— Чаго тут ходзіш?
— Выбіраю
Я на труну сабе сасну.
— Памрэш?
— Яшчэ не паміраю,
Вясной наступнаю засну.
— Чаму вясной, а не зімою?
Па снезе лёганька плысці.
— Мароз не пусціць за труною
Цябе на могілкі ісці.
Жартуе ён ці праўду кажа?
Я пазіраю на яго:
Высокі ён,
а плечы ў сажань,
Асілак! Нудзіцца чаго?
— Жартуеш, друг!
— Якія жарты!
Нахмураны, злуецца ён.—
Даўно мае згулялі карты,
Даўно жыццю аддаў паклон.
А можа, ён і не жартуе?
Прайшоў даўгі,
нялёгкі шлях.
Магчыма, смерць ужо вартуе
Яго ў наднёманскіх кустах?
— Я падзялю кавалак хлеба
З табою, друг мой, напалам.
Здароўе трэба, сіла трэба?
Вазьмі! Табе ахвотна дам!
— Табе твае патрэбны сілы,
Яшчэ не вельмі ты стары.
Цябе твае чакаюць пілы,
Цябе чакаюць тапары.
Прыкмеціў я: маю павагу
Ўлавіў душою чалавек.
Сказаў: — А я ў труну не лягу
Яшчэ не кончыўся мой век.
Давай пілу! Павалім дуба!
Ён стане шулай у гумне!..
Абняў я шчыра лесаруба,
Абняў таксама ён мяне.