epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

«Як дзень адыходзіць, прыходзіць нябыт...»

 

Як дзень адыходзіць, прыходзіць нябыт

Начных заспакоеных сноў,

Ізноў я выходжу глядзець на блакіт,

На зоры далёкія зноў.

 

Як нам таямнічы іх шлях разгадаць?

Яны за арбітай зямлі

Праз дальнія далі, праз сінюю гладзь

Плывуць, як плывуць караблі.

 

Плывуць, і шляхоў іх праменная ніць

Загадкава мару кране:

І там у каго-небудзь сэрца гарыць,

Як сэрца гарыць у мяне!

 

Магчыма, і ён за пачаткамі схем

Сядзіць і не лічыць гадзін

Над безліччу гэткіх, як мы, тэарэм,

Над планам складаных машын.

 

Прымі прывітанне, бясконцы сусвет

Далёкіх Цэнтаўраў і Львоў,

Далёкі таварыш, далёкі паэт

З няходжаных Млечных Шляхоў.

 

А я на зямлі - малады астраном -

З нязнаным размовы вяду,

Наш вецер трывожыць траву за акном,

Наш вецер трывожыць ваду.

 

Далёкі таварыш і казак і сноў

І песень абуджаных госць,

У жылах тваіх неспакойная кроў,

Няўрымслівая маладосць!

 

Мы творчаю прагай разбурым мяжу,

Працуй над складанасцю схем,

І я калі-небудзь табе раскажу

Урыўкі пачатых паэм.

 

Тады мы ў прасторы абжытых планет -

Да іх жыхароў і жылля -

Ад нашых хацін адашлём свой прывет:

«Увага!..

Гаворыць...

Зямля!»

 

1930

 


18.10.1929

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая