— Дай мне, поле, канапель,
А ў прыдачу проса.
— Дам! А дзе твой журавель?
Лодыр даўганосы?
— Пакалечыў жа крыло,
Дрыхне за лясамі...
Поле проса ёй дало,
Канапель таксама.
Жураўліха па плячу
Крыльмі гладзіць поле,
Кажа: — Дзякуй! Палячу,
Недарэку палячу,
Кончыцца ад болю.
Поле кажа: — Мой паклон
Перадай калеку.
— Дзякуй, поле! Будзе ён
Друг табе навекі!..
Плыў туман у хмызнякі,
А з кустоў, ад рэчкі,
Прыляцелі дружбакі —
Журавы на грэчку.
У чародцы журавель —
Лодыр даўганосы...
Поле кажа: — Канапель,
А таксама проса
Жораву твайму дало?
Сорам, жураўліха!..
Зашумела, загуло,
Жураўлёў яно змяло,
Стала ціха, ціха.
Не ляціце, журавы,
На проса, на грэчку!
Вам балота й паплавы,
І кусты ля рэчкі.