epub
 
падключыць
слоўнікі

Антон Бялевіч

Сосны ў жыце

Жыта, жыта...

Шумяць каласы.

Слухай скаргу даспелага жыта:

— Ні касца, ні жняі,

Ні сярпа, ні касы,

Я і людам і богам забыта.

У нудзе,

У бядзе

Плача доля мая,

Не дайсці мне да роднае вёскі,

Я пад вартай стаю,

Арыштована я

Гарнізонам нямецкага войска.

Пад прыцэлам стаю.

Дзень і ноч на мяне

Пазіраюць з байніц кулямёты.

Хлебадараў сваіх

У сваёй старане

Я не ўсцешу цяжкім умалотам.

Хоча вораг мой хлеб

Па чыгунцы ў вагонах павезці.

Хай бы ён спруцянеў,

Хай бы, прагны, аслеп,

Каб не мог і кавалачка з’есці.

 

Дзе касец і жняя?

Час на жніва вам, родныя вёскі.

У палоне стаю.

Арыштована я...

Пакасіце варожае войска!..

 

Сосны слухаюць скаргу-нуду,

І галініцца гора ў галінах,

І трымаюць жальбу і бяду

Сосны там на прыгорбленых спінах.

 

І яны ж на вайне,

І яны ж у бядзе,

У вялікай самоце, у скрусе...

Сосны, сосны мае!

Горка, цяжка і мне...

Смутак ляжа ў труне!

Па маёй старане

Перамога ідзе,

У магілы кладзе

Гора роднае Беларусі!

 

На Берлін, на рэйхстаг

Нас вядзе родны сцяг,

Акрыляючы нашыя сілы...

У лугах і лясах

На варожых касцях

Заімшэлі, счарнелі магілы.

 

А наш лёс

Да нябёс

Зноў падрос,

Зноў узнёс

Акрылёную нашую славу.

Песняй ніў і бяроз

І душой ахінаю дзяржаву!


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 6-7
Крыніца: скан