Нібыта павук павуцінне,
Цянёты пачвара снуе,
На шыю ён вам іх накіне,
Зацісне цянёты свае.
Такіх павукоў сёння мала,
Але яшчэ ў нас яны ёсць.
Хачу, каб зусім іх не стала,
Каб нас не кусала іх злосць.
А я па натуры рахманы,
Але і не добранькі я:
Таго, хто з душою паганай,—
Апаліць нянавісць мая;
Таго, хто сплятае цянёты,
Хто сэрцы хлуснёю шкрабе,—
Яго перуновай грымотай
Нянавісць мая разаб’е.
А я па натуры нязлосны,
Жыву і дружу з дабратой.
Аддаў бы я краскі і вёсны
Таму, хто з харошай душой.
Нянавісць у бой пасылаю,
Хай скосіць пачвар у баю:
Любоўю людзей атуляю,
Святую любоў аддаю.