Загукала сава,
Пачала хваліцца:
— Уга-га! Я сама
Начная царыца!
Больш такой не знайсці,
Лесу я па густу.
Прыбягайце, зайцы,
На маю капусту!
Кожны тут пад’ясі,
Пахваліш вячэру.
— А маркоўку дасі? —
Запытаўся шэры,
Хітры заяц стары,
Вопытны гуляка.—
Хай самой камары
Ў ступе стаўкуць маку!
Хай капуста жыве,
Капустай не купіш!..
Той зіркатай саве
Паказаў ён кукіш.
Паказаў! І папёр,
У хмызняк ускочыў.
Не сава — цёмны бор
Рагатаў уночы:
— У савы галава
Поўная мякіны!..
Долу ўпала сава
З колкае галіны.