Дуброўка — родная калыска
Маіх дзіцячых, даўніх дзён,
Табе мой шчыры, самы нізкі,
Сяброўка мілая, паклон!
Мяне юнацтва выпраўляла
З бацькоўскай хаты за парог.
Пражыў на свеце я нямала,
Нямала пройдзена дарог.
Я вам удзячны, пабрацімы,
Паклон вам нізкі, да зямлі;
Табе, любімая радзіма,
Табе, сцяг родны на Крамлі!
Маю любоў, маю павагу
Да вас у сэрцы зберагу.
Пакуль на могілках не лягу —
Датуль забыць вас не змагу.
А памяць сцежачкаю зноўку
У кут бацькоўскі прывяла.
Любіў, люблю маю Дуброўку,
Якая ёсць, якой была.
Была апранутая ў лозы,
У ельнікі ды ў саснякі.
А салаўіныя бярозы
Ля Шачы — вузенькай ракі —
Звінелі,
Пелі
Кожны вечар.
А з тых бяляначак-бяроз
Нёс у Дуброўку песні вецер,
У сэрца мне шаноўна нёс;
Увосень смутак жураўліны
Даносіў з рыжых імшарын,
Дзе чырванелі журавіны,
Пабраўшы колер у калін;
Дзе качанят хавала Шача,
Расціла соміка ў вадзе...
Ах, пастарэў мой свет юначы,
А родны кут памаладзеў.
Няма шалёнага балота,
Яно прытулку не дае
Нудзе іржавай між чароту —
Пшаніца спелая пяе!..
Дуброўка — родная калыска
Маіх дзіцячых, даўніх дзён:
Табе мой шчыры, самы нізкі
Паклон!
— Прымаю твой паклон!..
Сказала мне яна прачула.
Каго ж такое не кране?..
Сваёй вясёлкай апранула
Дуброўка родная мяне!