Вясна дыхнула —
Ускалыхнула
Дарогу санную на лёдзе.
Рака прачнулася, гукнула:
— Зіма на пенсію выходзіць!
А лёд трашчаў:
— Яшчэ марозік
Шыкуе белымі вусамі;
Яшчэ з марозікам павозім
Абутыя ў жалеза сані!
Пачула сонца тую спрэчку,
Сказала:
— Я зраблю пагоду!..
Зламала лёд, пагнала рэчку
Пад крыгамі старога лёду.
А ён скрыпеў, трашчаў сурова:
— Жалезны я!..
Вясна сказала:
— Маўчы, траскун! Мая дуброва
У гнёзды птушак пагукала.
Заглох бунтар!
Панесла рэчка
Сасулькі лёдзіку. Ён — ціхі...
Гадуе цёплае гняздзечка
Маленькіх дзетак салаўіхі.
А салавей дапамагае
Сваёю песняю сардэчнай...
Духмяны,
цёплы вецер з гаю
Прагнаў вясны
і лёду спрэчку.
А я плыву, я абдымаю
Між берагоў зялёных рэчку.
Яна напоіць у спякоту
Тады,
як жыта закрасуе;
За нашу добрую работу
Чаротам рэчка галасуе.