epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Чарнышэвіч

Затор на дваццатым

1
2
3
4
5


1

Калі Паўла Дубовіка пыталі, дзе ён працуе, ён адказваў:

— А я, братка, на тых... на падсобных...

Гэта азначала, што Дубовік працуе на падсобных работах.

Так званых падсобных работ на лесаўчастку было не вельмі многа, і звычайна іх выконвалі старыя, чаго нельга было сказаць пра Паўла Дубовіка.

Гэта быў мужчына гадоў сарака, круглатвары, чырвоны, як бурак, тоўсты і дужы, як мядзведзь. Хадзіў ён павольнай хадою, перавальваючыся, як качка, з нагі на нагу. Пазіраў ён заўсёды спадылба, падазрона аглядаючы субяседніка, нібы не давяраў, што з ім гавораць сур’ёзна. Галіўся ён ад выпадку да выпадку, таму ад вачэй да шыі быў абросшы рэдкімі рыжаватымі валасамі.

Пазнаць яго можна было здалёк па тым гарнітуры, які ён насіў і летам, і зімой. Гарнітур быў надзвычай стракаты: летняя армейская шапка з круглай чорнай плямай на самым версе, ватовая фуфайка, замызганая да таго, што нельга было пазнаць, з чаго яна пашыта, штаны-галіфэ ні то,зялёнага, ні то ахоўнага колеру з чорнымі леямі, а на нагах вялізныя чаравікі, з якіх заўсёды тырчалі анучы.

На ўсім гэтым гарнітуры штодзённа прыбывала плям ад салідолу, аўтолу і алею. Рыбная луска розных колераў паблісквала на фуфайцы і штанах. Усё гэта яскрава сведчыла, з якімі матэрыяламі меў справу Павел Дубовік, выконваючы падсобныя работы.

Асаблівасць падсобных работ заключалася ў тым, што яны маглі ўзнікнуць нечакана, у любы час сутак. Трэба, напрыклад, тэрмінова падвезці гаручае для аўтамашыны, у сталоўку адправіць мяса або рыбу, у пякарню падкінуць дроў. Тут патрэбен быў чалавек, і такі чалавек знаходзіўся ў асобе Паўла Дубовіка, які ў вольны час спаў у дзяжурцы коннага двара, уваткнуўшы галаву ў лямец сядзёлкі. Спаць ён любіў надзвычай: дзе сеў, там і заснуў. Гэта пра яго гаварылі, што на Янеўскім лесаўчастку ёсць такі чалавек, які можа выспацца на хаду.

Прачынаўся ён не адразу: доўга пазяхаў, чухаў кудлатую галаву, вохкаў, стагнаў, нарэшце падымаўся і ішоў запрагаць гультаяватую кабылу Мошку, выдзеленую для падсобных работ.

Павел Дубовік з’явіўся ў Янеўскі лесаўчастак болей года назад. Тут ён адразу, як кажуць, упрогся ў падсобныя работы, быў імі вельмі задаволены і, здаецца, ні аб чым болей не думаў. Ён нават атрымаў на лесаўчастку мянушку: «Падсобныя работы», але не крыўдзіўся за яе.

Усё сваё жыццё Павел Дубовік пражыў у адным з мястэчкаў Заходняй Беларусі. Застаўшыся сіратою з малых год, ён спачатку жабраваў, потым пасвіў местачковую скаціну. Павел быў рухавы хлапчук, бадзёры і жыццярадасны, нягледзячы на гаротнае жыццё. Калі падрос, ён кінуў пасвіць, бо меў цвёрды намер зарабіць грошай і завесці ўласную гаспадарку. Аднак ва ўмовах панскай Польшчы гэта было немагчыма. Адзіная дзяржаўная работа, якая праводзілася ў павеце — пракладка шасейнай дарогі,— аказалася для яго недаступнай. Для таго, каб паступіць на работу, трэба было запісацца ў «палякі», гэта значыць прыняць каталіцкую веру.

Тады Дубовік пачаў зарабляць пакрысе, наймаючыся да багатых местачкоўцаў. Работу ён выконваў розную, якая траплялася: пілаваў і калоў дровы, гарадзіў платы, мёў двары і вуліцы, насіў ваду, размятаў снег. Браў за работу, што давалі, а давалі, безумоўна, нямнога. Іншы раз яму давалі грошы, а іншы раз працаваў толькі за харчы і начлег. Калі ў мястэчку не знаходзілася работы, адлучаўся ў вёскі: летам на жніво, увосень на малацьбу.

Працуючы ў розных людзей, ён упэўніўся, што кожны хоча даручыць як мага больш працы, а заплаціць як мага меней, і пачаў глядзець на людзей падазрона. Упэўніўся ён і ў тым, што як ты добра ні выканаеш работу, гаспадару не дагодзіш. А самае галоўнае, ён прыйшоў да вываду, што сумленнай працай не забагацееш. Усё гэта прывяло да таго, што ён разленаваўся, апусціўся, навучыўся падбіраць усё тое, што дрэнна ляжыць, але рабіў гэта вельмі асцярожна і ні разу не папаўся,

Так пражыўшы амаль паўвека, ён ніколі не меў сталай работы, не атрымаў ніякай спецыяльнасці і ведаў цану капейцы: жыў у вышэйшай меры сціпла.

Вайна амаль не кранула яго. Ён перабыў яе ў вёсках у «цёплых» мужыкоў. Калі Савецкая Армія вызваліла Заходнюю Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў, ён працаваў у аднаго кулака і разам з яго сынам рыхтаваў бярвенні на новы дом.

На лесаўчастак ён прыйшоў, калі пачуў, што там добрыя заробкі. З вялікімі цяжкасцямі пратрымаўся ён на лесаўчастку першы месяц. Прывыкшы працаваць ад выпадку да выпадку, калі гэтага запатрабуе страўнік, ён не мог звыкнуцца з дысцыплінай. Яго цягнула ў мястэчка, на лёгкую работу, дзе ён меў магчымасць дзень працаваць, два адпачываць, дзе дапаможаш выкаціць з чайной пустыя піўныя бочкі, закаціць туды поўныя, прынесці паварысе вядры два вады, і глядзіш — ужо келіх піва і талерка супу стаяць на стале...

Аднак пратрымаўся, бо трэба было чакаць разліку. І чакаў ён яго з нецярплівасцю. У той дзень ён старанна злажыў у мяшочак свае небагатыя пажыткі, заадно ўпіхнуў туды новую сядзёлку, некалькі раменных паскаў, новыя тасьмовыя лейцы і з паўдзесятка супоняў. Выбрацца меркаваў пасля поўначы.

Разлічвалі рабочых вечарам. Дубовік стаяў у чарзе і чакаў, калі яго выклічуць. Можна было і пачакаць: наперад уяўляў сабе жыццё ў мястэчку, меркаваў, каму прадаць сядзёлку і лейцы, каб паляжаць з тыдзень на печы ў старой Пракопіхі, якая жыла ў яго хаце ў якасці кватаранткі.

Калі яго нарэшце выклікалі, ён бокам падышоў да касіра. Той так лоўка заляскаў лічыльнікамі, што Павел не мог прасачыць за костачкамі, якія ляталі па дроціках, і нават ухмыльнуўся.

— Табе трыста рублёў, Дубовік. Распішыся.

— Тры-ы-ста! — здзівіўся Павел і, разявіўшы рот, зірнуў на касіра.

— Што? Мала? Я, брат, лічу згодна нарадаў. Не верыш, дык я пералічу.

Паўлу хацелася сказаць, што не трэба пералічваць, што трыста рублёў зусім не мала, а нават многа... Паўлу нават стала горача: вось пералічыць касір, і атрымаецца меней...

Касір зноў заляскаў лічыльнікамі і нарэшце сказаў:

— Ну глядзі: трыста. Дарэмна ты мяне затрымаў.

Ён адлічыў Дубовіку трыста рублёў новенькімі хрусцячымі пяцёркамі — іх ляжала цэлая горка на стале. Павел зірнуў на свае велізарныя парэпаныя рукі, у якія ўелася гразь, можа, пяцігадовай даўнасці, і нясмела сабраў са стала свой заробак.

Ён не паклаў грошы ў кішэню, а нёс у руках і ўсё паўтараў:

— Кажаш — трыста... гм... калі трыста, то гэта, братка, трыста... гм...

Столькі грошай ён зроду не трымаў у руках, і гэта яго ўсхвалявала. Так ён і прыйшоў у дзяжурку, не паклаўшы іх у кішэню.

У дзяжурцы нікога не было. Дубовік запаліў лямпу, сеў пры століку і пералічыў грошы. Налічыў роўна трыста рублёў. Ён палажыў грошы на стол і доўга глядзеў на іх. Потым дрыжачымі пальцамі адлічыў дваццаць пяцёрак і паклаў у кішэню. Астатнія абгарнуў газетай, потым анучкай, выцягнуў з-за пазухі тоўсты скураны бумажнік, запхнуў туды рэшту грошай і паклаў у другую кішэню. Тады падняў з долу своў мяшок, развязаў яго, выняў сядзёлку, лейцы, паскі і супоні і развесіў іх там, дзе яны і былі, пакуль не папалі ў яго мех.

У тую ноч яму дрэнна спалася, і гэта, мабыць, была першая такая ноч у яго жыцці.

Назаўтра ён выйшаў на работу. Так і пацякло жыццё Паўла Дубовіка на Янеўскім лесаўчастку.

Ён цяпер скруціў сябе, як толькі мог. Харчаваўся хлебам і таннымі цукеркамі, запіваючы іх халоднай вадой. Цукар купляць лічыў нявыгадным, бо, на яго думку, цукар быў вельмі няспорны... Але кожны дзень у Дубовіка была свая асабістая радасць, невядомая другім: чаканне дня разліку. Кожны месяц ён чакаў гэтага дня і заўсёды аб ім думаў.

 

2

Начальнік Янеўскага лесаўчастка Жаровін толькі вярнуўся з лесу. На ганку канторы ён доўга абтрасаў снег з каўняра паліто і з шапкі і нездаволена паўтараў:

— Ну і лепіць без канца, каб на яго халера... ну і лепіць...

Снег і сапраўды ляпіў без канца, вільготны і густы. Размятальшчыкам на аўтатрасе не было калі перадыхнуць — машыны буксавалі і прастойвалі па дарозе: графік ламаўся. А тут яшчэ не хапала рабочых: больш пятнаццаці лепшых лесарубаў прыйшлося адправіць на курсы механізатараў.

Жаровін, не распранаючыся, прайшоўся па канторы лесаўчастка, спыніўся ля дзвярэй свайго кабінета і запытаў у статыстыка:

— З леспрамгаса званілі?

— Не, Сямён Пятровіч. Зводку я перадала раніцай.

— Добра. А Кузьма Іванавіч тут?

— Толькі што прыйшоў.

Жаровін адчыніў дзверы. Парторг Кавалеўскі сядзеў на дыване ў воблаку дыму ад цыгарэты.

— Вярнуўся? — коратка запытаў Жаровін.

— Вярнуўся...

Кавалеўскі кіўнуў галавой.

Жаровін распрануўся, шырокімі крокамі прайшоў па кабінеце і спыніўся каля стала.

— Кажаш, вярнуўся... Выхаду не магу знайсці! Мала таго, што машыны стаяць у дарозе праз гэтае праклятае надвор’е, дык і пагрузчыкаў не хапае... Графік па вывазцы зламаўся... У Доўнараву брыгаду трэба даць чалавека, а каго даць? Доўнар наляцеў сёння на мяне, як каршун,— начальнік усміхнуўся,— порах, а не чалавек. І от думаю: здымі каго-небудзь з лесарубаў або тралёўшчыкаў — там будзе коратка... Адным словам, Трышкін кафтан.

— Ну, гэта ты залішне, Сямён Пятровіч.

Кавалеўскі ўлажыў муштук у левую далонь, стукнуў па ёй правай, і акурак стрэліў далёка на падлогу. Кавалеўскі падняў яго, укінуў у попельніцу і схаваў муштук у кішэню.

— Выхад ёсць. У Доўнараву брыгаду я табе адразу дам чалавека.

— Каго? — начальнік здзіўлена зірнуў на парторга.

— Паўла Дубовіка.

— «Падсобныя работы»?

— Перавядзём на прамыя.

Жаровін грузна сеў у крэсла.

— Што ж! Гэтая думка неблагая. Але як зірне на гэта сам Доўнар? Ведаеш, які ён.

— Ведаю, разумны хлопец. Дубовіка ён, безумоўна, возьме. Аднак справа тут не ў адным Дубовіку, Сямён Пятровіч. Нам наогул неабходна перагледзець як належыць усе падсобныя работы. Там ёсць не адзін такі Дубовік.

— Тады мы агалім падсобныя.

— І тут выхад ёсць. Многія хатнія гаспадыні дапамогуць нам. Адным словам, я гэта бяру на сябе. Ты быў у лесе, а я таксама быў там-сям.

— Ну, Кузьма Іванавіч... калі сказаць папросту, твае гэтыя словы мне, як маслам па сэрцы... Давай перагледзім падсобныя работы.

...Брыгадзір пагрузчыкаў лесу на машыны Доўнар Хвёдар быў гарачы, як кіпень. Невысокага росту, галаваты, ён быў моцны, як корч, і любая работа гарэла ў яго руках. Пажылы чалавек, рухавы і спрытны не па гадах, ён быў дружны з таварышамі, любіў працаваць сам і не цярпеў дрэннай работы іншых. Пры першым спатканні ён здаваўся душою-чалавекам, але ледзь толькі заўважаў нядбайства, абібоцтва — і з касаватых вачэй яго ўжо ляцеў агонь, рукі сашчэпліваліся ў кулакі, ён крычаў тонкім голасам, які ніяк не пасаваў да яго фігуры, і гатовы быў кінуцца ў бойку.

Брыгаду ён падабраў самую выдатную — маладзец да малайца. Але больш за ўсіх паважаў ён свайго намесніка Івана Свіршчова, па росту амаль удвая вышэйшага за свайго брыгадзіра. Калі Доўнар Хвёдар кіраваў брыгадай, то спакойны і разважлівы Іван Свіршчоў кіраваў сваім неспакойным брыгадзірам.

Дачуўшыся, што ў яго брыгаду вызначылі Паўла Дубовіка, Доўнар адразу ўспыхнуў і, як бомба, уляцеў у кабінет начальніка. Жаровіна там не было, за яго сталом сядзеў Кавалеўскі.

— Чуў, Кузьма Іванавіч? — тонкім голасам закрычаў ён без ніякай прадмовы.— Чуў, каго мне ўперлі ў брыгаду?

— Чуў, Хвёдар Антонавіч. Гэта я і ўпёр, прызнацца табе шчыра,— сур’ёзна паглядзеўшы на Доўнара, сказаў Кавалеўскі.

Хвёдар як стаяў, так і бухнуўся на канапу, недаўменна паглядаючы на парторга. Гэтыя словы адразу абтушылі яго.

— Дзякую, Кузьма Іванавіч... Але я не веру! — разгублена прагаварыў ён.

— Чаму не верыш?

— Ты сам лесаруб... Ведаеш, што такое пагрузка... І каб уперці ў маю брыгаду «Падсобныя работы»! Ды ты паглядзі, як гэты абібок ходзіць! — зноў захваляваўся Доўнар.— Калі ўбачу, як ён пляцецца за возам, дык, здаецца, схапіў бы пугу ды падагнаў, каб хоць прайшоў як чалавек.

Кавалеўскі ўсміхнуўся.

— Вось я і думаю, што вы там навучыце яго варушыцца хутчэй.

— Хто яго навучыць? Лысае цялятка і здохне з лысінай! Ды цяпер на маю брыгаду пальцамі будуць паказваць: вунь, скажуць, «Падсобныя работы» ідуць. А мы яшчэ з дошкі Гонару не злазілі.

— Нічога, Хвёдар Антонавіч. У нас больш няма каго даць... Ды і не веру я, што адзін чалавек усю брыгаду сцягне з дошкі Гонару. А вы гуртам аднаго чалавека пацягнеце за сабой.

— Няхай яго за хвост цягаюць! Праганю! Праганю, Кузьма Іванавіч! Як толькі што, адразу праганю! Ужо лепш без яго будзем упраўляцца, так і начальніку скажы.

Выйшаўшы ад парторга, Доўнар памчаўся да Івана Свіршчова. Па дарозе ён сустрэў Галавач Алену і паскардзіўся ёй на начальніка і на парторга. Ля баракаў спыніў прыёмшчыка Міколу Кудзеліна.

— Чуў ты, Мікола, ці не? — адразу запытаў у яго.

— Што такое, браток? — зацікавіўся Мікола.

— Ён не ведае што! — горка ўсміхнуўся Доўнар.— У маю брыгаду ведаеш каго ўперлі?

— Каго, браток?

— «Падсобныя работы»! Гэтага абібока, гультая, чуў? Ты падумай, Мікола! Ну што мне рабіць?

— Толькі вешацца, браток, або тапіцца, не іначай. Я на тваім месцы пайшоў бы на Янеўку. Бачыў палонку, дзе кавалі ваду бяруць? Там глыбока! Уніз галавою — боўць! Хай бы ведалі, як «Падсобныя...» — Мікола не паспеў дакончыць.

Доўнар сціснуў кулакі:

— І ты яшчэ здзекуешся з мяне, рыжы чорт! От як дам, дык перакоцішся дзесяць разоў.

— Што ты, Хвёдар! — Мікола адступіў крок назад.— Ты ж ненарокам зубы мне выб’еш! Чаго ты размахаўся кулакамі? Здзекуешся! Які ты дзівак, браток! Дубовіку самы раз на пагрузцы працаваць, а не дровы вазіць. Такі здаравенны мужчына.

— Ідзі пацалуйся з ім, сваякамі будзеце,— крыкнуў Хвёдар і, павярнуўшыся, пабег у барак.

Свіршчоў рыхтаваўся ісці ў клуб. На стале яго стаяла люстэрка, ляжаў брытвенны прыбор. Сам ён быў у майцы, відаць, нядаўна памыўся. Хвёдар толькі чмыхнуў, зайшоўшы ў пакой, і без прывітання пачаў:

— Бяда, Іван... Чуў такую бяду?

Свіршчоў ужо такую бяду чуў, але выгляду не падаў. Неабходна было даць Доўнару выгаварыцца да канца.

— У чым справа, Хвёдар Антонавіч?

— У чым справа! «Падсобныя работы» ў нашу брыгаду ўперлі.

— Дубовіка?

— Таго валасатага...

— Гм... Ну і што ты думаеш?

— Выганю.

— Ну, з першага дня неяк нялоўка выганяць.

— А што ж там! Я толькі зірну, як ён будзе варочацца каля бярвення.

— Ён дужы, Хвёдар Антонавіч! Бачыў, як ён бочкі з гаручым на сані ўскочвае? Адзін! Або з саней куляе.

— І мядзведзь дужы, але пастаў яго на пагрузку! — крыкнуў Доўнар.

Свіршчоў засмяяўся.

— Ну, ты раўняеш! Дубовік жа чалавек, у яго розум ёсць.

— А ліха яго ведае...

— Гэта не бяда, Хвёдар Антонавіч, што ў нашу брыгаду прызначылі Дубовіка. Гэта толькі паўбяды. Я от думаю: як нам абчасаць яго.

— А-а-а! — расчаравана працягнуў Доўнар.— Дык ты ўжо чуў. Ну, дык і абчэсвай ты яго, колькі табе ўлезе, а я то не буду.

Панурыўшы галаву, ён накіраваўся да дзвярэй.

— Хвёдар Антонавіч, пачакай. У клуб прыходзь, у шахматы пагуляем.

— Не пайду. Я праз гэтага валасатага яшчэ не вячэраў сёння.

Ён бразнуў дзвярыма і пайшоў.

 

3

Назаўтра Павел Дубовік выйшаў на пагрузку лесу. Раніца была ясная і марозная. Сняжок, які выпаў за ноч, іскрыўся на сонцы і мякка хрусцеў пад нагамі. Але настрой у Дубовіка быў надзвычай дрэнны. Па-першае, ён не выспаўся, бо ноччу давялося везці бензін у гараж.) Па-другое, ішоў ён на цяжкую работу і ведаў, што агінацца там яму не дадуць.

Ён плёўся ззаду ўсяе брыгады і адчуваў, што бяруць яго неахвотна, толькі па неабходнасці, што яго не любяць і не паважаюць, што ўсе ідуць моўчкі таму, што кожны думае пра яго, пра «Падсобныя работы». Як ён адрозніваўся ад іх, ад гэтых хлопцаў! Усе яны ў цёплых шапках-вушанках, у ватных касцюмах, у валёнках, у новых рукавіцах, а ён нібы белая варона ў гурце чорных.

Ён ведаў, што Доўнар ненавідзіць яго, таму і ішоў ззаду, каб не пападацца яму на вочы, а той штохвілінна азіраўся, зняважліва пляваў на снег і мармытаў нешта ўпаўголасу.

На лясным складзе яшчэ нікога не было, толькі збоку дагараў касцёр. Убачыўшы агонь, Павел крыху павесялеў. Рукавіцы яго былі старыя, за дарогу замерзлі рукі, і ён адразу пайшоў да кастра, каб сагрэць іх.

Увесь час, пакуль ён стаяў ля кастра, у Доўнара свярбеў язык. Хацелася сказаць «Падсобнай рабоце» нешта зняважлівае, пякучае, але не быў упэўнены, што нечым можна праняць гэтага гультая. Ды і не было прычыны, бо нават Свіршчоў прыйшоў да агню і закурыў. Тады ён пачаў размятаць пляцоўку, кідаючы раз-пораз калючыя погляды ў бок Паўла Дубовіка, але той стаяў пануры і зусім не глядзеў на свайго неспакойнага брыгадзіра.

Нарэшце падышла машына. Пагрузчыкі адразу занялі свае месцы. Доўнар і Свіршчоў палажылі на прычэп лёжкі, каб па іх з эстакады ўскачваць на машыну бярвенні. Дубовік усё яшчэ стаяў ля кастра і драмаў.

Гэта ўзарвала Доўнара.

— А ты што ж, ламіна! Прыліп да агню? А мо нешта саснілася? — крыкнуў ён.

— Ідзі сюды, Дубовік! — гукнуў яго Свіршчоў.— Будзеш стаяць з майго боку.

Калі б у гэты дзень Павел працаваў каля Доўнара, то гэта быў бы яго першы і апошні дзень работы на пагрузцы. Ляны і няспрытны, прытым не знаёмы з работай, ён толькі нагінаўся, каб падхапіць бервяно, а яно ўжо кацілася па лёжках на машыну. Работа ішла хутка і зладжана. Дубовік сам адчуваў, што бярвенні коцяцца ўгору амаль без яго дапамогі, і нават быў задаволены. «Не так страшны чорт, як яго малююць»,— думаў ён пра сваю новую работу.

Не паспеў ён як след разварушыцца, а машына ўжо была пагружана.

— Прымі лёжку ад прычэпа,— загадаў яму Свіршчоў.

Дубовік па-мядзведжаму абхапіў слізкае абкатанае бервяно і адкінуў яго ўбок.

— Куды ты яго завалок? — крыкнуў Доўнар.— Можа, думаеш, што ўжо ўсё?

Дубовік нагнуўся, каб падняць лёжку, паслізнуўся і паляцеў у снег.

Доўнар зарагатаў.

— Паглядзіце, хлопцы, можа, ён там рассыпаўся.

Свіршчоў, не чакаючы, пакуль Дубовік устане ды абтрасе снег, сам усклаў лёжку на месца.

— Хіба ты не бачыў, як прымаў другую лёжку Хвёдар? — запытаў ён у Дубовіка.

— Не...

— Дрэнна. Трэба глядзець. Я табе знарок загадаў прыняць лёжку, бо ты павінен быў бачыць, як на тваіх вачах прыбіраў яе Хвёдар. Ён прыпадняў яе канец з зямлі, пацягнуў назад, і гатова, яна ўжо ўпала. Глядзі: вось так. А пакласці яе на машыну таксама будзе лёгка: трэба падняць другі канец, глядзі: вось так. А цяпер пацягнуць уперад і пакласці на прычэп. У прычэпе — бачыш — і гняздо для яе ёсць. На кожнай працы, Дубовік, акрамя сілы, патрэбны яшчэ кемлівасць і ўменне. Трэба прыглядацца да другіх, вучыцца ў больш вопытных. Вось хутка прыйдуць дзве машыны, і мы раздзелімся на дзве групы. Я цябе бяру ў сваю, толькі глядзі, не падкачай.

З-за павароту дарогі сапраўды паказалася машына. Яна развярнулася і падышла да эстакады. Праз хвіліну пачулася гудзенне другой машыны.

Як бы там ні было, у той дзень Дубовіку не прыйшлося па-сапраўднаму папрацаваць. Ён толькі варушыўся і ніяк не паспяваў укласці у агульную працу сваю магутную сілу. Але хапіла яму і гэтага.

Ён ішоў дадому з такім адчуваннем, нібы толькі закончыў нейкую бесталковую беганіну. Было горача, і стомленасць адчувалася ў кожным мускуле.

Ён зноў плёўся ззаду ўсяе брыгады і з жалем паглядаў на свае рукавіцы. Яны парваліся ўшчэнт.

Калі Свіршчоў адстаў ад усіх, каб ісці поруч з ім, Дубовік крыху спалохаўся. Па невядомай прычыне Павел пачаў баяцца Свіршчова больш, чым Доўнара. Доўнар са сваім крыкам быў не страшны, у крайнім выпадку такога малога можна было і адпіхнуць ад сябе. А вось Свіршчоў... Гэтага не адкінеш, і ад яго не адпіхнешся. Дубовік быў упэўнены, што Доўнар нават не выгане яго з брыгады, пакуль гэтага не захоча Свіршчоў.

— Ну як, Павел, замарыўся? — запытаў у яго Свіршчоў.

— Не то каб... так сабе...

— Так сабе! Перш за ўсё ты сходзіш у склад і атрымаеш рукавіцы. Пакажы свае. Ну, гэта не рукавіцы! Дай іх сюды... Зусім зношаныя. Работніка з цябе ў іх не будзе.

Ён шпурнуў рукавіцы ў снег за дарогу. Павел з жалем зірнуў у той бок.

— Братка... дык а як жа я...

— Атрымаеш на складзе новыя.

— Дык яно ж... за новыя трэба грошы...

— Якія грошы? За спяцоўку грошай не плацяць, дзівак ты.

— Не плацяць? — недаверліва запытаў Павел.

— Ну, вядома. Зносіш — другія дадуць. Цяпер вось у чым справа, Павел. Такіх валасатых, як ты, у нашай брыгадзе дасюль не было. Бачыў, якія ў нас хлопцы? А ты аброс, як звер.

— Дык яно, братка Іван...

— Грошай няма? Ну, вядома, які быў твой заробак на падсобных, толькі на харчы. Я табе дам пяцёрку, сходзіш у цырульню. Ведаеш, дзе яна?

— Ведаю.

Свіршчоў дастаў з бумажніка пяць рублёў і працягнуў іх Паўлу.

— Братка Іван... — сказаў Павел, і сэрца яго сціснулася.— У мяне ёсць. На галенне знайду...

Ён здзівіўся, што Свіршчоў думае, нібы ў яго няма грошай. Каб ён ведаў...

— Не толькі на галенне. Падстрыжэшся таксама І сходзіш у лазню. Пяцёркі на ўсё хопіць. Калі няма, то бяры.

— Ёсць, братка Іван... Дзякую.

— Глядзі, каб заўтра прыйшоў на работу без гэтых кудлаў.

— Добра, братка...

— Цяпер адзенне на табе... Ты от сёння паслізнуўся, а ведаеш чаму? Праз свае чаравікі. Каб ты быў у валёнках, то не паслізнуўся б. Гэта яшчэ добра, што ты спатыкнуўся без лёжкі ў руках. А то ўяві: трымаеш ты бервяно, раптам нага твая паслізнулася. Ты паляцеў, і бервяно паляцела. Куды? Ды на цябе ж. А каля цябе рабочыя, і на іх... Цяпер — шапка. Ударыць мароз, дык ты без вушэй застанешся. Гэта ж табе не на кані ехаць, ручніком галаву абматаўшы. Я пагутару з начальнікам, каб выдалі табе авансам валёнкі і шапку.

— Братачка Іван!.. Мо як да палучкі дацягну,— узмаліўся Павел.— Тады ж мне на рукі нічога не застанецца.

— Застанецца! Гэта табе не падсобныя работы. Ты дзе жывеш? Усё ў дзяжурцы?

Павел кіўнуў.

— Глупства, які там адпачынак. Сёння скажу загадчыку гаспадаркі, каб арганізаваў табе ложак. Ты і пасцелі не атрымаў?

— Не.

— Трэба атрымаць. Запамятай, Павел, што ў нас рабочы — першы чалавек у дзяржаве. Яму даюцца ўсе ўмовы і правы. Ён павінен не толькі працаваць, але і жыць як чалавек... А на табе гарнітур... Ну, гэта мы зробім пасля палучкі.

Прыйшоўшы ў сваю дзяжурку, Дубовік адчуў, што жыццё яго зламалася. Ён выцягнуў з-за пазухі свой кашалёк і пералічыў грошы. Было іх болей двух тысяч. Ён уздыхнуў. У свядомасць яго яшчэ не прыйшла думка, што гэтыя грошы — вынік яго нечалавечага жыцця, але нешта падобнае з’явілася ў галаве. Тым болей было шкада гэтых грошай. Ён уздыхнуў яшчэ раз, аднак выцягнуў з пачка адну пяцёрку і палажыў у верхнюю кішэню. Ці выматае Свіршчоў яго душу, ці не, гэта было яшчэ невядома, але грошы то выматае. Валёнкі, шапка... А тады новая ватоўка, штаны...

Але есці хацелася. Ён дастаў з палічкі паўтаракілаграмовую буханку хлеба і з’еў яе ўсю, нават без цукерак, толькі запіваючы вадой. Тады пайшоў у склад па рукавіцы і выбраў, на яго думку, самыя лепшыя. Адтуль пайшоў у цырульню і каля гадзіны сядзеў у крэсле, пакуль яго стрыглі і галілі. Сядзець было нічога, прыемна. З цырульні — хочаш не хочаш — прыйшлося ісці ў лазню.

Назаўтра ён крыху адстаў ад брыгады, бо пасля лазні вельмі спалася, і прыйшоў на склад, калі ўсе былі ў зборы. Начная змена пайшла на адпачынак, але работа яшчэ не пачалася, бо машын не было.

Калі ён спыніўся ля эстакады, Доўнар зірнуў на яго і ўхапіўся за жывот.

— Не магу, хлопцы... памру або лопну,— стагнаў ён, заліваючыся смехам.— Я ж яго не пазнаў... От апрацавалі чалавека... Ратуйце, людзі! А анучы з чаравікаў... усё роўна... тырчаць.

Павел стаяў, нялоўка паварочваючыся на месцы, круглатвары, як поўны месяц.

 

4

Праз некалькі дзён Дубовік перасяліўся ў барак. Перш чым перайсці туды, ён зноў дастаў запаветны кашалёк. Доўга лічыў і перакладваў грошы, стагнаў і ўздыхаў. У гэты час у ім змагаліся два пачуцці, два жаданні. Ён то адлічваў ад агульнай сумы частку грошай, то хаваў назад, потым зноў адлічваў. Нарэшце адважыўся. Не лічачы, узяў пачку дзесятак і пайшоў у магазін.

Тут ён доўга стаяў каля прылаўка, аж датуль, пакуль з магазіна не выйшлі ўсе людзі.

— А табе што? — не вельмі прыветна спытаў яго прадавец.

— Мне? Шапку і... валёнкі.

— Якога табе памеру?

— А я, братка, не ведаю.

— Ну дык мерай, якія падыдуць.

Цэлую гадзіну выбіраў і прымяраў Дубовік шапку і валёнкі, пакуль нарэшце знайшоў па сабе.

Калі адлічыў грошы, у яго забалела сэрца. Хацеў нешта сказаць, але махнуў у роспачы рукой, уздыхнуў і выйшаў з магазіна. Ён трымаў пад рукой валёнкі, а ў руках шапку і не ведаў — бяднейшы ён стаў ці багацейшы.

Раніцай, збіраючыся на працу, ён думаў, як будзе смяяцца з яго Хвёдар. Але гэтага не адбылося. Доўнар, безумоўна, не мог не звярнуць на яго ўвагі. Ён доўга аглядаў яго, як нейкае дзіва, нібы не верыў, што перад ім сапраўды Павел Дубовік. Нарэшце сказаў:

— Ну зірні, Іван! Бачыш ты такое мурло! Ды каб на яго, чорта, надзець добры касцюм, быў бы зусім малады.

— Відны мужчына,— адказаў Свіршчоў.

 

Усталявалася пагода, і вывазка лесу пайшла поўным ходам. Месяц падыходзіў да канца. У пачатку яго праз снегапады і завеі парушыўся графік вывазкі. Цяпер ён не толькі ўстанавіўся. Былі ўсе магчымасці перавыканаць план. Пагрузчыкі стараліся, як маглі, каб не быць апошнімі. У значнай меры ад іх працы залежала перавыкананне плана.

Павел Дубовік памалу ўваходзіў у брыгаду як раўнапраўны яе член, і хоць у яго не было таго спрыту, як у іншых пагрузчыкаў, але была сіла, якая замяняла спрыт. За той канец бервяна, які падымаў ён, заўсёды можна было паручыцца.

У дальняй дзялянцы адкрываўся новы лясны склад. Трэба было прадоўжыць да яго аўтатрасу. Пакуль ішло ўтоптванне снегу, Доўнар паслаў туды частку свае брыгады падрыхтаваць эстакаду для пагрузкі лесу.

Тым пагрузчыкам, якія засталіся, а іх было толькі чацвёра, у тым ліку і Дубовік, хапала работы. Прыходзілася працаваць без перадышкі.

Павел Дубовік пачаў цяпер адчуваць, што ён у брыгадзе не абы-якая асоба. Без яго ні адно бервяно не падымалася на машыну. Яму іншы раз нават хацелася прыкрыкнуць на Доўнара, калі ў таго здаралася замінка. Але ён сабе гэтага не дазваляў і толькі зларадна ўсміхаўся. «Ага,— думаў ён,— крычаць любіш, а сам то не вельмі...» Неўгамонны Доўнар у час кароткіх перапынкаў, калі яны здараліся, не адпачываў. Ён стараўся падкаціць па эстакадзе да трасы як мага больш бярвенняў, бо гэта паскорвала пагрузку. Яго напарнікам у гэтай рабоце быў Дубовік. І вось папалася такая тоўстая камлістая сасна, што Хвёдар, як ні напінаўся, не мог скрануць яе з месца. Яна нібы прыстыла да лёжняў. Павел стаяў і раўнадушна наглядаў, як напінаецца Хвёдар. У яго нават не з’явілася думкі, што трэба дапамагчы таварышу. Наадварот, ён быў бы незадаволены, каб Хвёдару ўдалося скрануць камель з месца. Патраціўшы дарма шмат намаганняў, Хвёдар нарэшце разагнуўся і, сашчапіўшы кулакі, наляцеў на Дубовіка.

— Стаіш! — крыкнуў ён.— Ты... Ты... «Падсобныя работы»...

Ён ужо гатовы быў учапіцца ў Дубовіка, як каршун. Той стаяў крыху перапалоханы і лыпаў вачыма, нібы не разумеў, у чым справа.

У гэты момант падышоў Свіршчоў, які працаваў на другім штабелі, бачыў усю гісторыю і з цікавасцю наглядаў, чым яна скончыцца. Ён адвёў Доўнара ўбок. Той усё яшчэ рваўся і крычаў тонкім голасам.

— А што? Абчасаў ты яго? Абчасаў? — крычаў ён.— Аднаасобнік, кулак! Пусці, Іван, я яму па зубах дам.

— Не крычы, Хвёдар, дай пагаварыць мне.

Ён павярнуўся да Дубовіка:

— Ты чаму, Павел, не дапамог Хвёдару адвярнуць камель? Няўжо табе... цяжка?

— Дык, братка... — разгублена адказаў Дубовік.— Я ж таго... сам варочаю... А гэта ж не з майго боку...

— Не з твайго боку? — ускіпеў Свіршчоў.— Не з твайго боку, дык і дапамагчы не трэба? — ён здзіўлена паглядзеў на Дубовіка.— Ну, гэта мне незразумела. А ты бачыў, як заўсёды імчыцца Хвёдар на дапамогу нам, каб падняць наш канец бервяна, калі яны свой ужо ўскінуць на прычэп?

— Бачыў...

— Значыць, ты думаў, што Хвёдар дурны?

— Дык гэта ж на машыну.

— Якая розніца? А што, калі б ты не мог скрануць свайго канца! Думаеш, Хвёдар стаяў бы так, як ты? Ды ў яго б цярпення не хапіла. Ён, можа, па прывычцы аблаяў бы цябе, але дапамог бы.

Дубовік панура маўчаў.

— Можа ў Хвёдара толькі на адзін кілаграм не хапіла сілы, каб скрануць гэты камель. Няважна, дапамог бы ты яму ці не дапамог, абы ты падышоў да яго, каб ён адчуў поруч твой локаць. От у чым справа. Тады б у яго самога прыбавілася сілы на гэты кілаграм.

Дубовік маўчаў, але ў яго свядомасць паволі ўваходзіла разуменне, што мала таго, любіць ён ці не любіць чалавека. У агульнай справе гэта нават глупства. На рабоце існуе адно: цесная працоўная згуртаванасць, узаемная дапамога. Адчуванне локця таварыша, вось што дапамагае зрабіць тое, што іншы раз здаецца немагчымым. Аднак ён яшчэ не разумеў, што адсюль і пачынаюцца сяброўства і дружба, павага і нават самаахвяраванне.

— Глядзі, Дубовік.

Гэтыя словы Свіршчова ён успрыняў як пагрозу. Ён ведаў, што калі ад яго адступіцца Свіршчоў, месца яму ў брыгадзе не будзе. І не тое, каб ён надта шкадаваў гэтае месца. Ён яшчэ не ведаў, якую мае выгаду, працуючы на пагрузцы. Можа, ніякай. Але вяртацца назад на падсобныя работы ўжо не хацелася. Ён адчуваў, што каб яго цяпер прымусілі спаць, уваткнуўшы галаву ў лямец сядзёлкі, то ён бы не заснуў. Наўрад і павячэраў бы хлебам з вадой...

Прыемна было зайсці ў барак, у свой пакой, дзе стаялі чатыры жалезныя ложкі, акуратна прыбраныя, з бялюткімі просцінамі. Стол быў пакрыты новай цыратай. Ля ложка стаяла блакітная тумбачка, а на ёй графін з вадой і шклянкі. Усё гэта заліта яркім электрычным святлом, усё блішчыць і ззяе, як малады сняжок на полі пад ясным сонцам.

Не ведаў Свіршчоў, якія выдаткі зрабіў Дубовік. Калі Павел зірнуў на белую чыстую пасцель, то адразу ўспомніў, што ўжо каля месяца не мяняў сваю зрэбную бялізну, і сэрца яго тужліва затрапятала. Як легчы на такую чыстату ў сваёй чорнай бялізне! І ён перамог сябе — купіў дзве пары новай бялізны. Ён ледзь не плакаў, аддаючы за яе грошы... Але калі ён надзеў усё чыстае і лёг на мяккі ложак, на сэрцы яго стала спакойна і лёгка. Ён нават пачаў ганарыцца сабой.

Цяпер ён думаў: зрабіць яшчэ адно выдаткаванне ці не? Яму падабаўся адзін ватны касцюм у магазіне: фуфайка і штаны прыгожага цёмна-сіняга колеру. Кожны вечар ён стаяў у магазіне і пільнаваў, купіць іх хто-небудзь ці не. Рука яго заўсёды трымалася за кашалёк. Калі нехта з пакупнікоў прасіў прадаўца паказаць касцюм, Павел пільна сачыў за яго рухамі. І калі б той узяў у рукі аблюбаваную ім фуфайку або штаны, Павел бы не вытрымаў. Ён бы адразу выняў грошы і крыкнуў: «Бяру я!» Але ніхто не купляў гэтай пары, нібы ўсім было вядома, што яе належыць купіць толькі Паўлу Дубовіку. І ён так прывык да гэтай думкі, што касцюм ужо лічыў сваім. «Мой цэлы»,— радасна думаў ён кожны раз, калі заходзіў у магазін.

У той вечар Дубовік, верны сваёй прывычцы, таксама з’явіўся ў магазін. Ён адразу зірнуў на тую полку, дзе ляжаў «яго» касцюм, і твар яго хваравіта скрывіўся. Паліца была пустая. Павел абшукаў вачыма ўсе паліцы, мяркуючы, што прадавец пералажыў касцюм у другое месца. Але касцюма нідзе не было. «Нехта перахапіў...» — з вялікім жалем падумаў ён. Цяпер ён адчуваў сябе так, нібы яго абакралі. Заставацца болей у магазіне не было ніякага жадання, і ён падаўся дадому. На дварэ ён уздыхнуў, але ад гэтага не стала лягчэй. У бараку, кладучыся спаць, ён з нянавісцю зірнуў на сваю зашмальцаваную фуфайку і галіфэ.

...Павел з асалодаю адпачываў. Была нядзеля, і ён з раніцы ляжаў на ложку. На душы ў яго было хораша і радасна. Учора позна ўвечары ён атрымаў разлік за месяц свае работы на пагрузцы. Павел не прымушаў касіра пералічваць свой заробак, але ніяк не мог паверыць, што атрымаў за гэты месяц у тры разы болей, чым атрымліваў на падсобных. Яму хацелася смяяцца і спяваць, і такое замілаванне агарнула яго сэрца, што ён гатовы быў усіх абняць і сказаць нешта прыемнае і ласкавае. Нават Доўнар, які атрымліваў разлік, глядзеў на яго сёння ветліва. Паўлу здалося, што ён па-сяброўску ўсміхнуўся яму, займаючы месца каля касіра.

Павел паклаў грошы ў кішэню, і думка аб тым, што за адзін месяц ён кампенсаваў з лішкам усе свае выдаткі, сагрэла яго, як цёплы прамень. Яму хацелася зрабіць нешта такое, чаго ён ніколі дасюль не дазваляў сабе.

Сярод рабочых ён адшукаў вачыма Свіршчова Івана і сеў на лаўцы недалёка ад дзвярэй. Калі Доўнар, атрымаўшы разлік, накіраваўся да выхада з канторы, Павел адважыўся затрымаць яго.

— Братка Хвёдар...— сказаў ён.— Пачакай крыху.

— Чаго? — здзіўлена запытаў Доўнар.

— Ды нічога, братка... Але вунь жа Свіршчоў атрымлівае... то, можа, пачакалі б яго.

Доўнар сеў на лаўку поруч з ім, выняў папяросы і прапанаваў:

— Закурым, Дубовік.

Павел устрапянуўся. З такой прапановай Хвёдар звярнуўся да яго ўпершыню.

— Яно, братка, таго... Я гэтым не займаюся... Але давай адну сапсую табе...

Ён закурыў першы раз у жыцці, няўмела пускаў дым і не верыў, што каля яго сядзіць Доўнар.

Настрой у Паўла быў надзвычай узнёслы. Ісці ў барак адпачываць не было ніякага жадання. Цягнула ў людзі, і ён зноў успомніў сваю фуфайку і штаны.

У гэты час грошы атрымаў і Свіршчоў.

— Ну як, хлопцы? — запытаў ён, падышоўшы да іх.— У клуб не сходзім?

— Братка Іван,— звярнуўся да яго Дубовік.— Мо б мы схадзілі туды... у сталоўку. Там бы па келіху піва, ці што...

— Чаму ж не схадзіць? З палучкі можна,— адразу згадзіўся Іван.

У сталоўцы яны выпілі па чарцы гарэлкі і па келіху піва. Расчырванелы Павел прызнаўся таварышам у сваім няшчасці з ватным касцюмам цёмна-сіняга колеру.

— І от, браткі,— гаварыў ён,— няма цяпер у лаўцы ні фуфаек, ні штаноў, а мне няма ў чым у людзі выйсці... Бо я, браткі, от так праз усё жыццё... А цяпер мяне, браткі, цягне ў гурт. Бо і на працы мы ўсе гуртам... і прывык я...

— Гэта не вялікае няшчасце, Павел,— адказаў яму Свіршчоў, пераглянуўшыся з Доўнарам.— Сёння няма, заўтра будуць. Над гэтым не варта і галаву ламаць.

Усю гэтую гутарку ўспамінаў цяпер Дубовік, лежачы ў ложку. І да таго прыемнымі былі гэтыя ўспаміны, што ён увесь час вяртаўся да іх. І не тое было важна, што Свіршчоў і Доўнар сядзелі з ім за сталом, як з роўным. Гэта было не так важна. Важна было тое, што Дубовік пачаў паважаць сам сябе. Ад мінулага засталіся як спадчына толькі вось гэтая фуфайка і галіфэ. Але хутка ён адкаснецца і ад такой спадчыны.

На сцяне тахкалі ходзікі. Яны раўнамерна адлічвалі час, які сёння цягнуўся вельмі памалу. Мо таму, што дасюль Павел ніколі не лічыў яго. Справа ў тым, што ў першай гадзіне дня ў клубе павінен адбыцца сход і яго прасілі абавязкова прыйсці. Слова «абавязкова» для Дубовіка цяпер многа значыла. Калі абавязкова, то хочаш ці не хочаш, а прыйсці павінен.

І ён пачаў збірацца. Ён не надта спяшаўся і з’явіўся ў клуб, калі там ужо было поўна людзей. Па прывычцы быць ззаду, ён пачаў шукаць сабе месца ў задніх радах, але яго паклікаў Свіршчоў. Павел неахвотна пайшоў да сцэны і сеў каля Івана на пярэдняй лаўцы. Цяпер ён разгледзеўся. На сцэне ў прэзідыуме сядзелі начальнік, парторг, Галавач Алена, Доўнар і яшчэ некалькі рабочых.

Павел не ўслухоўваўся ў прамову начальніка, які гаварыў аб перавыкананні месячнага плана, хваліў многіх лесарубаў, тралёўшчыкаў, пагрузчыкаў, шафёраў. Павел па складу сваёй натуры не любіў сходаў і заўсёды лічыў, што калі начальству захочацца, то яно збірае сход і пачынае адных хваліць, другіх ганіць. Павел працаваў на лесаўчастку, але яго ніколі ніхто не хваліў. Звычайна пра Дубовіка не ўспаміналі. Ён толькі тады ўслухаўся ў прамову, калі ўпамянулі брыгаду Доўнара. Брыгаду пахвалілі, паставілі ў прыклад іншым, але і гэта па-сапраўднаму не кранула Паўла. Доўнараву брыгаду хвалілі і раней, яна была занесена на дошку Гонару. Аднак на Дошцы не быў запісаны Дубовік Павел, таму ён быў упэўнены, што пахвальба гэта адносіцца не да яго. Яна адносіцца да Доўнара, Свіршчова, да іншых рабочых.

Потым ён зноў паглыбіўся ў свае думкі і ачнуўся ад іх, калі пачалося прэміраванне лепшых рабочых. Ён любіў наглядаць, як гэта адбываецца, але вялікай цікаўнасці і тут для яго не было.

Па-сапраўднаму ён прыйшоў у сябе толькі тады, калі выступіў Кавалеўскі і адзначыў, што рабочы Дубовік, які толькі месяц яшчэ працуе на пагрузцы, зарэкамендаваў сябе за гэты кароткі час як сумленны работнік, і таму не адзначыць яго проста немагчыма.

— Павел Канстанцінавіч! — сказаў парторг.— Атрымайце прэмію.

Дубовік не кранаўся з месца. Ён не разумеў, у чым справа. «Ну што ж, адзначылі, і добра»,— думаў ён, але ніяк не хацеў паверыць, што прэміруюць іменна яго. «Павел Канстанцінавіч». Няўжо гэты сур’ёзны, разумны чалавек, парторг, так назваў яго, Паўла Дубовіка!..

— Павел, дык што ж ты! — штурхнуў яго Свіршчоў.

Павел устаў і пайшоў на сцэну з тым непрыемным адчуваннем, якое заўсёды з’яўляецца ў чалавека, калі на яго з цікаўнасцю глядзіць не адна пара вачэй. Аднак калі ён узышоў на сцэну, адчуванне гэта знікла. Яму паціснулі руку ўсе члены прэзідыума. Мацней другіх паціснуў яе Кавалеўскі. Паціснуў і страсянуў, патрымаў у сваёй, нібы гэтым хацеў падбадзёрыць Паўла. Алена Галавач дала яму вялікі скрутак, загорнуты ў газеты. Ён узяў яго ў рукі і, не разгортваючы, панёс на сваё месца. Ён ведаў, што ўсім цікава паглядзець, чым жа яго прэміравалі. Яму і самому хацелася ведаць, што яму далі, але ён разгарнуў газеты толькі тады, калі Свіршчоў сказаў яму:

— Пакажы, Павел, сваю прэмію.

У газеты быў загорнуты «яго» цёмна-сіні ватны касцюм: фуфайка і штаны.

 

5

Надышла вясна, і на лесапункце пачалася самая гарачая пара: сплаў лесу. Гэты апошні этап лесанарыхтоўчай работы лічыўся самым адказным. Да яго пачалі рыхтавацца яшчэ зімой. Важна было ўсю нарыхтаваную драўніну адправіць на месцы прызначэння — шматлікім прадпрыемствам і будаўніцтвам, дзе яе з нецярпеннем чакалі. Праца была адказная яшчэ і таму, што правесці яе неабходна было ў самы кароткі тэрмін. Янеўка — невялікая рака. Увесь лес, які быў падвезены да яе берагоў, яна магла вынесці да Віллі толькі вясной, у час паўнаводдзя.

Як толькі крануўся лёд, пачалося скочванне бярвенняў у раку. Гэта работа цягнулася кругласутачна.

Для правядзення сплаву ўся рака была падзелена на ўчасткі — пікеты. Кожны пікет займаў адлегласць ад трох да пяці кіламетраў, у залежнасці ад профіля ракі.

На Янеўцы не сплычвалі бярвенняў, лес тут ішоў па адным бервяну, бо нават у час паўнаводдзя не магла Янеўка выносіць плыты да Віллі.

На кожны пікет ставілася брыгада рабочых. Увесь лес, які ішоў з вярхоўяў ракі, трэба было прапусціць так, каб ні адно бервяно не засталося на беразе і каб не ўтваралася затораў. Заторы на Янеўцы былі бедствам. Невялікая рака, вузкая і мелкая, яна мела шмат перакатаў і крутых паваротаў. Варта было аднаму бервяну ўперціся ў бераг, як за яго чапляліся іншыя, і праз гадзіну лес перагароджваў раку і ўтвараў плаціну ад берага да берага, усцілаючы рэчышча да самага дна.

Пікет Доўнаравай брыгады быў самы адказны. Ён займаў чатыры кіламетры ракі і прымыкаў да яе вусця. Праз гэты пікет праходзіў увесь лес, які нарыхтоўваўся па абодвух берагах Янеўкі.

Перад самым пачаткам сплаву парторг Кавалеўскі наведаў Доўнара.

— Ну як, Хвёдар Антонавіч, на твой пікет падмацавання не трэба? — запытаў ён.

— Спраўлюся са сваёй брыгадай, Кузьма Іванавіч.

— Як Дубовік? Падганяць пугай не трэба?

Доўнар засмяяўся.

— Не, Кузьма Іванавіч. На хаду ён ужо не спіць. Абчасаў яго Свіршчоў.

— Свіршчоў, а не ты?

— Не, Кузьма Іванавіч, не я. Я і цяпер яму не надта веру. Не люблю панурых людзей. Чорт яго ведае, аб чым ён думае.

— Глядзі, Хвёдар Антонавіч! За пікет і за брыгаду адказваеш ты, а не Свіршчоў. Гэта не пагрузка, а сплаў. Там вы заўсёды працавалі разам, і Дубовік быў на вашых вачах. А цяпер вам у большасці прыйдзецца працаваць па адным.

— Гэта я разумею, Кузьма Іванавіч. Вачэй я з Дубовіка не спушчу...

— Будзеш наглядаць за Дубовікам і прагледзіш сплаў.

— Гэтага не будзе, — цвёрда адказаў Доўнар.

— Добра. У выпадку аварыйнага становішча паведамляй. Твой пікет самы далёкі, аднак сувязь з намі трымаць неабходна. Ва ўсякім разе, нам спаць у шапку таксама не прыйдзецца.

Пасля гэтай гутаркі Доўнар пайшоў да Дубовіка і сурова папярэдзіў яго:

— Глядзі, Дубовік! Я за цябе і за пікет галавой адказваю. Ты ведаеш, што такое сплаў? Можа, нам па цэлых сутках спаць не давядзецца. Трэба ўвесь час быць на рацэ. Калі дзе заўважыш, што пачынаецца затор — раскідай. Не можаш сам, кліч усіх.

Так ён доўга растлумачваў Паўлу яго абавязкі, нарэшце прыгразіў і пайшоў заспакоены. Ён быў упэўнены, што Дубовік зразумеў усё.

Была цёплая вясновая раніца. Над ракой курыўся празрысты туман. Кусты вербалозу, што густа раслі пры самай вадзе, былі абсыпаны жоўтымі пушыстымі каткамі. Ад іх ліўся прыемны веснавы пах.

На беразе ракі, на невысокім грудку, у засені стаяла маленькая дашчаная хацінка рабочых-сплаўшчыкаў Доўнаравага пікета. Тут яны складвалі свае рэчы, торбы з харчамі, тут і адпачывалі, калі знаходзіўся такі час. Адпачывалі не ўсе, а па чарзе, частка брыгады заўсёды была на рацэ, сачыла за ходам лесу. А лес ішоў. Плылі магутныя ствалы сосен і ялін, ліп і бяроз. Плылі па адным і па два, гуртамі па некалькі дзесяткаў, у некаторых месцах плылі густа па ўсёй рацэ, сутыкаючыся адзін з адным.

Можна гадзінамі стаяць і наглядаць, як плыве лес. Ад яго руху навокал стаіць нейкі своеасаблівы шум. Нібы дзіўныя жывыя істоты, плывуць бярвенні адно за адным, зыходзяцца і разыходзяцца, збіваюцца ў кучы, чапляюцца за прыбярэжныя кусты.

Тоўстыя стрыжнёвыя камлі тонуць да палавіны свае таўшчыні і высока тырчаць над вадой. Убіўшы ў такі ствол багор, можна стаяць на бервяне і плыць. Затое абалоністыя верхавіны амаль не відны з вады, тырчаць уперадзе толькі іх канцы.

Калі Свіршчоў ускочыў у хаціну з багром у руках, Доўнар яшчэ спаў.

— Затор на дваццатым кіламетры! — крыкнуў Іван. — Уставайце, хлопцы!

Доўнар мігам ускочыў з нараў.

— Дзе затор? — трывожна перапытаў ён.

— На дваццатым.

— Аварыя! — гукнуў Хвёдар. — Жыва, хлопцы!

Тры сплаўшчыкі, якія адпачывалі разам з Хвёдарам, адразу падняліся.

— А Дубовік там? — запытаў Хвёдар.

— А хіба ён не тут? — здзівіўся Іван.

— Ён павінен быць там! — крыкнуў Хвёдар. — Я яму даручыў дваццаты!..

— Усе там, акрамя Дубовіка. Я думаў, што ён на адпачынку. Я іду з дваццаць другога кіламетра. Заўважыў, што на рацэ не стала лесу. Я амаль бег да дваццатага, адчуваў, што ўся бяда там, на той купіне, што пасярод ракі. Так яно і аказалася... Склікаў туды ўсіх, хлопцы ўжо працуюць... А Дубовіка на рацэ няма...

— Мабыць, спіць у кустах, сукін сын... Хутчэй, хлопцы! — загадаў Хвёдар.

Калі Доўнар выйшаў з хаціны і завярнуў убок, каб забраць свой багор, што вісеў на чаромхавым кусце, то ад нечаканасці спыніўся. За кустом тырчалі ногі Дубовіка ў керзавых ботах. Толькі адно імгненне стаяў Хвёдар нерухома. Ён нагой штурхануў Дубовіка, той хутка прадраў вочы і сеў.

— Затор на дваццатым! — крыкнуў яму Хвёдар.— Дзе ты быў, абібок?

Дубовік стаў на ногі.

— Там, дзе і ты...— глуха адказаў ён.— Табе дык можна...

Але ён не закончыў.

— Што ты сказаў! — крыкнуў Хвёдар. — Што ты сказаў, «Падсобныя работы»!

Сашчапіўшы рукі ў кулакі, ён кінуўся на Дубовіка, але не паспеў дакрануцца да яго, як паляцеў назад ад моцнага штуршка ў грудзі. Гэта яго канчаткова ашаламіла. Ён здзіўлена зірнуў на хлопцаў і запытаў:

— Бачылі? Ну, абчасаў ты яго, Іван?

У гэты момант здавалася, што ўся яго злосць выпарылася, засталіся адно недаўменне і здзіўленне.

— Бачылі, Хвёдар, — адказаў Свіршчоў.— Хадзем хутчэй.

Ён зняў з чаромхі Доўнараў багор, падаў яго Хвёдару, і ўсе пяцёра, нават не азірнуўшыся, хуткай хадою рушылі ў бок дваццатага кіламетра.

Застаўшыся адзін, Дубовік не адразу зразумеў, што адбылося. Ён спачатку хацеў падрыхтаваць сабе снеданне і ўжо накіраваўся ў кусты, каб прынесці сухога ламачча для кастра, але невыразная, трывожная думка спыніла яго на паўдарозе. Яшчэ не разумеючы, што трэба рабіць, ён вярнуўся назад, узяў багор і паволі пайшоў на раку. «Прывык... — думаў ён пра Доўнара. — Абы што, дык з кулакамі... От, як правучыў, то будзе ведаць».

Вада ў рацэ паднялася і пачала выходзіць з берагоў. Па ёй густа ішло бярвенне. У нізкіх месцах яно стукала верхавінамі ў берагі, закручвалася і, як прывязанае, спынялася. «Такі заторышча,— з жахам падумаў Павел,— аж ваду ў рацэ запрудзіла...» Яму стала горача. Думка, што гэта праз яго ўтварыўся такі затор, на імгненне ўкалола яго сэрца. Ён ускінуў на плячо багор і колькі было сілы пабег на дваццаты. Ён ведаў, што там патрэбна яго дапамога. Яшчэ не дабегшы, ён пачуў песню сплаўшчыкаў:

 

Гэй, раз! яшчэ бярэм!

Малойчыкі, яшчэ бярэм!

 

Чым бліжэй падыходзіў ён, тым мацнела песня і рвала яго сэрца. Ён, не спыняючыся, па бярвенні ўзляцеў на затор і адразу стукнуў сваім багром у бервяно каля багра Івана Свіршчова.

Свіршчоў разагнуўся.

— Вось што, Дубовік, ідзі сваёй дарогай. Мы разбяром затор без цябе.

— Дык як жа, братка Іван...

— А вось так: ідзі сваёй дарогай... Сплаў яшчэ толькі пачаўся, і ўжо, бачыш, што праз цябе робіцца. Ідзі, Дубовік.

Разгублена абвёў Павел вачыма сваю брыгаду, але ніхто не ўзняў галавы, не зірнуў на яго. Нават Хвёдар не павярнуўся ў яго бок.

Ён узяў багор і пайшоў.

Перш за ўсё трэба было забраць сваю торбу. Цяпер ён зразумеў, што з брыгады яго выгналі назаўсёды...

ён зняў торбу з цвіка і выйшаў.

Вяртацца назад на лесаўчастак ён ужо не мог. Ён закінуў торбу на плечы і стаў ля парога, не ведаючы, куды накіравацца. У гэты час па сцежцы, што ішла берагам, хутка праехаў коннік. Дубовік пазнаў яго: гэта быў парторг Кавалеўскі. Мабыць, там, у вярхоўях ракі, адкуль ішоў лес, зразумелі, што недзе тут утварыўся затор і падняў ваду ў рацэ. Халодны пот выступіў на яго лбе. Толькі цяпер, у гэтую хвіліну, ён зразумеў, якое вялікае злачынства зрабіў. Гэта праз яго па ўсёй рацэ паднялася трывога. Каб ён прадбачыў такое няшчасце, то хіба кінуў бы свой пост на дваццатым! Ён амаль усю ноч хадзіў па беразе, але тады нічога дрэннага не было. Лес плыў і плыў без канца. Толькі на світанні вярнуўся ён з дваццатага, каб крыху адпачыць. Але ён нават не зайшоў у хаціну, думаў падрамаць крыху на дварэ...

Аднак куды ж ісці? Прасіцца, каб прынялі ў брыгаду? Можа, каб там не было Кавалеўскага, то Дубовік так бы і зрабіў. Свае ж хлопцы, няўжо ж бы яны не даравалі яму...

Ён паволі крочыў уніз па плыні ракі. Думак у галаве не было, з’яўляліся толькі недарэчныя абрыўкі, накшталт таго, што работы цяпер усюды хапае, што такі дужы чалавек, як ён, нідзе не загіне, што невялікае шчасце на сплаве...

Ён зноў пачуў галасы сваёй брыгады. Па сцежцы, назад ад затора, галопам імчаўся Кавалеўскі, Дубовік зразумеў: па людзей. Значыць, там бяда. Сэрца яго заныла так, што хацелася праваліцца скрозь зямлю. Не мілы стаў белы свет.

Ён глыбока зайшоў у кусты, каб не паказацца на вочы сваёй брыгадзе і выйшаў зноў на сцежку толькі тады, калі затор схаваўся за паваротам ракі.

Сонца да гэтага часу паднялося і пачало прыграваць. Цяжка было ісці з торбай за плячыма. Замінаў багор, які Павел нёс у руках. Ведаў, што не патрэбен яму багор, але кінуць не мог. Падумаў, што на Віллі знойдзе сабе работу...

Ніжэй затора па рацэ мала ішло лесу. Рэдка плылі толькі асобныя бярвенні. «Не вельмі паддаецца затор»,— падумаў Дубовік, але гэта не прынесла ні радасці, ні задавальнення.

Ён паволі крочыў па сцежцы, ледзь перастаўляючы ногі, сваёй звычайнай качынай хадою і паглядаў на раку. Вось праплыло каля дзесятка бярвенняў, кучкай, нібы звязаныя. Вось яшчэ кучка. Потым зноў плылі па адным і па два. Потым пайшлі густа, па ўсёй рацэ. Дубовік ужо не глядзеў на іх.

Адно жаданне мучыла яго, але адважыцца, каб выканаць гэтае жаданне, у яго не хапала волі. Назад, туды, у сваю брыгаду...

Калі ён выйшаў на дваццаць трэці кіламетр, да вусця Янеўкі заставалася не больш, як кіламетры тры. Тут ён рашыў спыніцца, паснедаць і абдумаць становішча, але зірнуў на раку і аслупянеў. «Затор!» — ледзь не крыкнуў ён.

Тут і сапраўды быў затор. Яшчэ невялікі, не такі, як на дваццатым, але пройдзе гадзіна, і што будзе! Сціснутая між гор рака тут была вузкая і крута паварочвала ўбок.

Спачатку нейкая злосная радасць ахапіла Дубовіка. «Ага, — падумаў ён, — вы разумныя! Мяне прагналі, а пакуль ірвеце затор на дваццатым, то на дваццаць трэцім зробіцца большы!»

Ён некалькі хвілін стаяў і наглядаў, як бярвенні адно за адным падплываюць да затора, далучаюцца да яго, узлазяць, як жывыя, пад націскам плыні адно на адно, кладуцца ўдоўж і ўпоперак ракі, становяцца старчма, як слупы... Затор рос на яго вачах...

Рашучым рухам ён скінуў з плячэй торбу, зняў фуфайку і, з багром у руках, ускочыў на затор. Бярвенні, што ляжалі ля берага, загойдаліся пад яго нагамі. Ён скочыў уперад, там яны ляжалі шчыльней, і цюкнуў багром у першае бервяно.

 

Гэй, раз! яшчэ бярэм!

Малойчыкі, яшчэ бярэм!

 

Ён спяваў. Яму здавалася, што адтуль, з дваццатага кіламетра, Доўнарава брыгада пераклікаецца з ім. Адтуль густа ішоў лес.

«Ірвуць хлопцы затор!» — радасна думаў ён, адрываючы ад свайго затора бервяно за бервяном.

 

Гэй, раз! яшчэ бярэм!

Малойчыкі, яшчэ бярэм!

 

Кашуля яго даўно ляжала на беразе, шапка ўпала з галавы і паплыла разам з лесам у Віллю. Ад магутнага яго цела ішла пара, стомы ён не адчуваў. Бервяно за бервяном адрываў ён ад затора і з радасцю бачыў, што затор становіцца меншы, што бярвенні ляжаць не так шчыльна, што выцягваць іх лягчэй.

Так і застала яго Доўнарава брыгада на заторы, на дваццаць трэцім кіламетры.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарнышэвіч А. Выбраныя творы. У 2-х тамах. Т. 1. Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 512 с., 1 л. іл.
Крыніца: скан