epub
 
падключыць
слоўнікі

Анры Барбюс

Пяшчота

25 верасня 1893 года

Мой дарагі маленькі Луі!

Вось усё і скончана. Мы не ўбачымся болей ніколі: будзь упэўнены ў гэтым не менш цвёрда, чым я. Ты не хацеў гэтага, ты згадзіўся б на ўсё, толькі б мы заставаліся разам, але нам трэба расстацца, каб ты мог пачаць новае жыццё. Я не шкадую, што не ўступіла табе, самой сабе, нам абаім ні тады, калі ты так горка плакаў, зарыўшыся ў падушкі на нашым ложку, ні тады, калі ўзнімаў галаву і ўмольна глядзеў на мяне — які ж няшчасны быў твой твар, як ён палаў! — ні тады, калі ўвечары як не бачыла ўжо ў цемры тваіх слёз, я адчувала, як апякалі яны мне рукі.

Цяпер мы абое страшэнна пакутуем. Мне гэта ўсё здаецца нейкім насланнём. Яшчэ некалькі дзён проста нельга будзе ў гэта паверыць, потым колькі месяцаў будзе яшчэ балюча, пасля прыйдзе выздараўленне.

І толькі тады я зноў стану пісаць табе — мы ж вырашылі, што зрэдку я буду гэта рабіць. Мы і праўда добра ўсё абдумалі. Лісты мае — ты ж ніколі не ўведаеш майго адраса, ніколі! — застануцца адзінаю ніццю, што будзе яшчэ звязваць нас, — і яна не дасць нашаму расстанню ператварыцца ў разрыў.

Цалую цябе апошні раз, але так пяшчотна, так ціха і так бязгрэшна — бо якая ж адлегласць раздзяляе цяпер нас!

 

25 кастрычніка 1894 года

Мой дарагі маленькі Луі!

Я зноў гавару з табою — як і абяцала. Вось ужо год, як мы — гэта болей не «мы». Я добра ведаю, ты не забыў мяне, мы ўсё яшчэ занадта звязаныя між сабою: кожны раз, калі я думаю пра цябе, не магу не адчуваць твайго болю.

Ды ўсё ж гэтыя дванаццаць месяцаў не былі зусім бескарысныя: яны накінулі на наша мінулае жалобную вуаль. Вось ужо і вуаль з'явілася! Некаторыя рэчы сталі патроху сцірацца ў нашай памяці, а розныя дробныя дэталі ўжо і памерлі нават. Праўда, яны ўспамінаюцца раптам, калі нешта выпадкова нам пра іх нагадае.

Неяк паспрабавала ўспомніць дакладна, які быў твой твар у той момант, як я ўпершыню цябе ўбачыла, — і не змагла.

Паспрабуй і ты ўявіць мой першы позірк на цябе. Ты зразумееш, як усё ў гэтым свеце сціраецца.

Нядаўна я ўсміхнулася. Каму, чаму? Нікому і нічому. У прысадах весела зайграў сонечны прамень — і я міжволі ўсміхнулася. Я і раней ужо, з нейкага часу, спрабавала ўсміхнуцца. Спачатку здалося, што немагчыма будзе зноў навучыцца гэтаму. І ўсё ж, як я сказала, аднаго разу, супраць волі маёй, я ўсміхнулася. І хачу, каб і ты таксама ўсё часцей і часцей усміхаўся — проста так, радуючыся добраму надвор'ю ці думцы, што наперадзе ў цябе ёсць яшчэ нейкая будучыня. Узнімай тады галаву і ўсміхайся!

 

17 снежня 1899 года

І вось я зноў з табою, мой маленькі Луі. Ці не праўда, што я нібыта сон: з'яўляюся тады, калі мне захочацца, але заўсёды ў добры момант, калі вакол усё пуста і цёмна. Я прыходжу, я побач, але нельга дакрануцца да мяне.

Я не адчуваю сябе няшчаснай. Да мяне вярнулася бадзёрасць, таму што кожнага дня настае раніца, як і раней, змяняюцца поры года, а сонца такое ласкавае і добрае.

Нядаўна я танцавала. Я часта смяюся. Спачатку яшчэ памятала, колькі разоў гэта рабіла, — пасля ж немагчыма стала пералічыць такія выпадкі.

Учора я была на гулянні. Заходзіла сонца, натоўпы людзей былі такія прыгожа стракатыя, што выдавалі ўсе разам на адзін вялікі кветнік, — і сярод такога мноства шчаслівых людзей я і сама адчула сябе шчаслівай. Пішу табе, каб расказаць пра ўсё гэта, а таксама пра тое, што вызнаю цяпер новую веру: пяшчоту да цябе. Мы з табою разважалі неяк пра гэта, не ведаючы добра, што ж гэта такое — пяшчота. Памолімся ж разам, каб паверыць у яе ўсім сэрцам.

 

6 ліпеня 1904 года

Праходзяць гады! Адзінаццаць гадоў! Я ад'язджала далёка, вярнулася і зноў збіраюся ехаць.

У цябе, вядома, ёсць ужо свой дом і, канечне, мой вялікі Луі, маленькая сям'я, якой ты вельмі патрэбны.

А ты сам, які ты цяпер? Я ўяўляю, што плечы твае сталі шырэйшыя, валасы, напэўна, кранула ўжо дзе-нідзе сівізна, а твар твой, таксама напэўна, хоць і папаўнеў, але ж, як і раней, увесь пачынае свяціцца, як толькі ты збіраешся ўсміхнуцца.

А я? Не буду расказваць табе, як я перамянілася, ператварыўшыся ў старую жанчыну. Старую! Жанчыны старэюць раней за мужчын, і калі б я магла стаць цяпер побач з табою, дык была б падобная на тваю маці — і выглядам сваім, і позіркам, з якім глядзела б на цябе.

Бачыш, як добра, што мы тады рассталіся. І таму, што мы ўжо паспакайнелі, і таму, што почырк мой на канверце з гэтым лістом ты пазнаў амаль што з вясёлаю ўсмешкаю.

 

25 верасня 1893 года

Мой дарагі Луі!

Вось ужо дваццаць гадоў, як мы рассталіся...

Мой дарагі Луі, вось ужо дваццаць гадоў, як мяне няма ў жывых. Калі ты яшчэ жывеш і прачытаеш гэты ліст, які дашлюць табе верныя і пачцівыя рукі, тыя самыя, што перасылалі табе ўсе гэтыя гады і папярэднія лісты, калі ты прачытаеш яго, то ўсё роўна ўжо забыўся пра мяне і даруеш, што я пайшла з жыцця назаўтра пасля нашага расстання, бо не ведала, як жыць без цябе.

Гэта ўчора мы развіталіся. Паглядзі на дату, якую ты, не звярнуўшы вялікай увагі, прабег вачыма, — у пачатку ліста. Гэта ўчора ты горка плакаў у нашым пакоі, зарыўшыся галавою ў падушкі на нашым ложку, бездапаможны перад горам сваім і слабасцю, як дзіця. Гэта ўчора, калі ноч забралася ў наш пакой праз расчыненае акно, слёзы твае, якія я не магла ўжо бачыць, цяклі па маіх руках. Гэта ўчора ты крычаў ад болю, а я, я не казала табе нічога — трымалася як магла.

А сёння, седзячы за сталом у нашым цудоўным куточку з усімі такімі дарагімі нам рэчамі, я пішу тыя чатыры лісты, кожны з якіх ты будзеш атрымліваць праз вялікі час пасля папярэдняга, і канчаю цяпер гэты, што закончыць усё.

Сёння ўвечары я дамоўлюся пэўна, каб лісты мае дасылалі табе ў тыя дні, якія на іх пазначаныя, а таксама зраблю ўсё так, каб ты ніколі не змог мяне адшукаць.

Пасля я пайду з жыцця. Не буду расказваць як — нашто? Падрабязнасці гэтага дзеяння будуць тут недарэчныя і, мажліва, балючыя табе нават цяпер, калі прайшло ўжо столькі гадоў.

Галоўнае тое, што мне ўдалося адарваць цябе ад мяне і зрабіць гэта, не ранячы цябе, а асцярожна і ласкава: я хачу жыць і пасля маёй смерці, каб падтрымліваць цябе. Разрыву не будзе, ты з тваёй чуллівасцю, магчыма, і не перанёс бы яго. Я буду вяртацца да цябе — не надта часта і не надта рэдка, каб вобраз мой сцёрся патроху ў тваёй памяці, а сэрца не пакутавала залішне. А калі раскажу табе ўсю праўду, пройдзе досыць шмат гадоў, каб ты не змог зразумець, што магла б азначаць для цябе мая смерць у свой час.

О мой маленькі Луі, мне здаецца, што ёсць усё роўна як нейкі цуд у нашай апошняй размове. Сёння, калі мы гаворым так ціха, так далёка адно ад аднаго — бо жыву я ўжо толькі ў табе, а ты памятаеш адно, што некалі я была, — значэнне слова «цяпер» для тае, што піша яго і шэпча, зусім іншае, чым для таго, хто будзе чытаць гэтае слова і ціха яго прамаўляць.

Цяпер, пераадолеўшы такую велізарную адлегласць у часе, пераадолеўшы вечнасць — няхай гэта і здаецца табе цяпер недарэчным, — я цалую цябе па-сапраўднаму, а пасля... спыняюся. Бо не асмельваюся, не асмельваюся праз страх, што буду сумнай, а значыць, злой, не асмельваюся, бо не рашаюся прызнацца табе ў тых салодкіх марах, якія прыходзяць, калі каханне такое вялікае, а пяшчота такая бясконцая...



Пераклад: Алесь Асташонак