Яшчэ мароз гуллівай пстрычкай
Па хвоях шчоўкае ў бары;
Пад стрэхі туляцца сінічкі,
У стог саломы снегіры
Хаваюцца ад халадзіны,
У стозе грэюцца яны.
А дзяцел грукае ў яліны,
Яліны — гулкія званы —
Вясну завуць працяглым звонам.
А ён, як мудры чараўнік,
Картавы голас даў варонам,
Гукаюць месяц сакавік.
Вароны з кожнага падворку,
Са сметнікаў... А снегіры
Чырванагрудыя, як зоркі,
Вясновым шышкам у бары
Іскрысты колер падарылі,
Удзячны шышкі снегірам...
Барозны люлькі закурылі,
Дымком віецца пара там;
Там праснаваты, кіславаты,
Густы, настоены духмян.
Нібы з яечкаў кураняты,
З раллі праклюнуцца зярняты...
Бушуй, зялёны акіян!
Сажне, змалоціць лета ніву,
На стол буханкі пакладзе...
Так нараджаецца не дзіва,
Не цуд, а шчасце для людзей.