epub
 
падключыць
слоўнікі

Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры

Маленькі прынц

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII


ЛЕОНУ ВЕРТУ

 

Шчыра перапрашаю дзяцей за тое, што я прысвяціў гэтую кніжку даросламу. Скажу ў апраўданне: гэты дарослы — мой сама лепшы сябар. І яшчэ: ён разумее ўсе на свеце, нават дзіцячыя кнігі. І нарэшце: ён жыве ў Францыі, дзе цяпер і голадна, і холадна. І яму вельмі патрэбна суцяшэнне. Калі ж ўсё гэта не апраўдвае мяне, я прысвячу сваю кніжку, таму хлопчыку, якім некалі быў мой дарослы сябар. Усе ж дарослыя былі спачатку дзецьмі. Праўда, мала хто з іх памятае пра гэта... То я выпраўляю сваё прысвячэнне:

ЛЕОНУ ВЕРТУ, калі ён быў маленькім

 

I

 

Мне было шэсць гадоў, калі ў кнізе пра джунглі, якая называлася «Непрыдуманыя гісторыі», я ўбачыў аднойчы дзівосны малюнак. Змяя — страшэнны ўдаў — глытала драпежнага звера.

У кнізе гаварылася: «Удавы глытаюць сваю ахвяру цалкам, не жуюць. Пасля гэтага яны ўжо не могуць варухнуцца і цэлых паўгода спяць, пакуль не перавараць ежу».

Я шмат разважаў пра поўнае прыгод жыццё ў джунглях і таксама намаляваў тое-сёе каляровым алоўкам. Гэта быў мой малюнак № 1.

Я паказаў свой шэдэўр дарослым і пацікавіўся, ці не страшна ім, калі яны глядзяць на мой малюнак.

— А чаму капялюш павінен наводзіць страх? — здзівіліся яны.

На маім малюнку быў зусім не капялюш. На маім малюнку быў удаў, які праглынуў слана. Тады я намаляваў удава знутры, каб дарослым было больш зразумела. Але ім ўсё роўна спатрэбіліся тлумачэнні.

Дарослыя параілі мне не маляваць удаваў ні звонку, ні знутры, а лепей больш цікавіцца геаграфіяй, гісторыяй, арыфметыкай і правапісам. Вось так, у шэсць гадоў, мяне пераканалі адмовіцца ад бліскучай кар'еры мастака. Я быў збіты з панталыку няўдачай з малюнкамі. Дарослыя ніколі і нічога не могуць зразумець самі, а дзецям надта ж утомна вечна тлумачыць ім, што да чаго.

Такім чынам, мне трэба было выбраць якую-нубудзь іншую прафесію, і я пайшоў у лётчыкі. Дзе мне толькі не давялося быць! І геаграфія сапраўды спатрэбілася мне. Я мог з першага погляду адрозніць Кітай ад Арызоны. Гэта вельмі карысна, калі часам заблудзішся ўночы.

За сваё жыццё мне давялося сутыкнуцца з многімі сур'ёзнымі людзьмі. Я многа часу пражыў з дарослымі, быў вельмі блізка знаёмы з імі. Не скажу, каб пасля гэтага я стаў лепей думаць пра іх.

Калі я сустракаў каго-небудзь з іх асяроддзя, хто здаваўся мне трошкі разумнейшым, я паказваў яму малюнак № 1, — я збярог яго і заўсёды насіў з сабою. Мне хацелася ведаць, ці сапраўды той чалавек кемлівы. Але кожны дарослы заўсёды адказваў мне: «Гэта капялюш». І я ўжо не гаварыў з ім ні пра ўдаваў, ні пра джунглі, ні пра зоркі. Я прыстасоўваўся да яго паняццяў. Гутарыў пра брыдж і гольф, пра палітыку і гальштукі. І дарослы быў дужа задаволены знаёмствам з такім разумным чалавекам.

 

II

 

Так я жыў у адзіноце, і не было ў мяне анікога, з кім бы я мог па-сапраўднаму адвесці душу. Але аднойчы, шэсць гадоў назад, мне давялося зрабіць вымушаную пасадку ў Сахары. Нешта зламалася ў маторы майго самалёта. Са мною не было ні механіка, ні пасажыраў, і трэба было самому ламаць галаву, як выратавацца. Я павінен быў адрамантаваць матор альбо загінуць. Маіх запасаў пітной вады хапіла б ледзьве на тыдзень.

І вось — мая першая ноч сярод бязмежных пяскоў пустыні, дзе на тысячы міль наўкол — ніводнага селішча. Чалавек, які пасля караблекрушэння ўсё-такі ацалеў дзесьці на плыце ў бязмежным акіяне, і той быў не такі адзінокі. Дык уявіце сабе маё здзіўленне, калі на досвітку мяне пабудзіў нечы тоненькі галасок:

— Калі ласка... намалюй мне баранчыка!

— Га!

— Намалюй мне баранчыка...

Я ўскочыў на ногі, нібы нада мной грымнуў гром. Працёр вочы. Агледзеўся. І ўбачыў незвычайнага малыша, які сур'ёзна разглядваў мяне. Яго партрэт я намаляваў пазней. Канечне, на маім малюнку ён не такі прывабны, як на самой справе. Але гэта не мая віна. Калі мне было шэсць гадоў, дарослыя пераканалі мяне, што мастака з мяне не атрымаецца, таму я так нічога і не навучыўся маляваць, акрамя ўдаваў — звонку і знутры.

Я на ўсё вочы глядзеў на гэты прывід. Не забывайце, што я быў за тысячы міль ад людскіх селішчаў. Гэты ж малыш не быў ні разгублены, ні смяротна стомлены, ні смятротна галодны, ён не паміраў ні ад смагі, ні ад страху. Ён нічым не нагадваў дзіцяці, якое заблудзілася ў пустыні, за тысячы міль ад чалавечага селішча. Нарэшце мова вярнулася да мяне і я спытаў:

— Але... што ты тут робіш?

Ён не адказаў на маё пытанне, а толькі зноў ціха-ціха і надзвычай сур'ёзна папрасіў:

— Калі ласка, намалюй баранчыка...

Калі нешта цябе надта ўражвае, не паслухацца нельга. Якой бы недарэчнасцю ні здавалася мне гэта, але тут, за тысячы міль ад людскога селішча, перад смяротнай небяспекай, я дастаў з кішэні аркуш паперы і аўтаручку. Толькі раптам я ўзгадаў, што вывучаў у асноўным геаграфію, гісторыю, арыфметыку ды правапіс, і трошкі незадаволена сказаў малышу, што я не ўмею маляваць.

— Усё роўна, — адказаў ён. — Намалюй баранчыка.

Але я ж ніколі не маляваў баранчыкаў! Я падаў яму адзін з двух малюнкаў, на якія быў здольны. Той, на якім удаў у агульным выглядзе. Як жа быў я ўражаны, калі пачуў адказ малыша:

— Не-не! Я не хачу слана ва ўдаве! Удаў вельмі небяспечны, а слон вельмі грузны. А ў мяне дома ўсё такое невялічкае. Мне патрэбен баранчык. Намалюй баранчыка.

І я намаляваў.

Ён паглядзеў на малюнак і сказаў:

— Не, гэты баранчык вельмі ўжо хворы. Намалюй другога.

Я намаляваў. Мой новы сябар хораша, паблажліва ўсміхнуўся:

— Ты ж сам бачыш... гэта не баранчык, а баран. З рагамі...

Я зноў перарабіў малюнак. Але і гэты быў адхілены, як папярэднія.

— Гэты надта стары. Я хачу такога баранчыка, які жыў бы доўга-доўга.

Тады, трацячы цярпенне, — мне ж трэба было хутчэй разбіраць матор, — я накрэмзаў.

— Гэта скрынка, — раздражнёна буркнуў я. — А ў ёй сядзіць твой баранчык.

Як жа я быў здзіўлены, калі нечакана мой юны суддзя ўвесь аж засвяціўся ад радасці:

— Вось гэткага мне і трэба! Як ты думаеш, яму спатрэбіцца шмат травы?

— А што?

— У мяне яе мала...

— Напэўна, хопіць. Я даю табе зусім маленькага баранчыка.

Ён схіліўся над малюнкам.

— Не такі ўжо ён і маленькі... Ты глянь! Заснуў...

Вось так я пазнаёміўся з Маленькім прынцам.

 

III

 

Не адразу зразумеў я, адкуль ён з'явіўся. Маленькі прынц, які літаральна засыпаў мяне пытаннямі, нібыта і не чуў маіх. Толькі з паасобных, выпадкова сказаных слоў мне пакрысе адкрылася яго таямніца. Так, калі ён упершыню ўбачыў мой самалёт (самалёт я маляваць не буду, гэта надта складаны для мяне малюнак), ён спытаў:

— А гэта што за штука?

— Гэта не штука. Гэта самалёт. Мой самалёт. Ён лятае.

І я з гордасцю раслумачыў яму, што я ўмею на ім лятаць.

— Як?! — усклікнуў ён. — Ты ўпаў з неба?!

— Так, — сціпла пацвердзіў я.

— Як забаўна!..

І Маленькі прынц гэтак весела засмяяўся, што мне аж прыкра стала. Мне хацелася, каб ён паспачуваў мне.

— Значыць, ты таксама прыйшоў з неба! — дадаў ён. — А з якой планеты?

«Дык вось дзе разгадка яго таемнага з'яўлення тут, у пустыні!» — падумаў я і без усякіх хітрыкаў спытаў:

— Значыць, ты прыйшоў сюды з іншай планеты?

Але ён не адказаў. Ён паглядзеў на мой самалёт і паківаў галавой.

— Ну, на гэтым ты сапраўды не мог прыляцець здалёк...

І ён надоўга задумаўся. Потым дастаў з кішэні намаляванага баранчыка і стаў пільна разглядваць гэты свой скарб.

Можаце сабе ўявіць, якая цікаўнасць апанавала мяне ад прызнання наконт «іншых планет». І я паспрабаваў дазнацца паболей:

— Адкуль ты прыляцеў, малыш? Дзе гэта — «у цябе»? Куды ты хочаш забраць майго баранчыка?

Ён з хвіліну маўчаў, потым прамовіў:

— От добра, што ты даў мне скрынку: буду заганяць у яе баранчыка нанач.

— Ну вядома. А калі будзеш разумны, я дам табе і вяровачку, каб можна было прывязваць яго на дзень, і калочак...

Гэтая прапанова прывяла ў недаўменне Маленькага прынца:

— Прывязваць? Якая недарэчнасць!

— Але, калі ты не прывяжаш яго, ён пойдзе невядома куды і прападзе.

Мой сябар зноў весела засмяяўся.

— Ды куды ж ён пойдзе?!

— Абы-куды. Куды вочы глядзяць...

Тады Маленькі прынц сур'ёзна сказаў:

— Гэта не страшна. Там, у мяне, так мала месца.

І з нейкай задуменнасцю дадаў:

— Калі ісці толькі куды вочы глядзяць, далёка не зойдзеш...

 

IV

 

Так мне стала вядома яшчэ адна, вельмі важная акалічнасць: яго родная планета была бадай ці большая за хату!

Зрэшты, гэта не вельмі здзівіла мяне. Я добра ведаў, што, апроч вялікіх планет, такіх, як Зямля, Юпіцер, Марс, Венера, ёсць яшчэ сотні іншых, якім нават імёнаў не далі, такіх дробненькіх, што іх і ў тэлескоп цяжка разгледзець. Калі астраном адкрывае такую планету, ён дае ёй не імя, а проста нумар. Напрыклад, называе яе так: «астэроід "3251"».

У мяне ёсць сур'ёзныя прычыны думаць, што планета, адкуль прыляцеў Маленькі прынц, гэта астэроід Б-612. Гэты астэроід быў заўважаны ў тэлескоп толькі адзін раз, у 1909 годзе, адным турэцкім астраномам.

Астраном паведаміў тады пра сваё адкрыццё на Міжнародным астранамічным кангрэсе. Але ніхто яму не паверыў. А ўсё з-за таго, што астраном быў апрануты па-турэцку. Такі ўжо народ гэтыя дарослыя!

На шчасце, дзеля рэпутацыі астэроіда Б-612, тагачасны турэцкі правіцель загадаў свайму народу пад пагрозай смерці апранацца на эўрапейскі лад. Той астраном у 1920 годзе зноў паведаміў пра сваё адкрыццё, — цяпер ён быў ужо ў надзвычай элегантным гарнітуры. І на гэты раз усе паверылі яму.

Калі я расказаў вам усе гэтыя дэталі аб астэроідзе Б-612, калі я даверліва паведаміў вам яго нумар, дык гэта толькі з-за дарослых. Дарослыя любяць лічбы. Калі гаворыш ім пра свайго новага сябра, яны ніколі не пытаюцца пра сутнасць. Яны ніколі не цікавяцца: «Які ў яго голас? Якія гульні ён любіць? Ці ловіць ён матылёў?» Яны пытаюцца: «Колькі яму год? Колькі ў яго братоў? Колькі ён важыць? Колькі зарабляе яго бацька?» Толькі тады ім здаецца, што яны ўведалі чалавека. Калі скажаш дарослым: «Я бачыў прыгожы дом з ружовай цэглы, з геранню ў вокнах і галубамі на даху...», яны не могуць уявіць сабе гэты дом. Ім трэба сказаць: «Я бачыў дом за сто тысяч франкаў». Тады яны проста ў захапленні: «Вось гэта хараство!»

Або паспрабуй сказаць ім: «Маленькі прынц існаваў, і доказам таму — яго незвычайнасць, яго смех, яго жаданне мець баранчыка. А хто хоча баранчыка, той сапраўды існуе», — дарослыя паціснуць плячыма і абзавуць вас дзіцём! Але калі сказаць ім: «Маленькі прынц прыляцеў з астэроіда Б-612», — гэта пераканае іх, і яны не будуць болей назаляць вам сваімі недарэчнымі роспытамі. Такі ўжо народ гэтыя дарослыя. Што з іх возьмеш. Дзеці павінны быць вельмі паблажлівымі да дарослых.

А мы — мы разумеем, што такое жыццё, і пасмейваемся з лічбаў! Я лепей пачаў бы гэтую аповесць, як чароўную казку. Я сказаў бы так:

«Жыў ды быў Маленькі прынц. Ён жыў на планеце, якая была бадай ці большая за хату, і яму вельмі хацелася мець сябра...»

Для тых, хто разумее, што такое жыццё, такі пачатак быў бы куды болей праўдзівы.

А я ж зусім не хачу, каб маю кніжку чыталі проста так, дзеля забаўкі. Сэрца маё сціскаецца ад успаміну пра майго маленькага сябра. Шэсць гадоў ужо мінула з таго часу, як ён разам са сваім баранчыкам пакінуў мяне. Калі я цяпер спрабую апісаць яго, дык гэта таму, што не хачу забыць. Гэта вельмі сумна, калі людзі забываюць сяброў. Не кожны чалавек мае сябра. І я баюся стаць падобным на дарослых, якіх цікавяць адны толькі лічбы. Вось чаму я купіў сабе скрыначку з фарбамі і алоўкі. Нялёгка ў мае гады зноў брацца за маляванне, калі першай і, на вялікі жаль, апошняй спробай былі мае малюнкі ўдаваў звонку і знутры — дый то яшчэ ў шасцігадовым узросце! Канечне, я паспрабую як мага лепш перадаць падабенства. Але я зусім не ўпэўнены, што змагу зрабіць гэта. Бо вось зраблю адзін малюнак — ну, здаецца, добра; зраблю другі — і ні кропелькі непадобны. Дый рост трошкі бянтэжыць. Тут Маленькі прынц надта высокі. Тут ён надта маленькі. А да таго ж яшчэ няўпэўненасць у колерах яго світкі. Вось і спрабуеш маляваць і так і гэтак. Але няхай ужо за гэта прабачаць мяне. Мой сябар ніколі не даваў мне тлумачэнняў. Ён, мусіў, думаў, што я падобны на яго. Але, на няшчасце, я не ўмею бачыць баранчыка ў зачыненай скрынцы. Я, мусіць, трошкі падобны на дарослых. Пэўна, я старэю.

 

V

 

Дзень пры дні я ўсё болей даведваўся пра планету Маленькага прынца, пра тое, як ён пакінуў яе, як вандраваў. Ён расказваў пра гэта патрошку, калі прыходзіла да слова. Так, на трэці дзень я даведаўся пра трагедыю з баабабамі.

І на гэты раз дапамог баранчык. Маленькі прынц разглядваў малюнак і раптам, нібы яго апанавала цяжкае сумненне, спытаў:

— А праўда, што баранчыкі ядуць кустоўе?

— Так, праўда.

— Цудоўна!

Я не зразумеў, чаму так важна, што баранчыкі ядуць кустоўе. Але маленькі прынц дадаў:

— Выходзіць, яны і баабабы таксама ядуць?

Я заўважыў Маленькаму прынцу, што баабабы не кустоўе, а вялізныя, як званіцы, дрэвы, і што нават калі б ён узяў з сабою цэлы статак сланоў, гэты статак не адолеў бы і аднаго-адзінага баабаба.

Думка пра статак сланоў насмяшыла Маленькага прынца.

— Іх давялося б паставіць адзін на аднаго...

Але тут жа ён мудра заўважыў:

— І баабабы, перш чым вырастуць, бываюць маленькія.

— Сапраўды! Але навошта баранчыку есці маленькія баабабы?

— А то як жа! — усклікнуў ён, нібыта гаворка ішла пра нешта выключна відочнае. І мне прыйшлйся напружыць свой розум, каб самастойна зразумець, што тут да чаго.

На планеце Маленькага прынца, як і на ўсіх іншых планетах, растуць, вядома, і добрыя, і кепскія расліны. А значыць, ёсць там добрае насенне добрых раслін і кепскае насенне кепскіх раслін. Але насенне нябачнае. Яно дрэмле сабе ў глебе, пакуль якая-небудзь насеннінка раптам не прачнецца. Яна пачне пацягвацца і спачатку нясмела вытыркне да сонца кволенькі безабаронны парастак. Калі гэта парастак радысу ці ружы, можна дазволіць яму расці колькі зможа. Але калі прарастае кепская расліна, яе трэба адразу ж вырваць, як толькі распазнаеш. Дык вось, на цланеце Маленькага прынца ёсць страшнае насенне... насенне баабабаў. Глеба планеты проста перапоўнена ім. Ад баабаба ж, калі спахапіцца надта позна, ужо ніколі не збавішся. Ён запалоніць усю планету. Навылёт прасвідруе яе сваім карэннем. І калі планета зусім невялічкая, а баабабаў надта многа, то яны проста разарвуць яе на кавалачкі.

— Ёсць такое правіла, — сказаў мне пазней Маленькі прынц. — Устаў наранку, умыўся, прывёў сябе ў парадак — зараз жа прывядзі ў парадак і сваю планету. Трэба штодня выполваць баабабы, як толькі можна адрозніць іх ад ружавых кустоў, якія яны вельмі нагадваюць напачатку. Гэта даволі надакучлівая, але няцяжкая работа.

І аднойчы ён параіў мне пастарацца зрабіць прыгожы малюнак, каб і нашы дзеці гэта добра зразумелі.

— Можа, ім надарыцца калі-небудзь падарожнічаць, — растлумачыў ён, — дык гэта спатрэбіцца. Часам работу можна адкласці і на потым, бяды вялікай не будзе. Але калі дасі волю баабабам, то ўжо нідзе ратунку не знойдзеш. Я ведаў адну планету, на ёй жыў гультай. Ён не выпалаў тры кусцікі і...

І па словах Маленькага прынца я намаляваў тую планету. Я страшэнна не люблю павучаць людзей. Але небяспека ад баабабаў так мала спазнана, а рызыка таго, хто трапіў бы на астэроід, такая сур'ёзная, што сёння я адкідаю сваю стрыманасць і папярэджваю:

— Дзеці! Сцеражыцеся баабабаў!

Толькі каб папярэдзіць сваіх сяброў пра небяспеку, якая даўно падпільноўвае іх, а яны і не здагадваюцца пра яе, як не здагадваўся раней і я, так шчыраваў я над малюнкам. І не шкадую аб гэтым.

Магчыма, вы запытаецеся:

— А чаму ў кнізе больш няма такіх сур'ёзных малюнкаў, як гэты, з баабабамі?

Адказ зусім просты: я спрабаваў, але не здолеў. Калі я маляваў баабабы, мяне натхняла думка, што гэта вельмі важна і надзённа.

 

VI

 

Мой Маленькі прынц! З цягам часу я зразумеў, якім аднастайным і самотным было тваё жыццё. Доўга ў цябе была адна толькі забава: ты любаваўся захадамі сонца. Гэтая новая дэталь дайшла да мяне наранку чацвёртага дня, калі ты сказаў:

— Я так люблю адвячоркі. Хадзем паглядзім, як заходзіць сонца...

— Дык трэба ж пачакаць...

— Чаго пачакаць?

— Каб сонца пачало заходзіць.

Ты спачатку вельмі здзівіўся, а потым пасмяяўся з самога сябе.

— Мне ўсё здаецца, што я дома! — прызнаўся ты.

І сапраўды. Калі ў Злучаных Штатах Амерыкі поўдзень, то ў Францыі — хто гэтага не ведае? — сонца заходзіць. Дастаткова было б за адну хвіліну перанесціся з Амерыкі ў Францыю, каб пераканацца ў гэтым. Але на тваёй планеце табе даволі было пераставіць на некалькі крокаў уперад сваё крэсліца, і ты мог любавацца адвячоркам столькі, колькі табе хацелася...

— Аднойчы я назіраў, як сонца заходзіла сорак тры разы запар!

Ты трошкі памаўчаў і дадаў:

— Ведаеш... калі вельмі сумна на душы, так хораша глядзець, як заходзіць сонца...

— Значыць, у той дзень, калі ты бачыў сорак тры захады сонца, табе было сумна?

Але Маленькі прынц не адказаў.

 

VII

 

На пяты дзень, і зноў-такі дзякуючы баранчыку, я даведаўся пра сакрэт Маленькага прынца. Неяк раптоўна, без усялякай сувязі, бы ў выніку доўгага маўклівага абдумвання нейкай праблемы, ён спытаў:

— А калі баранчык есць кустоўе, дык ён і кветкі есць?

— Баранчык есць усё, што трапіцца.

— Нават тыя кветкі, што з калючкамі?

— Ага, нават тыя, што з калючкамі.

— Тады навошта ім калючкі?

Гэтага я не ведаў. І акурат у мой момант намагаўся адкруціць у маторы адзін непадатлівы вінт. Я быў моцна заклапочаны, бо пашкоджанне пачало здавацца мне сур'ёзным, а вада канчалася, і гэта вымушала мяне думаць пра найгоршае.

— Дык навошта ж тады ім калючкі?

Маленькі прынц ніколі не супакойваўся, пакуль не атрымліваў адказу на сваё пытанне. Мяне злаваў пракляты вінт, і я ляпнуў, абы адмахнуцца:

— А нінавошта! Кветкі проста ад злосці выпускаюць іх!

— Вось як!

Ён памаўчаў, потым абурана сказаў:

— Не веру я табе! Кветкі кволыя. І наіўныя. Яны падбадзёрваюць сябе, як могуць. Яны думаюць, што калі выпусцяць калючкі, то іх усе пачнуць баяцца...

Я нічога не адказаў. Якраз у тую хвіліну я думаў: «Калі гэты чортаў вінт і зараз не адкруціцца, то я так лясну па ім малатком, што ён на друзачкі разляціцца». Маленькі прынц зноў перабіў мае думкі:

— А ты думаеш, што кветкі...

— Ды не, не! Нічога я не думаю! Я сказаў, абы сказаць. Ты ж бачыш, я заняты сур'ёзнай справай!

Ён недаўменна паглядзеў на мяне.

— Сур'ёзнай справай?!.

Ён глядзеў на мяне, згорбленага над нейкім прадметам, які здаваўся яму вельмі няўклюдным, на малаток у руцэ, на чорныя ад мазуту пальцы.

— Ты разважаеш, як дарослыя! — сказаў ён.

Мне стала трошкі сорамна. А ён бязлітасна дадаў:

— І ўсё ты блытаеш!.. І нічога ты не разумееш!

Так, ён раззлаваўся не на жарт. Ён страсянуў галавой, і вецер раскудлачыў яго залатыя валасы.

— Я ведаю адну планету, там жыве такі Пан з пунсовым тварам. Ён ніколі не нюхаў кветкі. Ні разочку не глянуў на зорку. Ён ніколі нікога не любіў. І ніколі нічога не рабіў. Ён заняты толькі адным: лічэннем. Цэлымі днямі напралёт ён, як ты, паўтарае адно і тое ж: «Я чалавек сур'ёзны! Я чалавек сур'ёзны!» І проста ледзь не лопаецца ад гордасці. Але гэта не чалавек, гэта — грыб!

— Хто, хто?

— Грыб!

Маленькі прынц нават збялеў ад гневу.

— Мільёны гадоў у кветак растуць калючкі. І мільёны гадоў баранчыкі ўсё-такі ядуць кветкі. І гэта не сур'ёзна — знайсці адказ, зразумець, навошта кветкі гэтак сіляцца выпусціць калючкі, калі ад гэтых калючак ніякага толку? Гэта не важна — вайна баранчыкаў і кветак? Гэта не сур'ёзней і не важней вылічэнняў надзьмутага пунсовага Пана? І калі я ведаю адзіную ў свеце кветку, якая існуе толькі на маёй планеце, а нейкі баранчык як-небудзь наранку, бяздумна, у імгненне вока можа загубіць яе — гэта зусім не важна?

Ён пачырванеў, але гаварыў далей:

— Калі любіш кветку — адзіную, якой больш няма ні на адной з мільёнаў і мільёнаў зорак, гэтага дастаткова: глядзіш на неба і адчуваеш сябе шчаслівым... І думаеш: «Недзе там жыве мая кветка...» А калі баранчык з'есць кветку, то гэта будзе тое самае, як бы раптоўна згаслі ўсе зоркі! І гэта, па-твойму, зусім не важна?

Нечаканае рыданне абарвала яго словы. На пустыню ўжо апусціўся вечар. Я адкінуў свае інструменты. Якімі недарэчнымі выглядалі цяпер і малаток, і вінт, і смага, і сама смерць!.. На адной з зорак, на адной з планет, на маёй Зямлі горка плакаў Маленькі прынц, і яго трэба было суцешыць. Я ўзяў яго на рукі і пачаў калыхаць. Я казаў яму: «Кветцы, якую ты любіш, нічога не пагражае... Я намалюю твайму баранчыку аброцьку... Я намалюю агароджу для тваёй кветкі... Я...» Я не надта ведаў, што казаць, і адчуваў сябе дужа няёмка. Я не ведаў, як дайсці да яго сэрца, чым крануць яго... Краіна слёз такая таемная...

 

VIII

 

Неўзабаве я ўжо добра ведаў, што гэта за кветка. На планеце Маленькага прынца адвеку раслі звычайныя, сціплыя краскі ў адзін венчык пялёсткаў, якія амаль не займалі месца і нікому не заміналі. Уранку яны ўсходзілі ў траве, увечары прападалі. Але аднойчы з насенінкі, занесенай невядома адкуль, паказаўся парастак, зусім не падобны на іншыя былінкі. Маленькі прынц вельмі сачыў за ім. А раптам гэта якая-небудзь новая разнавіднасць баабабу?! Але кусцік хутка перастаў расці і пачаў рыхтаваць кветку. Маленькі прынц, які ўбачыў вялікі бутон, адчуваў, што ў ім нейкі цуд, але кветка ўсё прыхарошвалася і прыхарошвалася ў прытулку сваёй зялёнай святліцы. Яна няспешна апраналася, адзін за адным прымервала пялёсткі. Яна нё хацела з'яўляцца на свет ускудлачанай, як нейкі там мак-самасейка. Ёй хацелася паказацца ў поўным бляску свайго хараства. Гэта была страшэнная какетка! Дзень за днём яна рыхтавалася да выхаду ў свет. І вось аднойчы раніцай, якраз на ўзыходзе сонца, бутон раскрыўся.

І кветка, якая столькі сілы выклала, рыхтуючыся да гэтай хвіліны, з позяхам вымавіла:

— Ах! Ледзьве прачнулася... Прашу прабачэння... Я яшчэ такая ўскудлачаная...

Маленькі прынц не змог стрымаць свайго захаплення:

— Якая вы прыгожая!

— А што, праўда? — мякка падхапіла кветка. — Я нарадзілася разам з сонцам...

Маленькі прынц яшчэ тады падумаў, што кветка не дужа сціплая, але яна была такая чароўная!

— Калі не памыляюся, якраз час снедаць, — хутка дадала яна. — Будзьце ласкавы, паклапаціцеся пра мяне...

Збянтэжаны Маленькі прынц схапіў лейку з крынічнай вадой і паліў кветку.

Неўзабаве яна літаральна замучыла яго сваёй трошкі крыўдлівай пыхлівасцю. Аднойчы, да прыкладу, у размове пра свае чатыры калючкі, яна сказала Маленькаму прынцу:

— Сюды могуць прыйсці тыгры, і ў іх такія кіпцюры!

— На маёй планеце няма тыграў, — сказаў Маленькі прынц, — ды тыгры і не ядуць травы.

— Я не трава, — мякка запярэчыла кветка.

— Прашу прабачэння...

— Мяне ніколечкі не палохаюць тыгры, але я страшэнна баюся скразнякоў. У вас часам не знойдзецца парасона?

«Расліна, а баіцца скразнякоў... Як дзіўна... — падумаў Маленькі прынц. — Які складаны характар у гэтай кветкі...»

— Нанач мяне трэба накрываць шкляным каўпаком. Тут так холадна, няўтульна. Там, адкуль я прыйшла...

Але яна змоўкла. Яна прыйшла насенінкай і нічога не магла ведаць пра іншы свет. Прысаромленая, што так відавочна хацела зманіць, ды не выйшла, яна разы два-тры кашлянула, каб Маленькі прынц адчуў, як ён вінаваты перад ёю.

— То як з парасонам?..

— Я хацеў ісці па яго, але ж вы гаварылі са мной!

Яна зноў знарок закашляла, каб дадаць яму пакуты. І Маленькі прынц, хоць і вельмі палюбіў кветку, хутка перастаў верыць ёй. Ён усур'ёз прымаў яе пустаслоўе і адчуваў сябе вельмі няшчасным...

— Дарэмна я слухаў яе, — неяк прызнаўся ён мне, — ніколі не варта слухаць, што кажуць кветкі. Трэба толькі любавацца імі ды дыхаць іх водарам. Ад маёй красуні па ўсёй планеце ішоў цудоўны пах, але я не ўмеў яму радавацца. Трэба было замілавацца гэтай байкай пра калючкі, а яна так засмуціла мяне...

Маленькі прынц замаўчаў, потым дадаў:

— Нічога я тады не разумеў! Трэба было судзіць яе па ўчынках, а не па словах. Яна была мне як гаючыя лекі, як святло. Не трэба было мне ўцякаць! Я павінен быў разгледзець яе пяшчотнае сэрца за гэтымі няўдалымі хітрыкамі. Кветкі такія супярэчлівыя! Але я быў надта юны, каб умець любіць.

 

IX

 

Як я зразумеў, Маленькі прынц вырашыў вандраваць з пералётнымі птушкамі. Наранку ў дзень ад'езду ён, як ніколі старанна, прыбраў сваю планету. Клапатліва прачысціў дзейныя вулканы. У яго было два дзейныя вулканы. На іх вельмі ёмка разаграваць сняданкі. Быў у яго і адзін патухлы вулкан. Але, як ён казаў: «Да прыгоды не тры годы!» І ён прачысціў і гэты. Калі вулканы добра прачышчаны, яны гараць ціха і раўнамерна, без вывяржэнняў. Вулканічныя вывяржэнні — гэта як полымя ў печы. Канечне, мы занадта малыя, каб чысціць свае зямныя вулканы. З гэтай прычыны яны і прыносяць нам безліч непрыемнасцей.

Маленькі прынц задуменна павырываў апошнія сцяблінкі баабабу. Ён думаў, што ўжо ніколі болей не вернецца сюды. Усе гэтыя будзённыя клопаты здаліся яму ў той ранак надзвычай прыемнымі. І калі ён апошні раз паліў кветку і намерыўся закрыць яе каўпаком, ледзь не заплакаў.

— Бывай, — сказаў ён кветцы.

Але тая маўчала.

— Бывай, — паўтарыў ён.

Кветка закашляла. Але не ад прастуды.

— Я была дурніца, — прамовіла яна нарэшце, — Прабач мне... Пастарайся быць шчаслівым.

І ніводнага папроку... Здзіўлены Маленькі прынц разгублена стаяў над ёю са шкляным каўпаком у руцэ. Ён не разумеў гэтай спакойнай пяшчоты.

— Так, я люблю цябе, — сказала яму кветка. — Сама вінавата, што ты не ведаў пра гэта. Цяпер гэта ўжо не мае ніякага значэння. Але і ты быў такі ж неразумны, як я. Пастарайся быць шчаслівым... І кінь ты гэты каўпак! Мне ён больш не патрэбен.

— Але ж вецер...

— Не гэткая ўжо я і далікатная... Свежае начное паветра карысна мне. Я ж кветка.

— Але ж звяры...

— Нічога страшнага, калі з'явяцца тут два-тры вусені, калі хочаш пазнаёміцца з матылькамі. Здаецца, яны вельмі прыгожыя. А то хто ж наведае мяне? Ты будзеш далёка. Што ж да вялікіх звяроў, то я нічога не баюся. У мяне таксама ёсць кіпцюры.

Яна наіўна паказала чатыры калючкі.

— Толькі не марудзь, гэта нясцерпна! — дадала яна. — Вырашыў пайсці адсюль — дык ідзі!

Яна не хацела, каб ён бачыў яе слёзы. Такая ўжо гордая кветка...

 

X

 

Бліжэй усяго да планеты Маленькага прынца былі астэроіды 325, 326, 327, 328, 329 і 330. Вось ён і вырашыў для пачатку наведаць іх: трэба ж знайсці сабе хоць які занятак ды навучыцца чаму-небудзь.

На першай планеце жыў кароль. Увесь у пурпуры і гарнастаях, ён сядзеў на простым, але дужа велічным троне.

— Ага! Вось і падданы! — усклікнуў задаволены кароль, як толькі заўважыў Маленькага прынца.

«Як ён можа ведаць, хто я такі, калі ніколі не бачыў мяне?!» — падумаў Маленькі прынц.

Ён не ведаў, што для каралёў свет надта спрошчаны. Усе людзі для іх — падданыя.

— Падыдзі бліжэй, я хачу лепей разглядзець цябе, — загадаў яму кароль, страшэнна горды, што ён можа быць некаму каралём.

Маленькі прынц пашукаў вачыма, дзе б прысесці, але ўся планета хавалася пад велікапышнай каралеўскай мантыяй. Давялося стаяць, але ён быў моцна стомлены і пазяхнуў.

— Непрыстойна пазяхаць у прысутнасці караля, — заўважыў яму манарх. — Я забараняю табе гэта.

— Ніяк не мог утрымацца, — адказаў збянтэжаны Маленькі прынц. — Я з доўгай дарогі, не выспаўся...

— У такім разе, — злітаваўся кароль, — загадваю табе пазяхаць! Гадамі не бачу, каб хто пазяхаў. Мне гэта нават цікава. Ну, пазяхні яшчэ раз. Гэта загад.

— Прабачце... Не магу больш... — вымавіў Маленькі прынц і заліўся чырванню.

— Гм! Гм! — кашлянуў кароль. — У такім разе, я... я загадваю табе то пазяхаць, то...

Ён заблытаўся і, здаецца, нават трошкі зазлаваў.

Бо каралю ж сама важнае — каб яму безагаворачна падпарадкоўваліся. Ён не цярпеў непаслушэнства. Гэта быў абсалютны манарх. Але ён быў вельмі добры, таму і аддаваў толькі разумныя загады.

«Калі б я загадаў, — сціпла тлумачыў ён, — калі б я загадаў якому-небудзь генералу перакінуцца ў марскую птушку і калі б генерал не паслухаўся, вінаваты быў бы не генерал. Вінаваты быў бы я».

— Можна мне сесці? — нясмела запытаў дазволу Маленькі прынц.

— Я загадваю табе сесці, — адказаў кароль і велічным рухам падабраў палу сваёй мантыі.

Але Маленькі прынц не пераставаў дзівавацца. Планета была зусім невялічкая. Над чым жа пануе гэты кароль?

— Пане, — сказаў ён, — дазвольце запытацца ў вас...

— Загадваю: пытайся! — паспешна сказаў кароль.

— Пане... над чым вы пануеце?

— Над усім, — з невымоўнай прастатою адказаў кароль.

— Як — «над усім»?

Кароль сціплым рухам абвёў сваю планету, паказаў на іншыя планеты і зоркі.

— Над усім гэтым? — моцна ўразіўся Маленькі прынц.

— Над усім гэтым, — пацвердзіў кароль.

Бо гэта быў не проста абсалютны, а ўсеадзіны, нічым не абмежаваны манарх.

— І зоркі слухаюцца вас?

— А як жа? — адказаў кароль. — Іменна слухаюцца. Я цярпець не магу непаслушэнства.

Такая ўсемагутнасць прывяла ў захапленне Маленькага прынца. От, калі б у яго была такая ўлада! Тады ён змог бы любавацца не толькі сарака чатырма, а сямідзесяццю двума ці нават сотняй або двумастамі захадамі сонца ў адзін дзень. І ніколі не перастаўляў бы свайго крэсла! Успамін пра сваю пакінутую планету напоўніў сумам сэрца Маленькага прынца, і ён асмеліўся звярнуцца да караля з просьбай:

— Я хацеў бы ўбачыць захад сонца... Зрабіце такую ласку... Загадайце сонцу заходзіць...

— Калі б я загадаў генералу, каб ён, як матылёк, пырхаў з кветкі на кветку або перакінуўся ў марскую чайку, і калі б генерал не выканаў загаду, хто з нас быў бы вінаваты?

— Вы, ваша вялікасць, — цвёрда адказаў Маленькі прынц.

— Несумненна. Трэба патрабаваць ад кожнага тое, што ён можа зрабіць, — разважаў кароль. — Улада трымаецца, у першую чаргу, на разумнасці. Калі б ты загадаў свайму народу кінуцца ў мора, ён зрабіў бы рэвалюцыю. Я маю права патрабаваць паслушэнства, бо мае загады заўсёды разумныя.

— А як з захадам сонца? — нагадаў Маленькі прынц, які ніколі не супакойваўся, пакуль не атрымліваў адказу на сваё пытанне.

— Будзе табе твой захад сонца. Я запатрабую яго. Але варта пачакаць спрыяльных умоў, бо якраз у гэтым і заключаецца мудрасць правіцеля.

— І калі гэта будзе? — пацікавіўся Маленькі прынц.

— Гм! Гм! — кашлянуў кароль і зазірнуў у тоўсты каляндар. — Гм! Гм! Гэта будзе прыблізна... прыблізна... гэта будзе сёння вечарам прыблізна а палове восьмай! І ты пабачыш, як усё выдатна слухаецца мяне.

Маленькі прынц пазяхнуў. Яму было шкада, што захад сонца так і не адбыўся. І яму стала ўжо нецікава тут.

— Ну, мне пара, — сказаў ён каралю. — Больш мне тут няма чаго рабіць.

— Застанься, — папрасіў кароль, горды, што ў яго ёсць, нарэшце, падданы. — Застанься, я зраблю цябе міністрам!

— Міністрам чаго?

— Гм-гм... Міністрам юстыцыі!

— Але няма ж каго судзіць!

— Хто ведае, — адказаў кароль. — Я яшчэ не абышоў усяго свайго каралеўства. Стары ўжо, для карэты на планеце месца мала, а пеша хадзіць — ногі забаляць.

— Ды я ўжо бачыў, — сказаў прынц і яшчэ раз кінуў вокам за спіну караля, на другі бок планеты. — Тут анікога больш няма...

— У такім разе, будзеш судзіць самога сябе, — адказаў кароль. — Гэта сама цяжкае. Куды цяжэй судзіць самога сябе, чым каго іншага. Калі ты зможаш справядліва асудзіць сябе, значыць, ты сапраўдны мудрэц.

— Я і ў іншым месцы магу судзіць сябе, — адказаў Маленькі прынц. — Для гэтага не абавязкова жыць менавіта тут.

— Гм! Гм! — кашлянуў кароль. — Я ўпэўнены, што на маёй планеце дзесьці хаваецца стары пацук. Начамі чутно. Можаш судзіць гэтага старога пацука. Час ад часу будзеш прыгаворваць яго да смерці. Такім чынам, жыццё яго будзе залежыць ад тваёй справядлівасці. Але кожны раз табе давядзецца мілаваць яго. Трэба берагчы старога пацука. Ён жа ў нас адзін.

— Не люблю я выносіць смяротных прыгавораў, — адказаў Маленькі прынц. — І наогул, мне пара.

— Не, не пойдзеш! — запратэставаў кароль.

Маленькаму прынцу, які ўжо сабраўся ў дарогу, зусім не хацелася засмучаць старога манарха.

— Калі ваша вялікасць хоча, каб вас безагаворачна слухалі, вы маглі б аддаць мне разумны загад. Вы, да прыкладу, маглі б загадаць мне адправіцца не пазней як праз хвіліну. Мне здаецца, умовы спрыяльныя.

Кароль маўчаў. Маленькі прынц трошкі павагаўся, уздыхнуў і пайшоў.

— Прызначаю цябе паслом! — паспешліва крыкнуў яму ўслед кароль.

І выгляд у яго быў пры гэтым такі, быццам ён не дапускаў ніякіх пярэчанняў.

«Дзіўныя людзі гэтыя дарослыя», — падумаў дарогаю Маленкі прынц.

 

XI

 

На другой планеце жыў славалюб.

— Ну, нарэшце такі дачакаўся паклонніка! — здалёк узрадаваўся Маленькаму прынцу славалюб.

Для славалюбаў жа ўсе астатнія людзі — паклоннікі.

— Дзень добры, — сціпла павітаўся Маленькі прынц. — Які забаўны ў вас капялюш.

— Гэта каб раскланьвацца, — растлумачыў славалюб. — Каб раскланьвацца, калі мяне вітаюць. На жаль, сюды ніхто ніколі вачэй не кажа.

— Як гэта? — не зразумеў яго Маленькі прынц.

— Плясні ў ладкі, — параіў славалюб.

Маленькі прынц пляснуў у ладкі. Славалюб прыўзняў капялюш і сціпла раскланяўся.

«Тут яшчэ займальней, чым у караля», — падумаў Маленькі прынц. Ён зноў запляскаў у ладкі. Славалюб у адказ прыўзнімаў свой капялюш і раскланьваўся перад госцем.

Хвілін праз пяць аднастайнасць гэтай гульні стаміла Маленькага прынца.

— А што трэба зрабіць, каб капялюш упаў? — спытаў ён.

Але славалюб не адказаў. Славалюбы глухія да ўсяго, акрамя пахвал.

— Ты сапраўды захапляешся мною? — спытаў ён Маленькага прынца.

— А што гэта азначае — захапляцца?

— Захапляцца — азначае прызнаць, што я лепш за ўсіх апрануты, сама прыгожы, сама багаты і сама разумны чалавек на планеце.

— Ды ты ж адзін на ўсёй гэтай планеце!

— Ну, будзь ласкавы, усё роўна захапляйся мною!

— Я ў захапленні ад цябе, — сказаў Маленькі прынц і злёгку паціснуў плячыма. — Але чаму гэта можа так цікавіць цябе?

І Маленькі прынц пайшоў далей.

«Дзівакі гэтыя дарослыя», — дарогай падумаў ён.

 

XII

 

На наступнай планеце жыў п'яніца. Гэты візіт быў вельмі кароткі, але шмат роздуму даў ён Маленькаму прынцу.

— Што ты тут робіш? — спытаў ён у п'яніцы, які самотна сядзеў перад процьмай бутэлек, парожніх і поўных.

— П'ю, — змрочна адказаў п'яніца.

— А навошта? — пацікавіўся Маленькі прынц.

— Каб забыць, — адказаў п'яніца.

— Пра што забыць — дапытваўся Маленькі прынц, якому стала шкада бедалагу.

— Каб забыць, што мне сорамна, — прызнаўся п'яніца і апусціў галаву.

— Сорамна чаго? — не ўгамоньваўся Маленькі прынц, які прагнуў дапамагчы яму.

— Сорамна піць! — адрэзаў п'яніца і канчаткова панурыўся ў маўчанні.

І збянтэжаны Маленькі прынц рушыў далей. «Дарослыя, бясспрэчна, вельмі, вельмі дзіўныя людзі», — думаў ён дарогаю.

 

XIII

 

Чацвёртая планета належала дзелавому чалавеку. Гэты чалавек быў настолькі заняты, што нават не падняў галавы, калі падышоў Маленькі прынц.

— Добры дзень, — павітаўся Маленькі прынц. — Ваша цыгарэта патухла.

— Тры ды два — пяць. Пяць ды сем — дванаццаць. Дванаццаць ды тры — пятнаццаць. Добры дзень. Пятнаццаць ды сем — дваццаць два. Дваццаць два ды шэсць — дваццаць восем. Няма часу прыкурыць. Дваццаць шэсць ды пяць — трыццаць адзін. Уф! Такім чынам, усяго будзе пяцьсот адзін мільён шэсцьсот дваццаць дзве тысячы семсот трыццаць адзін.

— Пяцьсот мільёнаў чаго?

— Га? Ты яшчэ тут? Пяцьсот мільёнаў... забыўся... далей... Столькі работы, столькі работы! Я чалавек сур'ёзны, зразумела? Тут не да балбатні. Два ды пяць — сем...

— Пяцьсот мільёнаў чаго? — паўтарыў Маленькі прынц, які ніколі не супакойваўся, пакуль не атрымліваў адказу на сваё пытанне.

Дзелавы чалавек падняў галаву:

— За пяцьдзесят чатыры гады, што я жыву на гэтай планеце, мне перашкаджалі толькі тройчы. Упершыню гэта здарылася дваццаць два гады назад, калі немаведама адкуль сюды занесла хрушча. Ён так жахліва бзымкаў, што я ажно чатыры памылкі ўпароў у лічэнні. Другі раз, адзінаццаць гадоў таму, у мяне быў прыступ рэўматызму. Нічога дзіўнага, увесь час сяджу. Тут не да пагулянак. Я чалавек сур'ёзны. Трэці раз... сёння? Ну, годзе, я, значыць, сказаў, пяцьсот мільёнаў...

— Мільёнаў чаго?

Дзелавы чалавек зразумеў — няма ніякай надзеі, што яго пакінуць у спакоі.

— Мільёнаў гэтых дробненькіх штучак, якія часам відны ў паветры.

— Мух?

— Ды не, дробненькія такія, зіхоткія...

— Пчолы?

— Ды не. Дробненькія такія, залатыя... На іх яшчэ любяць глядзець ды марыць розныя лайдакі. Але я — чалавек сур'ёзны! У мяне няма часу на мары.

— А! Зоркі?

— Во-во. Зоркі.

— І што ты робіш з пяццюстамі мільёнамі зорак?

— Пяцьсот адзін мільён шэсцьсот дваццаць дзве тысячы семсот трыццаць адна. Я чалавек сур'ёзны і люблю дакладнасць.

— І што ты робіш з гэтымі зоркамі?

— Што я з імі раблю?

— Але.

— Нічога не раблю. Я імі валодаю.

— Валодаеш зоркамі?

— Так.

— Але я ўжо бачыў аднаго караля, які...

— Каралі не валодаюць. Яны толькі «пануюць над». Вялікая розніца.

— І што табе з гэтага валодання зоркамі?

— Яно прыносіць мне багацце.

— А нашто табе быць багатым?

— Каб купляць іншыя зоркі, калі хто-небудзь іх адкрые.

«Ён разважае амаль так, як той п'яніца», — падумаў Маленькі прынц.

— А як можна валодаць зоркамі?

— Зоркі чые? — нездаволена запытаўся дзялок.

— Не ведаю. Нічые.

— Значыць, яны мае, раз я першы дадумаўся да гэтага!

— І гэтага дастаткова?

— Ну безумоўна! Калі ты знойдзеш дыямант, які нікому не належыць, ён твой. Калі ты знойдзеш востраў, які нікому не належыць, ён твой. Калі ў цябе першага ўзнікла ідэя, ты бярэш на яе патэнт: яна твая.

— І то праўда, — згадзіўся Маленькі прынц. — І што ты з імі робіш?

— Проста распараджаюся імі. Лічу і пералічваю, — адказаў дзялок. — Цяжкая работа. Але я чалавек сур'ёзны.

Маленькі прынц усё яшчэ не быў задаволены.

— Калі ў мяне ёсць шалік, я магу закруціць яго на шыю і ўзяць з сабой. Калі ў мяне ёсць кветка, я магу сарваць яе і ўзяць з сабой. А ты ж не можаш пазбіраць зоркі!

— Не, але я магу пакласці іх у банк.

— Як гэта?

— А так: пішу на паперчыне, колькі ў мяне зорак. Потым кладу гэтую паперчыну ў шафу і замыкаю яе на ключ.

— І ўсё?

— Гэтага дастаткова!

«Займальна, — падумаў Маленькі прынц. — І досыць паэтычна. Але не так ужо гэта і сур'ёзна».

Што сур'ёзна, а што не сур'ёзна — Маленькі прынц разумеў па-свойму, зусім не так, як дарослыя.

— У мяне ёсць кветка, — сказаў ён. — І я штодня паліваю яе. У мяне ёсць тры вулканы, і я штодня чышчу іх. Чышчу нават той, які даўно патух. Да прыгоды не тры годы! Гэта карысна маім вулканам, гэта карысна маёй кветцы, каб я валодаў імі. А якая карысць ад цябе зоркам?..

Дзялок разявіў рот, але не знайшоў, што адказаць, і Маленькі прынц пайшоў далей.

«Дарослыя сапраўды проста звышнезвычайныя людзі», — падумаў ён дарогаю.

 

XIV

 

Пятая планета была надзвычай цікавая. Яна аказалася найменшай з усіх. Там хапала месца толькі для вулічнага ліхтара і ліхтаршчыка. Маленькі прынц ніяк не мог дацяміць, навошта патрэбен быў у небе, на бязлюднай, пустой планеце, вулічны ліхтар і ліхтаршчык. Аднак ён падумаў:

«Можа, гэты чалавек не ў сваім розуме? І ўсё ж ён не такі дурны, як кароль, славалюб, дзялок і п'яніца. У яго рабоце ёсць хоць нейкі сэнс. Калі ён запальвае свой ліхтар — дык нібыта нараджаецца яшчэ адна зорка ці кветка. Калі гасіць яго — дык нібы зорка ці кветка засынаюць. Цудоўны занятак. Гэта сапраўды карысна, таму што прыгожа».

Прынц ступіў на планету і з павагай павітаўся з ліхтаршчыкам.

— Дзень добры. Навошта ты зараз патушыў свой ліхтар?

— Такі ўгавор, — адказаў ліхтаршчык. — Добры дзень.

— Які ўгавор?

— Патушыць ліхтар. Добры вечар.

І ён запаліў яго.

— Тады навошта ж ты зноў запаліў яго?

— Такі ўгавор, — адказаў ліхтаршчык.

— Нічога не разумею, — паціснуў плячыма Маленькі прынц.

— А тут і разумець няма чаго, — сказаў ліхтаршчык, — угавор ёсць угавор. Добры дзень.

І патушыў ліхтар.

Потым выцер успацелы лоб чырвонай клятчастай насоўкай і сказаў:

— Цяжкае ў мяне рамяство. Колісь гэта было разумна. Уранку я тушыў свой ліхтар, а ўвечары запальваў. І рэштка дня заставалася ў мяне, каб адпачыць, а рэштка ночы — каб выспацца...

— А што, з тае пары ўгавор змяніўся?

— Угавор якраз і не змяніўся, — уздыхнуў ліхтаршчык. — У гэтым уся бяда. Планета з году ў год абарочваецца ўсё хутчэй, а ўгавор застаецца нязменным!

— Ну і?.. — цікавіўся Маленькі прынц.

— Ну і цяпер, калі яна робіць адзін абарот за хвіліну, у мяне не стала ні секунды пярэдыху. Штохвіліны то запальвай, то гасі!

— От смешна! Дні доўжацца ўсяго хвіліну!

— І зусім не смешна, — запярэчыў ліхтаршчык. — Мы ўжо цэлы месяц размаўляем з табой.

— Месяц?!

— Канечне. Трыццаць хвілін. Трыццаць дзён! Добры вечар!

І ён зноў запаліў ліхтар.

Маленькі прынц з любоўю глядзеў на ліхтаршчыка, які быў так шчыра верны ўгавору. На памяць прыйшло, як ён калісьці перастаўляў з месца на месца крэсла, каб лішні раз паглядзець на захад сонца... І яму захацелася памагчы сябру.

— Паслухай... я ведаю, як ты можаш адпачыць, калі захочаш...

— Я ўжо даўно, хачу, — сказаў ліхтаршчык.

Можна ж быць і верным слову і адначасова ляніўцам.

Маленькі прынц гаварыў далей:

— Твая планета настолькі маленькая, што ты трыма крокамі абыдзеш яе ўсю. І табе проста трэба ісці з такой хуткасцю, каб увесь час быць на сонцы. Захочацца адпачыць — дык ты ідзі, ідзі... І дзень будзе працягвацца столькі, колькі захочаш.

— Ну, ад гэтага мне толку мала, — сказаў ліхтаршчык. — Больш за ўсё на свеце я люблю спаць.

— Тады дрэнна, — цяжка ўздыхнуў Маленькі прынц.

— Дрэнна, — згадзіўся ліхтаршчык. — Добры дзень.

І патушыў ліхтар.

«Гэтым чалавекам, — ужо зноў у дарозе падумаў Маленькі прынц, — гэтым чалавекам пагарджалі б усе астатнія: і кароль, і славалюб, і п'яніца, і дзялок. А па-мойму, ён адзіны з іх усіх, хто не смешны. Мабыць таму, што думае не толькі пра сябе».

Ён з жалем уздыхнуў і падумаў яшчэ:

«Бадай, адзіны чалавек, з кім я мог бы пасябраваць. Але яго планета сапраўды надта маленькая. На двух не хопіць месца».

Маленькі прынц нават сабе не асмеліўся прызнацца, што яму шкада было пакідаць гэтую блаславёную планету больш за ўсё з-за тысячы чатырохсот сарака захадаў сонца!

 

XV

 

Шостая планета была ў дзесяць разоў большая за папярэднюю. На ёй жыў дзядуля, які пісаў таўшчэзныя кнігі.

— Эге! А вось і падарожнік! — узрадаваўся ён, калі заўважыў Маленькага прынца.

Маленькі прынц сёў на стол, каб аддыхацца. Ён ужо так здарожыўся!

— Адкуль ты? — спытаў яго дзядуля.

— Што гэта за кніга, такая тоўстая? — пацікавіўся Маленькі прынц. — Што вы тут робіце?

— Я географ, — адказаў стары.

— А што такое — географ?

— Гэта вучоны, які ведае, дзе знаходзяцца моры, рэкі, гарады, горы і пустыні.

— От цікава! — адразу ажывіўся Маленькі прынц. — Вось нарэшце сапраўдны занятак!

І ён акінуў вачыма планету географа. Ніколі яшчэ ён не бачыў такой велічнай планеты.

— У вас вельмі прыгожая планета. Тут ёсць акіяны?

— Не магу гэтага ведаць, — адказаў географ.

— Ну-у... — Маленькі прынц быў расчараваны. — А горы?

— Не магу гэтага ведаць, — адказаў географ.

— Але ж вы географ!

— Правільна, — адказаў географ, — але не падарожнік. Мне так не хапае падарожнікаў. Геаграфія не займаецца падлікам гарадоў, рэк, гор, мораў, акіянаў і пустынь. Географ — надта важная асоба, географу няма часу на пагулянкі. Ён не выходзіць са свайго кабінета і толькі прымае падарожнікаў. Падарожнікі расказваюць пра свае вандраванні, а географ запісвае пачутыя навіны. Калі якое-небудзь паведамленне выклікае інтарэс, географ наводзіць даведкі, ці прыстойны чалавек гэты падарожнік.

— Гэта навошта ж?

— Ды калі ж падарожнік пачне хлусіць, то ў падручніках геаграфіі не разбяры-бяры што будзе! Або калі ён ласы да чаркі — таксама бяда.

— А чаму? — не зразумеў Маленькі прынц.

— Таму што ў п'яніц дваіцца ў вачах. І дзе на самой справе адна гара, там географ адзначыць дзве.

— Я знаёмы з адным чалавекам, — задуменна сказаў Маленькі прынц, — з яго атрымаўся б кепскі падарожнік.

— Усё магчыма. Ну, а калі прыстойнасць падарожніка не выклікае падазрэнняў, тады правяраюць яго адкрыццё.

— Ідуць глядзець?

— Ну не. Гэта надта складана. Проста ад падарожніка патрабуюцца доказы. Калі, да прыкладу, справа ходзіць пра адкрыццё якой-небудзь вялікай гары, яму неабходна прынесці вялікія камяні. Але ж ты, — нечакана ўсхваляваўся географ, — ты ж прыйшоў сюды здалёк! Ты ж падарожнік! Хутчэй апішы мне сваю планету!

Географ разгарнуў кнігу запісаў, завастрыў аловак. Расказы падарожнікаў запісваюцца спачатку алоўкам. А потым ўжо, калі падарожнік доказамі пацвердзіць сваё адкрыццё, тыя расказы перапісваюць чарнілам.

— Ну? — падахвоціў географ.

— Ды на маёй радзіме няма нічога асабліва цікавага, — сказаў Маленькі прынц. — Яна зусім маленькая. Ёсць у мяне тры вулканы. Два вулканы дзейнічаюць, а адзін патух. Але ж да прыгоды не тры годы.

— Праўда, ці мала што можа стацца, — згадзіўся географ.

— А яшчэ ёсць у мяне кветка.

— Мы не запісваем кветак, — папярэдзіў географ.

— Гэта чаму ж?! Гэта ж сама прыгожае!

— Таму што кветкі эфемерныя.

— Як гэта — эфемерныя?

— Кнігі па геаграфіі, — важна растлумачыў географ, — сама каштоўныя кнігі на свеце. Яны ніколі не выходзяць з моды. Амаль не здараецца, каб гара пераходзіла з месца на месца. Амаль не здараецца, каб акіян высыхаў. Мы пішам пра вечнае.

— Але патухлыя вулканы могуць абудзіцца, — перапыніў Маленькі прынц. — Што такое — «эфемерны?»

— Патух вулкан ці дзейнічае — гэта для нас, географаў, не мае аніякага значэння, — сказаў географ. — Для нас важна адно: сама гара. Яна заўсёды нязменная.

— Але што такое — «эфемерны»? — паўтарыў Маленькі прынц, які ніколі не супакойваўся, пакуль не атрымліваў адказу на сваё пытанне.

— Гэта «тое, што можа знікнуць у бліжэйшы час».

— Мая кветка можа знікнуць у бліжэйшы час?

— Безумоўна.

«Мая кветка эфемерная, — падумаў Маленькі прынц, — і ў яе ўсяго чатыры калючкі, каб абараніць сябе ў гэтым свеце! А я пакінуў яе зусім адну на планеце!»

Упершыню ён пашкадаваў, што пакінуў сваю красуню. Але ён усё-такі ўзяў сябе ў рукі і спытаў:

— Што б вы параілі мне наведаць?

— Планету Зямля, — адказаў яму географ. — Пра яе ходзіць добрая слава...

І Маленькі прынц рушыў у дарогу, але думкі яго былі пра самотную кветку...

 

XVI

 

Такім чынам, сёмай планетай была Зямля.

Зямля не простая планета! Тут налічваецца сто адзінаццаць каралёў (і негрыцянскіх, вядома), сем тысяч географаў, дзевяцьсот тысяч дзялкоў, сем з палавінай мільёнаў п'яніц, трыста адзінаццаць мільёнаў славалюбаў, — усяго каля двух мільярдаў дарослых.

Каб вы маглі ўявіць памеры Зямлі, дастаткова сказаць, што да адкрыцця электрычнасці тут трэба было трымаць на ўсіх шасці кантынентах цэлую армію ліхтаршчыкаў з чатырохсот шасцідзесяці дзвюх тысяч пяцісот адзінаццаці чалавек.

Калі паглядзець збоку, гэта было незабыўнае відовішча. Рухі гэтай арміі падпарадкоўваліся дакладнаму рытму, зусім як у балеце. Спачатку выступалі ліхтаршчыкі Новай Зеландыі і Аўстраліі. Яны запальвалі свае ліхтары і ішлі спаць. Потым наступала чарга ліхтаршчыкаў Кітая і Сібіры. Яны выконвалі свой танец і таксама непрыкметна знікалі за кулісамі. Пасля прыходзіла чарга ліхтаршчыкаў Расіі і Індыі. Пасля — ліхтаршчыкаў Афрыкі і Эўропы. Пасля — Паўднёвай Амерыкі. А там — Паўночнай Амерыкі. І ніколі яны не блыталі парадку выхаду на сцэну. Гэта было проста грандыёзна.

І толькі ліхтаршчык адзінага ліхтара на Паўночным полюсе і яго калега на Паўднёвым полюсе вялі жыццё ў гультайстве і бесклапотнасці: ім даводзілася запальваць свае ліхтары ўсяго двойчы ў год.

 

XVII

 

Калі чалавек сіліцца паказаць сваю дасціпнасць, ён міжволі трошкі прыхлусіць. Гэтак сталася і са мной, калі я казаў вам пра ліхтаршчыкаў. Баюся, што ў тых, хто не ведае нашай планеты, створыцца няправільнае ўяўленне пра яе. Людзі займаюць вельмі мала месца на зямлі. Калі б два мільярды жыхароў, якія насяляюць зямлю, шчыльна, як на мітынгу, пасталі адзін каля аднаго, яны б свабодна ўмясціліся на прасторнай плошчы ў дваццаць міль даўжынёй і дваццаць шырынёй. Усё чалавецтва можна было б размясціць на сама маленькім астраўку Ціхага акіяна.

Дарослыя, канечне, не павераць у гэта. Яны думаюць, што займаюць вельмі шмат месца. Яны здаюцца самі сабе велічнымі, як баабабы. А вы парайце ім зрабіць дакладны разлік. Гэта прыйдзецца ім даспадобы, яны ж без памяці ад лічбаў. А вы лепей не марнуйце часу на гэтую нудную работу. Яна ні да чаго. Вы і без таго мне верыце.

Маленькі прынц, трапіўшы на Зямлю, быў дужа здзіўлены, што нікога не ўбачыў. Ён ужо засумняваўся, ці не памыліўся часам планетай, як тут у пяску заварушылася нейкае колца колеру месячнага святла.

— Добры вечар, — на ўсякі выпадак прывітаўся Маленькі прынц.

— Вечар добры, — адказала змяя.

— На якую планету я трапіў?

— На Зямлю, — адказала змяя. — У Афрыку.

— А!.. А што, на Зямлі няма людзей?

— Тут пустыня. А ў пустыні ніхто не жыве. Зямля вялікая, — растлумачыла змяя.

Маленькі прынц сеў на камень і ўзняў вочы да неба.

— Хацеў бы я ведаць, — вымавіў ён, для чаго свецяць зоркі? Ці не для таго, каб рана ці позна кожны мог адшукаць сваю зорку? Глянь, вунь мая планета — якраз над вамі... Але як далёка да яе!

— Прыгожая, — ухваліла змяя. — А што ты будзеш рабіць тут, на Зямлі?

— Я пасварыўся са сваёй кветкай, — прызнаўся Маленькі прынц.

— А, вось яно што...

І яны змоўклі.

— А дзе ж людзі? — зноў загаварыў нарэшце Маленькі прынц. — Нейк самотна ў гэтай пустыні...

— І між людзей таксама самотна, — заўважыла змяя.

Маленькі прынц дапытліва паглядзеў на яе.

— Дзіўная ты істота, — нарэшце прамовіў ён, — тонкая, як палец.

— Затое магутней пальца караля, — сказала змяя.

Маленькі прынц усміхнуўся:

— Якая ж ты магутная... У цябе нават ног няма... Ты нават падарожнічаць не можаш...

— Я магу даставіць цябе далей, чым які карабель, — сказала змяя.

Яна, як залаты бранзалет, абвілася вакол шчыкалаткі Маленькага прынца.

— Кожнага, каго я крану, я вяртаю зямлі, з якой ён выйшаў, — дадала яна. — Але ты чысты і прыляцеў з зоркі...

Маленькі прынц прамаўчаў.

— Мне шкада цябе, ты такі бездапаможны на гэтай камяністай Зямлі. Я змагу дапамагчы табе, калі ты моцна знудзішся па сваёй планеце. Я магу...

— Я цудоўна зразумеў цябе, — сказаў Маленькі прынц. — Але чаму ты ўвесь час гаворыш загадкамі?

— Я рашаю ўсе загадкі, — сказала змяя.

І яны змоўклі.

 

XVIII

 

Маленькі прынц прайшоў усю пустыню і не сустрэў ніводнай жывой душы. За ўвесь час яму трапілася толькі адна-адзіная кветка, кволенькая, непрыкметная кветачка ў тры пялёсткі.

— Добры дзень, — павітаўся Маленькі прынц.

— Дзень добры, — адказала кветка.

— А дзе людзі? — ветліва спытаў Маленькі прынц.

Кветка аднойчы бачыла, як міма ішоў караван.

— Людзі? Ды іх, па-мойму, усяго шасцёра ці сямёра. Я бачыла іх некалькі гадоў назад. Але хто іх ведае, дзе іх шукаць. Іх носіць ветрам. У іх няма каранёў, гэта надае ім безліч турбот.

— Бывай, — развітаўся Маленькі прынц.

— Бывай, — адказала кветка.

 

XIX

 

Маленькі прынц падняўся на нейкую высокую гару. Адзіныя горы, якія ён ведаў у сваім жыцці, былі тры вулканы, якія былі яму па калена. Патухлы вулкан служыў яму табурэтам. «З такой высачэзнай гары, — падумаў ён, — я адразу ўбачу і ўсю планету і ўсіх людзей...» Але наўкол перад яго вачыма тырчалі адны вострыя вяршыні скал.

— Добры дзень, — павітаўся ён на ўсякі выпадак.

— Добры дзень... дзень... дзень... — адгукнулася рэха.

— Хто вы? — спытаў Маленькі прынц.

— Хто вы... хто вы... хто вы... — адгукнулася рэха.

— Будзьце маімі сябрамі, я зусім адзін, — сказаў ён.

— Адзін... адзін... адзін... — адгукнулася рэха.

«Якая дзіўная планета! — падумаў Маленькі прынц. — Сухая-сухая, і ўся ў ражнах, і салёная нейкая. А людзям бракуе ўяўлення. Яны толькі паўтараюць тое, што ім кажуць... Дома ў мяне была кветка: тая заўсёды загаворвала першая...»

 

XX

 

Доўга блукаў Маленькі прынц па пясках, снягах ды скалах і натрапіў нарэшце на нейкую дарогу. А ўсе дарогі вядуць да людзей.

— Добры дзень, — сказаў ён.

Перад ім рассцілаўся сад, у якім квітнела мноства ружаў.

— Добры дзень, — азваліся ружы.

Маленькі прынц не мог паверыць сваім вачам. Усе яны былі так падобны да яго кветкі!

— Хто вы? — уражаны, спытаў ён.

— Мы ружы, — адказалі ружы.

— Вось як... — прамовіў Маленькі прынц.

І ён адчуў сябе вельмі-вельмі няшчасным. Яго красуня казала, што яна адзіная такая ў сусвеце. І вось — калі ласка! У адным толькі садзе іх цэлых пяць тысяч, як на падбор.

«Яна вельмі раззлавалася б, калі б убачыла іх, — падумаў ён. — Яна страшэнна закашляла б і прыкінулася, што канае, толькі б не паказацца смешнай. І я быў бы вымушаны рабіць выгляд, што ратую яе, бо іначай яна сапраўды памерла б, каб толькі прынізіць мяне...»

А потым ён падумаў: «А я ж яшчэ думаў, што валодаю адзінай у свеце кветкай, а цяпер аказалася, што гэта звычайная ружа. Усяго і было ў мяне — звычайная ружа ды тры вулканы вышынёй мне па калена, адзін з якіх, мабыць, назаўсёды патух... Які ж я пасля ўсяго гэтага прынц?..»

І ён уткнуўся тварам у траву і заплакаў.

 

XXI

 

У гэты момант і з'явіўся Ліс.

— Добры дзень, — сказаў ён.

— Добры дзень, — ветліва азваўся Маленькі прынц, абярнуўся на голас, але нікога не ўбачыў.

— Я тут, — данёсся голас. — Пад яблыняй...

— Хто ты? — спытаў Маленькі прынц. — Які ты прыгожы!

— Я — Ліс, — сказаў Ліс.

— Пагуляй са мной, — папрасіў Маленькі прынц. — Мне так сумотна.

— Не магу я гуляць з табою, — сказаў Ліс. — Я не прыручаны.

— Ах, прабач, — сумеўся Маленькі прынц.

Ён трошкі падумаў і спытаў:

— А што азначае — прыручыць?

— Ты не тутэйшы, — заўважыў Ліс. — Чаго ты тут шукаеш?

— Людзей шукаю, — сказаў Маленькі прынц. — Што азначае — прыручыць?

— У людзей ёсць стрэльбы, і яны ходзяць на паляванне, — сказаў Ліс. — Гэта так непрыемна! А яшчэ яны разводзяць курэй. Гэта адзіны іх прыстойны занятак. Ты шукаеш курэй?

— Не, — адказаў Маленькі прынц. — Я шукаю сяброў. А што азначае «прыручыць»?

— Гэта нешта вельмі прызабытае, — сказаў Ліс. — Нешта накшталт «ствараць сувязі»...

— Ствараць сувязі?

— Але, — сказаў Ліс, — Вось ты пакуль для мяне ўсяго толькі маленькі хлопчык, так падобны на сотні тысяч іншых маленькіх хлопчыкаў. І ты не патрэбен мне. І я не патрэбен табе таксама. Я для цябе проста лісіца, падобная на сотні іншых лісіц. Але калі б ты прыручыў мяне, мы сталі б патрэбныя адно аднаму. Ты стаў бы для мяне адзіным у свеце. І я стаў бы для цябе адзіным у свеце...

— Я пачынаю разумець, — сказаў Маленькі прынц. — Ёсць на свеце адна кветка... Мусіць, яна мяне прыручыла...

— Усё магчыма, — згадзіўся Ліс. — Чаго толькі не бывае на гэтай Зямлі...

— Не, гэта было не на Зямлі, — сказаў Маленькі прынц.

Ліса гэта вельмі зацікавіла.

— На іншай планеце?

— Так.

— А на той планеце ёсць паляўнічыя?

— Няма.

— Як цікава! А куры ёсць?

— Няма.

— Няма ў свеце дасканаласці! — уздыхнуў Ліс.

Але ён зноў вярнуўся да разважанняў:

— Маё жыццё такое аднастайнае. Я палюю на курэй, людзі палююць на мянё. Усе куры падобны адна на адну, і ўсе людзі падобны адзін на аднаго. З гэтай прычыны мне і сумнавата. Але, калі ты прыручыш мяне, жыццё мае нібы сонцам азарыцца. Я навучуся распазнаваць твае крокі сярод тысячы іншых. Калі я чую людскія крокі, я ўцякаю і хаваюся. Твае ж паклічуць мяне з нары як музыка. І потым — паглядзі! Бачыш, там, удалечыні, жытняе поле? Я не ем хлеба. Жыта мне ні да чаго. Збажына нічога не напамінае мне. І гэта так сумна! А ў цябе залатыя валасы. І як цудоўна было б, калі б ты прыручыў мяне! Залатое жыта заўсёды было б мне напамінкам пра цябе... Я палюбіў бы песню ветру ў калоссі...

Ліс змоўкі доўга глядзеў на Маленькага прынца.

— Калі ласка... прыручы мяне! — папрасіў ён.

— З радасцю, — адказаў Лісу Маленькі прынц, — але ў мяне так мала часу. Мне яшчэ трэба знайсці сяброў і шмат чаго ўведаць.

— Рэчы можна ўведаць толькі тады, як прыручаеш іх, — сказаў Ліс. — У людзей не хапае часу ўведаць што-небудзь. Яны купляюць усё гатовае ў крамах. Але сябра ж не купіш у краме, вось чаму людзі і не маюць сяброў. Калі ты хочаш, каб у цябе быў сябар, прыручы мяне!

— А што для гэтага трэба зрабіць? — спытаў Маленькі прынц.

— Па-першае, трэба быць вельмі цярплівым, — адказаў Ліс. — Спачатку ты сядзі вунь там, воддаль ад мяне, на траве. Я буду сачыць за табой краёчкам вока, але ты маўчы. Словы — крыніца непаразуменняў. Але дзень пры дні ты сядай усё бліжэй і бліжэй...

На другі дзень Маленькі прынц зноў прыйшоў пад яблыню.

— Лепей з'яўляйся ў адзін і той жа час, — параіў Ліс. — Калі ты прыходзіш, да прыкладу, а чацвёртай папалудні, то ўжо а трэцяй гадзіне я адчуваю сябе шчаслівым. І чым бліжэй да азначанага часу, тым я шчаслівейшы. А чацвёртай гадзіне я ўжо стану хвалявацца і непакоіцца. Я спазнаю кошт шчасця! А як ты будзеш прыходзіць абы-калі, то я ніколі не буду ведаць, з якой хвіліны мне рыхтаваць сваё сэрца. Трэба трымацца абраду.

— А што такое — абрад? — спытаў Маленькі прынц.

— Гэта таксама нешта даволі прызабытае, — растлумачыў Ліс. — Ну, тое, пры дапамозе чаго адзін дзень робіцца непадобным на другі, адна гадзіна — на другую. Ну вось, напрыклад, у маіх паляўнічых ёсць такі абрад: у чацвер яны танцуюць з местачковымі дзяўчатамі. І чацвер для мяне — сама шчаслівы дзень! Я магу прагульвацца аж да самых вінаграднікаў. А калі б паляўнічыя танцавалі абы-калі, усе дні былі б падобныя адзін на адзін і я ніколі не ведаў бы спакою.

Так Маленькі прынц прыручыў Ліса. І вось надышоў дзень развітання.

— Ах! — уздыхнуў Ліс. — Я буду плакаць...

— Ты сам вінаваты, — сказаў Маленькі прынц. — Я ж не хацеў, каб табе было кепска. Ты сам хацеў, каб я прыручыў цябе...

— Ну вядома ж, — адказаў Ліс.

— Значыць, табе ад гэтага дрэнна!

— Не, — запярэчыў Ліс. — Узгадай, што я казаў табе пра залатое калоссе...

Ён памаўчаў, потым дадаў:

— Ідзі яшчэ раз глянь на ружы. Ты зразумееш, што твая ружа — адзіная ў свеце. А калі вернешся, каб развітацца са мною, я раскрыю табе адзін сакрэт. Гэта будзе мой падарунак табе.

Маленькі прынц пайшоў яшчэ раз глянуць на ружы.

— Вы зусім не падобны на маю красуню, — сказаў ён ружам. — Вас ніхто не прыручаў, і вы нікога не прыручылі. Зараз вы такія, якім быў раней мой Ліс. Ён нічым не адрозніваўся ад сотні тысяч іншых лісіц. Але я пасябраваў з ім, і цяпер ён — адзіны ў свеце.

Ружы вельмі збянтэжыліся.

— Вы прыгожыя, але пустыя, — працягваў Маленькі прынц. — Дзеля вас нельга памерці. Вядома, звычайнаму прахожаму мая ружа можа здацца падобнай на вас. Але яна адна даражэй мне за вас усіх, таму што яе, а не вас, паліваў я штодня. Яе, а не вас, хаваў пад каўпак. Яе, а не вас, закрываў парасонам. Дзеля яе знішчаў я вусеняў, толькі двух ці трох пакінуў, каб вывеліся матылькі. Я слухаў, як яна скардзілася і выхвалялася, я прыслухоўваўся да яе, нават калі яна змаўкала. Яна — мая!

І Маленькі прынц вярнуўся да Ліса.

— Бывай, — сказаў ён.

— Бывай, — сказаў Ліс. — Вось мой сакрэт: відушчае толькі сэрца. Сама галоўнага вачыма не ўбачыш.

— Сама галоўнага вачыма не ўбачыш, — паўтарыў Маленькі прынц, каб лепш запомніць.

— Твая ружа такая дарагая табе таму, што ты аддаваў ёй усе свае дні.

— Таму, што я аддаваў ёй усе свае дні... — паўтарыў Маленькі прынц, каб лепш запомніць.

— Людзі забыліся пра гэтую ісціну, — сказаў Ліс. — Але ты не забывай: ты заўсёды ў адказе за ўсіх, каго прыручыў. Ты ў адказе за сваю ружу...

— Я ў адказе за сваю ружу... — паўтарыў Маленькі прынц, каб лепш запомніць.

 

XXII

 

— Добры дзень, — павітаўся Маленькі прынц.

— Добры дзень, — азваўся стрэлачнік.

— Што ты тут робіш? — спытаў Маленькі прынц.

— Сартырую падарожнікаў, — адказаў стрэлачнік. — Адпраўляю іх у цягніках, аж па тысячы чалавек запар — адзін цягнік направа, другі — налева.

І міма з перуновым грукатам, ад якога задрыжала кабіна стрэлачніка, увесь у агнях пранёсся хуткі цягнік.

— Як яны спяшаюцца! — заўважыў Маленькі прынц. — Чаго яны шукаюць?

— Нават сам машыніст таго не ведае, — адказаў стрэлачнік.

І ў другі бок, увесь у агнях, прагрукатаў яшчэ адзін хуткі цягнік.

— Яны ўжо вярнуліся? — зацікавіўся Маленькі прынц.

— Не, гэта іншыя людзі, — растлумачыў стрэлачнік. — Гэта сустрэчны цягнік.

— Гэтым людзям кепска там, дзе яны былі дагэтуль?

— Там добра, дзе нас няма, — адказаў стрэлачнік.

І перуном прагрукатаў трэці хуткі цягнік.

— Яны гоняцца за першымі падарожнікамі? — спытаў Маленькі прынц.

— Ды не, — адказаў стрэлачнік. — Яны там спяць ці проста сядзяць ды пазяхаюць. Адны дзеці не адарвуць насоў ад шыбаў.

— Адны дзеці ведаюць, чаго яны шукаюць, — прамовіў Маленькі прынц. — Яны ўсе свае дні аддаюць палатнянай ляльцы, і яна робіцца ім дарагой-дарагой, і калі яе адбіраюць, яны плачуць...

— Іх шчасце, — сказаў стрэлачнік.

 

XXIII

 

— Добры дзень, — сказаў Маленькі прынц.

— Добры дзень, — сказаў гандляр.

Гэта быў гандляр удасканаленымі пілюлямі, якія спатольваюць смагу. Праглынеш такую пілюлю — і потым цэлы тыдзень не хочацца піць.

— Навошта ты прадаеш іх? — спытаў Маленькі прынц.

— Яны даюць вялізную эканомію часу, — растлумачыў гандляр. — Спецыялісты падлічылі, што можна зберагчы пяцьдзесят тры хвіліны за тыдзень.

— А што рабіць у гэтыя пяцьдзесят тры хвіліны?

— Што хочаш, тое і рабі...

«Калі б у мяне было пяцьдзесят тры хвіліны вольнага часу, — падумаў Маленькі прынц, — я б проста павольна-павольна пайшоў бы да крынічкі...»

 

XXIV

 

Мінуў тыдзень з таго часу, як я пацярпеў аварыю і, слухаючы пра гандляра пілюлямі, я дапіў апошнюю кроплю вады.

— Твае ўспаміны — проста цуд, — сказаў я Маленькаму прынцу, — але я яшчэ не адрамантаваў свайго самалёта, а не засталося ўжо ні кроплі вады, і я таксама быў бы шчаслівы, калі б мог проста пайсці да крыніцы!

— Мой сябар Ліс... — пачаў ён.

— Дружок мой, мне ўжо цяпер не да Ліса!

— Чаму?

— Ды таму, што давядзецца паміраць ад смагі...

Ён не зразумеў маіх разважанняў і адказаў:

— Добра, калі ёсць хоць адзін сябар, нават калі паміраеш ад смагі. Асабіста я вельмі рады, што я сябраваў з Лісам...

«Ён не разумее ўсёй глыбіні небяспекі, — падумаў я. — Яму ніколі не хочацца ні есці, ні піць. Яму хапае промня сонца...»

Але ён нібыта падслухаў мае думкі, паглядзеў на мяне і сказаў:

— Мне таксама хочацца піць... Давай пашукаем калодзеж...

Я безнадзейна махнуў рукой: недарэчна наўздагад шукаць калодзеж у бязмежнай пустыні. І ўсё ж мы рушылі ў дарогу.

Міналі гадзіна за гадзінай, а мы моўчкі ўсё ішлі ды ішлі па сыпкім залацістым пяску. Звечарэла, пачалі загарацца зоркі. Я бачыў іх, як у сне, ад смагі мяне трошкі ліхаманіла. У памяці ўсплылі словы Маленькага прынца.

— Значыць, ты таксама ведаеш, што такое смага? — спытаў я.

Але Маленькі прынц не адказаў на маё пытанне.

— Вада бывае неабходная і сэрцу... — проста сказаў ён.

Я не зразумеў яго адказу, але прамаўчаў... Я добра ведаў, што не варта яго распытваць.

Ён стаміўся і сеў на пясок. Я прымасціўся побач. Праз якую хвіліну маўчання ён вымавіў:

— Зоркі вельмі прыгожыя таму, што недзе там ёсць кветка, хоць яе і не відно...

Я згадзіўся з ім і моўчкі глядзеў на залітыя месячным святлом пясчаныя хвалі.

— Прыгожа ў пустыні, — дадаў ён.

Што праўда, то праўда. Я заўсёды любіў пустыню. Сядзеш на бархан. Нічога не відно. Шчога не чутно. І толькі нешта зіхаціць у цішы...

— І надае хараство пустыні тое, — сказаў Маленькі прынц, — што дзесьці ў ёй хаваюцца крыніцы...

І раптам я зразумеў гэтае варожкае ззянне пяску. У маленстве я жыў у вельмі старым доме. Расказвалі, што ў ім быў схаваны нейкі скарб. Вядома, ніхто так і не змог адшукаць таго скарбу, а можа яго нават і не шукалі. Але ён зачароўваў усю сялібу. Глыбока ў сэрцы хаваў дом неспазнаную таямніцу...

— Гэта праўда, — згадзіўся я. — Вазьмі ты дом, ці зоркі, ці пустыні, тое, што надае ім сапраўднае хараство, не ўбачыш вокам.

— Я рады, што ты згодзен з маім Лісам, — адказаў Маленькі прынц.

Маленькі прынц задрамаў. Я ўзяў яго на рукі і пайшоў далей. Я быў усхваляваны. Мне здавалася, што я нясу далікатны скарб. Здавалася нават, што на ўсёй Зямлі няма нічога болей кволага. Нас амывала месячнае святло, і я глядзеў на бледны лоб маленькага прынца, на яго заплюшчаныя вочы, на пасмачкі валасоў, якія паварушваў лёгкі ветрык, і я думаў: тое, што я зараз бачу, толькі абалонка. Сама галоўнае — тое, чаго не ўбачыш вачыма...

На яго вуснах мільгнула ледзь прыкметная ўсмешка, і мне зноў падумалася: «Што мацней за ўсё хвалюе мяне ў гэтым сонным прынцы, дык гэта яго вернасць кветцы, гэта вобраз ружы, які, як агеньчык каганца, свеціцца ў ім, нават калі ён спіць...» І ён здаўся мне яшчэ болей кволым. Трэба вельмі старанна ахоўваць каганцы: дзьмухні вецер — і яны могуць патухнуць...

Так я ішоў ды ішоў, пакуль на досвітку не наткнуўся на калодзеж.

 

XXV

 

— Людзі ўплішчваюцца ў хуткія цягнікі, але яны і самі не разумеюць, чаго шукаюць, — сказаў Маленькі прынц. — І апаноўвае людзей трывога, і пачынаюць яны кідацца то ў адзін, то ў другі бок...

Маленькі прынц памаўчаў, потым дадаў:

— І ўсё дарэмна...

Калодзеж, да якога мы дайшлі, не быў падобны на сахарскія калодзежы. Сахарскія калодзежы — гэта звычайныя ямкі, выкапаныя ў пяску. Гэты ж нагадваў сама сапраўдны вясковы калодзеж. Але нідзе паблізу не было ніводнай вёсачкі, і я падумаў, што трызню.

— Як дзіўна, — сказаў я Маленькаму прынцу, — тут усё прыгатавана: і калаўрот, і вядро, і вяроўка...

Ён засмяяўся, узяў вяроўку, пачаў раскручваць калаўрот. І калаўрот зарыпеў, нібы стары флюгер, які доўга ржавеў у бязветры.

— Чуеш? — сказаў Маленькі прынц. — Мы разбудзілі калодзеж, і ён заспяваў...

Я не хацеў, каб ён высільваўся:

— Дай сюды, я сам. Гэта зацяжка для цябе.

Я павольна падцягнуў поўнае вядро да краю калодзежа. Трывала паставіў яго на зрубе. У вушах усё яшчэ звінела песня калаўрота, на яшчэ не супакоенай вадзе трымцела сонца.

— Мне хочацца глынуць гэтай вады, — сказаў Маленькі прынц, — дай папіць...

І я зразумеў, чаго ён шукаў!

Я паднёс вядро да яго вуснаў. Ён заплюшчыў вочы і пачаў піць. Было так хораша, нібы ў свята. Гэтая вада была не проста спажыўны прадукт, гэта было нешта куды большае. Яна нарадзілася з хадзьбы пад зоркамі, з песні калаўрота, з намаганняў маіх рук. Яна была прыемнай сэрцу, нібы падарунак. Нібы навагодні падарунак, які я атрымліваў у маленстве пад зіхаценне елкі, пад арганную музыку паўночнай імшы, пад пяшчоту ўсмешак.

— На тваёй планеце, — сказаў Маленькі прынц, — людзі вырошчваюць пяць тысяч ружаў у адным толькі садзе... І не знаходзяць таго, чаго шукаюць...

— Не знаходзяць... — згадзіўся я.

— А тое, што яны шукаюць, можна знансці ў адной толькі ружы, — альбо ў глытку вады...

— Безумоўна, — згадзіўся я.

А Маленькі прынц дадаў:

— Вочы сляпыя. Шукаць трэба сэрцам.

Я напіўся. Мне лёгка дыхалася. Пясок на дасвецці адліваў мёдам. І гэты мядовы колер таксама напаўняў мяне шчасцем. Чаго б мне было гараваць?

— Ты павінен стрымаць сваё абяцанне, — мякка нагадаў Маленькі прынц, які зноў усеўся поруч са мной.

— Якое абяцанне?

— Памятаеш... напыснічак майму баранчыку... Я ж у адказе за сваю кветку!

Я дастаў з кішэні накіды малюнкаў. Маленькі прынц глянуў на іх і засмяяўся:

— Твае баабабы трошкі падобныя на капусту...

— Ну вось!..

А я так ганарыўся сваімі баабабамі!

— А якія вушы ў тваёй лісіцы... Як рогі... Ды якія доўгія!..

І ён зноў засмяяўся.

— Ты несправядлівы, малыш, я ж не ўмею маляваць, хіба толькі ўдаваў — звонку ды знутры.

— Нічога. І так добра будзе, — супакоіў ён мяне, — дзеці зразумеюць.

Я ўзяў аловак і намаляваў напыснічак. Сэрца маё сціснулася, калі я аддаваў малюнак Маленькаму прынцу:

— Ты нешта ўтойваеш ад мяне...

Але ён адказаў:

— Ведаеш... заўтра будзе якраз гадавіна, як я трапіў да вас на Зямлю...

Ён змоўк. Потым дадаў:

— Я прызямліўся побач, зусім недалёка адгэтуль...

І пачырванеў.

І зноў, я сам не разумеў чаму, але мяне агарнула дзіўная туга. І ўсё ж я спытаў:

— Значыць, ты зусім невыпадкова прагульваўся тут у дзень нашага знаёмства, тыдзень назад, такі адзінокі, тут, за тысячу міль ад людскога селішча! Ты вяртаўся на тое месца, дзе прызямліўся?

Маленькі прынц зноў пачырванеў.

— Мабыць таму, што спаўняецца год?.. — нерашуча працягваў я.

Маленькі прынц зноў пачырванеў. Ён ніколі не адказваў на пытанні, але калі ён чырванеў, гэта значыла «так», ці ж няпраўда?

— Ах, — вырвалася ў мяне, — баюся, што...

Але ён не даў мне дагаварыць:

— Пара табе ўжо ўзяцца за работу. Ідзі да сваёй машыны. Я буду чакаць цябе тут. Вяртайся ўвечары.

Я вагаўся. Мне ўзгадаўся Ліс. Нялёгка стрымаць слёзы, калі дазволіш, каб цябе прыручылі...

 

XXVI

 

Непадалёку ад калодзежа грувасціліся руіны старажытнай каменнай сцяны. На другі вечар я вяртаўся сюды ад самалёта і яшчэ здалёк заўважыў Маленькага прынца, які сядзеў на сцяне і матляў нагамі. Да мяне данёсся яго голас:

— Хіба ты не памятаеш? — казаў ён. — Але не тут!

Нехта, безумоўна, падтрымаў гамонку, бо Маленькі прынц запярэчыў:

— Ну так, так! Гэта было роўна год назад, дзень у дзень, толькі ў іншым месцы...

Я набліжаўся да сцяны. Як і раней, нікога не бачыў і не чуў. Аднак Маленькі прынц зноў запярэчыў:

— Ну безумоўна. Ты знойдзеш мяне па слядах на пяску. Чакай. Сёння ўночы я прыйду туды.

Я быў за дваццаць метраў ад развалін і па-ранейшаму нікога не бачыў.

Маленькі прынц памаўчаў, потым спытаў:

— А ў цябе добрая атрута? Ты ўпэўнены, што я не буду доўга пакутаваць?

Я спыніўся як укопаны, сэрца маё сціснулася, але я ўсё роўна нічога не разумеў.

— А цяпер ідзі, — сказаў ён. — Я хачу злезці!

Я апусціў вочы долу і — аж адскочыў! Там, каля сцяны, выцягнуўшы да Маленькага прынца агідную пляскатую галаву, пакалыхвалася ядавітая змяя — такія змеі ў трыццаць секунд здольны адправіць чалавека на той свет. Я ліхаманкава сунуў руку ў кішэню па рэвальвер і кінуўся да яе, але на мой шум змяя мякка, нібы паміраючы струмень вады, асунулася ў пясок і не надта паспешліва, з лёгкім металёвым шорхатам слізганула пад каменне.

Я падбег да сцяны і падхапіў на рукі бледнага як палатно Маленькага прынца.

— Гэта яшчэ што прыйшло табе ў галаву?! Ты гутарыш са змяёй?!

Я разматаў яго вышываны золатам шалік. Змачыў скроні вадой, даў папіць. Але я не мог болей нічога выпытваць у яго. Ён сур'ёзна паглядзеў на мяне і абвіў маю шыю рукамі. Сэрца яго калацілася, нібы ў прыстрэленай птушкі.

— Я рады, што ты знайшоў непаладку ў сваёй машыне, — сказаў ён. — Цяпер ты зможаш вярнуцца на радзіму...

— Адкуль табе гэта вядома?!.

Я ж якраз ішоў паведаміць яму, што зусім неспадзявана я адрамантаваў самалёт!..

Маленькі прынц нічога не адказаў на маё пытанне, але дадаў:

— Сёння я таксама вярнуся дадому...

Потым, задуменна:

— Гэта значна далей... і значна цяжэй...

Усё было неяк незразумела-дзіўна. Я сціскаў яго ў абдымках, нібы малое дзіця, але мне здавалася, што ён выслізгвае з маіх рук, правальваецца ў бездань, а я не магу яго ўтрымаць...

Ён задуменна глядзеў некуды далёка-далёка.

— У мяне застаецца твой баранчык. І напыснічак...

І ён сумна ўсміхнуўся.

Я доўга маўчаў. Ён нібы зноў ажываў: я адчуваў, як ён паволі саграваўся.

— Хлапчанятка маё, як ты спалохаўся...

Вядома, ён спалохаўся! Але ён мякка засмяяўся:

— Сёння ўночы мне будзе яшчэ страшней...

Я зноў пахаладзеў ад прадчування нейкай непапраўнай бяды. Няўжо, няўжо я ніколі не пачую больш, як ён смяецца?.. Гэты смех для мяне — нібы крыніца ў пустыні.

— Хлапчанятка маё, я хачу яшчэ паслухаць, як ты смяешся...

Але ён адказаў:

— Сёння ноччу спаўняецца роўна год. Сёння мая зорка будзе якраз над той мясцінай, дзе я прызямліўся летась...

— Хлапчанятка маё, скажы, гэта ўсё проста нядобры сон — і змяя, і спатканне, і зорка — проста нядобры сон, праўда?

Але ён не адказаў на маё пытанне.

— Сама галоўнае — тое, чаго не ўбачыш вачыма... — прамовіў ён.

— Гэта праўда, канечне...

— Гэта як з кветкай. Калі любіш кветку, што расце недзе на зорцы, так прыемна ноччу глядзець на неба. Здаецца, усе-усе зоркі цвітуць.

— Гэта праўда, канечне...

— Гэта як з вадой. Тая вада, што ты даў мне напіцца, была як музыка. Музыка калаўрота і вяроўкі... Памятаеш... Як жа гэта было цудоўна...

— Гэта праўда, канечне...

— Начамі ты будзеш глядзець на зоркі. Мая зорка вельмі маленькая, я не магу паказаць табе, дзе яна. Але гэтак нават лепей. Яна будзе табе проста адной з зорак. І ты палюбіш глядзець на ўсе зоркі... Усе яны стануць тваімі сябрамі. А яшчэ я зраблю табе сякі-такі падарунак...

Ён зноў засмяяўся.

— Ах, малыш, малыш, як я люблю, калі ты смяешся!

— Вось гэта і будзе маім падарункам... Гэта будзе, як з вадой...

— Як гэта?

— У кожнага чалавека — свае зоркі. Адным людзям — тым, хто любіць падарожнічаць, — зоркі паказваюць дарогу. Для іншых гэта проста маленькія светлячкі. Вучоным яны — задачы, якія трэба рашыць. Майму дзялку яны — золата. Але ва ўсіх людзей зоркі — нямыя. У цябе ж будуць зоркі, якіх не будзе ані ў каго на свеце...

— Як гэта?

— Ноччу ты глянеш на неба, а там будзе ж і тая зорка, дзе я жыву, дзе я смяюся. Ты не будзеш ведаць, дзе яна, мая зорка, таму табе будзе здавацца, што смяюцца ўсе-усе зоркі. Вось і выходзіць, што ў цябе будуць зоркі, якія ўмеюць смяяцца!

І ён зноў засмяяўся.

— І калі ты ўцешышся, — а рана ці позна заўсёды прыходзіць суцяшэнне, — табе будзе прыемна, што калісьці ты ведаў мяне. Ты назаўсёды застанешся маім сябрам. Табе захочацца пасмяяцца разам са мной. І аднойчы ты адчыніш акно, проста так, ад радасці... І твае сябры будуць вельмі здзіўлены, чаго гэта ты смяешся, калі глядзіш на неба. А ты ім скажаш: «Так, так я заўсёды смяюся, калі гляджу на зоркі». І яны падумаюць, што ты звар'яцеў. Бачыш, як кепска я абышоўся з табою...

І ён зноў засмяяўся.

— Нібыта замест зорак я падарыў табе мноства званочкаў, якія ўмеюць смяяцца...

І ён зноў засмяяўся. Потым твар яго пасур'ёзнеў:

— Ты... вось што... сёння ноччу... ты... не прыходзь...

— Я не пакіну цябе аднаго.

— Табе памроіцца, што мне нядобра... Памроіцца нават, быццам я паміраю. Што зробіш, так трэба. Але я не хачу, каб ты бачыў гэта. Не прыходзь, не трэба...

— Я не пакіну цябе аднаго.

Але ён ўсё непакоіўся.

— Разумееш... гэта яшчэ і праз змяю. А раптам яна цябе ўкусіць... Змеі злыя. Ім адно задавальненне — уджаліць каго-небудзь.

— Я не пакіну цябе аднаго.

Нечакана ён трошкі падбадзёрыўся:

— Але ж праўда, на двух у яе не хопіць атруты...

Вечарам я і не заўважыў, калі Маленькі прынц сабраўся ў дарогу. Ён знік цішком. І калі мне ўсё-такі ўдалося дагнаць яго, ён крочыў хутка і рашуча.

— А! Гэта ты... — толькі і сказаў ён.

Ён узяў мяне за руку. Але нешта ўсё яшчэ трывожыла яго.

— Дарма ты ідзеш са мной. Табе будзе балюча. Табе здасца, што я паміраю, але я не памру...

Я маўчаў.

— Разумееш, гэта надта далёка. Маё цела надта цяжкае. Мне не ўзнесці яго.

Я маўчаў.

— Але гэта ўсё роўна нібы скінуць старую абалонку. Тут няма чаго журыцца... :

Я маўчаў.

Ён трошкі ўпаў духам. Але ўсё-такі зрабіў яшчэ адно намаганне:

— А ведаеш, будзе дужа міла! Я таксама буду глядзець на зоркі. Усе зоркі будуць, як калодзеж з заржавелым калаўротам. І кожная падасць мне напіцца...

Я маўчаў.

— Падумай, як забаўна! У цябе будзе пяцьсот мільёнаў званочкаў, а ў мяне — пяцьсот мільёнаў крынічак...

І Маленькі прынц змоўк. Ён плакаў...

— Ну, вось і прыйшлі. Застанься тут, я зраблю яшчэ крок.

Але ён апусціўся на пясок, бо яму стала страшна.

— Ведаеш, — сказаў ён, — мая кветка... Я ў адказе за яе! Яна такая кволая! І такая наіўная... У яе ўсяго і ёсць, што чатыры недалужныя калючкі, каб уберагчы сябе ў гэтым свеце...

Я таксама сеў, ногі не трымалі мяне болей. Ён сказаў:

— Ну... Вось і ўсё...

Павагаўся яшчэ з хвіліну і ўстаў. І зрабіў адзін-адзіны крок. А я не мог варухнуцца.

Нешта, як жоўтая маланка, бліснула каля яго косткі. Нейкі міг ён стаяў нерухома. Нават не ўскрыкнуў. Потым паволі, як падае ссечанае дрэўца, бясшумна ўпаў на пясок.

 

XXVII

 

І вось шэсць гадоў мінула з тае пары... Яшчэ ніколі і нікому я не расказваў пра гэта. Мае таварышы былі вельмі радыя зноў убачыць мяне жывога і здаровага. На роспыты ж, чаму я такі засмучаны, я адказаў: «Проста знямогся...»

Цяпер я трохі суцешыўся. Праўда... не зусім. Але я ведаю, што Маленькі прынц вярнуўся на сваю планету, таму што на досвітку я не знайшоў яго цела. Яно было не такое ўжо і цяжкае. А начамі я так люблю слухаць зоркі. Яны — нібы пяцьсот мільёнаў званочкаў...

Але іншы раз са мною творыцца нешта незвычайнае. Справа ў тым, што да напыснічка, які я намаляваў для Маленькага прынца, я забыў дадаць скураны аброжак. Маленькі прынц ніколі не здолее прывязаць свайго баранчыка. І я проста месца сабе не знаходжу. «Што адбылося на яго планеце? — пытаюся я ў сябе. — Няўжо баранчык з'еў ружу?»

То я кажу сабе: «Ды, безумоўна, не! Маленькі прынц штовечар накрывае сваю ружу шкляным каўпаком, ды і за баранчыкам ён добра наглядае...» Тады я шчаслівы. І ўсе зоркі ціха смяюцца.

А то я кажу сабе: «Хіба не здараецца, што мы бываем няўважлівыя? На бяду шмат не трэба! А што, калі аднойчы ён забыўся пра шкляны каўпак, альбо баранчык ноччу ўпотай выбраўся на волю і...» І тады ўсе званочкі горка-горка плачуць...

Усё гэта так загадкава, незразумела-дзіўна. Вам, хто таксама палюбіў Маленькага прынца, як і мне, гэта зусім, зусім не ўсё роўна: увесь свет робіцца для нас інакшым ад таго, што дзесьці ў невядомым куточку Сусвету баранчык, якога мы ніколі не бачылі, можа, ужо з'еў незнаёмую нам ружу...

Гляньце на неба. І спытайцеся ў сябе: красуецца яшчэ тая ружа ці не? А раптам баранчык з'еў яе? Убачыце, як усё пераменіцца...

І ніколі ніводны дарослы не зразумее, як гэта важна!

Гэта для мяне сама прыгожая і сумная мясціна на свеце. Гэта той самы куточак пустыні, што намаляваны і на папярэдняй старонцы, але я намаляваў яго яшчэ раз, каб вы лепей разглядзелі яго. Менавіта тут Маленькі прынц з'явіўся на Зямлі, а потым знік.

Уважліва прыгледзьцеся да малюнка, запомніце гэты куточак да драбніцы, каб маглі пазнаць яго ў пустыні, калі вам некалі, можа, давядзецца падарожнічаць па Афрыцы. І калі вам надарыцца праходзіць гэтымі мясцінамі, малю вас, не спяшайцеся, супыніцеся на хвілінку пад гэтай зоркай! І калі да вас падыдзе невялічкі золатавалосы хлапчук, калі ён будзе звонка смяяцца і не будзе адказваць на вашы роспыты, — вы ўжо, несумненна, здагадаецеся, хто гэта такі. То майце ласку! Здыміце з сэрца майго гэтую журбу: хутчэй напішыце мне, што ён вярнуўся...



Пераклад: Ніна Мацяш