Далоні рук тваіх мазольных
і непрытульных да пары -
нібы асмужаныя золлю,
паружавелі на зары...
А можа, спёка асалоды
іх апаліла ў ранні час,
калі цябе з такой нагоды
пацалавалі першы раз?..
Ці ведзьмаковыя ўсе чары
на іх засмяглі, як загар,
калі круціць яму сігары
табе загадваў валадар?
Яны, напэўна, спрытным рухам
лавілі вогненных цыкад
і ўсмак, па кроплі, круг за кругам
цадзілі патаемны яд?
Якой жа мараю ў экстазе
нарэшце трызнілі яны,
залежныя ад тых фантазій,
што горш атрутнае маны?..
Не, то - не рукі прымадонны,
а пабрацімы ўсім рукам,
што пахнуць дымам і гудронам
і служаць, шчырыя, станкам.
Такія рукі, як і спіны,
ледзь разгінаюцца штодня -
працуюць болей, чым машыны,
спарней за волата-каня.
Хоць дужыя - ды не з жалеза,
стамлёныя, але - няўзнак;
калі ўзаўецца «Марсельеза»,
яны сціскаюцца ў кулак!
І не адзін паўстанец горды
працягваў ім сваю далонь,
бо ў Жан-Марыі нораў цвёрды,
а ў сэрцы - ярасны агонь.
Вось выступае пад загарам
выразна, грозна, нездарма -
галодны люд з азяблым тварам,
які стагоддзямі драмаў...
Спавітыя смугою рыжай,
пад сонцам гневу і вясны
сярод мяцежнага Парыжа -
яны ўжо ў чэраве вайны.
О, як да іх мы прыпадалі:
бы да святыняў - зноў і зноў,
пакуль знянацку не прапалі
яны ў бразгоце кайданоў.
Заўсёды ўздрыгваю ад мукі,
ледзь толькі ў непамысным сне
я ўбачу, як крывавяць рукі,
што ратавалі і мяне...