epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Ушакоў

Калыханка

Добрым часам, ціхай ночкай,

Лёгкі сон, зляці на вочкі,

Баю, баю, баю, бай,

Сні спакойна, засынай.

 

Каб ты цяжкіх сноў не знала,

Бесклапотна засынала,

Табе песеньку сняю

Я пра долюшку тваю.

 

У цяжкай зморы на пастаці

Нарадзіла цябе маці,

Шостай ты ў сям'і была

I без догляду расла.

 

Табе маці не спявала,

А зязюля кукавала,

Буйны дожджычак купаў,

Золкі вецер калыхаў.

 

А цяпер, маё малое,

Больш не ўбачыш гора злое.

Ясным ранкам вераснёвым

Зажылі жыццём мы новым.

 

Ты расці, ты цвіці,

Будзь шчаслівай у жыцці.


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Крывёю сэрца : [Зб.вершаў загінуўшых паэтаў] / Уклад.А.Вялюгін. - Мн. : Беларусь, 1967. - 178с. - ( Бібліятэка беларускай паэзіі)
Крыніца: скан