Уступ
Выток і рэк і шляхоў адзіны:
Ад непрыкметнае ручаіны
Паходзяць плыні
рэк паўнаводных,
Шляхі -
ад рэчышчаў
пешаходных.
І, нібы ў мора,
бягуць у горад
Шляхі-дарогі, -
адтуль, дзе вусціш, -
Рвучы напорам
маторным
горла
Каменных вуліц,
як рэкі вусце.
Жыццё -
шляхоў і рэк падабенства:
Рух падарожны
распачынае
Юнацтва наша
з крыніц маленства
І ў акіян небыцця
ўпадае.
Але не маюць
шляхі і рэкі
Зайздроснай памяці
той, што можа
Аднойчы пройдзенае навекі
Вярнуць
з далёкага
падарожжа.
Жыццём агораўшы
век суровы,
Адбедаваўшы
час навальнічны,
Людская памяць
плысці гатова
Зваротным шляхам
у край крынічны.
Край Магілеўскі!
З гармат Эўропы
Смерць засявала
твой шнур жалезам,
Ды не змагла -
зараслі акопы,
А не дарогі,
травой і лесам.
Як у Дняпро,
у шашу Варшаўку
Цякуць рачулкі
дарог глыбінных,
Выносяць жвір
на траву-мураўку
Па дрогкіх
памяці
каляінах.
Там неабсяжнасць
нябёсаў сініх!
Там Сож і Проня,
Віхра і Бесядзь
Рукамі чулых
прытокаў сынніх
Лугі і пушчы
і нівы песцяць.
Мне б разам з імі
вясне ўсміхацца,
Вітацца з летам,
праводзіць восень,
З зімой спрачацца
і не спяшацца
На месца тое,
куды адвозяць.
Там, дзе рыпела
мая калыска,
Мне б жыць і верыць бесперастанна,
Што да вытокаў жаданых -
блізка
І што далёка -
да акіяна.
Пасляслоўе
На даляглядзе -
абрысы вусця,
А за спіною -
смуга вытоку.
Гады, якіх я
не дазавуся,
Вярнула памяць
у поле зроку.
А сёння дбае
жывая памяць
Аб летах даўніх,
што на экране:
Куды плыты іх
цяпер прычаляць?
Што іх чакае
у акіяне?
Прымаць прывык ён
на грэбень пенны
Лёс, сярод лёсаў
людскіх адменны,
Плыты, якія
ў гурт пазбіраны
Жыццём героя,
што ў свеце знаны.
Плыты лясныя!
Хай пагражае
Вас занябыціць
моц штармавая
Хваль акіянскіх
у крутаверці.
А вы плывіце!
А вы не верце!
Адным стагоддзе
агнём хрысціла
Жыццё адменнае,
як і ваша,
Яго не ўсмерціць
нябыту ціна,
Наш век суровы
на дно не ляжа.
Плыты, плывіце!
Яшчэ не раз ён,
Наш век трывожны,
сваім наказам
Наступным зімам,
наступным летам
У дзверы грукне,
як запаветам.
Век наш рукой намагання свайго
Месяца кратэры кратае,
Але, на жаль, на абліччы яго
Воля - з іржавымі кратамі,
Мір і вайна - на зямлі, а ўгары -
Воблака з атамным воблакам...
Дзесяцігоддзі, як павадыры,
Вобмацкам, вобмацкам, вобмацкам
Выйсця шукаюць няпэўным кійком,
Век свой вядуць двухаблічны
Ў масцы старой, дзе мяжуе з жыццём
Гібелі выраз трагічны.
Побач з надзеяй суседзіць адчай,
Рупнасць - з ліхвярства канторамі.
Век наш, дзікунства забрала скідай,
Грукай у дзверы гісторыі!
Хутка па кнізе прыходнай вякоў
Прыме ў цябе дваццаць першы
Век незлічоных тваіх жыхароў,
Працы набытак няўмершы.
Прыме ўвесь скарб на рухомай асі
З гордымі шапкамі полюсаў.
Век наш! Калі ж ты перадасі
Колас атручаны - коласу,
Разам з рукамі - наручнікаў звон,
Маску сваёй двухаблічнасці -
Знай, мы парушым нябожчыцкі сон,
Трун і крыжоў акалічнасці,
Выйдзем, табой затаптаныя ў пыл,
Спаленыя ў крэматорыі,
З брацкіх магіл і не брацкіх магіл -
Грукаць у дзверы гісторыі!
Сёння гучней, чым паўвека назад,
Кліча з сусветнае вежы
Еднасць людскую братэрства набат
На трохмільярднае веча.
Люд катаваны! Жыцця ўладаром
Стань на планеце! Зямлі кулаком
З цеснай яе тэрыторыі
Грукай у дзверы гісторыі!
Грукай у дзверы гісторыі!
1969-1971