У кожнага з нас
Ножык -
Адменнага ляза,
У кожнага з нас
Кошык -
Крынічная лаза.
Па ельніку мы кружым,
Ці ёсць баравікі?
Мы іх у печцы сушым
І ніжам на шнуркі.
Нясём удвух у свята
Да крамніка здаваць;
Насушана багата -
Рублёў на дваццаць пяць.
Рублі - дарослым.
Дробязь
Кладзём сабе ў кішэнь;
Сялом - усе так робяць! -
Красуем цэлы дзень.
Чаго захочам -
Купім.
Здаволены сабой.
Імчым між пнёў, між купін.
Куды? - у ельнік свой.
На мох пасеўшы ў засень,
У ельнічку густым
Цыгаркай
«Сценька Разін»,
Як сталыя, дымім.
Над намі звісла вецце,
Пад намі -
Мураўі,
У неба дым віецца -
Два тонкіх ручаі.
За дымам думкі следам
Плывуць -
Мая, твая...
Ты марыш быць паэтам,
Быць трактарыстам - я.
Над ельнікам імглістым
Плыве за годам год.
Стаў друг мой трактарыстам,
А я? -
Наадварот.
Праз вёсны, леты, зімы
На роднай цаліне
Я чую гул любімы...
- Працуй там за мяне.
Паўз ельнік ён праедзе,
Па дружбаку ўздыхне...
Верш трапіцца ў газеце:
- Пішы там за мяне.
Мы вершы з ім напішам,
Зямлю дагледзім з ім,
Адным дымком падышам
І ельнікам адным.
Люты 1939 г.