epub
 
падключыць
слоўнікі

Андрэй Ушакоў

Радаслоўная

Рослы селянін з-пад Магілева,

Жыў мой прадзед у глухім сяле.

Жыў на месцы ўсё жыццё, як дрэва,

Ў цемры, як кажан жыве ў дупле.

 

Свет не бачачы далей мястэчка,

Працаваў з зары і да зары,

Гнуў спіну ў абшарніцкім двары

І сатлеў пакорна, нібы свечка.

 

На паглум аддай жыццё ў салдаты!

Дзед хоць быў і смелы чалавек,

Каб не скласці косці на Карпатах,

Палец на руцэ адсек.

 

Сорак сутак насустрэчу сонцу

Бацька ехаў у чужую даль

Шапкамі перамагаць японца -

І прывёз кастыль, а не медаль.

 

Каля Віслы брат памёр ад газаў,

Роднай не пабачыўшы зямлі.

І, нарэшце, - камбайнер калгаса -

Я - апошні з нашае сям'і.

 

За гадамі, за глухой заслонай

Бачу продкаў невясёлы век.

Я з свае вялікай радаслоўнай -

Самы найшчаслівы чалавек.

 

1936

 


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая