epub
 
падключыць
слоўнікі

Аркадзь Куляшоў

Камсамольскі білет

 

Цвёрда трымаўся юнак на дапросе,

Тоячы словы і думкі свае.

Вораг-жандар дакурыў папяросу

І камсамольскі білет аддае.

 

- Вось і білет твой, - сказаў ён ласкава, -

І ад яго на вачах у людзей

Ты адцурайся; выгодная справа:

Жыць застанешся, - жыццё даражэй.

 

Што ў ім карыснага? Кніжка, не болей.

Кніжку спалі - і размовам канец!

- Не, не спалю! - адказаў камсамолец. -

Хай лепей сэрца мне спаліць свінец!

 

- Ты не згаджаешся? Вельмі шкадую.

Кінь свой білет у палонку тады.

- Не, я не кіну ў ваду ледзяную,

Сам лепш зайдуся ад лютай вады.

 

- Добра, хай будзе па-твойму. - На гэтым

Доўгі і нудны спыніўся дапрос.

І юнака з камсамольскім білетам

Босага гоняць на люты мароз.

 

Там ён, абліты вадой ледзяною,

К сэрцу рукою білет прыціскаў,

Быццам білет пад сцюдзёнай вадою

Сэрцу юнацкаму стыць не даваў.

 

Так і стаяў, смеючыся над катам,

Доўга па целу сцякала вада;

Так і застаўся стаяць каля хаты,

Быццам з чысцюткага літы ільда.

 

Так і стаіць, як жывы, перад намі,

Так і стаіць, прыціскае білет,

І не развітваецца з сябрамі,

І прастаіць яшчэ тысячы лет.

 

Ды не карой ледзяною пакрыты,

Ды не абліты вадой ледзяной, -

Выліты з бронзы і сонцам абліты

Будзе ён вечна стаяць над зямлёй.

 

1943

 


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая