу. Стары заўважыў гэта падабенства.

Сакратар. Уключыце тэлевізар. (Сама ўключае тэлевізар.)

Стары. І ты тут?

Сакратар. А дзе я павінна быць, сеньёр прэзідэнт?

Стары. Дзіўна... (Вельмі ўважліва разглядае дзяўчыну.)

Сакратар. Вам не падабаецца мой касцюм?

Стары. Магла б і даўжэйшую спаднічку надзець. А то і самой холадна, і яго дрыжыкі бяруць. Бачыш, якія сутаргі ў яго?

Дружок (усхваляваны). Сеньёр прэзідэнт! Вы толькі паслухайце, паглядзіце, што яны па тэлевізары гавораць!

На экране тэлевізара той самы Тэлерэпарцёр, што прысутнічаў на прыёме міністраў.

Тэлерэпарцёр (у экстазе). Па адной фразе, па першым слове прэзідэнта мы зразумелі, мы адчулі, і хутка ўвесь свет зразумее, што да ўлады прыйшоў чалавек сільнай волі, чалавек рашучы, чалавек дзеяння. Ён сказаў: «Першае дзела — вайна!» Вайна — першае дзела! Ён не стаў размазваць словы перад сваім кабінетам. Ён пакінуў з сабой толькі ваеннага міністра, а ўсіх бесцырымонна адправіў на службу. Ітак, рыхтуйцеся да рашучага павароту! Вайна — наш галоўны занятак! Раскашэльвайся, народ!

Стары (аж прысеў). Што ён меле?! Што ён нясе?! Ілгун! Хлус! У капэзэ яго! За паклёп! Не дай бог дома гэта пачуюць ці ўбачаць! Чорт ведае што падумаюць. Злавіць яго! Спаймаць і прывесці сюды!

Дружок знікае за дзвярыма. І Сакратар за ім.

Ваенны міністр. Сеньёр прэзідэнт! Уся краіна пачула. Вам цяпер давядзецца лічыцца з грамадскай думкай.

Стары. Ты яшчэ тут? Я табе што загадаў? Ідзі і зараз жа адбівай тэлеграму! Вайне канец! Там кроў ліецца!

Там параненыя стогнуць! Гора там горкае па свеце шляецца. Мір давай! Мір! Ідзі і выстаўляй белы флаг!

Ваенны міністр. Капітуляцыя? О Маргарыта! Прэстыж вялікай дзяржавы... Усё пад ногі? Чэсць нацыі!

Стары (крычыць). Белы флаг!!

Ваенны міністр. Няма ў нас гатовых белых флагаў. На гэта трэба новыя расходы. Асігнаванні.

Стары. І каб без валакіты! Пакараў Бог народ — наслаў ваявод. Ах ты!.. (Лупцуе міністра, як нашкодзіўшага ўнука.)

Ваенны міністр. Вы губіце нацыю. Губіце яе аўтарытэт!

Стары. Не чытаў? «Нацыя, якая вядзе няправедную вайну, ёсць не што іншае, як вялікая шайка грабіцеляў». Белы флаг!!

Ваенны міністр пакідае кабінет, упэўнены, што прэзідэнт з глузду

з’ехаў.

Уваходзіць Сакратар з мужчынскімі штанамі.

Сакратар. Надзеньце. Гэтыя вам болей да твару. Стары. Дык гэта ты схавала мае штаны? Сакратар. Гэта не вашы. Гэта штаны віцэ-прэзідэнта. Я падышла да яго і сказала: здыміце, калі ласка, свае штаны. Ён таропка зняў, а я яшчэ падумала: як ён вас паважае.

Стары (смяецца). А як жа ён?

Сакратар. А ён здыме ў свайго зама. Той у памочніка. Памочнік у свайго намесніка. І так ніжэй. Праз паўгадзіны мы праз акенца ўбачым без штаноў дворніка. Па праву сілы. (Дапамагае Старому надзець штаны.)

Стары (адагнаў яе). Ты не за сваю справу не хапайся! Без сораму! Табе ж замуж ісці, а ты ўжо без пасагу... Сакратар. Як без пасагу? У мяне ёсць...

Стары. Няма! Лепшы пасаг — сарамлівасць. А ў цябе ўжо ні кроплі сарамлівасці.

Сакратар. Я хацела толькі надзець вам штаны... (Выходзіць.)

Уваходзіць Дружок з важнай персонай.

Дружок (дакладвае). Міністр фінансаў!

Стары. А-а, заходзь, заходзь, шаноўны. Сядай.

Мінфін. Добры дзень, сеньёр прэзідэнт. Віншую вас! Стары. Здароў, здароў. Дзякую. Ох, як ты мне патрэбны, як цікава мне з табой пагутарыць. Ты ж у нас

галоўны касір. Як грошы беражом, дзе іх збіраем, куды складваем, на што расходуем?

Мінфін. Я павінен зрабіць сеньёру прэзідэнту афіцыйны даклад?

Стары. Карацей. Даклада не трэба. Давай па-добраму пагаворым. Нам з табою трэба ў ладах быць. Ты мне паказаўся самым разумным.

Мінфін. Дзякую.

Стары. Спяшацца не будзем. Пасада ў цябе такая, прафесія такая, што спяшацца нельга. Ваенны, дык той спяшаецца, аж падае. Хоць і пасада такая — небяспечная быццам.

Мінфін. А ведаеце, сеньёр прэзідэнт, што гісторыі вядома куды больш абязглаўленых, павешаных ці забітых міністраў фінансаў, чым палкаводцаў, пакараных за прайграныя бітвы.

Стары. Ды ну? Няўжо?

Мінфін. Каб не лічыць сваіх, напрыклад, у Францыі з 1315-га па 1781 год пакаралі смерцю трыццаць сем міністраў фінансаў.

Стары. Даўненька гэта было, даўненька, брат. І тады, значыць, транжырылі? Хм...

Няёмкая паўза.

Ну, вот, выкалачваеш ты грошыкі з падаткаплацельшчыкаў, збіраеш там пошліны розныя. А потым куды іх пускаеш? Грошы тыя?

Мінфін. Выдаткую на ўсе тры праграмы вашага ўрада: палітычную, эканамічную і ваенную.

Стары. А ты б — канкрэтна куды?

Мінфін. На ўсялякую дапамогу. На абарону недаразвітых, на захаванне слабаразвітых, на стрымліванне вельмі развітых. І натуральна — на вайну, паколькі вы заявілі, што вайна — наша першае дзела. Тут нашы асноўныя траты.

Стары. І ты мяне так зразумеў? Дзе гэты трапач?

Дружок!

Дружок (паказаўся на парозе). Сеньёр прэзідэнт? Стары. Дзе гэты званар з тэлебачання?

Дружок. Ён тут. (Прапускае ў кабінет Тэлерэпарцёра.)

Стары сярдзіта разглядае гэтага цыніка, нахабніка, а ён яхідна пасміхаецца, ведаючы, што не будзе пакараны.

Стары. Ты чаму салгаў, перакруціў мае словы пра вайну? Хлус!

Тэлерэпарцёр. Я не салгаў і не перакруціў, сеньёр прэзідэнт. Можаце праверыць. Усе вашы словы запісаны на магнітную ленту. Дарэчы, іх не так многа было сказана. (Уключае магнітафон.)

Гучаць словы Старога: «Першае дзела — вайна. Ясна? Галоўнае, чым мы павінны сёння заняцца, — вайна. Ідзіце! Да вас потым дабяруся».

Вот — мае доказы.

Стары. Але я хацеў сказаць, што трэба канчаць вайну. Я зусім другое думаў.

Тэлерэпарцёр. Нікому не сакрэт, што нашы палітыкі заўсёды думаюць адно, а гавораць другое.

Стары. Гэта вашы. Але ты хоць бы спытаў, што я меў на ўвазе.

Тэлерэпарцёр. Наша прэса пакуль што незалежная ад дзяржавы. Мы не абавязаны прасіць дазволу. Мы абавязаны аб’ектыўна асвятляць вашы справы і словы, сеньёр прэзідэнт. А адгадваць чужыя думкі мы яшчэ не навучыліся. Я не гадалка.

Стары. Ты — турак. Пайшоў вон!

Тэлерэпарцёр. З першага дня сварыцца з прэсай.

Дружок выправаджвае Тэлерэпарцёра за дзверы.

Мінфін. У нас прэзідэнт ва ўладзе чатыры гады, а журналісты — заўсёды. З імі сварыцца — сабе даражэй.

Стары. Во гэткім трэба зрабіць такое, каб не пладзіліся.

Мінфін (пераводзіць гаворку). Дык вы, значыць, мелі на ўвазе вайну... з вайной пакончыць?

Стары. З сённяшняга дня не выдавай грошы гэтым аглаедам на разбой!

Мінфін. А як жа закон? Бюджэт зацверджаны парламентам.

Стары. Які ж гэта закон? Які закон? Там жа людзей забіваюць, калечаць! Там жа бамбяць, паляць, ірвуць, каб ім кішкі рвала!

Мінфін (уздыхнуўшы).</i> І ўсё па закону...

Стары. Бандыцкі закон! Ты вот скажы мне, толькі чэсна, колькі ты выдаў генералам на гэту вайну, на гэту бойню?

Мінфін. З азіятамі? За апошнія дзесяць гадоў — сто пяцьдзесят мільярдаў.

Стары. Бог ты мой! А калі б усе гэтыя сродкі ды ўсе гэтыя рабочыя рукі ды пусціць у дзела, у гэтую ж краіну, аддаць гэтаму разняшчаснаму народу?! Братамі сталі б на векі вечныя. Не ворагамі!

Мінфін. Але... Гэтая вайна падтрымлівала ў нас эканамічную актыўнасць. Для нашай прамысловасці вайна гэта — замест допінгу.

Стары. Чаго, чаго?

Мінфін. Замест... лекаў. Ну... як бы біястымулятар. Жэньшэнь. Пантакрын. Баброва струя.

Стары. Вот я табе пакажу стымулятар! Вот зараз ты ў мяне пусціш баброву струю! І ты такі ж?!

Мінфін. Вашаму памочніку здаецца, што вы са мной грубавата размаўляеце.

Стары. Ды ну? Ану! (Кіўком галавы адсылае Дружка за дзверы.) Магу і далікатна. Мне ж вельмі важна цябе ў саюзнікі. Разумееш, якая справа... Вот ты гаворыш — мільярды туды, мільярды сюды... А простыя ж людзі, ну, там... тыя, каторыя сваімі рукамі ўсё, усе на свеце багацці ствараюць, дык вось яны лічаць грашамі нават дробязь: пфенігі, су, цэнты, капейкі. Для іх сямнаццаць капеек — грошы! Сорак два цэнты — грошы! А вы тут раскідаеце такія сумы. Дык вось, мне далі такі наказ: навесці ў гэтай справе парадак. Разумееш? Вельмі важна, каб ты гэта ўсёк. Усе людзі, увесь народ, як тыя мурашкі, поўзаюць, капошацца, трудзяцца, як пчолкі, лётаюць, збіраюць па пылінцы, па крупінцы, па кропельцы цягаюць да купы. Раней за сонейка ўстаюць, пазней за сонейка спаць кладуцца і ў сцюжу, і ў спёку, у стэпах, на моры і пад зямелькай здабываюць у поце, у мазалях, у старанні — каб усім хапіла, каб усіх адзець-абуць, накарміць. Усе, як пчолкі, працуюць, гудуць. А тут — адкуль ні вазьміся — труцень. Ды хап! Ды такі кавалак! А? Ды без сораму! І куды? На подлую вайну! Разумееш? На забойства! Наказ маю — спыніць растраты. Не дзела гэта! Памажы. А? Не па-гаспадарску.

Мінфін. Сеньёр прэзідэнт! (Асцярожнічае.) Мне ваш курс... Я... таксама за... каб без вайны.

Стары. Дык у чым загвоздка?

Мінфін. У гаспадару.

Стары (зацікавіўся). У якім гаспадару?

Мінфін. Ваенна-прамысловы комплекс цяпер усяму гаспадар, ён уладар. Ён усім указ. Ён — цар, бог! І вярхоўны суддзя.

Стары. Ніякі ён не гаспадар. Цяпер я гаспадар.

Мінфін. Сеньёр прэзідэнт! Вы будзеце падпісваць загады і законы пад яго дыктоўку. Вы — не гаспадар. Ён усяму галава.

Стары. Народ усяму галава. Народ — гаспадар.

Мінфін. Пакуль вы не адбярэце ў яго заводы, капітал, банкі, народ для яго — проста пясок.

Паўза.

Не звязвайцеся вы з ім. Гэта небяспечна. Вельмі небяспечна. Вам асабліва.

Стары. Не толькі мне. З ім усяму свету небяспечна.

Мінфін. Так, і ўвесь свет у страху перад ім.

Стары. Значыць, гэты гаспадар і вымушае цябе на шалёныя расходы? Як жа ён умудраецца так?

Мінфін. Не ён адзін. Ён з генераламі. Вот павярніце выключацель на сваёй карце, і вы ўбачыце, колькі ў іх ваенных баз.

Стары. Расію так акружылі?

Мінфін. І яе суседзяў.

Паўза.

Стары. А ў іх базы вы падлічылі?

Мінфін. Іх базы на іх зямлі. Старажытныя базы — Ноўгарад, Пскоў, Кіеў, Смаленск, Яраслаў, Полацк, Цюмень — новая база. Давыд-Гарадок яшчэ.

Стары. Во-от! Самае вернае дзела! Вось там — самыя верныя іх саюзнікі. Іх і ўмацоўваюць. А вы? На чужых землях! У Тайландзе?

Мінфін. І ў розных іншых ненадзейных Турцыях, Грэцыях...

Стары. Такія расходы! Вар’яцкія растраты!

Мінфін. Так было заўсёды. Цэзару ў Старажытным Рыме міністр фінансаў выдаваў семдзесят цэнтаў на забойства аднаго салдата праціўніка. Напалеон для гэтай мэты браў у казне ўжо тры тысячы долараў. У Другой сусветнай вайне на забойства салдата праціўніка расходавалі пяцьдзесят тысяч. А цяпер жывы, незабіты салдат праціўніка каштуе нам штогод па пяцьдзесят тысяч. Жывы! Незабіты! Разарае нас і пасміхаецца.

Стары. Ну-ка, ну-ка, расталкуй. Якім жа гэта чынам?

Мінфін. Замяняем дальнія бамбардзіроўшчыкі. Кожны новы каштуе семдзесят шэсць мільёнаў. А колькі іх? Наша войска ў Еўропе абыходзіцца нам у сямнаццаць мільярдаў. Штогод. І ім — генералам — гэтага мала. Кожны год патрабуюць павялічыць асігнаванні.

Стары. Ух, гэтыя генералы! Ух, паймаць бы іх маці! Слухай, а колькі іх у нас?

Мінфін. Генералаў? Ведамасць на жалаванне складае ваенны міністр. У яго трэба запытаць. А я на ўсіх адразу чэк выпісваю.

Стары. Чохам, значыць? Дружок! Дзе ты там?

Дружок (паяўляецца на парозе). Я тут.

Стары. Перадай мой загад міністру па шпіянажы, каб падлічыў, колькі ў якой краіне генералаў, адміралаў, афіцэраў. Усіх асобна. І ў нас колькі? Для параўнання.

Дружок. Яму не патрэбна перадаваць загад. Ён сам ужо ведае. Ён жа вас пастаянна падслухоўвае. Ён зробіць.

Стары. Вось яно як!

Мінфін (спалохаўшыся, б’е адбой). Вы хочаце спыніць вайну? Але ж сапраўды вайна аздараўляе нацыю, асвяжае яе, бадзёрыць. І эканоміку, і патрыятызм. Гэта — нектар для прамысловасці!

Стары. Вы, як той язычаскі ідал, хочаце піць нектар абавязкова з чалавечых чарапоў.

Мінфін. На вайне, вядома ж, здараецца, і забіваюць. Але вы запытайце ў жанчыны... Натуральны суддзя мужчыны ёсць жанчына... У вачах жанчыны воін ёсць ідэал мужчыны.

Дружок. Сеньёр прэзідэнт! А вы запытайце ў жанчыны. У прыёмнай якраз дажыдаецца сваёй чаргі маладая актрыса.

Стары. Давай! Давай-давай!

Дружок прыводзіць Актрысу. Стары вельмі здзівіўся: так падобна яна на яго малодшую дачку.

Актрыса. Добры дзень, сеньёр прэзідэнт! (Не разумеекаторы з іх прэзідэнт.)

Мінфін паказвае на Старога.

Стары. Дык гэта ты? Р падазронасцю.) А як цябе завуць?

Актрыса. Я — актрыса. На афішы я — Сюзанна, а дома... Вы хочаце са мной пазнаёміцца?

Стары. Ты вот скажы нам. Калі б табе замуж, скажам, ісці ці там палюбіць, пакахаць, ну, адным словам, сэрца сваё палажыць, то каго ты выбрала б: ваеннага ці цывільнага — вучонага, інжынера, пісьменніка, агранома ці там загадчыка базай?

Актрыса. Я ўжо выбрала. Ён — асвяціцель. Але ён вельмі разумны і таленавіты. Ён такі...

Мінфін. А чаму не ваеннага? Не афіцэра?

Актрыса. Ваеннага? (Прызадумалася.) Але ж іх так часта забіваюць і — нават яшчэ горш — калечаць. А з інвалідам...

Стары. Чуў? Вот, мілок, ідзі і закрывай для ваенных усе касы. Не па-гаспадарску гэта — раскідацца на іх грашамі. Без маёй запіскі нікому ні манеткі.

Мінфін. Помніце гаспадара, сеньёр прэзідэнт! (Выходзіць.)

Стары зноў пільна разглядае Актрысу.

Актрыса. Вы мяне так разглядаеце, сеньёр прэзідэнт, нібы на яхту хочаце запрасіць.

Стары. Малая ты яшчэ на такія жартачкі. Ну, чаго завітала? «Актрыса»! Я табе дам — «актрыса».

Актрыса. Я... Мяне паслалі... Я ад тэатра. Наш тэатр гарыць, ён гарыць не так, а... ён — банкрут. Разумееце, нешта не тое, не так на свеце. Усюды — футбол, хакей, бокс, грубасць, дзікая сіла, «сілавыя прыёмы»! І туды народ прэ. Ну, ці не дзіўна? Мы хочам несці людзям дабрату, любоў да чалавека. А ў нас... вот... нават на зарплату не хапае. Цэны на ўсё растуць. Такія таленавітыя артысты, а ім хоць з небаскроба скачы. Яны мяне паслалі к вам. Трэба нешта рабіць. Да, вот і ад тэатральнага таварыства яшчэ, ад сусветнага... Разумееце, трэба надрукаваць кнігу аб карыфеях тэатра — аб Станіслаўскім, пра Бертальда Брэхта. А — не хапае шасці тысяч. Па гэтай справе ўжо збіраліся адзін раз на Сусветны тэатральны кангрэс. Тры дні выступалі, усё шукалі, дзе б раздабыць грошы. У Маскве гэта было. Але нічога не прыдумалі. На кангрэс толькі патраціліся, а ўсё роўна не знайшлі.

Стары. А колькі патрацілі?

Актрыса. Паўтара мільёна.

Стары (смяецца). І не знайшлі? Шасці тысяч?

Актрыса. Да гэтага часу не знайшлі.

Стары. У нас заўсёды так: на якую-небудзь марыянетку мільярды бухаем, а на сваю культуру — жменьку не знойдзем. А туды — ахапкамі, ахапкамі! А на карыфеяў... (Дружку.) Там нехта шкрабаецца.

Дружок (прынюхаўся к дзвярам). Міністр па шпіянажы.

Стары. Упусці.

Міністр па шпіянажы ўваходзіць, пільным вокам аглядае кабінет, абнюхвае Дружка, Старога і Актрысу; заўважае шкуру Дружка, грозіць яму пальцам.

Міністр па шпіянажы. Я вас слухаю, сеньёр прэзідэнт.

Стары. Ну, давай, чаго там. Заданне выканаў?

Міністр па шпіянажы. Гэта немагчыма. Абсалютна. Колькі ў каго генералаў, афіцэраў, адміралаў — гэта такая тайна, такі сакрэт, што... Не-маг-чыма!

Стары. Слухай, колькі ў цябе шпіёнаў? Там, за рубяжом.

Міністр па шпіянажы. Сто сорак тысяч. (Раптам скумекаў, што выдаў дзяржаўную тайну перад Актрысай і Дружком.) Можа — трыццаць, можа — сорак, або дзесяць, або пяць.

Стары. Калі ты сваіх падлічыць не можаш, як жа ты генералаў падлічыш?

 

Міністр па шпіянажы. Гэтую лічбу ўсе ўрады трымаюць у такой глухой тайне — перш за ўсё ад свайго народа. А таму і нам цяжка, ох як цяжка, ну, проста немагчыма. Вот я знаю, што рускія знаюць, колькі ў нас генералаў, але яны не знаюць, што мы не знаем — колькі ў іх генералаў.

Стары. А колькі ў нас, ты хоць гэта знаеш?

Міністр па шпіянажы. Таксама сакрэт. Вы запытайце ў начальніка штаба. Але ён таксама збрэша. Тайна. Сакрэт.

Стары. Вазьміся ты ды разведай дома, у нас — колькі іх і колькі ім на жалаванне грошай трацім. Ясна?

Міністр па шпіянажы. Дык у нас саміх на гэта сродкаў малавата. Каб пра гэта разведаць, трэба падкупіцьначальнікаў штабоў. А яны дорага просяць. Вы, сеньёр прэзідэнт, на наша ведамства не скупіцеся. Не хапае. Проста — бяда.

Стары. Ага, скрыпучае кола падмазваюць? Не скрыпі. Не падмажу. Тут во з дзяўчынкай трэба... Вот ёй памагчы варта. Ну, ідзі, любы, ідзі, шпіёнь. Служы!

Міністр па шпіянажы пры выхадзе затрымліваецца і загадвае Актрысе.

Міністр па шпіянажы. Потым да мяне зойдзеш!

Актрыса (спужалася). За што? Што я зрабіла? Я ж нічога...

Стары. Не бойся. Гэта ў сне. Ну, дык як жа нам з табой? А? На культуру, канечне, трэба. Нават вот у калгасе ў нас на самадзейнасць такі куш адвальваюць, а тут... Як жа нам... за кошт ваенных?..

Актрыса. Не ведаю. Падумайце самі. Мы, актрысы, думаць не ўмеем. Мы — адчуваем. Такая наша прырода.

Стары. Та-ак. А мы во што зробім... Дружок! Зараз жа аддай загад: усім генералам, адміралам і палкоўнікам абрэзаць гузікі ад мундзіраў і штаноў. Скласці іх па рангах у каробачкі і здаць. Ясна? Сабраць! Потым мы пералічым і даведаемся па гузіках — колькі іх. Гэта па-першае. А па-другое — у генералаў рукі будуць заняты. Хай у руках штаны носяць. А то — распусцілі рукі, вайну ім падавай. Вось як! (Актрысе.) І тваю справу ўладзім: гузікі гэтыя, што ў каробачках, мы прададзім, а на выручаныя грошы і кніжку аб карыфеях надрукуем, і тэатр выручым ад банкруцтва. Не мыццём, дык катаннем.

Актрыса (радуецца). Ай, як складна! Які вы мудры! І ўсё верна! А галоўнае — смешна! Во будзе пацеха: па вуліцы ідуць генералы і ў руках штаны трымаюць... А як ён будзе казыраць, калі яму салдат чэсць аддасць? Во смеху будзе! (Паказвае генерала без гузікаў.)

Уваходзіць Сакратар прэзідэнта. Яна перапужаная.

Сакратар. Сеньёр прэзідэнт! Сам! Сам з’явіўся!

Стары. Хто — сам?

Сакратар. Гаспадар!

Актрыса. Ой, я пайду! Я не буцу... Сеньёр прэзідэнт; дык вы не забудзьце ўжо... пра гузікі і тэатр. А? (Выходзіць.)

Стары. Пра гузікі? Будзь упэўнена — правернем. А чаго вы перапалохаліся? Што ён за звер такі страшны? Ану, падаць яго мне!

Сакратар. Ён жа — гаспадар над усімі... усяго... усіх... Ён усё можа. Як скажа, так і будзе. Ён нават прэзідэнтаў ставіць і скідае.

Стары. Ды ну? Мяне ён не ставіў. Мяне баба мая прызначыла.

Сакратар. Гэта вам так здаецца. Без яго згоды, без яго о’кэй нельга стаць прэзідэнтам.

Стары. Ну і ну. Няўжо ён і на маю бабу ўплывае? А? Ану, падаць сюды цяпкіна-ляпкіна! Мы зараз памераемся сіламі.

Сакратар запрашае Гаспадара. Сустрэліся Стары і Гаспадар, насцярожаныя. Пільна прыглядаюцца адзін да аднаго, вывучаюць. Апісваюць васьмёркі адзін вакол другога. Гаспадар — худзюшчы, змораны, змарнелы, змучаны чалавек сярэдніх гадоў.

Гаспадар (вельмі карэктны і ветлівы). Прыміце мае шчырыя віншаванні, сеньёр прэзідэнт.

Стары. Прымем, прымем. (Прымае на рукі віншаванні, нібы нешта матэрыяльнае, і адкладае ўбок.)

Гаспадар. Прыміце таксама і мае добрыя пажаданні.

Стары. Ну-ну, якія ж гэта пажаданні?

Гаспадар. Пажаданні міру.

Стары. Міру? Дык гэта ж у самую точку! Я ж таксама хачу пакончыць з гэтай вайной. Хачу замірэння.

Гаспадар. Замірэння? Ах, там? З азіятамі?

Стары. Там. Замірэння. Я ўжо і загад даў ваеннаму міністру.

Гаспадар. Ды што вы? Значыць, і дзяржаўны заказ на зброю анулюеце?

Стары. Калі вайны няма — навошта зброя? І ўсякі боезапас.

Гаспадар. Лагічна. І закрываеце мае ваенныя заводы?

Стары. Не толькі твае. Усе. Гэтай зброі панадзелалі столькі, што яе хопіць...

Гаспадар. Сем разоў планету ператрушчыць на парашок.

Стары. Вот то-та.

Гаспадар. Вы ўсё гэта сур’ёзна? З вайной, з заводамі?

Стары. Не сумнявайся. Тут не да жартаў.

Гаспадар. Не да жартаў. О святая інквізіцыя! Сеньёр прэзідэнт! Ды я вас за гэта... (Набліжаецца да Старога.)

Стары (трохі здрэйфіў). Ты гэта... Ты кінь! У мяне тут варта ёсць. Эй, Дружок!

Гаспадар. Ды я вас расцалую! Я перад вамі на калені гатоў. Бог мой! Нарэшце! Канцы канцоў!

Стары. Што — нарэшце? Што — канцы? Там жа людзей забіваюць.

Гаспадар. Правільна!

Стары. На тваю зброю столькі сродкаў ухлопалі...

Гаспадар. Правільна!

Стары. А людзі пакутуюць, народ пакутуе, ад голаду мруць, як мухі: кожную секунду — чалавек, кожную секунду памірае з голаду.

Гаспадар. Правільна! І я пакутаваў! Правільна!

Стары. Што правільна?

Гаспадар. Усё правільна! А я што? Не чалавек? Я таксама чалавек! (Заўважае босыя ногі Старога, сам таксама скідае туфлі.) Я таксама хачу вольна ўздыхнуць. Я таксама маю права паспаць спакойна. (Патрабавальна.) Маю я права на адпачынак? На перадых хоць бы?

Стары. Ты гэта... ты супакойся. Ты прысядзь. Ну, чаму ты так блізка да сэрца бярэш?

Гаспадар. Сеньёр прэзідэнт! Не турбуйцеся! Супа^ койцеся! Вы думаеце — я звіхнуўся?

Стары. А што — не? Прыбыткі ж вашы... таго... Накрыліся.

Гаспадар. К чарцям прыбыткі! Я дзякую вам за вызваленне! Вы знялі з мяне гару клопатаў. Божа мой! Ну што за жыццё было ў мяне?! Вечна пад страхам. На канкурэнтаў азірайся, а то сажруць і гузікі выплюнуць. Эканамічнага шпіянажу апасайся — выкрадуць сакрэты. Новую тэхналогію не праваронь. З прафсаюзамі дамаўляйся, упрошвай, падкуплівай. А тут — энергетычны крызіс. Арабы такую свінню падклалі! А тут інфляцыя. Дэвальвацыя. Інтэграцыя. А ў выніку? Бяссонныя ночы, вечныя папрокі, перадвыбарныя баталіі, суета сует і тамленне духу. І ніхто не паспачувае. Усе думаюць: мільярдэр! Ён толькі і ведае — паспаў, паеў і ў карцішкі ці там у даміно — казла...

Стары. А тут яшчэ камуністы...

Гаспадар (скрозь слёзы).</i> О-о! У пячонках яны ў мяне сядзяць.

Стары (выцірае слязу). Бедалага. Дык ты што? Усур’ёз згодзен на мір і заводы спыніць, каторыя зброю вырабляюць?

 

Гаспадар. Вы не верыце? Дазвольце, з вашага тэлефона я зараз жа аддам распараджэнне. Вот.

Стары (падсоўвае тэлефон). Любы ты мой, калі ласка!

Гаспадар (у трубку). Майго намесніка! Ало! Гэта я. Тэрміновае і важнае распараджэнне. Сеньёр прэзідэнт аб’яўляе мір. Так, мір! Так, усюды! Не толькі ў Азіі. А таму спыніце выраб зброі. Спыніце заводы. Так. Гэта я. Што? Выконваць! (Спакайней.) Усе канторскія хай арганізуюць свята з выпадку міру. (Заботліва, як няня.) Рабочых адпусціць па дамах. Да дзетак. Да жонак хай ідуць. Хай усе радуюцца з выпадку закрыцця заводаў. Адпачнуць хай. Вы таксама радуйцеся. Як я. Зараз жа выконвайце! Так! Пракантраліраваць і далажыць! Я ў прэзідэнта. Так. Усё. Вот.

Стары. Гэта ты верна. Абавязкова патрэбен кантроль. За імі, за намеснікамі, трэба кантроль. (Любуецца Гаспадаром.) Ну які ж ты зубр? Аб дзетках вот клапоцішся. А то пужалі. Вот народ!

Гаспадар. Народу верыць нельга. Народ шэльма. Нагаворыць.

Стары. А ты — буржуй. Пра народ як! Усё-такі ты класавы вораг. Гэта, як радзімая пляма — і непрыгожа, і выразаць страшна.

Гаспадар. Аднак жа змаглі і згаварыцца. Я ж таксама чалавек. Толькі абставінамі... капіталам прыціснуты... да капіталу.

Стары. Сёння ты мудра паступіў. Давай я цябе абдыму.

Абдымкі некалькі залішне зацягнуліся.

Гаспадар. Мяне вы вызвалілі, а сабе клопатаў прыбавілі.

Стары. Нічога. Клопаты — яны як сабаку блохі, карысныя нават. Няма калі думаць пра невясёлую сабачую долю. А якія клопаты?

Гаспадар. Ад кожнай сотні рабочых у нашай краіне на ваеннай вытворчасці занята адзінаццаць чалавек. І вот закрыем мы ваенныя заводы, а іх куды? Застануцца без дзела. Уяўляеце — колькі іх? Адзінаццаць працэнтаў.

Стары. Не, усё-такі ты класавы вораг. Прыбыткі? Так?

Гаспадар. Ды не! Мне іх шкада. Рабочых. Яны прывыклі к заводу. Яны кожную раніцу, кожную раніцу і вечар ішлі туды натоўпамі, як да кармушкі. Шкада іх вельмі.

Стары. А ты не шкадуй. Я іх пашкадую. Вот вазьму і ўсе мільярды, што на ваеннае дзела ішлі, раздам ім. А яны будуць што-небудзь будаваць — жыллё ці дарогі. І сытыя будуць і давольныя. І кармушка твая не трэба будзе.

Гаспадар. І яшчэ: вот вернуцца салдацікі з вайны, куды вы іх прыстроіце? А іх жа сотні тысяч. У нас і без іх было восем працэнтаў беспрацоўных. Ды цяпер плюс яшчэ адзінаццаць — дзевятнаццаць. Ды салдацікі прыйдуць. Як вы з імі справіцеся? Яны ж там навучыліся страляць. А тут апынуцца без дзела. Чым яны зоймуцца? Што ўмеюць? Грабяжамі. Насіллем. Яны ж там навучыліся забіваць.

Стары. Да-а, аб гэтым я не падумаў.

Гаспадар. О! Пад пагрозай парадак. У краіне і так, я вам скажу, не вельмі спакойна вечарамі ў гарадах. Што? Не?

Стары. Ох, неспакойна, ох, неспакойна. Дружок! Дзе гэта пісьмо мэра горада? Пачытай.

Дружок (чытае). «Павелічэнне колькасці забітых азіятаў не праходзіць дарма для нашай краіны. Маральны эфект такога, нібы ад нечага рабіць, забойства адзываецца кроўю на вуліцах нашых гарадоў, і мы паступова ператвараемся ў грамадства, дзе жыццё чалавека становіцца ўсё дзешавей... Страх прымушае гараджан сядзець за наглуха запёртымі дзвярамі нашых дамоў і кватэр, а ноччу нашы гарады становяцца арэнай жаху, жудасці...»

Стары. Во што такое ваша вайна.

Гаспадар. Не, гэта ваш мір пагражае краіне такім жахам. Вот вернеце малойчыкаў, якія паспыталі смак крыві...

Стары. Дык, можа, лепей ваяваць? І беспрацоўя не будзе, і страхі адкладзем на потым. А? Не, паймаць тваю маці... А ты ўсё-такі класавы вораг. Шкада табе прыбыткаў. Ну, прызнайся.

Гаспадар (зразумелі адзін аднаго). Не, што вы! Я шчыра аб вашых клопатах...

Стары. Ну, дзякую.

Зазваніў тэлефон.

(Здымае трубку) Так, я слухаю. Ага, ага... Малайчына. Ужо? Малайцы! (Гаспадару.) Табе далажыць хочуць. (Перадае трубку Гаспадару.)

Гаспадар. Спынілі? Так, так... Малайцы! А цяпер перадайце нашым заводам-пастаўшчыкам: сталь нам не патрэбна. Падзякуйце ім. Растлумачце. Дзюралюміній не патрэбен. Селітра таксама. Чыгун, пракат... Так, так. Хай спыняюць. Так. Так. Мір дык мір! Чорт вазьмі! А як жа?! Рабочых да дзетак, да жоначак, па дамах. Хай святкуюць. Так, можна і маніфестацыі. Мір жа ўсё-такі! Так. Памажыце прафсаюзам арганізаваць. І плакаты, плакаты ў чэсць прэзідэнта. Уся слава яму, ён ініцыятар.

Стары. Ну навошта? Гэта ўжо культ асобы.

Гаспадар. Гляджу я на вас і не нарадуюся. Прэзідэнт-міратворац! А? Гучыць? Грандыёзна! Помнік заслужыў! Пры жыцці.

Стары (скромнічае). Ты ўжо скажаш. Даволі. Дый... Помнікі пры жыцці — недаўгавечныя. Не захвальвай.

Гаспадар. Пахвалу часта адхіляюць для таго, каб яшчэ раз пачуць яе.

Стары. Ды не, брат. Калі цыган занадта расхвальвае сваю кабылу, то знай — ён хоча як хутчэй збыць яе з рук. А не таму, што помнік ёй пры жыцці паставіць хоча.

Гаспадар. Шкада толькі, што пасля такіх вось дабракоў, гуманістаў, лібералаў прыходзяць смуты, хаос, культурная рэвалюцыя ці фашызм, а то і бог ведае што яшчэ...

Стары. А чаму хаос, смута? Я хіба...

Гаспадар. За спіной даверлівасці — здрада, за дабрадушшам — каварства, за законам пляцецца беззаконне, за злом — помста, як за прэзідэнтам — віцэ-прэзідэнт. Такія мае назіранні...

Стары. Я ж не к хаосу заву, не смуту сею. Я міру хачу!

З’яўляецца Сакратар і ўрачыста аб’яўляе.

Сакратар. Панове! Ленч! Прыйшоў час ленчу! прагучала гэта так жа ўрачыста, як «прыйшоў час малітвы».)

Гаспадар (радуецца). Ох, ленч! Ленч! Яго час прыйшоў!

Стары. Які там яшчэ ленч? Пачакае твой ленч.

Сакратар. Сеньёр прэзідэнт! Накарміць вас другім сняданкам — гэта мой службовы абавязак.

Стары. Які там сняданак, калі мы галоўнай справы не рашылі. Там вайна, а мы — снедаць? Тым больш другі раз.

Гаспадар. Сняданак, другі сняданак, і ёсць тая самая галоўная справа, дзеля каторай мы робім усе справы. І вайна, якая там зараз вядзецца, яна таксама дзеля сняданка. Усе войны, якія вяло чалавецтва, ад першай вайны чалавека з мамантам і да апошняй вайны арабаў з яўрэямі, усе войны — дзеля другога сняданка. Сеньёр прэзідэнт! Не будзем парушаць гістарычных традыцый. Сняданак — наша першая і галоўная справа. Слава другому сняданку!

Усе партрэты (адзін з іх са свежай жалобнай лентай) папярэднікаў прэзідэнта апускаюцца, робяцца столікамі пры буфетных акенцах з талеркамі, бутэлькамі, чаркамі і розным харчам. Гатова да паслуг буфетчыца. Гэта ж, здаецца, Сакратар! Гаспадар падзывае Сакратара прэзідэнта.

Сакратар. Вам я патрэбна, ці...

Гаспадар. Мне трэба прэзідэнт. Было б добра, каб вы перадалі яму маё запрашэнне пабываць у мяне ў гасцях на яхце. Напрыклад, сёння. Але вы павінны перадаць запрашэнне так, каб у яго з’явілася жаданне... каб яму захацелася... пабываць на яхце.

Сакратар. Але ён ужо стары. Ён стары... на яхту.

Гаспадар. І ў старога таксама часам з’яўляецца жаданне на яхту. (Вымае з кішэні кулончык і кладзе Сакратару ў жменьку.)

Сакратар. Пастараюся выклікаць у яго жаданне.

Сакратар знікае.

Цяпер сюды сыходзяцца Ваенны міністр, Міністр фінансаў, Міністр па шпіянажы, Віцэ-прэзідэнт.

Адны яшчэ жуюць, а другія ўжо калупаюць у зубах.

Мінфін. Як вы яго... І ён паверыў?

Гаспадар. Новы прэзідэнт даверлівы, як дзіця. Наіўны. І таму небяспечны. Каровы бойся спераду, каня ззаду, а яго з усіх бакоў.

Ваенмін. Ён — чырвоны?

Гаспадар. Ён больш чырвоны, чым чырвоны.

Ваенмін. Адкуль ён зваліўся? Які чорт яго прынёс? Мінфін. Мы не ведаем, хто ён, што ён, ад каго ён. Міністр па шпіянажы. Ад Бога. Бог яго даў, Бог яго, калі што, і прыбярэ. Бог, ён усёмагутны.

Мінфін. Як жа ён усплыў? Сам?

Гаспадар. Вы яго заслужылі. У дрэнным правіцельстве, як і ў палонцы, наверх усплывае самае... лёгкае.

Мінфін. Значыць, ён не асоба?

Гаспадар. А дзе віцэ-прэзідэнт? Віцэ-прэзідэнт. Я тут. Я заўсёды тут. Гаспадар. Нейкая непрыкметная... Будзь пад рукой. Чакай.

Віцэ-прэзідэнт. I доўга яшчэ чакаць?

Гаспадар. Натоўпы ёсць?

Ваенмін. Ёсць.

Гаспадар. Лікаванне?

Ваенмін. Усеагульнае.

Гаспадар. Плакаты? Крыкі? Абурэнне?

Ваенмін. Бурнае. Гнеўнае.

Гаспадар. Хаос?

Мінфін. Натуральны: усё дагары нагамі. Гаспадар. Магазіны?

Мінфін. Апусцелі.

Гаспадар. Цэны?

Мінфін. Растуць з кожнай гадзінай. Бескантрольна. Гаспадар. Тэлебачанне?

Міністр па шпіянажы. На месцы.

Гаспадар (Віцэ-прэзідэнту). Выйдзі к народу. Для рэкламы. Абяцай рэформы. Падабайся натоўпу. Пацалуй якога-небудзь дзіцёнка. Вытры насавічком слязу. Стукай у грудзі. Ідзі, друг народа. Тачы язык і зубы. Для ўлады яны вострыя трэба.

І ўсе зноў накідваюцца на жратву. Чуваць, як над усей краінай разносіцца нейкі шэлест, бульканне, звон талерак, лязгат нажоў, відэльцаў, хруст, чаўканне. Усе свяшчэннадзействуюць: жуюць, глытаюць, п’юць, улагоджваюць страўнікі, шлункі.

 

— Джон Ф. Кенэдзі!

— Забіты.

— Сальвадор Альендэ!

— Забіты.

— Муджыбур Рахман!

— Забіты.

— ?

Гістарычная хроніка

 

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ. ВАЗНЯСЕННЕ

На балкончык выходзіць Стары. Доўга прыслухоўваецца.

Стары. Жуюць. Ядуць. Хрусцяць костачкамі. Да-а. Улагоджваюць страўнікі. Прасвятліў ён мяне: усё дзеля сняданка. А я ўсё жыццё пражыў... перахопіш на хаду, каб падмацавацца, каб лягчэй бегчы, каб касой замахнуцца, каб тапор сілу пачуў, а тут аказваецца — усё наадварот. Усё, што робяць, усе помыслы, нават войны — дзеля сняданка. Усё страўніку. Яго ўлагодзіць. У якім жа гэта каралеўстве?.. Мяса не хапала, знікла з прылаўкаў, не закупілі... І яны караля з’елі. А потым, хе-хе-хе, паймаць іх маці, пастуха сажралі, бачыш ты, кармавую праблему ў каралеўстве не рашыў. Во дзе ён, вораг чалавецтва! Страўнік! Ён — драпежнік! Ён, разбойнік, штурхае на злыя ўчынкі і абжор, і галодных. Ён жа ненасытны, як бяздонне, як агонь, як пажар усё зжырае! А яму мала! Мала! Мала! З’есць ён чалавека! Без астатку з’есць. Самога сябе з’есць, калі яму патакаць.

З’яўляецца Дружок. Усе партрэты становяцца на свае месцы. Кабінет прымае свой звычайны выгляд.

Усе пакідаюць кабінет. Дружок сустракае прэзідэнта. Стары таксама калупае ў зубах. Поруч тупае каблучкамі Сакратар.

Яна адкрыта какетнічае.

Сакратар. Сеньёр прэзідэнт! Вас запрашае ў госці гаспадар. На яхту ў заліў.

Стары. На падводных крыллях, ці што? Да Кіева? Сакратар. Не, чаму да Кіева! У яго парусная яхта. Ах, якое гэта хараство! А на яхце ў яго столькі спакусы... Цуд, рай, Ганконг! Індыя! Махараджа! А напіткі! А музыка! А жанчыны! Стрыптыз!

Стары. Чаго, чаго? Стрыптыз? А гэта што за звер? Сакратар. Гэта... Ну, як вам расказаць?.. Гэта... Вот... вазьміце і пацягніце за гэты шнурок. Смялей, смялей.

Стары пацягнуў за шнурок, і плацце Сакратара з’ехала ўніз. Дзяўчына стаіць як мама радзіла. Стары атарапеў.

Стары. Божухна! Ды што ж гэта? У які грэх увяла! Бессаромная! Адзенься! (Крычыць на Дружка.) А ты чаго вочы вылупіў? Не сорамна? Адвярніся, бугай! (Адвярнуўшыся, Стары памагае дзяўчыне адзецца.) І брысь, брысь адсюль, акаянная. Сіла ты нячыстая! (Стары выпіхнуў яе за дзверы.)

Дружок. Ну, што? Пацягнуў за шнурок? А? Правакацыя якая?

Стары. Да-а... аскароміўся... самаму весела.) Пацягнуў за шнурок! А? Ну, брат, і сцерва! А хараша-а-а! Бачыў? А? Штучка! (Апамятаўся.) Добра яшчэ, што фатографа не было ці гэтага, з тэлебачання. А то... Вот бы кіно ўстроілі. І галоўнае — не апраўдаешся: сам пацягнуў за шнурок. Карцінка была б! «Прэзідэнт забаўляецца». Акно сатыры.

Дружок. Можа, і знялі. У іх гэта — раз плюнуць.

Стары. Бач ты. Як яна гэта называе? Сервіз?

Дружок. Стрыптыз. Ну, на яхту пойдзеце? Ве-ельмі цікава.

Стары. Праз цікаўнасць Адама і Евы людзі рай страцілі.

Дружок (успомніў службу). Сеньёр прэзідэнт! Вас ждуць вялікія справы! Ад якіх мір залежыць. Праз тое мір траціць нельга.

Стары (выглянуўшы ў акно). Што за шум там? Што за гам? Натоўп сабраўся... Крыкі... Аб чым там? Братаюцца ці б’юцца?

Дружок. Лікуюць. Радуюцца. Весяляцца. Мір! Міру рады.

Стары. І праўда, быццам весяляцца... радуюцца. Толькі нешта сярдзіта яны весяляцца. Ці не б’юцца? Вунь адзін пад дзеравам сядзіць, галаву звесіўшы. Непадобна, што яму весела.

Дружок. Гэта мысліцель. Зараз віцэ-прэзідэнт даложыць. Бачыце, ён там. (Сакратару за дзверы.) Пакліч віцэ-прэзідэнта! (Старому.) Але ведайце, сеньёр прэзідэнт: ён — чалавек гаспадара. Ён не вам служыць.

Стары. З ім знюхаўся? Я яго нешта не прыпомню...

Дружок. Зараз ахнеш...

Уваходзіць Віцэ-прэзідэнт. Стары аслупянеў: так падобны ён на сына. Стары непрыязна разглядвае яго, а той трымае сябе строга афіцыйна, адчужана, з гонарам.

Віцэ-прэзідэнт. Добры дзень!

Стары. А ты як сюды трапіў?

Віцэ-прэзідэнт. Па выкліку. На даклад.

Стары. Ты што, прытвараешся?

Віцэ-прэзідэнт. Сеньёр прэзідэнт! Я не разумею вас. (Суха.) Магу дакладваць?

Стары. Пачакай. Ты гэта... Цябе як завуць?.. Ну, імя.

Віцэ-прэзідэнт. Джон.

Стары. Джо-он? Ды ну? Ужо Джон? Не Жан? А? А можа — Ваня? Іван? Ну, чаго маўчыш? Дурня з мяне строіш з гэтай, Іван?

Віцэ-прэзідэнт (неразумее ігры). Я Джон. Джон я!

Стары (сумняваецца). Хм... Вельмі падобны... на майго сына.

Віцэ-прэзідэнт. Прыемна, але... Не зайздрошчу вашаму сыну. Вы, здаецца, таксама не вельмі любіце сваё чада.

Стары (ацэньвае). Саўсім чужы. «Таксама» — кажаш? Табе здаецца, што і твой бацька цябе не любіць? «Таксама»...

Віцэ-прэзідэнт. Мне гэта не здаецца.

Стары (хоча выведаць). Слухай, давай пагаворым, толькі шчыра. Вот у цябе з бацькам як? Што ў цябе з ім? Раскажы пра яго. Хто ён? Які ён? Гэта важна для мяне. І для цябе.

Віцэ-прэзідэнт. Але ў нас больш важныя, дзяржаўныя, справы...

Стары. Можа, гэта — самая важная дзяржаўная справа!

Віцэ-прэзідэнт. Бацька мой... біялагічны бацька — пастар, поп, прапаведнік дабра і справядлівасці. У яго вялікія духоўныя запасы, але ў яго няма грошай. А сапраўдны бацька, бацька-дабрадзей — гаспадар. Ён дае мне тое, чаго не хапае ў роднага, — грошы. Вядома, не за духоўную прывязанасць. Ён — у крэдыт. Я малады. А маладосць даецца на кароткі час. Я малады — пакуль. А пакуль я малады, мне трэба зараз, сёння альбо ніколі. Ён гэта ведае.

Стары. А бацька ведае гэта?

Віцэ-прэзідэнт. Ён гэтага не разумее.

Стары. Бог мой! Празяваў. Правароніў сына. Слухай, ты і праўда — Джон? Не Іван? Ты што, ненавідзіш бацьку свайго? А? У яго няма грошай ці ён не хацеў даць табе?

Віцэ-прэзідэнт. Ён не хацеў іх мець. Ён у золаце бачыць зло. А я бачу жыццё, радасці, свабоду, самастойнасць, незалежнасць, любоў, дружбу — усё! Кожнаму сваё! Кожны жыве сам. Калі чалавек надзявае касцюм, ён прыемнасць адчувае сам. Калі п’е — смачна яму. Калі цалуе — асалоду мае сам, ён для сябе цалуе. Чужыя прыемнасці мне нічога не даюць. Я ж не магу паспытаць, адчуць усё тое... калі не я ляжу з ёй, а нехта другі. Гэта трэба самому, толькі самому. Рэстаран, яхту, машыну, скорасць, палёт, рэўнасць, боль, смутак, радасць...

Стары. А хто ж будзе сеяць, жаць, ткаць, шыць, будаваць дамы, рэстараны, яхты, машыны? А калі ўсе захочуць так, як ты, на гатовенькае?

Віцэ-прэзідэнт. А ўсе і хочуць. Усе так хочуць! Але не ўсе могуць. Тут хто зможа. Адны хай будуюць, сеюць, шыюць, а другія...

Стары. Сынок! Куды ж ты? Як жа ты?

Віцэ-прэзідэнт. А вы хіба не так? Пад адзежкай усе мы голенькія. Вот прэзідэнтам вы сталі хіба не для таго, каб адчуць у поўную сілу ўсяго... Ну ўсяго, чаго душа пажадае? Улады над людзьмі, славы, пашаны, увагі, сытасці, любві, гонару, жаночага тамлення. А? Адчуць радасць поўнага размаху крыла!

Стары. Ты на яхце ў яго бываў? У гаспадара?

Віцэ-прэзідэнт. Бываў.

Стары. І гэты... сервіз ён вам... ну, паказваў, выстаўляў?

 

Віцэ-прэзідэнт. Які сервіз? А, стрыптыз? Было.

Стары. Потым карцінкі ўсякія такія?..

Віцэ-прэзідэнт. Якія карцінкі? Ён у натуры ўсё падае. Вот уваходзіць дзяўчына. Прыгожая. Такая, што... ну і саўсім без... Святло прытухае. Потым заходзіць мужчына. Здаровы, статны. І таксама — саўсім... І пачынаюць... ну... Дагадаліся?

Стары. На вачах ва ўсіх?

Віцэ-прэзідэнт. Ну, можа, хто і зажмурыцца.

Стары. Ну, а потым? Вы-та што потым?

 

Віцэ-прэзідэнт. Я? Нічога... Не помню. (Хоча ўспомніць.) Не, не помню, што потым.

Стары. Госпадзі! Дык як жа такое можна глядзець!

Віцэ-прэзідэнт. Гэта цікава. Вот я чуў, што гаспадар сёння запрашае вас на яхту. Вы пабывайце. Гэта цікава. Асабліва ў вашым узросце.

Стары. Во ржаўчына! Во кіслата! Як ён чалавека раз’ядае!

Віцэ-прэзідэнт. Гэта не кіслата. Гэта вам з непрывычкі.

Стары. Вось так гэта і пачынаецца — з сямнаццаці капеек. Потым з непрывычкі. Потым з прывычкі. А далей — хоць у лоб страляй — не выб’еш, не адымеш. Не, мала таго, потым, каб яхту гэту мець і ўсё такое там, гарматы, мінамёты, армады падводных лодак, самалёты, базы будуе... Во яно дзе гняздзіцца, зло! На яхце!

Віцэ-прэзідэнт. У вас разлад з сынам? Даруйце...

Стары. Усіх выхаваў. Спадзяваўся, што і апошні, гледзячы на іх, вырасце такім жа. А — не! Кожнае пакаленне ўсё пачынае нанава. Кожны — асоба, аднаасобнасць! Яму вопыт у спадчыну ў генах не перадаецца. А я на самацёк... Нельга на самацёк. Адзін ён ці адзінаццаты. А гэта што ў цябе?

Віцэ-прэзідэнт. Біблія.

Стары. Біблія? У цябе? А навошта яна?

Віцэ-прэзідэнт. На ўсякі выпадак. Біблія гадзіцца ў жыцці пры ўсякім выпадку.

Стары. Каб схавацца за ёй? Прыкрыць свае страсці? А? Вот калі я, здаецца, спасціг галоўнае. Пад канец, пад старасць. Вялікая тайна зла тоіцца ў імкненні чалавека задаволіць свае страсці. Усе беды ў свеце прарастаюць з аднаго карэньчыка, з аднаго гаршчочка, імя якому — эгаізм. Я! Мне! Маё! І дзеля гэтага — напралом, не зважаючы на чужыя стогны, боль... Абы сабе! Абы сам! Страсці! Ух, гэтыя страсці!

З вуліцы зноў хвалямі даносяцца шум, гул, крыкі, усплёскі апладысментаў, скандзіраванне і лямант.

Віцэ-прэзідэнт (паказвае за акно). Вось, у іх таксама страсці. Яны хочуць жраць. Вы далі ім мір — яны дзве гадзіны лікавалі. Вы закрылі ваенныя заводы, выкінулі іх на вуліцу — і яны патрабуюць работы, заробку. Яны яшчэ патрабуюць вайны дзеля хлеба.

Стары. Патрабуюць хлеба з кроўю? Не лжы!

Віцэ-прэзідэнт. Яны не грэблівыя.

Стары. Рабочыя вайны не патрабуюць. Ды яны б’юцца! Глядзі! Сценка на сценку. Чаго б гэта? Ідзі-тка разузнай, што да чаго. Чаго яны хочуць. І тыя і гэтыя. Ідзі і не затрымлівайся.

Дружок. Тэлевізар, тэлевізар глядзіце!

У тэлевізары на фоне гоману натоўпу разараецца знаёмы нам Тэлерэпарцёр.

Тэлерэпарцёр. Г анарлівае жаданне прэзідэнта праслыць міратворцам прывядзе краіну да катастрофы, увергне наш народ у бяздонне бедстваў. Вось бліжэйшая перспектыва нацыі: дваццаць працэнтаў беспрацоўных, дарогі забіты няшчаснымі людзьмі, якія шукаюць работы і хлеба. Паміраюць старыя, пакінутыя без нагляду. Плачуць жонкі і мацеры. Плачуць галодныя дзеткі. Кругом грабяжы, разбой, насілле, забойствы. Над усёй краінай стогны, енкі, сум...

Стары. Гад! Значыць — лепей ваяваць? А? Вот стварылі абстановачку: вайна — дрэнна, а мір — яшчэ горш. Вот загналі народ у тупік. Машэннік! Ты скажы, хто давёў да гэтага?! Хто зацвярджаў ваенныя бюджэты! Вашы правіцелі штогод трацяць на армію, на зброю, на ваенныя базы чатырыста мільярдаў!

Дружок. Сеньёр прэзідэнт! Вы крычыце самому сабе, а ён вас абмазаў перад усім светам.

Віцэ-прэзідэнт выходзіць і прыводзіць чалавека з ланцугом у руцэ.

Віцэ-прэзідэнт. Вось ён, раб. Ён супраць вас.

Стары. Ну, ты свабодны.

Віцэ-прэзідэнт выходзіць.

(Размаўляе з рабом, як з родным братам.) А гэта што ў цябе? У цябе на руках ланцугі?

Раб. Ды гэта... ад веласіпеда... Гэта на ўсякі выпадак... Калі тыя, што вас акружылі... Ваш палац... (Устрасянуў ланцугом.)

Стары. Так, так. Во яно што! А тыя — гэта хто?

Раб. Чырвоныя.

Стары. А ты які?

Раб. Я ніякі. Я токар. Я рабочы.

Стары. На якім заводзе?

Раб. На ваенным.

Стары. І што ж вы там выпускаеце?

Раб. Многа чаго... Рознае... Усякае...

Дружок. Прэзідэнту можна сказаць.

Раб. Прэзідэнт сам павінен знаць. Для арміі ўсякае там...

Стары. Новую бомбу? Нейтрону? І ты сваімі рукамі, з любоўю, акуратненька...

Раб. У нашай справе без любві, без дакладнасці нельга. Тут дзела тонкае. Без душы тут так сапсуць можна... Гэта ж разумееш...

Стары. Навошта яны табе? Браток ты мой, навошта табе?

Раб. Мне? (Здзіўлены і пакрыўджаны за сваю прафесію.)

Стары. Ну, суседу там, другім. Мне. Яму вот. Нашто? У суп іх не пакладзеш. Які з іх навар? Для чаго тады?

Раб. Гаспадару, відаць, навар ёсць. Гаспадар ведае... Ён узяў мяне на працу і загадаў рабіць... Гэта для пускавога механізма.

Стары. Ага, значыць, яны гаспадару трэба? А потым ён возьме твайго сына, забрые ў салдаты, дасць яму сваю штуковіну і пашле на вайну — разбураць, забіваць, узрываць. Падумай — забіваць!

Раб. На вайне заўсёды каго-небудзь забіваюць.

Стары. Для чаго? З якой мэтай?

Раб. Не ведаю. Гэта не ў нас. Гэта далёка. Гэта ў Азіі.

Стары. А ў Азіі што? Не людзі?

Раб. Азіятаў многа. Перанасяленне там.

Стары (зразумеў, што брат уліп у паганую кампанію). Ды людзі ж там, пустая твая башка! На людзей ты, на такіх, як сам, сын твой, зброю ты сваімі рукамі робіш. Прачніся! Ды зразумей! Навошта ты робіш тое, што табе непатрэбна?

Раб. Мне плацяць.

Стары. Табе плацяць, каб іншых, такіх, як ты, у ярме трымаць. Зразумеў?

Раб. Зразумеў. Даўно. Сам. Толькі закрываць наш завод нельга. Нашы хлопцы не зразумеюць. Народ вас не зразумее.

Стары. Такі дурны ваш народ? Брэ-эшаш!

Раб. Народ наш не дурны, але жыве ён у крэдыт. У нас усё ў крэдыт: кватэра ў крэдыт, аўтамашына ў крэдыт, доктар у крэдыт. Усё жыццё ў крэдыт. І кожны месяц трэба ўзнос рабіць. А страціш работу — страціш і заробак, не ўнясеш крэдыт — і ўсё адбяруць. Усё-ё! Усё страціш! Не-е, крэдытам я прыкаваны пажыццёва. Цяпер паймі і нашага брата, прэзідэнт. У мяне чацвёра дзяцей. І ў іх нічога няма, апроч крэдыту. Я падвешаны.

Стары. Як жа яны цябе аблыталі! Што яны з табой зрабілі?! Сагнулі. Утапталі ў гразь. У-у, паймаць яго маць! Ды ты ж рабочы! Ты ж — уладыка свету! Усё зроблена тваімі рукамі! І ў цябе нічога няма? Жывеш у доўг? Усё ў цябе не тваё! Усё ў крэдыт! А ты куеш зброю на тых, хто хоча вызваліцца ад іх ярма? Ты сваім ланцугом, сваімі аковамі ідзеш біць сваіх жа! Гатоў на забойства! Дзе ты, Божа? Што ж яны могуць зрабіць з чалавекам?! Во ахмурылі! Во спуталі! Во акалпачылі! Слухай! Ачніся! Распраў плечы! Прачніся! Яны трацяць шалёныя грошы на вайну, на тарпеды, на генералаў, на шпіёнаў. На ўсё ў іх грошы ёсць! Толькі табе няма. На цябе — няма. Чалавекам стань, раб! Сцісні пальцы ў кулак!

Урываюцца Гаспадар, Ваенны міністр, Міністр фінансаў, Міністр па шпіянажы, Сакратар і Віцэ-прэзідэнт і акружаюць Старога.

Гаспадар. Не будзі ліха, пакуль яно спіць! Не будзі!

Ваенмін. Ды ён жа камуніст!

Стары. Беспартыйны я. З блока беспартыйных я. Гаспадар. Выбірай: залаты трон ці мір?

Стары. Мудроная штука — карыта. Хто не ведае — караблём назаве. А ты тронам. Карыта гэта!

Гаспадар. Лягушка выбірае балота.

Стары. Ды вы што, з глузду з’ехалі?

Гаспадар. Вось і прыйшоў твой канец, міратворац!

Стары шукае сярод прысутных падтрымкі. Раптам заўважае Віцэ-прэзідэнта.

Стары. Сто-оп! І ты? Чаму ты сярод іх?

Гаспадар. На змену табе.

Стары. Э-э-э, дык во яно што! Не-е! Не эанужаць вам. Усё! Вайне канец! І грошай вам не дам! Не дам і табе дзвесце сорак два рублі і сямнаццаць капеек! Ідзі ў турму! Сам ідзі!

Ваенмін. За дэмагогію яго задушыць мала!

Ваенны міністр першы рынуўся на Старога, і ўсе астатнія скопам наваліліся на яго і пачалі душыць. Ён яшчэ паспеў выкрыкнуць: «...і сямнаццаць капеек не дам». І яго задушылі. Дружна. Бязлітасна. Насмерць.

Праверылі. Уздыхнулі. Пераглянуліся. Недзе закукавала зязюля.

Гаспадар. Віцэ-прэзідэнт! Вінават, прэзідэнт!

Віцэ-прэзідэнт. Я тут.

Гаспадар. Давай прысягу і бяры ўладу. Дзе Святая Біблія? Прыйшоў час валявому чалавеку. Прабіў час! Хаос нараджае дэмакратыю, хаос і пахавае яе. Бог з ёю. Дайце арэну мне!

Гаспадар здымае капялюш. Следам і ўсе астатнія. Гаспадар вымае з кішэні насавічок. І ўсе таксама. Выцірае слязу. І яны. Затым Гаспадар кіўнуў пальцам — даў знак запрасіць на грамадзянскую паніхіду ўсіх. хто паблізу. І, калі сабралася такая-сякая колькасць народу, Гаспадар пачаў свой жалобны, шчыры, як заўсёды перад тэлерэпарцёрам, маналог.

Гаспадар. Грамадзяне! Браты і сёстры! Сябры мае! Нашу нацыю спасцігла вялікае гора. Наш народ панёс непаправімую ўтрату. Ён толькі што страціў свайго вернага абаронцу, палымянага змагара за мір, мудрага дзяржаўнага дзеяча, вялікага гуманіста. Гэты унікальны чалавек да апошняга дыхання стаяў за інтарэсы свайго трудавога народа. Мы смуткуем. Мы плачам над яго прахам. Гэта быў ісцінны самародак. Вельмі дораг быў ён нам, і таму вельмі вялікі наш смутак і гора. Жалоба і смутак агарнулі нашы душы...

Стары даўно ўжо, расплюшчыўшы адно вока, уважліва слухае надгробную прамову аб сабе. Пад канец прамовы ён нават пачухаў нагу аб нагу. Нарэшце ўзарваўся.

Стары. Ах ты, фарысей! Задушыў і смуткуеш? Не-е! Са мной не саўладаеш!

Гаспадар (спачатку разгубіўся). Бог мой! Ды ён ажыў!

Стары. Дурань! Я — бессмяротны! Бессмяротны я!

Гаспадар. Хто? Пытаюся — хто недадушыў? Хто перашкодзіў?

Стары. Мая благаверная. Вы думаеце, што вы мудрэй маёй бабы? Не-е! А гэта з’елі? (Выстаўляе кукіш.) Яна недарма паслала мяне к вам у сне. У сне! Я ж вас часта пужаю. Спаць вам не даю. Цераз вас я таксама часта недасыпаю. Але вы мне нічога не можаце зрабіць. Но-но-но! Вот зрабі яшчэ адзін шаг, і я прачнуся. Ураз счэзнеце! Ай-яй-яй! Гэта ж кашмар! З вамі ніякі прэзідэнт не зладзіць. Тут сістэму ламаць трэба. «Аўрора» на вас трэба! Не, пара прачнуцца! Настаў час! Спыніце планету, я сыду! Я дамоў хачу!

Нібы ў тумане знікаюць цёмныя фігуры, а Стары, як Саваоф, застаецца ў яркім ззянні.

Закукавала зязюля. Кукуе ўсё бліжэй, званчэй, настойлівей. Адлічвае яна доўгі век людзям ці, можа, выказвае сваю трывогу за іх лёс.

Канец

1974


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Макаёнак, Андрэй Ягоравіч. Зацюканы апостал : п'есы / Андрэй Макаёнак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. - 270с.
Крыніца: скан