epub
 
падключыць
слоўнікі

Анры дэ Рэнье

Тайна графіні Барбары

Чалавек, дзіўную споведзь якога вы зараз прачытаеце, быў з вядомай венецыянскай сям'і. Кажу - быў, таму што за некалькі тыдняў да таго, як я пазнаёміўся з дакументам, які прапаноўваю вашай увазе, аўтар яго памёр у шпіталі на востраве Сан Сэрвола, дзе ён знаходзіўся ў зняволенні доўгія гады.

Няма ніякіх сумненняў, што менавіта гэтая акалічнасць, яна, і толькі яна дазволіла пану С., шаноўнаму дырэктару лякарні, у якой знаходзіліся псіхічна хворыя людзі, пазнаёміць мяне з гэтай сімпатычнай лухтою. Праўда, я меў да яго найлепшыя рэкамендацыі маіх знакамітых старэйшых калег, і псіхамедыцынскія даследаванні, дзеля якіх я і з'явіўся ў шпіталь, былі гарантыяй маіх добрых намераў. Ён ведаў, што я не стану злоўжываць прызнаннямі нябожчыка, яго былога пансіянера. Таму ён без ваганняў задаволіў маю просьбу зняць з дакумента, які я цяпер публікую, копію.

Зрэшты, я раблю гэта, нічога не баючыся, бо падзеі, пра якія ідзе ў дакуменце гаворка, адбыліся дваццаць пяць гадоў таму. І роўна дваццаць мінула з тае пары, калі назіранні, якімі я жыў тады (пазней мною самім і спыненыя), прывялі мяне ў Горад Дожаў. У той час назіранні гэтыя да таго захаплялі мяне, што мне і ў галаву не прыходзіла любавацца маляўнічымі, паэтычнай прыгажосці выдатнасцямі Венецыі. Я спехам, мімаходзь агледзеў яе помнікі і ні разу і не падумаў аддацца салодкаму і вытанчанаму адпачынку, які прапаноўвае свайму шчасліваму госцю гэты адзіны ў свеце горад, дзе можна амаль што цалкам забыцца на сучаснае жыццё.

Сярод столькіх пекных помнікаў, якія я бачыў упершыню ў жыцці, я быў заняты толькі сваёю працай. Цяпер я гляджу на ўсё зусім інакш і, прызнаюся, з пэўнай пагардаю згадваю былога наведніка Венецыі, які жыў у ёй, як і ў любым іншым горадзе, для якога базіліка святога Марка была толькі адной з многіх падобных адна на адну мясцін і які нават Палац Дожаў акідваў няўважным позіркам. Але, я дайшоў у рэдкай сваёй абыякавасці да таго, што пасяліўся побач з вакзалам! Выбіраючы жытло, я ўлічыў толькі яго ўтульнасць і невысокую цану. З гэтых прызнанняў вы добра бачыце, што пачуццё прыгажосці было ўва мне ў тыя гады атрафіравана настолькі, што самымі цікавымі мясцінамі былі для мяне ў Венецыі кавярня Фларыяна, шэрбет якой быў вельмі мне даспадобы, Лідо, дзе я любіў купацца, і востраў Сан Сэрвола, дзе шаноўны дырэктар размешчанай на ім лякарні даваў мне, зацікаўлены маімі даследаваннямі, свае дужа каштоўныя парады.

Ах, што за мілы чалавек быў гэты сіньёр С!.. Я дагэтуль са шчымліваю асалодаю згадваю нашы гамонкі ў яго рабочым кабінеце на востраве вар'ятаў. Вокны гэтага пакоя выходзілі на тэрасу з трыма рознага росту кіпарысамі, адкуль адкрываўся шырокі від на лагуну, у накірунку Маламока і К'ёджы. Мы часта спыняліся, каб пагаварыць, менавіта на тэрасе. Там заўсёды была дзівосная цішыня, якую зрэдку парушалі крыкі з аддзялення цяжкахворых або, у гадзіны адліву, важданіна пацукоў, незлічоная процьма якіх кішэла ў ціне ля падножжа муроў.

Пад час аднае з такіх гамонак на тэрасе і перадаў мне пан С. дакумент, які вы зараз прачытаеце і які я пераклаў са зробленай копіі.

 

* * *

 

ЛЯКАРНЯ-ВАР'ЯТНЯ НА САН СЭРВОЛА

 

12 траўня 18.. года

«Цяпер, калі я пэўна і канчаткова прызнаны вар'ятам і запратораны ў гэтую лякарню, напэўна, да скону маіх дзён, нічога болей не замінае мне праўдзіва і дакладна расказаць пра падзею, пасля якой я і трапіў сюды.

Няхай, аднак, той, хто, мусібыць, стане чытаць гэтыя радкі, не думае, што мае справу з адным з маньякаў, якія бясконца складаюць скаргі, указваючы на памылку дактароў, ахвярай якое яны сталі, альбо выкрываючы змрочныя сямейныя інтрыгі і інтымныя драмы, праз якія аўтары гэтых скаргаў страцілі сваю свабоду. Не, я зусім не скарджуся на свой лёс і не збіраюся пратэставаць супраць мераў, прынятых у дачыненні да мяне! Ніводнага разу, з тае пары, як я тут, не спрабаваў я абдумаць хоць якісьці план, каб уцячы адсюль. Наадварот, келля мая на Сан Сэрвола - не турма мне, а пажаданы прытулак. У ёй я магу адчуваць сябе ў бяспецы, якой нідзе больш не знайду, і таму я не маю ніякага жадання пакінуць яе. Я бласлаўляю тоўстыя муры і надзейныя краты, якія ахоўваюць мяне, ды яшчэ назаўсёды, ад людзей, асабліва тых, чыя прафесія - судзіць чалавечыя ўчынкі.

І на самай справе, калі нават гэтыя радкі і трапяць на вочы ўладам, дык не будуць мець для іх аніякага значэння і не створаць мне небяспекі: з той простай і дастатковай, мяркую, прычыны, што медыцынаю і судом я залічаны ў вар'яты. Становішча гэтае дае мне поўную магчымасць гаварыць свабодна. Маё вар'яцтва - мая ахоўная грамата. Бо ў момант майго прыбыцця сюды я зрабіў усё належнае, каб конча ўпэўніць дактароў у слушнасці іх меркавання адносна майго псіхічнага стану. Я качаўся па зямлі, рабіў выгляд, што хачу задушыць санітара, вёрз усялякую лухту - з дбайнасцю і спрытам, якія маглі падмануць мяне самога.

І ці ж памыляўся я, умацоўваючы сваё новае status quo дзеля таго, каб спакойна карыстацца той перавагаю, якую яно мне даравала?

Бо вы ўжо ўгадалі, я ўпэўнены: аўтар гэтых радкоў зусім не вар'ят, а толькі ахвяра жудаснага здарэння, аднаго з тых здарэнняў, якім людзі адмаўляюцца даць веры і якія ўсё ж бываюць на гэтым свеце, хоць і не паддаюцца асэнсаванню нашым слабым розумам. Выслухайце ж маю гісторыю, а пасля ўжо мяркуйце аб ёй.

Першым няшчасцем у маім жыцці было тое, што я нарадзіўся бедным, другім - тое, што прырода стварыла мяне гультаём. Бацькі мае знатнага роду, але лёс ім не спрыяў. Аднак яны далі мне адмысловае выхаванне. Я быў накіраваны пансіянерам у адну з найлепшых прыватных венецыянскіх школ. У ёй вучыліся многія сыны знакамітых сем'яў горада. Там я і пазнаёміўся з графам Адаарда Грыманэлі, пра якога пойдзе далей гаворка.

Поспехі мае ў занятках былі пасрэдныя, і калі я закончыў сяк-так навучанне, бацькі запатрабавалі, каб я выбраў сабе прафесію. У гэты час ува мне загаварыла мая лянота. Яна аказалася непераможнай, і ў гэтым сэнсе я сапраўдны венецыянец. Навошта я нарадзіўся ў найцудоўнейшым горадзе свету, калі і тут, як і ўсюды, трэба працаваць? Венецыя ўжо сама па сабе была для мяне дастатковым заняткам. Я меў ад яе насалоду і ў цяпершчыне і ў мінуўшчыне. Я з радасцю бавіў бы ўвесь час у яе старажытных гістарычных архівах, але на гэта патрэбны былі грошы, а я не меў іх зусім, як можна не мець здароўя перад самаю смерцю. Як выбрацца з жабрацтва, якое так уладна замінала маёй любові да бясконцых бадзянняў па горадзе і аматарскіх заняткаў яго гісторыяй?

Аднаго разу, калі я думаў пра гэта, мне прыйшла ў галаву ідэя, якая і прывяла мяне пасля ў гэтую лякарню. Я зайшоў у сабор святога Марка і, сеўшы за лаўку, засяроджана разглядаў каштоўны мармур і мазаікі, што аздабляюць гэты цуд мастацтва. Золата, там разлітае, зіхоткая раскоша, якая ператварыла царкву ў поўны чароўнасці грот, загіпнатызавалі мяне. Побач з такімі скарбамі я яшчэ больш быў прыгнечаны ўласнай беднасцю. І тут раптам, сам не ведаю чаму, мне згадаўся змест старых гарадскіх дакументаў, якія я раніцай гэтага ж дня гартаў у архіве. Гэта была запіска інквізітараў пра нейкага нямецкага авантурыста Ганса Глуксбергера, які сцвярджаў, што валодае таямніцамі ператварэння металаў у золата. Ён прыехаў, каб заняцца гэтым, у сярэдзіне васемнаццатага стагоддзя ў Венецыю, дзе знайшоў шмат паслядоўнікаў!..

Адразу розум мой як маланкаю асвяціўся. Я адчуў, што ў мяне кружыцца галава - залатыя скляпенні святога Марка загайдаліся нада мною. Калі гэтая дзівосная тайна была вядомая раней, падумаў я, то чаму б не быць ёй падуладнай камусьці сёння? Напэўна ж, ёсць людзі, якія яе захавалі. Можна адшукаць іх сляды, зблізіцца з імі і з іх дапамогаю далучыцца да сакрэту ўзбагачэння.

Я прыняў рашэнне не сыходзячы з месца. Здолеў дамовіцца з роднымі, каб яны пачакалі яшчэ троху майго ўладкавання на службу, і цалкам аддаўся ліхаманкаваму вывучэнню акультных прац і алхімічных трактатаў. Неўзабаве я пераканаўся, што мажлівасць здабываць золата са звычайнага металу - ніякая не байка. Ганс Глуксбергер, ані кроплі не сумняваўся я, ведаў гэтую запаветную тайну і, пэўна, перадаў знойдзеную ім формулу каму-небудзь са сваіх венецыянскіх адэптаў. Гэтая ўпэўненасць падвоіла мае сілы, і я з яшчэ большым імпэтам распачаў свае пошукі.

І напаткаў раптам след.

Сярод вучняў немца згадвалася нейкая графіня Барбара Грыманэлі. Гэтая пані, паводле сведчанняў сучаснікаў, была асобаю найвыдатнейшаю і дзякуючы рэдкаму розуму за некалькі гадоў вярнула сваёй сям'і яе дужа пахіснутыя моц і багацце. Менавіта яна адбудавала нанова палац Грыманэлі і аздобіла яго фрэскамі П'етра Лонгі*. Зніклі мае апошнія сумненні. Раптоўным сваім узбагачэннем графіня Барбара была абавязана дзівоснай тайне, якою яна валодала. Валодаў ёю, ведама ж, і праўнук яе граф Адаарда!

* Лонгі П'етра - венецыянскі мастак (1702-1785).

О, ды ён жа быў добра знаёмы мне - твар гэтай графіні Барбары! Я бачыў яго ў самым цэнтры фрэскі Лонгі, на якой графіня стаяла за картачным сталом сярод некалькіх іншых членаў сям'і Грыманэлі. Выкананыя ў натуральную велічыню постаці і дэталёва выпісаныя адзежа і абсталюнак да ілюзіі поўнілі кампазіцыю дыханнем сапраўднага жыцця. Графіня Барбара была высокай жанчынай з жорсткім і фанабэрыстым выразам твару. Рука яе разгортвала аркуш паперы з кабалістычнымі знакамі. Як толькі гэтыя знакі раней не вывелі мяне на шлях да здагадкі!

І ці ж нельга было цяпер растлумачыць, чаму гэта Адаарда жыў так шыкоўна яшчэ да свайго паўналецця? Усім было вядома, што Адаардаў бацька памёр, растраціўшы ўсе свае грошы, - між тым вось ужо два гады, як яго сын дазваляў сабе велізарныя расходы. Ён дбайна адрапараваў сямейны палац, прыдбаў найцудоўнейшы абсталюнак. Адаарда ездзіў у Лондан і Парыж, а такія вандроўкі каштуюць немалых грошай, і ці ж не было гэта доказам таго, што ён таксама ведаў сакрэт графіні Барбары і Ганса Глуксбергера? Запаветны сакрэт, якім хацеў авалодаць і я, хацеў, чаго б мне гэта ні каштавала.

Хіба мог Адаарда адмовіцца падзяліцца са мною сваёй тайнаю, калі праніклівасць мая адкрыла ўжо яе існаванне? Але як дайсці маёй мэты? Спярша трэба было ўбачыцца з Адаарда. Ён быў у той час у Венецыі, і я назаўтра ж пайшоў да яго ў Палац Грыманэлі. Мяне правялі ў тую самую галерэю, дзе знаходзілася фрэска.

Паколькі Адаарда марудзіў выйсці да мяне, я меў час добра разгледзець твор Лонгі. Толькі адна постаць на фрэсцы цікавіла мяне - постаць графіні Барбары. Я быў уражаны жорсткім і пагрозлівым выразам яе твару. Рука графіні, здавалася, з лютасцю сціскала недаступны ўсім астатнім тайнапіс, жадаючы схаваць яго ад цікаўных позіркаў.

Прыход Адаарда спыніў мае назіранні. Адаарда прыняў мяне вельмі ветліва: стаў расказваць пра сваю апошнюю вандроўку ў Лондан, пасля па-сяброўску пацікавіўся маімі справамі. Ці наважыўся я пайсці нарэшце на якуюсьці службу? Я ўхіліўся ад дакладнага адказу, спаслаўшыся ў апраўданне сваёй нерашучасці на захапленне архіўнымі заняткамі.

Адаарда выслухаў мяне спачувальна. Напэўна, вандроўкі, гульня і жанчыны былі ў яго адзінымі магчымымі спосабамі баўлення часу; праўда, я разумеў яго, але сказаў, што і навуковыя пошукі - занятак таксама займальны. Так, напрыклад, на днях я выявіў цікавы факт, які датычыцца яго прабабкі, графіні Барбары. Кажучы пра гэта, я паказаў на яе выяву на фрэсцы. Адаарда зніякавеў, але неўзабаве гучна засмяяўся.

- Ну ты мяне і насмяшыў! Я ўпэўнены, што ты таксама напаў на след якога-небудзь аповяду пра авантуры маёй прабабкі, вечная ёй памяць. Ах, панове вучоныя, усе вы аднолькавыя! Уяві сабе, у Парыжы выйшла брашура аднаго маладога французскага даследчыка, які сцвярджае, што ён знайшоў - ні больш ні менш - карэспандэнцыю графіні і авантурыста Казановы дэ Сэнгальт, перапіску, якая, вядома, кампраметуе прабабку.

Сказаўшы гэта, ён адразу коса зірнуў на мяне. Я таксама засмяяўся.

- О, мой дарагі Адаарда, гэта б мяне не здзівіла! Мяркую, можа быць і так, што менавіта Казанова далучыў тваю прабабку да заняткаў алхіміяй і магіяй. Тагачасная Венецыя была перапоўненая кабалістамі, яны сюды нават з-за мяжы прыязджалі.

Адаарда больш не смяяўся; цяпер ён быў зусім ужо збянтэжаны і адразу змяніў тэму нашай гамонкі, зноў загаварыўшы, як неабходна мне спыніцца неўзабаве на якойсьці кар'еры. Нават прапанаваў мне сваю дапамогу: сувязі ў яго былі багатыя. Калі з'явіцца неабходнасць, ён цалкам да маіх паслуг. Размаўляючы, Адаарда ціхенька пабразгваў чырвонцамі ў кішэні сваёй камізэлькі.

Бедны Адаарда, ці ж таго я хацеў ад цябе! Мне патрэбна была запаветная тайна здабывання золата, і я цвёрда вырашыў авалодаць ёю. Мне заставалася знайсці адно спосаб, як - ласкай ці гвалтам - вырваць з цябе формулу ўсемагутнасці, не параўнальную з ніякай іншай!

Некалькі тыдняў, дзень пры дні седзячы ў залатым гроце святога Марка, я абдумваў сродкі здзяйснення задуманага. Часта я наймаў гандолу і дабіраўся на ёй да самай пустыннай мясціны лагуны. Цішыня яе нямых водаў спрыяе напружлівай думцы. Аднойчы вечарам, калі мая гандола плыла ўздоўж старых муроў вострава Сан Сэрвола, я абраў нарэшце наступны план: я папрашу ў Адаарда канфідэнцыйнага спаткання, і тады, калі мы застанемся ўдвух сам-насам, здолею прымусіць яго загаварыць. Я быў дужы фізічна і гатовы ў душы на ўсё, толькі б дайсці свайго.

Мне прыйшлося чакаць, пакуль Адаарда вернецца з Рыма, куды ён паехаў на нейкае тэатральнае відовішча. Урэшце дзень сустрэчы настаў. Адаарда згадзіўся прыняць мяне ў шэсць гадзін. А палове шостай я рушыў да Палаца Грыманэлі.

Я дбайна падрыхтаваўся. У кішэні ў мяне быў кляп і надзейная вяроўка, не забыўся я і пра рэвальвер. Быў я вельмі спакойны. Турбавала хіба што адна толькі думка: дзе прыме мяне Адаарда - у курыльным пакоі або ў галерэі з фрэскамі? Лепш было б каб у курыльні, больш аддаленай ад астатніх памяшканняў, у якіх маглі знаходзіцца людзі, але я быў гатовы і да размовы ў галерэі. У любым выпадку я быў упэўнены ў поспеху. Адаарда не стане зацята супраціўляцца, і пасля таго, як я завалодаю тайнаю, ён, мусібыць, нават даруе мне абраныя мною сродкі.

З такімі думкамі я дайшоў да Палаца Грыманэлі. Слуга прывёў мяне ў галерэю. Дайшоўшы да верху лесвіцы, ён спусціўся ўніз. Я ціха ўвайшоў. Адаарда стаяў якраз каля фрэскі Лонгі, разглядаючы яе з такою ўвагаю, што я здолеў падысці да яго зусім непрыкмечаным. Ён і крыкнуць не паспеў, як ляжаў ужо з кляпам у роце на падлозе. Выцершы з лоба пот, я выняў рэвальвер і стаў тлумачыць, чаго дамагаюся. Чым больш я гаварыў, тым больш Адаарда бляднеў. Здавалася, ён і не слухаў мяне, а вочы яго ўтупіліся ў нейкую кропку на сцяне. Тое, што я ўбачыў, уяўляла сабою відовішча настолькі жахлівае, што рэвальвер выпаў з маёй рукі і я здранцвеў ад жаху.

На фрэсцы спакваля ажывала на нашых вачах графіня Барбара! Спачатку яна варухнула адным пальцам, потым - запясцем, пасля - рукою, затым - другой, нарэшце павярнула раптам галаву, ступіла ўперад адзін крок, другі... Я бачыў, як кіравалася яна да мяне. Але, гэта было так - графіня Барбара сыходзіла са сцяны! Сцяны, на якой яе нерухомы вобраз заставаўся на працягу ста пяцідзесяці гадоў у палоне фарбаў. Сумненняў быць не магло: на тым месцы, якое займала яна на фрэсцы, віднелася цяпер велізарная белая пляма. Графіня Барбара сама сышла ўніз абараніць таямніцу, за якую некалі, бясспрэчна, яна і прадала сваю душу д'яблу. Цяпер яна была за два крокі ад мяне. Раптам я адчуў на сваім плячы ледзяны холад яе цяжкай рукі. Вочы яе загадна праціналі ўсю маю істоту.

Калі я апрытомнеў, то быў ужо прывязаны рамянямі да ложка. Адаарда гаманіў з сівабародым панам, шаноўным доктарам лякарні на Сан Сэрвола. Мае бацькі былі побач са мною - яны плакалі. На маленькім століку ляжалі кляп, вяроўка і рэвальвер. На маё шчасце, я быў прызнаны вар'ятам, інакш гэтыя рэчавыя доказы маглі б прывесці мяне да канца шмат горшага.

А які ж час назад мне так мала заставалася да разгадкі вялікае тайны!.. Калі б не гэтая праклятая графіня...»

 

* * *

 

Ужо шмат гадоў прайшло з тае пары, як загубіліся сярод мноства маіх папер прызнанні пансіянера з вострава Сан Сэрвола, калі месяц назад я прыехаў, каб адпачыць, на два тыдні ў Венецыю.

Аднаго разу, прагульваючыся па плошчы святога Марка, я сустрэў свайго сябра Жуля д'Эскулака.

- Хадзем, зірнем на фрэскі Лонгі з Палаца Грыманэлі, якія мне прапаноўваюць купіць, - сказаў ён мне. - Граф Адаарда памёр нядаўна ў Лондане, і дзеці яго прадаюць іх. Яны нагадваюць фрэскі з Палаца Грасі.

Грыманэлі! Я адразу звярнуў увагу на гэтае імя. Дзе я яго чуў?

Я пайшоў разам з сябрам.

- Шкада толькі, - сказаў ён мне па дарозе, - што фрэска вельмі папсаваная: на ёй не стае адной постаці. Здаецца, гэта здарылася гадоў дваццаць таму. Сцяна не то трэснула, не то аблупілася. Гэтыя венецыянцы такія нядбайныя, а граф даўно ўжо не жыў у сваім палацы!

Мы прыйшлі ў палац. Знаходзіўся ён у Сан Стаз, зусім непадалёк ад Вялікага Канала. Вартаўнік правёў нас наверх.

Фрэска Лонгі займала цэлы перасценак галерэі. На ёй была выява людзей за картачным сталом. У сярэдзіне, на самай справе, бялела вялікая пляма.

Тады я і ўспомніў. На месцы гэтае плямы колісь можна было ўбачыць графіню Барбару...

І ў той час як Жуль д'Эскулак размаўляў на тутэйшай гаворцы з вартаўніком, я адчуваў, пазіраючы на фрэску і згадваючы перапісаны некалі дакумент, жудасную збянтэжанасць.



Пераклад: Алесь Асташонак