epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Чарнышэвіч

Лясная быль

1
2
3
4
5
6


1

Васіль Балкаў прыйшоў на лесараспрацоўкі ў Янеўскі лесапункт з палявога раёна. Да гэтага часу ён працаваў у калгасе. Васіль быў дужы дваццацігадовы юнак, чорнавалосы, як цыган, з цяжкімі мускулістымі рукамі, рослы і шыракаплечы.

У Янеўскі лесапункт уваходзілі лясныя масівы па абодвух берагах ракі Янеўкі. Уся драўніна, якая нарыхтоўвалася тут у летні і асенне-зімні сезон, вясной сплаўлялася па Янеўцы да Віллі.

Кантора, сталоўка, пякарня і дамы для рабочых стаялі на самым беразе ракі. Гэта быў прыгожы рабочы пасёлак. Васіль прыбыў сюды і здзівіўся: такое ажыўленне можна было бачыць толькі ў горадзе. У магазіне, у сталоўцы, у канторы — усюды было поўна людзей.

Стаяў лістапад. Зіма яшчэ толькі пачыналася. Снег ледзь прыкрыў зямлю, але ўжо коўзалася на санках дзетвара, аматары-лыжнікі прабавалі лыжы.

Васіль здзівіўся, калі даведаўся, што тут ёсць школа, клуб, дзіцячы сад, медпункт і нават пошта. Ён думаў, што заедзе ў такую глуш, адкуль нават і пісьма не дашлеш. Аднак на сэрцы ў яго было неспакойна, хаця для гэтага непакою ён не меў асаблівых прычын. На яго проста ўплылі новыя абставіны, новае месца і новыя людзі, якіх ён сустракаў на кожным кроку.

На складзе Васіль атрымаў лучковую пілу, ці лучок, як з ласкавай павагай называюць яе рабочыя, і сякеру. Сякера яму спадабалася, а лучок, на яго думку, не заслугоўваў павагі. Усёй сваёй формай ён нагадваў сталярскую аднаручку, і Васіль думаў, трымаючы яго ў руках: «Ці можна ім зваліць тоўстае дрэва? Безумоўна, не. Перапіліць жэрдачку — можна...»

Ён панёс інструмент на кватэру з поўнай упэўненасцю, што заўтра верне лучок назад парваным...

У бараку для мужчын яму адвялі невялікі пакойчык. Тут былі ложак, стол, табурэтка і тумбачка. Загадчык гаспадаркі выдаў яму матрац, падушку, просціны і коўдру.

Стомлены пасля дарогі, Васіль рана лёг спаць, але заснуў не хутка. Неяк адразу адчулася адзінота. Хоць бы адзін таварыш... І работа новая, незнаёмая...

Ці добра ён зрабіў, што прыехаў сюды? Ці не лепш было сядзець дома, у родным калгасе, выконваць тую работу, да якой прывык з маленства. Хто яго адтуль гнаў? І здрадніцкая думка, як злодзей, укралася ў яго галаву: а хіба позна? Аддаць заўтра ўсе гэтыя цацкі і падацца дадому!.. Але ад гэтай думкі стала сорамна, і ён адагнаў яе.

Раніцой, узброіўшыся лучком і сякерай, Васіль пайшоў нарыхтоўваць лес. Майстар лесанарыхтовак дзядзя Саша завёў яго ў дзялянку і паказаў дзялок. Кашлаты ельнік панура стаяў у дзялянцы. Агледзеўшыся, Васіль падумаў, што па ім ён тут будзе стаяць вечна. Гэткай дурніцай (так ён у думках называў лучковую пілу) хіба можна яго паваліць?

Майстар узяў пілу, агледзеў:

— Добрую пілу выбраў, хлопец.

— А я не выбіраў. Якую далі, такую ўзяў.

— Значыць, добрую далі, хаця, папраўдзе, рэдкія з іх бываюць дрэннымі. Ну што ж, пачнём!

Ён падышоў да першага дрэва, стаў так, нібы хацеў абняць яго, сагнуўся, прыціснуўся да дрэва адным каленам, і заспяваў лучок, з кожным рухам усё глыбей угрызаючыся ў ствол. Не паспеў Васіль агледзецца, як дрэва з грукатам паляцела на дол. Васіль здзівіўся.

— Дайце мне, таварыш майстар!

— Калі ласка.

Васіль узяў лучок. Сяк-так, з дапамогаю майстра, яму ўдалося зваліць адно дрэва. Але што гэта была за работа! Жах, а не работа. Васіль адчуваў, што другога дрэва без дапамогі яму не спілаваць...

Майстар вучыў яго больш за гадзіну. Васілю ўжо здалося, што ён спазнаў хітрасць лучковай пілы. Мабыць, так падумаў і майстар.

— Ну, а цяпер сам. Галоўнае: не хвалюйся, не спяшайся, а я да цябе інструктара прышлю.

Дзядзя Саша пайшоў, а Васіль горача прыняўся за работу. Аднак ён пачынаў пілаваць пятае дрэва, але ні аднаго не зваліў. Піла ішла не глыбей палавіны ствала, а далей — хоць разарвіся... Рэз выходзіў крывы, нават фігурысты, пілу заціскала ў ім так, што ні ўперад, ні назад. «О, халера,— стагнаў Васіль, увесь абліты потам,— які чорт мяне сюды прынёс...»

У яго зноў з’явілася думка ўцячы адсюль, і гэта ўжо была не думка, а жаданне. Ён зноў агледзеў лес. Высокія тоўстыя яліны нібы дражніліся з ім, і шалёная злосць уздымалася ў Васілёвай душы. «Праклятыя... Я вас тут не садзіў, не паліваў...» Але гэтыя хвілінныя ўспышкі злосці праходзілі, бо з усіх бакоў даносіліся да яго вясёлы гоман лесарубаў, стук сякер, а галоўнае, раз за разам падалі на зямлю дрэвы, зваленыя такім самым лучком. «Няўжо ж я горшы за ўсіх? — упарта думаў Васіль.— Не можа быць!» — і ліхаманкава браўся зноў за працу.

Інструктар прыйшоў пасля поўдня. Васіль зірнуў на яго і не паверыў вачам. Інструктар быў у сукенцы, у шарсцяным берэце і ватоўцы. Дзяўчына зірнула на Васіля, і яму здалося, што ў яе блакітных вачах няма дна... «Яна зараз убачыць, што я яшчэ не спілаваў аніводнага дрэва»,— з жахам падумаў Васіль і адчуў, што чырванее ад сораму за сваё няўмельства і ад таго, што яго будзе вучыць дзяўчына.

— Ну, як справы, таварыш? — запытала яна, і Васіль заўважыў у яе вачах жаночую цікаўнасць.

Ён насцярожана зірнуў на яе і наўмысна строга сказаў:

— Маё прозвішча Балкаў.

— Тады будзем знаёмы. А маё — Галавач. Мяне прыслаў да вас дзядзя Саша.— Яна крыху памаўчала і дадала: — Відаць, замарыліся, таварыш Балкаў?

Васіль вушанкай выцер пот і падумаў: «Кожнаму дурню відно, калі на твары цэлыя пацёкі»,— і не адказаў.

— Сядайце, пакурыце,— прапанавала інструктар.

— Дзякую,— адказаў Васіль, здзівіўшыся, што яна адгадала яго жаданне.

— А я тым часам на ваш лучок зірну. Мабыць, не хоча пілаваць?

Яна ўжо заўважыла напалову падпілаваныя дрэвы, але ў голасе яе не чуваць было насмешкі, і насцярожаны агеньчык у вачах Васіля адразу патух.

— Не хоча, таварыш інструктар, хоць трэсні... Пачынаў-пачынаў і нічога не кончыў.

— Маё прозвішча Галавач,— усміхнуўшыся і неяк загадкава зірнуўшы на Васіля, адказала яна,— так вы мяне і завіце.

— Добра, таварыш Галавач,— ён таксама ўсміхнуўся.

Яна прысела поруч на зваленую дзядзем Сашам елку і сказала:

— Не ўмееце, таварыш Балкаў. А гэта бяда невялікая.

— Самая найбольшая бяда.

— Вы палявік?

— Палявік.

— Я таксама з палявога раёна. Вам ужо захацелася дадому? — нечакана запытала яна, уважліва зірнуўшы яму ў вочы.

— Адкуль вы гэта ўзялі? — са здзіўленнем адказаў Васіль.

— Па сабе ведаю. Два гады таму назад і ў мяне з’яўлялася жаданне пакінуць лесапункт,— коратка адказала яна.

— З’яўлялася? — перапытаў Васіль і адчуў, што чырванее.— І ў мяне яно з’явілася,— прызнаўся ён нечакана для сябе.

— Ганіце яго прэч.

Яна цярпліва дачакала, пакуль Васіль дакурыць папяросу, і так сказала, як і дзядзя Саша:

— Ну што ж, пачнём!

Праз некаторы час Васіль ужо без дапамогі інструктара зваліў некалькі дрэў, хоць рэз і атрымліваўся касы. Тады Галавач растлумачыла, на якія асартыменты распрацоўваць драўніну, дала некалькі парад па тэхніцы бяспекі, паабяцала прыйсці заўтра раніцай і параіла:

— З сённяшняга дня запісвайцеся ў тэхнічны гурток. Гэта абавязкова.

І пайшла.

Застаўшыся адзін, Васіль пазайздросціў таму, каго пойдзе інструктаваць гэтая глыбакавокая дзяўчына-інструктар.

 

2

Майстэрства лесаруба-лучкіста ішло да Васіля памалу, і пакуль яно ішло, Васіль аддаваў рабоце ўсю сваю сілу. І ніхто не ведаў, як стамляўся Васіль у першыя дні. Вечарам ён спяшаўся хутчэй павячэраць, тады адпачываў да заняткаў тэхнічнага гуртка і, адседзеўшы гадзіну на занятках, адразу лажыўся спаць.

Ён ведаў, што ў клубе працуюць і іншыя гурткі, ёсць бібліятэка, можна пагуляць у шахматы, у більярд. І хаця ён быў вялікі аматар да ўсяго гэтага, але стомленасць проста прыкоўвала яго да ложка.

Першы, з кім адразу пасябраваў Васіль, быў Мікола Кудзелін — прыёмшчык лесу і баяніст. Па другой сваёй спецыяльнасці ён быў вядомы ў наваколлі значна шырэй, чым па першай. Не толькі лесапункт, увесь леспрамгас ведаў рыжага Міколу — прыгажуна баяніста. Ён належаў да ліку тых людзей, якія ніколі не тужаць, у якіх заўсёды знойдзецца вясёлае слоўца і востры жарт.

Ён з’явіўся да Васіля ў дзялок на трэці дзень са складным метрам і з кнігай-даўгушай у кішэні.

— Значыцца, дзялок Балкава,— весела сказаў ён,— а цябе, браток, здаецца, завуць Васілём? Пачакай, я зірну ў сваю памінальніцу.

— Не глядзі. Ты не памыліўся.

— Значыцца, памяць у мяне яшчэ нядрэнна працуе.

Ён з цікаўнасцю агледзеў Васіля і запытаў вельмі сур’ёзна:

— А ў цябе ў радні не было цыганоў?

— Чаму?

— Ды хіба ж ты не ведаеш? Ты ж, браток, выліты цыган.

— А ў тваёй, выпадкова, бараны не вадзіліся?

— Ну, што ты!

— А ты ж — выліты баран, толькі масць нейкая не авечая.

Мікола страсянуў кучаравай галавой.

— Ну, браток, ты даў мне адпор,— сказаў ён, разгортваючы свой метр,— значыцца, ты Васіль, а я Мікола — не будзем сварыцца ніколі... Бяры, браток, метр ды замярай, а я буду запісваць. Як гэта робіцца — я навучу. Мераць трэба дыяметр таўшчыні ў верхнім адрэзе. Пачакай, пачакай... Ідзі сюды. У цябе, браток, ад камля ўсюды касы рэз. Па-сапраўднаму, я павінен прымусіць цябе адкамляваць усе гэтыя бярвенні, але, улічваючы, што ты навічок, зраблю табе скідку.

— Скідкі ты мне не рабі, я адкамлюю. Гэта работа першага дня.

— За гэта дзякую, я думаў, што ты спрачацца пачнеш, аднак ты малайцом.

Прыёмка цягнулася доўга, бо Мікола часта спыняў Васіля і рабіў свае заўвагі.

— От тут ты сапсаваў добрае дрэва, пусціў яго ў дровы. Гэта, браток, называецца брак.

— Чаму ж добрае? Яно гнілое!

— Толькі ад камля. Трэба было адпілаваць на два метры вышэй, і ў цябе выйшаў бы будаўнічы матэрыял, а гэтыя два метры я прыняў бы ў дровы.

— Улічу.

— У цябе дзядзя Саша бывае?

— Сёння не было. Ён мне гаварыў пра такія выпадкі, але бачыш...

— Разумею. Навучышся, браток. Цябе інструктуе Галавач?

— Галавач.

— Вучыся ў яе, Васіль, толькі лішняга не дазваляй.

— Ну, што ты!

Дамоў яны ішлі разам. Усю дарогу Мікола расказваў Васілю пра жыццё на лесапункце, а распытваў пра ўсё на свеце.

— Значыцца, кажаш, што ты гатовы быў паказаць нам пяткі. Бывае, браток, і гэтак. Памыліцца лёгка, раз-два — і гатова. Але, можа, ты там дзяўчыну маеш?

— Не, брат, не маю.

— Не бяда. Тут у нас дзяўчат даволі, і ўсе не абы-якія, а ты хлопец відны. Тут мы цябе і ажэнім. Прыедзеш дамоў з жонкай.

Васіль засмяяўся.

— Не смейся, браток, тут жарты малыя. У мяне ўжо і сёння пыталі пра цябе.— Ён падміргнуў Васілю.— Ды хто, ды які, ды адкуль, ды як завуць, ды ці жанаты. Ну я ім першыя звесткі даў. А знаёміцца, кажу, буду на прыёмцы.

— Адкуль ты ведаеш пра мяне? Якія звесткі ты ім даваў? — крыху спалохаўшыся, спытаў Васіль.

— Не бойся, браток. Я сказаў чыстую праўду: па-першае, кажу, не цыган, а беларус, завуць Васілём Андрэевічам, прозвішча Балкаў, узрост 20 гадоў, не жанаты, камсамолец, ну і твой дакладны адрас. А звесткі я ўзяў з анкеты. Яна ў бухгалтэрыі на стале ляжала, а я чалавек цікаўны: узяў ды прачытаў.

Васіль не вытрымаў і засмяяўся.

— Ну і дзівак ты, Мікола!

— А я, браток, нічога дрэннага не казаў.

З гэтага дня яны сустракаліся не толькі на прыёмцы. Мікола кожны вечар заходзіў да Васіля, каб ісці разам у клуб, і кожны вечар Васіль адмаўляўся. Мікола не сердаваў. Ён расказваў Васілю ўсе навіны, а ў клуб ішоў адзін.

Алена Галавач штодзённа наведвала Васіля на працы. Іншы раз зусім нядоўга, некалькі мінут пабудзе яна ў яго дзялку, але Васіль адчуваў, якую карысць дае яму гэта, нават кароткае, наведванне. Маленькая заўвага, парада назаўсёды заставаліся ў Васілёвай памяці, узбагачалі яго вопыт рабочага-лучкіста.

Яна прыходзіла заўсёды сур’ёзная, раіла яму пакурыць і пыталася:

— Як справы, таварыш Балкаў?

Іначай яна ніколі не клікала яго, і Васіль нават крыўдзіўся. У яго ўжо шмат з’явілася знаёмых, якія звалі яго проста Васілём, дзяўчаты, з якімі сустракаўся, клікалі Васем. Гэта было не толькі прыемна, Васіль адчуваў, што ўрастае ў дружную сям’ю лесарубаў.

Праз два тыдні яна яму сказала:

— Калі так пойдзе далей, таварыш Балкаў, я вас выклічу на сацспаборніцтва. Дзённы графік вы выконваеце.

— Што вы, таварыш Галавач!

— І болей я да вас не прыйду, будзьце ласкавы, самі прыйдзіце ў мой дзялок. Ён тут недалёка ад вашага.

Яна зірнула сваім загадкавым позіркам, і ўжо не простую жаночую цікаўнасць убачыў у ім Васіль. Нешта большае свяцілася ў яе блакітных вачах.

Алена і Васіль некаторы час маўчалі.

— Дарэчы, вы ж, таварыш Балкаў, камсамолец?

— Камсамолец.

— І да гэтага часу не сталі на ўлік у нашай арганізацыі. Вось гэта нікуды не варта. А я тут камсорг.

«Эх,— падумаў Васіль, калі яна пайшла,— лучок так заганяў мяне, што я аб усім на свеце забыўся»,— і ён стаяў і думаў пра гэтую дзяўчыну.

З першага дня сустрэчы між імі ўстанавіліся строгія, афіцыйныя адносіны. Можа, на гэта ўплывала Аленіна інструктарства. Ён не мог забыць таго дня, калі яна падышла да яго, маладога, разгубленага, па-свойму няшчаснага, як старэйшы таварыш, падтрымала не толькі словамі, але і справай. І гэта замінала яму зірнуць на яе як на роўню сабе.

У той жа вечар ён стаў на ўлік.

Алена прыняла яго ў сваім невялічкім, але ўтульным кабінеціку, які змяшчаўся ў клубе. Васіль зірнуў на яе і не пазнаў. Дзе дзелася Алена-інструктар. Інструктар у тоўстай ватоўцы, у ватніх штанах... У лесе яна была падобнай на тумбу, а тут перад ім стаяла высокая, стройная дзяўчына ў чорнай шарсцянай сукенцы. Валасы яе былі прыгожа зачасаны назад. Толькі вочы былі тыя самыя: блакітныя і бяздонныя, як неба.

Васіль спыніўся ў разгубленасці. Яна ўсміхнулася, і Васіль заўважыў радасць у гэтай усмешцы. І яму стала сорамна. Ён проста ў рабочай вопратцы ўваліўся ў яе кабінет.

Яны доўга гутарылі, ён расказваў пра дом, па якім сумаваў, і яму прыемна было ўспамінаць яго. Яна ўважліва слухала. Васілю здавалася, што яна слухае з вялікай цікавасцю, нібы хоча болей пра яго ўведаць. Калі ж ён пачаў гаварыць аб самадзейнасці, якую наладзіла іх камсамольская арганізацыя ў калгасе, аб спартыўных спаборніцтвах, яна ўсміхнулася зноў.

— А чаму ж вы тут такі дзікун, таварыш Балкаў? Выбачайце, але, апрача тэхнічнага гуртка, вы больш нікуды не ходзіце.

— Прызнацца шчыра... мне яшчэ патрэбен поўны адпачынак пасля працы.

— Стамляецеся? Паспрабуйце займацца фізкультурай.

— Паспрабую. Магчыма, і дапаможа.

Калі ён выйшаў з клуба, то адчуў, што ўвесь цяжар, які прыгнятаў яго цела, раптам знік. Ён хуткім крокам дайшоў да кватэры, пераапрануўся і, напяваючы, накіраваўся ў сталоўку. Вячэраў ён адзін, бо сталоўка хутка павінна была закрыцца. Адтуль, ледзь не бягом, памчаўся ў клуб.

Мікола ўзрадаваўся, убачыўшы яго.

— А я заходзіў да цябе, Вася. Мне сказалі, што ты пацягнуўся ў медпункт.

— Не жартуй. Дзе ваша бібліятэка?

— Зараз завяду. А мо б ты запісаўся ў музычны гурток? Я ж там кіраўніком.

— Не, Мікола. Я запісваюся ў фізкультурны.

— Шкада, браток, у нас акурат барабаншчыка няма.

Нягледзячы на тое, што Васіль позна затрымаўся ў клубе, раніцай ён прачнуўся ў пару і не такім стомленым, як у мінулыя дні. І вобраз высокай дзяўчыны з блакітнымі вачыма не выходзіў у яго з галавы.

 

3

Выхадны дзень ва ўсіх адносінах быў вельмі ўдалы. Васіль, як звычайна, прачнуўся ў шэсць гадзін. Можна было б яшчэ каля гадзіны паляжаць у ложку, але настрой быў такі бадзёры, што ён уключыў святло і падняўся з пасцелі.

Бываюць хвіліны, калі ў чалавека з’яўляецца прадчуванне нечага добрага, радаснага, прадчуванне блізкага шчасця. Тады надзвычайная бадзёрасць авалодвае ўсёй істотай, з’яўляецца жаданне жыць і дзейнічаць так, каб не прапала дарэмна ні адно імгненне.

Такое прадчуванне было і ў Васіля. Ён яшчэ не ўяўляў сабе, у чым яно заключаецца, але быў упэўнены: шчасце яго побач.

На дварэ была яшчэ ноч. Месяц заходзіў, і нават крыху прыцямнела, але пасёлак ужо не спаў, нягледзячы на выхадны дзень. На вуліцы заўважаўся рух. У канторы, у кабінеце парторга свяціліся вокны. З каміноў сталоўкі ішоў густы дым. А навакол стаяў лес, казачна прыгожы, у зімовым убранні.

Васіль прывык мыцца на дварэ. Сёння быў вялікі мароз, і халодная вада апякала твар. Васіль хутка памыўся, вярнуўся ў пакой і зрабіў гімнастыку.

Ён успомніў, што ўчора дзялок наведалі начальнік лесапункта Жаровін і дзядзя Саша. Начальнік, грузны мужчына, круглатвары, чыста выгалены, доўга наглядаў за Васілёвай працай, і ў яго вялікіх вачах свяцілася задавальненне.

— А ты казаў, што сезоннікі працуюць дрэнна,— звярнуўся ён да дзядзі Сашы.— Нават скардзіўся на іх: не хварэюць за вытворчасць. Глядзі, як працуе Балкаў!

— Не ўсе сезоннікі працуюць дрэнна, Сцяпан Іванавіч. Але навічкі ў большасці не ўкладаюцца ў графік, і гэта цягне нарыхтоўку ўніз.

— Балкаў таксама навічок, чаму ж ён укладаецца ў графік?

«Зірнуў бы ты на яго ў першыя дні»,— хацелася сказаць майстру, але ён толькі зазначыў:

— Балкаў — вучань Галавач Алены.

— Не толькі ў гэтым прычына,— строга сказаў Жаровін.— З кім вы спаборнічаеце, таварыш Балкаў? — звярнуўся ён да Васіля.

— Ні з кім, таварыш начальнік.

— Дрэнна. У нас сезоннікаў шмат. Цягнуць іх трэба за сабой, таварыш Балкаў. На лесапункце павінны быць не толькі вучні Галавач Алены, але і вучні Васіля Балкава.

Ён спахмурнеў, развітаўся і пакрочыў з дзялка.

Чаму начальнік пайшоў з яго дзялка нездаволеным, Васіль не разумеў. «За работу пахваліў... Дык што ж яму не спадабалася?»

Радасныя прадчуванні не ашукалі Васіля. Адразу пасля снедання ён атрымаў два пісьмы з дому: адно — ад родных, другое — ад хлопцаў. З дому пісалі, што ўсе здаровы, таварышы пыталі аб поспехах. Вось цяпер з чыстым сумленнем можна адказаць, што поспехі яго нядрэнныя. Хваліцца няма чым, аднак не апошні ён лесаруб на лесапункце. І ён, не адкладаючы, сеў пісаць адказы. Толькі цяпер, седзячы над пісьмамі, ён па-сапраўднаму, да самых драбніц успомніў родны калгас і яму захацелася даведацца пра ўсё, што там робіцца. Пісьмы атрымаліся доўгія, хаця, можа, і не зусім складныя.

Калі Васіль апранаўся, каб аднесці лісты на пошту, адчыніліся дзверы, і на парозе з’явіўся Мікола Кудзелін.

— Здароў, браток, як гадуешся? Як спалася і ўставалася? Куды ты збіраешся?

— На пошту, Мікола.

— Хадзем разам, бо адтуль мы адразу накіруемся ў клуб на сход.

— На які сход, Мікола?

— На камсамольскі сход. Мне Алена даручыла паведаміць табе.

У Васіля мільганула думка аб нейкім дачыненні гэтага сходу да ўчарашняга наведвання начальніка.

Сход быў адкрыты. У клубе, дзе ён адбываўся, сабраліся не толькі камсамольцы. Прыйшлі сезонныя рабочыя і ўся моладзь лесапункта.

На парадку дня стаяла толькі адно пытанне: аб сацспаборніцтве. Першым выступіў начальнік лесапункта Жаровін. Ён сказаў, што становішча, якое склалася на лесанарыхтоўках, нездавальняючае. Большасць сезоннікаў не ўкладаецца ў дзённы графік, і ёсць пагроза, што квартальны план будзе недавыканан. Прычынай гэтага з’яўляецца тое, што маладыя рабочыя, якія ўпершыню прыйшлі на лесараспрацоўкі, не атрымліваюць належнай дапамогі ад больш вопытных таварышаў, адсутнічае сацспаборніцтва.

Начальнік паставіў у прыклад Васіля, які, з дапамогай Алены Галавач, стаў добрым лесарубам-лучкістам.

— А каб Васіль Балкаў, як ужо вопытны лесаруб, дапамог хаця аднаму таварышу, у нас было б два добрых лучкісты з сезоннікаў,— уставіў рэпліку парторг Кавалеўскі.

— Я да таго і падыходжу,— усміхнуўшыся, адказаў Жаровін.— Дык вось, таварышы, мы павінны з сённяшняга дня шырока разгарнуць сацспаборніцтва на нашым лесапункце,— заключыў ён.

Васіль зірнуў на Алену, якая сядзела ў прэзідыуме, і позіркі іх сустрэліся. Яму здалося, што Алена хоча яму аб нечым сказаць. Ён здагадаўся аб чым і ўстаў.

— Дазвольце мне некалькі слоў...— усхвалявана сказаў ён.— Выклікаю на сацспаборніцтва ўсіх сезоннікаў...— ён сам спалохаўся сваіх слоў і на імгненне замоўк.

— Так, так, таварыш Балкаў! — падбадзёрыў яго парторг.— Прадаўжайце.

— Не толькі сам павялічу выпрацоўку! Я цяпер маю магчымасць дапамагаць таварышам, як Галавач дапамагала мне.

Сход адразу ажывіўся. Пачалося заключэнне індывідуальных умоў.

У канцы сходу, калі Васіль ужо збіраўся дадому, яго гукнула Алена:

— Таварыш Балкаў! Вы забылі нашу дамоўленасць?

— Якую? — не зразумеў Васіль.

— Не хітруйце! Выклікаю вас на сацспаборніцтва. Падыходзьце сюды, падпішам умову.

— Брава, Алена! — паціраў ад задавальнення рукі начальнік лесапункта.— А я хацеў табе падказаць.

Васіль накіраваўся да стала. Калі яны з Аленай падпісвалі ўмову, у душу Васіля зноў прыйшла радасць. Яму здалося, што яго ўмова з Аленай самая важная.

Увесь дзень ён хадзіў як зачараваны, на жарты Міколы Кудзеліна адказваў неўпапад, гуляючы ў шахматы і ў більярд, памыляўся і праігрываў.

Мікола Кудзелін уголас дзівіўся:

— Што з табой, Васіль? Аб чым ты думаеш, браток?

— Што ты на мне такое ўбачыў?

— На табе — нічога, а ў табе сёе-тое бачу.

— Што?

Прыціснуўшыся да Васілёвага вуха, Мікола зашаптаў:

— Ненармальны ты сёння, Васіль.

— Нармальны, як ніколі!

— Закахаўся ты, Васіль, і я ведаю ў каго! Хочацца ўвесь свет абняць, праўда?

А Васілю хацелася не толькі абняць увесь свет, але і прытуліць да сябе рыжага Міколу, расказаць яму пра сваю радасць.

Вечарам у клубе павінен быў адбыцца канцэрт. Васіль прыйшоў туды, калі ў зале было яшчэ амаль пуста. На сцэне, за заслонай, ішла дзейсная падрыхтоўка да канцэрта. Васіль не адважваўся заглянуць туды, бо ведаў, што артысты не любяць, калі ім замінаюць. Ён выбраў сабе зручнае месца ля сцэны і сеў. Прасторная зала пачала запаўняцца людзьмі. Ішла моладзь, па адным і групамі. Гэтыя не выбіралі сабе месцаў. Яны хадзілі па зале, заглядалі на сцэну, накіроўваліся ў пакоі для гульняў і там на некаторы час затрымліваліся. Пажылыя рабочыя прыходзілі з жонкамі. Яны распраналіся ў гардэробе і адразу займалі месцы.

Адхінуўшы заслону, са сцэны саскочыў Мікола Кудзелін з баянам.

— Васіль,— гукнуў ён здалёк,— ну, як тваё здароўечка?

«Пад мухай сёння Мікола»,— здагадаўся Васіль. А Мікола ўжо, мабыць, дзесяты раз за дзень, паціскаў яму руку.

— Ты чаму не скінуў паліто? — запытаўся ён, усаджваючыся поруч.— Бяжы, браток, у гардэроб, а я зберагу тваё месца.

Калі Васіль вярнуўся, у зале ўжо ішлі танцы. Добра іграў Мікола. Васіль сеў на сваё месца. Пары, кружачыся, праносіліся каля яго адна за адной... Ён не глядзеў на іх. Нахлынулі ўспаміны пра дом, і было крыху сумна.

Калі ён узняў вочы, проста перад ім прайшла Алена ў пары з нейкім незнаёмым доўгім хлапцом. Васілю здалося, што Алена кіўнула яму, і ён адказаў ёй, але не бачыў, ці заўважыла Алена гэта, бо другая пара засланіла іх. Васіль адчуў, як у яго з’явілася не вельмі выразнае, але і не вельмі добрае пачуццё да доўгага хлапца.

Нарэшце Мікола сціснуў гармонік і на імгненне ў зале стала ціха. Васіль устаў. Яму захацелася ўбачыць Алену, разведаць, што гэта за доўгі і чаму ён выбраў Алену.

— Месца майго можаш не берагчы, Мікола.

— Добра,— адказаў той.

Алена стаяла каля сцэны адна. Яна ўглядалася ў зал, нібы хацела некага ўбачыць.

«Шукае свайго доўгага»,— падумаў Васіль і адчуў крыўду.

Калі ён спыніўся каля яе і ўбачыў яе радасную ўсмешку, усё — і крыўда, і благая думка пра доўгага адляцелі прэч.

— Добры вечар, Алена.

— Добры вечар, Васіль... Я з вамі віталася, калі вы сядзелі каля Міколы.

— Мне здалося, што вы не заўважылі майго адказу.

— Заўважыла,— сказала яна і радасна ўсміхнулася.

— Дзе ваш доўгі партнёр?

— Пайшоў курыць. А вы чаму не танцуеце?

— Яшчэ не сабраўся.

— Доўга ж вы збіраецеся! Дзед вы, а не танцор.

— Ну, гэта мы пабачым,— з запалам сказаў Васіль.— Хто ён такі?

— Хто?

— Той доўгі.

— Хочаце, пазнаёмлю. Ён механік з леспрамгаса.

Яна крыху памаўчала, раптам зірнула на Васіля сваім загадкавым позіркам і сказала:

— Значыць, вальс за вамі, так?

— Так.

— Хадзем, дзядок, на сцэну, я пазнаёмлю вас з нашымі артыстамі. Магу запэўніць, што ў грыме нікога не пазнаеце.

— А вальс?

— Пасля канцэрта. Бачыце, ужо зала поўная людзей. Пара пачынаць канцэрт.

Позна ўвечары разыходзіліся з клуба. Нядоўгі шлях да баракаў Васіль і Алена ішлі разам. Васілю шмат аб чым хацелася пагаварыць з Аленай, але сцяжынка да жаночых баракаў павярнула ўправа, і яны разышліся.

 

4

На лясы апускаўся ранні зімовы змрок. Сыпаўся лёгкі, пушысты, густы і спорны снег. Ён павісаў на галлі дрэў, на кустах лазняку, клаўся на штабелі бярвенняў, упрыгожваў пні белымі шапкамі, усцілаў аўтатрасу, хаваючы пад сабой яе гладкае палатно.

І змрок быў белы і малады.

Бываюць такія прыгожыя зімовыя вечары, калі з глыбіны магутных лясоў вее нейкай урачыстасцю і патаемнай цішынёй, калі тоўстыя і стромкія дрэвы стаяць нерухома, як казачныя асілкі, калі запахне дымком ад далёкага кастра і да слыху даляцяць скрып саней, дзявочы смех і песня. Тады забушуе ў грудзях маладосць, кране пяшчотаю сэрца, і яно соладка заные. І з’явіцца раптам вельмі цікавы ўспамін, мільгне ў памяці і знікне... Аб чым ён быў?.. А можа, гэта не ўспамін, а мара, нешта мілае, летуценна лёгкае і дарагое?..

Васіль Балкаў крочыў дадому. Лучок вісеў за яго плячамі, як стрэльба, палатно пілы, як рэмень, прыціскала грудзі. Сякеру Васіль трымаў у руках, не набыў яшчэ прывычкі засоўваць яе ззаду за пояс, таму адна рука была занята, і нязручна было закурваць. Але ён усё-такі закурыў. Пабліскваючы агеньчыкам цыгаркі, ён, не спяшаючыся, ішоў наперад. Ззаду даносіліся людскія галасы: ішлі лесарубы. Уперадзе паскрыпвалі сані, і скрып гэты набліжаўся: тралёўшчыкі везлі да аўтатрасы апошнія вазы бярвення.

Прыцямнела. Васіль выйшаў на рум і спыніўся. Насустрач яму ішлі машыны, гружаныя бярвеннямі. Святло ад фар яркімі снапамі пырснула на дарогу і паплыло, асвятляючы заснежаны лес, абліваючы яго сярэбраным бляскам. Васіль сышоў на край аўтатрасы, каб даць дарогу машынам, і пастаяў, пакуль яны праехалі.

Нарэшце за паваротам дарогі заблішчалі агні пасёлка.

Васіль занёс у пілаточку лучок. Там нікога не было. Ён павесіў пілу на цвік і накіраваўся ў кантору. Людзей тут было многа, і Васіль ледзь адшукаў Міколу Кудзеліна.

— Ну, Мікола, колькі сёння ў мяне?

Кудзелін адарваўся ад сваёй «памінальніцы», зірнуў на Васіля і адказаў:

— Я яшчэ толькі прысеў, Вася. Толькі от пачаў лічыць. Але наперад табе скажу: у Алены больш.

— Ну? — недаверліва запытаў Васіль, і твар яго спахмурнеў.

— Прыкладна, працэнтаў на пяць.

— Няўжо яе немагчыма абагнаць, Мікола?

— Усё магчыма, Вася. Магчыма і тое, што, пакуль ты дагоніш Алену, нашы сезоннікі дагоняць цябе! Я вось падлічваю. Шмат у каго выпрацоўка падыходзіць да тваёй. Ва ўсякім разе, ніжэй за сто працэнтаў няма ні ў кога, нават у дзяўчат.

— А я хіба буду стаяць на месцы! Няхай даганяюць, гэта добра. На тое мы і спаборнічаем. І не можа быць, каб да канца тыдня я не дагнаў Алены! — упарта адказаў Васіль.

— Старайся, Вася... Ды, браток, не замінай ты мне. Ідзі павячэрай, а я тым часам зводку падрыхтую. Леспрамгас звоніць і звоніць... Пакуль ты павячэраеш, я падлічу.

Васіль нахлабучыў вушанку на самыя вочы і пайшоў з канторы. Сёння яму трапіўся добры лясок: густы і тоўсты. Працаваў і думаў: «Ну, сёння сцеражыся, Алена...» А тут на табе... Мікола хоць і не падлічыў, а ведае. Прыкіне на вока і мала памыліцца...

Ужо два месяцы ідзе спаборніцтва. І за ўвесь гэты час Васіль ні разу не заняў першага месца. Яму нязменна заставалася другое, а на першым, таксама нязменна, была Алена. Васіль не зайздросціў, але жаданне дагнаць яе ад гэтага не змяншалася. Наадварот, умацоўвалася. Дзіўна было, што так хутка прайшоў час. Калі з’явіўся сюды, толькі пачыналася зіма, а цяпер надыходзіў яе канец. Прыйдзе вясна, і ён свабодны. Але гэтая думка чамусьці не ўзрадавала яго.

Адносіны Васіля з Аленай ускладніліся. Яны, як і раней, наведвалі адзін аднаго на працы, дзяліліся вопытам. У лесе Алена была такою, як і заўжды: чулай, патрабавальнай, праўдзівай і шчырай, самым лепшым таварышам. Але пасля працы ў яе ўсяляўся чорт... Яна рабілася калючай, як вожык, жарты яе былі вострымі, ад іх не раз чырванеў Васіль. Алена нібы дражніла яго. Васілю нават здавалася, што яна пазбягае яго. Ён шукаў сустрэчы, хацеў пагутарыць ад душы пра ўсё, што ляжала ў яго на сэрцы, але дзяўчына не звяртала увагі на яго пачуцці...

Ужо сам Васіль не адзін раз інструктаваў маладых рабочых. Яны яго таксама клікалі «таварыш інструктар», аднак павага яго да Алены не прайшла, пачуццё, якое бліснула, не пагасла. «Чаму?» — задаваў сабе пытанне Васіль.

Праз некалькі дзён пасля таго камсамольскага сходу, на якім заключаліся сацспаборніцтвы, у дзялок да Васіля прыйшоў парторг Кавалеўскі. Пагутарылі. Кавалеўскі — стары рабочы-лесаруб — паспрабаваў яго інструмент. Цікава было наглядаць Васілю, як гэты прысадзісты пажылы чалавек з густымі, але кароткімі вусамі, з носам-бульбінай, з вясёлымі разумнымі вачыма арудаваў яго пілой. Ён зваліў некалькі дрэў і вярнуўся да Васіля.

— Адвык. Ды і гады, мабыць, не тыя,— сказаў ён густым голасам і ўсміхнуўся. Потым пацікавіўся Васілёвым метадам работы.

— У мяне метад Галавач Алены, таварыш Кавалеўскі,— адказаў Васіль.

— Хіба яе метад самы лепшы? — здзівіўся парторг.

— Не ведаю. Але яна мяне вучыла. Я, можна сказаць, яе вучань. Прытым, яна лепшы стаханавец на лесапункце.

— А вы пашукайце сваіх метадаў і станеце яшчэ лепшым стаханаўцам. Яна працуе трэці год і трэці год удасканальвае свой метад, а вы пляцецеся за ёй у хвасце.

Гэтыя словы ўразілі Васіля.

— Напэўна так, таварыш Кавалеўскі... І я павінен сказаць, што дарэмна з Аленай спаборнічаю...

— Чаму?

— Каб вынайсці свае метады, мне трэба папрацаваць лучком не меней года.

— Ну, гэта зусім не так. Лучком вы авалодалі. Трэба толькі выкарыстоўваць час рацыянальна. Я думаю, вы шмат губляеце яго на дробязях. Ушчыльняйце працоўны дзень. І бярыцеся за справу сур’ёзна. Да нас ідзе магутная тэхніка. Электрапіла ў хуткім часе заменіць лучок.

Васіль задумаўся над словамі парторга і знайшоў шмат дробязей, якія заміналі яму ў працы. Ён пазбавіўся ад іх, аднак, хаця выпрацоўка яго і павялічылася, Алены ён усё-такі не дагнаў.

...У сталоўцы Васіль распрануўся і заказаў вячэру. Раптам ён пачуў вокліч:

— Таварыш Балкаў, як справы?

Алена Галавач павячэрала і збіралася дамоў. Васіль зірнуў на яе вясёлы твар, і сэрца яго зашчымела незразумелым болем.

— А ў цябе, таварыш Галавач?

— Не ведаю. Пайду запытаю ў Міколы.

— Ідзі. Ён ужо лічыць.

— А ты не злуйся, Васіль...

— Я не злуюся, Алена... У цябе сёння больш. Але...будзе свята і на маёй вуліцы!

— Тады пазавеш мяне на сваё свята,— засмяяўшыся, адказала яна і пайшла.

І пайшла такая далёкая, такая незразумелая, такая блізкая і дарагая дзяўчына... Няўжо ж так і не ўдасца яму да канца сезона стаць уровень з ёю? Ён чакаў таго дня, калі зможа сказаць ёй: «Ну, Леначка, дзякую за навуку. Нарэшце такі я параўняўся з табою... Дык давай і пойдзем уперад разам, дапамагаючы адзін аднаму...»

Сёння да яго зноў прыходзіў Кавалеўскі. Пастаяў нядоўга. Пахваліў. Сабраўся ўжо ісці, але запытаўся:

— А што ты думаеш пра электрапілы, Васіль Андрэевіч?

— У нас іх няма.

— Няма! Дык будуць... Хутка будуць!

Васіль успомніў гэтыя словы, калі ішоў у кантору, куды яго паклікалі са сталоўкі, калі ён кончыў вячэраць.

 

5

У кабінет начальніка Васіль увайшоў не без хвалявання. Ён прывітаўся і стаў ля парога.

Начальнік на хвіліну ўзняў галаву ад стала і сказаў:

— Бліжэй, таварыш Балкаў. Вось і крэсла.

Прымасціўшыся, Васіль заўважыў, што насупраць яго цераз стол сядзіць парторг і дыміць цыгарэтай, устаўленай у доўгі муштук.

У кабінеце было ўтульна і, як здалося Васілю, вельмі горача. Ён расшпіліў паліто і зірнуў на начальніка. Той сядзеў, нахмурыўшы пасівелыя бровы, і чытаў нейкую паперу. Такім хмурым Васіль ніколі не бачыў яго і таму з трывогаю падумаў, па якой прычыне яго сёння выклікала начальства. Але начальства не спяшалася аб гэтым паведамляць.

Так прайшло некалькі хвілін. Начальнік падсунуў да сябе лічыльнікі і ў задуменні нешта пачаў лічыць. Парторг пускаў дым праз густыя вусы.

Раптам начальнік рашуча адсунуў ад сябе і паперу, і лічыльнікі, акінуў вясёлым позіркам Васіля і сказаў:

— Значыць, не дацягнуў сёння да Алены толькі тры працэнты!

Васіль не зразумеў, што хаваецца ў гэтых словах — папрок ці пахвала, і нездаволена паморшчыўся.

— Што, не падабаецца? — засмяяўся начальнік.

— Нічога не зробіш. Прыйдзе час, дацягну і перацягну.

— Веру. Тры працэнты — глупства.

— Не глупства. Заўтра, можа, пяць не дацягну, але я ў сябе ўжо веру.

— І гэта самае галоўнае,— сказаў Кавалеўскі.

— Малайцом, таварыш Балкаў... З нашай Аленай яшчэ ніхто не зраўняўся і не падышоў так блізка, як ты,— начальнік падумаў і дапытліва агледзеў Васіля.

— Справа вось у чым, таварыш Балкаў: ты думаеш застацца ў лясной прамысловасці ці ў канцы сезона вернешся дамоў?

Ад першага дня, калі ў Васіля з’явілася думка ўцячы з лесапункта, прайшло нямала часу, і больш да яго яна не вярталася. Такое пытанне з боку начальніка было раптоўным, і ён не адразу адказаў.

— Я сабе такога пытання не задаваў... Мне не так лёгка далася новая спецыяльнасць... — ён змоўк.

— Каб так лёгка яе кінуць,— дадаў Кавалеўскі.

— Амаль што так, таварыш Кавалеўскі.

— Значыць, застаешся?

— Так,— рашуча сказаў Васіль.

Начальнік задаволена пацёр рукі.

— Гаворачы шчыра, таварыш Балкаў, твае гэтыя словы мяне ўзрадавалі. Мы тут думалі аб табе, гутарылі з таварышам Кавалеўскім.

Гэта было навіною для Васіля. Ніколі ён не спадзяваўся, што начальства аб ім можа думаць або гаварыць.

— Памятаеш, Васіль Андрэевіч, я табе сёння гаварыў пра электрапілу, не забыў? — запытаўся Кавалеўскі і ўсадзіў у муштук новую цыгарэту.

— Памятаю.

— Ну дык гэты час настае. Наш лесапункт у хуткім часе будзе механізаваны. Мы атрымаем некалькі электрастанцый, некалькі машын, тралёвачных трактараў, нават лябёдак. Зразумеў?

— Зразумеў, ды не зусім, таварыш Кавалеўскі.

— Кадры нам патрэбны, гаспадары машын, зразумеў?

— Зразумеў.

— На курсы мы пасылаем цябе, на тры месяцы,— сказаў Жаровін.

— Чаму абавязкова мяне, таварыш начальнік?

— Не толькі цябе. Шмат людзей пасылаем. Над тым і думаю. Лесапункт агаляецца, падлічваю, ці выканаем без вас праграму. На курсы — шафёраў, трактарыстаў, матарыстаў — усё лепшых рабочых.

— Значыць... Спаборніцтва па баку...

— Чаму па баку? Вернуцца і будуць прадаўжаць яго ў новых умовах.

Васіль доўга маўчаў. Ні начальнік, ні парторг не перашкаджалі яму думаць. Нарэшце ён падняўся і сказаў:

— Згодзен. Еду.

— Іначай і быць не магло,— усміхнуўся начальнік.— Заўтрашні дзень даецца табе на адпачынак і на зборы. Атрымаеш у Іванаўны грошы, а паслязаўтра — у дарогу.

«Як раптоўна ўсё здарылася»,— падумаў Васіль, ідучы з канторы. І раптам яму здалося, што яго згода ехаць на курсы падобна на ўцёкі. Ён уцякае ад спаборніцтва. Што падумае Алена? «Уцякаеш, Балкаў»,— скажа яна. Пачне кпіць...

На дварэ пасвятлела. Праяснілася начное неба, і памацнеў марозік. Васіль падаўся дамоў і зусім нечакана сустрэў Алену Галавач. Спыніліся абое.

— Чула навіну, Алена? — запытаўся ён.

— Чула. Значыць, едзеш, Васіль?

— Еду... А ты?

— На жаль, не...

— Эх... Памыліўся я...

— У чым ты памыліўся?

— Даў згоду ехаць на гэтыя курсы.

— Дык гэта, па-твойму, памылка? — здзівілася яна.

— Не тое што памылка... На ўцёкі гэта падобна. Ад спаборніцтва, выходзіць, я ўцякаю...

— Дзівак ты! Якое глупства прыйшло ў тваю галаву! Ды каб мяне паслалі, я ганарылася б! —у яе голасе чуліся незразумелыя ноткі: ні то жаль, ні то зайздрасць.

— Дык чаму ж яны цябе не паслалі? — абурыўся Васіль.

— Не ведаю... Бачыш, камсоргам я, адным словам, многа спраў...

Васіль адчуў, што яна нечага не дагаварвае. Яна маўчала і стаяла некаторы час, нахіліўшы галаву. Потым рэзка падняла яе, нібы адагнаўшы дакучлівыя думкі, і запыталася зусім другім тонам:

— Ты куды цяпер, Васіль?

— Дамоў, Лена. Трэба сваім лісты напісаць.

— У клубе сёння танцы... Памятаеш першы вальс? Ну дык сёння будзе апошні... Тры месяцы не будзе цябе, дык давай на тры месяцы і... патанцуем...

Нейкае незнаёмае, але надзвычай харошае пачуццё ўзняло Васіля. Ён не чакаў такой сустрэчы з Аленай. Ён чакаў насмешкі, у крайнім выпадку, проста таварыскай гутаркі, а не такой цеплыні і шчырасці, якія чуліся ў Аленіным голасе...

Ён узяў яе пад руку, і яна прыхінулася да яго. А мо гэта здалося? Безумоўна, прыхінулася... Не, не прыхінулася, а ледзь нахілілася ў яго бок.

У клубе было поўна моладзі. Весела заліваўся баян у Міколавых руках.

Васіль дапамог Алене скінуць паліто, распрануўся сам. Яны стаялі каля вешалкі і маўчалі. Не першы раз ён сустракаўся з ёю ў клубе, але сёння яна была не такой, як усе разы. Сёння яна была надзвычай прыгожаю, дзівосна прыгожаю, гэтая лясная дзяўчына. Нейкая кволасць, мяккасць адчуваліся ва ўсёй яе постаці. І Васіля ахапіла жаданне ўзяць яе на рукі, пранесці па ўсім клубе, як малое дзіця. Толькі так выказаў бы ён тую пяшчоту, якая нарадзілася ў яго грудзях у гэтую хвіліну.

Калі палілася мелодыя вальса, ён падаў ёй руку, і яны закружыліся.

Васіль адчуваў, што п’янее. П’янее ад мелодыі, ад блізасці Алены. Ён не ведаў, не бачыў, як прыгожа выходзіць у іх гэты стары і вечна малады танец.

Змоўк баян, а Васілю не хацелася адыходзіць ад Алены. Ён заўважыў табурэтку ў самым кутку каля сцэны і паказаў на яе вачыма:

— Адпачні, Лена...

— А ты?

— Я пастаю.

— А мне няма часу сядзець, Васіль... Я ж табе казала: патанцуем апошні вальс. От мы і патанцавалі...

— Ты хочаш ісці? — з жалем сказаў ён.

— Мне трэба ісці, Васіль... — адказала яна, ласкава зірнуўшы на яго.

— Хадзем. Мне таксама трэба ісці...

Яны ішлі па дарожцы, што вяла да баракаў. На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Лес, што абкружаў пасёлак, стаяў маўкліва. З-за яго паказваў свой круглы твар месяц з адсечаным беражком.

Яны спыніліся каля ганка, і Лена павярнулася да Васіля тварам.

— Жадаю табе поспехаў, Васілёк... Бывай,— сказала яна, падаючы яму руку.

Ён схапіў і да болю сціснуў яе... «Васілёк...» Яна ніколі не называла яго так.

— Лена, пачакай... Мы нават не пагутарылі... Я не пра ўсё табе сказаў! Ах, Леначка... Мне абавязкова трэба сказаць. Я еду на тры месяцы...

— Дурненькі, Васілёк... Чаму ж ты раней не сказаў?

— Леначка, я не ведаў... — адказаў ён, абдымаючы яе за плечы.

Яна адвяла яго рукі.

— Ты мне будзеш пісаць, не палянуешся?

— Ах Лена, Лена...

Яна крутнулася і па ўсходцах пабегла на ганак.

 

6

На лесапункце, дзе праходзілі курсы механізатараў лесанарыхтовак, Васіль спачатку разгубіўся.

Увесь працэс лесанарыхтоўчай работы тут быў механізаваны. Тут працавалі не толькі аўтамашыны і рухомыя электрастанцыі на калёсах, якія нагадвалі вагоны. Тэхніка ахапіла ўсе віды вытворчасці. Тралёўку лесу выконвалі магутныя «Сталінцы». Цікава было глядзець, як такі трактар цягне да ляснога склада цэлы дзесятак дрэў, трымаючы іх за верхавіны. На складзе рабочыя распілоўвалі бярвенні электрапіламі. Пагрузка лесу на станцыі — самая цяжкая работа. Тут лябёдкі і дэрыкі замянялі працу людзей. Рабочыя толькі кіравалі гэтымі машынамі. «Колькі тут тэхнікі,— думаў Васіль,— няўжо так будзе і ў нас?!» Ён зайздросціў тым рабочым, якія стаялі ля машын, як камандзіры. Якой недасканалай і прымітыўнай выглядала лучковая піла ў параўнанні з электрапілой!

Васіль адразу нібы перанёсся ў другі свет, і гэта ашаламіла яго. Акрамя таго, ён адчуваў сябе нейкім раздвоеным, нібы частка яго засталася там, на Янеўскім лесапункце, дзе працуе сваім лучком Алена. У першы ж дзень ён сеў пісаць ёй ліст. Пісаў доўга і калі прачытаў, то не рашыўся паслаць. «Наплёў чорт ведае чаго,— падумаў ён,— можа, Алена толькі пасмяецца». Ён успамінаў яе то такой, якой яна прыйшла да яго інструктарам, то такой, якой бачыў у апошні вечар, і сэрца яго ныла салодкім болем. «Васілёк...» — так ніхто і ніколі не клікаў яго. І гэтае слова ўвесь час гучала ў яго вушах.

Ён вучыўся на курсах матарыстаў. Вучоба займала ўвесь час. Заняткі праходзілі на вытворчасці, што ў значнай меры аблягчала засваенне, але вечарамі прыходзілася сядзець над кнігамі і запісамі да поўначы. І Васіль сядзеў, як крук, цярпліва наганяючы тое, чаго не паспеў набыць у школе. Ён кінуў вучэнне пасля сёмага класа і цяпер сам сябе лаяў за гэта.

Іншы раз ім авалодвала пачуццё, падобнае на тугу. Гэта здаралася тады, калі ён ляжаў у пасцелі, стомлены за дзень да таго, што нават не прыходзіў сон. Тады ён заплюшчваў вочы, і ў іх паўставала Алена. Яна стаяла, нахіліўшы галаву, кволая, нібы пакрыўджаная, і доўгія вейкі закрывалі яе вочы. Пяшчотай тады напаўнялася яго сэрца, вялікая радасць агортвала ўсю істоту. Ён успамінаў яе твар, постаць, яе погляд, такі ласкавы і загадкавы, яе дзівоснае слова: «Васілёк». «Ты і тут дапамагаеш мне, Леначка»,— з удзячнасцю думаў ён.

І сапраўды, вобраз яе, успамін аб ёй акрыляў яго, дадаваў сілы, падымаў жаданне быць лепшым, імкнуцца ўперад. І яшчэ не адзін раз прабаваў ён пісаць ёй лісты і, перачытаўшы іх, знаходзіў, што і тысячнай долі няма ў іх таго, што хацелася яму сказаць.

Прайшло два месяцы. Кончылася зіма. Васілю было дзіўна, што ён так і не заўважыў, калі пачалася вясна. Яе прыход ён адчуў неяк раптоўна. Выйшаў раніцай на двор. Яшчэ не ўзыходзіла сонца, а ўжо аднекуль з вышыні лілася птушыная песня. Васіль прыгледзеўся: на старой бярозе, што расла ля інтэрната, як чорны камячок, сядзеў шпак і весела пасвістваў. «Вясна!» — з радасцю падумаў Васіль і толькі цяпер заўважыў, што ўжо адшумелі вясновыя ручаі і амаль зусім няма снегу.

Прайшло яшчэ некалькі дзён, і вясна цвіла ўжо ў бярозавых гаях, на лугах па берагах рэчкі, на калгасных палях. Жоўтай лотаццю пакрыліся паплавы і балоты. Кволае лісцейка, светла-зялёнае, яшчэ пакарабачанае і клейкае, пакрывала дрэвы і кусты. Маўклівы дагэтуль лес агалосіўся птушыным спевам, зашумеў пад вясновым ветрам весела і ласкава.

Прыход вясны выклікаў новыя думкі. Васіль успомніў родны калгас, і стаў ён дарагім яму і блізкім да слёз. Васіля пацягнула на палі, хоць паглядзець, як прасыхае зямля, як рыхтуецца яна прыняць новае насенне. Ён уяўляў, як у родным калгасе яго таварышы рыхтуюць цяпер новы ўраджай. Хіба ён уцёк ад іх? Ён толькі перайшоў на другі, таксама вельмі важны ўчастак работы.

Усе курсанты цяпер праходзілі практыку на вытворчасці. Васіля паставілі памочнікам матарыста. Машына працавала спраўна, і Васіль нават адлучаўся ад яе. «Мала быць матарыстам,— думаў ён,— трэба быць і добрым электрапільшчыкам». І ён, дамовіўшыся з майстрам, ішоў на дзялянкі і гадзіны па дзве, па тры працаваў электрапілой. Было ў яго і другое жаданне — пабыць на электрастанцыі аднаму. І няхай бы здарылася нейкая замінка. Тут ён упэўніўся б, ці добра ведае машыну. І такі дзень прыйшоў, Васілю давялося замяніць матарыста, які захварэў.

Васіль з усходам сонца выйшаў на работу. Лясная дарога яшчэ маўчала, і Васіль быў рады, што будзе на сваім месцы раней за ўсіх і зможа падрыхтавацца да работы. Лясное птаства ўжо не спала. Жаўна дзяўбла дрэва з такой увагай, што не толькі не спалохалася Васіля, але нават не звярнула на яго ўвагі. Галасы лясных спевакоў, нябачаных у лясной гушчыні, ліліся з усіх бакоў. Былі яны клапатлівыя, але такія бадзёрыя, што Васіль сам пачаў падсвістваць ім.

Зайшоўшы ў вагон свае электрастанцыі, Васіль спачатку агледзеў механізмы. Усё было ў парадку. Ён зрабіў змазку і заправіў гаручым матор. Калі прыйшлі рабочыя, матор ужо спяваў сваю працоўную песню.

Васіль выйшаў з вагона, і ў яго з’явілася жаданне самому папрацаваць электрапілой. Ён прыслухаўся да голасу матора: гук быў раўнамерны і чоткі. Васіль зірнуў на правады, што, як змеі, паўзлі ва ўсе бакі, і пабег на лясны склад, дзе ішла распілоўка хлыстоў. Малады хлапец з веснавым рабаціннем на твары раскрыжоўваў у гэты час тоўстую яліну.

— Ну як, хапае току? — спытаў Васіль.

— Хапае, механік,— адказаў той.

«Механік»,— падумаў Васіль з усмешкай і папрасіў:

— Дазволь мне, таварыш, пільнуць разок.

— Калі ласка, таварыш механік.

Васіль узяў электрапілу і прыняўся за работу. Зрабіць адзін рэз было справай некалькіх хвілін, і на ім Васіль не спыніўся. Ён распілаваў ужо два хлысты, і дарэмна рабочы не адзін раз казаў яму:

— Давайце мне, таварыш механік.

Васіль перайшоў да трэцяга хлыста і толькі дакрануўся пілой да бервяна, як ланцужок яе спыніўся. Васіль памчаўся да сваёй электрастанцыі. Матор заглух. Некалькі разоў Васіль хапаўся за ручку, каб завесці яго, але матор толькі фыркаў, як наравісты конь, і зноў злавесна маўчаў. Тады Васіль пачаў корпацца ў ім. Але, як і кожны раз бывае ў выпадках, калі механік яшчэ не вельмі спрактыкаваны, ён не ведаў, за што перш за ўсё трэба ўзяцца. Васіль кідаўся ад адной часткі да другой, нічога не мог знайсці і зноў хапаўся за ручку. Матор толькі фыркаў у адказ на яго намаганні.

— Эх ты, механік разняшчасны... — горка сказаў ён і нахіліўся над маторам. Цяпер ён рашыў па парадку перагледзець кожную частку, але думка, што праз яго нядбайнасць адбываецца прастой на рабоце, што рабочыя ўспамінаюць яго цяпер не вельмі ласкавымі словамі, зноў выбіла яго з раўнавагі.

Ён не ведаў, колькі прайшло часу, бо хвіліны здаваліся яму гадзінамі, але нечакана ў дзверы вагона зірнуў той самы рабочы, чыёю пілою ён працаваў, і сказаў зусім па-таварыску:

— Вы, механік, зірніце, можа, гаручае не паступае. Гэта іншы раз бывае.

Добрая парада і прыязны тон, якім яна была сказана, адразу супакоілі Васіля. Ён кінуўся да трубкі, якая падае гаручае, і адразу знайшоў няспраўнасць: трубка захрасла. Васіль старанна прачысціў яе. Рабочы крутнуў ручку матора, той яшчэ фыркнуў разы са два, нібы хацеў не паддацца, і запрацаваў роўна і без перабояў. Цяпер Васіль рашыў нікуды не адыходзіць ад механізмаў, хоць яго і цягнула да электрапільшчыкаў.

Астатак рабочага дня прайшоў хутка і без аварый. Васіль быў не задаволены гэтым днём. Не задаволены таму, што дапусціў памылку, пакінуўшы машыну без догляду, і праз гэта атрымаўся прастой. «На тое і машыніст, каб кіраваць машынай»,— думаў ён і цвёрда рашыў, што такі выпадак павінен быць першым і апошнім.

Калі пасля працы ён зайшоў у інтэрнат, яго сустрэла прыбіральшчыца.

— Табе, ліст, Вася,— сказала яна, падаючы яму блакітны канверт.

Васіль не памятаў, як разарваў канверт. Ён нават не зірнуў на адрас, ён і так ведаў, што пісьмо ад Алены.

«Забыў ты, Васілёк, сваё абяцанне,— пісала яна.— Забыў ты наш апошні вальс, што танцавалі мы ў клубе перад тваім ад’ездам. Харошы быў той вечар, я заўсёды з радасцю ўспамінаю яго... А ты забыў».

«Не! Не забыў, Леначка!» — хацелася крыкнуць Васілю. Як бы дорага ён даў, каб убачыць цяпер яе перад сабой, каб перанесціся хоць на гадзіну ў Янеўскі лесапункт.

Яна пісала, што таксама была на курсах, пры трэсце, і атрымала званне майстра лесанарыхтовак, што паступіла вучыцца завочна ў лесатэхнікум.

«Ах, Лена, Леначка! Хіба можна такую дзяўчыну ды забыць!» — з гордасцю за сяброўку думаў Васіль.

Ён некалькі разоў перачытаў гэты дарагі ліст і пачаў пісаць адказ.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарнышэвіч А. Выбраныя творы. У 2-х тамах. Т. 1. Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 512 с., 1 л. іл.
Крыніца: скан