epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Чарнышэвіч

Калінішын зяць

І
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX


І

 

Раман Хмыль прачнуўся за поўнач у бацькавай хаце. Прыснілася нешта страшнае, незразумелае. Трызненне нейкае. Раман адчуў, што лоб яго абліўся халодным потам, а сэрца гатова выскачыць з грудзей. Што гэта было? Раман напружыў памяць. Ага! Ён апынуўся на нейкай скале, высачэзнай і гладкай. Памкнуўся злезці, але калі зірнуў уніз, то ўбачыў бездань. Ад жаху Раман заплюшчыў вочы, і ў гэты момант нехта штурхнуў яго ў плечы. Ён азірнуўся і ўбачыў невялічкую дзяўчынку з кірпатым носікам і бліскучымі вочкамі. Ён пазнаў яе. Яна стаяла і смяялася.

Калі гэты сон паўстаў у памяці, Рамана зноў ахапіў жах. Ён паспрабаваў крануцца і ледзь не паляцеў з ложка: малодшы брат сапхнуў яго на самы край. Раман сеў і ўспомніў усё, што адбылося ўчора вечарам паміж ім, жонкай і цешчай.

Раман ажаніўся з Надзяй некалькі месяцаў назад. Надзя была стройная і прыгожая дзяўчына. Ён тады толькі што прыйшоў з арміі. Убачыў яе і адразу закахаўся. Неўзабаве справілі вяселле. Думаў тады Раман, што злавіў шчасце, што яму пашанцавала ў жыцці. Надзя скончыла школу, а далей вучыцца не паступіла. А каб паступіла, то хіба выйшла б яна за яго замуж! Не ведаў Раман, што Надзя і не думала куды-небудзь паступаць. У яе і яе маці былі зусім іншыя меркаванні.

І вось ён зноў у бацькавай хаце. Ні халасцяк, ні жанаты. І ўспомнілася ўсё да самых драбніц.

 

II

 

Надзіну маці Марылю ў наваколлі звалі Калініхай. Па мужу. Ён, праўда, зваўся не Каліна, а Болесь. Да трыццаць дзевятага года служыў панскім лесніком і ганарыўся сваім шляхецтвам і каталіцтвам. Калінай яго дражнілі за тое, што ён злавіў у лесе вясковага пастушка, які зразаў на пугаўё каліну. «Паночак, дык ён жа каліну зрэзаў, - скардзіўся Болесь пану. - Цэлае дрэва зглуміў, гад». Пастушка аштрафавалі, хоць тое «дрэва» было таўшчынёю ў палец.

Загінуў Каліна ў часе Айчыннай вайны ад партызанскай кулі. Тады Надзі ішоў пяты год. Калініха сама выгадавала дзвюх дачок. Хутар яе быў добры. Пры фашысцкіх акупантах трымала парабкаў і карысталася немалымі льготамі як удава паліцая. Парабкаў выбірала маладых, дужых, каб не толькі днём, але і ноччу нечага былі варты, аднак трымала іх у руках, і ні адзін не стаў яе мужам. Дзівіліся людзі: дробная, непрыгожая, няўдалая жанчына, пстрычкай забіць можна, а ў жыцці - люты драпежнік. Калі ўчэпіцца ў што-небудзь, то не толькі рукамі, але і зубамі ўвап'ецца, як клешч, не адарвеш.

Так жыла Калініха і гора не ведала, пакуль не прыйшоў канец фашысцкай акупацыі. Мінулася панства. Аднак яна не здалася. Абівала парогі ўстаноў, плакала, галасіла, скардзілася на сваё горкае ўдоўства, на мужа-нягодніка, які не ўмеў быць чалавекам. Здзекаваўся з яе, пакуль быў жывы, і праз што, праз якое яна павінна пакутаваць. А ў яе ж малыя дзеці. Яна так уелася ў косці раённаму начальству, што яе нарэшце пакінулі ў спакоі, толькі хутар значна абрэзалі.

Калі арганізаваўся калгас, яна ўступіла ў яго апошняй. Ад хутара засталася толькі хата з добрым садам. На работу яна выходзіла кожны дзень і ніколі не вярталася дамоў з пустымі рукамі. Былі ў яе і іншыя заробкі. Начныя. Вакол хутара калгасныя палі: збажына, бульба, канюшына. Калініха не грэбавала нічым. Брала не памногу. Навучыла і дачок. І трэба сказаць, што яны так налаўчыліся ў гэтай справе, што не міналі нічога, што трапляла пад рукі. Асабліва малодшая, Надзя. Гэта было такое пранырлівае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкі ўкрасці. І рабіла гэта так хораша і лоўка, што ніхто не мог і падумаць пра яе дрэннага. Прыгожая, сціплая, з мілымі вочкамі, якія заўсёды глядзелі пад ногі, яна нагадвала ляльку. «Не, гэта не Калінішына дачка», - думаў кожны, хто яе бачыў.

Такім чынам, у Калініхі хапала і хлеба і да хлеба. Але гэтага ёй было мала. Калініха любіла грошы і гандаль. Крадзеным збожжам выкормлівала ў год некалькі парсюкоў і прадавала іх там, дзе было больш выгадна. Ёй былі вядомы ўсе рынкі ў Менску і Вільне. Цяжка было адной, і яна знайшла памочнікаў: мясцовага п'яніцу Мікіту Бычка, які пад чаркай прадаў бы не толькі парсюка, але і родную маці, каб яна была жывая, і лесніка Стася Парахню - сябра нябожчыка Каліны.

Самагонку Калініха гнала даўно, толькі не памногу. Калі падраслі дочкі, яна стала гнаць болей. Да выпіўкі, вядома, патрэбна і закуска, а яе ў Калініхі хапала. Такім чынам на Калінішыным хутары адчынілася карчма, толькі нелегальная. Тут збіраліся п'яніцы, гультаі і зладзеі - усе тыя, каму грошы дастаюцца лёгка і несумленна.

Усё гэта ведаў Раман яшчэ да арміі. Перад самым яго адыходам на службу Калініха аддала замуж старэйшую дачку. Надзя тады яшчэ хадзіла ў школу.

 

III

 

Калі Раман сказаў бацьку, што хоча ажаніцца з Надзяй, той доўга маўчаў.

- З Калінішынай дачкой?.. - спытаў ён нарэшце.

- А пры чым тут Надзя? - узарваўся Раман, адразу зразумеўшы, што бацька не адабрае яго выбару. - Яна не такая!

- А ты добра прыгледзься.

- Я прыгледзеўся ўжо! Два месяцы з ёй хаджу, калі хочаце ведаць.

- Ведаю! Два месяцы мала.

- Я ў хаце ў іх бываю.

- Ну і што?

- Што? Добрая сям'я, вось што. Людзі языкамі прывыклі малоць: Калініха сякая, Калініха такая... А яна таксама нямала перажыла.

Бацька ўсміхнуўся:

- Перажыла, кажаш?

- Так... І калі хочаце ведаць, я кахаю Надзю, і мне лепшай жонкі не трэба.

- Мабыць, і чаркай частавалі, - сказаў нібы між іншым бацька, і гэта апякло Рамана. Апякло таму, што і сапраўды частавалі, і не адзін раз. Ён так прывык да гэтага, што ішоў да Надзі і заўсёды спадзяваўся, што там вып'е.

- Што ж, можа, і сапраўды яна не такая, - прамовіў бацька. - Бывае.

Цяжэй было ўгаварыць маці.

- Да Калініхі ў прымакі ідзеш, сынок? - з жалем запытала яна.

- Чаму ў прымакі? Я Надзю да сябе бяру.

- А я чула, што Калініха да Надзі прымака хоча ўзяць, каб з дачкой і зяцем да смерці дажыць...

- Языкамі людзі мелюць.

- Я не ад людзей, а ад яе самой чула, яшчэ калі ты ў арміі быў.

Гэта крыху ўразіла Рамана. Тады ж Надзя ў школе вучылася. Няўжо Калініха ў той час думала пра Надзіна замужжа? А сама Надзя? Яна ж хацела вучыцца далей. Глупства ўсё гэта. Раман так і адказаў маці.

- Глупства. Калініха пажартавала.

- Не ведаю, сынок... Але наўрад ці ўжывёмся мы з ёю...

- Вось як! А хто не ўжывецца, вы ці яна?

- Я ёй, мабыць, не дагаджу.

- Ёй не трэба дагаджаць!

Доўга цягнуліся такія размовы, нарэшце адгулялі вяселле, і Надзя перайшла да Рамана.

 

IV

 

Той нядоўгі час, калі Надзя жыла ў Раманавых бацькоў, пакінуў у яго душы такі горкі і балючы асадак, што пра яго не хацелася ўспамінаць. Першыя дні маладая была ласкавая і прыветная. Не Раманавы бацькі дагаджалі ёй, а яна ім. А потым Надзю нібы падмянілі. То яна цэлыя дні ні з кім не гаварыла, то адмаўлялася есці, то плакала без прычыны. «Што з ёй?» - думаў Раман. Адказаць яму магла б толькі маці, але яна маўчала. Справа ў тым, што Калініха вельмі часта наведвала дачку. Яны ішлі ў другі пакой і там падоўгу шапталіся. Мужчыны былі на рабоце і нічога не ведалі. Маці хацела сказаць пра гэта бацьку, але не адважвалася. Раман можа пакрыўдзіцца. Навошта падымаць лішні вэрхал у хаце? Што за бяда, калі маці прыйдзе да дачкі? Аднак сэрца чула, што робіцца нешта нячыстае, нядобрае.

Маладая ўжо наседзелася дома, і ёй пара было выходзіць на работу. Аднойчы ў нядзелю, калі яны засталіся адны дома, Раман хацеў пагутарыць аб гэтым з Надзяй. Але яна апярэдзіла яго.

- Раман, - сказала яна, - ты ўсё жыццё будзеш працаваць у калгасе?

- А чаму не? - здзівіўся Раман. - Я хацеў сказаць, галубка, што і табе пара ісці на работу.

- У калгас?

- А куды ж больш?

Надзя пазелянела. Такою яе Раман ніколі не бачыў. Дзе падзеліся Надзіны ласкавасць, мілы позірк? Вочы яе затуманіліся, здавалася, што яна нічога не бачыць і не разумее.

- Надзя, што з табой? - спалохана запытаўся ён.

Надзя нібы не чула яго запытання.

- У калгас? Мо даяркай ці цялятніцай? А можа ў свінарнік загоніш? Ты для гэтага мяне замуж браў? Каб я ў гнаі капалася? Хто я табе?! Жонка ці служанка? У хаце адна, хоць разарвіся... Старая няўклюда капусты зварыць не ўмее.

- Што ты кажаш? Гэта маці мая няўклюда?

- Твая! Твая! Твая маці!..

- Замаўчы! - крыкнуў Раман і сціснуў кулакі.

- Ха-ха-ха! - зарагатала раптам Надзя, потым кінулася на ложак і залілася слязьмі. Раман падышоў да яе, пачаў суцяшаць, цалаваць мокры ад слёз твар, а яна са злосцю адпіхала яго ад сябе і крычала ў падушку:

- Ідзі! Ідзі! Ідзі!

І гэтае «ідзі» гучала злавесна. «Яна хворая, - мільганула думка ў Рамана. - Я яе пакрыўдзіў...» Але другая думка аспрэчвала першую: «Гэта яна мяне крыўдзіць без жалю».

Назаўтра Надзя ўвесь дзень не ўставала з ложка, а Раман хадзіў як сам не свой. Скончылася ўсё гэта неяк раптоўна і дзіка. Аднойчы Раман не вытрымаў, падняў руку на жонку. На гэты раз яна не смяялася і не плакала.

- Я цяжарная, - сказала яна, пераможна зірнуўшы на мужа і з такой злосцю бліснуўшы вачыма, што ён аж здрыгануўся. - Я цяжарная, і табе не будзе жыцця, - яна крутнулася і пайшла з хаты. Раман хацеў бегчы за ёй, але бацька не пусціў яго.

- Вернецца! - сказаў ён.

Але Надзя не вярнулася.

Думкі пра Надзю, пра тое, што яна цяжарная, не давалі Раману спакою. Ён перабіраў у памяці ўсе яе ўчынкі за апошні час, і цяпер яны здаваліся яму не такімі ўжо дзікімі. Ён знаходзіў ім апраўданне. Цяжарная! Ёй нездаровіцца, таму і злуецца. Яе трэба берагчы...

Раман не мог уявіць, што яго дзіця народзіцца і застанецца без бацькі, што ён нават не будзе мець магчымасці і права зірнуць на яго, пакуль яно не падрасце. Непакоіла Рамана і другое. Хіба Надзя не зможа выйсці замуж? Маладая і прыгожая жанчына. Знойдзецца чалавек! Але той чалавек не будзе любіць яго дзіцяці. І яго сын ці дачка пры жывым бацьку - сірата. Горш чым сірата...

Сэрца яго сціскалася, калі ён уяўляў, што Надзю будзе цалаваць і абдымаць нехта другі.

І ён здаўся.

 

V

 

Калініха з дачкой дамагліся таго, чаго жадалі. Яны сустрэлі Рамана стрымана, але радасна. Раман і сам быў рады, хоць і разумеў, што зрабіў нешта памылковае, не тое, што трэба.

У першыя дні ён адчуў сябе шчаслівым. Цешча і жонка чым маглі дагаджалі яму. Прыемна было пасля работы ўключыць радыё, завесці патэфон або проста легчы па канапу і пачытаць кніжку. Раман працаваў цесляром. Яго брыгада будавала кароўнік у другой вёсцы, таму на полудзень дадому ён не прыходзіў і, што рабілася ў хаце без яго, не ведаў.

Прайшоў тыдзень. Аднойчы ў нядзелю Раман, як звычайна, прачнуўся рана. Была другая палова лютага. Ночы карацелі. Калі раман выйшаў на двор, на яго дыхнула набліжэннем вясны. Ранак стаяў марозны, празрысты. На зеленавата-сінім небе ружавела зара. Са страхі звіслі кароценькія ледзяшы. Раман зірнуў на іх з замілаваннем, яму захацелася, як у маленстве, збіць хоць адзін і патрымаць у руках. Ён усміхнуўся, саскочыў з ганка, схапіў кол і збіў. Яны пасыпаліся долу з ледзь чутным звонам. Ён падняў самы вялікі. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. І ледзячок, і празрыстая раніца ўлілі ў Рамана неймаверную радасць і бадзёрасць. Ён увайшоў у хату і ўключыў радыё. Грымнулі гукі гімна, і ў гэты момант пачуўся злы голас цешчы:

- Усхадзіўся! Бач ты яго!

Голас быў не толькі злы. У ім чулася пагарда і знявага. І Раманава радасць і бадзёрасць зніклі.

- Рама-ан! - гукнула Надзя. - Рамано-ок, ідзі сюды.

Ён пайшоў нехаця.

- Сядзь, - горача прашаптала Надзя. Калі ён сеў, яна адкінула коўдру, абхапіла рукамі яго шыю і гарачымі вуснамі ўпілася ў яго вусны.

І Раман забыў пра ўсё на свеце.

Пасля снедання ён сабраўся наведацца да сваіх, але цешча папрасіла:

- Схадзі, Раман, параўнуй у хляве гной. Карова на цяленні, яшчэ заваліцца.

Гэта было сказана не тонам загаду, а так проста і звычайна, як раней гаварыў бацька, і ў нейкай меры сцерла непрыемны асадак.

Першы раз Раман адчыніў Калінішын хлеў. На яго дыхнула цяплом і пахам перапрэлага гною. Хлеў быў раздзелены на некалькі частак. У адной стаяла вялізная пярэстая карова. У другой ляжалі два здаравенныя парсюкі. У трэцяй - пяць авечак. Карова была гладкая, парсюкі сытыя, на авечках блішчала воўна... «Чым яна іх корміць?» - падумаў Раман пра цешчу. Ён управіўся ў хляве і вырашыў зірнуць у пуню. Колькі там сена? Але на дзвярах пуні вісеў замок. «Значыць, не давяраюць». Ён пайшоў у хату і ў сенях пачуў голас Надзі. Яна была ў стопцы і клікала яго. Раман зайшоў. Надзя стаяла, схіліўшыся над кублам.

- Зірні, колькі ў нас сала.

І Раман зірнуў. Кубел быў поўны.

- Гэты яшчэ не пачаты. А з гэтага бяром. - Яна адчыніла другі кубел. - Бачыш, яшчэ і паловы не з'елі.

«У гэтай хаце з голаду не памрэш», - падумаў Раман.

- А вунь, бачыш? Каўбасы і кумпякі! - яна паказала ўгору.

Ён задраў галаву і пачаў лічыць, колькі там гэтых каўбас і кумпякоў. Так і не падлічыў, зблытаўся.

- Раман! - гукнула Надзя. - Кінь лічыць! Падыдзі бліжэй. - Яна з каністры налівала ў кубак нейкую вадкасць.

- Пакаштуй, Раман, - сказала яна, падаючы яму кубак.

- Што гэта?

- А ты пакаштуй! Напрацаваўся, бедненькі, а сёння ж нядзеля. Ну-у, Раман! Хіба ты не мужчына!

І Раман выпіў. А потым ужо ў хаце ён насіў Надзю на руках, абдымаў, прыціскаў да грудзей і паўтараў бесперапынна:

- Жоначка мая дарагая... У нас дзіцятка будзе? Каго ты хочаш, сына ці дачку?

- Сы-ына, Рамано-ок!

- А я дачку.

Падвечар, калі Раман зваліўся на канапу і заснуў, у Калінішынай хаце амаль не зачыняліся дзверы. Калініха з Надзяй адмервалі з каністраў і грэлак паўлітроўкі і літроўкі, акуратна падлічвалі выручку.

Раман прачнуўся на шарай гадзіне. У хаце ўжо гарэла лямпа. За сталом сядзелі двое: Мікіта Бычок і Стась Парахня. На стале стаяла бутэлька самагонкі, міска шаткаванай капусты і ляжалі гуркі.

- А-а! - прывітаў яго Мікіта Бычок, плюгавы чалавек з васпаватым тварам. - Ка-алінішын зя-яць! Здароў, здароў!

Стась Парахня, чорны, як крумкач, з нейкай дзіўнай, падстрыжанай пад машынку бародкай, ужо наліваў шклянку.

- Што, Раман, бліжэй, бліжэй!

- Не хачу я, хлопцы.

- Што? Ну, Раман, чаго там? Садзіся! - з гонарам і строгасцю прамовіў Стась. - Я з тваёй цешчай даўно сябрую. Будзем сябрамі і з табой. Я рады, што ў гэтай хаце ёсць мужчына.

Стась Парахня, увогуле маўклівы і пануры, выпіўшы чарку, рабіўся гаваркім і кожны сказ пачынаў са слова «што».

- Што ў гэтай хаце ёсць мужчына... Што з ім можна пасядзець і пагутарыць. Што ты, брат, малайцом! - Ён падміргнуў Калінісе - і на стале з'явілася другая бутэлька.

- Што, брат, Мікіта, плаці за сваю долю.

- Я? Я заплачу! У Мікіты Бычка ёсць!

І Мікіта засунуў руку ў кішэню сваіх старых, мо сотню разоў латаных штаноў, абмацаў сваю бравэрку і нашкроб пяць рублёў.

- Што добра, то добра, - сказаў Стась Парахня. - На гэтыя бяром яшчэ чвэртку.

І на стале апынулася чвэртка.

Што было потым, Раман не ведаў. Ён толькі памятаў, што Мікіта Бычок, гэтае паскудства, абібок і злодзей, лез да яго цалавацца, абдымаўся і крычаў:

- Малайчына, Калінішын зяць! Ты не дурань. Н-не! Ты не дурань.

- Сынок, - сказала яму назаўтра Калініха, - у нас сена канчаецца. Папрасіў бы ты ў старшыні, каб выпісаў які цэнтнер.

Такая просьба не спадабалася Раману. Раней у хаце ніколі не было гутаркі пра сена. Аднак, ідучы дамоў, ён зайшоў у канцылярыю калгаса. Там, акрамя старшыні, нікога не было. Пажылы, сівавусы бухгалтар, не ўзнімаючы галавы, нешта мармытнуў у адказ на прывітанне Рамана. Старшыня, відаць, сабраўся некуды ісці. Гэта быў чалавек гадоў сарака, нізкі, але не тоўсты, вузлаваты і не надта рухавы.

- Кажаш, сена, - прамовіў ён, зірнуўшы на Рамана. - У Калініхі, выбачай, у тваёй цешчы, павінна быць сена. Яна ж і ў лясніцтве нямала накасіла. Ты, вядома, гэтага не ведаеш, увосень толькі з арміі вярнуўся, а ў нас шмат гутаркі было праз гэтае сена. Парахня Стась ёй даў сенажаць, а Мікіта Бычок касіў. У нас жніво было, гарачы час, а твая ні адна ў поле не выйшла.

Раман пачырванеў.

- Ты тут, вядома, ні пры чым, аднак скажы мне, чаму твая жонка на работу не ходзіць? Што яна хварэе, ці што?

Не ведаў старшыня, што сам падказаў Раману, як выкруціцца.

- Хварэе, Мікалай Пятровіч.

- Гм. Дык ты лячы яе. Што гэта за жонка, калі хварэе. Маладая хварэе, а як пастарэе, тады што? Будзеш ні халасцяк, ні ўдавец.

- Павязу ў бальніцу...

- Вязі. А наконт сена што табе сказаць. Не выпішу я табе сена, а саломы - калі ласка. Цэнтнера паўтара дадзім. Сцяпан Андрэевіч, - сказаў бухгалтару, - выпішы Раману саломы.

Бухгалтар нарэшце ўзняў галаву, зірнуў злоснымі калючымі вачыма і на Рамана, і на старшыню і забурчаў:

- Гэтым Калініхам вечна мала... Можа пшаніцы цэнтнеры два выпісаць?..

- Пішы, пішы, Сцяпан Андрэевіч, - падагнаў яго старшыня і зноў звярнуўся да Рамана: - Скажы праўду, Раман, як ты прыжываешся на гэтым хутары?

- Пакрысе, Мікалай Пятровіч...

- Пакрысе, кажаш. Глядзі, не ўкаціся ў гразь. Я тут год працую, але трохі ведаю пра тваю цяперашнюю сям'ю. Кепскае людзі гавораць...

Раман хацеў пярэчыць.

- Не крыўдуй. Я з табою па-таварыску гавару. Ведаю, што табе непрыемна. Ты, брат, перавыхоўвай іх. Вядзі сваю лінію і не паддавайся. А хутары мы хутка ліквідуем. Цябе першага ў вёску перасялю. Згодзен?

- Згодзен!

- Ну дык трымайся.

Раман ішоў дамоў, і супярэчлівыя думкі блыталіся ў яго галаве: «Лёгка гаварыць старшыні, - думаў ён. - А каб паставіў яго на маё месца...» Ён нёс у кішэні паперку на атрыманне саломы і загадзя ведаў, як абурыцца цешча, што не выпрасіў сена. Але, на вялікае здзіўленне, цешча не абурылася, а ўзрадавалася.

- Саломы? - перапытала яна. - Паўтара цэнтнера! Ну малайчына, сынок! Подсцілу няма, парсюкі і карова хутка ў гнаі будуць плаваць.

- Подсцілу? - здзіўлена запытаў Раман. А ён думаў, што і сапраўды няма чым карміць карову.

- Вядома ж подсцілу, - адказала яму Калініха. - Без подсцілу, сынок, і гною не будзе, а без гною на гародзе нічога не вырасце.

Раман прамаўчаў, хоць у грудзях у яго ўсё кіпела.

- Рамано-ок! - гукнула яго Надзя. - Ідзі глянь, што я табе купіла!

Раман падышоў. Надзя трымала ў руках наручны гадзіннік. Раман зірнуў на яго, і яму здалося, што ён недзе бачыў гэты гадзіннік з чорным цыферблатам і ружай вятроў.

- Дзе ты яго ўзяла?

- Купіла.

- У каго?

- Рамано-ок! Я ж не ўкрала... Чалавек прадаваў, а я купіла. Дай я надзену табе яго на руку.

- Не трэба.

- От які ты! - пакрыўдзілася Надзя. - Тады я яго схаваю.

Тым часам цешча паставіла на стол вячэру і выняла з шафы бутэльку.

- Ідзі вячэрай, сынок. Ды шклянку выпі. Ты сёння малайчына!

Калі прыемнае цяпло разлілося па жылах, настрой Раманаў палепшыўся.

- А ў мяне старшыня пытаў, чаму ты на работу не ходзіш, - паведаміў ён Надзі.

- Што ты яму адказаў? - запытала яна.

- Сказаў, што ты хворая.

- Во правільна, сынок! - узрадавалася цешча. - А Надзя ж і сапраўды хворая.

Пакуль Раман вячэраў, жанчыны пашапталіся паміж сабой і абедзве падышлі да стала.

- Рамано-ок, - сказала Надзя, - мо б мы заўтра ў мястэчка з'ездзілі.

- Чаго?

- Да цёткі мне трэба.

- Да якой цёткі?

- Да маёй стрыечнай сястры, - растлумачыла Калініха. - Удава яна. Чацвёра дзяцей гадуе. Старажыхай робіць, які там заробак! Гаруе, бедная, а цяпер захварэла. Няхай бы Надзя завезла ёй чаго-небудзь ды пабыла там дзён колькі пры дзецях.

Раней ні ад цешчы, ні ад жонкі Раман не чуў, што ў мястэчку ў іх ёсць нейкая радня.

Аднак калі яму налілі яшчэ адну шклянку, ён ужо сам рад быў памагчы той гаротнай удаве.

Назаўтра Раман сказаў брыгадзіру, што павязе жонку ў бальніцу. Ён запрог каня і прыехаў па Надзю. Яна ўжо была гатова. Пакуль садзіліся на воз, Калініха вынесла вялізны, нечым напакаваны кош.

- Гасцінцы сястры, - растлумачыла яна Раману. - Толькі асцярожна, бо тут і яйкі ёсць, каб не разбіліся.

З мястэчка Раман прыехаў адзін. Надзя вярнулася праз тыдзень, схуднелая і вельмі кволая.

 

VI

 

Ішоў дзень за днём. І Раман паступова прывыкаў да свайго становішча. Іншы раз задумваўся. Прыходзіла жаданне ўцячы, але Надзя, якую ён цяпер любіў яшчэ больш, і дзіця, якога чакаў, сціралі такое жаданне. Ён нават не заўважаў цікаўных і не вельмі спагадлівых позіркаў сваіх таварышаў па рабоце. На дзяўчат не звяртаў увагі, не адказваў на іх жарты, бо Надзя не цярпела гэтага. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Ён у такіх выпадках быў удзячны Калінісе, якая заўсёды заступалася за яго.

Аб тым, каб схадзіць у клуб на танцы або ў кіно, не магло быць і гутаркі. Надзя не хадзіла нікуды сама і не пускала яго.

А жыццё на Калінішыным хутары ішло сваёй дарогай. Раман нават не спрабаваў павярнуць яго ў іншы бок. Ён разам з жанкамі разводзіў брагу, гнаў гарэлку. Але калі аднойчы, стоячы каля самагоннага апарата, пакаштаваў першаку, то не паспеў абцерці губ, як Надзя сказала яму:

- Калі гнаць самагонку і самому піць, то на чорта яе гнаць.

- Я толькі пакаштаваў.

- Каштуюць языком, а не горлам.

Больш гаворкі не было, але Раман зразумеў сваё месца і хутка асвойваўся з ім. Затое ў кожную нядзелю ў хаце было шумна і весела. Акрамя Мікіты Бычка і Стася Парахні прыходзілі выпівакі з іншых вёсак. Некаторыя куплялі гарэлку і ішлі дамоў, некаторыя пілі на месцы. Такіх Раман любіў лепш. Варта было чалавеку выпіць шклянку, і ён ужо зваў Рамана:

- Эй, Калінішын зяць, ідзі сюды!

Раман для прыліку аднекваўся і да ночы набіраўся як туз. Раніцай прачынаўся з хвораю галавой, якую свідравала толькі адна думка: «Дрэнна... Дрэнна, Раман... Кінуць трэба ўсё гэта...» У гэтыя хвіліны ён адчуваў сябе такім прыніжаным і няшчасным, што не хацелася жыць на свеце. Ён ненавідзеў самога сябе. Страшней за ўсё было тое, што пачаў траціць уласнае імя. У вочы яго яшчэ клікалі Раманам, а за вочы ніхто не зваў іначай як Калінішын зяць.

У такія хвіліны ўнутранага спусташэння на дапамогу яму прыходзіла Надзя са шклянкай гарэлкі. У Рамана ўзнімаўся настрой, а Надзя вымала ўчарашнюю выручку. І Раман лічыў грошы. Надзя адкладвала пяцёрку яму на папяросы, і злосць сціхала.

Аднойчы ў суботу ён паспрабаваў абурыцца, калі жонка і цешча далівалі няпоўны каністр самагонкі вадой. (Справа ў тым, што ў нядзелю заўсёды было завозна, а гарэлкі не хапала.) Але Рамана асеклі ізноў. Потым ужо, будучы ў добрым гуморы, Калініха сказала, што п'яніцам пасля першай шклянкі добрай самагонкі можна даваць ваду, абы пахла гарэлкай. Яны ўсё выжлукцяць.

Аднаго разу ў хату зайшоў брыгадзір. Раман збіраўся на работу, а Надзя была ў спальні.

- Ты да мяне, Антось? - пацікавіўся Раман.

- Не. Я да тваёй жонкі.

- А што такое?

- Нічога такога, але чаму яна на работу не ходзіць?

Раман сумеўся.

- Ведаеш, братка... яна... ну, як табе сказаць.... - Раману не хацелася гаварыць чужому чалавеку, што яго жонка цяжарная. Надзя сама прыйшла яму на дапамогу. З прывабнай усмешкай яна выйшла з спальні, прывіталася з брыгадзірам і сказала:

- У мяне, Антось, даведка ёсць, чаму я на работу не хаджу. Пачакай хвілінку.

Яна зноў выйшла, і Антось падміргнуў Раману.

- А бабка твая гладзенькая. Дабрэе! Не тое, што дзяўчынай была.

Раман пачырванеў. У гэты момант з'явілася Надзя з паперкай у руках.

- На, Антось. Даведка з раённай бальніцы.

Брыгадзір пачытаў даведку і агледзеў Надзю з галавы да ног.

- Чорт вас ведае, маладых. Пакуль дзяўчына, дык здаровая, а як толькі выйдзе замуж, дык аказваецца, што ў яе сто хвароб. А якія хваробы, сам чорт не разбярэ. Тут жа нейкая латынь.

Раман зірнуў на жонку, яна перахапіла яго недаўменны, запытальны позірк і апусціла вочы. Брыгадзір не заўважыў гэтага.

- Даведку аднясі ў праўленне, няхай там разбіраюцца.

Калі ён выйшаў, Раман накінуўся на жонку:

- Дык ты што, не цяжарная?

- Рамано-ок, гэта ж яшчэ не скора будзе.

- А якая ў цябе даведка? Калі ты яе ўзяла?

- Не бойся, даведка як даведка. А ўзяла яе тады, як у цёткі была.

Раман стаяў як аслупянелы. Яна падышла да яго, абняла і шапнула:

- Рамано-ок! Ну, не злуйся... Хіба я гультайка? Я дзіцё наша шкадую!

 

VII

 

А Надзя і сапраўды дабрэла з кожным днём. Усё тое дзявочае, прывабнае і мілае, што так Раман любіў у ёй, пачало згладжвацца і сцірацца. Раман тлумачыў гэта цяжарнасцю, і Надзя падабалася яму яшчэ больш. Не падабалася яму толькі яе разленаванасць. Калі ён адыходзіў на работу, Надзя ляжала ў ложку або толькі падымалася і растрапаная стаяла каля печы. Не раз збіраўся Раман пагутарыць з ёю, нават папракнуць, ды так і не сабраўся. Але яна, хітрая, бачыла яго наскрозь і ўмела павесці сябе так, што ён забываў аб сваіх намерах. У хвіліны рашучасці, якія прыходзілі да яго тады, калі ён быў адзін, Раман шмат чаго выказаў бы і ёй і цешчы, але бяда была ў тым, што гэтая рашучасць знікала пры іх. Іншы раз Рамана брала злосць, але не надоўга. Так было, калі ён аднойчы прыехаў з лесу стомлены і знямоглы. У хаце не было ні цешчы, ні жонкі. Раман адчыніў шафу, каб знайсці што-небудзь перакусіць. Позірк яго ўпаў на бутэльку з гарэлкай. Ён, нічога не думаючы, наліў шклянку і перакуліў яе ў рот. У гэтае імгненне адчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася цешча. Яна аслупянела і зірнула на Рамана так, як, мабыць, калісьці глядзела на сваіх парабкаў.

- Шкада? - запытаў Раман. - А можа не маю права?

- Шкада! - адрэзала цешча. - Бутэлька каштуе дзесяць рублёў. Каму цяпер яе прадам? Ты ж мне не заплаціш!

- Вось як! - крыкнуў Раман.

- Вось так, - рашуча адказала цешча.

Тым часам прыйшла Надзя. Раман думаў, што яна заступіцца за яго, але Надзя толькі міргала старой, рабіла ёй знакі, каб тая сціхла, але цешча не зважала на гэта. Раман зразумеў, што ён не толькі не возьме ўлады над гэтымі жанчынамі, але і ніколі не стане на роўную нагу. І гэта апякло яго так балюча, як апякло б раней. Ён цяпер быў падобны на зморанага сабаку, які толькі адбрэхваецца, а ўкусіць ужо не можа.

Раман цешыў сябе надзеяй, што, калі народзіцца дзіця, ён уладкуецца на работу ў горад ці завярбуецца куды-небудзь і забярэ з сабой Надзю. Тады ён будзе і гаспадаром, і бацькам, і дзіця звяжа яго з Надзяй так, што яна паедзе з ім, куды ён захоча. Ён сябе цешыў такой думкай, але ведаў, што так не зробіць.

Да бацькоў Раман не хадзіў. Пасля першай спробы, калі яго цешча паслала раўнаваць гной, прайшло нямала часу, і цяпер ён саромеўся паказвацца сваякам на вочы. З бацькам сустракаўся часта і вітаўся, схіліўшы ўніз галаву. Ён ведаў, што бацька хоча з ім пагаварыць, але баяўся гэтай гаворкі.

 

VIII

 

Між тым наступіла вясна. Прыйшла яна імкліва, са звонам ручаёў, з шумам дажджоў і птушыным гоманам. Раман ішоў з работы дадому і са здзіўленнем аглядаў вільготныя палі і яшчэ голыя пералескі, але па-веснавому ўжо маладыя і бадзёрыя. І нечакана каля дашчанай кладкі, што была перакінута праз невялічкі ручаёк, сустрэў сваю суседку Марыльку. Гэтая дзяўчынка вучылася ў дзевятым класе. Раман ніколі не цікавіўся ёю, калі і гаварыў, то толькі жартам. Невялічкая, з кірпатым носікам, з бліскучымі, як вугельчыкі, вочкамі, яна трымала ў адной руцэ сумку з кніжкамі, а ў другой вярбовыя галінкі з маленькімі пупышкамі. Сустрэча была такая нечаканая, што Марылька аж скаланулася і нерухома застыла на месцы.

- Гэта ты, Раман? - неяк здзіўлена прамовіла яна.

- Я, Марылька. Нашто ты ломіш вярбу? Яшчэ ж каткоў няма.

- Хіба ты не ведаеш? - здзівілася Марылька. - Налью ў гладыш вады, пастаўлю туды галінкі, і няхай стаяць на акне.

Раман засмяяўся.

- Навошта?

- Няхай стаяць... Галінкі распусцяцца, і каткі будуць.

- Ведаю, што распусцяцца... Ну як ты, Марылька, жывеш?

- Я? Вучуся. Хіба ты не ведаеш? - Яна ўсміхнулася. - Як з неба зваліўся, нічога не ведае...

Дзяўчына саромелася, хвалявалася, і гэта вельмі цешыла Рамана.

- Ведаю, што вучышся, але як жывеш?

- Які дзіўны! Вучуся, дома маме памагаю... Яна ў нас хварэе. - Марылька з нейкай цікаўнасцю зірнула на Раманавы рукі.

«Вучуся, маме памагаю», - паўтарыў Раман яе словы. - Дзівачка! Хіба гэта жыццё!

- А што ж? - Яна сказала гэта так сур'ёзна, што Раман таксама здзівіўся. - Якое ж трэба лепшае жыццё? Нашай школе сем гектараў зямлі выдзеліў калгас. Самі апрацуем, усё пасеем, пасадзім. Чуў? Эх ты, на свеце жывеш і нічога не ведаеш! - Яна зарагатала. Відаць было, што нейкае слоўца просіцца з яе языка. - Ты от жывеш! - раптам узлавалася яна, і тварык яе пачырванеў і стаў яшчэ прыгажэйшы. Раман мімаволі залюбаваўся ім. -Дадому не прыйдзеш ніколі... Сын называецца. Вунь маці плача, а ён...

- Ну, ну! - вырвалася ў Рамана. - Вымовы мне чытаеш!.. Прывыкла ў школе... Самой, мабыць, чытаюць, дык і яна...

Раман разумеў усю недарэчнасць гэтых слоў, але нічога іншага сказаць не мог. Яго ахапіў сорам, і зашчымела сэрца.

- Гэта мне вымовы чытаюць! - абурылася Марылька. - Мне яшчэ ніхто вымоў не чытаў! Гэта табе трэба!

- Ну і злосная ж ты, - паспрабаваў пажартаваць Раман.

- Я злосная? - Марылька засмяялася. - Ну дык і буду ж злосная! - раптам усклікнула яна і пачала сцёбаць вярбовымі галінкамі па галаве, па твары, па плячах.

- От табе! От табе! От табе!

Тады рванулася і пабегла. Ашаломлены Раман стаяў і глядзеў ёй услед.

- От чарцянё! - з захапленнем сказаў ён.

А яна адбеглася і, смеючыся, крыкнула:

- Калінішын зя-яць!

Гэта, мабыць, і было тое слова, што круцілася ў яе на языку. І Раман не пакрыўдзіўся. А яна склала рупарам далоні і зноў крыкнула:

- Чаму ты гадзіннік не носі-іш?

Раман аслупянеў. «Які гадзіннік?» - думаў ён. І раптам успомніў. «Няўжо той, што купіла яму Надзя?» Ён хацеў кінуцца за Марылькай і распытаць падрабязна і тут жа ўспомніў, што такі гадзіннік ён бачыў у Марыльчынага старэйшага брата, шафёра. Ён успомніў, што ў Паўла (так звалі Марыльчынага брата) здарылася аварыя з машынай, і ён павінен быў адрамантаваць яе на свой кошт. Усе гэтыя думкі праляцелі ў Раманавай галаве за адно імгненне. Ён зразумеў цяпер, чаму на рабоце сябры адносіліся да яго непрыхільна. Яму стала горача.

Ён супакоіўся крыху каля самай Калінішынай хаты.

 

IX

 

Надзя заўважыла, што муж вярнуўся дадому нечым незадаволены, сярдзіты.

- Што з табой, Раман? - Надзя зірнула на яго са страхам.

- У каго ты купіла гадзіннік?

- Які гадзіннік?

- Хіба ў цябе іх шмат? Той, што ты хацела аддаць мне.

- Рамано-ок... - Надзя хацела ўсміхнуцца, але ў яе выйшла не ўсмешка, а грымаса. - Рамано-ок... Я ж яго не ўкрала... Чалавек прадаваў, а я купіла...

- Хто?

- Ты сам ведаеш...

- Ведаю! Павел Журня! Колькі ты за яго аддала?

- Раман... - Голас у Надзі быў не жаласны, а ліслівы. - Ён прыйшоў пазычыць грошай... Трыста рублёў... А адкуль у нас тыя грошы!

- А адкуль вы іх на гадзіннік узялі? Колькі вы за яго заплацілі?

- Раманок! Толькі сто рублёў.

- Сто рублёў за гадзіннік, які каштуе трыста пяцьдзесят! Вы чалавека абрабавалі!

- Мы да яго не хадзілі, - пачуўся раптам з печы голас Калініхі. - Ён сам да нас прыйшоў!

- Ён прыйшоў да вас з бядой як да суседзяў. У яго няшчасце. А вы не дапамаглі яму, а гадзіннік ледзь што не задарма ўзялі!

- Няшчасце! - Калініха злезла з печы. - У такіх п'яніц заўсёды няшчасце. Машыну п'яны разбіў, от няшчасце! Не бог жа яго пакараў, а сам сябе.

- Ён не п'яны быў! А п'яніц вы робіце, і вас трэба караць! Скуру з людзей здзіраеце за смярдзючую ваду.

- Ого! Які ж ты разумны! Чуеш, Надзя? А які ён пасаг да нас прынёс? Салдацкія нагавіцы...

- Я працую, а вы!.. - Раман ужо не знаходзіў слоў. - Спекулянткі вы і зладзеі!..

- Чаму ж ты ў міліцыю са скаргай не хадзіў? Ты не гнаў самагонкі, не піў, нічога не ведаў? Можа цяпер пойдзеш?

- Пайду!

- Дык сам і сядзеш! Бо ты мужчына ў хаце, галава.

- Лепш у турме, чым у вашай хаце!

Раман пачаў складваць свае рэчы: касцюм, туфлі, паліто. Надзя сядзела і ўсхліпвала. Калініха абыякава пазірала, як збіраўся зяць. Раман склаў усё ў вузел і пераціснуў яго папругай.

- Аліменты буду плаціць, - сказаў ён, звяртаючыся да Надзі. «А можа астацца?» - варухнулася ў яго галаве думка. Але яму адказала Калініха:

- Аліменты! Змусіў жонку зрабіць аборт!.. І за гэта яшчэ адкажаш!

- Мама! - нема закрычала Надзя. - Маўчыце!

Раман пабялеў і скалануўся. Гэта быў апошні ўдар.

- Т-ты скінула дзіця? - твар яго скрывіўся, рукі сціснуліся ў кулакі. - Калі?

Надзя закрыла далонямі твар, нібы Раман збіраўся яе ўдарыць.

- Як у мястэчку была... - адказала яна ўсхліпваючы.

- Як у мястэчку была... - паўтарыў за ёю Раман. - Яшчэ восенню...

Цяпер яго нішто не звязвала ні з гэтай хатай, ні з жонкай, і ён ступіў да дзвярэй. Але яго пераняла Калініха.

- Пачакай, голубе, - сказала яна, стаўшы каля парога. - Спачатку заплаці за тое, што мы цябе зіму кармілі і паілі.

- На! За харчы... і за дачку, што са мной спала!..

Раман шпурнуў свой вузел на падлогу і выйшаў. Ён крочыў напрасткі па вільготнай раллі да гасцінца і ні аб чым не думаў. На гасцінцы закурыў. Пачало крыху праясняцца ў галаве. І першая думка, якая з'явілася, уразіла яго сваёй нечаканасцю. «Хто вінаваты?» Ён не мог спыніцца на ёй, бо занадта ўсё было растрэсена і ў думках, і ў адчуваннях. І раптам да яго данёсся голас:

- Рама-ан! Вярніся, Рама-ан! Забяры сваё-о! Рама-ан!

«Надзя, - здагадаўся ён, але не спыніўся. - Нельга цяпер вяртацца, нельга!» - упарта паўтараў ён сам сабе, хоць ногі яго цягнула назад. Ён ведаў, што не ўсё скончана з гэтай жанчынай, якая кліча яго праз вільготную цемень веснавой ночы, але адчуваў, што вярнуцца цяпер не мае права.

 

1955 г.


1955?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая