epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Гайдар

Р.В.С.

1
2
3


1

 

Раней сюды іншы раз забягалі хлапчукі для таго, каб пабегаць і палазіць паміж пахілымі і паўразбуранымі хлявамі. Тут было добра.

Калісьці немцы, захапіўшы Ўкраіну, звозілі сюды сена і салому. Але немцаў прагналі чырвоныя, пасля чырвоных прыйшлі гайдамакі, гайдамакаў прагналі пятлюраўцы, пятлюраўцаў - яшчэ хтосьці. І засталося ляжаць сена пачарнелымі, сапрэлымі грудамі.

А з таго часу, як атаман Крывалоб, той самы, у якога жоўта-блакітная стужка перасякала папаху, расстраляў тут чатырох маскалёў і аднаго ўкраінца, прапала ў хлапчукоў усялякая ахвота лазіць і хавацца па прывабных лабірынтах. І засталіся стаяць чорныя хлявы, маўклівыя, закінутыя.

Толькі Дзімка забягаў сюды часта, бо тут неяк асабліва цёпла грэла сонца, прыемна пахнуў горка-салодкі палын і спакойна гудзелі чмялі над шырока раскінутымі лапухамі.

А забітыя?.. Дык жа іх даўно ўжо няма! Іх паскідалі ў адну яму і засыпалі зямлёй. А стары жабрак Аўдзей, той, якога баіцца Топ і іншыя маленькія дзеці, змайстраваў з дзвюх палак моцны крыж і цішком паставіў яго над магілай. Ніхто не бачыў, а Дзімка бачыў. Бачыў, але не сказаў нікому.

У зацішным кутку Дзімка спыніўся і ўважліва агледзеўся навокал. Не заўважыўшы нічога падазронага, ён пакапаўся ў саломе і дастаў адтуль дзве абоймы патронаў, шомпал ад вінтоўкі і заржавелы аўстрыйскі штык без ножнаў.

Спачатку Дзімка гуляў у разведчыка, гэта значыць поўзаў на каленях, а ў крытычныя хвіліны, калі меў падставу меркаваць, што вораг блізка, клаўся на зямлю і, паўзучы далей з найвялікшай асцярожнасцю, высочваў падрабязна яго размяшчэнне. Па шчаслівай выпадковасці ці яшчэ чамусьці, толькі сёння яму шанцавала. Ён ухітраўся беспакарана падпаўзаць зусім блізка да ўяўляемых варожых пастоў, пасля чаго пад градам стрэлаў з вінтовак, з кулямётаў, а іншы раз нават з батарэй, вяртаўся без ніводнай раны на сваю пазіцыю.

Потым, карыстаючыся вынікамі разведкі, пасылаў на ворага конніцу і з віскам уразаўся ў самую гушчу лапухоў і чартапалохаў, якія па-геройску паміралі, не жадаючы, нават пад такім страшэнным націскам, уцякаць з поля бою. Дзімка паважае мужнасць і таму забірае рэшткі войска ў палон. Затым, скамандаваўшы «стройся» і «смірна», ён звяртаецца з гнеўнай прамовай:

- Супроць каго ідзяце? Супроць свайго брата рабочага і селяніна? Генералы вам трэба ды адміралы...

Або:

- Камунію захацелі? Волі захацелі? Супроць законнай улады...

Гэта ў залежнасці ад таго, камандзірам якой арміі быў ён, бо камандаваў то адной, то другой па чарзе.

Ён так загуляўся сёння, што апамятаўся толькі тады, калі задзілінкалі званочкі статка, які ішоў з поля.

«Ёлкі-палкі, - падумаў ён. - Вось цяпер маці ўсыпле, а то і вячэры, бадай, не пакіне». І, схаваўшы сваю зброю, ён кулём кінуўся дадому, прыдумваючы на бягу, што б схлусіць такое ямчэй.

Але, на вялікае здзіўленне, наганяй ён не атрымаў, і хлусіць яму не давялося.

Маці амаль не звярнула на яго ўвагі, нягледзячы на тое, што Дзімка ледзь не сутыкнуўся з ёю каля ганка. Бабка звінела ключамі, вымаючы для нечага стары пінжак і штаны з каморы.

Топ старанна капаў трэскай ямку ў кучы гліны.

Нехта ціхенька тузануў ззаду Дзімку за калашыну. Адвярнуўся - і ўбачыў калматага Шмяля, які сумна паглядаў на яго.

- Ты што, дурань? - ласкава спытаўся ён і раптам заўважыў, што ў сабачкі рассечана нечым губа.

- Мама! Хто гэта? - гнеўна спытаў Дзімка.

- Ах, адчапіся! - з прыкрасцю адказала тая, адвярнуўшыся. - Што я, прыглядалася, ці што?

Але Дзімка адчуў, што яна гаворыць няпраўду.

- Гэта дзядзька ботам стукнуў, - растлумачыў Топ.

- Які яшчэ дзядзька?

- Дзядзька... шэры... ён у нас у хаце сядзіць.

Вылаяўшы «шэрага дзядзьку», Дзімка адчыніў дзверы. На ложку ён убачыў здаравеннага дзецюка ў салдацкай гімнасцёрцы. Побач на лаўцы ляжаў казённы шэры шынель.

- Галавень? - здзівіўся Дзімка. - Ты адкуль?

- Адтуль, - быў кароткі адказ.

- Ты нашто Шмяля выцяў?

- Якога яшчэ Шмяля?

- Сабаку майго...

- Няхай не гаўкае. А то я яму і зусім галаву скручу.

- Каб табе самому хто-небудзь скруціў! - са злосцю адказаў Дзімка і шмыгнуў за печ, таму што рука Галаўня пацягнулася да цяжкога бота, які валяўся каля ложка.

Дзімка ніяк не мог зразумець, адкуль узяўся Галавень. Зусім яшчэ нядаўна забралі яго чырвоныя ў салдаты, а цяпер ён ужо зноў дома. Не можа быць, каб служба ў іх была такая кароткая.

За вячэрай ён не выцерпеў і спытаў:

- Ты ў водпуск прыехаў?

- У водпуск.

- Вось што! Надоўга?

- Надоўга.

- Ты лжэш, Галавень! - упэўнена сказаў Дзімка. - Ні ў чырвоных, ні ў белых, ні ў зялёных надоўга зараз не адпускаюць, бо зараз вайна. Ты дэзерцір, напэўна.

У наступную ж хвіліну Дзімка атрымаў моцнага грымака ў шыю.

- Навошта дзіця б'еш? - заступілася Дзімкава маці. - Знайшоў з кім звязвацца.

Галавень пачырванеў яшчэ больш, узмахнуў сваёю круглаю галавою з адтапыранымі вушамі (за яе вось ён і атрымаў мянушку) і адказаў груба:

- Маўчалі б лепш... Піцерскія пралетарыі... Дачакаецеся, што я вас з хаты праганю.

Пасля гэтага маці неяк сагнулася, асела і вылаяла заплаканага Дзімку:

- А ты не лезь, ідал, куды не трэба, а то яшчэ і не так пападзе.

Пасля вячэры Дзімка пайшоў у сенцы, лёг на кучу саломы за скрынкамі, накрыўся матчынай ватоўкай і доўга ляжаў не засынаючы. Потым да яго ціхенька прабраўся Шмель і паклаў галаву на плячо.

- Паедзем, мама, у Піцер, да бацькі.

- Эх, Дзімка! Ды я хоць зараз бы... Ды хіба праедзеш цяпер? Пропускі розныя патрэбны, а потым і так - вакол вунь што робіцца.

- У Піцеры, мама, якія?

- Хто іх ведае! Кажуць, што чырвоныя. А можа, хлусяць. Хіба цяпер разбярэшся?

Дзімка згадзіўся, што разабрацца цяжка. Ужо нашто блізка валасное сяло, а і то невядома, чыё яно. Казалі, што заняў яго днямі Казалуп... А што за Казалуп, якой ён партыі?

І ён спытаў у маткі, якая аб нечым задумалася:

- Мама, а Казалуп зялёны?

- А няхай яны прападуць усе разам узятыя! - са злосцю адказала тая. - Усе былі людзі як людзі, а цяпер вунь што...

У сенцах цёмна. Праз адчыненыя дзверы відаць густа ўсыпанае зоркамі неба і сярпок светлага месяца. Дзімка зашываецца глыбей у салому, рыхтуючыся дасніць працяг цікавага, але не дагледжанага ўчора сну. Засынаючы, ён адчувае, як прыемна грэе шыю, прытуліўшыся да яго, верны Шмель...

 

У сінім небе ўскрайкі воблакаў серабрацца ад сонца. Жоўтая збажына калышацца ад ветру, і, здаецца, дрэмле ціхі летні дзень. Неспакойныя толькі людзі. Недзе за цёмным лесам пратрашчалі працяжна кулямёты. Недзе за краем пераклікнуліся глуха гарматы. І некуды прамчаўся кавалерыйскі атрад.

- Мама, з кім гэта?

- Адчапіся!

Дзімка больш не пытаўся, пабег да плота, узлез на яго і доўга глядзеў услед коннікам.

Між тым Галавень хадзіў злосны. Кожны раз, калі праз вёску праходзіў чырвоны атрад, ён хаваўся недзе. І Дзімка зразумеў, што Галавень дэзерцір.

Неяк бабка паслала Дзімку занесці Галаўню ў пуню кавалак сала і акраец хлеба. Падыходзячы да зацішнага логава, ён заўважыў, што Галавень, седзячы да яго спіной, нешта майструе.

«Вінтоўка! - здзівіўся Дзімка. - Вось дык штука! Навошта яна яму?»

Галавень акуратна працёр затвор, заткнуў ствол анучкай і схаваў вінтоўку ў сена.

Увесь вечар і некалькі наступных дзён Дзімку, не пакідала цікаўнасць паглядзець, што за вінтоўка: «Расейская ці нямецкая? А можа, там і наган ёсць?»

Якраз у гэты час заціхла ўсё навокал. Прагналі чырвоныя Казалупа і пайшлі далей на нейкі фронт. Ціха і бязлюдна стала ў маленькай вёсцы, і Галавень пачаў пакідаць пуню і знікаць недзе на доўгі час. І вось неяк адвячоркам, калі жабінымі песнямі зазвінела пачырванелая сажалка, калі вёрткія ластаўкі замітусіліся ў паветры і бязладна зазвінела машкара, вырашыў Дзімка прабрацца ў пуню.

Дзверы былі зачынены, але ў Дзімкі быў свой ход - праз куратнік. Заскрыпела адсунутая дошка, моцна заквахталі патрывожаныя куры. Напалохаўшыся зробленага шуму, Дзімка хуценька шмыгнуў на сена. Там было душна і ціха. Прабраўся ў куток, дзе валялася чырвоная падушка ў пер'ях, пачаў шнарыць пад страхою і натрапіў на нешта цвёрдае. «Прыклад!» Прыслухаўся: на двары - нікога. Пацягнуў і выцягнуў усю вінтоўку. Нагана не было. Вінтоўка была расейская. Дзімка доўга круціў яе, асцярожна абмацваючы і аглядаючы. «А што, калі адкрыць затвор?»

Сам ён ніколі не адкрываў, але часта бачыў, як гэта робяць салдаты. Пацягнуў ціхенька - рукаятка ўверх падаецца. Адцягнуў на сябе да канца. «Умею!» - з гонарам падумаў ён, але тут жа ўбачыў пад затворам жаўтаваты патрон, які выскачыў аднекуль. Гэта яго крыху збянтэжыла, і ён вырашыў закрыць зноў. Цяпер пайшло тужэй, і Дзімка ўбачыў, што жоўты патрон ідзе проста ў ствол. Ён спыніўся ў нерашучасці, адсунуў ад сябе вінтоўку.

«І куды лезе, чорт!»

Аднак трэба было спяшацца. Ён закрыў затвор і пачаў паціхеньку пасоўваць вінтоўку на месца. Схаваў амаль усю, як раптам адчыніліся дзверы і проста перад Дзімкам апьшуўся здзіўлены і раззлаваны твар Галаўня.

- Ты што, сабака, тут робіш?

- Нічога! - спалохана адказаў Дзімка. - Я спаў... - І непрыкметна штурхнуў нагой у сена прыклад вінтоўкі. У той жа момант грымнуў глухі, але моцны стрэл. Дзімка ледзь не збіў Галаўня з драбін, зваліўся зверху проста на зямлю і кінуўся праз агароды. Пераскочыўшы цераз плот каля дарогі, ён упаў у канаву і, калі ўсхапіўся, адчуў, як раз'юшаны Галавень учапіўся ў яго кашулю.

«Заб'е! - падумаў Дзімка. - Ні мамкі, нікога - канец цяпер». І, атрымаўшы моцны штуршок у спіну, ад якога чорная паласа папаўзла па вачах, ён упаў на зямлю і падрыхтаваўся атрымаць яшчэ і яшчэ.

Але... нешта застукала па дарозе. Чамусьці аслабла рука Галаўня. І нехта крыкнуў гнеўна і загадна:

- Не руш!

Адплюшчыўшы вочы, Дзімка ўбачыў спачатку конскія ногі, цэлы частакол конскіх ног.

Нехта дужымі рукамі падняў яго за плечы і паставіў на зямлю. Толькі цяпер разгледзеў ён вакол сябе кавалерыстаў і конніка ў чорным касцюме, з чырвонай зоркай на грудзях, перад якім разгублена стаяў Галавень.

- Не руш! - паўтарыў незнаёмы і, глянуўшы на заплаканы твар Дзімкі, дадаў: - Не плач, хлопчык, і не бойся. Больш ён не кране цябе ні зараз, ні пасля. - Кіўнуў аднаму галавой і з атрадам памчаўся наперад.

Адстаў адзін і спытаўся строга:

- Ты хто такі?

- Тутэйшы, - хмура адказаў Галавень.

- Чаму не ў арміі?

- Год не выйшаў.

- Прозвішча?.. Будзем назад ехаць - праверым. - Даў шпоры кавалерыст, і скокнуў конь з месца галопам.

І застаўся на дарозе збіты з панталыку гэтым здарэннем Дзімка. Паглядзеў назад - няма нікога. Агледзеўся па баках - няма Галаўня. Паглядзеў наперад і ўбачыў, як чарнеецца кропкамі і імчыцца, зніка'ючы за небасхілам, чырвоны атрад.

 

2

 

Высахлі на вачах слёзы. Сціх патроху боль. Але ісці дадому Дзімка баяўся і вырашыў пачакаць да ночы, калі палягуць усе спаць. Падаўся да рэчкі. Каля берагоў пад кустамі вада была цёмная і спакойная, пасярэдзіне адсвечвала ружаватым бляскам і ціхенька звінела, пераліваючыся па мелкім камяністым дне.

На тым беразе, каля краю мікольскага лесу, заблішчаў цьмяны агеньчык. Чамусьці ён здаўся Дзімку вельмі далёкім і прывабна загадкавым. «Хто б гэта? - падумаў ён. - Пастухі хіба?.. А можа, і бандыты! Вячэру вараць - бульбу з салам ці яшчэ што-небудзь такое...» Яму вельмі хацелася есці.

У прыцемку агеньчык разгараўся ўсё ярчэй і ярчэй, ветліва міргаючы здалёк хлапчуку. Але яшчэ глыбей хмурыўся, цямнеў у прыцемку неспакойны мікольскі лес.

Ідучы па сцежцы, Дзімка раптам спыніўся: ён пачуў штосьці цікавае. За паваротам, каля берага, нехта спяваў высокім пералівістым альтам, неяк дзіўна, хоць і прыгожа разбіваючы словы:

 

          Та-ваа-рышы, та-ва-рышы, -

          Сказаў ён ім на гэта, -

          Ня-хай жыве Ра-сея!

          Ня-хай жывуць Саветы!

 

«А, каб табе! Вось распеўся!» - з захапленнем падумаў Дзімка і бягом кінуўся ўніз.

На беразе ён убачыў невялікага худзенькага хлапчука, які ляжаў каля зашмальцаванай торбачкі. Пачуўшы крокі, той раптам перастаў спяваць і з асцярогай паглядзеў на Дзімку:

- Ты чаго?

- Нічога... Так!

- А-а! - прагаварыў той, відасць, задаволены адказам. - Біцца, значыць, не будзеш?

- Чаго-о?

- Біцца, кажу... А то глядзі! Я дарма што маленькі, а так адшыю...

Дзімка нават і не збіраўся біцца і спытаў у сваю чаргу:

- Гэта ты спяваў?

- Я.

- А ты хто?

- Я Жыган, - ганарліва адказаў той. - Жыган з горада... Мянушка ў мяне такая.

З размаху кінуўшыся на зямлю, Дзімка заўважыў, як хлапчук спалохана адсунуўся.

- Барахло ты, а не жыган... Хіба такія жыганы бываюць?.. А вось песні спяваеш здорава.

- Я, брат, усякія ведаю. На станцыях па эшалонах заўсёды спяваў. Усё роўна, хоць чырвоным, хоць пятлюраўцам, хоць каму... Калі таварышам, скажам, тады «Алёша» або пра буржуяў. Белым - дык тут трэба іншае: «Раней былі грошыкі, былі і паперкі», «Загінула Расея», ну а потым «Яблычка», - яго, канечне, на абодва бакі спяваць можна, словы толькі перастаўляць трэба.

Памаўчалі.

- А ты чаго сюды прыйшоў?

- Хросная ў мяне тут, бабка Ануфрыха. Я думаў хоць з месяц ад'есціся. Дзе там! Каб, кажа, цябе праз тыдзень, праз два тут не было!

- А потым куды?

- Куды-небудзь. Дзе лепш.

- А дзе?

- Дзе? Каб ведаць, тады што! Знайсці трэба.

- Прыходзь раніцай на рэчку, Жыган. Ракаў лавіць будзем!

- Не зманіш? Абавязкова прыйду! - вельмі здаволены, адказаў той.

 

Пераскочыўшы плот, Дзімка прабраўся на цёмны двор і ўбачыў матку, якая сядзела на ганку. Ен падышоў да яе і, пацягнуўшы за хустку, сказаў сур'ёзна:

- Ты, мама, не лайся... Я знарок доўга не ішоў, таму што Галавень мяне здорава набіў.

- Мала табе! - адказала яна, адвярнуўшыся. - Не гэтак трэба было б...

Ды Дзімка чуў у яе словах і крыўду, і горыч, і жаль, але толькі не гнеў.

 

Прыйшоў аднойчы на рэчку сумны-сумны Дзімка.

- Уцячом, Жыган! - прапанаваў ён. - Забяромся куды-небудзь далей адсюль, сапраўды!

- А цябе маці пусціць?

- Ты дурань, Жыган! Калі ўцякаюць, дык ні ў кога не пытаюцца. Галавень злосны, б'ецца. Праз мяне мамку і Топа выганяе.

- Якога Топа?

- Браціка маленькага. Топае ён дзіўна, калі ходзіць, ну вось і празвалі. Ды і так надакучыла ўсё. Ну, што дома?

- Уцячом! - ахвотна згадзіўся Жыган. - Мне дык што? Я хоць зараз. Па эшалонах збіраць будзем.

- Як збіраць?

- А так: праспяваю я што-небудзь, а потым скажу: «Усім таварышам шчырае шанаванне, каб быў вам не фронт, а адно гулянне. Атрымліваць хлеба па два фунты, тытуню па асьмушцы, не пападацца на дарозе ні кулямёту, ні пушцы». Тут, як пачнуць смяяцца, зняць шапку і адразу ж сказаць: «Грамадзяне! Будзьце ласкавы, узнагародзьце дзіцячую працу».

Дзімка падзівіўся лёгкасці і ўпэўненасці, з якой Жыган выкідваў гэтыя сказы, але такі спосаб існавання яму не асабліва падабаўся, і ён сказаў, што куды лепш было б пайсці добраахвотнікамі ў які-небудзь атрад, арганізаваць уласны або падацца ў партызаны. Жыган не пярэчыў і нават наадварот, калі Дзімка прыхільна загаварыў пра чырвоных, «таму што яны за рэвалюцыю», сказаў, што ён ужо служыў у чырвоных.

Дзімка паглядзеў на яго са здзіўленнем і дадаў, што нішто сабе і ў зялёных, «таму што гусей яны ядуць шмат». У дадатак тут жа выявілася, што Жыган бываў таксама ў зялёных і акуратна атрымліваў сваю порцыю, па паўгуся на дзень.

Доўга і старанна абдумвалі, калі і як уцякаць. Прапанова Жыгана ўцякаць зараз жа, не заходзячы нават дадому, была рашуча адхілена.

- Перш-наперш хлеба трэба хоць для пачатку захапіць, - сказаў Дзімка, - а то як з дому, дык і па суседзях. А потым запалак...

- Кацялок нядрэнна было б мець. Бульбы ў полі накапаў - вось табе і абед!

Дзімка ўспомніў, што Галавень прынёс з сабою добры медны кацялок. Бабка нашаравала яго попелам і, калі ён заблішчаў, як святочны самавар, схавала ў камору.

- Замкнута толькі, а ключ з сабою носіць.

- Нічога! - сказаў Жыган. - З-пад усякага замка пры выпадку ўзяць можна, спрыт толькі патрэбен.

Парашылі цяпер жа пачаць запасіць правізію. Хаваць Дзімка прапанаваў у саломе каля хлявоў.

- Чаму каля хлявоў? - запярэчыў Жыган. - Можна яшчэ куды-небудзь... А то побач з мерцвякамі!

- А табе што мерцвякі? - пасмяяўся з яго Дзімка.

У гэты ж дзень Дзімка прыцягнуў невялікі кавалак сала, а Жыган - старанна загорнутыя ў паперку тры запалкі.

- Нельга адразу шмат, - растлумачыў ён. - У Ануфрыхі ўсяго два карабкі, дык трэба, каб не кідалася ў вочы.

І з гэтай хвіліны хлопцы канчаткова вырашылі ўцякаць.

 

А ўсюды неспакойна бурліла жыццё. Недзе недалёка праходзіў вялікі фронт. Яшчэ бліжэй - некалькі другарадных, крыху меншых. А навокал чырвонаармейцы ганяліся за бандамі, або банды за чырвонаармейцамі, або атаманы біліся паміж сабою. Моцны - быў атаман Казалуп. У яго маршчына ўпоперак упартага лба выгнулася, а вочы з-пад пасівелых брывей цяжка пазіралі. Пануры атаман! Хітры, як чорт, атаман Леўка. У яго і конь смяецца, выскаляючы белыя зубы, гэтак жа, як і ён сам. Але з таго часу, як адбіўся ён з падначалення Казалупа, спачатку глухая, а потым і адкрытая варожасць пайшла паміж імі.

Напісаў Казалуп загад сялянам: «Не даваць Леўку ні сала для людзей, ні сена для коней, ні хат для начлегу».

Засмяяўся Леўка, напісаў другі.

Прачыталі чырвоныя абодва загады. Напісалі трэці: «Абвясціць Леўку і Казалупа па-за законам» - і ўсё. А шмат ім распісваць не было калі, таму што вельмі ж гнуўся ў іх галоўны фронт.

І пайшло тут нешта такое, чаго і не разбярэш. Ужо на што дзед Захар! На трох войнах быў. А і то, калі садзіўся на прызбе каля рыжага сабачкі, якому п'яны пятлюравец шабляй вуха адсек, казаў:

- Ну і час настаў!

Прыехалі сёння зялёныя, чалавек дваццаць. Заходзілі двое да Галаўня. Рагаталі і пілі кубкамі мутную моцную самагонку.

Дзімка глядзеў на іх з цікаўнасцю.

Калі Галавень пайшоў, Дзімка, які даўно хацеў паспытаць, што за смак у самагонцы, зліў рэшткі з кубкаў у адзін.

- Дзі-мка, мне! - плаксіва захныкаў Топ.

- Пакіну, пакіну!

Але толькі ён перакуліў кубак у рот, як, страшна плюючыся, выскачыў на двор.

Каля хлявоў ён застаў Жыгана.

- А я, брат, штуку ведаю.

- Якую?

- У нас за хатай зялёныя яму цераз дарогу капаюць, а чорт яе ведае - навошта. Напэўна, каб ніхто не ездзіў.

- Як гэта можна не ездзіць? - не згадзіўся Дзімка. - Тут нешта не так. Не інакш як што-небудзь задумваюць.

Пайшлі аглядаць свае запасы. Іх было яшчэ малавата: два кавалкі сала, кавалак варанага мяса і дзесятак запалак.

У той вечар сонца велізарным чырванаватым колам павісла над небасхілам каля надзеждзінскіх палёў і заходзіла павольна, не спяшаючыся, нібы цешачыся шырокім спакоем зямлі.

Далёка, у Альхоўцы, якая прыткнулася да краю мікольскага лесу, ударыў некалькі разоў звон. Але не трывожным набатам, а так проста, мякка-мякка. І калі густыя дрыжачыя гукі міма саламяных стрэх дайшлі да вушэй старога дзеда Захара, здзівіўся ён крыху даўно не чутаму спакойнаму звону і, перахрысціўшыся павольна, моцна сеў на сваё месца, каля пакрыўленага ганка. А калі сеў, тады падумаў: «Якое ж гэта свята заўтра будзе?» І так прыкідваў і гэтак - нічога не выходзіць. Таму што фэст у Альхоўцы ўжо быў, а спасу яшчэ рана. І запытаў Захар, пастукаўшы палкай у акенца, у бабы, якая выглянула адтуль:

- Гарпіна, а Гарпіна, хіба ў нас заўтра нядзеля будзе?

- Што ты, стары! - незадаволена адказала перапэцканая ў муцэ Гарпіна. - Хіба ж пасля серады нядзеля бывае?

- Вось жа і я так думаю...

І ўзяло дзеда Захара сумненне, ці недарэмна ён перахрысціўся і ці нядобры які гэты звон.

Наляцеў ветрык, ледзь калыхнуў сівую бараду. І ўбачыў дзед Захар, як высунуліся цікаўныя бабы з акенцаў, выкацілася дзятва з-за варот, а з поля даляцеў нейкі працяглы дзіўны гук, нібы зароў бугай або карова ў статку, толькі яшчэ выразней і даўжэй: Уо-уу-ууу...

А потым раптам як грукнула ў паветры, як забухкалі амаль каля выгану стрэлы... Зачыніліся разам акенцы, знікла з вуліцы дзятва. І не мог толькі ўстаць і скрануцца з месца напалоханы стары, пакуль не закрычала на яго Гарпіна:

- Ты цюпайся швыдчэ, стары дурань! Хіба ты не бачыш, што такое пачынаецца?

А ў гэты час у Дзімкі калацілася сэрца такімі ж няроўнымі, як стрэлы, ударамі, і хацелася яму выбегчы на вуліцу, даведацца, што там такое... Было яму страшна, таму што збялела маці і сказала не сваім, ціхім голасам:

- Ляж... ляж на падлогу, Дзімачка. Божухна, хаця б з гармат не пачалі!

У Топа вочы зрабіліся вялікія-вялікія, і ён нібы прыліп да падлогі, прыткнуўшы галаву да ножкі стала. Але ляжаць яму было нязручна, і ён сказаў з плачам:

- Мама, я не хачу на падлозе, я на печ лецш палезу...

- Ляжы, ляжы! Вось прыйдзе гайдамак... ён табе!

У гэтую хвіліну штосьці асабліва моцна грымнула, так што зазвінела шкло ў акенцах, і здалося Дзімку, што скаланулася зямля. «Бомбы кідаюць!» - падумаў ён і пачуў, як міма пацямнелых акон з тупатам і крыкамі прамчалася некалькі чалавек.

Усё сціхла. Мінула яшчэ з паўгадзіны. Нехта застукаў у сенцах, вылаяўся, наткнуўшыся на пустое вядро. Адчыніліся дзверы, і ў хату ўвайшоў узброены Галавень.

Ён быў нечым вельмі раззлаваны, бо, выпіўшы залпам конаўку вады, адкінуў сярдзіта вінтоўку ў кут і сказаў з незахаванай прыкрасцю:

- Ах, каб яму!..

 

...Назаўтра сустрэліся хлопцы рана.

- Жыган, - спытаў Дзімка, - ты не ведаеш, чаго гэта так учора... З кім гэта?

У Жыгана шустрыя вочы бліснулі самазадаволена. Ён адказаў важна:

- О, брат! Была ў нас учора справа...

- Ты не хлусі толькі! Я ж бачыў, як ты адразу таксама за агароды кінуўся.

- А адкуль ты ведаеш? Можа, я кругаля аббягаў! - пакрыўдзіўся Жыган.

Дзімка не зусім паверыў гэтаму, але не перапыняў.

- Машына ўчора прыязджала, а ёй у Альхоўцы рамонт быў. Яна толькі адтуль, а Гаўрыла-дзяк у звон: бум!.. - сігнал, значыць.

- Ну?

- Ну, вось і ну... Пад'ехала да вёскі, а па ёй з вінтовак. Яна паспрабавала назад, а тут - агароджа ўжо зачынена.

- І злавілі каго?

- Не... Адтуль, з машыны, такую страляніну ўзнялі, што і не падступіцца. А потым бачаць - справы няважныя, і ўрассыпную... Тут іх і пастралялі. А адзін уцёк. Бомбу кінуў побач, у Ануфрыхінай хаце ўсе шыбы патрэскаліся. Па ім з вінтовак смаляць, яго ловяць, а ён цераз плот, цераз агароды і ўцёк.

- А машына?

- Машына і зараз тут... толькі сапсаваная, бо перад тым, як уцякаць, адзін гранатай запусціў. Уся пагнутая... Я ўжо бегаў... Федзька Мар'ін раней за мяне яшчэ паспеў. Гудок сцягнуў. Націснеш гуму, а ён як завые!

Цэлы дзень толькі і гаворкі было пра ўчарашняе здарэнне. Зялёныя з'ехалі яшчэ ўночы. І засталася зноў без улады маленькая вёсачка.

 

Між тым падрыхтоўка да ўцёкаў падыходзіла к канцу.

Заставалася цяпер украсці кацялок, што і вырашылі зрабіць заўтра ўвечары пры дапамозе доўгай палкі з убітым цвіком праз маленькае акенца, якое выходзіла ў агарод.

Жыган пайшоў абедаць.

Дзімку не сядзелася, і ён вырашыў чакаць яго каля хлявоў.

Залез быў адразу на салому і пачаў забаўляцца, баронячыся ад Шмяля, які раз'юшана атакаваў яго, але неўзабаве прыўзняўся, крыху ўстрывожаны. Яму здалося, што снапы параскіданы неяк не так, не па-звычайнаму. «Няўжо з хлопцаў хто-небудзь лазіў? Вось чэрці!» І ён падышоў, каб праверыць, ці не выкрыў хто месца, дзе схавана правізія. Памацаў рукой - не, тут! Выцягнуў сала, запалкі, хлеб. Палез па мяса - няма!

- Ах, чэрці! - вылаяўся ён. - Гэта не інакш як Жыган з'еў. Калі б хто з хлопцаў, дык той ужо ўсё адразу б забраў.

Неўзабаве з'явіўся і Жыган. Ён толькі што паабедаў, а таму быў у самым добрым настроі і падыходзіў, спакойна пасвістваючы.

- Ты мяса еў? - спытаў Дзімка, пазіраючы на яго сярдзіта.

- Еў! - адказаў той. - Сма-ачна...

- Смачна! - накінуўся на яго раззлаваны Дзімка. - А хто табе дазволіў? А хіба такі ўгавор быў? А на дарогу што?.. Вось я табе трэсну па мазгаўні, тады будзе смачна!..

Жыган разгубіўся.

- Дык гэта ж я дома ў абед. Ануфрыха раздобрылася, кавалак з капусты выняла, вялі-ізны!

- А адгэтуль хто ўзяў?

- І не ведаю зусім.

- Пабажыся.

- Далібог! Каб мне праваліцца ў гэтую ж хвіліну, калі браў.

Але ці таму, што Жыган не праваліўся «ў гэтую ж хвіліну», ці таму, што адмаўляў абвінавачванне з незвычайнай заўзятасцю, толькі Дзімка вырашыў, што, мабыць, як выключэнне, на гэты раз Жыган не хлусіць. І павёўшы вачыма па саломе, Дзімка паклікаў Шмяля, працягваючы руку да дубца:

- Шмель, а ну хадзі сюды!

Але Шмель не любіў, калі з ім так размаўлялі. Ён перастаў забаўляцца з вяроўкай, апусціў хвост і адразу ж падаўся ўбок.

- Ён з'еў! - з абурэннем пацвердзіў Жыган. - І кавалак жа які тлу-усты!

Перахавалі ўсё вышэй, заклалі дошкаю і прыціснулі цаглінай.

Потым ляжалі доўга і марылі пра будучае прывабнае жыццё.

- У лесе начаваць каля агню... добра!

- Цёмна ўночы толькі, - з жалем заўважыў Жыган.

- А што цёмна? У нас стрэльбы будуць, мы і самі...

- Вось калі пазабіваюць... - пачаў зноў Жыган і дадаў сур'ёзна: - Я, брат, не люблю, каб мяне забівалі.

- Я таксама, - прызнаўся Дзімка. - А то дрэнна ў яме... вунь як гэтыя. - І ён кіўнуў галавою туды, дзе пакрыўлены крыж ледзь-ледзь відаць быў з густых прыцемкаў.

Пры гэтым напамінку Жыган скурчыўся і адчуў, што ў вячэрнім паветры зрабілася нібы халадней. Але, жадаючы паказаць сябе малайцом, ён адказаў абыякава:

- Але, брат... А ў нас была адзін раз штука...

І асекся, таму што Шмель, які ўлёгся пад бокам Дзімкі, узняў галаву, натапырыў вушы і завурчаў перасцерагальна і сярдзіта.

- Ты што? Што ты, Шмелік? - з трывогай спытаў у яго Дзімка і пагладзіў па галаве.

Шмель змоўк і зноў паклаў галаву паміж лап.

- Пацука чуе, - шэптам прагаварыў Жыган і, нехаця пазяхнуўшы, дадаў: - Дадому трэба ісці, Дзімка.

- Зараз. А якая ў вас была штука?

Але Жыгану стала ўжо не да штукі, і, апрача ўсяго, тое, што ён збіраўся схлусіць, выскачыла ў яго з галавы.

- Пойдзем, - згадзіўся Дзімка, узрадаваны, што Жыган не ўздумаў расказваць пра сваю «штуку».

Усталі. Шмель падняўся таксама, але не пайшоў адразу, а спыніўся каля саломы і зноў завурчаў трывожна, нібы дражніў яго нехта з цемені.

- Пацукоў чуе! - паўтарыў цяпер Дзімка.

- Пацукоў? - заняпалым голасам адказаў Жыган. - А толькі чаму ж гэта ён раней іх не чуў?

І дадаў ціха:

- Холадна нешта. Давай пабяжым, Дзімка... А бальшавік той, што ўцёк, дзе-небудзь каля вёскі недалёка.

- Адкуль ты ведаеш?

- Так, думаю! Пасылала мяне зараз Ануфрыха да Гарпіны пазычыць паўкубка солі. А ў яе ў той дзень кашуля з плота прапала. Я прыйшоў, чую з сенцаў, лаецца нехта: «...і кінуў, - кажа, - хтосьці кашулю пад жэрдкі. Мы ж з Ягорыхай глядзім: яна падраная, і каб хаця крыху, а то ўся як ёсць». А дзед Захар слухаў-слухаў ды і кажа: «О, Гарпіна...»

Тут Жыган шматзначна спыніўся, паглядаючы на Дзімку, і толькі, калі той нецярпліва занукаў, пачаў зноў:

- А дзед Захар і кажа: «О, Гарпіна, ты схавай лепш язык далей». Тут я ўвайшоў у хату. Гляджу, а на лаве кашуля ляжыць, падраная і ўся ў крыві. І як убачыла мяне, села на яе Гарпіна ў тую ж хвіліну і загадвае: «Падай яму, стары, з паўкубка», а сама не ўстае. А мне што, я і так бачыў. Дык вось, думаю, гэта бальшавіка куляй падбіла.

Памаўчалі, абдумваючы неспадзявана падслуханую навіну. У аднаго вочы прыжмурыліся, утаропіўшыся нерухома і сур'ёзна. У другога забегалі і заблішчалі.

І сказаў Дзімка:

- Вось што, Жыган, маўчы лепш і ты. Шмат і так пазабівалі чырвоных у нас каля вёскі, і ўсё па адным.

 

Дагаварыліся ўцякаць заўтра раніцай. Увесь дзень Дзімка быў сам не свой. Разбіў незнарок кубак, наступіў на хвост Шмялю і ледзь не выбіў збанок кіслага малака з рук бабкі, якая несла яго ў хату, за што і атрымаў моцную аплявуху ад Галаўня.

А час ішоў. Гадзіна за гадзінай мінуў поўдзень, абед, настаў вечар.

Схаваліся ў агародзе, за бузіною, каля плота, і пачалі чакаць.

Заселі яны ранавата, і доўга яшчэ цераз двор праходзілі людзі. Нарэшце прыйшоў Галавень, паклікала маці Топа. І пракрычала з ганка:

- Дзімка! Дзіма-ачка! Дзе ты падзеўся?

«Вячэраць!» - вырашыў ён, але адгукнуцца, вядома, і не думаў. Маці пастаяла-пастаяла і пайшла.

Пачакалі. Крадком выйшлі. Каля сценкі каморы спыніліся. Акенца было высока. Дзімка сагнуўся, упёршыся рукамі ў калені. Жыган узлез яму на спіну і асцярожна прасунуўся ў акенца.

- Хутчэй ты! У мяне спіна не каменная.

- Цёмна вельмі, - шэптам адказаў Жыган. Сяк-так падчапіўшы кацялок, ён пацягнуў яго да сябе і саскочыў. - Ёсць!

- Жыган, - спытаў Дзімка, - а каўбасу ты дзе ўзяў?

- Там вісела по-обач. Бяжым хутчэй!

Шустра шмыгнулі ўбок, але за плотам успомнілі, што забыліся палку з крукам каля сценкі. Дзімка - назад. Схапіў і раптам убачыў, што ў дзірку плота прасунуў галаву і з цікаўнасцю глядзіць на яго Топ.

Дзімка, з палкай і каўбасой, так збянтэжыўся, што апамятаўся толькі тады, калі Топ спытаў у яго:

- Ты навошта кайбасу ўкраў?

- Гэта не ўкраў, Топ. Гэта трэба, - спехам адказаў Дзімка. - Верабейчыкаў карміць. Ты любіш, Топ, верабейчыкаў? Цырык-цырык!.. Цырык-цырык!.. Ты не кажы толькі. Не скажаш? Я табе цвік заўтра дам до-обры!

- Верабейчыкаў? - сур'ёзна спытаў Топ.

- Ага-ага! Вось далібог!.. У іх няма... Бе-едныя!

- І цвік дасі?

- І цвік дам... Ты не скажаш, Топ? А то не дам цвіка і з Шмяльком гуляць не дам.

І, атрымаўшы абяцанне маўчаць (але сам сабе не вельмі паверыўшы гэтаму), Дзімка памчаўся да Жыгана, які нецярпліва чакаў яго.

Змяркалася ўвачавідкі, і калі хлопцы дабеглі да хлявоў, каб схаваць кацялок і злашчасную каўбасу, было ўжо цёмна.

- Хавай хутчэй!

- Давай! - І Жыган палез у шчыліну, пад страху. - Дзімка, тут цёмна, - трывожна прашаптаў ён. - Я не знайду нічога...

- А, дурны, хлусіш ты, што не знойдзеш! Напалохаўся ўжо!

Палез сам. У цемені намацаў руку Жыгана і адчуў, што яна дрыжыць.

- Ты чаго? - спытаў ён, адчуваючы, што страх пачынае перадавацца і яму.

- Там... - І Жыган мацней ухапіўся за Дзімку.

І Дзімка ясна пачуў цяжкі прыдушаны стогн, які даносіўся сюды з цёмнай глыбіні хлява.

У наступную ж секунду яны з крыкам скаціліся ўніз і, не разбіраючы ні дарогі, ні ям, ні сцежак, з жахам імчаліся прэч.

 

3

 

У гэтую ноч доўга не мог заснуць Дзімка. Патроху ў галаве ў яго пачалі складвацца сякія-такія меркаванні: «Пацукі... Хто з'еў мяса?.. Кашуля, стогн... А што, калі?..»

Ён доўга варочаўся і ніяк не мог адчапіцца ад адной думкі, якая не давала яму спакою.

Раніцай ён быў ужо каля хлявоў. Адкінуў салому і залез у дзірку. Сонечныя праменні, прабіваючыся праз шматлікія шчыліны, прарэзалі паўцемру пустога хлява. Пярэднія падпоркі там, дзе павінны былі быць вароты, абваліліся, і страха асела, наглуха заваліла ўваход. «Недзе тут», - падумаў Дзімка і папоўз. Завярнуў за кучу рассыпаных неабпаленых цаглін і спыніўся, напалохаўшыся. У кутку, на саломе, уніз тварам ляжаў чалавек. Пачуўшы шоргат, ён крыху падняў галаву і працягнуў руку да нагана, які валяўся побач. Але ці таму, што быў ён без сілы, ці яшчэ па якой-небудзь прычыне, толькі, прыгледзеўшыся пачырванелымі, мутнымі вачыма, разняў ён пальцы, апусціў рэвальвер і, прыўзняўшыся, прагаварыў хрыпла, ледзь варочаючы языком:

- Піць!

Дзімка зрабіў крок уперад. Бліснула зорачка з белым вянком, і Дзімка ледзь не крыкнуў ад здзіўлення, пазнаўшы ў параненым незнаёмага, які калісьці вырваў яго з рук Галаўня.

Зніклі ўсе страхі, усе сумненні, засталося толькі пачуццё жаласці да чалавека, які так горача заступіўся за яго.

Схапіўшы кацялок, Дзімка памчаўся па ваду на рэчку. Вяртаючыся бягом, ён ледзь не сутыкнуўся з Мар'іным Федзькам, які памагаў матцы несці мокрую бялізну. Дзімка хуценька шмыгнуў у кусты і бачыў адтуль, як Федзька замарудзіў хаду, з цікаўнасцю паглядаючы ў яго бок. І калі б маці, якая адчула, як адразу пацяжэла карзіна, не крыкнула сярдзіта: «Ды нясі ж, чарцянё, чаго ты круцішся?», дык Федзька, канечне, не выцерпеў бы, каб не праверыць, хто гэта схаваўся гэтак паспешліва ў кустах.

Вярнуўшыся, Дзімка ўбачыў, што незнаёмы ляжыць з заплюшчанымі вачыма і варушыць злёгку губамі, нібы размаўляе з некім у сне. Дзімка крануў яго за плячо, і калі той адплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабою хлапчука, штосьці падобнае на слабую ўсмешку прабегла па яго перасохлых губах. Напіўшыся, ужо ясней і выразней незнаёмы спытаў:

- Чырвоныя далёка?

- Далёка. І не чуваць зусім.

- А ў горадзе?

- Пятлюраўцы, здаецца...

Апусціў галавў паранены і спытаў у Дзімкі:

- Хлопчык, ты нікому не скажаш?

І было ў гэтых словах гэтулькі трывогі, што пачырванеў Дзімка і пачаў запэўніваць, што не скажа.

- Жыгану хіба!

- Гэта з якім вы ўцякаць збіраліся?

- Але, - збянтэжана сказаў Дзімка. - Вось і ён, здаецца.

Засвістаў салавей пераліўнымі трэлямі. Гэта Жыган шукаў і здзіўляўся, куды гэта знік яго таварыш.

Высунуўшыся з дзіркі, але не жадаючы крычаць, Дзімка кінуў у яго лёгенька каменьчыкам.

- Ты чаго? - спытаў Жыган.

- Цішэй! Лезь сюды... Трэба.

- Дык ты паклікаў бы, а то на табе... Каменем! Ты б яшчэ цаглінай шпурнуў.

Спусціліся абодва ў дзірку. Убачыўшы перад сабой незнаёмага і цёмны рэвальвер на саломе, Жыган спыніўся спалохана.

Незнаёмы адплюшчыў вочы і спытаў проста:

- Ну што, хлапчукі?

- Гэта вось Жыган! - І Дзімка ціхенька падштурхнуў яго наперад.

Незнаёмы нічога не сказаў і толькі злёгку нахіліў галаву.

З сваіх запасаў Дзімка прынёс кавалак хлеба і ўчарашнюю каўбасу.

Паранены быў галодны, але спачатку еў мала, больш піў ваду.

Жыган і Дзімка сядзелі амаль увесь час моўчкі.

Куля зялёных параніла чалавека ў нагу; апрача таго, тры дні ў яго не было ні кроплі вады ў роце, і ён вельмі змучыўся.

Перакусіўшы, ён адчуў сябе лепш, вочы яго заблішчалі.

- Хлопчыкі! - сказаў ён ужо зусім выразна. І па голасу толькі цяпер Дзімка яшчэ раз пазнаў у ім незнаёмага, што крыкнуў Галаўню: «Не руш!» - Вы слаўныя хлопчыкі... Я часта слухаў, як вы размаўлялі... Але калі вы прагаворыцеся, дык мяне заб'юць...

- Не павінны б! - няўпэўнена ўставіў Жыган.

- Як не павінны б? - раззлаваўся Дзімка. - Ты кажы: не, ды і ўсё... Ды вы яго не слухайце, - ледзь не са слязьмі загаварыў ён да незнаёмага. - Далібог, не скажам! Вот праваліцца мне, усё абяцаю... Адлупцую...

Але Жыган скеміў і сам, што сказаў ён нешта недарэчнае, і адказаў тонам выбачэння:

- Ды я, Дзім, і сам... што не павінны, значыць... ні ў якім разе.

І Дзімка ўбачыў, як незнаёмы зноў усміхнуўся.

 

У час абеду Топ сядзеў-сядзеў ды і выпаліў:

- Давай, Дзімка, цвік, а то я мамцы скажу, што ты кайбасу верабейчыкам цягаў.

Дзімка ледзь не падавіўся кавалкам бульбы і моцна загрукаў табурэткай. На шчасце, Галаўня не было, маці даставала гаршчок з печы, а бабка была тугаватая на вуха.

І Дзімка прагаварыў шэптам, штурхаючы Топа нагой:

- Дай паабедаю, у мяне ўжо прызапашаны.

«Каб табе ліха! - думаў ён, устаючы з-за стала. - Пацягнула ж за язык».

Пасля некаторых пошукаў вырваў ён у хляве са сцяны вялізны цвік і занёс Топу.

- Вялікі вельмі, Дзімка! - сказаў Топ, здзіўлена паглядаючы на тоўсты і нязграбны цвік.

- Што вялікі? Вось яно і добра, Топ. А што з маленькага: уб'еш адразу - і ўсё. А тут доўга сядзець можна: тук, тук!.. Добры цвік!

Увечары Жыган знайшоў у Ануфрыхі кавалак чыстага палатна для перавязкі. А Дзімка ўзяў з сваіх прыпасаў самы большы кавалак сала, вырашыў расстарацца ёду.

 

Айцец Перламутрый, у адным падрасніку і без ботаў, ляжаў на канапе і з жалем думаў пра свае няважныя справы, таму што царква яшчэ летась згарэла ад снарада. Але, паляжаўшы крыху, ён успомніў пра хуткае набліжэнне храмавога свята і абавязковых з такога выпадку паднашэннях. І вобразы парасяціны, кружкоў масла і стройных збанкоў са смятанай далі, відаць, іншы кірунак яго думкам, таму што айцец Перламутрый адкашляўся паважна і падумаў пра нешта ўсміхаючыся.

Увайшоў Дзімка і, схаваўшы кавалак сала за спіну, прагаварыў ціха:

- Добры дзень, бацюшка.

Айцец Перламутрый уздыхнуў, перавёў вочы на Дзімку і спытаў не ўстаючы:

- Ты што, дзіця, да мяне ці да пападдзі?

- Да яе, бацюшка.

- Гм... А паколькі яна ў адлучцы, я пакуль за яе.

- Мамка прыслала. Нагу на цвік прабіла, дык схадзі, кажа, ці не дасць пападдзя крышку ёду. І бутэлечку вось прыслала маленькую.

- Бутэлечку... Гм... - з сумненнем кашлянуў айцец Перламутрый. - Бутэлечка што!.. А што ты, хлопец, рукі ззаду трымаеш?

- Сала тут кавалак. Казала мама, калі налье, аддай у падзяку...

- Калі налье?

- Далібог, так і сказала.

- Э-хе-хе, - прагаварыў айцец Перламутрый, устаючы. - Каб проста прыслаць, дык не, а вось: «калі налье»... - І ён паківаў галавой. - Ну, давай сала, ці што... Старое!

- Дык новага яшчэ ж не калолі, бацюшка.

- Ведаю і сам, ды можна было б таўсцейшае, хоць і старое. Бутэлечка дзе? Чаму гэта маці табе цэлую кварту не дала? Хіба ж можна поўную?

- Ды ў ёй, бацюшка, два напарсткі ўсяго. Куды ж менш?

Бацюшка пастаяў крыху, раздумваючы.

- Ты скажы, няхай лепш маці сама прыйдзе. Я проста сам ёй і памажу. А наліваць... навошта ж?

Але Дзімка адчаянна заматаў галавой.

- Гм... Што ты галавой матаеш?

- Ды вы, бацюшка, налівайце, - спяшаючыся загаварыў Дзімка, - а то мамка наказвала: «Калі не будуць даваць, бяры, Дзімка, сала і нясі назад».

- А ты скажы ёй: «Дарствуючы ды не турбуецца пра дар свой, бо будзе перад тварам усявышняга дар гэты дарэмны». Запомніш?

- Запомню!.. А вы ўсё-такі налівайце, бацюшка.

Айцец Перламутрый надзеў на босую нагу туфлі - пры гэтым Дзімка падзівіўся на іх незвычайны памер - і, прыхапіўшы сала, пайшоў з бутэлечкай у другі пакой.

- На вось, - прагаварыў ён, выходзячы адтуль. - Толькі ад дабраты сваёй... - І спытаў, падумаўшы: - А ў вас куры нясуцца, хлопец?

- Ад дабраты! - узлаваўся Дзімка. - Менш палавіны... - І на паўторнае пытанне, выходзячы за дзверы, адказаў сур'ёзна: - У нас, бацюшка, курэй няма, адны пеўні толькі.

 

Між тым пра чырвоных не было чутак, і хлапчукам прыходзілася быць напагатове.

І ўсё ж часта яны прабіраліся да хлявоў і падоўгу бавілі час каля незнаёмага.

Ён ахвотна гаварыў з імі, расказваў і жартаваў нават. Толькі іншы раз, асабліва калі пачыналася гутарка пра франты, глыбокая маршчына залягала каля брывей, ён змаўкаў і доўга думаў пра штосьці.

- Ну што, хлопчыкі, не чуваць, як там?

«Там» - гэта на фронце. Але чуткі ў вёсцы хадзілі няпэўныя, супярэчлівыя.

І хмурыўся і нёрваваўся тады незнаёмы. І відаць было, што больш, чым штохвілінная небяспека, больш, чым страх за сябе, турбавалі яго няведанне, бяздзейнасць і няпэўнасць.

Упадабалі яго абодва хлапчукі. Асабліва Дзімка. Неяк аднойчы, пакінуўшы дома заплаканую маці, прыйшоў ён да хлявоў сумны, хмуры.

- Галавень б'е... - растлумачыў ён. - Праз мяне мамку выганяе, Топа таксама... Паехаць бы да бацькі ў Піцер... Але ніяк...

- Чаму ніяк?

- Не праедзеш: пропускі розныя. Ды білеты, дзе іх дастанеш? А без іх нельга.

Падумаў незнаёмы і сказаў:

- Калі б былі чырвоныя, я табе дастаў, бы пропуск, Дзімка.

- Ты?! - здзівіўся той. І пасля некаторага хістання спытаў пра тое, пра што даўно думаў: - А ты хто? Я ведаю: ты кулямётны начальнік, таму што ў той раз каля цябе салдат быў з «льюісам».

Засмяяўся незнаёмы і кіўнуў галавой так, што можна было зразумець - і так і не так.

І з таго часу Дзімка яшчэ больш захацеў, каб хутчэй прыйшлі чырвоныя.

А непрыемнасцей у яго збіралася ўсё больш і больш. Бязлітасны Топ ужо пяты раз патрабаваў па цвіку і, нягледзячы на тое, што атрымоўваў іх, усё ж такі прагаварыўся матцы. Потым у кішэні штаноў маці знайшла рэшткі махоркі, якую Дзімка насіў параненаму. Але самае горшае навалілася толькі сёння. З прычыны свята па добраахвотныя паднашэнні заглянуў у хату айцец Перламутрый. Паміж размовамі ён сказаў, звяртаючыся да маткі:

- А сала ўсё ж старое, дык ты б з дзесятачак яек за лекі дадаткова...

- За якія яшчэ лекі?

Дзімка закруціўся неспакойна на крэсле і скурчыўся пад утаропленымі на яго позіркамі.

- Я, мама... сабачку, Шмеліку... - няўпэўнена адказаў ён. - У яго драпіна была вялікая...

Усе змоўклі, таму што Галавень заварушыўся на ўслоне і сказаў:

- Сёння я твайго сабаку застрэлю. - І потым дадаў, паглядваючы неяк дзіўна: - А да таго ж, ты хлусіш, здаецца. - І не сказаў больш нічога, не набіў нават.

- Хіба ж можна! Для ўсякага стварэння гэты каштоўны медыкамент? - з абурэннем сказаў айцец Перламутрый. - А паколькі схлусіў, вінаваты двойчы: на зямлі і на небясі. - Пры гэтым ён падняў шматзначна вялікі палец, зірнуў спачатку на гліняную падлогу, потым на столь і, упэўніўшыся ў тым, што словы яго зрабілі належнае ўражанне, дадаў, звяртаючыся да маткі: - Дык я, значыцца, на дзесятачак разлічваю.

Увечары, выходзячы з хаты, Дзімка аглянуўся і заўважыў, што каля плота стаіць Галавень і праводзіць яго ўважлівым позіркам.

Ён знарок пайшоў да рэчкі.

- Дзімка, а ведаеш - гавораць пра нашага параненага на вёсцы, - ашаламіў яго пры сустрэчы Жыган. - Тут, кажуць, ён недалёка дзе-небудзь. Таму што кашуля... а да таго ж Сёмка старастаў каля Гарпінінага плота кніжку знайшоў, таксама крывяная. Я сам адзін лісток бачыў. Белы, а на ражку літары «Р.В.С.» і палачкі, такія, як на гадзінніку.

Дзімку нават у галаву стукнула.

- Жыган, - шэптам сказаў ён, хоць навокал нікога не было, - трэба, таго... ты не хадзі туды проста... лепш вакол бегай. Каб хаця не заўважылі.

Папярэдзілі незнаёмага.

- Што ж, - сказаў ён, - будзьце толькі асцярожней, хлопцы. А калі не паможа, нічога тады не зробіш... Не хацелася б, праўда, гэтак недарэчна загінуць...

- А калі дарэчна?

- Няма такога слова, Дзімка. А калі не задарма, тады можна.

- І песня такая ёсць, - уставіў слова Жыган. - Калі б не цяпер, я праспяваў бы, - добрая песня. Павялі камуніста, а ён ім тлумачыць каля сценкі... Мы ведаем, кажа, па якой прычыне змагаемся, ведаем, за што і паміраем... Толькі калі словамі расказваць, не выходзіць. А вось калі салдаты на фронт ад'язджалі, ну і спявалі... На што ўжо чыгуначнікі, і тыя раты паразяўлялі. Так цябе і бярэ за душу.

Дадому варочаліся паасобна. Дзімка пайшоў раней; ён добрасумленна падаўся да рэчкі, а адтуль дадому.

Між тым Жыган з уласцівай яму бесклапотнасцю прыхапіў у незнаёмага флягу, каб набраць вады, забыўся пра ўгаворы і пайшоў самай блізкай дарогай - праз агароды. Задумаўшыся, ён засвістаў і прыціх адразу, калі пачуў, як нешта хруснула каля кустоў.

- Стой, чарцяка! - крыкнуў нехта. - Стой, сабака!

Ён спалохана шарахнуўся, кінуўся ўбок, ускочыў на нейкі плот і адчуў, як хтосьці моцна схапіў яго за калашыну. З усёй сілы ён брыкнуў нагой, відаць, трапіў некаму ў твар. І, перакінуўшыся цераз плот на градкі з капустай, выпусціўшы флягу з рук, ён кінуўся ў цемень...

 

Дзімка вярнуўся, нічога не ведаючы, і адразу ж лёг спаць. Не мінула і дваццаць хвілін, як у хату з лаянкай ускочыў Галавень і адразу ж закрычаў на матку:

- Няхай лепш тваё чарцяня і не вяртаецца зусім... Нагою мне ў твар стукнуў... Заб'ю...

- Калі стукнуў? - са страхам спытала маці.

- Калі? Ды толькі што.

- Ён жа спіць даўно.

- А, чорт! Прыбег, значыцца, ужо. Абцасам у твар стукнуў, а яна - спіць! - Ён адчыніў дзверы і рушыў да Дзімкі.

- Што ты! Што ты! - спалохана загаварыла маці. - Якім абцасам? Ды ў яго з вясны і абутку няма ніякага. Ён жа босы! Хто яму купляў?.. Ты здурнеў, ці што?

Але, відаць, Галавень таксама сцяміў, што няма ў Дзімкі абутку. Ён спыніўся, вылаяўся і ўвайшоў у хату.

- Гм... - прамычаў ён, сядаючы на лаву і кідаючы на стол флягу. - Памылка выйшла.. Але хто ж і дзе яго хавае? І кашуля, і лісткі, і фляга... - Потым памаўчаў і дадаў: - А сабаку вашага я ўсё ж забіў.

- Як забіў?! - перапытала маці.

- Так. Бабахнуў у галаву, ды і ўсё тут.

Дзімка, уткнуўшыся тварам у кажушок, закапаўшыся глыбока ў ватоўку, дрыжаў усім целам і плакаў бязгучна, але горка-горка.

Калі ўсё сціхла і пайшоў у пуню Галавень, падышла да Дзімкі маці і, заўважыўшы, што ён усхліпвае, сказала, супакойваючы:

- Ну хопіць, Дзімачка! Ці варта з-за сабакі...

Але пры гэтым напамінку перад Дзімкавымі вачыма яшчэ ясней і выразней паўстаў вобраз ласкавага, з хвастом-махалам Шмяля, і яшчэ з большаю сілай ён закалаціўся ад плачу і яшчэ мацней уціснуў галаву ў мокрую ад слёз аўчыну...

 

- Эх ты! - прагаварыў Дзімка і не сказаў больш нічога.

Але адчуў Жыган у словах яго такую горыч, такую крыўду, што зусім збянтэжыўся.

- Хіба ж я ведаў, Дзімка?

- «Ведаў»! А што я казаў?.. Ці доўга было вакол абабегчы? А цяпер што? Вунь Галавень сядло ладзіць, ехаць некуды хоча. А куды? Не інакш, як да Леўкі ці яшчэ да каго - вобыску патрабаваць будзе.

Незнаёмы таксама паглядзеў на Жыгана. Быў у яго позірку толькі лёгкі дакор, і сказаў ён мякка:

- Добрыя вы, хлопцы... - І нават не раззлаваўся, нібыта не пра яго і гаварылася.

Жыган стаяў моўчкі, вочы яго не бегалі, як заўсёды, па баках, яму не было чым апраўдацца, ды і не хацелася. І ён адказаў пахмура і не на пытанне:

- А чырвоныя ў горадзе. Жабрак Аўдзей прыйшоў. Шмат, кажа, і ўсё больш на конях. - Потым ён узняў вочы і сказаў усё тым жа вінаватым і ціхім голасам: - Я паспрабаваў бы... Можа, праскочу як-небудзь... паспею яшчэ.

Здзівіўся Дзімка. Здзівіўся незнаёмы, убачыўшы, як сур'ёзна глядзяць на яго вялікія цёмныя вочы хлапчука. І больш за іх здзівіўся сваёй раптоўнай рашучасці сам Жыган.

Так і вырашылі. Хуценька вырваў незнаёмы лісток з кніжкі. І пакуль ён пісаў, убачыў Дзімка на левым ражку тыя ж тры загадкавыя літары «Р.В.С.» і потым палачкі, як на гадзінніку.

- Вось, - прагаварыў незнаёмы, падаючы лісток, - вазьмі, Жыган... стаўлю алюр два крыжы. З гэтым значком кожны салдат - хоць уночы, хоць калі - адразу ж аддасць начальніку. Ды не пападзіся, глядзі.

- Ты не падкачай, - дадаў Дзімка. - А то не бярыся зусім... Дай я.

Але ў Жыгана зноў заблішчалі вочы, і ён адказаў з ноткай выхвальства, якое зноў вярнулася да яго:

- Ведаю сам... Што мне, упершыню, ці што?

І, выскачыўшы са шчыліны, ён азірнуўся па баках і, не заўважыўшы нічога падазронага, кінуўся бягом да дарогі.

Сонца стаяла яшчэ высока над мікольскім лесам, калі выбег на дарогу Жыган і калі міма яго па той жа дарозе рыссю прамчаўся некуды Галавень.

 

Недалёка ад узлеску Жыган дагнаў падводы, нагружаныя мукой і салам. На вазах сядзела пяць чалавек з вінтоўкамі. Падводы ехалі паціху, а Жыгану трэба было спяшацца, таму ён павярнуў у кусты і пайшоў далей не па дарозе, а краем лесу.

Трапляліся палянкі, якія зараслі высокімі жоўтымі краскамі. У ценю пачынала звінець машкара. Чырванелі ягады дзікай маліны. На хаду ён сарваў адну, другую, але не спыніўся ні на хвіліну.

«Вёрст пяць адмахаў! - падумаў ён. - Добра б і далей гэтак без затрымкі». Замаруджвалі хаду сукі, і ён выйшаў на дарогу.

Завярнуў за паварот і зажмурыўся. Проста насустрач білі густыя чырванаватыя праменні сонца, якое ўжо заходзіла. З верхавінкі высокага клёна па-вячэрняму звонка свіснула нейкая птушка, і нешта затрапяталася ў лісцях кустоў.

- Гэй! - пачуў ён слабы вокліч.

Азірнуўся і не ўбачыў нікога.

- Гэй, хлапец, хадзі сюды!

Жыган убачыў за невялікім стогам сена каля дарогі двух чалавек з вінтоўкамі, якія, відаць, некага чакалі. Збоку каля дрэў стаялі іх коні.

Падышоў.

- Адкуль ты ідзеш?.. Куды?

- Адтуль... - І ён, махнуўшы рукой, запнуўся, прыдумваючы далей. - З хутара я. Карова збегла... Можа, сустракалі дзе? Рыжая, і рог у яе адзін спілаваны. Далібог, як правалілася, а без яе - хоць не вяртайся.

- Не бачылі... Цялушка тут хадзіла нейкая, дык тую нашы яшчэ раніцай зжэрлі... А табе не трапляліся падводы якія?

- Едуць нейкія... павінны быць блізка ўжо.

Апошнія словы вельмі зацікавілі іх, бо яны заспяшаліся да коней.

- Залазь! - крыкнуў адзін, падводзячы коней. - Сядзеш да мяне за спіну.

- Мне дадому трэба, у мяне карова... - жаласна заенчыў Жыган. - Куды я паеду?..

- Залазь, куды кажуць. Тут недалёка адпусцім. А то ты яшчэ прагаворышся падводчыкам.

Дарэмна даводзіў Жыган, што ў яго карова, што яму дадому і што ён ні слова не скажа падводчыкам, - нічога не памагло. І зусім неспадзявана для сябе ён апынуўся за спіной у аднаго з зялёных. Паехалі рыссю. Другім часам ён быў бы гэтым вельмі задаволены, толькі не цяпер, асабліва калі ён зразумеў з некалькіх кінутых слоў, што едуць яны да атрада Леўкі, які чакаў чагосьці ў лесе. «А што, калі Галавень там, - мільганула раптам думка, - ды пазнае зараз, што тады»? І амаль не раздумваючы, пад уражаннем жаху, які ахапіў яго, ён зваліўся кулём з каня і кінуўся прэч з дарогі.

- Куды, чарцянё? - крута спыніў каня і нацэліўся з вінтоўкі адзін.

Мабыць, не паспеў бы дабегчы да дрэў Жыган, калі б другі не схапіў за руку таварыша і не крыкнуў злосна:

- Чакай!.. Не страляй: усю справу сапсуеш.

Не ўбег, а ўрэзаўся ў гушчар лесу Жыган. Напралом праз гушчар, праз кусты, глыбей і глыбей. І толькі калі апынуўся пасярод суцэльных зараснікаў асінніку і ўцяміў, што ніяк не змогуць прабрацца сюды конныя, спыніўся перадыхнуць.

«Леўка! - падумаў ён. - Не інакш, як да яго Галавень. - І адразу ж сціснулася сэрца. - Хаця б не паспелі да змяркання: уночы ўсё роўна не знойдуць, а раніцай, можа, чырвоныя...»

На дарозе грымнуў стрэл, другі... і пайшло.

«З абознікамі, - здагадаўся ён. - Хутчэй трэба, а тут на табе: без дарогі».

Але вось лес пасвятлеў неўзабаве, і пад нагамі ў яго зноў апынулася дарога. Жыган уздыхнуў і бягом кінуўся далей. Не мінула і дваццаць хвілін, як рыссю проста насустрач яму вылецеў, спяшаючыся некуды, атрад. Не паспеў ён апамятацца, як яго акружылі коннікі. Аглянуўся спалоханымі вачыма. І ледзь не ўпаў ад страху, убачыўшы сярод іх Галаўня. Але ці таму, што той усяго раз ці два сустракаў Жыгана, ці таму, што не чакаў натрапіць тут на хлапчука, ці, нарэшце, можа таму, што пачаў падцягваць падпругу благенькага, спехам змайстраванага сядла, толькі Галавень не звярнуў на яго ніякай увагі.

- Хлопец, - шытаў яго адзін, тоўсты з вялікімі сіваватымі вусамі, - цябе куды чорт нясе?

- З хутара... - пачаў Жыган. - Карова ў мяне... чорная, і плямы на ёй.

- Хлусіш! Тут і хутара ніякага няма.

Спалохаўся Жыган яшчэ больш і адказаў, запінаючыся:

- Ды не тут... А як страляць пачалі, напалохаўся і сюды прыбег...

- Чулі? - перапыніў першы. - Я ж казаў, што недзе страляюць.

- Далібог, стралялі, - загаварыў шпарка, пачынаючы пра штосьці здагадвацца, Жыган, - на мікольскай дарозе. Там Казалупу мужыкі прадукт везлі. А Леўкавы хлопцы на іх напалі.

- Як напалі?! - гнеўна закрычаў коннік. - Як яны асмеліліся!

- Далібог, напалі... Сам чуў: каб, кажуць, здох Казалуп... Хопіць з яго... і так аб'ядаецца стары чорт...

- Чулі? - зароў зялёны. - Гэта я аб'ядаюся?

- Аб'ядаецца, - пацвердзіў Жыган, у якога язык замалоў, як млын. - Калі, кажуць, сунецца ён, мы напомнім яму... Мне што? Гэта ўсё іхнія размовы.

Жыган гатоў быў выпаліць яшчэ не адзін дзесятак крыўдных для гонару Казалупа слоў, але той і так быў раз'юшаны да апошняга і таму грымнуў грозна:

- Па конях!

- А з ім што? - спытаў хтосьці, паказваючы на Жыгана.

- А ўсып яму раз бізуном, каб не слухаў больш такіх слоў.

Памчаўся атрад у адзін бок, а Жыган, атрымаўшы ні за што ні пра што па спіне, кінуўся ў другі, радуючыся, што яшчэ так лёгка адчапіўся.

«Зараз схопяцца, - падумаў ён на бягу. - А пакуль разбяруцца, дык і ноч настане».

Сцямнела. Высыпалі зоркі, на зямлю апусцілася ноч. А Жыган то бег, то ішоў, цяжка дыхаючы, то сяды-тады спыняўся перадыхнуць. Адзін раз, пачуўшы спакойнае бульканне, адшукаў у цемры ручай і глынуў, разгарачаны, некалькі глыткоў халоднай вады. Адзін раз шарахнуўся спалохана, наскочыўшы на сіратліва пакрыўлены прыдарожны крыж. І патроху роспач пачала авалодваць ім. Бяжыш, бяжыш, і ўсё канца няма. Можа, і збіўся даўно з дарогі. Хоць бы спытацца ў каго.

Але не было ў каго пытацца. Не трапляліся на дарозе ні сяляне на лянівых валах, ні касцы каля вогнішча, ні хлапчукі з коньмі, ні запозненыя падарожнікі з горада. Пустая і маўклівая была цёмная дарога. І толькі салавей на ўвесь голас высвістваў, толькі ён адзін не баяўся і смяяўся звонка з начных страхаў сцішанай зямлі.

І вось, у той час, калі Жыган зусім страціў усялякую надзею выйсці хоць куды-небудзь, дарога разышлася на дзве. «Яшчэ не хапала! Цяпер па якой жа?» І ён спыніўся.

Го-го... - даляцела да яго слыху ціхае гагатанне. «Гусі!» - ледзь не ўскрыкнуў ён. І толькі зараз разгледзеў амаль што перад сабой, за кустамі, невялікі хутар.

Завыў на ўвесь голас сабака, нібы да хутара падыходзіў не хлапчук, а мядзведзь. Зарохкалі патрывожаныя свінні, і Жыган забарабаніў у дзверы:

- Гэй! Гэй! Адчыніце!

Спачатку было ціха. Потым у хаце пачуўся кашаль, мітусня, і бабскі голас прагаварыў ціха:

- Божухна, каго ж яшчэ там нясе?

- Адчыніце! - паўтарыў Жыган.

Але не такі быў час, каб у поўнач адчыняць кожнаму. І нечы хрыплы бас спытаў спрасонку:

- Хто там?

- Адчыніце! Гэта я, Жыган.

- Які яшчэ, к чорту, жыган? Вось я табе з бярданкі смальну праз дзверы!

Жыган адкаціўся адразу ўбок і, скеміўшы свой промах, заенчыў:

- Не жыган! Не жыган... Гэта мянушка такая... Васільком завуць... Я ж яшчэ малы... А мне пра дарогу б спытацца, якая ў горад.

- Што з краю, тая ў горад, а другая ў Паддубаўку.

- Яны ж абедзве з краю!.. Хіба праз дзверы зразумееш!

Відаць, раздумваючы, за дзвярыма памаўчалі крыху.

- Дык ідзі да акна, адтуль пакажу. А пусціць... не-е! Мала што ты маленькі! Можа, за табою здаравенны біцюг сядзіць.

Акенца адчынілася, і дарогу Жыгану паказалі.

- Тут недалёка, з вярсту ўсяго! Адразу за ўзлескам.

- Толькі ўсяго! - І, акрылены надзеяй, Жыган зноў кінуўся бягом.

 

На крывых вулічках яго адразу ж спыніў патруль і паказаў штаб. Сонны чырвонаармеец адказаў нехаця:

- Якую яшчэ запіску! Прыходзь раніцай. - Але, заўважыўшы крыжыкі спешнага алюра, паперкў ўзяў і паклікаў: - Гэй, там!.. Дзе дзяжурны?

Дзяжурны паглядзеў на Жыгана, разгарнуў запіску і, убачыўшы ў левым ражку ўсё тыя ж тры загадкавыя літары «Р.В.С.», адразу ж падсунуў агонь. І толькі прачытаў - да тэлефона: «Камандзіра!.. Камісара!», а сам хутка захадзіў па пакоі.

Увайшлі двое.

- Не можа быць! - здзіўлена крыкнуў адзін.

- Ён!.. Вядома, ён! - радасна перапыніў другі. - Яго подпіс, яго бланк. Хто прывёз?

І толькі зараз усе ўбачылі Жыгана, які цішком сядзеў у кутку.

- Які ён?

- Чорны... у ботах... і зорка ў яго прылеплена, а з яё чырвоны сцяжок.

- Ну так, так, ордэн!

- Толькі хутчэй бы, - дадаў Жыган, - світаць хутка будзе... А тады бандыты... заб'юць, калі знойдуць.

І што тут сталася! Забегалі ўсе, зазванілі тэлефоны, затупалі коні. І сярод усёй гэтай мітусні разабраў змораны Жыган некалькі разоў паўторанае слова: «Вядома, армія!.. Ён!.. Рэўваенсавет!..»

Затрубіла шпарка-шпарка труба, і ад конскага тупату задрыжала шкло ў вокнах.

- Дзе? - Адным махам адчыніўшы дзверы, увайшоў узброены маўзерам і шабляй камандзір. - Гэта ты, хлапчук?.. Васільчанка, з сабой яго, на каня...

Не паспеў Жыган апамятацца, як хтосьці дужымі рукамі падняў яго з зямлі і пасадзіў на каня. І зноў заіграла труба.

- Хутчэй! - загадным тонам крыкнуў нехта з ганка. - Вы павінны паспець!

- Давай! - адказалі рэхам дзесяткі галасоў.

Потым:

- А-аррш!

І, адразу сарваўшыся з месца, урэзаўся ў цемру конны атрад.

 

А незнаёмы і Дзімка з трывогай чакалі і чуйна прыслухоўваліся да таго, што робіцца навокал,

- Ідзі лепш дахаты, - некалькі разоў казаў незнаёмы Дзімку.

Але на таго нібы ўпартасць якая найшла.

- Не, - матаў ён галавой, - не пайду.

Вылез з шчыліны, разварушыў салому, закідаў ёю ўваход і праціснуўся назад.

Сядзелі моўчкі: было не да размоў. Адзін раз толькі прагаварыў Дзімка, і то нерашуча:

- Я мамцы сказаў: можа, кажу, да бацькі хутка паедзем; дык яна ледзь не папярхнулася, а потым давай лаяць: «Што ты языком толькі дарэмна мелеш!»

- Паедзеш, паедзеш, Дзімка. Толькі б...

Але Дзімка сам адчувае, якое вялікае і страшнае гэта «толькі б», і таму ён сцішыўся каля саломы, пра штосьці думае.

Надыходзіў вечар. У хляве ўсё больш і больш згушчалася цемень. І расплываліся ў ёй непрыкметна рэшткі святла, якое яшчэ даходзіла сюды праз шчыліны.

- Слухай!

Дзімка задрыжаў нават.

- Чую!

І незнаёмы моцна сціснуў яго плячо.

- Але хто гэта?

За вёскай, у полі, пачуліся стрэлы, густыя, бязладныя. І вецер данёс іх сюды бязгучным хлопаннем цацачных пушак.

- Можа, чырвоныя?

- Не, не, Дзімка! Чырвоным рана яшчэ.

Усё змоўкла. Мінула яшчэ гадзіна. І тупат і крыкі, якія напоўнілі вёску, данеслі да хлявоў трывожную вестку пра тое, што нехта ўжо тут, побач.

Галасы то набліжаліся, то аддаляліся, але вось дачуліся блізка-блізка.

- І па скляпах? І па клунях? - спытаў нечы рэзкі голас.

- Усюды, - адказаў другі. - Толькі здаецца мне, што хутчэй тут дзе-небудзь.

«Галавень!» - пазнаў Дзімка, а незнаёмы выставіў руку, і ледзь заблішчаў у цемені халаднавата-спакойны наган.

- Цёмна, ліха на іх! Правалаводзіліся праз Леўку гэтулькі!

- Цёмна! - паўтарыў хтосьці. - Тут і шыю сабе зломіш. Я палез быў у адзін хлеў, а на мяне дошкі зверху... ледзь не ў галаву.

- А месца такое зручнае. Ці не пакінуць навокал з пяток хлопцаў да світання?

- Пакінуць.

Крыху адлягло. Абудзілася надзея. Праз адну з шчылін відаць было, як успыхнуў недалёка агонь. Амаль што да самых паваленых варот падышоў конь і нехаця пажаваў жмут саломы.

Світанне не наставала доўга... Задрыжала нарэшце зарніца, памутнелі зоры.

Хутка і вобыск. Не паспеў ці не прабраўся зусім Жыган.

- Дзімка, - шэптам прагаварыў незнаёмы, - хутка будуць шукаць. У тым баку, дзе абваліліся вароты, ёсць невялікая адтуліна каля зямлі. Ты маленькі і пралезеш... Паўзі туды.

- А ты?

- А я тут... Пад цэглаю, ты ведаеш дзе, я схаваў сумку, пячатку і запіску пра цябе. Аддай чырвоным, калі б ні прыйшлі. Ну, паўзі хутчэй. - І незнаёмы моцна, як даросламу, паціснуў яму руку і адштурхнуў ціхенька ад сябе.

А ў Дзімкі слёзы падкаціліся да горла. І было яму страшна, і было яму шкада пакідаць незнаёмага аднаго. І, прыкусіўшы губу, глытаючы слёзы, ён папоўз, спатыкаючыся аб раскіданыя рэшткі цэглы.

Тара-та-тах! - прарэзала раптам паветра. - Тара-та-тах! Ба-бах!.. Ціу-у, ціу-у... - свіснула над хлявамі.

І крыкі, і тупат, і звонкае рэха ад разраджаных абоймаў «льюісаў» - усё гэта так раптоўна ўрэзалася, разбіла перадсвітальную цішыню і разам з ёю і доўгае чаканне, што не запомніў і сам Дзімка, як апынуўся ён зноў каля незнаёмага. І, не маючы больш сілы стрымлівацца, заплакаў моцна-моцна.

- Чаго ты, дурненькі? - радасна спытаў той.

- Ды гэта ж яны... - адказаў Дзімка, усміхаючыся, але не перастаючы плакаць.

І яшчэ не змоўклі стрэлы за вёскай, яшчэ крычалі дзесьці, калі затупалі коні каля хлявоў. І знаёмы задорны голас залямантаваў:

- Сюды! Ту-ут!

Адляцелі снапы ўбок. Уварвалася святло ў шчыліну. І нехта спытаў трывожна і паспешліва:

- Вы тут, таварыш Сяргееў?

І народу вакол гэтулькі з'явілася аднекуль - і камандзір, і камісар, і чырвонаармейцы, і фельчар з сумкай! І ўсе рагаталі і крычалі штосьці зусім недарэчнае.

- Дзімка, - захліпаючыся ад гонару, спяшаўся расказаць Жыган, - я паспеў... назад на кані ляцеў... І зараз з зялёнымі таксама схапіўся... у самую гушчу... Як секануў аднаго па чэрапу, дык той і зваліўся!..

- Ты хлусіш, Жыган... Вядома, хлусіш... У цябе ж і шаблі няма, - адказаў Дзімка і засмяяўся скрозь слёзы, якія яшчэ не высахлі.

Увесь дзень было весела.

Дзімка круціўся ўсюды. І ўсё дзеці вельмі дзівіліся з яго і цэлым натоўпам хадзілі глядзець, дзе хаваўся незнаёмы, так што пад вечар, як пасля чарады кароў, памятая і ўтаптаная была салома каля логава.

Напэўна, вялікім начальнікам быў нядаўні палоннік, таму што слухаліся яго і камандзіры і чырвонаармейцы.

Напісаў ён Дзімку ўсякія паперы і на кожную паперу пячатку паставіў, каб не было ніякай затрымкі ні яму, ні матцы, ні Топу да самага горада Петраграда.

А Жыган сярод байцоў чортам хадзіў і песні такія спяваў, што толькі ну! І рагаталі з яго чырвонаармёйцы і таксама дзівіліся з яго горла.

- Жыган! А ты цяпер куды?

Спыніўся на хвіліну Жыган, як быццам лёгкі цень прабег па яго маленькім твары, потым галавою страсянуў адважна:

- Я, брат, ф'і-іць! Па станцыях, па эшалонах. Я зараз новую песню ў іх пераняў:

 

          Ноч прайшла ў палявым шпіталі;

          Дзень вясновы і яркі настаў,

          І пры сонечным, цёплым світанні

          Малады камандзір паміраў...

 

До-обрая песня! Я праспяваў - гляджу: у старой Гарпіны слёзы коцяцца. «Чаго ты, - кажу, - бабка?» - «Дык паміраў жа!» - «Э, бабка, дык жа гэта ў песні». - «Ну, калі б толькі ў песні, - кажа, - а колькі ж і напраўду». Вось у эшалонах толькі, - дадаў ён, запнуўшыся крыху, - некаторыя з таварышаў не давяраюць. «Каціся, - кажуць, - каўбасой. Можа, ты шантрапа ці злодзей. Украдзеш што-небудзь». Вось каб і мне паперу!

- А давайце напішам яму, сапраўды, - прапанаваў хтосьці з байцоў.

- Напішам, напішам!

І напісалі яму, што «ёсць ён, Жыган, не шантрапа і не злодзей, а элемент, які на факце паказаў сваю рэвалюцыйнасць», а таму «аказваць яму, Жыгану, садзейнічанне ў спяванні савецкіх песняў па ўсіх станцыях, паяздах і эшалонах».

І шмат байцоў падпісалася пад той папераю - цэлых паўстаронкі ды яшчэ на адвароце. Нават рабы Панцюшкін, той, што яшчэ толькі на мінулым тыдні пісаць навучыўся, выстрачыў усё прозвішча да літары.

А потым панеслі да камісара, каб паставіць пячатку. Прачытаў камісар.

- Нельга, - кажа, - на такую паперу палкавую пячатку.

- Як жа нельга? Што ёй станецца ад гэтага? Прыкладзіце, калі ласка. Што ж, дарэмна, ці што, стараўся хлапец?

Усміхнуўся камісар:

- Гэты самы, з Сяргеевым?

- Ён, таварыш камісар.

- Ну ўжо, як выключэнне... - І ціснуў па паперы.

Адразу ж на ёй РСФСР, серп і молат - дакумент.

І такі гэта вечар быў, што даўно не памятаюць сяляне. Ужо што там казаць, што зоры, нібы начышчаныя цаглінаю, блішчалі! Або як вецер густым водарам адцвітаючай грэчкі напоўніў усё. А на вуліцах што рабілася! Высыпалі ўсе як ёсць за вароты. Смяяліся чырвонаармейцы задорна, вішчалі дзяўчаты звонка. А лекарскі памочнік Прыдарожны, усеўшыся на бярвеннях перад групкай моладзі, якая абступіла яго, наігрываў на двухрадцы.

Ноч апускалася ціха-ціха; запаліліся сям-там агеньчыкі ў хатах. Пайшлі спаць старыя, дзеці. Але доўга яшчэ наігрываў лекпомаў гармонік і спрачаліся з ім пералівістым пошчакам салаўі з суседняга гаю.

А на другі дзень ад'язджаў незнаёмы. Жыган і Дзімка праводзілі яго да выгана. Каля пакрыўленага плота ён спыніўся. Спыніўся за ім і ўвесь атрад. І перад усімі салдатамі незнаёмы моцна паціснуў рукі хлапчукам.

- Можа, калі-небудзь я цябе ўбачу ў Петраградзе, - сказаў ён, звяртаючыся да Дзімкі. - А цябе... - і ён запнуўся крыху.

- Можа, дзе-небудзь, - няўпэўнена адказаў Жыган.

Вецер ледзь-ледзь варушыў валасы на яго ўскудлачанай галоўцы. Худзенькія рукі моцна трымаліся за перакладзіну, а вялікія, глыбокія вочы ўтаропіліся ў далячынь, перад сабою...

На дарозе ледзь прыкметнай кропкай відаць быў яшчэ атрад. Вось ён узняўся на апошні ўзгорак каля мікольскага яра... схаваўся. Асела воблачка пылу, узнятае капытамі над вяршыняй узгорка. Выглянула скрозь яго поле над грэчкай, і на ім - больш нікога.

 

1926 г.



Пераклад: Алесь Якімовіч
Падрыхтавана: Zmiy ([email protected])