epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Чарнышэвіч

Анэля

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12


1

На двух гектарах зямлі не многа збярэш пасагу для трох дачок, аднак стары Бацян умудрыўся выдаць двух старэйшых і без пасагу. Праўда, пайшлі яны з бацькоўскай хаты не ў божы рай, а ў далёкія панскія маёнткі, дзе іх мужы працавалі парабкамі.

Пасля двух вяселляў убачыў стары Бацян, што гаспадарка яго трымаецца, як кажуць, на валаску і, каб крышку ўзняць яе, кінуўся шукаць заробкаў. Пасля доўгіх пошукаў наняўся плытагонам на Віллю і даплыў да самай Клайпеды. Нялёгкая гэта была работа для старога чалавека, і Бацян вярнуўся дадому з пакалечаным здароўем. Некаторы час ён яшчэ трымаўся на нагах, падбадзёрваў сябе тым, што хутка ачуняе, ды ўсё ж злёг і болей не падняўся. Быў канец лета. Наступаў час сеяць жыта, а работніка ў хаце не было. Старога Бацяна акрамя хваробы грызла і гэта. Аднак памёр ён з думкаю, што бацькоўскі доўг выканаў: двух дачок аддаў замуж, а меншанькая, Анэля, возьме да сябе прымака. Два гектары зямлі, конік ды кароўка, хоць і мізэрная, але гаспадарка, і знойдзецца на яе добры чалавек.

Калі памёр бацька, Анэлі было чатырнаццаць гадоў, і ўсе клопаты цяпер ляглі на яе вострыя плечыкі, бо маці была старая і хваравітая.

У трыццаць шостым годзе вёску разагналі на хутары. Анэлінай маці дастаўся кавалак пясчанай зямлі каля лесу. На самым яго крайку яны склалі невялікую хатку і хлеўчык, выплелі з галля адрыну.

Да гэтага часу Анэля падрасла. Блакітнавокая і русавалосая, Анэля сама не ведала — прыгожая яна ці не. У абломак люстэрка, які заўсёды валяўся на акне, не было калі глядзецца. Яна толькі адчувала ў сабе вялікую сілу і бадзёрасць. Хацелася жыць. У доўгія зімовыя вечары, седзячы над прасніцай, Анэля марыла. Яна чакала надзвычайнага. Яна верыла, што ў яе жыцці адбудзецца нешта нечаканае, але абавязкова шчаслівае і радаснае.

Калі Анэля першы раз прыйшла на вечарынку, то доўгі час праседзела ў кутку. Ёй здавалася, што яе простая саматканая сукенка ўсім кідаецца ў вочы. Заможныя хутаранскія нявесты былі прыбраны ў новыя «крамныя» сукенкі, абуты ў бліскучыя туфлі. Багатыя жаніхі рызыкоўна хадзілі па хаце ў хромавых ботах з стаячымі, як гладышы, халявамі. «Не месца мне тут, ой, не месца...» — з жалем думала Анэля, і яе простая сукенка нібы сціснула яе цела, так цяжка было дыхаць.

Яна ўжо збіралася ісці дадому, чакала толькі, калі пачнуцца танцы, каб выйсці з хаты неўзаметку. І вось у гэты час да яе падышоў Антось Калюга, хлапец з далёкага хутара, з якім яна некалі разам вучылася ў школе. Сын бедняка, Антось дома бываў рэдка, бо працаваў у панскіх маёнтках, і таму Анэля ў апошні час рэдка бачыла яго.

— Патанцуем, Анэля,— сказаў ён.— Чаго ты ў кутку сядзіш?

— Ой, некалі мне, Антось...— спалохана сказала яна.— Мне ўжо дадому пара.

— Паспееш яшчэ дадому. Ды чаго ты баішся? Хіба мы горшыя за гэтых шляхцюкоў?

Гэтыя шчырыя словы ўплылі на Анэлю. Яна падала Антосю руку, і яны пайшлі танцаваць.

Як ёй было сорамна! З усіх бакоў на яе пагардліва глядзелі цікаўныя вочы. Яна бачыла, як шапталіся багатыя дзяўчаты, акідваючы яе позіркам ад галавы да ног. А потым яна ўжо нічога не заўважала. Яна кружылася пад гукі музыкі, і вялікія яе вочы гарэлі цудоўным агнём прастаты і маладосці. Яна адчувала падтрымку моцных Антосевых рук, і цяпер для яе ўсё было хоць бы што.

Калі музыка змоўкла і Антось пасадзіў Анэлю на лаўку, яна апамяталася і разгубілася. Але яе абкружылі хлопцы, пачалі гутарыць і жартаваць. У вачах дзяўчат, якія нядаўна з пагардай глядзелі на яе, цяпер Анэля заўважыла зайздрасць.

Анэлі было дзіўна, што каля яе пачаў увівацца Ясь Кандыба, сынок багатага суседа. З ім яна сустракалася амаль кожны дзень. Іх хутары былі побач, нельга было не сустрэцца або ў полі на працы, або ідучы дамоў. Але пры тых сустрэчах Ясь не толькі не цікавіўся ёю, але нават ні разу не сказаў добры дзень. Яна і сама ніколі не думала, што з такім багатым дзецюком можна гутарыць, як з роўным.

Ясь быў відны хлопец: рослы, кучаравы і чарнабровы, дужы і лоўкі. Да яго постаці вельмі пасавала вайсковая форма, якую ён, як кіраўнік мясцовай групы «Стшэльца», надзяваў у кожнае свята.

Сёння Ясь зацікавіўся Анэляй. Ён адразу адцёр ад яе ўсіх хлопцаў і пачаў запрашаць Анэлю на кожны танец. Ясь нібы назнарок выводзіў яе ў сярэдзіну круга, каб паказаць усім. Яна, захапіўшыся танцамі, не заўважыла зларадных поглядаў, не чула хіхікання дзяўчат.

Калі скончылася вечарынка, Анэля непрыкметна выскачыла з хаты і хуценька пайшла па палявой сцяжынцы, што вілася між хутароў аж да яе невялічкай хаціны.

Прыгожа было глыбокай ноччу ў полі. Месяц схіліўся ўжо нізка і асвятляў жытнёвыя палеткі. Кругом было ціха, пахла канюшынай і палявымі кветкамі. Старыя ігрушы-дзічкі спалі на межах глыбокім сном.

Анэля ішла як п’яная. Яна не адчувала пад нагамі зямлі. Яна нават не чула, што шырокімі крокамі за ёю нехта ідзе.

Ясь дагнаў яе і палажыў руку на плячо.

— Нам па дарозе, Анэля,— сказаў ён ціха.— Чаго ты так бяжыш?

— Ай, Ясь... Я спалохалася.

— Мяне?

— Адкуль я ведала, што гэта ты...

Яны пайшлі поруч. Анэля сцяжынкай, а Ясь па замежку, па роснай траве. Анэля ўпершыню ішла поруч з хлопцам. Ёй было сорамна, і яна старалася апярэдзіць Яся, але ён не адставаў. Калі Анэля хацела застацца ззаду, ён таксама паменшваў крокі. Тады яна прыпусціла амаль бягом. Ён з усмешкай сказаў ёй:

— Ну і ляціш ты як на пажар.

Анэля не адказала.

— Хочаш — стрэлю! Пачуеш, як на ўсіх хутарах сабакі забрэшуць! — сказаў ён і пацягнуўся рукой да кішэні.

— Не трэба, Яська!— спалохана ўсклікнула Анэля, хапаючы яго за руку.

— Якая ж ты палахлівая! — мякка папракнуў ён, прыцягваючы яе да сябе.

Анэля рванулася, але моцна трымаў яе Ясь.

— Пусці мяне, Ясь...

— Якая ж ты, Анэля. Ну чаго ты баішся? Я ж цябе не з'ем! Ды не рвіся ты... Ну пойдзем разам... Вунь ужо наш хутар.

— Пусці, Яська... Мне сорамна...— у голасе яе чутны былі слёзы.

— А хто нас бачыць?

Ён узяў яе пад руку, і яна вымушана была ісці з ім поруч. Анэля думала, што, дайшоўшы да свайго хутара, Ясь пусціць яе, але ён тут нават не спыніўся. Ён крочыў з ёю аж да самай брамкі, што вяла ў двор маленькай Анэлінай сядзібы.

— Я пайду, Ясь, у хату... Не трымай мяне...

— Пастаім хвілінку, Анэля...

— Мама будзе сварыцца.

— Мама твая спіць.

Яна памкнулася адчыніць брамку, але Ясь ухапіў яе за рукі. Аднак тут, каля свае хаты, Анэля адчула смеласць і рашучасць.

— Пусці! А то я закрычу!

— Ну дык што? — смеючыся, сказаў Ясь.— Хто цябе пачуе?

— Мама пачуе.

— А што мне зробіць твая мама?

— Яна скажа твайму бацьку.

Гэтыя словы адразу ўплылі на Яся.

— Ну, Анэля, глядзі! Гэта не апошняя наша сустрэча!..

Ён павярнуўся і паволі пайшоў да свайго хутара.

 

2

І сапраўды, гэта была не апошняя сустрэча.

Некалькі дзён пазбягала Анэля Яся. Яна адчувала, што баіцца яго. Акрамя таго, яна ведала, што Ясь ёй не пара. Ён — багаты шляхціц. Хіба патрэбна яму такая бяднячка, як яна. Проста ён задумаў нешта благое, хоча паглуміцца з раскошы.

Між тым падышло жніво. Анэля касіла, а маці падбірала за ёю жыта і вязала ў снапы.

У час працы Анэля ўспамінала першую вечарынку. У вачах яе стаяў Антось Калюга, і невядомае дасюль жаданне пабачыць яго часта з’яўлялася ў дзяўчыны. Асабліва моцным было гэта жаданне вечарамі, калі цемра навісала над палеткамі і аднекуль здалёк даносіліся гукі гармоніка і дзявочыя напевы жніўных песень. Аб чым бы яна гутарыла з Антосем, Анэля не ведала, але не магла забыць гэтага каржакаватага хлапца з вяснушкамі на твары і чубам валасоў, што ўпарта вылазіў з-пад шапкі.

Успамінала яна і Яся Кандыбу. Нельга было не ўспамінаць, калі ён быў тут, побач. Ён не працаваў на полі, але часта з’яўляўся туды да наймітаў і наймічак. Анэля заўважала, што ён часта кідае позіркі ў бок яе хутара, і баялася, каб ён не падышоў да яе.

Можа б, Анэля і не хутка сустрэлася з Ясем, каб не звычайны і заканамерны выпадак, які не мог не адбыцца.

Са сваім жнівом яны ўправіліся хутка. І вось аднойчы стары Кандыба з’явіўся ў іх хаце.

— Можа б, суседка пусціла сваю дачку да мяне на пару дзён? — звярнуўся ён да Анэлінай маткі.— Сама бачыш, жыта перастойвае, баюся, што асыпацца пачне.

— А чаму не, пане Кандыба. Мы сваё ўжо кончылі.

— Дык, мама, у нас жа...— хацела ўставіць сваё слова Анэля.

— Колькі ў нас тае работы! От заробіш сабе на сукенку.

Анэля ўспыхнула пасля гэтых слоў. Яна зноў успомніла вечарынку. Ёй вельмі не хацелася ісці ў падзёншчыцы да Кандыбы, не хацелася сустракацца з Ясем, нібы прадчувала яна, што сустрэча гэта нічога ёй не прынясе, акрамя бяды.

Назаўтра раніцой Анэля ўжо была на Кандыбавым хутары. Яна і раней кожны год працавала тут, але тады ў яе не было ніякіх думак, нічога такога, што магло б прынесці трывогу.

Сцямнела, калі Анэля выйшла з Кандыбавага двара. Яна была рада, што Ясь сёння цэлы дзень быў у мястэчку і на поле не з’явіўся. Ён вярнуўся толькі вечарам, калі работы скончыліся.

На сцежцы сярод палёў яна адчувала сябе вельмі лёгка. Уся стома знікла. Яна нават заспявала паціху і, не спяшаючы, крочыла на свой хутар.

Ля самай брамкі яе дагнаў Ясь.

— Як жа ты хутка, Анэлька,— сказаў ён ласкава.

У Анэлі закалацілася сэрца.

— Навошта я табе, Ясь — запытала яна.

— Дурная...— шапнуў Ясь.— Нашы ж хутары побач.

— Ну дык што?

— Пажэнімся... Хутары злучым... Эх ты!

— Ай, Ясь... Які ў нас хутар? Ды хіба твае бацькі захочуць?

— А што мне бацькі! — Ясь ваяўніча выпрастаўся.— Што мне бацькі! Я адзіны сын у сям’і, і па закону ўсё маё! Што захачу, тое і зраблю.

— У мяне пасагу няма...

— А хутар хіба не пасаг? І ты адна, тваё таксама ўсё.

Потым ён прыхіліўся да яе і зашаптаў:

— Анэлечка, золатца... Люблю я цябе, павер. А думаеш, бацькі засупярэчаць? Ведаеш, што сёння казаў мой бацька? От, кажа, каб такую работніцу, як гэтая... як Анэля Бацянова, ды ў хату.

— Работніцу... Можа, за парабчанку ўзяць хоча?

— Ай, ідзі ты... Табе абы прыдумаць... Хіба ён не ведае, што ты адна і гаспадыня, і гаспадар у хаце. Анэля, любая, золатца... Чаму ты не хочаш мне верыць? Анэлечка, залатая... Ну што ты пра мяне дрэннае чула? Хіба я табе выкладу душу на далонь!..

Ён узяў яе за плечы і прыгарнуў да сябе.

— Пусці, Ясь!

— Шчасце сваё ты адпіхаеш ад сябе, Анэля.

І такім шчырым і праўдзівым здаваўся Ясеў голас! Ён нават не пакрыўдзіўся, калі яна вытнула яго па шчацэ.

 

3

Спачатку Анэля ішла на спатканне з Ясем з адчуваннем нейкай віны. Адчувала, што гэтага рабіць не трэба. Цэлы дзень яна гаварыла сабе, што не пойдзе, і нават верыла ў гэта, але калі наступаў вечар, такой цеснай і беднай здавалася свая хатка, такі сум агортваў, што яна выходзіла за брамку. Каля плота, пад засенню чаромхаў і акацый, стаяла лавачка. Ясь ужо чакаў там. Ён нецярпліва прыцягваў яе за плечы да сябе і бясконца цалаваў. Анэля не адказвала яму.

— Ты мяне не любіш, Анэля... — з дакорам шаптаў ён.

Яна маўчала. Яна і сама гэтага не ведала. У часе такіх запытанняў у вачах яе на імгненне паўставаў Антось Калюга, і яна не магла зразумець, хто з іх бліжэй да яе сэрца, ці Ясь, ці Антось.

— Не любіш? — дапытваўся ён. — Не любіш, Анэля?.. Ты хоць пацалуй мяне... Адзін раз... Я не магу жыць без цябе...

І ён расказваў, як пакутуе днём, як углядаецца на яе хутар, каб хоць здалёк убачыць яе постаць... Як чакае вечара, каб сустрэцца з ёю... Анэля не разумела гэтага.

Так адзін за адным праходзілі летнія вечары. Анэля чакала іх, хоць і без вялікага нецярпення. Яны ўпрыгожвалі яе беднае працавітае жыццё.

І вось аднойчы яна адчула, што не можа жыць без Яся. Гэта адбылося пасля таго, калі яна адказала на яго пацалунак. Назаўтра раніцой яна прачнулася з адчуваннем шчасця, якое нахлынула на яе, як хваля, і запаланіла ўсю істоту. Нават у хаце стала светла і прасторна. Калі яна выйшла на двор, сонца толькі ўзыходзіла. Лёгкія воблакі на ўсходзе, пакрытыя пурпурам зары, дагаралі на яе вачах. На лістах дуба, што рос каля варот, іскрылася халодная раса, і Анэлі хацелася прытуліцца да ствала, прыгарнуць да сваіх грудзей халодную ліству, каб аддаць ёй хоць кропельку гарачыні свайго сэрца... І неабсяжны прастор адкрыўся перад яе вачыма. Упершыню за сваё жыццё яна ўбачыла і прыгажосць далёкіх пералескаў, закінутых на прасторы палёў, і прывабную зелень лугоў, ужо пакрытых маладой атавай, і нават утульнасць свайго маленькага хутара. Калі яна падышла да дуба, рукі яе мімаволі пацягнуліся да ствала, яна абняла яго і прашаптала:

— Ясь... Мілы мой, любы мой Ясь... Дубок ты мой малады...

Яна прытулілася шчакой да шурпатай кары магутнага дуба і заплакала.

Так Анэля спазнала шчасце. Яна, не думаючы, акунулася ў яго струмені і забыла аб усім.

Аднойчы Ясь спазніўся на спатканне. Анэля доўга чакала яго і ўжо хацела ісці ў хату, калі раптам з’явіўся ён з нейкім скруткам пад пахай.

— У мястэчку я сёння быў, Анэля, — сказаў ён, абдымаючы яе адной рукой. — Таму і спазніўся... Падарунак табе купіў.

Ён працягнуў ёй скрутак.

— Гэта табе на сукенку, Анэля... А потым і туфлі куплю.

— Ой, Яська, што ты! — спалохана адказала яна, адхінаючы ад сябе падарунак. — Не трэба, Яська... Што гэта, божачка мой...

— Чаму не трэба, Анэлечка? — здзіўлена запытаў ён. .

— Хіба ж каханне купляецца, Яська, мілы мой... Ды я ж цябе і так люблю і любіць буду да смерці... А калі з падарункамі, то хіба ж гэта каханне! І ты мяне не так будзеш любіць, як цяпер, ды і я цябе... А мне не хочацца, каб так было...

— От якая ты... — нездаволена сказаў Ясь.— А я і туфлі табе купіў бы. Пайшлі б на вечарынку... Няхай бы паглядзелі тыя задрыпаныя шляхцянкі, якая ты ў мяне!

— Хіба табе на вечарынкі хочацца? А мне, калі я з табой, Ясечка, нікуды не хочацца. І нікуды б я не пайшла... І на гэтай лавачцы так мне добра з табою...

— Не хочацца, але чаму не схадзіць. Няхай бы паглядзелі.

— Дык ты саромеешся са мною... калі я пайду ў сваёй сукенцы.

— Ну от, выдумала ты...

— А каб ты і жабрак быў, усё роўна я любіла б цябе, Яська.

— А хіба я цябе не люблю? Я хацеў, каб лепш, а ты і ўзлавалася.

— Я не ўзлавалася, Яська... Ты мне тады падарункі купіш, калі я твая буду, зусім твая... Калі ты мой муж будзеш, а я твая жонка... Добра?

Ён затуліў ёй рот пацалункам.

Анэліна маці ведала аб адносінах Кандыбавага Яся да яе дачкі. Мудрасць сялянкі-хутаранкі гаварыла ей, што з гэтага можа атрымацца і добрае, і благое. Добра, калі Ясь жэніцца на Анэлі, гэта яе шчасце. А можа атрымацца і наадварот — багаты шляхцюк наздзекуецца з яе дачкі і кіне. Гэта Анэліна няшчасце. Таму яна не патурала іх сустрэчам, але не вельмі і пярэчыла, калі Анэля выходзіла ўвечар пасядзець на лавачцы. Усё ж яна штодзень гаварыла Анэлі:

— Глядзі, дачушка, не згубі галавы... Май свой розум. Яму што! Крутнуўся ды пайшоў, а ты навек няшчасная...

— Ай, мама! Чаму вы так блага думаеце? Не, Ясь не такі...

— Я, дачушка, жыццё пражыла. Я пра тваю сірочую долю думаю... Ты не крыўдуй на старую, а лепш паслухай... Ты яму пра вяселле гавары. Няхай жэніцца. Ты яму штодзень дзяўбі пра гэта...

Аднак Анэля ні разу не напамянула Ясю пра жаніцьбу. «Хіба ён сам не ведае, — думала яна. — Ён сам мне скажа, калі прыйдзе тая пара... Мой любы Ясь...» — І ўсё ж яна з хваляваннем чакала тае пары.

Аднойчы ў нядзелю Анэля ішла з мястэчка. Вечар ужо набліжаўся, калі яна ўвайшла ў лясок, за якім пачыналіся хутары.

Адны думкі былі ў галаве Анэлі — Ясь не выходзіў адтуль. Яна спяшалася дадому, каб хутчэй зрабіць гаспадарскія справы, а вечарам выйсці на спатканне з Ясем.

Зусім нечакана яе дагнаў Антось Калюга. Ён ехаў на зношаным веласіпедзе, які ўвесь час скрыпеў і бразгаў, як старыя драбіны. Пачуўшы гэты скрып, Анэля аглянулася і ўбачыла Антося. Ёй стала сорамна. Яна рада была пазбегчы гэтай сустрэчы, але ўжо нічога нельга было зрабіць. Антось прывітаўся, злез з веласіпеда і пайшоў поруч з ёю. «Што яму ад мяне трэба?» — падумала Анэля і насцярожана зірнула на Антося. Яна чакала ад яго насмешак або непрыстойных жартаў. Але Антось зірнуў на яе, і было ў яго вачах нешта такое, ад чаго насцярожанасць у Анэлі адразу прайшла. У яго позірку свяціліся і жаль, і здзіўленне, і горыч.

Абое некаторы час ішлі моўчкі, нарэшце Антось запытаў:

— Замуж выходзіш, Анэля?

— Хто табе казаў? — чырванеючы, запытала яна.

— Хто казаў? Усе кажуць.

— Усе кажуць, а ты ўжо і паверыў! — сказала яна, мяркуючы перавесці гутарку на жарт.

— У тым-то і справа, што я не веру... Не веру я, Анэля, што ён возьме цябе...

«Якая твая справа?» — захацелася сказаць Анэлі, але яна глянула на Антося і чамусьці не змагла задаць такога пытання. Успамін аб першай вечарынцы раптам кальнуў яе ў сэрца.

— Што ж... Жадаю табе шчасця, Анэля, толькі не аб гэтым я думаў... Не аб гэтым я думаў, калі ўбачыў цябе тады на вечарынцы... І можа, гэтага не было б, каб я быў дома...

Толькі на адно імгненне Анэлі здалося, што ён кажа праўду, потым злосць ахапіла яе. «Хто яму даваў права так думаць!» Яна ўжо хацела груба адказаць Антосю, але ён сеў на веласіпед.

— Бывай, Анэля.

Калі ён схаваўся за паваротам дарогі, Анэля ўпершыню адчула ў сваім сэрцы тугу і трывогу. Рэчаіснасць паўстала перад ёю з усёй сваёй вастрынёй і відавочнасцю. Але калі Анэля здалёк убачыла Кандыбаў хутар, радасць зноў агарнула яе. «Любы мой Ясь...» — прашаптала Анэля. А слёзы ліліся з яе вачэй, і яна сама не ведала, ад чаго плача — ад шчасця ці ад гора?..

 

4

Так прайшоў год, ізноў надышло жніво. У гэты час Анэля адчула, што ў яе пад грудзьмі расце другая істота. Яе ахапіў жах. У той дзень яна касіла жыта, але каса валілася з рук. Яна чакала вечара. Калі ён надышоў, Анэля выйшла на лавачку пад чаромхі і пачала чакаць Яся. Сэрца яе закалацілася, калі яна ўбачыла на сцежцы яго постаць. Ён ішоў, насвістваючы вайсковы марш. і

Падышоўшы, ён нецярпліва прыгарнуў яе да сябе, але яна адвяла яго рукі і сказала:

— Не сціскай мяне, Яська...

— Чаму? — запытаў ён.

— Я ўжо не адна... Яська мой мілы...

Ён не разумеў яе слоў.

— Калі мы пажэнімся, Яська?

Гэтае пытанне, зададзенае ўпершыню, ашаламіла Яся.

— Мы яшчэ не перастаркі, Анэлька... Хіба не хопіць часу? От пачакаем да каляд... У нас цяпер такая няўпраўка ў гаспадарцы...

— Да каляд... — Анэля адхіснулася ад яго. — Я цяжарная, Ясь...

Анэля не бачыла, як пабялеў і скрывіўся яго твар. Ясь спалохаўся і не ведаў, што адказаць.

— Даўно? — ледзь чутна запытаў ён.

— Не ведаю... Можа, і даўно...

— Да бабулькі трэба, Анэля...

— Да бабулькі?! Гэта ж тваё дзіця!

— Ну, Анэля, хіба я гэтага не ведаю... Але ўсё роўна трэба да бабулькі... Вунь старая Болесіха, яна і замужнім робіць.

— Ясь, Ясь... Хіба я гэтага чакала ад цябе? Значыць, так яно і ёсць... Ты толькі глуміўся нада мною...

— Прыдумаеш ты, Анэля...

Тую ноч яны прабылі пад чаромхамі давідна. Увесь час Ясь тлумачыў Анэлі, што трэба ісці да Болесіхі. Ён абяцаў сам дамовіцца са старою, заплаціць ёй так, каб яна трымала язык на прывязі. Анэля яму нічога не адказвала: ні згаджалася, ні адмаўлялася. Нарэшце заружавелася зара. Пара было разыходзіцца. Ясь нецярпліва чакаў Анэлінага адказу.

— Ну, Анэля, золатка, не маўчы... Гэта ж не па лесе хадзіць, а па людзях. Удзень я дамоўлюся з Болесіхай, а вечарам сходзім, га?

— Не, Ясь, не пайду,— рашуча адказала яна.— Я ўжо ўсё зразумела... Не хочаш ты мяне, не шкадуеш свайго дзіцяці... бог з табою... А забіваць дзіцё я не буду. Не, не буду, Ясь...

— Эх ты!..

Ён павярнуўся і паволі пайшоў. Ён чакаў, што Анэля адумаецца, пакліча яго. Але яна ведала, што гэта быў іх апошні вечар, што Ясь больш не вернецца да яе нават тады, калі б яна пайшла з ім да Болесіхі. Ёй захацелася пабегчы за ім услед, кінуцца яму на шыю і моцна-моцна пацалаваць апошні раз. Але Анэля стрымала сябе. У вачах яе стала цёмна, а на сэрцы пуста. Хістаючыся, яна пайшла дахаты і лягла ў сенях на халодны ложак. Хацелася плакаць, але яна адчувала, што і слязамі не змыць яе страшнага гора, яе цяжкае тугі. Сухімі вачыма Анэля глядзела у вузкае акенца, у якое лілося летняе світанне, але нічога не бачыла.

У той дзень яна праляжала ў пасцелі да вечара. Калі зайшло сонца, яна ўсё-такі выйшла на лавачку пад чаромхі. Яна не чакала Яся, але месца гэта стала дарагім яе сэрцу. А Ясь не прыйшоў. Не прыйшоў ён і назаўтра, і ніколі. Потым яна дачулася, што ён ужо ходзіць да багатай шляхцянкі на далёкі хутар.

Хутка пачалася вайна з Нямеччынай. Яся мабілізавалі ў армію, і ён нават не прыйшоў развітацца з Анэляй. Потым яна даведалася, што мабілізаваны ўсе хлопцы, у тым ліку і Антось Калюга.

Усе падзеі, якія адбываліся ў тыя дні, не пакінулі ў душы Анэлі следу. Сэрца яе зачарсцвела і не ўспрымала акаляючага. Калі прыйшла Чырвоная Армія, Анэля не выйшла сустракаць яе. Ёй не хацелася паказвацца на людзях, яна ведала, што пра яе цяпер і так шмат гавораць. Калі старога Кандыбу з сям’ёй выгналі з хутара, а да яе маленькага хутарка прырэзалі тры гектары зямлі, яна не вельмі і ўзрадавалася.

Анэля нічога не гаварыла маці, але тая і сама ўбачыла, што да яе дачкі прыйшло гора горкае. Яна не папракала дачку, аднак глядзела на яе з такім жалем, што той цяжка было заставацца з маці ўдваіх.

Цяпер Анэля ўся аддалася працы. Яна ўзарала сваё поле, пасеяла жыта, потым выкапала бульбу, адна цягаючы важкія мяхі.

— Сцеражыся, дачушка,— казала маці.

Анэля ўпарта маўчала. У грудзях яе кіпела злосць на ўвесь свет, і яна пазбягала сустрэч з людзьмі.

У познюю восень Анэля распачала малацьбу. Можна было згаварыцца з суседзямі і хаўрусам наняць малатарню, але яна ўсё збожжа перамалаціла цэпам.

У доўгія зімовыя вечары, седзячы за калаўротам, яна ўспамінала свае сустрэчы з Ясем, і здаваліся яны такімі далёкімі і неверагоднымі, як сон.

А на хутарах і вёсках ужо кіпела новае жыццё. У Кандыбавым доме адкрылі клуб. Кожны вечар туды збіралася моладзь. Не такімі сталі вечарынкі. Часта прыязджала кінаперасоўка, хлопцы і дзяўчаты наладжвалі спектаклі. Анэля не цікавілася гэтым. Яна лічыла, што жыццё яе загублена назаўсёды.

Аднойчы ў бурную лютаўскую ноч перад нядзеляй Анэля даставала са склепа бульбу. Яна ўзняла на падлогу вялікі кош і адчула, што ўсярэдзіне яе нешта абарвалася. Яна ледзь паднялася па драбіне і звалілася на падлогу. Да яе кінулася маці. З яе дапамогай Анэля так-сяк дабралася да ложка...

Калі скончылася тая пакутная ноч, Анэля была ў беспрытомнасці. Першыя словы, якія пачула ад маці, зусім прыгнялі яе змучаную істоту.

— Нежывенькае, дачушка... Хлопчык.

— Мама! — ускрыкнула Анэля.— Чаму ж ён нежывенькі?! — у роспачы запытала яна.

— Гэта бог ведае, а не я...

— Мама, гэта вы... гэта вы яго...

Маці адхіснулася ад ложка і пачала хрысціцца.

— Гаротніца ты мая бедная... Ці я цябе лаяла, ці папракала! Бога ты не баішся такое падумаць... Няхай бы жыў! Свет цяпер не той, і яму месца знайшлося б!

— Ах, мама... Даруйце мне...

— Хай бог табе даруе, а я ўжо даўно даравала... І калі выйшла ўжо так, то няхай і людзі не ведаюць пра гэта... Пахаваем яго самі.

— Чаму яны не ведаюць...

— Эх, дачушка... Гаварылі людзі, яшчэ пагавораць і замаўчаць... А можа, было, а можа, не было.

Каля месяца праляжала Анэля ў ложку. І калі ўстала, то гэта ўжо была не тая Анэля... І душою, і целам.

 

5

У красавіку з фашысцкага палону прыйшоў Антось Калюга.

Хоць і цяжкім, не па-чалавечы жорсткім быў рэжым у фашысцкіх лагерах для палонных, але дачуліся хлопцы-беларусы, што на іх радзіме няма ўжо польскіх паноў, што цяпер там Савецкая ўлада.

Нямала загінула ўцекачоў-палонных на лясных і балотных сцежках Усходняй Прусіі, на польскай зямлі ад голаду, холаду і варожых куль, але Антось Калюга выжыў. Ён прыйшоў на свой хутар чорны, абарваны і схуднелы, як шкілет.

Услед за ім пачалі з’яўляцца і іншыя хлопцы з навакольных вёсак. Толькі Яся Кандыбы не было.

І хаця Анэля амаль не ўспрымала тых падзей, якія адбываліся вакол яе, сэрца сціснулася, калі яна пачула, што вярнуўся Антось Калюга. Яна зноў успомніла першую вечарынку, сустрэчу з Антосем у лесе, і ёй захацелася заплакаць па загубленай маладосці.

Часта, выйшаўшы з адрыны з рэзгінамі трасянкі для каровы, яна застывала, як каменная, і глядзела на хутар Кандыбы. І хоць там даўно ўжо быў клуб, але здавалася, што і цяпер, як некалі ў шчаслівыя дні, мільгане там постаць Яся. «Можа, ён вернецца»,— думала Анэля. І хоць яна ведала, што паміж імі ўсё скончана, бо глыбокае пачуццё, якое калісь гарэла ў яе сэрцы, даўно ўжо стлела, але хацелася яшчэ раз пабачыць таго, хто спачатку прынёс ёй так многа шчасця, а потым столькі гора.

У Анэлі зараз яшчэ прыбавілася клопатаў. Захварэла маці. Болей двух тыдняў пракідалася яна ў пасцелі і ў адну красавіцкую ноч ціха сканала.

Цяпер Анэля засталася зусім адна. Не было з кім нават перакінуцца словам. Можа, гэта і прывяло да таго, што яна пачала штодзень хадзіць у касцёл, дзе ўсё гаварыла ёй аб тым жыцці, якое павінна прыйсці пасля смерці... Яна адчувала сябе вялікай грэшніцай і жадала стаць вартай таго, шчаслівага, вечнага, жыцця. Яна горача малілася, слухала музыку аргана, спевы касцельнага хору. Усё гэта на некаторы час выганяла прыгнечанасць з яе душы, рассявала ціхую безнадзейнасць, бясконцую тугу па страчаным шчасці.

Анэля не магла без хвалявання глядзець на малых дзяцей. Часта ўспамінала пра сына. Яна ўяўляла, якім бы ён быў цяпер. Як хацелася, каб ён жыў! Інстынкт маткі, якая нарадзіла, але не выкарміла дзіця, не даваў ёй спакою. Яна пачала любіць чужых дзяцей. У святочныя летнія дні яны, як вераб’і, зляталіся на яе хутарок. Яна ім давала кветкі, частавала гароднінай, гарохавымі і бабовымі струкамі, вучыла спяваць песні з кантычкі, арганізоўвала гульні.

Хадзіць у касцёл стала для Анэлі такою прывычкаю, што яна не магла пражыць дня, каб не схадзіць туды.

Ксёндз вельмі хутка заўважыў гэтую маладую жанчыну і яе прыхільнасць да касцёла. Спачатку ён непрыкметна наглядаў за ёю, потым пастараўся дазнацца аб яе гісторыі. Яму перадалі яе, безумоўна, у перакручаным выглядзе, аднак ён зрабіў патрэбны для сябе вывад. Розныя дробныя работы ў касцёле ён узлажыў на Анэліны плечы. Яшчэ ў маленстве Анэля любіла маляваць. Любоў да гэтай справы засталася ў яе і ў сталым узросце. Яна нават крыху зарабляла, размалёўваючы настольнікі, навалочкі і ручнікі. Ксёндз скарыстаў і гэта. Перад вялікімі святамі Анэля ўпрыгожвала касцёл. Яна са здавальненнем рабіла гэта, бо верыла, што работа ў касцёле здыме з яе хоць частку яе вялікіх грахоў.

Часта ёй даводзілася па просьбе ксяндза мыць падлогу ў клебаніі і выконваць іншыя хатнія работы. Ксёндз з прагнасцю аглядаў яе зграбную пругкую постаць, і, можа, толькі вечна тужлівы, спалоханы погляд яе шчырых, па-дзяцінаму праўдзівых вачэй выратаваў яе ад яшчэ аднаго няшчасця.

Так і праходзіла яе ціхае, адзінокае жыццё. Яно было тым болей адзінокім і непрыкметным, што ніхто яго не заўважаў, ніхто з таварыскім удзелам не звярнуўся да яе. І сама яна не хацела ні да каго звяртацца, бо лічыла, што з яе толькі пасмяюцца.

У пачатку чэрвеня Анэля дачулася, што ажаніўся Антось Калюга. Анэля не сустракалася з ім ад таго часу, калі ён дагнаў яе на лясной дарозе, аднак вестка аб тым, што ён жэніцца, чамусьці кальнула яе ў сэрца. У Анэлі з’явілася думка, што іначай склалася б яе жыццё, каб у яго ўвайшоў не Ясь Кандыба, а Антось Калюга.

 

6

Як ні хавалася Анэля ад жыцця, яно не магло абмінуць ні яе самой, ні яе закінутага на ўзлессі хутара.

Ужо першыя дні Айчыннай вайны ўнеслі ў жыццё Анэлі шмат змен. На хутарах з’явіліся фашысцкія салдаты. У былым маёнтку пана Скірмунта, на маляўнічым беразе ракі Свіранкі, размясціўся нямецкі гарнізон. Ён заняў усе жылыя памяшканні, аборы, гумны і свірны. Касцёл знаходзіўся паблізу маёнтка, і Анэля зусім затужыла. Не хацелася ёй пападацца на вочы фашысцкім салдатам, а, ідучы ў касцёл, іх нельга было абмінуць. Некалькі дзён яна не выходзіла з хаты, думала, што гэтая навала так жа хутка адкоціцца, як і накацілася.

Хоць Анэлін хутар быў і далёка ад вялікай дарогі, фашысцкія салдаты хутка знайшлі яго. Ім патрэбны былі куры, яйкі, масла і малако. Белабрысы доўгі фашыст, зайшоўшы да Анэлі, акінуў пагардлівым поглядам яе хацінку.

— Хаўз шлехт, фрэйлін гут! — пастукаў ён Анэлю па плячы.

Потым немец растлумачыў, што яму патрэбны «яйкі і млека». Анэля прынесла яму яек, масла і малака, абы хутчэй адправіць з хаты.

Хутка на свой хутар з’явіўся стары Кандыба. Тры гектары, якія Анэлі дала Савецкая ўлада, ён адразу адабраў і далучыў да сваёй зямлі. Гэта ўскалыхнула Анэлю. Яна ўжо не магла маўчаць. Доўга не раздумваючы, яна накіравалася да Кандыбы.

— Дзядзька,— сказала яна,— я ж апрацавала і засеяла гэтую зямлю. Няўжо ж я не збяру з яе таго, што засеяла?

— Не, дзеўка, не збярэш. Збяру я.

— Уся ж мая бульба пасаджана на гэтай зямлі.

— Я цябе не прасіў, каб ты на маёй зямлі саджала бульбу.

— Дзядзька...

— Маўчы ты, дзеўка...— ён вылаяўся брыдкімі словамі.— Скончылася ваша... ваша...— ён не знаходзіў слоў.— Я вось зраблю, што ўсю нарыхтоўку за гэтую зямлю аддасі немцам ты. І заплаціш ты!

У Анэлі калацілася сэрца, калі яна прыйшла дамоў. «Што рабіць? — думала яна.— Хто дапаможа, хто выратуе?..» Яна кінулася да суседзяў, да ўсіх тых, каму Савецкая ўлада дала зямлю. І ўсюды яна ўбачыла адну бяду, адно гора...

Тады яна вырашыла схадзіць да ксяндза. Цяжка было адважыцца на гэта, бо да касцёла было болей двух кіламетраў, гарнізона абмінуць нельга, а яна ўжо ведала, як небяспечна дзяўчыне або маладой жанчыне сустракацца з фашысцкімі салдатамі. Аднак пайшла.

— Дачка мая,— сказаў ксёндз, выслухаўшы Анэліну крыўду,— табе не трэба было браць зямлі пана Кандыбы. Хіба, псякрэў, бальшавікі куплялі зямлю для пана Кандыбы? То ест паганцы, бязбожнікі, псякрэў. Але немцы сцерлі іх з нашай зямлі. Сам бог карае іх рукамі немцаў. Ён пакарае і ўсіх тых, хто ім служыў!

Анэля са страхам глядзела ў вочы айца пробашча. Ён цяпер быў больш падобны на фашысцкага афіцэра, чым на ксяндза. Высокі і дужы, ужо сівеючы, з буйным арліным носам, з тонкімі губамі і цяжкім падбародкам, ён выглядаў грозна і пагражаюча. Анэля толькі цяпер па-сапраўднаму ўбачыла, які ён. Да гэтага дня ён здаваўся ёй святым, такі пакорны і ласкавы быў яго позірк, такі мяккі і лагодны голас. І хадзіў ён заўсёды прыгнуўшыся, нібы цяжар людскіх грахоў увесь час ціснуў яму на плечы.

Убачыўшы здзіўленне ў вачах Анэлі, ксёндз зразумеў, што сказаў лішняе. Ён перахрысціўся, апусціў вочы долу і моўчкі прастаяў некаторы час з такім выглядам, нібы моліцца.

— Дачка мая,— ціха сказаў ён.— Не трэба гнявіць бога... Мы шмат думаем аб зямным і забываем пра тое, што нам будзе ўгатавана на тым свеце. Але я зраблю так, каб твая праца не прапала дарма. Я ў хуткім часе патутару з панам Кандыбам.

— Дзенькую, пане пробашч.

— Не цурайся касцёла, дачка мая. Ён табе заўжды дапаможа.

— Баюся, пане пробашч... Баюся немцаў.

— Яны не звяры. Яны аднае з намі веры. Нічога і нікога не бойся, дачка мая, калі ідзеш у божы дом.

Праз некаторы час Кандыба вярнуў Анэлі трэцюю частку яе пасеваў.

Гэта ў некаторай меры супакоіла Анэлю, але не так, каб вярнуць яе жыццё ў старое рэчышча.

 

7

Анэлі ўжо не хапала таго замкнутага існавання, якое дасюль яе поўнасцю задавальняла. Яе пацягнула да людзей. Пачало з’яўляцца жаданне раскрыць каму-небудзь сваю душу, расказаць пра сваё гора. Яна яшчэ не разумела, што яе асабістае гора патанула ў вялікім горы ўсіх сумленных людзей, стала яго маленькай кропелькай. І як жа здзівілася яна, калі сустрэла недаверлівае маўчанне з боку тых, з кім яна жадала зблізіцца.

За ляском, ля якога стаяла яе сядзіба, быў хутар Фэлікса Шыбкі. Фэлікс пры Савецкай уладзе таксама атрымаў некалькі гектараў Кандыбавай зямлі. Ён быў такі гаротны працаўнік, і так ён жадаў як мага хутчэй выйсці з жабрацтва, што восенню трыццаць дзевятага года, адразу пасля атрымання зямлі, засеяў болей гектара жытам. Вясной ён абсеяў яе ўсю. Здавалася, ён ужо стаў на ногі, і вось прыйшла нямецкая навала. Кандыба адабраў у яго зямлю разам з пасевамі.

Да Фэлікса і пайшла Анэля. Высокі і дужы, крыху сагнуты, са стрыжанай пад машынку барадой і доўгімі вусамі, ён толькі зірнуў на Анэлю і адвярнуўся. Калі яна звярнулася да яго жонкі, тая нічога не адказала. Цяжка і крыўдна стала Анэлі. Яна пайшла ад Фэлікса з горкім асадкам на сэрцы. «Што таму прычынай? — думала Анэля.— Што я ім зрабіла?» ...Яна не ведала, што суседзі не вераць ёй, бо толькі ёй адной Кандыба вярнуў частку пасеваў.

Кандыба да таго часу ўжо быў старастам. Ён прыняў пасаду з рук фашыстаў і пачаў ім верна служыць. Усіх тых, хто з радасцю сустракаў Савецкую ўладу, хто спачуваў ёй, ён прадаў фашыстам. З жахам глядзела Анэля, як паліцаі вялі па бальшаку ў бок гарнізона збітых звязаных людзей, як палалі агнём іх хаты і гумны. Першым быў схоплены Стась Галубоўскі, член сельскага савета, які дзяліў паміж сялянамі зямлю пана Скірмунта і такіх міраедаў, як Кандыба. Забралі не толькі яго, але і жонку. Потым схапілі Андрэя Ломаця, камсамольца, загадчыка хаты-чытальні. Усіх іх Анэля добра ведала. Андрэй у трыццаць дзевятым годзе клікаў яе на сход. На сход яна не пайшла, але часта з усмешкай успамінала гэтага вясёлага хлапчука. Стась Галубоўскі ў тым жа годзе наразаў ёй зямлю. Яна частавала яго сырам і кіслым малаком. «Шукай мужа, Анэля,— гаварыў ён ні то жартам, ні то сур’ёзна,— цяпер у цябе гаспадарка ладная...» І вось ужо няма гэтых людзей. І не праходзіць ні аднаго дня без жудаснай навіны.

Анэля зноў замкнулася ў самой сабе. Нават у касцёл яна пачала хадзіць толькі раз у тыдзень. Малілася дома. Малілася горача, са слязамі, прасіла пана Езуса і яго святую матку пашкадаваць бедных людзей.

Аднойчы ў нядзелю, калі яна выйшла з касцёла, яе спыніў ксёндз.

— Дачка мая,— сказаў ён,— ты пачала забываць дарогу ў божы дом.

— Баюся, пане пробашч...— ціха адказала яна.

— Я ўжо табе казаў: не трэба нічога баяцца.

— Баюся, пане пробашч,— упарта паўтарыла яна і дадала: — Я малюся дома.

— Гэта добра,— сказаў ксёндз,— але не трэба забываць дарогі і да святога касцёла,— ён уважліва глянуў на яе твар.— Падумай аб гэтым, дачка мая.

— Добра, пане пробашч.

Аднак колькі яна ні думала, розум падказваў ёй, што фашыстаў трэба асцерагацца, і яна па-ранейшаму хадзіла ў касцёл толькі раз у тыдзень.

Адзінай уцехай яе былі дзеці з суседніх хутароў. Яны не пакідалі Анэлю, а так, як і да вайны, кожнае свята дружнай гурбой збіраліся на яе хутар. У такія дні Анэля аджывала. Больш, чым іншым, яна аддавала ўвагі Фэліксавым дзецям — тром хлапчукам і дзяўчынцы. Заўсёды басаногія, абадраныя, яны дурэлі менш, чым іншыя дзеці. Анэля ўглядалася ў іх сумныя тварыкі і думала: «Хочуць есці... Далібог, яны галодныя». Яна заводзіла іх у хату і карміла.

Аднойчы, у асеннюю ноч, Анэля прачнулася ад стрэлаў, якія даносіліся з боку гарнізона. Яна не магла зразумець, што здарылася. Вайна ўжо даўно адышла на ўсход. Парушалі цішыню толькі самалёты, якія ішлі то на захад, то на ўсход, а такіх частых стрэлаў даўно ўжо не было чуваць.

Толькі назаўтра яна даведалася, што партызаны часткова знішчылі гарнізон. Рэштка фашыстаў уцякла ў напрамку да мястэчка Кабыльнік. Аднак замацавацца ў маёнтку партызаны не маглі. Занадта блізка быў Кабыльніцкі гарнізон, значна мацнейшы, чым тутэйшы.

Раніцой Анэля бачыла, як удалечыні па шляху ішлі партызаны, ехалі фурманкі з трафеямі. У той жа дзень яна даведалася, што шмат хто з мужчын пайшоў за партызанамі, у тым ліку і Фэлікс Шыбка. Пра Антося Калюгу яна нічога не ведала, толькі чула, што ён знік у першыя дні вайны, пакінуўшы жонку са старым бацькам.

Надышлі цяжкія дні. Фашысты азвярэлі. Яны не толькі адбіралі апошняе, але і катавалі людзей. Кандыба з паліцаямі ім дзейна дапамагаў. Добра было толькі, што пасля бойкі з партызанамі і фашысты, і паліцаі не так смела лазілі па хутарах і вёсках. На далёкі Анэлін хутар яны рэдка адважваліся заходзіць.

Так прайшла першая ваенная зіма. Наступіла вясна. Аднойчы Анэля капала грады. Вечарэла. Вясна ўжо ўбіралася ў сілу. Лясы былі яшчэ голымі, але такім цёплым ветрыкам павявала з поўдня, што маладая травіца ўвачавідкі лезла з зямлі.

Анэля любіла работу на агародзе. Грады яна садзіла значна раней, чым яе суседзі, і кожную вольную хвіліну аддавала іх догляду. Нават стары Кандыба зайздросціў, што ў Анэлі гуркі ўжо растуць, а ў яго толькі цвітуць, у яго на памідорах толькі пупырышкі, а ў Анэліным агародзе ўжо вісяць буйныя жаўтабокія плады.

— Ты, дзеўка, мабыць, чараўніца,— сказаў ён ёй аднойчы.

На нейкую хвіліну Анэля забыла аб усім і ўспомніла сваё маленства і дзявоцтва. Як любіла яна збіраць першыя вясновыя кветкі! Тут у ляску іх было шмат. Анэля кінула працу і нерухома стаяла, ахопленая ўспамінамі. У гэты час у яе памяці праходзілі тыя вясновыя адвячоркі, калі яна спяшалася закончыць работу, каб хутчэй сустрэцца з Ясем. «Дзе ён цяпер?» — падумала яна, але гэта думка не прынесла жадання пабачыць яго.

Анэля ўздрыгнула, калі нечакана пачула свіст з боку ляска. Яна прыслухалася. «Мабыць, здалося»,— падумала яна і ўзялася за рыдлёўку. Але свіст зноў паўтарыўся. Не думаючы аб тым, што робіць, Анэля ўваткнула рыдлёўку ў зямлю і паволі пайшла да ляска. Яна схамянулася толькі тады, калі ўбачыла ў кустах чалавека, які махаў ёй рукою. Анэля спачатку спалохалася, але, пазнаўшы Антося Калюгу, смела пайшла да яго.

Антось значна змяніўся з тае пары, калі яна бачыла яго пры сустрэчы ў лесе. Ён узмужнеў за гэты час. Валасы не тырчалі з-пад шапкі, як калісь. Ён трымаў у руках аўтамат, цераз плячо была перакінута палявая сумка. Калі яна падышла да яго, Антось усміхнуўся.

— Малайчына, Анэля,— сказаў ён.— Не спалохалася. Не думаў я, што адважышся ісці на свіст.

— Каб не пазнала цябе, Антось, блізка не падышла б... Ды і каму я патрэбна такая...

— Якая?

— Старая баба...

— Гэта ты дарэмна, Анэля... Ну, як жывеш?

— Ай, Антось... Сам ведаеш, як жывуць цяпер людзі.

— Чаму я не ведаю? Але я пытаюся, як жывеш ты.

— Хіба ты не ведаеш майго жыцця, Антось... Якое гэта жыццё...

— А як маецца Кандыба?

— Адкуль я ведаю?

— Ён жа твой сусед. І добры сусед.

— Ай, Антось... Гэта ты пра тую трэцюю частку гаворыш... Дурная была, то ўзяла... Жыцця няма ад Кандыбы... Горай, як немцы. Амаль штодзень па хатах валочыцца. Тыя цяпер баяцца, а ён: давайце тое, давайце гэта... І воўну забраў, і лён...

Антось уважліва слухаў і маўчаў.

— А сёння тут немцаў не было?

— Не, Антось, не было. Хіба на іншых хутарах, але і то не чуваць было.

— Праўду кажаш?

— Ай, Антось, няўжо ты мне не верыш? — сказала яна з такім здзіўленнем і жалем, што Антось пашкадаваў, што задаў такое пытанне.

— Не хвалюйся, Анэля, я табе веру. А хіба кожнаму можна верыць? Асабліва на маім месцы і ў такі час. А цяпер скажы шчыра: у цябе хлеб ёсць?

Яна зірнула на яго з глыбокім дакорам.

— Ты, Антось, есці хочаш, то чаму адразу не сказаў? Хіба я не ведаю, што ты ў партызанах... Ёсць яшчэ і хлеб, і сала кавалачак знайду. Ад немцаў усё хаваем, а ад вас грэшна было б. Я табе прынясу.

Яна памкнулася ісці.

— Пачакай, Анэля,— спыніў яе Антось.— Тут справа такая... Калі маеш цэлую буханку, то прынясі яе ўсю. Я табе заплачу. Бачыш, дамоў мне зайсці нельга, а ў Фэлькі Шыбкі, сама ведаеш, нічога няма.

— Ведаю, Антось... І платы мне не трэба.

— Толькі прынясі так, каб было непрыкметна.

— У кош пакладу і пайду ў лясок, нібы лісце збіраць для каровы на подсціл. Ты чакай мяне тут, Антось.

Хутка яна вярнулася.

— Ты ж, Анэля, нікому пра гэта не скажаш?..

— От які ты, Антось... Няўжо я такой стала...

— Я табе заўсёды верыў, Анэля.

Яна вярнулася дахаты такая ўсхваляваная, што нават не мела сілы капаць агарод.

У тую ноч знік стары Кандыба. Яго знайшлі ў лесе пры шляху павешаным на асіне.

 

8

Скончылася вайна. Вярнуліся дамоў салдаты і партызаны.

Многія з іх знайшлі замест родных вёсак папялішчы.

Прыйшоў на свой хутар і Антось Калюга. Ён пасталеў. Тонкія, але прыкметныя зморшчыны з’явіліся ў яго на твары, пачалі сівець русыя валасы.

Ён стаяў на тым месцы, дзе калісь была яго хата, і трымаў за руку чатырохгадовага хлопчыка.

Шмат вытрымаў Антось выпрабаванняў. Яго жонка не паспела ўцячы з вёскі. Схапілі яе фашысты і закатавалі да смерці. Цудам выратаваўся стары бацька, які з маленькім унукам быў у полі, пасвіў кароў. Два дні сядзеў стары Калюга ў балоце разам з іншымі ўцекачамі, пакуль іх не знайшлі партызаны. Мабыць, не выжыў бы ў гэтыя дні малы Андрэйка, каб не суседка Адэля, у якой таксама было малое дзіця. А стары Калюга хоць і выжыў, але не вытрымалі старыя косці балотнай сырасці. Ледзь дабраўся да партызанскага лагера, а там лёг і болей не ўстаў...

Антось стаяў на папялішчы свайго гнязда і думаў, што вайна адабрала ад яго і сям’ю, і родны дом. Толькі аднаго не адабрала яна — Радзімы. Антось Калюга выстаяў і перажыў усё, абараняючы яе.

— Ты ўжо замарыўся, мой хлопчык? — запытаўся Антось у сына, беручы яго на рукі.

— Не. А дзе цёця Маня?

— Няма цёці Мані, мой хлопчык. Яна паехала дамоў.

— А ці скора яна прыедзе?

Антось з замілаваннем зірнуў на сына.

— Яна не прыедзе, сынок...

У гэты час успомніў Антось цёцю Маню, пажылую партызанку з Віцебска, якая даглядала ў лагеры ўсіх дзяцей, вось такіх, як яго сын, сірат, што засталіся без матак. «Эх, дарагая цёця Маня! — падумаў ён.— Колькі цяпер у цябе сыноў і дачок, якія ў гэты час успамінаюць цябе, як і мой сын!»

Нядоўга стаяў Антось. Трэба было знайсці месца, дзе б хоць часова прытуліцца.

Вечарэла, калі Анэля ішла дамоў з касцёла. Дарога вяла праз той самы лясок, дзе яны калісь сустрэліся з Антосем. Яна ўжо забылася пра тую сустрэчу... Ды і лясок змяніўся. Ён нібы памаладзеў. Кучаравыя бярозкі, ахутаныя маладым лісцем, стаялі пры самай дарозе. За прыдарожнымі канавамі шаптаўся стромкі алешнік, цвілі хвойкі, выцягнуўшы ў вышыню маладыя парасткі.

З ціхім сумам глядзела Анэля вакол і не пазнавала мясцовасці. Адусюль веяла цішынёю і спакоем, толькі з глыбіні лесу ліўся вясёлы і клапатлівы шчэбет птушак.

Анэлі часта сустракаліся людзі. Але ў іх вачах не відаць было ні варожасці, ні падазронасці. Людзі не абыходзілі адзін аднаго, а прыязна віталіся і заводзілі гутарку. А нейкі незнаёмы нізенькі дзядуля нават спыніўся, абапёрся на кіёк і зняў шапку.

— Вось і вясна прыйшла,— весела сказаў ён.— Заўваж, кабетка, за чатыры гады першая вясна пасля вайны...— Ён уздыхнуў.

«Так, вясна,— падумала Анэля,— каторая вясна майго жыцця! І не дзіва, што гэты дзядок назваў мяне кабетаю».

Яна ўздыхнула. Цяпер ёй нічога не трэба. Надыходзіць старасць... Паціху дажыць сваё гаротнае жыццё, вось і ўсё...

Анэля была рада, што пасля доўгага перапынку зноў пачаў працаваць касцёл. Стары ксёндз уцёк з немцамі, і гэта добра. Наўрад ці магла б яна шчыра маліцца, каб ён застаўся. Тая гутарка пра Кандыбаву зямлю, той яго драпежны выгляд не выходзілі з яе галавы. На месцы былога ксяндза з’явіўся невялічкі, ужо стары, але яшчэ бадзёры і праворны пробашч з Вільнюса. Сёння ён сказаў гарачую казань, у якой заклікаў усіх верных католікаў працаваць шчыра і сумленна, аднаўляць разбуранае, бо Савецкая ўлада не забараняе рэлігіі. Не трэба забываць бога і святога касцёла, казаў ён. Трэба ўмацоўваць святую каталіцкую веру, і для ўсіх прыйдзе збавенне на тым свеце.

Калі Анэля выйшла з лесу і ўбачыла Кандыбаву хату, яна адразу зразумела, што там нешта адбываецца. Дасюль хутар быў пусты, а цяпер там стаялі фурманкі, хадзілі людзі. У хаце былі адчынены дзверы, з акон зняты дошкі, з коміна віўся ледзь прыкметны дымок.

Анэля прыбавіла кроку. Ёй было цікава паглядзець, што за людзі будуць яе суседзямі. Калі яна падышла да хутара, то ўбачыла хлопчыка гадоў чатырох, які забаўляўся пугай, ссякаючы ёю маладыя лапухі, што густа раслі каля плота. Хлопчык таксама ўбачыў Анэлю і адразу кінуў свой занятак.

— Цёця, а мы будзем тут жыць,— паведаміў ён і спыніўся каля варот.

Спынілася і Анэля. У адзін момант у памяці яе паўстала даўно прайшоўшая пакутная лютаўская ноч, і сэрца зашчымела ад вострага болю.

— Андрэйка! З кім ты гаворыш? — пачула яна знаёмы голас і ўбачыла на ганку хаты Антося Калюгу. Ён хутка падышоў да сына і, убачыўшы Анэлю, радасна засмяяўся.

— Анэля! Дык гэта ён з табой знаёміцца? Ну, як ты жывеш?

— Жыву, Антось.

— А я, бачыш, у суседзі да цябе перайшоў, пакуль сваю хату ўзніму.

— Дык у цябе, Антось, такі вялікі сын...— сказала яна з зайздрасцю. І ёй захацелася сказаць, што і ў яе быў сын, і каб ён нарадзіўся жывы, то цяпер быў бы большы за Антосевага.

— Ён у мяне малайцом, і партызан!

— А як жа ты з ім, Антось?.. Яму ж догляд трэба...

— А я не адзін тут. Нас тут тры сям’і такіх бяздомнікаў. Ёсць каму даглядаць. Ну дык як ты жывеш?

— Так і жыву, як жыла...

— Значыць, па-старому... А па-старому цяпер жыць нельга, Анэля, нельга. Трэба пачынаць новае жыццё. Трэба і нам жыццё будаваць так, як ужо даўно пабудавалі нашы браты на ўсходзе.

Ён уважліва паглядзеў на яе і раптам весела засмяяўся.

— А памятаеш, як ты мне ў лясок харчы прынесла?

— Памятаю, Антось...— адказала Анэля.

Цяпер ёй здалося, што той выпадак — гэта самае прыгожае, самае лепшае і шчаслівае, адзінае ў яе жыцці, што варта ўспомніць, чаго нельга забыць.

— Памятаю, Антось...— паўтарыла яна.

— А ведаеш, чаму я ў цябе цэлую буханку папрасіў?

— Ведаю, Антось, ты не адзін быў.

Ён кіўнуў:

— Так, Анэля, я тады быў не адзін... Ну дык вось. А цяпер мы будзем суседзямі.

 

9

Анэля была рада, што Антось стаў яе суседам. Яна больш не была такой адзінокай. Прыемна было бачыць рух людзей каля пустое калісьці хаты, адчуваць, што людзі гэтыя не чужыя ёй, пачуць дзіцячы гоман і смех і нават проста заўважыць святло ў акне або дымок над комінам.

Яна старалася не сустракацца з Антосем, нават пазбягала такіх сустрэч, бо заўсёды ў яго прысутнасці адчувала сябе няёмка. А вось Андрэйка, яго сынок, ніколі не выходзіў з яе галавы. У яе часта з’яўлялася жаданне пабачыць яго, і яно расло з кожным днём.

Аднойчы ў нядзелю, калі да Анэлі прыйшла ўся суседская дзетвара, у гурце Фэліксавых хлапчукоў яна ўбачыла і Андрэйку. Сэрца яе закалацілася. Яна разгубілася ад такой шчаслівай нечаканасці. «Антосеў сын у мяне!» — радасна падумала яна.

Андрэйка быў непаседлівы хлопчык. Зацікавіць надоўга якой-небудзь гульнёй яго было немагчыма. Ён аблазіў усе куткі яе невялікай сядзібы, нарэшце зусім знік. Анэля спачатку не заўважыла гэтага. Раптам з боку хлява пачуўся яго голас:

— Я сам не злезу!

Знайшлі яго на вышках хлява. Ён туды ўзабраўся па драбіне, але злезці назад у яго ўжо не хапіла адвагі.

Анэля спалохалася — ён жа мог адтуль зваліцца! Што б тады сказаў Антось! Яна ўзяла гарэзу на рукі і зняла з вышак. Ён вылузаўся з яе рук і пачаў шукаць новай цікавай, яшчэ невядомай для яго, мясціны.

У ляску ўжо трапляліся спелыя суніцы, і Анэля павяла туды дзяцей. Андрэйка адразу прыціх і супакоіўся. Ён з цікаўнасцю аглядаўся, услухоўваўся ў лясны шум і раптам запытаў:

— А мы ў лагеры, цёця? Так?

Анэля спачатку не зразумела яго, потым успомніла словы Антося.

— Партызан ты мой мілы,— шапнула яна.

Ёй захацелася схапіць гэтага маленькага чалавечка, які першыя гады свайго жыцця правёў не ў роднай хаце каля матчыных грудзей, а ў лясным партызанскім лагеры, і прытуліць яго да сябе.

— А цёця Маня? — запытаў ён.

— Якая цёця Маня, Андрэйка?

— Цёця Маня.

Анэля не разумела яго. А ён доўга глядзеў на яе, нешта ўпарта хацеў успомніць, і ў вачах яго засвяцілася туга. Мабыць, не мог успомніць, як трэба...

— Цёця Маня...— сказаў ён і прыціх.

Калі Анэля села пад кустом на мяккую траву, ён падышоў да яе, даверліва палажыў галаву на яе калені і праз хвіліну спаў салодкім дзіцячым сном. Яна асцярожна ўзяла яго на рукі і прытуліла да сябе. Ён нават не зварухнуўся. Анэля адчула шчасце. Яна ўяўляла, што гэта яе ўласны сын, кропля яе істоты, і гатова была сядзець так без канца.

Вярнуўшыся з лесу, Анэля ў сваім двары ўбачыла Антося. Ён па-мужчынску ўважлівым вокам аглядаў яе будыніны, платы, вароты. Андрэйка адразу кінуўся да бацькі.

— Добры дзень, Анэля.

— Дзень добры...

Па нейкай невядомай прычыне яна не магла зірнуць яму ў вочы.

— Не толькі мой сын, а і я да цябе ў госці прыйшоў, Анэля. Чым будзеш частаваць такога госця, мо мешалкай? — пажартаваў ён.

— Што ты, Антось! Ах, які ў цябе сын!.. І пра нейкую цёцю Маню гаварыў...— апошнія словы вырваліся ў яе мімаволі.

— Пра цёцю Маню? Значыць, не забыў... Гэта была такая партызанка з Віцебшчыны. У нас там дзіцячы сад быў, дык яна даглядала нашых дзяцей... Як маці. Старэйшых грамаце вучыла, яна настаўніца, а такіх малых, як мой Андрэйка, песціла. А хіба ён памятае матку! Яму ж тады і года не было...

— Маладая? — запытала Анэля.

І гэта пытанне вырвалася ў яе мімаволі. Яна пачырванела ад думкі, што Антось можа падумаць пра яе нешта непатрэбнае. Але Антось нічога не заўважыў.

— Пажылая. Сын на фронце, а муж яе ў нас доктарам быў. Нядаўна ліст ад яе атрымаў, пра Андрэйку пытаецца.

— Пра Андрэйку...

Анэлі было крыўдна, што існуе яшчэ і другі чалавек, які цікавіцца жыццём Антосевага сына і мае на гэта, магчыма, больш права, чым яна.

— Дык усё па-старому жывеш, Анэля?

— А як жа іначай, Антось... Ды чаго ж мы тут стаім, хадзем у хату. Хіба госця на дварэ частуюць...

— Мы і тут пагутарым. Ты толькі не думай, што я пра жыццё таму пытаюся, што мне гаварыць няма пра што. Я і сапраўды хачу з табой пра жыццё пагутарыць.

Яна недаўменна зірнула на яго.

— Ты чула пра калгасы?

— Чаму не чула... Але ж гавораць пра іх...

— Хто гаворыць? Хіба ты не ведаеш, хто гаворыць? Але я чуў гаворку ад тых людзей, якія самі ў калгасах жылі. У нас было многа партызан-усходнікаў, яны, брат, зусім не тое кажуць.

— Нічога я не ведаю, Антось...

— Ну дык вось паслухай. Хіба ты мне не верыш? А я, здаецца, табе заўжды верыў. Я прыйшоў пагаварыць з табой як з суседкай. Будзем арганізоўваць калгас. Не мы з табой удваіх, Анэля. Аб гэтым шмат хто думае. Няўжо ты застанешся збоку? Я думаю, што не застанешся. Мы мяркуем азіміну сеяць разам, не па адным, а калгасам. Будавацца пачнём. Я твае будынкі аглядаў: адно гніллё. Хату скора падпіраць будзеш, бо паваліцца.

— Не ўздужаю я новую хату...

— Адна не ўздужаеш, а калгас уздужае.

— Як людзі, так і я, Антось...

— А я так і разлічваю, што ад людзей ты не адстанеш.

Калі ён сабраўся ісці, Анэля зірнула на Андрэйку, які стаяў каля бацькі, як маленькі дубок каля вялікага моцнага дуба, і нерашуча сказала:

— Антось... Няхай твой Андрэйка часцей да мяне прыходзіць... Тут жа недалёка.

— Будзеш хадзіць да цёці Анэлі? — запытаў Антось у сына.

Андрэйка зірнуў на Анэлю блакітнымі, як у бацькі, вачыма і адказаў:

— Буду.

 

10

Пра гутарку з Антосем адносна калгаса Анэля хутка забылася. У галаве яе цяпер былі іншыя думкі. Яна цікавілася толькі Андрэйкам, без якога жыццё здавалася пустым і непатрэбным. Яна адчувала неабходнасць бачыць яго кожны дзень хоць здалёк.

З Антосем Анэля сустракалася рэдка ды і не хацела сустракацца з ім. Ёй здавалася, што Антось глядзіць на яе не так, як на іншых жанчын. Яна думала, што ён лепш, чым іншыя, ведае яе мінулае і зневажае яе. Калі ў часе гутаркі ён усміхаўся, ёй здавалася, што ён з яе смяецца, калі быў задумёны і сур’ёзны, думала, што ён ставіцца да яе з пагардай. І пасля кожнай гутаркі Анэля перажывала хваравітую ўсхваляванасць. Мінулае, як прывід, паўставала ў памяці і не давала спакою... Як хацелася забыць пра ўсё назаўжды, так, каб ніколі не ўспамінаць, не бачыць нават і ў сне... А Антось заўсёды з’яўляўся перад ёю, як напамінак аб страчанай маладосці, якая не можа вярнуцца...

Быў пачатак жніва, калі аднойчы ў нядзелю Анэлю паклікалі на сход. Яна збіралася ў касцёл і на сход не пайшла б, каб у хату не зайшоў Антось.

— Пра жыццё будзем гаварыць, Анэля,— сказаў ён.

— Пра калгас?

— Так, пра калгас. Жыта будзем сеяць гуртам.

Ён гаварыў так упэўнена, нібы калгас ужо быў арганізаваны і хоць заўтра выязджай на поле і сей.

— Значыць, прыйдзеш?

— Прыйду, Антось.

Гэта быў першы сход, на які пайшла Анэля. Многае на сходзе было для яе незразумелым. Яна слухала гарачыя прамовы сялян, сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў, і не ведала, хто з іх правы. Усе гаварылі ўпэўнена і пераканаўча. Калі выступаў Антось або Фэлікс Шыбка і ўсе тыя, хто ішлі за імі, у Анэлі з’яўлялася ўпэўненасць, што яны кажуць праўду. Калі ж уставаў заможнік, які цягнуўся калісь за Кандыбам, Анэля верыла і яму. Многія маўчалі. Многія падтаквалі таму ці іншаму, або і таму, і іншаму. Так і пайшла яна са сходу, нічога не зразумеўшы, не ведаючы, за кім ісці.

Пад вечар Анэля накіравалася ў касцёл. Яна ішла і думала: «Вось табе і людзі... І тыя людзі, і тыя... Адны думаюць так, іншыя гэтак. Вось і не адстань ад людзей. Усё роўна ад некага трэба адстаць. Ці правы Антось? Можа, ён і праўду кажа, можа, і лягчэй, і лепш будзе ў калгасе, але ж ці адразу? Палі спустошаны, будынкі папалены, коней мала, а авечкі і свінні амаль перавяліся ў наваколлі... Як жа тады калгас? Не, немагчыма... Будзе цяжка... А ці не лепш спачатку на ногі стаць, адбудавацца, наладзіць моцныя гаспадаркі, а тады ўжо і ў калгас».

Анэля вельмі здзівілася, калі пачула размовы аб калгасах і ля касцёла. Яна ўвайшла ў касцёл, выбрала месца каля дзвярэй і пачала маліцца. Прашаптала на памяць некалькі малітваў, разгарнула кантычку і жахнулася: сход не выходзіў у яе з галавы, у вушах стаялі словы, чутыя на сходзе і тут, ля касцёла. Што ж цяпер варта яе маленне, калі яно было няшчырае? Губы яе шапталі адно, а думалася пра іншае. Яна стала на калені і пачала хрысціцца, але не дапамагло і гэта.

Калі ксёндз пачаў казань, яна ўзрадавалася, бо верыла, што пасля яе ўсе сумненні знікнуць. Аднак праз некаторы час зразумела, што не чула казані.

* * *

Анэля прынесла сваю заяву ў праўленне, калі калгас ужо быў арганізаваны.

Шмат перажыла Анэля за гэты час. Яна шмат думала і ні да чаго не магла дайсці. Прыслухоўвалася да гутарак сялян, наведвала суседзяў, хадзіла ў касцёл, упарта старалася знайсці правільны шлях і не знаходзіла.

А хіба не шкада было гаспадаркі! Аддаць каня, калёсы, сані, жыта на сяўбу... Аддаць зямельку, якую столькі гадоў ад самага маленства палівала сваім потам... Засыпаць яравое насенне на будучую вясну... Усяго гэтага было шкада. І яна са здзіўленнем наглядала, як Антось і Фэлікс Шыбка першыя вязуць свой умалот жыта на насенне не сабе, а ў калгас. І Шыбчыха не бяжыць за Фэліксам, не енчыць і не лямантуе, што ён адбірае ад дзяцей хлеб. Шыбчыха, якая не ела ўволю хлеба ўсё жыццё!

Анэля старалася ні аб чым не думаць. «Буду ж неяк жыць...» Аднак адчуванне таго, што яна застаецца збоку, не давала супакою. Ёй цяпер хацелася ўбачыць Антося, які быў абраны старшынёй калгаса, пачуць яго словы, і Анэля пачала шукаць сустрэчы з ім. Але Антось вечна быў заняты, дамоў прыходзіў позна вечарам, і сустрэцца з ім было не лёгка. Анэля некалькі разоў была на Кандыбавым хутары, але насустрач ёй радасна бег Андрэйка. Ён паведамляў ёй свае навіны, і яна смяялася, слухаючы яго няхітрыя дзіцячыя апавяданні.

Тады Анэля накіравалася да Фэлікса Шыбкі. Фэлікса не было дома, яе сустрэла Франуся. Анэля зірнула на яе шчаслівы вясёлы твар і падумала, што Шыбчыха памаладзела. Яна хацела распытаць Франусю аб усім, але не ведала, як распачаць гутарку. Шыбчыха сама яе распачала.

— Ты мо да Фэлікса, Анэля? — запытала яна.— Няма яго дома. Ён жа цяпер брыгадзір, то ад цямна да цямна на полі. А сёння трактара чакае. І так ён трэба! І жыта сеяць дапаможа, і зябліва ўзарэ.

— Трактара чакае?..

— Трактара, Анэлечка! Мой Фэлька кажа, што ён і лес вазіць дапаможа, такі ён моцны і цягучы.

— Які лес, Франуся? —не зразумела Анэля.

— Які лес? Хіба ты не чула? — Франуся паглядзела на яе з дакорам.— Лес дзяржава дае. І на дамы, і на калгасныя будоўлі. Мой Фэлька таксама бярэ. Бо і праўда, хата ж — адна парахня. Ды і да якой пары ў такой нары жыць? Аж прыкра...

Яна адлажыла ўбок штонікі старэйшага сына з прадранымі калашынамі і пачала гойдаць калыску.

— Цэлы дзень то абмывай іх, то латай адзежу. Такія шмаравозы! Ды і ў цябе ж, Анэлечка, хата ледзь трымаецца, з дроў складзена... Мабыць, і халодная?

Анэля не думала пра хату і адказала механічна:

— Халодная...

— А мой Фэлька злуецца на цябе, Анэля. Яшчэ, кажа, і яе трэба за руку ў калгас весці. А я кажу: дарэмна ты на яе, Фэлька, сярдуеш. Не застанецца Анэля ад людзей. А ён: ужо яна, кажа, засталася.

Ад Фэлікса Анэля і накіравалася ў праўленне калгаса. І вось яна стаіць насупраць Антося, які сядзіць за сталом.

— Ну, што ж, падавай заяву. Я так і ведаў, што ты будзеш з намі. Ды і хто цяпер не з намі. Мала хто! Бадай толькі тыя, якіх мы самі не возьмем.

— Антось, можа, я заўтра на ворыва пайду?

— Спачатку прымем цябе ў калгас. Вечарам збяромся, прыходзь і ты. А адносна работы, то гэта справа Фэлікса, ён брыгадзір.

 

11

Упершыню Анэля пачала быць сярод людзей не толькі ў касцёле, але і на працы. На ўсё жыццё запомніла яна той першы ў калгасе дзень, калі разам з усімі калгаснікамі выехала на нарыхтоўку лесу. Спачатку яна сябе адчувала вельмі няёмка. Здавалася, што ўсе глядзяць на яе пагардліва, думаюць пра яе мінулае... Яна старалася трымацца ўбаку, каб менш звяртаць на сябе ўвагу. Але праз некалькі дзён прыкрае пачуццё прыніжанасці і сораму знікла і ўжо болей ніколі не з’яўлялася.

Мужчыны валілі лес з пня, абсякалі сукі, дзяўчаты і маладыя жанкі палілі галлё, распілоўвалі бярвенні.

Цэлую восень і зіму ішло будаўніцтва. Да пачатку вясны ў калгасе стаяла два хлявы, на месцы многіх папялішчаў узняліся новыя зрубы хат калгаснікаў.

Потым надышла вясна, і Анэля пачала ўдзельнічаць ва ўсіх работах. Новае жыццё пакрысе ўвайшло і ў яе думкі, і ў побыт. Яна ўжо не магла ўявіць яго іншым.

Зараз Анэля часцей сустракалася з Антосем. Гэтыя сустрэчы адбываліся не толькі на Кандыбавым хутары, дзе яшчэ жыў Антось, але і на працы, і ў праўленні калгаса. І дзіўна было Анэлі, што ў Антосевых вачах з’явілася нешта такое, чаго раней яна ў іх не заўважала. Змяніліся і яго адносіны да яе. Ён цяпер не жартаваў, не смяяўся. «Вядома,— думала Анэля,— Антось — старшыня, клопатаў і працы ў яго шмат...» А вось позірку яго яна не магла ні забыць, ні зразумець. Нешта большае, чым простая ўвага і зацікаўленасць, былі ў ім.

Анэлі было дзіўна, што яна часта ўспамінае Антося. І не только ўспамінае, але і думае пра яго... У кароткія вясеннія ночы, калі яна лажылася на адпачынак у сваёй адзінокай хаце, ёй заўсёды ўяўляўся Антось, і яна доўга не магла заснуць. «Што са мной робіцца?» — думала яна і не знаходзіла адказу.

Аднойчы ў поўдзень, у часе жніва, Анэля прыйшла з поля, каб падаіць карову. Дзень стаяў сонечны і вельмі гарачы. Анэля спяшалася. Яна схадзіла ў поле, дзе спыняўся на стойла статак жывёлы, падаіла карову і, управіўшыся з гаспадаркай, зайшла ў свой агарод, каб падвязаць кусты памідораў і выбраць крыху гуркоў. Яна аж уздрыгнула, калі пачула вокліч: «Анэля!»

Ля плота стаяў Антось. Быў ён без шапкі і ўвесь абліты потам. Мокрыя валасы зблыталіся на яго галаве, каўнер кашулі быў расшпілены. Ён цяжка дыхаў. Анэля зразумела, што нешта здарылася. Яна хацела запытаць, у чым справа, але не адважылася.

— Прынясі мне, Анэля, халоднай вады. Паміраю ад смагі.

— Вады. Ты ж увесь мокры ад поту... Я табе лепш вынесу малака, Антось.

Яна імгненне стаяла, потым сагнулася, абарвала некалькі спелых памідораў і падала яму. Ён адразу ўгрызся зубамі ў памідор і, здаецца, забыў аб усім. Потым усміхнуўся і сказаў:

— Памідор... У цябе ўжо спелыя памідоры!

— Ужо шмат, Антось.

— Дзіўна! Аднак прынясі мне напіцца.

Калі Анэля вярнулася, Антось ужо прычасаў валасы, выцер пот і зашпіліў каўнер.

— Вельмі добра... Дзякую, Анэля,— сказаў ён, аддаючы ёй збан.— Дык, кажаш, спелыя памідоры...— працягваў ён задумёна.— І кветак у цябе шмат... А ў нас на агародзе чорт ведае што робіцца. Учора там быў... Зелля ў нас шмат, а гародніны мала. А мы такіх агародніц, як ты, у касу і серп запрагаем... Вось што, Анэля: сёння ж адпраўляйся на агарод, зацвердзім цябе звеннявою.

— У мяне загон не дажаты... Можа, няхай заўтра, Антось?

Ён падумаў:

— Добра. А заўтра раніцой абавязкова. Ну і бывай.

— Пачакай, Антось! Занясі Андрэйку памідораў і гуркоў.

— Я не дамоў, Анэля. Некалі мне... І так праз твае памідоры затрымаўся.

І ён, не аглядаючыся, хутка пакрочыў з двара, а яна недаўменна глядзела яму ўслед.

 

12

Адвячоркам Анэля ішла з поля з Франусяй. Франуся спяшалася дадому, дзе яе чакалі дзеці, а Анэля думала. Ёй успамінаўся Антось у такім незвычайным для яго выглядзе, а галоўнае, трывожыла новая праца на калгасным агародзе.

Калі яны пераходзілі шлях паблізу ад сельсавета, Франуся зірнула ў той бок і сказала:

— Глядзі, колькі коннікаў каля сельсавета.

— Нехта прыехаў,— абыякава адказала Анэля.

— Мабыць, міліцыя,— зазначыла Франуся.

Ад Фэліксавай хаты Анэлі трэба было ісці праз лясок. Тут была пратаптана сцяжынка, якая злучала хутары, і Анэля пайшла па гэтай сцяжынцы. Калі яна дайшла амаль да самай сваёй адрыны, нехта ззаду схапіў яе за плечы. Яна не паспела крыкнуць, як рот яе быў затулены дужай рукой.

— Не пазнала, Анэля?

У яе падкасіліся ногі, і яна ледзь не ўпала. Яна пазнала гэты голас. Гэта быў Ясь Кандыба.

— Не будзеш крычаць? — шэптам запытаў ён.

Анэля сцвярджальна кіўнула галавой, і ён прыняў ад яе рота сваю руку. Яна поўнымі жаху вачыма глядзела на гэтага высокага і дужага чалавека, які калісьці быў блізкім і дарагім яе сэрцу. Як ён змяніўся з тае пары!

Худы і пастарэлы, абарваны, залеплены граззю, якім ненавісным і страшным быў ён цяпер!

— Гэта ты, Ясь? — мімаволі вырвалася ў яе пытанне.

— Не пазнала? — запытаў ён у адказ, аглядаючы яе з ног да галавы.

— Пазнала...

— Спалохалася?

— Хіба я цябе не ведаю...

— Малайчына, Анэля...— ён азірнуўся па баках.— Тут небяспечна... Зойдзем глыбей у лес.

Яна адчувала, як жах скоўвае яе цела.

— Не бойся, Анэля... Мы толькі пагутарым... Хутчэй, Анэля.

Яны зайшлі ў глыбіню ляска, дзе купкай рос і густа сплятаўся малады ельнік.

— Ну вось, пасядзім... Ты ж маеш час?..— і ён палажыў пры боку аўтамат.

У Анэлі так калацілася сэрца, што яна ледзь знайшла сілы, каб адказаць: «маю».

— Раскажы, як ты жывеш, Анэлька... з таго часу.

— Жыву... Яшчэ не памерла.

— Я ведаю, Анэля. Гэта я так запытаўся. Я ўсё ведаю... і хто на маім хутары жыве, і хто ад майго бацькі жыццё адабраў... І хто калгас арганізаваў. І пра тваё жыццё, Анэля, ведаю ўсё... Малайчына ты... Скажы шчыра, Анэля, ты яшчэ не забыла мяне?

— Не, не забыла, Ясь...

— Я гэта ведаў... Таму і чакаў цябе тут. На цябе я спадзяваўся, а болей мне тут няма да каго зайсці. Даўно чакаў і паглядаў на тваю хату... Я не ведаў, што сустрэну цябе тут...— ён перадыхнуў і аблізаў перасохлыя губы.— Ганяліся за намі, сволачы... І той Калюга няшчасны... Мяне выратавала бульба... У разоры ляжаў, а потым поўз. І па балоце поўз, пакуль сюды выпаўз... Бачыш, які я...

Толькі цяпер зразумела Анэля, чаму Антось заходзіў да яе ў такім выглядзе і чаго прыехалі коннікі да сельсавета. І па меры таго як яна асэнсоўвала кожнае слова бандыта, ёй станавілася лягчэй і страх пакідаў яе сэрца. «Як яго затрымаць? — думала яна.— А каб завесці яго дадому? Але ці зможа яна тады выйсці з хаты? Ён узброены... і не пусціць, і наглуміцца...»

— Ты не адзін, Ясь?

Ён падазрона зірнуў ёй у вочы:

— Колькі нас, табе не трэба ведаць... Я тут адзін.

— Ты галодны?

— Гэта не галоўная справа... У цябе павінна быць нейкая адзежа... Можа, якая старая бравэрка пасля бацькі засталася і порткі... Няхай сабе лахманы...

— Ёсць, Ясь... Не новае, але ёсць.

— Добра, Анэля... І галодны я, як сабака. Ты прынясеш сюды.

У Анэлі пачало праясняццца ў галаве.

— Я прынясу, Ясь... толькі тады, калі добра сцямнее.

— Чаму? — бліснуўшы вачыма, запытаў ён.

— Небяспечна, Ясь. Хіба я пра сябе думаю?

— А ты... ты не прадасі мяне? — скрыгануў ён зубамі і схапіў яе за плечы.

— От які ты, Ясь... Ды мне ж трэба і карову падаіць, табе малака прынесці. Ды яшчэ ж светла, а Калюга ведаеш, дзе жыве, а што, калі ўбачыць. Тады і я загінула....

Ён доўга глядзеў ёй у вочы. Яна не зводзіла позірку, і на твары яе не здрыганулася ні адна жылка. Анэля яшчэ не ведала, чым усё скончыцца, што будзе рабіць, калі ён пусціць яе дахаты, але цвёрда вырашыла, што з гэтага ляска яму не выйсці.

Ён адхіснуўся ад яе і абапёрся локцем на зямлю.

— Анэля... — і голас яго быў бездапаможны і знясілены. — Анэля... выратуй мяне сёння. Мне трэба адзежа і харчы... Не прадай мяне ў памяць таго, што было між намі... Ты павінна дараваць мне. Мы засталіся адны — і ты, і я. У нас няма блізкіх і родных. Мы б сышліся, Анэля, каб не такое жыццё, і мы яшчэ сыдземся, павер...

Можа, знясілены яго голас, у якім акрамя хітрасці ужо гучалі і мальба, і ліслівасць, можа, блудлівы і прыніжаны яго позірк і ўвесь бездапаможны выгляд прывялі да таго, што з душы Анэлі вылецеў увесь страх і пачала падымацца там страшэнная злосць і нянавісць.

— Калі сыдземся, Ясь? — ледзь прыкметна ўсміхнуўшыся, запытала яна.

— Хутка, Анэля... Ты мне павер. Прыйдзе час, і нядоўга яго чакаць. Канец прыйдзе і Калюгу, і ўсім іншым такім.

Анэля скаланулася. У гэтае імгненне яна адчула з поўнай яскравасцю, што няма для яе людзей даражэйшых, чым Антось Калюга і Андрэйка. Бандыт не прыкмячаў гэтага. Ён прадаўжаў з поўнай упэўненасцю, што яна не толькі яму верыць, але і з радасцю чакае гэтага.

— Усёй гэтай уладзе зробім мы канец. Ты думаеш, адзін я такі? От тады мы пажэнімся, злучым хутары... Мы яшчэ не перастаркі, Анэля. А ты нават папрыгажэла... Толькі дапамажы мне вырвацца адсюль. Я ўжо два дні не еў... А адзежа... Адзежа галоўнае... У іх ужо ёсць усе нашы прыкметы...

Ён зірнуў на Анэлю і раптам спыніўся. У вачах яе ён прачытаў нешта такое, ад чаго нельга было чакаць ні спачування, ні дапамогі. Ён памкнуўся кінуцца на яе, але Анэля абедзвюма рукамі з такой сілай штурхнула яго ў твар, што ён схапіўся за нос і губы і адкінуўся на траву. Анэля ўскочыла. У яе раптам з’явілася думка ўцякаць, хутчэй бегчы па Антося, але розум падказаў, што гэта раўназначна смерці. І тут яна ўбачыла аўтамат. Яна схапіла яго за рулю ў той момант, калі рукі бандыта цягнуліся да яго. Не паспеў ён ускочыць з месца, як моцны ўдар прыкладам па галаве збіў яго з ног.

Анэля апамяталася толькі тады, калі цела бандыта сутаргава здрыганулася і выпрасталася.

Яна не помніла дарогі ад страшнага месца да Антосевай хаты. Гэты кавалачак часу назаўсёды вылецеў з яе галавы...

У хаце Антося сядзелі міліцыянеры і вячэралі. Анэля не заўважыла іх. Яна адразу знайшла вачыма Антося і памкнулася да яго. Ён пабег ёй насустрач.

— Што з табой, Анэля, адкуль у цябе аўтамат?

— Антось,— сказала яна ціха.— Я яго забіла...

— Каго?

— Яся Кандыбу.

І, напоўненая падзеямі і ўражаннямі дня, згубіла прытомнасць і абсунулася на яго рукі.

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарнышэвіч А. Выбраныя творы. У 2-х тамах. Т. 1. Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 512 с., 1 л. іл.
Крыніца: скан