epub
 
Падключыць
слоўнікі

Анры Гуго

Нябожчыкі і прывіды

12 верасня 1322 года манах Сікрэ, сакратар суда Святой інквізіцыі горада Тулузы, вёў пратакол допыту Жана Цісрана. Справа была самая звычайная, калі не сказаць дробная. Пра гэта сведчыла і спакойная абстаноўка, якая панавала на працэсе. Праўда, Жан Цісран абвінавачваўся ў даволі рэдкім злачынстве, аднак здзейснена яно было без умяшання сатаны, і таму, напэўна, галоўны абвінаваўца епіскап Турб'е — хударлявы суровы чалавек не надта багатага, але надзвычай вострага розуму — лагодна, амаль што па-бацькоўску вёў допыт. Такую лагоднасць у наш час зрэдку дазваляюць сабе камісары паліцыі, калі маюць справу з маладымі неспрактыкаванымі злачынцамі. Падобна было на тое, што змірыўся са сваёй няшчаснай доляй і Жан Цісран, які ўсё жыццё быў парабкам і наймаўся на службу да заможных людзей. Вось якія паказанні ён даў на судзе:

— Перад самым вялікаднем з волі боскай і міласці пробашча царквы св. Эцьена быў я прыняты на службу. Занятак мой быў вельмі просты: штодня пасля вячэрняй службы павінен я быў прыбраць, падмесці і памыць падлогу ў царкве. Неяк апоўначы, калі ўсе ўжо даўно разышліся, я заўважыў каля калоны чалавека ў багатай дарагой вопратцы. Ён паказаў мне знакам падысці бліжэй. Я падышоў, асвяціў ліхтаром яго твар і не паверыў сваім вачам: перада мной стаяў пан Гіём Даві — знатны купец, у якога я калісьці служыў. Усю маю істоту ахапіў жудасны страх, бо я добра ведаў, што пан Гіём Даві паўгода таму назад памёр. Я ўпаў на калені і пачаў маліцца, ні на секунду не сумняваючыся, што перада мной прывід нябожчыка.

Ён ціхенька папрасіў мяне ўстаць і сказаў вось гэтыя словы:

«Дарагі Жан, перад табой здань мая, якая вярнулася з таго свету, каб папрасіць цябе зрабіць мне адну паслугу. Незадоўга да маёй смерці я пазычыў чатыры залатыя экю ў свайго дваюраднага брата Арно, якога ты добра ведаеш. Не паспеў я вярнуць гэты доўг. Таму прашу цябе: сёння ж зайдзі ў мой дом. Там, у матрацы на маім ложку, ты знойдзеш кашалёк. Вазьмі яго і занясі Арно. Папрасі ў яго прабачэння за такую затрымку і перадай, што я яму вельмі ўдзячны».

Я паабяцаў пану Гіёму, што зраблю ўсё, як ён прасіў. Трохі пасмялеўшы, запытаўся ў яго, ці даводзілася яму сустракаць на тым свеце анёлаў і д'яблаў. Ён неяк жаласна паглядзеў на мяне, нічога не адказаў і знік з маіх вачэй. Больш я яго ніколі не бачыў.

— А ці ведаеш ты, сын мой, — з усмешкай спытаўся епіскап Турб'е (ох, як добра я сабе ўяўляю гэтую паблажлівую епіскапскую ўхмылачку), — ці ведаеш ты, сын мой, што не ў каталіцкім гэта звычаі — сустракацца з нябожчыкамі? Маці наша царква вучыць, што месца нябожчыкаў дзе? Або пекла, або чысцец, або рай. Ніякіх прывідаў і зданяў нябожчыкаў мы не прызнаём, а значыць, бачанні твае, сын мой, ерэтычныя.

З пакорлівай наіўнасцю, уласцівай беднякам, Жан стаў прасіцца:

— Няхай бог бароніць мяне ад ерасі, монсеньёр! Усё жыццё быў я адданы царкве. І цалкам пагаджаюся з вамі, што бачанні мае не да твару сапраўднаму каталіку. Прашу вас, монсеньёр, лічыце, што ніякіх бачанняў у мяне не было.

— Але ж, — зноў загаварыў епіскап Турб'е, — пан Арно засведчыў нам, што нябожчык Даві быў вінаваты яму чатыры залатыя экю, якія ты яму і вярнуў. Якім жа чынам даведаўся ты, што Гіём Даві пазычыў гэтыя грошы ў Арно?

— Монсеньёр, я пра гэты доўг нічога не ведаў. Ды і як мог я пра гэта ведаць, калі ўжо два гады не служу ў Гіёма Даві?!

...На гэтым пратакол допыту Жана Цісрана заканчваецца. Хутчэй за ўсё інквізітар стаміўся ад шчырых прызнанняў сваёй ахвяры, спыніў усе размовы і засудзіў бедака на дзесяць гадоў ссылкі.

Жан мусіў пакінуць горад і стаў бадзягам. Сляды гэтага чалавека згубіліся б канчаткова, калі б яго не падабраў адзін вясковы святар. Жан ужо гатоў быў памерці з голаду і холаду. Гэты святар прыняў споведзь бадзягі і палічыў яго душэўныя пакуты такімі надзвычайнымі, што апісаў іх на пергаменце. Вось што гаворыцца ў гэтым дакуменце, які нядаўна быў знойдзены ў руінах адной пірэнейскай царквы археолагам Жэрменам Солісам:

«Я, Жан Цісран, прызнаюся, што ў 1322 годзе ў царкве святога Эцьена бачыў прывід майго былога гаспадара, нябожчыка Гіёма Даві. За тое, што я з хрысціянскае міласэрнасці згадзіўся выканаць адну невялікую просьбу вышэйпамянёнага прывіда, мяне судзілі, прызналі ерэтыком і епіскап Турб'е выслаў мяне з Тулузы. Без грошай, без харчу, без добрай вопраткі доўга бадзяўся я па краіне і нарэшце дайшоў аж да міжземнаморскага ўзбярэжжа. Тут і заспела мяне зіма. Чаго я нацярпеўся, колькі гора хлебануў — аднаму богу вядома. Як не хацелася мне паміраць на чужыне! Шмат перадумаў я, доўга сумняваўся і такі адважыўся парушыць закон ды вярнуцца ў Тулузу. І вось па дарозе ў родныя мясціны даведаўся я, што некалькі месяцаў таму назад епіскап Турб'е аддаў богу душу. Скажу шчыра: навіна гэтая мяне зусім не засмуціла. Я нават падумаў тады, што сам лёс нарэшце ўсміхнуўся мне, і смялей рушыў дамоў. Ды дарога была не блізкая. А галодны, зняможаны, я ўжо ледзьве валок ногі. Ох, як няпроста было дапрасіцца ў людзей хоць лустачку хлеба! Аднаго разу спыніўся я вечарам на начлег у нейкай пустой аўчарні. Сеў на парозе, загараваў, задумаўся і раптам бачу: ідзе да мяне высокі хударлявы чалавек у мантыі, вышытай золатам. Баючыся, што перада мной зноў прывід, я заплюшчыў вочы, каб, не дай божа, яшчэ раз не ўпасці ў ерась. І тут пачуўся знаёмы лагодны голас:

— Жан Цісран, паглядзі на мяне, я не зраблю табе нічога благога.

Я расплюшчыў вочы: перада мной стаяў епіскап Турб'е! Ад жудасці я задыхнуўся і ледзь здолеў прашаптаць:

— А-а-а, хіба вы не нябожчык?!

— Так яно і ёсць, сын мой, — горка прамовіў епіскап. — Мне патрэбна твая дапамога.

— Монсеньёр, — у адчаі заенчыў я, — я столькі адпакутаваў з вашай ласкі! Не ўблытвайце мяне ў вашы справы! Малю вас!

Тады ён папрасіў мяне дараваць яму, што я ахвотна і зрабіў. Ён хацеў, каб я вярнуўся ў Тулузу і сустрэўся там з адной знакамітай дамай, імя якой я не хацеў бы называць. Даме гэтай мне трэба было перадаць, каб яна пры зручнай нагодзе зайшла ў епіскапскі дом і ў адным патаемным месцы, якое падрабязна было мне апісана, узяла пэўную суму грошай на выхаванне сына, якога яна мела... ад епіскапа... Ніколі не ўзнікала ў мяне жадання выканаць гэтае даручэнне. Ад цяжкай хваробы паміраю я ў гэтым прыветным доме і дзякую богу, што не ерэтыком, а шчырым каталіком адыходжу ў свет лепшы...»

На гэтым споведзь абрываецца. Пергамент, на якім яна была запісана, быў надзейна схаваны. Пра гэта паклапаціўся бедны вясковы святар, які ў цяжкую гадзіну даў Жану прытулак у сваім доме. Я сказаў: бедны. Гэта не зусім так. Справа ў тым, што бедным ён ужо не доўга заставаўся. Ён сам выканаў тое, што даручалася Жану. Але толькі напалову. Свяшчэннік (мы ведаем нават яго прозвішча: Сары) наведаў епіскапскі дом у Тулузе і забраў з тайніка грошы, прызначаныя на выхаванне незаконнанароджанага сына Турб'е. За тыя грошы ён купіў сабе ў хуткім часе сан епіскапа. Шмат хто лічыць, што такім чынам сам бог аддзячыў яму за дабрачыннасць і любоў да бліжняга. Можа, яно і так... А яшчэ праз некалькі гадоў атрымаў ён пасаду галоўнага абвінаваўцы ў судзе Святой інквізіцыі...



Пераклад: Леанід Казыра

Беларуская Палічка: http://knihi.com