epub
сканаванае
 
падключыць
слоўнікі

Апулей

Метамарфозы, ці Залаты асёл

Кніга першая
Кніга другая
Кніга трэцяя
Кніга чацвертая
Кніга пятая
Кніга шостая
Кніга сёмая
Кніга восьмая
Кніга дзевятая
Кніга дзесятая
Кніга адзінаццатая
Каментары


Кніга першая

 

1. Вось я хачу збаяць табе, чытач, розныя мілецкія казкі, якія павінны пацешыць твой слых прыемным лепятаннем, калі толькі ты пажадаеш зірнуць на эгіпецкі папірус, спісаны завостранай нільскай трысцінкай. Ты надзівуешся з ператварэнняў людзей у іншыя формы існавання і з вяртання іх у свой папярэдні стан. Я пачынаю. «Але хто ён такі?» — запытаеш. Паслухай, раскажу коратка.

Антычная Гімета, Эфірэйскі перашыек і Спартанская Танара, землі шчаслівыя, бессмяротныя праз яшчэ шчаслівейшыя кнігі — гэта мая старасвецкая радзіма. Тут авалодаў я атыцкай гаворкай, і гэта з'явілася першай заваёвай майго дзяцінства. Пасля таго я прыбыў у Лаціум і з вялікімі цяжкасцямі, без ніякай дапамогі адолеў родную мову квірыдаў. Дзеля гэтага ў першую чаргу прашу мне прабачыць, калі ў маім стылі сустрэнуцца іншамоўныя або простанародныя звароты.

Але ж гэтыя чаргаванні гаворак адпавядаюць здольнасці імгненных ператварэнняў, пра якія я наважыў напісаць. Пачынаем грэцкую казку.

Увага, чытач, будзеш задаволены.

2. Аднойчы ехаў я па справах у Фесалію, адкуль родам была мая маці і дзе наш род быў у пашане, бо паходзіў ён ад знакамітага Плутарха праз ягонага пляменніка філосафа Секста.

Ехаў я на мясцовым белым кані, а калі ён, мінуўшы горныя крутасці, спускі ў даліны, росныя лугі і ўробленыя палі, змарыўся, а мне ад доўгага сядзення захацелася выпрастаць ногі, тады я спешыўся, абцёр потнага каня лістамі, пагладзіў яго па вушах, адпусціў вуздэчку і павёў, каб даць яму магчымасць натуральным спосабам аблягчыць свой стомлены страўнік. І калі мой конь, згінаючы галаву, саскубваў траву на сенажаці, уздоўж якой ступаў, я дагнаў двух спадарожнікаў, што ішлі недалёка перада мной. І перш чым даведацца, аб чым яны гутараць, я пачуў, як адзін з іх, рассмяяўшыся, кажа:

«Змоўкні і пазбаў мяне ад гэтых казак, наколькі недарэчных, настолькі пустых».

Пачуўшы гэта, я, ахвотны да ўсякіх навін, кажу:

«Наадварот, працягвай. Дазвольце і мне ўдзельнічаць у вашай гутарцы. Я не ад цікаўнасці, а хачу ведаць, калі не ўсё, дык чым найбольш, прытым прыемнае і забаўнае апавяданне палегчыць нам узыход на круты пад'ём».

3. Той, што пачаў, адказвае: «Ну! Усе гэтыя выдумкі так падобныя да праўды, як бы нехта пачаў даказваць, што магічныя нашапты могуць прымусіць быстрыя рэкі плысці назад, мора суцішыцца, вецер спыніцца, сонца не рухацца, месяц затуманіцца, зоры падаць, дзень знікнуць, ноч падоўжыцца».

Тады я кажу больш упэўнена: «Ты, што пачаў апавяданне, канчай яго, будзь ласкаў, калі табе не надакучыла». А пасля другому: «А ты, заткнуўшы вушы, адмаўляеш тое, што можа быць праўдай. Клянуся Геркулесам, ты сабе не ўяўляеш, што толькі прадузятасць змушае нас прымаць за махлярства тое, што новае для слыху, ці незвычайнае для вока, або недаступнае нашаму разуменню. А калі прыгледзецца лепей, дык можна ўбачыць, што ўсё гэта цалкам зразумелае і нават лёгкае ў выкананні.

4. Вось, напрыклад, яшчэ ўчора вечарам, калі мы з сябрам елі навыперадкі пірог з сырам і я захацеў глынуць трохі большы, чым звычайна, кавалачак, раптам мяккая і ліпучая ежа завязла ў мяне ў горле і так заняло мне дых, што я ледзь не памёр. А вось нядаўна ў Афінах каля Пярэстага порціка бачыў я на свае вочы, як фокуснік глытаў вастрыём уніз найвастрэйшы баявы меч. А пасля таго за мізэрныя грошы ўваткнуў сабе ў кішкі вострым канцом паляўнічую піку. І вось на акуты канец перавернутай пікі, якая вытыркала з горла фокусніка, ускочыў прыгожы хлапчук і, усім надзіва, пачаў выкручвацца ў танцы, быццам быў без сухажылляў і без касцей. Сапраўды, спрытней не магла абвіцца вакол палкі з абсечанымі сукамі змяя бога лекараў. Аднак даволі! Закончы, прашу цябе, сябра, тую гісторыю, якую ты пачаў. Калі твой таварыш не хоча верыць, дык я паверу за двух і ў першай сустрэчнай харчоўні пачастую цябе снеданнем. Вось такую атрымаеш узнагароду».

5. А ён адказвае: «Прапанову вашу лічу справядлівай і добрай, але мне давядзецца нанова пачаць сваё апавяданне. Дык перш паклянуся вам Сонцам, гэтым богам, які ўсё бачыць, што расказ мой праўдзівы і дакладны. І вы самі пераканаецеся ў гэтым, як увойдзеце ў бліжэйшы Фесальскі горад; там гавораць пра гэта ўсе, бо ўсе гэта бачылі. Аднак дазвольце перш сказаць вам, хто я такі і адкуль родам. Завуся я Арыстамен і паходжу з Эгіны. Паслухайце таксама, з чаго я жыву: езджу я ў розных кірунках па Фесаліі, Этоліі і Бэоцыі з мёдам, сырам і іншым таварам для карчмароў. Даведаўшыся аднойчы, што ў Гіпаце, найбуйнейшым горадзе Фесаліі, прадаецца нядорага смачны і свежы сыр, я падаўся туды, каб закупіць яго ўвесь. Аднак, як гэта нярэдка здараецца, трапіў туды благім часам, і надзеі на заработак мяне ашукалі. Напярэдадні ўсё закупіў гандляр Лупус.

Стомлены дарэмнай спешкай, вырашыў я схадзіць вечарам у лазню.

6. Раптам бачу свайго сябра Сакрата! Ён сядзеў на зямлі, акрыты толькі напалову нейкім старым парваным плашчом, амаль не падобны да самога сябе — так адмянілі яго беднасць і худзізна. Ён стаў падобным да тых пасынкаў лёсу, якія сядаюць на скрыжаваннях вуліц і просяць міласціну. Хоць я добра яго знаў і вельмі з ім дружыў, але, убачыўшы ў гэткім стане, засумняваўся і падышоў бліжэй. «Сакрат, — кажу, — што з табой? Што ў цябе за выгляд? Што за мізэрны стан? А ўдому ж цябе ўжо аклікалі памерлым і аплакалі. Паводле загаду суддзі правінцыі дзецям тваім прызначаны апекуны, а твая жонка, пасля памінкаў ад бясконцага жалю і гора ледзь не выплакаўшы вачэй, ужо чуе ад родзічаў прапановы развесяліць дом радасцю новага шлюбу. І раптам бачу цябе тут, на нашу надзвычайную ганьбу, прывідам з таго свету!»

«Арыстамен, — адказаў ён, — сапраўды, не ведаеш ты каварства лёсу, яго нетрывалай ласкі і зменлівасці». Сказаўшы гэта, прыкрыў сваё даўно пачырванелае ад сораму аблічча палатаным і падзёртым плашчом, адхінуўшы частку цела ад пупа да адзнакі прыналежнасці да мужчынскага полу. Я не мог глядзець на гэты жаласны стан майго сябра, падаў яму руку і памог падняцца на ногі.

7. Аднак ён, як быў з накрытай галавой, кажа: «Пакінь, няхай лёс удосталь нацешыцца з ахвяры, якую стварыў на здзек».

Я змушаю яго ісці са мной, хутка апранаю ці, дакладней сказаць, прыкрываю ягоную галізну адной з дзвюх маіх апратак, якую зняў з сябе, і вяду яго ў лазню. Там старанна рыхтую мазі і націранні, здымаю з яго вялікі слой бруду і, як след вымыўшы, сам вельмі стомлены, вяду яго, падтрымоўваючы, да сябе, саграю пасцеляй, частую ежай, падмацоўваю келіхам, забаўляю гутаркай.

Ужо пачаў ён размаўляць і жартаваць, ужо пайшлі жарты і кпіны, хоць і нясмелыя, ды раптам, цяжка з глыбіні грудзей уздыхнуўшы, ён моцна стукнуў сябе кулаком па лобе і выкрыкнуў:

«О я няшчасны! Захапіўшыся гладыятарскімі відовішчамі, што тады вельмі славіліся, у якія ж я заблытаўся беды! Як табе вядома, прыехаўшы ў Македонію па даходнай справе, якая мяне там затрымала больш як на дзевяць месяцаў, я накіраваўся назад з даволі ладным набыткам. Калі быў ужо недалёка ад Ларысы, дзе мне хацелася пабачыць гладыятарскія відовішчы, у самотнай глыбокай цясніне напалі на мяне разбойнікі. Яны забралі ўсё, удалося толькі выратаваць жыццё. У такім адчайным стане падаюся я да старой, але яшчэ бадзёрай удавы, карчмарыхі Мярое. Расказваю ёй, чаму так доўга не быў дома, пра тое, як вяртаўся і як быў абрабаваны. Яна спачувальна праслухала ўсю маю гісторыю, накарміла дарма добрай вячэрай і ўрэшце, пабуджаная пажадлівасцю, узяла мяне да сябе ў ложак. І вось маё няшчасце гатова! З гэтага часу не магу ад яе адчапіцца. Усадзіў у яе ўсё: і лахманы, якія мне пакінулі бандыты, і грошы, якія зарабляў, працуючы грузчыкам, калі была яшчэ сіла, аж пакуль гэта добрая жанчына і нядоля не давялі мяне да гэтага стану, у якім ты мяне толькі што бачыў».

8. «Клянуся Геркулесам! — сказаў я. — Ты цалкам гэтага заслугоўваеш, а мо яшчэ большага, калі можа быць большае няшчасце, чым дзеля распусніцы і яе ласкаў вырачыся дому і дзяцей!»

Але ён спалохана прыставіў палец да вуснаў. «Маўчы, — кажа, — маўчы!» А сам азіраецца, ці хто не пачуў. «Сцеражыся, — кажа, — жанчыны-чараўніцы, бо можаш сабе непаўстрыманым языком наклікаць бяды». «Так? — запытаўся я насмешліва, — што ж гэта за жанчына, твая карчмарка, уладарніца і каралева?»

«Яна ведзьма і чараўніца, — адказвае ён, — яна можа неба апусціць, зямлю падвесіць, ручаі зрабіць цвёрдымі, горы расплавіць, нябожчыкаў узняць, багоў звесці, зоркі патушыць і нават тартар асвятліць!» «Даволі, — кажу, — апусці гэту трагічную заслону і складзі сваю тэатральную шырму, гавары па-людску».

«Хочаш, — пытаецца, — пра адну, пра дзве, ды што там! аб процьме штук яе паслухаць? Выклікаць любоў да сябе не толькі жыхароў гэтага краю, але Індыі, абедзвюх Эфіопіяў і нават антыхтонаў — ёй глупства, дзіцячыя забаўкі! Але паслухай, што яна зрабіла на вачах у многіх людзей.

9. Свайго палюбоўніка, які асмеліўся пакахаць другую жанчыну, адным словам абярнула ў бабра, бо гэты звер, калі яму пагражае небяспека быць злоўленым, абрывае свае палавыя органы. Яна спадзявалася, што і з ім, за тое, што панёс каханне набок, здарыцца нешта падобнае. Суседняга карчмара, свайго канкурэнта, ператварыла ў жабу. І вось цяпер гэты стары запрашае сваіх даўнейшых кліентаў хрыплым кваканнем, плаваючы ў віннай бочцы. Аднаго юрыста, які выказаўся супраць яе, зрабіла бараном, і вось той так бараном і вядзе справы. А яшчэ: жонка аднаго яе палюбоўніка аднойчы яе аблаяла, а сама была цяжарная, дык тая зачаравала яе на вечную цяжарнасць, стрымаўшы зародак і замкнуўшы ёй чэрава. Кажуць, што ўжо восем гадоў ходзіць тая бядачка з вялізным жыватом, быццам павінна нарадзіць слана.

10. Гэта апошняе злачынства і зло, якое працягвала яна прычыняць людзям, выклікалі агульнае абурэнне, дык было пастаноўлена аднаго дня набіць яе назаўтра каменнем. Аднак яна сілай заклінанняў разбурыла гэты план помсты. Як тая славутая Медэя, выпрасіўшы ў Крэонта адзін дзянёк адтэрміноўкі, усю яго сям'ю, і дачку, і самога старога спаліла полымем ад свайго вянка, так і гэта, правёўшы над ямай пахавальныя маленні (як мне аднойчы сама, будучы ў хмелі, расказала), пры дапамозе тайнага гвалту над багамі ўсіх жыхароў замкнула ў іхніх памяшканнях так, што два дні не маглі яны ні збіць замкоў, ні дзвярэй выламаць, ні нават сцен прасекчы, аж пакуль з агульнай згоды не пачалі прасіцца, кленучыся, што не толькі не зробяць ёй благога, але нават дапамогуць ёй, калі хто-небудзь супроць яе выступіць. На гэтых умовах яна злітавалася і горад вызваліла. А пачынальніка гэтай задумы глухой ноччу запёртага, як ён быў, з усім домам, сценамі, з грунтам, з падмуркам перанесла за сто міль у другі горад, змешчаны на вяршыні крутой гары і дзеля таго цалкам бязводнай. А калі выявілася, што там будынкі мясцовых жыхароў стаялі вельмі шчыльна і не было яму месца, дык кінула дом перад гарадской брамай і вярнулася дамоў».

11. «Дзіўныя ты мне, — кажу, — Сакрат, і не меней жудасныя справы расказваеш, ажно ўвагнаў мяне ў неспакой, а нават страх, каб твая старая, выкарыстаўшы паслугі якога-небудзь бажка, не даведалася пра нашу гутарку. Давай хутчэй ляжам спаць і, адпачыўшы, яшчэ да свету выберамся адгэтуль чым найдалей!»

Я яшчэ прадаўжаў свае разважанні, а мой добры Сакрат ужо спаў і хроп, стаміўшыся за дзень і выпіўшы віна, ад якога адвык. Тады я замыкаю пакой, правяраю засаўкі, шчыльна прыстаўляю ложак да дзвярэй, каб загарадзіць уваход, і кладуся. Спярша ад страху не сплю даволі доўга, а пасля каля трэцяй варты вочы пачынаюць памалу зліпацца.

Ледзь толькі я заснуў, як раптам з такім грукатам, што і разбойнікі не нарабілі б, дзверы расхінуліся ці, правільней кажучы, былі вывернутыя і сарваныя з крукоў. Мой ложак, кароценькі, гнілы і трохногі, валіцца ад гэтага напору на мяне і, ляжачага на зямлі, цалкам сабой прыкрывае.

12. Тут я зразумеў, што некаторыя ўражанні выклікаюць супярэчлівыя паслядоўнасці. Як часта бываюць слёзы ад радасці, так вось і я, ператварыўшыся з Арыстамена ў чарапаху, у такім жахлівым становішчы не мог паўстрымацца ад смеху. А покуль што ляжу на зямлі пад сваім ложкам і крадком гляджу, што будзе далей. Бачу дзвюх пажылых жанчын. Адна з іх нясе запаленую лямпу, а другая губку і аголены меч. Вось яны спыняюцца каля Сакрата, які моцна спаў. Пачынае тая, што з мячом: «Вось, сястра Панція, мой дарагі Эндзіміён, мой падчашы, які дні і ночы цешыўся маімі маладымі гадочкамі, той, што маім каханнем пагарджаў і не толькі мяне чарніў, але і задумаў навек ад мяне ўцячы. А я, значыцца, як тая хітрым Улісам пакінутая Каліпса, буду аплакваць вечную адзіноту». А пасля, прасцёршы руку і паказваючы сваёй Панціі мяне, працягвала: «А вось добры дарадчык, Арыстамен, што падбіў яго на ўцёкі, які ледзь жывы ляжыць цяпер на зямлі, з-пад ложка пазірае на нас і спадзяецца застацца непакараным за нанесеную мне абразу! Але я паклапачуся, каб ён неўзабаве, ды не! зараз жа, нават у гэтую хвіліную атрымаў кару за ўчарашнюю балбатню і за сягонняшнюю цікавасць!»

13. Пачуўшы гэта, я абліўся халодным потам, і ўсё маё нутро закалацілася, ажно да маіх неспакойных дрыжыкаў ложак затанцаваў на маёй спіне. А добрая Панція кажа: «А чаму б нам, сястра, перш за ўсё не растрыбушыць яго, як гэта робяць вакханкі, або, звязаўшы рукі і ногі, не вылегчаць?» У адказ ёй Мяроя (угадаў цяпер яе імя, бо з расказаў Сакрата можна было здагадацца) адказвае: «Не, пакінем яго жывога, каб было каму жменяй пяску засыпаць цела гэтага няшчаснага». І, павярнуўшы Сакратаву галаву, убіла яму ў левы бок шыі свой меч аж па дзяржальна, а кроў, што выцякала, старанна сабрала ў прыстаўленую да раны торбачку так, каб ні адна кропля не магла ўпасці. Я гэта бачыў на свае вочы.

Пасля, думаю, дзеля таго, каб не прапусціць нічога з абраду ахвяравання, добрая Мяроя, запусціўшы правую руку глыбока ў рану аж да вантробаў, пакапалася там і выняла сэрца майго няшчаснага сябра. З яго рассечанага горла вырваўся нейкі невыяўны хрыпаты гук, і Сакрат выпусціў дух. Затыкаючы тую раскрытую рану губкай, Панція сказала: «Бойся, губка, народжаная ў моры, перапраўляцца праз раку».

Пасля гэтага, адсунуўшы ложак і расставіўшы нада мною ногі, яны пачалі мачыцца, аж пакуль усяго мяне не залілі смярдзючай мачой.

14. Як толькі яны пераступілі парог, бачу, падымаюцца дзверы на сваё ранейшае месца, становяцца ў шулы і гнёзды, засаўкі вяртаюцца на свае месцы. А я як быў, так і застаўся распасцёрты на зямлі, амаль без дыху, голы, змерзлы, заліты мачой, як быццам толькі што выйшаў з чэрава маці, або паўмёртвы, які перажыў самога сябе, ці злачынец, якому ўжо падрыхтавана шыбеніца.

«Што, — сказаў я, — будзе са мной, як заўтра рана людзі ўбачаць гэтага зарэзанага? Хто паверыць мне, хоць я і буду гаварыць праўду?» «Няхай бы, — скажуць, — клікаў на дапамогу, калі ты такі здаравенны мужчына не мог справіцца са старой бабай. На тваіх вачах рэжуць чалавека, а ты маўчыш! Чаму ж ты сам не загінуў пры гэтым? Чаму лютая жорсткасць злітавалася над сведкам злачынства і даносчыкам? Аднак хоць ты пазбегнуў смерці, але далучайся да свайго сябра!»

Зноў і зноў прыходзілі мне ў галаву такія думкі, а тым часам ноч набліжалася да раніцы. Найлепш, здалося мне, яшчэ перад світаннем выбрацца крадком і пусціцца ў дарогу. Бяру свой клунак і, уставіўшы ў адтуліну ключ, стараюся адсунуць засаўку. Аднак гэтыя пільныя дзверы, якія ўночы самі адчыняліся, толькі пасля доўгага важдання з ключом вельмі неахвотна далі мне дарогу.

15. Я крыкнуў: «Гэй, ёсць там хто? Адчыніце мне брамку ад двара, я хачу перад світаннем выйсці!»

Вартаўнік, які спаў пры браме на зямлі, спрасонку кажа: «Ці ты не ведаеш, што на дарогах неспакойна ад разбойнікаў? Чаму выпраўляешся ўночы ў дарогу? Калі на тваім сумленні цяжкі грэх, што ажно хочаш памерці, дык і ў нас жа галовы не гарбузы, каб праз цябе паміраць!»

«Хутка, — кажу, — будзе світаць. Ды што могуць адабраць разбойнікі ў такога беднага вандроўніка? Ці ж ты, дурань, не ведаеш, што голага абабраць нават дзесяці асілкам не ўдасца?»

На гэта ён, засынаючы і павярнуўшыся на другі бок, ледзь варушачы языком, балбоча: «Адкуль мне знаць, можа, ты зарэзаў свайго сябра, з якім вечарам прыйшоў начаваць, і хочаш цяпер ратавацца ад адказнасці ўцяканнем?»

Калі пачуў я гэта, мне здалося, што зямля расшчапілася да самага тартара і галодны Цэрбер гатоў мяне растрыбушыць. Тады я зразумеў, што добрая Мяроя не з літасці мяне не зарэзала, а з наўмыснай жорсткасцю пакінула на ўкрыжаванне.

16. Вярнуўшыся ў пакой, я пачаў думаць, як мне развітацца з жыццём. А паколькі лёс не даваў мне ў рукі ніякага прадмета смерці, апроч ложка, дык я звярнуўся да яго: «Ложак мой, ложак, дарагі майму сэрцу, ты столькі са мной перацярпеў, ты ведаеш, што здарылася ўночы, аднаго цябе магу я назваць сведкам маёй невінаватасці. Зрабі мне лягчэйшаю дарогу ў пекла!» Гаворачы гэта, адрываю вяроўку, якая была там нацягнута, і, закінуўшы яе і замацаваўшы за канец кроквы, што выступаў над акном, на другім канцы раблю моцную пятлю. Узыходжу на ложак і на сваю загубу, высока падняўшыся, усоўваю ў тую пятлю галаву. Але, як толькі адштурхнуўся я нагой, каб пад цяжарам цела пятла зашмаргнулася каля горла і спыніла дыханне, раптам вяроўка, што была ўжо старая і гнілая, абрываецца, і я валюся зверху на Сакрата, які ляжаў побач, і, падаючы, разам з ім качуся на зямлю.

17. Якраз у гэту хвіліну ўрываецца вартаўнік і крычыць на ўсё горла: «Дзе ж ты падзеўся? Хацеў сярод ночы ісці, а цяпер храпеш тут, ухутаўшыся!»

Тут Сакрат, разбуджаны ці нашым падзеннем, ці тым раз'юшаным крыкам вартаўніка, ускочыў перш за мяне і кажа: «Нездарма ўсе пастаяльцы ненавідзяць гэтых карчмароў! Вось нахабнік урываецца сюды, каб, пэўна, што-небудзь стырыць і мяне стомленага будзіць з глыбокага сну сваім гарлапанствам». Я весела і бадзёра ўскокваю, напоўнены нечаканым шчасцем, і выкрыкваю: «Ну глядзі, звышмудры вартаўнік, ці забіты ён, мой верны спадарожнік, мой брат, мой бацька! А ты ж сп'яна балбатаў, што я яго забіў!»

І з гэтымі словамі, абхапіўшы Сакрата за шыю, я пачаў яго цалаваць. Аднак назойлівы смурод ад нечысці, якой мяне тыя ламіі залілі, даў яму ў нос, і ён моцна мяне адпіхнуў. «Адчапіся, — кажа, — ты смярдзіш, як начны гаршчок!» І весела пачаў мяне распытваць, адкуль гэты смурод. А я, няшчасны, адмахнуўшыся так-сяк наспех прыдуманым жартам, бяру яго пад руку і кажу:

«Хадзем! Чаму б нам не скарыстаць для падарожжа ранішні халадок?» Забіраю свой клунак, і, расплаціўшыся з карчмаром, выпраўляемся ўдвух у дарогу.

18. Былі мы ўжо даволі далёка, калі ўзышло сонца і зрабілася відна. Цяпер я ўважліва разглядаў шыю майго сябра, тое месца, куды, як я сам бачыў, уваткнулі меч, і сам сабе падумаў: «Дурань, да чаго ж ты быў напіўся, калі табе прымроіліся гэтакія дзівосы! Вось Сакрат цэлы і здаровы. Дзе яго рана? Дзе губка? І дзе нарэшце той свежы і глыбокі шрам?» Пасля кажу яму:

«Нездарма спрактыкаваныя медыкі лічаць, што цяжкія кашмарныя сны з'яўляюцца вынікам абжорства і п'янства! Напрыклад, учора я лішне разоў прыкладваўся да кубка, і вось была ў мяне жудасная ноч са страшнымі кашмарамі. Да гэтага часу мне здаецца, быццам увесь я заліты і апаганены людской крывёю». На гэта ён адказаў з усмешкай: «Не крывёю, а мачой! Ды і мне самому снілася, быццам мяне зарэзалі. І горла балела, і здавалася, што сэрца з мяне выдзіраюць. Нават і цяпер духу не хапае і калені трасуцца, крок вялы і на падмацаванне хочацца чаго-небудзь з'есці!»

«Вось табе, — кажу, — снеданне!» І адначасова здымаю з плячэй свой ранец і падаю яму хлеб і сыр.

«Давай, — кажу яму, — сядзем тут пад гэтым платанам».

19. Мы селі і пачалі разам сілкавацца. Гляджу я на яго, як ён прагна есць, і бачу, што рысы яго твару завастраюцца, твар смяртэльна бляднее і сілы пакідаюць яго. Жывы колер твару так адмяніўся, што мне здалося, быццам зноў набліжаюцца да нас начныя фурыі, і ад страху адкушаны мною хоць і маленькі кавалачак хлеба засеў у мяне ў горле і не мог ні апусціцца ўніз, ні падняцца ўверх. На дарозе было мала прахожых, і мяне апанаваў страх. Хто ж паверыць, што забойства аднаго з двух падарожных адбылося без удзелу другога?

А між тым Сакрат, наеўшыся ўдосталь, адчуў смагу. Ён жа з'еў добрую палову дабрэннага сыру. Паводдаль ад платана працякала ціхая рэчка, падобная на стаў, што блішчыць, як шкло або серабро.

«Вунь, — кажу, — прагані смагу жывой вадкасцю гэтай крыніцы». Ён устае, скідае з сябе верхнюю вопратку, знаходзіць зручнае месца на беразе, становіцца на калені і, нахіліўшыся, прагна цягнецца да вады. Але, як толькі ён дакрануўся да плыні, рана на яго шыі адкрываецца, губка выпадае з яе, і разам з ёй і некалькі кропель крыві. Амярцвелае цела звалілася б у ваду, каб я, схапіўшы за нагу, з вялікай цяжкасцю не выцягнуў яго на высокі бераг. Тут я, аплакаўшы свайго няшчаснага спадарожніка, засыпаў яго навек зямлёй. А сам у вялікім страху, трасучыся за сваю бяспеку, уцякаю і рознымі пустэльнымі і кружнымі шляхамі, быццам я сапраўды забіў чалавека, мінаю радзіму і родны дом, добраахвотна зрабіўшыся выгнанцам. Цяпер, ажаніўшыся, зноў жыву ў Этоліі».

20. Вось што расказаў Арыстамен.

Аднак ягоны спадарожнік, які з самага пачатку недаверліва ставіўся да апавядання і не хацеў яго слухаць, сказаў:

«Няма большай выдумкі і бязглуздзіцы, чым гэтая мана!» Пасля звярнуўшыся да мяне: «І ты, з вопраткі і выгляду адукаваны чалавек, верыш гэтым казкам?»

«Я, — адказваю яму, — нічога не лічу немагчымым, і па-мойму, усяляк можа са смяротным чалавекам здарыцца. І са мной, і з табой, і з кожным іншым здараюцца дзіўныя і амаль неймаверныя справы, якім, калі расказаць іх недасведчанаму, ніхто не паверыць. Але я клянуся Геркулесам, што гэтаму чалавеку веру і ўдзячны яму вялікай удзячнасцю за тую асалоду, якую ён нам зрабіў цікавай гісторыяй. Я без натугі асіліў гэту цяжкую і доўгую дарогу. Здаецца нават, што і конь мой цешыцца, што, не турбуючы яго, я да самых гарадскіх варот даехаў на сваіх вушах».

21. Тут закончылася наша падарожжа і разам з тым наша гутарка, бо абодва мае спадарожнікі павярнулі ўлева да недалёкага хутара, а я, увайшоўшы ў горад, падышоў да першай, якая мне трапілася, карчмы і пачаў распытваць пажылую гаспадыню. «Гэты горад, — кажу, — называецца Гіпата?» Яна пацвердзіла. «Ці не ведаеш ты Мілона, аднаго з найбольш знатных тут людзей?» Яна засмяялася. «Сапраўды, — кажа, — найпершым грамадзянінам тут лічыцца Мілон. Яго ж дом сама першы за гарадскімі варотамі». — «Пакінь жарты, добрая цётка, і скажы, калі ласка, што ён за чалавек і дзе жыве?» — «Бачыш, — кажа, — крайнія вокны, што глядзяць на горад, а з другога боку побач брама на завулак выходзіць? Там гэты Мілон і жыве. Гэта страшэнны багацей, набіты грашыма, але скупы да крайнасці і ўсім вядомы як чалавек сама подлы і крывадушны. Ён займаецца ліхвярствам, пад заклад золата і серабра дзярэ вялікія працэнты, адданы толькі нажыве, запёршыся ў сваёй хаце, жыве там з жонкай, якая раздзяляе з ім ягоную прагавітасць. Ён трымае толькі адну служанку і заўсёды ходзіць, як жабрак». На гэта я, засмяяўшыся, падумаў: вось дык карысную і прадбачлівую рэкамендацыю даў мне на дарогу Дамея. Да такога чалавека ён мяне накіраваў, у гасцінным доме якога не трэба будзе баяцца ні чаду, ні кухоннага смуроду.

22. Дом аказаўся побач, я падыходжу і пачынаю стукаць і крычаць у наглуха зачыненыя дзверы. Нарэшце нейкая дзяўчына адзываецца. «Гэй, ты, — кажа, — чаго грукочаш у дзверы? Пад які заклад хочаш узяць пазычку? Хіба ты адзін не ведаеш, што, апроч золата і серабра, у нас нічога не прымаюць?» «Пазыку? Ну не. Зыч мне, — кажу, — чаго-небудзь лепшага і хутчэй кажы, ці ўдому твой гаспадар?» «Вядома, — адказвае яна, — а навошта ён табе патрэбен?» «Я прынёс яму пісьмо ад Дамеі з Карынфа». «Зараз далажу, — адказвае, — пачакай мяне тут». Сказаўшы гэта, зноў замкнула дзверы і пайшла. Праз некалькі хвілін адчыніла і кажа: «Запрашаюць».

Уваходжу і бачу, што гаспадар ляжыць на канапцы і збіраецца палуднаваць, а каля ягоных ног сядзіць жонка. Ён паказаў мне пустое крэсла. «Вось, — кажа, — калі ласка». «Дзякую», — кажу і перадаю яму пісьмо ад Дамеі. Хутка прачытаўшы яго, ён кажа: «Я ўдзячны майму Дамеі за тое, што ён прыслаў мне такога гасця!»

З гэтымі словамі ён загадвае жонцы адступіць мне сваё месца. Калі я пачаў сціпла адмаўляцца, ён схапіў мяне за крысо. «Сядай, — кажа, — другіх крэслаў у мяне няма. Мы асцерагаемся злодзеяў і таму не набываем рэчаў у дастатковай колькасці». Я выканаў ягонае жаданне. Тады ён кажа: «І па далікатнай манеры трымацца, і па гэтай амаль дзявочай сціпласці я зрабіў вывад, што ты нашчадак высакародных продкаў, і мой Дамея ў сваім пісьме мне тое самае паведамляе. Дзеля гэтага, прашу, не грэбуй сціпласцю нашай хаціны. Вось гэты пакой побач будзе табе досыць прыстойнай кватэрай. Будзь ласкавы, спыніся ў нас. Гонар, які зробіш майму дому, узвысіць яго, а табе надарыцца магчымасць ісці за слаўным прыкладам: задавальняючы сябе сціплым памяшканнем, ты будзеш пераймаць Тэзея, знакамітага цёзку твайго бацькі, які не пагрэбаваў простай гасціннасцю старой Гекалы. — І, паклікаўшы прыслужніцу, кажа: — Фаціда, забяры рэчы госця і палажы іх асцярожна ў той пакой. Пасля прынясі з каморы алею для націрання, ручнік выцерціся і ўсё іншае, а таксама звадзі майго госця ў лазню, бо ён стаміўся пасля такой далёкай і цяжкай дарогі».

24. Слухаючы гэтыя загады, я ўспомніў пра характар і скупасць Мілона і, маючы намер цясней з ім зблізіцца, кажу: «У мяне ёсць усё неабходнае для падарожжа. І лазню я сам знайду. Галоўнае, каб мой конь, які так усю дарогу стараўся, не быў галодны. Вось вазьмі, Фаціда, гэтыя грошы і купі за іх аўса і сена».

Калі рэчы былі зложаны ў маім пакоі, я накіраваўся ў лазню, але перш трэба было паклапаціцца аб харчах, дык іду на рынак. Бачу шмат разложанай дабрэннай рыбы. Пачаў таргавацца, і замест ста нумаў мне адпусцілі яе за дваццаць дынараў. Я ўжо збіраўся ісці, ды нечакана сустракаю свайго сябра Пыфія, з якім калісьці вучыўся ў атыцкіх Афінах.

Спярша ён досыць доўга не пазнае мяне, а пасля кідаецца да мяне, абымае і сардэчна цалуе. «Ах мой Луцый, — кажа, — як доўга мы з табой не бачыліся, сапраўды, ад таго часу, як рассталіся з Кліціем, нашым настаўнікам. Што занесла цябе сюды?» «Заўтра, — кажу, — даведаешся, але што гэта? Цябе можна павіншаваць? Вось і лікраты, і розгі — увесь чыноўнічы набор!» «Харчамі займаемся, — адказвае, — і выконваем абавязкі эдзіла. Калі хочаш што купіць, дык магу быць карысным». Я адмовіўся, бо ўжо зрабіў запас рыбы на вячэру. Аднак Пыфій, заўважыўшы кашолку, пачаў ператрасаць маю рыбу, каб лепш яе разгледзець, і пытаецца: «А па колькі ты плаціў за гэту дрэнь?» «Ледзь, — кажу, — уламаў рыбака аддаць мне за дваццаць дынараў».

25. Пачуўшы гэта, ён хапае мяне за руку і зноў вядзе на рынак. «А ў каго купіў, — пытаецца, — гэта смецце?» Я паказаў старога, які сядзеў у кутку. Тут ён накінуўся на яго і пачаў распякаць бедака па-эдзільску: «Так вы абыходзіцеся з нашымі сябрамі і наогул з усімі прыезджымі! Прадаяце паршывую рыбу па гэтакай цане! Вы даведзяце гэты горад, кветку фесальскай вобласці, што ён апусцее, як скала! Але дарма вам гэта не пройдзе! Ты даведаешся, як пад маім кіраўніцтвам абыходзяцца з ашуканцамі!» І, высыпаўшы з маёй кашолкі рыбу на зямлю, загадаў свайму памочніку стаць на яе і растаптаць нагамі. Задаволіўшыся такой строгасцю нораваў, мой Пыфій дазваляе мне ісці і кажа: «Мне здаецца, мой Луцый, што гэтакая ганоба будзе гэтаму старому дастатковым пакараннем».

Здзіўлены і збянтэжаны гэтым здарэннем, кіруюся ў лазню, пазбаўлены дзякуючы дасціпнай выдумцы свайго энергічнага сябра і грошай, і вячэры. Памыўшыся, вяртаюся ў дом Мілона і іду проста ў свой пакой.

26. Тут служанка Фаціда кажа: «Кліча цябе гаспадар». Ведаючы ўжо Мілонаву паўстрыманасць, я ветліва тлумачу, што, маўляў, дарожная стома больш патрабуе сну, чым ежы. Атрымаўшы такі адказ, ён сам уваходзіць і, абняўшы мяне, цягне да сябе. Я то адмаўляюся, то далікатна ўпіраюся. А ён кажа: «Не выйду без цябе!» І клятвай пацвярджае гэтыя словы. Я неахвотна падпарадкоўваюся яго ўпартасці, а ён зноў вядзе мяне да сваёй канапкі, усаджвае і пачынае: «Ну, як маецца наш Дамея? Як яго жонка, дзеці, хатнія?» Расказваю пра ўсіх і кожнага паасобку. Распытвае дакладна пра мэты майго падарожжа. Усё грунтоўна яму расказваю. Старанна выпытвае пра мой родны горад, пра яго сама знакамітых жыхароў, а ў канцы нават пра нашага ўладара, пакуль не заўважыў, што, вельмі змораны цяжкой дарогай, я ўтаміўся доўгай гутаркай і засынаю пасярод фразы. Замармытаўшы нешта незразумелае, нарэшце адпусціў ён мяне ў спальню. Так пазбыўся я агіднага старога і яго балбатлівага галоднага пачастунку, змораны сном, павячэраўшы не стравай, а толькі казкамі. Вярнуўшыся ў свой пакой, я аддаўся жаданаму сну.

 

Кніга другая

 

1. Як толькі ноч рассеялася і сонца прывяло новы дзень, я адначасова развітаўся са сном і з ложкам. Чалавек я наогул неспакойны і бязмерна прагны да ўсяго небывалага і цудоўнага. Апынуўшыся ў цэнтры Фесаліі, якая на ўсім свеце славіцца як радзіма магічнага майстэрства, трымаючы ў памяці тое, што гісторыя, расказаная добрым спадарожнікам Арыстаменам, пачынаецца з гэтага горада, я з цікавасцю аглядаў усё навокал, усхваляваны жаданнем, змяшаным з нецярплівасцю. Любы прадмет у горадзе выклікаў у мяне падазрэнне, і не было ні аднаго, які б я прымаў за тое, чым ён быў сапраўды. Усё здавалася мне ператвораным зламыснымі намовамі ў іншы від. Нават камяні, па якіх я ступаў, здаваліся мне акамянелымі людзьмі, птушкі, спевы якіх слухаў, таксама людзьмі, толькі ўкрытымі пер'ем; дрэвы навокал гарадскіх сцен — таксама людзьмі, але прыкрытымі лісцем; і крынічная вада, здавалася мне, выцякала з людскіх целаў. Я ўжо чакаў, што статуі і карціны пачнуць рухацца, сцены гаварыць, быкі і іншыя жывёліны прарочыць, і з самога неба, з дзённага свяцільніка пачуецца раптам прароцтва.

2. Вось так усё наўкола разглядаю і ледзь не млею ад пакутлівай цікаўнасці, аднак не бачу ніякай прыкметы хуткага здзяйснення сваіх спадзяванняў. Блукаю, як п'яны, з вуліцы ў вуліцу і незнарок трапляю на рынак. Тут я заўважаю нейкую даму, акружаную шматлікімі слугамі, і прыспешваю крокі, каб яе дагнаць. Багатая вопратка, упрыгожаная золатам і каштоўнасцямі, сведчыла, што гэта была знакамітая матрона. Побач з ёй ішоў пажылы мужчына, які, заўважыўшы мяне, крыкнуў:

«Клянуся Геркулесам, што гэта Луцый!» Ён абняў мяне і зараз жа пачаў шаптаць штосьці матроне на вуха. «Чаму ж ты, — кажа, — сам не падыдзеш і не прывітаешся са сваячкай?» «Я не асмельваюся, — адказваю яму, — вітацца з жанчынамі, якіх не знаю». І ў той жа час, зачырванеўшыся і апусціўшы галаву, адступаюся. Але тая, спыніўшы на мне свой позірк, прамовіла: «Вось яна, высакародная сціпласць дабрадзейнай Сальвіі, яго маці, ды і ва ўсім яго выглядзе надзвычайнае да яе падабенства: адпаведны рост, стройнасць без хударлявасці, не вельмі яркі румянец, светлыя кучаравыя валасы, блакітныя зыркія і бліскучыя вочы, зусім як у арла, твар, адкуль ні глянь, — кветнік маладосці, чароўны і свабодны поступ».

3. «Я цябе, мой Луцый, — працягвала яна, — выняньчыла вось гэтымі рукамі. Бо як жа інакш? Я не толькі сваячка, а і малочная сястра тваёй маці. Абедзьве мы з роду Плутарха, адна была ў нас карміцелька, і выраслі мы разам, як дзве сястры. Розніца між намі толькі ў становішчы: яна выйшла замуж за вельмі знакамітага чалавека, а я за землеўласніка. Я тая Бірэна, імя якой ты напэўна не раз чуў ад сваіх выхавальнікаў і напэўна запамятаў. Прымі ж з даверам маю гасціннасць, ці інакш, лічы мой дом сваім». Перастаўшы ў часе гэтай прамовы чырванець, я адказваю: «Не будзе прыгожа, цётачка, без прычыны адмаўляцца ад гасціннасці Мілона. Але я буду наведваць цябе так часта, як мне дазволяць мае справы. Іншым разам, калі б сюды ні прыехаў, нідзе, апроч цябе, не спынюся».

Тым часам, абменьваючыся кампліментамі, мы апынуліся каля дома Бірэны, які быў за некалькі дзесяткаў крокаў.

4. У цудоўным атрыуме, у кожным з чатырох яго кутоў узнімалася па калоне, упрыгожанай выявай багіні з пальмавай галінкай. Распусціўшы крылы, багіні заставаліся нерухомымі, і здавалася, што, ледзь дакранаючыся кволай ступнёй да няўстойлівай апоры — рухомага шара, яны толькі на імгненне спыніліся на ёй і гатовыя зноў падняцца ў паветра. Сярэдзіну пакоя займала Дыяна, цудоўна высечаная з пароскага каменю, у вопратцы, якая, магло здацца, развявалася ў імклівым руху насустрач тым, што ўваходзяць, наводзячы ім сваёй веліччу пашану. З абодвух бакоў акружалі яе, таксама каменныя, сабакі. Вочы іх гараць, вушы настаўленыя, ноздры раздзьмутыя, зубы вышчараныя. Калі дзе-небудзь паблізу пачуецца брэх, дык здасца, што ён выходзіць з тых каменных горлаў. Выдатны скульптар выявіў сваё майстэрства найярчэй у тым, што пярэднія лапы сабак ускінуліся ў паветра разам з высока паднятымі грудзьмі, і яны як быццам бягуць, хоць іх заднія лапы абапёртыя на зямлі. За плячамі багіні ўзвышалася скала ў выглядзе грота, упрыгожаная мохам, травой, лістамі, галінкамі, то вінаградам, то кустамі на камянёх. Цень, які адкідае статуя ў пячору, рассейваецца бляскам мармуру. Па ўскраі скалы віселі выдатна вырабленыя яблыкі і вінаград, у якіх мастацтва спаборнічала з прыродай. Здавалася, што іх можна будзе сарваць і з'есці, калі парой вінаграднага збору пазалоціць іх восень спелым колерам.

Калі нахілішся да струменьчыка, які выбягае з-пад ног багіні і цурчыць звонкай плынню, паверыш, што гэтым гронкам апроч іншай праўдападобнасці дабаўлена трапяткая жывасць руху, як быццам яны вісяць на сапраўднай лазе.

Сярод гушчару — Актэон, высечаны з каменю, напалову ўжо ператвораны ў аленя. Ён уважліва глядзіць на багіню — сочыць, калі Дыяна пачне купацца, і яго адлюстраванне адбіваецца і ў мармуры грота, і ў басейне.

5. Пакуль я так няспынна гляджу на ўсё гэта з вялікай прыемнасцю, Бірэна кажа: «Усё, што бачыш, лічы сваім». Пасля гэтага адпраўляе ўсіх, каб пагаварыць са мной без сведкаў.

Калі мы засталіся адны, яна сказала: «Гэта багіня, дарагі Луцый, зарука, што я за цябе вельмі трывожуся і баюся і як роднага сына хачу выратаваць ад небяспекі. Сцеражыся, ой сцеражыся злога майстэрства і злачынных чараў гэтай Памфілы, жонкі Мілона, які, як кажаш, з'яўляецца гаспадаром тваёй кватэры. Яна ў нас славіцца першай ведзьмай, якая ўмее выклікаць душы нябожчыкаў. Нашэпча на палачку, на каменьчык ці на якую іншую дробязь, і ўсё зорнае скляпенне скіне ў пекла, і ўвесь свет апусціцца ў спрадвечны хаос. Як толькі ўбачыць прыгожага юнака, адразу захапляецца ягоным выглядам і прыкоўваецца да яго душой і вачыма. Спакушае яго, авалодвае яго сэрцам і навек звязвае яго ланцугамі ненасытнага кахання. А калі хто супрацівіцца і пагрэбуе ёю, зараз жа ператварае яго ў камень, у жывёлу, у любога звера або і зусім знішчае.

Вось дзеля чаго я хвалююся і баюся за цябе і раджу табе асцерагацца. Яна няспынна пакутуе юрам, а ты па ўзросту і прыгажосці ёй падыходзіш...»

Гэтак усхвалявана вяла са мной гутарку Бірэна.

6. А я, і так поўны цікаўнасці, як толькі пачуў даўно жаданае слова «магія», дык замест таго, каб пазбягаць падкопаў Памфілы, пачаў усёй душой імкнуцца за любую цану аддаць сябе пад яе ўплыў, гатовы стрымгалоў кінуцца ў бездань. Не помнячы сябе ад нецярплівасці, я вырываюся з рук Бірэны, як з кайданоў і, хутка сказаўшы «бывай», імчуся ў дом Мілона. Паскараючы крок, як дурнаваты, кажу сам сабе: «Дзейнічай, Луцый, не будзь разявакам і трымайся! Вось табе жаданы выпадак, цяпер можаш здаволіцца даўно чаканымі цудоўнымі казкамі. Адкінь дзіцячыя страхі і горача бярыся за справу, толькі ўстрымайся ад абдымкаў сваёй гаспадыні і лічы свяшчэнным ложак сумленнага Мілона! Аднак трэба асабліва пастарацца каля служанкі Фаціды! Яна ж і з твару прынадная, і рэзвага нораву, і вострая на язык. Учора вечарам, калі ты валіўся ад сну, як жа клапатліва правяла яна цябе ў спальню, ветліва ўклала ў пасцель, добра і старанна накрыла і, пацалаваўшы ў лоб, пайшла, некалькі разоў азірнуўшыся. Што ж, удачы мне! Што будзе, тое будзе, папрабую шчасця з Фацідай!»

7. Так разважаючы, дайшоў я да Мілонавых дзвярэй, галасуючы, як гаворыцца, за сваю прапанову. Але дома не застаю ні Мілона, ні яго жонкі, а толькі маю дарагую Фаціду. Яна рыхтавала сваім гаспадарам рагу, прыемны пах якога я пачуў ужо здалёк. Апранутая была яна ў палатняную туніку, падперазаную высока пад грудзьмі прыгожым чырвоным поясам, і спрытнымі ручкамі размешвала цеста ў гаршку, а яе гэтыя кругавыя рухі суправаджаліся частымі ўздрыгваннямі, і ад таго яе клубы плаўна, ледзь прыкметна пакалыхваліся, а спіна яе цудоўна хвалявалася і хісталася. Захоплены гэтым відовішчам, я аслупянеў, стаю і дзіўлюся; узрушыліся і мае члены, якія былі дагэтуль у супакоі. Нарэшце я звяртаюся да яе: «Як цудоўна, як міла патрасаеш ты, прыгожая Фаціда, гэтым рондалем і сваімі ягадзіцамі! Якую цудоўную рыхтуеш ежу! Тройчы шчаслівы той, каму ты хоць пальцам дакрануцца да яе дазволіш!» На гэта дзяўчына, наколькі прыгожая, настолькі развязная, кажа: «Адыдзіся ад майго агню, бядак, бо калі нават найменшая мая іскра цябе запаліць, дык ушчэнт згарыш! Тады ніхто, апроч мяне, агню твайго не патушыць, бо я не толькі рондалі, але і ложак патрасаць умею!»

8. Сказаўшы гэта, глянула на мяне і засмяялася. Аднак я не адышоўся, пакуль усю яе не агледзеў, прытым найбольш мяне цікавілі яе твар і валасы. На іх глядзеў я раней хцівымі вачамі пры людзях, імі цешыўся пасля ў сваім пакоі. Прычына гэтай маёй асаблівай увагі ясная і зразумелая, бо гэта частка цела заўсёды адкрытая і найперш трапляе нам на вочы, і чым для рэшты цела служаць расквечаныя вопраткі, тым для твару валасы — яго прыроднае ўпрыгожванне. Часта жанчыны, каб паказаць усю сваю красу, скідаюць адзежу або ўзнімаюць яе, адхінаючы голую прыгажосць, аддаючы перавагу ружоваму колеру цела перад залатым бляскам адзення. Аднак калі б (жудаснае ўяўленне, няхай нас багі бароняць ад намёкаў нават на яго здзяйсненне), калі б у сама прыгожых жанчын зняць з галавы валасы і пазбавіць іхні твар прыроднай красы, то няхай любая будзе хоць самой Венерай, акружанай грацыямі і купідонамі, падперазанай сваім поясам, хай пахне кінамонам і струменіць бальзам, калі будзе лысая, дык нават свайму Вулкану не зможа падабацца.

9. А што скажаш, калі валасы маюць прыемны колер і бляск і пад праменнем сонца мацней пачнуць праяўляць ззянне або спакойны водбліск і мяняць свой чароўны выгляд — то палымнець золатам, то апускацца ў далікатны мядовы цень, то крумкачовай чарнатой спаборнічаць з апярэннем галубіных грудзей? Што скажаш, калі напамаджаныя арабскімі мазямі, раздзеленыя зубамі вострага грэбеня на дробныя пасмы і сабраныя назад, пачнуць прыцягваць зрок каханага, адбіваючы яго аблічча накшталт люстэрка ці яшчэ мілей? Што скажаш, калі, заплеценыя ў мноства кос, яны раскладваюцца на галаве або, адкінутыя, шырокай хваляй ападаюць па плячах? Адным словам, прычоска мае такое вялікае значэнне, што ў якую б дарагую вопратку з золатам і каштоўнасцямі жанчына ні апранулася, чым бы ні ўпрыгожылася, калі не спарадкавала сваіх валасоў, прыбранай назвацца не можа.

Мая Фаціда апранена не вычварна, а натуральны непарадак валасоў надаваў ёй прывабнасці, бо пышныя пасмы, злёгку распушчаныя, звісалі з патыліцы, рассыпаліся ўздоўж шыі і, ледзь-ледзь завіваючыся, ляжалі на аблямаванні тунікі. На канцах былі яны сабраныя, а на версе галавы сцягнутыя вузлом.

10. Я ўжо не мог цярпець далей пакут палкай пажадлівасці і, прытуліўшыся да дзяўчыны ў месца, адкуль яе валасы былі зачасаныя на верх галавы, паклаў сама салодкі пацалунак.

Тады яна трохі адсунулася, павярнулася да мяне і, скоса глянуўшы, кажа: «Гэй, ты, шкаляр! За кісла-салодкую закуску хапаешся! Глядзі, каб, аб'еўшыся мёдам, не адчуў горычы жоўці».

«Ну што ж, мая радасць, — кажу, — калі я да таго дайшоў, што за адзін твой жыватворны пацалунак гатоў спячыся, расцягнуўшыся на гэтым агні!» І з гэтымі словамі пачаў яе яшчэ мацней цалаваць. І вось яна ўжо спаборнічае са мной у палкасці і аднолькавую ступень кахання дзеліць пароўну. Вось ужо, мяркуючы па духмяным дыханні паўраскрытага рота, па сустрэчных ударах салодкага языка, ап'янелая прагнасцю аддання, яна гатова ёй паступіцца.

«Гіну! — крыкнуў я. — Ужо цалкам загіну, калі ты не злітуешся нада мной!» На гэта яна, пацалаваўшы мяне, кажа: «Супакойся. Мяне зрабіла тваёй наша ўзаемнае жаданне, дык нашы ўцехі адкладаюцца ненадоўга. Як толькі сцямнее, я прыйду да цябе ў спальню. А цяпер ідзі і збярыся з сіламі, бо я ўсю ноч буду з табой змагацца».

11. Яшчэ доўга абменьваліся мы такімі і падобнымі словамі і нарэшце разышліся.

Як толькі надышла паўдзённая пара, Бірэва прыслала мне ў падарунак свініны, пяць куранят і вялікі збан добрага дарагога віна. Я паклікаў тады Фаціду і кажу: «Вось і Лібер, узбуджальнік Венеры і яе збраяносец, прыбыў. Сягоння высмакчам да дна гэта віно, каб яно прагнала сарамлівую слабасць і прыбавіла жаданню вясёлай сілы. На судне Венеры толькі такія патрэбны запасы, каб на бяссонную ноч хапіла ў лямпе алею, а ў кубку віна».

Астатак дня быў прысвечаны лазні і ў канцы вячэры. На запрашэнне добрага Мілона я раздзяліў з ім даволі прыстойную вячэру і стараўся, маючы ў памяці перасцярогі Бірэны, чым радзей трапляць на вочы яго жонцы, адвяртаючы зрок ад яе твару, нібы ад страшнага Аверанскага возера. Але, наглядаючы за Фацідай, якая нам прыслугоўвала, я трохі ўзбадзёрыўся. Раптам Памфіла, зірнуўшы на запаленую лямпу, кажа: «О, якая моцная залева будзе заўтра!» І на пытанне мужа, адкуль ёй гэта вядома, адказала, што ёй лямпа прадказвае. На гэта Мілон, засмяяўшыся, гаворыць: «Вялікую Сівілу трымаем мы ў гэтай лямпе, якая з вышыні сваёй падстаўкі сочыць за ўсімі нябеснымі справамі і нават за самім сонцам».

12. Тут я ўмяшаўся ў гутарку і кажу: «Гэта толькі першыя крокі ў такіх прароцтвах, і няма нічога дзіўнага, што гэты агеньчык, хоць і сціплы і запалены рукамі чалавека, памятае ўсё ж пра той вялікі нябесны агонь, як пра свайго бацьку; боскі празорца ведае і нам паведамляе, што збіраецца зрабіць той вялікі агонь. Вось і цяпер у нас у Карынфе гасцюе праездам нейкі халдзей, які сваімі дзіўнымі адказамі даводзіць увесь горад да вар'яцтва і зарабляе грошы, адкрываючы любому таямніцы лёсу: у які дзень найлепш спраўляць вяселлі, у які рабіць закладзіны будынкаў, які найбольш прыдатны для здзелак, які выгаднейшы для падарожжа па сушы, які — па моры.

Так і мне, калі я ў яго запытаўся, чым закончыцца маё падарожжа, ён сказаў шмат сама дзіўных і сама розных рэчаў. Сказаў, што мяне чакае гучнагалосая слава і вялікія прыгоды, якія трапяць у кнігі».

13. У адказ на гэта Мілон, ухмыльнуўшыся, кажа: «А які з выгляду той халдзей і як ён завецца?» «Доўгі, — кажу, — і чарнявы. Завецца Дыяфан». «Гэта той самы! — выкрыкнуў гаспадар. — Ніхто іншы! Ён і ў нас падобным спосабам шмат каму прарокаваў за немалыя грошы і, дабіўшыся вялікіх прыбыткаў, апынуўся, бядак, ва ўбостве і мізэрнасці.

Аднаго дня, калі народ абступіў яго цесным колам, а ён прарокаваў, падышоў да яго нейкі купец па імю Кердон, жадаючы даведацца, які найбольш спрыяльны для яго дзень адплыцця. Той назваў яму дзень, з'явіўся кашалёк, высыпалі грошы і адлічылі сотню дынараў — дамоўленую плату за прадказанне, як раптам ззаду праціскаецца нейкі малады чалавек знакамітага роду, хапае яго за крысо, а як той адвярнуўся, моцна яго абдымае і цалуе. А халдзей, адказаўшы на яго пацалунак, пасадзіў яго побач з сабой і, ашаломлены нечаканай сустрэчай, забыўшыся пра справу, якой быў заняты, пытаецца: «Калі ж ты, доўгачаканы, тут з'явіўся?» А той яму адказвае: «Учора пад вечар. А цяпер ты раскажы, як вандраваў ты па сушы і па моры з той пары, як паспешліва выехаў з выспы Эўбэі?»

14. На гэта Дыяфан, той знакаміты халдзей, не ачухаўшыся яшчэ ад здзіўлення, кажа: «Усім ворагам і непрыяцелям нашым зычыў бы я такога Улісавага вандравання. Наш карабель, на якім мы плылі, патрапаны навальніцамі, страціў абодва стырны, прыбіўся да берага і, наткнуўшыся на скалу, пайшоў на дно, а мы, усё згубіўшы, ледзь выплылі. А тое, што ўдалося зберагчы дзякуючы спачуванню незнаёмых людзей ці прыхільнасці сяброў, трапіла ў рукі разбойнікаў. Майго адзінага брата Арыгнота, які задумаў супраціўляцца іх нахабству, на маіх вачах зарэзалі...»

Пакуль ён працягваў гэта сваё слязлівае апавяданне, той купец Кердон, забраўшы грошы, выкладзеныя на плату за прадказанне, хуценька ўцёк. І толькі тады той Дыяфан, апомніўшыся, зразумеў, якую зрабіў прамашку, калі ўсе мы, што яго акружалі, выбухнулі гучным смехам.

«Відаць, табе аднаму, мой пане Луцый, той халдзей і сказаў праўду. Дык будзь шчаслівы і няхай будзе ўдачлівы твой шлях!»

15. Пакуль Мілон такім чынам вёў гутарку, я моўчкі пакутаваў і злаваўся, што праз ягоную балбатню, якая па маёй віне так зацягнулася, буду пазбаўлены добрай часткі вечара і найлепшых яго вынікаў. Нарэшце, адважыўшыся, я кажу Мілону: «Пакіньма гэтага Дыяфана ягонаму лёсу, і няхай ён далей дзярэ з людзей скуру, дзе яму спадабаецца — на моры ці на сушы, а я, прызнацца, дагэтуль не пазбыўся ўчарашняй стомы, дык дазволь мне раней легчы спаць».

Пасля гэтага я іду ў свой пакой і застаю там усё падрыхтаванае да вельмі прыемнай бяседы. Пасцелі слуг былі вынесены і пастаўлены далей ад дзвярэй, відаць, дзеля таго, каб ніхто нас уночы не патрывожыў. Да майго ложка быў падсунуты столік, застаўлены посудам з вячэрай, і два вялікія келіхі з віном толькі чакалі, каб даліць у іх вады. Побач стаяў буталь з шырокім горлам, каб зручней было з яго чэрпаць. Адным словам, быў тут поўны пачастунак перад любоўнай гульнёй.

16. Толькі лёг я ў ложак, як вось і мая Фаціда, завёўшы на спачын гаспадыню, з'яўляеццца з букетам ружаў і з гірляндамі ў прыпале. Пацалаваўшы мяне моцна ў губы, аблытала мяне вяночкамі і абсыпала пялёсткамі кветак. Пасля схапіла келіх і, падліўшы туды цёплай вады, падала мне, каб я піў. Аднак перш чым я яго апаражніў, далікатна забрала ад мяне і, памалу пацягваючы губкамі, не зводзячы з мяне вачэй, маленькімі глыточкамі з асалодай дакончыла. За першым келіхам надышоў другі і трэці, і часта пераходзілі ў нас келіхі з рук у рукі.

Тады я, разагрэты віном і не толькі душой, але і целам гатовы да асалоды, адчуваючы неспакой, увесь пад абладай нястрыманага і ўжо пакутлівага жадання, адхінуў сваё адзенне і, паказваючы сваёй Фацідзе, з якім нецярпеннем прагну яе кахання, кажу: «Злітуйся, хутчэй хадзі мне на дапамогу! Ты бачыш, што я палымяна гатоў да барацьбы, якую ты мне аб'явіла без законнага папярэджання. Ледзь толькі атрымаў я ад бязлітаснага Купідона ўдар стралы ў самыя грудзі, як таксама нацягнуў свой лук і цяпер вельмі баюся, каб ад празмернага напружання не парвалася цеціва. Але калі ты хочаш па-сапраўднаму дагадзіць мне, дык распусці косы і пад покрывам расхваляваных валасоў расхіні свае абдымкі».

17. Не марудзячы, хутка прыняўшы посуд, зняўшы з сябе адзенне і распусціўшы валасы, цудоўна пераўтварылася яна для радаснай асалоды, быццам Венера пры ўступленні ў марскія хвалі, і, прыклаўшы да гладзенькага выгаленага жаночага месца ружовую ручку, больш для таго, каб яго адцяніць, чым сарамліва прыкрыць, кажа: «На бой, на моцны бой! Бо я табе не паддамся і не ўцяку. Калі ты мужчына, то атакуй з фронту і нападай з жарам, а, наносячы ўдары, будзь гатоў на смерць! Сягонняшняя бітва праводзіцца бязлітасна!»

З гэтымі словамі яна ўскоквае да мяне на ложак, сядае на мяне конна і гулліва пачынае варушыцца ўдоўж і ўпоперак, пакуль наша здавальненне не дасягае найвышэйшай ступені, пасля чаго мы, амаль страціўшы свядомасць, у моцных абдымках, задыханыя падаем ад знямогі.

У гэтакіх і падобных сутычках правялі мы ноч да світання, праганяючы час ад часу стому келіхамі, узбуджаючы пажадлівасць і нанова аддаючыся захапленню. За прыкладам гэтай ночы мы пазней дабавілі да яе і шмат іншых.

18. Так здарылася, што Бірэна вельмі настойліва запрашала мяне прыйсці да яе на сціплую сяброўскую вячэру. Я доўга адмаўляўся, аднак мае адгаворкі яе не пераканалі. Тады прыйшлося звярнуцца да Фаціды і спытаць у яе парады, як у аракула. Хоць ёй цяжка было расстацца са мной нават на сама кароткі тэрмін, яна ласкава згадзілася на непрацяглае перамір'е ў ваенных падзеях кахання, але кажа мне: «Ты пастарайся раней пайсці з вячэры. Водзіцца ў нас хеўра з сама знатных маладых людзей, якія парушаюць грамадскі парадак. Часта бываюць на вуліцах трупы забітых, а атрады намесніка ніяк не могуць ачысціць горад ад гэтай пошасці. Лёс шчодра надзяліў цябе сваімі дарамі, а яны з табой, як з чалавекам прыезджым, цырымоніцца не будуць, дык якраз можаш трапіць у пастку».

«Не трывожся, — кажу, — мая Фаціда. Дзеля таго, што нашы з табой уцехі мне даражэйшыя, чым чужыя вячэры, я супакою твае страхі, вярнуўшыся як найраней. І пайду не без правадыра. Падперазаўшыся сваім мячом, я сам панясу заруку сваёй бяспекі».

Так падрыхтаваўшыся, выпраўляюся на вячэру.

19. Там застаю я, як і належыць у знатнай жанчыны, шмат запрошаных — цвет горада. Пышныя сталы блішчаць туяй і слановай косцю, софы засланыя дарагімі тканінамі, высяцца вялікія келіхі, розныя ў сваёй прыгажосці, але аднолькава каштоўныя. Тут па-мастацку гранёнае шкло, там чысты крышталь, у адным месцы яснае серабро, у другім бліскучае золата і дзівосна выразаны бурштын запрашае вусны да піцця. І каштоўныя камяні, а нават тое, чаго не можа быць, там было.

Шматлікія вытанчана апранутыя слугі бадзёра падносяць поўныя да берагоў блюды, кучаравыя хлапчукі ў прыгожых туніках раз за разам падаюць ва ўпрыгожаных самацветамі бакалах старыя віны. І вось прыносяць свяцільнікі, застолле ажыўляецца, чуваць смех, то там, то сям вясёлыя жарты падмацоўваюцца фрывольнымі слоўцамі...

Тут Бірэна звяртаецца да мяне: «Ці добра табе жывецца ў нашых родных мясцінах? Наколькі мне вядома, мы далёка апярэдзілі ўсе гарады нашымі палацамі, лазнямі і іншымі будынкамі, прытым у нас недахопу няма ні ў чым неабходным. Хто б да нас ні прыехаў — ці чалавек, які хоча адпачыць, ці камерсант, кожны знойдзе тое, што яму трэба, не горш, чым у Рыме, а сціплы госць атрымае сельскі спакой. Адным словам, у нас знайшлі прыстанішча ўсе зручнасці і прыемнасці правінцыі».

20. На гэта я адказваю: «Праўду кажаш, ні ў якай іншай краіне не адчуваў я сабе так свабодна, як тут, аднак я вельмі баюся тайных падкопаў магічнай навукі, якіх немагчыма пазбегнуць. Я чуў, што нават нябожчыкі ў магілах не застаюцца недакранальнымі і з папялішчаў і скляпоў здабываюцца нейкія рэшткі і шматкі трупаў на загубу жывым. А старыя чараўніцы ў хвіліны пахавання паспяваюць з хуткасцю драпежных птушак прадбачыць новыя смерці».

Пасля гэтых маіх слоў умяшаўся ў гутарку нехта з прысутных: «Тут і жывым спуску не даюць. Ёсць у нас адзін чалавек, з якім здарылася падобная гісторыя, яму так увесь твар знявечылі, што не пазнаць чалавека».

Тут усе госці пачалі смяяцца, а іхнія твары і вочы звярнуліся ў бок аднаго з гасцей на куце. А калі той, збянтэжаны агульнай увагай, штосьці прамармытаўшы, хацеў устаць са свайго месца, Бірэна кажа яму: «Не хвалюйся, мой Тэліфрон, застанься і раскажы, калі ласка, яшчэ раз сваю гісторыю, каб і сын мой, вось гэты Луцый, мог пацешыцца прыгажосцю твайго выдатнага апавядання!» А ён адказвае: «Ты, пані, як заўсёды, выяўляеш сваю святую дабрату. Але ёсць некаторыя людзі, нахабства якіх немагчыма сцярпець!» Ён быў абураны насмешкамі. Аднак настойлівасць Бірэны, якая клялася сваім жыццём, прымусіла яго, хоць і супраць волі, здацца.

21. Тады зрабіўшы з пакрывалаў падвышэнне, прыўзняўшыся на ложы і абапёршыся на локаць, Тэліфрон прасцірае правую руку і, як тыя прамоўцы, прыгнуўшы два крайнія пальцы і два наставіўшы ўперад, а вялікі пагрозліва апусціўшы, пачынае:

«Быўшы яшчэ непаўналетнім, накіраваўся я з Мілета на Алімпійскія гульні. А дзеля таго, што мне хацелася наведаць гэту вашу славутую правінцыю, дык, праехаўшы праз усю Фесалію, у благі час прыбыў я ў Ларысу. Мае дарожныя грошы разышліся, і я блукаў па горадзе, прыдумваючы, як даць рады сваёй беднасці. Раптам бачу сярод рыначнай плошчы нейкага высокага чалавека, які стаяў на камені і зычным голасам прапаноўваў тым, хто хацеў бы наняцца вартаўніком да нябожчыка, дамовіцца аб цане.

Тады я звяртаюся да аднаго з прахожых: «Што я чую? Няўжо тут нябожчыкі маюць звычай уцякаць?» «Памаўчы, — адказвае той, — ты чалавек нетутэйшы і яшчэ вельмі малады і, зразумела, не надта ўсведамляеш сабе, што знаходзішся ў Фесаліі, дзе чараўніцы, здараецца, адгрызаюць у нябожчыкаў для сваіх магічных мэт часткі твару».

22. «А ці не можаце мне сказаць, — працягваю я, — якія абавязкі гэтага магільнага вартаўніка?»

«Найперш, — адказвае той, — усю ноч нельга задрамаць, расплюшчанымі вачамі, якія б не ведалі сну, глядзець на труп, не адводзячы позірку, і ні на хвіліну не адварочвацца, бо гэтыя ваўкалакі могуць абярнуцца любой жывёлінай і стараюцца патаемна прабрацца, дык нават вочы самога Сонца, самой Справядлівасці могуць лёгка ашукацца. Яны ператвараюцца то ў птушак, то ў сабак ці мышэй, а часам нават у мух. А тады ад іхніх чараў нападае на вартаўніка сон. Ніхто не можа назваць тых хітрыкаў, якімі карыстаюцца гэтыя шкодныя жанчыны дзеля сваіх мэт. А за гэту такую небяспечную працу звычайна назначаецца плата не большая як чатыры-шэсць дукатаў. Ах вось, яшчэ ледзь не забыўся! Калі вартаўнік не ўпільнуе цела, калі пры здачы выявіцца нейкі недахоп, тады ён тое, што прапала, павінен поўнасцю або часткова аддаць, адрэзаўшы ад свайго твару».

23. Даведаўшыся пра гэта, я прымаю рашэнне, у той жа момант падыходжу да вяшчальніка і кажу: «Досыць табе крычаць. Вось вартаўнік, пагаворым пра цану». «Тысяча нумаў вызначаецца табе, — кажа той, — толькі пастарайся пільна сцерагчы труп ад злых гарпіяў, бо гэта цела сына аднаго з сама знакамітых жыхароў горада!» «Глупства, — кажу, — ты мне ўтлумачваеш. Я чалавек жалезны, якога сон не бярэ, пільнейшы, чым Лінцэй ці Аргус, адным словам, я ўвесь — вока!»

Толькі я гэта сказаў, як ён ужо вядзе мяне да нейкага дома з наглуха зачыненай брамай. Упусціў мяне праз нейкую маленькую брамку, адчыніў дзверы ў цёмны з пазачынянымі вокнамі пакой, дзе сядзела збедаваная матрона, захутаная ў цёмнае адзенне. Наблізіўшыся да яе, ён кажа: «Вось прыйшоў чалавек, які не збаяўся наняцца вартаўніком твайго мужа».

Тады яна адкінула валасы, якія закрывалі яе твар, і, паказаўшы прыгожае, нягледзячы на гора, аблічча, гаворыць, пазіраючы мне ў вочы: «Глядзі, прашу цябе, як найпільней зрабі гэту справу». «Не турбуйся, — адказваю ёй, — толькі падрыхтуй адпаведную ўзнагароду».

24. Заспакоеная адказам, яна ўстала і вядзе мяне ў другі пакой. Там знаходзілася цела, накрытае белым пакрывалам. Паклікаўшы сямёра сведкаў, дама зняла палотны, хвіліну паплакала над памерлым і ўрэшце паклікала прысутных засведчыць, што цела не пашкоджанае, і пачала пералічваць розныя яго часткі, а нехта побач запісваў яе словы ў таблічкі. «Вось, — кажа, — нос цэлы, вочы непапсаваныя, вушы цэлыя, губы нечапаныя, падбародак ёсць. Ува ўсім гэтым вы, добрыя квірыты, будзьце сведкамі». Пасля гэтага да таблічак былі прымацаваны пячаткі, а яна накіравалася да выхаду. А я кажу: «Загадай, пані, каб падрыхтавалі ўсё патрэбнае мне для работы». «А што менавіта?» — пытаецца. «Лямпу, — кажу, — алею, каб да світання хапіла святла, цёплай вады, добры збан віна, келіх ды паднос з астаткам вашай вячэры». Тут яна паківала галавой і кажа: «Ці пры сваім ты розуме? У доме жалобы хочаш атрымаць вячэру тады, як у нас ужо каторы дзень на кухні не паляць! Ты што, банкетаваць сюды прыйшоў? Лепш бы пабедаваў і паплакаў, як у такім месцы належыць!» Пасля гэтага звярнулася да служанкі: «Мірына, прынясі зараз лямпу і алею, потым замкнеш вартаўніка і вяртайся».

25. Так пакінуты сам-насам з трупам, я праціраю вочы, каб адбіцца ад сну, і, каб падбадзёрыцца, спяваю ціха нейкую песеньку. Тым часам пачынае змяркацца, цямнее, цемра гусцее, настае глыбокая ноч і поўная цемрадзь. А мой страх усё павялічваецца. Раптам аднекуль выпаўзае ласка, спыняецца насупраць мяне і так пільна глядзіць на мяне, што ад такой нахабнасці гэтага маленькага звярка я зусім збянтэжыўся. Нарэшце кажу ёй: «Ідзі прэч, паганае стварэнне! Выбірайся да мышэй, яны твая кампанія, ідзі, пакуль я цябе не выкінуў вон! Ідзі прэч!» Яна павярнулася і ўмомант знікла. Але ў тую ж хвіліну глыбокі сон апусціў мяне ў нейкую бездань так, што сам дэльфійскі бог не змог бы адгадаць, якое з двух ляжачых цел было нежывое. Гэтак, нічога не адчуваючы і сам маючы патрэбу ў вартаўніку, я нібыта ў тым пакоі і не быў.

26. І вось моцны крык пеўня абвясціў, што ноч канчаецца. Я прачнуўся, ахоплены страхам, і бягу са свяцільнікам да трупа, адхінаю з твару пакрывала і пачынаю разглядаць кожную рыску — нічога не было пашкоджана. Зараз жа і збедаваная жонка са слязьмі, у трывозе ўваходзіць з учарашнімі сведкамі, кідаецца на цела мужа, доўга абсыпае яго пацалункамі і пры святле лямпы пераконваецца, што ўсё ў парадку. Тады, адвярнуўшыся, кліча свайго загадчыка хатніх спраў Філадэспата і загадвае яму выдаць добраму вартаўніку плату. Грошы хутка прынеслі, і дама мне гаворыць: «Мы табе, хлопча, вельмі ўдзячныя, і, клянуся Геркулесам, за такую добрую службу будзем лічыць цябе ад гэтай хвіліны членам нашага дому». На гэта я, узрадаваны нечаканым набыткам і адурманіўшыся бліскучымі залатымі манетамі, якімі падзынкваў у руцэ, кажу: «Лічы мяне, пані, сваім слугой і, колькі б разоў ні аказалася патрэба ў маёй службе, смела мне загадвай!»

Ледзь толькі я гэта сказаў, як прысутныя, праклінаючы жудаснае прароцтва, накінуліся на мяне: хто кулаком заехаў у зубы, хто локцямі таўчэ ў плечы, хто рукамі дае пад бакі, нагамі топчуць, за валасы цягаюць, ірвуць адзежу...

Так, абдзёрты і раскалмачаны, нібы ганарысты Аанійскі юнак або сын піплейскай музы, быў я выкінуты з дому.

27. І пакуль я на суседняй вуліцы ачухаўся, прыпамінаючы са спазненнем бязглуздае і злавеснае значэнне сваіх слоў і прызнаючы, што варт яшчэ большага пакарання, аплаканага і абгалошанага нябожчыка вынеслі з дому. А дзеля таго, што хавалі арыстакрата, дык старым звычаем, наладжаная за грамадскі кошт, багатая працэсія праходзіла праз форум.

Тут падбягае нейкі стары ў цёмнай вопратцы і ў скрусе і слязах ірве свае шляхетныя сівыя валасы, а потым, абняўшы абедзвюма рукамі катафалк, зычным голасам, хоць і перапыняным уздрыгваннем, пачынае выкрыкваць: «Заклінаю вас, квірыты, вашым добрым імем і ўсім для вас святым, заступіцеся за забітага грамадзяніна і надзвычайнае злачынства гэтай бессумленнай жанчыны сурова пакарайце! Гэта яна, і ніхто іншы, атруціла беднага юнака, сына маёй сястры, каб дагадзіць сваім каханкам і захапіць спадкі!»

Гэтак у горкай жальбе звяртаўся стары то да аднаго, то да другога. Тым часам натоўп пачаў пагрозліва хвалявацца, праўдападабенства выпадку змушала верыць у злачынства. Адны пачалі крычаць, што яе трэба спаліць, другія хапацца за каменне і падгаворваць хлапчукоў забіць злачынную жанчыну. А тая, абліваючыся слязьмі і кленучыся сама страшнымі кляцьбамі з заклінаннем у сведкі ўсіх жыхароў неба, пярэчыла абвінавачанню.

28. Нарэшце стары кажа: «Здамося на найвышэйшую сілу, якая скажа, дзе праўда. Тут прысутнічае Затхлас, адзін з вядомых эгіпецкіх прарокаў, які згадзіўся за вялікую ўзнагароду выклікаць на хвіліну душу з таго свету і вярнуць на хвіліну гэтаму целу жыццё». З гэтымі словамі выводзіць на сярэдзіну нейкага юнака ў ільняной вопратцы, у пальмавых сандалях, з гладка паголенай галавой. Цалуючы яму рукі і абдымаючы за калені, ён кажа: «Злітуйся, служка багоў, злітуйся дзеля нябесных свяцілаў, дзеля падземных багоў, дзеля прыродных стыхіяў, дзеля начной цішыні, дзеля Копцкіх святыняў, дзеля Нільскіх паводак, дзеля Мемфіскіх тайнаў і Фароскіх сістраў. Дай на кароткі момант выкарыстаць сонечнае ззянне і ў навек заплюшчаныя вочы ўлі частку святла. Мы не наракаем і не адымаем ад зямлі таго, што ёй належыць, але, каб пацешыцца адплатай, просім кароткага вяртання да жыцця».

Прарок, якога ўзрушылі гэткія ўмольванні, палажыў нейкую травіцу на вусны нябожчыку, а другую на яго грудзі. Пасля, павярнуўшыся на ўсход, пачаў маліцца да святога Сонца, што ўзнімалася над гарызонтам. Выгляд яго ў гэты час быў варты глыбокай пашаны, што вельмі добра падрыхтавала ўвагу прысутных да чаканага цуду.

Я ўціскаюся ў натоўп і, стаўшы на высокім камені за катафалкам, сачу за ўсім цікаўным вокам. І вось пачынаюць узнімацца грудзі, вены пачынаюць біцца, напаўняецца духам цела, і нябожчык падняўся і загаварыў: «Навошта, скажыце мне, навошта таго, хто прыняў летэйскі напітак, плыў ужо па стыгійскіх балотах, вяртаеце да спраў мімалётнага жыцця? Спыніся, малю цябе, спыніся і адпусці мяне ў мой супакой!»

Вось што сказаў голас, які выйшаў з цела.

Аднак прарок з яшчэ большым жарам гаворыць: «Чаму ж ты не раскажаш народу па парадку, з чаго ты памёр? Ці ты не ведаеш, што я магу паклікаць фурыяў сваімі заклінаннямі, і яны пачнуць цябе мучыць?» Той слухае са свайго ложа і, глыбока ўздыхнуўшы, паведамляе: «Злымі чарамі маладой жонкі загублены я і змушаны прыняць смяртэльны келіх. Сваё вясельнае неастылае яшчэ ложа саступіў я пралюбадзею».

Тут гэта знакамітая жонка, зусім набраўшыся нахабства, задалася блюзнерскай думкай адмаўляць відавочныя доказы мужа. Народ хвалюецца, адны патрабуюць, каб гэта нягодніца была жывая пахаваная разам з мужам, а другія даказваюць, што не трэба верыць ілжывым словам трупа.

30. Аднак гэтыя спрэчкі былі спынены новай гутаркай юнака. Уздыхнуўшы яшчэ глыбей, ён загаварыў: «Дам, дам я вам доказы сваёй праўдзівасці і выкрыю тое, пра што, апроч мяне, ніхто не ведае і не здагадваецца». І тут, паказваючы на мяне пальцам: «Калі пры маім целе быў гэты пільны вартаўнік і цвёрда стаяў на варце, старыя ведзьмы, ахвочыя да маёй тленнай абалонкі, прымаючы з гэтай прычыны розныя постаці, неаднаразова стараліся ашукаць яго руплівасць і ўрэшце, напусціўшы соннага туману, акунулі яго ў глыбокае забыццё, пасля чаго клікалі мяне па імю. І вось ужо мае застылыя суставы і пахаладзелыя часткі цела намагаюцца адказаць павольнымі рухамі на загады магічнага штукарства. Тады чалавек, у сапраўднасці жывы, але толькі да амярцвення сонны, без ніякага падазрэння ўстае, адклікаецца на сваё імя, бо мы з ім аднолькава завёмся, і самахоць ідзе, быццам нежывы цень. Хоць дзверы ў пакой былі моцна замкнёныя, аднак там знайшлася адтуліна, праз якую адрэзалі яму спярша нос, а пасля і вушы. Такім чынам, замест мяне знявечаны застаўся ён. А каб замесці сляды, ашуканкі прыстаўляюць яму зробленыя з воску вушы, падобныя да адрэзаных, і падобны да яго ўласнага нос. Вось ён, няшчасны, тут, побач з вамі; ён атрымаў плату не за сваю працу, а за сваё калецтва».

Напалоханы гэтымі словамі, я пачынаю абмацваць свой твар: хапаюся за нос, і ён застаецца ў мяне ў руцэ, праводжу рукамі па вушах, і яны адвальваюцца. Калі прысутныя пачалі паказваць на мяне пальцамі і ківаць галовамі, калі ўзняўся смех, я, абліваючыся халодным потам, даю нырца між людскіх ног і ўцякаю. А пасля таго я стаў калекам і пасмешышчам, не мог ужо вярнуцца ў родны дом. Расчасаўшы валасы, каб яны ападалі з абодвух бакоў, я схаваў шрамы ад адрэзаных вушэй, а адсутнасць носа сарамліва стараюся хаваць пад гэтым пластырам, прыціскаючы яго да твару».

31. Калі Тэлефрон закончыў гэту гісторыю, разагрэтыя віном сабутэльнікі зноў пачалі рагатаць. Пакуль яны патрабавалі звычайнай замочкі ў гонар бога Смеху, Бірэна кажа мне: «Заўтра дзень, які ад заснавання нашага горада лічыцца святочным дзеля таго, што ў гэты дзень мы адзіныя на свеце ўшаноўваем вясёлымі і радаснымі абрадамі святога бога Смеху. Сваёй прысутнасцю ты зробіш нам гэтае свята яшчэ прыямнейшым. Як добра было б, каб і ты прыдумаў у гонар гэтага бога што-небудзь дасціпнае і забаўнае, каб мы ўшанавалі яго яшчэ больш самааддана і глыбока». «Выдатна, — кажу, — як загадаеш, так і будзе. І клянуся Геркулесам, што мне хацелася б прыдумаць нешта такое, што годна і цалкам задаволіла б гэтага вялікага бога».

Пасля, калі мой слуга напомніў, што час ужо позні, і я зразумеў, што ўжо дастаткова нагрузіўся віном, хутка падымаюся і, пажадаўшы Бірэне ўсяго найлепшага, няўпэўненай паходкай вяртаюся дамоў.

32. Але як толькі выйшлі мы на двор, нечакана вецер тушыць наш факел, што асвятляў нам дарогу, і мы ў поўнай цемры ночы пасоўваемся амаль вобмацкам і, пазбіваўшы ногі аб каменне, ледзь трапілі дамоў. Калі ж мы, моцна трымаючыся адзін за аднаго, падыходзілі да дома, раптам бачым, што тры нейкія здаравенныя постаці ломяцца ў нашы дзверы, не толькі не збянтэжаныя нашым з'яўленнем, але стараючыся адзін перад адным грукатаць мацней і часцей. Такім чынам, яны здаліся мне разбойнікамі, прытым сама лютымі. Дык дастаю свой меч, які браў з сабой і нёс пад вопраткай для падобнага здарэння, і не марудзячы кідаюся на іх і аднаго за другім, з кім ні схаплюся, забіваю, глыбока ўтыкаючы меч. І вось яны, пакрытыя мноствам ран, канаюць ля маіх ног.

Закончыўшы бітву, у час якой ад гоману і грукату прачнулася і Фаціда, убягаю ў дом і, ледзь ловячы дых, абліты потам, стомлены, як быццам змагаўся не з трыма разбойнікамі, а забіў Герыёна, кідаюся на ложак і адразу засынаю.

 

Кніга трэцяя

 

1. Ледзь толькі Аўрора пусцілася па небе, як ноч, кіруючы ружовай рукой сваіх упрыгожаных чырвонымі фалерамі коней, вырвала мяне з салодкага спакою і перадала дню. Пры ўспаміне аб учарашнім злачынстве маю душу агарнуў жудасны неспакой. Спусціўшы з ложка ногі і абхапіўшы калені пераплеценымі пальцамі рук, я сядзеў скурчаны і горка плакаў, уяўляючы сабе і гарадскую плошчу, і суд, і прыгавор, і самога ката. Ці ж можа знайсціся такі мяккі і добразычлівы суддзя, які б мяне, заплямленага жорсткасцю трайнога забойства, апырсканага крывёю гэтулькіх грамадзян, прызнаў невінаватым? Вось якое слаўнае падарожжа так упэўнена вываражыў мне халдзей Дыяфан!..

Гэтыя думкі штораз вярталіся, я аплакваў сваю горкую долю, калі раптам пачуўся моцны грукат у дзверы, і ля ўвахода ў дом узняўся крык.

2. Услед за гэтым расхінаюцца пад моцным націскам дзверы, і ўвесь дом напаўняецца чыноўнікамі, іхнімі прыслужнікамі і разнашэрсным натоўпам. Два ліктары, па загаду чыноўнікаў, усклалі на мяне рукі і павялі без ніякага з майго боку супраціўлення. І ледзь толькі ўвайшлі мы ў бліжэйшы завулак, як усе жыхары, высыпаўшы з дамоў, цесным натоўпам рушылі за намі. І хоць я ішоў з сумна апушчанай галавой, жадаючы праваліцца скрозь зямлю, аднак, глянуўшы крадком убок, заўважаю штосьці вартае вялікага здзіўлення: спаміж тысяч людзей, якія нас акружалі, не было ніводнага, хто б не надрываўся ад смеху. Тым часам, абхадзіўшы ўсе вуліцы, пачынаюць вадзіць мяне па ўсіх завулках і завуголлях, як звычайна водзяць жывёліну, прызначаную багам на ахвяру, каб адкупіцца ад якіх-небудзь прадказаных нябеснымі сіламі небяспек. Нарэшце прыводзяць мяне на форум і ставяць перад трыбуналам.

А тут ужо на падвышэнні расселіся суддзі, і грамадскі вяшчальнік загадаў усім замоўкнуць, як раптам усе ў адзін голас пачынаюць крычаць, што разбор такой важнай справы з прычыны шматлюднасці неабходна перанесці ў тэатр. І вось народ кінуўся туды бязладным натоўпам, і не прайшло і хвіліны, як усе прызначаныя гледачам месцы былі занятыя. Некаторыя ўхапіліся за калоны, іншыя павіслі на статуях, павысоўваліся па пояс з вокнаў, з адтулін у дахах. Так нясцерпнае жаданне ўбачыць усё сваімі вачамі змушала забываць пра небяспеку. А мяне, як якую-небудзь ахвяру, праводзяць вартаўнікі цераз прасцэніум і ставяць пасярод архестры.

З. І вось зноў чуецца голас вяшчальніка, які выклікае абвінаваўцу. Падымаецца адзін стары, і пасля таго як для вымярэння працягласці яго прамовы налілі ў нейкую судзінку з вузенькай, бы ў рэшаце, адтулінкай вады, што пачала выцякаць кроплямі, ён так звяртаецца да народа:

«Паважаныя квірыты, справа тут датычыць не дробязяў, а спакою ўсяго народа, і яна павінна паслужыць добрым прыкладам на будучыню. З гэтай прычыны, для захавання грамадскай годнасці кожнаму з вас паасобку і ўсім разам належыць паклапаціцца, каб ахвяры крывавай бойні, узнятай гэтым агідным забойцам, у якой ён загубіў столькі грамадзян, не засталіся без адплаты. Не падумайце, што ў мяне ёсць асабістая варожасць да злачынцы і сваю строгасць я праяўляю з нянавісці. Я — начальнік начной варты і лічу, што да сягонняшняга дня ніхто не мог папракнуць мяне ў недастатковай пільнасці Я дакладна раскажу вам, у чым справа і што здарылася мінулай ноччу. Дык вось, калі ў час трэцяй варты абыходжу я з надзвычайнай пільнасцю горад, аглядаючы кожны дом, заўважаю гэтага лютага юнака, які, дастаўшы меч, сее вакол сябе смерць, і ўжо тры ахвяры ягонай раз'юшанасці развітваліся ля яго ног з жыццём, валяючыся ў крыві. А ён сам, не без прычыны ўстрывожаны ўсведамленнем сваёй віны, адразу пусціўся наўцёкі і, выкарыстаўшы цемру ночы, схаваўся ў нейкім доме, дзе і прабыў усю ноч.

Аднак, дзякуючы боскаму наканаванню, якое не пакідае нераскрытым ні адно злачынства, дачакаўшыся раніцы, перад тым, як ён мог бы даць драла, я прыклаў усё старанне, каб прывесці яго сюды і даць вам магчымасць вынесці справядлівы прысуд. І вось стаіць перад вамі заплямлены гэтулькімі забойствамі падсудны чужаземец, злоўлены на месцы злачынства. Дык вынесіце ж без вагання прысуд гэтаму чужаземцу, які зрабіў такое ліхадзейства, за якое вы і свайго грамадзяніна строга пакаралі б».

4. Пасля таго як змоўк голас майго абвінаваўцы, вяшчальнік звярнуўся да мяне з пытаннем, ці хачу я гаварыць у сваю абарону. А я ў той час мог толькі плакаць, думаючы, клянуся Геркулесам, не столькі пра грозную прамову, колькі пра сваё загубленае сумленне. Нарэшце найшла на мяне з вышыняў мужнасць, і я пачаў гаварыць:

«І самому мне вядома, як цяжка чалавеку, якога абвінавачваюць у забойстве, стоячы над трупамі трох грамадзян, пераканаць такое мноства людзей у сваёй невінаватасці, хоць і гаварыў бы ён праўду ці добраахвотна прызнаўся ў злачынстве. Аднак, калі ваша памяркоўнасць адпусціць мне трохі ўвагі, я без цяжкасці дакажу вам, што не з уласнай віны рызыкую я цяпер жыццём, а ваша цалкам зразумелае абурэнне і нянавісць за праступак, якога я не зрабіў, узніклі з чыста выпадковых абставін.

5. Дык вось, калі я трохі пазней, чым звычайна, вяртаўся з вячэры і быў нецвярозы, што і з'яўляецца маім сапраўдным злачынствам, ад якога не адракаюся, каля дома вашага паважанага суайчынніка Мілона, дзе я спыніўся на кватэры, убачыў нейкіх раз'юшаных разбойнікаў, якія ламалі дзверы, і з лютасцю выцягвалі старанна змайстраваныя засаўкі, і згаворваліся паміж сабой загубіць гаспадароў. Адзін з іх, сама спрытны, каржакаваты, падахвочваў іншых: «Гэй, хлопцы, нападзём на сонных, як і належыць мужчынам, хутка і моцна. Прэч усякае марудства, усякую вяласць! Даставайце мячы, і няхай па ўсім доме гуляе забойства! Хто спіць, няхай загіне! Мы выйдзем цэлыя, калі ў доме не застанецца нікога ў жывых!» Праўду кажучы, квірыты, пры сустрэчы з такімі галаварэзамі, усведамляючы абавязак сумленнага грамадзяніна і адчуваючы немалы страх за сваіх гаспадароў і за самога сябе, узброены кароткім мячом, які быў у мяне з сабой на выпадак падобнага здарэння, я хацеў напалохаць іх і змусіць уцячы. Аднак гэтыя лютыя злачынцы, сапраўдныя варвары, і не збіраліся ўцякаць. Яны пачалі нахабна супраціўляцца, хоць бачылі ў маіх руках зброю.

6. Пачынаецца сапраўднае змаганне. Правадыр банды накінуўся на мяне з усіх сіл і, схапіўшы мяне абедзвюма рукамі за валасы і закінуўшы маю галаву назад, хацеў разбіць яе каменем. Але пакуль ён крычаў, каб падалі яму камень, я прабіваю яго цвёрдай рукой, і ён валіцца дагары. Затым другога, які кусаўся, учапіўшыся мне за ногі, прабіваю меткім ударам між лапатак, а пасля пранізваю наскрозь грудзі трэцяму, які стрымгалоў на мяне рынуўся. Гэтак, вярнуўшы супакой і абараніўшы дом маіх гаспадароў і грамадскую бяспеку, я не толькі лічу сябе ні ў чым не вінаватым, а нават думаю, што заслугоўваю пахвалы ад грамадзян, тым больш што нават цень абвінавачання ў якім-небудзь злачынстве не клаўся на мяне ніколі. І на радзіме заўсёды ўсе лічылі мяне чалавекам сумленным, бо чыстае сумленне ставіў я ўсюды вышэй за любую выгаду.

Цяпер я не магу зразумець, чаму справядлівая расправа, зробленая мною з гэтымі гнюснымі разбойнікамі, накладае на мяне гэтае абвінавачанне, хоць ніхто не зможа даказаць, што раней між намі мела месца варожасць або што я з імі знаёмы, ні тым больш няма мовы аб якой-небудзь нажыве, якая вытлумачыла б гэта злачынства».

7. Закончыўшы, я зноў заліўся слязьмі і, выцягваючы ў вялікім горы свае рукі, выпрошваю то ў адных, то ў другіх у імя іх сама дарагіх прыхільнасцяў грамадзянскай літасці.

Мне пачало ўжо здавацца, што ў прысутных прачнулася спачуванне, што ўсе расчулены, бачачы жаласлівыя слёзы, я ўжо паклікаў у сведкі ўсеабдымныя вочы Сонца і Справядлівасці і ход маёй справы збіраўся аддаць у рукі найвышэйшай боскай волі, як раптам, трохі прыўзняўшы галаву, бачу, што ўвесь натоўп надрываецца ад смеху і нават мой добры гаспадар Мілон рагоча на ўсё горла. Тады я падумаў: «Вось яна, вернасць! Я зрабіўся дзеля ратавання гаспадара забойцам, мне пагражае смяротнае пакаранне, і ён не толькі не просіць за мяне і не прыносіць мне сваёй прысутнасцю ніякай уцехі, а нават рагоча над маёй бядой!»

8. У той момант прабягае праз сярэдзіну тэатра нейкая заплаканая, у жалобе жанчына з дзіцём на руках, а следам за ёй другая ў жудасных лахманах, старая і такая ж збедаваная і ў слязах. Абедзве трасуць аліўкавымі галінкамі, стаўшы абапал месца, дзе ляжалі накрытыя нябожчыкі, падымаюць плач і галашэнне: «Заклінаем усіх грамадзянскай літасцю і для ўсіх агульным правам на спачуванне! Злітуйцеся над ганебна зарэзанымі юнакамі і над нашым удаўством, дайце нашай адзіноце пацеху і адплату ці хоць акажыце дапамогу гэтаму немаўляці, ужо з малых гадоў абяздоленаму, і кроў гэтага забойцы няхай стане ахвярай выкупу перад вашым законам і пастановамі грамадзянскай маральнасці!»

Пасля гэтага старэйшы суддзя падняўся і звярнуўся да народа: «Злачынства, якое заслугоўвае сур'ёзнага пакарання, не адмаўляе і той, хто яго зрабіў, аднак у нас застаўся яшчэ адзін клопат — знайсці супольнікаў гэтага страшнага ўчынку, бо зусім немагчыма паверыць, каб адзін чалавек мог справіцца з трыма такімі дужымі маладымі людзьмі. З гэтай прычыны прыйдзецца нам здабыць прызнанне катаваннямі. Слуга, які быў з ім, схаваўся, і так склаліся ўмовы, што толькі ён сам пры допыце можа назваць сваіх хаўруснікаў, каб мы канчаткова пазбавіліся ад гэтай лютай хеўры».

9. Неўзабаве прыносяць, па грэцкім звычаі, агонь, кола і розныя бізуны. Мой адчай расце ці нават падвойваецца: значыць, не ўдасца незнявечанаму памерці. А тая старая, што ўсю маю душу перавярнула сваім плачам, кажа: «Добрыя грамадзяне, перш чым вы гэтага разбойніка, забойцу маіх дзетак прыб'яце да крыжа, дазвольце адкрыць целы забітых, каб, убачыўшы іхнюю маладосць і прыгажосць, вы яшчэ больш прасякнуліся справядлівым абурэннем і праявілі бязлітаснасць, якой заслугоўвае гэта злачынства».

Гэтыя словы былі сустрэты воплескамі, і суддзя загадвае мне самому адкрыць забітых. Праз тое, што я доўга адмаўляюся выстаўляць нанова напаказ трупы, каб не аднаўляць у памяці ўчарашні выпадак, за мяне, па загаду суддзі, з асаблівай настойлівасцю бяруцца стражнікі і нарэшце, адарваўшы ад боку маю руку, змушаюць выцягнуць яе да трупаў. Нарэшце, пераможаны неабходнасцю, я здаюся і, зразумела, супраць сваёй волі, адхінаю пакрывала.

О добрыя багі, што за відовішча! Што за цуд! Якая раптоўная перамена ў маім лёсе! Я ж лічыў сябе ўжо ўласнасцю Празерпіны і дамачадцам Орка, і раптам справа паварочваецца зусім інакш, і я, анямелы, застываю. Не магу знайсці адпаведных слоў, каб апісаць гэты незвычайны малюнак — трупы пабітых аказаліся трыма надзьмутымі бурдзюкамі з прасечанымі ў розных месцах дзірамі, якія, наколькі прыпамінаю сваю ўчарашнюю барацьбу, адпавядаюць тым месцам, куды я наносіў разбойнікам раны.

10. І вось цяпер тыя, што хітра стрымліваліся ад смеху, далі рогату поўную волю. Некаторыя адны адных радасна віншавалі, іншыя, схапіўшыся рукамі за жывот, стараліся супыніць боль у страўніку. Навесяліўшыся ўдосталь, усе выходзяць з тэатра і аглядаюцца на мяне. А я, як узяў у рукі тое пакрывала, так і стаяў адзервянелы, нерухомы, як камень, ці статуя, або калона ў тэатры. І стаяў я так, пакуль не падышоў да мяне мой гаспадар Мілон і не ўзяў мяне за руку. Ён, нягледзячы на маё супраціўленне, на слёзы і частае ўсхліпванне, пацягнуў мяне за сабой, скарыстаўшы сяброўскі прымус. Выбіраючы зацішнейшыя вуліцы, нейкім кружным шляхам вёў ён мяне да свайго дому, стараючыся гутаркай разагнаць маю змрочнасць і, усё яшчэ дрыготкага, супакоіць. Аднак той крыўды і абурэння, якія заселі ў маім сэрцы, ён не мог затушыць ніякім чынам.

11. Праз нейкі час прыходзяць у наш дом суседзі са сваімі адзнакамі ўлады і стараюцца мяне ўласкавіць такімі разважаннямі: «Нам былі добра вядомыя, пан Луцый, і тваё высокае становішча, і старажытнасць твайго роду, бо па ўсёй правінцыі разносіцца слава аб высакароднасці вашай сям'і. А тое, што прыйшлося табе перанесці і што так моцна цябе засмучае, зроблена не дзеля таго, каб цябе абразіць. Выкінь з галавы гэту непрыемнасць і гані са сваёй душы смутак. Гэтыя гульні, якія мы ўрачыста і ўсенародна спраўляем кожны год у гонар найлітасцівейшага бога Смеху, заўсёды ўпрыгожваюцца якой-небудзь новай выдумкай. Гэты бог вельмі прыхільны як да аўтара, так і да выканаўцаў відовішча ў яго гонар. Ён будзе з любасцю спадарожнічаць табе і не дапусціць, каб ты смуткаваў, і тваё чало заўсёды будзе раз'яснена бесклапотнай радасцю.

Увесь наш горад за зробленую яму паслугу прысудзіў табе высокае званне: ты запісаны ў лік яго патронаў і вынесена пастанова ўзняць тваю бронзавую статую».

На гэта я адказваю: «Дзякую табе, сама знакаміты і непараўнальны сярод гарадоў Фесаліі. Удзячнасць мая роўная і той вялікай пашане, аднак статую раю пакінуць для людзей больш за мяне знакамітых і дастойных».

12. Пасля гэтага сціплага адказу я стараюся ўсміхацца і прыняць, наколькі магчыма, весялейшы выгляд і ветліва развітваюся з суседзямі. А тут прыбягае нейкі слуга і гаворыць: «Цябе кліча твая сваячка Бірэна і напамінае, што настае пара банкету, на які ты ўчора абяцаў прыйсці». Спалохаўшыся самога ўспаміну пра яе дом, я адказваю: «З ахвотай выканаў бы я жаданне цётачкі, калі б не быў звязаны словам. Мой гаспадар Мілон заклінаў мяне богам сягонняшняга дня і прымусіў даць абяцанне абедаць у яго. І сам ён нікуды не ідзе, і мне ісці не дазваляе, дык я прашу прабачэння».

Ледзь гэта я сказаў, як Мілон, узяўшы мяне пад сваю апеку, павёў у лазню, куды загадаў прынесці ўсё патрэбнае нам. Каб чым найменш трапляць на вочы і пазбегнуць кпінаў сустрэчных, я ішоў, прытуліўшыся да яго. Ад сораму не памятаю ўжо, як я мыўся, як націраўся і як вярнуўся дамоў. Гэтак я губляўся і бянтэжыўся, калі ўсе паказвалі на мяне вачыма, кіўкамі і нават пальцамі!

13. Нарэшце, праглынуўшы спехам сціплую вячэру і спаслаўшыся на боль галавы, які быў выкліканы маім няспынным плачам, прашу дазволу на адыход адпачываць і атрымліваю яго. Кінуўшыся на ложак, прыпамінаю ў скрусе здарэнні мінулага дня, аж пакуль, паклаўшы спаць сваю гаспадыню, не з'яўляецца мая Фаціда.

На гэты раз яна не падобная сама да сябе — ні вясёлага твару, ні жвавай гутаркі, панурая, з глыбокімі зморшчкамі на лбе. І вось нясмела, з цяжкасцю вымаўляючы кожнае слова, яна гаворыць: «Я і толькі я была прычынай тваіх непрыемнасцяў, — і тут выцягвае з-за пазухі нейкую дзяжку і, падаючы мне, дадае: — Вазьмі, прашу цябе, і адпомсці нявернай жанчыне, а нават налажы яшчэ большае спагнанне. Але толькі не падумай, што я знарок навяла на цябе гэту напасць. Багі не дапусцяць, каб праз мяне прыйшлося табе хоць крыху папакутаваць. І калі што-небудзь будзе табе пагражаць, няхай будзеш ты выбаўлены з небяспекі цаной маёй крыві? Дык вось, па волі злога лёсу тое, што я рабіла паводле чужога загаду і з іншымі намерамі, павярнулася на тваю шкоду».

14. Тады я пад уплывам сваёй прыроджанай дапытлівасці, жадаючы высветліць скрытую прычыну здарэння, кажу: «Гэта пуга, прызначаная для пакарання цябе самой, сама паганая і сама ненавісная, і я перш парэжу яе і парву на шматкі, чым дакрануся да тваёй пуховай, малочнай скуры. Але ты раскажы, які твой праступак пакіравала зменлівасць лёсу на маю шкоду. Клянуся табе тваёй найдаражэйшай мне галавою, што я не магу паверыць нікому і нават табе самой, калі б ты казала, што нібы ты задумала нешта на маю згубу. А прытым неспадзяваны выпадак, калі б ён нават і аказаўся варожым, не можа цябе зрабіць вінаватай». Закончыўшы гэта, вочы маёй Фаціды, вільготныя і трапяткія, млявыя ад блізкай страсці, гатовыя вось-вось закрыцца, я пачаў асушваць гарачымі звонкімі пацалункамі.

15. Тут яна, падбадзёрыўшыся ад радасці, кажа: «Дазволь спярша зачыніць дзверы, каб не зрабіць мне большага праступка, калі па маёй балбатлівасці вылеціць якое-небудзь лішняе слова». Пасля гэтага яна засунула засаўкі, зашчапіла крукі, а тады, вярнуўшыся да мяне і абняўшы мяне за шыю, пачала гаварыць ледзь чутным голасам: «Я вельмі баюся адкрыць сакрэты гэтага дома і здрадзіць таямніцы маёй гаспадыні. Я спадзяюся на цябе і на тваю адукаванасць і веру табе, што ты чалавек не толькі годны з прычыны свайго высакароднага паходжання, але і ўмееш захаваць дадзенае абяцанне маўчаць. Такім чынам тое, што я давяраю глыбіням твайго сэрца, беражы запёртым вечна за моцнай агароджай і за шчырасць майго прызнання ўзнагародзь мяне сталасцю свайго маўчання. Маё каханне пабуджае мяне расказаць табе тое, што вядома толькі адной мне. Зараз даведаешся, што робіцца ў нашым доме, пазнаеш дзіўныя таямніцы маёй гаспадыні, бо ёй паслухмяныя маны, па яе загаду мяняюць ход нябесныя свяцілы, ёй падпарадкоўваюцца багі і служаць стыхіі. Аднак ніколі з большым стараннем не выкарыстоўвае яна сваё ўмельства, чым тады, калі загледзіцца на прыгожага юнака, што здараецца з ёй даволі часта.

16. Вось і цяпер яна без памяці закаханая ў нейкага маладога беатыйца, юнака цудоўнай прыгажосці, і з запалам пускае ў ход усю сілу свайго чараўніцтва, усе свае хітрыкі. Учора вечарам чула на свае вушы, уласнымі, кажу табе, вушамі чула, як яна пагражала самому Сонцу замкнуць яго ў туманны змрок і вечную цемру за тое, што, на яе думку, яно недастаткова хутка спусцілася з неба і не паспяшалася адступіць месца ночы для выпаўнення магічных абрадаў.

Учора, вяртаючыся з лазні, яна выпадкова заўважыла, што гэты юнак сядзіць у цырульні, і загадала мне забраць цішком яго валасы, якія пасля стрыжкі валяліся на зямлі. Калі я падбірала, злавіў мяне цырульнік, а дзеля таго, што пра нас і так гавораць, што мы займаемся вядзьмарствам, дык ён схапіў мяне за руку і злосна закрычаў: «Перастанеш ты, паскуда, цягаць валасы прыстойных людзей? Калі не спыніш гэтых паскудстваў, дык здам цябе ў рукі ўлады!» Пасля гэтага ён абмацаў мяне і, запусціўшы руку за пазуху і пашнырыўшы там, намацаў схаваныя ў мяне між грудзей валасы і выцягнуў іх з гневам. Вельмі засмучаная няўдачай і ведаючы нораў сваёй гаспадыні, якая пры такіх няўдачах асабліва хвалюецца і ў злосці б'е мяне, я адразу хацела зусім ад яе ўцячы, але ўспамін аб табе прымусіў мяне гэты намер пакінуць.

17. І калі я так засумаваная ішла, думаючы, як мне вярнуцца дамоў не з пустымі рукамі, заўважыла, што нейкі чалавек абстрыгае невялічкімі нажніцамі казліныя скуры. Убачыўшы, што ён іх моцна пазвязваў, надзьмуў і пачаў развешваць, я падабрала рыжаватую воўну, падобную да валасоў юнака з Беоцыі, і, не сказаўшы праўды, перадала гаспадыні.

З надыходам ночы, перад тым, як табе вяртацца з вечара, Панфіла з вялікім нецярпеннем падымаецца на плоскі драначны дах, які з таго боку будынка нічым не заслонены ад вятроў і адкрыты на ўсход і на іншыя бакі. Туды ходзіць Панфіла тайком для сваіх магічных заняткаў. Перш за ўсё рыхтуе яна ўсе прылады сваёй злавеснай творчасці: розныя пахнілы, таблічкі з незразумелымі надпісамі і ўцалелыя абломкі загінуўшых караблёў, раскладзеныя шматлікія часткі аплаканых і нават пахаваных нябожчыкаў — там ноздры і пальцы, там цвікі ад крыжоў з прысохлым мясам, у іншым месцы кроў, забраная пасля забойства, і прабітыя чарапы, вырваныя з ляпы дзікіх звяроў.

18. Там яна, вымаўляючы заклінанні над яшчэ трапяткімі вантробамі, вылівае розныя вадкасці — то крынічную ваду, то малако, то горны мёд, то віно. Пасля тыя валасы, сплёўшы і звязаўшы вузламі, кладзе з рознымі пахніламі на вуголле, каб спаліць. І вось у той час сілай чараў і тайнай уладай над багамі яны ствараюць, што целы тых, чые валасы патрэсквалі і дыміліся, прымаюць праз нейкі час чалавечую душу і адчуваюць, і чуюць, і рухаюцца, і, занаджаныя пахам астаткаў свайго цела, прыходзяць сюды, і, замест таго беатыйскага юнака, стараючыся ўвайсці, ломяцца ў дзверы. А тут якраз з'яўляешся ты і пад уплывам выпітага віна, збіты з толку начной цемрай і ўзброены, быццам той шалёны Аякс, дастаеш свой меч. Толькі Аякс, напаўшы на жывёлу, перарэзаў увесь статак, а ты за яго адважнейшы, бо пад тваімі ўдарамі выпусцілі дух тры надзьмутыя бурдзюкі. Такім чынам, у маіх абдымках знаходзіцца той, хто перамог ворагаў, не праліўшы ні кроплі крыві, ты не чалавеказабойца, а бурдзюказабойца».

19. Жывая гутарка Фаціды развесяліла мяне, і я адказваю ёй жартам: «Відаць, я магу гэта праяўленне адвагі, якое мяне так праславіла, лічыць адным з дванаццаці Геркулесавых подзвігаў, параўноўваючы з трохцелым Герыонам ці з трохгаловым Цэрберам, бо і бурдзюкоў гэтулькі ж! Аднак для таго, каб я шчыра і ад душы дараваў твой праступак, які каштаваў мне гэтулькі непрыемнасцяў, выканай маё запаветнае жаданне і пакажы мне, як твая гаспадыня займаецца гэтай боскай навукай. Я хачу ўбачыць, як яна выклікае багоў, як рыхтуецца да сваіх чараў, бо да ўсяго, што адносіцца да магіі, я вялікі аматар. Між іншым, мне здаецца, што і ты сама не навічок у гэтых справах, што маеш значны вопыт. Аб гэтым я здагадваюся і гэта адчуваю, бо раней я грэбаваў жанчынамі і іхнімі абдымкамі, а ты мяне гэтымі бліскучымі вочкамі, румянымі шчочкамі, кучаравай галоўкай, сакавітымі пацалункамі і пахучымі грудкамі зацягнула ў сваю, хоць і жаданую, няволю. Я ўжо і дамоў не спяшаюся, не рыхтуюся да ад'езду і вось гэтай ночы з табой ні на што не памяняю».

20. «Вельмі хацела б я, — адказвае яна, — зрабіць табе, Луцый, тое, чаго ты жадаеш, аднак, не гаворачы пра яе надзвычайную насцярожанасць у прыватным жыцці, магічнымі справамі яна займаецца ў поўнай адзіноце, недаступная чужому воку. Але твая просьба даражэйшая мне за маю бяспеку, і пры першай магчымасці я пастараюся яе выканаць. Толькі, як я ўжо казала раней, ты пра гэту такую важную справу павінен непарушна маўчаць».

Пакуль мы так балакалі, у абаіх у душы і целе прачнуліся пачуцці пажадлівасці. Раздзеўшыся дагала, мы аддаліся шаленствам Венеры... Калі я вельмі стаміўся і быў перакананы, што дасягнуў верху здавальнення, Фаціда з уласнай шчодрай самаадданасці адкрыла мне на заканчэнне новую крыніцу бязмежнай юрлівасці... Нарэшце, знясілеўшы, мы самкнулі вочы, і моцнае забыццё пратрымала нас у абдымках да самага рання.

21. Не шмат пасля таго правялі мы такіх ночак, калі раптам аднаго дня прыбягае да мяне ўсхваляваная Фаціда і паведамляе, што яе гаспадыня, якой ніякія чары дагэтуль не памаглі ў яе любоўных справах, сягоння ўночы будзе абарочвацца ў птушку і ў такім выглядзе паляціць да свайго жаданага. Дык я павінен падрыхтавацца назіраць гэтае надзвычайнае дзіва.

І вось пад поўнач яна вядзе мяне на дыбачках на гарышча і загадвае глядзець праз нейкую шчылінку ў дзвярах. А далей усё адбывалася так.

Перш за ўсё скідае з сябе Панфіла апраткі і, адчыніўшы нейкую шкатулку, вымае адтуль мноства скрыначак, здымае з адной накрыўку і, набраўшы мазі, расцірае яе доўгі час між далонямі, а пасля намазвае ўсё цела ад ног да галавы. Доўга шэпчацца са сваёй лямпай, урэшце пачынае трэсціся ўсімі членамі. А пакуль яны ўздрыгваюць, іх пакрывае далікатны пушок, вырастаюць моцныя пёры, нос загінаецца і цвярдзее, крывымі робяцца ногі. Памфіла становіцца савой. Жаласліва крыкнуўшы, яна выпрабоўвае свае сілы, злёгку падскокваючы над зямлёй. А неўзабаве, узняўшыся ўгору і распусціўшы крылле, адлятае.

22. Яна перамяніла выгляд сілай свайго магічнага майстэрства, а я, быццам зачараваны, акамянелы ад здзіўлення толькі што ўбачаным, адчуў сябе абы-кім, толькі не Луцыем. Амаль страціўшы прытомнасць, ашаломлены да крайнасці, я доўга праціраў вочы, стараючыся пераканацца, што не сплю. Нарэшце, апамятаўшыся і вярнуўшыся да рэчаіснасці, хапаю руку Фаціды і, падымаючы яе да сваіх вачэй, гавару:

«Не адмаўляй, прашу цябе, пакуль спрыяе нам выпадак, даць мне найвялікшы доказ выключнай тваёй да мяне прыхільнасці і ўдзялі мне крышачку гэтай мазі. Заклінаю цябе гэтымі вачамі, якія належаць табе, зрабі мяне вечным неаплатным сваім нявольнікам і пасадзейнічай, каб я стаў побач з табой, маёй Венерай, крылатым Купідонам!»

«Гляньце, калі ласка, — адказвае яна, — які хітрун знайшоўся. Мой каханак хоча, каб я сама сябе пакрыўдзіла. Я і так з цяжкасцю абараняю цябе, безабароннага, ад фесальскіх дзевак, а як ты станеш птушкай, дык дзе я тады і калі цябе знайду?»

23. «Няхай мяне багі бароняць ад гэткага злачынства, — кажу я, — каб я нават стаў арлом і высокімі палётамі аблятаў усё неба ў якасці даверанага вестуна ці ганарыстага збраяносца Юпітэра, усё роўна адразу б вярнуўся пасля такога ўзвышэння ў сваё гняздзечка. Клянуся гэтым спакуслівым завітком тваіх кудзерак, якім ты аблытала маю душу, што няма нікога ў свеце, на каго б памяняў я сваю Фаціду. Вось што я падумаў яшчэ: як толькі ад гэтай мазі я абярнуся птушкай, мне прыйдзецца трымацца далей ад дамоў. Якая ж радасць з такога прыгожага і вясёлага палюбоўніка, як сава? Ці ж мы не бачым, як гэтых начных птушак, калі яны заляцяць у чый-небудзь двор, ловяць і прыбіваюць да дзвярэй, каб тую бяду, якой пагражае іх злавеснае з'яўленне, яны адкуплялі сваімі пакутамі. Аднак я забыўся папытацца, што трэба зрабіць ці сказаць, каб скінуць тое апярэнне і зноў стаць самім сабой, Луцыем?»

«Наконт гэтага не хвалюйся, — адказала яна, — гаспадыня паказала мне ўсе спосабы, якімі кожная з гэтых жывёлін можа вярнуцца ў сваё чалавечае аблічча. Не думай, што яна зрабіла гэта ад нейкай прыхільнасці да мяне, а для таго, каб пасля яе вяртання дамоў я магла ёй дапамагаць. Зрэшты, глядзі, якімі простымі і мізэрнымі травінкамі робіцца такая важная справа: кладуць у крынічную ваду трохі кропу з лаўровым лістам і даюць абмыцца і выпіць».

24. Паўтарыўшы гэта яшчэ некалькі разоў, яна, вельмі ўсхваляваная, кінулася ў пакой і выняла са шкатулкі скрыначку. Схапіўшы і пацалаваўшы яе, я ўпрошваю дараваць мне шчаслівыя палёты, а пасля скінуў з сябе ўсю вопратку, хціва зачэрпнуў мазі і нацёр ёю ўсё цела. А тады, узмахваючы то адной, то другой рукой, я стараюся пераймаць рухі птушкі, аднак не бачу ніякага пушку, ні пярынкі, толькі мае валасы пачынаюць грубець, становяцца шэрсцю, скура мая цвярдзее, а на руках і нагах пальцы злучаюцца ў капыты і з хрыбта прарастае вялікі хвост. Вось і твар становіцца велічэзным, рот расцягваецца, ноздры расшыраюцца, губы вісяць, вушы празмерна павялічваюцца і абрастаюць шэрсцю. І не бачу я ў гэтым жудасным пераўтварэнні нічога, што магло б мяне ўсцешыць, калі не лічыць таго, што адзнака маёй прыналежнасці да мужчынскага полу значна павялічылася, хоць я і быў цяпер пазбаўлены магчымасці валодаць Фацідай.

25. І пакуль аглядаю ўсе часткі свайго цела без ніякай надзеі на ратунак і бачу сябе не птушкай, а аслом, хочацца мне дакараць Фаціду за яе ўчынак, аднак, пазбаўлены як голасу, так і чалавечых рухаў, раблю тое, што магу: адвесіўшы ніжнюю губу і скасіўшы вочы, моўчкі гляджу на яе. А яна, як толькі ўбачыла мяне ў такім выглядзе, закрыла твар рукамі і выкрыкнула: «Ах, гора ж маё! Падвяло мяне маё хваляванне і мая паспешлівасць! Увяло ў зман і падабенства скрыначак! Яшчэ добра тое, што сродак супраць такога ператварэння зрабіць лёгка, варта табе пажаваць ружу, і ты станеш, скінуўшы воблік асла, зноў маім Луцыем. Чаму ж я ўчора не прынесла, як заўсёды, якіх-небудь вяночкаў! Табе б і адной ночы чакаць не прыйшлося! Але як толькі пачне світаць, будзе табе лякарства!»

26. Так яна бедавала, а я, хоць і зрабіўся сапраўдным аслом, з Луцыя ператварыўся ва ўючную жывёліну, усё ж захаваў чалавечае разуменне. Нейкі час я разважаў, ці не варта было б мне забрыкаць цвёрдымі капытамі і да смерці закусаць гэту нягодную жанчыну. Аднак ад гэтага безразважнага намеру паўстрымала мяне разумнейшае меркаванне: пакараўшы смерцю Фаціду, я пазбавіў бы сябе надзеі на выратаванне. І вось, страсянуўшы нізка апушчанай галавой, іду маўчком, зміраны са сваім часовым прыніжэннем, да свайго каня, вернага майго слугі, у канюшню, там застаю яшчэ аднаго асла, які належаў майму гаспадару Мілону.

Я спадзяваўся, што калі існуюць паміж бязмоўнымі жывёлінамі якія-небудзь тайныя і прыродныя ганаровыя абавязкі, дык мой конь, пазнаўшы мяне і паспачуваўшы, павінен праявіць гасціннасць і прыняць мяне, як знакамітага чужаземца. Аднак, о справядлівы Юпітэр, і ты, запаветны бог Вернасці! Мой слаўны носьбіт разам з аслом ссоўваюць морды і згаворваюцца мяне загубіць. Баючыся за свой корм, як толькі я падсунуўся да ясляў, яны, наставіўшы ў злосці вушы, пачынаюць мяне брыкаць. І так адагналі яны мяне ад ячменю, які я ўчора сваімі рукамі насыпаў гэтаму стараннаму слузе.

27. Пасля такой непрыхільнай сустрэчы я застаўся ў адзіноце і адышоўся ў кут канюшні. І вось пакуль я разважаю аб нахабнасці маіх сяброў і прыдумваю, як заўтра, ператварыўшыся пры дапамозе ружаў зноў у Луцыя, адпомшчу свайму нявернаму каню, раптам бачу на сярэднім слупе, які падпіраў бэлькі канюшні, амаль на самай сярэдзіне абраз багіні Эпоны, устаўлены ў нішу і старанна ўпрыгожаны гірляндамі з ружаў. Убачыўшы сродак паратунку, акрылены надзеяй, я стаў на заднія ногі, абапёрся пярэднімі і як толькі мог выцягнуў губы, каб дацягнуцца да гірляндаў. Ды, на маё няшчасце, мой слуга, якому было даручана даглядаць каня, заўважыўшы мой намер, абурана ўскочыў. «Колькі можна цярпець, — выкрыкнуў ён, — гэту клячу? Толькі што адбіраў ад жывёлы корм, а цяпер узяўся за выявы багоў! Я цябе, святататнік, так адлупцую, што закульгаеш і зробішся калекам!» І зараз жа пачаў шукаць, чым мяне набіць. Пад руку трапіла яму вязанка дроў, якая там выпадкова ляжала, дык, выбраўшы адпаведны калок яшчэ з неабдзёртымі лістамі, датуль мясіў мяне, няшчаснага, пакуль знадворку не пачуўся грукат у дзверы, а побач нехта не закрычаў: «Разбойнікі!» Тады ён спалохаўся і ўцёк.

28. Не прайшло і хвіліны, як шайка разбойнікаў, разламаўшы браму, запаўняе сабой усё. Усе памяшканні акружаны ўзброенымі людзьмі, а тыя, што бягуць на ратунак, усюды натыкаюцца на ворага. Ува ўсіх у руках паходні, якія разганяюць начны змрок, усе ўзброеныя мячамі. Зброя і полымя ззяюць, як сонца на ўзыходзе. Ударамі сякер узломваюць разбойнікі Мілонаву камору, якая знаходзілася ў сярэдзіне дома і была замкнёная на моцныя засаўкі і замкі. Там зберагалася ўсё Мілонава багацце. Уварваўшыся туды, рабаўнікі паспешліва выцягваюць усё дабро і, павязаўшы яго ў вузлы, дзеляць паміж сабой. Аднак колькасць клункаў большая за лік насільшчыкаў. Тады яны выводзяць з канюшні нас — двух аслоў і майго каня, навальваюць на нас чым найбольш сама цяжкіх вузлоў і гоняць нас палкамі прэч з начыста абрабаванага дома. Пакінуўшы аднаго са сваёй шайкі назіраць, як будзе разбірацца гэта злачынства, уся група разбойнікаў, асыпаючы нас ударамі палак, хутка гоніць непраходнымі сцежкамі ў горы.

29. Я быў ледзь жывы пад цяжарам такой паклажы ад стромкасці гары і ад доўгай дарогі. Тут мне, хоць і пазнавата, затое ўсур'ёз прыйшла ў галаву думка папрасіць дапамогі ў мясцовых улад і, скарыстаўшы паважанае імя імператара, збавіцца ад гэтулькіх нягод. Калі ўжо пры дзённым святле міналі мы нейкае мнагалюднае сяло, дзе з прычыны кірмашу было вялікае скопішча народу, я ў самай гушчыні натоўпу спрабаваў азвацца на роднай мове грэкаў да боскага імя Цэзара, але выкрыкнуў голасна і выразна толькі «О», а далейшых гукаў імя Цэзара вымавіць не змог. Разбойнікам не спадабаўся мой дзікі крык, і яны так вырабілі маю няшчасную скуру, што яна аказалася непрыдатнай нават на рэшата. І ўсё ж сам Юпітэр паслаў мне неспадзяваны ратунак. Мінаючы мноства хацінак і вялікіх двароў, убачыў я нейкі садок, у якім паміж іншых раслін цвілі цнатлівыя ружы, вільготныя ад ранішняй расы. Хціва разявіўшы рот, акрылены радаснай надзеяй на выратаванне, я падышоў бліжэй і ўжо цягнуўся да іх дрыготкімі губамі, як раптам спыніла мяне разумнейшая думка: калі я тут жа з асла ператваруся ў Луцыя, непазбежна загіну ад рук разбойнікаў, бо яны або палічаць мяне за чараўніка, або абвінавацяць у намеры данесці на іх.

Такім чынам, падпарадкоўваючыся неабходнасці і змірыўшыся са сваім становішчам, я, як належала аслу, устрымаўшыся ад ружаў, паскубаў сухой травіцы.

 

Кніга чацвертая

 

1. Каля паўдня, калі ўжо сонца моцна прыпякала, мы павярнулі ў адной вёсцы да нейкіх старых людзей, якія вялі знаёмства і сябравалі з разбойнікамі. Хоць я быў аслом, але зразумеў гэта з таго, як іх спатыкалі, з бясконцых радасных гутарак і пацалункаў. Разбойнікі падаравалі ім сякія-такія рэчы, зняўшы іх з маёй спіны, прытым перашэптваліся, відаць, расказваючы, што гэта частка іхняй бандыцкай здабычы. Праз нейкі час вызвалілі нас ад усіх цюкоў і мяхоў і пусцілі пасвіцца на блізкі луг.

Не мог я сябраваць са сваім канём і з аслом і не прывык яшчэ есці сухой травы. Аднак, вельмі згаладаўшыся, смела накіроўваюся ў заўважаны мною за хлявом агародчык і там, хоць і сырой гароднінай, набіваю сабе страўнік.

Паклікаўшы на дапамогу ўсіх багоў, пачынаю ўважліва прыглядацца, ці не ўбачу дзе-небудзь у суседнім садзе куста прыгожых ружаў. Самотнасць мясцовасці цешыла мяне надзеяй, што, прыкрыты кустамі, ужыўшы лекі, нікім не заўважаны, узнімуся і з жывёліны стану зноў чалавекам.

2. І калі я так плаваў у моры гэтых надзеяў, бачу зводдаль зацененую далінку з густым гаем, дзе сярод розных раслін і прыемнай зеляніны выдзялялася чырвань ружаў. Я ўжо лічыў у сваім яшчэ не зусім азвярэлым сэрцы, што гэты гай прысвечаны Венеры і грацыям і пад іх таямнічай апекай ззяе гэта каралеўская кветка. Тады, паклікаўшы на дапамогу багіню Ўдачу, пускаюся з усіх ног так, што клянуся Геркулесам, адчуў сябе не аслом, а вельмі хуткім скакуном. Аднак гэта мая рэзвая і спрытная спроба не здолела перамяніць мой жорсткі лёс. Наблізіўшыся да таго месца, не знаходжу тых далікатных і цудоўных ружаў, вільготных ад боскага нектару і расы, народжаных калючымі кустамі. І наогул не бачу ніякай далінкі, а толькі ўскраек рачнога берага, густа парослага дрэвамі. Гэтыя дрэвы, укрытыя падобнымі на лаўры лістамі, ствараюць накшталт духмяных кветак падоўжаныя чашачкі ўмеркавана пунсовага колеру, цалкам пазбаўленыя паху. Мясцовыя сяляне называюць іх лаўровымі ружамі, яны з'яўляюцца атрутай для любога арганізма.

3. Стомлены такой няўдачай, пакінуўшы ўсякую надзею на выратаванне, я хацеў ужо пакаштаваць гэтых ядавітых ружаў. Аднак пакуль не спяшаючыся я рыхтуюся іх сарваць, нейкі юнак, напэўна, агароднік, чыю агародніну я вынішчыў, даведаўшыся пра зробленую яму шкоду, прыбег з вялікім кіем, накінуўся на мяне і пачаў так мяне мясіць, што, напэўна, забіў бы да смерці, каб я не кінуўся сам сабе на паратунак. Задраўшы ўгару зад, я пачаў яго брыкаць заднімі нагамі, а калі ён, моцна пабіты, паваліўся на касагор, я выратаваўся ўцёкамі. Аднак тут жа нейкая жанчына, магчыма, яго жонка, убачыўшы, што ён павалены на зямлю і ледзь жывы, кінулася да яго з жаласлівым лямантам, пэўна, каб выклікаць да сябе спачуванне і адначасова загубіць мяне.

І вось усе жыхары вёскі, устрывожаныя яе галашэннем, склікаюць сабак і цкуюць, каб яны кінуліся на мяне і, раз'юшыўшыся, разарвалі на кавалкі. Я ўжо быў упэўнены, што настала мая смерць, бо сабакі былі такія вялікія і так было іх многа, што можна было ісці з імі на мядзведзяў і львоў. У такіх абставінах я пакінуў думку пра ўцёкі і хуткай рыссю вярнуўся ў той хлеў, дзе мы былі пастаўлены. Але і тут яны, ледзь стрымліваючы сабак, злавілі мяне і, прывязаўшы моцным рэменем да нейкага колца ў шуле, бясспрэчна, забілі б да смерці, каб мой страўнік, звузіўшыся ад балючых удараў, перапоўнены той грубай гароднінай і захварэўшы нястраўнасцю, не выпусціў цэлага струменю і не адагнаў іх ад майго спакутаванага цела, адных агіднай жыжкай, другіх едкім смуродам.

4. Хутка пасля таго як пачала спадаць паўдзённая спёка, нашы разбойнікі зноў абладавалі нас, і асабліва мяне, цяжкім грузам і рушылі далей.

Калі была ўжо пройдзена большая частка дарогі, стомлены доўгай хадой, знемагаючы пад цяжарам грузу, абяссілены ад палачных удараў, збіўшы ўсе капыты, кульгаючы, хістаючыся, дайшоў я да нейкай ціхай рэчкі, і раптам прыйшла мне ў галаву думка скарыстаць шчаслівы выпадак і, асцярожна падагнуўшы ногі, легчы на зямлю з намерам не ўставаць і не ісці далей, нягледзячы ні на якія пабоі.

Я быў гатовы нават памерці не толькі пад палкамі, але і ад удару нажа. Я думаў, што, ледзь жывы і слабы, атрымаю заслужаную адстаўку, як інвалід, а разбойнікі, каб паскорыць свае ўцёкі, перакладуць груз з маёй спіны на двух іншых уючнікаў, а мяне для найвышэйшай кары кінуць на здабычу ваўкам і груганам.

5. Аднак супраць гэтага цудоўнага плана паўстаў мой бязлітасны лёс. Другі асёл, адгадаўшы мае думкі, паваліўся раптам ад прытворнай стомленасці і заставаўся ляжаць з усімі манаткамі, як ні цягалі яго ў розныя бакі за хвост, за вушы і за ногі. Тады, стаміўшыся і страціўшы апошнюю надзею падняць яго, парадзіліся між сабой, што не варта важдацца з нерухомым, быццам акамянелым аслом і траціць дарагі час, пераклалі мяхі на мяне і на каня, а яго, падрэзаўшы яму ўсе паджылкі і сцягнуўшы трохі з дарогі, яшчэ жывога скінулі з абрыву ў прорву.

Разважыўшы долю свайго няшчаснага сябра, я вырашыў адкінуць усякія хітрыкі і ашуканства і, як паслухмяны асёл, служыць сваім гаспадарам. Неўзабаве я зразумеў з іхняй гутаркі, што ўжо хутка будзе прыпынак і канец усёй дарогі, што ўжо недалёка іхняе сталае месца. І сапраўды, мінуўшы яшчэ адзін не вельмі круты пад'ём, прыбылі мы нарэшце да мэты падарожжа. Там знялі з нас увесь груз і схавалі ў пячоры, а я, вызвалены ад цяжару, каб адагнаць стому, замест купання пачаў качацца па пяску.

6. Час і адпаведныя ўмовы вымушаюць мяне апісаць месца і тыя пячоры, дзе жылі разбойнікі. Адначасова праверу і дам вам адчуць, ці быў я аслом з розумам і пачуццямі.

Перад намі ўзнімалася велічная, адна з найвышэйшых, гара, зарослая густымі цяністымі кустамі. Яе пакручастыя схілы акружаныя вострымі і непрыступнымі скаламі, абвітымі ў выглядзе натуральнага ўмацавання глыбокімі цяснінамі і прорвамі, зацененымі розным кустоўем. Пеністым струменем падаў уніз, сцякаючы па схіле, ручай, які браў пачатак дзесьці на вяршыні гары. Ён то ўздымаў серабрыстыя хвалі, то, раздзяліўшыся на мноства струменьчыкаў, абліваў і забалочваў цясніны, то зноў злучаўся ў акружанае берагамі возера і ператвараўся ў павольную раку.

Над пячорай у цясніне паміж двума выступамі ўзнімалася высокая вежа, навокал якой цягнуўся частакол з моцных жэрдак, магчыма, загон для авечак. Паміж дзвюма сценамі быў вузкі праход. Гэта быў сапраўдны бандыцкі прытон, навокал якога не было ніякага жылля, апроч маленькай, наспех злепленай і накрытай трыснягом хацінкі, дзе, як я даведаўся, выбраныя па жэрабю разбойнікі вартавалі.

7. Дабраўшыся да месца, бандыты прывязалі нас моцнымі рамянямі каля самых дзвярэй і, скурчыўшыся, палезлі ў праход па адным, а там накінуліся з лаянкай на нейкую сагнутую цяжарам гадоў старую, на якой, відаць, ляжаў клопат карміць усіх гэтых суровых маладых мужчын. «Ну ты, нябожчыца непахаваная, — крычалі, — якой зямля не носіць і ў сябе не забірае, так ты пра нас дбаеш, седзячы тут без работы? Пасля такой небяспекі, у гэты позні час няма ў цябе чым нас накарміць? Толькі і ведаеш дзень і ночь наліваць неразбаўленым віном сваю ненажэрную вантробу!» Задрыжаўшы ад страху, старая адказвае пранізлівым галаском: «Вам, малойчыкі мае верныя, кармільцы мае маладзенькія, удосталь наварана рознай смачнай ежы, усё гатова: хлеба ўволю, віна ў келіхі паналівана, гарачая вада памыцца нарыхтавана».

Пасля такіх слоў яны зараз жа распранаюцца і, прапацеўшы перад вялікім агнём, абмыўшыся гарачай вадой і нацёршыся алеем, сядаюць за стол, застаўлены багатай ежай.

8. Толькі яны паселі, як раптам з'яўляецца яшчэ большая чарада маладых мужчын, у якіх можна было пазнаць такіх самых разбойнікаў. І гэтыя таксама прывалаклі здабычу з золата і з сярэбраных манет, посуду і шаўковых, затканых золатам дарагіх вопратак. Яны таксама, асвяжыўшыся мыццём, займаюць месцы на ложах сярод таварышаў, а прыслужваць за сталом даручаюць таму, на каго выпадзе жэрабя. Пасля гэтага пачынаецца жыраванне і папойка! Перапоўненыя місы апаражняюцца, вялікія боханы хлеба праз момант знікаюць, а чаркі быццам не маюць дна. Пачынаецца рогат, крыклівыя спевы, непрыстойныя жарты, зусім як у фіванскіх лапіфаў — паўчалавекаў, паўзвяроў, кентаўраў...

Тут адзін з іх, з выгляду дужэйшы за іншых, сказаў: «Мы ўшчэнт разнеслі дом Мілона Гіпацкага. Мы здабылі многа дабра сваёй адвагай, і ніхто не выбыў з нашага строю, ды яшчэ стала нас цяпер на чатыры пары ног больш. А вы, што хадзілі ў беоцкія гарады, вярнуліся аскубенымі і да таго страцілі Ламаха, сама адважнага нашага атамана. За яго жыццё можна было б смела аддаць усе тыя цюкі, што вы прывалаклі. Загубіла яго ўласная адвага, імя гэтага слаўнага мужа будзе пастаўлена між імёнаў цароў і знакамітых палкаводцаў. А вы ўмееце толькі, як зладзеі, дробязь красці ды па каморках старых бабуль ці па лазнях шнырыць».

9. Яму адказаў адзін з прыбылых пазней: «Няўжо ты адзін толькі ведаеш, што чым багацейшы дом, тым лягчэй яго абрабаваць? Хоць там і шмат чаляднікаў у прасторных пакоях, але кожны з іх больш дбае аб сваім ратунку, чым аб гаспадарскай маёмасці. А маленькія беражлівыя адзінокія людзі сваё, часта немалое багацце хаваюць далёка, ахоўваюць моцна і бароняць з рызыкай для жыцця. Магу даказаць гэта прыкладам. Як толькі ўвайшлі мы ў сямібрамныя Фівы, адразу, згодна з нашым рамяством, пачалі старанна выведваць, ці ёсць сярод жыхароў горада багатыя людзі, і, даведаўшыся, што пражывае там нейкі ліхвяр Хрызерас, уладальнік вялікага багацця, які, каб не плаціць падаткаў і не выконваць грамадскіх павіннасцяў, захоўвае сваю маёмасць вялікімі хітрыкамі, вырашылі яго памацаць. У маленькай з моцнымі запорамі хаціне сядзеў ён, абдзёрты і брудны, на сваіх мяшках з золатам. Мы вырашылі зрабіць налёт на яго першага, спадзеючыся, што адзін чалавек не зможа моцна супраціўляцца, дык мы без лішніх клопатаў завалодаем яго багаццем.

10. Як толькі сцямнела, мы пачалі сачыць за яго дзвярамі. Здымаць з крукоў, выбіваць ці ламаць іх было нам нязручна, бо былі яны моцныя і грукат мог бы пабудзіць усіх суседзяў. Дык наш правадыр, незабыўны Ламах, разлічваючы на свой спрыт, асцярожна прасоўвае руку ў адтуліну, у якую ўкладаюць ключ, і намагаецца адцягнуць засаўку. А той Хрызерас, сама нягодны з двухногіх, не спаў і чуў усё, што рабілася. Моўчкі, нячутнымі крокамі падкраўся ён і, нечакана нанёсшы ўдар, вялікім цвіком прыбіў руку нашага важака да дзвярэй. І так, пакінуўшы яго, быццам укрыжаванага, вылез на дах хаціны і пачаў крычаць не сваім голасам, што раптоўны пажар ахапіў яго дом, клікаць на дапамогу, называючы кожнага суседа па імю. Тут кожны, напалоханы блізкай бядой, бяжыць на ратунак.

11. Апынуўшыся перад выбарам або ўсім загінуць, або пакінуць сябра, мы з яго згоды выкарыстоўваем незвычайны, вымушаны сродак: ударам па звязках, дзе перадплечча злучаецца з плячом, адсякаем руку нашаму камандзіру і, заткнуўшы рану жмутам ануч, каб кроплі крыві не выдалі нашых слядоў, пакідаем абрубак, а Ламаха цягнем за сабой. Пакуль навокал трывала замяшанне, а мы былі ў страху ад шуму і навіслай небяспекі, гэты слаўны моцнай воляй муж, разумеючы, што бегчы з намі не зможа і заставацца яму немагчыма, настойліва пераконвае нас, сардэчна просіць, заклінаючы правай рукой Марса, вернасцю нашаму саюзу вызваліць яго ад пакут і палону. «Як можа жыць прыстойны разбойнік, — казаў ён, — без рукі, якая забівае і рабуе?» Ён лічыў бы сябе шчаслівым, калі б загінуў ад рукі таварыша. Не здолеўшы ўгаварыць нікога з нас на добраахвотнае бацьказабойства, выняў здаровай рукой свой меч, доўга яго цалаваў, а пасля моцным ударам убіў яго ўсярэдзіну сваіх грудзей. Тады мы, шануючы памяць нашага велікадушнага камандзіра, ахуталі старанна яго цела палатняным плашчом і апусцілі ў мора. Цяпер наш Ламах спачывае, пахаваны стыхіяй. Такая была яго смерць, вартая яго доблеснага жыцця.

12. А Алцім не мог, нягледзячы на сваю вынаходлівасць, даць рады волі злога лёсу. Узламаўшы дзверы ў нейкую хаціну, ён залез на другі паверх у спальню да соннай старой і замест таго, каб яе адразу прыкончыць, пачаў выкідаць нам праз шырокае акно яе манаткі — адну рэч за другой, а мы іх падбіралі. Выкінуўшы рэчы, ён захацеў забраць і пасцель, на якой ляжала старая. Вытрасшы яе з ложка і выцягнуўшы з-пад яе прасцірадлы, наважыўся адправіць іх тым самым шляхам, але тая нягодніца, паваліўшыся яму ў ногі, пачала ўпрошваць: «Навошта ты, сынок, аддаеш маё беднае рыззё, тыя няшчасныя анучы, суседзям багацеям, на двор якіх выходзіць гэта акно?»

Ашуканы хітрай і прытворнай мовай, Алцім паверыў сказанаму і, баючыся, каб сапраўды праз памылку рэчы не трапілі ў чужыя рукі, нахіліўся праз акно паглядзець, якія там жывуць суседзі. Калі ён так пільна ўглядаўся, не падазраючы бяды, гэта старая, хоць і калека, хуткім і нечаканым штуршком яго, перавешанага ў акне і занятага разгляданнем двара, спіхнула ўніз галавой. Мала таго, што вышыня была вялікая, ён зваліўся на вялікі камень, што там ляжаў, і паламаў сабе скабы. Выплёўваючы на грудзі кроў, расказаў ён нам, што здарылася, а пасля, нядоўга памучыўшыся, развітаўся з жыццём. За першым прыйшлося рабіць другое пахаванне — мы адправілі яго следам за Ламахам.

13. Асірацелыя ад дзвюх няўдач і баючыся далей шукаць шчасця ў Фівах, мы накіраваліся ў суседні горад Платэю. Там мы пачулі шмат пра нейкага Дэмыхара, які рыхтаваўся наладзіць бой гладыятараў. Гэта быў чалавек знакамітага роду, вельмі багаты і надзвычай шчодры, ён стараўся зрабіць, каб народная забава адпавядала па сваёй пышнасці яго багаццю. Не ў кожнага знойдзецца столькі здольнасці і красамоўства, каб адпаведнымі выразамі апісаць розныя бакі складанай падрыхтоўкі да свята. Вось слаўныя сваёй сілай гладыятары, вось спрактыкаваныя паляўнічыя, а там асуджаныя на смерць злачынцы, падрыхтаваныя на адкорм дзікіх звяроў. Апроч таго, узвышаюцца на палях машыны і вежы, пабудаваныя з дошак накшталт рухомага гмаху, упрыгожаныя яскравымі малюнкамі — выдатныя сховішчы для ўдзельнікаў запланаванага палявання. А яшчэ ж такое мноства, такая разнастайнасць звяроў! Ён спецыяльна паклапаціўся прывезці здалёк гэтыя хадзячыя пародзістыя пахавальні для асуджаных злачынцаў. Але найбольш з гэтага рыхтавання здзіўляла незвычайная колькасць вялізных мядзведзяў, якіх ён здабываў, не шкадуючы затрат, дзе толькі мог. Не лічачы тых, што былі злоўлены падчас яго паляванняў, не лічачы тых, якіх ён купляў за вялікія грошы, яшчэ і сябры абдароўвалі яго медзвядзямі розных масцяў, а ён усіх іх добра карміў, трацячы на гэта вялікія сродкі.

14. Аднак такая слаўная і такая незвычайная падрыхтоўка да ўсенароднай забавы не абышлася без згубнага ўмяшання Зайздрасці. Ад доўгага жыцця ў клетках, стомленыя летняй спёкай і доўгім сядзеннем без руху, мядзведзі раптам захварэлі на нейкую заразную хваробу і пачалі здыхаць. Ледзь не на кожнай плошчы можна было бачыць кінутыя тушы — вынік гэтай звярынай катастрофы. Тады просты люд, які змушаны крайняй беднасцю не грэбаваць ніякай ежай для напаўнення свайго заўжды пустога страўніка, пачынае збягацца да дармовага правіянту.

На падставе такой акалічнасці ў мяне і ў нашага слаўнага Эўбула з'явіўся хітры план. Мы забіраем, быццам на яду, сама вялікую тушу, акуратна ачышчаем шкуру ад мяса, пакінуўшы кіпцюры і галаву звера, пасыпаем шкуру попелам і сушым на сонцы. А пакуль шкура дубіцца пад промнямі нябеснага свяцільніка, мы абжыраемся мясам і так размяркоўваем нашы абавязкі ў запланаванай справе, каб адзін з нас, не так сама дужы, як сама адважны,і прытым цалкам добраахвотна, накрыўшыся гэтай скурай, стаў падобны да мядзведзіхі і, прыведзены ў дом Дэмахара, адчыніў нам уночы дзверы, праз якія мы маглі б трапіць у памяшканне.

15. Шмат знайшлося адважных з нашай банды, якім хацелася выканаць гэту хітрую задуму, аднак агульным галасаваннем быў вылучаны Фразіляон — ён выцягнуў жэрабя на гэту рызыкоўную справу. З вясёлым тварам улез ён у шырокую шкуру, якая зрабілася ўжо мяккай і гнуткай. Сшываем краі тонкім шпагатам, а каб шво стала непрыкметным, ды яго і так не было відаць, напускаем на яго з усіх бакоў касмылі шэрсці. Праціскаем галаву Фразіляона да горла звера, дзе была прарэзана шыя, і, зрабіўшы адтуліну для дыхання насупраць ноздраў і вачэй, садзім нашага адважнага сябра ў клетку, якую мы купілі за невялікія грошы. Пасля гэтай падрыхтоўкі мы заняліся далейшым выкананнем свайго плана.

16. Даведаўшыся, што нейкі Нікамор родам з Фракіі сябраваў з тым Дэмахорам, змастачылі ад яго імя пісьмо, у якім напісалі, што верны сябра высылае яму з удалага свайго палявання падарунак для ўпрыгожання свята. А як добра сцямнела, мы прыцягнулі Дэмахору клетку з Фразіляонам і перадалі яму наша фальшывае пісьмо. Здзіўлены велічынёй звера і ўсцешаны шчодрасцю сябра, якая была вельмі дарэчы, ён загадвае, каб нам, як пасрэднікам у гэтай справе, адлічылі з яго касы дзесяць залатых. Вядома, што кожная навіна абуджае ў людзях ахвоту паглядзець на цікавае відовішча, дык збеглася шмат народу да прывезенага звера, але наш Фразіляон неаднаразова спыняў залішнюю цікавасць пагрозлівымі рухамі. Усе ў адзін голас выслаўляюць шчасце і ўдачу Дэмахара, які цяпер пасля паморку мядзведзяў з новым папаўненнем мог палепшыць свае справы. І вось ён загадвае завезці звера зараз жа на свой хутар. Але тут умешваюся я.

17. «Глядзіце, — кажу я, — шаноўны пане, ці варта адпраўляць змораную спёкай і далёкай дарогай жывёліну ў гурт іншых звяроў, якія, як я чуў, не зусім здаровыя. Ці не лепш знайсці тут дзе-небудзь каля дома вальнейшае месца, у якім было б добрае паветра, а найлепш паблізу сажалкі, дзе халадок. Ці ж невядома вам, што гэтыя звяры жывуць каля густых зараснікаў, каля пячор і прыгожых крыніц?»

Перакананы такімі доказамі і ўспомніўшы пра нядаўнія страты, Дэмахар згадзіўся паставіць клетку там, дзе мы задумалі.

«Мы маглі б, — працягваю я, — уночы спаць каля гэтай клеткі, каб у пару падаваць стомленаму зверу ежу і пітво».

«У гэтым, — адказаў ён, — няма патрэбы, амаль усе мае слугі прывычныя да мядзведзяў і ўмеюць іх даглядаць».

18. Пасля гэтага мы развіталіся і пайшлі. Выйшаўшы за горад, мы бачым воддаль ад дарогі ў ціхім, схаваным ад людскіх вачэй месцы, могільнік. Там адчыняем некалькі грабніц, у якіх спачывалі спарахнелыя ўжо трупы, і рыхтуем месца на сваю здабычу. А пасля, заведзеным у нас звычаем, дачакаўшыся поўнай цемнаты, калі не свяціў месяц, а людзей апанаваў моцны сон, мы выстройваем наш узброены мячамі атрад і, быццам па сігнале, з'яўляемся каля варот Дэмахара.

Тым часам Фразіляон выходзіць у пэўны час з клеткі і забівае мячом усіх сонных вартаўнікоў, якія былі побач, а пасля і брамніка. Здабывае ключ, адчыняе браму і паказвае нам, калі мы ўварваліся і запоўнілі ўвесь двор, камору, у якой схавана багацце. Пасля таго як мы ўзламалі дзверы кладоўкі, я загадваю, каб кожны з нашых хапаў і нёс колькі зможа золата і серабра, хаваў яго ў падрыхтаваных намі былых кватэрах нябожчыкаў і чым хутчэй вяртаўся па наступную порцыю. А я сам павінен быў застацца каля дома, каб пільна, пакуль тыя не вернуцца, за ўсім сачыць.

Здавалася, што толькі адзін выгляд мядзведзіхі павінен наводзіць страх на кожнага, хто быў у доме, бо, які б ні быў адважны чалавек, сустрэўшыся з такой звярынай аграмадзінай, асабліва ўночы, пусціўся б наўцёкі і зачыніўся б ад страху ў сваёй каморцы.

19. Аднак супраць такіх правільных меркаванняў выступіла жорсткая няўдача. Пакуль я чакаў вяртання сваіх сяброў, нейкі заспаны служка, ці то занепакоены шумам, ці проста прачнуўшыся, вылазіць аднекуль і бачыць, што звер свабодна ходзіць па ўсім доме. Ён ціхенька вяртаецца і расказвае, што бачыў. Праз нейкую хвіліну ўвесь дом запоўніўся чэляддзю, якой было там нямала. Загараецца мноства лямпаў, паходняў, свечак і розных іншых свяцільняў, дык змрок рассейваецца. А натоўп гэтых людзей выйшаў не з голымі рукамі: хто з калом, хто з кап'ём, а хто з мячом, і пачалі ахоўваць выхады. Не забыліся і пра сабак — вушы доўгія, шэрсць дыбам.

20. Гоман мацнее, я ўжо мазгую, як мне ўцячы, але, схаваўшыся за дзверы, сачу, як Фразіляон спрытна адбіваецца ад сабачай зграі. У смяротнай небяспецы не забыўся ён ні пра сябе, ні пра нас і абараняўся ў самай разяўленай ляпе Цэрбера. Ён выдатна выконваў добраахвотна ўзятую на сябе ролю, то ўцякаючы, то баронячыся рознымі паваротамі і рухамі свайго цела, і ўрэшце змог выскачыць з дому. Аднак і на свабодзе не знайшоў ратунку, бо ўсе сабакі з блізкага двара і завулка, злыя і ў вялікай колькасці, гуртам далучыліся да той зграі, якая вырвалася з дому, і ўсе разам пусціліся наўздагон.

Цяжка было глядзець на гэта відовішча! Фразіляона акружыла раз'юшаная зграя, спыніла і пачала шкуматаць.

Не могучы перанесці такой жуды, я ўмешваюся ў натоўп людзей, якія беглі сюды і, каб не выдаць сябе, але дапамагчы свайму слаўнаму таварышу, звяртаюся да тых, што ладзілі аблаву: «Гэта будзе вялікае злачынства, калі мы загубім такога вялікага і каштоўнага звера».

21. Аднак мае хітрыя словы не прынеслі ніякай карысці гэтаму няшчаснаму юнаку. З дому выскоквае нейкі здаравенны бамбіза і пікай прабівае сэрца мядзведзіхі, за ім другі, а следам і многія, апомніўшыся ад страху, б'юць яе мячамі...

Так Фразіляон, гонар і краса нашай шайкі, аддаў сваё вартае бессмяротнасці жыццё, не страціўшы цярплівасці і не парушыўшы ні адным крыкам нашай святой прысягі. Раздзіраны зубамі, прабіваны зброяй, адказваў ворагам глухім выццём і звярыным рыканнем, пераносячы бяду з высакароднай стойкасцю, і аддаў душу лёсу, заслужыўшы несмяротную славу. Прытым ён так напалохаў усё тое зборышча, што да самага белага дня не знайшлося такога, хто б да ўжо забітага, распасцёртага звера дакрануўся хоць пальцам. І толькі ўранні нейкі мяснік, нясмела падышоўшы, распароў бруха мядзведзіхі і з жахам выявіў у ім адважнага разбойніка. Так загінуў Фразіляон, але слава яго не загінула.

А мы, паспешліва спакаваўшы здабычу, якую збераглі нам нябожчыкі, хуткім маршам пакінулі Платэю і не раз падумалі, што вернасць, якой мы не знаходзім у жыцці, грэбуючы каварствам жывых, перасялілася да мёртвых.

І вось, зусім знясіленыя ад цяжару ношак і цяжкасцяў дарогі, страціўшы трох сяброў, прыносім мы здабычу, якую вы бачыце».

22. Пасля заканчэння гэтага апавядання ўсе п'юць на ўспамін памерлых хаўруснікаў з залатых кубкаў неразбаўленае віно, а потым, падбадзёрыўшы сябе некалькімі песнямі ў гонар Марса, крыху супакойваюцца. А нам успомненая раней старая, не паскупіўшыся, насыпала вышэй меры свежага ячменю, але мой конь захапіў увесь гэты аброк у выключнае сваё карыстанне, а я мог сябе ўявіць на банкеце саліяў. Да гэтага часу я прызнаваў ячмень толькі дробна змолаты і добра развараны, дык пачаў шнарыць па кустах і знайшоў цэлую кучу хлебных скарынак, якія засталіся ад бандыцкіх застолляў, і пусціў у ход сваё горла, што ад доўгай галадоўкі запяклося і ўжо зарасло павуціннем.

Сярод ночы разбойнікі прачынаюцца, пераапранаюцца, пераўзбройваюцца і, хто з мячом, а хто прыбраўшыся ў лемураў, адпраўляюцца спешным маршам. А я ўсё прагна еў ды так, што нават сон, які мяне адольваў, не мог адарваць ад ежы. Калі я быў яшчэ Луцыем, дык каб наесціся, мне хапала аднаго-двух хлябкоў, а цяпер пры такім вялікім страўніку перажоўваў ужо трэці кошык і вельмі здзівіўся, як застаў мяне за гэтым заняткам світанак.

23. Нарэшце, кіраваны аслінай сарамлівасцю, з цяжкасцю адарваўшыся ад корму, натольваю смагу ў суседнім ручаі. Неўзабаве пачынаюць вяртацца разбойнікі, незвычайна занепакоеныя, не прынёсшы з сабой ніякага клунка і ніякай, нават дробнай, рэчы. Усімі сваімі сіламі, зброяй і намаганнямі ўсёй шайкі прывалакаюць адну толькі дзяўчыну, мяркуючы па рысах твару і вопратцы, прадстаўніцу высокага роду.

Клянуся Геркулесам, што нават у такім асле, як я, яна, хоць і гаравала, і рвала на сабе валасы і адзенне, магла выклікаць пажадлівасць. Прывёўшы яе ў пячору, бандыты стараюцца супакоіць і ўгаварыць, каб перастала адчайвацца, і так гавораць: «Тваё жыццё і твой гонар не ў небяспецы, пацярпі трохі, дай нам атрымаць за цябе выкуп, бо наша беднасць змушае нас займацца такімі справамі. А твае бацькі, хоць і вельмі даражаць сваім багаццем, усё ж пастараюцца сваё дзіця выкупіць».

24. Такімі і падобнымі словамі стараюцца разбойнікі падбадзёрыць дзяўчыну, але яна несціхана плакала, апусціўшы галаву на калені. Тады яны паклікалі старую і, загадаўшы ёй сесці побач з дзяўчынай і супакоіць яе прыветлівай гаворкай, самі накіроўваюцца па сваіх справах.

Аднак дзяўчына, нягледзячы на ўгаворы старой, не толькі не перастала плакаць, а галасіла ўсё мацней, і цела яе скаланалася ад няспынных рыданняў так, што нават на маіх вачах паявіліся слёзы. А яна плача і прыгаворвае: «Ох я, няшчасная, з гэтакага дому, з гэтакай сям'і, пазбаўленая столькіх слуг і дарагіх бацькоў, здабыча нахабнага рабунку, стаўшы паланянкай, укінутая ў гэту каменную вязніцу, разлучаная з усімі радасцямі і ўцехамі, як я магу спыніць слёзы сярод гэтых галаварэзаў, як змагу я тут жыць далей?» Закончыўшы гэтыя скаргі, стомленая напружаннем нерваў, душэўным болем і знямогаю цела, яна заплюшчыла вочы і заснула.

25. Аднак драмала яна не доўга. Раптам прачнуўшыся, у новым прыступе жальбы загаласіла яшчэ мацней і нават пачала біць сябе ў грудзі і па твары рукамі. А калі старая пачала распытваць, чаго яна так зноў забедавала, глыбока ўздыхнуўшы, адказала: «Ах, цяпер я ўжо беззваротна загінула, ад усякай надзеі на выратаванне адмовілася, застаецца мне толькі шукаць пятлі, мяча ці якой-небудзь прорвы».

На гэта старая зазлавалася і запатрабавала з грознай мінай, каб тая растлумачыла ёй, чаго гэта яна, перш супакоіўшыся, раптам зноў пачала разводзіць свае бясконцыя жальбы. «Відаць, — кажа, — ты вырашыла пазбавіць маіх хлопцаў выкупу; калі будзеш так далей сябе паводзіць, дык я не пагляджу на твае слёзы, якія ў разбойнікаў не дорага каштуюць, і спалю цябе жыўцом».

26. Напалоханая такой пагрозай, дзяўчына цалуе старой рукі і кажа: «Злітуйся, родная, абудзі ў сабе людское спачуванне і памажы мне ў цяжкой маёй нядолі хоць крыху. Я спадзяюся, што ў табе, якая дажыла да святой сівізны, жаль да людзей не патух. Зірні на маё гора. Ёсць цудоўны юнак, першы між сваімі равеснікамі, аднагалосна выбраны сынам горада, ён мой стрыечны брат, старэйшы за мяне на тры гады. З дзяцінства гадаваліся мы разам, выхоўваліся ў адным доме, нават адзін у нас з ім быў пакой і адна пасцель. Мы звязаныя з ім узаемным пачуццём кахання, і ён здаўна быў прызначаны мне ў нарачоныя і за згодай бацькоў запісаны маім мужам. Ужо ён прыносіў у святых месцах перадшлюбныя ахвяры ў акружэнні блізкіх і знаёмых, увесь дом быў упрыгожаны лаўровымі вянкамі, блішчаў паходнямі, грымеў вясельнымі песнямі. Вось мая бедная маці ўпрыгожвае мяне шлюбнымі ўборамі і, асыпаючы пацалункамі, марыць у трывожных думках пра нашчадкаў, ды раптам, быццам у час вайны, пагрозліва блішчаць павыманыя мячы. Аднак бандыты не імкнуцца забіваць і займацца рабаваннем, а цесным строем нападаюць на нашу спальню. Ніхто з нашых хатніх не аказаў ім супраціўлення, ніхто не асмеліўся нават абараняцца, і няшчасную мяне, самлелую ад страху і дрыготкую ад небывалай жудасці, хапаюць, адарваўшы ад матчынага ўлоння. Гэтак было расстроена, быццам у Аціса ці Пратазілая, маё вяселле.

27. І вось бязлітасны лёс аднавіў і нават павялічыў маё няшчасце. Прыснілася мне, быццам я, гвалтам адарваная ад дому, з вясельных пакояў і нават са спальні, апынулася ў пустыні і клічу па імю свайго няшчаснага мужа, які так і не пацешыўся маімі абдымкамі і яшчэ вільготны ад націранняў з вянком на галаве, а ўжо аўдавелы, бяжыць услед за мной, з якой уцякаюць чужыя. І пакуль ён бяжыць і роспачна крычыць, каб людзі памаглі яму адабраць жонку-прыгажуню, нейкі з бандытаў, абураны смелым праследаваннем, схапіўшы з-пад ног вялікі камень, кідае ў майго беднага маладзенькага мужа і забівае яго на смерць. Убачыўшы такую бесчалавечнасць, я ў вялікім жаху ўсхапілася ад злавеснага сну».

Тады, адказаўшы на яе слёзы ўздыханнямі, старая гаворыць так: «Не трывожся, дзіця маё, і не палохайся пустых прывідаў. Не кажучы ўжо, што дзённыя сны не спраўджваюцца, дык і начныя прарочаць адваротнае. Хто, напрыклад, сасніць слёзы, пабоі і нават смерць, можа спадзявацца, што ўсё абернецца на добрае, што будзе ён смяяцца і наядацца смачнай ежай; і наадварот, цешыцца страснасцю прарочыць душэўны смутак, цялесную слабасць і іншыя непрыемнасці. Лепш давай я пацешу цябе добрай байкай, старадаўняй казкай». І пачала так:

28. «У адной дзяржаве жылі цар з царыцай, і было ў іх тры дачкі-прыгажуні. Аднак, хоць старэйшыя былі вельмі прыгожыя, яны, як у цені, знікалі перад прыгажосцю малодшай, якой красу апісаць не хапіла б у людской мове слоў. Шмат хто з мясцовых грамадзян і мноства чужаземцаў, якіх прагнымі натоўпамі збірала чутка пра небывалае відовішча, здзіўленыя і ўсхваляваныя недасягальнай прыгажосцю, прыкрывалі рот правай рукой, палажыўшы свой указальны палец на выцягнуты вялікі, быццам аддавалі пашану самой Венеры. І па ўсёй акрузе панеслася чутка, што багіня, якую нарадзіла марская стыхія і ўзняла пеністая хваля, па сваёй добрай волі выяўляе сваю прыхільнасць да народа, зносіцца з людзьмі. А мо зноў з новага насення нябесных свяцілаў не мора, а зямля нарадзіла другую Венеру, абдараваную цветам дзявоцкасці.

29. Такая думка штораз умацоўвалася, і пашыралася ўсё большая слава на моры, па астравах і па бліжэйшых правінцыях.

Натоўпы людзей, не баючыся ні далёкай дарогі, ні марской стыхіі, збягаліся да знакамітага цуду. Людзі перасталі ездзіць у Пафас, каб пакланіцца Венеры, не падарожнічалі ў Кнід і нават на выспу Кіферу. Ахвяры станавіліся радзейшымі, святыні заняпалі — святыя падушкі параскіданыя, абрады пагарджаюцца, выявы багоў не ўпрыгожваюцца гірляндамі, алтары пусцеюць, пакрыўшыся халодным попелам. Да дзяўчыны пачынаюць звяртацца з малітвамі і пад смяротнымі рысамі ўшаноўваць веліч несмяротнай магутнай багіні. Калі з'яўлялася дзяўчына, людзі прыносілі ёй дары і ахвяры ў імя адсутнай Венеры. А калі яна праходзіла па плошчы, дык натоўп часта пасыпаў яе шлях вянкамі і кветкамі.

Гэта залішняе перанясенне боскай пашаны на смяротную дзяўчыну моцна ўскалыхнула дух сапраўднай Венеры, дык у нецярплівым абурэнні, патрасаючы галавой, гаворыць яна сама сабе:

30. «Як я, старажытная маці прыроды, родапачынальніца стыхіяў, маці ўсяго свету, Венера, зношу такое абыходжанне, што смяротная дзяўчына раздзяляе са мной каралеўскую пашану і маё імя, запісанае ў небе, апаганьваецца зямным брудам? Ці ж магу я раздзяляць сваю боскую пашану з гэтай заступніцай, якая пад маім імем прымае збаўчыя ахвяры? Ці ж магу згадзіцца, каб смяротная жанчына насіла мой вобраз? Ці ж беспадстаўна слаўны пастыр, розум якога і справядлівасць пацвердзіў сам Юпітэр, вылучыў мяне за непараўнаную прыгажосць між іншых цудоўных багінь? Ды не на радасць сабе прысвоіла тая самазванка, хто б яна ні была, мае пашаны! Я зраблю так, што яна раскаецца ў сваёй прыгажосці!»

І тут жа кліча яна да сябе свайго крылатага сына, вельмі смелага хлапца, які, згодна са сваім норавам, грэбуючы ўсталяванымі парадкамі, узброены стрэламі і паходняй, бегае ўночы па чужых дамах, усюды разбурае сем'і і беспакарана ўчыняе розныя злачынствы, нічым карысным не займаецца. Яго, ужо сапсаванага ад прыроды і неўтаймаванага, пабуджае нагаворамі, вядзе ў той горад і паказвае яму Псіхею (так звалася дзяўчына), расказвае ўсю гісторыю аб спаборніцтве ў прыгажосці і, уздыхаючы, трасучыся ад абурэння, гаворыць:

31. «Заклінаю цябе повязямі матчынай любові, сціплымі ранамі тваіх стрэл, салодкімі апёкамі твайго факела, адпомсці за сваю маці. Аддай поўнай мерай і жорстка адплаці нахабнай прыгажуні. Зрабі тое адзінае, чаго мне больш за ўсё хочацца: няхай гэтая дзяўчына палымяна закахаецца ў апошняга з людзей, якому лёс адмовіў у паходжанні, і ў маёмасці, і ўва ўсім іншым, у такую мізэрнасць, што большай не знойдзеш на ўсім свеце».

Сказаўшы гэта, яна доўга і моцна цалуе сына і ідзе да блізкага берага, абмыванага морам. І ледзь толькі ступіла ружовымі ступнямі ў пенную паверхню шумных хваль, як ужо спачывае на ціхай вадзе глыбокага мора. І ледзь толькі пажадала, як тут жа, быццам раней падрыхтаваная, з'явілася марская світа: дочкі Нерэя, спяваючы хорам, і Партун з ускалмачанай сіняй барадой, і Салацыя, фалды адзежы якой напоўнены рыбамі, і маленькі фурман дэльфінаў Палемон. Тут і там скачуць па моры трытоны, адзін далікатна трубіць у ракавіну, другі распасцірае ад сонечнай спёкі шаўковае пакрывала, трэці падносіць да вачэй валадарніцы люстэрка, а іншыя плаваюць на двухконных калясніцах. Гэтакі натоўп праводзіў Венеру, калі яна рушыла ў бок Акіяна.

32. Тым часам Псіхея, пры ўсёй сваёй красе, не мела з яе ніякай карысці. Усе любуюцца, усе ўслаўляюць, але ніякі цар, ні каралевіч, ні нават хто-небудзь з простага люду не ідзе да яе ў сваты. Дзівяцца толькі на яе, як на боскую статую ці няземскую з'яву. Старэйшыя сёстры, якія не вельмі славяцца прыгажосцю, даўно выйшлі замуж за прадстаўнікоў царскага роду, а Псіхея, седзячы дома ў дзеўках, аплаквае сваю адзіноту, недамагаючы целам, з болем у душы і зненавідзеўшы сваю прыгажосць, якая так усіх вабіла.

Тады гаротны бацька няшчаснай дзяўчыны, падумаўшы, што гэта знак нябеснай непрыхільнасці і баючыся гневу багоў, запытвае старое прадраканне мілецкага бога і просіць у вялікай святыні малітвамі і ахвярамі мужа сваёй абяздоленай дачушцы. І вось Апалон, хоць і грэк і нават іаніец, дае прароцтва, з увагі на складальніка мілецкага апавядання, на лацінскай мове:

33. «Пастаў няшчасную дачку на ўскрай скалы высокай

І, як на пахаванне, на вяселле апрані.

Не знойдзецца, няшчасны бацька, зяць смяротны,

Ён будзе дзікі і надзвычай люты, як дракон.

На крылах аблятае ён эфір і ўсіх стамляе,

Наносіць раны ўсім і полымем гарачым паліць.

Дрыжыць Юпітэр перад ім, багі яго баяцца,

Наводзіць страх ён і на Стыкс, на змрочную падземную раку».

Пачуўшы такі адказ найсвяцейшага прадказальніка, раней шчаслівы кароль едзе назад незадаволены, сумны і расказвае жонцы, што прадказаў яму злавесны вяшчун. Гаруюць яны і плачуць даволі доўгі час. Аднак нічога не зробіш, даводзіцца выконваць злавесны загад няўмольнага лёсу.

Як да пахавання вядзецца перадвясельная падрыхтоўка няшчаснай дзяўчыны. Цьмяна гараць і чарнеюць ад сажы вясельныя факелы, гук вясельнай флейты пераходзіць у жалобны лідыйскі напеў, і вясёлыя гіменеі канчаюцца жаллівымі выкрыкамі, а маладая выцірае слёзы шлюбным вэлюмам. Увесь горад спачувае горкай долі збедаванай сям'і, і з агульнай згоды выдаецца загад на ўсеагульную жалобу.

34. Аднак неабходнасць падпарадкавацца волі неба заклікае бедную Псіхею да наканаванай пакуты. А калі ўсё было падрыхтавана да святкавання хаўтурнага шлюбу, рушыла ў дарогу пры ўсім народзе, пры агульнай скрусе пахавальнае шэсце без нябожчыка. І заплаканую Псіхею вядуць не як да шлюбу, а як на ўласнае пахаванне. І калі збедаваныя і згараваныя бацькі замаруджвалі шэсце, сама дачка падбадзёрвае іх такімі словамі: «Навошта стамляеце сваю старасць доўгім плачам? Не скарачайце свайго дарагога жыцця, якое я ахвотна прадоўжыла б за кошт свайго! Што памогуць гэтыя бяссільныя слёзы, якімі абліваеце вы свае шанаваныя мною твары? Перастаньце! О, перастаньце! Не рабіце болю маім вачам праз шкоду сваім. Паберажыце свае сівыя валасы і вашы такія мне дарагія грудзі. Іншай узнагароды за маю красу атрымаць вы не маглі. Позна апомніліся вы, прабітыя смяротнымі ўдарамі ганебнай зайздрасці. Калі народы і краіны выказалі нам боскую пашану, калі ўсе ў адзін голас называлі мяне Венерай, тады трэба было ліць слёзы, тады трэба было аплакваць мяне як загінуўшую. Бачу і адчуваю, што загубіла мяне імя Венеры. Вядзіце мяне на скалу і пакіньце там, як прысудзіў мне злы лёс. Спяшаюся ўзяць гэты шлюб, спяшаюся ўбачыць майго высакароднага мужа. Навошта марудзіць, адцягваць прыход таго, што павінна адбыцца?»

35. Сказаўшы гэта, дзяўчына замаўчала і цвёрдым крокам увайшла ў натоўп, які яе суправаджаў. Ідуць да вызначанага абрыву высокай гары, ставяць на самым версе дзяўчыну, адыходзяць, пакінуўшы вясельныя факелы, што асвятлялі дарогу, а цяпер пацямнелі і тухлі ад слёз і, спусціўшы галовы, разыходзяцца па сваіх дамах. І няшчасныя бацькі, прыгнечаныя такой бядой, пагрузіліся ў змрочную жалобу.

Тым часам Псіхея стаяла высока на вяршыні скалы зусім адна і ў напружанні чакала вырашэння свайга лёсу. Яна ўздрыгвала ад плачу і страху, калі ў нейкую хвіліну адчула, што мякка ляціць над зямлёю. Лёгкі подых Зефіра, ускалыхнуўшы адзенне, далікатна падымае яе і спакойным павевам нясе з высокай скалы, а пасля, апускаючы ў глыбокую даліну, памалу кладзе на ўлоне квяцістага лугу.

 

Кніга пятая

 

1. Тут у адзін момант пакінулі Псіхею ўсе яе пакуты сумненняў і неспакою. Апынуўшыся на мяккай пасцелі з роснай расквечанай травы, яна хутка заснула. Пасля доўгага падбадзёрлівага сну прачнулася і ўстала весялейшая. Які ж цудоўны від паўстаў перад яе вачыма! Яна знаходзілася ў гаі, парослым рознымі высокімі цяністымі дрэвамі, паміж якімі, ападаючы са скал і вывіваючыся, далікатна журчаў пад серабрыстым туманам крыштальна чысты струмень. Пасярод гаю на зялёным беразе ўзвышаўся збудаваны не чалавечымі рукамі, а мастацтвам багоў прыгожы палац. Увайшоўшы туды, пазнаеш адразу, што перад табой светлы і чысты хорам аднаго з багоў. Выгнутая столь, цудоўна выкладзеная туяй і слановай косцю, абапіралася на залатыя калоны, усе сцены былі абкладзеныя чаканеным серабром з выявай дзікіх звяроў і розных жывёлін, якія быццам выбягалі насустрач. О, гэта быў не паўбог, а сапраўдны бог, што так па-мастацку гэтулькі серабра ператварыў у звяроў! Падлога ззяе каштоўнымі камянямі, якія ствараюць рознакаляровыя цудоўныя малюнкі. Сапраўды, двойчы, а то і болей шчаслівыя тыя, што ступаюць па золаце і дарагіх камянях! Такое ж невыказнае багацце відаць ва ўсіх частках гэтага вялізнага будынка — усе сцены, пакрытыя золатам, ззяюць такім бляскам, што каб нават сонца перастала свяціць, дык яны б залілі ўвесь дом дзённым святлом, бо зіхаціць у ім кожны пакой, кожны балкон, кожная створка дзвярэй.

І ўсе іншыя прадметы не менш адпавядаюць багаццю дома, і можна падумаць, што сам вялікі Юпітэр стварыў гэтыя пакоі нябесныя для сваіх сустрэч са смяротнымі.

2. Захапіўшыся гэтай небывалай прыгажосцю, падыходзіць Псіхея бліжэй, адважыўшыся, пераступае парог і неўзабаве з вялікай цікавасцю разглядае ўсе прадметы цудоўнага палаца. Пазней знаёміцца з багаццем, якое знаходзіцца ў збудаваным за домам вялікім свірне. Няма таго на зямлі, чаго б там не было!

Але найдзіўнейшым было тое, што ніхто гэтага багацця не пільнаваў, не было там ніякіх ланцугоў, ніякіх засавак і ніякіх вартаўнікоў. І калі яна так аглядала ўсе тыя каштоўнасці, аднекуль пачуўся голас, хоць нідзе нікога не было відаць: «Што дзівішся, пані, з такога багацця? Гэта ўсё тваё. Ідзі ў спальню і адпачні ад стомы ў пасцелі, а калі жадаеш, загадай нарыхтаваць купанне. А мы, чые галасы ты чуеш, твае служкі, мы будзем старанна табе прыслугоўваць. Як толькі будзеш гатова, перад табой з'явіцца багаты стол».

3. Псіхея адчула вялікую асалоду ад такіх прыветлівых слоў і, паслухаўшыся невядомага голасу, спачатку сном, а пасля купаннем зняла з сябе рэшткі стомы. Убачыўшы перад сабой паўкруглы стол, накрыты для яе, ахвотна ўзялася за ежу. І ў той жа час розныя, быццам нектар, віны і сама далікатныя і смачныя стравы падаюцца ёй нібы на хвалях ветру, а слуг зусім не відаць. Яна чула толькі іхнія галасы. Пасля багатага стала ўвайшоў нябачны хтось і заспяваў, а другі зайграў на кіфары, якой яна таксама не бачыла. Чулася шмат галасоў, і, хоць ніхто з людзей не з'яўляўся, можна было зразумець, што пяе хор.

4. Пасля гэтых забаў і заняткаў з надыходам цемнаты пайшла Псіхея спаць. Раптам глыбокай ноччу будзіць яе нейкі лёгкі шолах. Вельмі баючыся за сваё дзявоцтва, спалохана чакае яна ў гэтай самоце невядомай бяды. І вось увайшоў яе таямнічы муж, узышоў да яе на ложак і стаў яе сапраўдным мужам. Раніцай перад усходам сонца ён моўчкі падняўся і пакінуў спальню. І ў тую самую хвіліну ветлівыя галасы акружаюць маладую, што страціла цнатлівасць...

Так працягвалася доўгі час. Псіхея пачала прывыкаць да новых абставін. Спачатку ўсё здавалася ёй чужым, а пасля, паводле законаў прыроды, частыя спатканні становяцца ёй штораз прыямнейшымі. Гутаркі з нябачным мужам былі ў яе самоце вялікай уцехай.

Тым часам яе бацькі старэлі ў сваім няўцешным горы, але чутка пра лёс дзяўчыны дайшла да старэйшых сёстраў. Яны, даведаўшыся пра тое, як жыве Псіхея, пакінулі свае хатнія агнішчы і, змрочныя і затурбаваныя, падаліся адна за адной парадзіцца з бацькамі.

5. А ў тую ж ноч муж Псіхеі, які быў недаступны толькі зроку, а не слыху і дотыку, казаў так: «Дарагая мая Псіхея, наймілейшая мая жонка! Няўмольны лёс пагражае табе вялікай небяспекай, да якой павінна ты аднесціся з найвялікшай асцярожнасцю. Твае сёстры не вераць у чутку аб тваёй смерці. Хутка прыйдуць яны на тую скалу шукаць тваіх слядоў. Калі часам пачуеш іхнія галашэнні, не адказвай ім і старайся нават не глядзець у той бок, бо наклічаш на мяне вялікую непрыемнасць, а на сябе немінучую загубу».

Яна кіўнула галавой на знак згоды і абяцала рабіць так, як раіў муж. Але як толькі ён з канцом ночы знік, яна ўвесь дзень праплакала і прагаласіла, паўтараючы, што тут яна абавязкова загіне, замкнёная ў богаслаўлёную цямніцу, без сувязі з людзьмі, дзе нават сёстрам, якія па ёй гаруюць, не можа дапамагчы ці хоць на кароткі час з імі ўбачыцца. Так, не еўшы і не піўшы і ні да чога не дакрануўшыся, пайшла яна спаць.

6. Праз момант на ложку побач з ёй з'явіўся яе муж і, абняўшы заплаканую, пытаецца: «Ці ж гэта ты мне, мая Псіхея, абяцала? Чаго ж мне, твайму мужу, ад цябе чакаць, чаго спадзявацца? Ні ўдзень, ні ўночы, ні нават у мужавых абдымках не сціхаюць твае пакуты. Што ж, рабі як знаеш, паддайся патрабаванням сваёй душы, якая цягне цябе да згубы. Аднак, калі надыдзе запозненае нараканне, прыпомні мае сур'ёзныя папярэджанні». Тады яна просьбамі і пагрозамі, што памрэ, дамаглася ад мужа згоды на сустрэчу з сёстрамі, каб зменшыць іхнюю журбу і пагутарыць з імі. Так паслухаўся муж просьбаў сваёй жонкі, а нават дазволіў ёй падараваць ім з залатых упрыгожанняў ці з каштоўных камянёў, што ёй уздумаецца. Аднак моцна і не раз папярэджваў, падмацоўваючы свае словы пагрозамі, што калі яна, паддаўшыся ўгаворам сёстраў, захоча ўбачыць свайго мужа, то гэтай блюзнерскай цікавасцю скіне сябе з вяршыні свайго шчасця і назаўсёды пазбавіцца яго абдымкаў. Яна падзякавала мужу і сказала:

«Лепш мне сто разоў памерці, чым цябе, мой найдаражэйшы, пазбавіцца! Бо хто б ты ні быў, я вельмі цябе кахаю, так, як сваю душу, і не змяніла б цябе нават на Купідона. Але малю цябе, выканай яшчэ адну маю просьбу: загадай слузе свайму Зефіру знесці іх сюды такім самым спосабам, як даставіў ён мяне». Пасля таго, абняўшы яго лілейна белымі ручкамі і моцна пацалаваўшы, прытулілася спакусліва ўсім целам і дадае: «Муж ты мой, мядовенькі мой, тваёй Псіхеі далікатная душачка!»

Супроць сваёй волі мусіў муж уступіць, паддаўшыся сіле і ўладзе любоўных прыёмаў, і абяцаў, што выканае ўсе яе просьбы. А як толькі пачало світаць, развітаўся з ёй і знік.

7. А сёстры, распытаўшыся, дзе знаходзіцца тая скала і тое месца, на якім была пакінута Псіхея, спяшаюцца туды і гатовы выплакаць свае вочы, б'юць сябе ў грудзі, ажно скалы адклікаюцца рэхам на іх выкрыкі і стогны. Клічуць яны сваю няшчасную сястру па імі, пакуль на пранізлівыя жальбы іхніх галашэнняў, што несліся з гары, не выбегла з дому ўсхваляваная Псіхея і не адазвалася: «Навошта забіваеце сябе пакутлівымі крыкамі? Вось я, па якой вы плачаце. Спыніце сумныя крыкі, вытрыце мокрыя ад слёз твары, калі ў вашай волі абняць тую, якую вы аплакваеце».

І зараз жа, паклікаўшы Зефіра, перадае яму загад мужа. З'явіўшыся ўмомант на покліч, спакойным подыхам пераносіць ён іх наніз. Вось яны ўжо абменьваюцца абдымкамі і паспешлівымі пацалункамі, і слёзы іхнія, што на момант былі спыніліся, цякуць цяпер ад радасці.

«Дык увайдзіце ж, — кажа Псіхея, — пад наш дах, да нашага агнішча, уцешце са мной разам вашы збалелыя душы».

8. Сказаўшы гэта, пачынае паказваць ім незлічоныя багацці залатога дома і звяртае іх увагу на мноства галасоў, што ім прыслугоўваюць. Падмацоўвае іх сілы цудоўным купаннем і раскошаю вартага несмяротных стала. Задаволеных прыёмам і ўсім бачаным пачынае даймаць зайздрасць. Тады адна з іх вельмі настойліва пачынае дапытвацца, хто такі і чым займаецца яе муж. Але Псіхея, помнячы мужавы перасцярогі, не выдае таямніцы, а прыдумвае наспех, што ён чалавек малады, прыгожы, твар яго пакрыты толькі першым пушком, заняты ён галоўным чынам паляваннем па палях і лясах. Аднак, баючыся, каб у далейшай гутарцы не выдаць таямніцы, нагружае сёстраў залатымі рэчамі і нашыйнікамі з каштоўных камянёў, выклікае Зефіра і перадае іх яму, каб перанёс назад на скалу.

9. Калі гэты загад быў выкананы, добрыя сёстры па дарозе дамоў напаўняліся жоўцю ўсё большай зайздрасці і шмат між сабой усхвалявана гаварылі. І вось адна з іх сказала: «Які сляпы, непрыхільны і несправядлівы лёс! Як табе падабаецца, што мы, народжаныя ад аднаго бацькі і адной маці, атрымалі такую розную долю? Мы старэйшыя гадамі, аддадзеныя чужаземным мужам за служанак, адарваныя ад роднага дому, ад радзімы, далёка ад бацькоў гібеем на выгнанні, тады як наймаладзейшая сястра, апошні плод стомленага дзетародства, валодае такім багаццем і боскім мужам, а сама не ўмее гэтым мноствам даброт карыстацца. Ты бачыла, сястрыца, колькі ў доме скарбаў, якое адзенне, якія бліскучыя перлы, колькі валяецца пад нагамі параскіданага золата. А калі яе муж такі прыгожы, як яна кажа, дык няма на свеце шчаслівейшай за яе жанчыны. Зусім магчыма, што калі яе боскі муж яшчэ больш да яе прывяжацца, дык і яе зробіць багіняй. Клянуся Геркулесам, што да гэтага ўсё ідзе! Ты заўважыла, як яна сябе паводзіла, як перад намі трымалася? Так, яна цаляе ў неба. Яна трымаецца, як багіня, калі мае нябачных служанак і нават загадвае вятрам. А што дасталося на маю няшчасную долю? Мой муж мог бы быць маім бацькам, ён лысейшы за гарбуз, складам цела драбнейшы за хлапчука і ўсё ў доме трымае пад замкамі!»

10. А другая працягвае: «А як мне цярпець майго мужа? Скурчаны, згорблены ад падагры і з гэтай прычыны вельмі рэдка бывае са мной у каханні. Большасць часу я расціраю яго пакрыўленыя, як камень зацвярдзелыя пальцы і апякаю свае рукі смярдзючымі прыпаркамі, бруднымі анучамі ды пластырамі, быццам я не законная жонка, а нанятая сядзелка. Відаць, ты, сястра, скажу адкрыта, пераносіш гэта з рабскай цярплівасцю. А што да мяне, дык я не магу трываць далей, каб гэтакі лёс дастаўся нявартай. Даволі ўспомніць, як ганарыста, як высакамерна трымалася яна з намі. Ужо тое самахвальства, выяўленае так празмерна, даказвае фанабэрыстасць яе душы. Шкадуючы, кінула нам па крошцы ад свайго бязмернага багацця і, грэбуючы нашай прысутнасцю, загадала выправіць нас. Не быць мне жанчынай, не дыхаць, калі я не скіну яе з вяршынь таго багацця. Калі і цябе абурыла, у чым не сумняваюся, такое абразлівае абыходжанне, давай абмяркуем разам і вырашым, што нам рабіць далей. Падарункаў, якія мы нясём, не будзем паказваць ні бацькам, ні каму іншаму і не будзем прызнавацца, што нам вядома аб яе выратаванні. Хопіць, што мы самі бачылі тое, чаго б нам лепш не бачыць, дык не скажам бацькам і наогул нікому пра такое яе багацце. Не могуць быць шчаслівымі тыя, пра багацце якіх ніхто не ведае. Хай яна зразумее, што мы не служанкі яе, а старэйшыя сёстры. Цяпер кіруймася да сваіх мужоў і да не багатых, але сумленна запрацаваных нашых набыткаў. Не спяшаючыся і ўсё добра абмеркаваўшы, мы вернемся, каб пакараць ганарліўку».

11. Пагадзіліся зладзейкі на злачынны план, дык схаваўшы багатыя падарункі, ірвучы на сабе валасы і раздзіраючы твар, чаго яны і заслугоўвалі, зноў пачынаюць прытворна плакаць. І так напалохаўшы бацькоў, рана якіх адкрылася нанова, ашалелыя ад зайздрасці, адпраўляюцца дадому, складаючы злачынны, сапраўды небывалай гнюснасці план супроць сваёй нявіннай сястры.

А тым часам нябачны для Псіхеі муж зноў пераконвае яе ў начных гутарках: «Ці разумееш ты, што табе пагражае? Лёс пачаў з табой барацьбу здалёк, і калі ты не прымеш супраць яго вельмі моцных мер, дык ён у хуткім часе пачне з табой змагацца твар у твар. Як злыя ваўчыцы, усімі сіламі рыхтуюць супроць цябе злыя бабы згубныя падкопы, а галоўная іх мэта — угаварыць цябе ўбачыць маё аблічча, а я папярэджваў цябе ўжо, што калі ўбачыш, дык гэта будзе апошні раз. Дык вось, калі гэтыя нягодныя ламіі, поўныя злачынных намераў, прыйдуць сюды зноў, я ведаю, што прыйдуць, дык нічога ім не кажы. А як па сваёй прастаце і душэўнай кволасці зрабіць гэтага не зможаш, дык не слухай ніякай іхняй балбатні пра свайго мужа і не адказвай ім. У хуткім часе сям'я наша павінна павялічыцца, тваё яшчэ дзіцячае чэрава носіць наша боскае дзіця. Калі маўчаннем зберажэш нашу таямніцу, яно будзе бессмяротным, а калі парушыш сакрэт — смяротным».

12. Ад гэтай весткі Псіхея расцвіла і, вельмі ўцешаная, запляскала ў далоні, узрадаваўшыся будучым сваім плодам і пачэсным імем маці. Нецярпліва лічыць яна дні і месяцы, дзівіцца з незвычайнага цяжару і паступовага росту пладаноснага чэрава ад такога нязначнага ўколу.

А тыя дзве заразы, праклятыя фурыі, дыхаючы ядам гадзюкі, збіраюцца зноў пусціцца ў плаванне са злачыннай паспешлівасцю. Зноў на кароткі час з'яўляецца муж Псіхеі і пераконвае яе:

«Вось настаў апошні дзень, асаблівы выпадак: варожы полк і кроўны вораг узяўся за зброю, выступіў з лагера, пастроіўся і затрубіў сігнал. Ужо з нарыхтаваным мячом падступаюць да твайго горла твае злачынныя сёстры. Вялікія беды пагражаюць нам, найдаражэйшая Псіхея! Аднак пашкадуй сябе, пашкадуй нас і святым устрыманнем выратуй дом, мужа, сябе і наша немаўля ад блізкай загубы. О, каб табе не давялося ні бачыць, ні чуць гэтых жанчын (якіх за смяртэльную да цябе нянавісць і пасля зганьбавання кроўных сувязяў нельга называць сёстрамі), калі яны будуць, быццам сірэны, клікаць цябе з высокай гары».

13. З плачам і ўсхліпваннем адказала яму Псіхея: «Наколькі ведаю, ты ўжо меў час пераканацца ў маёй адданасці і маўклівасці, а цяпер я дам табе не меншы доказ маёй духоўнай моцы. Толькі ты загадай нашаму Зефіру выканаць яго абавязак і на замену немагчымасці бачыць твой твар дазволь мне ўбачыцца з маімі дарагімі сёстрамі.

Заклінаю цябе гэтымі пахучымі, што ападаюць абапал твару, тваімі кучаравымі валасамі, тваімі далікатнымі, закругленымі, падобнымі да маіх шчокамі, тваімі грудзьмі, напоўненымі нейкім таямнічым агнём, няхай я хоць у нашым дзіцяці ўбачу твой вобраз! І ў адказ на мае пакорлівыя просьбы і маленні дай мне радасць абняць сваіх сёстраў, і душу вернай і адданай табе Псіхеі ўцеш гэтым шчасцем. Ані разу больш не запытаюся я пра твой твар, бо ў тваіх абдымках сама чорная цемра становіцца мне святлом».

Зачараваны гэтай мовай і салодкімі абдымкамі, яе муж, выцершы слёзы сваімі валасамі, абяцаў усё выканаць і перад пачаткам новага дня знік.

14. А тым часам сёстры, звязаныя злачыннай змовай, не пабачыўшыся нават з бацькамі, проста з караблёў паспешліва накіроўваюцца да абрыву і, нават не дачакаўшыся ветру, які іх пераносіў, з нахабнай безразважнасцю кідаюцца ў глыбіню. Але Зефір, помнячы загады ўладара, хоць і неахвотна, прыняў іх на сваё ўлонне і лёгкім подыхам апусціў на зямлю. І яны, не марудзячы, хуткім крокам уваходзяць у дом, абдымаць сваю ахвяру, крывадушна прыкрываючыся імем сёстраў і хаваючы пад радасным выразам глыбока затоены намер ашуканства, звяртаюцца да яе лісліва: «Вось, Псіхея, ты цяпер ужо не дзяўчынка і хутка станеш маці. Ці ведаеш ты, якое дабро носіш у гэтым мяшочку? Якой радасцю ўсцешыш нашу сям'ю? Нам вялікае шчасце, што будзем няньчыць гэта залатое дзіцятка. Калі толькі, як і трэба думаць, дзіця пойдзе па бацьках, дык ты напэўна народзіш Купідона».

15. Так пры дапамозе паказной любові яны памалу авалодалі душой наіўнай сястры.

Калі яны адпачылі з дарогі і асвяжыліся ў лазні, Псіхея пачала іх частаваць у пышнай сталовай дзіўнай небывалай ежай. Дасць яна знак, і зайграе кіфара, загадае флейце — гучыць, хору — пяе. Гэтыя цудоўныя мелодыі былі тым дзіўнейшыя, што ніхто не бачыў выканаўцаў. Аднак і ад гэтых песняў злачынныя пачуцці нягодніц не змякчаліся. Верныя свайму падступнаму намыслу, яны з хітрасцю пачынаюць дапытвацца, хто яе муж, адкуль родам і чым займаецца. А яна ў сваёй нявіннай прастаце, забыўшыся, што гаварыла першы раз, прыдумвае нанава і расказвае, што яе муж родам з суседняй правінцыі, што займаецца буйнымі гандлёвымі справамі, што чалавек ён сярэдняга ўзросту, з ледзь прыкметнай сівізной на скронях. І, не спыняючыся на гэтай тэме даўжэй, нагружае іх зноў багатымі падарункамі і перадае да адпраўкі ветру.

16. Паднятыя спакойным подыхам эфіра, вяртаюцца яны дамоў і такую вядуць гутарку: «Што ты думаеш, сястра, — кажа адна, — пра такую несусветную хлусню гэтай пустышкі, якая стараецца нас абдурыць. То муж яе юнак, шчокі якога пакрывае першы пушок, то гэта чалавек сярэдняга веку, у якога паказваецца сівізна. Хто ж гэта такі, што за той кароткі час мог зрабіцца старым і пасівелым?»

«Мне, сястра, — адказвае другая, — здаецца, што альбо нягодніца нам нахлусіла, альбо не бачыла свайго мужа ў вочы. Як бы ні было, а перш за ўсё нам трэба зрынуць яе з вышыняў дабрабыту. Калі яна не ведае твару свайго мужа, дык, магчыма, выйшла замуж за якога-небудзь бога і рыхтуецца нарадзіць боскае дзіця. А калі яна (няхай гэта не здзейсніцца) праславіцца маткай боскага дзіцяці, дык я ў той час павешуся. Але вернемся да нашых бацькоў і ў пачатку нашай наступнай з ёй гутаркі спляцём адпаведную хлусню».

17. Гэтак усхваляваныя, пагутарыўшы крывадушна з бацькамі, стомленыя ад бяссоннай ночы, бягуць яны раніцай да скалы і адтуль пры дапамозе ветру (звычайнага) спускаюцца ўніз. Пры сустрэчы з сястрой выціскаюць з сябе слёзы і пачынаюць казаць так: «Вось ты, шчаслівая, сядзіш і не ведаеш, якая навісла над табой небяспека, а мы ўсю ноч не звялі вачэй, думаючы пра твае справы, і горка пакутавалі ад тваёй бяды. Мы даведаліся напэўна і не можам ад цябе схаваць, падзяляючы тваю скруху, што тайным спосабам спіць з табой уночы велічэзны змей, вывіваючыся мноствам петляў, шыя яго напоўнена замест крыві згубнай атрутай, а пашча ягоная як бездань. Успомні прадказанне піфійскага аракула, які вываражыў табе шлюб з дзікай пачварай. І вось шмат якія паляўнічыя і сяляне, што здабываюць у акрузе звера, а таксама мноства жыхароў наваколля бачылі, як ён пад вечар вяртаўся з пашы і перапраўляўся ўброд праз недалёкую адгэтуль рэчку.

18. Усе кажуць, што ён будзе да той пары адкормліваць цябе, лісліва дагаджаць табе рознай ежай, пакуль не даспее твая цяжарнасць, а тады ён цябе праглыне. Цяпер выбірай: альбо паслухаешся сваіх сёстраў, якія клапоцяцца пра твой ратунак, і, пазбегнуўшы згубы, пажадаеш жыць з намі ў бяспецы, або застанешся, каб апынуцца ў чэраве гэтага бязлітаснага гада. А калі табе падабаецца адзінота, напоўненая толькі нябачнымі галасамі, ці тайныя спалучэнні прасмердлага кахання і абдымкі гэтага ядавітага гада, дык гэта твая справа, мы свой сястрынскі абавязак выканалі».

Бедную, простую душой і кволую Псіхею ахапіла ад гэтых намоваў небывалая жудасць, і вылецелі з галавы ўсе павучанні мужа. Забыліся і ўсе яе абяцанні, яна гатова была кінуцца ў бездань і, запалоханая, збялелая, трасучыся і заікаючыся, пачынае шэптам гаварыць сёстрам:

19. «Вы, найдаражэйшыя сястрыцы, як і трэба спадзявацца, выконваеце свой доўг, і тыя, хто вам аб гэтым паведаміў, напэўна не схлусілі. Я ж ніколі свайго мужа не бачыла, зусім не ведаю, як ён выглядае, толькі начамі чую яго голас, і мне даводзіцца мірыцца з тым, што перад світаннем ён уцякае. Такім чынам, я цалкам магу згадзіцца з вамі, што ён нейкая пачвара. Ён часта і сурова забараняў мне старацца яго ўбачыць і пагражаў вялікай бядой, калі я пацікаўлюся яго выглядам. Калі вы можаце зрабіць што-небудзь для выратавання вашай сястры, якая апынулася ў такой небяспецы, дык дзейнічайце цяпер, каб далейшая бестурботнасць не знішчыла вынікаў пачатковай прадбачлівасці».

Тады, пралезшы праз расчыненыя вароты душы сваёй наіўнай сястры, злачынныя бабы адкідаюць усякае прыкрыванне тайных хітрыкаў і, дастаўшы мячы ашуканства, нападаюць на палахлівае ўяўленне прастадушнай дзяўчыны.

20. Адна з іх гаворыць: «Дзеля таго што кроўныя повязі змушаюць нас забыцца пра якую б ні было небяспеку, мы даўно прыдумалі для твайго выратавання адзін спосаб. Вазьмі навостраную брытву, якая рэжа пры найменшым руху, і з ёй пад коўдраю з таго боку, дзе ты ляжыш, схавай, прыкрыўшы гаршчочкам, добрую, алеем напоўненую лямпу. Усё гэта падрыхтуй у вялікім сакрэце, а тады, як ён, вывіваючыся, падымецца на пасцель, расцягнецца і засне глыбокім сном, ссунься з ложка босая, і, ступаючы асцярожна на пальчыках, адкрый лямпу, і пры святле высока ўзнімі правую руку з двухбаковавострай брытвай, і моцным ударам адсячы галаву ненавіснага змея. Мы табе дапаможам. Як толькі выратуешся гэтым забойствам, мы прыбудзем сюды, хутка пазбіраем разам з табой усё дабро, а пасля аддамо цябе замуж за такога самага чалавека, як і ты».

21. Гэтымі палымянымі словамі распальваюць яны душу збянтэжанай сястры і, баючыся аказацца занадта блізка ад падобных падзей, перанесеныя, як звычайна, ветрам на скалу, паспешліва ўцякаюць і тут жа, сеўшы на караблі, адплываюць.

А Псіхея, застаўшыся адна, праўда, злыя фурыі не пакідалі яе ўвесь час і вельмі трывожылі, хвалюецца ў скрусе, як бурлівае мора. І хоць настаўленне зроблена і душа непахісная, усё ж, рыхтуючыся да злачынства, яна яшчэ вагаецца ў няўпэўненасці, і супярэчлівыя пачуцці адцягваюць яе ад благога ўчынку. Яна спяшаецца, адкладвае, адважваецца, дрыжыць, рашаецца, гневаецца і, нарэшце, у адным і тым жа целе ненавідзіць пачвару і любіць мужа...

Але надыходзіў ужо вечар, і Псіхея паспешліва рыхтуецца да бязбожнага злачынства. Вось і ноч прыйшла, з'явіўся муж і, аддаўшыся спярша любоўнаму змаганню, праз некаторы час упаў у глыбокі сон.

22. Тут Псіхея адольвае сваю слабасць і кволасць, збіраецца з сіламі і, дастаўшы свяцільнік і ўзяўшы ў рукі брытву, рашуча перамагае жаночую нясмеласць.

Але, як толькі ад адкрытага агню асвяцілася таямніца пасцелі, яна бачыць найдалікатнейшае і найпрыгажэйшае за ўсе на свеце істоты відовішча, бачыць самога Купідона, цудоўнага бога, які спакойна адпачываў, ад выгляду якога ярчэй пачала свяціць лямпа і мацней бліснула лязо святатацкай зброі...

І Псіхея, збянтэжаная ўбачаным, не можа авалодаць сабой, пакрываецца смяротнай бледнасцю і з трымценнем апускаецца на калені, збіраючыся ўтапіць зброю ў сваіх грудзях. Яна і зрабіла б гэта, каб зброя ад страху перад гэтакім злачынствам не выпала з яе дрыготкіх рук. Знясіленая, страціўшы ўсякую надзею, чым больш углядаецца яна ў прыгажосць боскага твару, тым больш падбадзёрваецца. Вось бачыць яна залатую галаву з пышнымі, пахучымі ад амброзіі валасамі, якія акружаюць малочную шыю і ружовыя шчокі, глядзіць на прыгожа распушчаныя завіткі, што спускаюцца з патыліцы і з ілба. Ад незвычайна прамяністага бляску твару аж закалыхалася святло ў лямпе. За плячамі лятаючага бога беллю кветкі рдзелі пёры, і хоць крылы былі ў супакоі, кончыкі кволых і тоненькіх пярынак неспакойна трапяталі. Усё цела было гладкім і зіхатлівым,. так што Венера не магла каяцца, што пусціла яго на свет. Каля пасцелі на падлозе ляжалі лук і калчан са стрэламі — благаслаўлёная зброя вялікага бога.

23. Нястрымнае жаданне ахоплівае Псіхею. З цікавасцю глядзіць яна на мужава ўзбраенне, абмацвае яго, вымае з калчана адну стралу і кончыкам пальца прабуе вастрыню, але, зрабіўшы мацнейшы рух дрыготкім суставам, глыбока наколвае сябе, аж на паверхні скуры выступаюць кропелькі крыві. Такім чынам, сама таго не ведаючы, загарэлася Псіхея каханнем да бога кахання. Распальваючыся ўсё большай і большай страсцю да бога страсці, яна, поўная пажадлівасці, схілілася над ім і пачала паспешліва абсыпаць яго гарачымі і доўгімі пацалункамі, баючыся пры тым, каб не разбудзіць. І пакуль яна, ахопленая такой асалодай, не валодаючы сваім розумам, хвалюецца, лямпа яе ці то ад здрады, ці з зайздрасці, ці мо сама захацела дакрануцца і пацалаваць такое пышнае цела, пырскае з канца кнота гарачым алеем богу на правае плячо. Ох ты, нахабная і бязглуздая лямпа, прыслужніца кахання! Ты апякла бога, які сам з'яўляецца валадаром усяго агню! А стварыў цябе напэўна нейкі закаханы, каб даўжэй карыстацца прадметам сваіх жаданняў.

Апечаны бог ускочыў, і, убачыўшы парушанай прысягу, хутка вызваліўся з жаночых абдымкаў і пацалункаў, і, не сказаўшы ні слова, узняўся ў паветра.

24. А Псіхея, як толькі ён уздымаўся, хапілася абедзвюма рукамі за яго правую нагу, аднак, стаміўшыся вісець у захмарных вышынях, звалілася на зямлю. Закаханы бог не пакідае яе ляжаць на зямлі, а, зляцеўшы на блізкі кіпарыс, з яго высокай вяршыні ўсхвалявана гаворыць: «Гэта ж я, прастадушная Псіхея, насуперак волі сваёй маці Венеры, якая загадала мне закахаць цябе ў сама нікчэмнага, апошняга з смяротных і аддаць цябе замуж за бедняка, сам зрабіў легкадумна, але, знакаміты стралок, я сам сябе параніў уласнай зброяй і зрабіў цябе сваёй жонкай ці ж для таго, каб ты палічыла мяне пачварай і хацела брытвай адрэзаць галаву за тое, што ў ёй знаходзяцца гэтыя закаханыя ў цябе вочы. Я ж неаднойчы пераконваў цябе асцерагацца, заўсёды па-сяброўску ўгаворваў. Твае паважаныя дарадчыцы неўзабаве адкажуць мне за сваю пачварную выдумку, а цябе пакараю сваім знікненнем». І, закончыўшы гутарку, узняўся ў вышыню.

25. А Псіхея, распасцёртая на зямлі, сачыла, пакуль было даступна зроку, за палётам мужа, надрываючы сабе душу балючым галашэннем. Калі ж далечыня схавала з вачэй каханага, які хутка адлятаў на крылах, рынулася да блізкай ракі і кінулася з берага ўніз. Але сціплая рака, несумненна, у гонар бога, які мог нават ваду ўспалымняць, а таксама з боязі за свой лёс, зараз жа вынесла яе на сваёй хвалі на бераг, пакрыты зелянінай і квеценню. А на другім беразе якраз сядзеў вясковы бог Пан, абняўшы горную багіню Эхо, якую вучыў спяваць на розныя галасы. Паблізу вады на шырокім лузе падбрыквалі козачкі, скубучы прыбярэжную травіцу. Казліны бог ласкава кліча стомленую ўсхваляваную Псіхею і дзеля таго, што яе гора было яму вядома, супакойвае ветлівымі словамі: «Мілая дзяўчынка, я вясковы жыхар, пасу статак, але дзякуючы сваёй глыбокай старасці маю вялікі вопыт. Дык вось, калі я мяркую правільна, а гэта разумныя людзі называюць дарам прадбачання, дык твая няроўная хісткая паходка, асаблівая бледнасць, частыя ўздыхі, а галоўнае, твае заплаканыя вочы гавораць, што ты пакутуеш ад празмернага кахання. Паслухай мяне і старайся надалей сябе не губіць, кінуўшыся ў ваду зноў або іншым спосабам самагубства. Пакінь сум, адкінь скруху і звярніся са сваімі малітвамі да Купідона, аднаго з найвялікшых багоў. А паколькі ён юнак распешчаны і капрызны, дык пастарайся ласкай і ветлівасцю выклікаць да сябе яго прыхільнасць».

26. Нічога не адказаўшы на словы бога пастухоў, Псіхея пакланілася яму і рушыла ў дарогу. Пад вечар, прайшоўшы даволі доўгую дарогу, стомленным крокам дайшла яна па нейкай сцяжынцы да таго горада, дзе быў каралём муж адной з яе сёстраў. Даведаўшыся аб гэтым, Псіхея захацела з ёй убачыцца. Як толькі сустрэліся, пасля радасных абдымкаў і прывітанняў на пытанне, які шчаслівы выпадак прывёў яе, яна адказала: «Ты помніш вашу параду, каб я тое страшыдла, што пад зманлівым імем бавіла са мной ночы, перш чым яно мяне зжарэ, зарэзала двухбаковавострай брытвай? Але як толькі пры святле лямпы зірнула я ў яго твар, бачу дзіўнае і сапраўды боскае відовішча — самога слаўнага сына Венеры, самога, паўтараю, Купідона, які спаў салодкім сном. І пакуль я, захопленая гэтай прыгажосцю, збянтэжаная, пакутавала ад невымоўнах папрокаў сумлення, у той час па нейкай благой выпадковасці запаленая лямпа пырснула гарачым алеем на яго плячо. Прачнуўшыся ад болю і ўбачыўшы мяне з лямпай і брытвай у руках, ён кажа: «За такое цяжкае злачынства ты неадкладна пакінь мой ложак і забяры свае рэчы, а я з'яднаюся ўрачыстым шлюбам з тваёй сястрой» і назваў тваё імя. Пасля таго загадаў Зефіру выдзьмуць мяне з дому».

27. Не паспела Псіхея закончыць сваёй гутаркі, як тая, успалымнеўшы парывам безразважнага юру і згубнай зайздрасці, ашукаўшы мужа тут жа прыдуманай хлуснёй, быццам атрымала паведамленне аб смерці бацькоў, зараз жа села на карабель і накіравалася да вядомага скальнага абрыву. І хоць дзьмуў зусім не той вецер, усё ж яна, ахопленая сляпой надзеяй, крыкнула: «Прымай мяне, Купідон, тваю дастойную жонку, а ты, Зефір, падтрымай сваю паню!» І з усяго маху кінулася ў бездань. Аднак да месца прызначэння не дабралася нават у выглядзе трупа. Падаючы на каменне скал, цела яе разбілася і развалілася на кавалкі, рассыпаўшыся ў розныя бакі, і яна загінула, як таго і заслужыла, стаўшы лёгкай здабычай птушак і звяроў.

Не замарудзіла і наступная кара. Пусціўшыся зноў у вандраванне, Псіхея дайшла да другога горада, дзе так, як і першая, каралевай была другая сястра. І гэта паддалася на прынаду роднай сястры, і саперніца Псіхеі памчалася да вядомай скалы на злачынны шлюб, але таксама звалілася, здабыўшы сабе немінучую смерць.

28. Тым часам, пакуль занятая пошукам Купідона Псіхея абыходзіла розныя краіны, ён сам, пакутуючы ад апёку, ляжаў і стагнаў у спальні сваёй маці. Тады беласнежная птушка чайка, якая плавае на крылах па марскіх хвалях, паспешліва дае нырца ў глыбіні акіяна. Там, стаўшы ўмомант перад Венерай, якая купалася і плёскалася, дакладвае ёй, што яе сын апечаны, стогне ад болю, які прычыняе яму рана, ляжыць і невядома, ці ачуняе. А ў народаў вакол чуецца нараканне на Венеру і на ўсю яе радню, маўляў, сынок, займаючыся на паверхні каханнем, а яна сама, купаючыся ў акіяне, забыліся пра свае абавязкі. Праз гэта няма ніякай прыхільнасці, ні чароўнасці, ні вабнасці, а ўсё зрабілася несамавітым, грубым і дзікім. Няма ні шлюбаў, ні сяброўскіх яднанняў, ні пашаны ад дзяцей, а толькі агульная няслава, горыч і агіда ад брудных сувязяў.

Гэтак верашчала балбатлівая птушка ў Венерыны вушы і чарніла добрае імя яе сына. А Венера, моцна загневаўшыся, раптам запытала: «Дык, можа, у мілага майго сынка завялася якая-небудзь сяброўка? Ну, ты, якая толькі адна мне верна служыш, скажы, як завецца тая, што спакусіла майго высакароднага і чыстага хлопчыка? Можа, яна з роду Німфаў, ці з ліку Ораў, ці з карагоду Музаў або Грацыяў, маіх прыслужніц?»

Не змаўчала балбатлівая птушка і кажа: «Не ведаю, пані, але мне здаецца, што ён мае вялікі інтэрас да дзяўчыны, а калі не памыляюся, завецца яна Псіхея». Тут Венера крыкнула ў абурэнні: «Дык ён праўда любіць Псіхею, маю саперніцу па прыгажосці, рабаўніцу майго імя? Можа, гэты шалапут нават лічыць мяне зводніцай, бо я расказала яму пра гэту абрыдлую мне дзяўчыну!»

29. Сказаўшы гэта, хутка выплывае яна з глыбіняў мора і накіроўваецца ў сваю залатую спальню. Убачыўшы там, як ужо было сказана, хворага сына, яна проста з парога загаманіла на ўвесь голас: «Вельмі гэта прыстойна і варта нашага паходжання і тваіх добрых паводзін, што ты, не паслухаўшы павучанняў сваёй маці і пані, замест таго, каб на пакаранне маёй варагіні абудзіць у ёй ганебную схільнасць, сам хлапчук яшчэ, бярэш яе ў свае распусныя і няспелыя абдымкі. Ты думаеш, я зміруся з нявесткай, якую ненавіджу? Ці, можа, ты, пустадомак і паганы бадзяга, лічыш, што толькі ты адзін можаш прадаўжаць наш род, а я ўжо састарэла і не магу зачаць? Дык жа ведай, нараджу другога сына, шмат лепшага за цябе, ці для большага твайго прыніжэння ўсынаўлю якога-небудзь нявольніка і перадам яму і гэтыя крылы, і факел, і гэтыя стрэлы, і ўвесь гэты рыштунак, які я дала табе не на такі ўжытак, бо нічога не было ўзята на гэта ўзбраенне з маёмасці твайго бацькі.

30. Зрэшты, ты з малых дзён кепска выхаваны, на руку шустры, старэйшых крыўдзіў без ніякай пашаны, нават мяне, сваю маці, мяне, кажу, ты, забойца, кожны дзень крыўдзіш і часта раніш, не лічачы за маці, быццам удаву якую, не саромеючыся свайго айчыма, знакамітага сілача і вялікага змагара. Мала таго, ты на шкоду маёй з ім сувязі ўзяў моду раз за разам дастаўляць яму ў наложніцы дзяўчат. Але я змушу цябе пакаяцца за гэтае свавольства, убачыш, якая цяжкая і горкая будзе твая жаніцьба! Цяпер, пасля такіх здзекаў, што мне рабіць? Куды падзецца? Якімі спосабамі абразуміць гэтага прайдзісвета? Няўжо звярнуцца мне да варожай Устрыманасці, якую я гэтак часта з прычыны распуснасці гэтага хлапца абражала? Але як мне гаварыць з гэтай вясковай неачэсанай бабай! Адна думка пра гэта наганяе на мяне жах! Аднак адкуль бы помста ні прыходзіла, грэбаваць ёю не варта. Якраз Устрыманасць, і ніхто іншы, можа быць мне найбольш карыснай у сама строгім пакаранні гэтага пустамелі: забраць калчан, стрэлы, аслабіць лук, факел патушыць ды ўтаймаваць яго цела надзейнымі сродкамі. Тады толькі палічу адпомшчанай сваю крыўду, калі яна кучары, зіхатлівае золата якіх я так часта церабіла, яму зголіць, а крылы, што я на сваіх грудзях нектарам акрапляла, абрэжа».

31. Пасля гэтага маналога яна гнеўна рынулася з дому, але жоўць яе яшчэ не супакоілася. Тут жа сустрэла Цэрэру з Юнонай, а яны, убачыўшы яе надзьмуты твар, пытаюцца, чаму азмрочваюць ссунутыя бровы прыгажосць яе бліскучых вачэй? А яна: «Вось дарэчы я вас сустрэла, і вы выканаеце жаданне майго распаленага сэрца. Малю вас, пастарайцеся знайсці мне ўцякачку Псіхею. Да вас, я спадзяюся, дайшло, што здарылася ў маім доме. І гэта натварыў той, якога не магу больш называць сваім сынам!»

А багіні, якім усё, што здарылася, было вядома, каб суцішыць палымяны гнеў Венеры, пачынаюць так: «А што ж, пані, благое зрабіў твой сын, што ты гэтак упарцішся ягонаму шчасцю і хочаш загубіць дзяўчыну, якую ён любіць? Што за грэх, калі ён радасна ўсміхаецца да прыгожай дзяўчыны? Ці ж ты не бачыш, што ён ужо дарослы юнак, ці мо забылася, колькі яму гадоў? Ці мо таму, што ён выглядае маладзей як на свой узрост, дык да гэтага часу здаецца табе хлопчыкам? Ты маці,і прытым жанчына разважлівая, а ўсё стараешся разведаць пра ўсе свавольствы свайго сына, абвінавачваеш яго ў распусце, умешваешся ў яго любоўныя справы і ганіш у сваім цудоўным сыне свае ўласныя хітрыкі і ўцехі. Хто ж з багоў ці з смяротных дапусціць, каб ты паўсюль сеяла юрлівасць, калі ты са свайго ўласнага дому выжываеш каханне і наглуха замыкаеш доступ да жаночых слабасцяў?»

Гэтак яны, баючыся Купідонавых стрэл, стараліся дагадзіць яму сваім прыхільным заступніцтвам. Але Венера, абурыўшыся тым, што яны зводзяць прычыненыя ёй крыўды на дробязь, апярэдзіўшы іх, хуткім крокам накіравалася ў другі бок — да мора.

 

Кніга шостая

 

1. Тым часам Псіхея, пераходзячы з месца на месца, шукаючы ўдзень і ўночы свайго мужа, усё мацней жадала калі не ласкамі жонкі, дык хоць просьбамі астудзіць яго гнеў. І вось, убачыўшы на гары нейкі хорам, падумала: «Хто ведае, можа, тут знаходзіцца мой уладар!» І адразу кіруе ў той бок свае шпаркія крокі. Надзея і жаданне сустрэчы вярнулі ёй страчаную бадзёрасць. Падняўшыся па крутым адхоне, падыходзіць упэўненай ступою да святыні і бачыць там наваленыя ў кучу і сплеценыя ў вянкі каласы пшаніцы і ячменю. Заўважыла таксама там сярпы і іншыя прылады жніва, але ўсё гэта ляжала абы-як і абы-дзе ў беспарадку і без нагляду, як гэта бывае, калі работнікі ў спёку ўсё параскідаюць.

Псіхея разабрала старанна ўсе прылады і, як належыць спарадкаваўшы, думала пра тое, што нельга ёй грэбаваць ніякай святыняй, ні абрадамі любога з багоў, а ў кожнага з іх шукаць літасці і спагады.

2. За гэтай працай застае яе карміцелька Цэрэра і яшчэ здалёк гукае: «Ах, вартая жалю Псіхея! Па ўсім свеце шукае цябе да крайнасці разгневаная Венера, якая рыхтуе табе лютую кару, усю сваю боскую сілу хоча абрынуць на помсту табе, а ты клапоцішся тут аб маіх рэчах і нічога не робіш для свайго ратунку!»

Тут Псіхея кінулася ў ногі багіні, абліваючы іх горкімі слязьмі. Падмятае багініны сляды валасамі і ўмольвае яе сардэчнымі просьбамі: «Заклінаю цябе тваёй пладаноснай правай рукой, радаснымі абрадамі жніва, запаветнымі тайнамі кашоў, крылатай калясніцай тваіх прыслужнікаў драконаў, баразной сіцылійскай зямлі, драпежнай калясніцай, зямлёй-карміцелькай, сыходжаннем да беспрасветнага шлюбу Празерпіны, светлым вяртаннем знойдзенай дачкі і ўсім, акружаным маўклівасцю ў святыні атычнага Элеўсіна, — зрабі ласку душы Псіхеі, якая ўмольвае тваёй апекі! Дазволь мне схавацца ў гэтай капе калосся хоць на некалькі дзянькоў, да той пары, пакуль страшны гнеў велічнай багіні памалу не астыне, ці хоць на той час, пакуль мае аслабленыя доўгімі пакутамі сілы адновяцца ў ціхім супачынку».

3. Адказвае ёй Цэрэра: «Узрушана я тваімі слёзнымі просьбамі, аднак не магу выклікаць незадаволенасці маёй сваячкі, добрай жанчыны, з якой я злучана повязямі даўняй дружбы. Дык зараз жа пакінь гэта памяшканне і будзь рада, што я цябе не затрымала і не пасадзіла пад варту».

Атрымаўшы такі нечаканы адказ, прыгнечаная падвойнай скрухай, зноў пускаецца Псіхея ў дарогу і праз нейкі час бачыць у глыбокай даліне сярод панурага гаю вельмі дыхтоўна збудаваную святыню. Стараючыся не прапусціць ніякай магчымасці палепшыць свой лёс, яна была гатова заслужыць літасць у любога з багоў, таму набліжаецца да святых варот. Бачыць тут дарагія прынашэнні і палотнішчы з залатымі надпісамі, развешаныя на галінах дрэў і на вушаках дзвярэй. Адначасова з выказваннем удзячнасці напісана было і імя багіні, якой усё гэта прысвячалася. Перш за ўсё, выцершы слёзы, становіцца Псіхея на калені, абдымае рукамі яшчэ не астылы алтар і ўзносіць такую малітву:

4. «Сястра і жонка вялікага Юпітэра, ці ёсць ты ў старадаўняй святыні Самоса, якая славіцца як адзіны сведка твайго нараджэння, немаўлячага крыку і ранняга дзяцінства, ці знаходзішся ў блажэнным прыстанку высокага Карфагена, дзе ўшаноўваюць цябе як дзеву, што на льве рухаецца па небе, альбо паблізу берагоў Інаха, які славіць цябе як жонку Грамавержца і каралеву багіняў. Ты ахоўваеш слаўныя аргоскія сцены, ты, якую ўвесь Усход ушаноўвае як Зігію, а ўвесь Захад называе Люцынай, будзь мне ў маёй пільнай патрэбе Юнонай-апякункай і, зняможаную ў гэтулькіх перажытых мною пакутах, ад страху навіслых нада мною небяспек вызвалі! Мне ж вядома, што ты ахвотна дапамагаеш цяжарным жанчынам, якім пагражае небяспека».

Калі яна такім чынам вымольвала злітавання, раптам з'явілася перад ёй ува ўсёй сваёй красе і велічы Юнона, як гэта належыць такой магутнай багіні, і тут жа гаворыць: «Павер мне, што я ахвотна выканала б тваю просьбу, але дзейнічаць супраць волі маёй нявесткі Венеры, якую я заўсёды любіла як дачку, не дазваляе мне сумленне. Апроч таго, спыняе мяне і закон, які забараняе аказваць апеку і дапамогу чужым беглым нявольнікам без згоды іх гаспадароў».

5. Збянтэжаная новым крушэннем сваіх надзей, не маючы магчымасці знайсці свайго крылатага мужа, Псіхея страціла надзею на выратаванне і пачала разважаць так: «Хто ж яшчэ зможа падтрымаць мяне, хто адважыцца даць мне дапамогу, калі ніводная з багінь, нават пры жаданні, не выканала маіх просьбаў? Куды ж мне цяпер падацца, калі я з усіх бакоў акружаная пасткамі? Пад чыім дахам змагу, хоць бы затаіўшыся ў змроку, схавацца ад вачэй магутнай Венеры? Узбройся па-мужчынску адвагай духу, смела адрачыся ад дарэмнай надзеі, аддайся добраахвотна ў рукі сваёй уладарніцы, і, магчыма, хоць спозненай пакорлівасцю ты ўтаймуеш яе бязлітаснае праследаванне. Хто ведае, можа здарыцца, што і таго, каго ты так доўга шукаеш, знойдзеш у доме яго маці». І вось, гатовая скарыцца, але без надзеі на поспех і больш падрыхтаваная да канчатковай загубы, пачала яна меркаваць, з чаго пачаць сваю просьбу.

6. А Венера, убачыўшы, што наземнымі спосабамі знайсці яе немагчыма, кіруецца на неба. Там загадвае, каб нарыхтавалі ёй калясніцу, якую ў якасці шлюбнага падарунка вельмі густоўна змайстраваў для яе бог залатых рамёстваў Вулкан. Выгладзіўшы тонкім напільнікам, ён прыдаў ёй такую прыгажосць, што нават страта некаторай часткі золата зрабіла яе яшчэ больш каштоўнай.

З таго боку пакояў уладарніцы, дзе жыло мноства галубак, аддзяляюцца дзве беласнежныя пары. У вясёлым палёце паварочваюць яны свае бліскатлівыя шыйкі, упрагаюцца ў абсыпаную каштоўным каменнем вупраж і, прыняўшы багіню, радасна ўзлятаюць у паветра. Побач з калясніцай уладарніцы пырхаюць з шумным шчабятаннем верабейкі і розныя іншыя звонкагалосыя птушкі, запаўняючы далікатнымі спевамі паветра і абвяшчаючы прыбыццё багіні. Хмары расступаюцца, неба перад сваёй дачкой адчыняецца, вышэйшы эфір радасна сустракае багіню, а пеўчая світа вялікай Венеры не баіцца ні сустрэчных арлоў, ні каршуноў.

7. Яна накіроўваецца адразу ў каралеўскі палац Юпітэра і напышлівым тонам заяўляе, што ёй неабходная дапамога звонкагалосага бога Меркурыя. Не адмовілі цёмныя бровы Юпітэра. І вось Венера ў суправаджэнні Меркурыя спускаецца з неба і ўсхвалявана гаворыць: «Браток мой Аркадзіец, ты ведаеш, што твая сястра Венера ніколі нічога ўпотай ад Меркурыя не распачынала, і вядома табе таксама, што ўжо доўгі час не магу я знайсці служанку, якая ад мяне хаваецца. І мне нічога больш не застаецца, як праз тваё ўсенароднае вяшчанне аб'явіць, што за паведамленне, дзе яна знаходзіцца, будзе выдадзена ўзнагарода. Дык вось, паспяшайся з маім даручэннем, прытым дакладна падай прыкметы, па якіх можна будзе яе пазнаць, каб той, хто акажацца вінаватым ва ўкрывальніцтве, не мог адгаворвацца, што яе не пазнаў».

Пры гэтым яна перадае яму ліст, дзе пазначана імя Псіхеі і ўсё іншае. Пасля гэтага вяртаецца дамоў.

8. Меркурый адразу ўзяўся выконваць заданне. Па ўсіх мясцовасцях і ўсім народам ён абвяшчаў: «Калі хто верне з уцёкаў ці зможа паказаць, дзе хаваецца каралеўская дачка, служанка Венеры Псіхея, і данясе аб гэтым вешчуну Меркурыю за муртыйскімі калонамі, дык атрымае ў якасці ўзнагароды ад самой Венеры сем салодкіх пацалункаў і, апрача таго, яшчэ адзін мядовы з ласкавым дотыкам языка».

Пасля такой Меркурыевай аб'явы жаданне незвычайнай узнагароды заахвоціла ўсіх людзей наперабой кінуцца ў пошукі.

Усё гэта прымусіла Псіхею не марудзіць. Яна ўжо набліжалася да варот сваёй уладарніцы, калі насустрач ёй выбегла Прывычка, адна з Венерыных чалядніц, і пачала на ўсю моц крычаць: «Нарэшце ты, нягодная служанка, зразумела, што ў цябе ёсць пані! Няўжо, па характэрнай табе нахабнасці, ты будзеш прыкідвацца, што не ведаеш, якога клопату каштавалі нам пошукі цябе? Добра, што ты трапіла ў мае рукі, быццам у самыя кіпцюры Орка ўскочыла, дык і кара за тваю ўпартасць напаткае цябе неадкладна!»

9. І, учапіўшыся моцна за валасы, пацягнула за сабой, хоць тая зусім не супраціўлялася. Як толькі ўбачыла Венера, што прывялі і паставілі перад ёй Псіхею, яна пачала рагатаць, як чалавек, даведзены гневам да вар'яцтва. Затрэсла галавой, пачала часаць правае вуха і кажа: «Нарэшце ты ўдастоіла свякруху сваім наведаннем! Ці, можа, ты прыйшла сустрэцца з мужам, які пакутуе ад нанесенай табой раны? Не хвалюйся, я магу абысціся з табой так, як гэтага добрая нявестка заслугоўвае!» А пасля крычыць: «Дзе тут мае служанкі Турбота і Журба?» А калі яны на покліч з'явіліся, перадала яе ім на пакаранне. Тыя ж, паслухмяныя загаду гаспадыні, адлупцавалі бедную Псіхею бізунамі і, памучыўшы іншымі спосабамі, зноў прывялі яе да пані.

Венера зноў разрагаталася і кажа: «Напэўна, ты думаеш, што выкліча ў мяне спачуванне твой уздуты жывот, плод якога збіраецца ашчаслівіць мяне званнем бабулі? Сапраўды, вялікі гэта гонар мне ў самым росквіце гадоў называцца бабуляй і слухаць, як сына нізкай служанкі называюць унукам Венеры. Зрэшты, я надарма кажу «сын». Шлюб быў не роўны, прытым адбыўся ў загароднім памяшканні без сведкаў і без бацькавай згоды, дык не можа лічыцца сапраўдным, і дзіця народзіцца, калі я наогул дазволю табе яго данасіць, незаконным».

10. Сказаўшы гэта, налятае на маладзіцу, ірве яе сукенку, цягае за валасы, трасе яе галаву і бязлітасна б'е, а пасля бярэ жыта, ячмень, проса, мак, гарох, сачавіцу, боб — усё гэта перамешвае і, згарнуўшы ў адну вялікую кучу, кажа: «Я думаю, што такая бесталковая служанка не магла нічым іншым дагадзіць сваім палюбоўнікам, як толькі стараннай службай, дык вось і я хачу праверыць тваё ўмельства. Разбяры вось гэту кучу і разлажы асобна кожны від зерня, падрыхтуй мне гэта на праверку да заўтрашняга вечара».

Пасля падалася на вясельны банкет. А Псіхея нават не дакранулася да гэтай бязладнай кучы. Прыгнечаная такім бязлітасным загадам, сядзела моўчкі і нерухома. Раптам нейкая дробненькая вясковая мурашка, якая разумела, наколькі цяжкая гэта праца, злітавалася над сужыцелькай вялікага бога і, абураная бесчалавечнасцю свекрыві, пачала бегаць туды і сюды і старанна склікаць усе саслоўі мурашак з акругі і так упрошваць: «Злітуйцеся, жывыя жыхары зямлі, якая корміць усіх, злітуйцеся над маладзенькай прыгажуняй, жонкай Амура, прыйдзіце як мага хутчэй на дапамогу ў яе бядзе!»

Заварушыліся хвалі шасціногіх істот, разбіраюць яны ўсю кучу па зернетку і, асобна пасартаваўшы кожны від, хутка знікаюць з вачэй.

11. Калі настала ноч, з'явілася Венера з вясельнага банкету. Была яна ап'янелая ад віна, пахла бальзамам у гірляндах з найпрыгажэйшых ружаў. Убачыўшы так дакладна выкананую работу, яна выкрыквае: «Не твая, нягодніца, гэта праца! Не ты яе рабіла. Гэта зрабіў той, каму ты на сваё і ягонае няшчасце спадабалася!» І, кінуўшы ёй скарынку хлеба, пайшла ў сваю адпачывальню спаць.

А тым часам Купідон, самотны вязень, замкнёны ва ўнутраных пакоях дома, знаходзіўся пад пільнай аховай, часткова дзеля таго, каб лішняй жвавасцю не развярэдзіў сабе раны, а таксама і таму, каб не сустрэўся са сваёй жаданай. Так мінула пакутлівая для разлучаных ноч, якую прабылі пад адным дахам. А як толькі Аўрора ўзышла на калясніцу, Венера паклікала да сябе Псіхею і сказала ёй так: «Вунь бачыш гай, які цягнецца па беразе рэчкі? Кусты на ўскрайку растуць па-над крыніцай. Там пасвяцца без нагляду адкормленыя авечкі, пакрытыя залатым руном. Я загадваю табе неадкладна прынесці мне жмут гэтай каштоўнай воўны, здабыўшы яе якім хочаш спосабам».

12. Псіхея ахвотна пайшла туды, але не для таго, каб выканаць загад, а каб, кінуўшыся з берага ў раку, пазбыцца ўсіх сваіх бедаў. Але раптам з лёгкім пошумам ветрыку адазвалася з рэчкі сціплая зялёная трысцінка і меладычным голасам сказала:

«Бедная гаротніца Псіхея, не заплям гэтай благаславёнай вады сваёй смерцю і не падыходзь у гэту часіну да тых жудасных авечак, бо, пакуль пячэ іх сонечная спёка, на іх нападае шал, і яны могуць забіць цябе ці вострымі рагамі, ці сваімі каменнымі лбамі, ці ядавітымі ўкусамі. А як папаўдні трохі схаладае і прыемны рачны ветрык супакоіць іх, тады ты схавайся пад тым вунь шырокім платанам, які чэрпае сабе вільгаць з той самай, што і я, ракі. І калі авечкі супакояцца і вернуцца да свайго нармальнага стану, ты зможаш знайсці залатую воўну, заблытаную ўсюды паміж густога голля — досыць толькі страсянуць кусты».

13. Гэтак навучала яе сціплая міласэрная трысцінка, каб выратаваць ад загубы.

Псіхея ўважліва выслухала парады трысцінкі, і ёй не прыйшлося раскайвацца. Зрабіўшы ўсё, як было сказана, яна набірае тайком поўную пазуху воўны і прыносіць яе Венеры. Аднак і гэтым другім выкананнем небяспечнага даручэння не зарабіла ў багіні пахвалы. Нахмурыўшы бровы і з'едліва ўсміхнуўшыся, яна гаворыць: «Ведаю і гэтага шалапутнага твайго памочніка! Але вось я праверу як след, ці поўнасцю валодаеш ты прысутнасцю духу і дастатковай кемлівасцю. Бачыш вунь там над высачэзнай скалой вяршыню крутой гары, адкуль выцякаюць цёмныя воды змрочнай крыніцы? Даплыўшы да памястоўнай, закрытай з усіх бакоў катлавіны, яны абвадняюць стыгійскія балоты, а пасля становяцца бурлівымі хвалямі Кацыта. Адтуль, з самага вытоку крыніцы, з глыбіняў, зачэрпнуўшы ледзяной вады, ты адразу прынясеш мне яе ў гэтай вось шкляначцы».

Сказаўшы гэта, зноў са страшнымі пагрозамі перадае ёй гранёную крышталёвую судзінку.

14. А тая хуткімі крокамі ідзе да вяршыні гары, спадзеючыся там знайсці канец свайму гаротнаму жыццю. Аднак, дабраўшыся да месца, блізкага ад вызначанай мэты, бачыць, што загад выканаць немагчыма. Бясконца высокая і безнадзейна недаступная скала выкідала з камяністых шчылін мноства жудасных крыніц, якія абрываліся з кручаў і, схаваныя ў вузкім рэчышчы, непрыкметныя воку, бурліва імчаліся ў суседнюю даліну. Направа і налева са скальных трэшчын высоўвалі свае даўжэзныя шыі раз'юшаныя драконы, вочы якіх ніколі не сплюшчваліся, і зрэнкі іх няспынна глядзелі на свет.

Апроч таго, воды, якія валодалі дарам мовы, штохвіліны выкрыквалі: «Назад! Што робіш? Што ты надумала? Сцеражыся! Уцякай! Загінеш!»

Псіхея стаяла як скамянелая, і хоць целам была там, душою адсутнічала, і, цалкам прыгнечаная цяжарам свайго становішча, пазбавілася нават свайго апошняга суцяшэння — слёз.

15. Але не схаваліся ад вачэй справядлівага лёсу пакуты нявіннай душы. Каралеўскі птах, арол, слуга ўсявышняга Юпітэра, з'явіўся раптам і распасцёр свае крылы. Ён прыпомніў сваю даўнюю паслугу, калі па падказцы Купідона схапіў для Юпітэра фрыгійскага падчашага, і падумаў, што, аказаўшы своечасовую дапамогу жонцы Купідона, ушануе гэтым і самога бога, дык, пакінуўшы вышыні Юпітэравых шляхоў, пачаў кружыцца над галавой у маладой жанчыны і так сказаў: «І ты, недасведчаная ў такіх справах прасцячка, спадзяешся дастаць хоць кроплю вады ці нават наблізіцца да гэтай наколькі святой, настолькі і грознай крыніцы? Ці ты ніколі не чула, што гэтыя стыгійскія воды страшныя не толькі меншым братам, а нават і самому Юпітэру? А гэта таму, што так, як вы прысягаеце на высокую волю багоў, так жыхары неба клянуцца веліччу Стыкса. Але дай мне сваю шкляначку».

І хутка схапіўшы ў свае кіпцюры тую пасудзінку і выпрастаўшы крылы, пачаў узнімацца, адхіляючыся то ўправа, то ўлева ад чарады драконавых пашчаў з вышчаранымі зубамі і пакручастымі трайнымі языкамі, штораз вышэй да грозных водаў, якія з шумам крычалі яму, каб, пакуль цэлы, вяртаўся. Тады ён ім сказаў, што ляціць па загаду Венеры, выконвае яе даручэнне, і гэта выдумка крыху дапамагла яму дабрацца да мэты.

16. Атрымаўшы напоўненую шкляначку, з вялікай радасцю чым хутчэй панесла яе Псіхея Венеры. Аднак і цяпер не змагла яна атрымаць ухвалы разгневанай багіні. Са злавеснай усмешкай, якая прадвяшчала яшчэ большыя вымаганні і цяжэйшыя беды, звяртаецца свякруха да яе: «Як я зразумела, ты вялікая і вопытная ведзьма, калі так выконваеш усе нялёгкія даручэнні. Дык вось што, мая ты лялечка, павінна мне зрабіць. Вазьмі гэту скрыначку і хутчэй накіроўвайся ў пекла, у замагільнае царства самога Орка. Там аддасі скрыначку Празерпіне і скажаш: «Венера просіць прыслаць ёй крыху тваёй прыгажосці хоць на адзін дзянёк, бо сваю ўласную яна цалкам растраціла, апякуючыся сваім хворым сынам. Толькі ж вяртайся хутчэй, бо мне зараз жа неабходна нацерціся, каб пайсці на сход багоў».

17. Тут лепш чым калі адчула і зразумела Псіхея, што выпраўляюць яе на верную загубу і што настала яе апошняя часіна. Чаго ж болей чакаць, калі выпраўляюць яе ісці добраахвотна сваімі нагамі ў Тартар, у краіну памерлых.

Не думаючы доўга, паднялася яна і пайшла ў бок нейкай высачэзнай вежы, збіраючыся адтуль кінуцца ўніз, каб такім чынам хутка і найбольш пэўна трапіць у замагільнае царства.

Але вежа раптам загаварыла: «Навошта табе, нябога, шукаць пагібелі ў бездані? Чаму новыя цяжкасці і небяспекі так цябе палохаюць? Як твой дух аддзеліцца ад цела, дык, вядома, сыдзеш ты ў глыбокі Тартар, але назад адтуль ніколі ўжо не вернешся. Вось лепш паслухай мяне.

18. Непадалёку адгэтуль знаходзіцца горад Ахаі, славуты Лакедэман. У суседстве з ім знайдзі закінуты сярод бязлюднай мясцовасці Танар. Там ёсць расколіна Дзіта, і праз яе зіхатлівыя вароты віднеецца непраходная дарога. Калі ты там пераступіш парог і пойдзеш па ёй, дык дабярэшся да Оркавага царства. Аднак у той змрок ты павінна ўступіць не з пустымі рукамі, а ў кожнай трымай па ячменным праснаку, замешаным на віне і мёдзе, а ў роце нясі дзве манеты.

Прайшоўшы значную частку той смертаноснай дарогі, ты сустрэнеш кульгавага асла, нагружанага дрывамі, а з ім кульгавага паганятага, які будзе прасіць цябе падняць некалькі паленаў, што вываліліся з вязанкі, але ты не адказвай яму і моўчкі ідзі далей. Неўзабаве дойдзеш да ракі памерлых, над якой валадарыць Харон. Ён патрабуе ад кожнага за перавоз на чоўне на другі бераг грашовую плату. Гэта значыць, што і ў асяроддзі памерлых працвітае карысталюбства, бо нават такі бог, як Харон, збіральнік падаткаў ад Дзіта, нічога дарма не робіць, і бядняк, паміраючы, павінен запасціся грашыма, а калі няма ў яго медзі, дык яму і не дазволяць памерці. Гэтаму бруднаму старому ты і заплаціш за перавоз адзін з медзякоў, якія будзеш мець з сабой, толькі няхай ён сам сваёй рукой выме яго ў цябе з рота. Ды гэта яшчэ не ўсё. Як будзеш перапраўляцца праз тую павольную рэчку, выплыве на паверхню мёртвы стары і, працягнуўшы да цябе гнілую руку, будзе прасіць узяць яго ў лодку, але ты не паддавайся недазволенай табе літасці.

19. Калі ты пераправішся цераз раку і пройдзеш трохі далей, убачыш старых, якія ткуць на кроснах. Яны будуць прасіць, каб ты памагла ім, але ты не звяртай на іх увагі.

Усё гэта і шмат іншага будзе ўзнікаць праз каварства Венеры, каб ты выпусціла з рук хоць адзін праснак. А страціць гэтыя праснакі справа не пустая, бо, калі выпусціш з рук хоць адзін, свету больш не ўбачыш. Агромністы сабака з трыма вялікімі галовамі, які брэша громападобна і палохае памерлых, хоць інакш шкодзіць ім не можа, ляжыць каля самага парога чорных пакояў Празерпіны і пільна сцеражэ шырокае ўладанне Дзіта.

Даўшы яму адзін з двух сваіх праснакоў, ты лёгка пройдзеш ля яго і ў хуткім часе дойдзеш да Празерпіны, якая прыме цябе вельмі ветліва, прапануе мяккае сядзенне і запросіць на пышны пачастунак. Але ты сядзь на зямлі і вазьмі толькі скібку простага хлеба, пасля скажы, чаго прыйшла, і, узяўшы тое, што дадуць, вяртайся назад. Злосць сабакі спыні тым праснаком, што ў цябе застанецца, заплаці скупому перавозчыку манету і, пераправіўшыся праз раку, зноў узыдзі на ранейшую дарогу, адкуль убачыш карагод зорак. Толькі хачу цябе папярэдзіць, каб ты ні ў якім разе не адчыняла скрыначкі, не заглядала ў яе і не цікавілася сакрэтнымі скарбамі захаванай у ёй прыгажосці».

20. Гэтак празорлівая вежа выявіла ёй сваё прароцтва. Забраўшы з сабой манеты і праснакі, выпраўляецца Псіхея ў Тартар і пускаецца ў замагільны шлях. Моўчкі мінуўшы паганятага аслоў, даўшы манету перавозчыку, пакінуўшы без увагі просьбы нябожчыка, што выплываў, і назойлівых ткачых і супакоіўшы праснаком страшную раз'юшанасць сабакі, трапляе ў памяшканне Празерпіны. Не паквапіўшыся на прапанаванае гаспадыняй мяккае сядзенне і салодкі пачастунак, а сеўшы каля яе ног і задаволіўшыся адным хлебам, перадала яна даручэнне Венеры. Схавала напоўненую і зачыненую скрыначку, утаймавала раз'юшанасць сабакі другім праснаком і, заплаціўшы перавозчыку манетай, што ў яе заставалася, выбралася яна з цёмнага каралеўства ў шмат лепшым настроі, чым ішла туды. А ўбачыўшы белы свет, пакланілася яму.

Аднак, хоць і спяшалася яна чым хутчэй выканаць даручэнне, авалодала ёю нястрымная цікавасць. «Якая я дурная, — сказала яна сама сабе, — нясу з сабой боскую прыгажосць і не вазьму з яе хоць трошачкі сабе, каб яшчэ больш падабацца свайму каханаму».

21. Сказаўшы гэта, адчыняе скрыначку, а там няма ніякай прыгажосці, толькі падземны сон. Вырваўшыся з-пад накрыўкі, ён адразу находзіць на яе. Па ўсім яе целе расплываецца густая аблачына безуладнасці і ахутвае яе. У той жа момант яна падае на той сцежцы, па якой ішла, і адразу засынае. І ляжала яна там нерухома, нібы мёртвая.

А Купідон, ачуняўшы ад сваёй раны і не могучы перанесці такой доўгай разлукі з Псіхеяй, вышмыгнуў праз высокае акно пакоя, у якім сядзеў замкнёны, і з падвоенай хуткасцю на адпачыўшых крылах памчаўся да сваёй Псіхеі. Тут ён старанна знімае з яе сон і хавае яго на тое самае месца, у скрыначку. Будзіць Псіхею бяспечным уколам стралы і кажа: «Вось ты, нябога, зноў ледзь не загінула праз сваю цікаўнасць. Але пакуль што выканай дакладна даручэнне маёй маці, а пра астатняе паклапачуся я сам».

З гэтымі словамі ўзляцеў на крыллях боскі каханак, а Псіхея пайшла да Венеры, каб аддаць ёй Празерпінін падарунак.

22. Тым часам Купідон пад уплывам моцнага кахання і баючыся суровасці сваёй маці хапаецца за даўнейшыя хітрыкі. Дасягнуўшы на сваіх хуткіх крылах самай нябеснай вышыні, звяртаецца з пакорлівым тварам да Юпітэра і малітоўна выкладвае яму сутнасць сваёй справы. На гэта Юпітэр, паляпаўшы Купідона па шчацэ і прыўзняўшы да твару яго руку, так кажа: «Хоць ты, сынок, пане мой, не выказваў ніколі належнай мне пашаны, прысуджанай мне на зборы багоў, а нават мае грудзі, дзе ствараюцца законы стыхіяў і чаргаванні свяцілаў, часта прабіваў ударамі стралы і нярэдка зневажаў грахамі зямной пажадлівасці і такім чынам пляміў мой гонар і добрае імя, змушаючы парушаць законы, асабліва закон Юлія, і грамадзянскую мараль ганебнымі пралюбадзействамі. Ты прымушаў мяне мяняць маё светлае аблічча на выгляд гадзюк, агню, звяроў, птушак і свойскай жывёлы. Аднак помнячы пра сваю паблажлівасць, а таксама пра тое, што ты вырас на маіх руках, я выканаю твае пажаданні, абы толькі ты здолеў аберагчыся ад сваіх нядобразычліўцаў. А яшчэ ў аддзяку за гэту маю спагаднасць ты павінен, калі ёсць на зямлі ў гэты час якая-небудзь непараўнанай прыгажосці дзяўчына, аддаць яе мне».

23. Сказаўшы гэта, загадвае Меркурыю склікаць усіх багоў на сход і аб'явіць, што на тых, хто не з'явіцца, будзе накладзены штраф дзесяць тысяч нумаў. Настрашаныя такой пагрозай, багі хутка запаўняюць пакой, і Юпітэр, седзячы на ўзнятым вышэй за іншыя сядзенні, робіць такую абвестку:

«Багі, занесеныя ў нашы спісы Музамі, усе вы ведаеце гэтага юнака, якога я выгадаваў гэтымі рукамі. Я вырашыў спыніць бурныя парыванні яго квяцістага юнацтва якой-небудзь вуздэчкай. Хопіць таго, што кожны дзень абвінавачваюць яго ў пралюбадзействе і розных іншых праступках. Трэба ліквідаваць падставы для гэтага і звязаць яго распушчанасць шлюбнымі повязямі. Ён выбраў сабе дзяўчыну і пазбавіў яе нявіннасці, дык няхай яна застанецца з ім, няхай ён валодае ёю і няхай у абдымках Псіхеі цешыцца каханнем». І, звярнуўшыся да Венеры, працягвае:

«А ты, дачка, адкінь усю скруху і не бойся, што твой знакаміты род і тваё становішча пацерпяць ад шлюбу сына са смяротнай жанчынай. Я зраблю так, што шлюб не будзе няроўным і стане законным, які адпавядае грамадзянскім пастановам».

Тут ён загадвае Меркурыю неадкладна даставіць на неба Псіхею і, падаўшы ёй келіх з амброзіяй, кажа: «Прымі, Псіхея, станься несмяротнай. Няхай ніколі не адлучаецца Купідон з тваіх абдымкаў і няхай гэта сувязь застанецца на векі вечныя».

24. Неўзабаве накрываюць багаты вясельны стол. На ганаровым месцы разлегліся жаніх з прытуленай да яго грудзей Псіхеяй, побач з імі Юпітэр са сваёй Юнонай, а за імі парадкам усе багі. Келіх з нектарам, які замяняе багам віно, падаваў Юпітэру падчашы, слаўны сельскі юнак, а іншым падносіў Лібер. Ежу рыхтаваў Вулкан, Оры абсыпалі ўсіх ружамі і іншымі кветкамі, Грацыі апырсквалі духмянасцямі, Музы напаўнялі паветра спевам, Апалон спяваў пад кіфару, а цудоўная Венера танцавала ў такт прыгожай музыкі ў такім суправаджэнні: Музы спявалі хорам, Сатыр іграў на флейце, а Паніск дзьмуў у свісцёлку. Так належным чынам была перададзена Псіхея ва ўладу Купідона. А як прыйшоў тэрмін, нарадзілася ў іх дачка, якую мы называем Асалодай».

25. Так расказвала палоннай дзяўчыне п'яная бабулька, якая выжыла з розуму, а я, стоячы воддаль, клянуся Геркулесам, шкадаваў, што не было пры мнё таблічкі і ражончыка, каб запісаць такую цудоўную аповесць.

І вось у той час, пасля нейкай небяспечнай сутычкі, вяртаюцца разбойнікі са здабычай, але некаторыя з іх, больш задзірыстыя, параненыя. Гэтых яны пакідаюць дома лячыцца, а самі вяртаюцца па тую частку здабычы, якая ў іх, як яны казалі, ляжыць прыхаваная дзесьці ў пячоры. Хутка праглынулі абед і, падганяючы кіямі, выводзяць мяне і каня на дарогу, каб выкарыстаць нас як уючную сілу. Вельмі стомленыя шматлікімі пераваламі і кручамі, дабіраемся пад вечар да нейкай пячоры. Там навальваюць на нас мноства ўсякай паклажы і, не даўшы хвіліны адпачынку, адразу гоняць назад, прытым вельмі спяшаюцца і так б'юць мяне кіямі і таўхаюць, што я паваліўся на прыдарожны камень. Тут зноў пасыпаліся на мяне ўдары, каб я падняўся, хоць у мяне была паранена правая галёнка і пашкоджаны левы капыт.

26. Адзін з разбойнікаў гаворыць: «Ці доўга мы будзем дарма карміць гэтага ні на што не здатнага асла, які цяпер яшчэ закульгаў?» А другі: «Як толькі завёўся ў нас гэты пракляты асёл, ні ў чым няма ў нас удачы, сама адважных то раняць, то забіваюць». А яшчэ іншы: «Як ён сабе хоча ці не хоча, а данясе гэту паклажу, я буду не я, калі не скіну яго са скалы ўніз галавой, няхай дзяўбуць яго ястрабы».

Пакуль гэтыя добрыя людзі вялі гаворку пра маю смерць, мы дабраліся дамоў. А ў мяне ад страху быццам выраслі крылы. Зваліўшы з нас той груз і забыўшыся пра нас і нават пра маю смерць, выклікаюць тых, што заставаліся ў пячоры, параненых сяброў і спяшаюцца назад, каб рэшту здабычы перанесці на руках, бо, як казалі, надакучыла ім наша марудлівасць. А мяне ахапіў вялікі неспакой пры думцы аб рыхтаванай мне загубе. Дык я так сам сабе думаў: «Ну чаго ты, Луцый, стаіш і чаго яшчэ горшага чакаеш? Смерць, і прытым сама бязлітасная, прысуджана табе на нарадзе разбойнікаў. Выканаць ім іхняе рашэнне зусім проста: бачыш вунь тыя блізкія скалы, абсыпаныя вострымі камянямі, якія ўрэжуцца ў тваё цела і разарвуць цябе на кавалкі, перш чым ты паспееш памерці. Бо гэта твая магія, зрабіўшы цябе аслом, надзяліла цябе не аслінай скурай, а тоненькай скуркай, як у п'яўкі. Чаму ж ты не адважышся і не падумаеш аб сваім выратаванні, пакуль яшчэ не позна? Пакуль няма разбойнікаў, усё складваецца на тваю карысць. Ці, можа, ты баішся нагляду гэтай ледзь жывой бабулі? Убрыкнуць яе разок нават гэтай хворай нагой, і будуць ёй капцы! Але куды мне бегчы і хто акажа мне гасціннасць? Ну вось бязглуздае аслінае меркаванне! Ды любы падарожны ахвотна прыхопіць з сабой транспартны сродак».

27. І праз момант, моцна рвануўшы повад, якім быў я прывязаны да плота, пускаюся з усіх чатырох наўцёкі. Аднак не змог я вышмыгнуць з-пад каршуновага вока хітрай старой. Як толькі ўбачыла яна, што я адарваўся, дык з неўласцівай свайму полу і ўзросту жвавасцю ўхапілася за мой повад і пачала цягнуць мяне назад. А я, помнячы аб злавесным намеры разбойнікаў, не паддаюся ёй, а ўдарам задніх ног валю яе на зямлю.

Аднак яна і паваленая моцна трымалася за повад, і я, бегучы, працягнуў яе па зямлі некалькі крокаў. А ў той час яна пачала крычаць і клікаць каго-небудзь на дапамогу. Толькі дарма ўзнімала трывогу, бо нікога навокал не было, апроч той палоннай дзяўчыны, якая, прыбегшы на крык, убачыла, клянуся Геркулесам, вартае памяці відовішча — старую ў вобразе Дырцэі, што вісела не на быку, а на асле.

Тады яна, узброіўшыся мужчынскай стойкасцю, адважылася на цудоўны ўчынак. Выхапіўшы з рук у старой повад і супакоіўшы мяне сваім шчабятаннем, спрытна ўскоквае на мой хрыбет і пускае мяне ў бег.

28. Натхнёны адначасова сваім рашэннем уцячы і жаданнем вызваліць дзяўчыну, а да таго падганяны ўдарамі, якімі яна мяне падбадзёрвала, я з конскай хуткасцю застукаў па зямлі капытамі, спрабуючы нават у адказ на яе панукі заржаць. Не раз, павярнуўшы шыю, як быццам для таго, каб пачомхаць спіну, я цалаваў яе прыгожыя дзявочыя ногі. А яна, глыбока ўздыхаючы і павяртаючы ў бок неба свой усхваляваны твар, малілася:

«Вы, усявышнія багі, памажыце ж мне ў гэтай небяспецы, а ты, суровы лёс, перастань быць да мяне такім варожым. Гэтых вартых спачування пакут хопіць, каб цябе ўласкавіць. А ты, апора маёй свабоды і выратавання, калі прывязеш мяне дамоў і вернеш мяне маім бацькам і жаніху майму дарагому, дык я цябе без аддзякі не пакіну, будзеш мець і найвышэйшую пашану, і найсмачнейшы корм! Найперш, расчасаўшы сваімі дзявочымі рукамі тваю грыву, упрыгожу яе каштоўнасцямі, чубок, спачатку завіўшы, прыгожа раздзялю на дзве пасмы, а твой калматы, зваляны і даўно не мыты хвост старанна разгладжу. Упрыгожаны залатымі шарыкамі, заблішчыш ты, як ад нябесных зорак, і будзеш прывітаны шматгалоссем радаснага натоўпу. Насыпаўшы ў шаўковую торбу міндалю і розных прысмакаў, кожны дзень буду цябе, свайго выратавальніка, карміць да адвалу».

29. І працягвала: «Апроч смачнай ежы, поўнага супакою і асалоды праз усё жыццё не будзе табе недахопу ў пашане. Памяць аб маім шчасці і боскай апецы замацую вечным пасведчаннем: у атрыуме свайго дома павешу малюнак, у якім будуць адлюстраваныя гэтыя мае ўцёкі. І ўсе будуць бачыць, і слухаць у казках, і чытаць запісаную палачкамі вучоных гісторыю пра тое, як дзяўчына царскай крыві ўцякла з палону на асле. Ты будзеш залічаны да старажытных цудаў, і твой жывы прыклад змусіць паверыць і ў Фрыкса, які пераплыў мора на баране, і ў Арыёна, што кіраваў дэльфінам, і ў Эўропу, якая ляжала на быку.

Калі праўда, што Юпітэр роў па-бычынаму, ператварыўшыся ў быка, дык можа быць, што і ў маім асле хаваецца які-небудзь чалавек ці боская асоба...»

Пакуль дзяўчына паўтарала гэта некалькі разоў і перапыняла свае абяцанні цяжкімі ўздыхамі, мы дабраліся да нейкага скрыжавання, адкуль, схапіўшы за павады, яна з усёй сілы старалася скіраваць мяне направа, дзе, на яе думку, ішла дарога да яе бацькоў. Але я, ведаючы, што па ёй падаліся разбойнікі па рэшту сваёй здабычы, моцна заўпіраўся і так моўчкі звяртаўся да яе ў сваёй душы: «Што ты, няшчасная дзяўчына, робіш? Навошта спяшаешся да Орка? Навошта сілай стараешся скіраваць мае крокі. Ты ж вядзеш нас не толькі на сваю загубу, але і на маю!»

Пакуль мы цягнулі ў розныя бакі і спрачаліся, быццам на судзе за размежаванне зямельных плошчаў ці, лепш сказаць, за падзел дарогі, раптам з'яўляюцца разбойнікі, абладаваныя сваёй здабычай, і, яшчэ здалёк убачыўшы нас пры святле месяца, вітаюць нас зларадным смехам.

30. Адзін з іх так да нас звяртаецца: «Што ж гэта вы па такой дарозе па начы цягаецеся, не баючыся ў глухую поўнач ні манаў, ні злых духаў? Ці, можа, ты, сумленная дзяўчына, спяшаешся ўбачыцца са сваімі бацькамі? Дык мы ў тваёй адзіноце будзем табе аховай і пакажам да тваіх бацькоў найкарацейшы шлях».

За словам прыйшла справа. Схапіўшы за повад, ён павярнуў мяне назад, не шкадуючы на мае бакі таго вузлаватага кія, які быў у яго ў руках. Тут я міжволі ўспомніў пра назначаную мне загубу і пра боль у капыце, дык, махаючы галавой, пачынаю кульгаць. А той, што цягнуў мяне назад, крычыць: «Вось як! Зноў ты пачаў кульгаць і ківацца? Твае гнілыя ногі бегчы могуць, а ісці не ўмеюць? Ты ж нядаўна імчаўся хутчэй за крылатага Пегаса!» І пакуль мой літасцівы пагоншчык вёў са мной, махаючы кіем, гутарку, мы дабраліся да першай агароджы нашага жылля і вось бачым, што на галіне высокага кіпарыса вісіць старая. Зараз жа яе знялі і так з вяроўкай на шыі ўкінулі ў прорву. Пасля таго закавалі дзяўчыну і, быццам звяры, накінуліся на вячэру — пасмяротны плён клапатлівасці няшчаснай старой.

31. Пакуль яны ўсё, што было, з прагаю пхалі ў свае страўнікі, узнікла ў іх пытанне, якую прыдумаць нам у помсту за спробу ўцячы смерць. Але так, як і на кожным бурным сходзе, думкі іх не супадалі. Адзін лічыў, што трэба спаліць дзяўчыну жыўцом, другі даказваў, што лепш аддаць яе дзікім звярам, трэці прапанаваў укрыжаваць, а чацвёрты радзіў замучыць катаваннямі. Толькі ў адным былі ўсе згодныя, што яна вартая смерці. Пасля таго як агульны гоман прыціх, адзін з бандытаў звярнуўся да сабраных з такой прамовай: «Не стасуецца ні са звычаем нашага таварыства, ні з літасцю кожнага з нас, ні, нарэшце, з маёй памяркоўнасцю, каб дапускаць нам празмерную лютасць, караючы за злачынства, і каб пры дапамозе дзікіх звяроў, крыжа або катаванняў і якой бы ні было хуткай смерці мы наблізілі яе зыход у царства змроку. Дык, калі будзеце згодныя на маю прапанову, то мы даруем дзяўчыне жыццё, але такое, якога яна ў нас заслужыла. Вы ж памятаеце, што ўжо раней пастанавілі мы наконт гэтага вельмі гультаяватага і вельмі абжорлівага асла, які цяпер прыкідваецца калекам, тады як аказаўся пасрэднікам і памочнікам дзяўчыны ў яе ўцёках. Лепш за ўсё зарэжам яго заўтра і, вытрыбушыўшы, зашыем у ягонае бруха голую дзяўчыну, якую ён прызнаў лепшай за нас, так, каб толькі галава яе заставалася зверху, а рэшта цела была ў шкуры жывёліны. Пасля таго паставім гэтага раскормленага, нафаршыраванага асла на якую-небудзь скалу і пакінем на сонечнай спёцы.

32. Такім чынам яны абое атрымаюць тое, што вы справядліва прапанавалі. Асёл атрымае даўно ўжо заслужаную смерць, а яна будзе і звярамі з'едзена, бо цела яе абгрызуць чэрві, і агнём спалена, бо сонца будзе смаліць аслінае бруха, і на крыжы будзе пакутаваць, калі сабакі і каршуны будуць выцягваць з яе вантробы. Прытым заўважце, колькі яшчэ пакут і мук дастанецца на яе долю: яна жывая апынецца ў пузе дохлай жывёліны, яе будзе мучыць невыносны смурод, калі гарачыня будзе мацнець, яна будзе пакутаваць ад голаду і смагі і не зможа нават сама сабе зрабіць смерць, бо яе рукі не будуць свабодныя».

Пасля такой прамовы разбойнікі не рукамі, а ўсёй душой прагаласавалі за гэту прапанову. А што заставалася рабіць мне, які ўсё гэта чуў сваімі аслінымі вушамі? Як аплакваць сябе аслу, які заўтра будзе не чым іншым, як смярдзючай падлай?

 

Кніга сёмая

 

1. Ледзь толькі, разагнаўшы цемру, зардзеў дзень і бліскучая калясніца сонца асвятліла наваколле, з'явіўся нейкі чалавек з ліку разбойнікаў, аб чым сведчыла яго прывітанне з сябрамі, сеў ля ўвахода ў пячору, перавёў дух і расказаў прысутным наступнае: «Што да Мілона Гіпацкага, дом якога мы гэтымі днямі абрабавалі, дык можна, кінуўшы трывогу, супакоіцца. Пасля таго як вы з вялікай смеласцю расцягалі ўсю яго маёмасць і вярнуліся ў лагер, я змяшаўся з натоўпам мясцовых жыхароў і, выказваючы то жаль, то абурэнне, стараўся даведацца, які будзе выкарыстаны спосаб пошуку разбойнікаў і якім чынам пра ўсё вам данесці, як мне было даручана. На падставе няпэўных здагадак і на аснове праўдападобных меркаванняў увесь натоўп аднадушна сходзіцца на тым, што віноўнікам злачынства з'яўляецца нейкі Луцый, які некалькі дзён таму назад пры дапамозе фальшывых рэкамендацыйных пісьмаў, выдаўшы сябе Мілону за прыстойнага чалавека, дамогся таго, што яму была аказана гасціннасць і што яго ўвялі ў сама цесны сямейны круг. Пражыўшы там некалькі дзён, ён збаламуціў Мілонаву служанку, прыкінуўшыся закаханым, разгледзеў усе засаўкі і завалы і месцы, дзе захоўвалася гаспадарскае дабро.

2. Як немалаважны доказ ягонага злачынства прыводзілася тое, што ў тую самую ноч, за хвіліну да нападу, ён кудысьці ўцёк і не вяртаецца да гэтай пары. Да таго ж яму лёгка было знайсці і сродак для ўцёкаў, каб хутчэй і далей схавацца, бо ён забраў з сабой свайго белага каня. Дома застаўся яго слуга, дык яго схапілі і зачынілі ў гарадскую турму. Аднак, амаль да смерці закатаваны, ён ні ў чым не прызнаўся. Тады выправілі на радзіму гэтага самага Луцыя ўпаўнаважаных, каб яны знайшлі віноўніка, які павінен адказаць за зробленае ім злачынства».

У час яго расказу я прыраўняў сваё шчаслівае жыццё да цяперашняга злашчаснага лёсу асла, уздыхнуў з глыбіні душы і падумаў, што невыпадкова грэцкія мудрацы лічылі Фартуну сляпой і паказвалі яе зусім бязвокай. Яна заўсёды абсыпае сваімі дабротамі людзей нявартых, благіх і ніколі не кіруецца розумам, выбіраючы сабе пестуноў паміж смяротных, і з тымі найчасцей важдаецца, ад якіх, каб не была сляпая, павінна была б уцякаць. А горш за ўсё тое, што стварае ілжывыя і супярэчлівыя меркаванні аб рэчаіснасці, і такім чынам нягоднік бывае ўпрыгожаны вянком сумленнага чалавека, а ні ў чым не вінаватыя становяцца здабычай згубнага нагаверу.

3. Зрэшты, я сам, каго люты націск ператварыў у жывёліну і давёў да лёсу пагарджанага чатырохногага, да долі, якая можа выклікаць спачуванне і жаль, цяпер узваліў на сябе яшчэ і абвінавачанне ў злачынстве супраць свайго любімага гаспадара. Гэтакі ўчынак правільней назваць не проста бандыцкім, а сапраўды бацьказабойчым. І не было ў мяне магчымасці не толькі абараняцца, але нават і пярэчыць. Дык каб маё маўчанне перад тварам нікчэмнага абвінавачання не было растлумачана як знак згоды і прыкмета нячыстага сумлення, я, страціўшы ўсякую цярплівасць, хацеў толькі выкрыкнуць: «Не вінаваты!» Але няспынна вымаўляў толькі першы склад, а наступных ніяк не мог вымавіць, спыніўшыся на месца і равучы: «Не, не!» Не памагло старанне як мага акругліць свае адвіслыя губы. Ды што за карысць скардзіцца на бязлітаснасць лёсу, калі ён не пасаромеўся зраўняць мяне з маім уласным канём, з маім слугой, на якім раней я ездзіў верхам?

4. Аднак сярод гэтых скрушлівых думак адзін клопат турбаваў мяне больш за ўсё. Як толькі ўспамінаў, што рашэннем разбойнікаў павінен буду стаць пахавальнай ахвярай для закатавання дзяўчыны, кожны раз аглядаў свой жывот, і мне здавалася, што я ўжо быў гатоў вызваліць з сябе гэту няшчасную дзяўчыну.

А тым часам той чалавек, які толькі што паведамляў пра мяне ілжывыя весткі, выцягнуў тысячу залатых, што былі ў крысе ягонай апранахі, забраныя, як ён казаў, у розных сустрэчных, і, як чалавек справядлівы, здаў іх у агульную касу. Пасля таго пачаў распытваць пра здароўе сваіх таварышаў. Даведаўшыся, што некалькі з іх, прытым сама адважных, загінулі па-геройску ў розных абставінах, пачаў угаворваць даць на нейкі час спакой дарогам і спыніць крывавыя сутычкі, каб заняцца папаўненнем атрада да ранейшага ліку за кошт новых маладых, здаровых і адважных мужчын. Тых, якія будуць адмаўляцца, можна запалохаць, а іншых завабіць узнагародамі. Ды нямала знойдзецца людзей, якія, зненавідзеўшы парадкі паднявольнага жыцця, ахвотна прыйдуць у нашу шайку, бо тут у нас усе роўныя і кожны мае ледзь не тыранічную ўладу. Сам ён даўно ўжо знайшоў аднаго чалавека і высокага ростам, і маладога гадамі, і моцнага целам, і на руку спрытнага, якога доўга пераконваў і нарэшце пераканаў, каб той прыклаў свае аслабелыя ад бяздзейнасці рукі да якой-небудзь карыснай справы, напрыклад, пакуль ёсць магчымасць, здабываць золата, а не выцягваць рукі па міласціну.

5. Усе згаджаюцца з яго словамі і пастанаўляюць прыняць таго, пра каго гэты сябра расказваў, ды шукаць для папаўнення таварыства іншых. Тады той, што гаварыў, выйшаў на хвіліну і прыводзіць нейкага, як і абяцаў, высокага юнака, з якім наўрад ці мог бы хто-небудзь з прысутных зраўняцца. Не гаворачы пра магутны склад цела, ён быў на цэлую галаву вышэйшы за ўсіх, хоць на яго твары ледзь толькі прабіваўся першы пушок. Апрануты быў ён у стракатыя лахманы, праз якія прасвечваліся магутныя грудзі і жывот. І вось гэты новы знаёмы гаворыць: «Прывітанне вам, кліенты наймацнейшага бога Марса, якія сталі мне ўжо вернымі паплечнікамі. Мужа велікадушнага і палкага, які з радасцю да вас прыходзіць, з радасцю прыміце. Я ахвотней падстаўляю свае грудзі пад удары, чым здабываю золата, і сама смерць, якая палохае іншых, мне толькі дадае адвагі. Не лічыце мяне жабраком ці даведзеным да адчаю і не мяркуйце аб маіх якасцях па гэтых лахманах. Я стаяў на чале магутнай шайкі і пустошыў усю Македонію. Я — славуты рабаўнік, той самы Гем, чыё імя наводзіць страх на ўсе правінцыі. Я парастак бацькі Ферона, у сваю чаргу праслаўленага разбойніка, успоены чалавечай крывёй, выхаваны на ўлонні шайкі, нашчадак і сапернік бацькавай доблесці.

6. Аднак усё мноства маіх даўнейшых адважных сяброў і ўсё маё вялікае багацце было страчана мною за кароткі час. Здарылася так, што я зрабіў напад на імператарскага пракуратара, які атрымоўваў аклад дзвесце тысяч сестэрцыяў, але пазней яго справы пахіснуліся, і ён апынуўся ў беднасці. Боскі гнеў скрыжаваў нашы шляхі... зрэшты, дзеля таго, што гэта гісторыя вам невядомая, пачну па парадку. Быў пры дварэ Цэзара вельмі вядомы сваім высокім становішчам слаўны муж, якога Цэзар надзвычай паважаў. Вось яго, ачэрненага падкопамі некаторых асоб, лютая зайздрасць падвергла выгнанню. Яго жонка Плаціна, жанчына рэдкай вернасці і выключнай цнатлівасці, нарадзіўшы дзесяць разоў, моцнай асновай забяспечыла дом свайго мужа. Пагрэбаваўшы ўцехамі сталічнага жыцця і зненавідзеўшы раскошу, гэта паплечніца ў выгнанні і сяброўка ў няшчасці абстрыгла валасы, змяніла сваё адзенне на мужчынскае, падперазалася поясам, у якім былі зашытыя каштоўныя нашыйнікі і залатыя манеты, і пераносіла небяспекі і нязручнасці сярод аголеных мячоў, клапоцячыся няспынна пра бяспеку і выратаванне мужа. Перажыўшы шмат нягод у дарозе як на моры, так і на сушы, набліжаліся яны да Закінфа, дзе бязлітасны лёс вызначыў пракуратару чарговае месца жыцця.

7. Але, як толькі дабраліся яны да актыйскага ўзбярэжжа, дзе мы ў той час, прыбыўшы з Македоніі, былі на здабычы, і з надыходам ночы, аберагаючыся ад марской гайданкі, размясціліся на начлег у нейкай прыбярэжнай карчме паблізу свайго карабля, мы напалі на іх і ўсё забралі. Аднак нельга сказаць, што мы адплаціліся нязначнай рызыкай. Як толькі пачула матрона рып дзвярэй, яна пачала бегаць па пакоі, клічучы сваіх слуг і вартаўнікоў, і сваім крыкам усіх напалохала так, што, каб яны не пахаваліся хто куды, мы не выйшлі б цэлыя. Але гэта, трэба аддаць ёй справядлівасць, годная жанчына, якая сваімі выключнымі якасцямі заслужыла прыхільнасць Цэзара, звярнулася да яго з просьбай і дабілася для свайго мужа хуткага вяртання і загаду на помсту за напад. І як толькі Цэзар пажадаў, каб перастала існаваць брацтва разбойніка Гема, адразу яго не стала — такую ўладу мае адзін узмах рукі імператара. Уся наша шайка, высачаная атрадамі вексіларыяў, аказалася рассеянай і выбітай, і толькі я адзін, ледзь здолеўшы схавацца, пазбегнуў пашчы Орка наступным чынам.

8. Апрануўшы квяцістую жаночую сукню, якая ападала незлічонымі складкамі, накрыўшы галаву тонкай хусцінкай, абуўшыся ў белыя далікатныя жаночыя туфлі і схаваўшыся пад выглядам жанчыны, я сеў на асла, нагружанага ячменем, і праехаў праз самую сярэдзіну варожага атрада. Жаўнеры палічылі мяне за паганятага аслоў і прапусцілі без ніякай затрымкі. Трэба сказаць, што тады я быў безбародым і мае шчокі ззялі юнацкай свежасцю. Пры ўсім гэтым я не зганьбіў ні бацькавай славы, ні сваёй доблесці, хоць і давялося мне нацярпецца страху, бачачы перад сабой забойчыя мячы.

І ўсё ж, схаваўшыся ашуканствам пад чужой вопраткай, я ў адзіночку нападаў на двары і сёлы і змог назбіраць сабе грошыкаў на дарогу».

І, расхінуўшы свае лахманы, ён дастаў з іх дзве тысячы залатых. «Вось, — кажа, — ад усяго сэрца падарунак вашай кампаніі, ці, правільней кажучы, мая доля, і адначасова прапаную вам сябе самога, калі вы не супраць, у сама верныя атаманы, прытым ручаюся, што за вельмі кароткі час зраблю гэта ваша каменнае жытло залатым».

9. Без затрымкі і прамаруджвання разбойнікі аднагалосна выбралі яго сваім важаком і прынеслі яму даволі багатую прыгожую вопратку, якую ён апрануў, скінуўшы свае лахманы. Перамяніўшыся такім чынам, ён пацалаваўся з усімі і разлёгся на ганаровым месцы ля стала. Яго выбранне было адсвяткавана вячэрай са шчодрай выпіўкай.

Даведаўшыся з гутаркі разбойнікаў, якую яны вялі між сабой, пра спробу паланянкі ўцячы, і пра маё хаўрусніцтва, і аб прызначанай нам жахлівай смерці, ён запытаўся, дзе знаходзіцца дзяўчына. Калі яе прывялі і ён убачыў яе закаванай, то, зморшчыўшы незадаволена нос, гаворыць: «Вядома, я не такі нявыхаваны і самавольны, каб спыняць вас ад выканання вашага прысуду, аднак лічыў бы бессаромным, меўшы сваю думку, схаваць ад вас тое, што мне здаецца правільным. Перш за ўсё прашу мне верыць, што кіруе мною выключна ваша карысць, прытым, калі мая думка вам не спадабаецца, вы зноў можаце вярнуцца да свайго намеру. Я лічу, што для разбойнікаў, для тых, хто ясна разумее сваю справу, вышэй за ўсё павінен стаяць прыбытак, нават вышэй, чым жаданне помсты, здзяйсненне якой бывае звязана са стратамі. Калі вы загубіце гэту дзяўчыну ў гэтым асле, дык вы толькі заспакоіце сваё пачуццё абурэння без ніякай кампенсацыі. Таму я думаю, што яе трэба завезці ў які-небудзь горад і там прадаць. Дзяўчына ў яе гадах не можа пайсці па нізкай цане. У мяне самога, калі я яшчэ вадзіўся са зводнікамі, быў знаёмы, які, думаю, не мала даў бы талантаў за такую дзяўчыну з высокага роду, каб далучыць яе да рамяства распусніцы. Ад яго ўжо яна не ўцякла б, а ваша жаданне помсты было б у нейкай ступені задаволеным, калі б яна трапіла ў публічны дом. Я вам выказваю тое, што мне прыйшло ў галаву, а вы ў сваіх намерах і ўчынках свабодныя».

10. Так гэты руплівец аб разбойніцкім прыбытку бараніў і нашу справу — ратаваў асла і дзяўчыну. Пасля доўгага абмеркавання, якое выматала мне ўсю душу, усе ахвотна далучыліся да думкі разбойніка-навічка і зараз жа вызвалілі дзяўчыну ад кайданоў.

А тая, убачыўшы гэтага юнака і пачуўшы гутарку пра распусніц і зводнікаў, пачала радасна смяяцца, што прымусіла мяне асудзіць увесь жаночы пол: гэта ж на маіх вачах разыгрывала дзяўчына каханне да маладога жаніха і імкненне да святыні чыстага шлюбу, і вось пры адным успаміне пра публічны дом яна прыходзіць у захапленне. Такім чынам, у той момант увесь жаночы род і ягоны нораў залежалі ад аслінага асуджэння.

А малады чалавек зноў гаворыць да разбойнікаў: «Чаму б нам не наладзіць малебства Марсу Паплечніку, каб ён дапамог нам і дзяўчыну прадаць, і набраць новых сяброў? Ды, як бачу, няма ў нас ніякай жывёліны, каб прынесці ахвяру, і столькі віна, каб можна было ўдосталь выпіць. Дайце мне з дзесятак спадарожнікаў, гэтулькі мне хопіць, і я пайду ў бліжэйшую сялібу і навалаку вам адтуль харчоў і віна на цэлы салійскі банкет».

І ён пайшоў, а тыя, што засталіся, расклалі вялікае вогнішча і нарыхтавалі з зялёнага дзёрну богу Марсу алтар.

11. Неўзабаве тыя, што пайшлі, вяртаюцца, несучы мяхі з віном і гонячы перад сабой цэлы статак жывёлы. Выбраўшы вялікага старога калматага казла, прыносяць яго на ахвяру Марсу Паплечніку і Спадарожніку і тут жа рыхтуюць багаты банкет.

А той новы кажа: «Вы павінны пераканацца, што атаман не толькі ў вылазках і захопе здабычы спрытны, але ўмее і павесяліцца». І, узяўшыся за работу, усё вельмі ўмела рыхтуе. Ён мяце, накрывае, варыць, смажыць каўбасу, прыгожа падае на стол, а галоўнае, усіх поіць вялікімі чаркамі віна. У той жа час, робячы выгляд, што яшчэ нешта трэба прынесці, штораз заходзіць да дзяўчыны і то дасць ёй узятую са стала ежу, то з вясёлым выглядам паднясе віна, памачыўшы перш у той жа чарцы губы. Дзяўчына ўсё гэта прымала з прагнасцю і, здаралася, калі той хацеў яе пацалаваць, сама хуткімі пацалункамі папярэджвала гэта жаданне.

Такія яе паводзіны мне зусім не спадабаліся. Ах, нявінная дзяўчына, як магла ты забыцца пра свой шлюб і пра свайго жаданага жаніха? Як магла ты аддаць перавагу гэтаму прыблуду і крываваму забойцу перад такім, які толькі што стаў тваім мужам, прыгожым знатным невядомым мне юнаком? Няўжо не мучыць цябе сумленне і ахвота табе, забыўшыся пра пачуцці, аддацца блуду сярод гэтых мячоў і пік? А што будзе, як іншыя разбойнікі пра гэта знюхаюць? Зноў тады да асла вернешся, зноў падвядзеш мяне пад смяртэльны ўдар! Праўду сказаць, ты адыгрываешся на чужой спіне...

12. Пакуль я з вялікім абурэннем узводзіў на яе паклёп і прыпісваў ёй усякія нізкія матывы, раптам з некаторых іхніх намёкаў, дастаткова ясных для кемлівага асла, пазнаю, што гэта не славуты разбойнік Гем, а Тлепалем, жаніх гэтай самай дзяўчыны. І сапраўды, у ходзе гутаркі пачынае ён выказвацца ўсё ясней, не зважаючы на маю прысутнасць, быццам я нежывы: «Будзь спакойная, Харыта дарагая, у хуткім часе ўсе гэтыя твае ворагі будуць тваімі палоннымі».

І з падвойнай настойлівасцю безупынна частуе асавелых ад п'янага дурману разбойнікаў віном, а сам не п'е. І, клянуся Геркулесам, у мяне з'явілася падазрэнне, што ён ім падмяшаў у келіхі нейкага соннага зелля. Нарэшце ўсе, зусім ап'янеўшы, зваліліся з ног і паляглі як нежывыя. Тады ён пазвязваў іх без ніякай цяжкасці моцнымі вяроўкамі, скруціў іх па-свойму і, пасадзіўшы мне на спіну сваю дзяўчыну, накіраваўся ў родны горад.

13. Ледзь толькі мы пад'ехалі да дома, як усе гараджане высыпалі на вуліцу, каб убачыць доўгачаканае відовішча. Выбеглі бацькі, родзічы, суседзі, выхаванцы, слугі — усе з вясёлымі, радаснымі тварамі. Сапраўды, малюнак быў для ўсякага полу і ўзросту небывалы і, клянуся Геркулесам, запамінальны, як дзева трыумфальна і ўрачыста ўязджае ў горад на асле. Я сам у меру сваіх сіл павесялеў і, каб не палічылі, што я тут ні пры чым, навастрыў вушы, раздзьмуў ноздры і гучна зароў, напоўніўшы грамовым крыкам усё наваколле.

Бацькі забралі дзяўчыну ў вясельны пакой і акружылі яе ласкай і клопатам, а мяне, і вялікую колькасць уючнай жывёлы, і людзей Тлепалем вярнуў назад. Я не меў нічога супраць, бо наогул вызначаўся дапытлівасцю і цяпер вельмі хацеў пабачыць, як будуць лавіць разбойнікаў.

Мы засталі іх звязанымі больш віном, чым вяроўкамі. Знайшоўшы і павыцягваўшы з пячоры ўсё дабро, нагрузілі нас золатам, серабром і іншымі багаццямі. А разбойнікаў так, як былі яны звязаныя, падкацілі да абрыву і кінулі ў прорву, іншых жа, пабітых іх уласнымі мячамі, пакінулі на месцы. Радуючыся з гэтакай помсты, у добрым настроі вярнуліся мы ў горад. Багацце разбойнікаў было складзена ў грамадскае сховішча, а вернутая дзяўчына была паводле закону перададзена Тлепалему.

14. Ад той хвіліны маладая матрона, абвясціўшы мяне сваім выратавальнікам, пачала вельмі пра мяне клапаціцца і ў дзень вяселля загадала насыпаць мне ў яслі аж па берагі ячменю і даць столькі сена, што хапіла б яго і бактрыйскаму вярблюду. Але якія ж заслужаныя праклёны слаў я Фацідзе, што перамяніла мяне ў асла, а не ў сабаку, калі бачыў, як вартаўнікі дома да адвалу наядаліся рэшткамі багатых пачастункаў, украдзенымі ці атрыманымі ў якасці падачак!

Пасля першай ночы і гуляў па падказцы Венеры нявеста не пераставала з вялікай удзячнасцзю напамінаць сваім бацькам і мужу пра мяне, пакуль тыя не паабяцалі ёй, што мне будзе дадзена найлепшая апека. Сабралі нараду з найбольш паважаных сяброў, каб абмеркаваць, якім спосабам найлепш мне аддзякаваць. Аднаму з іх здавалася сама лепей пакінуць мяне пры доме і, не займаючы ніякай працай, карміць адборным ячменем, бобам і вікай. Але ўзяла верх думка другога які, клапоцячыся аб маёй свабодзе, радзіў выпусціць мяне гуляць у табунах на сельскіх прасторах, каб гаспадары кабыл атрымалі ад майго высакароднага пакрыцця прыплод — мноства мулаў.

15. Тады адразу з'яўляецца табуншчык, дык, даўшы яму шмат наказаў, загадваюць забраць мяне. Вельмі задаволены, пабег я наперад, думаючы, што ўжо не буду мець справы ні з цюкамі, ні з іншай паклажай, і спадзеючыся, што ў пачатку вясны ўдасца мне знайсці дзе-небудзь на лугах ружы. Думалася мне таксама, што калі мне ў аслінай постаці аказваецца такая ўдзячнасць і пашана, дык, стаўшы чалавекам, буду мець яшчэ больш павагі. Але як толькі апынуліся мы за горадам, аказалася, што не толькі ніякія прыемнасці, нават і намёку на свабоду мяне не чакала. Пастухова жонка, скупая, нягодная жанчына, адразу прыставіла мяне круціць жорны і, падбадзёрваючы мяне дубцом з яшчэ зялёнымі лістамі, за кошт маёй скуры рыхтавала хлеб для сябе і сваёй сям'і. Мала таго, што вымотвала мае сілы, мелючы муку сабе, яна маёй працай малола за плату збожжа суседзям, а мяне пасля гэтакіх пакут пазбаўляла прызначанага мне корму. Ячмень, які атрымоўвала на мяне, яна таксама пускала ў памол і, змолаты маім стараннем, прадавала суседзям, а мне пасля цэлага дня цяжкой працы толькі пад вечар давала бруднага непрасеянага вотруб'я, у якім было поўна пяску.

16. Дзеля цяжэйшага прыгнёту бязлітасны лёс абрынуў на мяне новыя пакуты, вядома, на тое, каб я, як кажуць, і дома, і на людзях мог праславіцца адважнымі подзвігамі. Здарылася так, што мой паважаны пастух, запознена выконваючы гаспадарскі загад, надумаўся пусціць мяне ў табун кабыліц. І вось я, нарэшце свабодны вослік, весела падскокваючы, млявым крокам набліжаюся да кабыл і выбіраю, каторая з іх найбольш здатная да злучкі. Аднак гэтай захапляючай надзеі пачала пагражаць смяротная небяспека.

Самцы, якіх доўга і шчодра адкормлівалі спецыяльна для службы Венеры, яны наогул страшныя і да таго ж, вядома, дужэйшыя за любога асла, баючыся майго саперніцтва і не жадаючы разводзіць мяшанцаў, пагрэбавалі запаветамі Зеўса Гасціннага і, ашалеўшы, пачалі мяне ганяць са страшнай нянавісцю. Адзін, уздыбіўшы магутныя грудзі, узняўшы галаву і выцягнуўшы шыю, таптаў мяне пярэднімі нагамі, другі, адвярнуўшыся ад мяне тоўстым азадкам, біў заднімі капытамі, а трэці, пагражаючы злосным іржаннем, утуліўшы вушы і вышчарыўшы два рады бліскуючых зубоў, моцна мяне пакусаў. Усё гэта напомніла мне чытаную калісьці гісторыю пра фракійскага цара, які сваіх няшчасных гасцей кідаў на разарванне і зжыранне дзікім коням. Гэты магутны тыран настолькі быў скупы, што голад сваіх ненажэрных кабыліц, замест ячменю, шчодра наталяў чалавечым мясам!

17. Гэтак і я быў знявечаны ўдарамі і ўкусамі жарабцоў і з сумам марыў аб тым, каб зноў вярнуцца да тых праклятых жорнаў. Аднак Фартуна, яшчэ канчаткова не здаволіўшыся маімі пакутамі, паслала мне яшчэ адно выпрабаванне. Паставілі мяне вазіць дровы з гары і вызначылі мне за паганятага хлопца, сама паганага з усіх хлапцоў. Ён не толькі прымушаў мяне ўзбірацца па крутым схіле на высокую гару і ўшчэнт збіваць на гэтай дарозе капыты, але, апроч гэтага, як сапраўдны злачынец, без стомы лупіў мне бакі дубінкай так, што боль ад гэтых пабояў і ран працінаў мяне наскрозь. Прытым ён заўсёды трапляў па адным і тым самым месцы, біў па правым сцягне, дзе раздзёр мне скуру, і балячка ўвесь час шырэла, з малой раны ператварылася ў вялікую дзіру. А ён не пераставаў мясіць па гэтай ране, нягледзячы на тое, што з яе сачылася кроў. А столькі ўзвальваў ён на мяне дроў, што можна было падумаць, быццам тыя вязанкі збіраліся вазіць не на асле, а на слане. Апроч таго, кожны раз, як паклажа перацягвала на адзін бок, ён, замест таго каб зняць некалькі пален і зменшыць трохі цяжар, даць мне лягчэй дыхнуць ці, прынамсі, пераклаўшы частку грузу на другі бок, ураўнаважыць яго, наадварот, прывязваў да лягчэйшага боку каменне і такім чынам па-свойму захоўваў раўнавагу.

18. Не здаволіўшыся маімі пакутамі пад непамерным грузам, калі мы пераходзілі рэчку, якая сустракалася па дарозе, ён, каб не замачыць абутку, яшчэ і сам ускокваў мне на спіну — нязначны дадатак да грузу, ці ж не праўда? А калі пад такім непасільным цяжарам здаралася мне, паслізнуўшыся на гліністай сцежцы, упасці, ён і не думаў, як належыць добраму паганятаму, выцягнуць у мой бок руку, пацягнуць за аброць, падняць за хвост або скінўць частку грузу, каб я хоць мог устаць на ногі. Ніякай дапамогі знясіленаму аслу ён не даваў, а пачынаючы з галавы, ад вушэй, паласаваў мяне сваёй дубінкай па ўсім целе, пакуль гэты супакойлівы сродак не прымушаў мяне падняцца. І вось што прыдумаў ён мне на загубу: скруціць вострыя калючкі з ядавітымі іголкамі ў пучок і прывяжа мне да хваста вісячай прыладай катавання, каб, матляючыся, яна балюча калола мяне пры хадзьбе сваімі забойчымі шыпамі.

19. Так пакутаваў я ад падвойнай бяды, бо калі пушчуся бегчы, каб пазбегнуць уколаў, тады яшчэ мацней раняць мяне тыя калючкі, а калі спынюся, каб суцішыць боль, тады ўдары прымушаюць бегчы. Выходзіла, што гэты паганы хлапец вырашыў так ці інакш звесці мяне са свету, чым ён мне не раз і пагражаў. А неяк здарылася, што, калі маё цярпенне лопнула, я моцна ўбрыкнуў яго капытамі. Тады ён прыдумаў супраць мяне такую подласць. Наваліўшы на мяне цэлую гару пакулля і моцна ўвязаўшы яго вяроўкай, пагнаў мяне наперад, а сам падхапіў у блізкай сялібе гарачы вугаль і ўсунуў яго ўсярэдзіну паклажы. І вось агонь, знайшоўшы сабе адпаведную спажыву, пачынае разгарацца, тлее і нарэшце выбухае полымем. Мяне пачало пякельна смаліць, і я не бачыў у гэтай бядзе ніякага ратунку.

Не было ніякай надзеі на выратаванне, а страшны пажар не дапускаў найменшага замаруджвання і выбіў у мяне з галавы ўсякую здольнасць да разумнага дзеяння.

20. Аднак у тых жорсткіх абставінах Фартуна ласкава да мяне ўсміхнулася (магчыма, каб захаваць мяне для яшчэ большых пакут) і выратавала ад немінучай смерці, якая ўжо стаяла ў мяне перад вачыма. Убачыўшы лужыну, што засталася ад учарашняга ліўня, я кінуўся ў брудную ваду і ўвесь у яе апусціўся.

Затушыўшы такім спосабам полымя і вызваліўшыся ад грузу і смерці, выходжу на дарогу. Але і тут гэты паганы хлопец зваліў усю віну на мяне і змог пераканаць усіх пастухоў, што я, праходзячы каля запаленых лаўжоў, наўмысна паслізнуўся і запаліў пакулле. А ў канцы дабавіў: «Дакуль жа мы будзем дарма карміць гэтага агняносца?»

Праз некалькі дзён пасля таго ён прыдумаў на маю бяду яшчэ падлейшую хітрасць. Прадаўшы каля першай напатканай хаты дровы, якія я вёз, і прыгнаўшы мяне ўлегцы, пачаў жаліцца, што не можа даць рады майму гнюснаму нораву і адмаўляецца ад няшчаснай службы пры мне. А для свайго апраўдання склаў такую выдумку:

21. «Зірніце на гэтага непаваротлівага гультая, двойчы асла! Апрача ўсякіх іншых правінак ён пачаў дапякаць мяне новымі небяспечнымі выбрыкамі. Як толькі ўбачыць, што нехта праходзіць, ці гэта будзе прыгожанькая маладзічка, ці дзяўчына на выданні, або сціплы падлетак, у той жа момант скіне паклажу, а часам нават і гуньку, і пусціцца, як вар'ят, даганяць, а дагнаўшы, накінецца, паваліць і стараецца задаволіць сваю надзвычайную похаць, імкнучыся даць выйсце сваім жывёльным ненармальным захапленням. Хочучы пацалаваць, тыцкае бруднай пысай і кусаецца. З гэтакіх спраў могуць узнікнуць у нас вялікія непрыемнасці і спрэчкі і можа нават дайсці да крымінальнага злачынства. Вось і цяпер, убачыўшы на дарозе нейкую маладую прыстойнага выгляду дзяўчыну, зваліў з сябе дровы, параскідаў іх на ўсе бакі, а сам шалёна напаў на яе і, як спрактыкаваны самец, на вачах ва ўсіх стараўся ўзлезці на яе, распасцёртую ў бруднай лужы. І каб на крык і лямант жанчыны не збегліся на дапамогу прахожыя і не вырвалі яе з асліных абдымкаў, няшчасная была б растрапаная і парваная і скончыла б жыццё ў пакутах, а нам давялося б галавой адказваць перад законам».

22. Дапаўняючы гэту ману і іншымі выдумкамі, ён падбухторваў пастухоў супроць мяне. Нарэшце адзін са слухачоў выкрыкнуў: «А чаму б не аддаць яго на ахвяру, вартую яго пачварных зносін, гэтага прынароднага самца ці, дакладней кажучы, вельмі небяспечнага пралюбадзея? Дык ты, хлопец, адсячы яму зараз галаву, кішкі кінь нашым сабакам, мяса прыхавай работнікам на абед, а шкуру, прысыпаўшы попелам, каб высахла, занясі гаспадарам, без цяжкасці зваліўшы віну на ваўка».

І вось тут жа няўрымслівы мой абвінаваўца і ён жа выканаўца пастуховага рашэння, глумячыся над маім няшчасцем і не забываючы, як я яго ўбрыкнуў (клянуся Геркулесам, што занадта слаба), пачынае вастрыць на бруску свой нож.

23. Але тут адзін з вясковай кампаніі гаворыць: «Не выпадае дарма губіць такога вынослівага асла толькі за тое, што ён абвінавачваецца ў празмернай мужчынскай сіле і любоўнай нясталасці. Навошта пазбаўляцца ад такога патрэбнага работніка, калі толькі варта вылегчаць яго, і ён не толькі не зможа распальвацца, а зробіцца гладзейшым і сыцейшым, і вам не трэба будзе баяцца ніякіх непрыемнасцяў. Даводзілася мне бачыць не тое што вялых аслоў, але і дзікіх, вельмі гарачых жарабцоў, якія пасля лягчання рабіліся спакойнымі, рахманымі, здатнымі да перавозкі грузаў і да любой іншай працы. Дык калі вы не супраць маёй прапановы, тады трохі пачакайце, мне трэба схадзіць у суседняе сяло на рынак, а адтуль я завярну дахаты па неабходныя для гэтай справы інструменты і зараз жа вярнуся да вас. А тады, рассунуўшы гэтаму неспакойнаму палюбоўніку ляжкі, я вылегчаю яго, і ён зробіцца спакайнейшым за ягня».

24. Такое вырашэнне справы вырвала мяне з рук Орка, але на тое, каб зберагчы для найгоршай кары. Я засумаваў і пачаў аплакваць страту крайняй часткі свайго цела як поўную сваю пагібель. Пачаў абмяркоўваць, як галадоўкай ці скокам у бездань зраблю сабе смерць. Такім спосабам я, вядома, загіну, але хоць не зазнаю абразлівага калецтва.

Пакуль я так у думках выбіраў сабе смерць, той падлетак, мой вораг, пагнаў мяне назаўтра ўранні звычайнай дарогай у горы. Прывязаўшы мяне да нізкай галіны вялікага дуба, адышоўся трохі далей, каб насекчы сукоў, якія трэба было яму везці. Раптам з недалёкай пячоры перш высунула галаву, а пасля і ўся вылезла вялікая мядзведзіха. Як толькі я яе ўбачыў, у невымоўным ад такога відовішча страху, усім цяжарам цела асеў на заднія ногі, задраў высока галаву і, парваўшы рэмень, якім быў прывязаны, кінуўся з усіх ног на ўцёкі, пусціўшы ў ход не толькі капыты, але і ўсім целам коцячыся па кручах. Апынуўшыся на полі, якое рассцілалася пад гарой, імчуся на ўсю моц, каб уцячы не толькі ад страшнай мядзведзіхі, але і ад горшага за яе паганага падлетка.

25. А тут нейкі прахожы, убачыўшы, што я бягу адзін без нагляду, злавіў мяне і, спрытна ўскочыўшы мне на спіну, кіем, што быў у яго ў руках, пагнаў мяне па незнаёмай дарозе. Я ахвотна прыбавіў кроку, аддаляючыся ад бязлітаснага нажа, які пагражаў мне пазбаўленнем мужчынскасці. А што датычыць удараў, дык яны не вельмі мяне, прызвычаенага ў аслінай службе да пабояў, трывожылі.

Аднак Фартуна, якая настойліва мяне праследавала, надзіва хутка павярнула мне на шкоду магчымасць выратавання і пачала рыхтаваць новыя падкопы. У маіх пастухоў прапала цялушка, і яны ў пошуках яе, абыходзячы наваколле, выпадкова натрапілі на нас. Яны пазналі мяне і, схапіўшы за аброць, пачынаюць цягнуць у свой бок. Але мой новы гаспадар напорыста пярэчыць, заклікае багоў і людзей у сведкі: «Чаму хапаеце мяне? Чаго на мяне нападаеце?» «А мы з табой, — адказваюць яму, — так няветліва абыходзімся таму, што ты ўкраў нашага асла і зводзіш яго. Лепш скажы, куды ты падзеў хлапчука, яго паганятага. Можа, ты яго забіў?»

Зараз жа сцягнулі яго на зямлю і пачалі акладваць кулакамі, таўхаць нагамі, а ён клянецца і божыцца, што ніякага паганятага не бачыў, а сустрэўшы мяне нестрыножанага і без нагляду, хацеў, спадзеючыся на ўзнагароду, вярнуць законнаму ўладальніку. «Ах, каб гэты асёл, — сказаў ён, — валодаў людской мовай! Лепш бы ніколі мне з ім не сустрэцца! Ён апраўдаў бы маю невінаватасць, і вам было б сорамна за такое абыходжанне са мной».

Аднак усе яго апраўданні яму не памаглі. Незгаворлівыя пастухі накінулі яму на шыю пятлю і павялі ў той лес на гару, адкуль звычайна хлапец вазіў дровы.

26. Нідзе яго не ўбачылі, а толькі знайшлі параскіданыя кавалкі цела. Я разумеў, што гэта работа мядзведзіхі, і, клянуся Геркулесам, каб мог гаварыць, дык расказаў бы ўсё, што ведаў. Толькі адно мог я рабіць — моўчкі радавацца хоць і запозненай адплаце. Тым часам параскіданыя часткі трупа былі сабраны, састаўлены і тут жа пахаваныя. А майго Белерафонта, канакрадства якога не выклікала ніякіх сумненняў і якога, апроч таго, абвінавацілі ў крывавым забойстве, пастухі павялі звязанага да сваіх буданоў, каб назаўтра зранку завесці, як казалі, уладам на пакаранне.

У тым часе, пакуль бацькі хлапчука бедавалі, плачучы і галосячы, з'яўляецца той селянін, верны свайму абяцанню, і патрабуе, каб была зроблена мне прысуджаная раней аперацыя. Але нехта яму адказвае: «Не, сягоння напаткала нас бяда, і асёл тут ні пры чым. А вось заўтра, калі ласка, можаш адрэзаць гэтаму праклятаму аслу не толькі мужчынскія прылады, але і галаву. І памочнікі табе ў гэтай справе знойдуцца».

27. Гэтым было дасягнута тое, што маё акалечванне адклалі на другі дзень. І я быў удзячны добраму хлапчуку за тое, што ён сваёй смерцю адтэрмінаваў на адзін дзянёк маю пакуту. Але нават і такога кароткага часу, каб парадавацца і адпачыць, мне не далі. Маці падлетка, аплакваючы трагічную смерць свайго сына, абліваючыся горкімі слязьмі, апранутая ў жалобнае адзенне, раздзіраючы рукамі пасыпаныя попелам сівыя валасы, з галашэннем і крыкамі, б'ючы сябе ў грудзі, урываецца ў маё стойла і пачынае:

«А гэты вось, зірніце на яго, у поўнай бяспецы ўпёрся ў яслі і толькі ведае, што набіваць сваё ненажэрнае бяздонне трыбуха, не спачувае майму гору і пра свайго нябожчыка гаспадара нават і не ўспомніць. Не, ён насміхаецца з маёй старасці і беднасці і думае, што дарма яму пройдзе гэта злачынства! Ён, відаць, не лічыць сябе вінаватым, злачынцам уласціва пасля сама цяжкіх учынкаў, нягледзячы на папрокі нячыстага сумлення, спадзявацца на беспакаранасць. Заклікаю багоў у сведкі, паганая ты жывёліна, што каб ты на нейкі час мог загаварыць, дык нікога не пераканаў бы, што ты тут ні пры чым. Які дурань паверыў бы табе, што ты ўдарамі капытоў ці кусаннем не мог адагнаць ад майго хлопчыка таго ворага? Ты павінен быў узяць яго на свой хрыбет і ўцячы з ім ад гэтага крыважэрнага разбойніка, ты не павінен быў, кінуўшы свайго таварыша, спадарожніка, пастыра, уцякаць. Ці ж ты не ведаеш, хто адмаўляецца дапамагчы таму, хто памірае, падлягае пакаранню за зганьбаванне добрых нораваў? Але не доўга будзеш ты, забойца, цешыцца з майго гора! Зараз я дам табе адчуць, якой сілай надзяляе прырода няшчасных пакутнікаў!..»

28. Сказаўшы гэта, яна распусціла пад грудзьмі сваю павязку і, звязаўшы ёю мае ногі, сцягнуўшы моцна заднюю з задняй і пярэднюю з пярэдняй, каб не даць мне абараняцца, схапіла кол, якім звычайна падпіралі дзверы хлява, і пачала дубасіць мяне, пакуль сілы яе не скончыліся і палка сама не вывалілася з яе рук. А тады, шкадуючы, што так хутка аслабелі яе пальцы, падбегла да вогнішча і, выхапіўшы галавешку з агню, пачала сунуць мне яе ў пахвіну. У мяне не было іншага спосабу абароны, як толькі пусціць ёй у твар і ў вочы струмень рэдкага калу. Ледзь не аслепленая, задыхаючыся ад смуроду, адстала нарэшце ад мяне гэта зараза, а то загінуў бы асліны Мелеагр ад галавешкі звар'яцелай Алфеі.

 

Кніга восьмая

 

1. Досвіткам, з першымі пеўнямі, прыйшоў нейкі юнак з горада, як мне здалося, слуга Харыты, той дзяўчыны, якая разам са мной пакутавала ў разбойнікаў. Ён прынёс дзіўныя і жудасныя звесткі пра смерць Харыты і пра гора, якое напаткала яе сям'ю. Падсеўшы да агню, акружаны прысутнымі, ён казаў так:

«Вы, конюхі, аўчары і валапасы! Няма ўжо ў нас Харыты. Страшнай смерцю загінула нябога і не без спадарожнікаў пайшла на той свет. Але, каб усё было вам ясна, пачну спачатку. А здарэнне гэта такое, што каб даведаліся пра яго людзі адукаваныя, якіх лёс надзяліў пісьменніцкімі здольнасцямі, дык яны маглі б напісаць пра гэта цэлую аповесць.

У суседнім горадзе жыў малады чалавек высакароднага паходжання, багацце якога было роўнае яго славутасці, які, аднак, з'яўляўся прыхільнікам распусты, разбэшчанасці і п'янства. Таму не дзіва, што ён звязаўся з разбойніцкай шайкай і нават быў замешаны ў забойстве. Зваўся ён Тразіл. Як ён сябе паводзіў, такая ішла аб ім слава.

2. Як толькі Харыта даспела да замужжа, ён апынуўся ў ліку сама настойлівых шукальнікаў яе рукі і з вялікай настырнасцю дамагаўся сваёй мэты. Аднак, хоць ён далёка за сабой пакінуў сваіх сапернікаў і багатымі падарункамі стараўся схіліць бацькоў на згоду, благая слава шкодзіла яго справе, і ён, на вялікую сваю крыўду, атрымаў адмову. А калі гаспадарская дачка выйшла за добрага Тлепалема, Тразіл, не перастаючы падтрымоўваць у сабе страчанае для яго каханне, да якога дамяшалася пачуццё рэўнасці, задумаў крывавае злачынства. Знайшоўшы магчымасць пранікнуць у дом, ён распачаў здзяйсненне свайго даўно абдуманага плана. У той дзень, калі дзяўчына дзякуючы спрыту і адвазе свайго жаніха была вызвалена ад крыважэрных разбойнікаў, Тразіл, выказваннем радасці звяртаючы на сябе ўвагу, умяшаўся ў натоўп віншавальнікаў. Быццам вельмі рады шчасцю маладых і іхняму будучаму патомству, ён быў з увагі да яго знакамітага паходжання прыняты ў доме побач з сама ганаровымі гасцямі. Тым часам, схаваўшы свой злачынны намер, ён рабіў выгляд, што напоўнены найлепшымі сяброўскімі пачуццямі. Бясконцымі гутаркамі і сустрэчамі, а таксама ўдзелам у застоллях і банкетах ён зблізіўся з сям'ёй і непрыкметна самому сабе штораз глыбей апускаўся ў бездань кахання. І праўда, ці ж полымя палкага кахання не саграе нас першым сваім цяплом, а пасля, калі знаёмства, прыносячы толькі часовае палягчэнне, раздзьмухае пачуцці, ці ж не спапяляе яно нас сваім жарам?

3. Шмат часу страціў Тразіл на свае думкі, не ведаючы, што рабіць яму далей. Магчымасці пагаварыць сам-насам не надаралася, усё меншай станавілася надзея на прыхільнасць жанчыны, і, маючы на сваім шляху шматлікую варту, не знаходзіў ён спосабу супакоіць сваё ўвесь час свежае і штораз мацнейшае пачуццё. Дый нявіннасць і недасведчанасць маладой жанчыны, калі б яна і згадзілася на тое, на што згадзіцца не магла, служылі б немалой перашкодай у парушэнні яе жаночай вернасці.

І ўсё ж, не зважаючы ні на што, са згубнай упартасцю імкнуўся ён да немагчымага, як быццам было яно магчымым. Калі захапленне авалодвае намі ўсё мацней і мацней, дык тое, што звычайна лічым мы цяжкай справай, пачынае здавацца зусім магчымым і лёгкім. Дык вось, звярніце ўвагу і пільна паслухайце, на якія крайнасці аказалася здольным раз'юшанае пачуццё.

4. Аднойчы Тлепалем, узяўшы з сабой Тразіла, адправіўся на паляванне з надзеяй высачыць дзікага звера, калі дзікімі могуць быць названыя сарны. Справа ў тым, што Харыта не дазваляла свайму мужу ганяцца за звяр'ём, якое ўзброена клыкамі або рагамі. І вось яны ўжо ля падножжа лясістага ўзгорка, дзе ў цені цесна пераплеценага голля хаваліся ад вачэй паляўнічых сарны. Каб выгнаць зверыну з яе логава, выпускаюць адмыслова натрэніраваных сабак, якія разбіваюцца на зграі і займаюць усе выхады, перш толькі глухім вурчаннем, а пасля раптам узнімаюць моцны брэх.

Але выскоквае зусім не сарна, не нясмелая козачка, не сама сціплая з усіх звяроў лань, а велічэзны, незвычайных памераў дзік з напятымі пад тоўстай скурай мускуламі, калматы ад узнятага на хрыбце шчаціння, ляскаючы запененымі зубамі, з полымем у грозных вачах, злосна равучы, увесь у сваім дзікім парыве, як неўтаймаваны пярун. Найперш ударамі клыкоў направа і налева ён успароў жываты некалькіх сабак, якія заблізка падбеглі да яго, пасля растаптаў нашы кволыя сетачкі і пабег далей.

5. Мы ўсе ў жаху, непрывычныя да такіх небяспечных паляванняў і прытым бяззбройныя і нічым не ахаваныя, шыліся глыбей у гушчар. А ў той час падступны Тразіл, убачыўшы зручны для сябе выпадак, звяртаецца да Тлепалема з такой хітрай гутаркай: «Няўжо мы за прыкладам гэтай подлай чэлядзі спужаемся і выпусцім з рук такую каштоўную здабычу? Мы ж не бабы? Чаму б нам не ўскочыць на коней і не пусціцца наўздагон? Хапай вунь рагаціну, а я вазьму дзіду!»

І вось праз хвіліну яны селі на коней і паскакалі ўслед за зверам. А той, не забыўшыся пра сваю прыродную сілу, адварочваецца і, палаючы страшнай лютасцю, ашчэрыўшы клыкі, на момант спыняецца і азіраецца, выбіраючы, на каго першага накінуцца. Перш Тлепалем усадзіў сваю зброю ў спіну зверу, а Тразіл, мінаючы вепра, падразае кап'ём паджылкі задніх ног каню, на якім ехаў Тлепалем. Сцякаючы крывёй, конь перакуліўся, скінуўшы ездака. А раз'юшаны звер не марудзіць, кінуўшыся на ляжачага, раздзірае на ім перш вопратку, а калі той хацеў прыўзняцца, наносіць яму клыком глыбокую рану. Аднак добрага сябра не збянтэжыў гэты злачынны пачатак, наадварот, яму здавалася, што такое небяспечнае становішча не можа задаволіць яго нянавісці, дык калі Тлепалем у адчаі стараўся ўберагчы ад удараў параненыя ногі і клікаў на дапамогу, ён прабіў кап'ём яго правае бядро з упэўненасцю, што рана ад зброі вельмі падобная да слядоў ад звярыных клыкоў. Пасля таго тут жа прыкончыў звера.

6. Гэтак расправіўся ён з юнаком, а тут мы збягаемся, кожны вылезшы са сваёй схованкі. А Тразіл, хоць у душы цешыўся, што здзейсніў сваё запаветнае жаданне і знішчыў ворага, не даў твару паказацца вясёлым, а наморшчыў лоб, прыняў сумны выгляд і, абняўшы цела таго, каго сам загубіў, вельмі ўмела прыкідваўся чалавекам, прыбітым горам. Вось толькі слёзы не былі паслухмяныя яму і не паказваліся на вачах. Напусціўшы на сябе збедаваны выгляд, каб стаць падобным да тых, хто шчыра гараваў, усю віну сваіх рук ён зваліў на звера.

Ледзь толькі здарылася гэта злачынства, чутка аб ім даляцела да дома Тлепалема і тут жа даходзіць да слыху няшчаснай жонкі. Пачуўшы гэту вестку, страшнейшай за якую не суджана было пачуць ніколі ў жыцці, як апантаная, страціўшы розум, шалёна кінулася яна бегчы па гарадскіх вуліцах, па вясковых палях, галосячы не сваім голасам і выкрыкваючы аб няшчасці свайго мужа. Збягаюцца да яе спагадлівыя суседзі, да іх далучаюцца сустрэчныя, падзяляючы яе бяду, горад пусцее — усіх ахапіла жаданне ўбачыць, што здарылася. І вось яна падбягае да забітага і, непрытомная, валіцца на мёртвае цела. У той момант ледзь не аддала душу свайму мужу, якому даўно яе прысвяціла. З вялікай цяжкасцю ўгаворваюць і падымаюць яе родзічы, і яна, насуперак сваёй волі, застаецца жывая, а пахавальная працэсія ў суправаджэнні ўсяго народа накіроўваецца да магільнага склепа.

7. А Тразіл не пераставаў лямантаваць, плакаў надзвычайна і праліваў слёзы, якія ў першыя хвіліны скрухі не хацелі паказвацца, а цяпер, вядома, ад усё большай радасці пацяклі. Ён ашукваў саму багіню Ісціны, абсыпаючы ласкавымі словамі і найменнямі нябожчыка. Жаласлівым голасам называў яго і сябрам, і аднагодкам, і таварышам, і нават братам, а тым часам стараўся паўстрымаць рукі Харыты, якая біла сябе ў грудзі, супакойваў яе роспач, стрымліваў ад ляманту, ласкавымі словамі змякчаў джала гора, выказваючы суцяшэнні шматлікімі прыкладамі розных няшчасцяў. І з усімі гэтымі няшчырымі клопатамі не прапускаў магчымасці дакрануцца да жанчыны, стараючыся крадзенымі прыемнасцямі здаволіць свой ненавісны юр.

Як толькі скончыліся пахавальныя абрады, маладая жанчына пачала думаць, як ёй чым хутчэй сысці ўслед за мужам у магілу, і, перабраўшы розныя спосабы, спынілася на сама лёгкім, спакойным, які не патрабаваў ніякіх прылад — яна зусім адмовілася ад ежы, перастала пра сябе клапаціцца і, развітаўшыся з дзённым святлом, зачынілася ў сама цёмным пакоі.

Аднак Тразіл з напорам і настойлівасцю, дзе ўласнымі довадамі, дзе праз сваякоў маладой жанчыны, дабіўся таго, што яна згадзілася асвяжыць лазняй сваё цела і падмацаваць свае сілы ежай. Яна, з увагі на бацькоў, хоць і супраць сваёй волі, падпарадкавалася святой неабходнасці і, вядома, з невясёлым тварам, але ўжо трохі праясненым, вяртаецца, на агульнае патрабаванне, да жыццёвых звычак. Толькі ў яе ў грудзях, у сама патаемнай глыбіні сэрца, цяснілася скруха, і няўцешная туга ні ўдзень, ні ўночы не давала спакою. Акружыўшы сябе статуямі, якія выяўлялі нябожчыка ў выглядзе бога Лібера, у няспынным служэнні аддавала яму боскую пашану, мучаючы сябе гэтым суцяшэннем.

8. Тым часам Тразіл, чалавек наогул парывісты і, як падказвае яго імя, безразважны, не дачакаўшыся, каб журба спатолілася слязьмі, супакоілася шаленства ў разбітым розуме, каб аслабела празмернасць гора і каб яно само сябе зжыло, пачаў без сарамлівасці гаварыць пра шлюб з жанчынай, якая яшчэ няспынна аплаквала свайго мужа, раздзірала адзенне, ірвала на сабе валасы. З брудным нахабствам выдаў ён таямніцу сваёй душы і неймавернае сваё каварства.

Пры гэтай прапанове напаў на Харыту жах, яна адчула агіду і, быццам ад перуна, сонечнага ўдару ці ад маланкі самога Юпітэра, падае, страціўшы прытомнасць. Праз нейкі час, апрытомнеўшы, яна некалькі разоў амаль па-звярынаму завыла, да канца зразумеўшы і ўявіўшы сабе ўсю подласць Тразіла, але папрасіла пачакаць адказу на яго просьбу, пакуль яна добра не абдумае. А ўночы з'яўляецца ёй у сне цень забітага Тлепалема з перамененым бледнасцю і залітым сукравіцай тварам і звяртаецца да яе так:

«Жонка мая, няхай нікому не будзе дазволена называць цябе гэтым імем. Але калі памяць пра мяне ў грудзях тваіх занікла ці мая горкая смерць разбурыла нашу любоў, выходзь замуж, за каго ўздумаеш, толькі не трапляй у святатацкія рукі Тразіла, гутаркай з ім не баўся, ежы з ім не падзяляй, на пасцелі не спачывай. Цурайся крывавай рукі майго забойцы, не выходзь замуж за злачынца. Тыя раны, з якіх твае слёзы змылі маю кроў, не ўсе ад клыкоў звера. Дзіда злога Тразіла разлучыла нас з табой». І, дадаючы да гэтых слоў іншыя, расказаў, як было зроблена злачынства.

9. А яна, як і раней, у глыбіні свайго душэўнага болю, тварам у падушку, не прачынаючыся, абліваецца слязьмі, ірве на сабе кашулю, доўга енчыць і бязлітасна б'е сама сябе далонямі па плячах. Не расказаўшы нікому пра начную з'яву, старанна ўтаіўшы ўсё, што стала ёй вядома пра злачынства, пастанавіла пакараць нягодніка і пазбавіцца ад свайго гаротнага жыцця.

Вось зноў з'яўляецца гнюсны шукальнік прыемнасцяў, дакучаючы ёй, хоць яна не мае ахвоты слухаць, гутаркамі пра жаніцьбу. Тады яна, перапыніўшы гугарку Тразіла і з дзівоснай хітрасцю выконваючы сваю ролю, у адказ на дакучлівую балбатню і прыніжаныя просьбы кажа:

«Усё яшчэ стаіць у маіх вачах цудоўны вобраз твайго брата і майго любімага мужа, яшчэ дагэтуль мой нос ловіць пах кінамону ад яго боскага цела, усё яшчэ цудоўны Тлепалем жыве ў маім сэрцы. Добра будзе, калі ты дасі няшчаснай жанчыне час закончыць жалобу. Няхай пройдуць тыя месяцы, якія завяршаюць гадавіну, што будзе адпавядаць не толькі маёй цнатлівасці, але будзе карысным для твайго спакою, каб заўчаснай жаніцьбай не падняць нам з магілы на тваю загубу цень майго мужа, ахоплены справядлівым абурэннем».

10. Аднак такія словы не ацвярозілі Тразіла. Нягледзячы на абяцанне, якое павінна было ў хуткім часе здзейсніцца, зноў і зноў з яго вуснаў выляталі нячыстыя намаўленні, аж пакуль Харыта не зрабіла выгляду, што ён яе пераканаў і не сказала яму: «Хоць у адным прыйдзецца табе, Тразіл, уступіць: трэба, пакуль не мінуць апошнія дні гадавога тэрміну, сустракацца нам так ціха і асцярожна, каб ніхто з хатніх пра гэта не ведаў».

Перакананы ў праўдзівасці хлуслівых абяцанняў жанчыны, Тразіл ахвотна згадзіўся на тайнае сужыццё. Ён адразу пачаў марыць аб ночы і аб ахутаўшым зямлю змроку, паставіўшы над усё адно сваё жаданне — авалодаць.

«Але слухай, — кажа Харыта, — захініся як найшчыльней у плашч і без ніякіх спадарожнікаў, ціха прыходзь у першую начную варту да маіх дзвярэй, свісні адзін раз і чакай маёй карміцелькі, якая будзе сустракаць цябе каля ўвахода. Але і ўпусціўшы цябе, яна не запаліць лямпы, а ў цемры прывядзе цябе ў маю спальню».

11. Тразілу спадабалася такая прапанова сустрэчы, ён быў вельмі задаволены і без ніякага падазрэння чакаў жаданай хвіліны, злаваў, што так марудна цягнецца дзень і так доўга не надыходзіць вечар. І вось сонечнае святло саступіла месца начной цемры, і ён, паспешліва апрануўшыся, як загадала яму Харыта, трапляе ў сіло хітрай старой, што яго чакала і, поўнага надзей, правяла ў спальню. Выконваючы волю гаспадыні, старая акружае яго клопатамі, паставіўшы келіхі і збан з віном, у якое было падмяшана соннае зелле, тлумачыць, што пані затрымалася ў хворага бацькі. Ён даверліва апаражняе келіх за келіхам, і ў хуткім часе сон валіць яго. І вось ужо ляжыць ён дагары, даступны любому варожаму дзеянню. У грозным парыве, з мужнасцю ў сэрцы ўваходзіць на кліч Харыта і з крыкам спыняецца над забойцам.

12. «Вось ён, — гаворыць, — верны спадарожнік майго мужа, вось хвацкі паляўнічы, вось мілы жаніх! Вось рука, што праліла маю кроў, вось грудзі, дзе на маю загубу былі задуманы здрадніцкія падкопы, вось вочы, якім я ў благі час спадабалася, якія ў прадчуванні цемры, што іх чакае, ужо цяпер поўныя будучых пакут! Спакойна спачывай, прыемных табе сноў! Я не крану цябе ні мячом, ні іншым жалезам, недачаканне тваё зраўняцца аднолькавай смерцю з маім мужам! Вочы ў цябе жывога памруць, і нічога, апроч сноў, ты ўжо не ўбачыш. Я так зраблю, што ты будзеш зайздросціць смерці свайго ворага. Дзённага святла не ўбачыш, за руку павадыра будзеш хапацца, Харыты абымаць не будзеш, жаніцьбай не ашчаслівішся, у смяротны супакой не апусцішся, жыццёвых радасцяў не спазнаеш і будзеш блукаць бледным ценем паміж уладаннямі Орка і сонцам, доўга будзеш шукаць руку, што пазбавіла цябе зрэнкаў, і нават не даведаешся, хто твой крыўдзіцель. А я крывёй тваіх вачэй злажу ахвяру на грабніцы Тлепалема і блаславёнай яго душы аддам твае вочы. Ды навошта карыстаешся ты адтэрміноўкай заслужанай адплаты і, можа, сніш аб згубных для цябе маіх абдымках! Пакінь змрок сну і прачніся для іншага змроку, змроку вечнага! Падымі свой аслеплены твар, спазнай помсту, зразумей сваё гора, злічы свае беды! Так спадабаліся цнатлівай жанчыне твае вочы, гэтак асвяцілі тваё памяшканне вясельныя факелы. Помсціцы будуць тваімі вясельнымі дружкамі, а сябрам слепата і вечныя дакоры сумлення!»

13. Пасля такога прадказання яна выцягвае са сваіх валасоў шпільку і шмат разоў прабівае ёю вочы Тразіла, а потым, зусім аслепленага, пакідае. А калі ён, пакутуючы ад незразумелага болю, ускоквае, стараецца стрэсці з сябе хмель і сон, яна хапае меч, які звычайна насіў на поясе Тлепалем і, як звар'яцелая, бяжыць па вуліцы горада, задумаўшы, відаць, яшчэ нейкае злачынства, да мужавай грабніцы.

Увесь народ і мы, пакінуўшы свае справы, кінуліся ўслед за ёй, намаўляючы адзін аднаго адабраць ад яе зброю. Але Харыта, спыніўшыся каля грабніцы Тлепалема і прымусіўшы ўсіх бліскучым мячом расступіцца, калі ўбачыла, што ўсе горка плачуць і лямантуюць, кажа: «Пакіньце невыносныя вашы слёзы, пакіньце гора, нявартае маёй мужнасці. Адпомсціла я крываваму забойцу майго мужа, пакарала злоснага выкрадальніка майго шчасця. Настае час, калі пры дапамозе гэтага мяча я знайду дарогу ў замагільны свет да майго Тлепалема».

14. І, расказаўшы дакладна і па парадку пра ўсё, што ёй у сне сказаў муж, і пра тое, як, уцягнуўшы ў пастку, яна пакарала Тразіла, увагнала меч у свае грудзі, прамарматала нейкія незразумелыя словы і звалілася мёртвая. Трымаючыся мясцовага звычаю, родзічы старанна абмылі цела няшчаснай Харыты і пахавалі яе ў той самай грабніцы, навек вярнуўшы ўкаханаму мужу.

А Тразіл, даведаўшыся, што здарылася, і не могучы знайсці сабе адпаведнай кары, якая б адкупіла гэта гора, і перакананы, што смерці ад мяча за яго злачынствы замала, загадаў занесці сябе да той самай грабніцы і, крыкнуўшы некалькі разоў: «Вось вам, злавесныя цені, добраахвотная ахвяра!», даў загад шчыльна зачыніць за ім уваход, выбіраючы самасудам смерць з голаду».

15. Вось што расказаў юнак замаркочаным сялянам, перапыняючы не раз сваю аповесць уздыхамі і слязьмі. А тыя ў страху за свой лёс пры пераходзе ў рукі новых уладальнікаў, горка аплакваючы гора ў доме ўладальнікаў, збіраюцца ўцякаць. І старэйшы конюх, якому мяне здалі ў апеку з такім шматзначным наказам, збірае ўсё каштоўнае, што было прыхавана ў яго хаціне, і навальвае мне і іншай уючнай жывёле на спіны і з усім сваім скарбам пакідае сваё ранейшае жыллё. Мы павезлі на сабе дзяцей і жанчын, курэй і гусей, казлянят і шчанят. Наогул, усё тое, што не магло досыць хутка ісці і замаруджвала ўцёкі, перасоўвалася пры дапамозе нашых ног. Я не адчуваў цяжару грузу, хоць ён і быў вялікі, так я быў рады, што ўцякаю і пакідаю за сабой агіднага аперацыйніка, які замахваўся на маю адзнаку прыналежнасці да мужчынскага полу.

Мінуўшы хрыбет крутой гары, зарослай лесам, і зноў спусціўшыся на роўны прастор палёў, калі ўжо дарога пачала губляцца ў прыцемку, дабраліся мы да нейкага ўмацаванага люднага і багатага паселішча. Мясцовыя жыхары адгаворвалі нас ісці далей уночы і нават на досвітку, бо ўсе навакольныя дарогі былі поўныя ваўкоў, якія адзначаліся надзвычайнай лютасцю і крыважэрнасцю. Як сапраўдныя разбойнікі, накідваліся яны на падарожных і, калі былі галодныя, рабілі налёты на суседнія сялібы. Цяпер гаротны лёс безабароннай жывёлы пагражае і людзям. Апроч таго, казалі нам, што ўся далейшая дарога запоўнена недаедзенымі трупамі і навокал там бялеюць паабгрызаныя косці, дык выпраўляцца ў дарогу трэба з вялікай асцярожнасцю, бо на кожным кроку могуць сустрэць нас неспадзяваныя засады.

Дзеля гэтага трэба пачакаць, пакуль развіднее, а нават калі міне частка дня і сонца паднімецца высока, бо дзённае святло спыняе лютасць дзікіх звяроў, прытым раілі ісці не ўразброд, а цесным гуртам аж пакуль не мінём гэтых небяспечных ваколіц.

16. Аднак нашы паганыя ўцекачы, нашы важакі, аслепленыя страхам магчымай пагоні, не паслухалі карысных парад і, не дачакаўшыся блізкага ўжо світання, каля трэцяй начной варты наўючылі нас і пагналі па дарозе. Асцерагаючыся небяспекі, пра якую нам гаварылі, я, наколькі мог, трымаўся ў самай сярздзіне натоўпу, старанна хаваючыся за іншых уючных аслоў і коней, і зберагаў свой хрыбет ад нападу. Усе ўжо пачалі дзівіцца з майго спрыту, бо я пераганяў усіх. Аднак гэта жвавасць сведчыла не пра маю бадзёрасць, а пра маю палахлівасць. Таму мне падумалася, што, магчыма, і славуты Пегас стаў лятаць ад страху, за што і празвалі яго крылатым, бо, скачучы ў вышыню і ўзлятаючы да самага неба, ён у жаху выкручваўся ад зубоў вогненнай хімеры. Ды і пастухі, якія нас паганялі, забяспечыліся, прадбачачы сутычкі, рознай зброяй. Хто меў дзіду, хто рагаціну, адзін дроцік, другі дубіну, і кожны пастараўся набраць камення, якога шмат валялася на дарозе. Былі і такія, што ўзброіліся завостранымі каламі, аднак большасць, каб адпужаць звяроў, несла запаленыя факелы. Не хапала толькі сігнальнай трубы, а то быў бы з нас цалкам ваенны атрад.

Абышоўшыся ў гэтай мясцовасці толькі страхам, мы трапілі ў горшую бяду. Ваўкі, ці то напалохаўшыся гоману, узнятага натоўпам, ці яркага полымя факелаў, ці то палюючы ў іншай мясцовасці, зусім на нас не напалі і нават блізка не паказаліся.

17. А вось жыхары нейкага сельбішча, каля якога давялося нам ісці, падумаўшы, што мы разбойнікі, смяртэльна перапалохаліся, баючыся за сваю маёмасць, і выпусцілі на нас вялікіх, выдрэсіраваных для вартаўнічай службы сабак, злейшых за ваўкоў і медзвядзёў, нацкоўваючы іх рознымі выкрыкамі. Сабакі, злыя ад прыроды і раз'юшаныя гоманам, узнятым гаспадарамі, нападаюць на нас і без разбору пачынаюць абрываць жывёлу і людзей і шмат каго збіваюць з ног.

Клянуся Геркулесам, што гэта відовішча заслугоўвае не столькі ўспамінаў, колькі спачування. Сабакі зграямі хапалі тых, хто ўцякаў, другія нападалі на тых, што стаялі, а трэція валтузілі ляжачых і па ўсіх прайшліся зубамі. А да гэтай небяспекі дадаецца другая, яшчэ горшая. Жыхары паселішча пачалі раптам кідаць са сваіх стрэх і з суседняга ўзгорка каменне, дык мы ўжо не ведалі, якой бяды асцерагацца: тут сабакі рвуць, адтуль каменне ляціць. Здарылася, што адзін камень трапіў у галаву жанчыне, якая ехала на мне. Яна пачала плакаць і клікаць на дапамогу свайго мужа, таго пастуха, які мяне даглядаў.

18. Ён пачаў заклікаць багоў у сведкі, выціраць з жончынага твару кроў і крычаць яшчэ мацней: «Чаго вы нападаеце на няшчасных людзей, пакутнікаў-падарожных? За што гоніце нас з такой лютасцю? Якой вам трэба нажывы? За якія ўчынкі нам помсціце? Вы ж жывяце не ў звярыных пячорах ці ў дзікай глухмені, каб радавацца з пралітай крыві!»

Як толькі ён гэта сказаў, зараз жа спыняецца град камення і па камандзе заціхае ўзнятая сабакамі злавесная бура. А тады адзін селянін з верхавіны кіпарыса гаворыць: «Мы пачалі бойку не на тое, каб адабраць ад вас вашы набыткі, а баранілі ад вашых рук сваё. Цяпер вы можаце спакойна працягваць сваё вандраванне».

Гэтак ён сказаў, і мы пайшлі далей, усе па-рознаму пацярпеўшы: хто ад камення, хто ад сабак — ніхто не застаўся цэлы. Прайшоўшы некаторую адлегласць, дабраліся мы да нейкага гаю з высокіх дрэў, упрыгожанага зялёнымі лужкамі, дзе нашы паганятыя захацелі спыніцца, каб падсілкавацца і залячыць свае раны. Расцягнуўшыся на зямлі, хто дзе, перш усе адпачываюць ад стомы, а пасля пачынаюць залечваць рознымі сродкамі свае балячкі. Абмывалі кроў у вадзе блізкага ручая, прыкладвалі да пухлін губкі з воцатам, бінтавалі адкрытыя раны. Так кожны па-свойму клапаціўся аб сваім здароўі.

19. Тым часам з вяршыні ўзгорка сачыў за намі нейкі стары, які пасвіў дробную жывёлу, побач з ім скублі траву козы. Нехта з нашых папытаўся ў яго, ці не прадаў бы ён свежага малака або сыру. Але ён доўга ківаў галавой і нарэшце кажа: «І вы яшчэ думаеце пра ежу і пітво і наогул пра якісьці адпачынак! Няўжо вы не ведаеце, у якім месцы знаходзіцеся?» Пасля гэтага ён сабраў сваіх авечак і падаўся прэч. Гэта гутарка старога і яго ўцёкі нагналі на нашых пастухоў страх. І пакуль яны ў жаху стараюцца здагадацца, чым пагражае гэта мясцовасць, і не знаходзяць нікога, хто б мог ім расказаць, набліжаецца па дарозе другі стары высокага росту, моцна прыгнечаны гадамі, усім целам апіраючыся на кій, ледзь цягнучы ногі і абліваючыся слязьмі. Убачыўшы нас, ён заплакаў яшчэ мацней і, дакранаючыся ўсім маладым людзям па чарзе да каленяў, упрошваў так:

20. «Заклінаю вас Фартунай і вашымі геніямі-апекунамі, дажывіце вы да майго веку, памажыце знямогламу старому і майго малога, схопленага пеклам, вярніце мне, струхлеламу! Унучак мой і неадступны спадарожнік у гэтай вандроўцы захацеў злавіць верабейчыка, які чырыкаў на плоце, і зваліўся глыбока ў роў, зарослы кустамі. Жыццё яго ў страшнай небяспецы, па яго стогнах і па тым, як ён штохвіліны кліча дзядулю на дапамогу, чую, што ён яшчэ жывы, аднак дзеля сваёй слабасці памагчы яму не магу. А вы, маладыя і дужыя, лёгка можаце аказаць падтрымку няшчаснаму старому і вярнуць мне жывым і здаровым майго наймалодшага з нашчадкаў і адзінага парастка».

21. Ад таго, як ён прасіў, ірвучы свае сівыя валасы, усіх ахапіў жаль. І адзін з пастухоў, адважнейшы, маладзейшы і мацнейшы целам, прытым адзіны, хто выйшаў непакалечаны з апошняй сутычкі, хутка падымаецца і, запытаўшы, дзе зваліўся хлопчык, без хістання ідзе за старым да густых кустоў, куды той паказаў яму пальцам.

Тым часам усе адпачылі, залячылі раны, накармілі нас і, сабраўшы рэчы, пачалі рыхтавацца ў дарогу. Спачатку доўга клікалі па імю таго юнака, нарэшце, занепакоіўшыся яго доўгай адсутнасцю, выправілі чалавека шукаць таварыша, напомніць яму, што пара ў дарогу, і прывесці з сабой.

Праз нейкі час вяртаецца пасланы, смяртэльна бледны, увесь дрыжыць і расказвае дзіўныя справы пра свайго сябра, быццам ён ляжыць дагары амаль увесь з'едзены, над ім сядзіць велічэзны дракон і абгрызае яго цела, а таго старога і след прапаў. Пачуўшы гэта і параўнаўшы расказ пасланага з тым, што казаў пастух, нашы важакі зразумелі, што дракон і з'яўляецца тым лютым жыхаром гэтай мясцовасці. Дык, пакінуўшы небяспечную ваколіцу, шпарка пускаюцца наўцёкі, падганяючы нас частымі ўдарамі кіёў.

22. Паспешліва прайшоўшы даволі значную адлегласць, спыніліся мы ў нейкай вёсцы, дзе і адпачывалі ўсю ноч. Там адбылося вартае ўспаміну здарэнне, пра якое я хачу расказаць.

Нейкі нявольнік, які з даручэння гаспадара кіраваў усёй яго гаспадаркай і, апроч таго, загадваў вялікім маёнткам, тым самым, дзе мы спыніліся, жыў тут і быў жанаты з нявольніцай з таго самага дому, але меў гарачую схільнасць да нейкай вольнай жанчыны ў суседстве. Яго жонка, пакрыўджаная здрадай, спаліла ўсе яго рахунковыя кнігі і ўсё, што захоўвалася ў свірне. Аднак, не адчуваючы сябе яшчэ цалкам задаволенай і палічыўшы, што такая страта з'яўляецца недастатковай помстай за апаганенне яе шлюбнай пасцелі, звярнула гнеў супраць самой сябе. Усунуўшы галаву ў пятлю і прывязаўшы да сябе народжанае ад таго ж мужа дзіця, яна разам з ім кінулася ў глыбокую студню.

Гаспадар, даведаўшыся пра гэту смерць, вельмі разгневаўся на свайго нявольніка, які давёў жонку да такога ўчынку, загадаў схапіць яго, распрануць, вымазаць усяго мёдам і моцна прывязаць да фігавага дрэва. А ў дупле гэтага дрэва быў мурашнік, і мурашкі там, снуючы туды і сюды, аж кішэлі. Як толькі дайшоў да іх салодкі мядовы водар ад цела прывязанага чалавека, яны пачалі глыбока ўпівацца ў яго хоць дробнымі, але незлічонымі і няспыннымі ўкусамі. Доўга рвалі яны яго і, з'еўшы мяса і ўсе вантробы, начыста абгрызлі ўсяго. І застаўся прывязаны да дрэва толькі сляпучай белізны шкілет.

23. Пакінуўшы гэту агідную мясцовасць, дзе засталіся засумаваныя людзі, мы падаліся далей і, вандруючы цэлы дзень па раўніннай дарозе, вельмі стомленыя, дайшлі да нейкага шматлюднага славутага горада. Тут тыя пастухі, спакушаныя чуткамі аб багацці прадуктаў і спадзеючыся знайсці бяспечнае сховішча ад магчымых праследаванняў, вырашылі асталявацца назаўсёды. Далі сваёй уючнай жывёле тры дні адпачынку, каб мы аднавілі сілы, набылі лепшы выгляд і каб лягчэй было нас прадаць, а пасля вывелі на рынак. Калі вяшчальнік гучным голасам назваў цану кожнага з нас, коні і аслы былі раскуплены багатымі грамадзянамі, а каля мяне, які застаўся ў адзіноце, праходзілі з пагардай. Мне надакучыла абмацванне пакупнікамі, якія па зубах хацелі пазнаць мой узрост, дык калі адзін з іх пачаў ужо каторы раз пароцца смярдзючымі рукамі ў маіх дзяснах, я схапіў зубамі яго брудную смуродную руку і моцна скалечыў. Гэта здарэнне адштурхнула ад куплі людзей, якія мяне акружалі, бо яны палічылі мяне дзікай жывёлінай.

Тады вяшчальнік, надрываючы горла да хрыпаты, пачаў жартаўлівымі прымаўкамі ўслаўляць мае якасці: «Ці доўга яшчэ давядзецца нам выводзіць на продаж гэтага каня, старога, слабога, з разбітымі нагамі, пачварнага ад хвароб і ўсё ж, нягледзячы на яго тупасць і гультайства, наравістага, прыдатнага хіба што на рэшата для жвіру? Калі б яго каму-небудзь аддаць задарма, дык шкада на яго кармоў!»

24. Такім лямантам выклікаў вяшчальнік у прысутных рогат. Аднак мой бязлітасны лёс, ад якога я не мог уцячы, куды б ні кідаўся, гневу якога не мог аслабіць раней перанесенымі пакутамі, зноў скіраваў на мяне свае сляпыя вочы і цудоўным спосабам прыслаў сама адпаведнага для маіх жорсткіх выпрабаванняў пакупніка. Толькі паслухайце: распусніка, старога лысага распусніка, упрыгожанага вісячымі кудзеркамі, аднаго з тых адкідаў натоўпу, якія, пастукваючы ў кастаньеты і сістры, жабруюць па гарадах і вёсках, возячы з сабой выяву Сірыйскай багіні. Загарэўшыся жаданнем мяне купіць, ён пытаецца, адкуль я родам. Той адказвае, што я з Кападакіі і даволі мацнаваты. Пакупнік далей цікавіцца маім узростам, а ацэншчык адказвае жартам: «Нейкі астролаг, складваючы ягоны гараскоп, лічыў яго пяцігадовым, зрэшты, аб гэтым найлепш ведае ён сам па запісах, зробленых яго бацькамі ў спісе грамадзян. Хоць я рызыкую саграшыць супраць Карнеліевага закону, калі замест нявольніка прадам табе рымскага грамадзяніна, але ты купіш вернага слугу, які і ў дарозе і дома можа табе спатрэбіцца».

Але тут ненавісны пакупнік пачаў задаваць пытанне за пытаннем і нарэшце з трывогай пацікавіўся, ці спакойны я.

25. А вястун адказвае: «Авечка перад табой, а не асёл, усякую працу выконвае спакойна, не кусаецца, не брыкаецца, можна сказаць, проста сціплы чалавек у аслінай шкуры. Гэта і праверыць не цяжка. Усунь твар паміж яго кумпякоў і ўбачыш, якую пакажа ён рахманасць».

Гэтак кпіў вяшчальнік з распусніка, а той, зразумеўшы, што з яго насміхаюцца, абурыўся і выкрыкнуў:

«А цябе, падлу, няхай зробіць усемагутная ўсёнараджальніца Сірыйская багіня, святы Сабадзі, Белона, ідэйская маці і валадарка Венера са сваім Адонісам сляпым, глухім і дурнаватым крыкуном за тое, што столькі часу ты дурыш мне галаву сваімі бязглуздымі жартамі! Што ты думаеш, дурань, што я магу даверыць багіню непакорлівай уючнай жывёліне, каб яна раптоўным штуршком скінула боскае адлюстраванне, а я, няшчасны, буду змушаны бегаць з раскудлачанымі валасамі і шукаць лекара маёй знявечанай багіні?»

Пачуўшы гэта, я раптам уздумаў падскочыць па-вар'яцку, каб мяне палічылі непакорлівым і дзікім і каб торг не адбыўся. Аднак маю задуму папярэдзіў неспакойны пакупнік, які паспешліва заплаціў за мяне семнаццаць дынараў, а гаспадар рад быў ад мяне пазбавіцца і з прыемнасцю забраў грошы. Ён узяў мяне за вуздэчку, сплеценую з альфы, і перадаў повад Філебу — так зваўся мой новы ўладальнік.

26. А той, атрымаўшы новага слугу, павёў мяне да свайго жылля і, ледзь ступіўшы на парог, закрычаў: «Дзяўчаткі, вось я вам з рынку нявольніка прывёў!» А дзяўчаты тыя аказаліся гуртам распуснікаў, якія ўмомант загаманілі нястройным хорам ламаных, хрыплых і пісклівых галасоў, думаючы, што з'явіўся для іхніх паслуг сапраўдны нейкі раб. Убачыўшы, што не дзева падменена ланню, а мужчына аслом, яны наморшчылі насы і пачалі ўсяк кпіць са свайго настаўніка, кажучы, што ён купіў не раба, а сабе мужа.

«Глядзі толькі, — казалі, — не зжары адзін такога дзівоснага кураняці, дай і нам, сваім галубкам, часам ім пакарыстацца».

Гэтак пустасловячы між сабой, яны прывязалі мяне на дварэ да ясляў. Быў сярод іх нейкі юнак дзябёлага целаскладу, умелец ігры на флейце, куплены імі на рынку за ахвяраванні, якія яны збіралі. Калі яны насілі па ваколіцах статую багіні, ён хадзіў разам з імі, іграў на трубе, а дома служыў усім без разбору прадметам заспакаення ненармальнага юру.

Як толькі ён мяне ўбачыў, ахвотна і шчодра насыпаў мне корму і весела загаварыў: «Нарэшце ўсё ж з'явіўся намеснік у няшчаснай маёй працы! Жыві толькі чым найдаўжэй і дагадзі гаспадарам, каб адпачылі мае стомленыя бакі».

Пачуўшы гэта, я задумаўся аб тых, што чакалі мяне, пакутах.

27. На другі дзень, прыбраныя ў рознакаляровыя пярэстыя вопраткі, бязглузда размаляваўшы твары фарбай брудна-бурага колеру і па-майстэрску падвёўшы вочы, выступілі яны, прыхарашыўшыся жаночымі наміткамі і шафранавымі сукенкамі з палатна і шоўку. На некаторых з іх былі белыя тунікі, падперазаныя паясамі, размаляваныя ў вузкія пурпурныя палоскі на падабенства маленькіх коп'яў у палёце, на нагах былі жоўтыя туфлі.

Фігуру багіні, захутаную ў шаўковае пакрывала, яны ўзлажылі на мяне, а самі, агаліўшы рукі да плячэй, неслі вялікія мячы і сякеры і, узбуджаныя гукам флейты, з падскокамі выконвалі свой шалёны святы танец. Мінуўшы шмат хацін, яны спыніліся каля дома багатага гаспадара, і ў той жа момант паветра напоўнілася непрыстойным лямантам, а яны пачалі насіцца, апусціўшы галовы, хуткімі рухамі паварочваючы шыі, так што звіслыя валасы развяваліся, утвараючы кола. Некаторыя на бягу кусалі свае плечы і нарэшце двухсечнымі нажамі, якія мелі пры сабе, пачалі паласаваць свае рукі. Асабліва стараўся адзін: з глыбіні яго грудзей вырывалася парывістае дыханне, і ён выяўляў дзікую непрытомнасць, быццам на яго сышоў святы дух, нібыта божая прысутнасць, замест удасканальваць чалавека, робіць яго хворым і нядужым.

28. Ды вось глядзі, якую ўзнагароду атрымаў ён ад нябеснага наканавання! Прыкідліва гучным голасам пачаў ён вінаваціць самога сябе ў тым, што быццам ён нейкім спосабам пераступіў святыя законы рэлігіі і пасля таго крычыць, што павінен атрымаць з уласных рук справядлівае пакаранне. Нарэшце хапае бізун, асаблівую зброю гэтых напалову мужчын, з воўны з доўгімі махрамі і з рознай велічыні авечымі костачкамі на канцах і пачынае сам сябе сцябаць, спыняючы незвычайнай сілай волі боль. Можна было бачыць, як ад парэзаў мячом і ад удараў бізуна зямля пакрылася нячыстай крывёю гэтых скапцоў.

Гэта відовішча абудзіла ўва мне немалую трывогу. Убачыўшы столькі крыві, выцеклай са шматлікіх ран, я падумаў, што можа здарыцца, што страўнік вандроўнай багіні зажадае аслінай крыві, як некаторыя людзі бываюць ласыя на аслінае малако.

Урэшце, ці то стаміўшыся, ці то здаволіўшыся лупцаваннем, спынілі яны кровапраліцце і пачалі збіраць і складваць за пазуху, дзе месца хапала, медныя, а нават сярэбраныя грошы, якія ім наперабой падавалі шматлікія ахвярадаўцы. Апроч таго, далі ім бочку віна, малака, сыру і розных гатункаў мукі, а некаторыя прынеслі і ячменю насільшчыку багіні. Усё гэта яны прагавіта пабралі і, пазапіхаўшы ў спецыяльна на гэта падрыхтаваныя мяхі, узвалілі мне на спіну. Такім чынам, выступаючы пад цяжарам двайной паклажы, я быў адначасова і святыняй і свірнам.

29. Гэтак пераходзячы з месца на месца, яны абіралі ўсе акругі. Нарэшце, прыйшоўшы ў нейкае сяло, у радасці ад добрай нажывы, яны вырашылі наладзіць банкет. Ілжывым прадказаннем яны выдурылі ў аднаго селяніна сама тлустага барана, каб гэтай ахвярай задаволіць прагавітую Сірыйскую багіню, і, нарыхтаваўшы ўсё, як належыць да вячэры, ідуць у лазню. Памыўшыся там, прыводзяць з сабой на вячэру здаравеннага мужчыну, шчодра надзеленага сілай клубоў і пахвіны. Не паспеўшы перакусіць такой-сякой гародніны, гэта бруднае быдла адчула бессаромныя поцягі да сумна вядомай пажадлівасці. Яны акружылі натоўпам чалавека, распранулі, павалілі дагары і пачалі апаганьваць яго сваімі гнюснымі губамі. Мае вочы не маглі знесці такой беззаконнасці, і я спрабаваў гукнуць: «На дапамогу, квірыты!» Аднак ніякіх гукаў, ні складоў у мяне не атрымалася, апроч яснага, гучнага, тыпова аслінага «О!». І гукнулася яно зусім не ў пару, бо ў суседнім сяле мінулай ноччу ўкралі асляня, і некалькі хлопцаў выправіліся яго шукаць, старанна правяраючы кожны закутак. Пачуўшы маё рыканне ў зачыненым памяшканні, падумалі, што ў доме хаваюць украдзеную ў іх жывёліну, дык каб не даць злодзею ахамянуцца, увальваюцца знянацку ўсім гуртам у пакой, і перад іхнімі вачыма паўстае ўсё тое паскудства. Яны тут жа склікаюць суседзяў і ўсім расказваюць пра ганебнае відовішча, падымаючы на смех найчысцейшую цнатлівасць свяшчэннаслужыцеляў.

30. Заплямленыя такой ганьбай, чутка пра якую нястрымна пашыралася і па заслугах зрабіла іх усім агіднымі і невыноснымі, каля поўначы, забраўшы свае манаткі, яны пакінулі сяло. Прайшоўшы да світання ладны кавалак дарогі, яны доўга радзіліся ўжо пры дзённым святле на нейкім бязлюдным месцы і пастанавілі мяне забіць. Знялі з мяне выяву багіні, прывязалі да нейкага дрэва і так адсцябалі мяне бізуном з барановымі костачкамі, што я там ледзь не выпусціў дух. Сярод іх быў адзін, які ўвесь час пагражаў мне падсекчы сваёй сякерай паджылкі за тое, што нібыта я абразіў яго цнатлівасць, на якой, як вядома, не было ні плямкі. Аднак другія, не столькі думаючы аб маім выратаванні, колькі аб лёсе кінутай на зямлю статуі, палічылі, што лепш пакінуць мяне ў жывых. Дык нагрузіўшы мяне зноў і падганяючы плазам мячоў, даехалі да нейкага немалога горада. Адзін з сама важных грамадзян гэтага горада, чалавек наогул набожны, які асабліва шанаваў нашу багіню, пачуўшы звон цымбалаў і тымпанаў і кволыя гукі фрыгійскіх мелодыяў, выбег насустрач і, згодна з дадзеным калісьці абяцаннем, запрасіў багіню ў свой дом і ўсіх нас размясціў уздоўж агароджы двара. А багіню стараўся расчуліць знакамі сама глыбокай пашаны і шчодрымі ахвярамі.

31. Тут, як помню, над маім жыццём павісла страшная небяспека. Адзін селянін прыслаў свайму гаспадару, у якога мы спыніліся, частку сваёй паляўнічай здабычы — вялікі сыты аленевы кумпяк. Праз неасцярожнасць павесілі яго паблізу кухонных дзвярэй, і нейкі сабака, таксама пэўным чынам паляўнічы, сцягнуў яго і, пакуль ніхто не заўважыў, пастараўся адвалачы яго як найдалей і як найхутчэй.

Заўважыўшы прапажу і дакараючы самога сябе за недагляд, кухар доўга праліваў слёзы, а пасля, прыгнечаны тым, што гаспадар можа запатрабаваць абед, і наогул страшэнна напалоханы, развітаўся са сваім малечай-сынам і, узяўшы вяроўку, збіраўся павесіцца. Гэта не засталося незаўважаным ягонай жонкай. Ухапіўшыся моцна за праклятую пятлю, яна гаворыць: «Няўжо ты так напалохаўся гэтага няшчасця, што зусім страціў розум і не бачыш простага выйсця, якое пасылае табе боскае наканаванне? Калі ў гэтай тваёй роспачы, пасланай табе лёсам, захаваў ты хоць кроплю здаровага розуму, дык слухай мяне ўважліва. Завядзі гэтага чужога асла ў якое-небудзь патаемнае месца і там зарэж. А пасля аддзялі кумпяк, каб ён быў падобны да таго, што прапаў, прыгатуй яго чым найлепш і найсмачней з падліўкай і падай гаспадару замест аленевага». Нягоднаму махляру ўсміхнулася думка выратавацца цаной майго жыцця. Дык горача падзякаваўшы сваёй жонцы за кемлівасць, ён пачаў вастрыць нож для жывадзёрства, якое лічыў ужо немінучай справай.

 

Кніга дзевятая

 

1. Так нягодны крывапівец рыхтаваў супраць мяне зброю, а я ў той небяспечны час разумеў, што мне трэба прыняць нейкае рашэнне, дык, не трацячы дарагіх хвілін, палічыў за найлепшае ратавацца ўцёкамі. Парваў вяроўку, якой быў прывязаны, і з усіх сіл пусціўся бегчы, раз за разам для большай бяспекі брыкаючыся. Хутка праскочыўшы праз порцік, улятаю ў сталовую, дзе гаспадар частаваў жрацоў багіні, і з разгону пераварочваю некалькі бяседных сталоў, і б'ю пры гэтым шмат посуду.

Разгневаны такім пагромам гаспадар загадвае мяне, рэзвую і наравістую жывёліну, завесці і замкнуць у якім-небудзь надзейным месцы, каб я зноў не парушыў бяседы сваім буйным з'яўленнем. Спрытна ўратаваўшыся такой хітрай выдумкай і вырваўшыся з рук ката, я цешыўся, што трапіў пад замок.

Ды праўду кажуць, што Фартуна ніколі не дазваляе чалавеку, які нарадзіўся ў няшчасную хвіліну, зрабіцца ўдачнікам. Пагібельнае наканаванне боскай волі не можа быць адменена ні разумным рашэннем, ні мудрай засцярогай. Гэтак і ў маёй справе: тая выдумка, што хвіліну раней, здавалася, выратавала мяне ад небяспекі, стала для мяне надзвычай небяспечнай і ледзь не давяла да сапраўднай загубы.

2. Тым часам, гэта я пазней даведаўся з гутаркі слуг, у сталовую ўбягае нейкі хлапчук і, трасучыся, з перакошаным тварам дакладвае гаспадару, што ў іхні двор праз заднюю брамку ўварваўся з суседняга завулка кручаны сабака. Ён накінуўся на паляўнічых сабак, а пасля ўскочыў у стайню і там раз'юшана напаў на жывёлу, а нават не абмінуў і людзей. Моцна пакусаў паганятага Мірціла, кухара Гефесціёна, спальніка Гіпація, лекара Апалонія і шмат іншых слуг, якія хацелі яго прагнаць. Ужо некаторыя з пакусаных жывёлін пачынаюць праяўляць несумненныя прыкметы шаленства.

Гэта вестка моцна ўсіх усхвалявала, бо яны падумалі, што і я буяніў з гэтай самай прычыны. І вось, узброіўшыся хто чым мог, гоняцца яны за мной, самі звар'яцелыя. І, несумненна, разнеслі б яны мяне сваімі дзідамі, рагацінамі і двухсечнымі сякерамі на кавалкі. Але я, зразумеўшы ўсю небяспеку гэтай грознай хвіліны, кінуўся ў пакой, дзе размясціліся мае гаспадары. Тады яны зачынілі дзверы, каб пазбегнуць сутычкі са мной і не наклікаць на сябе бяды, і пакінулі мяне аднаго. Яны вырашылі, што я там памалу з прычыны невылечнай немачы шаленства выпушчу дух. Гэтак нарэшце быў мне дадзены супакой, і я, атрымаўшы шчаслівую магчымасць застацца зноў у адзіноце, кінуўся на падрыхтаваную пасцель і заснуў па-людску, як не спаў ужо шмат часу.

3. Было ўжо зусім відно, калі я, адпачыўшы на мяккай пасцелі, бадзёра ўскокваю і чую, як тыя, што правялі ноч без сну на варце, пільнуючы мяне, гавораць пра мой лёс: «Няўжо гэты няшчасны асёл да гэтай пары не ачуняў ад шаленства?» «Магчыма, што праз той наскок яд з яго выдыхнуўся...»

Каб пакласці канец няпэўнасці, вырашылі праверыць, што я раблю, і, зазірнуўшы ў нейкую шчылінку, бачаць, што я зусім здаровы, стаю на нагах. Тады яны, адчыніўшы як найшырэй дзверы, хочуць праверыць, ці сапраўды стаў я свойскім. Адзін з іх, проста небам пасланы мне выратавальнік, прапануе іншым такі спосаб праверкі майго здароўя: даць мне выпіць поўнае вядро вады. Калі я буду піць адразу, значыць, я здаровы і хвароба мая мінула бясследна, а калі наадварот, пачну ў страху ўхіляцца ад вады, тады, несумненна, шаленства яшчэ працягваецца. Такі спосаб праверкі перададзены нам старажытнымі кнігамі і шырока выкарыстоўваецца.

4. Гэта прапанова спадабалася, і зараз жа быў прынесены з крыніцы кубелец празрыстай вады і з асцярожнасцю пастаўлены перада мной. А я, не марудзячы, іду сам насустрач, усоўваю ў судзіну галаву і выпіваю (вось ужо сапраўды выратавальную) вадкасць. Цярпліва пераношу я і паляпванне рукой, і пагладжванне па вушах, і патузванне за вуздэчку, і розныя іншыя спосабы праверкі, аж пакуль канчаткова не даказаў іхняму неразумнаму падазрэнню, што я здаровы і рахманы.

Такім чынам пазбегнуўшы падвойнай небяспекі, на наступны дзень, нагружаны святымі манаткамі з кастаньетамі і цымбаламі я, жабрак і бадзяга, зноў рушыў у дарогу. Абхадзіўшы многа хат і двароў, закіроўваемся мы ў адно сяло, пабудаванае, як казалі старажылы, на руінах багатага калісьці горада, і спыніўшыся там у гасцініцы, пачулі адну цікавую любоўную гісторыю, якая здарылася ў сям'і нейкага бедняка. Хачу вам яе расказаць.

5. Жыў адзін рамеснік у вялікай беднасці, здабываючы сабе яду марным заробкам. Была ў яго жонка, у якой таксама нічога не было за душой, але якая славілася сваёй распушчанасцю. Аднаго дня, як ён толькі выйшаў зранку на работу, у яго хату закраўся нахабны палюбоўнік. І калі яны бясклопатна аддаюцца справам Венеры, нечакана вяртаецца муж, які нічога не ведаў пра гэтыя справы і нават не падазраваў. Застаўшы зачыненымі і замкнёнымі дзверы, ён нават пахваліў жончыну асцярожнасць, дык стукае ў дзверы і свішча, каб паведаміць пра сябе. Тут спрытная баба, вельмі знаходлівая ў падобных сітуацыях, адпусціла палюбоўніка са сваіх абдымкаў і непрыкметна хавае яго ў бочку, якая стаяла ў куце напалову закапаная ў зямлю, але зусім пустая. Пасля таго яна адчыняе дзверы, але не паспеў муж пераступіць парог, як яна накідваецца на яго з лаянкай: «Чаго гэта ты дарма швэндаешся склаўшы рукі? Чаму ты не ідзеш, як звычайна, на работу? Пра наша жыццё не рупішся! Пра харчы не турбуешся. А я, няшчасная, дзень і ноч гарбею над прадзівам, каб хоць лямпа ў нашай халупе свяціла! Не зраўняць майго жыцця з жыццём суседкі Дафны, якая, удосталь наеўшыся і дап'яна напіўшыся, мілуецца з каханкам».

6. А муж, збянтэжаны такой сустрэчай, адказвае: «Што такое? Гаспадар, у якога мы працуем, заняты ў судзе і нас адпусціў. Але пра тое, як нам сягоння паабедаць, я паклапаціўся. Бачыш гэту бочку? Яна пустуе і толькі дарма займае месца, замінае, а карысці з яе ніякай. Дык вось, я прадаў яе аднаму чалавеку за пяць дынараў. Ён ужо тут, зараз расплаціцца і забярэ яе сабе. Ты трохі падаткні адзежу і памажы мне выцягнуць яе з зямлі, каб аддаць пакупніку».

Пачуўшы гэта, ашуканка ўцяміла хутка, як можна скарыстаць гэтыя абставіны, дык адказвае з нахабнай усмешкай:

«Вось і муж мне трапіўся, дык муж! Спрытны гандляр! Рэч, якую я, кабета, седзячы дома, прадала за сем дынарыяў, ён спусціў за пяць!» Узрадаваны надбаўцы, муж пытаецца: «Хто ж гэта табе столькі даў?» А яна адказвае: «Ды ён, дурніца ты, даўно залез у бочку, каб праверыць, ці моцная яна, ці цэлая?»

7. Палюбоўнік не прапусціў без увагі слоў жанчыны і, хутка высунуўшыся, кажа: «Хочаш ты, гаспадыня, ведаць праўду? Бочка твая ўжо старая і дала шмат трэшчынаў». А пасля, звяртаючыся да мужа і быццам яго не пазнаючы, дадае: «Дай мне, калі ласка, хто-небудзь лямпу, каб, саскробшы бруд унутры, я мог убачыць, ці варта яна чаго, бо грошы ж у мяне не крадзеныя. Ці ж не так?»

Доўга не думаючы і нічога не падазраючы, клапатлівы і прыкладны муж запаліў лямпу і кажа: «Вылазь, братка, і пастой сабе, пакуль я сам яе добра не ачышчу». І, распрануўшыся і забраўшы з сабой свяцільнік, пачаў саскрэбваць шматгадовую скарынку гразі і гнілі. А палюбоўнік, прыгожы малойчык, нагнуў яго жонку да бочкі і, прымасціўшыся зверху, старанна апрацоўваў. А да таго яшчэ распусная баба ўсунула галаву ў бочку і, здзекуючыся з мужа, паказвае яму пальцам, дзе скрэбці: у тым месцы і ў гэтым месцы ды зноў у тым і яшчэ ў гэтым, так аж пакуль абедзве работы не закончыліся.

Пасля гэтага злашчасны рамеснік, атрымаўшы свае сем дынарыяў, змушаны быў на сваёй спіне занесці бочку таму жончынаму палюбоўніку.

8. Сумленныя свяшчэннаслужыцелі, пабыўшы ў той мясцовасці некалькі дзён, ад'еўшыся і за кошт шчодрай грамады туга набіўшы кашалькі за свае прароцтвы, прыдумалі новы спосаб здабываць грошы. Склаўшы адно агульнае прадказанне на ўсе жыццёвыя выпадкі, дурманілі людзей, якія прыходзілі да іх на раду ў розных жыццёвых справах. А прадказанне іхняе было такое:

«Валы аруць зямлю ў запрэжцы для таго,

Каб збожжу ў будучыні вольна зелянець».

Калі здаралася, што жаніх з нявестай прасілі парады, дык адказ патрапляў іх жаданню: звязаныя шлюбам, выгадуюць шматлікае патомства. Калі звяртаўся да іх чалавек, які збіраўся купіць зямлю, дык аракул гаварыў правільна пра валоў, пра запрэжку і пра палі з ураджайнай збажыной. Калі хто хацеў атрымаць боскае прадказанне наконт задуманага падарожжа, дык вось яму гатовая запрэжка з сама спакойных чацвераногіх, а сяўба абяцае прыбытак. Калі хто шукаў адказу, ці ўдала закончыцца чаканая бітва або праследаванне банды разбойнікаў, яны запэўнівалі, што прадказанне спрыяльнае і азначае поўную перамогу, бо галовы валоў, схіленыя ў ярмо, абазначаюць, што так будуць звязаныя ворагі і будзе захоплена вялікая і багатая здабыча.

Такім хлуслівым прароцтвам яны выцягнулі ад людзей нямала грошай.

9. На раду прыходзілі многія і часта, дык вычарпаліся іхнія прароцтвы і яны зноў пусціліся ў дарогу, але ў якую! Шмат горшую за тую, па якой мы ішлі аднае ночы. Уся яна была скапаная глыбокімі равамі, дзе залітая стаячай вадой, а дзе слізкая і ліпучая ад балота. Штохвілінна спатыкаючыся і падаючы, пакалечыў я сабе ногі і з вялікімі цяжкасцямі змог нарэшце выбрацца на роўную дарогу. І раптам даганяе нас атрад коннікаў, узброеных дроцікамі. Спыніўшы сваіх разгарачаных скакуноў, яны кідаюцца на Філеба і іншых і, схапіўшы іх за горлы, пачынаюць бязлітасна біць, называючы іх гнюснымі святататнікамі. Пасля ўсіх звязваюць кайданамі, няспынна лаючы і пагражаючы: «Аддавайце лепш добраахвотна залаты келіх, які спакусіў вас і падштурхнуў да злачынства. У час набажэнства вы яго ціхенька сцягнулі са святых падушак божай маці і адразу, быццам можна пазбегнуць кары за такое злачынства, ледзь толькі пачало світаць, нікога не папярэдзіўшы, пакінулі горад».

10. Знайшоўся чалавек, які пачаў абмацваць рэчы на маёй спіне і, запусціўшы руку пад адзенне багіні, якую я нёс, на вачах ва ўсіх знайшоў і выняў залаты келіх. Але нават гэты доказ віны не змог збянтэжыць ці напалохаць гэту брудную шайку. З няшчырым смехам пачалі яны прыдумваць апраўданні: «Што за дзіўная і непрыстойная справа! Як жа часта трапляюць пад напасць і небяспеку бязвінныя людзі! Дзеля нейкага там кілішачка, які Маці багоў падаравала сваёй сястры Сірыйскай багіні, трэба ўзводзіць крымінальнае абвінавачанне на справядлівых служкаў бога!»

Аднак дарма малолі яны языкамі гэту і іншую лухту, сяляне вяртаюць іх назад і, звязаных, кідаюць у Туліанум. А той келіх і статую багіні, якую я вазіў, схавалі ў скарбніцу святыні як ахвяру. А мяне вывелі на наступны дзень зноў на рынак і, выкарыстаўшы паслугі вяшчальніка, прадалі на сем нумаў даражэй ад той цаны, якую калісьці даў за мяне Філеб. Купіў мяне нейкі млынар з суседняга мястэчка. Ён адразу нагрузіў мяне як мае быць тут жа купленым збожжам і пагнаў па цяжкай караністай дарозе да млына, дзе працаваў.

11. Там безупынна хадзіла па некалькіх кругах мноства ўючных жывёл, якія сваім ходам прыводзілі ў рух рознага памеру жорны. Машыны круціліся не спыняючыся, без адпачынку, і малолі зерне на муку не толькі цэлы дзень, але і ўсю ноч. А мяне мой новы гаспадар, відаць, каб я з самага пачатку не напалохаўся сваёй службы, паставіў на волі, быццам знакамітага іншаземца. Дазволіў мне першы дзень правесці святочна і шчодра насыпаў у яслі кармоў. Аднак гэта святкаванне не працягвалася даўжэй аднаго дня. Назаўтра зранку ставяць мяне да сама вялікіх жорнаў і гоняць з завязанымі вачамі па крывой пакручастай баразне, каб, бясконца апісваючы той самы круг, я не збіваўся з вызначанага шляху.

Хоць, калі быў чалавекам, я не раз бачыў, як прыводзяцца ў рух такія машыны, але пусціўся на хітрасць, і прыкінуўся някемлівым, і быццам аслупянеў, нічога не ведаючы і не разумеючы. Я разлічваў, што мяне прызнаюць няздатным да гэтай работы і выправяць на лягчэйшую ці наогул пакінуць у супакоі і будуць карміць. Ды надарма я прыдумаў такую хітрасць. Таму што вочы ў мяне былі завязаныя, я не ведаў, што быў акружаны цэлым натоўпам работнікаў з кіямі, якія на дадзены знак пачалі з незвычайным крыкам дубасіць мяне з усіх бакоў.

Я так напалохаўся іхняга гікання, што, пакінуўшы ўсе свае задумы, налёг з усёй сілы на лямку, сплеценую з альфы, і з усіх ног пусціўся па крузе. Гэта раптоўная перамена ў маіх паводзінах выклікала ў прысутных агульны смех.

12. Калі прайшла большая частка дня і я зусім выбіўся з сіл, мяне вызвалілі з пастронкаў, адвязалі ад жорнаў і завялі да ясляў. Хоць я амаль валіўся ад стомы з ног і паміраў з голаду, хоць мне трэба было аднавіць сілы, мая неадступная цікаўнасць трывожыла мяне і не давала супакою. Не дакрануўшыся да шчодра нарыхтаванай мне ежы, я пачаў разглядаць парадкі на гэтым прадпрыемстве. Вялікія багі! Якое ж вартае жалю відовішча мяне акружала! Ува ўсіх людзей скура была ў сіняках, падзёртыя лахманы не толькі не закрывалі, як належыць, іх спаласаваных спінаў, а толькі кідалі на іх цень. У некаторых кароткая апратка даходзіла толькі да пахвіны, тунікі на кожным былі такія, што праз лахманы відаць было цела, палова галавы аголена, на лобе кляймо, на нагах ланцугі, твары зямлістыя, павекі раз'едзеныя дымам і гарачай парай. Усе яны падслепаватыя, на ўсіх мужчынах пыл, як брудна-белы попел, быццам на кулачных байцах, якія выходзяць на сутычку не інакш як абсыпаўшыся дробным пяском.

13. А што я магу сказаць, якімі колерамі апісаць маіх таварышаў у стойлах? Якія старыя мулы, якія разбітыя канякі! Збіўшыся каля ясляў і ўсунуўшы туды морды, яны перажоўвалі кучы мякіны. Іхнія ўсыпаныя болькамі шыі былі напухлыя, друзлыя ад нястрымнага кашлю ноздры расшыраныя, рэбры ад заўсёдных удараў вытыркаліся, грудзі параненыя цвёрдай альфавай лямкай, капыты расплюшчаныя ад вечнага кружэння па адной дарозе, і ўся іхняя шкура пакрыта застарэлай каростай.

Напалоханы выглядам гэтай кампаніі, успомніў я былое жыццё Луцыя і, дайшоўшы да межаў адчаю, панік галавой і затужыў. У маім пакутлівым жыцці засталася адзіная ўцеха: забаўляцца з уласцівай мне цікаўнасцю нагляданнем за людзьмі, якія ў маёй прысутнасці свабодна, так, як ім падабалася, гаварылі і дзейнічалі.

Небеспадстаўна геніяльны творца грэцкай паэзіі, маючы на мэце паказаць нам мужа найвышэйшага розуму, апяяў чалавека, які дасягнуў паўнаты мудрасці ў вандроўках па розных краінах і ў вывучэнні розных народаў. Я сам з вялікай удзячнасцю прыгадваю сваё існаванне ў асліным выглядзе, бо пад покрывам гэтай скуры, зведаўшы зменлівасць лёсу, я зрабіўся калі не разважлівы, дык хоць спрактыкаваны. Вось, напрыклад, цікавая забаўная гісторыя, якую хачу вам расказаць.

14. У гэтага млынара, які набыў мяне ў сваю ўласнасць, добрага і вельмі сціплага чалавека, была жонка вельмі паганая, шмат горшая за ўсіх іншых жанчын. Яна да такой ступені парушала закон шлюбнай вернасці і сямейнага жыцця, што, клянуся Геркулесам, нават я ўздыхаў над лёсам майго гаспадара. Не было такой распусты, з якой не зналася б гэта плюгавая жанчына, усё паскудства сцякалася да яе, быццам у смярдзючую памыйную яму. Злая, шалёная, яна цягалася з мужчынамі, валялася п'яная, упартая, непаслухмяная, прагавітая, у ганебным марнатраўстве шчодрая, была яна ненавісніцай вернасці і ворагам сціпласці. Грэбуючы святымі боскімі законамі, і ганьбячы іх спраўляннем пустых і бязглуздых абрадаў нейкай ілжывай рэлігіі, і даказваючы, што ўшаноўвае адзінага бога, ашуквала ўсіх людзей і свайго няшчаснага мужа, цэлымі днямі п'янствавала і апаганьвала блудам сваё цела.

15. Гэта шаноўная жанчына праследавала мяне з нейкай дзіўнай нянавісцю. Яшчэ досвіткам, лежачы ў пасцелі, яна крычала, каб запрагалі ў жорны нядаўна купленага асла. Не паспее выйсці са спальні, як ужо крычыць, каб мяне лупцавалі чым найбольш. Калі наставаў час кармлення і ўся ўючная жывёла адпачывала, яна загадвала, каб мяне як мага даўжэй не падпускалі да ясляў. Гэтай сваёй жорсткасцю яна яшчэ больш развіла маю прыродную цікаўнасць, накіраваўшы яе на сябе і на свой характар. Я чуў, што да яе ў спальню ходзіць адзін малады чалавек, і мне вельмі захацелася ўбачыць яго твар, але вялікай перашкодай таму была павязка на вачах. Каб не гэтая павязка, дык мне хапіла б хітрасці як-небудзь выкрыць учынкі гэтай подлай жанчыны. Кожны дзень зранку была пры ёй нейкая старая, пасрэдніца ў яе пралюбадзействах, пасыльная яе каханкаў. Спачатку яны разам паснедаюць, пасля частуюцца неразбаўленым віном, адна адну падбухторваючы на выдумкі, як хітра ашукаць няшчаснага мужа. І я, хоць моцна абураўся на памылку Фаціды, якая мяне замест птушкі абярнула ў асла, цешыўся ў сваім няшчасным пераўвасабленні тым, што дзякуючы вялікім вушам я добра чуў, калі гаварылі нават на значнай ад мяне адлегласці.

16. Аднаго дня данесліся да маіх вушэй такія словы гэтай плюгавенькай бабкі: «Ты сама памяркуй, гаспадынька, трапіўся табе з маёй рады сябра і гультаяваты, і палахлівы. Варта толькі твайму абрыдламу і ненавіснаму мужыку насупіць бровы, як у таго ўжо душа ў пятках. Ён толькі трывожыць гэтым тваю любоўную прагу. Наколькі ж лепшы Філезітар! Ён і малады, і прыгожы, і шчодры, і не ведае стомы. А як ён спрытна мужоў абалваньвае, скажу табе, што ўсе іхнія меры засцярогі дарэмныя! Клянуся Геркулесам, што ён адзін варты карыстацца прыхільнасцю ўсіх жанчын, адзіны варты залатога вянка, хоць бы за тую незвычайную штуку, якую ён падстроіў гэтымі днямі вельмі спрытна аднаму зайздроснаму мужу. Дык вось паслухай і параўнай, ці ўсе палюбоўнікі аднолькавыя.

17. Ты ж ведаеш, Барбара, дэкурыёна нашага горада, якога за зласлівасць і жорсткасць народ празваў Скарпіёнам? Ён сваю вельмі прыгожую, высакародную жонку так сцеражэ, што амаль не выпускае з дому...»

Тут млынарыха перабівае яе: «А як жа, вельмі добра ведаю. Ты маеш на ўвазе Арэту, мы з ёй разам вучыліся ў школе!» «Дык ты, напэўна, ведаеш і ўсю яе гісторыю?» — кажа старая. «Зусім не, — адказвае, — але вельмі жадаю ведаць і прашу цябе, маці, раскажы мне ўсё па парадку». Нястомная пляткарка не прымусіла сябе доўга прасіць і пачынае так:

«Надарылася гэтаму Барбару выправіцца ў дарогу, і ён захацеў як найлепш ахаваць ад небяспекі цнатлівасць сваёй жонкі. Кліча ён да сябе нявольніка Мірмекса, які вызначаўся надзвычайнай вернасцю, і яму аднаму даручае нагляд за гаспадыняй, прыгразіўшы турмой, аковамі, а нават і «ганебнай смерцю», калі які-небудзь мужчына нават мімаходам дакранецца да яе хоць пальцам. Загад гэты ён падмацоўвае клятвай, успамінаючы ўсіх багоў. Пакінуўшы напалоханага Мірмекса за неадступнага павадыра гаспадыні, спакойна рушыць у дарогу. Неўгамонны Мірмекс, моцна запомніўшы настаўленні, не дазваляў зрабіць гаспадыні ні кроку. Ці сядзе яна за прасціну, ці зоймецца якой іншай хатняй работай, ён сядзіць пры ёй неадступна. А як ёй трэба было памыцца на ноч, толькі тады яна выходзіла з дому, а ён ідзе за ёй па пятах, быццам прыліп, трымаючыся рукой за край яе сукні. Гэтак старанна выконваў ён даручаны яму абавязак.

18. Аднак ад палкіх вачэй Філезітара не магла схавацца слынная прыгажосць гэтай жанчыны. Падбухтораны і распалены гутаркамі аб яе цнатлівасці і вельмі пільным наглядзе, ён вырашыў пусціць у ход усе сродкі, каб заваяваць гэты дом з яго непарушна строгімі парадкамі.

Упэўнены ў нетрываласці людской вернасці і ведаючы, што грошы пракладваюць сабе дарогу праз усе перашкоды і што нават сталёвыя дзверы можна зламаць золатам, ён знайшоў спосаб сустрэцца з Мірмексам сам-насам, расказаў пра сваё каханне і прасіў уважыць яго пакуты. Ён казаў, што развітаецца з жыццём, калі не даб'ецца свайго ў сама кароткі тэрмін. А нявольніку няма чаго баяцца, вечарам, як сцямнее, ён падбярэцца ў дом і хутка выйдзе. Гэтыя свае ўпрошванні ён падмацоўвае абяцаннем немалога хабару. Прасцірае руку і паказвае новенькія бліскучыя залатоўкі, з якіх дваццаць былі прызначаны жанчыне, а дзесяць ахвяроўвалася яму.

19. Спачатку Мірмекс, напалоханы жудасным, нечуваным намерам, заткнуў вушы і пабег прэч. Але перад яго вачыма ўвесь час стаяў зіхатлівы бляск золата. І нават калі быў ужо далёка і хуткім крокам набліжаўся да дому, у яго вачах стаяла цудоўнае ззянне манет. Багатая здабыча, якой ён у сваіх думках ужо валодаў, прывяла ягоны розум у страшэнны разлад. Думкі яго разбегліся ў розныя бакі і разрывалі на часткі: там вернасць, тут нажыва, там пакуты, тут асалода. Урэшце золата перамагло страх смерці. Цяга да цудоўных манет не толькі не зменшылася з часам, а нават сны былі запоўненыя згубнай прагнасцю. І хоць гаспадаровы словы пагрозы не дазвалялі яму выходзіць з дому, золата клікала яго за дзверы. Перамогшы сваю сарамлівасць і адкінуўшы нерашучасць, ён знаёміць з прапановай гаспадыню. Тая ў сваёй жаночай легкадумнасці хутка згаджаецца прадаць цноту за ненавісны метал. Узрадаваны Мірмекс вырашае канчаткова загубіць сваю вернасць і марыць калі не атрымаць, то хоць дакрануцца да тых грошай, якія ён на сваё гора ўбачыў. З радасцю паведамляе ён Філезітару, што ягонымі вялікімі намаганнямі жаданне маладога чалавека можа быць здзейснена, і патрабуе плату неадкладна.

І вось у яго руцэ, у якой ніколі не было нават медзякоў, залатыя манеты.

20. Як зусім сцямнела, павёў ён палымянага каханка з захутанай галавой у дом, а пасля і ў спальню гаспадыні.

І толькі пачалі яны аддаваць пашану нованароджанаму каханню, толькі раздзетыя дагала змагальнікі распачалі сваю службу пад сцягам Венеры, як раптам, зусім неспадзявана, выкарыстаўшы начны змрок, з'яўляецца муж. І вось ён ужо стукае, крычыць, кідае каменне ў браму, а дзеля таго, што прамаруджванне пачынае здавацца яму падазроным, пагражае Мірмексу жорсткай расправай. А той, смяртэльна перапалоханы, не мог нічога іншага прыдумаць, як толькі тое, што старанна схаваў некуды ключ і цяпер упоцемку не можа знайсці.

Тым часам Філезітар, пачуўшы гоман, накінуў паспешліва туніку і, забыўшыся з перапуду абуцца, босы выскачыў са спальні. Нарэшце Мірмекс устаўляе ключ у адтуліну, адчыняе браму і ўпускае раз'юшанага гаспадара. Той адразу кідаецца ў спальню, а ў гэты момант Мірмекс ціхенька выпускае Філезітара. Адчуўшы сябе пасля таго, як юнак пераступіў парог, беспячнейшым, ён замкнуў дзверы і зноў лёг спаць.

21. Ледзь толькі стала світаць, Барбар выходзіць са свайго пакоя і бачыць пад ложкам чужыя сандалі, тыя, у якіх прыходзіў Філезітар. Здагадваючыся, якім спосабам яны тут апынуліся, ён, нікому нічога не кажучы, узяў гэтыя сандалі і схаваў сабе за пазуху. А сваім нявольнікам загадаў звязаць Мірмекса і вывесці на гарадскую плошчу. Сам таксама падаўся туды, штохвіліны стрымліваючы выбухі злосці, якія вырываліся з ягоных грудзей. Ён быў упэўнены, што па гэтых сандалях зможа трапіць на след жончынага любоўніка.

Ідуць яны па вуліцы — гнеўны, з перакошаным ад злосці тварам Барбар, а за ім звязаны Мірмекс, які хоць не быў злоўлены на яўнай здрадзе, аднак мучыўся дакорамі сумлення. Плача ён горкімі слязьмі і дарма стараецца ўлітасцівіць гаспадара.

На шчасце, спатыкаюць яны Філезітара, які ішоў па сваіх справах. Усхваляваны, але не напалоханы нечаканым відовішчам, успомніў ён, якую зрабіў у паспешлівасці памылку, адразу зразумеў, якія могуць быць з гэтага вынікі, дык, не трацячы адвагі, распіхаў нявольнікаў і з крыкам накідваецца на Мірмекса, б'е яго кулакамі па твары (але не вельмі балюча) і прыгаворвае: «Ах ты нягоднік, ах ты зладзюга! Няхай цябе твой гаспадар і ўсе нябесныя багі, якіх ты абражаеш ілжывымі клятвамі, загубяць цябе, падлюгу, подлай смерцю! Гэта ты ўчора ў лазні ўкраў мае сандалі! Клянуся Геркулесам, што ты заслужыў, каб на табе згнілі гэтыя вяроўкі і ты сам каб не бачыў у цямніцы свету!»

Пры дапамозе гэтага спрытнага ашуканства маладога чалавека Барбар быў абмануты, уцешаны і да яго вярнуўся давер. Прыйшоўшы дамоў, ён паклікаў Мірмекса, аддаў яму сандалі і сказаў, што даруе яму, а ўкрадзеную рэч неабходна вярнуць уладальніку».

22. Старая яшчэ прадаўжала сваю балбатню, калі жанчына яе спыніла: «Шчаслівая тая, у якой такі моцны і бясстрашны сябра, а ў мяне такі, што ўсяго баіцца, нават калі жорны загудуць ці гэты асёл морду пакажа...» А баба адказвае на гэта: «Я дастаўлю табе, як па судовай позве, такога любоўніка, які будзе надзейным, адважным і нястомным». Пасля гэтага выходзіць з пакоя, паабяцаўшы, што пад вечар прыйдзе зноў.

А жонка тым часам пачала рыхтаваць сапраўдную каралеўскую вячэру, працэджваць дарагія віны, прыпраўляць каўбасы свежымі падліўкамі. Нарэшце, сабраўшы багаты стол, пачала чакаць палюбоўніка, быццам якога-небудзь бога, балазе муж адлучыўся з дому на вячэру да суседа-сукнавала.

Калі падышоў канец маёй працы і я быў вызвалены з лямкі, атрымаўшы магчымасць без клопату падмацавацца, клянуся Геркулесам, цешыўся я не столькі таму, што вызваляўся ад работы, колькі таму, што мог без павязкі назіраць за ўсімі выхадкамі гэтай паганай жанчыны. Сонца, апусціўшыся ў акіян, асвятляла ўжо іншыя часткі свету, калі з'явілася тая агідная старая разам з бесталковым палюбоўнікам, які не паспеў яшчэ выйсці з юнацкага ўзросту. Яго безбароды твар быў настолькі прыгожы, што ён сам мог бы спакусіць адпаведна настроеных каханкаў. Жанчына, спаткаўшы яго незлічонымі пацалункамі, адразу запрасіла да стала.

23. Але не паспеў юнак прыгубіць першай уступнай чаркі і паспытаць смак віна, як з'яўляецца муж, вярнуўшыся шмат раней, чым яго чакалі. Тут верная жонка, праклінаючы свайго мужыка і жадаючы яму, каб паламаў сабе ногі, хавае збялелага і дрыготкага ад страху палюбоўніка пад драўляны чан для ачысткі збожжа, які выпадкова там быў.

Пасля таго хітра, не збянтэжыўшыся, са спакойным тварам пытаецца ў мужа, чаму ён так рана вярнуўся з вячэры ў свайго вернага сябра. А той, не перастаючы горка ўздыхаць, адказвае:

«Не мог я сцярпець грэшнага і нечуванага ўчынку гэтай прапашчай жанчыны і проста ўцёк! Добрыя багі! Гэтакая паважаная матрона, гэтакая верная, гэтакая сціплая і якім гнюсным сорамам сябе запляміла! Гэтакая жанчына!..

Не, клянуся вось гэтай багіняй Цэрэрай, што я нават і цяпер не веру сваім вачам!»

Зацікаўленая здарэннем, якое так усхвалявала мужа, і жадаючы даведацца, што сталася, гэта нахабніца не адстала да той пары, пакуль не дабілася, што муж расказаў ёй усю гісторыю з самага пачатку.

Не ведаючы пра свае, ён пачаў расказваць пра чужыя беды:

24. «Жонка майго сябра сукнавала, жанчына, як здавалася дагэтуль, несумненнай цнатлівасці і агульнапрызнаная захавальніца хатняга парадку, раптам аддалася тайным зносінам з палюбоўнікам. Сакрэтныя сустрэчы адбываліся ў іх пастаянна, і нават у той час, калі мы пасля лазні прыйшлі на абед, яна практыкавалася ў каханні з гэтым маладым чалавекам. Устрывожаная нашым з'яўленнем, кіруючыся першай думкай, якая прыйшла ёй у галаву, яна садзіць свайго каханага пад высокую лазовую кашолку, абвешаную з усіх бакоў тканінай, якую адбельваў дым паленай серкі, закладзенай знізу. Палічыўшы, што юнак надзейна схаваны, яна сядае з намі вячэраць. А тым часам малады чалавек, нанюхаўшыся серкі, невыносны смурод якой акружыў яго хмарай, ужо не мог дыхаць і пад уздзеяннем гэтага едкага рэчыва пачынае раз за разам чхаць.

25. Калі муж пачуў чханне першы раз, а яно даносілася з боку жонкі, з-за яе плячэй, дык падумаў, што чхнула яна, і, паводле звычаю, кажа «Будзь здарова!» Аднак гэты гук паўтараецца, пасля разлягаецца штораз часцей. Гэты залішні катар робіцца гаспадару падазроным, і ён, каб не рабіць больш здагадак, адсоўвае стол, прыпадымае кашолку і знаходзіць там ужо ледзь жывога мужчыну. Поўны абурэння ад такой ганьбы, ён патрабуе меч, збіраючыся забіць гэтага, што паміраў, чалавека. Ледзь стрымаў я яго ад гэтага вар'яцкага парыву, пераконваючы, што вораг і так хутка памрэ ад серкі і не навядзе на яго адказнасці за сваю гвалтоўную смерць. Памякчэўшы не столькі ад маіх угавораў, колькі змушаны абставінамі, у якіх апынуўся, ён выносіць ледзь жывога палюбоўніка ў блізкі завулак. Тады я пачаў пераконваць яго жонку і нарэшце давёў, што на нейкі час яна павінна пакінуць дом і перасяліцца да якой-небудзь знаёмай жанчыны, каб там перачакаць, пакуль астыне гнеў мужа. Можна было спадзявацца, што ён, разгарачаны нястрымнай злосцю, задумае што-небудзь благое супраць яе і самога сябе. Пакінуўшы з агідай такую сяброўскую вячэру, я вярнуўся дамоў».

26. Слухаючы расказ млынара, яго жонка, якая даўно ўжо акунулася ў бессаромнасць і нахабства, пачынае бязлітасна лаяць сукнавалаву жонку, што і падатная яна, несумленная, ганьба для ўсяго жаночага полу. «Забыўшыся на сорам і абавязкі жонкі, яна запляміла дом свайго мужа славай публічнага дома! Страціць гонар законнай жонкі, каб атрымаць імя прадажнай жанчыны! Такіх трэба паліць жыўцом!» — дадала яна. І ўсё ж затоеныя пакуты нячыстага сумлення не давалі ёй спакою. Каб хутчэй вызваліць свайго спакусніка са схованкі, яна некалькі разоў намаўляла мужа пайсці спаць.

Але ён, паспешліва пакінуўшы дом суседа, адчуваў голад і ветліва сказаў ёй, што хацеў бы павячэраць. Жонка хутка падае на стол, хоць і не вельмі ахвотна, бо ежа была нарыхтаваная іншаму.

А мяне да глыбіні душы абурала нядаўняе злачынства і цяперашняе нахабнае ашуканства гэтай нягоднай жанчыны, і я ламаў галаву, як выкрыць подласць і, перавярнуўшы чан; выставіць на ўсеагульны агляд таго, хто, як чарапаха, пад ім хаваўся.

27. На гэтыя мае пакуты за крыўды гаспадара нарэшце нябёсы звярнулі ўвагу. Настаў час, калі кульгавы стары, якому даручылі даглядаць уючную жывёлу, павёў нас усіх табуном на вадапой. Гэта акалічнасць паспрыяла здзяйсненню маёй помсты.

Праходзячы каля чана, я заўважыў, што канцы пальцаў каханка высоўваюцца з-пад берага, відаць, не памясціўшыся ў сховішчы. Збочыўшы са сцежкі, я наступіў са злосці капытом на тыя пальцы і раструшчыў іх. Крыкнуўшы жаласліва ад невыноснага болю, ён скідае з сябе чан, адкрыўшы і паказаўшы такім чынам сябе і ўсю подласць бессаромнай жанчыны.

А млынар, не вельмі ўсхваляваны парушэннем шлюбнай вернасці, ветліва, з ясным і зычлівым тварам звяртаецца да смяртэльна спалатнелага юнака: «Не бойся, сынок, з майго боку нічога благога. Я не варвар і не такі чэрствы мужык, каб за прыкладам сукнавальшчыка знішчаць цябе смертаносным дымам серкі ці абрынаць на галаву такога прыгожанькага і мілага хлопчыка суровую кару за пралюбадзейства. Не, я проста падзялюся табой з жонкай. Я ўжыву не форму падзелу маёмасці, а спосаб агульнага карыстання, каб без спрэчак і папрокаў мы ўсе трое змясціліся ў адной пасцелі. Ды я заўсёды жыў з жонкай у такой згодзе, што ў нас, як у людзей разважных, густы заўсёды супадалі. Але сама справядлівасць вымагае, каб у жонкі не было перад мужам перавагі».

28. З такімі жартаўлівымі словамі ён завёў хлопца да пасцелі, а той хоць і неахвотна, але ішоў за ім. Тады, замкнуўшы ў асобным пакоі сваю цнатлівую жонку, лёг з маладым чалавекам і выкарыстаў найбольш прыемны спосаб адплаты за свае парушаныя правы мужа.

А калі нябеснае свяціла прывяло з сабой світанне, млынар паклікаў двух дужэйшых работнікаў і, загадаўшы падняць юнака чым вышэй, адсцябаў яго розгай па ягадзіцах, прыгаворваючы:

«Сам яшчэ хлапчаня, далікатны ды маладзенькі, пазбаўляеш каханкаў цвету сваёй маладосці, парушаючы законы шлюбу і заўчасна стараючыся прысвоіць сабе званне пралюбадзея».

Паўшчуваўшы яго такімі ды іншымі вымовамі і дастаткова пакараўшы розгамі, выкідае яго за дзверы. І вось ён, прыклад бясстрашнага каханка, які нечакана выйшаў цэлым з небяспекі, калі не лічыць беласнежных ягадзіц, якія перанеслі здзек і ўночы, і зрання. А млынар паведаміў жонцы аб разводзе і ў той жа дзень выгнаў яе з дому.

29. А яна, будучы нягодніцай ад прыроды, а да таго разгневаная, хоць і заслужанай крыўдай, ды тым большай, зноў бярэцца за даўнейшае і, звярнуўшыся да звычайных бабскіх падкопаў, з вялікімі цяжкасцямі знаходзіць нейкую старую ведзьму, пра якую казалі, што яна сваімі чарамі можа зрабіць што захочаш. Прыстаўшы да яе з бясконцымі просьбамі і засыпаючы падарункамі, просіць яна ў яе аднаго з двух: або каб муж, памякчэўшы, зноў з ёю памірыўся, або, калі гэта немагчыма, дык нашкодзіць яму, наслаць на яго смерць праз якога-небудзь пякельнага духа. Тады тая ведзьма, надзеленая чарадзейнай уладай, спачатку пускае ў ход першыя спробы свайго злачыннага ўмельства і з усіх сіл стараецца ўлагодзіць дух моцна абражанага мужа і скіраваць яго да кахання. А калі справа павярнулася не так, як яна чакала, абурылася на багоў не толькі за неатрыманне абяцанай узнагароды, але і ў адплату за праяўленую да сябе абыякавасць. Цяпер яна задумвае згубу няшчаснаму мужу і для гэтага насылае на яго цень нейкай памерлай гвалтоўнай смерцю жанчыны.

30. Аднак ты, прыдзірлівы чытач, можаш спыніць маё апавяданне і запытацца: «Адкуль жа ты, хітры вослік, не выходзячы за тэрыторыю млына, мог даведацца, што прыдумвалі злачынныя бабы?» Дык вось паслухай, якім спосабам і пад постаццю ўючнай жывёліны, застаючыся дапытлівым чалавекам, я даведаўся, што рыхтуецца на пагібель майму гаспадару млынару. Апоўдні з'явілася ў млыне нейкая жанчына. Была яна босая, жоўта-бледная, худая, прыкрытая нейкім лахманом. Твар яе быў амаль цалкам закрыты абвіслымі валасамі, сівымі, бруднымі ад попелу, якім яны былі абсыпаныя. Рысы яе твару былі знявечаны слядамі злачынстваў і незвычайнай тугой. З'явіўшыся ў такім выглядзе, яна ціхенька кладзе млынару на плячо руку, быццам хоча з ім пагаварыць, заводзіць яго ў спальню і, запёршы дзверы, застаецца там доўгі час.

А работнікі, змалоўшы зерне, якое было ў іх пад рукамі, пайшлі ў пакой да гаспадара і пачалі яго клікаць, каб выдаў яшчэ збожжа. Некалькі разоў гучна крычалі, але гаспадар не адгукаўся. Прадчуваючы нейкую бяду, яны пачалі стукаць у дзверы, а пасля націснулі на іх мацней і выламалі. Ніякай жанчыны там не аказалася, а на бэльцы вісеў ужо без духу з пятлёй на шыі іхні гаспадар.

Яны знялі яго, выняўшы з пятлі, і з плачам абмылі цела. А пасля, выканаўшы хаўтурныя абрады, у суправаджэнні вялікага натоўпу пахавалі.

31. На другі дзень паспешліва прыбывае з суседняга сяла, куды нядаўна выйшла замуж, яго дачка ўся ў жалобе, ірвучы на сабе распушчаныя валасы і б'ючы сябе кулакамі ў грудзі.

Яна ўсё ведала пра няшчасце ў бацькоўскім доме, хоць ніхто ёй пра гэта не паведамляў. У сне з'явіўся перад ёй цень бацькі з пятлёю на шыі і адкрыў усе зладзействы мачыхі. Расказаў і пра любадзейства, і пра злыя чары, і пра тое, як, загублены прывідам, закончыў жыццё.

Доўга яна плакала і лямантавала, пакуль жыхары дома не ўгаварылі яе супакоіцца. Выканаўшы на дзевяты дзень законныя абрады, яна прадала з малатка ўсё: нявольнікаў, хатнія рэчы, млын і ўючную жывёлу. Такім чынам, капрызная выпадковасць раскідала ўсю гаспадарку ў розныя бакі. Мяне купіў нейкі бедны агароднік за 50 нумаў. Паводле яго слоў, для яго была гэта вялікая сума, але ён спадзяваўся з маёй дапамогай здабываць сабе сродкі на пражытак.

32. Ход апавядання, я думаю, патрабуе паведаміць, якія былі мае новыя абавязкі. Кожнай раніцы гаспадар нагружаў мяне рознай гароднінай і гнаў у суседняе сяло, пасля, пакінуўшы свой тавар гандлярам, сядаў мне на спіну і вяртаўся ў свой агарод. Пакуль ён капаў ды паліваў грады і займаўся іншай працай, я адпачываў і цешыўся супакоем.

Але вось разам з правільным ходам свяцілаў, чаргаваннем дзён і месяцаў, год, выкрэсліваючы свой круг, пасля багатай віном, радаснай восені пачаў хіліцца ў бок зімовага інею Казярога. Увесь час ішоў дождж, начамі росы, а я, стоячы ў стойле пад адкрытым небам, вельмі пакутаваў ад холаду, бо ў майго гаспадара з прычыны крайняй беднасці не было ні падсцілу, ні страхі. Жыў ён у будане, складзеным з галля. Апроч таго, раніцамі даводзілася мне мясіць голымі нагамі вельмі халодную гразь, наступаючы на калючыя кавалачкі лёду, ды і не мог я напаўняць свой страўнік звычайнай ежай. У мяне і ў майго гаспадара была адна і тая ж страва. Мы елі стары і нясмачны латук, які быў пакінуты на насенне і з-за свайго празмернага ўзросту зрабіўся падобным да веніка з горкім, брудным і гнілым сокам.

33. Аднойчы здарылася, што нейкі паважны чалавек з суседняй мясцовасці, заблудзіўшыся ў час ліўню цёмнай бязмесячнай ноччу, звярнуў свайго стомленага каня на наш двор. За тое, што быў гасцінна прыняты і атрымаў хоць не вельмі выгодны, але патрэбны адпачынак, ён захацеў аддзячыць ветліваму гаспадару і абяцаў даць яму збожжа, алею і нават дзве біклагі віна. Мой гаспадар бярэ мех і пусты пасуд і, сеўшы на мяне без сядла, пускаецца ў дарогу за шэсцьдзесят стадыяў. Праехаўшы гэту адлегласць, мы апынуліся ў маёнтку, дзе зараз жа гасцінны гаспадар запрашае майго гаспадара на шчодрае снеданне. Калі яны заняліся келіхамі, раптам здарыўся сапраўдны цуд: па дварэ бегала, адбіўшыся ад іншых, і кудахтала курыца, як звычайна перад тым, калі збіраецца знесці яйцо. Глянуўшы на яе, гаспадар кажа: «Верная ты служка і пладавітая! Ужо колькі часу ты штодзённымі родамі даеш нам харчы. Відаць, і цяпер рыхтуеш нам закуску». А пасля крычыць: «Гэй, малы, пастаў, як заўсёды, у куток кошык нясушцы!» Парабак выканаў загад, але курыца, пагрэбаваўшы звычайным гняздом, знесла ля ног гаспадара плод, які мог незвычайна напалохаць. Яна знесла не яйцо, як можна было гэтага чакаць, а кураня з пер'ем, кіпцюрамі, вачыма, якое ўжо ўмела пішчаць і адразу пабегла за сваёй маці.

34. Неўзабаве пасля гэтага здараецца яшчэ большае дзіва, якое ўсіх моцна перапалохала. Пад самым сталом, на якім былі яшчэ рэшткі снедання, расчынілася зямля, і з глыбіні зафантаніла кроў і ажно запырскала ўвесь стол.

У тую ж хвіліну, калі ўсе, анямеўшы ад страху, трасуцца і дзівяцца з боскай праявы, прыбягае хтосьці з віннага склепа і дакладвае, што віно, даўно паразліванае ў бочкі, нагрэлася, забурліла і пачало кіпець, быццам на моцным агні. Заўважылі таксама ласачку, якая выйшла на двор, трымаючы ў зубах ужо нежывую гадзюку. У паляўнічага сабакі выскачыла з ляпы зялёнае жабяня, а на сабаку накінуўся баран, які быў непадалёку, схапіў яго за горла і адразу задушыў.

Гэтулькі розных страхоццяў збянтэжыла гаспадара і ўсіх жыхароў дома, яны не ведалі, што рабіць, якога бога прасіць больш, якога менш, каб адхіліць ім пагрозы, колькі і якіх ахвяр трэба прынесці?

35. Пакуль усе, скаваныя жахам, чакалі сама страшнага няшчасця, прыбягае нейкі нявольнік і дакладвае аб вялікіх страшных бедах, якія зваліліся на ўладальніка маёнтка. Гонарам ягонага жыцця былі тры дарослыя сыны, сціплыя і адукаваныя. Гэтыя юнакі сябравалі здаўна з адным бедным чалавекам, які жыў у маленькай хаціне. Гэта хатка межавала з шырокімі ўгоддзямі ўплывовага і багатага суседа, які, злоўжываючы знатнасцю свайго роду, рабіў у акрузе, што толькі хацеў, але як чалавек багаты меў шмат прыхільнікаў. Ён варожа аднёсся да свайго беднага суседа і разбураў яго ўбогую сялібу, забіваў дробную жывёлу, забіраў валоў, нішчыў яго няспелае збожжа.

Селянін быў чалавекам сціплым, але, калі прагавітасць багацея пазбавіла яго ўсёй маёмасці, ён, жадаючы хоць бы мець месца для магілы на родным полі, у вялікім страху паклікаў сваіх сяброў у сведкі па справе размежавання зямлі. Сярод іншых прыйшлі і гэтыя тры браты, каб хоць чым-небудзь дапамагчы сябру ў яго бядзе.

36. Але той шаленец зусім не спалохаўся і нават не збянтэжыўся, убачыўшы гэтулькі грамадзян, і не толькі не адмовіўся ад сваіх разбойніцкіх намераў, а нават не пажадаў спыніць свой язык.

Калі тыя спакойна выказалі сваё жаданне і мірнымі словамі стараліся змякчыць яго гвалтоўны нораў, ён клянецца ўсімі багамі і жыццём дарагіх яму асоб, што яму няма ніякай справы да прысутнасці гэтулькіх пасрэднікаў, а свайго суседа загадвае нявольнікам узяць за вушы і як найдалей выкінуць з ягонай халупы.

Гэтыя словы вельмі абурылі ўсіх прысутных. Адзін з братоў адказаў яму, што дарма, спадзеючыся на свае багацці, пагражае ён з такой тыранскай пыхай, бо і бедакі знаходзяць абарону ў справядлівых законах. Яго словы аказаліся для гэтага шалёнага чалавека як алей для полымя, серка для агню, біч для фурыяў. Дайшоўшы да апошняй ступені вар'яцтва, ён закрычаў, што загадае павесіць усіх сабраных і разам з імі ўсе законы. І тут жа загадаў спусціць з ланцугоў велічэзных, кормленых падлай аўчарак, якія не раз нападалі на падарожных, і пусціць іх на сабраных.

Як толькі пачулі сабакі прывычнае цкаванне пастухоў, раз'юшана, азвярэла, з хрыпатым брэхам кідаюцца на людзей і рвуць іх на кавалкі, наносячы крывавыя раны, не мілуючы і тых, хто ратуецца ўцёкамі, а наадварот, праследуюць іх з яшчэ большым шаленствам.

37. У самай сярэдзіне перапалоханага натоўпу малодшы з трох братоў, спатыкнуўшыся аб камень, збіўшы пальцы ног, падае на зямлю і становіцца ахвярай раз'юшанай зграі. Убачыўшы здабычу, яны ўмомант расшкуматалі няшчаснага юнака. Браты, пачуўшы яго перадсмяротныя енкі, кінуліся яму на ратунак і, закруціўшы левую руку крысом плашча, стараліся каменнем адбіць брата ў сабак і адагнаць іх. Але ні суцішыць раз'юшаных сабак, ні разагнаць іх ім не ўдалося, і няшчасны юнак, крыкнуўшы напаследак братам, каб яны адпомсцілі багацею за яго смерць, гіне, разарваны на кавалкі. І браты, што засталіся жывыя, клянуцца Геркулесам, не столькі зняверыўшыся ў сваім выратаванні, колькі не дбаючы аб ім, кідаюцца на багацея ў палкім безразважным парыве і абсыпаюць яго каменнямі. Але гэты крыважэрны разбойнік, які і раней нарабіў нямала злачынстваў, ударам дзіды ўсярэдзіну грудзей прабівае аднаго з братоў наскрозь. Аднак малады чалавек не падае на зямлю, бо кап'ё, прабіўшы яго і выйшаўшы праз спіну, уваткнулася ў зямлю і, закалыхаўшыся, затрымала цела ў паветры. Высокі і дужы нявольнік прыскочыў забойцу на дапамогу і, размахнуўшыся, запусціў у трэцяга юнака каменем, аднак камень закрануў яму толькі пальцы і ўпаў, не зрабіўшы ніякай шкоды.

38. Гэты зручны момант даў кемліваму маладому чалавеку нейкую надзею на выратаванне ці на адплату. Прыкінуўшыся, што рука ў яго пашкоджана, гаворыць ён таму бязлітаснаму чалавеку: «Цешся загубай нашай сям'і, насычай сваю бясконцую лютасць крывёй трох братоў, праслаўляйся забойствам сваіх аднасяльчан, усё роўна, наколькі б ты ні расшыраў свае межы, колькі б зямлі ні адбіраў ты ў беднаты, нейкі сусед у цябе знойдзецца. О, каб гэта рука па несправядлівасці лёсу не выйшла са строю, яна б табе хутка знесла тваю галаву!»

Яшчэ горш азвярэўшы ад гэтых слоў, звар'яцелы разбойнік схапіў меч і з жарам кінуўся на юнака. Аднак трапіў не на слабейшага за сябе. Зусім нечакана малады чалавек, схапіўшы яго за правую руку і вырваўшы меч, аказаў дастойнае супраціўленне. Моцнымі ўдарамі мяча ён прымусіў яго развітацца з гнюсным жыццём; а сам, каб не трапіць у рукі чэлядзі, якая падбягала, перарэзаў сабе горла скрываўленым варожай крывёю лязом.

Вось што прадвяшчалі тыя цуды няшчаснаму гаспадару. Але стары, на якога навалілася столькі гора, не сказаў ні слова, не праліў нават слязы. Ён схапіў нож, якім разразаў для сваіх субяседнікаў сыр і іншую ежу, і, за прыкладам свайго бяздольнага сына, наносіць сабе некалькі ран у шыю, пасля чаго валіцца на стол і змывае сваёй крывёю тыя злашчасныя плямы.

39. Расхваляваныя гібеллю ў адну хвіліну цэлага дому і ўздыхаючы з прычыны ўласнай няўдачы, агароднік падзякаваў за снеданне слязьмі, і, часта ўспляскваючы пустымі рукамі, сядае на мяне, і вяртаецца дамоў па дарозе, якой мы сюды прыбылі. Аднак вяртанне не адбылося без непрыемнасці. Сустрэўся нам нейкі бамбіза, мяркуючы з вопраткі і з выгляду салдат-легіянер, і напышліва-нахабна пытаецца: «Куды вядзеш асла без паклажы?» А мой гаспадар, яшчэ не супакоены ад гора ды і не разумеючы лацінскай мовы, едзе далей, нічога не адказаўшы. Тады салдат са злосці, палічыўшы абразай яго маўчанне і не стрымаўшы свайго жаўнерскага нахабства, стукнуў гаспадара па галаве кіем з вінаграднай лазы і скінуў яго з мяне.

Агароднік пакорліва апраўдваецца, што не ведае лацінскай мовы і не можа зразумець, што ён кажа. Тады салдат паўтарае па-грэцку: «Куды вядзеш гэтага асла?» Агароднік кажа, што накіроўваецца ў суседні горад. «А мне, — кажа той, — патрэбна яго дапамога. Трэба, каб ён разам з іншай уючнай жывёлай перавёз з суседняй крэпасці рэчы майго камандзіра». І ўраз хапае мяне за повад і цягне за сабой. Аднак агароднік, абцёршы з твару кроў, якая пацякла ў яго з раны на галаве пасля ўдару, пачынае ўпрошваць служаку быць ласкавым і літасцівым, заклінаючы надзеямі на шчаслівы лёс.

«Вослік жа гэты, — кажа ён, — ледзь ходзіць ды ад нейкай паганай хваробы штораз падае і ледзь дацягне з суседняга сяла некалькі бярэмаў гародніны. Ён задыхаецца і ад такой працы, а каб вазіць што-небудзь, дык не можа быць пра гэта і мовы».

40. Убачыўшы, што не ўламае салдата ніякімі просьбамі, а яму самому пагражае яшчэ большая небяспека, бо салдат зусім раз'юшыўся і, павярнуўшы кій таўсцейшым канцом наперад, можа вось-вось расшчапіць галаву, ён зрабіў выгляд, што нахіляецца да яго калень, каб вымаліць сабе спагаду. І ў той жа момант хапае яго за абедзве нагі, падымае іх высока ўгору, і салдат валіцца з грукатам на зямлю. А тады мой гаспадар пачынае лупцаваць яго па твары, па руках, па баках, працуючы кулакамі, локцямі і зубамі і падхопленым з дарогі каменем.

А той, апынуўшыся на зямлі, не мог адбівацца ці нават бараніцца, а толькі няспынна пагражаў, што як устане, дык пасячэ яго мячом на кавалкі. Агароднік не прапусціў пагрозы міма вушэй, а адабраўшы і адкінуўшы чым далей ягоны шырокі меч, зноў нападае на яго і дубасіць яшчэ мацней.

Салдат, лежачы дагары і знясілеўшы ад пабояў, не бачыць іншага выйсця, як прыкінуцца мёртвым. Тады агароднік, захапіўшы з сабой меч, ускоквае на мяне і хуткім крокам накіроўваецца проста ў горад, не заязджаючы нават у свой агарод.

Там спыняецца ў свайго сябра і расказвае яму ўсю гісторыю. Адначасова просіць аказаць яму ў такіх жудасных умовах дапамогу — схаваць на некалькі дзён яго і асла, каб прабыць у схове, пакуль міне небяспека судовага праследавання, якое пагражае яму пакараннем смерцю. Той не забыўся даўняга сяброўства і ахвотна згадзіўся яму памагчы. Мне падагнулі ногі і зацягнулі па драбіне на другі паверх, а сам агароднік нанізе ў будане запоўз у нейкі кош і схаваўся там, прыкрыўшыся зверху матай.

41. Тым часам салдат, як я пасля даведаўся, падняўся быццам з вялікага пахмелля і, ківаючыся, пакутуючы ад мноства ран і апіраючыся на палку, накіраваўся ў горад. Саромеючыся сваёй няўдачы, ён нікому не расказаў пра здарэнне, моўчкі праглынуў сваю крыўду, але, спаткаўшы нейкіх сваіх сяброў, паведаміў ім аб сваёй бядзе. Супольна ўрадзілі яны, што пацярпелы будзе нейкі час хавацца ў казармах, бо апроч асабістай абразы ён баяўся яшчэ адказнасці за страту мяча, за абразу Генія, якому ён складаў прысягу. А сябры, распытаўшы пра нашы прыкметы, прыклалі ўсе намаганні, каб адшукаць нас і расплаціцца. Вядома, сярод суседзяў знайшоўся здраднік, які нас выдаў і паказаў, дзе мы знаходзімся. Тады салдатавы сябры звярнуліся да ўладаў і зрабілі ілжывую заяву, быццам яны страцілі на дарозе вельмі дарагі сярэбраны келіх свайго начальніка, а нейкі агароднік яго знайшоў і не хоча аддаць, а хаваецца ён у свайго блізкага знаёмага.

На гэтай падставе чыноўнікі, разведаўшы ўсё пра нас, прыйшлі да варот нашага сховішча і голасна пачалі патрабаваць ад гаспадара, каб ён нас, якіх перахоўвае ў сябе, а ў гэтым няма ніякага сумнення, выдаў, бо інакш уся віна абрынецца на яго ўласную галаву. А той, зусім не спалохаўшыся і стараючыся ўратаваць таго, хто яму даверыўся, ні ў чым не прызнаецца і кажа, што ўжо некалькі дзён не бачыў таго агародніка ў вочы. А салдаты рашуча даказвалі, кленучыся Геніем імператара, што віноўнік хаваецца тут, а не ў іншым месцы. Нарэшце ўлады вырашылі зрабіць у чалавека, які рашуча адпіраўся, вобыск. Выпраўленым з гэтай мэтай ліктарам і іншым урадоўцам было загадана абшнарыць усе куткі. А тыя пасля вобыску дакладваюць, што ні жувой душы і ніякага асла яны ў доме не знайшлі.

42. Тут разгарэлася яшчэ гарачэйшая спрэчка. Салдаты даказвалі, што мы тут, што гэта ім дакладна вядома, і кляліся імем Цэзара, а той заклікаў багоў у сведкі і адмаўляў.

Пачуўшы гэту спрэчку, шум і крык, я, як асёл цікаўны, неспакойны і дакучлівы, выцягнуўшы і схіліўшы набок шыю, стараюся глянуць праз акенца, што значыць гэты гоман. І раптам адзін з салдатаў кінуў выпадкова вокам у бок майго ценю і кліча ўсіх на яго зірнуць. Адразу ўзняўся страшны крык, і праз хвіліну нейкія людзі, узлезшы па драбіне, хапаюць мяне і, як палоннага, цягнуць наніз. А тады, не марудзячы, яшчэ больш уважліва аглядаюць кожную шчыліну, адкрываюць той кош і знаходзяць няшчаснага агародніка. Яго выводзяць, перадаюць у рукі ўладам, а тыя вядуць у гарадскую турму, пэўне, на тое, каб у хуткім часе пакараць смерцю.

А з майго з'яўлення ў якасці наглядальніка не перастаюць рагатаць і кпіць. Адтуль і пайшла пашыраная прымаўка пра позірк і цень асла.

 

Кніга дзесятая

 

1. Не ведаю, што сталася з маім гаспадаром агароднікам, а на наступны дзень прыйшоў той самы салдат, які моцна паплаціўся за сваё слабасілле, забраў мяне са стойла і, не сустрэўшы ніякага пярэчання, прывёў мяне ў сваю казарму. Тут нагрузіў мяне сваімі манаткамі, узброіўшы і прыбраўшы цалкам па-ваеннаму, пагнаў па дарозе. Нёс я на сабе бліскучы шлем і яшчэ ярчэйшы шчыт і на завяршэнне кап'ё з даўжэзным, здалёк бачным дрэўкам. Усё гэта ён вылажыў старанна, як належыць у баявым паходзе, зверху, зразумела, не столькі дзеля ваеннай доблесці, колькі для запалохвання бедных прахожых. Дарога ішла полем, і, прайшоўшы не вельмі цяжкі шлях, мы дабраліся да нейкага гарадка і спыніліся не ў карчме, а ў доме нейкага дэкурыёна. Салдат здаў мяне адразу нейкаму прыслужніку, а сам паспешліва накіраваўся да свайго начальніка, пад камандай якога знаходзілася тысяча жаўнераў.

2. Праз некалькі дзён у гэтай мясцовасці здарылася жудаснае злачынства. Яно засталося ў маёй памяці, і я ўношу яго ў кнігу, каб вы маглі пра яго даведацца. У гаспадара дома быў малады сын, вельмі добра выхаваны, вельмі сціплы, пачцівы, такі, якога б і ты, чытач, напэўна захацеў бы мець. Маці яго даўно памерла, і бацька ажаніўся зноў. І ад другой жонкі быў у яго сын, якому ў той час ішоў трынаццаты год. Мачыха камандавала ў доме, відаць, больш дзякуючы сваёй знешнасці, чым іншым якасцям.

Ці то ад прыроднай бессаромнасці, ці кіраваная лёсам да нечуванага сораму, звярнула сваю асаблівую ўвагу на пасынка. Ды ведай, шаноўны чытач, што я расказваю табе не казачкі, а трагічную гісторыю, дык заменьма камедыйныя чаравікі на катурны. Гэта жанчына, пакуль першай сваёй ежай карміўся немаўля Купідон, магла супрацьстаяць яго слабым сілам, моўчкі заглушаючы лёгкі агонь. А калі шалёны Амур пачаў бязлітасна смаліць яе нутро, напоўніўшы яго вар'яцкім полымем, скарылася яна раз'юшанаму бажку і, каб схаваць душэўную рану, прыкінулася хворай. Усім вядома, што рэзкія змены ў выглядзе і стане здароўя ў хворых і закаханых дакладна супадаюць. Тыя ж у іх мярцвяцкая бледнасць, стомленыя вочы, слабасць у каленях, трывожны сон і цяжкія ўздыхі, тым больш пакутлівыя, што праз сілу вырываюцца з грудзей. Можна было падумаць, што і гэтай жанчыне не дае спакою толькі гарачка, каб не яе слёзы. Якія ж невукі лекары, калі яны не разумеюць, што значыць, калі ў чалавека паскораны пульс, часта мяняецца колер твару, прыспешанае дыханне і хворы ўвесь час, не знаходзячы сабе месца, варочаецца з боку на бок! О добрыя багі, навошта быць умелым доктарам? Досыць мець хоць нейкае ўяўленне аб каханні, каб зразумець, што творыцца з чалавекам, які палымнее без гарачкі.

3. Нарэшце, даведзеная невыносным пачуццём да страшэннага ўзбуджэння, парушае захованую да таго часу маўклівасць і загадвае паклікаць да сябе сына. З якой радасцю пазбавіла б яна яго гэтага звання, каб, успамінаючы пра ганьбу, не прыйшлося чырванець! Малады чалавек неадкладна выконвае волю мачыхі і, па-старэчы наморшчыўшы лоб, ідзе ў яе спальню, выказваючы належную паслухмянасць жонцы свайго бацькі і братавай маці. А тая, стомленая доўгім маўчаннем, і цяпер марудзіць, быццам сеўшы на мель сумнення. Яшчэ не зусім страчаны сорам не дае ёй вымавіць ні аднаго слова з тых, якія яна лічыла найбольш для пачатку размовы адпаведнымі. А юнак, усё яшчэ не падазраючы нічога благога, апусціўшы вочы, сам ветліва пытаецца аб прычыне яе хваробы. Тады яна, выкарыстаўшы іхнюю сустрэчу сам-насам, набралася адвагі і, заліваючыся слязьмі, закрыўшы твар крысом адзення, кажа яму дрыготкім голасам:

«Уся прычына і ўся крыніца маіх цяперашніх пакут і адначасова лякарства і адзінае маё збаўленне — гэта ты!..

Твае вочы праніклі ў мае вочы да глыбіні душы і распалілі ў маім сэрцы жудасны пажар. Злітуйся над той, якая праз цябе гіне! Няхай не бянтэжыць цябе пашана да бацькі, ты захаваеш жыццё яго жонкі, якая цвёрда вырашыла памерці. У тваім абліччы прызнаўшы ягоны вобраз, я па закону кахаю цябе. Даверся мне! Мы адны, і часу, каб усё зрабіць, дастаткова. Тое, пра што ніхто не ведае, амаль зусім не існуе».

4. Гэта нечаканая прапанова збянтэжыла маладога чалавека, аднак, хоць у першую хвіліну яго апанаваў жах ад такога ганебнага ўчынку, ён вырашыў не даводзіць мачыхі суровай адмовай да адчаю, а супакоіць яе асцярожнай прапановай адтэрміноўкі. Ён ветліва абяцае ёй, аднак горача ўгаворвае сабрацца з духам, ачуняць, памацнець, пакуль якая-небудзь бацькава адлучка не дасць ім магчымасці заспакоіць гарачае пачуццё. І, пазбягаючы далейшай небяспечнай размовы, хутка пакідае спальню мачыхі. Разумеючы, што такая сямейная бяда заслугоўвае стараннага абмеркавання, ён накіроўваецца да свайго старога выхавацеля, паважанага і разумнага чалавека.

Пасля доўгага абмеркавання справы яны вырашылі, што яму трэба чым хутчэй уцякаць ад буры, выкліканай жаночым намерам.

Але жанчына, не могучы выцерпець нават найменшай адтэрміноўкі, прыдумала зачэпку і надзіва спрытна ўгаварыла мужа неадкладна адправіцца ў сваю найдалейшую вотчыну. Пасля гэтага, ап'янелая ад блізкай да здзяйснення надзеі, яна патрабуе, каб юнак, як абяцаў, прыйшоў да яе і даў доказ свайго палкага пачуцця.

А малады чалавек пад рознымі прычынамі пачаў ухіляцца ад гэтай гнюснай сустрэчы.

Тады яна, зразумеўшы з яго няпэўных адказаў, што абяцанага не атрымае, імкліва змяніла сваё злачыннае каханне ў вельмі небяспечную нянавісць. Бярэ сабе ў хаўруснікі паганага нявольніка, якога атрымала некалі з пасагам, гатовага на ўсякую брудную справу, і адкрывае яму свае вераломныя планы. Яны не прыдумалі нічога лепшага, чым загубіць беднага юнака. І вось гэты падлюга быў зараз жа пасланы на здабычу моцнай атруты, пасля чаго, падліўшы смяротнага зелля ў віно, мачыха рыхтуе бязвіннаму пасынку загубу.

5. Пакуль зладзюгі радзіліся, калі і як паднесці атруту, здарылася, што меншы хлопчык, родны сын гэтай нягоднай жанчыны, вярнуўшыся пасля ранішніх заняткаў дамоў і паснедаўшы, захацеў піць. Ён знайшоў келіх з віном і, не ведаючы пра атруту, якая ў ім была, залпам выпіў. І як толькі выпіў ён смяротны, падрыхтаваны брату, напітак, адразу валіцца без духу на зямлю, а дзядзька, уражаны раптоўнай смерцю хлапчука, пачынае крычаць і клікаць маці і ўсіх хатніх.

Хутка ўцямілі ўсе, што хлопчык загінуў ад яду, і вось пачалі снаваць розныя здагадкі, хто б мог зрабіць такое мярзотнае злачынства. Але гэта жорсткая жанчына, рэдкі прыклад вераломства мачыхі, не ўзрушылася ні лютай смерцю сына, ні сваім нячыстым сумленнем, ні няшчасцем усяго дому, ні скрухай мужа, ні нават жалобай пахавання. Яна выкарыстала сямейнае гора як вельмі зручны выпадак для помсты. Неадкладна выпраўляе наўздагон за мужам, які быў у дарозе, каб паведаміць яму пра бяду, што ўварвалася ў іхні дом.

І не паспеў ён вярнуцца, як яна, набраўшыся небывалага нахабства, пачынае абвінавачваць пасынка ў тым, што ён атруціў яе сына. У сцвярджэнні гэтым была доля праўды, бо хлопчык папярэдзіў сваёй пагібеллю тую смерць, якая прызначалася маладому чалавеку. А мачыха даказвала, нібыта пасынак пайшоў на злачынства і загубіў малодшага брата за тое, што яна не згадзілася на гнюснае сужыццё, да якога ён яе змушаў. Не спыняючыся на гэтай подлай ілжы, яна дабавіла, што ён пагражаў ёй мячом за тое, што яна выкрыла яго злачынства. Няшчасны муж, прыгнечаны стратай абодвух сыноў, быў зламаны цяжарам бедаў, якія на яго наваліліся. Ён бачыў на смяротным ложы цела малодшага сына і ведаў, што за кровазмяшэнне і забойства смяротны прыгавор пагражае і старэйшаму. А да таго крывадушны лямант вельмі каханай жонкі абуджаў у ім лютую нянавісць да роднага сына.

6. Ледзь толькі закончыліся пахавальнае шэсце і абрады над целам яго сына, проста ад магілы хлапчука няшчасны стары са слязамі на вачах і пасыпаючы попелам сівыя валасы паспешліва ідзе на гарадскую плошчу. Не ведаючы пра ашуканства нягоднай жонкі, ён плача і моліць, прыпадае нават да каленяў дэкурыёнаў, дамагаючыся асуджэння сына, які апаганіў бацькоўскае ложа, забойцу роднага брата, злодзея, які зрабіў замах на жыццё сваёй мачыхі. У сваёй скрусе ён выклікаў такое спачуванне і абурэнне ў сенаце і нават у натоўпе, што ўсе выказваліся за тое, каб, адкінуўшы судовую валакіту, пагрэбаваўшы строгім доказам абвінавачання і зараней падрыхтаванымі выкрутамі абароны, тут, на месцы, зрабіць смерць укаменаваннем гэтай язвы на здаровым грамадскім целе.

Тым часам улады зразумелі, якая небяспека пагражае ім самім, калі слабыя іскры абурэння выклічуць крушэнне грамадскага парадку і мяцеж. Яны ўгаворваюць дэкурыёнаў не спяшацца, уціхамірваюць натоўп і дабіваюцца таго, каб судаводства праходзіла належным чынам і паводле звычаю продкаў, каб прыгавор быў вынесены юрыдычна правільна.

Павінны быць выслуханы абодва бакі, ні адзін чалавек не можа быць асуджаны так, як у варварскіх краінах, дзе пануюць лютасць і тыранская самаволя, без прыняцця пад увагу яго выказвання. Нельга даць прыкладу будучым стагоддзям такой дзікай з'явай у мірны час.

7. Разумная думка перамагла, і зараз жа было загадана вяшчальніку, каб ён склікаў сенатараў і курыю. Калі яны занялі свае месцы паводле чыну і звычаю, зноў праносіцца голас вяшчальніка, і першы выступае абвінаваўца. Тут жа выклікалі і ўвялі абвінавачанага, і, паводле закону Атыкі і Марсавага судзілішча, вяшчальнік аб'яўляе абаронцам, каб яны паўстрымаліся ад выступленняў і не заклікалі да літасці.

Пра ўсё гэта я даведаўся з гутарак, якія людзі вялі паміж сабой. Аднак у якіх выразах нападаў абвінаваўца, што гаварыў у сваё апраўданне абвінавачаны і, наогул, якія былі спрэчкі бакоў, я звестак не маю, бо сам там не быў, а стаяў у загародцы, дык чаго не ведаю, таго сказаць не магу. Запісваю толькі тое, што мне добра вядома. Пасля таго як закончылася першая дыскусія юрыстаў, было вырашана, што справядлівасць абвінавачання павінна быць пацверджана цвёрдымі доказамі і што недапушчальна грунтаваць вырашэнне такой важнай справы на адных падазрэннях. Дзеля гэтага неабходна выклікаць таго нявольніка, які адзін толькі напэўна ведае, як усё адбывалася. А гэты падлюга ані не быў збянтэжаны ні сумненнямі ў ходзе гэтай справы, ні відам сената ў поўным зборы, ні нават папрокам нячыстага сумлення. Ён пачаў плесці свае выдумкі, нібы чыстую праўду.

Ён казаў, што яго паклікаў да сябе малады чалавек, абураны непрыступнасцю сваёй мачыхі, і, каб адпомсціць за абразу, даручыў яму забіць яе сына, паабяцаўшы шчодра за гэта заплаціць, а ў выпадку адмовы пагражаў смерцю. Юнак перадаў яму падрыхтаваны кубак, а пасля забраў, баючыся, каб ён, не выканаўшы даручэння, не пакінуў пасудзіну як рэчавы доказ, і пасля даў хлапчуку атруту сам. Усё, што з напускным дрыжаннем гаварыў гэты злыдзень, было надзіва падобнае на праўду, і пасля яго паказання судовы разбор закончыўся.

8. Не было між дэкурыёнаў ні аднаго, хто б застаўся прыхільным да маладога чалавека. Было ясна, што злачынства даказана і прыгавор можа быць толькі адзін: зашыць у мех. Ужо заставалася сенатарам паводле старадаўнага звычаю апусціць у урну свае аднолькавыя рашэнні, бо кожны напісаў тое самае. А калі галасы сабраныя — лёс падсуднага вырашаны, нічога змяніць нельга, і ўлада над яго жыццём перадаецца ў рукі ката.

І раптам адзін са старэйшых сенатараў, лекар, чалавек праверанай справядлівасці, які карыстаўся вялікім уплывам, закрыў рукой адтуліну урны, каб хто-небудзь не падаў неразважліва свайго прысуду, і звярнуўся да сената з такой прамовай:

«Я ганаруся, што за ўсё сваё жыццё здабыў ваша прызнанне, і не магу дапусціць, каб, асудзіўшы абылганага падсуднага, мы здзейснілі яўнае забойства і каб вы, звязаныя прысягай судзіць справядліва, будучы ўведзенымі ў зман ілжывым рабом, зрабіліся клятвапарушальнікамі. І я сам, вынесшы заведама несправядлівы прысуд, патаптаў бы сваю пашану да багоў і саграшыў бы супраць свайго сумлення. Дык даведайцеся ж ад мяне, як усё адбылося.

9. Не вельмі даўно гэты нягоднік прыйшоў да мяне, каб купіць моцнай атруты, І прапанаваў мне ў плату сто наважкіх залатых. Ён мне тлумачыў, што яд патрэбен для нейкага хворага, які знемагае ад цяжкой невылечнай хваробы і хоча пазбавіцца ад пакутлівага існавання. Балбатня гэтага падлюгі і яго няскладныя тлумачэнні выклікалі ў мяне падазрэнне, дык, зразумеўшы, што рыхтуецца нейкае злачынства, атруту я даў, але ў прадбачанні ў будучым магчымасці допыту прапанаваную плату ўзяў не адразу, а сказаў яму: «Каб паміж тых залатнікоў, якія ты мне даеш, не аказалася фальшывых, ты пакладзі іх у гэту торбачку і запячатай сваім пярсцёнкам, а заўтра мы іх у якога-небудзь мянялы праверым». Ён згадзіўся і запячатаў грошы. Як толькі прывялі яго ў суд, я адразу выправіў аднаго свайго слугу конна дахаты па тыя грошы. Цяпер іх прынеслі, і я магу вам іх паказаць. Скажыце, як можна абвінавачваць брата ў гатаванні атруты, якую купляў гэты подлы раб?»

10. Тут на гэтага нягодніка нападае немалы страх, натуральны колер твару зменьваецца смяротнай бледнасцю, па ўсім целе выступае халодны пот. А ён то няўпэўнена пераступае з нагі на нагу, то чэша лоб, то патыліцу, мармыча праз зубы нейкія незразумелыя словы...

Цяпер ужо ні ў кога не заставалася сумнення, што ён замяшаны ў злачынстве.

Аднак хутка загаварыла ў ім хітрасць, і ён напорыста пачаў ад усяго адмаўляцца і даказваць, што сведчанні лекара ілжывыя. А той, убачыўшы, як нішчыцца годнасць правасуддзя і ўсенародна пляміцца ягоны гонар, з падвоенай энергіяй пачаў абвяргаць нягодніка, пакуль па загаду начальства службовыя асобы не агледзелі рук подлага раба, не адабралі ў яго жалезнага пярсцёнка і не зверылі яго з пячаткай на торбачцы. Гэта параўнанне ўмацавала папярэдняе падазрэнне. Не пазбегнуў ён ні кола, ні дыбы, аднак з небывалай цярплівасцю вытрымаў усе ўдары і нават муку агнём.

11. Тады доктар кажа: «Не дапушчу, каб, клянуся Геркулесам, вы насуперак боскім устанаўленням пакаралі гэтага ні ў чым не вінаватага юнака, а таксама, каб раб здзекаваўся з нашага судаводства і пазбегнуў пакарання за сваё гнюснае злачынства. Зараз я дам вам відавочны доказ яго віны. Калі гэты падлюга хацеў купіць у мяне смяротны яд, я падумаў, што несумяшчальна з маёй прафесіяй каму б ні было шкодзіць, бо цвёрда ведаю, што медыцына заклікана ратаваць людзей, а не губіць іх. Аднак, баючыся, што калі я не згаджуся выканаць яго просьбу, дык нехта іншы дасць яму смяротны напітак і я сваёй адмовай адкрыю шлях да злачынства або ён сам выкарыстае для забойства меч ці іншую зброю, я даў яму зелле, але соннае, вядомую мандрагору, якая выклікае глыбокі сон, падобны на смерць. Нічога дзіўнага, што гэты разбойнік, даведзены да мяжы адчаю, выцерпеў мукі, якія здаліся яму лягчэйшымі за тую непазбежную кару, што паводле старога закону яму пагражае.

Калі хлопчык выпіў напітак, падрыхтаваны маімі рукамі, дык ён жывы, спачывае, спіць і ў хуткім часе, скінуўшы млявасць, вернецца на белы свет. А калі ён загінуў, калі яго панесла смерць, тады прычыну ягонай загубы трэба будзе шукаць у іншым месцы».

12. Гэта прамова старога лекара здалася ўсім вельмі пераканаўчай, дык адразу з вялікай паспешлівасцю накіроўваюцца да грабніцы, у якой было пакладзена цела хлапчука.

Не было ні аднаго чалавека з сенатараў, са знакамітасцяў, ні з простага народу, хто б з цікавасцю не паспяшаўся на тое месца. Вось бацька адчыняе века труны якраз у тую самую хвіліну, калі сын, стросшы з сябе смяротную нерухомасць, вяртаецца з краіны смерці, моцна абымае хлопчыка і, не знаходзячы слоў, вартых гэткай радасці, выводзіць яго да народу. І як быў хлопец абвіты пахавальнымі палотнамі, так і нясуць яго ў судзілішча. Злачынства паганага раба і гнюснейшай за яго жанчыны было ясна даказана, рэчаіснасць паўстае ва ўсім сваім непрыкрытым выглядзе.

Суд вынес прыгавор: мачысе вечнае выгнанне, а раба прыбіваюць да крыжа. Грошы, паводле аднадушнага рашэння, былі пакінуты лекару як плата за такое цудоўнае соннае зелле.

Такі канец атрымала гэта знамянальная гісторыя старога чалавека, які за вельмі кароткі час, ледзь не за нязначны момант, перажыўшы пагрозу застацца бяздзетным, нечакана стаў бацькам двух сыноў.

13. А мяне тым часам вось як кідалі хвалі лёсу. Той салдат, што мяне купіў, не пытаючыся ў прадаўца, і прысвоіў без ніякай платы, па загаду свайго трыбуна, выконваючы службовы абавязак, павінен быў завезці пісьмы важнаму начальніку ў Рым. Ён прадаў мяне за адзінаццаць дынараў суседзям, нейкім двум братам, якія былі нявольнікамі вельмі багатага пана. Адзін з іх быў кандытарам і выпякаў хлеб і розных сартоў мядовае пячэнне, а другі быў кухарам, які ўмеў рыхтаваць сакавітыя мясныя стравы з надзвычай смачнымі прыправамі. Жылі яны разам, вялі агульную гаспадарку, а я павінен быў вазіць розны посуд, які неабходны быў іхняму гаспадару ў яго шматлікіх падарожжах.

Так я ўступіў у гэта таварыства двух братоў у якасці трэцяга, і ніколі дагэтуль лёс не быў да мяне такі прыхільны. Мае гаспадары мелі звычку прыносіць у сваю каморку кожны вечар мноства ўсякіх астаткаў ад шчодрых і багатых банкетаў. Адзін прыносіў вялікія кавалкі свініны, кураціны, рыбы і іншых страў гэтага гатунку, а другі — хлеб, піражкі, бліны, булачкі, пячэнне і мноства мядовых прысмакаў.

Замкнуўшы сваё памяшканне, яны ішлі ў лазню асвяжыцца, а я дасыта наядаўся ежай, якая быццам звалілася мне з неба. Бо не быў жа я такім дурным аслом, каб, не дакрануўшыся да гэтых прысмакаў, вячэраць калючым сенам.

14. Даволі доўга мне гэтыя махлярскія хітрыкі ўдаваліся, бо з'ядаў я не так многа з вялікіх запасаў і гаспадары не маглі западозрыць асла ў такіх штуках. Аднак я, цвёрда перакананы ў немагчымасці выкрыцця, пачаў павялічваць сваю порцыю, выбіраў сама найлепшае, з'ядаючы тлусцейшыя кавалкі і ласуючыся салодкімі прысмакамі.

Братоў пачало трывожыць моцнае падазрэнне, і хоць ім на думку не прыходзіла, каб я быў да нечага падобнага здатны, яны пастараліся высачыць віноўніка штодзённых прапажаў. Пачалі падазраваць адзін аднаго ў гнюсным крадзяжы, узмацнілі сачэнне, падвоілі пільнасць і нават пералічылі кавалкі. Нарэшце адзін з іх перастаў саромецца і кажа другому:

«З твайго боку так рабіць не вельмі справядліва і чалавечна — красці лепшыя часткі і, прадаўшы іх, цішком збіраць грошыкі, а пасля патрабаваць, каб тое, што застанецца, дзяліць пароўну. Калі табе не падабаецца весці супольную гаспадарку, дык можна ў гэтым пункце раздзяліцца, а ў астатнім захаваць братнія адносіны. Бо калі мы будзем так доўга дзьмуцца адзін на аднаго з-за гэтых прапажаў, дык можам зусім пасварыцца». А другі адказвае: «Клянуся Геркулесам, мне падабаецца такое нахабства, ты ў мяне з языка сарваў гэтыя скаргі на штодзённыя крадзяжы. Хоць я і быў засмучаны, але маўчаў увесь час, бо мне было сорамна вінаваціць роднага брата ў дробным зладзействе. Выдатна выказалі мы абодва свае думкі, а цяпер трэба шукаць спосабу, як памагчы бядзе, каб наша маўклівая варожасць не давяла нас да баёў Этэокла і Палініка».

15. Абмяняўшыся такімі папрокамі, абодва пакляліся, што не займаліся ашуканствам, не кралі, і пастанавілі агульнымі сіламі знайсці шкодніка, які прычыняе ім страты. Нельга было падумаць, каб асёл, які толькі адзін заставаўся дома, мог харчавацца такой ежай ці каб у іхнюю каморку заляталі гарпіі такой велічыні, як гарпіі, што выкрадалі некалі ежу ў Фінея. А вось лепшыя кавалкі штодня знікалі.

Тым часам, наядаючыся ўдосталь людскіх харчоў, я пачаў відавочна папраўляцца на целе, шкура ад тукаў стала мякчэць, шэрсць прыгожа заільснілася. Аднак гэта паляпшэнне майго выгляду паслужыла не на карысць майму сумленнаму імю. Звярнуўшы ўвагу на незвычайную шырыню маіх плячэй і на тое, што сена застаецца кожны дзень некранутым, яны пачалі за мной пільна сачыць. У звычайны час яны замкнулі дзверы і, зрабіўшы выгляд, што ідуць у лазню, пачалі праз нейкую шчылінку назіраць. Убачыўшы, як я накінуўся на пакінутыя прысмакі, забыліся пра свае страты ад аслінага абжорства і пачалі сардэчна рагатаць. Клічуць аднаго, другога, сабралі цэлы натоўп сваіх таварышаў-нявольнікаў падзівіцца з пражэрлівасці бязглуздай уючнай жывёліны. Такі напаў на ўсіх рогат, што ён дайшоў да вушэй гаспадара, які паблізу праходзіў.

16. Зацікавіўшыся, з чаго смяецца чэлядзь, і даведаўшыся, у чым справа, ён таксама зазірнуў у тую шчыліну і, атрымаўшы немалое задавальненне, так доўга смяяўся, што аж забалела ягонае нутро. Пасля таго, адчыніўшы дзверы, ён увайшоў у пакой, каб паглядзець на мяне зблізку. А я, разумеючы, што лёс усміхаецца да мяне ласкавей, чым калі, бо вясёлая кампанія мяне падбадзёрвала, не збянтэжыўшыся, спакойна займаюся ядой далей. Гаспадар, развесяліўшыся такім небывалым відовішчам, не загадаў завесці мяне ў дом, а сам павёў мяне ў сваю сталовую і загадаў паставіць на стол усякай ежы. Хоць я ўжо добра пад'еў, аднак, жадаючы заслужыць ягоную ўвагу і прыхільнасць, накінуўся на пададзеныя прысмакі. Тады прысутныя пачынаюць прыдумваць, якія стравы будуць найменш адпаведныя аслінаму смаку, і, каб праверыць маю паслухмянасць і рахманасць, прапаноўваюць мне мяса з прыправамі, наперчаную птушку і далікатна прыгатаваную рыбу. Па ўсёй зале разлягаецца аглушальны рогат. Нарэшце нейкі жартаўнік крычыць: «Дайце ж нашаму сатрапезніку што-небудзь выпіць!» Гаспадар падтрымлівае яго: «А праўда! Можа, наш госць не адмовіцца асушыць келіх віна з мёдам!» А пасля дадае: «Гэй, малы, вымый добра гэты залаты келіх, напоўні яго мядовым віном і паднясі майму нахлебніку, ды перадай разам, што я ўжо выпіў за яго здароўе». Усе чакалі з нецярпеннем, што будзе далей. А я, зусім не спалохаўшыся, спакойна і нават гарэзліва падцягнуў ніжнюю губу, склаўшы яе на падабенства языка, і адным духам асушыў вялікую чарку. Тут узнімаецца крык, і ўсе ў адзін голас жадаюць мне здароўя.

17. Гаспадар быў вельмі задаволены, паклікаў нявольнікаў, якія мяне купілі, загадаў заплаціць ім учацвёра і перадаў мяне свайму любімаму вольнаадпушчанаму, чалавеку даволі багатаму, і загадаў яму клапаціцца пра мяне з вялікай стараннасцю. Той абыходзіўся са мной ласкава, карміў людской ежай і, каб яшчэ лепш дагадзіць патрону, вучыў мяне розным штукам, якія прыводзілі гаспадара ў захапленне. Найперш навучыў ляжаць за сталом, абапёршыся на локаць, пасля барукацца і нават, стаўшы на заднія ногі, танцаваць. А што было найбольш дзіўным, дык гэта ўменне адказваць кіўкамі галавы на пытанні — у выпадку майго жадання нагінаючы галаву наперад і ў адваротным выпадку адкідаючы яе назад. Калі мне хацелася піць, дык я глядзеў на падчашага і падміргваў яму то адным, то другім вокам.

Зразумела, што навучыцца ўсяму гэтаму было мне зусім не цяжка, каб нават мне ніхто і не паказваў. Аднак я баяўся, што калі б без настаўніка пачаў засвойваць чалавечыя звычкі, дык большасць маіх учынкаў маглі б палічыць благім прадвесцем і, пасекшы мяне на кавалкі, як якое-небудзь страшыдла, выкінуць каршунам на спажыву.

Навокал пайшла пагалоска пра мае дзівосныя здольнасці, і гэта прынесла гонар і славу майму гаспадару. Пра яго казалі, што ён уладальнік такога асла, які з ім разам есць, які ўмее дужацца, танцаваць і разумее людскую мову, адказваючы на яе адпаведнымі знакамі.

18. Хоць цяпер трэба мне сказаць тое, што павінен быў зрабіць напачатку, хто быў мой гаспадар і адкуль родам. Зваўся ён Тыяз і паходзіў з Карынфа, сталіцы Ахайскай правінцыі. Згодна свайму паходжанню і высокаму становішчу ён пераходзіў ад пасады да пасады і нарэшце атрымаў на пяцігоддзе магістратуру. Каб годна прыняць такую важную пасаду, ён паабяцаў наладзіць трохдзённыя гладыятарскія змаганні і шырока паказаць сваю шчодрасць.

Клапоцячыся аб сваёй славе і папулярнасці, ён падаўся ў Фесалію закупіць найлепшых звяроў і знакамітых гладыятараў.

Выбраўшы ўсё на свой густ, накіраваўся ў зваротнае падарожжа. Аднак ён не захацеў карыстацца ні сваімі багатымі калясніцамі, ні прыгожымі адкрытымі і закрытымі павозкамі, што пустыя цягнуліся ў канцы абозу, не захацеў нават ехаць на фесалійскіх скакунах і на іншых сваіх верхавых конях, гальскіх жарабцах, патомства якіх цэніцца вельмі высока. Упрыгожыўшы мяне залатымі фалерамі, каляровым чапраком, пурпурнай папонай, сярэбранай вуздэчкай, вышытай падпругай і галасістымі званочкамі, сеў на мяне. Едучы, ён ласкава прыгаворваў, што найбольшую прыемнасць прыносіць яму тая акалічнасць, што я магу яго везці і дзяліць з ім застолле.

19. Калі, закончыўшы, часткова па сушы, часткова па моры, сваё падарожжа, мы прыбылі ў Карынф, дык натоўпы гараджан пачалі збірацца, як мне здалося, не столькі дзеля таго, каб ушанаваць Тыяза, колькі з жадання падзівіцца на мяне.

Дзеля таго, што аж сюды дайшла пагалоска пра мяне, я аказаўся для свайго наглядчыка крыніцай немалога даходу. Ён, як заўважыў, што шмат людзей вельмі хоча падзівіцца на мае штукі, запёр дзверы і пачаў упускаць іх па адным за грошы, заграбаючы штодня немалую суму.

Здарылася так, што ў натоўпе зацікаўленых была адна знакамітая матрона. Заплаціўшы, як і іншыя, за ўваход і налюбаваўшыся рознымі маімі штукарствамі, яна паступова перайшла ад здзіўлення да незвычайнай пажадлівасці і, не знаходзячы супакаення сваёй неразумнай немачы, горача пажадала маіх абдымкаў, як асліная Пасіфея. За значную ўзнагароду яна згаварылася з маім вартаўніком і атрымала дазвол правесці са мной адну ноч. Ён згадзіўся, думаючы не пра тое, якую прыемнасць можа яна ад мяне атрымаць, а пра сваю карысць.

20. Папалуднаваўшы, мы перайшлі з гаспадарскай сталовай у маё памяшканне, дзе засталі матрону, якая ўжо даўно мяне чакала. Добрыя багі! Якая ж цудоўная была зроблена падрыхтоўка! Тут жа чатыры еўнухі раскладваюць нам на ложа мноства пышна ўзбітых невялікіх падушачак з далікатнага пуху, старанна рассцілаюць залатое пакрывала, упрыгожанае пурпурам, а па ім раскідаюць іншыя падушачкі, маленькія, надзвычай мяккія і ў вялікай колькасці. Звычайна любяць іх жанчыны распешчаныя падкладваць сабе пад шчокі ці пад патыліцу.

Каб сваёй доўгай прысутнасцю не скарачаць хвілін панінай асалоды, яны хутка замыкаюць дзверы і адыходзяць. А ўнутры ясны свет бліскучых свечак разганяў для нас начны змрок.

21. Тады яна, скінуўшы ўсё адзенне, распусціўшы нават стужку, якая падтрымвала яе цудоўныя грудзі, становіцца бліжэй да святла і націраецца з алавянай скрыначкі духмянай памадай, а пасля намасціла й мяне па ўсіх месцах, нацёрла нават ноздры... Пасля гэтага моцна мяне пацалавала, не так, як звычайна ў публічным доме цалуе карыслівая дзеўка скупога госця, а ад чыстага сэрца, прыгаворваючы: «Люблю, хачу, адзін ты мне мілы, не магу без цябе жыць» і іншае, чым жанчыны выказваюць свае пачуцці і будзяць у партнёраў пажадлівасць. Затым, узяўшы мяне за вуздэчку, без цяжкасці прымушае легчы, як я быў ужо прывучаны. Я не думаў, што мне прыйдзецца рабіць нешта цяжкае і непрывычнае, тым больш пры сустрэчы пасля такога доўгага ўстрымання з такой прыгожай і палкай жанчынай. Да таго ж і цудоўнае віно, выпітае ў значнай колькасці, ударыла мне ў галаву, і палымяная мазь пабуджала маю сладастраснасць.

22. Аднак на мяне напаў немалы страх пры думцы, якім спосабам я змагу з такімі вялікімі грубымі нагамі ўзабрацца на кволую матрону, як загарну ў абдымкі сваімі капытамі такое беласнежнае далікатнае цела, быццам з малака і з мёду створанае? Як тыя маленькія губкі, што ружавеюць духмянай расой, буду цалаваць велічэзным ротам з пачварнымі, як камяні, зубамі і, нарэшце, якім спосабам зможа жанчына, як бы ні распальвала яе пажадлівасць, прыняць такіх памераў дзетародны член? Бяда мне! Відаць, прыйдзецца мне за нанесенае высакароднай грамадзянцы калецтва быць аддадзенаму на расшматаванне дзікім звярам і такім чынам удзельнічаць у свяце майго гаспадара.

А тым часам яна зноў абсыпае мяне пацалункамі і ласкавымі імёнамі, далікатна шчабеча, зжыраючы мяне вачыма, і закончвае выкрыкам: «Трымаю цябе, трымаю, мой галубок, мой верабейка!» І з гэтымі словамі даказвае мне, што мае сумненні і мой страх былі зусім беспадстаўныя. Цесна прыціснуўшыся да мяне, яна прыняла мяне ўсяго без рэшты. І нават тады, калі, зберагаючы яе, я злёгку адсоўваўся, яна ў раз'юшаным парыве кожны раз сама да мяне прыціскалася і, абхапіўшы маю спіну, спляталася цясней...

Клянуся Геркулесам, што мне пачало здавацца, быццам у мяне нечага не хапае, каб поўнасцю заспакоіць яе палкасць, і я зразумеў, што нездарма сыходзілася маці Мінатаўра са сваім палюбоўнікам. Так усю ноч правялі мы без сну ў рабоце, а світаннем, пазбягаючы позірку зары, жанчына аддалілася, дагаварыўшыся за тую самую цану наконт наступнай ночы.

23. Мой выхавацель быў не супраць яе жадання працягваць гэтыя палкія любоўныя заняткі, часткова дзеля вялікага барышу, які яму даставаўся, а часткова, каб падрыхтаваць свайму гаспадару новае відовішча. І ён неадкладна адкрывае яму карціну нашага кахання. А той, шчодра ўзнагародзіўшы свайго вольнаадпушчаніка, прызначае мяне для публічнага прадстаўлення. Аднак з прычыны таго, што высакасвецкае становішча маёй партнёркі не дазваляла ёй прымаць удзел у такім відовішчы, а іншай нельга было ні за якія грошы знайсці, дык вышукалі нейкую мізэрную злачынку, асуджаную прыгаворам намесніка на спажыву звярам. Яна мусіла разам са мной з'явіцца ў тэатры на вачах усяго народа. Я даведаўся, у чым было яе злачынства.

Быў у яе муж, бацька якога, выпраўляючыся калісьці ў падарожжа і пакідаючы сваю жонку, маці гэтага маладога чалавека, цяжарнай, загадаў ёй, калі ў яе народзіцца дзіця жаночага полу, неадкладна яго знішчыць. Нарадзіўшы ў адсутнасць мужа дзяўчынку, яна, падуладная натуральнаму мацярынскаму пачуццю, не выканала мужавага загаду і аддала немаўля суседзям на выхаванне, а як муж вярнуўся, сказала, што дачка забітая. І вось дзяўчына становіцца дарослай, і настаў час аддаваць яе замуж. Тады маці, разумеючы, што муж, які нічога пра дачку не ведае, не можа даць ёй адпаведнага іх паходжанню пасагу, і адкрывае таямніцу сыну. Апроч таго, яна вельмі баялася, каб часам юрлівы сын не зрабіў памылкі і па прычыне ўзаемнага няведання не пачаў заляцацца да роднай сястры. Малады чалавек, як і належыць прыкладнаму сыну, свята захоўваў таямніцу маці і добрасумленна адносіўся да сястры. З годнасцю захаваўшы сямейную таямніцу, прыкідваючыся, што валодае ім звычайнае спачуванне, ён выконвае абавязкі кроўнай роднасці, прыняўшы пад апеку нібыта горкую суседскую сірату. У хуткім часе ён аддае яе замуж за свайго любімага сябра, надзяліўшы з уласных сродкаў багатым пасагам.

24. Аднак уся гэта прыгожая і добрая справа, зробленая з усёй сумленнасцю і справядлівасцю, не схавалася ад злавеснай волі лёсу, падбухторваннем якога ў доме маладога чалавека пасяліўся Разлад. Праз нейкі час ягонаяі жонка, тая, што асуджана на корм звярам, пачала спачатку падазраваць дзяўчыну ў тым, што яна яе саперніца і наложніца мужа, пасля зненавідзела яе і рыхтавала загубу, робячы сама жудасныя падкопы. Вось якое прыдумвае яна зладзейства.

Выкраўшы ў мужа пярсцёнак і выехаўшы за горад, яна выпраўляе адданага свайго слугу-нявольніка, які ў сваёй вернасці быў гатоў на ўсё найгоршае, каб ён паведаміў маладой жанчыне, быццам юнак, прыехаўшы ў памесце, выклікае яе да сябе, дадаўшы, каб з'явілася адна, без сведкаў, і прытым як найхутчэй. Для пацвярджэння гэтых слоў ён перадае ёй пярсцёнак. А тая, паслухмяная загаду брата (яна адна толькі ведала, што можа называць яго гэтым імем), глянуўшы на яго пячатку, адразу пускаецца ў дарогу зусім адна, як ёй было сказана. Аднак, подла ашуканая, не прадбачыла пасткі і трапіла ў цянёты каварства.

Тут гэта шаноўная жонка, ахопленая шалёнай рэўнасцю, перш за ўсё раздзяе дагала сястру свайго мужа і па-зверску яе лупцуе, а пасля, калі тая з лямантам тлумачыць, якія сапраўды справы, і, без канца паўтараючы імя брата, тлумачыць, што залоўка гарачыцца беспадстаўна, тая не верыць ні аднаму яе слову. Яна лічыць усе апраўданні выдумкай і, усунуўшы няшчаснай паміж бёдраў гарачую галавешку, даводзіць яе да смерці.

25. Даведаўшыся аб гэтай жудаснай трагедыі, прыбягаюць брат і муж памерлай і, аплакаўшы яе, з горкім галашэннем нясуць у магілу.

Але малады чалавек не мог спакойна перанесці гэтакай страшнай і зусім не заслужанай смерці сваёй сястры, надзвычай усхваляваны горам, ён захварэў на разліццё жоўці, пачаў гарэць ад высокай тэмпературы, так што яму самому аказалася неабходная дапамога. А яго жонка, якая, праўду кажучы, даўно страціла права на гэта імя, згаворваецца з адным лекарам, вядомым сваім вераломствам, які даўно здабыў славу шматлікімі перамогамі ў смяротных баях і мог бы саставіць доўгі спіс сваіх ахвяр. Яна абяцае яму пяцьдзесят тысяч сестэрцыяў, калі ён дасць ёй якой-небудзь моцнадзейнай атруты, і купляе смерць мужу. Згаварыўшыся, яны робяць выгляд, быццам рыхтуюць вядомы напітак для аблягчэння болю ў грудзях і вывядзення жоўці. Гэта лякарства вучоныя называюць свяшчэнным, але замест яго яны падсоўваюць іншае, свяшчэннае толькі хіба ў вачах Празерпіны. Вось сабраліся ўсе хатнія і некаторыя з сяброў і блізкіх, і лекар, размешваючы зелле, сам падае хвораму келіх.

26. Аднак нахабная жанчына, жадаючы пазбавіцца ад сведкі свайго злачынства і пакінуць сабе абяцаныя лекару грошы, убачыўшы, што ён падае чару, кажа: «Але, шаноўны пане доктар, перш чым дасі майму дарагому мужу гэты напітак, сам адап'еш частку. Адкуль я ведаю, можа, там падмяшана якая-небудзь атрута? Мудрага і вучонага мужа не можа абразіць, што я, адданая жонка, клапачуся пра яго выздараўленне».

Гэтая нахабнасць і бесчалавечнасць жанчыны была для лекара такой нечаканасцю, што ён, збянтэжаны, страціўшы самавалоданне і не маючы часу на абдумванне сітуацыі, баючыся, што найменшае хістанне можа даць падставу для падазрэнняў, адпівае з чары значны глыток.

Убачыўшы, які ход прымае справа, лекар хацеў хутчэй падацца дамоў, каб паспець прыняць якое-небудзь супрацьяддзе і абясшкодзіць атруту. Але бесчалавечная жанчына ўпорыста старалася давесці да канца распачатую справу і не адпускала яго ні на крок. «Пакуль, — казала, — не ўбачым гаючай дзейнасці гэтай мікстуры». І толькі калі ён надакучыў ёй бясконцымі мольбамі і просьбамі, дазволіла яму пайсці. А ў гэтым часе стоеная смерць, абпальваючы ўсе вантробы, пранікала ўсё глыбей і дабіралася да самага сэрца. Зусім хворы, знемагаючы ад цяжкай санлівасці, ледзь дабраўся ён дахаты. Толькі паспеўшы расказаць пра ўсё жонцы, даручыўшы забраць хоць абяцаную плату за гэту двайную смерць, слаўны лекар у цяжкіх пакутах памірае.

27. Малады чалавек таксама хутка памёр і, праводжаны ілжывым, прыкідлівым плачам жонкі, быў пахаваны.

Пасля паховін, пачакаўшы некалькі дзён, патрэбных на выкананне абрадаў, з'яўляецца лекарава жонка і патрабуе платы за двайное забойства. Жанчына застаецца вернай сабе, патаптаўшы ўсе законы сумленнасці, яна захоўвае яе выгляд. Адказвае вельмі ветліва, дае шчодрыя і шырокія абяцанні, запэўнівае, што неадкладна выплаціць належную суму, але дадае, што ёй хацелася б атрымаць яшчэ трохі таго леку, каб закончыць пачатую справу. Што доўга казаць? Лекарава жонка, заблытаўшыся ў цянётах подлага каварства, хутка згаджаецца і, жадаючы дагадзіць багатай жанчыне, паспешліва вяртаецца дамоў і неўзабаве ўручае ўсю скрынку з атрутай.

А тая, атрымаўшы такі магутны сродак для здзяйснення злачынстваў, далёка прасцірае свае крывавыя рукі.

28. Ад нядаўна забітага ёю мужа была ў яе маленькая дачка. Цяжка было ёй сцярпець, што паводле закону частка бацькавай маёмасці пераходзіць на карысць дзіцяці, дык, паквапіўшыся на ўсю спадчыну, яна вырашыла зрабіць замах на жыццё дачкі. Ведаючы, што пасля смерці дзяцей спадчыну па іх атрымліваюць нават злачынныя маці, гэтая настолькі паважаная маці, як і верная жонка, не доўга думаючы, рыхтуе снеданне, на якое запрашае жонку лекара, і разам са сваёй малой дачушкай губіць яе той самай атрутай. З малой, у якой дыханне было слабое і далікатнае нутро, яд спраўляецца хутка.

А лекарыха, як толькі адчула, што страшны напітак пачаў разыходзіцца па лёгкіх, усчынаючы ў іх згубнае дзеянне, адразу зразумела, у чым тут справа. Калі ж трохі пазней цяжкае дыханне пацвердзіла яе падазрэнне, яна спяшаецца ў дом намесніка і моцным крыкам просіць у яго дапамогі. У акружэнні ўсхваляванага натоўпу яна абяцае раскрыць страшныя злачынствы і дабіваецца таго, што перад ёй адчыняюцца дзверы дома і ўважлівы слых намесніка.

Ледзь толькі яна расказала падрабязна пра ўсе жудасці азвярэлай жанчыны, як раптам пацямнела ў яе ў вачах, губы сцяліся, зубы заскрыгаталі, і яна звалілася пад ногі намесніку. Гэты муж, чалавек бывалы, не дапусціў замаруджвання ў пакаранні за такія шматлікія злачынствы гэтай ядавітай яхідны. Схапіўшы прыслужніц жанчыны, ён мукамі дабіўся ад іх праўдзівых паказанняў і прыгаварыў яе на разарванне дзікім звярам. Кару гэту ён налажыў не дзеля таго, што злачынка не заслугоўвала яшчэ большай, а таму, што іншай не змог прыдумаць.

29. Будучы прыгавораным публічна спалучыцца з такой жанчынай, я з вялікай трывогай чакаў пачатку ўрачыстасці, не раз адчуваючы жаданне лепш закончыць самагубствам, чым запляміць сябе дотыкам да такой злачынніцы і быць выстаўленым на ганьбу перад усім народам. Ды пазбаўлены чалавечых рук, пазбаўлены пальцаў, не мог я круглымі куксамі сваіх капытоў ухапіць меч. У бездані бедаў, што наваліліся на мяне, свяціла яшчэ мне маленькая надзея, што вясна, якая якраз пачынаецца, упрыгожыўшы кветкамі наваколле, акрые пурпуровым ззяннем лугі, і хутка, парваўшы сваю пакрытую шыпамі кару, разліваючы духмянасць, пакажуцца ружы, якія зноў ператвораць мяне ў Луцыя.

Вось і настаў дзень, прызначаны для адкрыцця гульняў. Мяне вядуць з вялікай напышлівасцю пад воплескі натоўпу, які суправаджаў мяне да самага цырка. У чаканні, пакуль закончыцца першы нумар гэтай праграмы, у якім выступалі танцоры, мяне паставілі побач з агароджай, і я з апетытам скуб вясёлую травіцу, што расла каля ўвахода, ад часу да часу кідаючы цікавым вокам у адчыненыя дзверы, і цешыў сябе прыемным відовішчам.

Юнакі і дзяўчаты, ззяючы першым цвіценнем маладосці, цудоўныя з выгляду, у шыкоўных касцюмах, з прыгожымі жэстамі пасоўваліся то ўзад, то ўперад, выконваючы грэчаскі пірыйскі танец. Яны то спляталіся цудоўнымі карагодамі ў поўны круг, то сыходзіліся пакручастай стужкай, то аб'ядноўваліся ў квадрат, то рассыпаліся асобнымі групамі. Ды гук трубы паклаў нарэшце канец гэтым складаным збліжэнням і разыходжанням. Апусцілася галоўная завеса, складзены шырмы, і вачам гледачоў адкрываецца сцэна.

30. На сцэне ўмельствам мастака была збудавана драўляная гара на падабенства той Ідэйскай гары, якую апяваў вешчы Гамер. Яна была абсаджана жывымі зялёнымі дрэвамі, а змайстраваная рукамі будаўніка на самай вяршыні крыніца сцякала струмянямі са скальных адхонаў. Некалькі козак скубла травіцу, і юнак, апрануты па фрыгійскай модзе ў прыгожую верхнюю туніку і азіяцкі плашч, які складкамі ападаў з яго плячэй, з залатой тыярай на галаве, увасабляў пастуха, што пільнаваў статак.

Вось паказаўся прыгожы падлетак, на якім, апроч хламіды эфебаў на левым плячы, няма іншай вопраткі, залацістыя валасы ўсім на захапленне, і праз завіткі прабіваецца ў яго пара зусім аднолькавых залатых крылцаў, а кадуцэй апавяшчае, што гэта Меркурый. Ён набліжаецца, танцуючы, падае таму, што прадстаўляў Парыса, пазалочаны яблык, які трымаў у правай руцэ, знакам тлумачыць волю Юпітэра і, зграбна павярнуўшыся, знікае з вачэй.

Пасля таго з'яўляецца дзяўчына высакароднай знешнасці, падобная да багіні Юноны. Яе галаву акружае светлая дыядэма, у руках трымае яна скіпетр. Неўзабаве ўваходзіць і другая, якую можна прыняць за Мінерву. На яе галаве бліскучы шлем, абвіты аліўкавым вянком, яна нясе шчыт і патрасае кап'ём, зусім як тая багіня ў баі.

31. Следам за імі выступае яшчэ адна, ззяючы красой і паказваючы сваім цудоўным абліччам, што яна Венера, тая Венера, што была яшчэ нявінніцай, выяўляючы дасканалую прыгажосць адкрытага цела, калі не лічыць шаўковай матэрыі, якая засланяла яе чароўную адзнаку жаноцкасці. Ды і той лапічак нясціплы вецер, гарэзліва дурэючы, то прыўзнімаў, ажно віднелася раздвоеная кветка юнацтва, то, дзьмучы мацней, шчыльна прыціскаў, і тады выразна абрысоўваліся зваблівыя формы.

Колеры ў абліччы багіні былі розныя, белае цела абазначала, што з неба спускаецца, а блакітнае пакрывала значыла, што вяртаецца ў мора. За кожнай дзевай, якія прадстаўлялі багіняў, ідзе свая світа, за Юнонай — Кастар і Палукс з яйкападобнымі шлемамі на галовах, упрыгожанымі зоркамі. Гэтыя блізняты таксама былі маладымі акцёрамі. Пад гукі розных мелодыяў, іграных на флейце на іёнскі лад, дзяўчына набліжалася паважна і ціха і высакароднымі жэстамі дала зразумець пастуху, што калі ён прысудзіць ёй узнагароду за прыгажосць, дык аддасць яму валадарства над усёй Азіяй.

За той, якую ваяўнічыя даспехі ператварылі ў Мінерву, ішла варта з двух юнакоў-збраяносцаў ваяўнічай багіні — Страх і Жудасць. Яны прытанцоўвалі, трымаючы ў руках аголеныя мячы. Ззаду за ёй ішоў фляйціст, які выконваў дарыйскую баявую мелодыю, і, чаргуючы нізкія гукі са свістам высокіх тонаў, наследаваў сваім іграннем трубу, якая пабуджала да жывога танца. Патрасаючы нецярпліва галавой, яна выразнымі жэстамі, рэзкімі і хуткімі, паказала Парысу, што калі яе ён зробіць пераможцай у гэтым спаборніцтве прыгажунь, дык стане героем і знакамітым заваёўнікам.

32. А вось Венера, суправаджаная захопленымі крыкамі натоўпу, акружаная роем гарэзлівых малых, ветліва ўсміхаючыся, спынілася ў цудоўнай позе пасярод сцэны. Можна было падумаць, што гэтыя круглатварыя і малочна-белыя хлопчыкі сапраўды з'явіліся з неба або з мора. Сваімі крылцамі і стрэламі і наогул усім сваім выглядам яны вельмі напаміналі купідонаў. У іх руках ярка гарэлі факелы, быццам яны асвятлялі сваёй пані шлях на нейкі вясельны банкет. Тут жа збягаюцца чароды цудоўна-цнатлівых дзяўчатак, адгэтуль — сама зграбныя Грацыі, адтуль Оры найпрыгажэйшыя кідаюць кветкі і гірлянды, сплятаюць сваёй багіні мілы карагод, ушаноўваючы паню асалод кучарамі вясны. А флейты з многімі адтулінамі квола гучаць лідыйскімі напевамі.

Соладка разварушыліся сэрцы гледачоў, а Венера непараўнальна прыцягальна пачынае памалу варушыцца, замаруджвае крок, злёгку паводзіць плячамі і, ледзь прыкметна пакалыхваючы галавой, пачынае ўторыць флейце зграбнымі жэстамі і паводзіць вачамі, то млява прыплюшчанымі, то страсна адкрытымі, так што часам адны толькі вочы прадаўжалі танец.

Апынуўшыся перад абліччам суддзі, рухам рук, напэўна, абяцала, што калі Парыс аддасць ёй першынство перад іншымі багінямі, дык атрымае за жонку цудоўную жанчыну, падобную да яе самой. Тады фрыгійскі юнак, нібы галасуючы за перамогу дзяўчыны, перадаў трыманы ў руках залаты яблык ёй.

33. Чаго вы дзівіцеся, бязмозгія галовы, не, жывёліны судзейскія, ды дзе там! — каршуны ў тогах, што цяпер усе суддзі гандлююць сваімі рашэннямі, калі на пачатку свету ў справе, што ўзнікла паміж людзьмі і багамі, была замяшана неаб'ектыўнасць? Суддзя, выбраны з парады вялікага Юпітэра, чалавек вясковы, пастух, паквапіўшыся на асалоды, прадаў, асудзіўшы разам з гэтым на загубу, увесь свой род. І пазней, клянуся Геркулесам, здаралася не інакш. Возьмем, напрыклад, знакамітае судзілішча праслаўленых ахайскіх камандзіраў. Хоць бы тады, як яны па ілжывых нагаворах абвінавацілі ў здрадзе наймудрэйшага і сама вучонага Паламеда або калі ў пытаннях ваеннай доблесці аддалі перавагу не велічнаму Аяксу, а непрыкметнаму Улісу. А што можна сказаць пра тое славутае рашэнне, прынятае законалюбівымі афінянамі, людзьмі тонкімі, настаўнікамі ў кожнай галіне навук? Ці ж той стары боскай мудрасці, якога сам дэльфійскі бог абвясціў наймудрэйшым спаміж смяротных, па зласлівай абмове бессумленнай шайкі не пераносіў ганенняў за разбэшчанне моладзі, той маладзі, якую ён паўстрымоўваў ад усяго лішняга? Ці ж не быў ён загублены смяротным сокам атрутнай травы, пакінуўшы нязмыўную пляму на сваіх суайчынніках.

А вось жа цяпер сама знакамітыя філосафы прынялі яго найсвяцейшую навуку і клянуцца яго імем у сваім імкненні да найвышэйшага шчасця? Але, каб хто-небудзь не папракнуў мяне за ўзрыў абурэння, падумаўшы, што вось мы павінны яшчэ выслухоўваць асла-філосафа, вяртаюся да таго месца, на якім мы спыніліся.

34. Пасля таго як закончыўся Парысаў суд, Юнона з Мінервай, засумаваныя і аднолькава загневаныя, сыходзяць са сцэны, выражаючы жэстамі абурэнне за тое, што іх адхілілі. А Венера ў радасці і весялосці выказвае свой трыумф танцам з усім карагодам.

Тут праз нейкую патаемную трубку з самай вяршыні гары вырываецца ў паветра струмень віна, змяшанага з шафранам, і, разліўшыся шырока, арашае пахучым дажджом коз, якія былі на пашы, і іхнюю белую ад прыроды воўну фарбуе ў залаціста-жоўтую, шмат прыгажэйшую. Калі ўвесь тэатр напоўніўся салодкім водарам, драўляная гара правалілася скрозь зямлю.

Ды вось нейкі салдат выбягае на вуліцу і накіроўваецца ў бок гарадской турмы, каб ад імя ўсяго народа запатрабаваць прывесці ў тэатр тую жанчыну, пра якую я ўжо гаварыў, асуджаную за мноства злачынстваў на з'ядзенне звярам і прызначаную да слаўнага са мной палавога акта. Пачалі ўжо старанна рыхтаваць нам шлюбнае ложа, расквечанае шаўковымі пакрываламі, бліскучымі індыйскімі чарапкамі, узнятае гурбамі пухавікоў. А мне было не толькі сорамна публічна выконваць акт, не толькі агідна дакранацца да гэтай злачыннай і распуснай жанчыны, але і мучыў мяне страх смерці. А што, думаў я, калі ў хвіліну нашых любоўных абдымкаў будзе выпушчаны які-небудзь звер, адзін з тых, якім на спажыву прызначана гэта злачынніца? Нельга разлічваць на тое, што звер будзе такі кемлівы ад прыроды, ці так умела вывучаны, ці адзначацца такой устрыманасцю, што жанчыну, якая ляжа са мной, разарве, а мяне самога, як не асуджанага і не вінаватага, не зачэпіць.

35. Я пачаў ужо клапаціцца не столькі аб сваёй сарамлівасці, колькі аб выратаванні жыцця. Тым часам мой настаўнік акунуўся ў клопаты аб тым, каб належным чынам наладзіць ложа, а іншая чэлядзь або была занята падрыхтоўкай да палявання, або ўзіралася на займальнае відовішча. Мне былі пакінуты ўсе магчымасці здзейсніць свае планы. Нікому і ў галаву не прыходзіла, што за такім рахманым аслом патрабуецца нагляд.

Тады я асцярожна прабіраюся да бліжэйшых дзвярэй і, выскачыўшы, пускаюся з усяе сілы наўцёк. І гэтак прамчаўшыся цэлых шэсць міль, дабягаю да Кянхрэя, які лічыцца найлепшай карынфскай калоніяй і абмываецца Эгейскім і Сараніцкім морамі. Гавань яго з'яўляецца вельмі надзейным прыпынкам для караблёў, і там заўсёды поўна народу. Аднак я пазбягаю шматлюддзя і, выбраўшы адасобленае месца на беразе каля самай вады, распасціраю стомленае цела на ўлонні мяккага пяску і падмацоўваю свае сілы. Калясніца сонца ўжо апошні слуп на іпадроме дня абагнула, калі ў вечаровай цішыні ахапіў мяне дабратворны сон.

 

Кніга адзінаццатая

 

1. Каля першай начной варты, раптам у сполаху прачнуўшыся, бачу незвычайна бліскучы поўны дыск месяца, што якраз падымаўся з марскіх хваль. Неспадзявана стаўшы сведкам начной таямніцы, ведаючы, што валадарства вярхоўнай багіні прасціраецца асабліва далёка і яе воля кіруе ўсім нашым светам, што цудоўныя загады гэтага боскага свяціла прыводзяць у рух не толькі свойскую жывёлу і дзікіх звяроў, а нават і неадушаўлёныя прадметы, што ўсе рэчы на зямлі, на небе і на моры згодна з яго ўзрастаннем павялічваюцца, а з убываннем змяншаюцца, палічыўшы, што лёс ужо здаволіўся маімі такімі шматлікімі і цяжкімі бедамі і дае мне надзею на выратаванне, хоць і спозненае, я надумаўся звярнуцца з малітвай да царскага аблічча свяшчэннай багіні, якое стаяла перада мной.

Без прамаруджвання, скінуўшы з сябе лянівую млявасць, я бадзёра ўскокваю і з жаданнем тут жа падпасці пад ачышчэнне сем разоў апускаю сваю галаву ў марскую тонь дзеля таго, што гэты лік быў яшчэ боскім Піфагорам прызнаны за найбольш адпаведны для рэлігійных абрадаў. Пасля таго, звярнуўшы да магутнай багіні свой зрошаны слязамі твар, так гавару:

2. «Уладарыца нябёсаў, ці ты, Цэрэра, святая маці раслін, якая, нарадзіўшы зноў дачку, з радасці ліквідавала жалуды, дзікія вясковыя харчы, паказаўшы людзям далікатную прыемную ежу, і жывеш ты ў Элеўсінскай зямлі; ці ты, нябесная Венера, якая, нарадзіўшы ў пачатку вякоў Амура, злучыла два розныя полы і, памнажаючы вечнай плоднасцю людскі род, цяпер на святым Пафасе, што абмываецца морам, атрымоўваеш пашану; ці ты, сястра Феба, што з літасцівай дапамогай прыходзіш у час родаў і, вырасціўшы столькі народаў, праслаўляешся цяпер у вядомай Эфескай святыні; ці ты, Празерпіна, якая начнымі завываннямі наводзіш жах, што трайным сваім выглядам утаймоўваеш націск злых духаў, над падземнымі цямніцамі валадарыш, па розных гаях блукаеш, розныя пакаленні прымаючы. О Празерпіна, якая сваім жаночым ззяннем кожны дом асвятляеш, вогкімі праменямі пасевы ўскормліваеш, а як сонца хаваецца, нявернае святло сваё нам праліваеш! Як бы ты ні звалася, якімі абрадамі і ў якім выглядзе ні належыць цябе ўшаноўваць, прыйдзі на дапамогу ў бясконцых маіх няўдачах, прышлі мне супакой і адпачынак, падтрымай мой хісткі лёс, спыні бязлітасныя беды! Здымі з мяне вобраз дзікай чацвераногай жывёліны, вярні мяне вачам маіх блізкіх, вярні мяне майму Луцыю! А калі мяне праследуе з няўмольнай лютасцю які-небудзь абражаны мною бог, дык хай будзе дадзена мне смерць, калі не дадзена жыць».

3. Выліўшы такім спосабам сваю душу ў малітве, з жаласлівым галашэннем зноў апускаюся на сваё месца, і маю стомленую душу ахоплівае сон. Але не паспеў я стуліць павек, як раптам з сярэдзіны мора памалу ўзнімаецца боскае аблічча, якое сваім выглядам выклікае пашану. А пасля, выходзячы памалу з марской тоні, з'явілася перада мной і ўся прамяністая постаць. Пастараюся перадаць і вам гэту дзіўную з'яву, калі не стане мне на перашкодзе беднасць людскіх слоў ці калі само боства сашле мне багаты і шчодры дар магутнага красамоўства.

Перш за ўсё густыя доўгія валасы, непрыкметна разабраныя на пасмы, свабодна і мякка рассыпаліся па цудоўнай шыі. Самы верх галавы акружаў вянок з усякіх стракатых кветак, а пасярэдзіне над лобам круглая пласцінка выпраменьвала яснае святло, быццам люстэрка ці мо верная адзнака багіні Луны. Злева і справа завяршалі круг звівістыя змеі, што цягнуліся ўгору, а таксама каласы збожжа, якія ўзнімаліся над усім. Яе рознакаляровая сукня з тонкага шоўку то ззяла беллю, то станавілася залаціста-жоўтай, як шафран, то палымнела чырванню ружы. Але найбольш уразіў мяне яе чорны плашч, які адліваў цёмным бляскам. Абвіўшыся навакол цела і пераходзячы на спіне з правага клуба на левае плячо, як рымскія тогі, ён павісаў тугімі складкамі, а краі яго былі абшыты махрамі.

4. Уздоўж аблямоўкі і па ўсёй паверхні плашча то тут, то там былі вышыты мігатлівыя зоркі, паміж якімі месяц выпраменьваў сваё палымянае ззянне. А там, дзе ападала хвалямі гэта дзіўнае покрыва, з усіх бакоў была вышыта суцэльная гірлянда з усіх, якія існуюць, кветак і пладоў. У руках у яе былі зусім не падобныя адзін на адзін падметы. У правай трымала мядзяную бразготку, вузкая аснова якой, выгнутая ў колца, перасякалася трыма маленькімі пруточкамі, і ўсе разам яны пры патрасанні выдавалі пранізлівы звон. А на левай руцэ вісела чара ў выглядзе лодачкі, на ручцы якой з правага боку высока падымаў галаву аспід з непамерна раздзьмутай шыяй. Духмяныя ступні былі абутыя ў сандалі, зробленыя з пераможных пальмавых лістоў. Вось у гэтакім выглядзе, у такім уборы, дыхаючы водарам Шчаслівай Арабіі, удастоіла яна мяне сваім боскім прадраканнем:

5. «Вось перад табою, Луцый, узрушаная тваімі ўмольваннямі, я, маці прыроды, пані ўсіх стыхіяў, першапачатковае нараджэнне часу, найвышэйшая паміж бостваў, валадарніца душ памерлых, першая сярод нябесных жыхароў, адзінае адлюстраванне ўсіх багоў і багіняў, знаку якой падуладныя нябёс блакітнае скляпенне, гаючыя подыхі мора, плакучая бязмоўнасць апраметнай. Мяне, адзіную ўладарніцу, ушаноўвае пад шматлікімі вобразамі рознымі абрадамі, пад рознымі імёнамі ўвесь свет. Фрыгійцы, першынцы чалавецтва, называюць мяне Песінуцкай маці багоў, спрадвечныя жыхары Атыкі — Мінервай Кекраніцкай, кіпрыёты, абмываныя морам, — Пафійскай Венерай, крыцкія стральцы — Дыянай Дыктынскай, трохмоўныя сіцыльцы — Стыгійскай Празерпінай, элеўсінцы — Цэрэрай, старадаўняй багіняй, адны — Юнонай, іншыя — Белонай, тыя — Гекатай, гэтыя — Рамнузіяй, а эфіопы, якіх асвятляюць першыя промні сонца на ўсходзе, арыі і багатыя старажытнай вучонасцю эгіпцяне ўшаноўваюць мяне так, як і трэба, называючы мяне маім сапраўдным імем — царскай Ізідай.

Вось я перад табой, спачуваючы тваім бедам, вось я, добразычлівая і міласэрная. Пакінь плач і скаргі, гані прэч скруху, ужо па маім жаданні займаецца для цябе дзень збаўлення. Дык слухай уважліва ўсе мае наказы. Дзень, які народзіцца з гэтай ночы, здаўна прысвячаецца мне. Зімнія непагоды супакойваюцца, бурныя хвалі заціхаюць, мора робіцца даступным для плавання, і мае жрацы, спускаючы судна на ваду, прысвячаюць яго мне ў якасці першынца мараходства. Чакай гэтага абраду спакойна і набожна.

6. Ведай, што паводле майго навучання, якраз у час працэсіі ў жраца ў правай руцэ будзе вянок з руж. Дык не марудзь ні хвіліны, а, рассунуўшы натоўп, бадзёра далучайся да працэсіі, кіруючыся маімі дазволамі, і, падышоўшы зусім блізка, асцярожна, быццам ты хочаш пацалаваць жрацову руку, сарві ружы і скінь з сябе ў той жа момант гэту мярзотную і ўжо даўно мне ненавісную звярыную шкуру. Нічога не бойся, бо выпаўніць мае настаўленні цяжка не будзе. У гэту ж самую хвіліну, калі я з'яўлюся табе, я знаходжуся і ў іншым месцы, каля майго жраца, і папярэджваю яго ў сне аб тым, што здарыцца, і навучаю, як трэба дзейнічаць. Па маім загаду густы натоўп расступіцца і дасць табе дарогу, твая пачварная знешнасць нікога не збянтэжыць у час вясёлага шэсця і святочных відовішчаў, а тваё нечаканае ператварэнне не выкліча ніякага падазрэння і варожасці. Але запомні чым наймацней і назаўсёды захавай у сваім сэрцы, што рэшту свайго жыцця аж да апошняга ўздыху ты прысвяціш мне. Справядлівасць вымагае, каб той, чыё дабрадзейства верне цябе да людзей, належала ўсё тваё жыццё. Ты будзеш жыць шчасліва, ты будзеш жыць пад маёй апекай і калі, закончыўшы свой жыццёвы шлях, сыдзеш у краіну мёртвых, ды, як бачыш мяне сягоння тут, так і там, у тым падземным паўкрузе знойдзеш мяне, якая прасвятляе змрок Ахеронта, уладарніцай Стыгійскіх тайнікоў і сам, знаходзячыся на Элізейскіх палях, будзеш мне, міласэрнай да цябе, старанна пакланяцца. Калі ж прыкладнай паслухмянасцю, выкананнем абрадаў, непахіснай цнатлівасцю ты дагодзіш нашай боскай волі, дык ведай, што толькі я маю ўладу прадоўжыць тваё жыццё звыш вызначанага тэрміну».

7. Давёўшы да канца сваё поўнае зычлівасці прадказанне, непераможная багіня знікла. Разам са сном пакідае мяне страх, я ўскокваю з такой радасцю, што аж выступіў на мне пот. Моцна ўсхваляваны такой выразнай прысутнасцю багіні, я зноў апускаюся ў марскую ваду і, каб не забыць яе вялікіх наказаў, абнаўляю ў памяці па парадку ўсё, пра што яна мне гаварыла.

Неўзабаве знік туман цёмнай ночы, усходзіць залатое сонца, і вось ужо ўсе вуліцы запаўняюць набожныя натоўпы, радуючыся, як і ў час трыумфальнага шэсця. Не гаворачы пра ўздым майго настрою, мне здавалася, што і ўсё невокал незвычайна вясёлае. Усякая жывёліна, кожны дом і сам ясны дзень выдаюць мне напоўненымі радасцю. Пасля ўчарашняга холаду настала спакойная сонечная пагода, загулі прыгожыя хоры разбуджаных веснавым цяплом птушак, якія далікатнымі трэлямі ўслаўлялі маці зор і пораў года, валадарніцу ўсяго свету. Нават дрэвы, і пладаносныя, якія прыносяць багаты ўраджай, і бясплодныя, якія абмяжоўваюцца толькі тым, што даюць цень, пад подыхам паўднёвага ветру пабліскваюць свежымі лісточкамі, ціха калышуць галінкамі і выдаюць мяккі шэлест. Заціх шум навальніц, улягліся раз'юшаныя хвалі, мора спакойна набягае на бераг, разышліся цёмныя хмары і ззяе блакітам чыстае і яснае неба.

8. Вось з'яўляюцца першыя ўдзельнікі велічнай працэсіі, кожны апрануты па-святочнаму на свой густ і выбар. Той з ваенным поясам выяўляў салдата, гэтага падкасаны плашч, сандалі і рагаціна ператварылі ў паляўнічага, іншы ў пазалочаных камашах, у шаўковым убранні, каштоўных упрыгожваннях, з заплеценымі ў косы валасамі плаўнай паходкай наследаваў жанчыну. Далей нехта выступае ў шлеме са шчытом і мячом, быццам вось толькі прыйшоў з гладыятарскіх спаборніцтваў. Быў і такі, што ў пурпуровай вопратцы з дыктатарскімі адзнакамі іграў ролю дзяржаўнага дзеяча, і такі, што строіў з сябе філосафа ў шырокім плашчы, у плеценых сандалях, з посахам і казлінай бародкай. Былі тут і птушкалоў, і рыбак, абодва з трысцінкамі, у аднаго з іх яны намазаныя клеем, у другога з кручкамі на канцах. Тут жа неслі на насілках і свойскую мядзведзіху, быццам паважаную матрону. А малпа ў каўпаку і ў фрыгійскай сукенцы шафранавага колеру трымала кубак, наследуючы пастуха Ганімеда. Побач са старым дзедам ішоў асёл з прымацаванымі крыламі, нагадваючы Белерафонта з Пегасам, і абодва выклікалі рогат.

9. У той час, як гэтыя забаўныя маскі пераходзілі з месца на месца, забаўляючы народ, рушыла і спецыяльнае шэсце багіні-збавіцелькі. Жанчыны, ззяючы беласнежнымі сукнямі, радуючы вочы рознакаляровымі ўборамі, упрыгожаныя вясновымі вянкамі, усыпалі дарогу кветкамі, сыплючы іх з падалоў на шлях, па якім ішла свяшчэнная працэсія. У іншых былі прымацаваныя за плячыма спецыяльныя люстэркі, каб багіня бачыла ўсё святочнае шэсце ззаду за ёй. Некаторыя, трымаючы ў руках грабяні са слановай косці, рухамі рук і згінаннем пальцаў рабілі выгляд, быццам расчэсваюць і прыбіраюць валасы ўладарніцы. Былі і такія, што акраплялі вуліцу дзіўным бальзамам і іншымі пахучасцямі.

Адначасова вялікі натоўп людзей абодвух полаў з ліхтарамі, з факеламі, са свечкамі і з рознымі нарыхтаванымі свяцільнікамі ў руках услаўляў крыніцу ззяння нябесных зорак. Жалейкі і флейты гучалі прыемнымі мелодыямі, а за музыкамі ішоў чароўны хор з адборных юнакоў у зіхотка-белых прыгожых вопратках. Харысты паўтаралі строфы цудоўнай песні, створанай славутым паэтам Каменам. Гэта песня была пачаткам велічнага гімна з малітвамі і ахвяраваннямі.

Ішлі таксама і трубачы, і флейцісты — паклоннікі вялікага бога Сарапіса, якія на сваіх выгнутых трубах, што ўзнімаліся ўгору да правага вуха, выконвалі па некалькі разоў мелодыі, прынятыя ў святыні іхняга бога. А далей мітусілася мноства прыслужнікаў, якія крыкамі заклікалі ачысціць шлях святочнаму шэсцю.

10. Тут пасоўваецца натоўп пасвячоных у таямніцы — мужчыны і жанчыны ўсякага стану і ўзросту, апранутыя ў бліскучыя белыя ільняныя вопраткі. У жанчын намашчаныя валасы прыкрытыя празрыстымі накідкамі, у мужчын блішчаць гладка выгаленыя галовы. Гэтыя зямныя светачы вялікай рэлігіі патрасалі мядзянымі, сярэбранымі і нават залатымі бразготкамі, здабываючы з іх пранізлівы звон. На канцы ідуць вышэйшыя служыцелі таямніц у белых ільняных вузкіх вопратках да самых пят, падперазаных пад грудзьмі. Яны нясуць адзнакі годнасці служыцеляў сама магутных багоў. Першы з іх трымаў лямпу, якая гарэла яркім святлом, але зусім не была падобная на нашы лямпы, што звычайна гараць у нас пры вячэры. Гэта была залатая лодка з адтулінай пасярэдзіне, праз якую выходзіў вельмі шырокі язык полымя.

Другі быў апрануты так, як і першы, але ў кожнай руцэ трымаў ён па алтару, які называўся «памочнікам». Гэта імя даў ім хуткі на дапамогу дух вярхоўнай багіні.

За імі ішоў трэці, несучы пальмавую галіну з тонка вырабленымі з золата лістамі, а таксама кадуцэй Меркурыя. Чацвёрты выяўляў сімвал справядлівасці ў выглядзе левай рукі з выцягнутай даланёй. Яна слабая ад прыроды, не надзеленая ні спрытам, ні хітрасцю, і таму хутчэй за правую можа праяўляць справядлівасць. Ён нёс таксама залатую судзінку, закругленую ў выглядзе жаночага саска, з якай паліваў малаком. Пяты трымаў залатую веялку, напоўненую лаўровымі галінкамі,а апошні нёс амфару.

11. Неўзабаве паказалася і працэсія багоў, якія ласкава карысталіся для перамяшчэння чалавечымі нагамі. Вось Анубіс, які наводзіць жах сваім велічным то цёмным, то залатым высока ўзнятым сабачым абліччам. Ён пасрэднік паміж нябесным і падземным светам. У левай яго руцэ кадуцэй, а правай ён махае зялёнай пальмавай галінай. Следам за ім ідзе карова, стаўшы на дыбы. Гэта ўвасобленая ўрадлівасць багіні-ўсёнараджальніцы. Несучы яе на плячах, адзін са свяшчэннаслужыцеляў лёгка і прыгожа крочыў пад святой ношай. Другі нёс закрытую скрыначку, у якой знаходзілася непарушная таямніца вялікага вучэння. Трэці прыняў на сваё шчаслівае ўлонне шанаванае адлюстраванне вярхоўнага бога. Не было яно падобнае на свойскую жывёліну, ні на птушку, ні на дзікага звера, ні нават на чалавека, але паводле мудрага замыслу самой сваёй незвычайнасцю павінна было выклікаць пашану, бо сутнасць невымоўнай веры хаваецца ў глыбокай маўклівасці. Зроблена яно было з ярка-бліскучага золата. Гэта была па-мастацку выгнутая урна з круглым дном, упрыгожаная звонку дзіўнымі эгіпецкімі фігурамі. Над яе адтулінай узнімалася не вельмі высокае горла з доўгім, далёка вытырклым наском, а з другога боку была прымацавана шырокая ручка, на якой скруцілася ў клубок гадзіна з узнятай угору раздзьмутай лускаватай шыяй, пакрытай зморшчкамі.

12. І вось настае момант выканання абяцаных мне найлітасцівейшай багіняй дабрадзействаў, падыходзіць жрэц, які нясе прызначаны мне лёсам ратунак. Ён трымае ў правай руцэ, так, як мне было аб'яўлена боскім абяцаннем, цудоўны сістр для багіні і вянок для мяне, клянуся Геркулесам, вянок заслужаны. Выцерпеўшы столькі пакут, перажыўшы гэтулькі пагроз, цяпер з дазволу вялікай багіні я ў барацьбе з бязлітасным лёсам выходзіў пераможцам. Аднак, нягледзячы на радасць, якая апанавала мяне, я не кідаюся з усіх ног, асцерагаючыся, каб раптоўнае з'яўленне чатырохногай жывёліны не парушыла ўзнёсласці свяшчэннадзейства, а ціха, памалу, пераймаючы чалавечы крок, бокам праз натоўп, які не без божай ласкі расступаўся, без паспешлівасці прабіраюся наперад.

А жрэц, як я мог на справе пераканацца, папярэджаны начной з'явай і здзіўлены, што ўсё дакладна супадае з даручэннем, якое ён атрымаў, тут жа спыніўся і, прасцёршы правую руку, паднёс вянок да самага майго рота. Тут я, хвалюючыся, з моцным біццём сэрца, хціва хапаю зубамі вянок і з'ядаю, стараючыся атрымаць абяцанае. Боскае прадказанне не ашукала! Умомант спадае з мяне пачварная маска жывёліны. Найперш знікае брудная зваляная поўсць, тоўстая скура становіцца далікатнейшай, велізарны жывот меншае, на нагах капыты раздзяляюцца на асобныя пальцы, рукі перастаюць быць нагамі і падымаюцца для выканання сваіх высокіх абавязкаў, доўгая шыя карацее, ляпа і галава круглеюць, вялікія вушы прымаюць нармальныя памеры, зубы, падобныя да камянёў, зноў становяцца невялікімі, як у людзей, і хвост, які больш за ўсё мяне мучыў, знікае!

Народ дзівіцца, набожныя людзі пры такім відавочным доказе магутнасці вярхоўнай багіні, падобным на сон, гучна і аднадушна, узняўшы рукі ў неба, славяць магутнасць міласэрнай багіні.

14. А я, аслупянеўшы ад здзіўлення, стаяў нерухомы і моўчкі, не ведаючы ад вялікай радасці, з чаго пачаць, як падступіцца да гукаў, што сталі мне нязвычнымі, як найбольш удала выкарыстаць вернуты мне дар мовы, якімі словамі і выразамі дзякаваць багіні за яе дабрадзейства.

Але жрэц, відавочна папярэджаны з вышыні пра ўсе мае няшчасці з самага пачатку, хоць і сам быў усхваляваны вялікім цудам, дае знак, каб перш за ўсё далі мне ільняную вопратку прыкрыцца, бо, як зляцела з мяне злавесная асліная абалонка, так я і стаяў, цесна сціснуўшы ногі, засланяючы, наколькі было магчыма, сплеценымі рукамі, гэтай натуральнай завесай, сваю галізну. Адзін з верных паклоннікаў багіні ўмомант зняў з сябе верхнюю туніку і чым хутчэй накінуў на мяне. Тады жрэц, прыветліва гледзячы на мяне і, клянуся Геркулесам, прасякнуты боскім здзіўленнем, пачынае казаць:

15. «Вось, Луцый, пасля столькіх усякіх пакут, пасля вялікіх навальніц, узнятых Лёсам, перажыўшы велічэзныя буры, дабраўся ты нарэшце да спакойнай прыстані Адпачынку, да алтароў міласэрнасці. Не пайшлі табе на карысць ні тваё паходжанне, ні становішча, ні нават адукацыя, якая цябе вылучае сярод іншых, таму што, стаўшы ад пачуццёвасці свайго маладога веку рабом сладастраснасці, ты атрымаў знішчальную адплату за сваю цікаўнасць. І ўсё ж сляпы Лёс, злосна катуючы цябе, сам пра тое не ведаючы, прывёў цябе да сягонняшняга шчасця. Няхай жа ідзе ён і пыхкае лютай злосцю, яму давядзецца шукаць для сваёй бязлітаснасці іншую ахвяру. Над тымі, каго велічнасць нашай багіні заклікала прысвяціць жыццё ёй, не мае ўлады згубная выпадковасць. Разбойнікі, дзікія звяры, няволя, цяжкія шляхі і бясконцыя вандраванні, штодзённае чаканне смерці — што дасягнуў гэтым азвярэлы Лёс? Вось цябе прыняў пад апеку другі Лёс, але ўжо відушчы, святло ззяння якога азарае нават іншых багоў. Дык няхай адаб'ецца на тваім твары радасць, адпаведная тваёй святочнай вопратцы. Радуючыся, далучы свой крок да шэсця багіні-выратавальніцы. Няхай бачаць бязбожнікі, няхай бачаць і ўсведамляюць сваю памылку. Вось пазбаўлены даўнейшых нягод Луцый цешыцца апекай вялікай Ізіды і святкуе перамогу над сваім лёсам! Аднак, каб забяспечыцца яшчэ мацней і больш надзейна, запішыся ў гэту святую армію (загад прыняць такую прысягу нядаўна для цябе прагучаў), прысвяці сябе ўжо ад сягонняшняга дня нашаму служэнню і ўскладзі на сябе ярмо добраахвотнага падпарадкавання. Пачаўшы служыць багіні, ты будзеш поўнай мерай цешыцца вялікім вынікам свабоды».

16. Сказаўшы гэта, шаноўны жрэц, з цяжкасцю пераводзячы дыханне, замоўк. А я, далучыўшыся да працэсіі, падаўся следам за святыняй.

Я стаў вядомы ўсім грамадзянам, зрабіўся прадметам агульнай увагі, на мяне паказвалі пальцамі, ківалі галовамі і ўвесь народ гаварыў: «Вось той, якога воля ўсемагутнай багіні вярнула да людскога выгляду! Клянуся Геркулесам, ён шчаслівы і святы. Напэўна заслужыў ён такую ласку неба сваім незаплямленым папярэднім жыццём і верай, дык цяпер, пасля ў нейкай ступені другога нараджэння, стане ён на шлях свяшчэннага служэння».

Сярод такіх выкрыкаў, сярод святочных віншаванняў і малітваў натоўпу, рухаючыся памалу, мы набліжаемся да марскога берага і даходзім якраз да таго месца, дзе напярэдадні ляжаў я, будучы аслом. Парасстаўлялі там у адпаведным парадку свяшчэнныя выявы багоў, і вярхоўны жрэц, вымаўляючы чыстымі вуснамі найсвяцейшыя малітвы, запаленым факелам, яйкам і серкай ачышчае вышэйшым ачышчэннем умела змайстраваны і з усіх бакоў дзіўнымі малюнкамі на эгіпецкі лад страката размаляваны карабель. Гэты падарунак прыносіцца багіні ў ахвяру. На бліскучым ветразі шчаслівага судна былі вытканы залатыя літары, якія складваліся ў зычэнне ўдалых плаванняў. Мачтай была круглая сасна, бліскучая, з выдатным верхам, так што прыемна было глядзець. Карма была выгнутая ў форме гусінай шыі і пакрытая ліставым золатам, ярка блішчала, а ўвесь корпус са светлай паліраванай туі цешыў зрок. Тут увесь натоўп, як пасвечаныя, так і непасвечаныя, наперабой падносяць кашы з пахучымі травамі і іншымі рознымі падарункамі і праводзяць узліванне на ваду малочнай поліўкі.

Нарэшце, калі ўжо карабель напоўніўся шчодрымі прынашэннямі і пажаданнямі шчаслівага плавання, абразаюць якарныя канаты і, аддаўшы спадарожнаму і спакойнаму ветру, пускаюць яго ў мора. А калі судна было на такой адлегласці, што амаль хавалася ад нашых вачэй, насільшчыкі зноў узялі прынесеныя імі свяшчэнныя прадметы і, як раней, пышнай працэсіяй хуткім крокам падаліся ў бок святыні.

17. Калі мы падышлі да самага храма, вялікі жрэц, насільшчыкі свяшчэнных выяў і тыя, што ўжо былі раней пасвечаны ў высокашаноўныя таямніцы, увайшоўшы ў свяцілішча багіні, параскладалі там у належным парадку ўсе святасці. А тады адзін з іх, якога ўсе называлі пісцом, стаўшы насупраць дзвярэй, склікаў пастафораў (так называлася гэта свяшчэнная калегія), быццам на сход, і, падняўшыся на падвышэнне каля тых самых дзвярэй, пачаў чытаць з кнігі напісаныя ў ёй малітвы.

Малітвы гэтыя былі аб шчасці імператара, паважанага сената, коннікаў і ўсяго рымскага народа, аб караблях і мараках і аб усім, што падуладна нашай дзяржаве, і скончылася чытанне паводле грэцкага абраду грэцкім заклікам: «Цяпер ідзіце дамоў, служба закончана». У адказ пранесліся крыкі народа, які выказваў пажаданні, каб гэтыя словы ўсім прынеслі ўдачу.

З кветкамі, з галінкамі ў руках і з вянкамі радасныя грамадзяне, пацалаваўшы ступні сярэбранай статуі багіні, што стаяла на ўсходках храма, разышліся па сваіх сялібах. А я не мог адважыцца ні на крок адысціся ад гэтага месца і, не спускаючы вачэй з выявы багіні, перабіраў у памяці перажытыя мною нягоды.

18. Тым часам легкакрылая чутка не ленавалася і не давала сваім крылам адпачынку. Зараз жа пайшлі ў мяне на радзіме чуткі пра небывалую прыхільнасць да мяне божага промыслу і пра мой славуты лёс. Мае сябры, любімыя рабы і ўсе мае блізкія родзічы, адкінуўшы скруху, у якую акунула іх ілжывая вестка пра маю смерць, у вялікай радасці спяшаюцца да мяне з рознымі падарункамі, каб зірнуць на таго, хто вярнуўся на свет з апраметнай. У мяне ўжо не было надзеі іх убачыць, і таму я быў надзвычай рады і з прыемнасцю прымаў іхнія шчырыя прынашэнні. Мае блізкія паклапаціліся забяспечыць мяне ўсім неабходным для бязбеднага існавання.

19. Пагаварыўшы, як належыць, з кожным з іх і расказаўшы аб перажытых нягодах і цяперашняй радасці, я зноў звярнуў усю сваю ўвагу на багіню. Наняўшы за агароджай памяшканне, наладжваю сабе часовае жыллё, наведваю богаслужэнні, пакуль што ніжэйшай ступені, не расстаюся са жрацамі, стаўшы неадступным паклоннікам вялікага боства. Ні адна ноч, ні адзін дзень, ні сон не міналі ў мяне без таго, каб я не бачыў багіні і не атрымліваў ад яе настаўленняў. Частымі загадамі яна пераконвала мяне прыняць нарэшце пасвячэнне ў яе таямніцы, да якіх я даўно быў прызначаны. Хоць я і гарэў жаданнем падпадпарадкавацца гэтым загадам, але мяне стрымліваў свяшчэнны страх, бо я лічыў надзвычай цяжкай справай безадказнае падпарадкаванне святыні, і нялёгкай задачай здавалася мне захаванне цнатлівасці і ўстрыманасці. Жыццё напоўнена ўсякімі выпадковасцямі, яно патрабуе асцярожнасці і абачлівасці. Абмяркоўваючы ўсё гэта, я хоць і імкнуўся хутчэй прыняць пасвячэнне, неяк адкладваў выкананне свайго намеру.

20. Аднойчы прыснілася мне, што з'яўляецца да мяне вярхоўны жрэц, несучы штосьці ў поўным аж да верху падоле. На маё пытанне, што гэта і адкуль, ён адказвае, што гэта мая доля з Фесаліі, і таксама, што адтуль вярнуўся мой раб Кандзід. Прачнуўшыся, я вельмі доўга думаў пра гэты сон, жадаючы адгадаць, што б ён мог значыць. Апроч таго, у мяне ніколі не было раба з такім імем. Але ў кожным разе я разлічваў, што прысланая доля абазначае нейкі прыбытак. Занепакоены і ўсхваляваны надзеяй на нейкую ўдачу і даход, я чакаў, калі адчыняць храм. Калі рассунуліся беласнежныя заслоны, мы звярнуліся з малітвамі да шанаванай выявы багіні. Жрэц абышоў усе алтары, праводзячы богаслужэнне і вымаўляючы ўрачыстыя малітвы, а ўрэшце, зачэрпнуўшы вады са святой крыніцы, выканаў выліванне з келіха. Зрабіўшы ўсё паводле свяшчэннага абраду, набожныя служыцелі багіні вітаюць усход сонца і зычнымі галасамі абвяшчаюць першую гадзіну дня.

І вось у гэту самую хвіліну з'яўляюцца, даведаўшыся аб маіх прыгодах, проста з Гіпатыі, дзе я пакінуў іх тады, мае слугі. Яны былі там, дзе Фаціда заблытала мяне ў свае каварныя сеці, і прывялі з сабой нават майго каня, які не раз пераходзіў з рук у рукі і ўрэшце быў знойдзены па асаблівай адмеціне на хрыбце. Прарочаму значэнню майго сну я дзівіўся тым больш, што апрача дакладна выкананага абяцання адносна прыбытку рабу Кандыду адпавядаў вернуты мне конь, які быў белай масці.

21. Пасля гэтага выпадку я яшчэ больш старанна ўзяўся за спраўлянне рэлігійных абрадаў, бо спадзяванне на будучыню падтрымлівала ўва мне сягонняшняе дабрадзейства. З дня на дзень усё мацней і больш прасякала мяне жаданне прыняць пасвячэнне, і я не адставаў ад вярхоўнага жраца са сваімі гарачымі просьбамі, каб ён нарэшце пасвяціў мяне ў таямніцы свяшчэннай ночы. А ён, чалавек наважны і вядомы строгім захоўваннем рэлігійных законаў, сціпла і ветліва, як звычайна бацькі стрымліваюць няўчасныя жаданні сваіх дзяцей, адхіляў маю настойлівасць, пацяшаючы і супакойваючы мяне ў маім парыве добрымі надзеямі.

«Нават дзень, — казаў ён, — у які можна пасвячаць таго ці іншага чалавека, паказваецца божымі знакамі, і жрэц, якому прыйдзецца выканаць абрад, выбіраецца тым самым прызначэннем, а нават неабходныя расходы на цырымонію ўстанаўляюцца звышнім загадам». Дзеля гэтага ён лічыў, што мне трэба ўзброіцца немалой цярплівасцю, высцерагаючыся прагнасці і фанабэрыстасці, і старацца пазбягаць абедзвюх крайнасцяў. Калі ёсць пакліканне, дык не трэба спяшацца. І невядома, ці знойдзецца сярод жрацоў чалавек, настолькі пазбаўлены розуму, і нават больш, які б асудзіў сам сябе на загубу, асмеліўшыся без спецыяльнага загаду багіні выканаць такі дзёрзкі і святатацкі ўчынак і падставіў сябе смяротнай небяспецы. Вядома ж бо, што і ключы ад апраметнай і апора збаўлення ў руках у багіні. Ды і звычай гэты ўстаноўлены да падабенства добраахвотнай смерці і дараванага з літасці збаўлення. Багіня звычайна намячае сваіх выбраннікаў з тых, якія, ужо закончыўшы жыццёвы шлях і стоячы на парозе апошняга дыхання, тым лепш могуць захаваць у маўчанні вялікую таямніцу нябеснага вучэння. Яе воляй гэтыя, быццам другі раз народжаныя, атрымліваюць магчымасць пачаць свой шлях да збаўлення яшчэ раз. Вось гэтак і мне трэба чакаць знаку, хоць зусім ясна, што высокім прысудам вялікага боства я даўно ўжо пакліканы і прызначаны да набожнага служэння. Аднак і цяпер я павінен ужо побач з іншымі служыцелямі храма паўстрымоўвацца ад недазволенай і нячыстай ежы, каб тым хутчэй дасягнуць да схаваных таямніц найчысцейшай веры.

22. Так разважаў стары, і маё служэнне не парушалася ўжо нецярпеннем, але, паглыбіўшыся ў ціхі супакой і ў пахвальную маўклівасць, стараннымі штодзённымі малітвамі ўзносіў я сваю хвалу святыні. І не ашукала мяне збаўчая дабрата магутнай багіні. Не мучыла яна мяне доўгай адтэрміноўкай і аднойчы цёмнай ноччу, але зусім не цёмнымі загадамі, ясна адкрыла мне, што настае для меня доўгачаканы дзень, калі яна здзейсніць найбольшае з маіх жаданняў. Вызначыла, колькі я павінен даць на выкупное малебства, і аб'явіла, што для выканання абраду прызначаецца той самы Мітра, яе вярхоўны жрэц, якога звязвае са мной нейкая роднасць свяцілаў.

Уцешыўшыся ўсёй душой ад гэтых і падобных да іх прыемных паведамленняў вярхоўнай багіні, пры першым світанні зары, стросшы з сябе сон, адразу накіроўваюся да жрацовага жылля і, сустрэўшы старога на дарозе, вітаю і падаюся за ім. Я ўжо збіраўся больш настойліва, чым раней, дамагацца ад яго пасвячэння, як належнага мне, але ён сам, ледзь мяне ўбачыўшы, адазваўся: «О мой Луцый, благаслаўлёны ты і шчаслівы! Якой вялікай міласці ўдастойвае цябе нябесная валадарніца! Чаго ж ты цяпер стаіш без занятку? Чаго ж ты цяпер сам марудзіш? Вось настае для цябе даўно жаданы дзень, у якім па боскім загаду шматімённай багіні я сваімі рукамі павяду цябе ў прачыстыя таямніцы свяшчэннага служэння!»

Тут ветлівы стары, паклаўшы сваю правую руку мне на плячо, адразу вядзе да варот прасторнай будыніны. Там пасля правядзення абраду адчыняння дзвярэй, адбыўшы ранняе богаслужэнне, выносіць з нетраў святыні нейкія кнігі, напісаныя незразумелымі літарамі. Гэтыя знакі то адлюстроўваюць розных жывёл і скарочана перадаюць словы ўрачыстых тэкстаў, то ўсякімі вузламі пераплятаюцца і выгінаюцца дзіўна накшталт кола, хаваючы таемны змест тэксту ад пустой цікаўнасці. З гэтых кніг ён прачытаў мне, як я павінен падрыхтавацца да пасвячэння.

23. Зараз жа старанна закупляецца ўсё, і нават з некаторым лішкам, што было патрэбна да абраду. Закупы рабіў часткова я сам, часткова займаліся гэтым мае сябры. Нарэшце жрэц аб'яўляе, што настаў час, і вядзе мяне, акружанага свяшчэнным войскам, у бліжэйшыя лазні. Там пасля звычайнага мыцця, паклікаўшы міласэрнасць багоў, ён з вялікай стараннасцю ачышчае мяне акрапленнем і зноў вядзе ў храм. Дзве трэція дня ўжо мінулі, калі ён, паставіўшы мяне ля самых ног багіні і прашаптаўшы мне на вуха некаторыя словы, поўнае значэнне якіх нельга перадаць простай мовай, наказвае мне перад сведкамі ўстрымлівацца ад абжорства, дзесяць дзён не есці мясной ежы, а таксама не дакранацца да віна. Свята выконваю гэты загад аб устрыманні, а тым часам настае і дзень пасвячэння, і сонца, хілячыся ў бок захаду, прывяло на зямлю вечар. Тут з усіх бакоў сцякаюцца натоўпы народу, і паводле старадаўнага свяшчэннага звычаю кожны прыносіць мне ў знак павагі які-небудзь падарунак. Ды вось жрэц, аддаліўшы ўсіх непасвячоных, апранае мяне ў плашч з грубога палатна і, узяўшы за руку, уводзіць у запаветныя глыбіні храма.

Магчыма, ты, пільны чытач, вельмі хацеў бы ведаць, што там гаварылася і што рабілася? Я сказаў бы, каб мне было гэта дазволена, а ты б пачуў, каб табе было дазволена пачуць. Аднолькавай небяспецы падпадаюць у выпадку такой цікаўнасці і язык, і вушы. Зрэшты, калі ты ахоплены набожнай прагай ведання, не буду цябе далей стамляць. Дык слухай і вер, бо гэта ісціна. Дасягнуў я рубяжоў смерці, пераступіў парог Празерпіны і вярнуўся назад, прайшоўшы праз усе стыхіі. Апоўначы бачыў я сонца ў поўным ззянні, стаяў перад падземнымі багамі, бачыў нябесных і зблізку ім пакланяўся. Вось я табе і расказаў, а ты хоць выслухаў, павінен застацца ў папярэднім няведанні. Але перадам тое адзінае, што я магу адкрыць недасведчаным вушам, не парушаючы таямніцы.

24. Настала раніца, і пасля заканчэння богаслужэнняў я накіраваўся ў дарогу, апрануты ў дванаццаць свяшчэнных стол. Хоць гэта адносіцца да святых абрадаў, але я магу пра гэта гаварыць без перашкод, бо ў той час гурма народу магла ўсё гэта бачыць. І сапраўды, слухаючы загадаў, я падняўся на драўляную вышку па самай сярэдзіне храма, насупраць статуі багіні, звяртаючы на сябе ўвагу сваёй вопраткай, праўда, вісонавай, але ярка размаляванай. З плячэй да самых пят спускаўся ў мяне каштоўны плашч, і з усіх бакоў, адкуль ні глянь, быў я ўпрыгожаны рознакаляровымі малюнкамі жывёл. Тут былі і індыйскія драконы, і гіпербарэйскія грыфы, народжаныя іншым светам і падобныя да крылатых птушак. Гэта стола называецца ў пасвячоных алімпійскай. У правай руцэ я трымаў яркі факел, галаву маю акружаў цудоўны вянок з лістоў надзвычай прыгожай пальмы, якія разыходзіліся ў выглядзе прамянёў. Раптам заслона адсунулася, і я, упрыгожаны накшталт Сонца, быццам статуя, апынуўся перад вачыма народа. Пасля гэтага я ўрачыста адсвяткаваў дзень свайго духоўнага нараджэння, наладзіўшы шчодры і вясёлы банкет. Трэці дзень быў адзначаны паўтарэннем тых самых урачыстых абрадаў, і свяшчэнная вячэра была заканчэннем майго пасвячэння. Я прабыў там яшчэ некалькі дзён, радуючыся агляданнем свяшчэннай выявы, звязаны пачуццём удзячнасці за бясцэнную ласку. Нарэшце, па загаду багіні, выказаўшы ёй удзячнасць, вядома, далёка недастатковую, але адпаведную маім сціплым сілам, я пачаў рыхтавацца да вяртання дамоў хоць з такім запазненнем, з вялікай цяжкасцю разрываючы сувязь з перажываннямі апошняга часу. І вось, упаўшы ніц перад багіняй і тулячыся тварам да яе ступняў, абліваючыся слязамі, голасам, перарываным ад частых рыданняў, глытаючы словы, я казаў:

25. «О найсвяцейшая людскога роду збавіцелька вечная, пастаянная заступніца смяротных, родная маці для бедных! Ні дзень, ні ноч, ні нават кароткая хвіліна не застаецца без твайго нагляду. Ты апякуешся людзьмі на моры і на сушы, у жыццёвых нягодах прасціраеш сваю выратавальную руку, якой разрываеш непарушнае прадзіва наканавання, змякчаеш лютасць Лёсу, спыняеш ход нябесных свяцілаў. Ушаноўваюць цябе найвышэйшыя багі, і багі падземных ценяў табе пакланяюцца. Ты павяртаеш кола свету, запальваеш сонца, кіруеш сусветам, перамагаеш Тартар. На твой покліч адзываюцца зоры, ты крыніца часу, радасць нябесных жыхароў, пані стыхіяў. На твой знак агонь разгараецца, хмары гусцеюць, збожжа прарастае, узнімаюцца пасевы. Тваёй сілы баяцца птушкі, што ў небе лятаюць, звяры, што блукаюць у гарах, змеі, што ў зямлі хаваюцца, страшыдлы, што плаваюць па хвалях. Але я для тваёй хвалы бедны розумам, для складання ахвяр падзякі бедны маёмасцю. І ўсёй паўнаты мовы не хапае, каб выявіць пачуцці, тваёй веліччу ўва мне народжаныя, і тысячы вуснаў не хапіла б, і тысячы моваў з іх бязмежнай красамоўнасцю! Што ж, пастараюся зрабіць тое адзінае, што даступнае сумленнаму, але небагатаму чалавеку. Аблічча тваё нябеснае і найсвяцейшую боскасць у глыбінях майго сэрца навек захаваю і зберагу».

Памаліўшыся вярхоўнай багіні такім чынам, кідаюся на шыю жрацу Мітры, які стаў мне другім бацькам, і, укрываючы яго пацалункамі, прашу дараваць за тое, што як належыць не магу аддзякаваць яму за яго дабрату.

26. Я доўга і шырока выяўляў яму сваю ўдзячнасць, нарэшце, развітваючыся з ім, яшчэ раз абымаю і адразу пускаюся ў дарогу, каб зноў пасля доўгай адсутнасці ўбачыць родны дом. Аднак застаюся там толькі некалькі дзён, бо па загаду вялікай багіні, паспешліва сабраўшы свае рэчы, сядаю на карабель і накіроўваюся ў Рым. Шчасліва пры спадарожным ветры хутка дабіраюся да Аўгуставай гавані, і, перасеўшы там на падводу, імчуся далей, і пад вечар, напярэдадні снежаньскіх ідаў, прыбываю ў гэты святы горад. Ад гэтага часу маім галоўным заняткам сталі штодзённыя малітвы вярхоўнай багіні Ізідзе-валадарніцы, якую там надзвычай ушаноўвалі пад імем Палявой ад месца знаходжання яе святыні. Быў і я старанным яе паклоннікам, і хоць у гэтым храме быў чужынцам, затое ў вучэнні з'яўляўся сваім чалавекам.

Вось вялікае Сонца, прайшоўшы ўвесь круг Задыяка, ужо закончыла свой гадавы шлях, як раптам нядрэмны клопат дабрадзейнага боства зноў перарывае мой супакой, зноў напамінае мне аб пасвячанні, зноў аб таямніцах. Я вельмі здзівіўся: у чым справа? што прадказваюць словы багіні? Ды як жа не дзівіцца? Я ж лічыў сябе даўно пасвячоным.

27. Пакуль я разбіраў сваім розумам гэтыя рэлігійныя сумненні, часткова асуджаючы служыцеляў святыні, пазнаю зусім нечаканую для сябе навіну, што я быў пасвячоны толькі ў таямніцы багіні, а вось з абрадамі непераможнага Азірыса, вялікага і вярхоўнага бацькі багоў, азнаёмлены ніколі не быў. І хоць сутнасці гэтых багоў і іх вучэнняў цесна з сабой сутыкаюцца і нават тоесныя, але ў пасвячэннях захоўваецца велічэзная розніца. Дзеля гэтага я павінен зразумець, што мне трэба стаць служыцелем гэтага вялікага бога. У няясным становішчы справа заставалася не доўга. Бліжэйшай ноччу ўбачыў я нейкага жраца ў палатняным адзенні. У яго ў руках былі тырсы, плюшч і яшчэ нешта, чаго не маю права называць. Усё гэта ён кладзе перада мной, а сам, заняўшы маё сядзенне, загадвае мне падрыхтаваць багаты пачастунак. І для таго, каб я мог яго лепш пазнаць, ён выдзяляецца адной асаблівасцю, а менавіта, левая яго пята была крыху выкрыўлена, дык у час хады ў яго кроках заўважалася лёгкая няўпэўненасць. Пасля такога яснага выяўлення божай волі ўсякі цень неакрэсленасці знік, і я зразумеў, у чым справа, і адразу пасля ранішніх малітваў багіні пачаў уважліва назіраць за кожным жрацом, ці няма ў яго такой паходкі, якую бачыў я ў сне. Неўзабаве заўважыў я аднаго з пастафораў, у якога не толькі паходка, але на дадатак і стан, і знешнасць якраз супадалі з маёй начной з'явай. Называўся ён, як я пасля даведаўся, Азініем Марцэлам, і гэта імя не было чужым у маіх пераўвасабленнях. Я не стаў марудзіць і падышоў да яго, а ён і сам ужо ведаў пра нашу будучую гутарку і даўно быў папярэджаны з вышыняў, што справа датычыць пасвячэння ў таямніцы. Перад гэтым яму прыснілася ўночы, што, калі ён ускладаў вянкі на статую вялікага бога, з яго вуснаў, якія прадказваюць лёс кожнага асобна, пачуў, што будзе да яго прысланы ўраджэнец Мадаўры, чалавек вельмі бедны, над якім трэба неадкладна правесці свяшчэнныя абрады дзеля таго, што па яго боскай волі і пасвячоны праславіцца сваімі подзвігамі, і пасвятчык атрымае высокую ўзнагароду.

28. Прызначаны такім чынам для боскага пасвячэння, я марудзіў насуперак свайму жаданню з прычыны недахопу сродкаў. Апошнія рэшткі маёй спадчыны разышліся на падарожжа, ды і сталічныя выдаткі значна перавышалі расходы тых дзён, калі я жыў у правінцыі. У сувязі з тым, што на маім шляху стаяла беднасць, а загады боства мяне падганялі, дык я апынуўся, паводле прыказкі, «паміж молатам і кавадлам». Усё часцей і часцей пабуджаны боствам, я траціў супакой, урэшце намовы перайшлі ў загады. Тады я, распрадаўшы даволі сціплы запас сваёй адзежы, так-сяк наскроб патрэбную суму. На гэта было мне дадзена асобнае выясненне. «Няўжо ты, — было мне сказана, — пашкадаваў бы сваёй адзежы, калі б справа датычыла якіх-небудзь спадзяваных прыемнасцяў? А цяпер, на парозе такіх цырымоній, ты не адважваешся застацца ў беднасці, у якой раскайвацца не будзеш?»

І вось усё было падрыхтавана ў дастатковай колькасці, ізноў дзесяць дзён я не спажываў мясной ежы і на дадатак нават абгаліў галаву. Нарэшце настаўлены начнымі бяссоннямі, аддаўся я з усім даверам святым абрадам гэтай роднаснай рэлігіі. Яна не толькі служыла мне вялікім суцяшэннем у маім становішчы іншаземца, а нават здабыла мне даволі значныя сродкі для жыцця. На самай справе, кім, як не ўдачай, быў сасланы мне той адвакацкі заробак, які я атрымаў, ведучы справы на лацінскай мове?

29. І вось мінула ўсяго некалькі дзён, як нечакана, на вялікае маё здзіўленне, ізноў аклікнуўся голас з вышыняў, які загадваў мне паддацца пасвячэнню трэці раз. Занепакоены немалым коштам і моцна ўсхваляваўшыся, я задумаўся аб тым, куды хіліцца гэты новы і нечуваны намер нябесных жыхароў? Што яшчэ застаецца нявыкананым, хоць я ўжо двойчы паддаваўся пасвячэнням? «Тут, — думаў я, — і той і другі жрацы дапусцілі якую-небудзь памылку ці нечага недавыканалі». І, клянуся Геркулесам, пачаў сумнявацца ў іхняй сумленнасці. Начное з'яўленне цудоўным навучаннем вывела мяне з гэтых беспарадкавых думак, якія выглядалі, як разважанні вар'ята.

«Няма чаго табе, — было мне сказана, — баяцца шматлікіх пасвячэнняў і думаць, што папярэдняе было выканана недакладна. Ганарыся гэтым доказам боскай міласэрнасці да цябе і цешся, што табе прызначана тое тройчы, чаго іншыя бываюць удастоены толькі адзін раз. А ты з самой колькасці пасвячэнняў павінен набыць пэўнасць у сваім вечным шчасці. Зрэшты, наступнае пасвячэнне выклікана крайняй неабходнасцю. Успомні толькі, што адзенне багіні, якое ўзлажыў ты на свае плечы ў правінцыі, там і засталася ляжаць, і ў Рыме ты не зможаш удзельнічаць ва ўрачыстых богаслужэннях, калі патрэбнае гэта адзенне, і не ўпрыгожыш сябе той шчаслівай рызай, калі атрымаеш такі загад. Дык з радаснай душой прыступай з волі вялікіх багоў да новага пасвячэння, і няхай будзе яно табе на дабро, шчасце і збаўленне».

30. А потым боская з'ява, мой вялікі настаўнік, паведамляе мне пра ўсё, што неабходна зрабіць. І адразу пасля гэтага, не адкладваючы і не зацягваючы справы, я паведамляю свайму жрацу пра ўсё бачанае, прымаю на сябе ярмо паўстрымання ад мясной ежы, у сваёй разважнасці добраахвотна павялічыўшы дзесяцідзённы тэрмін посту, вызначаны вечным законам, і, не шкадуючы выдаткаў, рыхтуюся да пасвячэння, кіруючыся больш набожным запалам, чым неабходнасцю.

І, клянуся Геркулесам, не пашкадаваў я тых клопатаў і выдаткаў. Дзякуючы шчодрай прыхільнасці багоў, выступленні ў судзе пачалі прыносіць мне значны даход. Нарэшце праз некалькі дзён бог сярод багоў, наймагутнейшы сярод магутных, вярхоўны сярод вярхоўных, найбольшы сярод найбольшых, уладыка Азірыс, не прымаючы якога-небудзь чужога вобраза, у сваім уласным боскім выглядзе ўшанаваў мяне сваім з'яўленнем. Ён сказаў мне, каб я бязбоязна працягваў свае слаўныя заняткі ў судзе, не баючыся плётак нядобразычліўцаў, якія выкліканы маёй стараннасцю і вучонасцю. А каб я, не змяшаўшыся з натоўпам іншых пасвячоных, мог яму служыць, выбраў мяне ў калегію сваіх пастафораў, прызначыўшы нават адным з пяцігадовых дэкурыёнаў.

Зноў агаліўшы галаву, я ўступіў у гэту старадаўную калегію, заснаваную яшчэ ў пару Сулы, і хаджу цяпер, нічым не засланяючы сваёй пляшывасці, радасна гледзячы ў твар сустрэчных.

 

Каментары

 

Кніга першая

Мілецкія казкі — Мілецкімі называліся зборнікі любоўных і авантурных навел, аб'яднаных агульнай сюжэтнай рамкай. Гэты літаратурны жанр атрымаў сваю назву ад зборніка Арыстыда Мілецкага (канец ІІ ст. да н.э.).

Папірус, спісаны завостранай нільскай трысцінкай. — Востра адточаная трысцінка служыла старажытным за пяро.

Гімет — невысокая гара паблізу Афін.

Эфірэйскі перашыек — тое самае, што і Карынфскі перашыек. Эфіра — старадаўняя назва Карынфа.

Танар, цяпер Матапан — мыс на Пелапанэскай паўвыспе на поўдзень ад Спарты.

Квірыды — паўнапраўныя рымскія грамадзяне.

Плутарх — грэчаскі пісьменнік, філосаф-мараліст (канец І — пач. ІІ ст. н.э.).

Секст — філосаф ІІ ст. н.э., настаўнік імператара Антаніна Пія.

Пярэсты порцік у Афінах упрыгожаны насценнымі малюнкамі знакамітага мастака V ст. да н.э. Палігнета.

Змяя бога лекараў. — Эмблемай бога лекараў Эскулапа было жазло з абвітай вакол яго змяёй.

Эгіна — выспа у Сараніцкай затоцы паблізу Афін.

Ларыса — вялікі горад у Фесаліі.

Каля трэцяй варты... — Ноч дзялілася на 4 варты. Трэцяя варта пачыналася прыблізна каля поўначы.

Эндзіміён — паводле падання, укаханы багіні Луны, прыгожы юнак, пагружаны ў вечны сон.

..пакінутая Каліпса... — Адысей пакінуў німфу Каліпса па загаду багоў («Адысея», V).

Ламіі — казачныя злыя духі, якія ўночы жаруць целы маладых хлопцаў і п'юць іхнюю кроў.

Фурыі — рымскія багіні праклёну, помсты і кары.

Этолія — вобласць у Сярэдняй Грэцыі на паўночны захад ад Атыкі.

Тэзея, ...які не пагрэбаваў гасціннасцю старой Гекалы. — Легендарны герой Тэзей начаваў аднойчы ў беднай бабулькі Гекалы, якая прыняла яго надзвычай ветліва і гасцінна.

 

Кніга другая

Актэон — паводле міфу, паляўнічы Актэон за тое, што ўбачыў Дыяну голай у час купання, быў за кару ператвораны багіняй у аленя і разарваны ўласнымі сабакамі.

Грацыі — багіні прыгожасці, весялосці, радасці.

Кінамон — дрэва, з якога здабывалі пахучы алей з той самай назвай.

Бальзамам называлі пахучую смалу, якая выцякала з разрэзаў некаторых дрэў.

Лінцэй — герой шматлікіх грэцкіх міфаў, які мог бачыць скрозь зямлю.

Аргус — казачны стовокі герой, якога раўнівая Гера прыставіла да ператворанай у карову Іо, каханкі Зеўса.

Аанійскі юнак — Пенфей, кароль горада Фівы ў Беоцыі. (Аанія — паэтычная назва Беоцыі).

Сын піплейскай музы — легендарны фракійскі спявак Арфей. (Піпла або Пімпла — горад у Фракіі). Расшматаны жанчынамі за адмову прыняць удзел у вакхічнай оргіі.

Сістр — музычны інструмент.

Лета і Стыкс — рака і возера ў краіне памерлых.

Герыён — казачны герой з трыма тулавамі і трыма галовамі. Геракл захапіў статак Герыёна і забіў яго самога ў баі.

 

Кніга трэцяя

Фалеры — металёвыя бляхі, якія ўпрыгожваюць конскую вупраж.

Архестра — паўкруглая роўная плошча ўсярэдзіне амфітэатра.

Орк — рымскі бог падземнага царства (у грэкаў — Плутон).

Маны — душы памерлых.

Аякс. — Міф пра Аякса, сына Тэламона, вялікага грэцкага героя, які ваяваў пад Трояй, расказвае, што, калі пасля смерці Ахіла, камандзіра ахайцаў, аддалі яго зброю Адысею, Аякс ад крыўды страціў розум і ў шаленстве перабіў статак авечак, уяўляючы, што забівае сваіх крыўдзіцеляў.

Цэрбер — казачны трохгаловы сабака, вартаўнік падземнага царства. Геркулес, спусціўшыся ў краіну памерлых, звязаў Цэрбера і вынес яго наверх.

Эпона — багіня, патронка коней, аслоў і мулаў. Яе выявы ставіліся ў стайнях.

 

Кніга чацвертая

Платэя — невялікі горад у Беоцыі.

Саліі — танцоры, калегія жрацоў бога Марса. Назву гэту атрымалі таму, што ў час свята бога Марса, якое працягвалася некалькі дзён, яны з танцамі праходзілі па ўсім Рыме. Кожны дзень свята закончваўся банкетам, пышнасць і багацце якога сталі прымаўкай.

Аціс, поводле падання, аскапіў сябе на сваім вяселлі.

Пратазілай — легендарны цар горада Філака ў Фесаліі, першы з грэкаў, якія загінулі пад Трояй; пакінуў маладую жонку, з якой прабыў толькі адзін дзень.

Пафас — горад на выспе Кіпр.

Кнід — прыморскі горад у Малой Азіі.

Кіфера — выспа каля паўднёвага ўзбярэжжа Пелапанэса. У гэтых мясцінах знаходзіліся сама слаўныя храмы Афрадыты.

Слаўны пастыр — Парыс, сын траянскага цара Прыяма. Нараджэнне яго суправаджалася благімі прыкметамі, і бацька загадаў кінуць немаўля на гары Ідзе, але яго падабраў пастух і выхаваў. Парыс быў суддзёй у спрэчцы Геры, Афіны і Афрадыты аб тым, каторая з іх найпрыгажэйшая.

Нерэіды — марскія німфы, дочкі марскога цара Нерэя.

Партун — рымскі бог портаў і прыстаняў.

Салацыя — багіня бурнага мора.

Фурман дэльфінаў Палемон. — Міф расказвае, што цар Атамант, якога багіня Гера пазбавіла розуму, хацеў забіць сваю жонку Іно, але яна разам з сынам Мелікертам кінулася ў мора. Абое ўшаноўваліся як марскія багі-выратавальнікі, Мелікерт — пад імем Палемона. Фурманам дэльфінаў завецца ён таму, што труп хлопчыка, паводле падання, быў вынесены на бераг дэльфінам.

Трытоны — другарадныя марскія багі, якіх уяўлялі ў выглядзе паўлюдзей-паўрыб.

Акіян — паводле ўяўлення старажытных людзей, велічэзная рака, якая акружае ўвесь свет.

Мілецкі бог — Апалон, адзін з аракулаў якога знаходзіўся ў мясцовасці Дзідзім паблізу Мілета.

 

Кніга пятая

Піфійскі аракул. — Аракул у Дзідзіме названы тут піфійскім, таму што сама знакамітым аракулам Апалона была прадказальня пры храме Апалона Піфійскага ў Дэльфах (горад на паўночны захад ад Афін), і сам Апалон часта называецца Піфійцам.

Пан — бог лясоў і гаёў, апякун пастухоў, рыбакоў і паляўнічых. Уяўляўся з казлінымі рагамі, з барадой, з капытамі на нагах і з хвастом.

Німфы — багіні ніжэйшага разраду, якія ўвасаблялі розныя сілы прыроды; былі німфы марскія (нерэіды), рачныя (наяды), горныя (арэады), німфы дрэў (дрыяды) і іншыя.

Оры (або Горы) — багіні пор года, увасабленне парадку ў прыродзе.

...свайго айчыма, знакамітага сілача і вялікага змагара. — Маецца на ўвазе Марс. Аднак Марс не муж, а толькі каханак Венеры, у якім яна бачыць, як відаць, апекуна больш магутнага, чым яе законны муж Вулкан, і называе палюбоўніка айчымам свайго сына.

 

Кніга шостая

...убачыўшы на гары нейкі хорам... — Псіхея знаходзіцца перад храмам Цэрэры-Дэметры, багіні-апякункі земляробства.

...беспрасветнага шлюбу Празерпіны... — Паводле некаторых міфаў, дачка Дэметры Персефона (Празерпіна) была ўкрадзена Аідам (Плутонам) у Сіцыліі.

Элеўсінскія містэрыі — культ Дэметры і Персефоны ў атычным гарадку Элеўсіне (недалёка ад Афін).

...маёй сваячкі... — Афрадыта — дачка Зеўса, а Дэметра яго сястра.

Сястра і жонка вялікага Юпітэра — Юнона (Гера).

Святыня Самоса — выспа Самос (каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азіі) была, паводле мясцовых міфаў, месцам нараджэння Геры. На выспе знаходзіўся славуты храм багіні.

Аргоскія сцены — Аргос у Пелапанэсе, галоўны цэнтр культу Геры.

Меркурый (Гермес) — сын Зеўса і німфы Маі, якая нарадзіла яго на гары Кілене ў Аркадыі.

Кацыт — рака ў краіне памерлых.

Дзіт — бог падземнай краіны.

Харон — стары перавозчык у краіне памерлых. Рака, праз якую ён перапраўляе душы — Стыкс. Старажытныя верылі, што Харон бярэ са сваіх пасажыраў плату за перавоз, і ўкладалі нябожчыку ў рот медную манету.

Сатыры — сельскія багі, якія ўвасаблялі творчую сілу прыроды. Вонкава нічым не адрозніваліся ад бога Пана.

Паніскі — тое самае, што і сатыры (маленькія Паны).

Дырцэя (або Дырка) — жонка фіванскага цара Ліка. Міф расказвае, што Дырцэя і Лік жорстка прыцяснялі сваю палонніцу Анціопу, маці Зета і Амфіёна, народжаных ад Зеўса, якія выхоўваліся ў пастухоў. Каб адпомсціць за маці, яны забілі Ліка, а Дырцэю прывязалі да рагоў быка, які растрапаў яе.

Фрыкс — сын багіні аблокаў Няфелы і смяротнага — цара Атаманта, жонка якога ўгаварыла прынесці зненавіджанага пасынка багам на ахвяру. Аднак Няфела выратавала сына, выправіўшы залатаруннага барана, які вывез Фрыкса за мора ў Калхіду. Разам з Фрыксам уцякла і яго сястра, Гела, якая па дарозе ўтапілася. Той праліў, дзе Гела саслізнула са спіны барана, атрымаў, паводле падання, назву Гелеспонта (мора Гелы).

Арыён — грэцкі паэт і музыкант VІІ ст. да н.э. З яго творчасці нічога не захавалася. Герадот у сваёй «Гісторыі» перадае легенду, што аднойчы ў час падарожжа матросы вырашылі абрабаваць і забіць Арыёна. Паэт папрасіў у іх дазволу заспяваць перад смерцю і, закончыўшы спевы, кінуўся ў мора. Але зачараваны яго песняй дэльфін прыняў яго на сваю спіну і вынес на бераг.

...Эўропу, якая ляжала на быку. — Зеўс, закахаўшыся ў фінікійскую царэўну Эўропу, ператварыўся ў быка і перавёз яе на сваёй спіне праз мора на выспу Крыт.

Пегас — казачны крылаты конь.

 

Кніга сёмая

Імператарскі пракуратар. — Пракуратамі называліся ўрадаўцы, якія загадвалі галоўным чынам фінансамі. Імператарскія пракуратары ў правінцыях збіралі падаткі ў асабістую касу імператара.

Закінф — выспа ў Іанійскім моры каля заходняга берага Пелапанэса, цяпер Зантэ.

Актыйскае ўзбярэжжа — Акцыум, мыс ля ўвахода ў Амбракійскі заліў на заходнім беразе сярэдняй Грэцыі.

Вексіларыі — ветэраны, якія праслужылі 16 (альбо 20) гадоў і ў чаканні адстаўкі працягвалі службу ў спецыяльных вайсковых часцях, дзе былі вызвалены ад усіх дапаможных лагерных работ.

Талант — буйная грэцкая грашовая адзінка.

Бактрыйскі вярблюд. — Бактрыя — адна з паўночных сатрапіяў персідскай дзяржавы (на тэрыторыі Афганістана). Бактрыйскімі называліся двухгорбыя вярблюды. (Аднагорбыя зваліся арабскімі.)

...гасцей кідаў на разарванне і зжыранне дзікім коням. — Такую «гасціннасць» аказваў падарожным, паводле падання, фракійскі цар Дыямед. Ён быў пераможаны Гераклам і падзяліў лёс сваіх ахвяр.

Белерафонт — казачны герой, які пры дапамозе крылатага каня Пегаса перамог Хімеру — трохгаловае страшыдла, якое вывяргала агонь. Асёл іранічна параўноўваецца з Пегасам, а коннік з Белерафонтам.

Мелеагр — герой многіх грэцкіх міфаў. Калі яму было 7 дзён, у дом яго бацькі прыйшлі багіні лёсу і сказалі, што Мелеагр памрэ, як толькі згарыць палена, якое ляжыць на агні. Маці Мелеагра Алфея выняла палена з печы і схавала яго. Праз шмат гадоў Мелеагр пасварыўся з братамі сваёй маці і забіў іх. Тады Алфея спаліла схаванае палена, і Мелеагр адразу памёр.

 

Кніга восьмая

Багіня Ісціны — дачка Зеўса, маці Дабрачыннасці, карміцелька Апалона.

Сірыйская багіня. — Цэнтрам культу гэтай багіні быў Гіераполь у Сірыі. Імя яе дакладна не ўстаноўлена, лічаць, што звалася яна Атаргаціс. Святкаванні ў гонар гэтай багіні мелі характар оргіяў, у часе якіх многія наносілі сабе раны мячамі, бічаваліся і нават сябе аскаплялі. Скапцамі былі і жрацы багіні, якія апраналіся ў жаночае адзенне. Называлі іх галамі. Гэтыя галы з выявай багіні, жабруючы, бадзяліся па ўсёй рымскай імперыі.

Сабадзі — азіяцкі бог, які атаясамліваецца з Дыянісам, а таксама з Ацісам, любімым жрацом Кібелы.

Белона — кападакійская багіня, фанатычны і крывавы культ якой перанесены ў Рым.

Ідэйская маці — Рэя, жонка Кронаса, маці алімпійскіх багоў. Была атаясамленая з азіяцкай Кібелай, культ якой напамінаў культ Сірыйскай багіні.

Адоніс. — Міф расказвае, што прыгожага юнака Адоніса кахалі Афрадыта і Персефона. Зеўс загадаў, каб Адоніс частку года праводзіў у краіне памерлых з Персефонай, а частку ў надземным свеце з Афрадытай. Адоніс — бог усходняга паходжання, ён сімвалізуе паміранне і абуджэнне прыроды.

...дзева падменена ланню... — Намёк на міф аб Іфігеніі, якая павінна была быць прынесена на ахвяру багам (без гэтага багі не давалі спадарожнага ветру, і грэкі, якімі камандаваў бацька Іфігеніі Агамемнан, не маглі распачаць паход на Трою). Але ў самы момант складання ахвяры багіня Артэміда замяніла дзяўчыну ланню.

 

Кніга дзевятая

Туліанум — падземная частка дзяржаўнай турмы ў Рыме. Апулей выкарыстоўвае гэту назву ў якасці сіноніма турмы наогул.

...апяяў чалавека, які дасягнуў паўнаты мудрасці ў вандроўках... — Апулей мае на ўвазе Адысея, якога ўславіў Гамер.

Дэкурыёнамі называліся сябры мясцовых сенатаў, якія ў часы імператараў былі заснаваныя ўжо амаль ва ўсіх правінцыях у вялікіх гарадах.

...год пачаў хіліцца ў бок Казярога. — Сонца ўступае ў сузор'е Казярога на пачатку зімы.

 

Кніга дзесятая

Трыбун. — Ваенныя трыбуны камандавалі легіёнамі. Пры кожным легіёне было 6 трыбунаў, якія неслі службу па чарзе.

Этыокл і Палінік — сыны Эдыпа, між якімі трывала непрымірымая варожасць за ўладу над Фівамі. Іх барацьба закончылася смерцю абодвух. Гэты міф паслужыў сюжэтам трагедыі Эсхіла «Сямёра супраць Фіваў».

Фіней — легендарны фракійскі кароль, які па падказцы злой мачыхі асляпіў сваіх сыноў ад першай жонкі. У пакаранне за гэта гарпіі (крылатыя страшыдлы з дзявочымі тварамі) вырывалі ад яго ежу і паганілі сваімі нечыстотамі ўсё, чаго не маглі панесці з сабой.

Асліная Пасіфея. — Бог Пасейдон, загневаўшыся на крыцкага цара Міноса, змусіў яго жонку Пасіфею закахацца ў быка. Плодам гэтага захаплення быў чалавекабык Мінатаўр.

Ідэйская гара. — Іда — горны хрыбет у Малой Азіі, ля падножжа якога знаходзілася старажытная Траянская дзяржава.

Эфебы — афінскія юнакі ва ўзросце 18-20 гадоў, якія неслі пагранічную службу. Стаўшы эфебам, юнак апранаў хламіду (адмысловага пакрою плашч).

Кадуцэй — жазло вяшчальніка, выразанае з дрэва ў форме стрыжня, абвітага дзвюма змеямі, Меркурый — вяшчальнік багоў, дзеля таго ягоным атрыбутам з'яўляецца кадуцэй, а таксама крылы.

Кастар і Палукс (Палідзеўк) — блізняты, сыны Леды. Бацькам Кастара быў смяротны, а бацькам Палукса — Зеўс.

Паламед — адзін з герояў Траянскай вайны. Адысей і Агамемнан, пазайздросціўшы яго хітрасці і розуму, падкінулі ў яго палатку золата і падробленае пісьмо, як быццам ад Прыяма, і абвінавацілі ў здрадзе. Народ забіў яго каменнем.

...пераносіў ганенні за разбэшчванне моладзі... — Маецца на ўвазе Сакрат, якога абвінавацілі ў бясчэсці і ў разбэшчванні моладзі і асудзілі на смерць.

Кянхрэй (цяпер Кенхрыес) — галоўная гавань Карынфа. Апулей называе морам Сараніцкі (Эгінскі) заліў Эгейскага мора.

 

Кніга адзінаццатая

Сястра Феба (Апалона) — Артэміда, якая лічылася, між іншым, апякункай парадзіх. Эфес у Малой Азіі быў галоўным цэнтрам яе культу.

Гіпербарэйскія грыфы, народжаныя іншым светам. — Старажытныя размяшчалі казачны край гіпербарэяў на крайняй поўначы (туды не далятае халодны вецер Барэй), на мяжы гэтага свету са светам антыподаў.

Аўгустава гавань — Острыя ў вусці Тыбра, марскі порт Рыма.

Тырс — жазло, абвітае плюшчом і лістамі вінаграду і ўвянчанае сасновай шышкай. Тырс і плюшч — эмблемы Дыяніса, атаясамленага з Азірысам.

 



Пераклад: Пятро Бітэль
Крыніца: Пераклад зроблены з выдання: Apuleius I. Metamorphoseon. Libri XI. Edidit R. Helm Lipsiae in aedibus B. G. Teubneri. MCMLY