epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

«Калі з зямлі на белай хмары ў неба...»

 

Калі з зямлі на белай хмары ў неба

Падымецца магутны карабель,

Мы, людзі, будзем думаць: а ці трэба

Шукаць пілотам для Зямлі зямель?

 

Ці варта круг рабіць ім развітальны,

З тугой за кантынентамі сачыць,

Як быццам бачыць кадр дакументальны,

Дзе ім ужо статыстамі не быць?

 

Няхай, па невядомай нам прычыне,

Не вернуцца яны на касмадром,

Заснуўшы сном касмічным у кабіне

Ці недзе новы адшукаўшы дом...

 

Аднак зацвердзяць поспеху бясспрэчнасць

Наш век дваццаты і наступны век,

І будзе фільм Зямлі глядзець не вечнасць

Вачыма зор сваіх, а чалавек.

 

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая