epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Алешка

Крумкачоў гай

У пачатку трыццатых гадоў уся Жорнаўка ўступіла ў калгас, а Спірыдон Ворка не захацеў.

- Не пайду! - сказаў ён.

Да самай вясны яго ўгаворвалі і свае і чужыя людзі, што прыязджалі ў сяло.

- Не пайду! - чулася ў адказ.

За гэта Ворку празвалі Дзікуном.

Неяк перад самай пасяўной сабралі сход і пастанавілі: Спірыдону, як адзінаму аднаасобніку, выразаць з агульнага калгаснага поля яго гектары на краі Арабоўніка, што быў за тры кіламетры і межаваў з землямі суседняга сяла.

Брыгадзір Данік Васіль назаўтра ж па самыя вуглы адмераў яго агарод і далучыў да калгаснага поля, на якім брыгада сеяла ячмень.

Ворка пабыў аднаасобнікам да восені і занёс заяву ў праўленне калгаса.

Што ён амаль цэлы год не ўступаў у калгас, людзі даўно забылі, а мянушка Дзікун так прыстала да яго, што ўсё сяло звала яго толькі Ворка Дзікун.

Данік Васіль пабыў брыгадзірам два гады, а пасля стаў радавым калгаснікам. Сустракаўся з Воркам на вуліцы, на полі, вітаўся за руку. У Воркі ж Дзікуна крыўда на былога брыгадзіра і суседа так запяклася на сэрцы, што непакоіла аж да гэтага лета.

Ворка Дзікун ужо быў у гадах, але ніколі не галіўся. Ён збольшага падстрыгаў ножанкамі рыжаватую бараду і вусы, і галава яго выдавала круглай, як у ката. І вочы яго, маленькія такія і хітрыя, адсвечвалі нейкім халаднаватым жаўтлявым святлом.

Быў ён незвычайна цікаўны чалавек, і нішто не праходзіла міма яго вока. У калгасе рабіў цягавіта, гаспадарліва, як усе жорнаўцы.

У першы дзень вайны жорнаўцы прызыўнога ўзросту - разам з імі і Данік Васіль - пайшлі ў ваенкамат і ў сяло не вярнуліся.

Ворка Дзікун выбраўся на зборны пункт толькі назаўтра і ўжо праз тры дні ў поцемках, стаіўшыся, стаяў каля сваіх варот на агародзе і пазіраў на захад, што пабліскваў малінавымі сполахамі ад узрываў і пажараў.

Нямецкія танкі па шашы ішлі на Бабруйск.

Болей за месяц Ворка Дзікун нідзе не паказваўся, а калі наўкола заціхла страляніна, агледзеўся, і ягоная цікаўнасць узяла сваё. Захацелася паглядзець, што асталося ад горада, які гарэў аж чатыры дні.

Аднойчы раніцай ён апынуўся на шашы, падняў руку, і нямецкая машына падвезла яго да горада.

Ворка абыйшоў выбіты і спалены горад, спыніўся насупроць памяшкання былога райвыканкома, якое цудам захавалася. Каля самага ганка стаялі тры машыны, у калідоры тырчаў салдат з аўтаматам.

«Немцы тут абжываюцца», - падумаў ён і павярнуў ужо ісці назад, як на ганку пачуліся крокі.

- Дзіку-ун! - пазваў грубы голас. - Пачакай!

Твар у Воркі адразу загарэўся. Яго ў сяле ніхто не адважваўся так называць у вочы, а гэта нехта ў горадзе крычыць на ўсю вуліцу.

Збегшы з ганка, да яго ішоў здаравенны мужчына.

- Дзікун! - сказаў ён, моцна паціснуўшы руку Ворку. - Што? Не пазнаў?

- Здароў, чалавеча! - Ворка ўбачыў перад сабою Зміцера Бойку з суседняй вёскі Падлессе. Яны калісьці часта сустракаліся ў засценку ў Лявонавай Волькі. Аднак Волька ні таму, ні другому не дасталася. У пачатку калектывізацыі Зміцер кудысьці з'ехаў. Ішла чутка, што ён сеў за кражу. Праўда гэта ці не, не папытаешся цяпер.

Зміцер тым часам усміхнуўся.

- Даўно ж мы з табой не бачыліся...

- Даўнавата, браце.

Ворка Дзікун не ведаў, як быць. Цяпер такі час, што трымай вуха востра.

- Што ў вашым сяле чуваць? - дапытваўся Бойка.

- А нічога. Жывём.

- Мужчын многа ў сяле асталося?

- Не сказаць каб. Многа змабілізавалі.

- Змабілізавалі... Самі пабеглі даганяць. - Зміцер пільна паглядзеў у твар Ворку Дзікуну. - Ты ж от дома. Маладзец. Ну, а тыя, што дома асталіся былі, не збеглі ў лес?

- Не чутно нешта.

- Ты ды каб не чуў... - усумніўся Зміцер.

Ворку Дзікуна ў гэты момант нібы за язык пацягнулі.

- Здаецца...

- Ну-ну...

- Даніка Васіля знаў?

- Што брыгадзірам быў і табе мянушку выдумаў?

- Але. Самога то дома няма, а сын Мікола, з сухой рукой, то, мабыць, ноччу кудысьці ходзіць. У лес ці за лес, а мо на дарогу. От так, браце.

Зміцер пляснуў рукамі па сцёгнах, задаволена пацёр далонямі.

- Сёння ён дома?

- Дома.

Ворка Дзікун сказаў пра Даніка Міколу пад гарачую руку з-за крыўды на бацьку, а пасля адумаўся. Ён глянуў на памяшканне райвыканкома і хацеў штосьці сказаць.

- Чаго так глядзіш? Тут ужо не рэвэка, а камендатура. І я ў гэтым доме маю канцыляру, - падміргнуў Зміцер. - Прашу заходзіць.

- Няхай ужо як будзе патрэба.

- А цяпер што? Няма інтэрасу?

Ворка паціснуў плячамі. Ён не вельмі разумеў, куды хіліць Зміцер.

- Я знаю цябе як добрага гаспадара. І немцы такіх таксама любяць. Ферштэен? А калі трэба будзе што-небудзь, то не саромейся. Заходзь.

Ворка насцярожана аглядаў на Зміцеры нямецкі кіцель.

- Добра, - паабяцаў ён.

Не паспеў Ворка вярнуцца дадому, як немцы ўжо забралі Міколу. У канцы сяла сабраліся людзі, да натоўпу далучыўся і Ворка Дзікун, бедаваў разам з усімі, крычаў, што Мікола Данік зусім хворы і ціхманы чалавек.

Назаўтра, паснедаўшы, Ворка выйшаў на вуліцу і стрэў з возам снапоў старога Петрыка.

- Бог помач! - сказаў Ворка.

- Нешта ніякай помачы ад яго, адна немач, - адказаў Петрык.

- Возіш, стары, сабе снапы, а я? - азірнуўся Ворка на ўласную сядзібу. - Ні стопкі, ні гуменца. Пуста. Усё забраў Данік...

- Каторы Данік?

- Не малады ды хворы, а стары, Васіль...

- Хто старое спамяне, таму асцюк у вока, - сказаў Петрык. -Трэба, чалавеча, забываць ранейшыя крыўды. Такая ў нас калатэча!

- Я без крыўды. Дзе там! - азваўся Ворка Дзікун. - Убачыў, што вязеш снапы, то і сказаў. Ведама, у цябе ёсць куды везці, на тваёй сядзібе стаіць гуменца.

Петрыкава гумно сапраўды ацалела. Там ляжаў калгасны інвентар. Гумны ж суседзяў і Воркава разабралі, як будавалі цялятнік.

- І ты вязі ў маё гумно. Ды якое яно маё? Калісьці было маё. Цяпер наша. Вязі, памесцімся... - Петрык разгладзіў вусы. - Чуў, што надоечы было каля Бязверхавічаў?

- Не.

- Так ірванулі, кажуць, што два цягнікі скінуліся з рэек. Многа ехала пяхоты з танкамі. У-у... Там такое рабілася!

- От, скажы, нехта ж гэта робіць. І так хвацка.

- Кажуць, Коршак нейкі.

Ворка Дзікун даўно прачуў, што ёсць якісьці Коршак. Ён паліў склады, падрываў эшалоны і масты. Ворка здзіўлена паківаў галавою.

- І ніхто не бачыў таго Коршака. Сёння ён, скажам, тут, а назаўтра акажацца пад Грэскам ці пад Цімкавічамі. Хітра робіць.

- Добра кажаш... Мусібыць, за гэта і Даніка Міколу забралі, - уставіў Ворка. - Нехта, мабыць, падаткнуў, што так і так, з Коршакам мае хаўрус. Га? А немцам толькі скажы...

- Скажу табе, што ёсць у нашым сяле гады, - сказаў Петрык. - Уведаць толькі - ды пятлю на іх. З такімі страшна разам жыць.

- Дзіва што, сусед, - пагадзіўся Ворка, азіраючыся.

- А сам куды выправіўся?

- У Граву іду.

- Што там рабіцьмеш?

- Нешта Ганна наказвала, каб прыйшоў.

- Памагчы што трэба?

- Пэўна, нешта трэба зрабіць. Чалавек яе, як і твой Алесь, падаўся на ўсход, - апошнія словы сказаў Ворка вельмі ціха і краем вока зірнуў на Петрыка.

«Злуеш, старое карыта, што я дома, - падумаў Ворка. - Няма дурных бегчы ад свае хаты».

- Не чуў, дзе цяпер нашы?

- За Ельняй недзе. А дзе пэўна, ніхто не ведае. Словам, пад Маскву ўжо забеглі.

Стары Петрык паківаў галавой і, як здалося Дзікуну, холадна паглядзеў на яго.

- Няма на немчуру плягі! Но-о! - гукнуў стары на каня.

Воз пасунуўся па вуліцы далей, а Ворка неўзабаве апынуўся за сялом.

Да Гравы, дзе дачка была замужам, напрасткі тры кіламетры, а калі пайсці бітай дарогай, то набярэцца ўсе сем. Аднак па ёй усе ездзілі і хадзілі, робячы такі круг, бо простай дарогі, што ішла паўз Крумкачоў гай, на Граву даўно не было. Увесь гэты лес, а за ім лог адышлі пад артылерыйскі палігон.

«Цяпер у нас артылерыйскі палігон ад Белага да Чорнага мора», - падумаў Ворка Дзікун.

Ён завярнуў на паплавы і пайшоў, трымаючы кірунак на край сіняга лесу, што захінаў Граву. Ішлося лёгка. У твар дыхаў халодны палявы ветрык.

«А як на мяне паглядзеў Петрык? Здаецца, каб прымеў, то схапіў бы загрудкі. А хто ён? Спаў у шапку, калі трэба было варушыцца. У мяне ўжо запасу на тры гады, а ты вазі чорныя снапы», - Ворка Дзікун усміхнуўся. Ён успомніў, што днямі павінны вазіць грэчку. Трэба наведацца на той палетак. Будуць і крупы, будзе і да круп.

Ён азірнуўся, быццам баяўся, каб ніхто не падслухаў яго думак.

«Я не вазьму, то Гаўрыла возьме. Калі мы ўдвох праспім, то немцы выграбуць усё, - супакоіў ён сябе. - Цяпер кожны цягне».

На краі Крумкачовага гаю Ворка спыніўся, агледзеўся. Завідны быў лес на гэтым грудку. Выносістыя хвоі з небам гаманілі. Далей уніз цягнуўся ельнік, сіні, як навальнічная хмара. Пад шашу было дробналессе.

Ворка ніколі тут не быў і да ўсяго прыглядаўся.

Ідучы далей, заўважыў пад кустом салдацкую каску, а побач падраную гімнасцёрку. Прыпыніўся.

«Мусіць, забілі салдата», - падумаў ён і са страхам абышоў гэта месца.

Прыслухоўваючыся да птушынага шчэбету, Ворка задумаўся.

«Каб прыйшлося мне змабілізавацца, то, мабыць, недзе ў разорцы ўжо закрыўся б каскай і парыў бы косці, - дрыжыкі страсянулі Ворку. - То гэта салдаты... А колькі дзяцей і жанчын загінула? Што далей будзе? Па ўсіх вёсках людзі ненавідзяць немцаў...»

Пачуўшы гул самалётаў, ён падняў галаву. Самалёты ішлі строем, як на парадзе.

«На Маскву садзяць, - падумаў ён, ідучы лесам. - Няўжо немцы возьмуць верх?»

Праз гадзіну Ворка быў у Граве. Ганна сустрэла яго з дзіцем на руках, заплаканая і ўчарнелая: учора немцы забралі ў яе карову.

«І да нашага роду дабраліся, рабаваць пачалі», - уздыхнуў Ворка.

- А цялушку пакінулі?

- Пакінулі... Цялушка ў кустах хадзіла.

- Цяпер трэба з жывёлай далей ад шашы - у лес. У каго яшчэ забралі?

- Занялі з чарады пятнаццаць кароў і пагналі.

- А ў нас учора забралі Даніка Міколу.

- Інваліда? - здзівілася Ганна.

- Нехта, відаць, падаткнуў, што мае справу з Коршакам. От табе і інвалід... - нібы між іншым сказаў Ворка.

- Таму, хто навёў, мала галаву знесці. Такі час!

Ад слоў дачкі Ворка ўгнуў галаву. Яму здавалася, што калі яна спаткае яго позірк, то адразу пазнае, чыя гэта работа. Дзівячыся, як Ганна ўзлавалася ад навіны з Жорнаўкі, Ворка папытаўся:

- А што ў Граве чуваць?

- І ў нас усе пра Коршака гавораць. Былі б такія ўсе, як ён, то даўно не было б немцаў. А то...

«Скажа мне ў вочы, што не пайшоў у армію, а прыбег дамоў ды агінаюся, назапашваю дабро», - сцяўшыся ўвесь, пачакаў ён, а пасля ў тон дачцэ сказаў:

- От бо, скажы, ёсць жа людзі!

Ганна памаўчала, пазіраючы на вуліцу, тады стала гушкаць на руках малую.

- Дзе цяпер мой Сымон? - бедавала яна. - Ужо можа, дачушка, наш тата ляжыць дзе пад ракітаю зялёнай. От час прыйшоў!

Ворка пазіраў на дачку, на ўнучку, а сам думаў:

«Добрая цаца твой Сымон. Пабег чорт ведама куды. Што там у яго - дзе маці ці цешча? Другія вунь як зрабілі...»

Убачыўшы слёзы на вачах у дачкі, сказаў:

- Кінь плакаць. Давай думаць, што рабіцьмем.

- Нічога не знаю, нічога не ведаю...

- Хадзі сюды.

Яны селі ў баразне на агародзе сярод маку, што суха шапацеў лісцём на ветры. Бацька сказаў, што трэба даставаць карову і што ён паможа. Трэба папытацца, можа людзі дзе прадаюць.

«Як прыйдзецца крута, то не ведаеш куды кінуцца...» - падумаў ён і пашкадаваў, што пазаўчора не ўзяў у Петрыка соладу. Праз тыдзень можна было б мець самагонку, а з ёю і карову можна таргаваць. Нават у немцаў.

Ганна супакоілася, не плакала ўжо.

- Пазаўчора была ў мяне жанчына з Сяльца. Казала, што ў іх начаваў Лычко Сымон з Гравы, калі ў чэрвені нашы адступалі...

- Што ты кажаш!

- Пыталася, ці няма яго дома.

Навіна вельмі ўразіла Ворку.

- Глядзі... - Ворка азіраўся, - каб тая кабета не прывяла хвост у двор...

- Не павінна. Пасядзела, распытала, як жыву, што чуваць у нас, і пайшла.

- Калі толькі яна ў Граве каму-небудзь сказала, што Сымон быў у Сяльцы, то трэба баяцца, дачка. Там часта бывае Коршак.

- Я ў яе пыталася... І так і гэтак... Але яна нічога болей не сказала. Заходзіў, пераначаваў, а раніцай пайшоў з яе сынам.

- А дзе ж гэта яны знюхаліся?

- На курсах трактарыстаў разам вучыліся.

- То можа нічога, - Ворка супакоіў і сябе і дачку. - Многа людзей ішло. Дзён дзесяць назад зайшлі да нас удвох, з бародамі, як дзяды. Есці прасілі. Казалі, што ідуць з-пад Беластока.

Ворка доўга сядзеў, падпёршы рукамі галаву. Думаў аб тым, што рабілася ў Жорнаўцы, у Граве і ў тым далёкім Сяльцы, з якога нядаўна была ў Ганны жанчына. І ўсюды былі слёзы, страх і трывога.

Ворку ж пакуль што нічога. Непрыемнасці міналі яго. І тут ён успомніў Бойку Зміцера. Успомніў яго словы: «Калі што трэба, то заходзь».

«Можа ён і з кароваю паможа?» - між іншым падумаў Ворка.

Праз колькі часу, развітаўшыся з Ганнай, ён падаўся на шашу і пасля паўдня быў ужо ў горадзе.

Бойка сустрэў Дзікуна ветліва, як і першы раз.

- Можа што новенькае прывёз?

- Нічога такога.

- Шкада...

Калі ж Бойка пачуў, якая патрэба прывяла да яго Ворку, адразу глянуў на гадзіннік.

- Праз паўгадзіны машына ідзе ў Страхінь, і карова будзе. Сам паедзеш з намі.

- Што ты кажаш?

- А цяпер пасядзі... У цябе, здаецца, ёсць радня ў Замошшы?

- Як жа, там дзядзіна жыве.

- То і добра. Схадзі пагасці. Мне трэба ведаць, дзе браты Згіроўскія. Старэйшы, Юзік, у млыне рабіў, а малодшы служыў на базе. Не памятаеш іх?

- Памятаю.

- Ну вось...

Неўзабаве грузавік, узнімаючы клубы пылу, мчаў у саўгас «Ягадны».

Ворка са Змітрам выбралі ў саўгасе пярэстую карову. Залыгваючы яе, Ворка бачыў, што на машыну немцы грузілі свіней, авечак.

Ідучы па поплаве з каровай, Ворка быў сумеўся.

Спыніўся, нібы падпасваў карову, а сам усё азіраўся на саўгас.

У яго нават з'явілася думка кінуць карову і хутчэй падацца дамоў.

Пачуўшы віск свіней, Ворка адумаўся.

«Я не вазьму, то Зміцер забярэ і прап'е. На гэта ён здатны».

Позна вечарам карова была ўжо на двары ў Ганны.

- Тата, адкуль карова? - здзівілася Ганна.

- Купіў у засценку ў шляхціца.

- Колькі далі?

- Дзесяць пудоў пшаніцы і мех аўса.

- Мала ён узяў за такую карову...

- Цяпер такі час, што няма калі вельмі таргавацца.

Павячэраўшы, Ворка пасядзеў на парозе ў сенцах, пасля пайшоў і лёг у каморы.

«Каб шафу добрую памог яшчэ дастаць Зміцер. І ложак нікеляваны...» - падумаў ён, падбіваючы падушку.

Можа віною было новае месца ці цвыркун не даваў заснуць, бо Ворка доўга варочаўся на ложку. Потым пачуў далёкі стрэл. Выйшаў на двор, узлёгся на плот. У сяле была цішыня.

«А што, калі Сымон не пайшоў на ўсход, а далучыўся да Коршака?» - усплыла думка, горкая, як чэмер.

Раптам з-пад Крумкачовага гаю пачулася аўтаматная чарга:

- Тра-та-та! Та-та!

«Коршак прыйшоў. Дрыжы, Бойка Зміцер», - падумаў Ворка і сам задрыжаў, як асінавы ліст.

Доўга стаяў Ворка ў поцемках каля плота, пасля паціху пасунуўся ў сенцы.

Назаўтра ён выбраўся ад дачкі толькі пасля позняга снедання. Сонца паднялося ўжо і добра прыпякала. Ён ішоў узлескам Крумкачовага гаю. Зноў пад арэхавым кустом убачыў тую самую каску. Узяў яе асцярожна і схаваў у густым ядлоўцавым кусце.

«Можа яшчэ спатрэбіцца. Такі цяпер час», - падумаў ён і, выйшаўшы на старую дарогу, убачыў на траве сляды ад машыны.

«Гэтага ўчора не было», - здзівіўся Ворка і раптам падаўся па следу ў глыб лесу. На грудку спыніўся. Тут якраз была прагаліна, і сляды ад машыны паўз самыя кусты паварочвалі назад.

«Заязджалі... Схавалі нешта», - азіраўся Ворка.

На прагаліне ўскапаная зямля была здратавана ботамі.

Тупаючы па ўзгорку, ён бачыў акуркі і гільзы ад аўтаматных патронаў і ніяк не мог дадумацца, што тут рабілася ноччу.

«Гэта не Коршакава работа. Нехта другі быў», - думаў ён аж да самага дому.

Жонка спаткала яго ў сенцах.

- Дзе ты хаця быў?

- У Ганны. Дзе ж яшчэ?

Калі яна даведалася, што ў дачкі здарылася, забедавала:

- Няхай бярэ дзіця ды едзе сюды. У Граве ёй не жыццё, калі няма Сымона. Вакол чужыя людзі.

- Як гэта чужыя?

- А што ж, сваякі? І яшчэ табе скажу - не швэндайся нідзе ноччу... Нарвешся...

- На каго?

- Хоць бы на таго Коршака. Зловіць з мяшком, не пагладзіць па галаве. Хопіць таго, што напрыносіў. На сто гадоў не назапасіш.

- Ну добра, добра... Учора вазілі грэчку?

- Падвечар трохі вазілі.

- Ліха іх галаве.

Жонка пайшла ў агарод, а Ворка ўсё пазіраў на сонца. Як толькі сцямнела, ён адразу падаўся з мяшком за вароты, скіраваў сцежкай на грачанае поле.

«Нікому не буду кланяцца, ні ў кога прасіць не буду», - разважаў ён каля кучак над мяшком. Рабіў усё не спяшаючыся, па-гаспадарску: падтрасаў мех, утоптваў яго каленам і, калі набіў грэчкі пад самую завязку, то ледзь закінуў мех за плечы.

Назад Ворка дарогай не пайшоў. Усё можа здарыцца. Напаткаецца свой чалавек, то пасля папагавораць суседзі.

Ён падаўся полем у канец сяла. Дабрыў да свайго агарода, сеў на мяжы. Цяжка сапучы, азіраўся на цёмныя хаты.

І раптам данесліся далёкія стрэлы з Крумкачовага гаю. Ворка падхапіўся і, сам яшчэ не ведаючы чаму, падаўся на паплавы. Стрэлы не сціхалі. Ворка тады пусціўся подбегам.

Ён ужо быў далёка за сялом, калі сціхлі стрэлы ў Крумкачовым гаі. Тады ён спыніўся, патаптаўся на паплавах і вярнуўся назад. Ісці ў лес яму ўжо не хацелася.

Ноччу ён кепска спаў, часта прачынаўся і выходзіў на двор. «Хто там страляе кожную ноч?» - ён ужо не мог спакойна жыць.

Раніцай па сяле разнеслася чутка, што Коршак узарваў мост на шашы за Боркамі і спаліў можа трыццаць машын. А Ворка ўсё думаў пра сваё:

«Ад нас Боркі за трыццаць кіламетраў, і людзі знаюць, што там учора было. А гэта ж пад бокам страляюць каторую ноч - і ніхто нічога не ведае...»

Пасля паўдня Ворка пайшоў у другі канец сяла, а адтуль быццам бы падаўся ў дуброву. У лесе завярнуў на лог і перад захадам сонца быў ужо на грудку ў Крумкачовым гаі.

Зямля тут была ўскапана ўжо ў другім месцы. На жвіры зноў былі сляды. Цяпер можна было разабраць, што машыны прыходзілі сюды з шашы.

Ворка доўга таптаўся на грудку каля яліны, задзіраў галаву, пазіраў на вострую вяршаліну, што, здавалася, даставала ўгары да белых воблакаў. Падышоў да камля, пакратаў пазногцем чыстую, як сляза, кроплю смалы. Глянуў уверх. Ад выносістага шэрага ствала ва ўсе бакі адыходзілі галіны.

Ворка ўзяўся за першую сухую галіну, падцягнуўся і палез. Ён ужо быў высока, і калі адхіліў яловую галіну, то прагаліна цяпер была перад ім як на далоні. Правей ішла дарога, з якой заварочвалі на грудок машыны.

Ворка ўсеўся на таўсцейшым суку, абняў ствол елкі. Доўга сядзеў не кратаючыся і аглядаючы палянку.

Унізе на зямлі ўжо ткаўся змрок, лес пачарнеў. Хутка яго зусім ахінула цемра.

Цяпер Ворка бачыў толькі белую палоску неба на захадзе. І неяк думкі паплылі і паплылі. Ён думаў, што прыйшла пара сеяць жыта, што ён пасее яго за агародамі на былым сваім полі. У Лядах разабралі ўжо калгас. Будуць рабіць кожны сабе.

Ворка думаў прыхапіць яшчэ пад агарод кавалак той зямлі, якую калісьці адрэзаў у яго Данік Васіль, і пасадзіць сад. Ганну з Гравы, як і казала жонка, давядзецца забраць. Цяперашнім светам брат трымаецца за брата, сват за свата.

«Дый што падумае Сымон, калі даведаецца, што яна з дзіцем жыла адна», - разважаў Ворка.

У зяця Сымона круты нораў, да трох не гавары. І залатыя рукі ў хлопца. Што ні возьме - зробіць. Ворка пабойваўся яго, але і ганарыўся ім.

Думаючы пра трактарыста-зяця, Ворка забыўся пра агарод, сад. Успомніў, што Сымон марыў завесці пчол. Што ж! Цяпер ён завядзе пчол. Паставіць вуллі за хатай.

«Трэба падскочыць яшчэ раз да Зміцера», - падумаў ён.

На душы ад такіх думак было цёпла...

Раптам каля яго на вяршаліне, ціўкнуўшы, села птушка. Пачула чалавека, залапатала крыламі і з трывожным піскам знікла.

Ворка доўга сядзеў, не памятаў, колькі. Пачыналі млець ногі, рукі.

Нечакана да яго дайшоў роўны гул. Ворка глянуў у неба. Яму было здалося, што гэта ляцяць самалёты. Пасля ён зразумеў, што гул ідзе з шашы, і ўбачыў, як у цемнаце ўспыхнулі агні фар.

«Сюды едуць!» - Ворка прытуліўся да ствала дрэва, захіляючыся яловай лапай.

Невыразная трывога падмывала яго. Аднак ён цешыўся, што недарма прыйшоў сюды. Ён адзін з сяла дазнаецца, дзе будуць хаваць дабро.

Тры машыны, равучы, выйшлі на край прагаліны і сталі ў рад. Ад яркага святла фараў было відна, хоць іголкі збірай.

Тады пачуліся нямецкія галасы:

- Шнэль! Шнэлер!

На сярэдзіну прагаліны выйшаў немец.

- Капаць!

Немец крычаў па-расейску. Пяць чалавек з рыдлёўкамі выбеглі за ім і, стаўшы ў шэраг, пачалі капаць.

Ворка пачуў, як па спіне прабеглі мурашкі. Аднекуль з'явіўся страх. Ворка ўжо ўвесь калаціўся, зуб на зуб не цаляў.

«Куды ж я трапіў? А божачка!»

Ён шчыльней прытуліўся да елкі і не дыхаў.

На край ямы вывелі чалавека. Твар у яго, як здалося Ворку, быў чорны, як вугаль. Ворка прыгледзеўся і раптам у гэтым чалавеку пазнаў Даніка Міколу. Так, гэта быў Мікола. Ён нават трымаў левую руку перад сабою, як заўсёды...

- Халуі нямецкія! - крыкнуў Данік на людзей з рыдлёўкамі. - Думаеце, мне выкапалі яму? Сабе выкапалі!

Ворку здалося, што Мікола ўбачыў яго, што ён і яму гразіўся. Ворка захінуўся яловай лапкай.

- Смерць нямецкім захопнікам! - пачуўся крык на паляне.

Грымнуў залп. З вяршаліны елкі за шыю Ворку сыпаліся сухія іголкі.

«Хай бы згарэў той агарод, хай бы ўсё згарэла. Што ж я нарабіў?»

На край ямы паставілі яшчэ трох чалавек.

«Што ж гэта робіцца?..» - ніяк не мог апомніцца Ворка Дзікун.

Калі сярэдні з трох мужчын павярнуўся і крыкнуў: «Смерць фашызму!» - Ворка зжахнуўся: знаёмы голас.

А немец ужо чытаў, што да расстрэлу прыгавораны Коршак, Чарняўскі і Чапурка.

- Няхай жыве Чырвоная Армія! - зноў пачуўся той самы голас.

- Сымон! - крыкнуў Ворка, але голас яго заглушыў залп...

Ворку адразу зрабілася холадна, звінела ў вушах. Закружылася галава. Пад ім трэснуў яловы сук...

Ворка паляцеў уніз...

Пякучы боль ударыў яму ў грудзі...

Больш Ворка ўжо нічога не чуў.

 

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Неба на замку: апавяданні, аповесці, раман / Антон Алешка. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. - 428 с.?